355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Латыголец » Канвеер » Текст книги (страница 6)
Канвеер
  • Текст добавлен: 9 апреля 2017, 08:00

Текст книги "Канвеер"


Автор книги: Андрэй Латыголец


Жанры:

   

Киберпанк

,

сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 15 страниц)

– Ні кропелькі, – адказала Іра.

– Кінь, зачапіў жа?..

– Хутчэй, ты паказаў сваю недасведчанасць у гэтай досыць асабістай прасторы.

– Ты хочаш сказаць, што за восем месяцаў свайго партнёра нельга вывучыць?

– Безумоўна. Таму што гэта немагчыма. Немагчыма нават на працягу ўсяго жыцця.

– Лухта, – сказаў Дзяніс.

– Я сур’ёзна. Людзі жывуць, пражываюць жыццё і большасць з іх ня ведае навошта, навошта гэта патрэбна? Яны жывуць, скажам, дзеля працягу роду, меншасць з іх па ўзаемным каханні, і зусім невялікі адсотак проста, таму што адчувае ў гэтым патрэбу. Гэта як тое, што ты не можаш сказаць аб чым я зараз думаю.

– Што я дурань?!

Іра ўсміхнулася.

– Ты, я бачу, мой хлопчык, вельмі высокага аб сабе меркавання.

– Добра, аб чым жа?

– Аб апельсіне.

– Чаму аб апельсіне?

– Проста так, мне захацелася апельсіна і ў гутарцы з табой я падумала, як цудоўна было б зараз з’есці сакаўную дольку.

Вецер авеяў спіну Дзяніса прахалодай. Разам з тым у яго горле з’явіўся камяк і яму патрэбен быў некаторы час, каб праглынуць яго. Горла апякло чымсьці горкім.

– О’кэй, – вытрымаўшы кароткатэрміновую паўзу, сказаў Дзяніс. – Паслухай мяне ўважліва. Калі я ўпершыню цябе ўбачыў, там у студэнцкім скверыку, ну ты памятаеш, з табой яшчэ Насця са Светай былі. Дык вось, менавіта тады я зразумеў, што ты будзеш маёй. Па вачах. Я быў трохі нападпітку, але гэта толькі падбадзёрвала мяне. Потым я колькі разоў бачыў цябе ва ўніверсітэце, ты не звяртала на мяне ўвагі, непрыступная дзіва, так бы мовіць. І гэта, шчыра кажучы, працяглы час збівала мяне з панталыку. Я не мог адважыцца. Тым больш ты старэй мяне на два гады. Дапамог «кантакт». Я, вядома, не ў захапленні ад гэтых віртуальных прастораў, але рэч гэта сапраўды карысная. У «кантакце» я цябе і адшукаў, і першае, што кінулася мне ў вочы, гэта твае інтарэсы: тыя кнігі і фільмы, якія ты пазначыла сваімі ўлюбёнымі: Джордж Оруэл,[8]8
  Джордж Оруэл – ангельскі пісьменнік.


[Закрыть]
Кундэра,[9]9
  Мілан Кундэра – чэшскі пісьменнік.


[Закрыть]
Картасар,[10]10
  Хуліё Картасар – аргентынскі пісьменнік.


[Закрыть]
Кустурыца,[11]11
  Эмір Кустурыца – баснійскі рэжысёр.


[Закрыть]
Паланскі,[12]12
  Раман Паланскі – кінематаграфіст.


[Закрыть]
Дэвід Лінч,[13]13
  Дэвід Лінч – амерыканскі рэжысёр.


[Закрыть]
Фасбіндэр.[14]14
  Райнер Вернер Фасбіндэр – нямецкі рэжысёр.


[Закрыть]
І ведаеш, я адчыніў цябе ў новым свеце. Адразу ж знікла ўражанне аб легкадумнай ванільнай похве з пранізлівымі сінімі вачыма. Перада мной паўстала дапытлівая дзяўчына з не затлумленай усялякім смеццем цвярозай свядомасцю, дзяўчына з вытанчаным густам, у маім разуменні, правільнай эстэтычнай накіраванасцю і светлымі поглядамі на жыццё. Я знайшоў свой ідэал.

Іра шчыра ўсміхнулася, а пасля паднялася на ногі. Падышла да Дзяніса, ласкава ўзяла яго загрудкі.

– Скажы, што падлізваешся?

Ён схаваў ад яе свой позірк, а яна, у сваю чаргу, не спускала з яго вачэй.

– Ну давай, скажы гэта…

– Я проста цябе кахаю… вось і ўсё…

Іра выпусціла яго з сваіх рук і падышла да краю даху. Горад перад ёй застыг у невядомым чаканні, а вецер растрапаў яе рыжыя, і асабліва пад сонцам, яскрава-рыжыя пасмы доўгіх валасоў, пакінуўшы на іх таямнічае пасланне. Яна выцягнула вусны ў трубачку і павольна выпусціла з роту сліну. Сліна расцягнулася і марудна паляцела ўніз, зачапіўшыся пасярэдзіне свайго шляху на адным з падваконнікаў. Потым яна выцерла далонню вільгаць на вуснах і спакойна загаварыла:

– А я ўбачыла цябе ўпершыню ў тым пераходзе каля ўваходу ў гандлёвы дом “Сталіца”. Ты стаяў там са сваімі сябрамі. Божа, якія ж яны гідкія. Ты істотна сярод іх вылучаўся хаця б сваім знешнім выглядам. Я, дарэчы, і цяпер не разумею, чаму ты з імі звязаўся. Маё першае ўражанне аб табе было на ўзроўні: "Паглядзі, які прывабны хлопчык". Але гэта не аб чым не гаварыла і сама я наўрад ці бы табой зацікавілася. Але Света, асоба вельмі вострага густу, сказала, што ты падобны на Іггі Попа[15]15
  Іггі Поп – амерыканскі рок-выканаўца.


[Закрыть]
ў маладосці. У цябе тады таксама былі доўгія выбеленыя валасы. Света была без розуму ад яго і рок-н-ролу. Я прыгледзелася да цябе. Шчыра кажучы, я не ў захапленні ад рок-музыкаў, яны такія гучныя, агрэсіўныя і ад іх за кіламетр цягне алкаголем. Аб гэтым сведчылі і бутэлькі, якія вы выжлукцілі. Як зараз памятаю: на зямлі каля вас у некалькі радоў стаялі паўтара літровыя бутэлькі з-пад піва, прыбіральніца па некалькі разоў прыходзіла іх прыбіраць, але іх колькасць усё павялічвалася і павялічвалася. І ты быў мне агідны. А калі пазней ты падышоў да мяне з сваёй нахабнай прапановай, я здзівілася. Чаму менавіта я? Побач са мной сядзелі Света і Насця: адна мадэль, а другая проста лялька з твару. Ты быў такі сэксуальны і ў тую ж чаргу такі дакучлівы. І я табе адмовіла, а сяброўкі потым доўга мяне ўшчувалі. У мяне не было хлопца і я адмовіла. Але падсумоўваючы гэта, магу сказаць толькі адно, што не з кім іншым на гэтым даху мне не было б так добра, як цяпер з табой. Дзякуй табе…

Аднак пасля такіх прызнанняў яны засталіся стаяць на адлегласці. Дзяніс глядзеў Іры ў спіну, а яна не вырашалася азірнуцца, ёй здавалася, што яна расчыніла перад ім таямніцу, якую доўгі час хавала. Дзяніс падышоў да яе і дужа прыціснуў да сваіх грудзей. І раптам ён адчуў, як яе цела змякла і пачало сутаргава скалынацца. Дзяніс зразумеў, што яна плача, стрымана, але плача. Ён некаторы час не ведаў, што яму рабіць, а потым па інэрцыі пацалаваў яе ў галаву.

– Іра, што ты?.. – разгублена прамовіў ён.

Яна азірнулася і Дзяніс убачыў яе вільготныя вочы, сумныя і такія прыгожыя, нібы росныя васількі на сенажаці.

– Маленькая мая, ну што ты, што з табой, што такое?.. – паўтараў Дзяніс і спрабаваў суцешыць яе пацалункамі, ад чаго слёзы па яе шчоках каціліся яшчэ больш.

– Прабач мяне, – сарвалася з яе мокрых вуснаў.

– За што?.. – не зразумеў Дзяніс.

– А давай проста сядзем… Добра?.. Проста зноў сядзем… – сказала Іра. – Сядзем і аб чым-небудзь пагаворым…

Прытуліўшыся адзін да аднаго, яны зваротна селі на гарачы руберойд. Маўчалі.

– Аб чым жа будзем размаўляць?.. – урэшце спытаў Дзяніс.

– Аб тым, калі нам было добра.

– Чаму ты кажаш аб гэтым у мінулым часе? – не зразумеў ён, а калі скеміў, што задаў вельмі вострае пытанне, адразу перахацеў аб гэтым ведаць. Няхай сама расказвае.

Іра ўздыхнула. Выцерла далонямі вільготныя шчокі і паспрабавала супакоіцца. Дзяніс адчуў, як яе дыханне паступова пачало запавольвацца, пакуль канчаткова не нармалізавалася.

– Памятаеш той дзень, калі мы разам пайшлі ў кінатэатр “Перамога”? – прыгадала яна.

– Як жа не памятаць. Быў пахмурны восеньскі вечар, злёгку церушыў дождж…

– У паветры стаяў водар сапрэлага лісця…

– Людзі вакол былі як-быццам ап’янёныя…

– І ты цалаваў мяне на вуліцы, цалаваў у засмокт, горача, моцна да сябе прыціскаючы…

– А ты напявала песню Beatles, толькі не памятаю якую…

– “Boys”…

– Ага…

– Потым мы зайшлі ў кіназал…

– Людзей было на рэдкасць няшмат і яны сядзелі невялікімі купкамі то тут, то там…

– Мы селі пасярэдзіне…

– У той вечар паказвалі Фасбіндэра…

– “Трэцяе пакаленне”, калі не памыляюся…

– Я быў у захапленні…

– Цудоўная рэжысёрская пастаноўка…

У небе над іх галовамі праляцеў самалёт і менавіта на даху гук яго турбін здаваўся непамерна гучным, ад чаго дрыготкай працінала ўсё нутро.

– Кіно – гэта страшны наркотык, – заўважыла Іра, – вядома, пасля кавы і цыгарэт. Люблю глядзець кіно адной, гэта, як усё роўна, чытаць кнігу – у поўнай цішыні і спакоі.

– Магчыма, толькі калі гэта дрэннае кіно, аднаразовая жованка, добрае кіно трэба глядзець выключна з кімсьці. Мне заўжды патрэбна фонавая эмоцыя, якой мне не хапае, таму я чэрпаю яе ад іншых. Вось з табой кіно глядзець – сапраўдная асалода.

– Па-твойму я эмацыйная?

– Хіба ты сама не ведаеш?

– Я хачу пачуць гэта ад цябе…

– Хутчэй так, чым не, але твая эмацыянальнасць утоеная пад пластам зваротнай рэакцыі, якую ты чакаеш ад мяне, і, калі яе не адбываецца, твае эмоцыі зрываюцца, як вязень з доўгатэрміновага зняволення.

Іра паклала сваю галаву на плячо Дзянісу.

– А потым, што было потым? – спытала яна.

Дзяніс, успамінаючы, усміхнуўся.

– Верагодна, адна з лепшых начэй у маім жыцці.

– Гіпербала.

– Аднак, мне здаецца, што мы адхіліліся ад тэмы “кіно”, – сказаў Дзяніс.

– Добра, тады назаві мой любімы фільм? – спытала Іра.

– Любімы фільм? У цябе ёсць любімы фільм? Раней я думаў, што ў цябе іх плойма. Хаця, судзячы па фільму, які мы першы раз глядзеў – гэта “Сіні аксаміт” Дэвіда Лінча.

– Ты памятаеш аб гэтым? Цікава. А твой, значыць – “Сід і Нэнсі”?

– Не, – зморшчыўся Дзяніс, – гэты фільм я паказаў, таму што хацеў цябе трохі эпатаваць.

– Не атрымалася. Мацюкі ніколі мяне не ўражвалі.

– Цяпер я ведаю, лепей бы паглядзелі “Кантроль” пра Joy Division,[16]16
  Joy Division – ангельскі інды-рок гурт.


[Закрыть]
але, на жаль, у той час у мяне не было гэтага фільма.

– Таксама пра панкаў?

– Пост-панкаў. Ад іх, дарэчы, пайшоў інды-рок і ўсе гэтыя брыт-попы з яскравым увасабленнем у тваіх любімчыках The Killers.[17]17
  The Killers – амерыканскі рок-гурт.


[Закрыть]

– Прашу заўважыць – адных з любімчыкаў.

– Прабач, як жа можна забыцца на ліверпульскую чацвёрку з усёй хіпі-брыдой.

– Я разглядаю Beatles толькі з пункту гледжання музыкі.

– Вось бы класна было б табе апынуцца ў ЗША ў шасцідзесятых і жыць разам з валасатым мужыком у іржавым трэйлеры. Ён бы кожны вечар найграваў табе на гітары лірычныя балады аб пацыфізме, аб тым, што маладосць гэта выдатная пара і гэтым трэба карыстацца, накшталт: “О, дзетка, давай, не саромейся, давай, я гатовы прыняць тваё каханне…” і г.д.

– Быць падобнай на Джэніс Джоплін[18]18
  Джэніс Джоплін – амерыканская спявачка.


[Закрыть]
і памерці ў дваццаць сем гадоў?! Не, прабач, я хачу пражыць да глыбокай старасці, каб было потым што ўнукам расказаць.

– Дай цыгарэту, – нечакана сказаў Дзяніс.

– Ты не паліш, – заявіла Іра.

– Ну і што…

– Цяпер твае бацькі будуць ненавідзець мяне яшчэ і за тое, што я прызвычаіла цябе паліць.

– Яны не пазнаюць. Перад тым, як прыйсці дамоў, я з’ем жованку.

– …якую перад гэтым ты возьмеш у мяне, – іранічна дапоўніла Іра.

Яна дала яму цыгарэту і ўзяла сабе. Запалілі. Дзяніс зрабіў першую зацяжку і адчуў, як лёгкія заказытаў халодны дым, ён выдыхнуў і зацягнуўся ізноў.

– Не ведаю як фільм, але твой улюбёны серыял – гэта “Твін Пікс”, – натхнёны тытунем, сказаў Дзяніс.

– О так… Ты ведаеш, хто забіў Лору Палмер?

– Безумоўна… Я губляю прытомнасць, калі слухаю саўндтрэк з гэтай кінастужкі. Упершыню я паглядзеў яго ў другім класе, памятаю эпізод, калі хлопчык у масцы з вострым носам бегае па крузе, як казляня. Мяне гэта так пужала, я начамі не мог заснуць.

– А мяне ўражвае той эпізод, калі Лора Палмер заходзіць у свой пакой і бачыць, як Боб хаваецца за яе фікусам. У нас дома падобны калісьці стаяў і я ўсё думала, што вось вярнуся дамоў са школы, зайду ў пакой, а там будзе стаяць агідны Боб і ўсміхацца мне сваімі гнілымі зубамі.

– Уражлівыя мы з табой, – сказаў Дзяніс.

– Не тое слова.

Іра збіла попел і Дзяніс паўтарыў за ёй, пасля чаго яны прыхінуліся галовамі адзін да аднаго і ўтаропіліся кожны ў сваю кропку. Ім было так утульна разам, што з іх можна было маляваць карціну аб дасканалай гармоніі.

– Ты б хацела стаць актрысай? – спытаў Дзяніс.

– Кінадзівай хутчэй…

– Цудоўна, будзеш другой Джуліян Мур.[19]19
  Джуліян Мур – амерыканская актрыса.


[Закрыть]
Вы, дарэчы, з ёй чымсьці падобныя.

– Магчыма, – звяраючы ў думках яе вобраз, сказала Іра. – Хаця з ёй мне падабаецца толькі адзін фільм – “Вялікі Лебоўскі”.

– Яна там у ролі мастачкі, якая малюе палотны ўласнай вагінай? Як эстэтычна! Ты хацела б здымацца ў “іншым кіно”?

– Я не выключаю такой магчымасці. Быць рознапланавай актрысай, гуляць у малабюджэтных праектах і адначасова ў галівудскіх кінастужках.

І яна засмяялася.

– Што ж, я на сто адсоткаў упэўнены, што ты ёй станеш, – сказаў Дзяніс.

– Дзякуй, – разгублена вымавіла Іра і адвяла позірк.

Дзяніс глыбока зацягнуўся і, выпусціўшы дым, пачаў кашляць. Іра паляпала яму па спіне, але жэстам рукі ён паказаў, што дапамога яму не патрэбна.

– Табе нельга паліць.

– Чаму гэта? – адкашляўся Дзяніс.

– Дым толькі пераводзіш і цыгарэту па-дзіўнаму трымаеш.

– Ну як?

– Як школьнік, а вусны ў трубачку скручваеш, калі зацягваешся.

– Я ўсё ткі не круты гангстар, каб дым у твар пушчаць, нібы ў лепшых сцэнах нуар-кіно.

– Астынь каўбой, не ўсё так дрэнна, – Іра наставіла на Дзяніса паказальны палец, як быццам пісталет і здрыганулася рукой, імітуючы стрэл, а потым дунула ва ўяўнае дула. Далей яе рука міжвольна лягла яму на нагу і спакваля пачала прасоўвацца да крайняй плоці. Па целе праслізнулі прыемныя дрыжыкі і адчуванне замілавання напоўніла яго нутро. Неўзабаве ў пругкіх джынсах ён пачаў адчуваць імклівае ўзбуджэнне. І калі рука Іры была ў некалькіх сантыметрах ад прызначэння, Дзяніс хутка спыніў яе, паклаўшы зверху сваю далонь. Спачатку моцна сціснуў, а потым асцярожна паклаў ёй на калены. Іра спрактыкавана прыкусіла ніжнюю губу і раптам змяніла выраз твару. Яе гуллівы вобраз ператварыўся ў маску адчужанасці. Яна затушыла чарговы недапалак аб руберойд.

– І ўсё ткі кіно, – з большым запалам распачаў Дзяніс.

– Ай, надакучыла…

– Надакучыла? – здзівіўся ён.

– Так, надакучыла.

– Добра, тады аб чым пагаворым?

– Аб чым-небудзь іншым, новыя тэмы заўжды лепш папярэдніх.

Дзяніс паспрабаваў зрабіць інтэлектуальны выгляд.

– Можа аб літаратуры?

– Давай… – безуважна сказала Іра.

– Якую апошнюю кнігу ты прачытала? – спытаў Дзяніс.

– “Замак” Кафкі.

– А я глядзеў экранізацыю Балабанава, дарэчы…

– Пачакай, – перабіла яго Іра, – мы ўжо змянілі тэму – літаратура – кіно праехалі.

– О’кэй, – заківаў галавой Дзяніс. – Але мне, шчыра кажучы, здаецца, што ўсю гэтую літаратуру XX стагоддзя даўно ўжо трэба выкінуць за борт новага карабля, які рушыцца ў правільным дэструктыўным накірунку XXI стагоддзя. Трохі скажаю Маякоўскага, але думка ў цэлым адна і тая ж.

– А мне болей падабаецца выраз Хуліё Картасара; ён казаў, што кожны новы пісьменнік руйнуе літаратуру.

– О, гэты шызафрэнік! Калі ты пазнаёміла мяне з ім, я амаль адразу закахаўся ў яго анахранічную манеру пісання.

– Таму што гэта вытанчаная літаратура.

– Магчыма, – згадзіўся Дзяніс. – Аднак занадта нудная і элітарная, я б сказаў. Не кожны вытрымае чытаць філасофскія дыялогі і разважанні галоўных герояў аб сэнсе быцця. Але гэта не ўваходзіць не ў якое параўнанне з тым, што я чытаў у школе. Мая літаратура абмяжоўвалася выключна школьнай праграмай і невялікімі вылазкамі ў кнігарні, дзе я купляў кнігі беларускамоўных аўтараў – класіку вядома.

– Ты лічыш універсітэт даў нам шырокі кругагляд? – спытала Іра.

– Хутчэй яго асяроддзе. Я, напрыклад, вельмі ганаруся тым, што мне давялося вучыцца з некаторымі асобамі на сваім курсе.

– Гэта ты пра сваіх сяброў-алкаголікаў? Цікава.

– Так, – не крыўдуючы на такія словы сказаў Дзяніс, – бо, ведаеш, кожны з іх геніяльны па-свойму.

– Я заўважыла, што з кожным годам малодшыя курсы робяцца змарнелымі фізічна і пустымі духоўна. Я гляджу на асобных студэнтаў і здзіўлена задаюся пытаннем: якога ліха яны робяць у гэтых сценах?

Іра казала з такім абурэннем, што твар яе пасуравеў да непазнавальнасці.

– Адукацыя зараз патрэбна ўсім, – сказаў Дзяніс.

– І нават тым, хто не ведае, якія гады былі ў XIX стагоддзі, што такое чвэрць стагоддзя, я ўжо не залажу ў самыя нетры.

– Яны ўжо сапраўды не чыталі Картасара.

Іра пагардліва фыркнула і спытала:

– Ты спадзяешся яны ведаюць, хто такі Мацей Бурачок?

– Я спадзяюся яны ведаюць, хто такі Янка Купала!

– Наіўны албанец.

Яны разам засмяяліся.

– А памятаеш “Невыносную лёгкасць быцця” Мілана Кундэра, мне галоўная гераіня – Тэрэза – цябе нагадвала. У той час, калі я чытаў гэтую кнігу, я яшчэ ня быў з табой знаёмы, але на невытлумачальным мне падсвядомым узроўні я заўжды параўноўваў яе з табой. Вы для мяне былі так падобныя.

Іра ўсміхнулася.

– Зусім не падобныя, хаця, мажліва, характарам.

Дзяніса такі лаканічны адказ на сваю шчырасць не расчуліў. Ён ужо даўно заўважыў за Ірай тэндэнцыю заўжды яго дражніць, але з націнкай гуллівасці, асабліва калі ён спрабаваў сур’ёзна з ёй размаўляць. Дзяніс не разумець навошта яна падкрэслівала перад ім свой узрост і вопыт. Яму раптам стала крыўдна. Яна гуляла з ім, як котка з мышанём і тым самым не дазваляла яму да канца сфармаваць думкі. У свае дваццаць гадоў ён пакуль не навучыўся гэтаму і яму было сорамна. Думкі, якія ў наступстве павінны былі выліцца ў словы, атрымліваліся сырымі і ірванымі. Іра часта кпіла над гэтым, але не да такой ступені, каб раззлаваць Дзяніса, а проста каб гэтым ушчуваннем зрабіць акцэнт на яго някемлівасць і падрыхтаваць глебу для разважання, каб ён паспрабаваў змяніцца.

– Я, напэўна, слабак, – песімістычна заключыў Дзяніс.

– І не ты адзін, – сказала Іра ўжо сур’ёзным тонам. – Усё наша пакаленне выхаванае ў лепшых традыцыі таталітарнага СССР, пакінула на нас з табой вялікі адбітак. З-за яго мы блага арыентуемся ў навакольным асяроддзі, часта раздражняемся, незадаволеныя жыццём і несамавітым лёсам.

– Ну ты яшчэ дадай сюды і тое, што нас спавівалі, – сказаў Дзяніс.

– І гэта таксама. Фрэйд меў рацыю.

– Фрэйд думаў толькі яйкамі.

– Я маю на ўвазе татальна кантраляванае грамадства, яскрава апісанае Джорджам Оруэлам у “1984”. З нашых дзядоў і бацькоў спрабавалі зрабіць расліну і гэтыя наступствы адбіліся на нас. Мы замаруджаныя ў развіцці. Пастаў еўрапейскага дзіця разам з нашым і ты знойдзеш сто адрозненняў. А ты не слабак, ты проста эгацэнтрыст у агульным коле слабакоў.

Дзяніс праглынуў сліну.

– Такое грамадства ўдала экранізаваў Тэры Гіліям[20]20
  Тэры Гіліям – брытанскі рэжысёр.


[Закрыть]
у сваёй “Бразіліі”.

– Так, усе, мне надакучыла, я змарылася, – прастагнала Іра.

– Спадзяюся, што не ад мяне?

– І ад цябе, у некаторай ступені, таксама.

– Я тут заўважыў незвычайную адмысловасць: усе рыжыя са сваім асаблівым “прыветам”. Няўжо ўся справа ў колеры?

Іра зморшчыла лоб.

– Толькі не трэба несці гэтую абывацельшчыну, мяне зараз званітуе.

– Ты скажы калі, я адсунуся.

– І не падумаю.

Дзяніс пачаў вызваляцца з-пад яе рукі, але Іра не дазволіла.

– І ўсё ж, – змірыўся ён, – рыжыя людзі – цікавы феномен чалавецтва і майго жыцця прынамсі. Шчыра кажучы, паў гады таму, да дзяўчын з такім колерам валасоў я ставіўся негатыўна. Насамрэч рыжыя людзі не вылучаюцца прыгажосцю. Ёсць, вядома, выключэнні, але іх вельмі мала, як у, прыватнасці, і саміх золатавалосых стварэнняў.

– А як жа ірландцы і шатландцы – сярод іх каля дваццаці адсоткаў рыжых, і я б не сказала, што яны непрывабныя. Ірландцы – самы прыгожы рыжавалосы народ.

– Гэта таму што іх продкамі былі кельты.

– Гэта я і без цябе ведаю.

– Цікава, а кім былі твае продкі?

Іра задумалася.

– Табе не здаецца, што ў нас сёння з табой асаблівы дзень?

– Не, наадварот – самы звычайны, – ён паглядзеў на наручны гадзіннік. – Адзінае, – я ўпершыню сяджу з табой на даху дома.

– А мне здаецца, – настойліва сказала яна. – Занадта шмат тэм, пытанняў, спрэчак, успамінаў. Чаму такога не было раней?

– І праўда, чаму? Нам жа як раз усяго гэтага не хапала.

– Вось менавіта…

Яны змоўклі і толькі зараз адчулі, якім гарачым было паветра. У Дзяніса спацелі падпахі, але ён ведаў, што Іра звыкла адносілася да яго мужчынскіх пахаў.

– Горача, – сказала яна.

– Дык рускія ці палякі? – заладзіў Дзяніс. – Палякі ці рускія?

– Палякі і габрэі, – супакоіла яго Іра. – Палякі па бацькавай лініі, а габрэі па матчынай.

– Ага, цяпер зразумела, ад каго ў цябе такія вялікія вочы.

– Верагодна ад бабулі.

– А валасы?

– Ужо і не ведаю, – сказала Іра, – усе мае сваякі цёмныя.

– Магчыма, тваім продкам перадаўся ген неандэртальца. Я чуў, нядаўна даказалі, што рыжы колер валасоў пайшоў ад іх. Хаця, мне больш падабаецца палымяна-пякучая ірландка.

– Толькі не трэба мяне так называць, добра? – насупілася Іра.

– Я лічу ірландка гучыць лепш неандэртальца.

– Ха-ха, вельмі смешна… Ірландкай мяне пагардліва называлі ў школе, дурасліва толькі сябры, як бачна, ты не адносішся ні да першых, ні да другіх. Таму для цябе гэтае слова найстрогае вета з усімі вынікаючымі.

Дзяніс глыбока ўздыхнуў і, вызваліўшыся з-пад абдымак Іры, заклаў рукі за галаву, і выцягнуў наперад ногі.

– Эх, як жа часам добра адчуваць сябе тваім палюбоўнікам, аж мурашкі прабягаюць.

– І пра неандэртальца таксама забудзь, – не зважаючы на яго прамову, працягнула яна далей, – занадта груба і не метафарычна. Ты ж, здаецца, паэт, як-ніяк, мог бы ўжо што-небудзь сугестыўнае прыдумаць.

– Ты лічыш неандэрталец гучыць гратэскава? Любілі, відаць, цябе ў школе падражніць. Прызнавайся, любілі?

– Пакуль не атрымлівалі аплявуху. І хопіць з гэтымі неандэртальцамі. Мне нават страшна падумаць, што краманьёнцы з імі сукупляліся, і наогул я не падтрымліваю тэорыю эвалюцыі, яна занадта банальная.

– Усё складаней і метафізічней?

– Абсалютна.

– А я вось, напрыклад, злучыў бы тэорыю эвалюцыі з боскай тэорыяй. Глядзі, Бог стварыў жыццё на зямлі, праўда невядома ў якой форме і невядома каго, а гэтае стварэнне на працягу пэўнага часу эвалюцыянавала ў тое, што мы маем на сённяшні дзень.

– Злучэнне кажаш… Вось з-за такіх злучэнняў і атрымліваецца…

– …рыжая Іра, – сказаў Дзяніс.

Яна ўсміхнулася такой шырокай усмешкай, што Дзяніс на імгненне здранцвеў, яму здалося, што час застыг і засталася толькі яе ўсмешка. А потым ён пацалаваў яе, горача і ў засмокт. Іра прысунулася бліжэй да яго і абвіла сваімі рукамі яго шыю. Пацалунак быў доўгім і сэксуальным. Яны цалаваліся як быццам упершыню: прагна і голадна, а калі спыніліся, Дзяніс аблізаў языком свае вусны, нібы на іх застаўся шакалад і, падумаўшы, сказаў:

– Я даўно ўсім казаў, што ты сапраўдная рыжая шэльма.

– Хай зайздросцяць, – cказала Іра.

– Дык у што ж ты верыш?

Іра паглядзела на сіняе неба.

– Усё гэта дзэн-будызм…

Дзяніс задумаўся, успамінаючы аб сваіх бедных ведах па гэтай будыйская плыні і спытаў:

– Значыць у прасвятленне?

– Менавіта.

Іра ўсхапілася на ногі і пачала бегаць па даху, як маленькае дзяўчо, у пошуках невядомай рэчы.

– Што згубіла? – спытаў Дзяніс.

– Мне патрэбна штосьці, што падобнае на палку.

Дзяніс здзіўлена хмыкнуў. Іра, у сваю чаргу, забегла за вентылятарны калектар, які знаходзіўся пасярэдзіне даху, і знікла з полю яго зроку.

“Толькі б не ўбілася ў мазут, – падумаў ён, – бо потым увесь дзень будзе зліцца на сябе і адначасова папракаць, што я загадзя не адгаварыў яе ад гэтай дурацкай задумы”.

Іра выйшла з-за калектара, трымаючы ў руцэ невялікую сталёвую загваздку, якая Бог ведае адкуль там аказалася. Яна падышла да Дзяніса і, лёгка ўзмахваючы ёй, нібы чароўнай палачкай, уладным голасам прамовіла:

– Спытай у мяне пра што-небудзь, пра што заўгодна, і я пасродкам нелагічнага адказу, раскрыю перад табой сапраўдную сутнасць рэчаў.

"Так, цяпер яна пачала дурэць. Ну што ж".

– Якія на мне сёння трусы?

– Гэта несур'ёзнае пытанне, – сказала Іра і дакранулася загваздкай да яго пляча.

– Ты сама сказала аб чым заўгодна.

– Добра, тады паставім пытанне так: спытай аб тым, што цябе найбольш хвалюе ў дадзены момант.

Што яшчэ магло яго не хваляваць, як яе беспадстаўныя слёзы. Але прычына, вядома, існавала, і ён гэта добра ведаў. Па-усяму было відаць, што Іра спрабавала гуляць у дзэн-будызм.

“Што ж, трэба гэтым карыстацца, – падумаў Дзяніс. – Засталося толькі сфармуляваць пытанне”.

– У мяне ўзнікла такое адчуванне, што ты хочаш мне аб нечым расказаць, аб нечым вельмі важным. Я разумею, што ўсё адбывалае на гэтым даху было цудоўнай прэлюдыяй, якая даволі моцна разагрэла нас і мяне, у прыватнасці, таму я жадаю ведаць, што ты хочаш мне расказаць.

Па выразе яе твару стала бачна, што яна чакала такога пытання, нават прагнула яго. Іра падціснула вусны і выпусціла з рукі сталёвую загваздку. Тая ляпнулася аб руберойд і разам з Дзянісам знерухомела ў чаканні. Іра села насупраць, абхапіўшы калены рукамі, як быццам ёй было холадна. Яна нагадвала Цалёвачку: такую ж маленькую і безабаронную. На імгненне твар яе зрабіўся сентыментальным, але толькі на імгненне, яго хапіла роўна на адзін яе ўздых і яна сказала:

– Я з’яжджаю.

– Куды? – спакойна спытаў Дзяніс.

– У Штаты.

– Сур’ёзна?

– Я выйграла Green Card…

Дзяніс забегаў вачыма ў розныя бакі, шукаючы, што сказаць.

– Тады я паеду з табой.

Яна стомлена паклала галаву на калены і сказала:

– Ты не зразумеў, я з'яжджаю назаўсёды.

– Якія праблемы, мы паедзем разам!

– Я паеду адна, а табе трэба вучыцца.

– А мне здаецца, што гэта табе трэба давучыцца, табе застаўся адзін курс, – голас яго сарваўся на фальцэт.

– Мне абыякава колькі.

– Іра, падумай, што за ўтрапёнасць, што ты робіш, застанься яшчэ на адзін год, атрымай вышэйшую адукацыю, а потым едзь куды хочаш!

– Няма ніякага сэнсу працягваць вучобу.

– Але чаму?

– Прафесія настаўніка мне не спатрэбіцца, ды і дыплом наш аб вышэйшай адукацыі – Піліпкіна грамата.

– І гэта ты толькі цяпер усвядоміла, правучыўшыся чатыры гады?

– Вядома не!

– І даўно?

– Адразу, як паступіла.

Наступнае пытанне было заканамерным.

– Тады навошта ўсе гэтыя месяцы я быў табе патрэбен?

– Таму што я кахаю цябе. Але мы даволі позна сустрэліся. Ведаеш, гэта калі спальваеш мост для адступлення, азіраешся, і толькі потым разумееш, што на другім беразе цябе чакала тваё ратаванне. Жыццё – чартоўскі складаная рэч.

– А ты не думала, што зробіш мне балюча?

– Безумоўна. Сёння ты казаў мне, што адчуваеш сябе слабаком, але гэта не так. Сапраўдны слабак – я, таму што хачу пакінуць радзіму, але слабак толькі знешне, і не ў якім вобразе духоўна. Памятаеш, Картасар казаў, што толькі той чалавек па-сапраўднаму любіць сваю Айчыну, хто з'яжджае ў іншую краіну. А ты знешне моцны, ты добры хлопец, клапатлівы, уважлівы, мне ніколі не было з табой дрэнна.

– Значыць ты мяне таксама не ведаеш.

Але Дзяніс разумеў, што бяссільны ўжо штосьці зрабіць, яна ўсё роўна паедзе і нішто не зможа ёй перашкодзіць.

– Твае бацькі ведаюць?

– Даўно. Ім яшчэ лягчэй будзе: мама пераедзе жыць да іншага мужчыны, бацьку застанецца кватэра.

– А сястра?

– Сястра пойдзе ў самастойнае жыццё.

– Прама амерыканская меладрама, – горка заключыў Дзяніс. Іра прамаўчала.

– А што будзем рабіць з нашым каханнем? – спытаў ён.

– Вось гэта і ёсць самае складанае пытанне, на якое я ніяк не магу знайсці адказу.

Дзяніс стрымана ўсміхнуўся.

– У дзэн-будызме няма нічога невырашальнага, проста трэсні мяне загваздкай і я абавязкова знайду адказ, – сказаў ён і па яго шчацэ пакацілася дробная сляза.

Іра адразу перавалілася на калены і па-сабачы пасунулася да Дзяніса, хутка сцерла вялікім пальцам яго слабасць і села побач.

– Зараз я не буду суцішаць цябе тым, што ты яшчэ знойдзеш сабе дзяўчыну лепш мяне, таму што дакладна ведаю – не знойдзеш, як і тое, што ты ніколі пра мяне не забудзеш. З усёй шчырасцю я магу сказаць усё тое самае і пра сябе.

– Значыць гэта каханне назаўжды застанецца ў нашых сэрцах, як застаюцца шнары на скуры, малюнкі, выведзеныя ў пячорах охрай, як зоркі на небе, і яго ніколі не паглыне нябыт, ці сусвет, што б не адбылося?

– Forever, – сказала Іра.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю