Текст книги "Канвеер"
Автор книги: Андрэй Латыголец
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 15 страниц)
9
Працоўныя кінуліся ў рассыпную. Хто куды. Трэці цэх меў шэсць шляхоў адступу і людзі пабеглі ў розныя яго бакі, як пацукі з дрэйфуючага карабля. У іх ліку быў і Дзяніс. Як толькі ён пачуў не абнадзейлівыя словы напаўжывога майстра, ён разам з усімі, хаця правільней сказаць за ўсімі, пабег у той бок, адкуль нядаўна прыйшоў у цэх. У галаве Дзяніса ўзнікла мігатлівае слова “небяспека”, ён убачыў, як перад ім заблішчалі пяты працоўных і яго ногі самі панесліся наўздагон за ўцекачамі.
Першае, што прыйшло яму на розум, калі ён адчайна ратаваўся ад невядомага жаху, які пасеяў сярод працоўных усеагульную паніку, гэта надзвычайнае здарэнне, якое адбылося на “лініі Краўса”, магчыма там майстру прэсам адбіла руку. Але тады навошта казаць, каб усе ўцякалі? Думкі круціліся і перапляталіся ў розных жудасных варыяцыях, узмацняючы ў крыві аб’ём адрэналіну, і прымушаючы яго бегчы яшчэ хутчэй.
Жанчыны галасілі, мужчыны мацюкаліся і ўсе няспынна беглі. Дзяніс убачыў, як наперадзе, ужо за першай веткай, на роўным месцы распласталася габарытная жанчына і адзін мужык, не зважаючы на гэта, наскочыў ёй на спіну кірзавым ботам і пабег далей. Жанчына заенчыла і змоўкла. Дзяніс падбег да яе і, спыніўшыся, паспрабаваў перавярнуць на спіну, але абезрухомленае цела не паддалося. Прыгледзеўшыся, ён убачыў, што ў жанчыны з галавы пацякла барвовая кроў. Прыступ непамернай агіды напоўніў нутро Дзяніса і ён кінуўся бегчы, не аглядаючыся.
Мінуўшы доўгі праход уздоўж цэха, ён звярнуў на права, – туды, дзе пачыналася ліцейка, і бакавым зрокам заўважыў, што больш ніхто не пабег за ім услед. У стане страха за жыццё, дзеянні мас маглі быць самымі непрадказальнымі, але гэта зусім не засмуціла Дзяніса, яму нават спадабалася, што да гэтага выйсця кінуўся ён адзін. І, бадай, так было лепей, чым апыніся ён зараз з кімсьці – аднаму растварыцца ў прасторы на шмат прасцей.
Аднак, забегшы за вугал, Дзяніс рэзка спыніўся. Выйсце ў другі цэх было зачынена жалезнымі дзвярамі бруднага жоўтага колеру. Дзяніс падышоў бліжэй і з усяе сілы тузануў за вялікую ручку. Магчыма, дзверы зачынілі з другога боку, таму што замка на іх не было. Дзяніс не ведаў, што рабіць, ён проста аслупянеў, адчуваючы сябе загнанай жывёлінай. Толькі хто паляўнічы?
– Што і тут зачынена? – пачуў ён за спінай голас Пазняка і азірнуўся.
Пазняк стаяў з адчыненым ротам і чакаў, што адкажа Дзяніс, але ўбачыўшы безнадзейна разведзеныя рукі, расчаравана плюнуў і сказаў мацюком.
А ўжо праз некаторы час Дзяніс убачыў, як стомленыя працоўныя вярталіся назад. Ён праглынуў у горле камяк і абыякава паплёўся за ўсімі.
“Чаму яны сунуцца зваротна?” – паўстала ў яго пытанне. “– І чаму за імі сунуся я?”
Але адначасова ў душы з’явілася боязь застацца аднаму. Лепш глядзець у вочы небяспецы разам. І ён далучыўся да кампаніі двух мужыкоў, якія ўсю дарогу абкладалі жаночымі геніталіямі ўсіх вышэйстаячых начальнікаў, што, па-сутнасці, не магло ніякім чынам паўплываць на змену сітуацыі.
Вяртаючыся назад да дыспетчарскай тым жа шляхам, Дзяніс убачыў жанчыну, якая ляжала на падлозе. Вакол яе стаялі Зіна, Масла і Курва. Кроў ад жанчыны расцяклася чырвонай плямай на цэлы метр.
– А што гэта з Марыяй здарылася? – спалохана спытаў адзін з мужыкоў, з якім ішоў Дзяніс.
– Забілася, – адказала расчырванелая Зіна і адразу ж зачыніла вочы азызлымі далонямі.
Дзяніс, хаваючы прыступ невымернай агіды, хутка пайшоў далей. Упершыню ён убачыў чалавека, які сканаў на яго вачах і адчуванне гэта было не з самых прыемных. Што казаць, калі ён нават нябожчыкаў баяўся і ўсялякімі сродкамі спрабаваў не прысутнічаць на пахаваннях. Потым начамі ён не мог заснуць, яго думкі запаўнялі, усялякага кшталту, жахі з ажылымі трупамі і іншымі анамаліямі паўсядзённага жыцця. Цяпер жа ў яго сэрца закралася самае сапраўднае трапятанне.
– Мужчыны, дапамажыце нам пакласці яе ў куды больш прыстойнае месца, яна ж усё ткі чалавек, а не сабака, – пачуў Дзяніс за спінай зрывісты голас Зіны, але пайшоў далей. Чапаць мерцвяка – пакіньце гэта каму-небудзь іншаму.
Ён вярнуўся да дыспетчарскай, адкуль нядаўна бессаромна кінуўся на ўцёкі і ўбачыў каля майстра Прошына яшчэ з дзясятак чалавек, сярод якіх былі брыгадзір Холадаў, Снайпер і Дзяцел. Дзянісу адразу стала сорамна за праяву слабасці свайго характара і ён ужо чакаў у свой бок вострых слоў і ў бок тых, хто вярнуўся разам з ім, але нічога падобнага не адбылося, толькі Холадаў кінуў на ўсіх уцекачоў здзіўлены позірк і спытаў:
– Чаму вы вярнуліся?
– Ды нейкая падла ўсе дзверы зачыніла, я першы раз бачу, каб яны наогул зачыняліся! – абурана сказаў чарнабароды мужык.
– Як так зачыніліся? – падышоў да яго Снайпер.
– А вось так – на замок з другога боку і баста.
– Гэта падобна на замову, – зласліва працадзіў Холадаў. – Якога лысага тут дзеецца?
– Канвеер, – ціха сказаў майстар Прошын.
Усе прысутныя звярнулі на яго ўстрывожаныя позіркі. Майстар ляжаў, распластаўшыся на халоднай бетоннай падлозе, яго галаву прытрымлівала мажная жанчына, а з рота тоненькім струменьчыкам выцякала кроў. Адарваную руку паклалі побач з ім, нібы звычайную дэталь ці нарыхтоўку.
– Цішэй, мой хлопчык, – па-мацярынску казала яму жанчына, – цішэй, каток, табе нельга гаварыць.
Вочы Прошына ашклянелі ў натужлівым чаканні смерці. Было бачна, што ён намагаўся гаварыць і гаварыць аб многім, але сілы яго пакідалі, вусны сутаргава трэсліся і ён надрыўна ўздыхаў.
Брыгадзір падышоў да ўсіх, хто вярнуўся назад і шэптам сказаў:
– Яму не доўга засталося. Невядома хто на “лініі Краўса” усадзіў яму ў грудзі сталёвую загваздку і адарваў руку.
– Але хто? – пасыпаліся ціхія галасы працоўных. – Хто мог учыніць такое?
– Не ведаю, але адно магу сказаць дакладна – гэты невядомы досыць небяспечны тып і яго трэба асцерагацца.
– Ды што мы ўрэшце важдаемся, – згубіўшы раўнавагу, сказаў Пазаліні, які прыйшоў адразу за Дзянісам. – Трэба пазваніць 101, 102, 103, халера ведае яшчэ куды і выклікаць неабходную дапамогу.
– Ужо спрабавалі, – расчаравана кінуў Снайпер.
– І што?
– Нічога – сувязі няма, абаненты недаступныя.
– Паспрабуйце набраць з майго апарата, – не сунімаўся Пазаліні.
– Толку не будзе, – сказаў Холадаў.
– А вы паспрабуйце, у мяне заўжды добра ловіць.
Холадаў са Снайперам пераглянуліся. Снайпер падышоў да Пазаліні, узяў яго тэлефон, набраў 102, крыху пачакаў, а потым прыціснуў тэлефон да яго вуха.
– Вось дупа, – вылаяўся ён.
У гэты момант Дзяніс пашкадаваў, што забыў сваю Motorola ў гардэробе, прынамсі можна было пераканацца ў словах Снайпера.
– Як быццам Бярмудскі трохкутнік, – загадкава падагульніў Пазаліні.
Паступова вярталіся збеглыя працоўныя, хтосьці са злосцю, хтосьці з абыякавасцю, а хтосьці са спужаным тварам. У паветры лунала трывога. Жанчыны, трапечучы, уздыхалі, а мужчыны голасна перагаворваліся. Урэшце Холадаў ізноў вырашыў узяць кантроль у свае рукі.
– На “Лініі Краўса” узніклі сур’ёзныя непаладкі, якія па невядомым пакуль прычынам скалечылі Максіма. Я збіраюся туды пайсці і высветліць, што там здарылася, мне патрэбны дапамагатыя, пажадана з тых, хто непасрэдна там працуе, – сказаў ён.
– Ага, каб і нас там на шматкі паразрывала, – выкрыкнуў нізкарослы мужык з другой канвеернай веткі.
– Дурняў няма! – падтрымалі яго галасы.
Холадаў, відавочна, чакаў такога павароту падзей, таму стрымана паўтарыў, што яму патрэбны добраахвотнікі па ўласным жаданні.
– Я з табой, Мішка, – зухавата выгукнуў Рупар і звярнуўся да Чыпушылы: – Рамуальд, пайшлі! Але Чыпушыла толькі хвалююча паправіў пальцам на пераноссі вялікія акуляры і адчужана закруціў галавой.
– Эх ты, доўбня, маці тваю. Я даўно ведаў, што з табой у разведку не сходзіш. Ануча ты драная, Рамуальд, а імя яшчэ такое носіш…
На гэтыя словы Чыпушыла ніяк не адрэагаваў, толькі адвярнуў твар у бок, нібы не прызнаў Рупара і пакрыўджана заварушыў вуснамі.
Тым часам да Холадава з Рупарам далучыліся Ласун з Гестапа і яшчэ два мужыка з “лініі”. Кожны з іх узяў малаток, а Холадаў прыхапіў гаечны ключ і з асцярогай, пераглядаючыся адзін з адным, яны нерашуча пайшлі на “лінію Краўса”.
Усе правялі іх спачувальным позіркам і, прыбываючы ў разгубленасці, маўчалі. Аднак верх хутка ўзяў Снайпер. Ён, як мага зычней, сказаў:
– Трэба паставіць дыспетчарскую зваротна на месца і паспрабаваць адчыніць дзверы, – сказаў Снайпер, а потым расчаравана дадаў: – усё ж павінен прызнаць – мы перастараліся, аднак чалавек схільны памыляцца.
– Самі вярнулі, вось самі і стаўляйце, – адчуўшы адсутнасць Рупара, заявіў Пазняк.
Цяпер выразна азначылася сапраўднае раздзяленне натоўпу: Пазняк адышоў у апазіцыю і да яго пачалі далучацца, але, галоўным чынам, напужаныя жанчыны з бесталкоўшчынай Грышай; яны падышлі да Пазняка і пагардліва паглядзелі на Снайпера. На гэты раз Дзяніс, безумоўна, вырашыў яго падтрымаць, ужо адназначна выбраўшы свой бок. Трохі пазней да Снайпера падышлі Пазаліні, Підар, Свіслуля, Дзяцел і яшчэ з дзесятак мужыкоў. Усім кагалам яны наваліліся на дыспетчарскую (Дзяніс стаяў разам са Свістуляй) і дружна паставілі яе на месца. Пачулася, як усярэдзіне дыспетчарскай усе рэчы перавярнуліся на іншы бок.
– Усё, – сказала ў гэты момант жанчына, што сядзела каля майстра. – Сканаў.
Дзяніс, не адчуваючы ніякай агіды, пайшоў да месца трагедыі, каб увачавідкі засведчыць смерць майстра. Ён ляжаў у тым жа стане з напаўзаплюшчанымі вачыма. Жанчына лагодна заплюшчыла яго павекі сваёй шурпатай працоўнай далонню і, ледзь стрымліваючы слёзы, пайшла да Пазняка.
Стоўпіўшыся каля памёрлага, працоўныя цяжка ўздыхалі, быццам аддаючы майстру хвіліну пашаны. Усё гэта нагадала Дзянісу карцінку са школьнага падручніка па гісторыі Беларусі, на ёй былі намаляваныя партызаны, якія стаялі вакол забітага камандзіра.
– Добры быў майстар, – сарваў цішыню чарнабароды мужык.
– Ды што там майстар – па-першае чалавек, ніколі голасу не падвышаў і за быдла нас не лічыў, – сказаў таўстагубы.
– Эге, – зацягнулі астатнія.
Потым Дзяніс убачыў, як каля майстра паклалі жанчыну з адубелым прыплюснутым тварам.
– Не да добрага гэта, – злавесным голасам сказаў Пазняк. – Два трупа за змену, а прычыны так і не вядомыя…
З глыбіні “лініі Краўса” пачуўся металічны грукат, нібы грукалі малатком па кавадле, ды так моцна, што рэха расцягнулася па ўсім цэху.
– Хлопцы, трэба паспрабаваць адчыніць дзверы, – звярнуўся Снайпер да сваёй групоўкі.
Пазаліні прынёс мятровы лом і Снайпер разам з ім і Дзянісам, уставіўшы яго ў вузкі праём, наваліліся на лом масамі сваіх целаў. Пачуўся ўласцівы трэск і дзверы прыадчыніліся. Для большай упэўненасці Снайпер урэзаў па іх нагой, як гэта робіць спецпрызн, калі пранікае ў кватэры бандытаў, і дзверы расчыніліся. Спярша акрамя перавернутых сталоў і кампутараў ніхто нічога не ўбачыў, аднак зайшоўшы ўнутр, ім адчынілася жудасная карціна. Начальнік змены Фарух Ібрагімавіч, абвязаўшы вакол шыі свой улюбёны сіне-срэбны гальштук, павесіўся на вешалцы каля свайго працоўнага месца. Снайпер кінуўся да яго і пачаў было шукаць пульс, але неўзабаве апусціў рукі і ўсім стала зразумела, што яшчэ адным трупам стала больш.
– Трэба пашукаць якой малявы, – сказаў Пазаліні. – Некаторыя вісельнікі пакідаюць лісты з апошнім словам.
– Ты маеш рацыю, – сказаў Снайпер і пачаў мацаць кішэні мёртвага начальніка, а потым правяраць шуфлядкі ў яго стале. Аднак ён нічога не знайшоў.
– Вось скнара, нават ліста не пакінуў, заўжды толькі пра сябе думаў, – гыркнуў Пазаліні і штурхнуў Фаруха Ібрагімавіча нагой. Штурхнуць другі раз начальніка змены яму не перапала – Снайпер рэзка адапхнуў яго.
– Так нельга, ён жа нябожчык.
– Які ён нябожчык, – абурыўся Пазаліні, – калі нават смерць сабе сабачую абраў.
Але штурхаць Фаруха Ібрагімавіча не адважыўся. Снайпер паглядзеў на Дзяніса.
– Я думаю майстра і Марыю трэба пакласці тут, далей ад вачэй і наогул не шкодзіла б прынесці цыраты, каб хоць чымсьці іх прыкрыць.
Дзяніс кіўнуў галавой і злёгку разгублены выйшаў з дыспетчарскай. Каля яе ўжо сабраліся асабліва цікаўныя і Дзяніс не марудзячы, басавіта вымавіў:
– Фарух Ібрагімавіч павесіўся…
– Цьху ты, чорт! – раздаўся ўсплеск эмоцый. – Лёгкай смерці сабе захацеў, вось шатан пракляты!
– Гэта проста канец свету! – пачала лямантаваць хударлявая жанчына, нават занадта хударлявая для свайго ўзросту. – Цяпер і начальнік – мы ўсе тут загінем, гэта нашая брацкая магіла!
– Ды сціхні ты, дура! – вылаяўся Дзяцел і Дзяніс упершыню пачуў яго разборлівую гаворку.
– А ты не затыкай ёй рот, Лена праўду кажа. Мы ўсе можам тут загінуць, калі будзем займацца самаўпраўнасцю, – сказаў Пазняк.
Дзянісу захацелася разбіць яму твар і яшчэ ён зразумеў, што далейшыя прамовы гэтага "апазіцыянера" могуць распаліць канфлікт да ўзроўню супрацьстаяння адной часткі працоўных з другой, але абставіны ўдала выправіў Снайпер, пачуўшы голас Пазняка, ён выйшаў з дыспетчарскай.
– Мы ўсе тут загінем, калі будзем слухаць цябе, Аркадзь, – сказаў яму Снайпер.
Пазняк жвава забегаў сваімі цёмнымі вочкамі і загаварыў скорагаворкай:
– А ты ніяк хочаш тут усё пад сябе падстроіць, Валік, га? Колькі цябе памятаю, заўжды бачыў асобу дзікунскага складу, з якой ні пагаманіць, ні выпіць нават. Ты каго тут з сябе строіць спрабуеш, Валік, га? Ніяк героя-вызваліцеля?
– Нікога я з сябе не строю, проста спрабую дзейнічаць рацыянальна, а табе, чым дарма папракаць, не замінала б дапамагчы нам.
– Во табе! – выставіў ён у накірунку Снайпера кукіш, – і табе, і табе. Я вас усіх ненавіджу, усіх разам узятых, бездараў і марнатраўцаў, вы шэлега не вартыя і не прыстала мне слухаць вашай бязглуздай рады.
– Гэта тваё асабістае меркаванне, – сказаў Снайпер, а потым звярнуўся да ўсіх працоўных: – Лепш усяго будзе перанесці Максіма з Марынай у дыспетчарскую і папрасіў бы нікому не разыходзіцца, цяпер нам як ніколі неабходна трымацца разам, паніка зараз недарэчы.
На гэты раз прапанова Снайпера была падтрымана. Працоўны замітусіліся, зашумелі і прыняліся пераносіць трупы. Прошына ўзяла чалавек пяць, а Зіна дапамагла мужыкам падняць Марыю, яна вохкала і гаротна стагнала, нібы праводзіла яе ў апошні шлях. Снайпер, тым часам, высунуў з пятлі Фаруха Ібрагімавіча і паклаў на падлогу. Дзяцел прытрымліваў дзверы і аддаваў зразумелыя загады:
– Асцярожней! Лявей! Правей! Во-во! Занось!
Дзяніс збегаў да сябе на працоўнае месца і выцягнуў з-пад стала кругляк зматанай цыраты, які прыкмеціў яшчэ ў першы дзень працы. Цырату разрэзалі нажніцамі на тры доўгія часткі і накрылі імі нябожчыкаў. Потым Снайпер зачыніў дзверы дыспетчарскай і сцёршы з ілба пот, сказаў:
– Гатова…
Але ніхто не пачуў гэтае слова, таму што аднекуль, з самых патаемных закавулкаў заводу прагучала жудаснае рыканне, нібы з логава небяспечнага звера. У трэцім цэху ўключылася яркае святло, якое забяспечвалі пражэктары, змешчаныя пад самым дахам, і, спачатку рыпаючы, як быццам ад іржы, а потым набіраючы хуткасць, нечакана для ўсіх, зарабіў канвеер. Канвеерная стужка пачала рухацца, як бегавая дарожка і здзіўленыя працоўныя разыйшліся па сваіх месцах, зачараваныя гэтым відовішчам. Людзей, здавалася, падмянілі, яны ішлі, гатовыя працаваць, быццам нічога не здарылася. І ніхто не зважаў на гук, які выдаваў канвеер. Гэты гук нагадваў штосьці сярэдняе паміж скрыгатаннем зубоў і вастрэннем нажоў. Канвеер скрыгатаў і няспынна рухаўся.
– Але што гэта? – урэшце выгукнуў Грыша.
– Аб чым ты?
– Чаму канвеер рухаецца ў супрацьлеглы бок?!
Дзяніс прыйшоў у сябе, стоячы ля прэса і паглядзеў на канвеер. І сапраўды, ён рухаўся ў іншым напрамку. Зіна і Масла аж ахнулі ад убачанага. Калі ўявіць, што канвеер будзе працаваць у такім рэжыме, лядоўні лагічней не збіраць, а наадварот – разбіраць. Глупства нейкае.
– Мусіць, Холадаў перастараўся, – заключыла Зіна.
– Зараз наладзіць, як патрэбна, – уздыхнула Масла. – Мне ня верыцца, што пасля ўсяго гэтага, нам яшчэ і змену адпрацоўваць прыйдзецца.
Але ніякіх змен не адбылося – канвеер працягваў рухацца ў зваротным накірунку.
З “лініі Краўса” пачуліся крыкі, потым адтуль выбег спачатку збялелы Рупар, а следам за ім Ласун і Гестапа. Падбегшы да дыспетчарскай, яны нічога не сказаўшы, як падсечаныя селі на падлогу. Па выявах іх твараў можна было сказаць, што яны сутыкнуліся з непрадказальным, з тым чаго ніколі ў сваім жыцці не бачылі. Добра прыгледзеўшыся да Рупара, можна было заўважыць яго вымачаныя порткі.
Першы не стрымаўся і спытаў Пазняк:
– Ну што там?
Па ўсяму было відаць, што пытанне да іх не дайшло, усе яны знаходзіліся ў прастрацыі, напалохана лыпаючы вачыма. Пазняк настойліва паўтарыў сваё запытанне.
– Канвеер, – ледзь выціснуў з сябе гэтае слова Рупар.
– Што, што канвеер!? – не разумеючы яго, злосна патрабаваў Пазняк. – Кажы выразней!
– Канвеер…
Над галовамі працоўных прагучаў неўласцівы для цэха скрып, а потым раздалася адрыжка. Запрацавалі падвесныя канвееры і больш зоркія разгледзелі на іх, замест дэталяў для лядоўняў, вісячыя часткі чалавечых целаў. Віселі яны па парадку: першымі ішлі рукі, потым ногі, торс і галовы. Тыя з працоўных, хто стаялі бліжэй па чарзе пачалі ванітаваць. Пазняк уцёк адразу, голасна абвяшчаючы аб канцы свету. Толькі Рупар з Ласуном і Гестапа, нібы чакаючы такога зыходу, абыякава звесілі свае галовы. Тым часам часткі целаў рухаліся зверху ўніз, набліжаючыся да першай веткі канвеера, дзе cваім націскам, прабіўшы загарадку, якая адлучала верхні ярус ад ніжняга, вываліліся на канвеерную стужку і бязладнай грудай працягнулі сваё вусцішнае вандраванне наперад, пакуль канвеер зноў не спыніўся.
10
Дзяніс пачуў лямант Пазняка як раз заклапочаны разважаннямі наконт перасцярог Масла: ці прыйдзецца яшчэ працаваць? Аднак безуладны крык Пазняка пераканаў яго ў зваротным. Да Дзяніса даляцела слова “расчляненне” і гэтага хапіла, каб усвядоміць, што здарылася непапраўнае. Зіна з Маслам катэгарычна адмовіліся ісці і глядзець на крывавую карціну і Дзяніс, ахоплены іх страхам і агідай, таксама вырашыў застацца на працоўным месцы, але да яго падышоў Пазаліні, а перад ім Дзянісу не хацелася здацца баязліўцам.
Падыходзячы да першай веткі, яны ўбачылі натоўп працоўных і кожны, хто б не адыходзіў ад канвеернай стужкі, бляднеў і хапаўся далонню за рот. Падышоўшы да злашчаснага месца, Дзяніс устаў на дыбачкі і ўбачыў праз спіны працоўных зваленыя ў адну груду адрэзаныя часткі чалавечых рук і ног. Але, бадай, самым ашаламляльным для яго стала адрэзаная галава Холадава, якая ляжала на версе груды з прыадчыненымі вачыма, у якіх яшчэ не паспеў загаснуць жыццёвы бляск, а вусны злёгку трапяталі, нібы імкнучыся расказаць аб кашмарным здарэнні. Дзянісу было дастаткова пяці секунд, каб ахапіць усё відовішча спаўна. У тое ж імгненне ён адчуў пазывы ванітавання, у яго закруцілася галава, але ён усё ж знайшоў у сабе сілы, каб адысці да другой веткі. Там Дзяніс сеў на падлогу, як гэта зрабілі Рупар, Ласун і Гестапа. Аднак яго не званітавала, Дзяніс проста не мог трымацца на нагах, разумеючы, што паступова губляе прытомнасць, а з ёй і ўласны розум. Рэчаіснасць сказілася і ён зразумеў, што з’язджае з глузду. Ты трапіў у пастку, адсюль няма выйсця. Змірыся з гэтым і стань часткай сакральнага рытуалу. Няхай чара напоўніцца крывёй і ўшануе механізм. Канвеер! Тут няма месца асобе, гэтай плюралістычнай дрэні, ёсць усталёўка, якая трактуе аднолькавае мысленне. Ты – хто зусім нядаўна лічыў, што можаш кіраваць Мною, глыбока памыляўся, кіраваны сваімі мізэрнымі чалавечымі інстынктамі, не заўважаючы, што Я, МЫ – даўно завалодалі вамі. Ты меркаваў, уключаючы святло, што тым самым робіш сабе мілату, нават не падазраваў, што гэта МЫ табой уключаем сябе. Вы, як павукі, якія звілі вакол сябе шмат павуціны, а потым заблыталіся ў ёй і забылі першасную мэту яе карысці. І перастаньце ўрэшце думаць, што ваш дэградаваны мозг мог вынайсці НАС! Эвалюцыя? Казкі для тых, хто хацеў простага адказу. На працягу мільёнаў гадоў Штучны Інтэлект шукаў сабе найбольш прыдатную істоту, якая б магла здзейсніць наш план. МЫ – вышэй трансцэндэнтнага, МЫ – кіруем трансцэндэнтным. МЫ – вышэй гэтага свету. Падзі ніцма перад НАМІ!
Дзяніс прыйшоў у самавалоданне, не ведаючы колькі прайшло часу з моманту паглыблення ў трызненне. Яго розум як быццам усмактала ў іншую рэальнасць, а потым выпхнула адтуль. Дзяніс рэзка страпянуў галавой і адчуў, як халодны пот наскрозь праняў яго цела. Яму спатрэбілася колькі хвілін, каб падняцца на ногі і, працёршы вочы, усвядоміць, што ўсё, што адбываецца ў цэху далёка не сон. Аднекуль каля яго з’явіўся Підар і, размахваючы перад ім танклявымі рукамі, бы вятрак у полі, па-дзявоцку загаласіў:
– Ты… ты бачыў… бачыў разрэзанага Холадава?!
– Дзе Снайпер? – не зважаючы на яго паніку, спытаў Дзяніс. Підар здзіўлена змоўк. І Дзяніс зразумеў, што ўпершыню раскрыў адну з сваіх прыдуманых мянушак, і разгубіўся сам, нібы яго заспелі ў кабінцы туалета за ананізмам. Не хапала яшчэ і таго, каб Підар даведаўся аб сваёй.
– Цябе шукалі, – сказаў ён.
І яны пайшлі да першай веткі. Людзі стаялі ад яе паводдаль, а груду з чалавечых целаў прычынілі працоўнымі халатамі, якія ўжо паспелі прасочыцца барвянай крывёй, ад чаго глядзець у той бок было невыносна. Працоўныя знаходзіліся ў стане поўнай разгубленасці, нават самыя ўвішныя дэмагогі і панікёры маўчалі, прыкусіўшы языкі. Усе жанчыны пагалоўна прыціснуліся адна да адной і гаротна ўсхліпвалі, толькі нагнятаючы гэтым атмасферу ўсеагульнага хаосу і страху за ўласнае жыццё. Аднак апускаць рукі было занадта рана.
– Я нават не ведаю, што трэба сказаць у такіх абставінах, – прыгнечана вымавіў Пазняк.
– Затое я ведаю, – сказаў Снайпер і яго зухаваты тон пасяліў у сэрцах працоўных іскру хоць і цьмянай, але ўсё ж надзеі. Вочы ва ўсіх загарэліся абнадзейлівым бляскам.
– Калі ўсё зло зыходзіць з “лініі Краўса”, трэба забарыкадаваць праход да яе, каб пазбавіцца ад анамалій.
– Паспяшаемся, – абудзіўшыся, выгукнуў Рупар.
– І яшчэ раз праверым выйсці з цэха, – сказаў Пазаліні.
Усе выказванні былі падтрыманы адзінадушна. На гэты раз большасць мужыкоў узяліся за дыспетчарскую і пачалі рухаць яе да ўваходу на “лінію Краўса”, астатнія кінуліся правяраць зачыненыя дзверы. Трэці цэх ізноў напоўніў непрыемны скрып трэння жалезнай канструкцыі аб бетонную падлогу. Дыспетчарская слізгала вельмі марудна, крок за крокам набліжаючыся да мэты. Урэшце прысунуўшы яе да ўваходу, усе ўбачылі, што яна цалкам зачыніла выйсце на “лінію”, і некаторыя жанчыны перасталі плакаць. Але гэта было адзіным прыемным эпізодам. Вельмі хутка вярнуліся працоўныя, якія разам з Пазаліні пайшлі правяраць дзверы. Ніякіх змен – хтосьці добра падрыхтаваў загадзя распрацаваны план загнання ўсіх у адну агульную пастку. На пажарную эвакуацыю можна было болей не разлічваць. Снайпер паглядзеў на час.
– Мой гадзіннік паказвае гадзіну ночы. Шляхі адступу перакрытыя, але пакуль ніякая небяспека нам не пагражае, таму наша задача заключаецца ў тым, каб пратрымацца тут да раніцы. Я яшчэ разлічваю, што людзі з па-за звернуць увагу на непаладкі і мы будзем выратаваныя. Але і ад нас шмат чаго залежыць і самае галоўнае – трымацца разам, і не ў якіх абставінах не адыходзіць ад месца, якое мы зараз вызначым.
Людзі згодна заківалі галовамі, нават няўрымслівы Пазняк згадзіўся аб такіх мерах перасцярогі.
Агульным рашэннем працоўныя абралі належнае месца для далейшага групавання – ім стала тэрыторыю доўгага праходу, які пралягаў уздоўж першай веткі канвеера і цягнуўся ў самы канец цэха. Гэты праход знаходзіўся каля сцяны, якая адлучала трэці цэх ад другога. Побач знаходзіліся прыбіральні і зусім непадалёк ад іх аўтамат, які выдаваў гарачую каву. Але самым галоўным з’яўлялася адлегласць ад канвеера, якая складала каля дзясятка метраў і дазваляла трымаць сітуацыю пад кантролем.
Працоўныя падыходзілі да выбранага месца, сядалі на падлогу і шчыльней прыціскаліся адзін да аднаго, нагадваючы запалоханых бежанцаў. Як раз у гэты момант Снайпер кінуў слушную прапанову cабраць грошы, хто колькі дасць, і купіць у аўтамаце кавы. Неабходна было хоць чымсьці суцешыць і сагрэць людзей. Ноч прадвяшчала быць доўгай. Аднак грошай амаль не ў каго не знайшлося. Піць каву ў начную змену маглі толькі заядлыя меламаны. І імі, як ні дзіўна, аказаліся Курва, Пазаліні і яшчэ колькі працоўных, якіх Дзяніс не ведаў і бачыў упершыню. З усяго назбіранага атрымалася дваццаць кубачкаў растваральнай кавы на амаль пяцьдзесят чалавек. Таму першымі гарачую пайку атрымалі жанчыны, іх было каля тузіны. Сярод мужыкоў жаданне папіць гарачы напой выявіў Грыша і, прагна схапіўшы кубачак, адышоў падалей ад усіх, як пацук, толькі ўжо без вусоў. Каву ўхапіў і Чыпушыла.
Дзяніс разам з большасцю мужчын ад кавы адмовіўся, хаця быў і не супраць. Ён сеў на падлогу разам з Дзятлам, Маслам і Курвай і прытуліўся да халоднай сцяны, перад імі селі невядомыя яму працоўныя. Потым, уладкаваўшы самыя неабходныя справы, да іх падышоў Снайпер. На яго ілбу выступалі буйныя кроплі поту, а твар наліўся чырванню.
– А ты малайчына, – пахваліла яго Масла, сёрбаючы з кубачка, – я і не чакала, што наш Толік здольны праявіць якасці сапраўднага начальніка.
Дзіўным было чуць яе дабрадушны тон на фоне агульнай катастрофы. Бокам Дзяніс адчуваў, што Масла прыхінулася да яго, – цела яе дрыжала. У цэху сапраўды было прахалодна і з адчыненых над самым дахам вокнаў, ішоў скразняк.
– Цяпер будзем чакаць, – не зважаючы на кампліменты Масла, сказаў Снайпер і зручней прысеў каля іх. Дзянісу стала прыемна, што ён вырашыў размясціцца менавіта тут. Ён быў героем, ён столькі зрабіў за гэты час. Дзяніс шчыра ганарыўся Снайперам.
– Як ты лічыш, нас выратуюць? – спытала ў Снайпера жанчына, што сядзела акурат за яго спінай.
– Мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах. Цяпер галоўнае – заставацца тут, на гэтым месцы.
– Паабяцай, што з намі нічога не здарыцца.
– Я не Бог і не магу гэтага зрабіць.
Жанчына, стрымліваючы слёзы, перажагналася.
– Глядзіце, яны спынілася як раз насупраць майго працоўнага месца, хто б мог падумаць… – Курва паказала пальцам на прыкрытую халатамі груду.
– Лепш менш аб гэтым думаць і старацца не глядзець у той бок, – сказаў Снайпер.
Масла піхнула сваю дурнаватую сяброўку.
Снайпер агледзеўся, а потым прысунуўся бліжэй да чацвярых субяседнікаў.
– Засталося каля пяці гадзін, – ціха прамовіў ён. – Я не ведаю, што нам рабіць, у кожную хвіліну можа здарыцца непрадказальнае.
– Дык што там здарылася на “лініі Краўса”? – спытаў Дзяніс.
– Яны зараз усе знаходзяцца ў стане шоку, іх таксама можна зразумець. Я пакуль не хачу адназначна нічога сцвярджаць, але мне здаецца купка вар’ятаў задумала вельмі небяспечную гульню.
– Можа, Коўшын? – выказала здагадку Масла.
– Ага, наш дырэктар, – мужыцкім голасам сказала Курва і дастала з кішэні жменьку семачак.
– Цішэй, у дадзены момант усё можа быць. Адзінае, што выходзіць за межы майго розуму, пытанне аб тым, хто б гэта не быў: з якой мэтай ён вытварае падобнае, навошта яму такая бесчалавечнасць?!
– Зачым-зачым… вядома зачым, яму то падзі… падабаюцца злачынствы, – прахрыпеў Дзяцел.
– Але хто гэта? – спытаў Дзяніс.
– Я спадзяюся, мы вельмі хутка пра гэта пазнаем, але не прыкладаючы ўласныя высілкі, хопіць непатрэбных ахвяр – мы ўcё ж не героі, – сказаў Снайпер.
Такая праўдзівасць выклікала да яго ва ўсіх прысутных непадзельную прыязнасць. Ніхто не хацеў рызыкаваць.
Калючая дрыготка прайшлася па ўсім целе Дзяніса, ні то ад холаду, ні то ад страху. З кожнай хвілінай ён адчуваў, як узмацнялася яго хваляванне, паглынаючы, засмоктваючы сваёй уладай яго ўражлівы розум. Дзяніс паспрабаваў параўнаць гэта пачуццё, калі досыць моцна смактала пад лыжачкай. Штосьці падобнае здаралася з ім ў дзяцінстве пры наведванні стаматолага, пры першай бойцы ў школе паміж класамі, калі сілы праціўніка значна пераўзыходзілі, пры адным выпадку, калі ў дзясятым класе ад яго заляцела сяброўка і трэба было рабіць вакуум. Але на гэты раз смактала мацней, магчыма, таму што гаворка ішла пра ўласнае жыццё. Каму хочацца паміраць у дваццаць гадоў, калі ўсё яшчэ наперадзе? І што самае жудаснае – паміраць пакутлівай смерцю.
– На ўсякі выпадак, – ціха сказаў Снайпер, – калі, не дай Божа, здарыцца яшчэ якая-небудзь анамалія, можна будзе схавацца ў прыбіральні, гэта, бадай, непрыемнае, але самае непрыступнае месца.
– Фу, – зморшчыла нос Курва.
– Чаму не, – ажывілася Масла, – я б адразу туды і пайшла; дзверы на шпінгалет і ніякая брыда не дастане.
– Але гэта потым, – заспакоіў яе Снайпер.
А людзі, прытульваючыся адзін да аднаго, сядзелі моўчкі, як зацкаваныя і турботна ўглядаліся ў цэх.
Сведкі апошняга злачынства сядзелі каля самага краю прахода. У агульнай сумятні большасць пра іх забыла, таму ніхто не лез да іх з дакучлівымі пытаннямі. Цяпер кожны клапаціўся аб сваім асабістым азадку. Падабраўшы момант, да Рупара, Ласуна і Гестапа падышоў Пазаліні і, прысеўшы на кукішкі, стрымана спытаў:
– Дык хто-небудзь з вас мне растлумачыць, што там здарылася?
Яны ўтрох пераглянуліся. Доўга вырашалі каму расказваць, урэшце загаварыў Ласун:
– Мы прыйшлі на “лінію Краўса”. Канвеер там таксама стаяў. Холадаў адразу пайшоў да галоўнага пульта, каб паспрабаваць уключыць. Аднак марна. Хлопцы з “лініі” пайшлі да рэфрыжэратараў правяраць там па сваёй частцы і зніклі. Потым мы пачулі дзіўныя грукі. Брыгадзір заскочыў на канвеер – адтуль было лепш відаць, што там адбываецца. І тут нечакана ўключыўся канвеер – самастойна, разумееш, хаця яны маглі яго наладзіць, не ведаю. Холадаў павярнуўся да нас і сказаў: “Парадак”. У гэты момант ён паслізнуўся на роўнай паверхні і яго разарвала на кавалкі ў нас на вачах… я не ведаю што гэта было… яго проста лінчавала паветра. Адно імгненне і ўсё.
– Лухта якая, – ажывіўся Грыша, што сядзеў непадалёк. – Гэтага не можа быць, вы проста здурэлі.
– Што ты сказаў? – гаркнуў збялелы Гестапа і яго вочы наліліся крывёй. – Трэба было ісці з намі і самому паглядзець, а лепей залезці на канвеер, каб цябе замест Холадава разам з тваім паганым языком разлупіла!
Грыша сцепануўся, хутка падняўся з месца і сышоў.
– Гэта праўда? – спытаў Пазаліні.
Рупар кіўнуў галавой.
– Вось дык чартаўшчына, – асеўшы на падлогу, сказаў Пазаліні. – Значыць атручанае паветра ірве людзей на кавалкі.
– Не. Маё меркаванне, што гэта робіць канвеер, – сказаў Рупар.
– Канвеер?
Тым часам Дзяніс заўважыў, як Грыша падышоў да Пазняка, які стаяў каля аўтамата з кавай разам з Чыпушылай і яшчэ дзвюма мужыкамі. Грыша аб нечым шапнуў яму на вуха і Пазняк змяніўся ў твары.
– Глядзі, яны нешта задумалі, – сказаў Дзяніс Снайперу.
– Не падабаецца мне гэтая кампанія, – прыгледзеўшыся да іх, сказаў ён.
На некаторае імгненне позіркі Пазняка і Снайпера сустрэліся. Вочы Пазняка былі выкананы пагардай.