355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Пугачоўскі цырульнік » Текст книги (страница 16)
Пугачоўскі цырульнік
  • Текст добавлен: 30 ноября 2017, 18:30

Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 20 страниц)

Да бацькі…

4.12.2011. Гаспадыня кватэры, дзе цяпер жыве бацька, папярэдзіла мяне, каб не знаёміўся з суседзямі, бо яны нехарошыя людзі. І я да бацькі хаджу, як падпольшчык на кансператыўную кватэру…

* * *

5.12.2011. Сённяшні дзень, як яма, у якой жыву і ў якую сыплецца і сыплецца снежаньскі дождж…

* * *

5.12.2011. Дождж. Ідучы праз змрочны сквер да бацькі на кватэру і вяртаючыся дамоў, спрабую радавацца жыццю… Але і не плачу…

* * *

6.12.2011. Быў дома ў Леаніда Маракова, які заканчвае працу над дакументальнаэнцыклапедычнай кнігай «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940 гг.». Рукапіс рыхтуецца для «Мастацкай літаратуры». Прыемна было пачуць ад Леаніда, што да гэтага выдання яго натхніла кніга Рублеўскай «Я – мінчанін», якую ў свой час Людміла яму падарыла…

* * *

8.12.2011. «Яна яго любіла, і ён яе любіў. Яна яго забіла, а ён яе не паспеў…» Адкуль гэтыя радкі ў мяне? Начытаўся рукапісаў…

Геня, камбайн і дзеці

11.12.2011. Сёння даведаўся, што тры тыдні назад у Пугачах памёр сусед дзядзька Геня Балотнік. Яму было 85 гадоў. Да пенсіі працаваў на трактары, а ў час жніва заўсёды быў камбайнерам. Пасля працы дзядзька ставіў камбайн каля хаты і ягоны сын Віцька (маладзейшы за мяне на год) пускаў Тоніка Руткевіча, Сашку Балотніка і мяне ў кабіну гуляць у карты і курыць. У камбайне гулялася ў карты, як на сёмым небе, бо мы з вышыні ўсё і ўсіх бачылі, а тое, чым мы займаемся, аніхто…

Бацька і Геня

11.12.2011. Паведамляю бацьку, што памёр Геня Балотнік. Бацька, памаўчаўшы некалькі хвілін, сказаў: «Геня ў войску не служыў…»

Шніпы

12.12.2011. Мікітка Шніп пры цару ў Пугачах быў старастам вёскі. Потым служыў у Дзянікіна. Калі дзянікінскую армію разграмілі бальшавікі, Мікітка, які быў снабжэнцам, набраў нітак, колькі можна было панесці, і пайшоў з Крыма дамоў. Дзякуючы ніткам, у дарозе ў Мікіткі быў і начлег, і харчаванне. У Пугачы Мікітка прыйшоў, калі ў Заходняй Беларусі ўжо была польская ўлада. Васіль Шніп быў чырвонаармейцам, бачыў Леніна, слухаў Троцкага, біў дзянікінцаў. У Пугачы вярнуўся незадоўга да далучэння Заходняй Беларусі да Польшчы. Пры паляках, пры немцах і пры Саветах Васіль маўчаў, што быў у Чырвонай Арміі, а Мікітка маўчаў, што быў дзянікінцам, і аднавяскоўцы маўчалі. І пражылі Мікітка і Васіль па восемдзесят гадоў, і пахаваны на адных могілках…

Федзюковіч і банькі

14.12.2011. Жывучы ў Мінску, паэт Мікола Федзюковіч як член Саюза пісьменнікаў, стаў на ўлік у беллітфондаўскую паліклініку. І неяк зімой, добра застудзіўшыся, Мікола пайшоў да дактароў. Тыя паслухалі дыханне і прапісалі банькі. Паставіўшы банькі на спіну хворага, дактары выйшлі з працэдурнага кабінета. І вось ляжыць паэт паўгадзіны, гадзіну і ніхто не прыходзіць. «Відаць так трэба!» – думае Мікола і церпіць невыносны боль ад баняк. І толькі праз дзве гадзіны дактары ўспомнілі, што яны лечаць паэта…

На адкрыцці выставы...

17.12.2011. З Людмілай быў у Мастацкім музеі на адкрыцці выставы «Белая пляма ў цэнтры Еўропы» Віктара Альшэўскага. Усё было цікава, але мне найбольш спадабалася нявеста міністра культуры…

Просіць бацька…

18.12.2011. «Ты мне прынясі пласкагубцы!» – просіць бацька, убачыўшы, што я з яго кватэры збіраюся дамоў. «Мышам зубы будзеш ірваць?» – жартам пытаюся і чую: «Буду кошыкі плесці. Пройдзе зіма, а там і бульбу трэба садзіць…»

Памёр Кім Чын Ір

19.12.2011. Некаторыя карэйцы галосяць, як смяюцца…

Пісьменнік усміхаецца…

20.12.2011. Каля крамы «Рамашка» сустрэў пісьменніка. Кажу: «Прыйдзі ў выдавецтва і забяры свае выкупленыя кнігі!» – «А навошта мне яны!» – адказвае пісьменнік і ўсміхаецца…

Бацька без настрою…

22.12.2011. Сёння бацька зноў быў без настрою і патрабаваў: «Выпусціце мяне з гэтай турмы! Завязіце ў вёску!» Мае тлумачэнні, што ў вёсцы няма нікога хто б яго даглядаў, не супакоілі бацьку: «Калі памру, дык дома…»

Бацька і даўняя песня

23.12.2011. Бацька ўспомніў радкі даўняй песні: «Наш Ленін радной жалезнай рукой к пабедзе вядзе, крывапіўца…» Пытаюся: «Можа Сталін з жалезнай рукой?» – «Не! Ленін!» – сцвярджае бацька і дадае, што гэтую песню спявалі расійскія салдаты. На маё пытанне: «А калі гэта было?» – чую: «А я ўжо не памятаю…»

Маю права!

24.12.2011. Коля Ганьчын прыйшоў п’яны на вяселле і, закрычаўшы: «Маю права!», ускочыў на святочны стол і пачаў танцаваць. Праз пару хвілін усе госці следам за маладымі выбеглі з хаты. За сталом застаўся дзед з бабай, які, выпіўшы сто грамаў, запытаўся: «А чаго гэта ён? Здурэў, ці што?» – «Гэта ж ягоная дзеўка замуж выходзіць!» – адказала старая…

Бацька і армія

24.12.2011. Пытаюся ў бацькі: «Чым цябе зімой у арміі кармілі?» – «Абычым! Ломам надзяўбуць мерзлай бульбы, навараць і як свінням дадуць! Адзін хлеб быў большменш нармальны!» – адказаў бацька, які служыў у арміі ў апошнія гады жыцця Сталіна…

* * *

25.12.2011. «Не магу піць гэтую гарадскую ваду!» – кажа бацька. «А якой ты хочаш?» – пытаюся. «Хачу калхознай!» – адказвае бацька…

Голая паэтка

25.12.2011. Хадзіў у майстэрню Алеся Квяткоўскага. Працуе для Валожына. «Я тут заканчваю маляваць нашу зямлячку Канстанцыю Буйло. Падкажы, у што яе апрануць?» – паказваючы партрэт голай паэткі, запытаўся Алесь. Паглядзеўшы на маладзенькую Канстанцыю, я параіў пакінуць паэтку голай, а для Валожына намаляваць такую ж, але апранутую…

Вяселле…

25.12.2011. «П’яны Коля Ганьчын, натанцаваўшыся на вясельным стале і выпіўшы пляшку самагонкі, зваліўся на падлогу, як забіты. І пакуль госці бегалі па полі па гурбах за маладой і маладым, дзед з бабай напусцілі ў хату дзяцей, сабак і катоў, якія тут жа пачалі піць і есці, што засталося на сталах і валялася на падлозе…» – сёння бацька працягнуў расказваць пра вяселле, на якім дзяўчына Колі Ганьчынага выходзіла замуж за другога. «А што далей было?» – пытаюся ў бацькі, які, расказваючы, смяецца. «Шафер Славік у гурбе каля хаты знайшоў поўны бітон самагонкі і праз паўгадзіны ў вёсцы ўсе былі п’яныя!» – завяршыў бацька свой успамін пра вяселле, на якім і ён быў…

* * *

26.12.2011. Іду праз сквер да бацькі. Снег растаў – і стала цёмна, нібыта выключылі святло…

* * *

26.12.2011. На працы адчуваў сябе чалавекам, які спазняецца на апошні цягнік, на якім можна пакінуць горад, што вечарам будзе здадзены ворагам…

Пасля вяселля…

27.12.2011. Пасля вяселля, на якім Коля Ганьчын танцаваў на стале, гаспадары хаты заўважылі, што госці паелі не толькі, што было пастаўлена на закуску, але і ўвесь часнок і ўсю цыбулю, якія віселі каля печы на шасце…

Берлінская мазаіка мастака

28.12.2011. Прачытаў кніжку мастака Алеся Тарановіча «Берлінская мазаіка», які ўжо даўно жыве ў Нямеччыне. Мы знаёмыя з часу маёй працы ў часопісе «Беларусь», дзе я пісаў пра Алесевы карціны. З прачытанага запомнілася: «Памру і стану нямецкай зямлёю. Змяшаюся з прахам Гётэ і Дзюрэра. Не, лепш Рэмарка. Мне ён падабаецца больш».

Песні…

30.12.2011. Недзе каля паўгадзіны глядзеў, пераключаючы з канала на канал, «Песні года Беларусі» і юбілейны канцэрт Юрыя Антонава. Далёка ўсім нашым разам узятым да аднаго Антонава! Цяпер разумею словы Ігара Лучанка: «Я памёр!»

Алесь Чобат

31.12.2011. Чытаю «Дзеяслоў» № 55. Параніўся сэрцам і душой аб шчырасць Алеся Чобата, у якога ўзяў інтэрв’ю Андрэй Масквін. На пытанне: «Як жыве паэт Алесь Чобат цяпер?» – паэт адказаў: «Калі мне было 12 гадоў, бацька выбіў мне левае вока. Які ж пасля гэтага ён бацька? А цяпер я вымушаны жыць з ім пад адной страхой. Добра яшчэ, што адзін аднаго не пазабівалі. Час ад часу ён выклікае міліцыю, у якой дарэчы працуюць палякі. Калі яны прыходзяць да мяне, я ім паказваю часопіс «Наша Вера», у якім ёсць мой верш, прысвечаны Яну Паўлу ІІ. І яны спакойна сыходзяць. Я калека, а калека жыве, як атрымліваецца. Гэта толькі чалавек жыве, як умее…»

* * *

31.12.2011. У «Дзеяслове» № 55, дзе надрукавана гутарка з паэтам Алесем Чобатам, змешчаны і здымак Алеся. Пытаюся ў дзяцей: «На колькі выглядае гэты паэт?» Максім сказаў: «На гадоў 65!», а Вераніка: «Недзе пад 80!» А Чобат жа толькі на год старэйшы за мяне…

2012


СТУДЗЕНЬ

* * *

1.01.2012. «Чаму ты мне да сённяшняга дня пісталет не прынёс?» – пытаецца бацька. «Нашто ён табе і дзе яго табе вазьму?» – не разумею я. «Усю ж ноч стралялі!» – кажа бацька. «У горадзе на Новы год заўсёды страляюць!» – усміхаюся і яшчэ раз віншую бацьку з Новым годам…

Бацька і зубы

2.01.2012. «Трэба ехаць да Ладыжэнкавага хлапца, каб ён мне паставіў новыя зубы. Можна і жалезныя, але хаця б два залатыя былі наперадзе для красаты!» – кажа бацька. «А дзе ён табе золата возьме?» – пытаюся. «Не ведаю, але калі захоча, дык і знойдзе!» – адказвае бацька…

Бацька і ялінка

4.01.2012. Са старым нямоглым бацькам хаджу па лесе. Шукаем ялінку, каб паставіць на Новы год. Знаходзім. Бацька замахваецца сякерай, а ялінка, страпянуўшыся, кажа: «Не сячы мяне, стары! Я для цябе выканаю любое жаданне!» Бацька доўга не думаючы, просіць: «Хачу быць маладым!» І бацька робіцца маладым, а я – хлапчуком. Праз некалькі хвілін мы з бацькам па заснежаным лесе вяртаемся дамоў, цягнучы за сабой ссечаную ялінку, якая нядаўна выканала бацькава жаданне...

Бацька і яма

5.01.2012. «Трэба тэрмінова капаць яму!» – заявіў сёння з самага ранку бацька. «Для чаго?» – цікаўлюся. «Будзем бульбу ссыпаць! На Юстынавай гары – далёка! Капай каля хаты! Калі будуць бамбіць, дык можна будзе схавацца!» – тлумачыць бацька, а я слухаю не ўсміхаючыся і абяцаю купіць яму добрую вострую рыдлёўку...

* * *

5.01.2012. Нядаўна снілася рыба. А калі мне сніцца рыба – гэта на хваробу. Баяўся прыхварэць, і на табе – прыхварэў. А мне хварэць нельга! Трэба ж бацьку глядзець...

Бацька папярэджвае...

5.01.2012. «Яму выкапаў?» – пытаецца бацька. «Выкапаў!» – сур’ёзна адказваю я. «Ну тады глядзі не ўваліся ў яму!» – папярэджвае бацька...

Святло ў хаце...

5.01.2012. (Прыснілася). Іду басанож па снежным цаліку. Марозу не адчуваю. Далёка наперадзе свеціцца акно ў белай, як гурба, хаце. Падыходжу да акна. Стукаю. І святло ў чужой хаце гасне...

* * *

6.01.2012. Зіма як хвароба. І трэба зіму перазімаваць, як хваробу перахварэць...

* * *

6.01.2012. Хварэю. Мне холадна. Сяджу каля камп’ютара, як каля тлеючага вогнішча, і капаюся ў інтэрнэце, як у попеле...

* * *

6.01.2012. Сарока, як злепленая са снегу і чорнай зямлі, праляцела каля майго акна...

Бацька і спявачка

7.01.2012. «Сёння не спаў! Нейкая баба па радыё ўсю ноч спявала. Відаць, была ў партызанах і там яе мужыка забілі!» – расказвае бацька пра мінулую ноч. «Трэба было радыё выключыць! І адкуль ты ведаеш, што яна была ў партызанах?» – пытаюся. «Так жаласліва спяваюць толькі тыя, што былі ў партызанах!» – адказвае бацька...

* * *

7.01.2012. Адведаць мяне хворага і павіншаваць з Калядамі прыходзіў Алесь Квяткоўскі. Пілі толькі гарбату. Гаварылі пра літаратуру і мастацтва. На маё пытанне: «Як табе мастак Губараў» – Алесь адказаў: «Кіно...»

* * *

7.01.2012. На вуліцы светла, як у Храме...

Напалеон

7.01.2012. (Прыснілася). Трэці месяц, як у вёсцы пустуе родная хата. Прыязджаю. Навокал усё замецена. Заходжу ў хату і бачу на канапе Напалеона, які ляжыць ухутаны ў маміны хусткі і накрыты бацькавым кажухом. Пытаюся: «Што тут робіш?» Напалеон кажа: «Грэюся. Масква ж згарэла...»

У чорным...

7.01.2012. Іду да бацькі. Цямнее. На вуліцы марозна. Час ад часу сустракаю людзей у чорным. Вяртаюся дамоў. Цёмна. Зноў сустракаю людзей у чорным. Прыходжу дадому. Гляджу на сябе і бачу, што я таксама ў чорным...

Ніхто

7.01.2012. (Прыснілася). Могілкі. Тут пахаваны немцы, якія загінулі ў 1916 годзе. Да мяне падыходзіць жанчына. Пытаецца: «Хто яны для вас: ворагі ці свае?» – «Ніхто...» – адказваю я, і жанчына знікае, як мроіва...

* * *

7.01.2012. «У нашу яму хто-небудзь уваліўся?» – пытаецца бацька. «Пакуль што ніхто...» – адказваю. «А ты туды бульбы насып!» – раіць бацька...

* * *

8.01.2012. Замардаваны прастудай і сабачым жыццём, гляджу на поўню, але выць яшчэ не хочацца...

* * *

8.01.2012. Упала знічка, а я не паспеў прашаптаць жаданне...

* * *

8.01.2012. «Усё праходзіць і гэта пройдзе...» – думаю, няспешна ідучы (баюся паслізнуцца і паваліцца) да нямоглага бацькі на кватэру...

* * *

8.01.2012. «Адвязі ты мяне дамоў і не мучайся са мной!» – просіць бацька. «А хто там цябе будзе глядзець? Там жа нікога няма!» – кажу. «Як гэта нікога няма?! А партызанкі адзінокія!» – не маўчыць бацька...

* * *

8.01.2012. Ужо трэці месяц штодзённа два разы на дзень хаджу да бацькі на кватэру праз сквер і ні разу не было такога, каб нехта не піў на лаўках...

* * *

9.01.2012. Там, дзе засталася родная хата пустой, цяпер сонца заходзіць...

* * *

9.01.2012. Ён не быў у Парыжы. І яму часта думалася, што ніякага Парыжа і няма. А ўсё, што пра гэты горад гавораць, пішуць і паказваюць па тэлевізары – выдумана для таго, каб яму хацелася трапіць у Парыж, якога няма...

* * *

9.01.2012. Яна жыла ў люстэрку. І ён Яе бачыў, калі заходзіла сонца...

* * *

9.01.2012. Там, дзе няма сонца, там няма жыцця. І яна памерла, калі зайшло сонца. І поўня ўзышла над светам, як яе душа...

Бацька ўзгадаў...

12.01.2012. Бацька ўзгадаў дзядзьку Вячаслава Рагойшы – Кастуся: «Ён у нас у вёсцы ў школе працаваў. Расказваў пра гісторыю Ракава, Валожына, Маладзечна. Ведаў, калі былі збудаваны ў Ракаве касцёл і царква. Вельмі граматны быў. Хадзіў у паліто і ў капелюшы...»

Калі б...

12.01.2012. «Калі б палякі прастаялі ў нас крыху даўжэй, то праз Пугачы праклалі б чыгунку. Па ёй у Аляхновічы ездзілі б пагранічнікі, а так у 1939 годзе прыйшлі Саветы – і ўсё ляснулі...» – бацька ўспомніў польскую ўладу...

Бацька і пенсія

13.01.2012. «Дзе мая пенсія? Ужо чатыры гады мне не прыносяць грошы! Пайду на пошту і скаргу напішу!» – кажа бацька. Я маўчу, бо калі пачну тлумачыць, што да чаго і што ён цяпер жыве ў горадзе у чужой кватэры, бацька ўспомніць пра вясковую хату, якая ўжо амаль тры месяцы пустуе...

* * *

13.01.2012. Мыш залезла ў слоік з малаком і ўтанула...

* * *

13.01.2012. Снег у галаве... Галава ў снезе...

Яшчэ далёка да вясны...

14.01.2012. Учора зза снегападу доўга ехаў у бібліятэку Цёткі на выступленне ў паэтычным тэатры «Арт.С», дзе паспяхова, дзякуючы Аксане Спрынчан і Ярашу Малішэўскаму, распачаўся наш год Арэхавай Вавёркі. Седзячы ў тралейбусе і думаючы пра вясну, зарыфмаваў:

Яшчэ далёка да вясны,

Яшчэ далёка.

І пра вясну нам сняцца сны,

Як пра Марока.

І снег, нібыта яблынь квет,

Ляціць з аблокаў.

І гэты белыбелы свет,

Як вершы Блока.

Яшчэ далёка да вясны,

Яшчэ далёка.

І мне ў твае не трапіць сны,

Як у Марока...



* * *

15.01.2012. Пад снегам, як пад штукатуркай фрэскі, схаваны калюгі з умерзлай у лёд восеньскай лістотай...

Бацька і маці

15.01.2012. Пра маму, якую цяпер даглядае мая сястра Валя, бацька не пытаецца, але, калі я часам пачынаю яго вучыць, як жыць у гарадской кватэры, ён кажа: «Мама добрая была...»

Майстар і Маргарыта

15.01.2012. Дзякуючы Алесю Емяльянаву, які ўчора пакінуў флэшку з фільмамі, з Людмілай глядзілі югаслаўскі варыянт «Майстра і Маргарыты», што быў зняты ў 1972 годзе. Дзея адбываецца зімой. І калі трамвай адрэзаў Берліёзу галаву, я ўзгадаў свой запіс, зроблены 13 студзеня: «Снег у галаве... Галава ў снезе...» Цяпер я ведаю, як гэта выглядае...

Танцы на стале

16.01.2012. Коля Ганьчын, станцаваўшы на стале ў сваёй былой нявесты, якая выходзіла замуж за другога, стаў танцаваць і на іншых вяселлях, куды прыходзіў сам ці клікалі. Праз нейкі час Колевы танцы набылі папулярнаць, і ўжо, калі вяселле праходзіла без танцаў на стале, яно лічылася няўдалым. Мой будучы бацька, сабраўшыся жаніцца, хацеў запрасіць Колю Ганьчынага сватам, але мая будучая мама не дала яму на гэта згоду, бо ў яе родных Лягезах моды танцаваць на стале не было...

* * *

17.01.2012. Прыходжу да бацькі на кватэру. Ён апрануты і абуты. Боты ўсцягнуты на босыя ногі. Правы бот на левую нагу, левы на правую. Пытаюся: «Куды сабраўся?» – «У вёску дамоў!» – «Чаго?» – «Бульбу садзіць!» – «Зіма ж яшчэ».– «Пакуль дайду, вясна будзе!»

* * *

17.01.2012. У скверы над снегам свецяцца ліхтары, як зімовыя гарлачыкі, якія распускаюцца, калі пачынае цямнець...

Прыходзіў мастак...

18.01.2012. Прыходзіў мастак. Даволі вядомы. Прынёс афармленне кнігі. Паглядзелі, нібыта пабылі ў Савецкім Саюзе, дзе няма ні сексу, ні камп’ютараў, ні добрай паперы...

Свіння

20.01.2012. Хлопец прыехаў у вёску, каб дапамагчы старым бацькам закалоць свінню. Закалоў. І бачаць – са швайкай у грудзях, на акрываўленым снезе, ляжыць брыгадзір, які восенню не даў старым каня, каб разараць бульбу...

Бацька і маці

20.01.2012. «Мая Ніна ў мяне добрай бабай была!» – хваліцца бацька, даведаўшыся, што мама ўсё слабее і слабее. «Чым жа яна была добрая?» – пытаюся. «Камандавала! Ідзі есці! Ідзі на работу! Ідзі спаць!» – адказаў бацька...

Дома...

22.01.2012. (Прыснілася). З электрычкі іду па снежным цаліку. На шэрым даляглядзе мае Пугачы. Выходжу на дарогу, па якой зрэдку праязджаюць грузавыя машыны і легкавушкі. Хачу пад’ехаць, але руку не падымаю, каб хто спыніўся, і ніхто не спыняецца. Падыходжу да роднай сялібы, а на месцы хаты стаіць сячкарня, з якой сыплецца і сыплецца белая сечка снегу...

Раней і цяпер...

23.01.2012. На выхадныя мой малодшы брат ездзіў у вёску. Раней, выйшаўшы з хаты, гасцей сустракала мама з бацькам. Цяпер ранкам насустрач Вову з хлява, дзе яшчэ засталася салома, выбегла на некрануты снег, брэшучы, каля дзясятка незнаёмых сабак, сярод якіх быў і наш малы...

* * *

24.01.2012. На працы холадна. Паперы на сталах, як снег…

Малькі дыназаўраў...

25.01.2012. «У яе зялёных валасах кішэлі вошы, як малькі дыназаўра ў водараслях марскіх...» – гэты радок з’явіўся, калі ў тралейбусе ўбачыў п’яную жанчыну з пафарбаванымі валасамі...

Сын

25.01.2012. Зіма. Вечар. Каб крыху пагрэцца і паслухаць жывых паэтаў Анатоль Сыс прыйшоў на пасяджэнне «Літаратурнага прадмесця», якое праходзіла ў Музеі Янкі Купалы. Сядзеў спакойна, і яго ніхто не бачыў і не адчуваў. Калі пасяджэнне закончылася і ўсе паэты пакінулі памяшканне, дзяжурная вырашыла здаць музей на сігналізацыю і пайсці дахаты. І толькі жанчына захацела выключыць святло, як Сыс прамовіў: «Не пакідай це ж мяне, каб не ўмёрлі!» – «Хто вы такі?» – грозна запыталася дзяжурная. «Я – сын Янкі Купалы!» – адказаў Сыс. Жанчына не спалохалася. І з таго вечара ў музеі начуе сын Янкі Купалы...

Янішчыц

26.01.2012. З Магілёва патэлефанавала аднакурсніца Яўгеніі Янішчыц Тамара Аўсяннікава з прапановай да 70годдзя паэткі выдаць яе Збор твораў у 5ці тамах. Дамовіліся, што яна, Калядка і сын Яўгеніі Іосіфаўны зоймуцца гэта справай. Ад Тамары Аўсяннікавай даведаўся, што продак Яўгеніі Янішчыц Герман Чугай у сярэдзіне XIX стагоддзя прыехаў у Беларусь з Германіі. Ажаніўшыся з мясцовай дзяўчынай, выгадаваў двух сыноў Паўла і Пятра. Адзін з іх і стаў прадзедам паэткі…

Ацяпленне і вечарына

27.01.2012. Вечарам прыйшоў на кватэру да бацькі. У пакоях, як у лядоўні. Што такое? Гляджу, а награвальная калонка паравога ацяплення не працуе. Як яе ўключыць? Не ведаю. Інструкцыі аніякай. Пайсці да суседзяў? Гаспадыня казала, каб ні з кім не меў спраў. І пачаў сам уключаць. Недзе з паўгадзіны калупаўся, пакуль разабраўся, што да чаго. Ад бацькі дамоў вярнуўся амаль праз тры гадзіны, а збіраўся ж пабыць з паўгадзіны і паехаць у Музей гісторыі беларускай літаратуры на вечарыну, прысвечаную 10годдзю суполкі «Літаратурнае прадмесце»…

Бацька ўспомніў…

27.01.2012. Пакуль прыбіраў у бацькавай кватэры, наслухаўся ўспамінаў. Упершыню даведаўся, што ў бацькі, акрамя брата Славіка і сясцёр Ноні і Галі, была яшчэ сястра Іра. Яна пражыла тры гады і памерла ад нейкай даваеннай эпідэміі. Тады ў Пугачах хварэлі амаль усе дзеці. Бацька хварэў таксама, але неяк ачухаўся, а Іра памерла. Пахавана ў Дубровах…

* * *

28.01.2012. Як крынічная вада, неба чыстае і халоднае, і самалёт у ім, як белая льдзінка…

* * *

28.01.2012. Сёння дома заўважылі, што ў нас яшчэ стаіць навагодняя ялінка. Прыбралі…

* * *

29.01.2012. Снілася мама. Маладая. Пасвяточнаму апранутая. Прыехала на возе ў госці. Болей нічога не магу ўспомніць…

Мікола Макарцоў

29.01.2012. З рэжысёрам і акцёрам Міколам Макарцовым я пазнаёміўся, працуючы ў «ЛіМе», куды ён пры рэдактарстве Алеся Пісьмянкова прынёс свае вершы. Тоесёе паправіўшы, мы прапусцілі некалькі твораў у друк. Мікола быў жыццярадасным і поўным рэжысёрскіх і паэтычных планаў. Па ягоных сцэнарыях прайшло шмат літаратурнамастацкіх свят у абласных і раённых цэнтрах. У Міколы была адна вялікая мара выдаць сваю кніжку вершаў. І ён яе выдаў, і 24 студзеня на 64м годзе жыцця памёр членам СПБ…

Квяткоўскі і жарты

29.01.2012. Вечарам да нас дахаты заходзіў Алесь Квяткоўскі, каб наш Максім яму перакінуў на камп’ютары здымкі з аднаго дыска на другі. Крыху пагаварылі пра мастацтва і новыя працы Алеся. Развітваючыся, я жартам прапанаваў земляку прыўнесці ў ягоныя карціны нечаканасцей. Так, у карціне «Балота» намаляваць Сабаку і Граждана, якія плывуць па балотнай вадзе ў труне і назваць яе «Пераправа». У карціну, дзе наша зямлячка Канстанцыя Буйло, дамаляваць Уладку Станкавічанку і Паліну Мядзёлку, якія гуляюць у карты на распрананне. Тут жа на канапе пад белай прасціной павінен ляжаць паэт у адным гальштуку і чакаць тую, якая прагуляецца да гала. Карціну назваць «Няроўны шлюб». Людміла ад душы пасмяялася, Алесь жа абяцаў скарыстацца маёй жартаўлівай прапановай…

Бацькаў выбар…

30.01.2012. Сёння ад бацькі даведаўся, што ў яго ў пяцідзясятыя гады пасля службы ў Савецкай Арміі быў выбар: ісці працаваць участковым у Чысьці, што каля Ракуцёўшчыны, ці быць салдатам ізраільскай арміі, куды яго клікаў сябар Антон, што іміграваў з Савецкага Саюза. Бацька выбраў пасвіць кароў…

* * *

31.01.2012. У скверы каля дарожак зпад снегу віднеюцца кучы пяску, як мурашнікі…



ЛЮТЫ

Бацькавы суседкі…

1.02.2012. Калі на кватэру, дзе зімуе бацька, прыходзіла гаспадыня, я пацікавіўся: «Хто тут жыве па суседстве?» – «За адной сценкай прастытутка, а за другой дзеўка з трымя малымі дзецьмі!» – адказала гаспадыня кватэры…

* * *

1.02.2012. У заснежаным скверы па сцяжыне, якую я праклаў да бацькі тыдзень назад, цяпер ходзяць людзі…

* * *

2.02.2012. Калі праходзіш міма маладой жанчыны, і ў мароз адчуваеш яе цеплыню…

Пісьменнік і вераб’і

3.02.2012. Тэлефанаваў з Віцебшчыны пісьменнік. Жыве ў вёсцы. Мінулай ноччу было 33 градусы марозу. Казаў, што зімой корміць вераб’ёў і траціць на іх па 400 тысяч рублёў у месяц…

Мама! Матуля мая!

4.02.2012. Слухаю і слухаю песню Сяргея НовікаПяюна «Мама! Матуля мая!». Плачу, бо бачу перад сабою сваю маму. Успамінаю Сяргея Міхайлавіча, з якім мы жылі побач і, калі прыходзілі да яго ў госці, ён нам спяваў гэтую песню. А цяпер спявае Адась Матафонаў. Цудоўна спявае! Цудоўна!!!

* * *

5.02.2012. Люда пайшла ў царкву. Максім яшчэ спіць. А я, вярнуўшыся ад бацькі, сяджу каля камп’ютара і цягаю інфармацыю, як з палонкі рыбу…

* * *

5.02.2012. Прачынаюся ў вёсцы ў роднай хаце. Холадна. Уключаю святло і бачу, што знаходжуся ў сваёй гарадской кватэры. Выключаю святло, і я ізноў у вясковай хаце і мне холадна…

Бацька і кубак

6.02.2012. Раніцай, прыйшоўшы да бацькі, убачыў, што на стале няма аднаго кубка. Было тры. Амаль гадзіну шукаў і не знайшоў. У бацькі пра кубак не пытаўся, бо зразумеў, што ён яго разбіў і схаваў. І толькі вечарам у калідоры за старой і непатрэбнай газавай плітой заўважыў адзін са схаваных аскалёпкаў кубка…

Крыху вясновае…

7.02.2012. Мароз марозам, а ў галаве па дарозе з працы зарыфмаваліся вясновыя радкі:

О, як хачу табе я пазваніць,

Нібыта самы чорны лес спаліць,

Каб ён адразу неба асвяціў,

Дзе я табе ўсе зоркі прысвяціў.

Але табе я болей не званю,

Каб не парушыць нашу цішыню,

Што паміж намі, нібы чорны лес,

Які я пасадзіў, балбес…



Чатыры пакеты

9.02.2012. Учора вечарам, калі ішоў на кватэру да бацькі, побач з ягоным домам у метрах дзесяці ад сметніцы, сярод шырокай сцяжыны, стаялі чатыры поўныя пакеты. Хацеў паглядзець, што там у пакетах, але пабаяўся, падумаўшы, што гэта, можа, якія бомбы. Праз паўтары гадзіны, калі ўжо ішоў дахаты, пакеты яшчэ стаялі, а сёння раніцай іх не было, і на дзвярах пад’езда я прачытаў абвестку: «Хто знайшоў чатыры пакеты з пультамі ад тэлевізара, просьба вярнуць за ўзнагароду…»

Купала і малады чалавек

9.02.2012. Прадаём факсімільнае выданне кнігі Янкі Купалы «Шляхам жыцця», якая ўпершыню выйшла ў 1913 годзе. І тут раптам малады чалавек пытаецца: «А вы часам не рэдагавалі Купалу?» – «Дык гэта ж факсімільнае выданне! І гэта ж Янка Купала!» – абураюся я. «Ну тады добра! А то некаторыя і ў факсімільныя выданні ўносяць свае праўкі»,– кажа малады чалавек і купляе кнігу…

Багдановіч і дзеці

10.02.2012. На кніжнай выставе прэзентавалі кнігу з серыі «ЖЗЛБ» «Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы», якую склала Таццяна Шэляговіч. Прэзентацыю ўпрыгожылі і надалі ёй паэтычнасць вучні са школы № 185 літаратурнамузычнай кампазіцыяй па творах Багдановіча. Кіравала дзецьмі завуч школы Марына Емяльянава. Алесь Наварыч, які стаяў побач са мной, сказаў: «Гэта самае лепшае за тры дні выставы, што можна было тут пачуць і ўбачыць!»

Кнігі…

10.02.2012. Набыў кнігу Томаша Главінскага «Забыты гарнізон. Аддзелы Корпуса аховы памежжа ў Івянцы ў 1924—1937 гадах». Мне, як валожынскаму чалавеку, усё, што звязана з роднымі мясцінамі вельмі цікава. Чамусьці адразу пасля набыцця гэтай кнігі ўзгадалася, як недзе ў 1996 годзе я з нашым тэлебачаннем тры дні ездзіў па Валожыншчыне. Здымалі невялікія сюжэты пра маіх таленавітых, знакамітых і працавітых землякоў. У адной з вёсак каля Івянца былі ў хаце васьмідзесяцігадовага мясцовага інтэлігента. Ён гаварыў папольску і вельмі радаваўся знаёмству са мной, бо чытаў мае вершы. На сценах у хаце віселі невялікія карціны і старыя фотакарткі ў рамках пад шклом. У зале стаяла піяніна, на якім нам гаспадар сыграў паланэз Агінскага. Развітваючыся, я запісаў адрас старога інтэлігента і абяцаў выслаць яму сваю кнігу. На жаль, не выслаў…

* * *

10.02.2012. На кніжнай выставе, як у Ноевым каўчэгу…

* * *

11.02.2012. Мароз. Мужчына з выставы нясе ахапку кніжак, як ахапку дроў…

Працяг гасцявання…

12.02.2012. Учора з Людмілай былі ў гасцях у цудоўных людзей, дзе было шмат нашых добра знаёмых і сяброў. Дамоў вярнуліся позна і ў вясёлым настроі. З лёгкасцю заснуў і прысніў працяг нашага гасцявання, у якім, перад тым як разыходзіцца па дамах, паэтка А. прапанавала ўсім паглядзець, што там робіцца ў іншых гаспадарскіх пакоях, дзе мы яшчэ не былі. І мы пайшлі. Зайшлі ў адзін. А там буцік, у якім, каб мы ўсе змаглі выйсці з яго, трэба хоць нешта купіць. Людміла купіла прыгожы шалік, і мы пайшлі ў другі пакой, у якім паэтка А. выкупіла падарожжа ў маю вёску. На жаль, у вёску мы не трапілі, бо па лясной дарозе назбіралі грыбоў, з якімі вярнуліся да гаспадароў нашага гасцявання і аддалі на кухню смажыць. Потым мы ўсе зайшлі ў пакой, дзе я купіў матор з прапелерам, на якім можна лётаць. Хацеў усіх звазіць у вёску, але не было гаручага, і мы пайшлі ў наступны пакой. І толькі мы зайшлі ў пакой, як нейкі здаравяка схапіў спявака З. і, накінуўшы на яго сабачы ашыйнік з шыпамі, загнаў яму ў галаву велізарны мядзяны цвік. Крыві не было. У жаху ўсе разбегліся, а я прачнуўся…

