355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Латыголец » Канвеер » Текст книги (страница 12)
Канвеер
  • Текст добавлен: 9 апреля 2017, 08:00

Текст книги "Канвеер"


Автор книги: Андрэй Латыголец


Жанры:

   

Киберпанк

,

сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 15 страниц)

2

І Аліса знікла з майго жыцця, і больш я ўжо ніколі яе не бачыў. Тым нядзельным вечарам, пасля ночы з ёй, я сядзеў у залі ля акна, назіраючы за людзьмі і разважаў: чаму Аліса сышла ад мяне, нічога не сказаўшы? Божа літасцівы, кім я стаў, што я ёй такога зрабіў? Гэта было невыносна. Але я вытрымаў. Штосьці пстрыкнула ў маім розуме і я супакоіўся.

Ноччу мне зноў прысніўся сон, у якім я душыў тоўстую прадаўшчыцу на рынку, але ў асноўным толькі той момант, калі я сціскаў яе горла. Я прачнуўся ў халодным поце і не змог заснуць да самай раніцы. Я варочаўся, кідаўся па канапе, а маю галаву ўсё перапаўнялі жахлівыя думкі. У пяць гадзін празвінеў будзільнік, і я з палёгкай падняўся. Абліўшы твар сцюдзёнай вадой, я ўважліва паглядзеў на сябе праз люстэрка і заўважыў мяхі пад вачыма. Я выпіў моцнай гарбаты, зрабіў сабе зсабойку, апрануўся і выйшаў на вуліцу.

На двары нікога не было. Засунуўшы рукі ў кішэні джынсаў, я пайшоў на прыпынак. Я ішоў і думаў аб тым сне. Дзіўна, ён з’явіўся падсвядома, ці прысніўся зноўку? Я думаў і пра Алісу.

У той раз прыпынак аказаўся пустым. Я сеў на лаўку і паглядзеў цераз дарогу на поле. Яно было мёртвым: купкі вербалозу нерухома тырчалі з чэрствай, застыглай зямлі, а высока ў небе крумкалі вароны. Неўзабаве пад’ехаў аўтобус. Я зайшоў у яго і, заплюшчыўшы вочы, зразумеў, што ў маім жыцці пачаліся перамены.

На заводзе Санёк з Дэнам да мяне не падыходзілі, відаць, пакрыўдзіліся з-за таго, што я збег з Алісай і ў чарговы раз не падаў ім кватэру, даўно трэба было зразумець, што яны карысталіся мной. Металічна-карункавая габлюшка разляталася ва ўсе бакі, калі я выточваў на станку свае нарыхтоўкі і так праходзіў мой працоўны час.

Пад канец змены я пачуў немы крык: жанчыне-тэрмісту адбіла пад прэсам усе пальцы на правай руцэ. Добра, што яшчэ так. На нашым заводзе і не такое здаралася.

Часам, я думаў аб безвыходнасці і сваёй заганнасці, і мне хацелася плакаць.

Калі разважаць аб гэтым паслядоўна, з самага пачатку, мусіць, усё пачалося з таго працоўнага дня. Пачалося з таго, што мне вельмі захацелася вярнуцца на прыпынак, не ведаю, ці ў пошуках Алісы, ці ў пошуках яшчэ чаго, але мне проста захацелася прыйсці і пасядзець там на лаўцы.

І я вярнуўся. Тым вечарам, у панядзелак пасля працы, я прыйшоў на прыпынак. Людзі чакалі аўтобуса, а я сядзеў і назіраў за імі. Я ўважліва прыглядаўся да жанчын, якія там знаходзіліся і спрабаваў ім усміхацца. Першыя ўсмешкі выходзілі нацягнутымі, але праз некаторы час у мяне пачало атрымлівацца і жанчыны замест таго, каб адводзіць ад мяне позірк, адказвалі ўзаемнасцю. Здаецца, тым вечарам у мяне ўзнікла манія велічы і я запэўніўся ў тым, што падабаюся любой жанчыне без выключэння.

Наступным вечар я зноў прыйшоў на прыпынак, прыйшоў туды я і ў сераду, і ў чацвер, і ў пятніцу. У суботу я вырашыў нікуды не ісці. Мне патэлефанаваў Санёк і прапанаваў схадзіць на “рэтра”, але я адмовіўся. Той суботай я напіўся ў сваёй кватэры партвейну і заснуў, як немаўля. І мой жахлівы сон кудысьці знік. Гэта было добрым знакам. Але з кожным днём мяне ўсё мацней цягнула на прыпынак. І я прыходзіў на яго. А ў адну з пятніц вечарам да мяне на лаўку падсела вельмі прыгожая дзяўчына. Зграбная і высокая брунэтка. У яе зялёных вачах, здавалася, гарэў спакушальны агонь, а прамыя пасмы доўгіх валасоў ахіналі ўсе плечы. Яна зусім не звярнула на мяне ўвагі, проста села і аб нечым задумалася. Але я адчуў яе цяпло, я адчуў пах яе прыемнага парфуму. Каля нас стаяла маладая пара і тры дзецюка. Я зацікаўлена паглядзеў на дзяўчыну і проста сказаў:

– Холадна сёння.

Яна азірнулася на мяне, але нічога не адказала, толькі здзіўлена ўзняла сваё чорнае брыво. Мяне збянтэжыла яе абыякавасць і я паглядзеў на шэрае неба, нібы намагаючыся адшукаць там патрэбныя словы. Я зразумеў, што сказаў зусім не аб тым, памянуўшы надвор’е, хаця на вуліцы сапраўды было холадна. Хутка пад’ехаў аўтобус і ўсё людзі, што стаялі на прыпынку, селі ў яго. Усе акрамя прыгожай брунэткі. Як толькі аўтобус ад’ехаў, я зноў паглядзеў на яе і яна важна прамовіла:

– Калі хочаш пазнаёміцца, спытай колькі часу.

Я вырашыў выправіць сваю памылку.

– Прабачце, а вы не падкажыце, колькі часу?

– Дзевяць сорак тры, – адказала дзяўчына і паглядзела на мяне. У яе вачах можна было заўважыць іскрынку кволай цікавасці да маёй асобы і я прысунуўся бліжэй.

– Ну і як жа завуць такую красуню? – усміхнуўшыся, запытаў я.

– Каця, – адказала дзяўчына і паказала свае белыя і роўныя зубы.

У маёй галаве адразу замітусіліся тысячы розных варыяцый разгортвання далейшых падзей. Здавалася, у тую хвіліну ўсё ў маім разуменні перавярнулася і я стаў разважаць зусім па-іншаму, як быццам у маю галаву ўклалі порцыю новых і рацыянальна думаючых мазгоў. Аднекуль нарадзілася смеласць і ўпэўненасць у сабе, як ніколі дагэтуль.

А Каця пранізліва глядзела мне ў вочы і зацікаўлена ўсміхалася. Яна была прывабней Алісы і маладзей за яе. Быў прыцемак, але я выразна бачыў яе дасканалыя абрысы твару, яе ямачкі на шчоках, колер яе цукровых вуснаў, яе, з невялікай гарбінкай нос, якая, ёй так пасавала. Я паглядзеў у яе вабныя сваёй смарагдавай зелянінаю вочы (гэта пазней я зразумеў, што яна насіла лінзы) і спытаў:

– І што ж такая прыгажуня ў такі позні час тут і зусім адна?

– Чакаю свайго кавалера, – зычна сказала яна, але мне была бачна яе іронія. Ніякага кавалера яна не чакала, яна правярала, яна проста гуляла са мной, гледзячы на маю рэакцыю. Але я не здрэйфіў, я трымаў штурвал мацней, чым яна магла сабе гэта ўяўляць.

– Штосьці, спазняецца ваш кавалер.

– А ты не такі наіўны, як здаецца з першага позірку, – сказала Каця. – Колькі табе?

– Дваццаць чатыры.

– Значыць, выйшаў на паляванне, – пляснула яна ў ладкі. – Усё зразумела, вось яно што, толькі ты месца зусім непрыдатнае знайшоў.

– Чаму? Калі я сустрэў вас, значыць гэты прыпынак для гэтага вельмі падыходзіць.

Каця зычна засмяялася.

– Няўжо ты спадзяешся, што ачмурыш мяне, га?

На прыпынак падышла бабуля і села каля нас на лаўку. Каця прысунулася бліжэй да мяне і сказала на вуха:

– Ну вось што, калі захочаш мяне яшчэ раз пабачыць, звані па гэтым нумары, – і яна працягнула мне сваю візітную картку.

Калі пад’ехаў аўтобус, Каця ўстала.

– Толькі памятай, каб не ўзнікла непрыемнасцяў, звані заўжды пасля абеду, – не азіраючыся, сказала яна і села ў аўтобус.

А я застаўся на прыпынку, застаўся сядзець да паўночы, углядаючыся ў цемень неабсяжнага поля.

Раніцай пайшоў снег. Буйны, хрумсткі і замілавана прыемны. Белыя камякі ўсыпалі ўсю нашую вуліцу, і я зачаравана глядзеў, як яны лёгка падалі на слізкі асфальт каля пад’езда, на машыны і на іншыя дамы. Я сядзеў ля акна ў залі і назіраў за гэтым зімовым хараством. Мімаволі, у галаве з’явілася Каця, відаць, я пачынаў адчуваць да яе штосьці большае, чым проста “яна мне падабаецца”. Не ведаю, раней у мяне ніколі не ўзнікала такіх пачуццяў. Дэн з Саньком шмат разоў расказвалі, як яны не маглі заснуць ноччу, пакуль не ўявяць абрысы дзяўчыны, якая ім падабалася, яе ўсмешку, яе словы. Я заставаўся чэрствым на сэрца, а тут яно пачало мякнуць. І гэта мяне бянтэжыла. Але разам з тым, я нясцерпна чакаў абеду, каб пазваніць Кацярыне. Перад гэтым да мяне на колькі хвілін зайшоў Дэн. Ён прапанаваў схадзіць на ска-канцэрт, аднак я адмовіў. Дэн заўважыў мае істотныя перамены, сказаў, што я раблюся ваўкаватым і, нібы імкнуся пазбягаць яго з Саньком. У сваю чаргу я паслаў яго куды падалей, зачыніўшы дзверы перад яго носам. Не хапала мне яшчэ заўваг недалужанага нефармала. Болей Санёк з Дэнам са мной не кантактавалі.

І вось абед. Я, хвалюючыся, набраў нумар тэлефона Каці і адразу пазнаў яе голас. Мы дамовіліся сустрэцца ў піцэрыі, назвы якой я цяпер не памятаю. Здаецца, упершыню я купіў кветкі. Гэта быў букет белых руж. Каця прыняла іх звычайна і без усялякага здзіўлення. Я зразумеў, што кветкі ёй дарылі мільён разоў. Па яе жаданні мы селі за столікам амаль у самым куце. Я заказаў піцы з сокам. Спачатку Каця паводзіла сябе даволі стрымана, як на афіцыйна-дзелавой сустрэчы: маўчала, часта азіралася і адказвала на мае пытанні толькі “так” ці “не”. На ёй была салатавая кофтачка з вялікім выразам пасярэдзіне, дзе часта спыняўся мой позірк і яна гэта заўважала. Урэшце, калі мы трохі адаптаваліся і нам прынеслі заказанае, Каця ўсміхнулася мне сваёй прыгожай усмешкай. Інтымна-кававае святло падала на яе аблічча і на доўгія валасы. Мы размаўлялі аб усялякіх дробязях. Я даведаўся, што яна працуе на фірме свайго пяцідзесяцігадовага мужа галоўным мэнэджарам. Пра яго Каця расказвала, як пра вельмі дэспатычнага і раўнівага чалавека. З захапленнем яна распавядала пра тое, у якіх краінах яна пабывала і каго з зорак сусветнага шоў-бізнеса бачыла. Я адчуваў сябе даволі мізэрным у параўнанні з ёй, але ўсё ж тое, што яна згадзілася са мной сустрэцца, ужо аб чымсьці гаварыла. Той суботні вечар скончыўся хутка: у дзесяць гадзін яна пайшла дамоў, злёгку правёўшы па маім плячы рукой і, падміргнуўшы вокам. У мяне склалася такое ўражанне, нібы мы, як старыя сябры, сустрэліся, пасядзелі разам, паразмаўлялі на дарэмныя тэмы і разыйшліся. Ці таго горш – яна развяла мяне на грошы. Але такі ход дзеянняў мяне не ўладкоўваў, я жадаў вынікаў.

У нядзелю я зноў патэлефанаваў ёй, але яна не ўзяла трубку. Я пачаў пакутаваць. Пакутаваць прыйшлося яшчэ ўвесь наступны тыдзень. І толькі ў суботу Каця сама пазваніла мне. Мы сустрэліся каля кінатэатра “Кастрычнік” і пайшлі шпацыраваць па горадзе ўздоўж праспекта. Каця расказала, што хоча купіць кацяня, а яе муж катэгарычна супраць. Яна ныла аб тым, як не любіць мыць посуд і яшчэ прасаваць і сціраць брудную бялізну, увогуле зноў вярэдзіла лухту і зусім нецікавыя дробязі жыцця. Некаторыя моманты я нават прапускаў скрозь вушы, усё выразней адчуваючы да яе неспатольную прагу. Я глядзеў на яе з-пад ілба і разумеў, што вельмі, вельмі яе жадаю. А яна ўсё безупынна балбатала. Калі ж я паспрабаваў яе пацалаваць, Каця рэзка адвярнулася ад мяне і сказала, каб болей я ніколі гэтага не рабіў. Я пакрыўдзіўся і мы развіталіся. А ноччу, калі я засмучаным клаўся спаць, Каця напісала мне смс, у якім прызналася, што вельмі хоча да мяне. Я не разумеў яе, але ўсё ж супакоіўся і заснуў.

А раніцай я не вытрымаў і патэлефанаваў ёй. Я парушыў абяцанне тэлефанаваць пасля абеду, таму ў трубцы раздаўся мужчынскі голас.

– Відаць, я не туды патрапіў, – сказаў я.

– Не, відаць, туды, ізноў новы хахаль?..

Я скінуў. І ўсё. Два тыдні я не вырашаўся ёй набраць. На трэці тыдзень, у пятніцу, калі я вяртаўся дамоў з працы, у маіх джынсах прагучаў мабільнік. Гэта была Каця, яна паведаміла, што хоча пабачыцца і лепш за ўсё ў мяне на кватэры. Я купіў каробку шакаладных цукерак і бутэльку каньяку, сустрэў яе каля мятро і прывёў да сябе.

І вось мы сядзелі на кухні, папівалі каньяк і елі цукеркі. Каця сказала, што я добра схібіў, пазваніўшы ёй той раніцай. Яе муж усчаў вэрхал і добра збіў яе, абвінавачваючы ў здрадзе. Але неверагодным чынам яна ўпэўніла яго, што хтосьці сапраўды мог памыліцца нумарам. А калі хмель даў ёй у галаву, яна прызналася, што хоча, каб я стаў яе палюбоўнікам. На маё пытанне чаму, яна адказала адразу:

– Мой муж імпатэнт і гэта мяне не ўладкоўвае, так, ён заможны і я з ім зусім не клапачуся аб жыць, але тым не менш…

Каця падзялілася са мной планам, па якім было дакладна выяўлена, як і калі мы будзем сустракацца. А я не слухаў, я жадаў яе, проста ківаючы галавой на яе прапановы.

І калі ўсё пачало набліжацца непасрэдна да сэксу, Каця і там не адразу дапускала мяне да сябе. Яна стрымлівала мяне рукой і спакушальна ўсміхалася. Але мне гэта падабалася і яшчэ больш заводзіла. Мы сядзелі на канапе і, трымаючыся за рукі, цалаваліся. Цалаваліся вельмі доўга, нібы даследавалі адзін аднаго.

А пасля я атрымаў яе. Ізноў мне ў скроні грукнула кроў, а перад вачыма пачаліся пералівы і ўсплескі розных фарбаў. Усё было невыразным. Але я адчуваў яе, я дакладна адчуваў яе дыханне і яе цёплыя далоні на маёй спіне. Каця была казачнай, яе прыгажосць, яе абаянне збівала мяне з панталыку. Яна была дзяўчынай маёй мары, маім ідэалам, але…

Але я прачнуўся.

Блага выспаўшыся, я працёр зліплыя вочы. На маёй грудзі ляжала халодная рука Каці. Я асцярожна паклаў яе пад коўдру і ўстаў з канапы. Каця ляжала, перакуліўшыся на жывот, яе чорныя валасы рассыпаліся па ўсёй падушцы, а беленькая ножка звісала з краю канапы. Напэўна, ноч была бурлівай. Я пачухаў патыліцу і зайшоў на кухню, сеў на зэдлік, і дапіў з донца бутэлькі ўчорашні каньяк.

3

І яна таксама знікла. Я вельмі бы хацеў спадзявацца, што яе муж аб усім здагадаўся і пасадзіў пад хатні арышт. Я вельмі хацеў бы ў гэта верыць. Але яна знікла. Я адразу ж выдаліў нумар яе тэлефона і паспрабаваў забыць. У той раз гэта было зрабіць на шмат лягчэй, узнікала такое ўражанне, нібы я проста пакаштаваў і выкінуў яе, як непатрэбную цацку. Калі хочаце ведаць, я радыкальна змяніўся, агрубеў і стаў разборлівым у жыцці і людзях. Мне было напляваць амаль на ўсё, я ператварыўся, у некаторай ступені, у рэакцыйна раззлаванага нігіліста, у шэрага чалавечка, у маргінала свайго часу. Адзінае, на што мне было не ўсё адно, гэта на прыпынак. Ён прыцягваў мяне да сябе, вабіў, падаваў дагэтуль невядомы імпульс, быў маім наркотыкам. І я ішоў на яго, як на працу, як на нешта штодзённае і неабходнае ў распарадку майго жыцця.

У тую нядзелю ў маім горадзе ўсталявалася сапраўдная зіма. Цэлы дзень я праседзеў у кватэры, папіваючы салодкую гарбату і бяссэнсава гледзячы тэлевізар. Вельмі хутка павінен быў пачацца Новы год, але ніякай асабістай радасці гэтае чаканне мне не прыносіла. Хутчэй за ўсё, я разлічваў правесці яго адзін. Сяброў у мяне ўжо не было, дзяўчыны таксама, таму Новы год уяўляўся несамавітым святам, звычайным днём, у які ўсе віншуюць адзін аднаго і напіваюцца, каб на заўтра было што ўспомніць.

З панядзелку я пайшоў на працу і, неспадзёўкі, мяне наведалі думкі, што ўсё, чым я там займаўся, было мне чужым. На працы я быў для ўсіх згублены, там я гібеў. Кожная раніца цяпер пачыналася вялікім выпрабаваннем. Я прачынаўся і разумеў, што мне зноў прыйдзецца ісці ў цэх і стаяць там восем гадзін за станком. І чым часцей я задумваўся аб гэтым, тым больш у маёй галаве пачыналі нараджацца разнастайныя планы, каб пазбегнуць такой долі.

Але ўсе мае хваляванні і песімістычныя роздумы сталі драбніцай у параўнанні з тым, з чым мне давялося сутыкнуцца той раніцай. Я прыйшоў на свой бязлюдным прыпынак. Паветра было халодным і ў носе зліпаліся валасінкі. Не ведаю чаму, можа, прадчуваючы, ці проста інстыктыўна, я паглядзеў на сценку прыпынку, дзе віселі аб’явы. Усе яны былі падрапаныя і пашараваныя, але тая аб’ява вісела амаль пасярэдзіне і была налеплена адносна нядаўна. Я пачаў чытаць: “Увага! Вышук. Шукаецца Самсонава Аліса Віктараўна 1979 года нараджэння, якая пайшла з дому 13.11.07 г. у дваццаць гадзін і не вярнулася. На выгляд, прыкладна: дваццаць сем-дваццаць восем гадоў, рост сто шэсцьдзесят пяць сантыметраў, валасы светлыя. Асаблівыя прыкметы: на ілбе невялікі шнар даўжынёй у сантыметр. Была апранута ў шэрае паліто. Асобам, якія бачылі яе, просьба, звяртацца ў эннае аддзяленне міліцыі”. Я сарваў аб’яву, яшчэ раз уважліва перачытаў яе, а пасля скамячыў. Гэта быў шок. Здавалася, мяне цвікамі прыбілі да зямлі. Была, канечне, надзея, што гэта не тая Аліса, з якой у нас былі палавыя зносіны, таму што я не ведаў яе прозвішча, але канкрэтныя прыкметы, канкрэтная дата, калі я апошні раз бачыў яе, былі дакладнымі. І ўвесь той дзень я не мог знайсці сабе месца. А вечарам я прыйшоў на прыпынак, паглядзець, ці не наляпілі новую аб’яву.

Потым я перастаў хадзіць на працу. Днём я сядзеў у сваёй кватэры, а пад вечар выходзіў на вуліцу і ішоў на прыпынак. Часам, я наводзіў на людзей, што там знаходзіліся, дзіўныя ўражанні, прыходзячы туды і гадзінамі седзячы на лаўцы. Але мне было пляваць. Гэта і быў мой першы прамах.

Прайшоў тыдзень з таго часу, калі я кінуў працу. Я бачыў розных людзей, некаторых я сустракаў не аднойчы. Яны таксама мяне пазнавалі і, хутчэй за ўсё, лічылі бамжом, дапускаючы нават тое, што я жыў на гэтым прыпынку.

А другім і апошнім маім прамахам можна лічыць яе. Гэта здарылася ў сераду, гадзін, дзесьці, каля дзевяці. На прыпынку знаходзіліся людзі і сярод іх з’явілася яна: рудая дзяўчына, тварык якой быў усыпаны дробным рабаціннем. Яна ўсміхалася. Менавіта гэтым яна і прывабіла мяне. Яе шчырая, асляпляльная ўсмешка ўзварушыла маё нутро. Яна была сонечнай і гэтае сонца зыходзіла з яе. Дзяўчына стаяла непадалёк ад мяне, але гэтага хапіла. Адчуўшы імпульс, з-за якога, здавалася, па мне правялі электрашокам, я імгненна абудзіўся. Не ведаю чым, у сваю чаргу, я зацікавіў яе: на маіх шчоках выступіла тыднёвае шчацінне, валасы былі ўскудлачаныя і я, здаецца, не пачысціў зубы. Але.

– Прабачце, а вы не падкажыце, колькі зараз часу?

О Божа, гэты галасок, гэты тоненька-салодкі галасок зусім нявіннай душы. Я растаў. Можаце мне паверыць, я не хацеў гэтага, не ведаю, здольныя вы будзеце паверыць, але я сапраўды гэтага не хацеў. Аднак мой імпульс, ён сцінаў мяне. І самым невыносным ва ўсім гэтым было тое, што я ўжо загадзя ведаў, чым прыблізна ўсё магло скончыцца. Я толькі паглядзеў у яе сінія вочы, паглядзеў на яе мілы тварык і выдыхнуў:

– На жаль, я не ведаю…

Можа, гэта і была слабая спроба пазбегнуць яе, адштурхнуць ад сябе, інтанацыйна намякнуць на тое, што я не жадаў з ёй кантактаваць? Але сонечная дзяўчына не заўважала гэтага, яна і не хацела гэта заўважаць, і таму нечакана запытала:

– А вы верыце ў каханне з першага позірку?

Людзі на прыпынку азірнуліся на нас. Я зніякавеў і, пачырванеўшы, адвёў вочы ў другі бок. Добра, што ўжо быў прыцемак і ніхто не заўважыў майго канфузу. Дарэчы, а што ў маім разуменні было каханнем? Вось я адчуваў, што мне падабаецца дзяўчына, калі браць глыбей, я жадаў яе, мне ўсяго толькі хацелася пераспаць з ёй, залезці ёй пад трусікі. А дзе ж эмацыянальны бок? Праўда была ў тым, што я зусім не мог закахацца, мне проста падабаліся дзяўчыны і нічога вышэй гэтага ўзроўня. Што ж тады ў мяне было да Каці? Не ведаю, я і зараз не магу ў гэтым разабрацца, але гэта было не каханне адназначна. І вось перад мной узнікла пытанне сонечнай дзяўчыны. Я не ведаў, што ёй адказаць, але адказаў, што веру. Яна таксама сказала, што верыць і дадала:

– І самае дзіўнае, што яно здарылася са мной упершыню.

Людзі на прыпынку рабілі выгляд, што не слухаюць нас, але я разумеў, што яны краем вуха ўважліва прыслухоўваюцца. Мяне гэта насцярожыла і я адразу ж захацеў спыніць размову. А сонечная дзяўчына працягвала:

– Раней я не верыла ў яго, мне заўжды здавалася, што павінен прыехаць прынц на белым каню і скрасці мяне.

Я здагадваўся ў які бок яна хіліла так шчыра і без усялякай сарамлівасці, – заміналі толькі людзі на прыпынку. Таму я прапанаваць ёй прайсціся. Яна паглядзела на мяне сваім дзіцячым позіркам.

– А як жа ваш аўтобус, вы, відаць, кудысьці едзеце?

– Я не спяшаюся.

І мы зайшлі за прыпынак, і пайшлі ўздоўж дарогі. Яе звалі Дзіна, яна вучылася на другім курсе ў Інстытуце культуры. Дзевятнаццаць гадоў – зусім дзяўчо, але і гэта ўжо не магло мяне спыніць. Мы размаўлялі аб каханні і прыйшлі да высновы, што здарылася цуда і дзве палавінкі сябе адшукалі. На самой справе адшукала мяне толькі яна, таму прыходзілася падыгрываць. Мне прыйшлося стрымана радавацца і абняць яе. А потым, узяўшыся за рукі, ісці пад зорным небам насустрач новым выпрабаванням. Усё ў маім жыцці адбывалася хутка і адразу. Над намі сыпаў снег і мы распавядалі аб сваім быцці, аб тым кім мы былі і кім з’яўляліся. Мы ішлі вельмі доўга, прыкладна, гадзіну і ўрэшце падышлі да яе дома. Дзіна вельмі не хацела са мной раставацца.

– Нічога, – сказаў я, – заўтра мы абавязкова сустрэнемся.

– Але, мне здаецца, што гэта сон, здаецца, што я зараз зайду ў кватэру і прачнуся.

Я прытуліў яе і пачаў цалаваць, пачаў гладзіць яе мяккія рудыя валасы.

– Такіх салодкіх пацалункаў у сне не бывае, – прашаптаў я.

А яна стаяла, застыгшы на маёй грудзі і замілавана дыхала. Дзіна зусім не хацела мяне адпускаць і я прапанаваў ёй пайсці да мяне. І яна нечакана згадзілася, і больш таго, пачала радавацца, нібы я прапанаваў ёй ажаніцца. Яна пазваніла сваёй маці, сказала, што пераначуе ў сяброўкі і мы пайшлі да мяне. Як толькі за намі зачыніліся дзверы маёй кватэры, мы проста накінуліся адзін на аднаго. Мы цалаваліся і скідвалі з сябе абутак, і верхнюю адзежу. Не запальваючы святла, мы кінуліся на канапу і распрануліся да гала.

– Гэта мой першы раз, – дрыготкім голасам прамовіла яна. – І я жадала, каб першым у мяне быў толькі сапраўдны мужчына, мой ідэал.

І ў нас нічога не атрымалася. Ёй было вельмі балюча і сорамна. Я прытуліў яе да сябе, сказаў, што ўсё добра і мы спакойна заснулі.

Раніцай я прачнуўся, адчуваючы, як мяне цалуюць. Дзіна кудлачыла мае валасы і цалавала ў густое шчацінне.

– Мой мужчына, толькі мой, – шаптала яна.

Мы падняліся, папілі кавы і я праводзіў яе да хаты, паабяцаўшы сустрэцца вечарам. Вось так у мяне з’явілася першая і сапраўдная дзяўчына.

Днём мне з вёскі патэлефанавала маці, (яна тэлефанавала разы два на месяц), пыталася, як у мяне ідуць справы. Пацікавілася, ці не з’явілася ў мяне жанчына, таму што па яе падліках, я даўно ўжо быў павінен абзавесціся сямействам. Я сказаў, што ў мяне ёсць дзяўчына і мы кахаем адзін аднаго. Гэта вельмі ўзрадавала маю маму. Потым яна пачала распавядаць мне пра свае вясковыя клопаты, нібы я быў яе сяброўкай і таму я амаль не слухаў. Са мной захацеў пагаварыць бацька. Ён пачаў наракаць нас з братам за тое, што мы зусім перасталі іх наведваць. Я казаў, што ўсяму віной праца, а бацька толькі ўздыхаў.

Вечарам я сустрэўся з Дзінай. Мы пагулялі па горадзе і зноў пайшлі да мяне. У кватэры я доўга цалаваў яе, лашчыў, але ў нас усё роўна нічога не атрымлівалася. Дзіна хвалявалася і ніяк не вырашалася згубіць нявіннасць. Яна драпала маю спіну з крыкамі: “Хопіць! Спыніся!” І нам нічога не засталася, акрамя, як ляжаць на канапе і балбатаць.

– Калі кахаеш, сэкс не самае галоўнае, – казала яна, нібы суцішаючы мяне.

– Так, – уздыхаў я, гладзячы яе залатыя валасы.

Дзіна адчула ў інтанацыі майго голасу нездавальненне і паклала мне на жывот сваю галаву.

– Мілы, патрывай яшчэ крыху, я абавязкова адважуся і ў наступны раз вытрываю.

Праз колькі дзён мной зацікавіліся з працы, пыталі па тэлефоне, чаму я не выходжу. Я выдумаў, што захварэў і сказаў, што хвароба мая працягнецца яшчэ на тыдзень. Тым вечарам я не пайшоў на прыпынак і зразумеў адну ісціну: ён прыцягваў мяне толькі за тым, каб паназіраць за дзяўчынамі ці пазнаёміцца з якой-небудзь. Таму замес яго ў мяне нарадзілася жаданне схадзіць у клуб, правесці там ноч і адарвацца па поўнай. Цераз Інтэрнэт я даведаўся, што ў тую ноч у Мінску выступаў Haujob і я пайшоў на яго, нават перасекся ў калідоры з Даніэлем Майерам і пачаставаў яго сваім півам. Дзесьці, у тры гадзіны ночы, мне прыйшло смс ад Дзіны, у якім яна прызналася, што вельмі мяне кахае і не можа без мяне жыць. Прыемна ўсведамляць, што ты камусьці патрэбен, гэта даволі класнае адчуванне. Але я дакладна ведаў да чаго магла прывесці мая гульня, таму я не адрэагаваў на яе смс ніякай узаемнасцю, бо ў рэшце рэшт усё вяло да той ночы.

Гэта адбылося ў суботу. За акном сваволіла мяцеліца, кусала шыбы і кідала ў іх папяровыя сняжынкі. Мы з Дзінай, прытуліўшыся, сядзелі на канапе і глядзелі адзін з яе ўлюбёных рамантычных фільмаў, час ад часу цалуючыся. Кіно яшчэ не скончылася, як Дзіна ўзлезла на мяне і сказала, што гатовая.

Я ненавіджу сябе за гэта. Было няшмат крыві, але я загадзя падаслаў пад яе ручнік. Адчуўшы лёгкае паколванне ў скронях, якое з кожным маім рухам узмацнялася, я загадаў Дзіне завязаць мае рукі за спінай яе калготкамі. Яна трохі здзівілася, але выканала маю просьбу. Перад мной з’явіліся ранейшыя мульцікі і я паступова пачаў правальвацца ў глыбокую яму. Але, чамусьці, Дзіну я памятаў выразней за астатніх, выразней памятаў яе абамлелы твар, яе невялікія грудзі. Яна закочвала вочы і салодка сапла, яна прыкусвала ніжнюю губу і лашчыла маю спіну. А потым Дзіна, мая сонечная дзяўчына, пачала згасаць у маім разуменні. Вочы зліпаліся, я ўвайшоў у транс і мяне, як абсекла.

А раніцай я прачнуўся.

Я ўсхапіўся і ўбачыў, што на канапе нікога не было, а рукі мае былі развязаныя. Якая радасць, колькі радасці мяне перапоўніла і адразу ж рой розных думак. Спачатку я падумаў, што мне ўсё магло прысніцца – усё і Аліса, і Каця, і Дзіна. Пасля тое, што ў нас з Дзінай атрымалася і, яна прачнуўшыся, верагодна, пайшла да хаты. Але не, якой трасцы, яна яшчэ магла заставацца ў кватэры. Выходзіць – яна мая выратавальніца. Я зычна аклікнуў яе, але замест адказу, толькі мёртвае рэха разнеслася па залі. Значыць, сышла. І я, пацягнуўшыся, скінуў ногі на падлогу і ступнямі адчуў, што натыкнуўся на штосьці мяккае і халоднае. Раптоўна адшмаргнуўшы ногі назад пад коўдру, я нерашуча паглядзеў уніз.

На падлозе ляжала Дзіна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю