Текст книги "Канвеер"
Автор книги: Андрэй Латыголец
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 15 страниц)
– Трэба ўважліва за імі сачыць, – зацвердзіў Снайпер.
Непадалёк ад іх сядзела купка мужыкоў, сярод якіх выразна вылучаўся мужык з сіняком пад левым вокам. Мужыкі вялі размову аб надзвычайным здарэнні і да іх довадаў прыслухоўваліся і без таго запалоханыя жанчыны.
– Не можа таго быць, – не згаджаўся чорнавусы. – Што ты плявузгаеш?!
– Галаву на адсячэнне даю, – пырснуў слінай сінякасты, – так і было, далі Бог, яны яго разам пачыкалі.
– А навошта? – умяшалася да іх жанчына з бэзавымі валасамі.
– Добра, скажу так. Уявіце сабе трох сяброў і аднаго начальніка, які часцяком надакучваў ім, ну а яны, вядома, трывалі. Тут выдаецца зручны момант, скажам, кацёл на ліцейцы прарвала. Іх разам пасылаюць вырашыць праблему і тры сябрукі, без усялякіх сведак, забіваюць надакучлівага начальніка, а ўжо потым прыдумаць можна ўсё, што заўгодна.
– Холадаў камусьці з нас замінаў?
– Ды не аб нас гутарка!
– Глупствы гаворыш, – надзьмуў вусны чорнавусы.
Жанчыны пачалі насцярожана ўздыхаць і пераглядацца паміж сабой. Тая, што з бэзавымі валасамі задуменна заківала галавой, ці то згаджаючыся са здагадкамі сінякастага, ці то з чорнавусым.
У гэты момант Дзянісу скруціла страўнік і, папрасіўшы ў прысутных выбачэння, ён падхапіўся на ногі. Праходзячы каля працоўных, Дзяніс углядаўся ў спужаныя вочы, у вочы тых, хто працаваў на гэтым заводзе палову свайго жыцця, а цяпер не ведаў, што рабіць. Дзянісу стала прыкра. Праходзячы каля Пазаліні і трох ацалелых добраахвотнікаў, яму захацелася на хвіліну спыніцца і спытаць у іх аб здарэнні. Яны горача спрачаліся, але толькі ўбачыўшы Дзяніса, адразу замоўклі. Ён зразумеў, што яго прысутнасць была недарэчы і зайшоў у прыбіральню.
Зачыніўшы за сабой кабінку, ён падаслаў на вобад унітаза паперы, сеў і задумаўся. На дзверцы перад ім былі надрапаныя непрыстойныя словы, над імі хтосьці чорным маркерам напісаў прозвішча начальніка цэха Коўшына, надрапаныя словы надалі яму досыць неардынарныя характарыстыкі, закранаючы сэксуальную арыентацыю начальніка. Упершыню за гэтую ноч Дзяніс усміхнуўся.
Каля скрутка паперы ляжалі завадскія газеты. На адной з іх, на першай старонцы, вялікімі літарамі было напісана: “План перавыкананы ўдвая”. Гэты надпіс нагадаў Дзянісу “савок”, хаця свядома ён не памятаў таго часу, але, здавалася, нічога не змянілася. На фотаздымку ніжэй, каля адной з канвеерных ветак, стаяла ўсмешлівая жанчына. Ён змяў газету і выкінуў яе ў сметніцу.
Мыючы рукі ў ракавіне, Дзяніс уважліва паглядзеў на сябе ў люстэрка. Твар быў змарнелы. Ён намачыў яго халоднай вадой і, паглядзеўшыся зноў, рэзка адскочыў – у адлюстраванні яго выява сказілася да непазнавання, як быццам па ёй праехалі катком. Дзяніс асеў на падлогу і заплюшчыў вочы.
– Што ты робіш? – нечакана раздаўся голас Масла. Падняўшыся з сцюдзёнай падлогі, ён нічога ёй не адказаў і нерашуча паглядзеўся ў люстэрка. Пераканаўшыся, што яго твар вярнуўся ў зыходнае становішча, Дзяніс выключыў кран.
– А што ты тут робіш? – спытаў ён.
– У жаночай прыбіральні нікога няма, а я баюся заставацца адна, ты не пабудзеш тут крыху са мной, пакуль я зраблю свае справы, – далікатна прамовіла яна і Дзяніса ўзвар’явала яе какецтва.
– Добра, я пачакаю, – адказаў ён, спрабуючы не паказваць сваю незадаволенасць.
Масла падышла да яго і, абняўшы за стан, сказала:
– Кінь, што за дурасць, ты такі няцямлівы, зусім нічога не разумееш?
– Што я павінен разумець? – здзівіўся ён.
Яна закаціла вочы, у дакладнасці, як гэта рабіла Іра і юрліва ўздыхнула.
– Я не ведаю, што з намі можа адбыцца, мажліва, гэтая ноч апошняя ў маім жыцці і я не хацела б правесці яе вакол гэтых твараў, якія я бачу кожны дзень, ведаў бы ты, як яны мне абрыдлі, і таму на ўсялякі выпадак, для перасцярогі, ты разумееш, так?.. Давай па-хуценькаму перапяхнёмся. Адпярдоль мяне, як можаш.
– Ты што, здурнела? – вочы Дзяніса вылезлі з арбіт. Сэкс у такіх абставінах быў самым апошнім, што магло прыйсці яму ў галаву.
– Хопіць ламацца, я ж згодная, – настойвала Масла.
– Але я не хачу, – упарціўся Дзяніс.
– Давай я яго пацалую.
Масла спакваля спаўзла да яго ног і наступным жэстам ужо пачала расшпільваць яму шырынку.
– Прама тут? – змірыўшыся з яе заўзятасцю, спытаў усё яшчэ разгублены Дзяніс.
– Ну давай адыдзем да кабінак, усё роўна сюды ніхто не зойдзе.
Дзяніс змаўчаў і гэта стала падставай для далейшых дзеянняў Масла. Абапёршыся аб рукамыйніцу, ён не гледзячы ўніз, адчуў, як яе цёплыя пальцы выцягнулі з рабочых нагавіц яго крайнюю плоць. Як толькі яго член апынуўся ў роце Масла, Дзяніс адчуў, што ён гіганцкімі тэмпамі пачаў павялічвацца ў памеры, а яна, у сваю чаргу, запрацавала яшчэ старанней, паскараючыся ў тэмпе. Па ўсім было відаць, што яе спрактыкаванасць грунтавалася на вялікай колькасці перасмактаных фаласаў. Дзяніс заплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой скрываўлены канвеер. Думаць аб іншым не ўяўлялася магчымым. Цяжка было ўзяць і проста так расслабіцца. Расплюшчыўшы вочы, ён асцярожна паглядзеў уніз. Убачыўшы жаўтлявую галаву Масла, якая па-ранейшаму завіхалася каля яго пупа, яму стала сорамна. У гэты момант за сцяной пачулася прыглушаная гамонка, якая з кожным імгненнем узмацнялася, пакуль Дзяніс не пазнаў голас Пазняка. З яго вуснаў зляталі ключавыя словы “сабатаж”, “бязладдзе” і “самасуд”. Іх хапіла, каб ён усвядоміў, што "апазіцыя" перайшла ў атаку.
– Ты чуеш? – спытаў ён у Масла.
– Угу, – апантаная сваёй справай, носам прагудзела яна.
– Трэба ісці на падтрымку…
Масла спынілася, тыльным бокам далоні выцерла вусны і, падняўшыся на ногі, заляпіла Дзянісу такую аплявуху, што ён, як абвараны асеў на падлогу і прастагнаў.
– Казёл, бля, – працадзіла яна і, паддаўшы яму нагой, хутка выйшла з туалета.
Шчака дужа пякла і ён застаўся сядзець, не ведаючы, хто больш вінаваты – ён, не ацаніўшы яе пажадлівую тэхніку, ці яна – так прагнучы сукуплення. Счакаўшы пылу запалу, Дзяніс усхапіўся і пайшоў да выхаду.
Першае, што ён убачыў, былі працоўныя, якія падняліся на ногі, уважліва слухаючы прамовы Пазняка. Дзяніс бачыў толькі яго галаву, расчырванелы твар і бліскучы ад поту лоб.
– Годзе нам слухаць гэтыя казкі пра самадзейнасць канвеера і яго звышнатуральныя якасці, – лямантаваў ён. – Проста прызнайцеся тут перад усімі, што вы забілі Холадава.
– Прызнавайцеся-прызнавайцеся, – загаманіў мужык з сіняком пад вокам. – Няма чаго ўтойваць!
Дзяніс падышоў бліжэй і ўбачыў Рупара, Ласуна і Гестапа, супраць якіх стаяў Пазняк з Чыпушылай, Грышам і яшчэ гуртам мужыкоў не міралюбівага выгляду.
– Дзе ваша сумленне? – спытала жанчына з бэзавымі валасамі.
Безнадзейная троіца стрымана маўчала і толькі Рупар з нахабным выразам твару паглядаў на ўсіх, чакаючы ўдару ў кожную хвіліну.
Нечакана Дзяніса піхнулі ў cпіну і ён убачыў Снайпера, а побач з ім Пазаліні.
– Трэба дапамагчы, – прашаптаў Снайпер.
Яны адышлі ў бок.
– Мы хочам вывесці з дзеяння заўзятага гаваруна, які cпрабуе папсаваць усю маліну. Таму што справы, здаецца, сапраўды сур’ёзныя, яшчэ горш, чым я думаў, – сказаў Снайпер.
– Ты з намі? – спытаў Пазаліні.
– А што трэба рабіць?
– Бярэш на сябе Грышу.
Снайпер кіўнуў Пазаліні і яны рашуча пайшлі напрасткі цераз натоўп і, без цяжкасцяў разапхнуўшы сабе праход, выйшлі твар да твару да Пазняка і яго хаўруса. Снайпер не марудзячы, урэзаў яму прама ў нос, а Пазаліні рэзкім ударам нагі адаслаў Чыпушылу ў аўт. Як толькі Дзяніс убачыў хуткую расправу, ён нерашуча падышоў да Грышы і грукнуў яму кулаком у сківіцу. Удар атрымаўся слабым (Дзяніс не ўклаў у яго той лютасці, якую прыклалі Снайпер з Пазаліні) Грыша толькі пахіснуўся на месцы, страпянуў галавой і зласліва паглядзеў на яго:
– Ах ты…
Аднак справу распачатую Дзянісам, закончыў Гестапа. Ён не чакаючы, пакуль Грыша пачне наступ, зарадзіў яму добрую падачу ў вуха.
– Ляжаць, я сказаў! – грозна прамовіў Гестапа, адправіўшы яго на падлогу.
Працоўныя не чакалі такіх дзеянняў і, высалапіўшыся на расквашаныя твары ляжачых, насцярожыліся. Вэрхал падняла жанчына з бэзавымі валасамі.
– А што ж вы робіце, ірады, на вачах ва ўсіх! Забіваюць! – істэрычна закрычала яна.
Але рабочыя не спяшаліся панікаваць.
– Іх абвінавачванні былі ілжывымі, – кіўнуўшы ў бок зрынутай троіцы, пачаў Снайпер. – Не хацеў бы аб гэтым гаварыць, тым больш голасна, але хопіць маўчаць. Я, як і ўсе вы разумею, што гучыць гэта дзіўна, але віной усяму канвеер.
– Чаму ты так упэўнена пра гэта кажаш, ты ўласнымі вачыма бачыў смерць брыгадзіра? – спытаў, выступіўшы з натоўпу чорнавусы.
– Міхалыч, я веру іх словам…
– Цяпер нікому нельга давяраць, – уздыхнуў чорнавусы.
– Ды яны за адно з ім, забілі Холадава, а цяпер гэтых хочуць парашыць, – гыркнуў сінякасты.
Пазняк паступова прыходзіў у прытомнасць, вярцеў галавой і мармытаў у трызненні незразумелыя словы.
– А навошта было збіваць іх? – спытала Зіна.
Снайпер паблажліва паглядзеў на яе дурны выраз і, спрабуючы не раздражняцца, сказаў:
– Хіба вы не зразумелі, што яны хацелі дэзарганізаваць нас, разбіць на купкі, узлаваць, пасеяць недавер, урэшце ўчыніць самасуд над нявіннымі людзьмі, карыстаючыся бязважкімі здагадкамі. Мы не дзеля гэтага тут згрупаваліся.
– Цяпер, напэўна, усё адно ці ад чалавека, ці ад канвеера загінуць, – сказаў мужык з ліцейкі.
– Ад чалавека не так страшна, – сказала Зіна.
– Не-не, ад канвеера!
– Ні ад каго, – заключыў Снайпер. – Мы сабраліся ў гэтым месцы, каб чакаць раніцы, тут усё навідавоку, мы недасягальныя для канвеера. І чым раней вы гэта зразумееце, тым для вас жа будзе лепш і ніхто больш не загіне.
– Ат, глупства, – сказаў сінякасты. – Чаму мы павінны вам верыць?
– Можаш не верыць, але дзеля бяспекі, заставацца трэба тут.
– Канвеер, кажаш? – не мог супакоіцца сінякасты. – Добра, зараз праверым.
– На тваім месцы я б не выпрабоўваў лёс, – сказаў яму Ласун.
Сінякасты ўсміхнуўся і пайшоў да першай веткі. Ужо набліжаючыся да канвеера, ён адчуў страх, але страх перад прычыненай працоўнымі халатамі гурбой чалавечых рэштак і каб ніхто гэтага не заўважыў, бадзёра ўскочыў на канвеер. Павярнуўшыся да ўсіх, сінякасты зычна свіснуў і выкрыкнуў:
– Ну што, забіў мяне канвеер, разарваў на кавалкі?
Як толькі ён сказаў апошнія словы, канвеер нечакана ўключыўся.
– Ага, пасадзілі там за пульт змоўшчыкаў і цяпер збіраецеся…
Гэта было апошнім, што сказаў у сваім грэшным жыцці сінякасты. На долю хвіліны ён застыг, як прыкаваны да зямлі, вочы яго ашклянелі, а потым усе рабочыя без выключэння ўбачылі, як яго цела падзялілася на шэсць частак і грымнулася на канвеерную стужку, аблiўшы яе пырскамi крывi.
11
У другі раз працоўныя ўзгадалі перадсмяротныя словы майстра Прошына і, агаломшаныя ўбачаным, большая іх частка кінулася бегчы ўздоўж па пераходу да выйсця ў другі цэх. Спайпер з Рупарам да хрыпаты ў горле крычалі ўсім наўздагон, заставацца на месцы. Быў момант, калі і Дзяніс хацеў сарвацца і кінуцца за імі. Пад нагамі гарэла зямля, але на гэты раз яго стрымаў розум і сорам перад тымі, хто застаўся. Аднак збеглыя працоўныя не надалі ўвагі крыкам. Ніхто не ведаў, што так абернецца.
Як толькі працоўныя кінуліся бегчы, усе, хто застаўся: Снайпер, Дзяніс, Пазаліні, Рупар, Ласун, Гестапа, Дзяцел і падбітая троіца ўбачылі, што акрамя першай веткі запрацавалі і ўсё астатнія канвеерныя веткі трэцяга цэха і ўсе ў зваротным накірунку. Дзяніс пачуў звыклы гуд, які прысутнічаў у цэху падчас працы. Аднекуль знутры ўзнікла жаданне ісці да працоўнага месца і пачаць вырабляць маразільныя камеры. Рухаючыся, першая ветка скінула на падлогу рэшткі рабочых і сінякастага, утварыўшы на ёй крывавую груду костак.
– Цяпер вы бачыце, што яны мелі рацыю! – са злосцю звярнуўся да Пазняка Снайпер. – Вы гэтага хацелі?
Пазняк, задраўшы галаву ўверх, сціскаў пальцамі крывацечны нос. Снайпер спагадліва паглядзеў на яго, потым падышоў і працягнуў яму руку. Пазняк спярша зморшчыўся, але руку падаў. Снайпер ірвануў яго на сябе і паставіў на ногі. У сваю чаргу Пазаліні працягнуў руку Чыпушыле, а Дзяніс накіраваўся дапамагчы Грышы.
– Я сам, – заўпарціўся ён, а калі падняўся, сказаў Дзянісу: – Табе гамон, прыдурак! Мяне і па твары?!
– Ну годзе табе! – сказаў яму Снайпер. – Зараз нельга варагаваць, цяпер без жартаў – трымацца будзем разам.
– Па руках, – выціраючы насоўкай кроў з твару, прабубніў Пазняк.
Невялікая група працоўных, у стане візуальнага шоку, пабегла праз канвеерныя веткі. Дыстанцыя ад іх і да канвеера складала не больш метра, але гэтага хапіла, каб іх імгненна прыцягнула да канвеернай стужкі, як прыцягвае метал да магніта і проста разарвала на кавалкі.
Астатнім рабочым таксама не пашанцавала. Чалавек трыццаць пабегла ў тым накірунку, куды адносна нядаўна бег Дзяніс. Усё астатняе з’явілася ўвасабленнем прац Босха. Яго палотны быццам ажылі. Страшны суд паўстаў перад Дзянісам. Не дабегшы да павароту, – там, дзе першы і другі цэх адлучалі жалезныя дзверы, людзі ўзняліся ў паветры, як шарыкі, як надзіманыя цацкі, а потым закруціліся ў звышхуткасным паветраным віры. Цэх запоўніў немы лямант. На падлогу паляцелі пырскі крыві, зубы і разарваная адзежа. А потым бліжэйшая канвеерная ветка невядомай сілай прыцягнула да сябе ўжо абезрухомленыя целы працоўных і пачала падзяляць іх над сабой на шэсць частак, як сінякастага.
Дзяніс так бы зачаравана і пазіраў на гэтае жудаснае відовішча, як раптам грубая рука схапіла яго за шыю і пацягнуў назад.
– У туалет! – крыкнуў яму на вуха Рупар.
Дзяніс прыйшоў у сябе і яны забеглі ў прыбіральню, зачыніўшы за сабой дзверы. За сцяной чулася храбусценне костак і раздзіранне чалавечых целаў. Рупар застаўся ля дзвярэй, трымаць іх за ручку (шпінгалета не аказалася). Выглядваць вонкі ён не вырашаўся.
– Што будзем рабіць? – калоцячыся, спытаў Дзяцел.
– Чакаць, – сказаў Рупар.
Праз хвіліну, ці нават менш, гукі пекла заціхлі.
Нечакана, з зваротнага боку моцна тузанулі за дзвярную ручку, але Рупар схапіў яе абедзвюма рукамі і не дазволіў дзвярам адамкнуцца.
– Пусціце, гэта я! – пачуўся адтуль істэрычны голас Снайпера.
Рупар адпусціў рукі і ў прыбіральню забеглі збялелыя Снайпер, Пазаліні, Свістуля, Підар і Грыша. Свістуля з Підарам у тую ж секунду забіліся пад рукамыйніцы, падціснулі пад сябе ногі і аберуч абхапілі дрыготкія калены, ледзь стрымліваючыся, каб не расплакацца на вачах ва ўсіх. Усе яны трэсліся, як асінавыя лісты.
– Усё самае жудаснае і тое, чаго я чакаў найменш, на жаль, адбылося, – заікаючыся, прамармытаў Снайпер.
Пазняк вінавата схіліў галаву.
Звонку гуд канвеера набыў спецыфічны гук, нібы загучалі самалётныя турбіны, прымусіўшы Дзяніса і астатніх схапіцца за вушы. З’явіўся моцны ціск, у вушах закалола і ўсім без выключэння падалося, што надышоў канец. Але гуд, як неспадзявана пачаўся, так і скончыўся. Дзяніс ачуняў разам з усімі на халоднай падлозе.
– Што гэта было? – падаў голас Чыпушыла, папраўляючы свае вялікія акуляры.
– Не ведаю, – сказаў Рупар.
– Гэта канвеер, – сказаў Снайпер. – Ён выпрабоўвае нас.
Усе пачалі прыслухоўвацца. Кожнага ахапіў небывалы дагэтуль страх. Вочы зрабіліся невідушчымі, рэчаіснасць перастала існаваць для кожнага і паасобку. У Підара носам пайшла кроў, запэцкаўшы белую кафлю, але ён не звяртаў на гэта ніякай увагі.
– Да чорту гэты канвеер, я адсюль ні нагой, буду сядзець тут да пасінення, пакуль не прыйдзе выратаванне, – выгукнуў Ласун.
Яго словы падтрымала большасць і гэта было бачна па спалоханых позірках. Падтрымліваў і Дзяніс. Ён колькі хвілін назад ужо лічыў, што развітаўся з жыццём, таму новы і апошні шанец на выратаванне страчваць ні за што не жадаў.
– А можа выратаванне не прыйдзе? – пасеяў яблык разладу Гестапа.
– Хай сабе і так, – кінуў Ласун.
– А што, калі канвеер і сюды дабярэцца? – спытаў Рупар.
– Не дабярэцца.
– А гэтая вібрацыя? Адкуль яна?
– Але мы ж засталіся жывымі!
– Пакуль яшчэ.
– Мы не загінем, – сказаў Снайпер.
– Ты так у гэтым упэўнены?! Гадзіну назад ніхто і не падазраваў, што канвеер без чалавека можа самастойна ўключацца, рухацца, а тым больш забіваць, – сказаў Рупар.
– Можа канвеерам кіруюць, так бы мовіць вышэйшыя гэтага свету? – выказаў здагадку Пазняк.
– Гэта выключана, – абрэзаў яго Пазаліні.
– Усё можа быць, – ажывіўся Снайпер. – Небяспека чакае нас у кожным куту, таму я лічу разважным прыняць рашэнне, што рабіць далей.
Па маўчанні, якое павісла ў прыбіральні, было зразумела, што нікому не хацелася штосьці яшчэ вырашаць, усе стаміліся ад безнадзейнасці якіх бы там ні было дзеянняў, а можа проста ніхто ўжо не адахвочваўся прымаць рашэнне. Маўчанне зноў узварушыў Снайпер.
– Добра, тады паставім пытанне рабром. Хто за тое, каб застацца тут і чакаць выратавання, падыміце, калі ласка, рукі?
Усе акрамя Снайпера паднялі рукі.
– Значыць я застаўся адзін.
– І што ты будзеш рабіць? – спытаў яго Рупар.
– Пакуль не ведаю, часу, я думаю, у мяне дастаткова.
Пазаліні пафасна хмыкнуў.
Дзянісу стала сорамна за працоўных і ў першую чаргу за сябе. Яму часта прыходзілася пакутаваць з-за сваёй нерашучасці, дзесьці рахманасці, лішняй перасцярогі. Часам, яго турбавала заганнае прадчуванне, што калі ён зрабіць глупства, людзі блага аб ім падумаюць. Цяпер яму не давалі спакою думкі, што і Снайпер кепска падумае пра яго, палічыць здраднікам і наогул баязліўцам. Вядома, Дзяніс нічога не хацеў прадпрымаць, акрамя таго, як сядзець у туалеце і чакаць дапамогі. Але ў тую ж чаргу невялікая, зусім кволая энергія рашучасці і ўпэўненасці ў сабе, падахвочвала, прымушала яго падтрымаць Снайпера. Спярша Дзяніс чакаў, што, магчыма, яшчэ хто-небудзь выявіць жаданне змяніць сваю пазіцыю і тады Дзяніс разам з ім зменіць сваю. Аднак працоўныя маўчалі. Потым яго ўрэшце ахапіла ўнутраная злосць, што ў сваіх рашэннях ён заўжды прывык спасылацца на іншых. І гэта канчаткова прадвызначыла яго ваганні. Ён паглядзеў на Снайпера і, хвалююча ўздыхнуўшы, сказаў:
– Я з табой.
Снайпер са здзіўленнем, а потым з надзеяй паглядзеў на Дзяніса і ўсміхнуўся. Пазаліні і Дзяцел пачалі перашэптвацца паміж сабой.
– Вы здурнелі! – сказаў Рупар. – Ужо нічога нельга зрабіць, хіба вы яшчэ не зразумелі, што мы ў пастцы, а калі паспрабуем адсюль выбрацца, з намі ўсімі расправіцца няшчадны механізм?!
Снайпер яму не адказаў, таму што сам не ведаў як адказваць. Дзяніс пачырванеў і падышоў бліжэй да яго.
– Самазабойцы, – канстатаваў Гестапа.
– Хлопцы, а з вамі можна? – звярнуўся да іх Пазняк.
Гэта было вялікай нечаканасцю, але ўсе прысутныя даўно звыкліся з сюрпрызамі.
– Вядома можна, – сказаў Снайпер, – таму што я разлічваю выйсці адсюль і як мага хутчэй.
Словы яго прагучалі досыць упэўнена.
– Адсюль толькі адно выйсце – цераз дах, – нечакана сказаў Дзяцел.
Дзяніс насцярожана паглядзеў на Снайпера і той, лагодна ўсміхнуўшыся Дзятлу, нібы ён адгадаў яго думкі, сказаў:
– Менавіта.
На імгненне Дзяніс расчараваўся, што згадзіўся прыняць удзел у гэтай задуме, тое самае ён прачытаў і на твары Пазняка.
– У вас нічога не атрымаецца, – сказаў Ласун.
– Магчыма, – сказаў Снайпер. – Да даху ёсць толькі адзін шлях – вентыляцыя, якая знаходзіцца акурат над канвеерам. Каб узлезці на вентыляцыю, неабходна спыніць хаця б адну ветку канвеера. А далей па её. Складана будзе толькі спачатку, вентыляцыя ідзе ўгору, бліжэй да даху яна гарызантальная.
– Вось і тупік, – прабубніў Чыпушыла.
– Але як, канвеер нам непадуладны, ён дзейнічае самастойна? – спытаў Рупар.
– Мне здаецца, ён адчувае вібрацыю: галасы, рэзкія рухі. Калі ўстрымацца гэтага, можна пазбегнуць яго прыцягальнай сілы. На дах трэба лезці з першай веткі, вентыляцыя праходзіць як раз над ёй і на адносна невялікай адлегласці. Калі стаць у поўны рост, можна да яе дацягнуцца. Пытанне заключаецца ў наступным: як вывесці з дзеяння ветку? Для гэтага нам спатрэбіцца колькі загваздак, бензін і агонь. Загваздкі і паліва можна знайсці толькі ў адным месцы – на складзе цэху. Загваздкамі мы разаб’ем пульт першай веткі, і перакрыем падачу электрычнасці, потым зальем палівам стужку і падпалім яе.
– А што, слушная прапанова, толькі на дах я не палезу – вышыні баюся, канвеер памагчы спыніць гэта іншая справа, – разборліва прагугнявіў Дзяцел.
Дзяніс таксама баяўся вышыні, але сказаць аб гэтым пасаромеўся.
– На дах палезу я, – сказаў Снайпер, – мне патрэбен яшчэ хтосьці спрытнейшы і маладзейшы.
Самымі маладымі былі Свістуля, Підар і Дзяніс. Аднак яны не падтрымалі Снайпера, а значыць заставаўся адзін Дзяніс. У яго горле стаў камяк. Ён паглядзеў на Снайпера і кіўнуў галавой у знак згоды. Твар Снайпера выканаўся прыязнасцю.
– Тады вырашана – нас чацвёра, можна брацца за справу, – прамовіў Снайпер.
– Ты памыляешся, нас – сямёра, – звярнуўся да яго зухаваты Пазаліні. – Са мной яшчэ хлопцы, а ну вылазьце з-пад рукамыйніцы.
Свістуля, скурчыўшы незадаволеную міну, спакваля падняўся, піхаючы ў бок Підара. Той усё ўпарціўся, а потым падняўся. Пазаліні бясспрэчна з’яўляўся іх аўтарытэтам.
Дзяніс заўважыў, як у вачах Рупара забліскала так патрэбнай усім надзеяй.
– Ну што, дапаможам ім? – звярнуўся ён да астатніх, а потым дадаў: – Рамуальд, калі ты і на гэты раз не пойдзеш, Богам клянуся, я з вялікім задавальненнем яшчэ раз урэжу табе па храпе. Сітуацыя, бач, падыходная.
– Ды што ты, я згодзен, – спужана сказаў Чыпушыла.
Грыша праглынуў цяжкі камяк.
– Толя, – звярнуўся Рупар да Снайпера, – каб вы дабраліся да даху, мы зробім усё магчымае. Глядзі толькі пасля адразу ж кліч дапамогу! Мы з вамі!
Снайпер задаволена ўсміхнуўся.
– Вось так бы і адразу.
На гэтым яны і пагадзіліся, поўныя нерашучасці і страху перад спробай, самай апошняй, ад якой залежыла іх жыццё.