Текст книги "Канвеер"
Автор книги: Андрэй Латыголец
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 15 страниц)
Праз тыдзень ён убачыў дзяўчыну ў родным БДПУ і што найбольш яго ўзрадавала – на сваім гістарычным факультэце. Ён даведаўся, што яна вучыцца на чацвёртым курсе і старэй яго на два-тры гады. Далей Дзяніс высвятліў яе дадзеныя цераз “кантакт” і пазнаёміўся з ёй больш грунтоўна. Неўзабаве, Іра знайшла Дзяніса пацешным хлопцам і іх зносіны сталі больш інтэнсіўнымі. Іра называла Дзяніса “хлопчыкам”, а праз месяц стала яго дзяўчынай.
І вось доўгачаканы абед. Чыпушыла за пяць хвілін пакінуў працоўнае месца і ў Дзяніса аж у нутры адклала. Сакральныя паўгадзіны! Дзеля іх ён бы адправіў культ, пакланяючыся ім і прыносячы дарункі.
Калі прыйшоў час, Дзяніс скінуў з сябе пальчаткі, разагнуў спіну і хуценька пайшоў у прыбіральню. Для таго, каб патрапіць у сталовую, хапала трох хвілін і на тое, каб там паесці яшчэ каля пятнаццаці. У выніку заставалася дзесяць хвілін адпачынку, на працягу якіх ён сядзеў разам з астатнімі працоўнымі на лавачцы каля цэха і слухаў іх аднастайныя размовы. Рабіць што-небудзь іншае ў гэты адрэзак часу, было недарэчна, тым больш, некаторыя мужыкі самі запрашалі яго далучыцца да свайго хаўруса.
У сталовай Дзяніс заказаў першае, другое і кампот з булачкай. Сеў, зазвычай, асобна ад усіх у самым куце за апошнім столікам. Ежу нельга было назваць смачнай, але для запаўнення страўніка яна падыходзіла. Пюрэ з катлетай і гарохавым супам пасля напружанай працы з’яўлялася сапраўднай боскай стравай, у выніку чаго Дзяніса часцяком пучыла.
Добра пад’еўшы, ён выйшаў на вуліцу. Цеплыня. Зараз бы на прыроду разам з Ірай і адпачываць. Але замест прывідных мар яго воку адчыняўся шэры асфальт з грузнымі сценамі заводу, жоўтыя пагрузчыкі, працоўныя ў сініх робах і гуд канвеераў. Ён прысеў на край лаўкі каля мужыкоў з “лініі Краўса”, сярод якіх ведаў аднаго Рупара.
– Студэнт? – адразу спытаў у Дзяніса мужык з лысінай.
Ён кіўнуў.
– Студэнты ўсе лайдакі, – сказаў Рупар (як жа Дзянісу хацелася даць яму выспятка), – алкашы і хмыры тыповыя. У мяне, вунь, сын у ПТВ на другім курсе, дык і тое менш п’е, а хіба вы там вучыце што, толькі і ведаеце, як дзевак за цыцкі мацаць і прафесараў старых выводзіць.
Дзяніс трохі збянтэжыўся.
– Што ты хочаш, такая зараз у краіне адукацыя, бяруць каго заўгодна, – разважліва прамовіў мужык у акулярах, які нагадваў былога інтэлігента. – У Еўропе ўсё зусім па-іншаму.
– Зноў ты са сваёй Еўропай пачынаеш, халуй апазіцыйны, – гыркнуў на яго мужык з іншага канца лавы.
– Пайшоў ты…
– Сам ідзі…
У гэты час да працоўнага хаўруса далучыўся прышчаваты хлопец гадоў дваццаці пяці, брыдкай знешнасці і прысеў на кукішкі. Пакручваючы ў пальцах цыгарэту, ён гамзата спытаў:
– Слухай, Сямёныч, а як там учора “Зеніт” згуляў?
Дзяніса аж перасмыкнула.
– Два-нуль, – адказаў “апазіцыйны халуй”.
– А хто забіў?
– На дваццатай хвіліне – Аршавін, а на шасцідзесятай – Паграбняк, – абвясціў за “халуя” Рупар.
Хлопец суха зарагатаў, а потым звярнуўся да мужыка з другога канца лавы.
– А ты, Пятро, відаць, на “Спартак” ставіў?
– “Спартак” – гэта гаўняк, ногі ў іх не з таго месца растуць, – азваўся той.
– А ўвогуле трэба за “Дынама-Мінск” балець, – сказаў прышчаваты хлопец. – Адсмакчы ў бела-сініх, гэй-гэй-гэй!
Усе зарагаталі.
Дзяніс адвярнуўся ў другі бок і згадзіўся б, напэўна, застрэліцца, з’явіся ў яго руках пісталет. Хаця, перш за ўсё, ён бы перастраляў гэтых футбольных аматараў.
Рупар затушыў недапалак аб абцас сваіх чаравік і, моцна ляпнуўшы сябе далонямі па абодвух нагах, зухавата вымавіў:
– Час, хадзем у цэх!
Засталося яшчэ нейкіх чатыры гадзіны, але вось менавіта яны і з’яўляліся самымі цяжкімі і пакутліва доўгімі. Канечне, добра падсілкаваўшыся ў сталовай, Дзяніс адчуў на пэўны час зарад бадзёрасці і энергіі, аднак яны вельмі хутка пачалі саступаць месца млявасці і неверагоднай ляноце. Хвала Усявышняму, ён пакуль не прызвычаіўся працаваць на правах робату і аднастайнасць аперацыі ўсё яшчэ збівала яго з панталыку. У сваю чаргу Чыпушыла, гэтая гідкая жаба, працягваў кпіць над нязграбнасцю яго рухаў: Дзяніс то не да канца абразаў пену, то забываў працерці вільготнай анучай вуглы ахаладжальніка.
“Можа, сказаць майстру, што моцна збіў пальцы і мне нязручна выконваць гэтую трыклятую аперацыя?” – падумаў ён.
Майстар Прошын прайшоў як раз за яго спінай, трымаючы ў руках штангенцыркуль. Ён спыніў на спецыяльным пульце канвеер і падышоў да Чыпушылы. Чыпушыла здзіўлена саступіў месца майстру, пільна назіраючы за тым, як Прошын прыняўся вымяраць памеры лядоўні па яго шырыні і вышыні.
– Не адпавядае норме, – вымавіў майстар і адразу пачырванеў, пачырванела нават яго лысіна.
Чыпушыла вышчарыў зубы.
– Скажы хмырам на “лініі Краўса”, што яны там лынды б’юць.
Твар Прошына сказіла незадаволеная грымаса.
– І што гэта за лухта, пасылаюць да нас усялякіх недарэк, – Дзяніс здагадаўся пра каго так абурана заспяваў Чыпушыла. – Нам такія працаўнікі не патрэбныя, наш цэх перадавы, а ўсялякія смаркачы сваёй дзейнасцю цягнуць яго назад, – апошнія словы ён вымавіў асабліва гучна, інтанацыйна падкрэсліваючы слова “смаркачы”.
За спінай Чыпушылы неспадзявана з’явіўся Рупар і, сціснуўшы кулак, пачаў махаць ім над яго круглай галавой, выклікаючы візуальны эфект сапраўднага ўдара па яго макаўцы.
– Я тут пры чым! – урэшце не вытрымаў Прошын. – Ідзі да Коўшына і яму скардзься, я гэтымі пытаннямі не займаюся!
Чыпушыла вінавата ўсміхнуўся і яго тхарыныя вочы забегалі пад акулярамі, як сонечныя зайчыкі па сценцы. Майстар яшчэ раз вымераў лядоўню, штосьці запісаў сабе ў нататнік і зноў прайшоў паўз Дзяніса. Ён было памкнуўся звярнуцца да майстра, але своечасова стрымаўся, вырашыўшы не турбаваць Прошына. Відаць, Чыпушыла раздражняў тут не толькі яго аднаго. Ад гэтага Дзянісу стала лягчэй.
Засталося дзве гадзіны. Дзяніс прапусціў гэтую інфармацыю праз свой розум і адчуў, як у яго адкрылася другое дыханне, заахвочанае хваляй унутранай радасці і выразным усведамленнем таго, што ён зусім хутка выйдзе з гэтага цэху і гадзін пятнаццаць яшчэ не будзе бачыць абрыдлых працоўных храп. Разам з тым, другое дыханне значна ўдасканаліла яго працу. Цяпер пена вылятала з-пад яго нажа, як габлюшка з-пад гэбліка добрага майстра. Дзяніс набіў сабе рукі. Адразаць пену ён быў гатовы хоць з заплюшчанымі вачыма. Чыпушыла збольшага маўчаў, але калі Дзяніс кідаў на яго мімавольны позірк, ён у чарговы раз сутыкаўся з яго ідыёцкай усмешкай.
“Сапраўды на маньяка падобны”.
За паўгадзіны да канца змены, Дзяніс пачаў падмятаць за сабой працоўнае месца ад смецця і пены, якая вылятаючы, забівалася ў самыя цяжкадасягальныя куты канвеера. І тут не абышлося без заўваг Чыпушылы.
– Вось там яшчэ падмяці, – здзекліва казаў ён. – Ага, малайчына, і вунь там…
“Сука, толькі сустрэнься мне на вуліцы”, – ледзь стрымліваў сябе Дзяніс.
Урэшце ў самым канцы змены на “лініі Краўса” з’явіўся ўжо пераапрануты майстар Прошын, што, па сутнасці, сімвалізавала заканчэнне працоўнага дня.
І вось Дзяніс ішоў зваротна ў гардэроб. Не ішоў, а бег. Па шляху яму сустракаліся рабочыя, якія спяшаліся на трэцюю змену.
“Няўдачнікі”, – радасна падумаў ён.
У гардэробе Дзяніс з палёгкай скінуў з сябе абрыдлую робу і, узяўшы мыла з ручніком, пайшоў у душ. Змыўшы з сябе пласт зменнага поту, ён вярнуўся да шафіка, хутка выцерся і пераапрануўся. Са здзіўленнем для сябе прыйшлося адзначыць, што за гэтыя дзесяць-пятнаццаць хвілін прысутнасці ў гардэробе, ён зусім не звярнуў увагі на з’едлівы смурод, які панаваў у яго засценках. І толькі мужык, які пераапранаўся побач, зняўшы свае чаравікі і сцягнуўшы мокрыя шкарпэткі, прымусіў Дзяніса ўзгадаць аб заганнасці гэтага месца. Дзяніс паглядзеў на яго ногі – пазногці на іх былі ўстойлівага жоўтага колеру, а скура пальцаў хваравіта пажухлай.
Аднак Дзяніс здолеў сабой авалодаць і куляй выляцеў з гардэроба. Спусціўся ўніз па лесвіцы. Дастаў пропуск і падышоў да кабіны вахцёра. Мужык з крывым носам, які, нагадваў рэцыдывіста, праверыў яго асабісты нумар у базе дадзеных і прапусціў за прахадную.
Як толькі Дзяніс выйшаў на вуліцу і яго твар абвеяла подыхам начной прахалоды, а над галавой заблішчалі яскравыя зоркі, ён, урэшце, адчуў сябе чалавекам.
3
Раніцай яго пабудзіў тэлефонны званок, але ўнутраны голас падказваў заставацца ў канапе і бесклапотна дрыхнуць далей. Такой методыцы Дзяніс прытрымліваўся заўсёды, аднак на гэты раз яго, незнарок, збянтэжыў адзін, здавалася б, зусім малазначны факт: канапа, зразумела, акрамя сваёй непамернай утульнасці, прадвесціла яму абмежаванасць дня строгімі рэгламентавальнымі рамкамі. Увачавідкі Дзяніс уявіў агульны для ўсіх працоўных графік працы на сённяшні дзень, які быццам павесілі на прахадной і, адразу адшукаўшы на ім, пад уласным прозвішчам, план на змену, жахнуўся. План канстатаваў: пад’ём, васьмігадзінны працоўны дзень, адбой. Безумоўна, такі расклад ні ў якім разе не мог уладкоўваць Дзяніса. І сапраўды, даволі аднатыпная панарама летняга жыцця магла разгортвацца перад ім, калі ісці на повадзе ранейшых стэрэатыпаў. Патрэбна была відавочная альтэрнатыва. Таму ўсе свае надзеі Дзяніс маментальна ўсклаў на гэты неспадзяваны званок. Спрытна выскачыўшы з-пад коўдры і, чапляючы нагамі на лёце хатнія тапачкі і іншыя прычындалы, бязладна раскіданыя па пакоі, ён выбег у калідор, і па-драпежнаму схапіў тэлефонную трубку. На зваротным канцы лініі пачуўся разгублены голас яго сябра Міхі. З сказаных ім слоў, Дзяніс узгадаў аб рэпетыцыі, якую яны дамовіліся правесці менавіта ў той дзень. Ён роспачна паглядзеў на гадзіннік і зразумеў, што спазняецца. Падзякаваўшы Міху за своечасовы напамін, Дзяніс пачаў збірацца.
Праз паўгадзіны ён ужо выходзіў са станцыі мятро “Няміга”. На выхадзе стаяла бабуля аскетычнага выгляду і, ледзь не ўкленчыўшы, працягвала прахожым дрыготкую руку. Узняўшыся па лесвіцы на ўзгорак, з якога добра было відаць Траецкае прадмесце, пакручастая брудная Свіслач, Палац спорту, гасцініца “Беларусь” і саўковыя забудовы наўкол, ён азірнуўся, каб паглядзець адсюль на гарадскі краявід. Надвор’е проста спявала. Такой спёкі Дзяніс не назіраў ужо, як два гады. Ён мінуў Кафедральны Сабор. Людзі ішлі насустрач; вясёлыя, гаманкія, ахопленыя эйфарыяй абывацельскага жыцця і шчыра ўпэўненыя, што менавіта так усё і павінна адбывацца, а дакладней, як раз ткі нічога адбывацца і не павінна. Жыць дзеля таго, каб жыць. На фоне такой гармоніі Дзяніса наведала думка, што ўсе гэтыя людзі – лайдакі, што сядзяць на чыёйсьці шыі, як і ён, прынамсі, тыдзень таму.
“Ідзіце працаваць на завод, чаго без патрэбы па горадзе бадзяцца!?”
Дурацкая ўхмылка разпаўзлася па яго самазадаволенай фізіяноміі. Урэшце, за Мінскай ратушай ён зліўся са стракатым людскім натоўпам і паскорыў крок. Сонца смаліла няшчадна. Перайшоўшы “Праспект Пераможцаў”, Дзяніс выйшаў на вузкую Інтэрнацыянальную вуліцу. Яна па-асабліваму падабалася яму сваёй сціпласцю. Мабыць ад таго, што ад яе веяла пачаткам дваццатага стагоддзя. Вуліца гэтая, у нейкай ступені, і была рэшткамі дарэвалюцыйнага Менску. Кожны яе завулак нібы сцвярджаў, што некалі тут без упынку гаманілі скнарыя габрэі, па крывым бруку на брычках праязджалі флегматычныя паненкі, бравыя афіцэры карысталіся паслугамі танных прастытутак і проста жылі звычайныя мяшчане.
Да кінатэатра “Перамога” Дзяніс прыйшоў першым. Каля яго на прыступках сядзела купка мясцовых гаўна-панкаў. Яны пілі піва і пляваліся на нагрэты асфальт. Праз некаторы час падышоў Ілля з гітарай за плячыма і, як заўжды, з цыгарэтай у зубах. Гэта быў хлапчук невялікага росту і каб не яго шчацінне, яго папросту можна было б палічыць школьнікам.
– Ну, як працуецца? – першае, што ён спытаў, павітаўшыся з Дзянісам.
– Так сабе – працоўныя-быдланы і благое паветра. Хутчэй бы атрымаць свае грошы.
Ілля ўсміхнуўся.
– Дваццпць пятага да нас прыязджае выдатны old school гурт з Германіі, – сказаў ён.
– Праўда? Крута! Трэба будзе абавязкова схадзіць, у мяне як раз у гэтых лічбах аванс.
– А на гэтых выходных у “Step”,[3]3
“Step” – начны клуб, цяперашні RE: PABLIC.
[Закрыть] як заўсёды рэтра. Пойдзеш?
– А ты?
– Такое проста нельга прапускаць! Рок-н-рол, выпіўка і цёлкі! – яго юрлівасці, здавалася, не было краю.
– І колькі ўваход каштуе?
– Пятнаццаць тысяч, калі ў рэтра-касцюме – дзесяць, – дасведчана вымавіў Ілля.
– Мабыць, толькі з Ірай…
Ілля глыбока зацягнуўся і паківаў галавой.
– Так, ведаю – павязаны па руках і нагах, але, прынамсі, з дзяўчынай яшчэ лепей адрывацца. Прыходзьце, будзе весяла!
Міха з Кірылам спазніліся на дзесяць хвілін. Прыйшлося чакаць пакуль яны дапаляць, а потым усе разам пайшлі за кінатэатр. Абліцаваныя дамы абапал Інтэрнацыянальнай адразу разгарнулі перад вачыма хлопцаў сваё сапраўднае аблічча. Абшарпаныя, брудныя з невідушча-цьмянымі вокнамі, тут, з другога боку, яны нагадвалі раён, які знаходзіцца ў рэзервацыі. Выгляд асфальта наводзіў уражанне, што па ім праехаў бульдозер. Кантэйнер са смеццем быў распісаны свастыкамі розных памераў, якія аздаблялі лічбы “88”, а побач, на цаглянай сцяне электрападстанцыі, чырвоным – выведзена альфа заключанае ў амега. Такі кантраст выклікаў шчырую ўсмешку. Але раз з тым, здавалася, быццам, патрапіў у Англію канца сямідзесятых, Sex Pistols, Анархія і поўны дыстрой. За электрападстанцыяй, пад разгалістым клёнам, перад хлопцамі паўстала аблезлая будка, якая збольшага нагадвала вясковы клазет – гэта месца і з’яўлялася “рэпетыцыйнай кропкай”. Яны падышлі бліжэй. З боку каля металічнай дзверы знаходзіўся дамафон. Дзяніс націснуў на кнопачку, услед за чым пачуўся ўласцівы ціхі званок – дзверы пстрыкнулі. Дзяніс пасунуў іх ад сябе на сябе і яны лёгка расчыніліся. За дзвярыма аказалася доўгая (метраў пяць) лесвіца, прыступкі якой вялі ўглыб гэтакага падзямелля-бамбасховішча. Хлопцы, адзін за адным, асцярожна пачалі спускацца ўніз. У памяшканні было змрачнавата і ў паветры адчуваўся выразны прысмак вільгаці. Яны спусціліся, завярнулі за вугал і апынуліся ў цесным пакойчыку. На сценах віселі электра і бас-гітары, талеркі для барабанаў, а таксама апраўленыя фотаздымкі з выявамі знакамітых беларускіх гуртоў. Дзяніс прыкмеціў “N.R.M.”, “Ляпіс Трубяцкой”, “Neuro Dubel” і інш. Большую частку пакойчыка займаў стол з кампутарам. За ім сядзеў адміністратар дадзенай багадзельні: худы хлопец з русымі дрэдамі. У цьмянасці святла можна было разглядзець яго чырвоныя вочы. Ён сядзеў нерухома і па-дзіўнаму ўсміхаўся.
– Мы запісваліся на дванаццаць гадзін, – cказаў Міха і хлопец, быццам абудзіўшыся з глыбокага одуму, падазрона паглядзеў на смаркачоў, якія з’явіліся перад ім, як змрочныя здані, і ліхаманкава залыпаў чырвонымі вачыма.
– Зараз праверым, – праз некаторае імгненне глуха прамовіў ён.
Прыйшлося пачакаць, пакуль падабенства Боба Марлі адшукае іх у электронным спісе зарэгістраваных.
– Да-м-б-ро-ў-скі, – расцягнуў ён прозвішча Міхі, нібы яму прыйшлося прачытаць яго наадварот.
– Так.
– У вас другі пакой.
– Мы ў курсе.
Хлопец падняўся з мяккага крэсла і ў яго руцэ абнадзейліва зазвінелі ключы. Ён кульгаючы прайшоў паміж Дзянісам і Міхай і яны, абмяняўшыся збянтэжанымі ўхмылкамі, пасунуліся за ім. З цеснага пакойчыка хлопцы перайшлі ў такі ж няўтульны калідор. У калідоры было дзве дзверы. Адамкнуў першую, таўшчынёй каля дзесяці сантыметраў і абабітай тоўстым пластам лямца, чырванавокі адміністратар ганарліва стаў у парозе.
– Значыць так, вулічны абутак пакідаем тут, калі ёсць зменны – абуваем, гэта не забаронена, у прынцыпе, можна карыстацца нашымі шлёпанцамі.
– Мы ведаем, – дасведчана сказаў Дзяніс.
Яны знялі абутак і па адным зайшлі ў пакой. Барабаны, узмацняльнікі з калонкамі і два мікрафоны з належным да іх мікшарным пультам – усё гэта чакала іх унутры. Як толькі яны зайшлі ў пакой, хлопец адразу пачаў уключаць апаратуру. Гэта не заняло і хвіліны. Упэўніўшыся, што ўсё гатова, ён выйшаў з пакоя і зачыніў за сабой дзверы.
– Нішцяк, – буркнуў Кірыл і cеў за барабаны.
У тую ж хвіліну ён распачаў адбіваць просты біт. Дзяніс праверыў мікрафон стандартным “раз-два-тры”, а потым пачаў выдаваць з горла псіхадэлічныя гукі. На фоне гэтай какафоніі, Міха спрабаваў наладзіць бас-гітару пад гітару Іллі. З боку хлопцы выглядалі хаатычным квартэтам, які пакуль яшчэ не ведаў, чым дакладна тут трэба займацца.
– Ну што, з чаго пачнём? – спытаў у Дзяніса, чамусьці, пачырванеўшы Міха. Дзяніс паглядзеў на астатніх, нібы, чакаючы ад іх пэўнай рэакцыі, якой не адбылося, і сказаў:
– А давайце зробім што-небудзь новае, я тут надоечы некалькі радкоў прыдумаў.
– Let’s go! – узрадаваўся Ілля.
Кірыл у знак згоды моўчкі паківаў галавой і закруціў у пальцах барабанныя палачкі. У тое ж імгненне хлопцы пачалі імправізаваць. Міха маментальна прыдумаў трох нотны басавы малюнак, Кірыл задаў панк-біт, спрытна адбіваючы па хай-хэту і, паступова далучаючы кароткія ўдары то па сольніку, то па бас-бочцы, а Ілля проста пачаў паўтараць за Міхай трох нотную камбінацыю, перавёўшы яе ў квінтавы варыянт. Атрымаўся звычайны old school панк-рок. Дзянісу заставалася толькі знайсці месца, адкуль можна было б уступіць. Ён успомніў прыдуманыя ў аўтобусе радкі і, счакаўшы момант, выкрыкнуў:
Мы – робім свой першы крок!
Мы – граем old school панк-рок!
Міха ўсміхнуўся. Амаль заўжды абыякавы выраз твару басіста ў рэдкіх выпадках мог выявіць эмоцыі падчас стварэння музыкі. Таму гэта ўжо аб нечым казала. І сапраўды, словы трапілі ў самую кропку, музыка спалучылася з імі ў адно цэлае.
Кірыл паскорыў біт, надаючы мелодыі кроплю хардкору і да яго ў рытме адразу далучыліся Міха з Іллёй. У гэты момант у галаву Дзяніса прыйшоў працяг, і ён праспяваў:
Гэтую музыку могуць граць усе,
І мы навучыліся ёй пакрысе!
Хлопцы джэмавалі яшчэ хвілін пяць, на працягу чаго Дзяніс выкідваў каскад рыфмаваных словазлучэнняў, сыпаў адборным мацюком, адрыгаўся ў мікрафон і проста казаў усялякую бязглуздзіцу – гэта быў сапраўдны хаос, псіхадэлічнае ўспрыманне музыкі і сваіх магчымасцяў у прыватнасці.
Потым усё рэзка скончылася.
– Карацей, – сказаў Міха, – пачатак суперскі, а ўсё астатняе – поўны адстой, таму я прапаноўваю выконваць гэтую кампазіцыю ў выглядзе Intro. Яе можна будзе задзейнічаць на разагрэве, хвіліну-дзве, не больш.
– О’кэй, – пагадзіўся Ілля.
– Валяй, – сказаў Дзяніс.
Міха абвёў гурт ухвальным поглядам.
– Тады паўторым старыя песні, – з энтузіязмам сказаў ён.
– Ага, толькі нагадай мне акорды, – адразу ж збянтэжыўся Ілля.
Кірыл з Дзянісам зарагаталі, а твар Міхі набыў уласцівы выраз незадаволенасці.
– Колькі ўжо можна забываць гэтыя грэбаныя акорды! – прабурчаў ён.
– Не-не, я іх памятаю, ты проста скажы, з якога лада трэба пачынаць…
Дзяніс падышоў да Іллі і пальцам паказаў яму лады, на якіх трэба было заціскаць квінты. Ілля ўсміхнуўся і вымавіў:
– А-а, усё, успомніў!
Міха дакорліва прыцмокнуў і зычна адлічыў “оne, two, three”. І зноў па пакойчыку грымнулі бунтарскія дэцыбелы.
Кірыл з Міхам гралі збольшага роўна, а вось Ілля часта збіваўся, забываючы паслядоўнасць акордаў і нібы па ланцужной рэакцыі, Дзяніс забываў словы і часта губляў рытм.
– Спачатку, – казаў Міха і яны гралі песню зноўку, пакуль не дасягалі, у большай ступені, элементарнай згулянасці.
За гэты час Дзяніс паспеў сарваць голас і ў некаторых выпадках яму было цяжка яго кантраляваць: ён то безнадзейна трымцеў, то пераходзіў у брыдкае сіпенне. Таму невялікі time out быў вельмі дарэчы.
Усе парадкам прытаміліся.
Кірыл з Іллёй пайшлі паліць. Міха ўсеўся на падлогу, апатычна тузаючы тоўстыя струны. Дзяніс сеў за барабаны і паспрабаваў адбіць немудрагелісты біт.
Пяць хвілін бяздзейнасці нічога істотнага не прынеслі. Пасля перапынку хлопцы паспрабавалі адыграць яшчэ адну песню, але яна ў іх зусім не атрымлівалася. Усе збіваліся з рытму і паўсюль адчувалася дрэннае гучанне. Ілля вінаваціў у гэтым апаратуру, Дзяніс спасылаўся на голас, Кірыл проста маўчаў. Міха быў рацыяналістам.
– Вы ні халеры не ўмееце граць. Што, так цяжка даюцца тры нікчэмных акорда?
Роўна ў чатырнаццаць нуль-нуль хлопец з дрэдамі адчыніў дзверы і нагадаў, што іх час падышоў да канца і ім трэба адсюль вымятацца. Дзяніс прыкмеціў на яго бледным твары з’едлівую ўхмылку – ранейшая абыякавасць выляцела ў трубу, і толькі вар’яцкі бляск у вачах нагадваў аб ірацыянальным стане адміністратара. Дзяніс, першым чынам, падумаў, што яму спадабалася іх музыка, але вось Міхе, як ён прызнаўся пазней, стала сорамна ад адчування, што нават гэты абколаты растаман палічыў іх няздарамі.
Яны сабралі свой інструмент і выйшлі ў калідорчык. Там ужо стаяла банда малалетніх смаркачоў з прышчаватымі тварыкамі, якія мусілі хутчэй патрапіць ў пакой і зайграць улюбёны эма-кор.
На самым выхадзе Міху затрымаў адміністратар і працягнуў яму флаерок з рэкламай “кропкі”, яе коштам і іншай лухтой.
– Прыходзьце яшчэ, – з ухмылкай сказаў ён.
Хлопцы падняліся на вуліцу. З нязвычкі ў вушах Дзяніса стаяў лёгкі гуд, а горла, здавалася, апякло варам. Яны выйшлі на Інтэрнацыянальную. Кожны думаў аб сваім. Летні ветрык авяваў іх расчырванелыя твары, пасяляючы ў разгарачаных сэрцах неабходную прахалоду.
На скрыжаванні Інтэрнацыянальнай і Праспекта Пераможцаў вынаходлівы Ілля падкінуў, магчыма, лепшую ідэю дня.
– Ну што, па піву?!
Дзяніс з Кірылам яго падтрымалі, Міха толькі безуважна кіўнуў галавой.
Піва вырашылі купіць ва ўніверсаме “Цэнтральны”. Там, як заўжды, была чарга і Ілля сустрэў сваіх знаёмых.
Узялі па бляшанцы кожнаму і накіраваліся ў сквер непадалёк. У скверы было ўтульна. Лёгкая засень ад разгалістых каштанаў і гук машын, якія праязджалі па праспекту, расслаблялі і наводзілі пачуццё бязмежнай лагоды. Сеўшыся на свабоднай лаўцы, хлопцы адкаркавалі свае бляшанкі, для прыліку чокнуліся і, зрабіўшы прагныя глыткі, прыняліся абмяркоўваць рэпетыцыю.
– У прынцыпе, не блага, – сказаў заўжды пазітыўны Ілля. – Вядома, нам яшчэ трэба практыкавацца, але для пачатку, я лічу, нават выдатна.
Кірыл з ім пагадзіўся.
– А я абавязкова прыдумаю новы тэкст, на гэтым пякельным заводзе такія сацыяльныя рэчы ў галаву лезуць, што мне проста неабходна сабраць іх у аднародную думку і тады абавязкова атрымаецца пацешная песня, магчыма хіт, – сказаў Дзяніс.
Міха ўважліва выслухаў меркаванні сяброў.
– На самай справе, наш гурт – гаўно, прычым гаўно выключнае, і сённяшняя рэпа гэта выразна пацвердзіла, – скрозь зубы працадзіў ён.
Яны пілі піва, гучна спрачаліся, пакуль не перасварыліся і вырашылі разыйсціся. Дзянісу самы час было выпраўляцца на працу – канвеер чакаў, таму яны ўзнялі свае азадкi з лавы і злёгку ап’янелыя, папляліся ў бок станцыі мятро “Купалаўска”.
На ўваходзе спыніліся папаліць.
– Калі наступная рэпа? – звярнуўся да ўсіх Дзяніс.
– Не ведаю, магчыма, толькі восенню, у мяне цяпер няма грошай, ды і часу асабліва не выпадае, – сказаў Міха.
На гэтым і разыйшліся. Міха з Кірылам пайшлі на аўтобусны прыпынак, а Дзяніс з Іллёй спусціліся ў мятро. У вагоне Ілля ненаўмысна прыціснуў да дзвярэй грыфам гітары згорбленую бабулю і яна, падняўшы вэрхал, пачала пхаць яго ў спіну. Дзяніс ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць ад пакрыўджанай міны старой: яе быццам распранулі ва ўсіх навідавоку.
– Як там Іра пажывае? – пацікавіўся Ілля, ігнаруючы заўвагі барадатага мужыка, абуранага яго паводзінамі ў дачыненні да пажылога чалавека.
– Цудоўна, – не шматзначна адказаў Дзяніс.
У гэтым плане ён быў негаваркі. Яму адразу ж захацелася перавесці размову ў іншае рэчышча.
– А ўсё ж Міха меў рацыю, мы насамрэч – гаўно, – сказаў Дзяніс.
Ілля ўсміхнуўся.
– Наша музыка гаўно, а мы – крутыя.
І з гэтымі неістотнымі, з аднаго боку, згрызотамі, Дзяніс выйшаў на станцыі “Няміга”, каб сесці на 69 аўтобус. Да змены заставалася каля паўгадзіны.