* * *

12.02.2012. Раніцай вярнуўшыся дамоў ад бацькі, раптам падумаў, што забыўся выключыць газ, на якім грэў гарбату. І ўявілася мне, што сапраўды газ гарыць і восьвось закончыцца вада ў чайніку, і пачнецца пажар. Амаль бягом вярнуўся да бацькі на кватэру. Зайшоў на кухню. Газ выключаны…

* * *

12.02.2012. Матылі – гэта парэшткі адзення памерлых…

Вечарам…

12.02.2012. Вечарам з Людмілай сустрэлі трох музыкаў з інструментамі. Малы нёс велізарны кантрабас. Гледзячы на музыкаў, падумаў: «Відаць, вяртаюцца з пахавання… А можа, спазняюцца на вяселле…»

* * *

12.02.2012. Прачнуўся сярод ночы. І з нечаканай думкай, што ў вёсцы ў пустой хаце памерзлі вазоны, не мог доўга заснуць…

Белы і калекцыя

12.02.2012. Жонка Анатоля Белага Ала Мікалаеўна праз Яўгена Гучка перадала мне каталог калекцыі прыватнага мастацкага музея Анатоля Белага ў горадзе Старыя Дарогі «Раскрылі крылы музы». Белы памёр, і ўсё багацце, што ён сабраў, засталося на роднай зямлі. А некаторыя баяліся даваць яму свае мастацкія творы…

Чорны кот

13.02.2012. З суседняга пад’езда выйшаў чорны кот. Пастаяў, паглядзеў на заснежанае навокалле і пайшоў назад, мяўкнуўшы, нібыта сказаўшы: «Марцаваць яшчэ ранавата!»

Бабуля і ўнук

13.02.2012. Ідучы праз сквер да бацькі, напаткаў бабулю з унукам гадоў пяці. Бабуля, ні на кога не звяртаючы ўвагі, гучна пыталася ў дзіцяці: «Колькі будзе пяць дадаць сем?» Малы ў адказ плакаў, а бабуля ўсё роўна не адчэплівалася: «Колькі будзе пяць дадаць сем?!» – «Дванаццаць!» – сказаў я і ўбачыў у сябе перад носам дзіцячы чырвоны пісталет, які бабуля, падышоўшы да мяне, дастала з кішэні чорнай курткі…

* * *

13.02.2012. У скверы зноў на лаўках з’явіліся любіцелі выпіць і закусіць на прыродзе. Відаць, болей маразоў не будзе…

Міша Сапега

14.02.2012. На другі дзень кніжнай выставы Мікола Нікалаеў з СанктПецярбурга, сустрэўшыся са мной, падарыў невялічкую кніжку, якую я тут жа паклаў у партфель і толькі сёння дастаў, каб паглядзець, што за падарунак атрымаў. А атрымаў я кніжку Мішы Сапегі «Рознае», якую на беларускую мову пераклаў Мікола Нікалаеў. Ва ўступным слове напісана: «Час пазнаёміць Беларусь з адметнай з’явай сучаснай піцерскай культуры. Гэта Міша Сапега – ён нарадзіўся ў раёне Маскоўскага праспекта, які за царом называўся Забалканскім праспектам. Дзед Мішы – Міхаіл Васільевіч Сапега, ураджэнец вёскі Сапегі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, пасяліўся тут каля 1929 г. і стаў шліфоўшчыкам на ваенным заводзе. Бацька Мішы Сапегі Генадзь Міхайлавіч і дзядзька Віктар Міхайлавіч сталі маракамі. І Міша Сапега стаў мараком. Ён вучыўся ў Макараўцы (зараз акадэмія імя адмірала Макарава) і дзеля практыкі нават хадзіў матросам па вялікай сібірскай рацэ Калыме. Але пасля гэтага змяніў курс. Міхась далучыўся да «Міцькоў». Група «Міцькі» – гэта «піцерская» субкультура Ленінграда напярэдадні перабудовы і рэспектабельныя дзядзькі з настальгічнага Ленінграда ў Піцеры нашых дзён. На мяжы тысячагоддзя (1995—2011) часткай праекта «Міцькі» стала выдавецтва «Чырвоны матрос», заснаванае Мішам Сапегам. «Чырвоны матрос» выдаў каля двухсот кніг… З кнігай Сапегі ў дом прыходзяць невыдуманыя віды прыгожага і жывога Піцера, апалітычныя рэфлексіі з прахадных двароў нашага горада, успаміны дзяцінства і іранічная філасофія патомнага пецярбуржца з беларускім княжацкім прозвішчам». Не магу не працытаваць:

СанктПецярбург.

А ў маім Ленінградзе


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю