Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"
Автор книги: Віктар Шніп
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 20 страниц)
ВЕРАСЕНЬ
Як пасяліцца ў любімага пісьменніка?
3.09.2009. Здаецца, была пятніца. Вечарэла. Я з жонкай глядзеў тэлевізар і размаўляў пра шаснаццацігадовага сына Максіма, які дзесяць дзён жыў у манастыры з дзецьмі святароў і шчырых вернікаў. Да прыезду нашага сына там усё было так, як і павінна быць у манастыры. Са з’яўленнем Максіма ўсе дзяўчаты закахаліся ў яго, і цяпер кожны дзень нехта з іх яму тэлефануе. І ў самы разгар размовы пра сына зазвінеў далькажык. Тэлефанавала дзяўчына, якая толькі што паступіла на філфак і даўно захапляецца маёй творчасцю. Пачуўшы гэта, я тут жа выйшаў у другі пакой. Дзяўчына, коратка расказаўшы пра тое, што яна зняла кватэру і заплаціла за яе, але трапіла да алкаголікаў і ледзь збегла адтуль, запыталася: «Можна пажыць у вас?» Я разгублена прамовіў: «Дзе?», бо ў гэты час мая Людміла пацікавілася: «Хто там тэлефануе?» Я жонцы нічога не адказаў, а незнаёмка сказала: «Ну, там, дзе вы жывяце...» – «Ну, я жанаты... Гэта папершае. Падругое, у мяне дзеці, дый маці цяпер жыве з намі. Так што я сам у не лепшых умовах...» Больш нічога я не паспеў сказаць, бо філфакаўка перарвала размову. На пытанне жонкі: «Хто ж там тэлефанаваў?», я адказаў коратка: «Ай! Не зразумеў!», і Людміла пакінула мяне ў спакоі. Я ж задумаўся: «Бедная дзяўчына толькі прыехала ў вялікі горад, а яе тут жа абабралі! Ну й народ у нас! Ды й я не паспеў ёй нічога добрага сказаць...» У панядзелак, прыйшоўшы на працу, я расказаў пра гісторыю з філфакаўкай знаёмаму пісьменніку. Той падзівіўся з паводзін дзяўчыны і пасмяяўся з мяне: «Глядзі, Шніп! Яна яшчэ да цябе дахаты прыйдзе з дзіцем і скажа, што гэта тваё малое!» І ўсе дні з мінулай пятніцы па сённяшні дзень я хадзіў з філфакаўкай у галаве: «Як яна там, небарака? Відаць, недзе сядзіць на вакзале і плача...» Два дні таму нават хацеў патэлефанаваць ёй, але ў далькажыку нумар тэлефона не захаваўся. І тут сёння разгортваю свежы нумар «Нашай Нівы» і пад рубрыкай «Розыгрыш» чытаю: «Як пасяліцца ў любімага пісьменніка?», дзе апісваецца, як супрацоўнікі «НН» разыгралі Адама Глобуса, Уладзіміра Арлова, Зміцера Вішнёва і мяне.
Нечаканы госць
5.09.2009. Зіма. Мне дваццаць. Прыехаў на выхадныя ў вёску. Мяцеліца. Бачу праз акно: да нас нехта ідзе. Госць прыйшоў з Дубраў – гэта недзе кіламетраў шэсць ад маіх Пугачоў. І госць нечаканы – паэт, настаўнік Вячаслаў Міхасёнак. Прыйшоў спецыяльна, каб пазнаёміцца. Мама хуценька накрыла на стол. І мы хораша пасядзелі – чыталі вершы, расказвалі пра сябе, спрачаліся. Нагаварыўшыся, Вячаслаў раптам прапанаваў завесці мяне ў сваты да сваёй нядаўняй вучаніцы, якая жыве ў Пугачах. Я доўга адмаўляўся і ледзьве адмовіўся. Развітваючыся, Вячаслаў сказаў: «Калі б я быў маладзейшы, то я сам з ёй жаніўся б!» – і, уздыхнуўшы, пайшоў у мяцеліцу.
Старэйшы і старэйшая
8.09.2009. У сям’і было пяцёра дзяцей. Бацькі працавалі ў калгасе і старэйшыя дзеці, дванаццацігадовы хлопчык і адзінаццацігадовая дзяўчынка, даглядалі малодшых, якія яшчэ не хадзілі ў школу. У той жнівеньскі дзень бацькі затрымаліся на працы і дзеці, як заўсёды, гулялі ў двары. Старэйшая дзяўчынка прыдумала забаву для ўсіх: даскочыць да дратоў, якія працягнуты з хаты да склепа. Скакалі па чарзе, пачынаючы з малых. Меншыя не даскочылі. Застаўся старэйшы. Ён ува ўсім стараўся быць прыкладам для малодшых і таму добра разагнаўся і падскочыў так, што схапіўся за ніжні дрот... Хлопчыка хавала ўся вёска.
Бацькі і дзеці
9.09.2009. Бацькоўскі сход у гімназіікаледжы мастацтваў. Усе ў зале сядзяць, як мышы пад венікам. Як заўсёды, дырэктарка робіць устаноўку, якімі павінны быць дзеці на працягу навучальнага года. І напрыканцы выступлення просіць, каб такога не было, як яна некалькі дзён сама бачыла, як дзевяцікласніца, спыніўшыся ў 50 метрах ад гімназіікаледжа мастацтваў, зняла з сябе доўгую спадніцу і засталася ў міні, у якой і прыйшла на вучобу. І тут жа пасля двухгадзіннага маўчання зала ажыла – усе рассмяяліся, як дзеці.
Нет
10.09.2009. Сёмы клас. Мая аднакласніца, у якую я закаханы, сядзіць за апошняй партай у другім радзе, а я за другой на першым. Час ад часу я азіраюся, каб паглядзець на яе, і кожны раз спадзяюся, што нашы позіркі сустрэнуцца. Ды дзе там! Яна на мяне зусім не глядзіць. Але я ўпарты, і каб аднакласніца звярнула на мяне ўвагу, пачынаю пісаць вершы пра каханне і даваць іх усім пачытаць. Але гэта мне не дапамагае. І тады я пішу запіску, у якой пытаюся, ці згодная яна са мной сябраваць. Чакаю адказу амаль цэлы ўрок, і перад самым званком на перапынак мне перадаюць шматок прамакаткі, на якім напісана: «Нет».
Сяброўства
10.09.2009. Яны пасябравалі яшчэ ў школе. Потым разам вучыліся ў адным інстытуце. Збіраліся пажаніцца, але не пажаніліся. Бацькі былі супраць. Пасля размеркавання яны раз’ехаліся ў розныя гарады. Ён напісаў Ёй каля сотні лістоў. Яна ні на адзін не адказала. І вось яны выпадкова сустрэліся на вакзале ў Мінску. Ён ехаў у Маскву, а Яна ў Вільню. І яны некалькі гадзін прабылі разам. Ім было добра, і пры развітанні яны дамовіліся пісаць адзін аднаму. Яна напісала каля сотні лістоў, а Ён ні на адзін не адказаў. Цяпер яна адна жыве ў Вільні, а Ён адзін – у Маскве. Ім разам на дваіх хутка будзе семдзесят гадоў.
А дзе вы друкаваліся?
10.09.2009. Ён нарадзіўся ў 1930 годзе. У дваццаць гадоў, закахаўшыся, пачаў пісаць вершы. У дваццаць пяць жаніўся. У трыццаць у яго было ўжо трое дзяцей. Хапала клопату, але вершы пісаліся. Хацелася выдаць першую кніжку, прысвечаную жонцы. Збіраўся з кніжкай пяць гадоў, а сабраўшыся, з рукапісам не пайшоў у выдавецтва ў Мінску, а ў час адпачынку паехаў у Маскву ў «Маладую гвардыю». У рэдакцыі адразу запыталіся: «А дзе вы друкаваліся?» – «Пакуль што нідзе»,– адказаў малады чалавек. «Ну тады надрукуйцеся спачатку ў Мінску, а потым ужо прыязджайце да нас!» – параілі ў выдавецтве. І паэт вярнуўся дамоў. А дома праблемы – жонка закахалася ў іншага. Ледзьве не дайшло да разводу. І ён вырашыў – вось пайду на пенсію і там займуся выданнем кнігі. Дажыў да пенсіі. А тут Савецкі Саюз разваліўся. І зноў стала не да выдання кнігі. І толькі сёння паэт прыйшоў да мяне з рукапісам вершаў пра каханне. Вершы добрыя, іх можна друкаваць, але цяпер фінансавы крызіс...
* * *
11.09.2009. (Прыснілася). Іду па праспекце ў холдынг «ЛіМ». Навокал разваліны. А будынак на Захарава, 19 стаіць, як і стаяў. Заходжу. На ўваходзе сядзіць Раіса Баравікова. Замест кабінетаў адна вялікая зала. Тамсям за сталамі працуюць людзі. Усе незнаёмыя. Мне Баравікова выдае ганарар. Грошай няшмат, але з імі можна схадзіць у кафэ «Бярозка», якое побач, і крыху пасядзець. І я хачу пачаставаць Андрэя Федарэнку. Мне кажуць, што ён тут даўно не працуе – з’ехаў у Амерыку і цяпер там выдае часопіс «Маладосць». Выходжу на вуліцу, а на вуліцы – зіма…
Дома
11.09.2009. Ездзіў у Ракаў. Вяртаючыся на маршрутку, каля вакзала ўбачыў старога, які сядзеў пад дрэвам на бардзюры. Каля яго на зямлі стаяла пачатая пляшка таннага віна. На нейкі момант нашы позіркі сустрэліся. Цяпер я дома. А з маёй памяці не знікае адзінокі стары…
Ветлівыя
12.09.2009. Вяртаюся з крамы. З майго пад’езда выходзяць з торбамі два мужыкі бамжаватага выгляду. Вітаюцца са мной. Няспешна падымаюся да сябе на другі паверх, думаючы пра незнаёмцаў: «Адкуль такія ветлівыя?» Падыходжу да сваіх дзвярэй і бачу, што пад нагамі няма гумовага дыванка. І ў суседзяў таксама няма…
Дзень бібліятэк
15.09.2009. Сёння свята – Дзень бібліятэк. Насустракаўся з чытачамі, навыступаўся! Слухалі, дзякавалі. На апошняй сустрэчы да мяне падышоў мужчына пенсійнага ўзросту: «Я – доктар! Можна мне сказаць вам пару слоў?» Я насцярожыўся: «Зараз, відаць, скажа, што я невылечна хворы і мне засталося жыць пару дзён!» Доктар, паглядзеўшы мне ў вочы, сказаў: «Я пішу вершы!» – і пачаў чытаць урывак з паэмы пра выхаванне дзяцей…
Просьба
16.09.2009. Тэлефанавала Валянціна Коўтун. Пыталася пра выданне сваіх твораў. Потым між іншым паведаміла, што ёй нядаўна тэлефанаваў малады журналіст (прозвішча не назвала) з «дробнай газеты» з просьбай дапамагчы яму напісаць фельетон пра мяне і Людмілу Рублеўскую, бо мы часта друкуемся. Валянціна Міхайлаўна ў дапамозе журналісту адмовіла…
Аўтографы Караткевіча
29.09.2009. Сёння а палове дванаццатай да мяне ў кабінет зайшла жонка вядомага кампазітара. Абмеркаваўшы магчымасць выдання кнігі пра яе мужа, яна дастала з папкі чатыры аркушы пажоўклай паперы з вершамі Уладзіміра Караткевіча, якія былі напісаны недзе ў 1964 годзе. І са словамі «я ўжо немаладая, каб іх захоўваць у сябе» перадала іх мне. Потым паведаміла, што Уладзімірам Караткевічам было напісана лібрэта, але яно не прайшло цэнзуру і цяпер захоўваецца (...). «Вы малады і вы, спадзяюся, не забудзецеся выцягнуць лібрэта ў гэты свет, калі прыйдзе спрыяльны для гэтага час»,– сказала жанчына. Пасля таго, як яна пайшла, я ўзяў першы том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча і паглядзеў, ці друкаваліся перададзеныя мне вершы. Два друкаваліся цалкам, адзін без чатырох радкоў і адзін не друкаваўся зусім...
КАСТРЫЧНІК
Кампазітар
1.10.2009. Учора вечарам патэлефанаваў Яўген Рагін з газеты «Культура» і стаў прасіць да раніцы напісаць песню пра работнікаў культуры. Я доўга адмаўляўся, і ўсё ж ён мяне ўгаварыў. Давялося сабрацца з натхненнем і напісаць. Раніцай прадыктаваў па тэлефоне тэкст сябру, а праз паўгадзіны па мяне прыйшла машына, і мяне адвезлі ў кватэру да Ігара Лучанка. Гаспадар нас чакаў – была заварана гарбата і падрыхтавана печыва. Я спадзяваўся, што гасцяваць давядзецца хвілін дзесяцьпятнаццаць. Ды дзе там! Ігар Міхайлавіч пачаў з таго, што сказаў: «Я даўно памёр! І ніякіх песень болей не пішу!» Мой куратар, пачуўшы такую заяву, перавёў размову на надвор’е, на яблыкі, на грыбы. Пагаварылі пра гэта ўсё недзе з паўгадзіны, і толькі потым Лучанок узяў мой тэкст і пачытаў. «Відаць, што майстра зрабіў! Але ж я песень не пішу! Я памёр! Ідзіце да Зарыцкага. Ён напіша!» Зноў недзе з паўгадзіны пілі гарбату і слухалі Лучанка. Памаленьку дабраліся да раяля. Хвілін дзесяць слухалі песні Ігара Міхайлавіча, а потым ён тут жа пры нас падабраў музыку да майго тэксту. Просім, каб запісаў ноты. А ён: «Я песень не пішу! Я тут не жыву! Я памёр!» Яшчэ прайшло паўгадзіны, калі Ігар Міхайлавіч дазволіў нам пакінуць яго разам з маім тэкстам. Не паспеў я прыехаць дахаты, як патэлефанавалі мне і перадалі, што Ігар Лучанок напісаў музыку да майго тэксту і хоча са мной сустрэцца ў Саюзе кампазітараў. Я прыехаў праз паўгадзіны. Ігар Міхайлавіч з’явіўся пазней. Павёў у кабінет. За ім зайшло некалькі чалавек. Перад тым як сесці за стол, Ігар Міхайлавіч сказаў: «Зрабіў! Але апошні раз!» – і кінуў шапку аб падлогу. Дастаў з папкі ноты і, пасварыўшыся на прысутных, сыграў новую песню на мой тэкст…
Замежная мова
6.10.2009. Літінстытут. Верасень 1985 года. Дзелімся на групы вывучаць замежныя мовы. Выбар невялікі, але ёсць: англійская, нямецкая і для замежнікаў – руская. Я запісаўся на рускую мову. Потым раз на тыдзень хадзіў на лекцыі разам з палякамі, манголамі, татарамі і грузінамі, дзе нас вучылі пісаць і гаварыць паруску. І цяпер у мяне ў дыпломе па замежнай мове стаіць пяцёрка…
Вандроўка
12.10.2009. У мінулую суботу быў у вандроўцы, якую арганізаваў прафкам нашага выдавецтва. Спачатку наведалі Будслаў. У касцёле нас сустрэў малады і высокі манах, з рукамі вялікімі і мускулістымі. Я адразу ўявіў яго воем, які з мячом бароніць родную зямлю. А праз нейкі час у манаху ўбачыў і ката, які адсякае галовы ерэтыкам. Пасля Будслава паехалі ў Глыбокае, дзе наведалі царкву, а потым касцёл. У царкве апускаліся ў скляпенне, нібыта ў старажытнасць, і ўзлазілі на званіцу, каб яскравей убачыць сучаснасць. Не абмінулі Мосар, дзе якраз у касцёле быў ксёндз Булька. Ён нас заклікаў, каб не пілі і болей маліліся Богу. Хадзілі на мясцовыя могілкі, на якіх вельмі чыста і бяздрэўна, нібыта яны знаходзяцца не ў Беларусі. Экскурсію вёў Яраш Малішэўскі, і ён для нас быў Асветнікам.
Вавілон
14.10.2009. (Прыснілася). Вавілон. Я адзін з яго будаўнікоў. Сёння ў нас прафесійнае свята, і мы з самага ранку п’янствуем. Калі б учора не прадалі сто мяшкоў цэменту і сто тысяч цаглін патрыцыям на будаўніцтва бардэляў, то сёння б сумавалі на рыштаваннях, а так усім весела, і толькі Граждан злосны. Ён з самага ранку агітуе нас канчаць п’янку і распачынаць бестэрміновы страйк, бо яму ў трэсце не далі трынаццатай зарплаты. Мы цярпелі Граждана да абеду, а потым... а потым Вавілонская вежа абрынулася. Граждан атрымаў пенсію па інваліднасці, а нам далі па дзесяць гадоў за «разбазарванне будаўнічых матэрыялаў»…
Наталля Семяжон і Максім Танк
16.10.2009. Да мяне на працу прыходзіла дачка Язэпа Семяжона Наталля. Гадоў пяць не бачыліся, таму не адразу пазнаў яе. Амаль паўтары гадзіны расказвала пра бацьку і свайго дзядзьку Максіма Танка. Яўген Іванавіч за два тыдні да смерці паклікаў да сябе Наталлю і папрасіў, каб прасачыла, калі ён памрэ, каб не пахавалі на Маскоўскіх могілках. «Не хачу я там ляжаць побач з некаторымі жулікамі, а хачу быць з бацькамі ў роднай зямлі!» – казаў Максім Танк і, гледзячы ў акно, каб пляменніца не бачыла слёз, пытаўся: «Няўжо ўсё, што я напісаў і зрабіў, дарэмна і нікому не патрэбна?» – «Не дарэмна! Яно патрэбна нам, беларусам, і сёння, і заўтра, і праз сто гадоў спатрэбіцца!» – адказала Наталля.
* * *
17.10.2009. Учора ў Музеі Максіма Багдановіча адкрылася выстава карцін Алеся Квяткоўскага «Мая хата без сяброў – не хата», прысвечаная Анатолю Сысу. Весці імпрэзу спадар Алесь папрасіў мяне. Выступілі Таццяна Шэляговіч, Рыгор Сітніца, Сяржук Сыс, спявала песні на словы Анатоля Вікторыя Ільінская. Адкрыццём гэтай выставы распачаўся літаратурнамастацкі марафон, прымеркаваны да 50годдзя з дня нараджэння Анатоля Сыса. Людзей было нямала. Шмат было тых, каму паэт казаў: «Не хадзіце за мной!» – і не было тых літаратараў, якія і пры жыцці Сыса шарахаліся ад яго, як ад заразнага…
Лякарства
19.10.2009. Літінстытут. Хварэю. Адзін у пакоі. Ніхто не прыходзіць адведаць, і толькі вечарам у пятніцу пасля заняткаў зайшоў паляк Анжэй. Колькі хвілін пасядзеў моўчкі каля мяне, як каля паміраючага, і пайшоў. І не паспеў я пакрыўдзіцца на Анжэя, як у пакой з гітарай уварваўся нікарагуанец Карлас, а следам за ім тры казашкі і паляк. Праз хвілін пятнаццаць я спяваў рэвалюцыйныя песні і танчыў…
Карлас і Ваганькаўскія могілкі
21.10.2009. Нікарагуанец Карлас на летнія вакацыі не паехаў да сябе на Радзіму. Тры месяцы падпрацоўваў начным вартаўніком на Ваганькаўскіх могілках. Потым часта расказваў пра Ясеніна з Высоцкім, якія па выхадных хадзілі сярод магіл, курылі кубінскія сігары, пілі савецкае шампанскае і клікалі яго ў сваю кампанію.
Падарожжа па стагоддзях
22.10.2009. Учора хадзіў у Нацыянальны мастацкі музей Беларусі на адкрыццё выставы твораў жывапісу «Падарожжа па мінулым стагоддзі» Уладзіміра Тоўсціка. Падарожжа было светлым. Да ўсяго, змог скарыстацца магчымасцю паглядзець жывапіснае палатно вялікага італьянскага майстра Парыса Бардона (1500 – 1571) «Мадонна з дзіцем паміж святым Энрыка з Упсалы і святым Антоніа», якое было напісана ў 1550 годзе.
* * *
24.10.2009. На мінулым тыдні глядзеў па тэлевізары, як у нейкай краіне людзей на могілках хаваюць толькі на той час, за які могуць заплаціць сваякі. Заплацілі за год, за два, за тры, а мінуў гэты час, парэшткі чалавека дастаюць з труны і, пераклаўшы голымі рукамі ў мяшок, які вельмі падобны на нашыя мяшкі зпад цукру, выносяць з тэрыторыі могілак, каб спаліць… Мінуў тыдзень, а мне і сёння жудасна…
Прыстойная манера
27.10.2009. Пад загалоўкам «Нацыянальны беларускі маньерызм – свой від сучаснае сатыры» у «Новым часе» надрукавалі артыкул, у якім ёсць радкі: «Родапачаткоўцам беларускага паэтычнага маньерызму, пасьля актыўнай літвучобы ў Маскве і, відавочна (наколькі можна меркаваць), выключнага кантактаваньня з імперскім куртуазным бамондам, стаўся Віктар Шніп, які апублікаваў незалежным чынам першае выданьне сатырычнага праэкту «Чырвоны ліхтар»... З гэтай пары адкрыта друкаваць і агучваць маньерызм сталася прыстойнай манерай ня толькі ў кулуарах, але і на іншых пляцоўках». А прыстойная манера пачалася ў сярэдзіне 90х гадоў, калі першыя творы з «Чырвонага ліхтара» былі надрукаваны ў «НН»…
ЛІСТАПАД
Сыс быў у гасцях
1.11.2009. Вярнуўшыся з Гарошкава ад Сыса, Міра Лукша і Ганна Кандрацюк начавалі ў мяне з Людмілай. Ляглі спаць пасля дванаццаці. Толькі заснулі, як у пакоі, дзе адпачывалі нашы госці, нешта так загрукатала, што мы з Людмілай прачнуліся. «Відаць, заплечнік Міры паваліўся»,– выказаў я сваю думку і, перавярнуўшыся на другі бок, працягнуў спаць. Раніцай заходжу да дзяўчат, і яны мне паказваюць на рассыпаныя па падлозе кніжкі, якія ўжо некалькі гадоў у куце каля кніжнай шафы былі акуратна складзены і ніколі не падалі. Сярод кніжак бялелі паперы з вершамі Людмілы. Я іх падняў, і першы твор, які мне трапіў у рукі, быў верш «Памяці Анатоля Сыса». «Значыць Сыс з Гарошкава прыехаў з вамі і ноччу падаў знак аб сабе, абрынуўшы кіпу кніжак!» – сказаў я, і ўсе са мной згадзіліся.
Сыс яшчэ ў гасцях
1.11.2009. Міра Лукша і Ганна Кандрацюк, якія, прыехаўшы ў Гарошкаў, атрымалі на тры дні часовую прапіску ў хаце Анатоля Сыса, з самага ранку паехалі на могілкі ў Калодзішчы, каб адведаць магілу Альгерда Невяроўскага. Я з Людмілай застаўся дома. Ніяк не можам ачуняць ад грыпу. Пад абед зайшоў у госці мастак Алесь Квяткоўскі. Сядзім удваіх на кухні, гамонім пра Сыса. «Летам я ў Гарошкаве быў шэсць дзён. Няма там чаго маляваць…» – сказаў Алесь, і ў гэты момант з падаконніка звалілася сетка з апельсінамі. «Ну, ёсць там што маляваць!» – гледзячы спалохана на мяне, выправіўся Алесь. І мы тут жа прыйшлі да думкі, што Толік з намі на кухні.
Сыс паехаў у Жыровічы
1.11.2009. Міра Лукша і Ганна Кандрацюк ад нас паехалі ў Жыровічы да Зьніча, а з імі паехаў і Сыс. Праўда, ён не хацеў, каб яны хутка развітваліся з намі, і таму паблытаў Міры матузкі на абутку, і ёй давялося з імі крыху павалэндацца. Пасля таго, як з хаты выйшлі нашы госці, адразу ўзнікла адчуванне святла, прасторы. І тое, што адбывалася ў нас у кватэры апошнія паўдні, закончылася, як нейкі неверагодны сон, які ўсім, хто быў у нас, сніўся адначасова.
Лужанін і чорны матыль
13.11.2009. Вечарына, прысвечаная 100годдзю Максіма Лужаніна, праходзіла ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Невялікая зала была запоўнена ў асноўным слухачамі Акадэміі МУС. Не ведаю, ці зразумелі прысутныя, пра што амаль дзве гадзіны гаварылі А. Вярцінскі, М. Скобла, А. Бутэвіч, М. Кляшторная, А. Сідарэвіч і В. Стралко, але ў зале было ціха. Вечарына пачалася з праслухоўвання выступлення Лужаніна, якое было запісана на яго сямідзесяцігоддзе. І толькі загучаў запіс, як адразу на голас паэта аднекуль прыляцеў вялікі чорны матыль. Убачыўшы яго, Бутэвіч прашаптаў мне на вуха: «Гэта Максім Лужанін...» А як закончыўся запіс, дык і чорны матыль невядома куды знік...
Вяршынін
16.11.2009. На мінулым тыдні на сямідзясятым годзе жыцця памёр паэтгумарыст Мікола Вяршынін. Гэта ён, Яўген Крупенька і Мікола Федзюковіч у сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя пры газеце «Чырвоная змена» апекаваліся літаб’яднаннем «Крыніцы», праз якое прайшлі дзясяткі маладых літаратараў. Кажуць, Вяршынін памёр ад свінога грыпу...
Аспірант і сала
29.11.2009. Субота. На заняткі ў Літінстытут не трэба, і можна паспаць даўжэй, чым звычайна. Ды дзе там! А пачатку дзявятай разбудзіў аспірант з Адэсы Андрэй: «Табе прыслалі бандэроль! Відаць, з вёскі сала! Пайшлі атрымаем!» Я іду на пошту, а Андрэй у краму за хлебам. Доўга стаю ў чарзе. І атрымоўваю з выдавецтва «Мастацкая літаратура» карэктуру сваёй кніжкі «Пошук радасці». Андрэй злуецца, і мне даводзіцца зноў стаяць у чарзе, але ўжо ў краме за салам.
СНЕЖАНЬ
Дзяўго і патроны
20.12.2009. У маіх Пугачах ад чарговага інсульту памёр сусед Дзяўго. Было яму за семдзесят. Апошнія гады жыў адзін. Да дзяцей у горад не захацеў ехаць. Казаў: «Калі прыйдзе час паміраць, то хачу памерці ў роднай хаце…» Суседам Дзяўго быў нядрэнным, хоць і «гануровым», бо ягоная жонка працавала ў канторы бухгалтарам. Сам ён шафярыў на грузавіку. Машына часта стаяла каля хаты. Успомнілася, як недзе напачатку сямідзясятых я са сваімі сябрамі шукаў зброю па лясах. Назбіралі тагосяго. Патронаў жа было малавата. І вось мы надумалі ўкрасці ў Дзяўго патронаў ад паляўнічага ружжа, якое ён нярэдка пакідаў у машыне. І ўкралі. А ў кабіну па патроны лазіў я. Сусед прапажу адразу заўважыў, але злодзеяў не знайшоў – мае сябры мяне не выдалі. Потым у мяне дома ў школьным партфелі захоўвалася частка знойдзеных патронаў ад нямецкіх аўтаматаў, вінтовак, пісталетаў і ад суседавага ружжа. Партфель некалькі гадоў вісеў на сцяне пад старой фуфайкай, пакуль мама не знайшла мой склад і не выкінула ў балота. Сустракаючыся з Дзяўгом, я заўсёды ўспамінаў ягоныя патроны і, часта мне карцела прызнацца яму ў сваім зладзействе. Але так і не прызнаўся…
Прыехаў пісацель
20.12.2009. Паўдня ўспамінаў імя суседа Дзяўго, які памёр. Ледзьве ўспомніў. Міця. А як імя яго жонкі? Не магу ўспомніць. Усе звалі яе Дзяўговай або бухгалтаркай. Ды і мяне мала хто ў Пугачах зваў Віцем. Для старых я быў Толем (пабацьку), або Нінін хлапец, а калі пачаў друкавацца ў раёнцы, стаў паэтам, «пісацелям». З гэтай нагоды ўспомнілася вельмі даўняе. Недзе гадоў трыццаць назад зімнім вечарам я прыехаў у вёску. На аўтобусным прыпынку мяне чакалі хлопцы: «Пайшлі з намі ў клуб! Там з табой хоча пазнаёміцца адзін чалавек! Пайшлі!» І я, не заходзячы дамоў, пайшоў з сябрамі на танцы. На ганку мяне сустрэў загадчык клуба. Павітаўшыся, прапанаваў прайсці да яго ў кабінет. Заходжу. Накурана. За сталом у дыме сядзяць двое мясцовых аўтарытэтаў і наш новы ўчастковы міліцыянер. «Не бойся! Сядай!» – прапанаваў сяржант. Я нясмела прысеў. «Дык ты, мне кажуць, пісацель?» – з усмешкай зазірнуў мне ў вочы міліцыянер. «Ну і што?» – пытаннем на пытанне адказаў я. «А ці п’юць нашы пісацелі самагонку?» – «П’юць. А што?» – «А я з пісацелямі ніколі не піў! Хачу выпіць з табой!» – сказаў міліцыянер, і тут жа загадчык клуба дастаў зпад стала поўны трохлітровы слоік…
У маіх Пугачах
23.12.2009. Калі ў школе на ўроках матэматыкі я ад настаўніцы пачуў, што Лабачэўскі – матэматык і творца неэўклідавай геаметрыі, то я адразу нашага вясковага Лабачэўскага прызнаў за вялікага матэматыка, і ён быў для мяне матэматыкам да таго часу, пакуль не ўкраў у нас з гарышча сала. І яшчэ. У суседа было прозвішча Балотнік, і я пра яго думаў, што гэта пад яго кіраўніцтвам было сялянскае паўстанне недзе там у Расіі. І доўгі час я прыглядаўся да яго, баючыся, каб ён у маіх Пугачах не ўчыніў паўстанне супраць калгаснага строю. Пра свайго ж прапрадзеда Кандрата я думаў, што гэта ён Кандрат Крапіва, байкі якога я вучу ў школе… Словам, мае Пугачы для мяне былі цэлай краінай, у якой ёсць усё, пра што напісана ў кніжках.
Квяткоўскі працуе
27.12.2009. Да сябе ў майстэрню мяне і Людмілу паклікаў мастак Алесь Квяткоўскі. Цяпер ён працуе над трыпціхам «Стог. Рэшата. Збан» паводле маіх верлібраў. Атрымоўваюцца вельмі цікавыя творы. Да ўсяго, Алесь жыве задумай карціны «Пагоня на Грунвальд». Нечакана нашу размову перапыніў тэлефонны званок ад Вітаўта Чаропкі. І мы чуем: «Прыязджай! Пачынаю «Пагоню на Грунвальд». Ты будзеш ехаць у першай харугве… Цябе першым і заб’юць!»
Квяткоўскі прынёс «Збан»
27.12.2009. Дамоў ад Алеся Квяткоўскага вярнуўся поўны ўражанняў. Не паспеў запісаць іх, як званок у дзверы адарваў мяне ад камп’ютара – прыйшоў Алесь з карцінай «Збан», якую ён пасля майго з Людай сыходу дапрацаваў. Люды з Максімам дома ўжо не было, і давялося мне, маёй хворай маме і Веранічцы слухаць цэлую лекцыю па стварэнні шэдэўраў і пра «Пагоню на Грунвальд». Потым я з Алесем сядзеў на кухні і слухаў ягоныя расповеды пра Вільню, пра Клайпеду, пра мастацтва, пра паэзію… І ўсё было хораша. І раптам Алесю патэлефанавалі… І ўсё скончылася…
Ці ёсць у вас праблемы?
28.12.2009. Пры паляках сям’я майго дзядзькі Івана Іосіфавіча Шніпа была адной з самых багатых у наваколлі. Дзякуючы грашам бацькі, дзядзька Іван у свой час закончыў сямігадовую гімназію ў Гарадку, што ў васьмі кіламетрах ад Пугачоў. Потым дзядзька працаваў у канторы і меў мянушку «Касір». Але ўсё гэта было пасля, а вось у 1939 годзе, калі ў нашы Пугачы прыйшлі Саветы і сагналі ўвесь народ на плошчу, дзе цяпер аўтобусны прыпынак і крама, і запыталіся: «Пугачоўцы, ці ёсць у вас праблемы? Калі ёсць, мы вам дапаможам пазбавіцца іх!», то дзядзькаў бацька сказаў: «У мяне адна праблема – няма рынку збыту збожжа!» І бальшавікі на другі ж дзень увялі Іосіфу Шніпу такі падатак, што ён да Новага года вазіў і здаваў збожжа, і так і не змог разлічыцца з бальшавікамі. А вясной яму не было ўжо чаго сеяць…
Самая старая хата
28.12.2009. У цэнтры Пугачоў стаіць самая старая ў нашай вёсцы хата. Ёй недзе гадоў 150. Пры мне там жылі Вярбіцкія. На адной палавіне хаты – была іх сям’я, на другой – калгасная бібліятэка. Раней там жылі сем’і старшынь калгаса, была крама. А напачатку гэтая хата належыла мясцовым яўрэям, якія ў ёй трымалі гандлёвую лаўку. Мой дзед Юзя часта заходзіў у яе і набываў цыгарэты і выпіўку. Часам яму давалі напавер, бо ведалі, што ён разлічыцца. А разлічыцца дзед мог, бо яму з Амерыкі стрыечныя сёстры прысылалі даляры. Відаць, прысылалі шмат, бо дзед аднойчы так напіўся, што пачаў у даляры загортваць махорку і раздаваць сабутыльнікам, каб курылі, і яны курылі. Цяпер самая старая хата ў Пугачах пустуе…
Залаты хлеб
29.12.2009. Пасля прыходу Саветаў у канцы 30х гадоў у вёсцы Лягезы ў Маціеўскіх, якія жылі пасуседстве з сям’ёй маёй мамы, згарэла хата. Куды ім было дзецца з васьмю дзецьмі? І яны прыйшлі да маіх дзеда Міхася і бабулі Ганны, у якіх сваіх дзяцей было васьмёра. І так у адной хаце жыло дваццаць чалавек, пакуль Маціеўскія будаваліся. З пажару мала што ўдалося выратаваць. Мая мама адразу звярнула ўвагу на суседчын хлеб, які быў не чорнага, а залатога колеру. І яна адразу ж шэптам папрасіла ў сваёй маці: «Хачу залатога хлеба...» Суседка пачула і дала дзяўчынцы лусту. Хлеб быў з мякіны.
І я ўсіх люблю
29.12.2009. Не выключаючы святло, сплю на падлозе на надзіманым матрасе ў пакоі побач з мамай. Яна паварушыцца, і я тут жа прачынаюся. Гляджу на маму, а потым на гадзіннік, які стаіць побач са мной. Усё нармальна. Сплю. Мама закашляла і я зноў прачынаюся. Гляджу на маму, а потым на гадзіннік. Прайшло пятнаццаць хвілін. Сплю далей. Зноў прачынаюся. Гляджу на маму, на гадзіннік. Прайшло яшчэ дваццаць хвілін. Накрываюся з галавой. Засынаю. Прачынаюся. Сын прайшоў на кухню папіць вады. Гляджу на гадзіннік. Прайшло яшчэ пятнаццаць хвілін. Сплю далей… Прачынаюся… Сплю… Прачынаюся… І я ўсіх люблю…
Дзяўчынка Люда і яма
30.12.2009. Вясновая раніца. Вёска Лягезы. Мне гадоў пяць. Гуляю з дзяўчынкай Людай. Яна на год старэйшая за мяне. Прапануе мне пераскочыць яму, у якую ссыпаюць на зіму бульбу. Я не спрачаюся з ёй. Скачу і падаю ў яму. Люда ўцякае, і я сяджу ў яме да абеда, пакуль не вяртаецца са школы яе старэйшая сястра.
* * *
31.12.2009. Самае дрэннае, што адбылося ў маім жыцці ў 2009 годзе – гэта інсульт у мамы. А самае добрае – мама жыве...
2010
СТУДЗЕНЬ
* * *
1.01.2009. Лёг спаць у дзве гадзіны. У тры прачнуўся ад званка па мабільным: «З Новым годам! Вас віншуе студэнт першага курса гістфака Алесь…» Прозвішча спрасоння не запомніў, але адразу згадаў мінулагодні нашаніўскі розыгрыш, калі па заданню рэдакцыі студэнтка першага курса прасілася на кватэру. Можа зноў разыгрывалі? Але, як бы там ні было, усё ж прыемна чуць добрыя словы пра сябе і ў свой адрас у тры гадзіны ночы ад невядомага гісторыка! Потым я ляжаў і думаў, а можа чалавеку няма дзе пераначаваць, а я толькі падзякаваў за віншаванне…
Трэба дома бываць часцей
3.01.2010. Праз электронную пошту аб’явіўся кампазітар Зміцер Яўтуховіч, з якім я напісаў шмат эстрадных песень. На пачатку 90х ягоныя песні гучалі па радыё і тэлебачанні з раніцы да вечара. Усё было ў творчым плане цудоўна, але сям’і кампазітара не было дзе жыць і тварыць. Рабочы інтэрнат, невялічкі пакойчык. І Дзіма вырашыў з’ехаць у Амерыку. З’ехаў. І ў нас з’явіліся іншыя песні і іншыя куміры. У 2006 годзе Яўтуховіч прыязджаў у Беларусь. У Доме літаратара была творчая сустрэча з ім. Дзіма спадзяваўся, што будзе народу – не ўбіцца ў залу, а прыйшло крыху больш за сотню…
Пераднавагодняя аблава
4.01.2010. Мне шаснаццаць гадоў. Вучуся ў Мінскім архітэктурнабудаўнічым тэхнікуме і жыву ў інтэрнаце на вуліцы Змітрака Бядулі. Да пачатку 1977 года застаецца гадзіны чатыры. З сябрамі скінуліся на дзве пляшкі кубінскага рому. У краму выпала ісці мне. Пайшоў. Купіў. Вяртаюся ў інтэрнат. На вахце аблава – фізрук з ваенруком правяраюць сумкі. «Куды нясеш пітво?» – грозна пытаецца ваенрук. Я разгубіўся толькі на момант: «Еду ў госці да дзядзькі з цёткай. Для іх купіў…» – «Раз для сваякоў купіў, то і едзь да іх!» – сказаў фізрук і не прапусціў мяне ў інтэрнат. Давялося Новы год сустракаць у дзядзькі Барыса і цёткі Галі. Ранкам, прыехаўшы ў інтэрнат, даведаўся, што мае сябры, якія адправілі мяне за пітвом, праз хвілін дваццаць пасля таго, як я паехаў да сваякоў, самі хадзілі ў краму за кубінскім ромам і потым разам выпівалі з фізруком і ваенруком, бо тыя прыйшлі ў інтэрнат у пошуках студэнтаў, з якімі можна на халяву выпіць… А я не зразумеў іх пераднавагодняй аблавы…
Граматы
5.01.2010. Шосты клас. Школьныя спаборніцтвы па бегу на лыжах. Дыстанцыя – кіламетр. Я прыбег трэцім. Мой сусед і аднакласнік Сашка Балотнік заняў першае месца. Яму далі ганаровую грамату, а мне – нічога. Было вельмі крыўдна, а тым больш, што за нашымі спаборніцтвамі сачылі дзяўчаты. Сашка сваю грамату павесіў дома ў куце, у якім вісела ікона. І калі я прыходзіў да Сашкі, то заўсёды ўспамінаў пра сваё трэцяе месца. У сёмым класе зноў былі спаборніцтвы па бегу на лыжах, у якіх я адмовіўся ўдзельнічаць, і мне па фізкультуры паставілі тройку. Сашка заняў першае месца, і яму зноў далі ганаровую грамату, якую ён пачапіў побач з першай узнагародай. У восьмым класе Сашка зноў перамог, і яго адправілі на спаборніцтвы ў Ракаў, з якога ён вярнуўся з граматай за другое месца. Закончыўшы школу, я паехаў вучыцца ў Мінск, стаў друкавацца ў газетах, а Сашка застаўся ў вёсцы. Выдаўшы першую кніжку вершаў, я неяк зайшоў да аднакласніка ў госці, і мы, добра выпіўшы, успомнілі пра нашы спаборніцтвы на лыжах. І так паразуспаміналіся, што кончылася тым, што Сашка сарваў зпад іконы свае ганаровыя граматы і парваў.