355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Латыголец » Канвеер » Текст книги (страница 5)
Канвеер
  • Текст добавлен: 9 апреля 2017, 08:00

Текст книги "Канвеер"


Автор книги: Андрэй Латыголец


Жанры:

   

Киберпанк

,

сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 15 страниц)

На экране высвяціўся агульны лік: 2–0 у карысць Гiшпаніі.

“Ах, вунь яно што!”

Дзяніс адразу далучыўся да “гішпанцаў” і пачаў прасоўвацца наперад. Там ён адшукаў Міху з Іллёй, якія ў п’яным чадзе разам з мускулістымі мужыкамі крычалі аб відавочнай перамозе і выкідвалі “русейцам” факі. Дзяніс быў салідарны і за адну хвіліну, нецэнзурна выказваючы сваю незадаволенасць, сарваў сабе голас. З боку “расейцаў” фанатаў узмацнілася хваля абуранасці.

– Фу, адстойнікі, здраднікі!!! – крычалі яны і размахвалі расейскiмi сцягамі.

Вочы Дзяніса наліліся крывёй.

– Маскалі! – крыкнуў ён у адказ і выставіў у іх бок кулак.

Гэта, як потым высвятлілася, не спадабалася “расейцам”.

– Стойце спакойна і не правакуйце іх, – сказаў адзін з “амапаўцаў”.

– Мы на сваёй тэрыторыі, – адгукнуўся Дзяніс.

– Я сказаў спакойна стой! На сваёй ён тэрыторыі… – прамыкаў двухметровы шланг і ў нос Дзянісу стрэльнула дробам смуроду.

Спакваля “амапаўцы” адціскалі гішпанскіх балельшчыкаў усё бліжэй да мятро, атачыўшы іх паўколам, у некаторых выпадках нахабна штурхаючы людзей у плечы. Магчыма, “расейцы” прачыталі ў гэтых дзеяннях сваю перавагу, і ў гэты ж момант пачалі закідваць “гішпанцаў” чарговым шквалам пустых бутэлек. Дзяніс разам з астатнімі балельшчыкамі паспрабаваў прарваць шэраг “амапаўцаў” і распачаць бойку, але іх высілкі маментальна спынілі балючыя і досыць тактычныя ўдары дубінак. Усіх, як тупы статак жывёлін, уціснулі ў пераход мятро і пастроілі ў два рады, паставілі з заду і з пераду міліцыянераў, і некаторы час пратрымалі ў стане поўнай разгубленасці. Дзяніс разумеў, што гэта рабілася выключна дзеля іх бяспекі, міліцыянеры чакалі пакуль “амапаўцы” разгоняць расейскiх балельшчыкаў у супрацьлеглы бок, каб пазбегнуць сур’ёзных сутыкненняў.

Ужо ў пераходзе Дзяніс успомніў, што пакінуў на плошчы свой партфель, а Міха з Іллёй, хутчэй за ўсё, не паспелі яго падабраць. І гэта было б паў бяды, – у партфелі засталіся ключы Колі і Кіслотніка, а таксама залікоўка і карысныя кнігі.

Стаяць прыйшлося яшчэ хвілін дзесяць, пакуль “амапаўцы” не далі распараджэння рухацца наперад. Дзяніс падбег да аднаго мянта з рацыяй і сказаў, што забыў на плошчы свае рэчы. Яго пусцілі. Выйдучы з пераходу, ён убачыў бязлюдную і ўшчэнт забруджаную смеццем плошчу. Падбегшы да месца, дзе стаялі зусiм нядаўна гішпанскія балельшчыкі, Дзяніс, акрамя парожніх бутэлек і ваніт, нічога не знайшоў. Ні там, ні далей.

– Што здарылася?! – прагучаў голас Іллі і Дзяніс азірнуўся.

Пагойдваючыся, як дзве таполі на Плюшчысе, за ім стаялі Ілля з Міхай.

– Мы ўбачылі, што цябе пусцілі на плошчу і пайшлі следам, – бы апраўдваючыся, сказаў Міха.

– А вы партфель мой не бачылі?

– Не, – сказаў Міха.

…Вярталіся дадому ўдваіх: Дзяніс і Ілля. Выйшлі з мятро на станцыі “Кунцаўшчына” і пайшлі пешшу.

– У партфелі засталіся ключы Колі і Кіслотніка, – разважаў Дзяніс.

– Коля, відаць, моцна раззлуецца, – невыразна вымавіў Ілля.

– Пляваць, там была мая залікоўка, гэта ж прыйдзецца зноў бегаць па ўсіх прэподах…

Яны ішлі ўздоўж па вуліцы, яшчэ не працверазеўшы і таму крычалі: “Гiшпанія перамагла, выкусіце, маскавіты!”

Не гледзячы на непрыемны зыход суботняй гулянкі, Дзянісу хацелася працягу, ён пакуль не ўсведамляў маштабу праблемы, у якую трапіў, таму вырашыў адкласці ўсё на раніцу. Разам з Іллёй яны спыніліся папаліць на школьным стадыёне і іх асабістая размова расцягнулася яшчэ на працяглы час. Дзяніс прыйшоў дамоў у тры гадзіны ночы, выпіў з-пад крана вады і паваліўся на канапу, заснуўшы сном немаўля.

Назаўтра яму трэба было выходзіць у ноч. Пачыналася трэцяя змена.

6

Ён паглядзеў на шкляны дах – у ім бачыўся кавалак базальтавага неба, на якім дрыжучы, мігацелі самотныя зоркі. Гадзіннік паказваў дваццаць тры сорак пяць. Трэцяя змена. Трэці цэх і больш нікога. Завод здаваўся пустым і толькі з трэцяга цэху даносілася рэха працы. Працавалі першыя дзве веткі канвеера і “лінія Краўса” агульнай колькасцю пяцьдзесят чалавек. Усе былі на сваіх месцах і кожны выконваў сваю аперацыю.

Пасля дзённага адпачынку рукі Дзяніса адразу адчулі боль і першыя паўгадзіны яму прыйшлося не салодка, прымацоўваючы да маразільных камер пляскатую папярочку, узнаўляць свае ўменні па ўласна выпрацаванай методыцы. Справа ішла марудна. За сваёй спінай Дзяніс, час ад часу, чуў бязглуздую размову паміж Мявутам і Маслам на фоне дурнаватага смеху Зіны. Снайпер згінаў металічныя лісты і пераважна маўчаў. Відаць, часаць языкамі з гэтымі каровамі яму было не цікава. Дарэчы, і з астатнімі працоўнымі такой ахвотай ён асабліва не вылучаўся. У чымсьці Дзяніс пазнаваў у Снайперы і сябе, – такім ён мог стаць у сталасці, канечне, калі застацца на заводзе.

Перад Дзянісам, як на далоні ляжалі дзве канвеерныя веткі; ён бачыў і Ласуна, і Гестапа, Грышу і брыгадзіра Холадава, Пазняка і Курву, а таксама змрочнага Пазаліні, Свістулю, Підара і Дзятла. Часам у яго полі зроку мільгала постаць майстра Прошыны. Усе астатнія працоўныя складалі масоўку – візуальны задні фон. Такім чынам канвеер падтрымліваў сваё існаванне ноччу.

Першую цележку Дзяніс запоўніў за паўгадзіны, што было адносна нізкім тэмпам. Усталяваная планка дваццаці хвілін была няшчадна парушаная. Ён адвёз цележку да Дзятла і ўзяў парожнюю. Вяртаючыся назад, Дзяніс неспадзявана зачапіў ёй унутраныя «шафы», якія на пры канцы другой веткі выстаўляў дзелавіты Свістуля і абярнуў колькі з іх на падлогу. Свістуля незадаволена ўзяўся падымаць "шафы".

– Прабач, – сказаў Дзяніс.

– У наступны раз глядзі куды едзеш, – зласліва сыкнуў Свістуля.

“А ён не добразычлівы хлопец”.

Підар праводзіў Дзяніса сарамяжлівым позіркам і на апошнім імгненні, калі Дзяніс ужо збіраўся адводзіць вочы, усміхнуўся яму куткамі вуснаў. Усмешка атрымалася з’едлівай. З такой усмешкаю, напэўна, забойцы наносяць сваім ахвярам смяротны ўдар.

Такой была трэцяя змена.

Дзяніс вярнуўся на працоўнае месца і з імпэтам узяўся за справу. Яшчэ адчуваўся галаўны боль пасля ўчорашняга трэш-чаду. Ён прачнуўся ў тры гадзіны дня і амаль да вечара праляжаў у канапе. Цела ныла разам з сумленнем. К чорту канвеер!

Ты не можаш!!! Доля слабакоў кідаць адказную працу на самым пачатку. Ты не слабак! Насупраць – ты адзін з нас.

…………………………………………………………………………………………………………………

Дзяніс бег па доўгім калідоры. Ён здаваўся бясконцым і Дзяніс адчуваў, нібы знаходзіцца на бегавой дарожцы. Хтосьці ўключыў яе і яму прыйдзецца бегчы, пакуль яна не спыніцца.

“Вось, што чакае цябе наперадзе, – казаў тагасветны голас. – Нявызначаная будучыня. Ты вечна бяжыш, не ведаючы ад каго і не ведаючы куды. І хіба гэта тваё прызначэнне? Я адкажу за цябе – НЕ! Ты варты большага.

Усе людзі імкнуцца вызначыць сэнс свайго нікчэмнага жыцця. Дурныя, яны не разумеюць, што МЫ даўно за іх ужо ўсё вырашылі. Некаторыя з вас яшчэ горача вераць у тое, што чалавек здзейсніў мадэрнізацыю і індустрыялізацыю. Лухта! Гэтыя працэсы звыш чалавека і не маюць да яго ніякага дачынення. Вы ўсяго толькі марыянеткі ў руках вышэйшага розуму. Аднак тыя, хто падсвядома дапамагаюць гэтаму працэсу, аўтаматычна робяцца яго цэлым, яго целам і крывёй. СІСТЭМА! Канвеер!!! Канвеер!!! Канвеер!!!”

Ён бег па канвеернай стужцы.

“Я – частка аднаго цэлага”, – паўтараў Дзяніс.

Паступова рух яго запавольваўся, ногі цяжэлі і ўрэшце ён спыніўся.

– Гэй… ты чуеш, што я кажу, гэй?! – перад Дзянісам стаяў майстар Прошын, а побач з ім вірлавокі мужык у цвідавым пінжаку.

Дзяніс залыпаў вачыма і адразу ж прыйшоў у сябе.

– Як праца? – відавочна, у другі раз спытаў Прошын.

– Усё о’кэй, лепш і быць не можа, – заявіў Дзяніс.

– Нейкі ён стомлены, – пагардліва гледзячы на яго, сказаў Прошыну вірлавокі. Прошын, як заўжды, пачырванеў.

– З табой усё ў парадку? – спытаў майстар.

– Норма, – Дзяніс паспрабаваў надаць голасу як мага больш сур’ёзнасці.

Майстар паціснуў плячыма і пайшоў далей, вірлавокі ж падазрона ўтаропіўся на Дзяніса, які прымацоўваў папярочку. І ўсё ішло, як па маслу; за гэтых колькі дзён ён навучыўся амаль дасканала выконваць сваю аперацыю, што пры выпадку змог бы працаваць з завязанымі вачыма. А вірлавокі, увесь гэты час, здавалася, чакаў, калі Дзяніс зробіць памылку. Урэшце, зразумеўшы, што ён ведае сваю справу, падышоў да яго бліжэй і ціха сказаў:

– Ты мне не падабаешся. Ведай, што я сачу за табой. Ты мяне зразумеў?!

Дзяніс вымушана кіўнуў.

Як толькі вірлавокі выдаліўся, да Дзяніса падышоў Снайпер.

– Што ён табе сказаў? – спытаў ён.

– Ды на конт маёй фізіяноміі і тое, што я яму не падабаюся.

Снайпер усміхнуўся.

– О, гэта ён казаў усім у гэтым цэху. Яму тут акрамя свайго чорнага азадка ніхто не падабаецца.

Яны засмяяліся.

– А, дарэчы, хто гэта?

– Фарух Ібрагімавіч – начальнік змены. На дадзены момант ён у цэху самы галоўны. Аднак ты не хвалюйся, Ібрагімавіч зараз разам з Максімам пройдзецца па ўсіх участках, а потым, пойдзе спаць у дыспетчарскую.

– Слізкі тып, – заўважыў Дзяніс.

– Яго тут ніхто трываць не можа.

Снайпер абнадзейліва патузаў Дзяніса за плячо і вярнуўся на працоўнае месца. У чарговы раз Дзяніс пераканаўся, што Снайпер, бадай, адзіны працоўны на заводзе, з кім можна пагаварыць, і ў яго адчынілася другое дыханне. Ён працаваў бездакорна аж да самага абеду, які пачынаўся ў тры гадзіны ночы.

У абед Дзяніс выйшаў з цэха на вуліцу, узяў зсабойку і сеў на самую далёкую лаўку, адасобячыся ад астатніх працоўных.

Паветра было халодным і Дзяніс задрыжаў, асабліва пасля выпітага соку. У траве трашчалі конікі і гэта было так незвычайна на агульным фоне цьмяных абрыс завадскіх будынкаў і агароджы, якая адлучала яго ад гораду.

А горад спаў, трызніў у сне, няўцямна шаптаў і толькі здалёк праспекту даносіўся шум машын. Дзяніс адчуў гармонію. Ён любіў цішыню, а калі яна зыходзіла з таго месца, дзе яе, па сутнасці, не магло існаваць, гэта прыводзіла яго ў сапраўднае замілаванне.

Аднак паўгадзіны праляцела незаўважна. У глыбіні завода зарыпеў яго механізм, як звер у цёмным гушчары, учуўшы паблізу ворага. Канвеер прагнуў працы.

Заставалася дзве гадзіны.

Дзяніс вырашыў патраціць іх на сваю карысць. Трэцяя змена ідэальна для гэтага падыходзіла. І ён пачаў свядома халтурыць, не да канца прымацоўваючы папярочку на маразільніках. Дарэчы, так у цэху працаваў не толькі адзін ён. Усе заводы-гіганты Беларусі выкарыстоўваюць экстэнсіўны шлях вытворчасці. Дзяніс толькі дапамагаў гэтаму працэсу. Яго не цікавіла, што такая прадукцыя не будзе карыстацца попытам, як не цікавіла гэта, у прынцыпе, і ўсіх астатніх працоўных. Дзяніс марыў, каб адна з такіх лядоўняў трапіў якому-небудзь беларускаму абывацелю і ў хуткім часе зламалася. Невядома, якія сілы ўздзейнічалі на яго, выклікаючы ў ім столькі негатыву, нянавісці да звычайных людзей. Відаць, Дзяніс, як і ўсе працоўныя паспеў падхапіць сіндром, які вызваліў яго ад адказнасці перад краінай, перад грамадствам, урэшце перад самім сабой. Гэты сіндром быў незразумелай анамаліяй. Тут, у межах заводу слова “якасць” разумелася зусім па-іншаму, калі ўвогуле разумелася. Спытайце аб ёй у працоўнага са стажам. Дзяніс назіраў за працай жанчын, назіраў за працай Снайпера – нідзе не было праявы дасканаласці, паўсюль віднелася хібнасць, на якую ўсе зачынялі вочы. А навошта?!

Цележка няякасных маразільнікаў была загружаная і Дзяніс павёз яе да Дзятла. Адлегласць паміж веткамі канвеераў была, прыкладна, чатыры метра. Цележка амаль заўжды паспяхова праязджала паміж імі, за выключэннем тых момантаў, калі Дзяніс выпадкова чапляўся яе верхам за падвесны канвеер. На гэты раз праезд быў перагароджаны шэрагам лядоўных "шафаў", якімі займаўся Свістуля. Ён стаяў да Дзяніса спінай, а Підар з’едліва яму ўсміхаўся.

“Яны задумалі пацягацца са мной, забаўнікі недаробленыя”, – падумаў Дзяніс і пайшоў напрасткі да іх.

– Слухай, хлопец, гэта твае "шафы"? – звярнуўся ён да Свістулі.

Свістуля азірнуўся, выканаўшы грымасу неразумення і пакруціў галавой.

– А чые?

Ён паціснуў плячыма.

– Але ты з імі працуеш, будзь добры, адстаў іх у бок, я не магу праехаць.

– Лёха, памажы мне, – паклікаў Свістулю Пазаліні і той пакорліва пайшоў да яго.

“Вось яно што”.

Підар па-ранейшаму ўсміхаўся і Дзяніс, прапалены яго підарскай усмешкай, прыняўся самастойна разбіраць утвораны затор.

Дзяцел, як заўжды прасвістаў сабе пад нос і жэстам рукі паказаў, куды трэба паставіць цележку. У гэты момант Дзянісу захацелася разбіць яму носапырку, каб пунсовая кроў запэцкала яго сінюю робу і бетонную падлогу цэха.

Настрой быў сапсаваны, чаго Дзянісу зусім не хацелася пасярэдзіне глыбокай ночы на ненавісным заводзе. Яшчэ яму не хацелася і таго, каб над ім пачалі кпіць завадскія смаркачы, фанабэрыста абводзячы яго вакол пальцаў. Ён адчуваў, што сваімі дзеяннямі яны нібы павучалі яго.

Недзе глыбока ўнутры сваёй сутнасці Дзяніс разумеў сваю маладушнасць і кволасць перад грамадствам. Іншы раз ён усялякім чынам спрабаваў перадужыць гэтую негатыўную якасць свайго характару, але ў самыя адказныя моманты ў яго гэта не атрымлівалася і ўсё страхі выпаўзалі вонкі. Дзяніс нагадваў крохкую саломінку, якая ламалася пад уздзеяннем пэўных абставінаў і недарэчных учынкаў. Ужо потым ён па колькі разоў абдумваў свае дзеянні, чырванеючы пры гэтым, і не разумеў, чаму зрабіў менавіта так. Дзяніс нават даваў сабе жалезны зарок, што промаху больш не паўторыцца і ён ніколі не дазволіць іншым кепска з сабой абыходзіцца. Але, як следства – кожны раз ён даваў слабіну.

Вярнуўшыся з парожняй цележкай да працоўнага месца, Дзяніс убачыў майстра Прошына. Вакол яго стаялі Мявут, Масла і Зіна; Снайпер безуважна назіраў за іх гамонкай здалёк.

– Што за вечная навала з гэтым бракам, калі ў нас з’яўляюцца новенькія! – здушаным голасам абуралася Мявут. – Я дзесяць гадоў вырабляю гэтыя маразільнікі, а цяпер вы гаворыце брак!

Прошын залыпаў чырвонымі вачыма, відаць, яго пабудзіў брыгадзір Холадаў, паведаміўшы, што бабы пусцілі ў вытворчасць брак і стрымана сказаў:

– Так і ёсць.

Жанчыны на імгненне замаўчалі.

– Максім, чаму вы да нас так чапляецеся? – гулліва ўшчуваючы майстра, спытала Масла. – Мы жанчыны такія крохкія стварэнні, хіба вы не ведаеце, што да нас патрэбен іншы падыход.

Яна прыціснулася да майстра, абняла яго за стан і пачала “ставіць яму вочкі”. Такую практыку Масла, хутчэй за ўсё, пераняла ў Курвы. Прошын, здзіўлены такім абыходжаннем, пачырванеў, як бурак, нібы да яго ніколі ў жыцці не датыкаліся жанчыны і, хутка вызваліўшыся з яе пут, з ноткай далікатнасці, прамовіў:

– Я вас папярэдзіў. І яшчэ, у гэтым месяцы ўсім будзе зніжана прэмія…

Тут зноў не вытрымала Мявут.

– Ну што гэта такое?!. Што за завод такі?!. Гармідар адным словам!!! Цьху…

Дзяніс, вядомая справа, разумеў, што ўся прэмія Мявута і астатніх жанчын, не выключаючы Снайпера, пойдзе ў яго заробак. У нашай краіне летняя праца студэнтаў на розных прадпрыемствах і будоўлях толькі заахвочваецца. Гэта вельмі радавала Дзяніса і яму захацелася нахабна засмяяцца Мявуту ў твар.

Калі Прошын сышоў, жанчыны яшчэ доўга размаўлялі наконт відавочнай несправядлівасці, пасылаючы ў спіну Дзяніса незадаволеныя позіркі, а потым разыйшліся па працоўных месцах. Дзяніс адчуў, як яго сапсаваны настрой ураз адыграўся на ўсеагульнай абуранасці жанчын і ён на некаторы час забыў аб Світулі, якога, дарэчы, пасля змены намерваўся адправіць у накдаўн.

Вырабіўшы чарговую партыю маразільнікаў, Дзяніс рашуча павёз цележку да Дзятла. Ён ужо разлічваў на любыя праявы самадзейнасці, але не да такой ступені. У гэты раз шлях яму перагарадзілі дзве цележкі, на якіх віселі ўнутраныя камеры для "шафаў". Стаялі яны як раз каля пачатку другой канвеернай веткі, дзе працавалі Пазаліні, Свістуля і Підар. Дзяніс зразумеў, што такім чынам цудоўная тройца хацела намацаць яго слабое месца, трапіць у Ахілесаву пяту. Спачатку, як гэта звычайна здаралася, ён разгубіўся, пачырванеў і не мог сканцэнтраваць думкі, каб вывесці іх у адну формулу далейшых дзеянняў. Але раптам вочы яго напоўніліся крывёй, твар затросься і ён ужо больш не аддаваў справаздачы сваім дзеянням. З боку ўсё выглядала, як быццам бы раз’юшаны бык пусціўся бадаць людзей па вузенькіх вулачках Мадрыду. Дзяніс разагнаў сваю цележку і ўрэзаўся ёй у барыкады на сваім праездзе. Ад моцнага сутыкнення дзве цележкі павольна раз’ехаліся ў розныя бакі і Дзяніс спакойна праехаў далей. Уся тройца моўчкі ўтаропілася на яго, зусім не чакаючы такога разгортвання падзей. Але аслупяненне працягвалася нядоўга. Як самы старэйшы загаманіў Пазаліні:

– Ты што робіш, вар’ят? – і голас яго гучаў няўпэўнена.

Дзянісу было дастаткова кінуць на Пазаліні свой ваўчыны позірк, каб ён разгубіўся і сцяў зубы. Бачачы такі зыход, Свістуля прабурчаў сабе пад нос невыразны мацюк і хутка адвярнуўся.

– Што ты сказаў? – дзёрзка звярнуўся да яго Дзяніс.

Свістуля зрабіў выгляд, што не пачуў.

– Я, здаецца, у цябе пытаю! Ты, дрышч, у сіняй майцы!

На гэты раз Свістуля азірнуўся. Яго вочы былі перапоўненыя лютым шаленствам, вусны па-эпілептычнаму затрэсліся і ён раз’юшана гаркнуў:

– Пайшоў ты, мудак! Ты ўжо дагаварыўся, табе гамон, сука! Можаш тут болей не паказвацца! Я ведаю на якім ты раёне жывеш, ведаю вашага старэйшага! Сіплы, табе не аб чым не гаворыць?! Не?! Ты ў поўнай дупе, асёл!!!

Такім чынам Свістуля ва ўсёй красе выказаў перад Дзянісам усю сваю гоп-сутнасць. Хаця, першапачаткова, Дзяніс у гэтым зусім не сумняваўся.

– А што, самастойна разабрацца не можаш?

– Хлопцы-хлопцы, цішэй, усе разборкі пасля працы, – умяшаўся Пазаліні, а потым сказаў Дзянісу: – Дзяцюк, я не ведаю, як цябе завуць, але ты не маеш рацыю. Хіба нельга было папытаць нас, каб мы адставілі гэтыя цележкі?

Дзяніс, паглынуты злосцю, нічога яму не адказаў і завёз цележку да Дзятла. Той, убачыўшы непрыемны інцыдэнт і, магчыма, ужо пабойваючыся Дзяніса, не тое, што не прасвістаў, нават не адважыўся паглядзець у яго бок. Дзяніс паставіў цележку ў свабодным месцы, узяў парожнюю і вярнуўся назад.

Больш да сямі раніцы яму ніхто не перашкаджаў. Ён спакойна праязджаў каля незадаволенага Свістулі, бачыў Підара, які, як быццам бы, папярхнуўся сваёй тупой усмешкай і каля вонкава спакойнага Пазаліні. У глыбіні душы Дзяніса радавала, што ён усё ж такі выцер ім насы. Але, вядома, у яго ўзнікла і невялікае адчуванне згрызоты сумлення за сваю дзёрзкасць, у тую ж чаргу ён разумеў, што калі людзей своечасова не ставіць на месца, яны абавязкова сядуць на шыю. У гэты раз ён канчаткова вырашыў ніколі і не перад кім не прагінацца, і для гэтага, у прынцыпе, быў не благі пачатак.

Змена скончылася невялікім здарэннем. Мявуту стала блага і яна страціла прытомнасць. Жанчыны адразу падбеглі да яе, пасадзілі на зэдлік, на якім яна, звычайна, праводзіла перапынкі і паклалі на лоб мокрую анучку. Усе спаслаліся на ціск, які мог узнікнуць ад працоўнай нагрузкі і стомленасці. Але Дзяніс скеміў, што Мявут, хутчэй за ўсё, знервавала скарачэнне прэміі. Майстар Прошын вінавата паглядзеў на яе стан і параіў схадзіць да лекара, каб ёй выпісалі заслужаны бальнічны.

Тады ніхто не ведаў, як ёй пашанцавала.

Пасля працы Дзяніс сеў у амаль пусты 29 аўтобус. Ніякай разборкі са Свістуляй, як апынулася, не адбылося. Той неяк хутка збег, а шукаць яго па гардэробу не ўяўлялася патрэбнай неабходнасцю. У салоне аўтобуса было цёпла і Дзяніс засынаў. Сонца бліскала ў вочы. Ногі нылі ад стомы. У той момант шлях да дому здаваўся такім доўгачаканым, што хацелася расчулена расплакацца. Яшчэ нідзе пакуль Дзяніс не адчуваў сябе такім адзінокім, як на заводзе. У кожнага чалавека ёсць месца, куды б яму ніколі не хацелася вяртацца. У Дзяніса такім месцам стаў канвеер. Цераз дрымоту ён думаў аб гэтым і згаджаўся, але не на ўсе сто адсоткаў, прыблізна на палову; другая частка яго розуму абураючыся, папярэджвала: не смей! Канвеер!!! Канвеер!!! Канвеер!!!

7

Па лесвіцы на дванаццаты паверх трэба было падымацца асцярожна, каб не запэцкацца ў пабел і не быць пачутымі суседзямі. Акустыка ў гэтых цагляных сценах была вельмі добрай. Іра трымала Дзяніса за руку і яны, стрымліваючы смех, падымаліся ўверх па прыступках. На дванаццатым паверсе стаяла рашотка, дзверы ад якой былі расчынены, а на сцяне побач тлустым шрыфтам выведзенае рускае слова з трох літар. Яны зайшлі за рашотку, ступаючы па разбітым шклу, якое прыемна хрумсцела пад нагамі, надаючы іх вандраванню эстэтыку андэграўнду. Іра спрытна ўзабралася на жалезную лесвіцу, што выходзіла на дах і, штурхнуўшы рукамі люк, адчыніла шлях наверх. Сіняе неба так і ўпілося ў вочы, нават усмактала іх сваім яркім святлом. Дзяніс адчуў пах руберойда. Іра паднялася вышэй па прыступках, высунуўшыся на дах па пояс, потым развяла рукі ў бок, салодка пацягнулася і сказала:

– Цудоўная панарама.

Дзяніс падышоў да лесвіцы і, схапіўшы Іру за ногі, пачаў яе скалынаць.

– Давай лезь далей, мне адсюль нічога не відаць.

– Паглядзі пакуль на маю попу, – гулліва прамовіла яна.

– Попа, што трэба, але зараз я хачу ўбачыць, што дзеецца там наверсе.

– Вось так заўсёды. Ты эгаіст, Дзяніс…

Яна вылезла на дах. Дзяніс вылез следам. Сонца стаяла ў самым зеніце, было спякотна і паўсюль лунала цяжкае паветра. Пах руберойда адчуваўся яшчэ мацней. Дзяніс акуратна зачыніў за сабой люк, а Іра кінулася да краю даха.

– Асцярожна, рыжая, у мяне ногі падсякае, калі ты так носішся! – сказаў Дзяніс.

– Гэта ўсяго толькі дванаццаты паверх, – усміхаючыся, пралепятала Іра.

– Можна лічыць, што трынаццаты.

– Не мае значэння. Паглядзі адсюль на горад, як дзівосна!..

Дзяніс асцярожна пачаў да яе набліжацца.

– Ды не бойся, дурнік, смялей, – засмяялася яна.

– Трэба паступова, не спяшайся…

Іра працягнула яму руку і ён, узяўшыся за яе, моцна сціснуў ёй далонь. Яна падвяла Дзяніса да краю.

– Глядзі…

Ён нерашуча паглядзеў уніз. З гэтага, можна лічыць, самага высокага будынка на вуліцы Ілімская і, бадай, ва ўсім раёне, было відаць усё. Быў відаць дом, у якім жыла Іра, яе школа, узятая ў кольца шэрых несамавітых дзевяціпавярховікаў. Жылыя дамы апярэзвала дарога, якая цягнулася далей у горад, віднеўся ўніверсам “Рублёўскі”, рэкламны шчыт, на якім было напісана "За Беларусь". Быў відаць нават сектар драўляных хат з усходняга пасёлка, а ў Дзяніса за спінай адчыняўся выгляд на цёмна-зялёны яловы лес. У навакольным краявідзе адчувалася эклектыка ідыліі і індустрыялізму ў суровым спалучэнні вёскі і горада. Хаця Мінск гэта і ёсць вялікая вёска. Яшчэ не хапала каровы, якая б клыпала па асфальце з бомай на шыі і басаногай бабкай побач, імкнучыся хоць дзе-небудзь перайсці дарогу, паганяла яе пугай. Дзяніс набраў поўны рот сліны і з усяе моцы плюнуў уніз. Сліна, нібы па спіралі, паляцела ўніз і растварылася дзесьці ля шостага і пятага паверхаў.

– Свіння, – сказала Іра.

Дзяніс не звярнуў увагі на заўвагу, паглядзеў у далеч, а потым сеў на гарачую паверхню даху, абапёршыся спінай аб парэнчы.

– Ангарская – самы адстойны раён у Мінску, нават Зялёны Луг не такі адстойны, як здаецца з першага погляду.

– Што ты маеш супраць майго раёна? – імітуючы мужчынскі голас, сказала Іра, потым ацэньвальна паглядзела на яго, і села побач у паставе лотаса.

– Глядзі не запэцкайся.

– Адчапіся.

Некаторае імгненне яны маўчалі.

– А вось на Кунцаўшчыне на шмат лепш, – каб працягнуць спрэчку, сказаў Дзяніс. – Там, прынамсі, цывілізацыя адчуваецца.

– Вядома ж, ёсць мятро і рынак, – засмяялася Іра і прытулілася да яго пляча.

– Еўропа.

– Ага.

– Дарэчы, калі правесці паралель і падзяліць Мінск на дзве часткі: заходнюю і ўсходнюю, адразу можна звярнуць увагу на істотныя адрозненні. Так, захад – чысты і новы, а ўсход – твая Ангарская, “савок” адным словам.

– Выключэнне мае Уручча, там зараз такія дамы адбудоўваюцца, не горш вашых, што ўжо казаць аб Нацыянальнай Бібліятэцы.

Дзяніс мацней прыціснуў да сябе Іру.

– Аднак “Алмаз” пабудавалі на балоце, а гэта ўжо з ліку брутальнай архітэктурнай задумы. Тое самае, калі такая прыгожая дзяўчына, як ты, гучна сапсуе паветра, скажам, у вучэбнай аўдыторыі.

– Дурак, – сказала Іра і злёгку пхнула яго ў грудзі. – Толькі не забывай, што і Кунцаўшчына была вёскай на балоце.

Дзяніс усміхнуўся.

– Чаго варта яшчэ адна назва – хутар Серабранка…

– Эх, Менск, Менск – уздыхнула Іра.

– Эўропа, – перадражніў яе Дзяніс.

А потым яны, па нейкай падсвядомай інэрцыі, разам заключылі:

– Жыве Беларусь!

Гэтыя два словы на непрацяглае імгненне павіслі ў паветры, а потым растварыліся ў вышыні.

– Ведаеш, – задуменна распачаў Дзяніс, – калі я адшукаў цябе ў кантакце і ўбачыў фотку, дзе ты стаіш на фоне бела-чырвона-белага сцяга, доўга смяяўся.

– Чаму?! – здзівілася Іра.

– У цябе там такі выраз…

– Што з ім не так?!.

– Ты нагадала мне еўрапейскую турыстку, якая прыехала ў Мінск, уся такая гламурная girl, убачыла апазіцыйны мітынг і вырашыла сфатаграфавацца, як каля гістарычнага помніка. – Дзяніс трохі счакаў, а потым іранічна дадаў: – Каб потым сведчыць у падтрымку руху незадаволеных у краіне. Гэтакі шпег у спадніцы.

– Не праўда. Мы з Настай ішлі пасля параў, вось яна мяне і сфоткала.

– Гэта ты потым будзеш на следстве распавядаць.

Іра цмокнула языком і фанабэрыста сказала:

– У такім разе, мяне будзе вельмі цяжка раскусіць. Ты толькі паглядзі ў мае вочы.

І яны ўтаропіліся адзін у аднаго: яна – у яго чорнае мора бяздонных карых вачэй, ён – у яе крыштальна чыстае возера бліскучай сіні. Першым позірку не вытрымаў Дзяніс і адвёў вочы. Гэта было яго невялікай слабасцю. Наогул, калі хто-небудзь знаходзіўся з ім у кантакце, то мог заўважыць, як бегаў позірк Дзяніса, доўга не затрымліваючыся на суразмоўцы. Складвалася такое ўражанне, што Дзяніс саромеецца.

– Затое я ведаю цябе наскрозь, – зразумеўшы, што прайграў дуэль позіркаў, сказаў Дзяніс.

– Наскрозь? – абурылася Іра і Дзянісу не спадабаўся такі тон. – Ты, мой хлопчык, глыбока памыляешся, калі робіш такія гучныя высновы. Наскрозь, – пагардліва паўтарыла яна.

– Так, наскрозь, – не збіраючыся здавацца, заявіў ён.

Дзянісу захацелася падражніць Іру, паказытаць яе слабыя месцы.

– Я ведаю кожную радзімую плямку на тваім целе, ведаю твой пах, тваю хаду, міміку, твой голас, смех, нават твой нумар тэлефона… І гэта яшчэ не ўсё… Працягваць далей?

Іра расчаравана ўздыхнула.

– Так я і думала: на твар менавіта ўсе знешнія фактары. І гэты чалавек сцвярджае, што ведае мяне наскрозь?

Дзяніс ніколі не любіў, калі ў размове з ім пытанне ставілася да ўмоўнай трэцяй асобы. Але Дзяніс ніякім чынам не хацеў сварыцца і асабліва ў такі дзень.

А дзень быў шыкоўны, як і сотні іншых, праведзеных ім разам з Ірай. Таму Дзяніс згадзіўся, калі яна прапанавала яму залезці на дах гэтага дома. Бліжэй да абеду Іра патэлефанавала яму, сказала, што ёй непамерна адзінока, і надта хочацца выйсці на вуліцу пагуляць. Яна, вядома, разумела, што, магчыма, абцяжарвае яму адпачынак пасля працы, але калі ёй быў патрэбен кантакт, ён цалкам разумеў яе і гатовы быў сарвацца да яе хоць з іншага кантынента.

Іра дастала з пачка цыгарэту і запаліла. Яна запаліла з першага курсу, яшчэ тады, калі Дзяніс вучыўся ў школе. Ён не пытаў яе, па якой прычыне яна падсела на гэты лёгкі наркотык. Яго гэта проста не турбавала. Хаця сам ён не паліў і таму ў нашым постсавецкім грамадстве дзіўна было бачыць дзяўчыну, якая паліць побач з хлопцам абыякавым да цыгарэт. Дзяніса ніякім чынам не бянтэжыў гэты факт, наадварот – з цыгарэтай у руцэ, Іра здавалася яму яшчэ сэксуальней і ўзбуджала ў яго галаве фрывольныя фантазіі. Аднак бацькі Дзяніса, прытрымліваючыся кансерватыўных нораваў, не падзялялі яго запалу да Іры. Дзяўчына, якая паліла, выключалася з складу нармальных. Уся яе прывабнасць і абаяльнасць адразу ж перакрэсліваліся знакам забароны. Дзяніс, быўшы прыстойным палюбоўнікам, далёка пляваў на гэтае табуяванне і бацькоўскія забабоны.

Яна запаліла і яе твар набыў рысы задумення. Сур’ёзнай Іра выглядала, як дама высакароднага прозвішча. Ёй вельмі пасавала гэтая маска. Да ўсяго яна была досыць фотагенічнай. З любых ракурсаў яе твар выглядаў захапляльна прывабным.

– На той фатаграфіі ў цябе быў зморшчаны лоб, – сказаў Дзяніс.

Іра скірпаціла нос і лагодна вымавіла:

– Сонца свяціла мне прама ў вочы.

– І ўсё ткі на тым фотаздымку ты падобная не на турыстку, – не зважаючы на яе словы, працягнуў ён.

– А на каго ж?

– На чалавека, які не ведае, што яму рабіць далей…

– Я скажу болей, – ажывілася яна, – я нагадваю матылька, які лунае ў паветры, памятаеш яго рухі, – яны такія імпэтныя. Вось і я. Магчыма, мне вядома, што рабіць далей, але я яшчэ пакуль не вырашылася для далёкага палёту.

– Матылёк, звычайна, цягнецца да святла.

– Ты не падумай, я зусім не хачу апраўдваць апазіцыю, а калі б і жадала, то ўжо нейкім іншым чынам. Тым больш апазіцыя ўжо не тая, якой была да 1997 года.

– Кучка купленых блазнаў, – падсумаваў Дзяніс.

– Але яна хаця б неяк супрацьстаіць гэтаму рэжыму.

– А мне, шчыра кажучы, пляваць, што на адных, што на другіх, я заўжды буду супраць усіх гэтых выскачак, палітыка – гэта поўная лажа.

– І гэта, дарэчы, тыповая беларуская ментальнасць.

– Памыляешся, гэта зусім не мае дачынення да беларуская ментальнасці. Гэта, хутчэй, мая пазіцыя, я бліжэй да ментальнасці анархічнай, калі так можна выказацца, чым да беларускай. У іх, як бачна, ёсць падабенства, але ў адрозненне ад першай, анархічная ментальнасць схільная да формаў пратэсту: “Ненавіджу дзяржаву і ўсё такое”. Беларуская ментальнасць заключаецца ў больш маральных асновах, якія падрывалі на працягу шматлікіх стагоддзяў і асабліва ў трыццатыя гады.

– Проста так склалася гістарычна, што нашая краіна апынулася паміж двума светамі: еўрапейскім і азіяцкім. І гэтыя абставіны пакінулі адметныя сляды лавіравання паміж абодвума. Мы цалкам не належым да аднаго з іх. Адсюль паходзіць сепаратызм думак, і як следства – у нас няма адзінай рухаючай сілы, якая б здолела аб’яднаць народ. Таму для такіх краін уласцівы дэспатызм.

– Эх ты, апазіцыянерка, – гарэзліва вымавіў Дзяніс. – Дэспатызм ёй не падабаецца, на гэтым дэспатызме сучасная Беларусь і трымаецца.

Іра пагардліва затушыла недапалак аб нагрэты руберойд.

– Скажы мне, а чаму ты тады ў сваім гурце па-беларуску спяваеш?

Пытанне збянтэжыла Дзяніса і ён злёгку пачырванеў.

– Што, не маеш адказу?

– Гэта проста адна з формаў пратэсту…

– Каму?

– Шэраму, аднолькаваму грамадству, у сваёй большасці трасянкавобразнаму і русіфікаванаму.

– А ты кажаш “апазіцыянерка”. Тваё нутро, па сутнасці, сепаратыўнага ладу. Дысідэнт, так бы мовіць, – сказала Іра, а потым дадала: – Дык як жа ты можаш судзіць аб чалавеку, калі сябе толкам не ведаеш?

Дзяніс падняўся на ногі і абапёрся азадкам аб парэнчы, так што яго постаць стала прыкметнай, калі б хто-небудзь паглядзеў на дах з нізу.

– Праўда я зачапіў цябе сваім нахабствам, сцвярджаючы, што ведаю цябе наскрозь? – спытаў ён.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю