355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Латыголец » Канвеер » Текст книги (страница 10)
Канвеер
  • Текст добавлен: 9 апреля 2017, 08:00

Текст книги "Канвеер"


Автор книги: Андрэй Латыголец


Жанры:

   

Киберпанк

,

сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 15 страниц)

12

Снайпер падышоў да дзвярэй і асцярожна прыадчыніў іх. Паглядзеў вакол і зачыніў зваротна.

– Здаецца, ціха, – сказаў ён. – Выходзіць будзем па аднаму, першым пайду я, павольна, без непатрэбных рухаў, і памятайце – менш слоў – больш дзеянняў, будзем падаваць адзін аднаму сігналы, – папярэдзіў усіх Снайпер.

Адчыніўшы дзверы, ён зрабіў крок наперад, трохі счакаў і пайшоў, за ім, ледзь не на дыбачках пачалі крочыць іншыя, гужам, напружана дыхаючы адзін аднаму ў спіну. Дзяніс пайшоў за Дзятлам. Ён адчуваў адрэналін, які каламуціў яго кроў, але спрабаваў супакойваць сябе шанцам на выратаванне. Ён глядзеў у тонкую шыю Дзятла і не вырашаўся слізгануць поглядам куды у бок. Па тым, як пачалі ўздыхаць астатнія, Дзяніс зразумеў, якое відовішча разгарнулася ў цэху. За гэтую ноч яму хапіла раскіданых вантробаў на лініях канвеера на столькі, што можна было пасівець. Цяпер ён уяўляў, што значыць, калі варушацца валасы на галаве і гэта было не перабольшванне. Тое, што яму выпадала глядзець на кампутары: усялякае псеўда-снаф смецце ў той момант здавалася ўвертурай перад сапраўднай крывавай операй. Ногі дрыжалі, бы ноччу на марозе, далоні пацелі і пры ўсім гэтым Дзяніс спрабаваў да апошняга не губляць мужнасці.

Підар, які ішоў за ім, схапіў Дзяніса за плечы і ледзь не прытуліўся да яго спіны ўсім целам. Дзяніс адчуў яго імпульсіўнае трапятанне.

Усе яны выйшлі з прыбіральні і на хвіліну спыніліся.

– Тваю маці… – сухім голасам сказаў Пазняк.

Дзяніс інстыктыўна падняў вочы ўверх. Потым у яго затрэсліся рукі і праняла ашалелая дрыготка.

Трэці цэх змяніўся да непазнавання. Свет стаў цьмяным, аддаючы чырвона-агністым колерам. Рух канвеера запаволіўся, а гук скрыгату, які выдавала канвеерная стужка, знік. І над усім гэтым жудасным каўпаком вісела ўражлівае, што адкідвала ўсе папярэднія ўяўленні аб быцці, крывавае, жахліва-першабытнае відовішча. Усе канвеерныя веткі і падвышаныя канвееры трэцяга цэха былі запоўненыя часткамі чалавечых целаў. Прычым кожная канвеерная ветка размяшчала асобныя іх часткі. Падвышаныя канвееры цяпер спецыялізаваліся выключна на адрэзаных галовах. Яны былі насаджаныя ратамі на крукі. На астатніх ветках то тут, то там ляжалі рукі, ногі і скрываўленыя тулавы. І самай, бадай, дзіўнай была тая дасканаласць, з якой былі падзеленыя чалавечыя целы. Анатамічная дасведчанасць і валоданне інструментам у такіх маштабах не магло не здзіўляць. На першай ветцы ідэальна ў шэраг ляжалі рукі, адрэзаныя да локцевага згіну. Канечнасцяў было на столькі шмат, што здавалася праз канвеер прайшоў увесь склад завода, і калі б не кроў, якая сцякала з канвеера, магло скласціся ўражанне, што патрапіў у цэх па вырабу манекенаў.

– Дык вось куды падзелася другая змена, – шэптам сказаў Рупар.

– Напэўна тут і першая прысутнічае, – сказаў Ласун, што ішоў за ім.

– Ці наогул увесь завод, – прасіпеў Пазняк.

– Акрамя нас, – сказаў Снайпер.

Апошнія словы выбілі глебу для песімізму і далі выспятка той змрочнай атмасферы, якая лунала ў паветры.

– Пачнем, – сказаў Снайпер.

У трэцюю змену цэхавы склад заўжды быў зачынены, а ключы ад яго былі ў Холадава. Аб гэтым ведалі ўсе акрамя Дзяніса. Гестапа, які кожныя паў гадзіны хадзіў туды папаліць, падышоў да складскіх дзвярэй і тузануў за ручку.

– Я, звычайна, прашу Веру, каб яна не зачыняла. Ведаючы маю прагу да тытуню, яна робіць для мяне выключэнне. У нашым выпадку яно лёсавызначальнае, – сказаў ён.

– Сукін ты сын, ты хаця б разумееш, што сваёй шкоднай звычкай выратаваў нам жыццё! – усміхнуўся Ласун.

Гестапа нічога не адказаў і адчыніў дзверы.

Краем вока Дзяніс убачыў, як прыадчыніліся дзверы жаночай прыбіральні і адтуль вылезла жаўтлявая галава Масла.

– Ёсць яшчэ ацалелыя? – вырвалася з рота Дзяніса.

Масла з палёгкай выдыхнула і адчыніла дзверы шырэй. За ёй паказалася Зіна. Яны пазіралі напалоханымі вачыма, а ўбачыўшы кашмарнае відовішча, зусім збялелі. Да іх хутка падскочыў Снайпер і зачыніў за сабой дзверы. Там ён, відаць, растлумачыў ім усю сітуацыю і новыя правілы бяспекі, і выйшаў зваротна.

На складзе Рупар знайшоў з дзясятак загваздак розных памераў і выдаў кожнаму, нібы аўтамат перад рашучай бойкай, а Дзяніса нават пляснуў па плячы. Снайпер прыхапіў два рэспіратары. Бензін адшукалі ў самым куце склада, адну каністру з пазнакай “для пагрузчыка”.

– Падыходзіць да канвеера таксама будзем па аднаму, і памятайце – ніякіх слоў, падаем адзін аднаму знакі, – сказаў Снайпер. – Пяць чалавек зойдзе з левага боку, бліжэй да пульта, астатнія з правага. Я аблію стужку палівам, Рыжы падпаліць яе. Як толькі яна загарыцца, адразу трэба разбіць пульт, хлопцы справіцеся? – спытаў ён у Свістулі і Підара, тыя кіўнулі. – Астатнія будуць стаяць на падстрахоўцы, здарыцца можа ўсякае.

Наспеў час дзейнічаць. Працоўныя стоўпіліся вакол Снайпера і ён, прыціснуўшы паказальны палец да вуснаў, пайшоў у накірунку першай веткі. Снайпер ішоў нібы кот, бязгучна ступаючы па падлозе, гэтым самым дэманструючы астатнім, як трэба набліжацца да канвеера. Ён дайшоў да першай веткі і жэстам паказаў, што можна рухацца наступнаму. Доўга чакаць не прыйшлося, Рупар, сціснуўшы ў гужаватых руках сваю загваздку, асцярожна пасунуўся да канвеера. Такім чынам усе працоўныя расфармаваліся каля першай веткі. Апошнім ішоў Дзяніс. Ён бачыў напружаныя позіркі за кожным сваім рухам. Дзяніс ішоў ледзьве не на дыбачках, глытаючы глейкую сліну і адчуваючы, як цяжка б’ецца яго сэрца. Сканцэнтраваўшыся на сваіх кроках, ён на нейкі момант зразумеў, што губляе раўнавагу і, спатыкнуўшыся, выдаў падэшвай кеда слізгальны гук. Працоўныя ўсе да аднаго схамянуліся, вылупілі на яго вочы і застыглі ў чаканні хуткай смерці. Але нічога не здарылася, Дзяніс своечасова стаў у патрэбную паставу, каб пазбегнуць падзення і паспяхова дайшоў да канвеера. Трымаючы ў потных руках загваздкі, працоўныя чакалі загаду Снайпера. Той, трохі счакаўшы, пачаў адкручваць вечка на каністры з бензінам. Далоні Дзяніса спацелі да такой ступені, што яму здавалася, загваздка выслізне з яго рук, як мыла. Адчыніўшы каністру, Снайпер пачаў разліваць бензін на канвеерную стужку. Рупар падышоў да Снайпера, падпаліў запальніцай шматок анучы і шпурнуў яе на канвеер. Стужка ўспыхнула, як свечка і агонь адразу ахапіў усю яе даўжыню. Снайпер левай рукой падаў знак у накірунку пульта і Свістуля з Підарам нерашуча пасунуліся ў той бок. Загваздкі амаль сінхронна ўвайшлі ў загадзя адчыненую каробку пульта і адтуль пасыпаліся іскры. У гэтае імгненне канвеер зарыпаў, нібы яго механізмы былі пакрытыя пластам шматгадовай іржы. Канвеерная стужка заварушылася ў перадсмяротных канвульсіях, як тоўсты пітон, якога пратыкнулі дзідай. Трэці цэх напоўніў смярдзючы і ёдкі дым падпаленай гумавай стужкі. Нечакана з ахопленай пажарам першай веткі канвеера вылезла велізарная агністая рука якойсьці містычнай асобы і схапіла першага, хто трапіўся. Ім аказаўся Пазняк. Рука схапіла яго ў сваю смяротную пятлю і зацягнула ў полымя. Пазняк загарэўся, як ерэтык у эпоху змрочнага сярэднявечча, пакінуўшы ад сябе немы лямант. Убачыўшы такі нечаканы зыход, Чыпушыла кінуў на падлогу сваю загваздку і пабег зваротна ў прыбіральню. Але гэта было вялікай памылкай: загваздка ўзнялася ў паветры і шалёным бумерангам паляцела за Чыпушылай, нагнаўшы яго амаль каля самых дзвярэй, на хуткасці знесла яму палову галавы. Мазгі крывавым фаршам пырснулі на белую кафлю, бы фарба на палатно мастака-эксперыментатара.

– Усім стаяць на месцы і не рухацца! – сказаў Снайпер.

Але было, мусіць, занадта позна. Падпалены Пазняк і размазаныя мазгі Чыпушылы зрабілі сваю справу. За Чыпушылай, у сляпой надзеі на выратаванне, пакідалі свае загваздкі Підар, Свістуля і Грыша.

– Стаяць! – не стрымаўся і крыкнуў Снайпер.

Магчыма, толькі гэтае слова выратавала Дзяніса ад спробы кінуць загваздку і ўцячы з імі. Ён заплюшчыў вочы і з усёй моцы сціснуў яе ў сваіх руках. Таму што ў наступную хвіліну, кінутыя на падлогу загваздкі гаротнай троіцы, на вачах ва ўсіх падняліся ў паветра і стрэламі ўсадзіліся ў іх целы. Грыша паспеў толькі прастагнаць. Дзяцел пачаў адыходзіць назад, рукі яго моцна затрэсліся і ён натуральна зарыдаў, выпусціўшы загваздку з рук, і ўкленчыў. Гаротна закрыў далонямі вочы і расплакаўся. Дзяніс ніколі не чуў, як мужчыны плачуць у адчаі. Аднак плач яго прыглушыў тупы гук загваздкі, якая мязнула Дзятла па чэрапу, размажджэрыўшы яго галаву. Ласун і Гестапа запанікавалі і разам пабеглі ў другі бок ад канвеера. Больш іх ніхто не бачыў, ні крыкаў, нічога…

– Усім стаяць, – прашаптаў Снайпер, апусціўшы галаву.

Услед за Грышай канвеер выдаў чарговы пранізліва-рыпучы гук, ад чаго па скуры Дзяніса прабеглі мурашкі. Гук нагадваў адчайдушны лямант параненага звера, якога напаткалі знянацку. Дзяніс з хвіліны на хвіліну чакаў, што агністая рука зацягне яго ў пякельнае вогнішча і не адразу зразумеў аб перамозе, напружыўшыся і, заплюшчыўшы вочы. Толькі крык Пазаліні: “Мы зрабілі гэта!” дапамог яму авалодаць сабой.

Канвеерная стужка была дэстабілізавана. Рупар знаходзіліся ў поўным ступары, Пазаліні мацюкаўся самымі кепскімі словамі, а Снайпер зачаравана глядзеў на агорнутую полымем першую ветку. Недалёка ад іх, распластаўшыся на падлозе, у калюжы крыві, ляжаў прадзіраўлены Підар і Свістуля з Грышай. Дзяніс не разумеў, якая сіла прымусіла яго застацца на месцы, нібы гэта было і не яго цела. А потым ён закрычаў, простым дзікім крыкам, магчыма, так, як крычалі першабытныя людзі, заваліўшы маманта. Яго крык разляцеўся па усім цэху, прымусіўшы скалануцца ўсіх жывых.

Калі рука Снайпера лягла яму на плячо, ён спыніўся, адчуваючы, як моцна запякло ў горле.

– Адыходзім, – сказаў Рупар.

Дзяніс зачыніў дзверы і ўбачыў збялелых жанчын, якія прыціснуліся адна да адной, сярод іх самай напужанай здавалася Курва. Снайпер адразу падышоў да жанчын і неразборліва аб чымсьці спытаў. Жанчыны пачалі пераглядацца і ажыўленна міргаць вачыма. Неўзабаве Снайпер расмяяўся і паглядзеў на ацалелых. Аднак у яго вачах Дзяніс выразна прачытаў трывогу. Заставалася самае складанае, і па Снайперу было бачна, што цяпер ён і сам ня быў ўпэўнены, здолеюць яны дабрацца да даху, ці не. І тады Снайпер ляпнуў сябе па сцёгнах – так, звычайна, робяць людзі, якія ўрэшце прынялі канчаткова рашэнне.

– Эдзік, Палыч, мне спатрэбіцца ваша дапамога.

Рупар з Пазаліні пераглянуліся і нічога не адказалі. Яны разумелі, што без іх дапамогі Снайперу і Дзянісу ніяк не дабрацца да канчатковай мэты, але з другога боку яны вельмі, і гэта было відавочна, не хацелі выходзіць за дзверы. На гэта ніхто не звярнуў увагі і самі мужыкі спрабавалі не падаваць выгляду. Яны стаялі ў чаканні, калі Снайпер аддасць загад выходзіць.

– А вы сядзіце тут, – сказаў ён жанчынам, – і што б не здарылася, ні ў якім разе не выходзьце адсюль, толькі гэта будзе гарантыяй вашага жыцця і бяспекі.

Як толькі Дзяніс усвядоміў, што гэта апошнія словы Снайпера перад адпраўленнем на дах, рукі яго затрэсліся. Ён не ўяўляў сябе на крохкай вентыляцыі на вышыні дваццаці метраў. Немагчыма. Але больш за ўсё Дзяніса бянтэжыла тое, што ад яго будзе залежыць жыццё астатніх.

– Ну, што ж, пайшлі, – сказаў Снайпер і Дзяніс зразумеў: адступаць назад позна.

13

Яны ізноў выйшлі ў цэх і кожны адчуў подых небяспекі. Дзяніса кінула ў пот. Бязмоўе першай веткі і дым, які зыходзіў ад яе стужкі на фоне гуду астатніх канвеераў, надаваў ей прыхаваную пагрозу.

Снайпер падаў знак і ўсе разгрупаваліся па сваіх месцах. Потым ён асцярожна паставіў нагу на канвеер і трывала стаў на яго паверхню. Хвіліну пастаяў, пераканаўшыся, што канвеер канчаткова бяздзейнічае і кіўнуў Дзянісу падымацца. Дзяніс недаверліва паглядзеў Снайперу ў вочы, працягнуў яму рукі і хутка апынуўся побач з ім. Рупар і Пазаліні залезлі наступнымі. Канвеер па-ранейшаму не падаваў ніякіх прыкмет руху і гэта, безумоўна, абнадзейвала. Гумовая канвеерная стужка, якая расплавілася ад высокай тэмпературы пад час пажару, цяпер нагадвала астылую лаву, якая прыліпала да абутку.

Як толькі яны ўзлезлі на канвеер, стала відавочным, што вентыляцыйная труба знаходзіцца значна вышэй, чым гэта здавалася візуальна. Дзяніс выцягнуў рукі ўгару, як самы высокі з рабочых – да вентыляцыі яму заставалася яшчэ каля метра. Але Снайпер загаддзя ўсё прадугледзеў. Ён узяў за плечы Рупара з Пазаліні, паставіў іх тварам да твару, паказаўшы, каб яны счапілі рукі ў замок і прыгатаваліся іх падняць. Дзяніс павінен быў лезці першым. Снайпер падвёў яго да мужыкоў і жэстам паказаў падымацца. Дзяніс схапіў мужыкоў за плечы і двума нагамі стаў на іх счэпленыя рукі. Мужыкі застагналі, падымаючы яго да вентыляцыі і Дзянісу здалося, што канвеер зрушыўся на колькі сантыметраў. У наступнае імгненне рукі Дзяніса датыкнуліся да алюмініевай вентыляцыі і ён адчуў яе паветраную лёгкасць. Вентыляцыйная засланка была забруджана тоўстым пластам пылу, які пакінуў ад сябе рабочы тыдзень, асеўшы на рашотцы шэрымі камякамі. Дзяніс згарнуў пыл далонню і без падказкі адкруціў па баках засланкі чатыры шрубкі. Знутры яму ў твар патыхнула едкім вільготна-састаялым пахам цвілі. Дзяніс на імгненне згубіў раўнавагу, але ў апошні момант утрымаўся, учапіўшыся рукамі за вентыляцыю, потым апрануў рэспіратар, падцягнуўся і ўлез унутр вентыляцыі.

Труба знутры аказалася даволі вузкай і слізкаю. Дзяніс прасунуўся наперад і паглядзеў наперад, убачыўшы, як вентыляцыя цягнулася высока ўгару нейкім падабенствам лесвіцы, прыступка за прыступкай.

Між тым, Снайпер падрыхтаваўся лезці следам за Дзянісам. Нельга было губляць ні секунды. Ён такім жа чынам, але значна марудней залез у вентыляцыю. Снайперу была прадстаўлена вузкая прастора трубы для яго шырокіх плячэй і азадак Дзяніса спераду. Яны пачалі рухацца наверх і вентыляцыйная труба загрымела, скаланаючыся ад іх рытмічных зрухаў.

Рупар з Пазаліні зачараваныя ўдалай дыслакацыяй Дзяніса і Снайпера зусім забыліся пра ўласную бяспеку і засталіся стаяць на канвееры, гледзячы на вентыляцыю, якая гайдалася з кожным прасоўваннем выратавальнікаў. А потым Рупар парушыў першае і самае галоўнае правіла – маўчаць.

– Давайце, хлопцы, лезьце вышэй! – сказаў ён.

У гэты момант Дзяніс спыніўся, каб адпачыць і яму падалося, як быццам голас Рупара абсекся на апошнім слове. Снайпер таксама спыніўся і пачаў прыслухоўвацца.

– Рыжы? – паклікаў Рупара Снайпер.

Замест яго голасу знізу пачуўся рух канвеера, ашалелы рух звышхуткаснай машыны смерці; рэшткі канвеернай стужкі аж трашчалі. Не цяжка было здагадацца, што здарылася з мужыкамі. Дзянісу хацелася расплакацца. Калі праходзіш з людзьмі цераз пекла, недарэчная смерць можа прывесці да істэрыцы. У тую хвіліну Дзяніс шчыра жадаў, каб на канвееры замест Рупара і Пазаліні апынуліся Масла з Курвай і Зінай. Аднак яму трэба было дабрацца да канчатковай мэты, хаця б дзеля сябе і Снайпера. Таму замест таго, каб безупынна біцца галавой аб алюмініевую абалонку трубы і галасіць падобнае: “Мы ўсе асуджаныя і нам не выжыць”, Дзяніс палез далей. Хтосьці казаў, што праца змяняе людзей і гэта існая праўда.

14

Адзіным зручным момантам у вентыляцыйнай трубе былі яе рыфленыя сценкі, за якія, прынамсі, можна было ўчапіцца, каб узбірацца вышэй. Труба вяла высока ўгору і з кожнай хвілінай станавілася цяжка дыхаць, а пыл прасочваўся і цераз рэспіратар. З кожным рухам Дзянісу здавалася, што труба пачынае звужацца. Ззаду соп Снайпер, а спераду яму ў твар патыхала смуродным паветрам. Яны прапаўзлі ўсяго метраў пяць, а пальцы Дзяніса ўжо паспелі пачырванець і сцерціся. Да ўсяго далучалася дакучлівае пачуццё клаўстрафобіі, якое з імпэтам нараджалася ў яго мозгу ўсё мацней. Пакутлівая аднастайнасць ціснула на псіхіку і так занадта падарваную за начную змену, і Дзяніс пачаў усведамляць, што яго розум адлучаецца ад рэчаіснасці. Упершыню ён усвядоміў, што гэта адбывалася міжвольна. Дзяніс прадставіў свой розум ядром сціснутай энергіі, якое пульсуе над яго абезрухомленым целам. Раптам на вочы навалілася непамерная дрымота, нібы ён не дакранаўся да падушкі цэлы тыдзень. І Дзянісу захацелася заплюшчыць вочы ўсяго на колькі секунд, а калі яны прайшлі, Дзяніс зразумеў, што ўжо не можа іх расплюшчыць. Разам з тым цела абмякла, з роту пацякла сліна, і ён пачаў трэсціся, як наркаман ад ломкі. Далей Дзяніс не памятаў.

Чаканім крок, выразней рухі, засталося зусім крыху!

…………………………………………………………………………………………………………………

А я ведаў, што ты хлопец не промах, таму і дапусціў у сваю гульню. Ты складаеш тую нешматлікую колькасць адшчапенцаў, хто спрабуе супрацьстаяць мне. Твая асаблівасць – ты новенькі, цябе тут ніхто не ведае, менавіта пагэтаму я і выбраў цябе. Можаш гэтым ганарыцца. Аднак не забывай, што гэта мая гульня і ты мая марыянетка.

Скажы, ты сапраўды разлічваў вось так проста, перакрыўшы адну ветку, залезці сюды і без перашкод патрапіць на дах? Магчыма, але малаверагодна. Трэба аддаць належнае, план і праўду нядрэнны. Я разлічваў, ты палезеш адзін і з табой будзе лягчэй дамовіцца. Нам ніхто не замінае? Узнікла незразумелая вібрацыя, ад якой Дзяніс ледзьве не прыйшоў у прытомнасць. Не трэба абурацца, я ведаю твае адносіны да гэтага чалавека, але калі бойка справядлівая, трэцяму ў ёй няма месца. Ці не праўда? Вібрацыя паўтарылася. Цішэй-цішэй, не страчвай свае сілы марна, якіх у цябе і так не шмат. Паслухай сюды, мне для большага апагею ўсёй гэтай драмы патрэбен каларытны фінал, які б уразіў мяне. Я даю табе невялікі шанец, зусім невялікі і хто ведае, можа ты разважліва ім скарыстаешся, хто ведае, хто ведае?!

А цяпер уяві сябе на маім месцы. Уявіў?.. Ты – велізарны механізм і з-пад твайго кантролю выходзіць два шрубы, выйсце ёсць толькі адно і ніякага іншага быць не можа, запомні – не можа. Сітуацыя такая: каб наладзіць дзеянне механізму, трэба зваротна закруціць адзін са шрубаў. Адзін закруціць, другі выкінуць. Што ты зробіш у такім выпадку? Маўчанне. Урэшце табе вырашаць…

Яго выпхнула ў рэальнасць, як корак. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў, што па пояс вылез з вентыляцыйнага люку і яго за руку трымае Снайпер, звісаючы ўніз. Твар яго быў збялелым, яны дабраліся амаль да самага даху, вентыляцыя ўжо была гарызантальнай, а адлегласць паміж падлогай і імі складала вышыню, прыкладна, пяціпавярховага будынка. Руку Дзяніса пранізваў рэзкі боль, з чаго зыходзіла, што Снайпер вісеў так ужо колькі хвілін. З носа Дзяніса цурчала кроў, крапаючы на алюмініевую вентыляцыю. Ён паглядзеў у вочы Снайпера і пад прыхаваным жахам убачыў лютую нянавісць да сябе. Ноздры Снайпера раздзімаліся, як у быка, удала параненага тарэра, а вусны былі сціснутыя ў натужлівым жаданні зрабіць Дзянісу балюча. Дзяніс зразумеў, што ў вентыляцыі паміж імі адбылося штосьці непрадказальнае. Ён учапіўся другой рукой за руку Снайпера і моцна сціснуў яе. Раўнавага засталася.

– Так, паслухай сюды, – сказаў Дзяніс дрыготкім голасам, – я думаю, што нам трэба выбірацца адсюль. Якія будуць прапановы?

Яго словы гучалі з наіўнай абуральнасцю, але ў іх была вялікая неабходнасць.

Снайпер маўчаў. Дзяніс яшчэ раз паглядзеў яму ў вочы і адчуў, што доўга не зможа ўтрымліваць яго ў сваіх руках.

– Я не ведаю, што тут адбылося, але хутчэй за ўсё гэта дзіўныя праявы канвеера, – крыкнуў Дзяніс, – не паддавайся яго выбрыкам! Ну жа?!

Снайпер зласліва выцiснуў з сябе:

– Паспрабуй разгайдаць мяне.

Але разгайдаць яго было не такта проста. З кожным імгненнем Снайпер станавіўся цяжэйшы на кілаграм. Руку так і хацелася адпусціць, кісць, здавалася, вось-вось адарвецца. У гэты момант Снайпер падняў уверх ногі і адпіхнуўся ад вентыляцыі. Дзяніс сабраў усе свае намаганні і калі Снайпер хістаўся ў паветры, паспрабаваў падцягнуць яго да сябе, моцна ўпёршыся ў адчынены люк.

– Давай, – шыпеў Снайпер.

Дзяніс напружыўся да пакольвання ў выі і паясніцы, і яшчэ на пару сантыметраў падцягнуў яго ўверх. Гэтага хапіла. Снайпер закінуў ногі і як скалалаз па стромай скале ўскараскаўся абедзвюма нагамі на трубу. Дзяніс падцягнуў яго да сябе і праз хвіліну пакутлівага змагання за жыццё, яны ўдвух аказаліся ў бяспецы. Яшчэ хвіліна пайшла на іх адыхаўку, яны не маглі прамовіць і слова, пераводзячы дыханне. Дзяніс задыхаўся і з шырока расплюшчанымі вачыма пазіраў на Снайпера. Той, у сваю чаргу, глядзеў на яго. Адсопшыся, Дзяніс прагугнявіў:

– Што тут здарылася?

– Я разбіў табе нос, – сказаў Снайпер.

– Я згубіў кантроль?

– Як толькі мы апынуліся ў трубе…

Дзяніс цяжка ўздыхнуў.

– Дах зусім блізка, – сказаў ён.

– Мы амаль каля мэты.

– Аднак разам далей лезці нельга.

– Калі мы распачалі гэты шлях разам, разам яго і скончым, – заключыў Снайпер.

– Ты не разумееш, у любую хвіліну са мной можа здарыцца анамалія. Я ўступіў у бойку з канвеерам.

– Заўваж, не толькі ты адзін…

– Снайпер, паслухай…

– Снайпер?! – здзівіўся ён.

– …у мяне былі трызненні.

– Нізкі тагасветны голас… белы пакой… кроў… канвеерная стужка…часткі чалавечых целаў… гіганцкі язык…

– Адкуль ты ведаеш?

– Я бачу гэтыя сны ўжо дзесяць гадоў, з таго самага часу, як прыйшоў сюды працаваць.

Яны замаўчалі. Знізу да іх данёсся рух канвеера: лёгкі, павольны, з невідушчай, смяротнай пагрозай.

– Тады завершым пачатае, – сказаў Дзяніс.

Знутры вентыляцыі падзьмула брудным паветрам з пылу і іншай завадской трасцы.

– Далей палезем звонку, – сказаў Снайпер.

Чапляючыся здзёртымі пальцамі за рыфленую абалонку вентыляцыі, яны прасоўваліся наперад, як слімакі па галіне дрэва. Адкуль у іх браўся моц, не ведаў ні Снайпер, ні Дзяніс. Рукі, спіна, ногі даўно спруцянелі. І толькі прага да выратавання і жыцця, надавала ім крыху пругкасці і гнуткасці. На апошнім дыханні. Трэці цэх ляжаў, нібы на далоні. Дзяніс нерашуча паглядзеў уніз і ў яго закружылася галава.

– Не глядзі туды, – папярэдзіў Снайпер. – Лепш паспрабуй дацягнуцца да форткі.

Прыблізна, метраў у двух ад яго ўжо быў шкляны дах; адна з фортак была прыадчынена. Але Дзяніс не дацягнуўся. Заставалася адно – скокнуць. Гэтая ідэя прыйшла ў яго галаву не адразу. Аднак гэта было самым рэальным шанцам патрапіць на дах.

– А што, калі я не далячу, ці не вытрымае фортка? – спытаў ён у Снайпера.

– А што, калі… Ведаеш, колькі разоў я сёння задаваўся гэтым пытаннем? – сказаў Снайпер.

Дзянісу стала прыкра і разам з тым прыступ хвалявання, у які ўжо раз за гэтую ноч прымусіў спацець яго далоні. Каб гэта не стала следствам пагібелі? Доўга не марудзячы, ён выпраміўся ва ўвесь рост. У каленных суставах адчувалася дрыготка. Ён умоўна вымераў адлегласць ад вентыляцыі да форткі і, утрымліваючы раўнавагу на слізкай паверхні трубы, злёгку прагнуўшыся, адпіхнуўся ад вентыляцыі. Абедзве рукі ўчэпіста замацавалася за драўляную раму форткі. Дзяніс падцягнуўся і ўсунуў ногі ў праём.

За акном світала. Прыемная імжа халадзіла разгарачанае цела. Ён прапоўз уніз па шкляным даху і скаціўся да бетонных парэнчаў. Спіну абліло нечаканай, рэзкай ледзяной свежасцю і ён яшчэ некаторы час праляжаў так, не рухаючыся. Абудзіў яго гук скачка Снайпера. Ён павіс на фортцы і ўжо не ў сілах быў падцягнуцца. Дзяніс падаспеў яму на дапамогу, і Снайпер неверагоднымі намаганнямі ўсё ж здолеў ускараскацца на дах. Праз хвіліну яны абодва моўчкі ляжалі каля бетонных парэнчаў, прагна глытаючы свежае паветра.

Над Мінскам падымалася блякла-жоўклае сонца і з даху асабліва добра былі відаць яго цнатлівыя промні, што так няўцямна траплялі на паверхню горада.

– Мы жывыя, – суха прамовіў Снайпер і Дзяніс толькі кіўнуў галавой.

Яны сапраўды засталіся жывымі. Дзяніс ляжаў на спіне і зацята думаў аб сваім жыцці. Хто я? Навошта я? Што мне трэба рабіць? Адвечныя філасофскія пытанні штурмавалі яго розум. А потым ён заплакаў, але нягучна, так, каб не пачуў Снайпер. Слёзы былі чэрствыя і ад іх лягчэй не ставала. Дзяніс адчуў сябе кінуты ўсімі. Якісьці пісьменнік казаў, што толькі па-сапраўднаму адзінокі чалавек імкнецца на чужыну, і ён меў рацыю. Цяпер Дзяніс разумеў Іру і яе жаданне з’ехаць. І ён таксама калі-небудзь з’едзе, з’едзе куды падалей, далей ад адзіноты, ад канвеера, ад гэтых людзей, каб знайсці супакой і зачараванне ў мары.

З цэха пачулася рыпенне, а па даху пракацілася вібрацыяй. Дзяніс расплюшчыў вочы і пераглянуўся са Снайперам. Канвеер спыніўся. Ці на доўга?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю