Текст книги "Канвеер"
Автор книги: Андрэй Латыголец
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 15 страниц)
8
Як жа часам усё бывае непрадказальна. Трымаеш час, думаеш, што ён у тваіх руках, выкручваеш з яго апошнія сокі, а потым аказваецца, што ён выслізнуў з тваёй хваткі і табе ўжо ніколі яго не злавіць.
Дзяніс ехаў у аўтобусе і знешне быў спакойным, здавалася, нічога не прадвяшчала ў ім істотных перамен. Аднак унутры яго адбывалася зусім іншае: душа кіпела, нібы ў пякельным катле. Вядома, не кожны дзень пачуеш, што ўсе масты спаленыя і другая палова, так бы мовіць, падсела на здраду. Але ён трымаўся малайцом і вырашыў не здавацца.
За акном ужо даўно пацямнела і асабіста для Дзяніса гэта магло значыць толькі адно – набліжаецца трэцяя змена. Канвеер, чорт яго падзяры! Проста цудоўны кантраст з сапраўднай драмай, якая нядаўна з ім адбылася. Толькі пакуль яшчэ ён не паспеў гэта ўсвядоміць – усё самае горшае чакала наперадзе, калі ён прыйдзе дамоў, ляжа ў сваім пакоі на канапу, заплюшчыць вочы і зразумее, што застаўся адзін.
У салоне было амаль бязлюдна і Дзяніс паспрабаваў аддацца сну. Зрабіць гэта аказалася не проста. Яго думкі пачалі пракручваць кароткаметражку: з’явілася постаць фатальнай дзяўчыны з агністымі валасамі. Іра, чамусьці, танчыла, гукі музыкі былі прыглушанымі, але Дзяніс пазнаў у іх рок-н-рольныя рыфы. Яна круцілася па крузе, як ваўчок, развіваючы свае доўгія валасы, чырванеючы і ўсміхаючыся. Дзяніс не здолеў гэтага вытрымаць і рэзка пралупіў вочы, як быццам убачыў страшны сон. Яна сапраўды глыбока закранула яго сэрца. Ён моцна прыкусіў ніжнюю губу, каб пазбавіцца ад прыступу сваёй слабасці і дзеля разрадкі, моцна ўрэзаў кулаком па сядзенні спераду. Жанчына, што сядзела непадалёк ад Дзяніса, сутаргава азірнулася на яго, але прачытаўшы ў зласліва-варожым позірку “каціся адсюль, дура”, хутка адвярнулася. Яму патрэбна было сканцэнтравацца, бо ён ні ў якім разе не хацеў выносіць свой боль за межы сваіх эмоцый. Яго праблемы павінны былі заставацца яго ўласнымі праблемамі.
Было лета. Ціхая бесклапотная пара.
Гадзіну таму ён выйшаў з яе кватэры, сеў у мятро, потым з перасадкамі аўтобус-тралейбус, паехаў на завод.
Калі яны спускаліся з даху, Дзяніс адчуваў, як пад вагай яго цела дрыжалі ногі. У галаве стаяў тлум, які нагадваў невялікае ап’яненне. Іра ўзяла яго за руку і як ні ў чым не хаджала, павяла да сябе. Яны зачынiлiся ў яе пакоі і заняліся сэксам. Упершыню Дзяніс горка плакаў, так, што слёзы засталіся на яе разагрэтых грудзях. Потым ён ляжаў на спіне, глядзеў у столь, а Іра гладзіла яго па галаве і суцішала, як дзіцяці: “Супакойся, не трэба”. Гэта былі самыя прыемныя і, у сваю чаргу, самыя меладраматычныя хвіліны ў яго жыцці.
Растаючыся, яны вырашылі заставіць паміж сабой цёплыя адносіны.
А аўтобус каціў далей, разбіваючы жалезным корпусам аселую ў паветры дзённую спёку. З адчыненага акна веяла начной прахалодай і пахам індустрыяльнага горада. Усё было па-ранейшаму, усё вярталася на кругі свая. І на гэтым фоне адчуванне яго душэўнай ёлкасці пачало саступаць месца таямнічаму голасу, які зусім нечакана з’явіўся ў яго розуме. Ён нагадваў тонкую валасінку нерва, якая балюча тачыла яго мазгі, як чарвяк, і прымусова нагадвала: Канвеер!!! Канвеер!!! Канвеер!!! …
…глядзі, што з табой зрабіла гэтая дрэннае дзяўчо, хіба ты варты такога звароту?.. Выкінь яе з галавы і засяродзься на працы. Нам патрэбныя твае рукі. Ты і сам добра ведаеш, што без звяна ланцуг распадзецца. Прыйдзі ж да нас! Канвеер!!! Ты зроблены з запчастак, цябе таксама сабралі на канвееры. Ты – мая дэталь! Канвеер!!! Усё, што ты ўбачыш далей, не павінна цябе здзівіць… здзівіць… здзівіць… проста працуй… цуй… цуй!.. АСЯМ! УОРК! ЦЬОЛП! Есці, нам патрэбна есці. Канвеер!!! Убачыўшы святло ў канцы тунэля, паспрабуй яго злавіць! Ха-ха-ха! Так бо?! Няпраўда? “Ты не слабак, ты проста эгацэнтрыст у агульным крузе слабакоў”. Засталася адна хвіліна! “Мы робім свой першы крок, мы граем old sсhool панк-рок!” Прымацоўвай папярочку! Ты ўжо нічога не зможаш зрабіць. Усё вызначана за цябе. Гульня да пераможнага канца. Кожнаму сваё. А ты думаў, што некаму патрэбен у гэтым свеце?! Ёлуп! Што магу прапанаваць я? Працу. Выключна працу. Таму што толькі праца пазбаўляе ад лішкаў духоўнага ператамлення. І ўвогуле, што гэта за старамоднае слова “духоўнае”. Тэхнакратычнае грамадства не вымаўляе і не разумее яго. Замест сэрца – клапан унутранага згарання. Выпі змазвальнага масла! Ты ведаеш сваё новае імя?.. Твой табельны нумар 021854. Выраблены ў БССР, замацаваны ў РБ – гатовы да ўжывання. Засталося дваццаць секунд! Адчуваеш незвычайнае трымценне ў тым месцы, што якісьці дурань назваў ёмішчам душы – гэта твой новы (сапраўдны) лёс. Сістэма!!! Канвеер!!! Засталося дзесяць секунд! Ты наш! Адна секунда! Апрацоўка скончаная.
– …Малады чалавек?!.. З вамі ўсё ў парадку?!.. – Дзяніс прачнуўся ад штуршкоў у плячо, прадраў вочы і ўбачыў перад сабой тую жанчыну, якую пераважна нядаўна напалохаў сваім позіркам.
– Што здарылася? – спытаў ён, аглядаючыся па баках.
– Вас трэсла, нібы ў ліхаманцы, – трывожна сказала яна.
Дзяніс сцёр з ілба буйныя кроплі поту.
– Усё добра, я трохі ператаміўся, дзякуй, – паспрабаваў супакоіць яе Дзяніс.
Жанчына разгублена адышла на сваё месца і толькі цяпер ён убачыў, што акрамя іх у аўтобусе нікога не было. Па шкле гідка барабаніў дробны дождж, а ў небе пачало пабліскваць. І Дзяніс падумаў, што фінал для сённяшняга дня быў больш чым самы падыходны.
Тым часам аўтобус набліжаўся да заводу. Каля прыпынку ён выпусціў Дзяніса, гучна зачыніў за сабой дзверы і хутка паехаў прэч, нават занадта хутка.
Апынуўшыся тварам да твару з заводам лядоўняў, Дзяніс звярнуў увагу на незвычайную цішыню, якая лунала ў прахалодным паветры: не было чуваць ні машын, ні людзей і толькі над прахадной, пад штучным зямным шарам сіняга колеру ў начной цемені яскрава зеўраў надпіс “Тытан”. Каб не намокнуць, Дзяніс хуткімі крокамі ўзышоў па прыступках, прайшоў каля фантана з такім жа штучным шарам і падышоў да галоўных дзвярэй. Яны, як заўжды, самастойна расчыніліся і знутры на яго патыхнула цеплынёй. Магчыма, упершыню Дзянісу захацелася зайсці ўнутр, што ён ахвотна і зрабіў.
Прахадная аказалася пустой. У вахцёрскай кабінцы нікога не было, як нікога не было і вакол. Ён падышоў бліжэй да прапускнога пункта і як кожны ў такой сітуацыі вырашыў пачакаць. Праз пяць хвілін нічога не змянілася. Праз дзесяць усё заставалася па-ранейшаму. Дзяніс паглядзеў на гадзіннік, што вісеў на сцяне за кабінай – да пачатку трэцяй змены заставалася дзесяць хвілін. Ён пагукаў прахадную басавітым “гэй”, але пачуў толькі ўласнае рэха. Першае, што прыйшло яму ў галаву, было ўспрынята з ноткай радаснага натхнення – канвеер зламаўся, завод зачынены, а гэта значыць – можна паварочваць назад. Аказія! Палягчэнне надышло імгненна і каб захаваць яго салодкі водар, Дзяніс вырашыў не губляць часу.
Ён развярнуўся і пайшоў да выхаду. У гэты момант за яго спінай пачуўся ляскат. Дзяніс рэзка азірнуўся і ўбачыў тое, ад чаго яго сэрца схапіла ў ціскі – турнікет быў адчынены.
“Значыць за мной сочаць, – падумаў ён, – тыпа праверка на вашывасць, маці вашую”.
Прыйшлося вяртацца зваротна. Новыя метады пропуску на тэрыторыю заводу яго зусім не ўразілі.
На іншым баку прахадной Дзяніса адразу абцяжарыла пачуццё назойлівай неабходнасці працаваць, але голас з глыбіняў яго розуму падштурхоўваў наперад: “Хутчэй!”
І ён пайшоў. У які ўжо раз падняўся на другі паверх і зайшоў у гардэроб. Цішыня была мёртвай. Па скуры Дзяніса прабегла першая дрыготка і адначасова з’явілася падазронасць.
“Што за чорт?!” – падумаў ён. – Дзе падзеліся людзі?”
І перад тым, каб зрабіць крок наперад, Дзяніс выгукнуў:
– Ёсць тут хто жывы?! Людзі?!
Голас разнёсся па ўсім гардэробе. Ад гэтага яму стала жудаснавата. А яшчэ ўчора тут стаяла гамана і зычныя галасы мужыкоў насычалі гэтыя сцены жыццём. Прынамсі, учора была гардэробніца, яна сядзела ў сваёй каморцы і лузгала семечкі, праз адчыненыя дзверы было бачна, як яна п’е гарбату і чытае газету. Дзяніс пайшоў у той бок і ўзяўся за дзвярную ручку – зачынена. Гэта ўжо пераходзіла ўсялякія межы. Яму зноў захацелася павярнуцца зваротна і сысці, проста збегчы адтуль прэч, але адчуванне працоўнага абавязку нястомна вабіла яго, прымушаючы ісці да канца. І, бадай, адзінае, што супакойвала страх, які пачынаў нараджацца ў яго душы, быў гардэробны смурод – самы натуральны і нязменны ў дзіўным арэоле таго, што адбывалася вакол.
Дзверцы нумарнога шафіку паддаліся лёгка. Дзяніс дастаў робу і ў гэты раз вырашыў не марудзіць.
“Трэба схадзіць на канвеер, калі ўжо і там нікога не будзе, значыць я сапраўдны ёлуп. Падумаць толькі, адзін з усяго заводу выйшаў на змену. Аднак чаму майстар Прошын не папярэдзіў мяне?” – усё гэта вярцелася ў яго галаве, пакуль ён пераапранаўся.
Ужо спускаючыся па лесвіцы, Дзяніс успомніў, што пакінуў у джынсах мабільны тэлефон. Прыйшлося вярнуўся назад. Менавіта тады ён і стаў сведкам чарговай дзіўнасці. Дзверы гардэроба аказаліся наглуха зачыненыя. Хвіліну ці больш Дзяніс знаходзіўся ў ступары. Менш усяго ён хацеў бы стаць героем фільма Дэвіда Лінча. Прыйшоўшы ў сябе, Дзяніс нерашуча пагрукаў у іх.
– Адчыніце, калі ласка, – звярнуўся ён невядома да каго. – Я забыў тэлефон.
Але знутры ніхто не адказаў.
– Гэта ўжо не смешна! – пачаў злавацца Дзяніс. – Зараз жа адчыніце!
Ніякай рэакцыі.
– Ну і каціцеся вы ў дупу, – моцна тузануўшы дзверы, гыркнуў Дзяніс.
Усе шляхі адступу былі перарэзаны. Дзянісу не заставалася нічога акрамя, як ісці назад.
Ён спусціўся ўніз і выйшаў на вуліцу. Цішыня і бязлюддзе яго ўжо не здзівілі, перайшоўшы ў ранг апатычнай заканамернасці. Толькі агідны дождж, які імжыў над гэтым абсурдам, надаваў спустошанай атмасферы крыху рэальнасці. Лаўкі, на якіх, звычайна, сядзелі працоўныя, папальваючы перад пачаткам змены – пуставалі. Каля бардзюраў у маўклівай нявызначанасці стаялі загружаныя гатовымі лядоўнямі фуры. Паўсюль гарэлі ліхтары і калі добра прыгледзецца, можна было заўважыць вакол іх плойму матылёў. Усё ж жыццё ў засценка “Тытана”, у нейкай форме, існавала. Дзяніс закрочыў па сваім звыклым маршруце: мінуў завадскую сталоўку і ўвайшоў у першы цэх.
Як ні дзіўна цэх аказаўся асветленым і ў самым яго канцы праз шырокія дзверы быў бачны ўваход у другі. Гэта падбадзёрвала рухацца наперад. І Дзяніс пайшоў. Праходзячы пасярэдзіне першага цэха, ён пачуў, як зверху вялікага памяшкання, там, дзе стаялі маставыя краны, штосьці загудзела. Дзяніс падняў галаву – нічога падазронага. Ён паскорыў крок.
У другім цэху асвятленне таксама было ўключана, па-ранейшаму смярдзела пластмасай і стаяў гуд, які зыходзіў з вентыляцыйных труб. На хвіліну ў Дзяніса з’явілася паранаідальнае адчуванне, што за ім назіраюць, як быццам на яго патыліцы існавала трэцяе вока. І ён бегам кінуўся праз увесь другі цэх, завярнуў налева і, урэшце, патрапіў у трэці.
Здалёк паказалася доўгая першая ветка канвеера і, здаецца, нечая галава. Дзяніс узрадаваўся: няўжо не адзін? Аднак абрыдлая цішыня панавала і там.
“Міраж”, – падумаў ён, але ўсё роўна пайшоў наперад.
Перш-наперш Дзяніс вырашыў праверыць сваё працоўнае месца, схадзіць на “лінію Краўса”, потым цалкам абыйсці ўвесь трэці цэх, і калі яго намаганні ў пошуках жывой душы будуць марнымі, павярнуць да чорта, выбіць дзверы ў гардэробе і збегчы адсюль назаўжды. Але гэтаму плану спраўдзіцца было не наканавана. Прыйшоўшы на працоўнае месца і, нікога там не заспеўшы, Дзяніс пачуў прыглушаны гоман, як раз у баку дыспетчарскай. Ён кінуўся туды і першае, што ўбачыў – шырокую спіну брыгадзіра Холадава. Падышоўшы бліжэй і астатніх.
Каля дыспетчарскай стоўпілася чалавек пяцьдзесят, некаторыя з іх былі знаёмыя Дзянісу твары: Чыпушыла з Рупарам, Грыша з Ласуном і Гестапа, Пазняк, Курва, Масла і Зіна, Снайпер з Дзятлам, і нават Пазаліні са сваімі хлопчыкамі Свістуляй і Підарам – усе працоўныя трэцяй змены. Не было толькі майстра Прошына і начальніка змены Фаруха Ібрагімавіча. Дзяніс паспрабаваў непрыкметна падысці да працоўных і злучыцца з натоўпам, каб застацца незаўважаным і не прыцягнуць да сябе лішняй увагі, але брыгадзір Холадаў, як усё роўна прадчуваючы яго набліжэнне, азірнуўся.
– О, яшчэ адзін пасажыр, падыходзь бліжэй, не саромейся! – загарлапаніў ён, так, што ўсе паглядзелі на Дзяніса і яму тут жа стала нязручна. Прыйшлося павітацца з брыгадзірам і пад пільнымі позіркамі насцярожаных мужчын і занепакоеных жанчын, далучыцца да працоўнай масы. Дзяніс стаў каля Снайпера і Дзятла. Павітаўшыся з імі, і перавёўшы дыханне, ён адразу ж спытаў:
– Што тут адбываецца?
– Дых шо там… гэт-сам, канв… стаіць, – працадзіў цераз тонкія вусны Дзяцел, якія зводзіла спазма і адначасовае заіканне.
Ініцыятыву пераняў Снайпер.
– Канвеер стаў. Няма падачы электрычнасці, хаця ўсе прыборы паказваюць працаздольнасць. Чакаем, вось, майстра, пайшоў разбірацца.
Дзяніс абвёў натоўп ацэньвальным позіркам і, ўздыхнуўшы, сказаў:
– Як быццам нічога не здарылася. А ў мяне яшчэ з прахадной падазронасць узнікла – штосьці тут не тое.
– А што з прахадной? – не зразумеў Снайпер.
– Ды па-першае вахцёра на месцы не было і сама прахадная глючыць, турнікет самастойна адчыніўся, не запатрабаваўшы пропуску.
– Турнікет кажаш? – задуменна працягнуў Снайпер. – Дзіўна, я сёння Жэню бачыў, калі праходзіў, мы яшчэ з ім з навін пасмяяцца паспелі.
– Не ведаю, я там нікога не заспеў.
– Тых-пых, ат, – прасіпеў Дзяцел на сваёй недарэчнай мове і махнуў рукой.
Між тым у працоўным натоўпе разгарэлася спрэчка аб тым, будзе сёння змена ці не. Спрэчка нават перайшла ў лаянку паміж асобнымі працоўнымі, аднак сітуацыю тут жа ўлагодзіў брыгадзір.
– Цішэй там, цішэй! – стрымаў ён масу грубым зычным голасам. – Зараз ва ўсім разбяромся!
У гэтым прамежку Снайпер распавёў Дзянісу, што дзесяць хвілін таму майстар Прошын беспаспяхова спрабаваў трапіць у дыспетчарскую, дзе, як хутка выявілася, забарыкадаваўся Фарух Ібрагімавіч. Ён таксама не ведаў (а можа і ведаў) прычыну, якая прывяла ў дысбаланс увесь канвеер, і толькі рускімі мацюкамі адклікаў усіх прэч. Расчырванелы Прошын пайшоў на “лінію Краўса”, магчыма мяркуючы, што непаладкі ўзніклі менавіта там і перакрылі падачу электрычнасці ў цэх. І вось ужо як дзесяць хвілін яго ніхто не бачыў. Толькі потым Дзяніс задумаўся: ён не сустрэў нікога, хто б ішоў з другой змены дамоў. Яны абавязкова павінны былі праходзіць цераз першы і другі цэх па вуліцы, чаму ён не сутыкнуўся з кім-небудзь у гардэробе ці ў калідоры? Пытанні гэтыя павіслі ў паветры. Але ўсякае магло быць: ён позна прыехаў, позна прыйшоў і як заўжды прапусціў самае цікавае.
– А я кажу трэба разыходзіцца, – прарваўся цераз агульны гоман сварлівы голас мужыка з чорнымі вусамі. – Куды падзелася другая змена?! Я з Яшкам дамаўляўся сустрэцца, а што атрымалася – ні Яшкі, ні змены!
– Во-во!!! – падхапілі яго галасы. – Куды падзеўся Яшка, чорт яго дзяры!
І колькі дзясяткаў вачэй унурылася ў злёгку разгубленага брыгадзіра Холадава. Той паціснуў моцнымі плячыма і стрымана адказаў:
– Я таксама як і вы не ў курсе спраў, але трэба пачакаць, мы ж усе разумныя людзі, таму давайце захоўваць дысцыпліну і парадак. Зараз прыйдзе Максім, будзем тэлефанаваць Коўшыну, хай прыязджае сюды і разбіраецца, наша справа маленькая. Стойце тут і чакайце. Я, дарэчы, гэтак жа не супраць пайсці дамоў, там, прынамсі, цёплы ложак і жонка пад бокам. А пакуль нам патрэбна вытрымка і спакой.
Працоўныя незадаволена загудзелі, словы брыгадзіра не пасялілі ў іх сэрцах абнадзейвання, а наадварот разгарачылі яшчэ больш.
– А яны яшчэ прэмію збіраюцца падрэзаць, – сказала жанчына з кучаравымі валасамі і затрэсла ў паветры азызлымі рукамі. – Нам ары, а яны сабе катэджы будуюць, золата ў Швейцарскіх банках трымаюць, і ўсё за наш рахунак!
– Правільна! – падтрымалі яе некаторыя працоўныя.
У гэты момант з натоўпу вылучыўся вядомы Дзянісу Пазняк.
– Грамадзяне, не трэба раздзімаць з мухі слана! – паспрабаваў ён замест брыгадзіра, супакоіць усхваляваных працоўных. – Усё, што не робіцца, робіцца да лепшага. Вы тут папракаеце начальства, а яно, можна сказаць, адукаваная частка нашага грамадства, яно добра ведае, што неабходна рабіць, а што не. Начальства, як дзяржава, якая самааддана клапоціцца аб сваім насельніцтве, таму нам патрэбна яго слухацца, каб не выйсці з-пад кантролю і не ўладкаваць тут сапраўдную анархію.
Словы, выказаныя Пазняком, прагучалі вагавіцей і ўпэўненей у параўнанні з папярэднім аратарам, прымусіўшы працоўных задумацца, але не на доўга. Гэтыя словы толькі абабілі пыл з той напружанасці, якая зыходзіла з натоўпу і хутка растварыліся ў паветры.
– Не трэба тут несці гэтую ахінею, – сур’ёзна і разважліва загаварыў мужычок невялікага росту з вачыма, як пераспелая сліва і з пульхнымі вуснамі, так што яго голас гучаў невыразна. – Нам ад тваёй прыстасаванасці лягчэй не стане. Вісець на дошцы гонару – адно, а казаць справу – іншае. Асабліва я чакаю Максіма Прошына і яго меркаванняў. А што людзі незадаволеныя, гэта правільна, хопіць з нас вяроўкі віць, няма добрых умоў для працы – няма, адпаведна, і працоўных рук.
– А я даўно збіраюся адсюль вуды змотваць, мне на халтурах удвая больш плацяць, – сказаў мужык з апухлымі вачыма, падобны на забулдыгу. – У труне я бачыў гэты канвеер.
– З канца сямідзесятых тут працую, а ўсё па-ранейшаму, як кралі, так і працягваюць красці, – завохкала адна з жанчын.
– Ды і не прадыхнуць тут – на “лініі Краўса” хоць у хімахове хадзі – столькі бруднага паветра, што потым у вушах трашчыць, – залямантаваў мужык-бамбіза з “лініі Краўса”.
– І ад туалетаў пастаянна смуродам цягне!
– Што там туалеты, у сталоўцы памыямі харчуюць!
– Да чорту гэты канвеер!
Галасы працоўных перапляліся ў адзіны рухавік людскай гаманы, дзе ўжо было немагчыма разабраць ні асобных фраз, ні нават асобных слоў. Разам з усімі пачаў крычаць і Холадаў, намагаючыся суняць натоўп, які нагадваў рой злых пчол. Раптам з аднаго боку пачалася бойка, завішчалі жанчыны і на гэтым усё скончылася. Бойка была стыхійнай. Потым адзін з мужыкоў з крыкам: “адчыняй, падла, і кажы, што ты ўтварыў”, кінуў у дыспетчарскую абцугі. Такім чынам усе непаладкі былі спакваля скінутыя на начальніка змены.
– Сядзіць там, як гніда і людзям баіцца на вочы паказацца, выходзь, гад! – прагучалі за спінай Дзяніса пагрозлівыя словы Снайпера і яго здзівіла, што лагодны, з першага погляду, мужык, на вачах ва ўсіх гатовы расправіцца са сваім начальнікам.
У Дзяніса таксама прачнуўся запал злосці, які адразу ж было неабходна накіраваць у патрэбнае рэчышча, каб проста выліць на кагосьці ўсю сваю крыўду і расчараванне. Ён адчуў, што на пэўны час яго розум пазбавіўся ад усялякай адказнасці, прыбываючы ў стане афекту і таму разам з працоўнымі ён легкадумна накінуўся на дыспетчарскую. Чалавек дваццаць наляцелі на яе, як ільвы на безабаронную антылопу і пачалі торгаць з боку ў бок. Рупар прапанаваў яе перакуліць. Доўга пяліся і ўрэшце перакулілі. Дыспетчарская выдала адчайнае рыпенне і ляснулася аб бетонную падлогу, напоўніўшы цэх глухім і працяглым гудам. Дзянісу падалося, што знутры пачуўся шчымлівы стогн, аднак дыспетчарскую на гэтым пакінулі.
Увесь гэты час брыгадзір Холадаў разгублена назіраў за неўласцівымі для працоўных дзеяннямі, і па выразе яго твару можна было сказаць адно: ён змірыўся з абставінамі. Сказаць можна было яшчэ больш: натоўп згубіў часовы кантроль і ўсялякае кіраўніцтва.
Але сітуацыю паспрабаваў выправіць Пазняк.
– Што вы робіце, варвары, там жа жывы чалавек! – закрычаў ён.
– І праўда, што вы робіце, так нельга! – засакаталі галасістыя жанчыны.
– Закрый сваю пашчу, – злавесна сказаў у бок Пазняка раз’ятраны Рупар. – Хочаш праўду табе скажу, ты – гаўно, самае сапраўднае, я зараз вазьму і размажджэру тваю шпакоўню гаечным ключом, калі ты не замоўкнеш.
І ён ужо было памкнуўся пайсці на Пазняка, аднак мужыкі своечасова стрымалі яго за рукі і адсунулі далей ад бяды. Пазняк спалохана адышоў назад і стаў каля жанчын, разумеючы важкасць грозных слоў Рупара. З гэтага моманту, нечакана для ўсіх, працоўных натоўп падзяліўся на дзве часткі: тых, хто падтрымаў беспарадкі, і тых, хто быў супраць. Дзяніс пакуль не спяшаўся далучацца да адной з двух частак, хаця сваімі дзеяннямі гэта ўжо зрабіў. Ён упэўнена стаў каля Рупара і гурта мужыкоў, якія разам з ім перавярнулі дыспетчарскую.
Снайпер падышоў да іх. Побач са Снайперам Дзяніс заўважыў Чыпушылу, таго самага дэбільнага мужыка з маньяцкімі вачыма. Чыпушыла па-прыяцельску пахлопваў яго па плячы і аб нечым казаў.
На хвіліну ва ўсім трэцім цэху ўсталявалася трывалае маўчанне. Людзі былі разгубленыя і збянтэжаныя. Дзяніс бачыў апатычныя твары Ласуна і Гестапа, бачыў, як ціха, амаль бязгучна перагаворваліся паміж сабой Масла і Курва, бачыў маўкліва-пустэльны погляд Пазаліні, які апусціў па швах гужаватыя рукі і як усе бяздзейнічаў. За ім стаялі Свістуля і Підар, з дурнаватай цікавасцю назіраючы за ўсім, што адбывалася ў цэху. Дзяніс звярнуў увагу на Грышу і толькі цяпер заўважыў, што ён згаліў сваю аскетычную бародку, але гэта ахвяра не зрабіла яго прывабней – ён па-ранейшаму пакідаў уражанне гідкага чалавека. Усім сваім выглядам Грыша паказваў, што намагаецца выказацца, па звычцы пагладжваючы падбародак.
– Пляваць, – урэшце манерна вымавіў ён, – я прама зараз іду ў гардэроб пераапранацца, калі куляецца дыспетчарская, на вачах робіцца рэвалюцыя, прымаць у гэтым удзел я не збіраюся.
Грыша сабраўся пайсці.
– Нікуды ты не пойдзеш, – заявіў яму Холадаў, пацёршы пры гэтым далонню сціснуты кулак.
Грыша насцярожана паглядзеў на кулак брыгадзіра, які нагадваў кіянку і, спыніўшыся на паўдарогі, праскавытаў:
– Ты не маеш права калечыць працоўных.
– Яшчэ як маю, асабліва такіх пацукоў. Ды глянь ты ўрэшце на сябе ў люстэрка, твая храпа даўно цэглы просіць, ці ў лепшым выпадку добрага штурхяля.
– І вы ў той жа бок, – меланхалічна сказаў Пазняк.
– У які бок? – як быццам не зразумеў яго Холадаў. – Не ведаю я ніякіх бакоў, ведаю, што ніхто адсюль не зрушыцца, пакуль не высвятляцца асноўныя прычыны паломкі. Вы забылі, што начальства вырашае, ісці працоўным дамоў ці не ісці? І ўвогуле я не ўзгадваю, каб канвеер больш гадзіны стаяў.
– Пры чым тут ужо твой канвеер? – нервова спытала яго тлустая жанчына з чырвонымі шчокамі. – Валера павінен быў мне сёння ў абед патэлефанаваць. Я яго потым цэлы вечар набірала, а нумар як быў заблакаваны, так і застаўся.
– Куды знікла другая змена? – зноў загучалі трывожныя галасы працоўных.
– Не магла ж яна скрозь зямлю праваліцца?
– Хто-небудзь бачыў Бужакова?
– Я нават прыбіральніцу не бачыла.
– А хто сюды першым прыйшоў?
Зноў падняўся шум. Людзі, здавалася, не маглі паслядоўна разабрацца ў сітуацыі, якая склалася і Дзяніс у чарговы раз пераканаўся, што працоўныя – гэта суцэльная безаблічная маса.
– Ціха! – перапыніў усіх голас Рупара. – Майстар ідзе!
Працоўныя замоўклі і ўтаропіліся ў бок “лініі Краўса”.
Адтуль, ледзь трымаючыся на нагах, ішоў, калі гэтае кульганне можна было назваць хадой, майстар Прошын. Ён трымаўся адной рукой за плячо, якое моцна сыходзіла крывёй, а рука абвісала, як ірваная ануча. Майстар нагадваў чалавека, зацкаванага зграяй шалёных сабак і які цудам выбраўся з гэтай калатніны. Ён падышоў бліжэй да працоўнага натоўпу і ніцма паваліўся на бетонную падлогу. Дзяніс заўважыў, як ад яго цела адлучылася рука, якую майстар спрабаваў прытрымліваць і забілася ў кароткіх канвульсіях. Мурашкі праслізнулі па ўсяму яго целу і ён адвёў позіркам у бок.
Дзяніс не бачыў, як да майстра падбегла колькі мужыкоў і, прыпадняўшы яго скрываўленую галаву, паспрабавалі прывесці ў прытомнасць. Зрэнкі Прошына закаціліся і бяльмо, якое з’явілася замест іх, прадракло хуткую смерць. Адзін з працоўных ляпнуў майстра па шчацэ і ліхаманкава затрос:
– Максім, Максімка, што такое?! Што здарылася?! Максім?!
Магчыма ў майстра ўсялілася апошняя перадсмяротная сіла, ці ён проста на кароткі час прыйшоў у сябе, таму што ў наступнае імгненне пасмяглыя вусны Прошына гартанным голасам выдалі тое, ад чаго кожны, хто знаходзіўся ў трэцім цэху, здрыгануўся. Дзяніс стаяў спінай, але выразна пачуў сказанае.
– Бяжыце… бяжыце адсюль, як мага хутчэй…