355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Пугачоўскі цырульнік » Текст книги (страница 10)
Пугачоўскі цырульнік
  • Текст добавлен: 30 ноября 2017, 18:30

Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 20 страниц)

Справа не ў паштоўках…

30.01.2011. У старым сшытку знайшоў сваю занатоўку: «Каляды. Разаслалі каля дзясятка віншавальных паштовак. І ні слова ў адказ. Крыўдна… Знаходзім старыя віншаванні, перачытваем. Вяртаемся ў мінулае, у якім усе мы былі крыху бяднейшымі, але грошай заўсёды хапала на паштоўкі. Ды справа не ў паштоўках…»

Мужыкі

30.01.2011. Перада мной, кульгаючы, два пажылыя мужыкі нясуць па пляшцы таннага «чарніла». Каля першага пад’езда чатырохпавярховіка, што пасуседску з маім домам, прыпыняюцца. Маладзейшы кажа: «Мяне папярэдзілі, што я яшчэ гадоў пяць пахаджу, а там ногі адмовяць. Хопіць мне і пяці гадоў…» – «Ну і я пад нож не лягу!» – заяўляе ягоны сябрук. Відаць, пачуўшы размову, да кульгаючых з пад’езда выйшаў на мыліцах мужчына гадоў пяцідзесяці і сказаў: «Лепш маленькі Ташкент, чым бальшы Сібір!»



ЛЮТЫ

Сыс вольны…

1.02.2011. Патэлефанавала Ларыса Раманава, якая паведаміла, што маё хваляванне пра Анатоля Сыса (ці не пахавалі паэта са звязанымі нагамі?), якое ўзнікла пасля прачытання кніжкі Ганны Кандрацюк з Беластоку «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.», дарэмнае. Ну і дзякуй Богу!

Пытанне

2.02.2011. Пасля працы зайшоў у краму. Выбіраючы, што купіць, заўважыў разгубленую бабульку вельмі падобную на маю маці. Праз хвіліну бабулька падышла да мяне і запыталася: «А дзе тут за кварціру плаціць?»

* * *

3.02.2011. Дзень пашыраецца, як трэшчына ў чорным лёдзе…

У Петрапаўлаўскім саборы…

5.02.2011. У Петрапаўлаўскім саборы на Нямізе прайшла служба ў памяць Таццяны Сапач. Калі святар назваў у пераліку памерлых імя паэткі, каля мяне з Людай уключылася святло ў вялікай люстры, і адразу ж перагарэла, нібы стрэліла, адна лямпачка. А калі скончылася малітва, у жанчыны, якая стаяла перад намі, ад свечкі загарэўся пясцовы каўнер на куртцы і праз міг патух…

Міхась і верш

5.02.2011. З нататніка выпала візітоўка Міхася Сабалеўскага. Некалькі тыдняў назад з ім пазнаёміўся ў майстэрні Алеся Квяткоўскага. Адразу ўзгадалася, як 1 лютага вечарам мы сустрэліся на прыпынку каля цырка, чакаючы аўтобус. Высветлілася, што жывём зусім побач. Пакуль дабіраліся дахаты, Міхась расказаў, як ён у пачатку 90х гадоў у дзясятым класе напісаў верш пра Беларусь і беларускую мову. Паслаў у «Народную газету», з якой атрымаў ліст ад Людмілы Рублеўскай, дзе яна працавала літкансультантам у аддзеле культуры. Людміла тады ў лісце пахваліла хлопца за патрыятызм. Пасля школы Міхась паступіў у лінгвістычны інстытут. На трэцім курсе трэба было здаваць беларускую літаратуру, але так атрымалася, што Міхась не падрыхтаваўся да іспыту. І тут ён успомніў пра адказ з «Народнай газеты». Экзамен прымаў Леанід Казыра, якому Міхась і паказаў ліст Рублеўскай, і атрымаў добрую адзнаку…

* * *

5.02.2011. Зіма. А на вуліцы дождж, нібы ў небе сапсавалася лядоўня і пацякла…

Паўло і Грузія

6.02.2011. Дзякуючы «ЖЧ» Сяргея Балахонава даведаўся, што мой даўні знаёмы ўкраінскі паэт Паўло Гірнык, атрымаўшы нацыянальную прэмію імя Шаўчэнкі, пераехаў на вёску. Узгадалася Грузія, дзе з 16 па 22 ліпеня 1987 года на свяце паэзіі Уладзіміра Маякоўскага я з Паўлам жыў у адным гасцінічным нумары на турбазе імя Барыса Дэніладзэ, што каля Тбілісі. Было хораша. Хапала ўсяго: і вершаў, і віна, хоць і быў гарбачоўскі сухі закон. Неяк вечарам Павел прыйшоў у нумар з сябрам і пачаў клікаць мяне пайсці да дзяўчат, якія жылі ўтраіх у суседнім пакоі. Я тады тут жа прытварыўся вельмі п’яным і з Паўлам не пайшоў – у мяне 24 ліпеня ў Мінску чакалася вяселле з Людмілай Рублеўскай…

* * *

6.02.2011. Раніцай, ідучы ў краму, зайшоў у «Белінвестбанк» і ў банкамаце з карткі зняў грошы. Выйшаў на вуліцу і ўбачыў машыну, якая спынілася каля банка, з такім жа нумарам, як у мяне код для зняцця грошай…

Ажыўшыя карціны

7.02.2011. У выдавецтва прыходзіў Андрэй Смаляк з праектам «Ажыўшыя карціны». З мастаком я знаёмы яшчэ з 1987 года. Тады я працаваў у часопісе «Беларусь» у аддзеле культуры і быў адказным за каляровую ўклейку, дзе змяшчаліся рэпрадукцыі карцін. Даводзілася прапагандаваць і Смаляка. Сёння з Андрэем прагаварыў дзве гадзіны. За гэты час ён сказаў недзе тысяч дзесяць слоў, а я слоў трыста. «Ажыўшыя карціны» – цікавы праект…

Нам засталася спадчына…

8.02.2011. У інтэрнэце знайшоў матэрыялы інтэграванага курса «Валожыназнаўства» аспіранткі кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірыны Жалондзік, з якіх даведаўся: «У Валожынскім раёне захавалася 88 помнікаў гісторыі, 23 археалогіі, 28 архітэктуры, 5 палацавапаркавых ансамбляў, 2 сядзібныя паркі. У Беларусі нялёгка знайсці другі такі горад як Валожын, дзе б на невялікім кавалачку зямлі было сканцэнтравана пяць аб’ектаў – помнікаў архітэктуры класіцызму першай паловы XIX ст. Важнейшыя з іх – палацавапаркавы ансамбль, пабудаваны ў гістарычным цэнтры горада ў 1782—1806 гадах, і мураваны касцёл Святога Юзафа, які ўзнік у 1816 годзе…

Нашу мясцовасць услаўляюць не толькі выдатныя асобы, але і памятныя мясціны. Колькі іх пралягае абапал берагоў рэк Іслач і Бярэзіна! Правы прыток Іслачы працякае па тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Тут у 1717—1867 гадах па ініціятыве Ганны Радзівіл існавала шкларобчае прадпрыемства, а зараз знаходзіцца санаторыйпрафiлакторый…» Адразу ж узгадаўся Дом творчасці пісьменнікаў «Іслач», што каля Ракава. Хутка будзе дзесяць гадоў, як у Доме творчасці жывуць толькі вятры і лясныя звяры і птушкі…

Творы

10.02.2011. На кніжным кірмашы нашы выдавецкія дзяўчаты прапанавалі Андрэю Смаляку купіць «Родных дзяцей» Ніла Гілевіча з аўтографам. Мастак кніжку не купіў, сказаўшы: «Я сам мастацкі твор з аўтографам…»

Па вуліцы Камуністычнай…

10.02.2011. Ідучы на бацькоўскі сход у мастацкі ліцэй, які заканчвае сын, адчуў, што і я гэтай дарогай хаджу апошнія разы. А прахадзіў я тут па вуліцы Камуністычнай каля амбасады Расіі (у будынку цяпер нешта іншае), каля амбасады Украіны (бачыў як будавалася), каля сінагогі (памятаю стары будынак, а цяпер новы, сучасны) пятнаццаць гадоў. Гэта з гадамі вучобы старэйшай дачкі. Пятнаццаць гадоў, як пятнаццаць дзён праляцелі…

* * *

11.02.2011. На кніжным кірмашы прадаваў сваю кнігу, нібыта парася, каб у добрыя рукі трапіла…

Немагчыма глядзець…

11.02.2011. На кніжным кірмашы побач з нашым стэндам стэнд «Беларускай энцыклапедыі». На энцыклапедычныя кніжкі немагчыма глядзець, бо ля іх такія дзяўчаты ў кароткіх спаднічках, што вачам не да кніжак…

* * *

12.02.2011. З кніжнага кірмашу вяртаўся позна і праз прыватны сектар. Было цёмна, рыпеў снег пад нагамі і пахла дымам з комінаў, як у роднай вёсцы…

Чытачка

13.02.2011. Учора на кніжным кірмашы жанчына, купляючы маю «Прозу і паэзію агню», цытавала мне незнаёмыя паэтычныя радкі, гаворачы, што яны мае і яна іх вельмі любіць. Сёння з самага ранку мая ўчарашняя пакупніца падышла да нашага стэнда і папрасіла мяне адысціся з ёй. Я адразу ж падумаў, што жанчына прывезла назад маю кніжку і цяпер хоча, каб ёй вярнулі грошы. «Прабачце! Я ўчора так хвалявалася, сустрэўшыся з вамі, што пераблытала вашы творы з чужымі»,– сказала мая чытачка і пачала цытаваць мае вершы…

Нашы дзеці…

15.02.2011. Быў у дзіцячай бібліятэцы № 6, якая знаходзіцца непадалёк ад дому, дзе я жыву. Выступаў перад дзесяцікласнікамі. За першым сталом каля вакна сядзела сімпатычная парачка, якая шэптам, але так, каб было чуваць, каментавала амаль усё, што гаварыла хвілін дваццаць пра мяне загадчыца бібліятэкі. Сваё выступленне я пачаў з паведамлення, што жыву ў гэтым раёне, дзе яны вучацца, і я ведаю ўсіх мясцовых бандытаў і жулікаў. Пасля гэтага дзеці прыціхлі. Прыемна было пачуць, што гаваркі хлопец ведае, што ў нашым раёне раней было нямецкае пасяленне, а там, дзе цяпер сквер, былі могілкі. Напрыканцы, даведаўшыся, што ў мяне ёсць сын і ён вучыцца ў мастацкім ліцэі ў 11 класе, дзяўчаты тут жа адшукалі ў «Кантакце» майго Максіма...

* * *

15.02.2011. Усё больш чарнейшым робіцца снег. Гэта з ночы, як змяя са шкуры, вылазіць дзень…

Тэлефонны званок…

16.02.2011. Прачнуўся ад тэлефоннага званка. Падняў слухаўку і пачуў доўгі гудок. Паглядзеў на гадзіннік. Палова чацвёртай ночы. Доўга не мог заснуць. Думаў пра старых бацьку і маці…

Пекла і рай…

16.02.2011. Сёння вычытаў, што золата – гэта паліва для іншапланетных караблёў і нашы продкі трапілі на зямлю з іншай планеты. Адны былі ў пекле – здабывалі ў шахтах золата, а другія былі ў раі – жылі на паверхні зямлі сярод кветак і дрэў, сярод звяроў і птушак…

Страсці па культуры…

17.02.2011. З Людмілай быў на тэлебачанні. Запісаліся для «Страсцей па культуры». Перадачу вяла дачка Алега Бембеля (Зьніч) Таццяна. З намі ў гутарцы пра жанчын у культуры ўдзельнічала сямейная пара – Аляксей і Валянціна Еранковы. Ён – кампазітар, а яна – тэатральны рэжысёр. Нагаварылі шмат чаго. Думаю, павінна быць цікава. Праўда, здымалі больш за гадзіну, а перадача 40 хвілін. Дарэчы, гутарка з намі для Таццяны Бембель – дэбют у ролі вядучай тэлеперадачы на канале «Лад»…

Гарэцкія чытанні

18.02.2011. Зранку быў у Музеі гісторыі беларускай літаратуры на XIX Гарэцкіх чытаннях, якія пачаліся з «Гульні з класікай». Прысутным былі агучаны ўрыўкі з апавядання Максіма Гарэцкага «Панская сучка» ў творчых работах студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў. Пасля гэтага было шмат цікавых дакладаў. З прывітальным словам ад «Мастацкай літаратуры» і ад сябе выступіў і я. У чытаннях удзельнічала каля пяцідзесяці літаратуразнаўцаў. Кінулася ў вочы, што сярод прысутных было толькі некалькі маладых мужчын, а ўсе астатнія – паважнага ўзросту і шматшмат жанчын...

На вуліцы Панчанкі

18.02.2011. Быў у СШ № 199, што на вуліцы Пімена Панчанкі. Выступаў перад старшакласнікамі. Слухалі, задавалі пытанні, чыталі мае вершы з першай кніжкі «Гронка святла». У школе ёсць музей, прысвечаны жыццю і творчасці Пімена Панчанкі, у якім каля тысячы экспанатаў. Музей хоць і школьны, але зроблены на ўзроўні дзяржаўных Купалы, Коласа, Багдановіча. Словам, жыве Беларусь…

Прычоска ад Аўрамчыка і Панчанкі…

18.02.2011. Будучы ў Музеі Пімена Панчанкі, што ў СШ № 199, узгадаў вясну 1979 года. Мне тады было 19 гадоў. У часопісе «Маладосць» Мікола Аўрамчык выбраў для друку чатыры мае вершы. І вось я прыйшоў у рэдакцыю, каб сфатаграфавацца. У кабінеце Міколы Якаўлевіча быў Пімен Панчанка. І пакуль фатограф Мікола Ждановіч рыхтаваў да працы свой фотаапарат, Мікола Аўрамчык і Пімен Панчанка рыхтавалі маю прычоску да фотасесіі. Валасы ў мяне былі доўгія і непаслухмяныя. Мікола Якаўлевіч, прычэсваючы мяне, узгадаў, што, калі ён быў малады, то са сваімі сябрамі, калі ішлі фатаграфавацца, намазвалі валасы алеем, каб яны добра ляжалі. Алею ў кабінеце Аўрамчыка не было, дык мне галаву намачыў Панчанка вадой з графіна. Потым мяне з прычоскай, зробленай Аўрамчыкам і Панчанкам, сфатаграфаваў Ждановіч, і ў 9 нумары «Маладосці» з’явіліся мае вершы з фотаздымкам…

А фота дзе?

18.02.2011. Пасля таго, як Уладзімір Сцяпан, прачытаўшы маю зацемку «Прычоска ад Аўрамчыка і Панчанкі…», задаў пытанне: «А фота дзе?», я амаль тры гадзіны пароўся ў папках, шукаючы патрэбнае фота. Памятаю, што тое фота я спецыяльна схаваў, каб не прапала. Схаваў так, што цяпер не магу знайсці. Праўда, у папках пазнаходзіў шмат чаго цікавага: і арыгіналы вершаў некаторых паэтаў, і рэдкія здымкі, і малюнкі, і апавяданне Алеся Асташонка, якое ён даваў у «ЛіМ» у сярэдзіне 90х гадоў і яго там не надрукавалі, і рукапіс выступлення Ніла Гілевіча на пахаванні Максіма Танка, і…

Фотаздымак на сцяне

19.02.2011. Едучы ў Маскву ў Літінстытут вучыцца, захапіў з сабой свой фотаздымак, на якім я з прычоскай ад Аўрамчыка і Панчанкі. Упрыгожваючы абшарпаныя сцены свайго інтэрнацкага пакоя, я пачапіў і свой фотаздымак, на які асабліва ніхто ніякай увагі доўгі час не звяртаў. І тут неяк, вяртаючыся з тэатра, Людміла Рублеўская, з якой мы ўжо думалі пажаніцца, запыталася: «Што гэта там за партрэт дзяўчыны вісіць у цябе на сцяне?» – «Дзе?» – папрасіў удакладніць я. «Над ложкам!» – сказала Людміла. «Дык гэта ж мой партрэт!» – засмяяўся я і тут жа даведаўся, што Людзіна сяброўка, якая дрэнна бачыла і з якой Люда зрэдку прыходзіла да мяне, аднойчы сказала: «Чаго ты да яго ходзіш! У яго ёсць дзяўчына! Вельмі прыгожая! Яе партрэт вісіць у Віктара над ложкам!»

Па дарозе да Кальварыі…

19.02.2011. Заходжу ў тралейбус № 7, каб праехаць пару прыпынкаў да Кальварыі, і бачу перад сабой на крэсле дзяўчыну, у якой твар так моцна намазаны грымам, што мне падалося – я трапіў у катафалк, які едзе на Кальварыйскія могілкі…

* * *

19.02.2011. Сярод завадскіх будынкаў велізарная труба, з якой ідзе густы дым. Уражанне, нібыта прачнуўся вулкан…

* * *

20.02.2011. Заснежанае поле. Снег, як пена, і ўзыходзячае сонца, як Афрадыта, якая нараджаецца…

* * *

20.02.2011. Стаміўся ад усяго. І ўва мне крычыць вясковы хлапчук: «Не хачу болей быць дарослым!!!»

У «Сталіцы» быў «Злодзей»…

20.02.2011. Апошнім часам з Людай кожную нядзелю ходзім у «Сталіцу», дзе глядзім у відэацэнтры рэтраспектыўныя фільмы, што сталі сусветнай класікай, але ў нас ніколі не паказваліся. Сёння глядзелі чорнабелага амерыканскага «Злодзея», які быў зняты ў 50я гады. За паўтары гадзіны ў фільме не прагучала ніводнага слова. А фільм класны. У зале было сем чалавек. Побач з намі сядзелі дзве жанчыны, якія паміж сабой шапталіся пабеларуску…

На філфаку БДУ

21.02.2011. Хадзіў на філфак БДУ, куды быў запрошаны паўдзельнічаць у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. Сабралася паўнюткая зала студэнтаў і выкладчыкаў. Было тэлебачанне. Усё прайшло хораша. Я выступаў апошнім. І цяпер не магу ўтрымацца, каб не пахваліцца, што, пачытаўшы «Баладу ДунінаМарцінкевіча», у якой ёсць радкі: «Не трэба чужога, не трэба чужога! Ні грошай, ні мовы, ні Бога, // Нічога не трэба чужога!», як гаворыцца, я «сарваў авацыю і васпарыў». Але потым хутка апусціўся на грэшную зямлю, бо даведаўся, што цяпер на філфаку амаль ніхто не піша вершаў ні пабеларуску, ні нават парасейску…

Абавязкова прыйдзем!

22.02.2011. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны з Інай Фраловай наведаў у дзіцячым доме №5 знаёмых хлопцаў з групы №8. Дзеці нас чакалі. Я прынёс ім у падарунак новых беларускамоўных кніжак, а Іна велізарны набор пірожных. З прыемнасцю даведаўся, што адзін з хлопцаў пасля першай сустрэчы са мной пачаў пісаць вершы. На жаль, пакуль што пасаромеўся паказаць. За гарбатай я хлопцам расказваў цікавыя гісторыі са свайго жыцця, чытаў вершы. Калі развітваліся, дзеці запыталіся: «А ці прыйдзеце яшчэ да нас?» – «Абавязкова прыйдзем!» – адказаў я.

Каровы пякуць бліны

23.02.2011. Пішу твор пра бліны. Пачытаў тоесёе з яго сваёй Людміле, якая тут жа параіла вось гэтыя радкі не агучваць на вечарыне ў бібліятэцы імя Цёткі:

каровы, вяртаючыся з радоўкі,

на цёплым пыле дарогі

пякуць свае бліны,

якія ў маёй вёсцы называюцца

японскімі сонцамі



Жартаўнікі

24.02.2011. Вярнуўся з працы раней, чым звычайна. Не паспеў распрануцца, як зазвінеў тэлефон. Падымаю слухаўку з думкаю, што турбуюць з працы, і чую голас дзяўчыны: «Вам халадзільнік патрэбен?» – «Не!» – адказваю я. «Дык мы зараз да вас прыйдзем і забяром халадзільнік!» – пачулася праз дружны дзіцячы смех, і я паклаў слухаўку…

Не спіць у шапку…

25.02.2011. З «ЛіМа» патэлефанаваў Віктар Гардзей і паведаміў, што ўсё яшчэ працягваюць кожны тыдзень прыходзіць ананімныя лісты з адваротным адрасам, які з’яўляецца адрасам майго працоўнага кабінета: «Праспект Пераможцаў, д. 11, пакой 903». Ізноў той жа почырк, па якім быў апазнаны адзін з паэтаў, які нядаўна ў кнігарні «ЛогвінаЎ» скраў (ходзяць чуткі) шапку Пашы Касцюкевіча, і цяпер у адкрытую гуляе ў ёй па горадзе, і нават нахабна заходзіць у шапцы туды, дзе яе скраў. На гэты раз ён прыслаў пакрэмзаную газетную выразку з маімі вершамі, што нядаўна былі змешчаны ў «ЛіМе»…

У Цёткі…

25.02.2011. Вярнуўся з бібліятэкі імя Цёткі, дзе Алена Масла са сваёй сястрой Наталляй Бучынскай правяла вечарыну, прысвечаную Масленіцы. Выступоўцам давялося не толькі вершы чытаць, спяваць, але і бліны пячы. Я быў у ліку першых. Калі пачалася святочная вячэра, да нас далучыўся Уладзімір Ліпскі з літоўскім паэтам Вітасам Бараўскасам і ягонай жонкай. Паспяваўшы беларускія песні, Вітас развучыў з намі літоўскую. Пасля гэтага Ліпскі і ягоныя сябры сталі развітвацца з намі. Юрась Нераток, які сядзеў каля мяне, гледзячы на літоўцаў, прашаптаў: «Быў бы цяпер тут Толік Сыс, літоўцы б, не падпісаўшы паперу, што аддаюць нам Вільню, не выйшлі б з бібліятэкі…»

У «Краязнаўчым даведніку»

26.02.2011. Атрымаў часопіс «Маладосць» № 2. З рубрыкі «Краязнаўчы даведнік», якая прысвечана літаратурным мясцінам Беларусі, даведаўся, што ў вёсцы Дубровы (яна ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў) жыў, вярнуўшыся з эміграцыі, польскі паэт і публіцыст Ляскарыс Ежы (1828—1888). І яшчэ: «У міжваенны перыяд, калі вёска ўваходзіла ў склад Польшчы, у Дубровах быў створаны гурток ТБШ па ініцыятыве камсамольцападпольшчыка, гімназіста Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, а пасля Віленскай беларускай гімназіі Таўпекі Уладзіміра. Гурткоўцы займаліся культурнаасветнай і літаратурнай дзейнасцю, ставілі «Паўлінку» Янкі Купалы». І ўсё. На жаль, у гэты «Краязнаўчы даведнік» не трапіў паэт Вячаслаў Міхасёнак, які доўгі час жыў у Дубровах і працаваў у мясцовай школе. У Вячаслава Міхасёнка ў гасцях бываў Уладзімір Караткевіч, які напрыканцы свайго кароткага жыцця каля Дуброў прыгледзеў на хутары хату пад лецішча і збіраўся яе купіць. Няма інфармацыі і пра мастачку Яўгенію Васілеўскую, якая нарадзілася 3 ліпеня 1928 года ў маіх Пугачах і, скончыўшы Маскоўскі мастацкі ўніверсітэт, яшчэ і сёння жыве ў Дубровах…

А мы ўсё пішам…

27.02.2011. Вяртаючыся з крамы, сустрэў былую суседку, якая гадоў пяць назад у нашым раёне купіла лепшую кватэру, чым мела. «Ну як жыццё?» – пацікавілася жанчына. «Нармальна»,– сказаў я. «А як там у вёсцы?» – працягнула дапытвацца былая суседка. «Нармальна. Бацька там жыве…» – адказаў я і пачуў: «Іншыя б у вёсцы трохпавярховы дом з ліфтам пабудавалі! А вы ўсё вершы пішаце, пішаце, пішаце...»



САКАВІК

* * *

1.03.2011. У апавяданне, у аповесць, у раман можна ўставіць верш гэтак жа, як у ружжо – патрон. Як нельга ўставіць ружжо ў патрон, так і ў верш нельга ўставіць ні раман, ні аповесць, ні апавяданне. І проза з вершам – гэта як кроў з малаком…

* * *

4.03.2011. Сонечная раніца. Месцамі з’явіліся першыя праталіны. Каля кантэйнераў са смеццем некалькі бамжоў дзеляць знойдзенае. І ў мяне ў галаве з’явіўся радок пад Саўрасава: «Бамжы прыляцелі…»

Пан міністр

5.03.2011. Сёння з Людмілай быў у Доме літаратара на прагоне спектакля ТЮГа «Пан міністр» па Францішку Аляхновічу. Напачатку было нудотна і хвілін дваццаць дзеі здавалася, што будзе і далей нейкая свіная нудота з чарцямі. Ды не! І калі ў канцы ў зале ўсе ўсталі і доўга апладзіравалі, то перада мной адзін драматург і адзін рэжысёр (яны сядзелі ў розных радах) проста стаялі, і я не змог зразумець па іх тварах: ці ім спектакль наогул не спадабаўся, ці аднаму такога ніколі не напісаць, а другому такога не паставіць…

Голая агітацыя

9.03.2011. Праходзячы каля нядаўна падрамантаванага цырка, узгадаў, як гадоў пяць таму хадзіў сюды на працягу трох месяцаў раз на тыдзень на запіс тэлепраграмы, якую вёў Ягор Хрусталёў, дзе спаборнічалі ў цыркавым майстэрстве вядомыя тэлежурналісты, эстрадныя спевакі і артысты. Напачатку на запіс тэлепраграмы два разы я схадзіў з жонкай, а потым яна не пайшла, бо ёй не спадабалася гэтае шоу, якое было скапіравана з расійскага і якое, у сваю чаргу, было здзёрта з амерыканскага. Каб не прападалі запрашэнні, я ўгаварыў Максіма (сыну тады было гадоў трынаццаць) хадзіць са мной у цырк. Пайшлі. У той вечар артысты тэатра, журналісты з АНТ, стаўшы часова цыркачамі, спаборнічалі паміж сабой у яздзе на конях. Ужо недзе праз паўгадзіны Максім заныў, просячыся дамоў. І тут раптам у падвешанай спявачкі, якую садзілі пацыркавому на каня, сарваўся станік і агаліліся грудзі. Увесь цырк ажыў і заапладзіраваў, а спявачка з голымі грудзямі хвілін дзесяць скакала па крузе арэны на кані. Пасля гэтага мне ўжо не трэба было агітаваць сына пайсці са мной у цырк на запіс шоу…

Лягчылаў і чытачка

10.03.2011. Ранкам мне на працу патэлефанавала жанчына: «Вы мяне не ведаеце, а я вас ведаю, як паэта, таму хачу з вамі пагаварыць».– «А ў чым справа?» – пацікавіўся я. «А справа ў тым, што мне ўжо пад восемдзесят і я люблю беларускую паэзію. Нядаўна купіла кніжку песень Аляксандра Лягчылава, якая выйшла ў вашым выдавецтве. І там я знайшла абдрукоўкі»,– сказала жанчына, і мы з ёй пагаварылі наконт памылак у кнігах. Потым жанчына расказала, што будучы на прэзентацыі кнігі Лягчылава ў гандлёвым каледжы, дзе ён працаваў, яе абурыла, што ніхто з запрошаных кампазітараў і выканаўцаў не прыйшоў. «Нядаўна я была ў «Кнігарні пісьменніка», дзе хацела купіць кніжку Лягчылава, каб падарыць знаёмай,– працягнула размову жанчына.– І мне сказалі, што такога паэта яны не ведаюць і кніжкі ў іх ягонай няма. Але пасля таго, як я пашумела, мне са склада прынеслі дзве кніжкі Лягчылава. На пытанне, чаму кніжку не выставілі ў зале, мне сказалі, што ёй ніхто не цікавіцца і яна на беларускай мове. Ну тут я і завялася, і сказала прадаўшчыцы, што калі б я не была старой, то дала б ёй за такія словы ў морду, але яна некалі нарвецца і ёй морду наб’юць за знявагу беларускай мовы…» Пасля размовы я даведаўся, што мне тэлефанавала жонка кампазітара Кіма Цесакова…

Янка Сіпакоў

10.03.2011. А палове другой патэлефанавала паэтка Марыя Панкова і, плачучы, паведаміла, што памёр Янка Сіпакоў. Адразу ўзгадалася, як зусім нядаўна Іван Данілавіч клапаціўся пра хутчэйшае выданне ў нашым выдавецтве ягонай кнігі «Двое на вуліцы» ў серыі «Проза ХХ стагоддзя». Выхад яе запланаваны на ліпень. Ён, нібыта адчуваў, што яму засталося жыць нямнога,– недзе з месяц назад прынёс спіс твораў, які абавязкова трэба ўключыць ў кнігу выбранага. І прынёс ён не толькі спіс, але і ранейшыя кнігі і часопісы, з якіх трэба рабіць набор для новага выдання. І яшчэ ўзгадалася, як Іван Данілавіч радаваўся, калі ў ліпені мінулага года мы выдалі ягоныя «Вершы, балады, прытчы» ў серыі «Школьная бібліятэка» накладам 17 119 асобнікаў. І мне было прыемна чуць, што я, як складальнік кнігі, выбраў тыя творы, якія б сам Іван Данілавіч уключыў у выдадзеную кнігу…

Вясновае…

12.03.2011. Тэлефонныя коды… Тэлефонныя воды… Тэлефонная вада… Нешта ў гэтым ёсць вясновае…

Жыццё і смерць

12.03.2011. «Перажыў два інфаркты, а памёр ад прападной язвы па дарозе ў лечкамісію. Пахавалі ў Калодзішчах…» – з размовы з сябрам пра Янку Сіпакова…

На галоўнай вуліцы Мінска…

14.03.2011. На галоўнай вуліцы Мінска, дзе цяпер ГУМ, у 1938 годзе стаяла цырульня. Хуткімі крокамі ў яе зайшоў малады чалавек. Падышоўшы да століка з прыборамі для стрыжкі, ён схапіў брытву і паласнуў сабе па шыі. Рана была не смяротная, і хлопец пасля лякарні трапіў у дурдом. Так беларуская літаратура страціла яшчэ аднаго паэта, талент якога быў на ўзроўні Максіма Багдановіча. Як звалі гэтага паэта і што яго падштурхнула да самагубства можна будзе даведацца з новай дакументальнаэнцыклапедычнай кнігі Леаніда Маракова «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940 гг.», працу над якой ён заканчвае...

Броўка і 25 працэнтаў

15.03.2011. Пад канец працоўнага дня зайшоў у кабінет да Юрася Пацюпы і Эдварда Карбановіча, дзе ўжо гасцяваў Міхась Шавыркін. Гаворачы пра літаратуру, Міхась Мікалаевіч узгадаў сваю працу ў энцыклапедыі пры Петрусю Броўку: «На той час з Масквы была ўстаноўка, каб у энцыклапедыю мы давалі не меней сарака працэнтаў пра сваё, пра нацыянальнае. Можна было і пяцьдзясят, але Броўка патрабаваў ад нас дваццаць пяць працэнтаў і не болей…»

Атамныя лічбы…

15.03.2011. Прагучала па тэлебачанні, што цяпер у свеце існуюць 443 атамныя электрастанцыі. З іх 18 – у Японіі, з якіх 11 у час землятрусу атрымалі пашкоджанні...

* * *

16.03.2011. Амаль дзве гадзіны быў на сустрэчы з адзінаццацікласнікамі ліцэя БДУ, якія, паступаючы вучыцца, хацелі стаць гісторыкамі. На сённяшні ж дзень некаторыя з іх плануюць пасля ліцэя пайсці на іншыя спецыяльнасці. Прыемна было даведацца, што ліцэісты нядаўна прачыталі новы раман Людмілы Рублеўскай «Сутарэнні Ромула», які ім вельмі спадабаўся. І наогул для іх мая Людміла з’яўляецца любімай пісьменніцай. На пытанне, што мне даюць сустрэчы з маладымі чытачамі, я адказаў: «Упэўненасць, што жыве Беларусь!»

Да і пасля

16.03.2011. Яшчэ зусім нядаўна да землятрусу і цунамі па тэлебачанні паказвалі Японію, дзе робаты могуць старому чалавеку паднесці стакан вады, прыбраць у кватэры, прайсці там, дзе чалавек не пройдзе. Цяпер мы бачым Японію бездапаможную перад атамнай катастрофай і тыя клапатлівыя робаты, пра якіх мы толькі можам марыць, нібы скрозь зямлю праваліліся…

Ранішняе тэлефанаванне

17.03.2011. Сем гадзін раніцы. Тэлефонны званок. Маці? Бацька? Падымаю нясмела слухаўку і чую знаёмы голас кампазітара Эміля Наско: «Прабач, але не вытрываў, каб не пазваніць! Гадзіну назад закончыў новы музычны твор на тваю баладу. Ты геній!» – «Ну і ты геній!» – адказаў я.

* * *

17.03.2011. Гаворым пра Японію. І раптам рыфма: «Японцы – стронцый…»

Забойчыя адзінкі…

18.03.2011. Амерыка. 11 верасня 2001 года. Тэракт… Японія. 11 сакавіка 2011 года. Землятрус. Цунамі. 11 атамных электрастанцый пашкоджаны…

Камень

18.03.2011. (Прыснілася.) Пустэльня. Па пяску, як па вадзе, няспешна паўзе, як плыве, велізарная, як шчыт воя Рымскай імперыі, чарапаха. На чарапасе стаіць келіх з чырвоным віном, як з крывёй. Трымаючы ў руцэ свечку, іду следам за чарапахай. Пясок мне апякае босыя ногі, а свечкі агеньчык трапечацца, як залаты матыль, які хоча з маёй рукі ўзяць свечку і панесці яе, як саломінку, да егіпецкай піраміды, якая, нібыта складзена з цюкоў саломы, бачыцца на даляглядзе. І раптам пясок робіцца чорным, як вуголле, і чарапаха вялікай рудой птушкай узлятае ў белае, як марля, неба. Свечка ў маіх руках тухне і ламаецца, як саломінка, а келіх з віном падае мне пад ногі і разбіваецца аб камень, на якім напісана: «ЯПОНІЯ».

З пад’езда № 6

19.03.2011. Кожны дзень у 9 гадзін раніцы, бывала крыху пазней, з пад’езда № 6 выходзіў высокі стары і выносіў смецце ў невялікім сінім вядры. Учора старога са смеццем не было бачна ўвесь дзень. Сёння з пад’езда вынеслі старога ў вялікай сіняй труне…

Ніна Маеўская

20.03.2011. Учора ад інсульту памерла пісьменніца Ніна Маеўская. Нарадзілася Ніна Васільеўна 4 снежня 1938 года ў горадзе Любань. Пасля факультэта журналістыкі працавала ў рэспубліканскіх выданнях, сярод якіх былі газета «Літаратура і мастацтва» і часопіс «Беларусь». Друкавацца Ніна Маеўская пачала ў 1955 годзе. Выдала зборнікі аповесцей і апавяданняў «Ляці, верабейка» (1969), «Агата» (1970), «Надзеевіч» (1983), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989) і іншыя. Апошнім часам пісала вершы, якія выйшлі ў свет некалькімі кнігамі. З Нінай Васільеўнай я працаваў у часопісе «Беларусь» напрыканцы 80х гадоў. Яна была ў аддзеле публіцыстыкі. З ёй было добра і ў час працы, і ў час адпачынку. На мінулым тыдні Ніна Васільеўна тэлефанавала мне ў выдавецтва. Дакладней, патэлефанаваў яе муж і потым перадаў ёй слухаўку. Калі б муж Ніны Васільеўны не сказаў, з кім буду гаварыць, я б не пазнаў па голасе пісьменніцу. Голас быў ахрыплы і слабы. Ніна Васільеўна прасіла абавязкова ўключыць яе апавяданні ў кніжку пра каханне, якая плануецца выдавецтвам на наступны год у серыі «Вера. Надзея. Любоў»…

Пытанне

20.03.2011. Гляджу па тэлевізары навіны з Японіі. Маладая такійка, маці, у якой двое дзяцей (аднаму два гады, другому яшчэ толькі месяц), скардзіцца ўсяму свету: «У Токіа няма ні вады, ні малака, ні падгузнікаў!..» Глядзець і слухаць жудасна. Але няўжо толькі жыхары тых тэрыторый, якія пацярпелі ад землятрусу і цунамі пастаўлялі ў сталіцу ваду, малако і падгузнікі?

Просьба…

21.03.2011. Не ведаю, як даўней, а цяпер у выдавецтва лісты ад чытачоў прыходзяць вельмі рэдка. Людзі часцей тэлефануюць. Нехта скардзіцца, што не можа набыць кнігу аўтара, якога ён любіць, а нехта дзякуе за добрае выданне, што выйшла ў «Мастацкай літаратуры». Сёння прыйшоў ліст з просьбай. Не магу ўтрымацца, каб не працытаваць: «Я хочу перевести на русский язык книгу Рыгора Ивановича Бородулина «Вечалье», год издания 1980 г. Без Вас он не обойдется. Вы знаете его координаты, телефон. Пожалуйста, вызовьте его к себе и покажите ему письма, что я написала ему на Ваш адрес. Я читала энциклопедию в нашей сельской библиотеке, она слишком старая. Там только написано о нем, что он работал в журнале «Нёман» с 1972 г. Я шлёпаться не могу далеко, ноги мои отмерзают. (…) Жду ответа от него, то есть справкуразрешение на перевод книги до 15 марта. А там я собираюсь ехать на родину. (…) Там остался текучий дом по козырьку, его сбили, сбили железный парадный карниз, сняли (украли) железные ворота, нет сарая, где можно растить свиней. Я держу курей. Здесь у меня командиры (…) перебили людьми нашими мне до 30 кур уже скоро нестись им было бы или несушек. В маленьком возрасте я любила кушать яйко, шпеко, млеко. (…) Надеюсь вы поможите мне горе отгоревать. Я не пью и не курю. У меня идет время медленно. Быстрее ответьте на маё письмо. Письмо мое Бородулину Р. И. разрешаю вам прочесть.

Здравствуйте, Грыгор Иванович!

(…) Мне от Вас надо письменное разрешение на перевод Вашей книги «Вечалье». Я переведу её на русский. У нас в Белоруссии любят Любовь Донцову. Я переведу Вашу, её будут читать в России. Может и её будут любить там. За перевод я прошу Вас не деньги, а печатную машинку электрическую «Оптиму» или другую, но электрическую. Разрешение надо заверить в Натариусе, так как я не имею права дотрагиваться без Вашего разрешения к Вашим книгам. 17.03.2011 г.».

Дзве смерці…

21.03.2011. «Памёр мядзведзь Кнут – жыхар берлінскага заапарка. 19 сакавіка 2011 года яго знайшлі ў басейне пасярод вальера. Абставіны і прычыны гібелі мядзведзя пакуль невядомыя». Гэтая навіна не сыходзіць са сродкаў масавай інфармацыі. А тое, што 19 сакавіка памёрла беларуская пісьменніца, акрамя яе родных і суседзяў амаль ніхто больш і не заўважыў. Ці то пісьменнікаў вельмі многа, ці то мядзведзяў вельмі мала?..

Было…

21.03.2011. У выдавецтва прыходзіў Уладзімір Сцяпан. Збіраемся выдаваць ягоную кнігу пра мастака Сяргея Каткова, якому 1 кастрычніка з дня народзінаў будзе 100 гадоў. Пагаварылі пра жыццё. Валодзя пайшоў, а мне ўзгадаліся 80я гады і падвал пад «Кнігарняй пісьменніка», дзе Сцяпан з Глобусам працавалі мастакаміафарміцелямі. Я да іх часта прыходзіў, і мы пілі каву, чыталі адзін аднаму новыя творы, марылі. Было хораша. Нешта збылося, а нешта і забылася. Як гэта было даўно! Як гэта было нядаўна…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю