355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Пугачоўскі цырульнік » Текст книги (страница 8)
Пугачоўскі цырульнік
  • Текст добавлен: 30 ноября 2017, 18:30

Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 20 страниц)

Літінстытут

3.09.2010. У праграме Маскоўскай кніжнай выставы было запланавана і наведванне беларускімі пісьменнікамі Літінстытута. У патрэбны спіс я не трапіў і, едучы ў Маскву, планаваў знайсці час, каб самому пахадзіць па калідорах і аўдыторыях, дзе вучыўся. А тут раптам у першы дзень прыезду вечарам падыходзіць да мяне Сяргей Трахімёнак і кажа: «Паехалі заўтра ў Літінстытут!» – «Мяне ж у спіску няма!» – «Ну і што! Ты ж там вучыўся! Паехалі!» – «А хто з намі будзе яшчэ?» – «Нікога! Астнія хочуць выступаць на выставе. Няхай выступаюць, а мы з табой з’ездзім!» Доўга не думаючы, даў згоду. Назаўтра ранкам па нас прыйшла машына з беларускай амбасады. Шафёр не ведаў дарогі да Літінстытута, і мне давялося яму расказваць як ехаць. Прыехалі без спазнення. Нас сустрэў паэт Валянцін Сарокін, які працаваў у Літінстытуце яшчэ тады, калі я вучыўся. Канферэнцзала была поўная. Цяпер на пісьменнікаў вучыцца каля тысячы чалавек. У зале былі дзве студэнткі з Беларусі – адна з Віцебска, а другая з Брэста. Іхніх прозвішчаў з вершамі ў нашым друку не сустракаў. Кінулася ў вочы, што раней выкладчыкі выглядалі гаспадарамі і студэнты іх пабойваліся, а цяпер выкладчыкі нейкія няўпэўненыя, а студэнты паводзяць сябе пагаспадарску. Магчыма, таму, што амаль палова вучыцца за свой кошт…

* * *

3.09.2010. Ідучы па калідоры Літінстытута, адчуў сябе студэнтам, які, у свой час не давучыўшыся да канца, раптам праз дваццаць гадоў успомніў, што яму засталося толькі здаць залік па літаратуры і ён атрымае чырвоны дыплом…

* * *

3.09.2010. Амаль у самым цэнтры Масквы будуецца велізарная мячэць...

У Данскім манастыры

3.09.2010. У Маскве, будучы ў раёне Данскога манастыра, не змог абмінуць гэта святое месца. Зайшоў. Толькі што закончылася служба. З царквы выйшла чалавек дваццаць. У большасці жанчыны і старыя. Заглянуўшы на хвіліну ў Храм, пайшоў паглядзець манастырскія могілкі. Пафатаграфаваў. На выхадзе сустрэўся з ахоўнікам, які не паспеў мне нічога сказаць, бо я задаў пытанне: «А хто тут з вядомых пісьменнікаў пахаваны?» Мужчына, на момант задумаўшыся, запытаўся: «Салжаніцын пісьменнік?» – «Пісьменнік!» – «Ён тут пахаваны».– «А хто яшчэ?» – «Я не ўпаўнаважаны ведаць пра тых, хто тут пахаваны» – адказаў ахоўнік і папрасіў мяне пакінуць тэрыторыю могілак…

* * *

4.09.2010. Ходзячы па Маскоўскай кніжнай выставе, лаўлю сябе на думцы, што я, беларус, тут ужо замежнік…

За дваццаць гадоў…

4.09.2010. За дваццаць гадоў, якія не быў у Маскве, горад змяніўся – аброс капіталістычным рэкламным смеццем, праз якое праглядваецца шэры Савецкі Саюз…

Дзве хойніцкія дарогі

6.09.2010. Па дарозе ў Хойнікі аўтобусы з гасцямі з Мінска на мяжы Гомельскай і Магілёўскай абласцей сустрэла міліцыя. Нас суправаджалі па дарозе, абапал якой, недзе за кіламетраў пяцьдзясят да сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства, было на што паглядзець. Гэта і плакаты з віншаваннямі, і вялікія самаробныя лялькі ў нацыянальных строях, і цытаты з твораў класікаў беларускай літаратуры. Праязджаючы побач з Глінішчамі, можна было ўбачыць расфарбаваны аўтобусны прыпынак з вялікім намаляваным партрэтам Івана Мележа. На наступным прыпынку быў партрэт Якуба Коласа. На трэцім – Міколы Мятліцкага. А далей былі прыгожыя вобразы паляшучак і буслоў. Назад у Мінск мы вярталіся карацейшай дарогай, абапал якой шумелі бярозы ды сосны…

* * *

8.09.2010. У другой палове працоўнага дня зайшоў Леанід Маракоў і падарыў свой энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі Беларусі 1920—1960», які толькі што выйшаў у выдавецтве «Медысонт». Таміна ўражвае і візуальным аб’ёмам у 900 старонак, і сваім зместам. Лёня малайчына! Працуе за добрую сотню навукоўцаў. Гэта яго 28 кніжка. Гадоў пятнаццаць таму Маракоў быў паспяховым бізнесоўцам і раздаваў направа і налева падарункі. А цяпер зайшоў да мяне папрасіць хоць якой паперы, каб раздрукаваць раздзелы новай кнігі…

* * *

9.09.2010. Некаторыя новыя высотныя дамы ў Маскве, калі на іх глядзіш здалёку, здаюцца вылезлымі з зямлі і абсечанымі тунэлямі метро...

Алесь Наўроцкі

10.09.2010. У дзесяць гадзін раніцы ў кабінет зайшоў незнаёмы, пажылы, у зялёнай куртцы мужчына і запытаўся: «Вы Віктар Шніп?» – «Я».– «А я Алесь Наўроцкі. Хачу ў вас у выдавецтве адшукаць свой рукапіс, які я тут пакінуў гадоў дзесяць назад Марчуку. Ліна Каўрус казала, што яшчэ тады яго здалі ў архіў. Дапамажыце адшукаць»,– сказаў паэт, які ў 1978 годзе, пратэстуючы супраць прымянення псіхіятрыі ў палітычных мэтах, выйшаў з Саюза пісьменнікаў. Пасля гэтага ў 1981 годзе яго прымацавалі да псіханеўралагічнага дыспансера і пазбавілі працы ўрача. Ну а потым паэта перасталі друкаваць. На маё пытанне, што ён цяпер піша, адказаў: «Займаюся вершамі. Напісаў паэму памерам з «Васю Цёркіна». Нікуды не нясу, бо ведаю, што ніхто не надрукуе праўду. Вершы пішу пабеларуску. Іх у мяне сабралася разам з паэмай каля 20 аркушаў. Прозу пішу паруску і проста, як Якуб Колас». Пакуль мы шукалі патрэбную папку з творам, да нас прыйшоў Юрась Пацюпа з Яўгенам Гучком, якія пачалі цытаваць вершы Алеся Наўроцкага з кнігі «Неба ўсміхаецца маланкаю». Алесь Піліпавіч задаволена ўсміхаўся і наогул узрадваўся, калі адшукалі ягоны рукапіс з прозай. Развітваючыся, дамовіліся, што паэт прынясе ў выдавецтва ненадрукаваныя вершы…

У Крэўскім замку

11.09.2010. Дробны дождж, як дымнае мроіва, што прынесена ветрам з нашага далёкага мінулага. На дзядзінцы амаль разбуранага Крэўскага замка пасецца чорны конь. І я іду да яго, нібыта апошні абаронца зямлі беларускай…

Ахоўваецца…

11.09.2010. На рэштках сцен Крэўскага замка вісіць шыльда, на якой напісана, што замак ахоўваецца дзяржавай. А дзе ж ахоўнікі? Разбуральнікі прыехалі!

* * *

11.09.2010. Стаю на рэштках сцяны Крэўскага замка. Варожыя стрэлы пралятаюць праз мяне…

* * *

11.09.2010. У свой час у Барунах на святара вучыўся мой зямляк паэт Пятро Бітэль. Будынак, у якім ён жыў і маліўся, глядзіць на прыезджых разбітымі вокнамі, за якімі яшчэ жыве наша невядомая Беларусь…

* * *

11.09.2010. У траве Гальшанскага замка велізарныя слімакі, як камяні, якія ажылі…

Жабкі ў Гальшанах

11.09.2010. У траве скачуць жабкі, як зачараваныя чужынцы, што хацелі захапіць Гальшанскі замак…

Гальшанскі замак і Караткевіч

11.09.2010. Хаджу па Гальшанскім замку і побач з сабой бачу Уладзіміра Караткевіча. Ён маладзейшы за мяне, і я наглядаю за ім, каб ён часам не ўпаў з пашкоджаных сцен замка і не разбіўся. Караткевіч яшчэ не напісаў раман «Чорны замак Альшанскі»…

* * *

12.09.2010. У пятніцу, 10 верасня, хадзіў у музычную школу № 10 на прэзентацыю кнігі пра кампазітара Яўгена Глебава, якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры». Карэспандэнтка з радыё, якая рабіла перадачу пра імпрэзу, узяла інтэрв’ю і ў мяне, але перад размовай запыталася: «На каком языке будзіте гаварыць?» – «Што за пытанне! Пабеларуску!» – адказаў я, і дзяўчына на добрай беларускай мове пачала задаваць мне пытанні. У канцэртнай зале народу, на жаль, было зусім мала. Некалькі кампазітараў і выкладчыкаў, а таксама некалькі сябровак Ларысы Васільеўны. І калі б не прывялі чалавек трыццаць сувораўцаў, то зала была б амаль пустая. Тэлебачанне прыехала толькі тады, калі закончылася прэзентацыя. І я вяртаўся дадому з адчуваннем, што нікому нічога не трэба – ні наша літаратура, ні цудоўная музыка Яўгена Глебава…

* * *

13.09.2010. Ідучы з працы, сустрэў Хрысціну Лялько. У свой час, дзякуючы ёй, пасля вучобы ў Літінстытуце я трапіў на працу ў часопіс «Беларусь». На пытанне, што новае пішаш, Хрысціна адказала: «На вялікія празаічныя рэчы няма часу. Пішу вершы». І было хацеў ёй сказаць, што вершы могуць і іншыя пісаць, а вось апавяданні, дзякуючы якім Хрысціна Лялько стала празаікам Хрысцінай Лялько, можа пісаць толькі яна, але прамаўчаў…

Грэчка

13.09.2010. Людзі пачалі скупляць грэчку. Хто па кілаграму, хто па два, хто па пяць, а хто і болей. Я не купляю зусім, бо не адной грэчкай жыве чалавек…

Абарыгены і каланізатары

19.09.2010. З крамы вяртаюся дамоў праз сквер. Праходжу міма двух кудлатабарадатых бамжоў, якія сядзяць на лаўцы, як абарыгены, і глядзяць на прахожых, як на каланізатараў…

Піражкі

20.09.2010. Абедаю ў сталовай каля сваёй працы. Маладая кухарка, несучы паднос з піражкамі, зачапілася за мой позірк і рассыпала піражкі. Тут жа сабрала піражкі з падлогі на паднос і панесла далей…

Радня

27.09.2010. Дзядзька Славік, скончыўшы сельскагаспадарчую акадэмію, паехаў з сям’ёй у Амурскую вобласць. Жыў ён там гадоў пяць. Быў немалым начальнікам. Вярнуўшыся на некалькі дзён у Пугачы, зноў з’ехаў з дому. На гэты раз на Украіну ў Луганскую вобласць. Гадоў дзесяць таму там і памёр. Там і пахаваны. Засталася цётка і пяцёра дзяцей. Усе Шніпы. Дзе яны цяпер і што робяць – не ведаю. Няма ні тэлефона, ні адраса…

Без лірыкі…

27.09.2010. У сталовай раптам узгадалася Масква. Кафэ «Ліра». Сюды амаль кожны дзень пасля вучобы ў Літінстытуце я прыходзіў і купляў сасіскі з бульбай. Цяпер на месцы «Ліры» МакДональдс…

Мужчына і музыка

27.09.2010. Ён пісаў музыку. Яму было 43 гады. 700 кіламетраў за рулём у Маскву і 700 назад. Вярнуўся вечарам. Глядзеў Еўрабачанне з маці, якая і адпраўляла яго ў Маскву па справах. Слухаў песні і піў гарэлку, каб расслабіцца пасля нялёгкай дарогі. Расслабіўшыся, пайшоў у свой пакой і лёг спаць. Раніцай мужчына не прачнуўся. Хавалі з крэматорыя, дзе гучала музыка, напісаная ім….

Магчымасць і жаданне

28.09.2010. На вуліцы грыбны дождж. А я на працы чытаю рукапіс аповесці пра тое, як добра жывецца ў замежжы. У замежжа не хачу. Хачу ў грыбы. І паехаў бы ў лес, але ж я на працы і мне трэба займець сваю думку пра рукапіс аповесці пра замежжа, у якім добра…

Жывыя і мёртвыя

28.09.2010. Гледзячы на поўныя шафы рукапісаў, прыйшоў да думкі: «На сённяшні дзень у выдавецтве намнога болей мёртвых рукапісаў, чым жывых аўтараў…»



КАСТРЫЧНІК

Дача Андропава

4.10.2010. Паэт Глеб Артханаў зарабляе на жыццё, працуючы архітэктарам у Расіі. Сёння ён заходзіў да мяне на працу і расказаў пра дачу Юрыя Андропава ў Падмаскоўі, якую ён нядаўна, як архітэктар, «аблагароджваў». Дача драўляная. Была збудавана ў 1949 годзе. У старых будаўнічых дакументах напісана: «Архітэктар – № 25. Падстава для будаўніцтва – загад начальніка».

Чайкі

5.10.2010. Гляджу з дзявятага паверха на Свіслач. Чайкі на вадзе, як раскрышаны пенапласт…

107

6.10.2010. Атрымаў ліст ад незнаёмага мне чалавека з Хабараўска з просьбай выдаць ягоную кнігу. Падобныя лісты – не рэдкасць. У канцы просьбы пажаданне: «Здаровья Вам до ста семи лет!» Можна было б на гэтае пажаданне не звярнуць увагі, калі б я ўжо гадоў дзесяць не казаў, што буду жыць да ста сямі…

Жук і сабака

6.10.2010. Вяртаючыся з лецішча, да мяне ў выдавецтва зайшоў празаік Алесь Жук. Пакуль я размаўляў па тэлефоне, ён пагартаў кнігу, што ляжала ў мяне на стале і, калі я закончыў размову, зачытаў: «Я миру не чужой, однако хотя, возможно, и ничей. Меня облаяла собака; А я всё думаю: зачем?» І, паглядзеўшы ў акно, Алесь Аляксандравіч сказаў: «Што тут думаць? Сабака таму і брэша, бо гэта – сабака!»

Пара

7.10.2010. У краму зайшла пара бамжоў. Абаім гадоў пад сорак. Ён застаўся каля дзвярэй з сумкамі, а яна пайшла і купіла дзве пляшкі «чарніла». Рукі ў жанчыны чорныя, як наваксаваныя. Ды і твар не нашмат святлейшы. Абое смярдзяць і кашляюць. Паклаўшы «чарніла» ў сумку, бамжы выйшлі з крамы. І мне падумалася: «Ці перазімуюць?»

Сячкарня і пальцы

14.10.2010. Часта ўспамінаю, як з бацькам у гумне рэзаў сечку. Доўгі час уручную, а потым з дапамогай матора. Я падаваў салому і бульбоўнік і ўвесь час баяўся, што вострыя нажы адрэжуць мне пальцы. І так думалася таму, што ў майго дзядзькі Вані, у якога я гадаваўся ў Лягезах да школы, была пашкоджана рука. А раз у дзядзькі няма некалькі пальцаў, то і ў мяне, як у роднага, таксама не павінна быць усё добра з рукой. І колькі я рэзаў сечку, столькі і баяўся застацца без пальцаў. І вось гады праляцелі, пракруціліся, як кола сячкарні. І стаіць цяпер сячкарня без працы, і пальцы ў мяне на руках усе, але дзядзькі Вані ўжо няма…

Снег і правады

14.10.2010. Лёг спаць. Зажмурыўся і ўбачыў родную вёску. Мне гадоў дзесяць. Зіма. Гурбы вышэй платоў. Манцёры мяняюць на слупах правады. Правады ржавыя, і пасля іх на гурбах застаюцца рудыя пісягі, як на белых спінах пасля пугі крывавыя…

* * *

16.10.2010. У выдавецтва прынёс рукапіс кнігі вершаў Ігар Пракаповіч з Пастаў. Пытаюся, як справы ў школе, дзе ён працуе. Махнуўшы рукой, Ігар расказаў, як нядаўна ён з фізруком ішоў на працу. Гаварылі пра жыццёбыццё. І тут іх дагнала васьмікласніца і сказала: «Разгаварывайце на нармальном языке!»

Фатаграфаваць сны…

16.10.2010. У Казіміра Камейшы вычытаў: «Можа, некалі людзі навучацца фатаграфаваць свае сны, і тады ў іх будзе магчымасць вяртаць незваротнае…» Па фатаграфіі, праўда, нічога не вернеш, але, сапраўды, нядрэнна было б фатаграфаваць сны, бо колькі ў іх таго, чаго ўжо няма і нават таго, што наўрад ці будзе ў рэальнасці…

Гусінае пяро і думка

17.10.2010. У дзяцінстве зімой, залезшы на печ, прымасціўшыся каля пяколка і адгарадзіўшыся занавескай ад усяго свету, пісаў у невялічкі блакнот вершы. Было вельмі рамантычна, але хацелася яшчэ нечага незвычайнага. І даведаўшыся, што ў даўнія часы паэты пісалі гусіным пяром, паўдня ганяўся па вёсцы за гусямі. Раздабыўшы пяро, паспрабаваў пісаць. Нічога не атрымалася, бо пакуль выводзіў словы, прападала думка…

* * *

17.10.2010. Цямнее. І ўсе думкі, як пчолы, вяртаюцца дахаты…

Без зайздрасці і прыкрасці

18.10.2010. Тургенеў пісаў пра жыццё: «Нужно спокойно принимать ее немногие дары, а когда подкосятся ноги, сесть близ дороги и глядеть на проходящих без зависти и досады: и они далеко не уйдут». Чытаючы гэтыя словы, бачу сваю нямоглую маці, якая з балкона глядзіць на двор, дзе ходзяць людзі. І яна глядзіць на іх без зайздрасці і без прыкрасці…

* * *

18.10.2010. Трапілася ў рукі мая кніжка «Пошук радасці», якая выйшла ў 1987 годзе. Яе рукапіс у 1984 годзе перад тым, як здаць у выдавецтва, чытаў Міхась Стральцоў і, калі яму нешта не падабалася, казаў: «Аддай маладым!». Найбольш Міхась Лявонцьевіч хваліў чатырохрадкоўе:

Хата анямелая, сівая,

З шэраю буслянкай, бы вянком,

Вокнамі задумна пазірае,

Склаўшы рукі на дзвярах замком.



Строгае папярэджанне…

19.10.2010. На прэзентацыі кнігі Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага «Энцыклапедыя музычных інструментаў» да мяне падышла пажылая жанчына і сказала: «Я вам, як галоўнаму рэдактару, раблю строгае папярэджанне за тое, што ваша выдавецтва ў 2000 годзе выдала кнігу Івана Мележа і не напісала, што ён лаўрэат Ленінскай прэміі. Ленінская ж прэмія мае ўзровень Нобелеўскай. Болей так не рабіце!» І не паспеў я адказаць жанчыне, што ў выдавецтве працую з 2004 года, як яна, яшчэ раз папярэдзіўшы мяне, пайшла…

Между прочым…

20.10.2010. Чытаю чарговы рукапіс непрызнанага генія. І раптам адчыняюцца дзверы і да мяне ў кабінет заходзіць жанчына, апранутая, як бомж. Не пытаючыся, яна садзіцца, і пакуль я думаюгадаю, што ёй сказаць, жанчына заяўляе: «А вы так не глядзіце на мяне! Я между прочым член пісацяляў!»

Пісьмянкоў і Левановіч

23.10.2010. Часта ўспамінаю Алеся Пісьмянкова, з якім некалькі гадоў працаваў у «ЛіМе». Ён галоўным рэдактарам, а я адным з ягоных намеснікаў. З Алесем было хораша працаваць, бо ён да ўсіх супрацоўнікаў адносіўся, як да родных. Стараўся не крыўдзіць нікога, перажываў за ўсіх і ўсё і часам залішне. Землякі ж для яго і наогул былі, як святыя. Памятаю, у рэдакцыю прыходзіць Леанід Левановіч. Праз хвілін пяць Пісьмянкоў кліча мяне ў кабінет: «Трэба паставіць у гэты нумар апавяданне Леаніда Кірэевіча, якое ён прынёс два тыдні назад!» – «Мы ж у мінулым нумары апавяданне тое надрукавалі!» – адказаў я і прынёс Левановічу і Пісьмянкову па газеце…

На Кальварыі…

23.10.2010. З Людмілай хадзіў на Кальварыйскія могілкі. Яна фатаграфавала, а я шукаў магілу мастака Яўгена Куліка. Пакланіліся Янку Лучыне, Вячаславу Адамчыку, Генадзю Кісялёву, Ніне Гілевіч, Алесю Пісьмянкову, Алесю Асташонку. Магілы Яўгена Куліка не знайшоў, але нечакана натрапілі на помнік Івану Навуменку і ягонай жонцы. Жоўты, як агеньчык свечкі, бярозавы лісток трапятаў на помніку на павуцінцы і ад яго было светла ў душы. Цяпер будзем ведаць, дзе пахаваны яшчэ адзін пісьменнік…

* * *

23.10.2010. На Кальварыйскіх могілках восень. Сумна і светла. Праходзячы міма велізарнай кучы калодак, якімі стала старое спілаванае дрэва, убачыў у ёй кучу чарапоў…

Баюся…

24.10.2010. У Кальварыйскім плоце, які аддзяляў увесь час вуліцу ад могілак, ужо гадоў пяць хаваюць крэміраваных людзей. Баюся, што праз гадоў дваццацьтрыццаць гэты плотмагіла пачне развальвацца, бо гэта ж не Крамлёўская сцяна…

Мы і моцарты

24.10.2010. У свой час Моцарта пахавалі ў агульнай магіле разам з бамжамі. Цяпер некаторых моцартаў мы спальваем, як бамжоў, і хаваем у сцяну…

Роднасць

24.10.2010. Ходзячы па Кальварыйскіх могілках, шукаю помнікі з беларускамоўнымі надпісамі. Іх мала, але яны ёсць. Спыняючыся каля такіх помнікаў, адчуваю роднасць з пахаваным чалавекам…

Холадна

24.10.2010. На могілках халадней, чым дзе. І думкі, як апалае лісце пад нагамі, няспешна шапацяць у галаве…

Жыццё…

24.10.2010. Раддом – гэта наша мінулае. Могілкі – гэта наша будучыня. Паміж раддомам і могілкамі наша жыццё… І тут тэлефонны званок разбівае маю думку, як вялікі шкляны сасуд. Пачынаю збіраць разбітае, ды не збіраецца, бо праз акно бачу, як па нашым двары ідзе дзяўчына ў джынсах і на высокіх абцасах…

Сонца і Сідарэвіч

25.10.2010. Сёння на працы было горача і ад батарэй, і ад сонца. У час абедзеннага перапынку не вытрываў і, замкнуўшыся, узяў разуўся. Сядзеў босы, піў гарбату і слухаў музыку. Узгадаўся расповед Віктара Гардзея пра Анатоля Сідарэвіча, які ў маладосці працаваў у вясковай бібліятэцы. Быў зімовы сонечны дзень. І ў гэты дзень у бібліятэку, каб памяняць кніжкі, прыйшоў чытач. Прыйшоў, а бібліятэка замкнутая знутры. І чалавек глянуў у акно, а там на падшыўках газет ляжыць пад сонцам Анатоль Сідарэвіч і загарае…

Інсталяцыя

25.10.2010. У час абеду патэлефанавала Людміла: «Што робіш?» – «Сяджу босы!» – кажу я. «Горача сёння»,– пагаджаецца Людміла. «Трэба абувацца, а то зараз хто-небудзь зойдзе…» – «А ты скажаш, што гэта інсталяцыя паэмы “Босыя на вогнішчы”»,– жартуе Людміла і смяецца, а я абуваюся…

Суздалеў і жанчыны

26.10.2010. Паэт з Чалябінска Генадзь Суздалеў сябраваў з артыстам Валерыем Залатухіным. І так ужо атрымоўвалася, што ўсіх чалябінскіх жанчын, якім прапаноўваў выйсці замуж Генадзь, адбіваў Залатухін. Адбіваў і не жаніўся сам. І тады ў 1985 годзе Генадзь уцёк ад Залатухіна ў Маскву ў Літінстытут, дзе пасябраваў са мной. І было ў Генадзя шмат жанчын, з якімі ён хацеў пабрацца шлюбам, але перад тым, як пра гэта сказаць чарговай красотцы, Генадзь паказваў іх мне. І я ўсіх бракаваў, бо ведаў, што ў Чалябінску жыве жанчына, якая была дзесяць гадоў жонкай Генадзя, і гадуе дваіх дзяцей. І ўсё ж, вярнуўшыся назад у Чалябінск, Генадзь ажаніўся на паэтцы, якая была за яго амаль на трыццаць гадоў маладзейшая…

Жыццё ў нас такое…

26.10.2010. Жыццё ў нас такое, што час ад часу ўспамінаю радкі паэта Генадзя Суздалева з Чалябінска, якія запомніў яшчэ ў Літінстытуце ў 1985 годзе:

Бросал перед свиньями бисер.

Хотел их немного возвысить.

Они позабыли, что свиньи,

Прохода теперь не дают…



Маціевіч і сын

28.10.2010. Гадоў пятнаццаць таму, дакладна не памятаю, да мяне ў госці прыйшоў мастак Алег Маціевіч. Якраз у той вечар у Беластоку павінна была нарадзіць сына Міра Лукша. Алег, як будучы бацька, вельмі перажываў з гэтай нагоды: «Мірачка там цяпер адна і ёй цяжка! А я тут сяджу! Давайце вып’ем, каб Мірачцы было раджаць лягчэй!» Ну мы і выпілі па сто грамаў, а потым яшчэ па сто, а потым яшчэ. Пасля чатырохсот Алег пачаў бушаваць. Напалохалася і мая Людміла, і нашы малыя дзеці. І я чуць з Алегам не пабіўся. Вывалакшы мастака на вуліцу, я супакоіўся, бо ўсёткі ж разам пілі, ды і чалавек жа чакае нараджэнне сына. Прапанову вярнуцца назад у кватэру і легчы спаць, Алег адпрэчыў і запрасіў мяне да сябе ў майстэрню, якая над «Гандлёвым домам на Нямізе». І мы папляліся. Праз метраў дзесяць Маціевіч стаў на калені: «Я адчуваю, што Мірачка пачала раджаць! Станавіся і ты! Ёй будзе лягчэй!» Я не паслухаўся Алега, які пачаў ілбом біцца аб асфальт. «Перастань! Галаву разаб’еш!» – закрычаў я і пачаў падымаць з калень мастака. Ледзьве падняў. Прайшлі яшчэ метраў дзесяць, і Алег зноў кінуўся на калені і пачаў дзяўбціся аб асфальт і крычаць: «Мірачка, я з табой! Мірачка!» Да майстэрні мы дабіраліся гадзіны дзве. І ў той вечар Міра Лукша нарадзіла сына...



ЛІСТАПАД

* * *

1.11.2010. Вярнуўся з філармоніі, дзе выступаў разам з аркестрам Міхаіла Фінберга на канцэрце, прысвечаным 80годдзю з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча. Зала была поўная. Вечарыну адкрыў міністр культуры Павел Латушка. Вёў Генадзь Давыдзька. Ад кампазітара Эдуарда Зарыцкага даведаўся, што на словы Караткевіча напісана 27 песень і больш напісаць немагчыма, бо тэксты хоць і харошыя, але не песенныя. На жаль, тэлебачанне канцэрт не здымала, а толькі ўзяло інтэрв’ю ў Фінберга…

Прыемна…

2.11.2010. На працу з Азёраў вярнуўся Юрась Пацюпа. Прыемна было пачуць, што ягоная маці прачытала маю «Прозу і паэзію агню». Суседка таксама прачытала і некаторыя вершы павыпісвала сабе на памяць…

І яшчэ адзін афарыст…

2.11.2010. У час абеду да мяне ў кабінет зайшоў высокі хударлявы мужчына: «Прабач, што ў час абеду. Можа табе патрэбны афарызмы? У мяне напісана на цэлую кніжку!» Пагартаўшы рукапіс, я пацікавіўся: «Адкуль вы? Як ваша прозвішча?» – «Я – Васіль Дзямбіцкі. Працую на чыгунцы. Кладу шпалы, рэйкі...» – адказаў мужчына. «Раней вы паказвалі каму-небудзь свае афарызмы?» – «Паказваў Марчуку. Ён сказаў, што трэба яшчэ пісаць, каб было што выбраць. А ў 2002 годзе Алесь Масарэнка, пачытаўшы мае творы, сказаў, што ў мяне 70 працэнтаў таленту!» – «Як ён гэта вызначыў?» – «Не ведаю…» – «А як вы сваю кніжку назвалі?» – «Раней я яе называў «Трагедыя натуры», раўняючыся на шамякінскую «Трагедыю партызана». Потым была назва «Время отведенное для жизни», а цяпер «Выводы из прожитой жизни».– «А колькі ж вам гадоў?» – «Ой, многа! Пяцьдзясят пяць!» – «Зачытайце свой лепшы афарызм».– «Любоў – гэта кагда ухажываеш за раненым». І яшчэ, пагаварыўшы пра выданне кніг, Васіль Дзямбіцкі на развітанне, усміхаючыся, сказаў: «Я цябе бачыў у Барысаве».

У Ракаўскай бальніцы…

3.11.2010. Ездзіў у Ракаўскую бальніцу, дзе цяпер падлечваецца мама. Яна адчувае сябе большменш нармальна. Ды і што хацець ад мамы пасля інсульту, бо цяпер апошнія паўтары гады для яе добра і тое, што ёй не стала горай, чым было. У бальніцы новая галоўная доктарка. Нядаўна закончыла медінстытут. Родам з маіх Пугачоў. Шніп Ірына Мітрафанаўна. Магчыма, і мая далёкая сваячніца. Піша вершы. Паказала сшытак. Пачытаў. Не ведаю пакуль што якая з Ірыны галоўная доктарка, а беларускамоўныя вершы яна піша неблагія…

Святло зямное Вярцінскага

4.11.2010. У шафе тэхрэдаў знайшоў «Святло зямное» Анатоля Вярцінскага з дарчым аўтографам: «Майму дарагому тэхрэду Ларысе Шлапо – з удзячнасцю і пажаданнем святла зямнога. А. Вярцінскі. 15.06.81 г.». Прачытаў і падумаў: «Вось табе і самы лепшы падарунак – кніга…»

Уладзімір Кобрын

4.11.2010. У «Мінскай праўдзе» ў аддзеле культуры працаваў Уладзімір Кобрын. Тады, калі я быў валацугам, часта заходзіў да Уладзіміра з новымі вершамі, і ён без чаргі друкаваў мяне. Тыя, хоць і невялікія, ганарары, якія я атрымоўваў з «Мінскай праўды», заўсёды былі для мяне дарэчы. Мінула недзе гадоў дваццаць як Уладзімір Кобрын памёр. Дзе ён пахаваны, я не ведаю, але няхай ён ведае, што я памятаю яго…

Ахвяраванні на…

5.11.2010. У Чырвоным касцёле, дзе месціцца тэатр «Зьніч», у фае вісяць здымкі рэстаўрацыі Грунвальдскай бітвы. Разглядаючы дзею, некалькі разоў праходзіў каля вялікай скрыні для збору ахвяраванняў. Скончыўшы вандроўку па здымках, спыніўся каля скрыні. Чытаю: «Ахвяраванні на рамонт і абслугоўванне туалета...»

Усяго тры хвіліны…

6.11.2010. Пасля працы вырашыў з’ездзіць у ГУМ. Ледзьве ўціснуўся ў аўтобус № 1, бо перада мной два мужыкі гадоў па трыццаць пяць з вар’яцкімі вачыма, абступіўшы з двух бакоў дзяўчыну з сумачкай на плячы, стварылі ўражанне, што аўтобус перапоўнены. Дзяўчына паміж мужыкамі стаяла і глядзела некуды ў салон, а бліжэйшы да мяне, накрыўшы сумачку дзяўчыны сваёй сумкай, палез па грошы, і я нават пачуў, як ён маланку на сумачцы расшморгнуў. І хацеў я закрычаць, што грабяць, як другі мужык так паглядзеў на мяне, нібыта фінку мне ў жывот загнаў. А тут і кантралёрка раптам з’явілася. У хлопца, які стаяў за мной, папрасіла паказаць праязны. Глянуўшы на яго, я адразу падумаў, што ён таксама злодзей. І не памыліўся, бо хлопец дастаў дакумент пра нядаўні выхад з турмы. Закончыўшы справу, зладзеі выслабанілі з зажыму дзяўчыну і пачалі распытвацца ў нядаўняга турэмшчыка, дзе ён сядзеў. «У Магілёве…» – адказаў хлопец. «Ну як там цяпер?» – пацікавіўся той, што лазіў у сумачку. «Сядзець можна…» – «Ну пака, братан!» – сказалі злодзеі і выйшлі на прыпынку каля касцёла. Паміж прыпынкамі было ўсяго тры хвіліны язды…

У царкве…

7.11.2010. Учора маму прывезлі з Ракаўскай бальніцы да нас. Сёння з Людмілай хадзіў у царкву Пятра і Паўла. Мы маліліся, а каля нас амаль увесь час бегалі малыя дзеці, як херувімы…

Мае святы…

7.11.2010. У Пугачах у нашай сям’і былі два вялікія святы – Каляды і Вялікдзень. А таксама, хоць і сціпла, святкаваліся ўсе астатнія царкоўныя. Памятаю, як у Лягезах да маёй бабулі Ганны прыходзілі аднавяскоўцы, каб павіншаваць яе з Ганнамі. Кастрычніцкія святы мы ніколі не святкавалі. І наогул мая мама ўсё жыццё прапрацавала на кароўніку даяркай без адпачынкаў і амаль без выхадных дзён, і нават калі хварэла, ішла на працу. Дзень народзінаў у сям’і таксама ніколі не адзначалі. На Новы год ставілі ялінку, але не сядзелі да дванаццаці гадзін. Святкавалі Стары Новы год. Святы з застоллямі і падарункамі ў маім жыцці з’явіліся толькі тады, калі жаніўся. Праўда, і па сённяшні дзень ніяк не магу прывыкнуць дарыць кветкі…

Міхаіл Савіцкі

8.11.2010. Памёр Міхаіл Савіцкі. Гадоў пяць назад у выдавецтве мы планавалі выдаць пра яго кнігу. Ужо быў знойдзены складальнік выдання, было жаданне мець кнігу пра сябе і ў мастака. І тут раптам аб’явіўся сын Савіцкага Андрэй, які заявіў, што ён сам напіша кнігу пра бацьку і яму не патрэбны памагатыя. На гэтым усё і скончылася…

Тры гады

9.11.2010. Сёння тры гады, як не п’ю. Адчуванне, нібыта прайшло тры гады пасля вайны, з якой я вярнуўся жывым…

Казбярук і кнігі

10.11.2010. Уладзімір Казбярук, прынёсшы рукапіс кнігі пра Максіма Танка, пахваліўся малюнкам Караткевіча, які ён яму падарыў у 1969 годзе. Цікавы малюнак. Гаворачы пра здароўе, Уладзімір Міхайлавіч паскардзіўся: «У мяне ў хатняй бібліятэцы больш за тры тысячы кніг. Хацеў было здаць куды-небудзь, мне ж ужо 88ы год ідзе, але ніхто не бярэ. Кажуць месца няма для кніг…»

Крадуць!

