355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Латыголец » Канвеер » Текст книги (страница 14)
Канвеер
  • Текст добавлен: 9 апреля 2017, 08:00

Текст книги "Канвеер"


Автор книги: Андрэй Латыголец


Жанры:

   

Киберпанк

,

сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 15 страниц)

“Што, чарговы маньяк?” – прачнулася яе турбота.

І ўсё ж яна чакала тлумачэнняў, чаму ён так хацеў пачуць менавіта яе голас. Але мужчына маўчаў. Доўга так працягвацца не магло.

– Чаго ўтаропіўся? – не вытрымала яна.

На што мужчына толькі ўзняў густыя бровы, зморшчыўшы лоб і цяжка ўздыхнуў.

“Можа ён нямы? Ці проста вар’ят? Здаецца, у гэтым гатэлі ўсе звар’яцелыя”.

Яна развярнулася і кранула ручку дзвярэй.

– Хвіліну, вы забылі адну рэч, – прагучаў мяккі голас дзіўнага незнаёмца і яна азірнулася.

У яго руцэ, звісаючы з кручкаватых пальцаў, боўтаўся срэбны ланцужок з крыжыкам. Яна інстыктыўна кранула сябе за шыю і зразумела, што яе ланцужок, які маці падарыла ёй на васемнаццацігоддзе – знік. Яна наблізілася да мужчыны і рэзка выхапіла ланцужок з яго рукі. Мужчына сядзеў, не міргнуўшы вокам.

“Трэба адсюль вымятацца”, – успыхнула ў яе розуме.

– Глядзі, не згубі яго, ён табе яшчэ спатрэбіцца, – сказаў мужчына, ад чаго ў дзяўчыны па целе прабегла калючая дрыготка. Яна зачыніла дзверы і адразу зачапіла ланцужок на сваёй шыі.

Парцье выпарыўся, а па калідоры ўсё гучней раздавалася рэха ад стрэлаў. Яна звярнула ўвагу на прыадчыненыя дзверы насупраць і падышла бліжэй. Стрэлы чуліся менавіта адтуль. Унутрана адчуваючы прыхаваную неабходнасць, дзяўчына асцярожна прасунулася ў шчыліну праёму і зайшла ў пакой. Там яна ўбачыла двух лысагаловых хлопцаў, што паселі на канапе спінай да яе і ўважліва глядзелі па тэлевізары знакаміты вестэрн “Цудоўная сямёрка”. Яны пілі піва і гучна мацюкаліся. У аднаго з іх шчацінне на галаве было светлым, а ў другога цёмным. Хлопцы былі даволі каржакаватымі. Яна паспрабавала ўявіць твары гэтых бамбізаў.

“Пэўна, яны грубыя і з паламанымі насамі”.

Аднак гэта не стрымала дзяўчыну і яна вырашыла падысці да іх. Хлопцы азірнуліся. З выгляду яны аказаліся даволі мілымі, нават нечым нагадалі ёй школьнікаў. Лысагаловыя зусім не здзівіліся нечаканаму з’яўленню дзяўчыны. Наадварот, той, што быў са светлым шчаціннем, адразу працягнуў ёй бляшанку піва і яна ні секунды не вагаючыся, узяла яе. Потым лысагаловыя пасунуліся ў бок і запрасілі яе прысесці. Дзяўчына села між імі і хлопец з цёмным шчаціннем, крануўшы яе за плячо, закрычаў:

– Глядзі, той што лысы зараз падстрэліць гэнага вусатага мекса!

І стрэлы з тэлевізара напоўнілі пакой, а лысагаловыя пачалі падскокваць на месцы ад захаплення, як футбольныя аматары, нібы глядзелі якісьці фінальны матч і дрыгаліся на кожным галявым моманце. У гэтае імгненне чорна-белая карцінка знікла з экрана тэлевізара. Хлопцы раздражнёна кінуліся да “скрыні” і пачалі біць па ёй кулакамі – дарэмна. У хлопца са светлым шчаціннем дзяўчына заўважыла на плячы татуіроўку з надпісам: “Skinheads against racial prejudice”.[25]25
  “Сапраўдныя скінхэды не расісты”. (анг.).


[Закрыть]
Гэта былі скінхэды. Але яны не падаліся ёй такімі агіднымі, якімі іх звычайна выкрывалі ў СМІ. Скінхэды селі на падлогу і запалілі па цыгарэце. Нервова зацягнуўшыся, яны пачалі размаўляць між сабой, не звяртаючы ўвагі на дзяўчыну, нібы яна перастала для іх існаваць.

– Я ведаю хто гэта зрабіў.

– І хто ж?

– Гэта той псіхапат з шостага пакоя. Зноў шукаў свой порна-канал, вось і збіў нам увесь кінематограф. Гэта ўжо не першы раз паўтараецца…

– Такіх трэба без суда і следства…

– І яшчэ горш, што менавіта такія вылюдкі гвалцяць дзяцей, добрыя ж бабы не даюць, акрамя толькі шлюх ці педэрастаў, на якіх не заўжды грошаў хапае. Вось і трэба на дзецях адыгрывацца. Ідуць у пад’езды і падпільноўваюць; запрашаюць да сябе, спакушаюць прысмакамі, а потым гвалцяць, здымаюць на камеру, закідваюць у Інтэрнэт, гніды!

– Слухай, пайшлі да яго зойдзем, мне ён ужо добра паспеў надакучыў.

У яе сціснула сэрца. Лысагаловыя, апантаныя сваёй мэтай, адразу падняліся з падлогі і выйшлі за дзверы, пакінуўшы дзяўчыну адну. Як толькі дзверы за імі зачыніліся, яна не здолела стрымацца і па яе шчоках пакаціліся буйныя слёзы, а перад вачыма паўсталі малюнкі з дзяцінства. У дзесяць гадоў у бацькавым гаражы, куды ён часта яе вадзіць, яна абярнула на сябе слоік з белай фарбай. Чорныя, доўгія пасмы валасоў ураз заліло вадкай гадасцю. У выніку маці прыйшлося пастрыгчы яе амаль налыса. Так яна і хадзіла ў школу. Але ніхто не думаў з яе смяяцца. Яна была вельмі прыгожай дзяўчынкай, нават з кароткай стрыжкай і да таго ж магла за сябе пастаяць, таму ёй ніколі не даводзілася чуць у свой бок ніякіх кпінаў. Тады яна таксама была падобна на гэтых скінхэдаў, тады яна была мужнай, тады яна была ўпэўненай у сабе. А цяпер?

Карцінка на экране ўзнавілася, але вестэрн скончыўся – ішлі тытры. Хутка ў пакой заваліліся задаволеныя скінхэды.

Яна ўзнялася з канапы і паставіла на падлогу не дапітую бляшанку піва.

– Што, ты не будзеш глядзець з намі далей, пачакай, можа зараз што-небудзь цікавае пакажуць, – сказаў скінхэд з цёмным шчаціннем, убачыўшы, што вестэрн скончыўся.

Яна адмоўна пагайдала галавой.

– Шкада, ты нам так спадабалася.

– Дзякуй, – расчулена прызналася яна і выйшла з пакоя.

“Куды мне ісці? Вяртацца ў нумар так не хочацца”, – сустрэлі яе ў калідоры турботныя думкі.

У галаве стаяў тлум.

“Ці не доўгі ўсё гэта сон?”

Яна адчула сябе ў эпіцэнтры сюррэалістычных падзей, але дакладна не ведала, што рабіць далей, нібы актрыса, якая выйшла на сцэну і выпадкова забыла свае словы. Ад безвыходнасці дзяўчына спаўзла па сцяне на кукішкі і зморана паклала галаву на калены.

Аднекуль пачуўся смех, а потым у іншым канцы калідора адчыніліся дзеверы і яна пачула крокі. Хтосьці спярша накіраваўся да лесвіцы, але нечакана спыніўся, пастаяў на месцы і пайшоў у яе бок. Дзяўчына прыўзняла галаву. Перад ёй з’явіўся самы сапраўдны блазан. Увесь такі яскравы: з чырвоным носам і вуснамі, з парыком рудых валасоў на галаве і з дурным капялюшыкам.

Блазан імгненна аскаліўся ўсмешкай. Яе аж перасмыкнула. Яна з дзяцінства на дух не пераносіла блазнаў. Аднойчы, калі яны з маці пайшлі ў цырк, да яе выскачыў такі самы блазан і, схапіўшы за руку, вывеў на сярэдзіну сцэны. Ён спрабаваў патанцаваць з ёй, а яна расплакалася і няцямлівую дзяўчынку прыйшлося вярнуць на месца. Трохі пазней яна паглядзела фільм па раману Стывена Кінга – “Яно”, што яшчэ горш напалохала яе, асабліва той момант, калі брыдкі блазан зацягнуў маленькага хлопчыка ў каналізацыю. З таго часу, акрамя блазнаў, яна баялася глядзець у адтуліны з чорным бяздоннем.

І вось перад ёй узнік гэты блазан.

– Я заўважыў цябе тут адну і вырашыў падысці. Мой прафесійны абавязак весяліць людзей і мне заўжды прыкра, калі людзі журацца, тым больш такая прыгожая дзяўчына, – пралапатаў ён і дастаў з кішэні губны гармонік. Пачаў дзьмуць і адначасова танчыць на месцы. Мелодыі былі такімі ідыёцкімі, што ёй адразу захацелася смяяцца.

Нечакана на яе плячо лягла дзіцячая ручка. Гэта аказалася тая дзяўчынка з гумавым мячыкам.

– Пойдзем адсюль, – прашаптала яна.

– Але куды?

– Да нашых дзвярэй…

Дзяўчынка працягнула ёй сваю далоньку і яны, узяўшыся за рукі, пайшлі па калідоры, пакінуўшы блазна без увагі.

Падышоўшы да дзвярэй з нумарам адзінаццаць, дзяўчынка вызваліла сваю ручку з яе далоні і села на падлогу, падгарнуўшы пад сябе ножкі, таксама, як і яна імгненне таму. Толькі цяпер дзяўчына звярнула ўвагу на непаслядоўнае размяшчэнне нумароў на дзвярах у гатэлі.

– А дзе твой мячык? – спытала яна ў дзяўчынкі, даследуючы калідор; нумары і насамрэч ішлі ў разнабой, а на некаторых дзвярах адсутнічалі наогул. Мажліва, такая нумарацыя магла азначаць штосьці іншае.

– Забралі, – адказала дзяўчынка. – Хлопчык у белай кашулі, ён благі, а яшчэ ў яго з валасоў рожкі тырчаць, і хвост ён свой у шортах хавае.

Дзяўчына ўсміхнулася. У дзяцінстве яна таксама любіла ўсё перабольшваць, заўжды бачыла тое, чаго не існавала і думала аб тым, што не адпавядала рэчаіснасці.

– А што за тваімі дзвярамі?

– Яны…

– Хто яны?

– Маці з татам. Яны там стогнуць, а мне сказалі пагуляць на калідоры, а потым благі хлопчык забраў мой мячык.

Яна прыслухалася – і сапраўды – за дзвярамі чуўся жаночы стогн. Асцярожна крануўшы ручку дзвярэй, дзяўчына зайшла ў невялікі пакой. У пакоі панаваў прыцемак і толькі з-за фіранак праслізгвала залацістая пляма святла, датыкаючыся да ложка, на якім барадаты мужчына, трымаў у абдымках жанчыну. Яны паўтаралі простыя рухі.

Дзяўчына аслупянела. Калі ёй было адзінаццаць гадоў, неяк ноччу ў яе разбалеўся жывот і яна зайшла ў спальню да бацькоў, каб пабудзіць маці. Бацькі займаліся сэксам. Яе адразу ахапіў такі сорам, што і зараз, узгадаўшы аб гэтым эпізодзе, яе шчокі незнарок запунсавелі.

У гэты момант яна пачула, як за яе спінай захныкала дзяўчо. Палюбоўнікі раптоўна спыніліся.

– Якога чорта?! – абурыўся барадач.

Жанчына хутка вылезла з-пад яго, прыкрыла свае грудзі коўдрай і акінула іх абедзвюх дакорлівым поглядам.

Нічога не адказваючы, дзяўчына развярнулася і выйшла за дзверы, разумеючы, што трапіла ў няспраўную сітуацыю.

Сцены, падлога, столь калідора на яе вачах пачалі ператварацца ў вадкасць, а вушы напоўніў незразумелы імпульсіўны гуд. Не звяртаючы ўвагі на фантастычныя змены ў памяшканні, яна пайшла наперад. Ступаючы па няўстойлівай падлозе, дзяўчына з кожным крокам адчувала, што жыле, у якое ператварылася падлога, зараз яе засмокча. Са столі пачала сцякаць жыжка, падобная на лаву, якая палае з зяпы раз’юшанага вулкана.

“Хто я, дзе я знаходжуся, можа, гэта ўсяго толькі ўласнае трызненне?”

– Прабачце, а ў вас не знойдзецца цыгарэткі? – пачула яна мужчынскі голас.

“Якога д’ябла ім усім ад мяне трэба? Усе ў гэтым гатэлі намагаюцца мяне зачапіць, каб сказаць, спытаць, прапанаваць?!”

Калідор пачаў скажацца, паступова вяртаючы сабе правільную форму і свой папярэдні выгляд.

– Я не палю, – вымавіла яна.

Азірнуўшыся, дзяўчына раптоўна знерухомела. Перад ёй стаяў Ён. Сам Ён! Кароль! Легенда! Не можа быць! Адкуль? Тут? У гэтым несамавітым гатэлі? У гэтай краіне? Глупства! Перад ёй стаяў кароль рок-н-рола! Сам Элвіс Прэслі ўласнай персонай! Ён стаяў пасярод адчыненых дзвярэй пакоя, перакрыжаваўшы рукі пад грудзьмі. На ім была апранута звычайная белая майка з надпісам “Амерыка”. Элвіс асляпляльна ўсміхаўся, а яго прычоска была ў дакладнасці такой, як у 1956 годзе.

“Чарговы імітатар?” – праслізнула ў яе галаве.

Яна ўважліва прыгледзелася да яго. Калі гэта муляж, то самы дасканалы.

– Я ведаю аб чым ты зараз думаеш, – сказаў ён на беларускай мове. – Я гэта ці не я? Усіх, прынамсі, хто бачыў мяне пасля смерці, ахапляў такі ж ступар. Гэта, зрэшты, звычайны інстынкт. Усе, хто захапляліся мною непасрэдна пры сваім жыцці праз гэта праходзілі. І ты, канечне, як я бачу, не выключэнне. З свайго боку я, – ён паглядзеў на далонь, на якой была напісана падказка, – у мільён двухсот пяцідзесяці трох тысячны раз з усёй адказнасцю магу заявіць, што гэта я. Так, перад табой сапраўдны Элвіс Прэслі.

Яна глядзела на яго, не ў стане вымавіць і слова.

– Ды і ў мяне таксама быў шок, калі я пачуў голас з верха, – Элвіс задраў паказальны палец угору.

“Каго ён мае на ўвазе, у гатэлі толькі два паверхі”, – прыгадала яна.

– Уяўляеш, – працягваў ён, – голас сказаў, што мне і тут не будзе супакою. Ён загадаў мне наведваць усіх маіх фэнаў і размаўляць з імі аб чым яны толькі пажадаюць. Гэта быў нечаканы піяр ход майго новаспечанага прадзюсара. Ён надзяліў мяне ўсімі мовамі свету, я нават на вашай трасянцы размаўляць магу.

Яе нечакана перасмыкнула.

– Заходзь да мяне. У маім пакоі ўсё пад стыль бессмяротных пяцідзесятых, там нам будзе зручней пагутарыць.

Яна не магла ні зварухнуцца, ні нават што-небудзь сказаць, але ўжо не ад убачанага, а ад пачутага.

– Я цябе разумею, не кожны раз даводзіцца ўсвядоміць, што ты памёр, супакойся.

І яна без прытомнасці звалілася на падлогу.

Прачнулася яна ад адчування, што на яе на ілбе ляжыць вільготная анучка. Пралупіўшы вочы, яна зразумела, што знаходзіцца ў пакоі. Акуратна засланы ружовай коўдрай ложак, жоўтыя шпалеры і меладычная песня з радыё, – спяваў Элвіс Прэслі, спяваў “Onlу you” – усё гэта падкрэслівала праўдзівасць падзей, якія з ёй адбываліся. Яна сцягнула з ілба анучу і ўбачыла Элвіса.

“Значыць ён сапраўдны?”.

Прэслі сядзеў на скураным крэсле, закінуўшы на журнальны столік свае доўгія ногі ў лакіраваных пантофлях.

– А ты мяне добра напалохала. Хаця, акурат перад табой афрыканскі хлопчык з Марока, зразумеўшы, што памёр, званітаваў на мой любімы пінжак. Гэта нічога, што я зараз перад табой у такім выглядзе?

– Лепш скажы, якім чынам я сюды трапіла? – ледзьве чутна вымавіла яна.

Элвіс насупіўся.

– Вось так заўжды, зусім перасталі паважаць караля, цяпер я пустое месца, хаця па рэйтынгу на трэцім, нават Ленан у дзесятку не ўвайшоў. А ўсё чаму? Таму што Beatles – гэта папса… Хіпар халярысты!

Ён незадаволена ўстаў з крэсла, падышоў да дубовай тумбачкі, што стаяла каля ложка і дастаў адтуль аркуш. Імгненне ён праглядаў яго, а потым вярнуўся на месца. Яна заўважыла, як па яго прыгожай сківіцы напружана забегалі жаўлакі.

– Усё зразумела, – сказаў Элвіс. – Аўтобус, слізкая шаша, калгаснік-вадзіцель, рэзкі паварот і ўсіх усмятку. Але пачакай, дзіцяці трох гадоў у цяжкім стане дастаўлена ў рэанімацыю – усе астатнія, уключаючы цябе – мерцвякі.

Элвіс яшчэ раз уважліва праглядзеў напісанае.

– Ага, уверсе аркуша, каля твайго прозвішча стаіць пытальнік.

– Што гэта значыць?

– Што гэта значыць, што гэта значыць? – перадражніў яе Элвіс. – Гэта не ўваходзіць у мае абавязкі. Не ведаю. Чаму б табе не спытаць аб існаванні майго тлустага брата-двайніка ці аб выкраданні мяне НЛА, спытаць, прымаў я будызм ці не?..

У яе забалела галава.

“Усё ж калі моцна жадаеш сабе смерці, яна абавязкова цябе напаткае. Толькі робіцца не па сабе, калі разумееш, што ёсць працяг, а вось гэтага як раз і не хацелася. Цяпер наперадзе, хутчэй за ўсе, чакае суцэльная цемра, а гэты гатэль, як першы крок да яе”.

– …а пра маіх каханак, пра ўжыванне наркотыкаў, пра ружовы лімузін, пра жоўтыя чаравікі, – Элвіс захлынаўся ў сваіх пераліках.

– Хопіць, замоўкні! – не вытрымаўшы, спыніла яго дзяўчына. – Я паважаю цябе як выканаўца, ты класны і гэта праўда, я люблю рок-н-рол і рокабілі, фолк-рок, але не больш чым іншыя стылі, той жа панк-рок, інды, хардкор, гранж, ска, дзе былі свае своеасаблівыя і выдатныя музыкі, я ніколі не зацыклялася на адным спеваку. Чаму замест цябе да мяне не прыйшлі, скажам, Джоі Рамон, Ян Кёрціс, Джымі Хендрыкс, Курт Кабэйн урэшце?

Элвіс пакрыўджана схіліў галаву і ледзь чутна вымавіў:

– Значыць, у апошнія хвіліны свайго жыцця ты думала аб тым, што магло быць звязана з маёй асобай. Проста ўсім, хто захапляўся мною пры жыцці, прадстаўляецца мажлівасць пабачыць жывую легенду пасля смерці. Накшталт маральнай кампенсацыі.

– Кампенсацыі кажаш, нічога, добры ў вас тут прыём, – з’едліва вымавіла яна і паглядзела яму ў вочы. – Прабач, я не хацела цябе пакрыўдзіць, забудзем аб гэтым.

І яна паднялася з крэсла. Болей там заставацца было невыносна. Усе тыя навіны, пра якія ёй паведаміў Элвіс, былі даволі неспадзяванымі і таму збілі яе з панталыку. Ёй хацелася збегчы, схавацца ад усіх і застацца адной.

– Пачакай, няўжо цябе не цікавяць усе тыя таямніцы, якія ўзніклі пасля маёй смерці? – разгубіўся ён.

Дзяўчына прамаўчала. І без таго занадта шмат смерцяў адбылося за гэты дзень.

– Усё гэта… – але яна не пачула заканчэння сказу, зачыніўшы за сабой дзверы.

Адчуванне непрадказальнага, пачуццё тагасветнага і непераадольная напруга сціскалі яе скроні. Толькі цяпер яна зразумела, што ўсе шляхі адступу былі адрэзаныя, а прыстасоўвацца да рэчаіснасці было так нязвыкла. Але ўсё ж дзесьці ў глыбіні яе падсвядомасці трымцела невялікая надзея на штучнасць гэтай рэчаіснасці.

“Чаму не відаць святла ў канцы калідора? Калідор звычайны, падлога па-ранейшаму нагадвае шахматную дошку. І хто я ў гэтай партыі? Пешка ці дамка? ”, – падумала яна.

Трэба было вяртацца ў свой нумар і дзяўчына падышла да дзвярэй у канцы калідора. Тузанула за ручку, але дзверы аказаліся зачыненымі. Яна моцна грукнула нагой па дубовай дзвяры-дамавіне і раздражнёна села на падлогу.

“Пайшло ўсё да чорта!”

Калідор зноў пачаў відазмяняцца, ператвараючыся ў вадкую прастору.

– Прабач, я зачыніў за сабой дзверы, – пачула яна пракураны мужчынскі голас. – Падымайся, табе нельга тут заставацца.

Яна ўзняла галаву і ўбачыла невядомага мужчыну. На выгляд яму было каля трыццаці гадоў. Сярэдняга росту. Твар круглы і з іракезам на галаве. Мужчына быў апрануты ў касуху і ірваныя джынсы. Ён лагодна ўсміхаўся.

Яна прыўзнялася і ён, прытрымліваючы яе за локаць, завёў у пакой.

– Дык значыць гэта ты так моцна жадала сабе смерці? – зачыніўшы за сабой дзверы, ціха спытаў мужчына.

Яна падышла да ложка і адразу лягла на яго, падціснуўшы сабе пад грудзі стомленыя ногі.

Раней бы яна ніколі не пачала дзяліцца з незнаёмцам сваімі ўнутранымі хваляваннямі і праблемамі, не ўсё яна магла расказаць і сваім сяброўкам. Але тут усе комплексы і сарамлівасць якімсьці чынам зніклі, як знікаюць сляды на марскім пяску.

Яна паглыбілася ў свае ўспаміны.

– Жыццё страціла для мяне ўсялякі сэнс, – падсумаваўшы свае думкі, сказала дзяўчына.

– Будзь ветлівай, скажы, колькі табе гадоў? – уздыхнуў мужчына і сеў на падлогу побач з ложкам, потым дастаў пачак цыгарэт і запаліў.

– Дзевятнаццаць, – здушана вымавіла яна.

– Значаць, пражыўшы ўсяго дзевятнаццаць гадоў, ты вырашыла, што далей жыць няма сэнсу? – выдыхнуўшы дым, спытаў ён.

“Хто б гэта ня быў, але яго лепш не падманваць”, – пераконваў яе ўнутраны голас.

– Не ведаю, цяпер не ведаю… У той момант я думала менавіта так.

– А калі б табе зараз далі шанец выбраць паміж жыццём і смерцю, на чым бы ты спынілася?

На чым бы яна спынілася? Жыццё – гэта пакуты, слёзы і боль, там на зямлі ўсё тое, што яна шмат разоў бачыла і чула, нічога вартага… Але тут? Наперадзе – таямніца, яна насцярожвала, яна палохала. І яшчэ гэты гатэль, ён нагадаў ёй мінулае, забытае пад сумётамі жыцця: яе хваляванні, яе думкі; тут яна зразумела, што больш падобнага з ёй не здарыцца і ўсё зямное ніколі ўжо не паўторыцца. З аднаго боку гэта абнадзейвала, а з другога, здавалася, можа менавіта гэтага “зямнога” ёй як раз такі і не будзе хапаць…

– Я б выбрала жыццё, – нечакана для самой сябе сказала дзяўчына і ў пакоі трохі пасвятлела.

Мужчына плюнуў на падлогу.

– Чалавек, па сваёй існасці, ніколі не любіць радыкальных перамен, абы толькі яго не чапалі, менавіта з-за такіх калісьці мяне і распялі. Хаця, вядома, ёсць выключэнне, – анархісты, да прыкладу, якіх нажаль ніхто ў сур’ёз не ўспрымае, аднак гэта ўсё з-за прагных да ўлады палітыканаў. А вось калі чалавеку добра прыпячэ, тут ён пачынае корпацца ў глыбінях сваёй чэрствай душы з імкненнем знайсці там праўду, падкрэслю – сваю праўду, якая, часцей за ўсё, зводзіцца да поўнай бязглуздзіцы.

Яна ляжала, не зварухнуўшыся, падклаўшы пад галаву далоні, уважліва слухаючы кожнае яго слова.

– Аднак у нас мала часу. Не ведаю, чаму я іншым разам раблюся такім паблажлівым, а ўвогуле я люблю шукаць прыгоды на свой азадак… Відаць, на гэта ўплывае мая прыхаваная любоў да чалавецтва. Добра, я паспрабую цябе перавесці, пакуль гэта ўсе, што я магу для цябе зрабіць. Таму паспрабуй пражыць сваё новае жыццё, не засяроджваючы ўвагі на ўсякім смецці, якое яго акружае, менавіта ў гэтым і ёсць сэнс існавання. Канечне, гэта зусім не значыць, што табе абавязкова неабходна пайсці ў манашкі, некаторыя не правільна атаясамляюць знакі, якія ім падаюць. Знайдзі сваё прызначэнне…

– Ты Бог? – прыўзняўшыся з ложка і, абапёршыся на рукі, запытала яна.

Мужчына гідліва сыкнуў і дзяўчына зразумела, што зачапіла досыць балючую тэму.

– Не хачу пра яго нават чуць, – ён апантана расшпіліў касуху і яна ўбачыла пад ёй белую майку з чорным надпісам “No God, No Master”.[26]26
  “Ні Бога, ні гаспадара”. (агн.).


[Закрыть]
– Я не размаўляю з ім ужо больш за тысячу год, гэты стары ёлуп дастаў мяне сваімі маралямі…

Потым ён сутаргава засунуў руку ва ўнутраную кішэню касухі і дастаў ключ.

– А цяпер спускайся ўніз і аддай гэта Пятру. Паглядзім, як яму такі сюрпрыз.

Лямпы ў калідоры мігацелі па-ранейшаму, раздражняючы зрок дзяўчыны перарывістым святлом. Яна адчула сябе прысутнай на “Тытаніку” – нібы ратуешся з калідора, які паступова запаўняе сцюдзёная вада. Але лепш было б знаходзіцца на “Тытаніку”, там, магчыма, яшчэ заставаўся шанц выратавацца.

Яна праходзіла каля дзвярэй-дамавінаў, адчуваючы на патыліцы подых вышэйшага розуму, які стаіўся ў гэтых сценах, а жудасны калідор нагадваў калідор смяротнікаў.

Яна сыходзіла па лесвіцы, а яе крокі гучалі, як стрэлы ў спіну. Сэрца ў яе грудзях так і карцела выскачыць вонкі і пакаціцца наперад клубком чырвоных нітак.

Яна сціснула зубы.

І ўрэшце фае. За сталом сядзеў, як прыкаваны, дзядок са зморшчаным тварам. Яго здзіўлены погляд сканцэнтраваўся на дзяўчыне. Было відаць, што ён не чакаў яе з’яўлення.

Дзяўчына падышла бліжэй. У вачах дзядулі не засталося следу ад ранейшай хітраватай безуважнасці. Яна бачыла яго разгубленасць. Дзядуля зусім нехаця працягнуў ёй руку, і дзяўчына паклала ў яго кашчавую далонь іржавы ключ. Ён адразу схаваў яго ў кішэню сваіх портак, а потым выйшаў з-за стала.

– А цяпер распранайся, – на поўным сур’ёзе загадаў Пётр.

Яна згубіла ўсялякую сарамлівасці адначасова з яго патрабаваннем, адчуваючы знутры, што не можа не паслухацца. Спачатку зняла кеды, потым сваю куртку, кофту, джынсы, шкарпэткі, майку з надпісам і выявай гурта “KISS”, абыякава скінуўшы ўсё ў адну кучу з цвёрдым разуменнем, што гэта ёй болей не спатрэбіцца і засталася толькі ў трусіках з ліфчыкам.

– Далей, – настойліва патрабаваў Пётр.

– Скажыце мне, калі ласка, скажыце, што гэта за месца? – умольна вымавіла яна.

Куткі вуснаў Пятра пагардліва ўздрыгнулі.

– Гэта месца – прывід, яго наогул не існуе. Гэта субстанцыя, куды ты імкнулася патрапіць. Кожны знаходзіць свой апошні прытулак па-рознаму. У тваім выпадку гэта ўвасабленне гатэля, які ты выдумала падсвядома. Тут спалучыліся ўсе твае хваляванні, успаміны, развагі, непасрэдна перад тваёю смерцю – усё ў адным неіснуючым месцы. Аднак тут прысутнічае і рэальнасць – гэта ты, я і тыя людзі, якіх табе давялося сустрэць на другім паверсе, – тут ён асекся, стрымліваючы сваю непадуладную незадаволенасць, а потым працягнуў: – Я разлічваў, што ты застанешся тут назаўжды, як большасць такіх жа грэшнікаў, каб вечна блукаць у калідорах уласнага пекла.

Пётр прыжмурыў вочы.

– Я бачу ў цябе на шыі крыжык, гэта твой дзед табе аддаў? Дзеда ты, канечне, зусім не памятаеш, ён памёр за чатыры гады да твайго нараджэння. Але гэтае распяцце дапаможа табе пры пераходзе. ЁН узрадуецца, што ты веруючая. Табе пашанцавала, бо я б на яго месцы… Што ж, ЯМУ лепш відаць. Добра, а цяпер скідай з сябе ўсё астатняе.

І яна дрыготкай рукой расшпіліла гузік на ліфчыку, а потым зняла і трусікі. Пётр, здавалася, зусім не заўважаў яе, яго сур’ёзны позірк, нібы праходзіць скрозь дзяўчыну, не засяроджваючы ўвагі на ўсёй прыгажосці юнага цела.

Сэрца ў яе грудзях утрапёна загрукатала і ёй пачало трызніцца, што яго мулкі гук напоўніў усё фае.

Нечакана дубовыя дзверы, праз якія яна патрапіла ў гатэль, імпэтна расчыніліся, абліўшы памяшканне з’едліва-белым святлом, ад якога зарэзала ў вачах. Святло паступова пачало паглынаць гатэль, не стала болей ні сцен, ні падлогі, ні стала, толькі дзве постаці – яе і Пятра.

– Цяпер, Маргарыта, можаш ісці наперад. Не хвалюйся, усе выпрабаванні ўжо мінулі. Аман, – рэхам прагучаў яго гугнявы голас.

Аднак Рыта адчувала, што душэўны неспакой не дазваляў ей крануцца з месца.

– Пачакайце! – сарвалася з яе вуснаў. – Скажыце мне толькі адно, там у пакоі, у сваім пакоі я бачыла Бога?

Пётр зарыпаў зубамі.

– З іракезам і ў касусе?

– Так, – разгублена вымавіла яна.

– Халера! – гаркнуў Пётр і кінуўся да дзяўчыны, схапіў за плечы і сціснуў так моцна, што яна крыкнула. – Хацелі мяне падмануць? Не выйдзе, ён табе не дапаможа, таму што ён здраднік, чуеш!

Вочы Пятра былі шалёнымі.

Але ў гэта імгненне за яго спінай з’явіўся той мужчына з іракезам.

– Адпусці яе, стары пярдун! – сказаў ён.

Пётр азірнуўся і раптоўна адпусціў дзяўчыну.

– Ісус, ты сам не ведаеш, што робіш, гэта не падуладная табе тэрыторыя, вярніся ў сваю рэзервацыю, так будзе лепш, – паблажліва вымавіў ён.

– Паслухай сюды: сядзь за свой грэбаны стол і прапусці ў дзверы гэту дзяўчыну.

– Ты не адказны за яе.

– Замоўкні, мне наогул пляваць на ўсе вашыя дагматы і ты гэта добра ведаеш.

– Ісус, не вымушай мяне рабіць таго, чаго я не хачу рабіць.

Ісус не вытрымаў і накінуўся на Пятра, збіў яго з ног і яны ўдвух пачалі качацца па падлозе. Дзяўчына ўбачыла, што дзядуля толькі з выгляду быў трухлявым пнём. Ён паклаў Ісуса на лапаткі і пачаў лупцаваць яго па шчоках.

– Ты па-ранейшаму думаеш, што я буду падстаўляць шчокі, на, атрымай! – адказаў Ісус Пятру моцнай аплявухай і скінуў з сябе.

– Рыта, бяжы, хутчэй бяжы адсюль, я затрымаю гэтага чмыра! – крыкнуў ёй Ісус.

І Рыта адразу пабегла наперад, не азіраючыся. Яе цела пачалі скаланаць дрыжыкі. Бязмежнае святло паступова паглынала, растварала яе плоць, каб спалучыцца разам. Яна бегла па бяздонню, знікаючы ў невядомасці.

* * *

На табло электракарыёграмы, неспадзеўкі міргаючы, загарэлася чырвоная кропка, паланіўшы рэанімацыйны пакой упартым піскам, якая вызначала пульс. Замест прамой лініі, спярша злёгку вагаючыся, а потым усё больш узмацняючыся, пачыналі ўзнікаць крывыя ламаныя. Дзяўчынка гадоў трох з кіслароднай маскай на твары пачала дыхаць. Рэанімацыя, запоўненая людзьмі ў белых халатах, прачнулася ціхім перашэптваннем. Яшчэ б, дзве гадзіны таму яе ў цяжкім стане даставілі ў бальніцу пасля жахлівай аварыі на шашы Мінск-Гродна, дзе акрамя дзяўчынкі загінулі ўсе пасажыры, і ўжо як пяць хвілін не дыхаючы, яна нечакана ажыла. Здавалася, гэты боскі подых удыхнуў у яе вусны жыццё, ніякага іншага вытлумачэння гэтаму не існавала. Праз імгненне рэанімацыя абудзілася гучнымі апладысментамі і ўсе прысутныя да апошняга пачалі абдымацца. А дзяўчынка нерухома ляжала на аперацыйным стале і з яе кволенькай грудкі чэпкім струменьчыкам біла жыццё. Яе ружовыя вейкі злёгку ўздрыгвалі, а кіслародная маска напаўнялася парай ад яе дыхання.

Гэта быў безумоўны пачатак, пачатак новага жыцця.

2008 г.

    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю