355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Пугачоўскі цырульнік » Текст книги (страница 14)
Пугачоўскі цырульнік
  • Текст добавлен: 30 ноября 2017, 18:30

Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 20 страниц)

Каля аднаго з уваходаў на могілкі прыгожы помнік на дзве магілы з пашкоджанымі фотаздымкамі, на якім напісана: «Збігнеў Каласінскі. Харцар 10й Віленскай дружыны. Загінуў на возеры Нарач 23 чэрвеня 1933 года, ратуючы калегаў. Матка і саюз асаднікаў». І тут жа: «Ян Панек. Сакратар рады ваяводскага саюза асаднікаў. Кавалер крыжа храбрых. Загінуў на возеры Нарач 11 ліпеня 1935 года»...

Па могілках з Людай хадзілі амаль дзве гадзіны. Дамоў ісці не спяшаліся, але дробны дождж напомніў, што пара вяртацца пакуль надвор’е нядрэннае і не сцямнела...

У вёсцы Нарач зайшлі ў касцёл. Якраз трапілі на віншаванне пробашча з імянінамі. Прыемна было чуць беларускую мову. Я сябе адчуваў чамусьці ў XIX стагоддзі...

А царква і сёння на замку...

Вярнуліся дамоў а палове дзявятай. Недзе праз гадзіну пайшоў вялікі дождж...

Нарач. Сямнаццаты дзень...

20.08.2011. Усю ноч ішоў дождж. І наш дом, нібы карабель, плыў праз зялёнае сасновае мора...

Чарга каля аддзялення «Беларусбанка» не прападае. Прыезджыя здаюць валюту, а мясцовыя тут жа купляюць. Усё па спіску, які ў сябе трымае мажная дзелавая жанчына. Кожны дзень па чарзе ў абменніку можна, калі пашанцуе, купіць як мінімум 100 даляраў і 3 тысячы расійскіх рублёў...

Па дарозе ў санаторый «Белая Русь», там дзе сустрэліся з вужыкам, бачылі вавёрку. «Відаць, у іх тут партал з аднаго лесу ў наш...» – пракаментаваў Максім...

Амаль кожны дзень ходзім у басейн плаваць. Сёння натрапілі на нейкую паўп’яную кампанію маладых мужыкоў і жанчын і ў басейне было, як у танным бардэлі...

У белых лебедзяў чорныя ногі...

Нарач. Васямнаццаты дзень...

21.08.2011. Дзень пачаўся з таго, што даведаліся пра смерць Віталя Скалабана...

Ідзе дождж. І мы збіраемся дамоў у Мінск. Жадання вяртацца аніякага – мне заўтра на працу...

Да прыпынку нас правёў Уладзімір Ермалаеў. Ён усё дзівіцца, як гэта Людміла можа пісаць так цікава гістарычныя творы...

У Мядзелі перад намі села маладая сям’я з дзяўчынкай, у якой увесь твар у кропках з зялёнкі. Малая хварэе на вятранку і ў яе тэмпература за 38...

Чым бліжэй пад’язджалі да Мінска, тым больш неба хмурэла, а на душы весялела з таго, што мы нядрэнна адпачылі...

Зайшлі ў сваю кватэру, як у падводную лодку...

Па просьбе…

23.08.2011. Пяць гадоў таму праз наш дом прайшоў капітальны рамонт. Па просьбе пенсіянераў былі пакінуты ў кватэрах газавыя калонкі для нагрэву вады. Нядаўна наша калонка пацякла, і я сёння патэлефанаваў майстру, каб яе адрамантаваць. «Дэталь, якую трэба памяняць каштуе 500 тысяч. За працу будзе тысяч 250. Прыязджаць?» – запытаўся майстра. «Прыязджайце…» – без інтузіязму адказаў я. Майстра працаваў гадзіны дзве, і я даведаўся, што ў нашым раёне ўжо ў многіх калонкі псаваліся і яму даводзілася чуць просьбы ад некаторых пенсіянераў: «Унучак, я атрымоўваю пенсію 600 тысяч, а тут трэба 750. Такіх грошай у мяне няма і не будзе, таму зусім адключай калонку!»

Чытачка

24.08.2011. Учора да Міхася Казлоўскага ў бібліятэку прыйшлі дзве дзяўчыны і адна з іх узяла чытаць маю кніжку «Страла кахання, любові крыж». Міхась тут жа запытаўся: «А чым вас Шніп зацікавіў?» – «Гэта – мой зямляк, і ён з маім старэйшым братам Грышкам аднакласнікі!» – адказала бландзінка. Сёння Міхась быў у Мінску і, зайшоўшы да мяне, расказаў пра знаёмства з маёй зямлячкай Ліляй Сасноўскай і папрасіў падпісаць ёй «Баладу камянёў», якую яна хоча пачытаць, бо «там вельмі шмат пра нашы родныя мясціны»…

Памянулі Скалабана

25.08.2011. Людміла на гэтым тыдні яшчэ ў адпачынку, і таму пасяджэнне суполкі «Літаратурнае прадмесце» адбылося ў нас дома. Прыйшлі: Мікола Кандратаў, Сева Гарачка, Наталка Кучмель, Таццяна Пратасевіч, Юрась Нераток, Рагнед Малахоўскі, Алесь Емяльянаў і Аліна Агрэніч. Памянулі Віталя Скалабана, які быў частым госцем і ў нас дома, і на пасяджэннях суполкі. Людміла зачытала артыкул падрыхтаваны разам з Віталем Уладзіміравічам, які, спадзяёмся, будзе хутка надрукаваны ў «СБ». За гарбатай чыталі вершы, жартавалі. Найбольш запомнілася сказанае Рагнедам Малахоўскім: «О, Беларусь – мая Людміла!..»

Аляксандр Станюта…

25.08.2011. Памёр Аляксандр Станюта. Месяц таму перад маім адпачынкам ягоны сын Дзмітрый прынёс мне падпісаныя кнігі. Людміла збіралася, выйшаўшы на працу, напісаць у свой «Кніжны навігатар» пра адну з іх. А я збіраўся на наступным тыдні пазваніць Аляксандру Аляксандравічу…

Мог бы быць, але…

26.08.2011. Гляджу на пачатак зносу пяціпавярховіка, дзе быў інтэрнат філфака БДУ, і ў думках лаюся: «Гэта ж мог бы быць вялікі літаратурны музей з мемарыяльнымі пакоямі многіх нашых класікаў, якія ў свой час, будучы студэнтамі, жылі ў інтэрнаце!»

Усё было хораша…

27.08.2011. З 26 па 28 жніўня ў Маладзечне праходзіць ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна2011». Недзе ў васьмі фестывалях я браў удзел. Быў і сёння. Усё было хораша хоць і не лепей, чым мінулы раз. І вельмі шкада, што за цэлы дзень шлях дзесяці паэтаў, якія былі ўдзельнікамі фестывалю, ні разу не перасекся са шляхамі выканаўцаў песень…

Няма таго…

28.08.2011. На вуліцы Румянцава, каля Дома літаратара, нядаўна знеслі стары Дом журналіста. Цяпер там велізарная яма, як пасля выбуху бомбы…

Пара…

28.08.2011. На пытанне: «Як там Наталля? Ці піша вершы?» – паэт, аўтар трох, а мо нават і ўжо чатырох кніжак вершаў Сева Гарачка, хвіліну памаўчаўшы, сказаў: «Усё! Пара сабраць грошы і выдаць першую кніжку жонкі!» Жонка ў Севы Гарачкі паэтка Наталля Бурдзейка…

Дзеці…

28.08.2011. Пад вечар у госці зайшоў сябра, які ў нас не быў цэлы год. Калі пачало цямнець, госць пацікавіўся: «А дзе ж вашы дзеці?» І мы з Людай амаль хорам адказалі: «Выраслі!»

Шышкі

29.08.2011. На сцяжыне праз сасоннік сухія пачарнелыя шышкі, як малыя вожыкі, якія прытварыліся мёртвымі, убачыўшы мяне…

* * *

29.08.2011. У кожным дурні ёсць нешта разумнае, а ў кожным разумным ёсць нешта дурное…

* * *

31.08.2011. Рана ці позна канчаецца ўсё. І вось закончыўся сыр у мышалоўцы…

* * *

31.08.2011. Вазон вырас такі вялікі, што спатрэбілася падпорка, каб ён не паламаўся. І я прынёс з вуліцы дубец. Праз месяц вазон засох, а дубец прарос…

Школа

31.08.2011. Цяпер амаль усе дзеці пішуць так, што нічога не разбярэш. А ўсё з таго, што ў школе не карыстаюцца пропісямі, па якіх можна навучыцца прыгожа пісаць. Помню па сённяшні дзень, як мне пасля першага класа зза дрэннага почырку настаўніца задала на лета перапісаць у сшытак усю пропісь. Прайшоў месяц, прайшоў другі, праз тыдзень у школу, а я і не браўся за летняе заданне. Відаць, нічога б і не рабіў, калі б, не сустрэўшыся з настаўніцай, не пачуў грознае: «У школу прыходзь з перапісанай пропіссю, а калі ж нічога не пісаў, то можаш і далей гойсаць па палях!» Пасля гэтага цэлы тыдзень з раніцы да вечара, сапсаваўшы кучу сшыткаў, я выводзіў літаркі і ў школу прыйшоў з выкананым заданнем. І мая першая настаўніца, Марыя Вікенцьеўна Шніп, мяне пахваліла…



ВЕРАСЕНЬ

* * *

1.09.2011. Ідучы на працу і гледзячы на школьнікаў, у якіх пачаўся новы навучальны год, адчуў сябе шчаслівым. Нашы Вераніка і Максім – студэнты…

Каля школы…

1.09.2011. Каля школы, пазнаўшы здалёку сваіх аднакласніц, хлопец радасна пабег да іх. Дзяўчаты тут жа заўсміхаліся і былі, напэўна, гатовыя да абдымкаў, але хлопец, падбегшы да аднакласніц, разгублена спыніўся, убачыўшы, што за лета сяброўкі амаль на цэлую галаву сталі вышэйшымі за яго…

Яшчэ канікулы…

2.09.2011. У Веранікі і Максіма заняткі ў Акадэміі мастацтваў пачнуцца ў кастрычніку. Жылі б мы, як даўней, на вуліцы Бірузова, і быў бы жывы там наш сусед, ужо сёння б пайшоў ліст у міліцыю, што нашы дзеці нідзе не вучацца і не працуюць. Сусед на мяне пісаў, калі я жаніўся і хадзіў у часопіс «Беларусь», дзе працоўны дзень быў з 14й гадзіны па 17ю…

* * *

3.09.2011. Каля суседняга пад’езда стаяць алкаголікі не з нашага двара і гучна расказваюць адзін аднаму пра мінулую ноч. Я праходжу каля іх, як кот каля сабак…

Алесь Адамовіч

3.09.2011. Сёння споўнілася б 84 гады Алесю Адамовічу. Аднак гэта «пашпартны» дзень народзінаў. У сапраўднасці Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 жніўня 1926 года. У час вайны маці перапісала яго на год пазней, каб не пагналі ў Германію. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС Адамовіч, наперакор кіраўніцтву БССР, сцвярджаў, што сапраўдныя маштабы трагедыі і тое, наколькі Беларусь ад яе пацярпела, утойваюцца. Ён быў ініцыятарам ліста беларускіх навукоўцаў Міхаілу Гарбачову. За гэта партыйнае кіраўніцтва Беларусі пачало цкаваць яго, і Адамовіч мусіў з’ехаць у Маскву. Памятаю, як зімой 1987 года мы з Людмілай Рублеўскай пасля заняткаў у Літінстытуце ездзілі да Алеся Адамовіча ў бальніцу. Для яго наш прыезд быў вельмі нечаканым і прыемным. Гаварылі недзе каля гадзіны. На развітанне Алесь Міхайлавіч нам сказаў: «Абавязкова пасля вучобы вярніцеся ў Беларусь і беражыце адно аднаго!»

Валун на магіле…

3.09.2011. Восенню 2003 года з Вольгай Іпатавай, Лідзіяй Савік і Людмілай Рублеўскай ездзіў у Глуск на святкаванне юбілею Сяргея Грахоўскага. Па дарозе ў гарадскі пасёлак не абмінулі могілкі каля вёскі Глуша Бабруйскага раёна, дзе пахаваны Алесь Адамовіч, які памёр 26 студзеня 1994 года. Могілкі не надта вялікія, але вельмі зарослыя дрэвамі і кустамі. І калі б мы не ведалі, што на магіле ляжыць велізарны валун, на якім выбіта «Алесь Адамовіч», то, магчыма, і не знайшлі б, дзе пахаваны пісьменнік. Ужо тады надпіс было цяжка прачытаць, бо ён закарэў і пачаў зацягвацца мохам…

Геня Садоўская

5.09.2011. Хлопец быў вельмі цікаўны. І вось ён дзеля свайго нейкага дзіцячага эксперыменту падпаліў два кілаграмы пораху, што былі ў бацькі, які зрэдку хадзіў на паляванне. Порах хлопцу спаліў увесь твар. Пра гэтую бяду даведаліся яўрэі, якія тут жа параілі бацькам знявечанага схадзіць да Гені Садоўскай, якая лячыла апёкі. Старая яўрэйка вылечыла хлопца і ў яго на твары не засталося ні шрамчыка. І калі ж Геня Садоўская звярнулася да Машэрава, каб ён даў ёй лепшую кватэру і пенсію, а яна пасля гэтага перадасць сакрэт лячэння апёкаў, замест кватэры і пенсіі на Геню Садоўскую завялі крымінальную справу за незаконнае лячэнне людзей…

Угольнікаў у ліфце

7.09.2011. На працы, вяртаючыся з абеду, у ліфт зайшоў з мужчынам і дзвюма жанчынамі. Глянуўшы на мужчыну, які стаяў высока задзёршы нос, пазнаў у ім расійскага артыста Ігара Угольнікава. На шостым паверсе, дзе Міністэрства культуры, артыст выйшаў. Жанчыны тут жа ажывіліся: «Угольнікаў! Ну і гунуровы! Стаіць, як востры вугал праглынуў!» Прыйшоўшы да сябе ў кабінет, я заглянуў у інтэрнэт і даведаўся, што Ігар Угольнікаў цяпер старшыня тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы…

Трэніруюцца…

7.09.2011. Ужо тыдзень, як кожны дзень даю інтэрв’ю практыкантам розных выданняў. Пытанні ў большасці звычайныя, але ёсць і нечаканыя, і цікавыя. З нагоды ўсіх інтэрв’ю ў галаве ажыла прыпеўка: «Меня милый не целует. Говорит: «Потом! Потом!» Я иду, а он на крыше тренеруется с котом…»

«Лакаматыў» Яраслаўль…

7.09.2011. Усё лета чакаў хакея… А хакея заўтра не будзе… Будзе жалоба…

Панаехала гасцей…

9.09.2011. Мастак Алесь Квяткоўскі, завёзшы свае карціны ў Валожын, вяртаючыся дамоў, хацеў зазірнуць на якую гадзіну да Алеся Лася або Фэліка Янушкевіча. Сустрэцца не атрымалася – абодва мастакі заняты замежнымі гасцямі…

І я быў крытыкам…

9.09.2011. На пачатку 80х гадоў у «ЛіМе» ў аддзеле крытыкі працаваў Анатоль Сідарэвіч і я, як і многія з майго пакалення, дзякуючы яму, стаў пісаць рэцэнзіі. Крытыкуючы па заказе, я не адразу зразумеў, што займаюся не тым, чым трэба. І хоць я супрацоўнічаў з «ЛіМам» гады два, але за гэты час паспеў пакрыўдзіць некалькі добрых паэтаў. І сёння мне даўнымдаўно сорамна за тое, што я быў «крытыкам». А трыццаць гадоў назад некаторыя мае літаратурныя аднагодкі «вучылі пісаць» і Танка, і Шамякіна, і Гілевіча, і Барадуліна…

* * *

9.09.2011. Чым больш графаманісты чалавек, тым больш крыўдлівы…

* * *

10.09.2011. У апалай лістоце ёсць золата і смецце майго жыцця…

Дзесяць гадоў таму…

11.09.2011. Дзесяць гадоў таму, на другі дзень пасля тэрактаў у Амерыцы, мы з Людмілай ехалі ў цягніку Мінск – Вільнюс на выступленне ў Смаргонь. Было страшна, бо здавалася, што тэрарысты прылятуць на самалётах і ў Мінск. У нашым вагоне ехалі кантрабандысты, якія везлі цыгарэты і гарэлку на продаж. Праехаўшы Маладзечна, яны звярнуліся да нас, каб мы дапамаглі ім правезці іх тавар праз мытню. Пачуўшы, што выходзім у Смаргоні, кантрабандысты нам не паверылі і, раззлаваўшыся, больш ні да кога ў нашым вагоне не прыставалі…

* * *

11.09.2011. У прыцемку вялікі белы кот выйшаў з пад’езда і лёг на апалае на асфальце лісце. І цяпер ён як белая хмарка на зорным небе…

* * *

12.09.2011. Вечарэе. Чайкі над Свіслаччу, як вялікія белыя мухі над чорным восеньскім мёдам…

Ішоў прыгожа…

12.09.2011. Едучы на аўтобусе з працы па праспекце Пераможцаў, убачыў народнага артыста. Ён у рудой скуранцы, з кіёчкам у правай руцэ, пакульгваючы на левую нагу, з голай сівой галавой і ў чорных акулярах няспешна, час ад часу спыняючыся, ішоў сярод амаль бягучых людзей. Ішоў прыгожа, як кот Базіліа, у якога ў левай кішэні ляжалі пяць залатых манет ад Бураціна…

«Белтэлеком», хакеры і мы…

13.09.2011. З кіпы старых папер вывалілася паведамленне з «Белтэлекома» за 04.12.2006 года: «Вами не призведена оплата за услуги электросвязи в сумме 567 060 рублей. В случае неоплаты до 15.12.2006 г. телефон подлежит отключению». Тактак! Была справа! Гэта тады да нас праз інтэрнэт падключыліся хакеры і карысталіся нашым тэлефонам, як хацелі. Хакеры абабралі не толькі нас. У некаторых былі сумы па 2 мільёны. Нашы заявы, што мы невінаватыя і не тэлефанавалі ў Новую Зеландыю, нам не дапамаглі, і давялося выкласці 567 060 рублёў, каб зусім не застацца без тэлефона…

Кампазітарка…

13.09.2011. Па радыё невядомая мне кампазітарка хваліцца: «Нядаўна я сама пачала пісаць тэксты. Наш мэтр паэт Зотаў мне сказаў, што ты мяне без працы пакінеш, а я на гэта толькі пасмяялася, бо сапраўды ў мяне добрыя тэксты атрымоўваюцца. Нядаўна за дзень напісала чатыры песні і я думаю, што я цяпер абыдуся без паэтаў…»

На канцы свету…

14.09.2011. Патэлефанавалі з бібліятэкі, што ў Чыжоўцы, з просьбай выступіць перад чытачамі. «Добра, прыеду хоць вы і на канцы свету…» – рыфмаванкай адказаў я. «Так, за намі Чыжоўскія могілкі…» – працягнула тэму бібліятэкарка…

Еду…

14.09.2011. Еду ў тралейбусе. Падыходзіць кантралёр: «Вашы праяздныя дакументы?» – «Я студэнт!» – спакойна адказваю я. «А чаму сівы?» – «Цяжка вучыцца!»

З Раісай Баравіковай…

15.09.2011. З Раісай Баравіковай выступаў перад школьнікамі ў бібліятэцы № 11. Калі б мы самі праз амаль дзве гадзіны не спынілі імпрэзу, то школьнікі, відаць, замэнчылі б нас пытаннямі. Дамоў з Раісай Андрэеўнай вярталіся, як з маленькага і кволага беларускамоўнага раю…

На праспекце…

16.09.2011. На праспекце Пераможцаў сёння пачалі бурыць пяціпавярховік, дзе быў філфакаўскі інтэрнат, у якім жылі многія сёння вядомыя пісьменнікі. Пыл уздымаецца, як дым ад рукапісаў, якія гараць…

У краме…

17.09.2011. У краме, аплачваючы пляшку «чарніла», бамжыха, якая стаяла перада мной у чарзе, упусціла з рук кучу драбязы і пайшла. Я падняў грошы і, дагнаўшы жанчыну, аддаў ёй. І пачуў: «Благаславі вас Бог!»

Матылі і мухі

17.09.2011. Яна не магла спаць, бо ў ейным жываце былі матылі. І ён не мог спаць, бо ў ягоным носе былі мухі. А паміж імі былі незамкнутыя дзверы…

«Тайное сияние»

17.09.2011. З Людай хадзілі ў відэацэнтр, што ў «Сталіцы». Глядзелі артхаусную драму «Тайное сияние». Аўтар сцэнару і рэжысёр карэйскі міністр культуры Лі Чхан Дон. У зале акрамя нас былі яшчэ дзве дзяўчыны. Адна ўвесь фільм ела цукеркі, а другая то драмала скурчыўшыся, то, выцягнуўшы перад сабой свае доўгія ногі, балдзела ад фільма. Пасля «Тайного сияния» з Людай зайшліся ў кафэшку «Гарадок» і пасядзелі, п’ючы гарбату і абмяркоўваючы фільм, сярод маладых і закаханых…

* * *

18.09.2011. Неба чыстае, як Божае сумленне…

* * *

19.09.2011. У кніжках цішыня, як на могілках…

Мне…

20.09.2011. У сакратаркі на стале ўбачыў спісак супрацоўнікаў выдавецтва, дзе пазначана колькі каму гадоў. Мне… Няўжо столькі?

Нібыта ўчора…

21.09.2011. У часопісе «Маладосць» я ўпершыню надрукаваўся ў верасні 1979 года. Гартаючы нумар, натрапіў на артыкул Васіля Быкава «Пазначана высокаю гармоніяй» пра мастака Арлена Кашкурэвіча. Чытаецца, нібыта напісаўна ўчора, а вось гэтыя радкі прымушаюць задумацца над хуткаплыннасцю жыцця: «Некалькі год таму Арлен Кашкурэвіч здзейсніў даўнюю мару – ілюстраваў «Фаўста» Гётэ. У верасні Арлену Міхайлавічу спаўняецца 50 гадоў…» А ў гэтым годзе 15 верасня мастаку ўжо было 82…

Евгений вомифроТ з Уладзівастока

22.09.2011. З Уладзівастока ў выдавецтва прыйшла вялікая бандэроль з кніжкамі Яўгенія Трафімава. Аўтар спадзяецца, што мы іх перавыдадзім і заробім шмат грошай і для выдавецтва, і для яго. На вокладцы кніжкі «Морская береста» пад партрэтам аўтара змешчаны радкі з подпісам:

Судьба меня жала, что может быть краше,

А после дрожала под палубой нашей!

С чего и явилась такая проблема —

Душа разучилась писать неумело…

От спонсоров нету, поверьте, отбоя —

К ответу привлечь, как морской шум прибоя?!!

Евгений вомифроТ



Сярод пылу…

23.09.2011. Пад вокнамі на працы ўжо другі тыдзень бурыцца былы філфакаўскі інтэрнат. Ад пылу, які пранікае і ў наш дом, цяжка дыхаць. У некаторых супрацоўнікаў выдавецтва пачалася алергія. Гляджу праз акно на разваліны інтэрната і бачу, як сярод пылу ходзяць Яўгенія Янішчыц, Алесь Пісьмянкоў, Віктар Стрыжак, Уладзімір Марук і яшчэ каля сотні маладых, якіх я не магу пазнаць зза пылу, будучых вядомых паэтаў і празаікаў, і шукаюць свае ненапісаныя творы…

Псіхолаг

23.09.2011. Наша суседка працавала псіхолагам у школе. Мы разам некалькі разоў пілі гарбату. Пры сустрэчы суседка, як псіхолаг, вучыла нас, як трэба жыць, каб усё было добра, як у яе. І толькі мы пачалі верыць у псіхалагічныя парады, як адным восеньскім вечарам псіхолаг прыбегла да нас у кватэру са слязамі на вачах і крыкам: «Ратуйце! Мяне муж хоча застрэліць з паляўнічага ружжа!»

* * *

24.09.2011. Вечарам, як стала цямнець, на страху былога філфакаўскага інтэрната, які разбураецца, селі чайкі, што днём лёталі над Свіслаччу. І пакуль цямнела, чайкі бачыліся чыстымі блакнотамі, якія чакаюць новых вершаў…

* * *

24.09.2011. Мастацкія творы – каштоўныя каменьчыкі ў пяску жыцця, які прасыпаецца праз сіта вечнасці…

Не забівайце!

24.09.2011. Не забівайце матылька, калі ён заляціць да вас у хату. Матылёк і так жыве ўсяго два дні…

Чытаю Маркеса…

25.09.2011. Чытаю новы твор Маркеса «Воспоминания моих несчастных шлюшек». Гэта аповесць «о поре, когда желания еще живы, а силы уже на исходе,– и о странной, почти мистической любви, настигшей человека в конце бездарно прожитой жизни, полной унылой работы и пошлого, случайного секса». Сексам мяне не здзівіш, а засеў у мазгах вось гэты радок: «Ребенком я услышал, что когда человек умирает, вши, гнездившиеся в его волосах, в ужасе расползаются по подушке, к стыду близких...»

* * *

25.09.2011. Згорбленая старая з белым вялікім катом на плячы ходзіць па двары. Быў бы чорны кот, я б напісаў, што згорбленая старая, як ведзьма, ходзіць па нашым двары…

Кветкі

25.09.2011. Дамоў вярнулася Вераніка. Нанесла кучу розных кветак і цяпер у нас у кватэры, як у вершах Леаніда ДранькоМайсюка…

* * *

26.09.2011. На падлозе ляжыць куча кніжак, як куча распілаваных дошак, з якіх яшчэ нядаўна можна было збіць труну…

* * *

26.09.2011. У Басё прачытаў хоку «В доме поэтессы Сономэ»:

Нет! Не увидешь здесь

ни единой пылинки

на белизне хризантем.


Адразу ж узгадалася пісьменніца Марыя Вайцяшонак. У яе таксама не ўбачыш дома і на лецішчы ні адной пылінкі, і яна ў госці не пакліча, калі не будзе ўсё ў парадку ў гаспадарцы…

Неба белае…

27.09.2011. Неба белае, нібы пабеленае чайкамі, бо на чорным асфальце іх белае гаўно, як кроплі белай фарбы…

* * *

27.09.2011. Выйшла так, што некаторыя прыехалі ў сталіцу, каб напіцца і памерці, а думалі ж пра... А Бог іх ведае, што яны думалі... Памерлі ж...

* * *

27.09.2011. Шэрыя вераб’і і мышы ў шэрай траве шаргацяць апалым лісцем, як шэрыя мышы і вераб’і…

Бабкіна і прыбіральня

28.09.2011. У адну вайсковую частку прыязджала з канцэртам расійская спявачка Бабкіна. Для яе спецыяльна была пабудавана прыбіральня, у якой, жартам кажучы, можна жыць. Бабкіна выступіла і паехала далей, не зайшоўшы ў прыбіральню…

Быць у дарозе…

28.09.2011. «Быть в дороге. Иллюзия счастья. Гарантированные 12 часов возможности не решать проблему»,– піша пісьменніца. Так, сваю праблему можна і не рашаць, аднак ніхто не дае гарантый, што самалёт ці цягнік, якім ты падарожнічаеш, не ляснецца…

* * *

28.09.2011. З памяці ўсплыло ці цяпер зарыфмавалася:

Забудзь мяне, і я цябе забуду,

Як попел забывае пра агонь

У час дажджу, які нібы атрута,

Што прапякла Хрыстовую далонь…



* * *

30.09.2011. Стаю на прыпынку каля цырка. І раптам прыгожая і маладая каля мяне, як каля смерці, прайшла…

Узгадалі Уладзіміра Юрэвіча

30.09.2011. Выступаў у Музеі Янкі Купалы на вечарыне, прысвечанай 95годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Юрэвіча. Узгадалася, як у 1996 годзе мы разам адпачывалі ў Доме творчасці «Іслач». Уладзімір Міхайлавіч быў з дачкой Галінай, а я з жонкай і малымі дзецьмі Веранікай і Максімам. Амаль кожны дзень разам гулялі па лесе. Уладзімір Міхайлавіч расказваў дзецям цікавыя гісторыі пра лясных жыхароў, а з Людмілай і мной гаварыў пра літаратуру. У сталовай кармілі не заўсёды добра – і я атруціўся. І вось сяджу на лавачцы, трымаюся за жывот і грэюся на сонцы ні на што не спадзеючыся. Лякарства аніякага ні ў нас, ні ў здраўпункце. І калі б Уладзімір Міхайлавіч не даведаўся пра маю хваробу, то, відаць, мы б раней тэрміну вярнуліся дамоў, а так ён прыслаў да нас дачку з лекамі, і я, выпіўшы пару таблетак, хутка ачуняў. Пасля майго выздараўлення мы яшчэ бліжэй пазнаёміліся і кожны дзень праводзілі ў шчырых і доўгіх размовах…



КАСТРЫЧНІК

Нельга забыць…

1.10.2011. З Людмілай хадзілі ў Музей Янкі Купалы на паэтычны канцэрт да Міжнароднага дня музыкі, арганізаваны і праведзены Вікай Трэнас і Юляй Новік. Тры гадзіны ў паўнюткай зале праляцелі незаўважна, бо ўсё было цікава і непаўторна. Думаю, што найбольш з паэтаў усім запомняцца Георгій Барташ і Віктар Лупасін, а з музыкаў гурт «Нельга забыць». Галасавая паэзія Дзмітрыя Строцава абудзіла варон у Купалаўскім скверы, і яны, пакуль паэт шаманіў, з вар’яцкім карканнем кружыліся над музеем, дзе, акрамя жывых слухачоў, прысутнічалі: бронзавы Купала, нядаўні юбіляр Уладзімір Юрэвіч (партрэт, яго вечарына прайшла ўчора) і развешаныя на сценах вялікія фотаздымкі жыхароў Афрыкі…

* * *

2.10.2011. Быў у Алеся Квяткоўскага. Малюе Канстанцыю Буйло. Пакуль што паэтэса мёртвая…

Бунін і сучкі

2.10.2011. З Людмілай паглядзелі фільм Учыцеля «Дзённік ягонай жонкі» пра жыццё Буніна ў эміграцыі. Фільм павучальны – нават Нобелеўскаму лаўрэату няма чаго ў старасці бегаць за маладымі дзеўкамі, бо ўсё скончыцца тым, што свае новыя творы будзеш чытаць сабаку, прынесенаму з вуліцы: «Адной сучкай дома болей ці меней – усё роўна…» Ад таго, што ў фільме не прагучала аніводнага верша Буніна, я знайшоў томік паэта і мы з Людай пачыталі ягоныя вершы ўслых адно аднаму. Хацелі пачытаць і вершы, напісаныя ў эміграцыі, але ў кніжцы, якая выйшла ў Маскве ў 1986 годзе пасля твораў, якія пазначаны 1927 годам, адразу ідуць творы за 1947 год…

НЛА над Маладзечнам

3.10.2011. Пад абед з Маладзечна да мяне на працу прыехаў Міхась Казлоўскі і адразу ж з парога: «Слухай! Не паверыш, што я сёння раніцай бачыў! Сэрца і цяпер калоціцца! Ідучы каля могілак на электрычку на прыпынак «Фестывальны», раптам убачыў высока ў небе велізарнае кола, якое складалася з невялікіх колаў і круцілася то ў адзін бок, то ў другі, час ад часу знікаючы і зноў з’яўляючыся! Я перапалохаўся! А тым больш што нікога нідзе побач! Што гэта было? Не ведаю!» – «Відаць, іншапланетны карабель прылятаў на нашы «Дажынкі» паглядзець…» – я выказаў сваё меркаванне, і Міхась, пагадзіўшыся са мной, яшчэ раз эмацыйна расказаў пра НЛА, убачаны над ускрайкам Маладзечна…

Мой Маладзечанскі край

4.10.2011. У выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга «Маладзечанскі край». Укладанне і фота зрабіў Ігар ПешахонцаўМіцкевіч, тэксты напісаў Міхась Казлоўскі. Тэлефаную Міхасю і, віншуючы з выхадам цудоўнай кнігі, кажу: «Добра, што на беларускай мове!» – «А я паруску б і не браўся рабіць кнігу!» – адказвае сябра.

Аляхновічы

У 1483 годзе ў летапісах упамінаецца ваявода віленскі Алехна і, магчыма, назва вёскі Аляхновічы мае дачыненне да яго прозвішча. А наогул сама вёска згадваецца пачынаючы з ХVІІІ стагоддзя пад назвамі Алехнаўцы, Алехнаўка. У 1872 годзе праз вёску была пракладзена чыгунка, пабудаваны вакзал, які лічыцца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. З Аляхновіч да маіх Пугачоў праз Еленку недзе кіламетраў дзевяць. У Аляхновічах жыў настаўнік мясцовай школы Яраслаў Масеевіч Касцюк (люты 1928 – зіма 2009). Да яго некалькі разоў у госці я хадзіў з Міхасём Казлоўскім. І сёння памятаецца, як аднойчы зімой, заседзеўшыся ў Яраслава Масеевіча, мы засталіся начаваць. У тую ноч быў такі моцны мароз, што мы ў зале спалі апрануўшыся і ў шапках. Раніцай грэліся гарбатай і маімі вершамі…

Гарадок

Вёска Гарадок вядома з ХVІІ стагоддзя. У розныя гады належала Радзівілам, Галынскім, Карпіцкім, Тышкевічам. З’яўлялася цэнтрам культурнага, сацыяльнаэканамічнага і рэлігійнага жыцця рэгіёна. Тут адбываліся кірмашы, працавалі народныя вучылішчы, беларуская гімназія, праваслаўныя цэрквы і сінагогі. З мінулага да нашых дзён захаваліся царква (помнік архітэктуры рэтраспектыўнарускага стылю) і вадзяны млын (помнік парамысловай архітэктуры з элементамі готыкі). З Гарадка да маіх Пугачоў 8 км. З гарадоцкай кнігарні, калі мне было дзесяць гадоў, бацькі прывезлі аповесць «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, якая стала адным з маіх любімых твораў…

Краснае

Назва Краснае Сяло ўпамінаецца ў ХV стагоддзі як вялікакняжацкае ўладанне. З’яўлялася цэнтрам Краснасельскага староства ў Менскім павеце і ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. 15 жніўня 1908 года закладзены каменны касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Марыі Панны, узвядзенне якога было завершана ў 1912 годзе. Помнік архітэктуры неаготыкі. Думаю, што Максім Багдановіч у 1911 годзе, жывучы ў Ракуцёўшчыне, якая ў некалькіх кіламетрах ад Краснага, бачыў як будуецца касцёл…

Плябань

Плябань вядома з ХV стагоддзя. У 1800 годзе «плябан Краснасельскі канонік Казімір Харэвіч касцёл мураваны заснаваў з закрыстыяй з правага боку». У 1872 годзе касцёл быў перабудаваны пад праваслаўную царкву. У Плябані знаходзіцца раённая мастацкая галерэя, на мясцовых могілках пахаваны паўстанцы атрада Юльяна Бакшанскага. У свой час краязнаўца Міхась Казлоўскі быў правадніком для сяброў суполкі «Літаратурнае прадмесце» да гэтай магілы…

Радашковічы

Радашковічы размешчаны на ўскрайку Мінскага ўзвышша пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1447 годзе, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. Радашковічы з’яўляліся ўласнасцю князёў Гаштольдаў, Глябовічаў, Агінскіх і Радзівілаў. У 1569 годзе Радашковічы атрымалі магдэбурскае права, а ў 1792 годзе – герб: на срэбраным полі паясная выява Святога Стафана, пабітага камянямі. У 1939 годзе з Радашковіч мой дзед Юзя адпраўляўся ў войска польскае ваяваць з немцамі, а ў 1951 годзе мой бацька ішоў служыць Сталіну…

Ракуцёўшчына

Ракуцёўшчына ўпершыню ўпамінаецца ў ХVІІ стагоддзі. У 1897 годзе – вёска (11 двароў, 81 жыхар) і фальварак (1 двор, 17 жыхароў). У 1911 годзе ў фальварку два летнія месяцы жыў Максім Багдановіч. На жаль, калі я вучыўся ў школе, мае настаўнікі не ведалі пра Ракуцёўшчыну, якая ад маіх Пугачоў у 20 кіламетрах, а то я схадзіў бы да Максіма Багдановіча з вершамі, як у 1972 годзе хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы…

Хоўхлава

Хоўхлава ў афіцыйных крыніцах згадваецца з ХV стагоддзя. У 1565 годзе пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага ў Хоўхлава прыехаў і нейкі час там жыў Сымон Будны. Менавіта ў гэтым старажытным паселішчы ім была напісана кніга «Аб зачацці сына Божага». У памяць аб славутым жыхары некалькі гадоў назад на будынку мясцовай школы з’явілася мемарыяльная шыльда. У 1738 годзе у заходняй частцы вёскі на ўзвышшы быў узведзены касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны. Храм драўляны, пабудаваны ў стылі барока з элементамі класіцызму. У 1846—1847 гадах мясцовы пан Вікенцій Язвінскі збудаваў за касцёлам каменную капліцу, якая выконвала ролю пахавальні для мясцовых магнатаў. З маіх Пугачоў да Хоўхлава кіламетраў дваццаць…

* * *

5.10.2011. Сёння закончылі разбураць былы філфакаўскі інтэрнат. І цяпер па велізарнай кучы будаўнічага друзу і смецця лазяць экскаватары і пагрузчыкі, як жалезныя бамжы…

Праблемы…

6.10.2011. Праблемы са старымі бацькамі не даюць спакойна жыць і працаваць, таму і з’явіліся вось гэтыя радкі:

Як на чорнай галеры,

Да вясла прыкаваны,

Ты і сёння на працы.

І глядзіш на шпалеры,

Як на ціш акіяна,

Як праз краты, праз пальцы.

На адным з іх пярсцёнак

Залаты, як былое,

Калі ты быў дзіцёнак

І было залатое

Нават тое, што смеццем

Пад нагамі ляжала…



* * *

6.10.2011. «А я па праспекце не хаджу, а ўсё па завулках і тупіках…» – падумалася, гледзячы на людзей з аўтобуса на праспекце Незалежнасці…

* * *

6.10.2011. Калі вучыўся ў архітэктурнабудаўнічым тэхнікуме, некаторыя заняткі ў нас адбываліся ў бомбасховішчы. І мне, галоднаму студэнту, часам здавалася, што мы на вайне…

* * *

6.10.2011. Рэдактар сярод мёртвых рукапісаў, як Харон…

Не былі і былі…

8.10.2011. Пра імпрэзу «Зярно к зярняці…», якая была прысвечана 95годдзю з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Юрэвіча і прайшла ў Музеі Янкі Купалы, я ўжо запісваў у сваім дзённіку. Пра гэтую імпрэзу ў некаторых газетах з’явілася інфармацыя. «На вечарыне апроч пісьменнікаў і навукоўцаў Вячаслава Рагойшы, Міколы Аўрамчыка, Анатоля Бутэвіча, Навума Гальпяровіча ды іншых выступілі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» – так піша адна газета, але ж на вечарыне ні Рагойшы, ні Аўрамчыка, ні Бутэвіча не было. Гэта значыць, што інфармацыя напісана з прэсліста, які быў распаўсюджаны загадзя. У другой газеце чытаем: «Сярод гасцей былі і вядомыя літаратуразнаўцы, пісьменнікі: Навум Гальпяровіч, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Віктар Шніп, Мікола Аўрамчык, Вячаслаў Рагойша, Алесь Бадак». Зноў у перакліку ёсць пісьменнікі, якіх не было ў музеі: «М. Аўрамчык, В. Рагойша, А. Бадак». Дарэчы, карэспандэнтка з гэтай газеты прысутнічала і ўвесь час нешта запісвала. На вечарыне выступала Галіна Шаблінская, але, мяркуючы па прыведзеных інфармацыях, яе не было…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю