Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"
Автор книги: Віктар Шніп
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 20 страниц)
* * *
22.07.2011. На вуліцы дождж. У пакоі змрочна. Мама спіць пад жоўтай коўдрай, як матыль, пад апалым кляновым лістом…
* * *
22.07.2011. Еду ў метро пад Кальварыйскімі могілкамі, нібы ў тунэлі праз Той свет…
* * *
22.07.2011. Ідучы на радыё, праходжу праз двор каля дома, дзе на першым паверсе гадоў восем назад была рэдакцыя часопіса «Крыніца». Заглядаю ў акно і бачу Алеся Разанава, які праз хвіліну ператвараецца ў незнаёмца…
* * *
23.07.2011. Раніцай хмары каля сонца, як вата прыкладзеная анёламі да Божай раны…
* * *
23.07.2011. У мамы пад падушкай каляндар «Родны край», з якога яна час ад часу адрывае лісты. Сёння ў мамы яшчэ 18 ліпеня…
Чарга за «Осенним хлебом»
23.07.2011. Хадзіў у краму. Натрапіў на смярдзючую чаргу з алкаголікаў і бамжоў (чалавек трыццаць) – куплялі «чарніла» «Осенний хлеб». Некаторыя, як інтэлігенты, віталіся з касіркай. Большасць на мяне з малаком і мінералкай глядзела, як на «ворага народа»…
Пятнаццаць хвілін
23.07.2011. Люда не змагла, і я пайшоў адзін на Мухлю глядзець на качак. Сеў на лавачку каля вады і стаў слухаць з мабільнага музыку. І чым далей сядзеў, тым мацней адчуваў дыскамфорт ад таго, што я сюды прыйшоў без Люды. Праз пятнаццаць хвілін вярнуўся дамоў…
Станюта, час і памяць…
25.07.2011. З Аляксандрам Станютам (пісьменнікам і сынам актрысы Стэфаніі Станюты) я знаёмы ўжо гадоў дваццаць пяць. За гэты час мы сустракаліся разоў дзесяць і наогул апошні раз бачыліся даўнымдаўно. Нягледзячы на гэта, пісьменнік з маёй памяці не знік. І сёння, калі да мяне прыйшоў ягоны сын Дзмітрый і прынёс падпісаныя кнігі, мне было вельмі прыемна даведацца, што Аляксандр Аляксандравіч не забыўся пра мяне, і вельмі мяне засмуціла тое, што ён цяпер невылечна хворы…
Стэфанія
26.07.2011. Сярод падораных мне кніг Аляксандрам Станютам найбольш зацікавіла «Стэфанія», выдадзеная ў 1994 годзе ў выдавецтве «Беларусь». І чамусьці адразу ж кніга разгарнулася вось на гэтых словах Стэфаніі Станюты: «Мінулую восень Мая Кляшторная – я добра яе ведаю, бацька ейны – пісьменнік, быў рэпрэсіраваны,– дык яна расказвала. Прыйшла, як і шмат іншых людзей на Дзяды, увечары на вуліцу Урыцкага, да гэтай вядомай усім будыніны. Свечку запаліла, як і ўсе – у памяць родных, што загінулі без віны. І нічога ж не рабілі, ціха стаялі, сядзелі. Не, не падабаецца – падыходзяць да іх раз за разам і ўсё: «Ідзіце дадому, ноч на дварэ, ідзіце і кладзіцеся спаць». Але больш за ўсіх шчыравала нейкая п’яная кабета, што апынулася там на досвітку. «А чаго вы тут тырчыце, га? Няма чаго рабіць? Усе людзі даўно спяць, а вы…» – так і растак!.. І гэткія во – самыя небяспечныя. Яны нейкім асаблівым нюхам беспамылкова заўсёды ўчуюць, дзе і хто жыве нечым большым, чым яны,– тым, да чаго ім не дацягнуцца. І такіх людзей яны не выносяць фізічна. Заўсёды хочуць сцягнуць іх уніз, на свой узровень: калі ўсе ўнізе, дык іх не заўважаеш. Галоўнае, каб ніхто не вытыркаўся. Цяпер я шмат чаго разумею, дазналася».
Памяць
28.07.2011. Працягваю чытаць у «Полымі» рамандзённік Уладзіміра Гніламёдава «Сем год у ЦК». Спыняюся на запісах:
«1972 год. 10 сакавіка. У цэху футаралаў Мінскага радыёзавода пад раніцу здарылася буйная аварыя. Загінула шмат рабочых. Сітуацыя надзвычайная, такога яшчэ не было. Меў рацыю малады і мудры У. Караткевіч, калі пісаў (у адным з вершаў – «Баладзе»): «Трагедыі не знікнуць і пры Камуне…»
11 сакавіка. Шмат загінулых і параненых у цэху футаралаў. Трагедыя! Дастаюць зпад завалаў. Пакуль што налічылі 82 чалавекі. Сэрца разрываецца. У апошні час у нас стала болей розных ЧП, пажараў, паводак, землятрусаў, вывяржэнняў вулканаў.
15 сакавіка. Стала вядома, што ў цэху футаралаў загінула больш за 100 чалавек, звыш 200 паранена…»
Мне тады было 12 гадоў, і я на ўсё жыццё запомніў, як у нашы Пугачы з Мінска прывезлі труну з загінулай дачкой Зіны Руткевіч. І ў той дзень я ўпершыню ўбачыў мёртвай маладую дзяўчыну і гэта разбурыла маё дзіцячае перакананне, што паміраць і гінуць могуць толькі старыя людзі і салдаты на вайне…
Гарадніцкі і Чабан
29.07.2011. Сёння майму земляку літаратуразнаўцу Яўгену Гарадніцкаму спаўняецца 60 гадоў. Ён быў у ліку першых, з кім я пазнаёміўся ў 1977 годзе на калідоры рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У той час Яўген заканчваў вучобу ў БДУ, працаваў у выдавецтве разам з Міколам Селешчуком і жыў у Ракаве. Нейкі час мы сустракаліся толькі на пасяджэннях літаб’яднання «Крыніцы», а потым, калі ў Ракаве была прададзена хата і куплена ў Мінску, я часта прыходзіў да Яўгена, і мы чыталі адзін аднаму вершы, марылі на роварах аб’ехаць усю Беларусь. Нічога не аб’ехалі. Яўген нават ровара не купіў. Закончыўшы вучобу ў БДУ, мой сябра стаў працаваць у інстытуце літаратуры. Праца яму была даспадобы. Аднак Яўген, расказваючы пра сваіх супрацоўнікаў, часта скардзіўся на Тамару Чабан: «Яна прыйшла ў інстытут намнога пазней за мяне, а ёй зарплату большую далі... Яна многа піша… Яна многа друкуецца… Яна… Яна…» Час ішоў і аднойчы Яўген прызнаўся мне, што сабраўся жаніцца. На маё пытанне: «З кім?», сябра адказаў: «Прыходзь у нядзелю, у мяне будуць госці і я цябе пазнаёмлю з будучай жонкай...». І я прыйшоў. На лавачцы каля хаты Тамара Чабан скрэбла бульбу і я падумаў: «Ну Яўген! Прымушае гасцей працаваць! Што ж ён мне загадае рабіць?» Зайшоўшы ў хату, я запытаўся: «А дзе ж нявеста?» – «Як дзе? Бульбу шкрабе…» – адказаў мой сябра. «Дык там жа на вуліцы адна Тамара Чабан…» – не разумеючы нічога, сказаў я. «А яна і ёсць мая будучая жонка…» – заўсміхаўся Яўген…
Сватаўство
29.07.2011. Калі памерла Тамара Чабан, Яўген Гарадніцкі застаўся адзін з малым сынам Паўлікам і гадавалай дачкой. Гледзячы як цяжка Яўгену аднаму з дзецьмі, праз пэўны час сябры пачалі шукаць жанчыну, якая б хоць нечым замяніла сіротам родную маці. Ну і я таксама па-сяброўску ў гэтай справе не застаўся ўбаку. І вось, атрымаўшы запрашэнне ў госці, я з Надзеяй Вусавай, якая нядаўна развялася, павёў да Яўгена ў сваты Надзіну сяброўку. Сватаўство прайшло добра, і я, вярнуўшыся дахаты, патэлефанаваў Яўгену, каб даведацца, ці спадабалася яму новая знаёмая. «Не спадабалася!» – адказаў Яўген. «А чаму?» – «Па-беларуску гаварыць не ўмее!» – «Навучыцца з табой!» – «Не трэба! Мне спадабалася Надзя. Перадай ёй пра гэта». Пасля размовы з Яўгенам я патэлефанаваў Вусавай, ад якой даведаўся, што і Яўген ёй спадабаўся, але яна баіцца, што не справіцца з яго дзецьмі і сваім малым сынам…
Гарадніцкі і але…
29.07.2011. Недзе гадоў трыццаць таму Яўген Гарадніцкі задумаў напісаць раман пра Вінцэнта ДунінаМарцінкевіча. І ўжо было напісана тоесёе, і, памойму, было напісана цікава. Але, але…
Стары і галубы…
29.07.2011. Нядаўна рэдагаваў зборнік вершаў Алега Салтука. Нешта правіў, нешта адкладаў назусім убок. На самым канцы рукапісу быў верш «Стары і галубы». Глянуўшы толькі на назву і будучы ўжо стомленым ад рэдагавання, я тут жа, не чытаючы, адклаў верш. А потым, адпачыўшы, захацеў пачытаць «Старога і галубога». І пачытаў. А верш аказаўся не пра старога і блакітнага, а пра старога і галубоў…
Які ўжо раз…
30.07.2011. Які ўжо раз, едучы па шашы ў бок Ракава ці адтуль і ўгледзеўшы каля сажалак мужыкоў, кажу Людміле: «Паглядзі, можа, недзе там і Федарэнка сядзіць з вудай...»
Першыя Лысагорскія Танкаўскія чытанні
31.07.2011. З Людмілай і сябрамі суполкі «Літаратурнае прадмесце» ўдзельнічаў у першых Лысагорскіх Танкаўскіх чытаннях, якія арганізавала Аксана Спрынчан у сябе на лецішчы. Дабіраліся на электрычцы. Таццяна Пратасевіч спазнілася і, паехаўшы на маршрутным таксі, раней за нас прыехала да Аксаны. Дробны летні дождж і вогнішча з сасновых дроў давалі ўсім магчымасць уявіць сябе на беразе Нарачы. Вялікі партрэт Максіма Танка, Збор твораў і дзявятыя нумары «Полымя» (паэт амаль усё жыццё друкаваўся толькі ў вераснёўскім «Полымі») стваралі атмасферу прысутнасці самога паэта. На жаль, не ўсе, хто збіраўся выступіць, змаглі прыехаць на першыя Лысагорскія Танкаўскія чытанні, але вельмі цікава было паслухаць «Рэцэпцыю твораў Максіма Танка» (выступ Таццяны Барысюк), «Касмаграму Максіма Танка» (выступ Міколы Кандратава), «Невядомыя аўтографы Максіма Танка» (выступ Людмілы Рублеўскай). Ну а я расказаў як мяне Максім Танк прымаў у Саюз пісьменнікаў. Дзякуючы Аксане Спрынчан, у перапынках паміж дакладамі, гучалі вершы Танка. Алесь Емяльянаў іграў на гітары і спяваў. Напрыканцы чытанняў да нас далучыліся Сяргей Вераціла, Галіна Дубянецкая і Сяржук Сыс…
«ЛіМ» за 13 лютага 2004 года
31.07.2011. Палячы вогнішча на лецішчы Аксаны Спрынчан, знайшоў «ЛіМ» за 13 лютага 2004 года. І тут жа ўзгадаў, што гэта мой апошні штотыднёвік, якія я пад кіраўніцтвам Анатоля Казлова рыхтаваў да друку, бо ўжо 23 лютага быў на працы ў «Мастацкай літаратуры». Пагартаўшы «ЛіМ», я было хацеў яго спаліць, як і астатнюю кучу газет, але перадумаў: «Няхай паляжыць, можа хто яшчэ пачытае…»
Што?
31.07.2011. Хадзілі з Людай у відэацэнтр у «Сталіцы», дзе паказвалі фільм Рамана Паланскага «Што?», які быў зняты амаль сорак гадоў таму. Мне было прыемна паглядзець на маладую, наіўную аж да маразму і часта голую фіміністку. Мяне Люда не раўнавала…
ЖНІВЕНЬ
* * *
1.08. 2011. Павінны былі сёння паехаць адпачываць на Нарач, але не атрымалася. І цяпер адчуванне, нібыта адсталі ад цягніка, і ў нас у кватэры, як на вакзале…
Трава ў двары
1.08.2011. Учора ў нашым двары скасілі траву. І трава да сённяшняй раніцы была сенам. Цяпер жанчыны з ЖЭСа яе грабуць, як смецце…
Сям’я
1.08.2011. Галіна Дубянецкая і Сяржук Сыс. Яна спакойная, а ён – Сыс…
* * *
1.08.2011. Ад гарачыні першая жоўтая лістота пад бярозай скруцілася ў трубачкі і цяпер ляжыць, як недапалкі дарагіх цыгарэт з пазалачанымі фільтрамі…
Адпачынак пачаўся…
1.08.2011. Першы дзень адпачынку. З дому не выходзіў, нібыта пакараў сябе за тое, што маму не слухаўся. А мама амаль увесь дзень спіць…
У цёмным двары…
2.08.2011. Цямнее. У двары равуць, як рэзаныя, два чорныя каты, якіх ловяць старыя гаспадыні, каб занесці дамоў… Праз паўгадзіны сцямнелася, катоў амаль не чуваць, і толькі галасістыя бабулі на ўвесь двор клічуць дамоў сваіх чорных катоў, якіх не бачна ў цемры…
* * *
3.08.2011. Застудзіўся. Цяпер баляць зубы. І наш папугай Северус лётае за мной па хаце, як зачараваны доктар Айбаліт…
Нарач. Першы дзень...
4.08.2011. На Маскоўскі аўтавакзал на таксі з Людмілай ехалі моўчкі (Максім наогул паехаў на метро), нібыта пасварыліся. Замест чаканага камфартабельнага аўтобуса, які быў абяцаны пры куплі самых дарагіх білетаў (40 тысяч) на Нарач, на прыпынку нас чакала звычайная маршрутка. Пасажыраў набралася 12 чалавек, з якіх два казахі і два лысыя п’яніцы. Казахі ўсю дарогу баяліся праехаць Мядзел, а п’яніцы пілі гарэлку, запіваючы мінералкай, і прыставалі да дзяўчыны, якая сядзела паперадзе іх. Першы прыпынак быў у Ільі. Гледзячы расклад, прыклеены каля білетнай касы, стары з нашай маршруткі сказаў мне: «А я ў Красным працаваў...» – «Там побач Ракуцёўшчына, дзе некалькі месяцаў жыў Максім Багдановіч...» – дадаў я. «Так...» – працягнуў стары размову, якая тут жа перарвалася, бо нас паклікалі ехаць далей. На прыпынку ў Мядзелі выйшлі казахі. І як толькі наша маршрутка скранулася з месца, больш шабутны п’яніца закрычаў: «Стойце! Казахаў забыліся!» – «Яны прыехалі!» – паведаміў шафёр. «Ага! Паглядзіце, казахі ўжо пад дрэвам моляцца! Відаць, да нас хутка Назарбаеў прыедзе!» – дадаў спакайнейшы п’яніца. У курортны пасёлак Нарач заехалі за дзве з паловай гадзіны. Гаспадыня кватэры, дзе мы сабраліся адпачываць, сустрэла нас на прыпынку. Жыллё нам спадабалася. Пераапрануўшыся і перакусіўшы, пайшлі да Нарачы, каля якой Максім прапанаваў паглядзець санаторый «Нарачанскі бераг», дзе мы адпачывалі восем гадоў таму. Падышоўшы да санаторыя, нібыта трапілі ў 2003 год – каля будынка на лавачках інтэлігентныя старыя, побач каля іх бегаюць шустрыя дзеці і стаіць гіпсавы Ленін. На танцпляцоўцы расійская папса, якую мы чулі і ў 2003 годзе. Дзяўчаткі танцуюць, а хлопцы глядзяць, старэйшыя кураць. Нічога новага. У кватэру вярнуліся, калі ўжо сцямнела...
Нарач. Другі дзень...
5.08.2011. Пакуль Люда і Максім спалі, зрабіўшы сняданак, схадзіў у краму. Купіў алею за 17 700, які ў Мінску каштуе 13 тысяч. Усё астатняе, здаецца, не даражэйшае...
З дому выйшлі ў 12 гадзін. Пайшлі па беразе Нарачы. Прыпыніліся каля старых пісьменніцкіх лецішчаў. Праходзячы каля нас, пажылы мужчына сказаў: «Гэта дачы нашых пісьменнікаў: Лынькова, Куляшова і Танка...»
Ужо другі дзень бачу на Нарачы човен пад белым ветразем. Адчуванне, нібыта на чоўне няма людзей...
Малькі ў чыстай вадзе каля берага, як брудныя льдзінкі...
Каля аддзялення «Беларусбанка» цэлы дзень чарга. У чарзе адныя і тыя ж людзі – скупляюць валюту. Праз дарогу каля будынка, дзе пахаронныя паслугі, лавачкі таксама не пустуюць – тут спыняюцца маршруткі з новымі адпачываючымі, якім прапануюцца кватэры, а я напачатку, гледзячы на кучу людзей, падумаў, што нехта памёр...
На пляжах стаяць знакі з папярэджаннем, што нельга карміць качак і лебедзяў. А гэтых птушак і не бачна...
Усе баяцца купацца, бо ў вадзе, кажуць, ёсць нейкая зараза ад птушак. Але многія купаюцца...
Нарач. Трэці дзень...
6.08.2011. Сніўся Анатоль Сыс. Ён мне чытаў свае новыя вершы. Казаў, каб пасылаў усіх падалей, хто будзе вучыць, як жыць...
Разбудзіў тэлефонны званок ад мастака Алеся Квяткоўскага. Ён цяпер з жонкай у сяброў у Вілейцы. Пахваліўся, што амаль усю ноч спявалі песні на вершы Сыса, Адамовіча, Рублеўскай і мае...
З акна праз дарогу бачу, як на сваю будоўлю на новенькай машыне прыехаў мужчына гадоў сарака. Фундамент ужо зроблены, а каля яго навернуты кучы пяску і цэглы. Пагаспадарску пахадзіўшы па будоўлі, мужчына сеў у машыну і паехаў...
Хадзілі ў вёску Нарач, якая раней называлася Кабыльнік. Нас цікавілі Храмы. Царква была збудавана ў 1875 годзе. Мураўёўка. Усе абвесткі паруску. Замкнутая. Касцёл быў збудаваны ў 1901 годзе. Адчынены. Усе абвесткі пабеларуску. Каля касцёла пахаваны ксяндзы. Адзін у 1922 годзе. Пражыў 27 гадоў. Другі пахаваны ў 1942 ва ўзросце 42 гадоў. Відаць, быў расстраляны. На тэрыторыі пры Храме стаіць скульптура Яну Паўлу ІІ.
У цэнтры вёскі Нарач, дзе мог стаяць гіпсавы Ленін, сціплы помнік землякам, якія загінулі ў партызанах і на фронце. Надпісы пабеларуску...
Вяртаючыся з вёскі Нарач, дзівіліся яе велічыні. Асабліва ўразілі шыкоўныя лецішчы, якія абляпілі вёску...
Прыпыніліся каля верталётнай пляцоўкі. Можна палётаць над Нараччу. 10 хвілін каштуе 700 тысяч...
Пад вечар хадзіў з Людай да Нарачы. Ветрана. Хвалі, як на моры. На чорным небакраі човен пад белым ветразем, як прывід...
Вечар. У краме людна. Шмат моладзі. Усе купляюць гарэлку і піва. А мы сок і малако...
Нарач. Чацвёрты дзень...
7.08.2011. Люда купалася ў Нарачы, а я не палез у ваду, бо ўсё яшчэ баліць зуб. Тэмпература паветра была 24 градусы, а вады – 21. Пакуль чакаў Люду з вады, над Нараччу лётаў верталёт – відаць, нехта не пашкадаваў 700 тысяч...
У траіх каталіся на катамаране. Нядорага – за гадзіну 10 тысяч. Заплывалі далёка за буйкі, дзе глыбока і вялікія хвалі. Гледзячы толькі на ваду, я ўяўляў, што мы сярод бяскрайняга мора...
Часта сустракаюцца маладыя кітайцы. Сярод іх ёсць вельмі сімпатычныя кітаянкі...
Нарачанскія хлопцы прапанавалі купіць рыбу. Мы адмовіліся. Але калі б яны прапанавалі парыбачыць, то мы б з радасцю ў іх узялі вудачкі...
У газетным кіёску пацікавіліся, ці прадаюцца якія-небудзь беларускамоўныя літаратурныя выданні. Не прадаюцца...
Нарач. Пяты дзень...
8.08.2011. Прачнуўся ад шуму дажджу за акном. Адчыніў фортку – і ў пакой заляцеў матылёк...
Калі дождж прыціх, з Людай пайшлі да Нарачы. На пляжах пуста. На вадзе каля берага плавалі качкі, якіх нельга карміць...
Ідучы па пантоне, назіралі за рыбамі. Следам за намі на пантонны астравок прыйшлі хлопец з дзяўчынай. Ён яе абдымаў і называў «сонейкам», а дзяўчына ўсё пыталася: «Ці любіш мяне?..»
Пахадзілі па тэрыторыі санаторыя «Нарач». Паназіралі, як на лавачцы пад дрэвамі хлопчык пазіраваў мастачцы. І потым яшчэ ўбачылі лысага з вялікім жыватом мужчыну, які нёс згорнуты ў трубку гатовы партрэт сына і, гледзячы далёка перад сабой, задаволена ўсміхаўся, а хлопчык, як сабачка, плёўся следам...
Нарач. Шосты дзень...
9.08.2011. Выбраліся на экскурсію. Першы прыпынак быў на страусавай ферме. Праўда, там толькі два страусы, таму гэта ферма больш свінаферма, бо ў загонах дзясяткі свіней розных парод...
Праязджалі каля вёскі Агароднікі, дзе нарадзіўся Уладзімір Дубоўка. Экскурсаводка падрабязна пераказала ўсю біяграфію рэпрэсаванага паэта. Нават зачытала асобныя радкі з вершаў...
Вёска Лучаі, як маёнтак, упершыню ў летапісах упамінаецца ў 1542 годзе. На сённяшні дзень Лучаі – даволі немалая вёска. Касцёл Святога Тадэвуша, нібыта чакаў нас, быў адчынены і на ўвесь двор гучала арганная музыка. Мы думалі, што гэта іграе арган. Ды не! Магнітафонны запіс. Ксяндза Мікалая не было, і мы ўсе вольна адчувалі сябе ў Храме, які ў свой час быў распісаны мастаком Казімірам Анташэўскім. З касцёла выходзілі пад песню «Авэ Марыя»...
У Паставах наш аўтобус спыніўся на цэнтральнай плошчы, на якой у гарвыканкам «ідзе» гіпсавы Ленін. Царква зачынена. З яе на рыштаваннях мужчына са шланга змываў пабелку, і пырскі бруднай вады выляталі аж на вуліцу. І мы пайшлі ў касцёл Святога Антонія Падуанскага 1880—1887 гг. і беззаганнага зачацця Прасвятой Дзевы Марыі. На касцёле вісіць шыльда, якая паведамляе ўсім, што будынак ахоўваецца дзяржавай. Герб жа дзяржавы зацёрты да непазнавальнасці. У касцёле ўсё пабеларуску. Мы якраз прыехалі перад службай і, вяртаючыся ў аўтобус, бачылі, што ў касцёл ідзе шмат моладзі...
Напрыканцы вандроўкі, экскурсаводка расказвала пра Тызенгаўзаў. І было вельмі прыемна чуць апладысменты, калі яна скончыла свой расповед пра нашых слаўных землякоў і прачытала верш пра Беларусь Анатоля Грачанікава...
Нарач. Сёмы дзень...
10.08.2011. Захацеў купіць якую-небудзь газету. Падышоў да кіёска, а там стаіць маладая кіяскёрка, усміхаецца і корміць неўмаля...
З Людай пайшлі па беразе Нарачы ў бок Мядзеля. Прайшоўшы метраў пяцьдзясят, вярнуліся да дарогі – сцяжына, па якой мы хадзілі восем гадоў назад, зарасла трыснягом і кустамі...
...І ўсё ж праз кусты прабраліся да нарачанскага берага, на якім высяцца векавыя сосны...
У трыснягу знайшлі замаскіраваны вялікі човен. Магчыма, кантрабандысцкі. Паплаваць на ім не змаглі, бо човен быў прывязаны да ўбітага ў нарачанскае дно жалезнага кала...
Праз гадзіну па беразе Нарачы дайшлі да дарогі з аўтастанцыяй, адкуль можна паехаць у Мінск. А потым, згледзеўшы ўказальнік, з якога даведаліся, што праз 400 метраў знаходзіцца рыбны магазін, пайшлі па рыбу. На жаль, у рыбным магазіне нарачанскіх вугроў не было...
Які ўжо дзень у адпачынку, а я ўсё ніяк не магу расслабіцца – старасць і нямогласць бацькоў, як бомба, якая можа ў любы момант узарвацца, у маёй галаве і ў сэрцы...
Нарач. Восьмы дзень...
11.08.2011. Пахаладала. 15 градусаў. Змрочна. Але ўсё роўна адпачываючыя ходзяць каля Нарачы, як каля сваёй здзейсненай мары...
Сніўся памерлы аднакласнік Сашка Балотнік. Я хадзіў да яго дапамагчы ўключыць у хаце святло. Не дапамог...
Глядзелі дакументальны фільм пра Ота Юльевіча Шміта. З выгляду замухрышка, але добры авантурыст і шчасліўчык, які ўмеў забалабоніць усё і ўсіх, і ў тым ліку самога Сталіна. Калі «Чалюскінец» затануў і больш ста чалавек высадзіліся на льдзіну, Ота Юльевіч не даў нікому замерзнуць і так стараўся абагрэць усіх, што амаль усе жанчыны (іх было дзесяць) зацяжарылі. Не абмінуў Шміт і прыбіральшчыцу...
Упершыню за сем гадоў працы ў выдавецтве ўжо тыдзень адпачываю за межамі горада. А так звычайна даводзілася амаль кожны дзень забягаць на працу і вырашаць нейкія творчыя пытанні, якія б маглі вырашыцца і без мяне...
Люда з Максімам ходзяць у санаторый «Белая Русь» у басейн. Хваляцца, што там вельмі добра...
Нарач. Дзявяты дзень...
12.08.2011. Адпачынак на Нарачы адпачынкам, а дома ўсё роўна лепей пры любым надвор’і...
Сёння не выспаўся. Нічога страшнага. У нашым жыцці сон – не самае галоўнае...
Раніца. Цяплее. Ужо 17 градусаў. Сіноптыкі абяцаюць 20. Буду чакаць, бо ўчарашнія 15 мяне замардавалі...
Ужо 22 градусы, і мая душа пачынае вызваляцца са змроку ўчарашняга дня і холаду мінулай ночы...
Сяджу адзін у чужой кватэры на пятым паверсе, як у вежы рэстаўраванага на сучасны лад замка...
Навальніца. Жадання пабегаць босым пад дажджом ужо няма...
На Нарачы хвалі, як на беларускім моры...
З Людай прайшлі каля лецішчаў Лынькова, Куляшова і Танка. Углядаліся ў зарослыя двары, нібыта спадзяваліся ўбачыць старых гаспадароў...
Цямнее. Старыя і пажылыя вяртаюцца ад Нарачы па сваіх дамах, а моладзь, нягледзячы на дождж, ідзе да вады...
Нарач. Дзясяты дзень...
13.08.2011. Адпачываць можна і нікуды не выязджаючы з Нарачы, што многія і робяць, седзячы ў шашлычных. Мы ж прыехалі, каб спазнаваць мясціны, у якіх цяпер часова жывём. На жаль, цікавых экскурсій для адпачываючых прапаноўваецца малавата...
Па дарозе ў вёску Княгініна ад экскурсаводкі даведаўся, што раней наш курортны пасёлак называўся мястэчкам Купа. І гэтае мястэчка было не менш слаўнае, чым цяпер, маючы назву, курортны пасёлак Нарач...
Вёска Княгініна вядомая з XV стагоддзя. У ёй Троіцкая царква збудавана ў канцы XVII стагоддзя. Храм драўляны, невялікі, захаваліся вельмі старыя іконы. У царкве каля сценкі стаіць прыгожы крыж з пазнакай: «Жертва воина Константина Дубяго. 25 марта 1914 года». Каля Храма пахаваны а. Мітрафан (1864.V.25—1928.Х.1) і ягоная жонка Алена (1864.V.20—1949.ІХ.13), а таксама мітрафорны протаіерэй Мікалай Башко (1927.29.03—1996.28.02)...
Праязджаючы каля Пількаўшчыны, экскурсаводка паведаміла, што гэта родная вёска Максіма Танка і прачытала ягоны верш пра Нарач. На жаль, наведванне магілы паэта не ўваходзіць у экскурсійны маршрут...
У Будславе мы з Людмілай і Максімам ужо былі два гады назад. Частка касцёла цяпер рэстаўрыруецца, а так нічога не змянілася. Праўда, сёння сам Храм мне падаўся не такім велізарным, якім я ўбачыў яго ўпершыню...
Крыху ад’ехаўшы ад Будслава, экскурсаводка падзякавала за ўвагу і сціхла. І амаль гадзіну мы ехалі дамоў сярод цікавых мясцін, чытаючы ўказальнікі...
Нарач. Адзінаццаты дзень...
14.08.2011. У доме, дзе мы кватаруем, на другім паверсе мае кватэру паэтгумарыст Уладзімір Ермалаеў. Ён учора вечарам прыехаў з Мінска і, адпачыўшы, сёння нас запрасіў да сябе паспрабаваць кавуна. Мы з радасцю пайшлі, бо крыху засумавалі без гутарак з творчымі людзьмі. Павінен быў да нас далучыцца Мікола Шабовіч, які жыве каля Нарачы ў 30 кіламетрах, але не паехаў, бо пабаяўся кепскага надвор’я. І, відаць, правільна зрабіў, што не прыехаў, бо, як толькі мы селі за стол, пачалася страшная залева, якая ў двары пазатаплівала машыны. Пазней мы даведаліся, што ў Мінскай вобласці наогул быў вялікі буран і град. І пакуль бушавала навальніца, Уладзімір Фаміч чытаў нам свае пародыі, і ўсім нам было весела і светла...
Некалькі дзён назад мне снілася вёска. Прыйшоўшы да сажалкі, што на перакрыжаванні, я сустрэў Уладзіміра Ермалаева, які выдаваў ровары пакатацца. На роварах ужо каталіся мае памерлыя аднакласнікі Сашка Балотнік і Вова Звярок. І так хутка яны ездзілі па вуліцы, што аж страшна было. І я ад страху прачнуўся. Сёння, гасцюючы ў Ермалаева, я ўбачыў у яго два ровары, і Уладзімір Фаміч, згледзіўшы куды я гляджу, сказаў: «Можаце ўзяць пакатацца...»
Нарач. Дванаццаты дзень...
15.08.2011. Яшчэ ў першы дзень кватаравання заўважыў, што ў ложка, на якім сплю, няма адной ножкі, а замест яе пакладзены тры кніжкі. Сёння пачытаў назвы: першая кніжка – падручнік для 4 класа па англійскай мове, другая – нейкая таксама замежная і трэцяя – «Судьбы книг. В. Сажин. Книги горькой правды»...
Уладзімір Ермалаеў спецыяльна для Людмілы і мяне прынёс з бібліятэкі кніжку Генадзя Малышава і Алега Карзеёнка «Нарочанское эхо Вердена. К 90летию Нарочанской трагедии Первой мировой войны (18.03.– 28.03.1916)». На жаль, дзе гэтая кніжка выйшла і якім накладам – невядома. А зацікавіла мяне гэтае выданне найбольш таму, што ў 1916 годзе на вайне загінуў мой прадзед Яська Шніп...
Першую сусветную вайну ў рускай арміі называлі Еўрапейскай вайной...
У кніжцы шмат фотаздымкаў з фронту, які праходзіў па нарачанскім краі. Гледзячы на здымак з подпісам «Тоска по женщине. Художник (разведчик Алексеев) и его скульптура из сырого песка», узгадаў Геніка Лойку з яго легендарнымі скульптурамі...
У СвятаІльінскай царкве ў вёсцы Кабыльнік (цяпер Нарач) быў нямецкі шпіталь 21га армейскага корпуса...
За час Еўрапейскай вайны было збіта 12 250 самалётаў (нямецкіх і рускіх). Большасць паветраных баёў адбылося ў беларускім небе...
У 80я гады мінулага стагоддзя каля вёскі Беркаўшчына Княгінінскага сельсавета (цяпер вёска не існуе) было знішчана пахаванне рускіх салдат, якія загінулі ў час газавай атакі: спачатку бульдозерамі знеслі драўляныя крыжы, а потым экскаватарамі бралі пясок на падсыпку дарогі да птушкафермаў... У вёсцы Варашылкі прама на немецкім пахаванні пабудаваны дом, каля якога валяецца каменная пліта з нямецкім надпісам...
Над Нараччу кожны дзень лётае па некалькі разоў верталёт. А гэта значыць, што ў адпачываючых грошы яшчэ не скончыліся...
Нарач. Трынаццаты дзень...
16.08.2011. Першае, што сёння зрабіў – павіншаваў сваю малодшую сястру Валю з днём народзінаў...
Вужык, як шнурок з бацінка велікана, перапоўз лясную сцяжыну...
У паветры запахла школай. У гэткі час у дзяцінстве перад 1 вераснем мяне стрыг бацька. Стрыг пад нуль, і я прыходзіў у школу калючы, як вожык...
Па тратуары два мужыкі валакуць газонакасілку. Старэйшы кажа: «Ты ведаеш, а ў нашай працы на Нарачы ёсць вялікі плюс!» – «Які ж?» – пытаецца маладзейшы і чуе: «Вельмі многа прыгожых маладых жанчын!»
Нарач. Чатырнаццаты дзень...
17.08.2011. І дамоў не хочацца, і на Нарачы ўжо амаль усё аблазілі. І я гляджу праз акно на нарачанскія сосны і сумую па першых днях адпачынку...
Уладзімір Ермалаеў усё прапануе і прапануе пакатацца на яго роварах. А я ніяк не магу забыцца пра сон, дзе на яго роварах каталіся мае аднакласнікі Сашка Балотнік і Вова Звярок, якія памерлі...
У кніжцы Генадзя Малышава пра Еўрапейскую вайну і Нарачанскую трагедыю (18.03 – 28.03.1916 г.) ёсць і старонка пра каханне, дзякуючы якому не згубіўся журнал ваенных дзеянняў ад 19 ліпеня 1914 года з імёнамі 202х Георгіеўскіх кавалераў 22га Ніжагародскага палка. Журнал захавала Лідзія Ільінічна Дунец, 1918 года нараджэння, якая яшчэ нядаўна жыла ў доме, збудаваным яе бацькам у 1902 годзе ў вёсцы Баяры Мядзельскага раёна. У Еўрапейскую вайну, па словах Лідзіі Ільінічны, у іх доме кватараваў палкоўнік, які і пакінуў журнал. Аднак журнал, відаць, захоўваўся не таму, што ў ім спіс Георгіеўскіх кавалераў, а таму, што ў ім запісана чатырохрадкоўе, прысвечанае Лідзе Дунец: «Я помню всё и голос милый и ласки, ласки без конца. Я буду помнить до могилы черты любимого лица. К. 23.06.40 г.». Як не спрабаваў Генадзь Малышаў даведацца ў 87гадовай гаспадыні журнала, хто ж хаваецца за «К», яна так і не прызналася. І ўсё ж бабуля расказала, што яна адналюбка і, калі «К» прысвячаў ёй вершы, яна кахала другога, а той другі быў закаханы не ў яе. Так Лідзія Дунец і не выйшла замуж. На жаль, не ўсе старонкі журнала захаваліся. Магчыма, сярод Георгіеўскіх кавалераў быў і мой прадзед Яська Шніп...
Пад вечар патэлефанаваў Уладзімір Ермалаеў і папрасіў, каб да яго тэрмінова зайшоў наш Максім. «Відаць, хоча, каб хлапец яму дапамог нешта зрабіць...» – падумаў я. І калі Максім праз пару хвілін вярнуўся, мы даведаліся, што Ермалаеў яго пазнаёміў з дзяўчатамі і ён ужо сёння вечарам з імі ідзе на танцы...
Нарач. Пятнаццаты дзень...
18.08.2011. Чацвер. У нядзелю збіраемся вярнуцца дамоў. Мне ў панядзелак на працу, а Людміле – 29 жніўня. Праўда, цяпер, калі Максім пазнаёміўся з дзяўчатамі, можа так атрымацца, давядзецца ехаць у Мінск аднаму...
У курортным пасёлку ўжо тыдзень жывуць і ходзяць па вуліцах шумнай і вясёлай кампаніяй маладзенькія цыганкі. Старэйшай недзе гадоў дваццаць, а меншай паўгода, і яе цыганкі па чарзе носяць з сабой. Усе чыста і модна апранутыя, сімпатычныя і не прыстаюць пагадаць...
Вельмі шмат пажылых расіян. Ходзяць парамі і ўспамінаюць маладыя гады...
Які ўжо дзень бачу п’янага расіяніна. Ён прыстае да ўсіх, каб разам выпіць. Ахвотных з ім піць няма, і ён п’е адзін...
У нарачанскіх белых чаек белае гаўно...
У лесе вельмі шмат сыраежак і смецця...
Нарач. Шаснаццаты дзень...
19.08.2011. Білетаў на выязную экскурсію не было, і мы вырашылі схадзіць на каталіцкія могілкі ў вёску Кабыльнік (цяпер Нарач). І каб дарэмна не блукаць, выйшаўшы з курортнага пасёлка, я ў першага сустрэчнага запытаўся: «А дзе тут старыя могілкі?» Мужчына аказаўся гаваркім. Растлумачыўшы як ісці да могілак, ён ні з таго ні з сяго сказаў: «Хопіць нам дзвюх моў: беларускай і польскай. А без рускай мы не памром!»
Амаль у самым цэнтры могілак пад соснамі стаіць манумент салдатам 21га армейскага корпуса немецкай арміі, а каля яго ладны пляц з крыжамі. Захавалася недзе каля 350...
Успамінаючы свайго прадзеда Яську Шніпа, які загінуў у час Еўрапейскай вайны ў 1916 годзе і ляжыць недзе ў брацкай магіле, я вырашыў запісаць на памяць некалькі прозвішчаў немцаў. Магчыма, сярод гэтых немцаў ёсць і тыя, у баі з якімі загінуў мой прадзед...
Вюрстэр Густаў. Загінуў 8.10.1915
Мюлер Густаў. Загінуў 1.02.1916
Расне Вальтэр. Загінуў 20.03.1916
Залеўскі Ёган. Загінуў 22.03.1916
Зуттэ Хайнріх. Загінуў 11.04.1916
Карл. Загінуў 8.07.1916
Эрдман Ёган. Загінуў 6.05.1917
За дзесяць дзён баёў каля Нарачы (18.03—28.03.1916 г.) з боку рускіх загінула каля ста тысяч салдат і афіцэраў, а з нямецкага – каля 40 тысяч...
На сучасных помніках шмат надпісаў пабеларуску. Я запісаў некаторыя: «Мітуневіч Ванда.11.1.1926—5.03.2003», «Ворса Леанарда Вікенцьеўна. 18.02.1918– 5.04.2009» і побач яе муж «Ворса Валерый Іосіфавіч. 16.04.1915—7.01.2001», «Шніткоўскі Міхал. 17.09.1906—3.10.2002. Памёр у веку 96 гадоў. Божа, будзь да яго міласэрны», «Ліхадзіеўскі Вацлаў Іванавіч 1912—1972...».
Шмат пахавана людзей, якія пражылі па 90 і болей гадоў. Сярод іх – Ганна Дунец. Пражыла 105 гадоў. Магчыма, яна маці або сваячніца Лідзіі Дунец, у якой захаваўся журнал Георгіеўскіх кавалераў Еўрапейскай вайны...
У цэнтры старых пахаванняў разбураны склеп, які зарос травой і мохам. Захавалася пліта з надпісам «Свентаржыцкая Францыска. Памерла ў 1844 годзе». За пагнутай і паржавелай агароджай помнік: «Юзэф Бачкоўскі. Памёр у 1858 годзе».