10.11.2010. Вяртаючыся ў перапоўненым аўтобусе № 57 дамоў, стаў сведкам, як хлопец гадоў дваццаці пяці ўкраў у жанчыны кашалёк. «Аддай грошы! А то міліцыю выклічу!» – крычала жанчына. Злодзей нешта бубнеў, усе маўчалі, і толькі нейкі п’яны граміла заявіў: «Аддай бабе грошы! А то морду наб’ю!» На прыпынку злодзей і абрабаваная выйшлі, а ўсе астатнія паехалі далей…

Пабыў бацькам і жонкай

11.11.2010. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры сёння адбылася вечарына, прысвечаная 85годдзю беларускага радыё. Вялі Галіна Шаблінская і Алег Вінярскі. Людзей было шмат. Выступленні былі цікавымі, асабліва ўспаміны пра кур’ёзныя выпадкі на радыё. Я ведаў, што і мне дадуць слова, таму быў гатовы ў любую хвіліну выйсці да мікрафона. Недзе праз дзве гадзіны Галіна Шаблінская аб’явіла: «А зараз выступіць вядомы паэт Анатоль Шніп!» Нехта з залы паправіў: «Віктар Анатольевіч…» А пазней, пасля выступлення, Валянціна Коўтун, каб даведацца пра лёс сваёй кнігі ў выдавецтве, аклікнула мяне: «Людміла…»

Конкурс прыгажосці

11.11.2010. Заўтра іду на вечарыну, дзе буду ў журы выбіраць прыгажунь сярод паэтак. «А хто там будзе ў журы акрамя цябе?» – пацікавіліся ў мяне на працы. «Ну, Пятро Васючэнка!» – адказаў я. «Дык ён жа дрэнна бачыць!» – «Ну і што! Крот жа хацеў жаніцца на Дзюймовачцы!» – адказаў я…

Бацькі і паэтпесеннік

12.11.2010. Выйшла кніга песень «Астравы шчасця» Аляксандра Лягчылава, рукапіс якой у выдавецтва прынеслі ягоныя бацькі, выконваючы просьбу сына, які памёр больш за пяць гадоў таму. Выданне атрымалася невялічкае – усяго 2,5 аркушы. Маці Аляксандра, убачыўшы кнігу, адразу выказала незадавальненне: «Чаму такая тонкая і не ў цвёрдай вокладцы?» Давялося хвілін дваццаць тлумачыць, што магло не быць ніякай кнігі. Мы ж выдалі ўсё за рэдакцыйныя грошы. Праўда, развітаўся з бацькамі Аляксандра Лягчылава, крыху паразумеўшыся. Думаю, што сам паэтпесеннік быў бы задаволены кнігай, якая ўпершыню выйшла ў дзяржаўным выдавецтве, і тым больш не за ўласныя грошы, якія ён зарабляў на песнях і траціў на зборнічкі тыражом 100—300 асобнікаў…

Для чаго…

12.11.2010. Збіраючыся на вечарынупрэзентацыю кнігі Алены Масла «Першая прыгажуня», напісаў экспромт у стылі Васючэнкавых «Для чаго…»:

Для чаго ў нас прыгажуні?

Каб ваду цягаць са студні,

Каб мужчыны, нібы трутні,

Спаць маглі ўжо апалудні,

Каб былі, як святы, будні,

Каб жыццё камусь спаскудніць!


Для чаго жывуць красоткі?

Каб насіць зімой калготкі

І каб драпацца, як коткі,

Калі хто ў іх лезе порткі.

Не залез – яны трашчоткі,

А залез – яны залёткі.

Могуць збегчы ў заработкі,

Знікнуць раптам, як падлодкі.

Для тутэйшага – зачоткі,

А для Афрыкі – экзоткі,

А для Шніпа й Васючэнкі —

Нашы пекныя паненкі!



* * *

13.11.2010. Дробны дождж. Адзінокі руды ліст на дрэве скукожыўся, як пісун у хлопчыка ад холаду…

Прэзентацыя ў «Кнігачэі»

15.11.2010. З Аксанай Спрынчан і Ярашам Малішэўскім быў на прэзентацыі іх кнігі «Незвычайная энцыклапедыя беларускіх музычных інструментаў» у кнігарні «Кнігачэй». Арганізатары прэзентацыі запрасілі з бліжэйшай школы вучняў трэціх і чацвёртых класаў з эстэтычным ухілам. Дзеткі харошыя. Слухалі ўважліва Аксаніны вершы і Ярашава ігранне на музычных інструментах, якія ён захапіў з сабой. Потым арганізатарка прэзентацыі правяла невялікі конкурс з выдачай прызоў. Дзеці актыўна уздымалі рукі, стараліся гаварыць пабеларуску. Пытанні былі лёгкія. На адно з іх: «Назавіце пераможцу дзіцячага Еўрабачання з Беларусі», дзеці амаль хорам закрычалі: «Ксенія Сабчак! Ксенія Сабчак!» Калі ім сказалі, што гэта не так, адна ціхмяная дзяўчынка, якая стаяла за натоўпам сваіх аднакласнікаў, дала правільны адказ. Напрыканцы было аб’яўлена, што можна набыць кніжку і атрымаць аўтографы. Грошай у нікога не было, і мы дзецям прапанавалі пазней прыйсці з бацькамі ці адным і набыць кнігі. «А колькі каштуе?» – пацікавіўся белабрысы хлопчык. «Трэба будзе ўзяць дванаццаць тысяч. Трыста рублёў атрымаеце рэшты»,– адказала прадаўшчыца. «Я вазьму дваццаць, каб была большай рэшта!» – тут жа сказала дзяўчынка і паглядзела наўкол, нібыта запыталася: «А хто возьме болей?»


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю