![](/files/books/160/oblozhka-knigi-kanveer-249744.jpg)
Текст книги "Канвеер"
Автор книги: Андрэй Латыголец
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 15 страниц)
Андрэй Латыголец
Канвеер
Канвеер
2015
Non solum bene laboramus,
sed etiam bene vivĭmus.
Мы не толькі добра працуем,
але і добра жывём. (лац.).
1
Хто ты? Адкуль ты? Навошта ты? Калі ты чуеш мяне, значыць цябе абралі. У цёмных скляпеннях тваёй падсвядомасці нараджаецца новы плён сапраўднай асобы, твайго ўласнага “Я”, тваёй сутнасці…
На віктарыянскіх могілках холадна. Холад пранізвае да самага мозгу…
Палічы да дзесяці…
Табе не хочацца прачнуцца…
Белыя, белыя слупы…
Бяжыш па доўгім калідоры, шукаеш выйсця, а ўсе дзверы зачыненыя. Ратуешся ад нябачнай небяспекі, але ў глыбіні душы разумееш, што трэба бегчы як мага хутчэй. Аднак ногі ватныя, зацягваюць у вязкую падлогу і ты тонеш, цябе засмоктвае бетон. Апошні ўздых…
Святло…
Лёгкае казытанне…
Ты чуеш мяне? Запомні, пакуль яшчэ б’ецца тваё сэрца, запомні на ўсё жыццё – ты мой…
Толькi мой!!!
– Прачынайся, – прашаптала Іра на вуха Дзянісу.
Ён ляжаў на спіне, скрыжаваўшы пад грудзьмі рукі, і, крыху прыадчыніўшы рот, нагадваючы ў такім стане егіпецкую мумію. Голас Іры прагучаў у яго сонным розуме скажоным воклічам, глухім рэхам з фамільнага склепа якога-небудзь старажытнага роду, невыразным гукам з гнілой пашчы зомбі, ці яшчэ ў выглядзе якогасьці бязглуздага трызнення.
– Ну прачынайся ўжо, – сказала яна і пацалавала Дзяніса ў няголеную шчаку.
Адчуўшы пяшчотны дотык, Дзяніс абудзіўся, імгненна пралупіў вочы і ўбачыў перад сабой, абвеянае сонечнымі прамянямі, светлае аблічча дзяўчыны.
– Хопіць спаць, ужо дванаццаць гадзін, – прагучаў знаёмы голас і Дзяніс усміхнуўся.
“Значыць мерцвякі, што вылазілі з могілак і ўся астатняя набрыдзь – усяго толькі страшны сон?” – падумаў ён і ўрэшце гугнява вымавіў:
– Іра, гэта ты?
– А хто яшчэ тут павінен быць? – здзіўлена спытала яна.
Замест адказу Дзяніс прыпадняўся, каб пацалаваць яе.
– О, толькі не ўздумай гэтага рабіць, у цябе з рота благі подых.
– А ў самой?
– Няпраўда, я даўно паднялася і пачысціла зубы.
– Як звычайна, няўдачнік сярод нас выключна адзін…
Яна млява засмяялася, паклала яму на грудзі галаву, і доўгія пасмы яе натуральных рыжых валасоў прыемна рассыпаліся па яго целе.
– Сняданак у мікрахвалеўцы. Мыйся, еш і вымятайся адсюль прэч.
– Ага, зноў пачынаецца? Добра.
Ён паспрабаваў падняцца, аднак Іра моцна ўчапілася за яго рукамі.
– Які нахабнік! Ты сапраўды разлічваў вось так проста ад мяне пазбавіцца? – гулліва сказала яна і спрытна асядлала Дзяніса.
– Ого! – пацёршыся аб яго, адзначыла Іра. – Так хутка?
– У мяне з раніцы заўжды гэтая грэбаная эрэкцыя.
– А што ж тады ноччу яе трэба ўручную выклікаць?
Дзяніс чмыхнуў носам.
– Я цэлы дзень працаваў на заводзе.
– Ну, вядома, – пачала крыўляцца Іра.
– Паспрабуй сама восем гадзін пастаяць на адным месцы, а потым…
– Дзесьці, я гэта ўжо чула.
– Што ты ад мяне хочаш? – сур’ёзна спытаў ён.
Іра закаціла вочы, нібы ўвайшла ў экстаз і, выдыхнуўшы, сказала:
– Давай яшчэ адзін разок.
– Так бы адразу.
…Праз некаторы час расчырванелая Іра лягла побач з Дзянісам, і ён моцна прыціснуў яе да сябе. У такія імгненні яму асабліва падабалася браць яе за грудзі і лашчыць узбуджаныя ружовыя саскі; Дзяніс цалаваў яе малочную скуру, шыю і плечы, густа абсыпаныя вяснушкамі. Іра салодка ўздыхала, а яго эрэкцыя ніяк не хацела праходзіць, знаходзячыся на піку сваёй актыўнасці, і тады Дзяніс па-сапраўднаму адчуваў сябе жарабцом.
– Зараз бы цыгарэтку, – першае, што сказаў ён пасля ранішняга сэксу – бадай, самага пазітыўнага занятку, які змог прыдумаць чалавек.
– Смешна чуць падобнае ад людзей, якія не паляць, – усміхнулася Іра.
– Ведаю, аднак у гэтым штосьці ёсць.
– Ты маеш рацыю…
Потым яны яшчэ хвілін пятнаццаць цалавалі адзін аднаго, уяўлялі вакол сябе бясконцы Сусвет, у якім былі толькі яна і ён, адчувалі метафізіку сваіх узаемаадносін і з галавы да ног купаліся ў гэтых цудоўных пачуццях. Але трэба было падымацца і Дзяніс нечалавечымі намаганнямі, у барацьбе з уласнай лянотай, урэшце зрабіў гэта. Падняўшыся і, пачухаўшы мяккае месца, ён, перш за ўсё, пільным поглядам акінуў невялікі пакой, у якім разгортваліся падзеі, з неадкладнай мэтай знайсці свае рэчы.
– Іра, ты не памятаеш, куды я мог кінуць трусы? – задаў ён звычайнае ў такім выпадку пытанне.
Яна сядзела да яго спінай і зашпіляла ліфчык.
– Не-а… Ведаю толькі, што твае брудныя шкарпэткі ў ванне. Паспрабуй паглядзець пад канапай.
Ён зірнуў туды і, нічога там не знайшоўшы, адчайна пачаў насіцца па пакоі. Калі адказная місія не скончылася аніякім поспехам, разгублены Дзяніс сеў на канапу, і паспрабаваў у думках храналагічна спарадкаваць рэшткі ўчорашняй прэлюдыі, але так і не ўспомніў, дзе падзеў трусы.
– А пад падушкай глядзеў?
– Чаго ім там рабіць?! – абурыўся ён і адначасова засунуў руку пад падушку.
Так і ёсць – трусы аказаліся менавіта там. Адчуўшы на сваёй патыліцы дакорлівы позірк, Дзяніс зрабіў непрадузяты выгляд і безуважна нацягнуў на сябе сямейнікі. Іра пачала засцілаць канапу.
Такім чынам яны праводзілі час, калі кватэра вызвалялася ад прысутнасці яе бацькоў. Яна тэлефанавала Дзянісу – ён прыходзіў. Потым яны елі што-небудзь смачнае, глядзелі па кампутары які-небудзь цікавы фільм (на ўсё гэта адводзілася не больш двух гадзін) ну а далей – па поўнай праграме: сюррэалістычны сэкс з усімі акалічнасцямі.
Быў сонечны жнівень, пачатак тыдня, калі канкрэтна – аўторак, які выразна прадвесціў, што праз дзесяць-пятнаццаць хвілін Дзяніс будзе стаяць на прыпынку. Таму, апрануўшы на сябе ўсё астатняе, ён зайшоў на кухню. Зірнуў у авальнае люстра, што вісела за лядоўняй – твар быў крыху прыпухлы, а галава з кароткімі валасамі нагадвала пляскаты шарык для настольнага тэнісу. У мікрахвалеўцы ён адшукаў порцыю макарон з даволі апетытнай сасіскай і, праглынуўшы свой сняданак ледзьве не за адзін засед, перайшоў у ванны пакой, нават не дапіўшы гарбаты. У ваннай ён здзейсніў абрад мыцця, начапіў на сябе ўчорашнія шкарпэткі і, як звычайна, выкарыстаў парфуму Ірынага бацькі, хаця загадзя ведаў, што яна не будзе ад гэтага ў захапленні. Урэшце гатовы, Дзяніс выйшаў у калідор.
Іра стаяла каля люстэрка і расчэсвала свае ці то медныя, ці то залатыя валасы. Малінавы сарафан так вабна абцягваў яе цела, што ён проста не змог утрымацца, каб не падысці да яе ззаду і, пажадліва да сябе прытуліўшы, шчыра ёй прызнацца:
– Божа, якая ты прыгожая.
– І без цябе ведаю, – заклапочаная прыхарошваннем, фанабэрыста вымавіла яна. – Лепш абувайся і глядзі, не ўздумай пакінуць навідавоку якую-небудзь брутальную рэч.
– Ты яшчэ доўга будзеш папракаць мяне гэтым?
– Кожны раз, бо толькі ты мог дадумацца пакласці на тумбачку з тэлефонам пачак скарыстаных прэзерватываў.
– Я хацеў яго забраць…
– …і забраць, вядома, забыўся, – закончыла яна за Дзяніса. – Бачыў бы ты потым твары маіх бацькоў…
Дзяніс вінавата паціснуў плячыма і хутка абуў красоўкі. Калі ўсё было гатова да адпраўлення, яны паглядзеліся ў люстэрка, усміхнуліся адзін аднаму і выйшлі за дзверы.
На вуліцы было спякотна, здавалася, што на целе сядзела адразу некалькі пластоў скуры.
– Дай жуванкі, – сказаў ён Іры на прыпынку.
– Я чакала гэтага… Ведаеш, у мяне часам складаецца ўражанне, як быццам кожны раз, калі я з табой сустракаюся, са мной адбываецца адна і тая ж гісторыя – dējа vu, ці нешта падобнае на фільм “Дзень сурка”.
– Усё нашмат прасцей – проста ў цябе ёсць грошы, а ў мяне іх няма.
Іра дастала з сумачкі дзве мятныя падушачкі і паклала яму на далонь. У гэты момант да прыпынку пад’ехала маршрутка.
– Ну, я паляцела, да сустрэчы, – сказала Іра і ў яе празрыста-сініх вачах можна было прачытаць, што яна цалкам здаволеная праведзенай з ім ноччу (а таксама раніцай) і што яна нясцерпна будзе чакаць новага спаткання, і, пажадана, як мага хутчэй. – Тэлефануй.
– Пакуль.
Яна пацалавала Дзяніса ў вусны і яны развіталіся.
Гэтае лета было складаным для іх абодвух. Першы раз у жыцці Дзяніс знайшоў сабе часовую працу, хаця традыцыйна ў гэты перыяд года ніколі не працаваў. Іра папулярна растлумачыла яму, што ў яго ўзросце ўжо даўно неабходна дзесьці працаваць. І, магчыма, яе заўвага засталася б толькі яе заўвагай, калі б у Дзяніса не з’явіўся стымул. Цяпер яны працавалі абодва: яна – афіцыянткай ў рэстаране знаёмых, ён – слесарам механіка-зборачных прац на Мінскім заводзе лядоўняў, больш вядомым, як “Тытан”. Безумоўна, гэта была непрыемная падзея ў яго бесклапотнай біяграфіі, але жыццё, тым не менш, працягвалася далей.
Як толькі маршрутка панесла Іру прочкі, ён засунуў у вушы слухаўкі і пад вясёлыя песні NOFX,[1]1
Nofx – панк-рок гурт з Каліфорніі.
[Закрыть] прыняўся чакаць транспарта да мятро.
Дзень быў чэрствым. Сонца ў небе нагадвала спешна ўзбіты на патэльню жаўток яйка і ўсё навокал толькі раздражняла. Аднак Дзяніс паспеў прызвычаіцца. Супакойваў той факт, што праца на заводзе праходзіла ў тры змены. На гэтым тыдні Дзяніс працаваў у другую, прынамсі, можна было добра адаспацца, але разам з тым, увесь дзень быў страчаны, дамоў ён вяртаўся апоўначы. Прыярытэтам жа першай змены з’яўляўся адносна свабодны час пасля чатырох гадзін, аднак на працягу ўсяго дня жудасна хацелася спаць, улічваючы пад’ём у пяць гадзін раніцы. І ўрэшце начная змена – мара, бадай, любога абібока: шэсць гадзін працы, пасля чаго дастаткова часу, каб адаспацца і цэлы дзень рабіць усё, што заўгодна. У прынцыпе, такі расклад яго ўладкоўваў.
На прыпынак, між тым, пачынаў сыходзіцца мясцовы пралетарыят. За тыдзень у Дзяніса паспела ўзнікнуць прыхаваная нянавісць да гэтага класа, хаця яго бацькі з’яўляліся яскравымі прадстаўнікамі працоўных мас. Не гледзячы на такі аспект, Дзяніс з усёй упэўненасцю мог сказаць, што працоўныя – гэта быдла, пачынаючы са звычайнай гігіены і скончваючы яго светапоглядам. Дзяніс трываць не мог, уваходзячы ў гардэроб, гэты кіслы пах поту, які заўжды лунаў па ўсім памяшканні і ніякім ветраннем яго немагчыма было знішчыць. За некаторымі стаханаўцамі ён заўважыў даволі нездаровую тэндэнцыю абы-як скідваць у свае шафікі брудную робу разам з смярдзючымі шкарпэткамі. Можна ўявіць, які смурод стаяў у гардэробе! Божа літасцівы, яму ванітаваць хацелася. А іх размовы. Пра што яны? Футбол – гэта істэрыя вар’яцтва. Дзяніс, будучы сярэднестатыстычным маладым чалавекам, ніколі не падзяляў асаблівай цягі да гэтага віду спорту і наогул не выяўляў сімпатый да спорту ў цэлым. Адзінае, што магло апраўдаць футбол, гэта п’яныя дэбошы фанатаў пасля перамогі пэўнай каманды і ўрачыстыя папойкі з гэтай нагоды. Удзельнічаць у апошнім мерапрыемстве Дзяніс бы і сам не адмовіўся, падзяляючы радасць з ачмурэлымі храпамі. Усё выходзіла ў даволі простую формулу: нажэрціся дзеля таго, каб нажэрціся.
Знаходзячыся ў пралетарскім асяроддзі, ён пайшоў яшчэ далей, умоўна разгалінаваўшы яго на дзве групы: да першай Дзяніс аднёс працоўных-няўдачнікаў, якім нічога іншага акрамя заводу ў гэтым жыцці і блізка не свяціла, гэтакіх запраграмаваных на кожны дзень гамункулусаў;[2]2
Гамункулус – па ўяўленні сярэднявечных алхімікаў, істота, якую мажліва атрымаць штучнай спробай.
[Закрыть] да другой – людзей, якія ўладкаваліся выключна на кароткачасовы тэрмін, каб падзарабіць грошай. Сябе Дзяніс адносіў да другой катэгорыі і кожны раз цешыўся думкай, што хутка ўсё скончыцца і ён ізноў уздыхне вольным паветрам. Яшчэ больш яго ўлагоджвала канчатковая мэта, той самы стымул – электрычная гітара. О, колькі сэнсу ён укладаў у гэты музычны інструмент. Мара ўсяго дзяцінства вельмі хутка павінна была трапіць да яго ў рукі. Больш таго, уладанне такой гітарай аўтаматычна рабіла Дзяніса паўнапраўным удзельнікам безназоўнага, пакуль, гурта, які ён разам з сябрамі-аднакурснікамі стварыў, прыблізна, год таму і які, дарэчы, зусім не прагрэсаваў. Уся справа заключалася ў адсутнасці інструмента, што ў выніку і прымусіла, гультая, па сутнасці, Дзяніса, пайсці на завод.
І вось чарговы дзень, чарговы васьмігадзінны гвалт над яго целам, загадкава прытаіўшыся ў цені, чакаў наперадзе.
Пад’ехаў 86 аўтобус. Дзяніс зайшоў у яго і cтаў у самым канцы кабіны. Людзі мітусіліся, каб знайсці зручнейшае месца, піхаліся, чапляючы адзін аднаго плячыма і локцямі, наступалі на ногі, не просячы пры гэтым элементарнага выбачэння. Адна тлустая карова наступіла сваім капытом якраз на мезенец Дзяніса і нават не паглядзела ў яго бок. Можа яна штосьці і сказала, ён не чуў – слухаць каліфарнійскі панк было значна прыемней.
Дабірацца да заводу з Ангарскай Дзянісу прыйшлося яшчэ каля сарака хвілін і таму, каб прабавіць гэты час, ён пад песні NOFX пачаў падбіраць у галаве невялікія зарыфмоўкі і менавіта па-беларуску. Гурт, у якім удзельнічаў Дзяніс, засяроджваўся пераважна на беларускамоўных тэкстах, не без яго асабістай падачы.
Едучы ў мятро, Дзяніс уяўляў сябе з хлапцамі на невялікай сцэне якога-небудзь запляванага клуба, уяўляў, як яны крута будуць адтуль глядзецца, і ўсе прысутныя без выключэння, з захапленнем будуць слэміцца пад неразборлівую музыку новаспечанага рок-бэнду.
“Мы – робім свой першы крок!
Мы – граем old sсhool панк-рок!”
Гэтыя радкі ўзніклі ў яго галаве спантана, як узнікае, напэўна, усё геніяльнае.
“А што, зусім ня дрэнна”, – падумаў ён.
2
Дзяніс выйшаў з аўтобуса акурат каля Мінскага заводу лядоўняў. Шэры гмах савецкай забудовы паказаўся ў яго полі зроку яшчэ здалёк. Вялікія белыя літары, узгрувашчаныя на дах дванаццаціпавярховага інжынернага корпуса, вылучалі голаснае слова “Тытан”. Ён паглядзеў на бясхмарнае неба, якое мірна распасціралася над заводам і падумаў аб неспадзяваным выбуху. Паднімаючыся па прыступках да прахадной, Дзяніс усміхнуўся ад думкі, што было б няблага, калі б гэты завод нечакана праваліўся ў нябыт, як змрочны дом Ашэраў, ці, на крайні выпадак, на яго б скінулі бомбу. Аднак завод па-ранейшаму стаяў на сваім месцы і вітаў суровы пралетар, які падбіраўся да яго з розных бакоў, як мурашы да мурашніка. Прахадная, у сваю чаргу, шырока расчыніўшы зяпу, апантана глытала людзей, набіваючы каменнае чэрава чарговымі ахвярамі. Усё, чымсьці, нагадвала эпізод з нямога фільма Фрыца Ланга “Метраполіс”.
Мінуўшы дошку гонару, на якой фігуравалі аднолькавыя твары з пустымі вачыма і дурацкімі ўхмылкамі, прахадная ўрэшце праглынула і Дзяніса. Ён увайшоў у фае. Людзі даставалі пропускі, датыкаліся імі да турнікета і паспяхова пераходзілі на іншы бок – менавіта адтуль пачыналася ўсё самае ненавіснае і абрыдлае Дзянісу за апошні тыдзень.
Ён падышоў да кабіны, у якой сядзела вахцёрка даволі прыемнай знешнасці з дробненькім рабаціннем на шчоках і кірпатым носе, і працягнуў ёй свой часовы пропуск. Яна ўсміхнулася Дзянісу беласнежнымі зубамі і спытала, прачытаўшы яго імя:
– Дзяніс Аляксандравіч?
– О так… – адказаў ёй Дзяніс і пакуль пазітыўна настроеная вахцёрка ўводзіла яго асабісты нумар у кампутарную базу дадзеных, прагна прыняўся паглынаць яе шыкоўныя акружнасці, што так спакушальна вымалёўваліся цераз карункавую блузку.
– Ну, што, ёсць там у вас такія? – спытаў ён.
Яна націснула клавішу Enter і аддала яму пропуск.
– Праходзьце.
– Дзякуй, – Дзяніс узяў пропуск і далікатна дакрануўся да яе цёплых пальцаў.
Чырвань акрапіла шчокі вахцёркі і яна збянтэжана адвяла позірк.
“Кабель!” – сказаў Дзянісу ўнутраны голас і ў яго з’явіўся настрой.
Падняўшыся па лесвіцы на другі паверх, ён трапіў у гардэроб. У нос адразу ўрэзала затхлым пахам мужчынскага поту ўперамешку са смуродам завадскіх хімікатаў, якімі наскрозь была прасякнутая ўся рабочая вопратка. Гардэроб быў вельмі доўгім і чалавек, які б аказаўся тут упершыню, папросту змог бы заблудзіцца, як у лабірынце, сярод сініх шафікаў, якія стаялі ў два рады і цягнуліся ў самы канец гардэроба.
Шафік Дзяніса, пад нумарам 59, знаходзілася непадалёк ад уваходу. Ён хутка адшукаў яго і грузна сеў на доўгі ўслон. Часу ў яго яшчэ хапала (Дзяніс заўсёды прыязджаў за пятнаццаць-дваццаць хвілін да пачатку працы) таму па звычцы дастаў тэлефон і пачаў рэзацца ў гульні. Працуючы на канвееры, Дзяніс заўважыў за сваім арганізмам, як толькі перасякаў межы заводу, паталагічную схільнасць да млявасці, якая паступова перарастала ў санлівасць. Часам, у такія імгненні Дзяніса пачынала дакучаць меланхолія і паранаідальныя думкі аб незайздроснай долі рабацягі. Усё цячэ, але нічога не змяняецца. Аднастайная праца дрэнна на ім адбівалася. Аднак гамана рабочых разбаўляла яго песімістычныя роздумы.
Пераапранацца ён пачынаў, звычайна, за пяць хвілін да пачатку змены, каб наўмысна спазніцца і брыгадзіру прыйшлося выконваць аперацыю за яго. Дзяніс ведаў, што ў абавязкі Мішы, так звалі брыгадзіра, уваходзіла працаваць за рабочага, калі той не выйшаў, ці спазняецца. Таму прыходзіць на пяць-дзесяць хвілін пазней для Дзяніса стала нормай. Аднойчы ён нават засядзеўся: ніяк не мог прайсці адзін узровень гульні і спазніўся на цэлых пятнаццаць хвілін. Брыгадзір тады не вытрымаў і абурана заявіў:
– У наступны раз глядзі на гадзіннік!
А потым рэзка змоўк, паглядзеўшы на пануры твар Дзяніса і, намагаючыся яшчэ штосьці сказаць, незадаволена пайшоў на сваё месца, злосна раздзімаючы шырокія ноздры.
Калі надышоў час, Дзяніс апрануў на сябе робу цёмна-сіняга колеру з нашыўкай “Тытан”, абуў кеды і павольна пайшоў у трэці цэх. Гэты цэх спецыялізаваўся на зборцы лядоўняў. Першы тыдзень Дзяніса і блізка не дапускалі да нечага, што магло быць звязана са зборкай. Яго абмяжоўвалі простымі аперацыямі: спярша ён адляпляў ізастужку з вуглоў будучай лядоўні, выразаў адтуліны ў дзвярах, а на дадзены момант зразаў нажом застылую пену з лядоўнага агрэгату. Аперацыю трэба было выконваць седзячы на крэсле з колцамі, якое было замацавана за мініяцюрныя рэйкі – такім чынам Дзянісу даводзілася катацца з боку ў бок па ўчастку трох-чатырох метраў. Заданне было нескладаным, але ад яго моцна збіваліся згіны пальцаў, якія на наступны дзень моцна свярбелі. З гэтым яму прыйшлося змірыцца.
Дзяніс выйшаў з гардэроба, спусціўся ўніз па лесвіцы і перайшоў цераз вуліцу ў першы цэх, дзе кругласутачна стаяла абрыдлае гудзенне маставых кранаў. Працоўныя з іншай змены ішлі адусюль; сонныя, змораныя, злыя, безуважныя да ўсяго, што адбывалася навокал, яны праходзілі міма Дзяніса, як прывіды з гатычных апавяданняў. Дзяніс глядзеў на іх і ў глыбіні сваёй душы зайздросціў ім, таму што для яго пакуты толькі пачыналіся.
У другім цэху смярдзела пластмасай і Дзяніс, хутка мінаючы гэтае доўгае памяшканне, у самым яго канцы звярнуў на лева і апынуўся ў родным трэцім цэху. Канвеер стаяў. Новая партыя свежых працоўных паступова збіралася каля працоўных месцаў, прыводзіла іх у належны стан, раскладвала вакол сябе спадручны інвентар і без толку гаманіла. Участак Дзяніса знаходзіўся ў самым канцы цэха на “лініі Краўса”, якая атрымала назву ў гонар аднайменнай нямецкай фірмы. На “лініі” лядоўні залівалі нямецкім кампанентам А і В, з якога ў выніку атрымлівалася вадкая пена. Там было крыху цішэй, але, разам з тым, непрыемна смярдзела гэтым самым кампанентам і вырабленай пенай у цэлым.
Каля дыспетчарскай кабіны, у якой сядзеў начальнік змены і іншая навалач, Дзяніс сустрэў і павітаўся з майстрам Максімам Прошынам. Яму было гадоў пад трыццаць і сярод астатніх яго вылучаў занадта рахманы характар. Майстар быў высокага росту, хваравіта-хударлявай знешнасці з лысінкай і светлымі валасамі па баках галавы. Прошын карыстаўся асаблівай павагай сярод працоўных, ніколі не ўзмацняў на іх голас, крый Божа, каб ён калі-небудзь фанабэрыўся перад імі сваім прывілеяваным становішчам. Усе называлі яго проста Максім, без усялякіх там бацькавічаў. Так было лягчэй працаваць з калектывам, а зладжаны калектыў – самы галоўны сегмент, без якога праца на заводзе не была б той працай, якой яна з’яўлялася пад непасрэдным кіраўніцтвам майстра Прошына.
Урэшце Дзяніс прыйшоў на сваё гаротнае працоўнае месца, вымушана павітаўся з бліжэйшымі да яго мужыкамі і сеў на крэсла. Што тычыцца мужыкоў, якія працавалі побач з ім, то яны, у пэўнай ступені, заслугоўвалі ўвагі. Побач з Дзянісам працаваў хлопец прыкладна яго ж узросту, толькі значна худзей і саладжавей з выгляду. Ён любіў калупацца ў носе і пакідаць на лядоўнях свае казлякі, маўляў, падводзячы апошнія рыскі. Хлопец гэты выразаў у дзвярах адтуліны, тое, чым на мінулым тыдні займаўся Дзяніс. Адразу за ім, замацоўваючы пнеўмаадвёрткай заднія сценкі лядоўняў, працаваў досыць паскудны мужык у акулярах з тоўстымі лінзамі. Ён заўжды па-ідыёцку ўсміхаўся і нёс суцэльную лухту, таму Дзяніс ніколі не прыслухоўваўся да яго слоў. А наогул, сустрэўшы такога тыпа ў цёмнай падваротні, можна было напалохацца новым увасабленнем маньяка а-ля Андрэй Чыкаціла. За Чыкацілам працаваў каржакаваты мужычок, якога ўсе называлі Рыжы. Рыжы вельмі зычна крычаў, калі заўважаў брак і яго крык чуўся аж на другім канцы цэха.
– Чатырнаццатая! – нечакана пракрычаў ён.
Кожная лядоўня была пранумаравана, але брак, чамусьці, заўжды тычыўся нумароў чатырнаццаць, трынаццаць і дзевяць.
Так праходзіў дзень за днём – цяжка, але хутка. За працай гадзіны праляталі, як імгненні.
Неяк Дзяніс пачаў усведамляць, што паступова развучваецца размаўляць: калі спрабуеш за ўсім паспець, часу на размовы не хапае, ды і аб чым яму было гаварыць з працоўнымі? Дзяніс стаў негаваркім. Утыкаў у вушы слухаўкі, уключаў NOFX і пляваць на ўсё і ўсіх. Праўда, здаралася з ім спрабавалі загаварыць, але часцей усяго гаворка канчалася абменам фраз тыпу “так” і “не”, пасля чаго большасць працоўных зусім перастала да яго звяртацца, а калі і звярталася, то толькі па неабходнасці, некаторыя нават перасталі з ім вітацца. Гэта не згуляла для Дзяніса істотнага надвор’я. Аднак сярод гэтага непаразумення існавала невялікае выключэнне: той прыдуркаваты мужык у акулярах, што быў падобны на маньяка. Ён даймаў Дзяніса любой дробяззю: то, бач, Дзяніс не да канца абрэзаў пену, то падрапаў нажом металічную абіўку лядоўні, ці яшчэ Бог ведае што. Дзяніс разумеў, што ён спецыяльна да яго прыдзіраецца, каб падкрэсліць сваю вопытнасць у механіка-зборачнай галіне і яшчэ для таго, каб паказаць, што Дзяніс салага. “Пайшоў ты ў дупу, пляшывы хмыр”, – у думках казаў яму Дзяніс. – “Грэбаны чыпушыла!” Чыпушыла?! На твары ў Дзяніса з’явілася ўсмешка і ён падумаў, што мянушка “Чыпушыла” выдатна падыходзіла пад вобраз гэтага напышлівага пеўня.
Неўзабаве Дзяніс вырашыў чым заняць свае думкі. Калі ён не ведае, як завуць большасць гэтых працоўных, ён проста будзе прыдумляць для іх немудрагелістыя “паганялы”, абапіраючыся на асацыяцыі аб гэтых людзях.
У той працоўны дзень ён прыдумаў яшчэ два. Першае дасталася ўжо ўзгаданаму хлопцу, які выразаў у дзвярах адтуліны і пакідаў на лядоўнях свае экафакты. Хлопец той быў з чорным кучаравым чубам, за якім поўнасцю хавалася яго правае вока і Дзяніс, спярша, падумаў, што ён эма-бой у брудных кедах, але, перакінуўшыся з ім некалькімі словамі, зразумеў, што хлапчук гэты звычайны гопнік, які нічога цікавага з сябе не ўяўляе і тым больш па заканчэнні сваёй практыкі працуе на канвееры апошнія дні. Крыху паразважаўшы, Дзяніс назваў яго Баранчыкам – першае, што можа прыйсці ў галаву, калі бачыш перад cабой кучаравага смаркача. Другую мянушку атрымаў Рыжы. Не гледзячы на тое, што ён ужо меў адну і ў працоўным асяроддзі яна даволі чэпка за ім замацавалася, Дзяніс прагнуў істотных змен і Рыжы адразу быў пераназваны ў Рупара. Ня праўда, што так лепш?
Цяпер Дзяніс мог спакойна і без лішніх слоў размаўляць з імі на сваёй унутранай мове, не баючыся аддаваць перавагу грубым формам зваротаў. Напрыклад: “Гэй, Чыпушыла, ты – мудак”, ці “Баранчык, пацалуй мяне ў дупу”, а вось гэта ён лічыў шэдэўрам – “Рупар, калі ты яшчэ раз адчыніш сваю паганую пашчу, я прымушу цябе адціскацца”. Пасля адпаведных размоў Дзяніс супакойваўся і праца ішла сама па сабе. Такую рэлаксацыю ён умоўна назваў разумовай тэрапіяй.
Але вось з гэтай абрыдлівай пенай такія нумары не праходзілі. Пена па-ранейшаму заставалася пенай, яе можна было называць па-рознаму, пачынаючы ад “сопляў лядоўні” і заканчваючы яе “семявывяржэннем”. Лягчэй ад гэтага не рабілася.
Дзяніс зразаў яе нажом з кутоў лядоўнага агрэгату, з-пад розных адтулін, пластмасавых трубак, у чарговы раз збіваючы згіны пальцаў, а лядоўні ўсё ішлі і ішлі, як зачараваныя.
“Хто прыдумаў канвеер? Вядома хто – амерыканцы. У 1913 годзе чортаў Генры Форд запусціў свой першы канвеер па зборцы машын”.
Дзяніс шчыра пажадаў, каб ён зараз жа апынуўся на яго месцы і адчуў увесь смак такой працы.
“Захацеў бы ты потым патэнтаваць сваё наватарства, недалужаны янкі?!”
Між тым, першыя дзве гадзіны прайшлі, як і гаварылася, хутка, а дзесяць хвілін адпачынку здаліся Дзянісу райскім кутком у Эдэмскім садзе. Як толькі Чыпушыла пакінуў сваё працоўнае месца і за ім пасунуліся астатнія, Дзяніс паклаў абрэзачны нож.
Канвеер спыніўся.
Дзяніс падняўся з крэсла, пацягнуўся, размяў шыю і пайшоў справіць патрэбу. Шлях да завадской прыбіральні складаў каля хвіліны. У прыбіральні ён мачыўся ў запаганены ўнітаз (відаць, большасць рабочых ужо прызвычаілася мачыцца на яго накрыўку, ці наогул на падлогу) і мыў рукі. Звычайна, на гэтыя працэдуры гублялася пяць хвілін. Астатняя палова перапынку вызначалася рытуальным шэсцем у другі цэх, дзе знаходзіўся апарат з бясплатнай газіраванай вадой. Гэты апарат Дзянісу паказаў Баранчык яшчэ ў першы дзень працы, з таго самага дня ён заўжды хадзіў піць дармавую газіроўку, падсвядома разумеючы, што халявай трэба карыстацца ў любой яе праяве. Выпіўшы халоднай газіроўкі, Дзяніс павольна вяртаўся на рабочае месца, тым самым расцягваючы дзесяціхвілінны перапынак яшчэ на пару хвілін.
Праца пачыналася нечакана цяжка, зрок, здавалася, паспяваў адпачыць і аднавіцца ад бясконцасці аднастайнай пены і вось зноў паглыбляўся ў кібернетычна-паслядоўны стан. Дзяніс нават не здзівіўся, калі яму ўвачавідкі пачалі трызніцца зорачкі, успыхваючы перад ім то з правага, то з левага боку.
На яго плячо лягла цяжкая далонь. Дзяніс рэзка азірнуўся і ўбачыў Чыпушылу. Усмешка, гэтая гідкая ўсмешка, як у Чэшырскага ката, распаўзлася па яго круглым твары. Дзяніс дастаў з вушэй слухаўкі.
– Ты прапусціў адну лядоўню.
“Чыпушылішча!”
– Зараз дараблю, – сказаў Дзяніс.
Чыпушыла ўвесь час сачыў за ім і, у прынцыпе, рабіў яму добрую паслугу: лядоўня магла пайсці далей і за Дзянісам бы запісалі брак. Але з іншага боку гэта найграна-няшчырая клапатлівасць насцярожвала і раздражняла яго.
“Можа, Чыпушыла стары гомік?”
Дзяніс ня быў гамафобам, але ў выпадку дамаганняў да сябе на сэксуальнай глебе, збіў бы ў горкі яблык самага бяскрыўднага педэраста.
Ён абрэзаў пену з прапушчанай лядоўні і сканцэнтраваўся на астатніх. “Лінія Краўса” у чарговы раз паглынула Дзяніса ў агульны вір завадской працы. Над ім праходзілі падвесныя канвееры, спераду працавала яшчэ тры сеткі канвеераў, шумела, грымела; майстар і брыгадзір мітусіліся з боку ў бок, часам, праходзілі барадатыя і лысыя начальнікі ў цывільных касцюмах – усё рухалася ў неўтаймоўным рытме адведзенага плану. Гэты маленькі свет варушыўся ў коле агульнага жыцця і Дзяніс адчуваў сябе яго складовай часткай, яго ніцікам, яго шрубкай. Такая асацыяцыя яму не падабалася. Найперш ён жадаў бачыць у сабе асобу.
– Шостая! – як заўжды голасна крыкнуў Рупар.
Дзяніс здрыгануўся.
“Каб табе заняло!”
А Рупар стаяў на сваім рабочым месцы і задаволена ўхмыляўся, праціраючы ад пылу сценкі лядоўняў.
Праз некаторы час да Рупара падышоў майстар Прошын разам з невялікім чорнавусым мужычком.
– Што ты свішчаш, Рыжы, шостая шафа без браку! – абурана сказаў мужычок.
– Свішчуць твае дзеці, калі цыгарэты страляюць, а я кажу – у шостай задняя абіўка падрапаная.
Майстар збянтэжыўся і злёгку пачырванеў.
– Паслухай, я асабіста правяраў кожную пядзю – усё чыста, – не згаджаўся мужычок.
Рупар манерна прыцмокнуў і адвярнуўся ад яго.
– Сяргей, чорт з ім, на кантролі яшчэ раз правераць, – сказаў мужычку Прошын.
– Ды не можа быць, што шосты… – пачухаў патыліцу чорнавусы.
Калі яны адышлі, Рупар урачыста абвясціў:
– Усё можа, калі з перапою рожа, – і выскаліў шчарбатыя зубы.
Працаваць рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. Дзяніс мімаволі ўспомніў аб першых фабрыках – там, як сведчаць крыніцы, людзі працавалі па дванаццаць гадзін у суткі. Адкуль у іх браліся сілы можна было толькі здзіўляцца. Аднак такія роздумы нагняталі абставіны. Яму зусім не хацелася працаваць і каб адасобіцца ад усяго негатыву, які зыходзіў ад завадскога асяроддзя, Дзяніс пачынаў думаць аб Іры. Успамінаючы пра яе, час паскараўся ўдвая.
Дарэчы, з Ірай ён пазнаёміўся даволі іранічна. Гэта адбылося год таму. Неяк, прагульваючы пары разам з аднакурснікамі ў студэнцкім скверыку, Дзяніс сядзеў на лаўцы і піў піва. На суседняй лаўцы сядзелі тры дзяўчыны мадэльнай знешнасці і хлопцы бессаромна тарашчыліся на іх ножкі, і гучна размаўлялі на інтымныя тэмы.
– Мне падабаецца вунь тая рыжая, – прызнаўся сябрам Дзяніс.
– Дык ідзі і пазнаёмся з ёй, – сказаў хтосьці з іх.
– Не… – ён адразу пашкадаваў, што паведаміў аб сваіх пачуццях у слых.
– Што, кішка тонкая?..
Дзяніс вагаўся, адначасова пільна ацэньваючы дзявочую кампанію. Кожная з дзяўчын была такой прыгожай і недасягальнай, што ён ужо паспеў змірыцца з пройгрышным варыянтам у магчымай спробе пазнаёміцца.
“У мяне нічога не атрымаецца. Паглядзі на іх!” – запэўніў яго пераканаўчы ўнутраны голас.
“Ты слабак? Чаго ты баішся? Проста падыдзі да яе і загавары з ёй, трэба, каб яна цябе заўважыла!” – узнік другі голас, якога ён найбольш асцерагаўся.
“Ты потым толькі шкадаваць будзеш!”
Сябры ўжо паспелі забыць аб мімалётным захапленні Дзяніса, як ён нечакана падняўся з лаўкі, сабраўся з думкамі і падышоў да прыгажунь.
– Э-э-э… тыпа, крошкі, у вас не будзе запаліць, – нахабна вымавіў ён.
Дзяўчыны здзіўлена паглядзелі на ўсмешлівага хлопца і ўсе разам засмяяліся, а потым рыжая, тая, якую Дзяніс упадабаў іншым, дастала з сумачкі пачак дамскіх цыгарэт і працягнула яму. Дзяніс узяў тонкую цыгарэту і папрасіў запальніцу. Яе сяброўка, прывабная брунэтка, манерна ўсміхнулася і працягнула яму Zipo. Дзяніс фанабэрыста ўставіў цыгарэту ў зубы, з першага разу падпаліў яе і зрабіў, напэўна, адну з першых зацяжак у жыцці, а потым яго накрыла і ён зайшоўся гучным кашлем. Дзяўчыны захіхікалі і трэцяя, русавалосая красуня, штосьці прашаптала на вуха сваім сяброўкам. Адкашляўшыся, Дзяніс вырашыў перайсці да справы і звярнуўся да рыжай:
– А ты мне падабаешся, я хачу, каб ты стала маёй дзяўчынай.
Дзяўчыны, як адна, збянтэжыліся, але першая сабой авалодала рыжая.
– Слухай, хлопчык, схадзі ды праветрыся трохі, не тое мама дома адчытае, – пагардліва вымавіла яна.
Са сказанага Дзяніс зрабіў пэўныя вынікі: па-першае, яе ўсё ж не прывяло ў захапленне яго ўпэўненае нахабства, па-другое, у яе, магчыма, ёсць кавалер і па-трэцяе, яна старэй за яго – выдавала з’едлівае слова “хлопчык”. У той раз Дзяніс быў вымушаны адступіць, аднак падмурак, у прынцыпе, быў зроблены.