355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Латыголец » Канвеер » Текст книги (страница 4)
Канвеер
  • Текст добавлен: 9 апреля 2017, 08:00

Текст книги "Канвеер"


Автор книги: Андрэй Латыголец


Жанры:

   

Киберпанк

,

сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 15 страниц)

Ён працягваў вырабляць камеры, завозіць цележкі і нечакана для сябе заключыў, што можна закінуць вучобу і ўладкавацца на “Тытан”. Больш таго, дзесьці, падсвядома, у глыбіні сэрца, ён разумеў, што канвеер робіць з яго дарослага чалавека, які больш-менш адказна ставіцца да сваёй працы і супрацоўнікаў. Ад падобнага доваду Дзянісу стала нязручна знаходзіцца ў межах свайго цела, яму захацелася залезці пад халодны душ і пазногцямі здзерці з сябе скуру. Ён вельмі не хацеў сталець. Гэта было кепска. Хіба можна здрадзіць уласным фокусам і не вылузвацца, каб навакольнае грамадства не круціла пальцам каля скроні, хіба можна перастаць выскаляцца перад сябрамі ці бацькамі, якія не будуць пытаць: “Калі ж ты ўрэшце станеш дарослым?”

“У дупу, – думаў тады Дзяніс, – я такі, які я ёсць”.

Але гэта было раней. А цяпер? Цяпер ён вагаўся і, мабыць, змог бы здрадзіць сабе, закрыць на ўсё вочы і стаць канфармістам.

На дзесяці хвілінным перапынку да яго падышла адна з жанчын, тая, што была з хлапечай прычоскай.

– Цяжка, бачу, табе, паставілі на адказную аперацыю. А ты, мусіць, першы раз на канвееры працуеш? – спытала яна здушаным голасам, як быццам яе шыю сціснулі рукамі і прымусілі гаварыць.

Дзяніс кіўнуў галавой.

– Ну нічога, спачатку заўжды цяжка – прывыкнеш.

Яна, відавочна, хацела распачаць з ім гутарку, аднак Дзяніс гэтага зусім не жадаў. Ён кіўнуў у чарговы раз і падумаў: “Чаго табе ад мяне трэба, карова, адчапіся?!”. І жанчына, нібы пачуўшы гэта ўслых, адразу адышла да свайго працоўнага месца.

На перапынку да дзяўчыны з адпаліраваным тварам падышла Курва. Яны аказаліся сяброўкамі. Курва лузгала семачкі і прыглушана аб чымсьці распавядала. Дзяніс асабліва не прыслухоўваўся, але заўважыў, што калі дзяўчыны смяяліся, іх нахабныя позіркі адсылаліся ў яго бок.

“Дурніцы”.

Між тым яму заставалася працаваць яшчэ дзве гадзіны. Лёгка. Ён нават быў гатовы адрабіць і трэцюю змену, аб гэтым сведчылі сілы, якія заставаліся ў яго целе і зарад дагэтуль небывалага энтузіязму. Тым больш боль у паясніцы знікла і хацелася стаханаўскіх рэкордаў.

Памятай! Праца – найвышэй усяго!

Чакаючы, пакуль прэс сцісне маразільную камеру, Дзяніс агледзеў сваё працоўнае месца і да яго дайшло, што яго разумовая тэрапія не кранула гэтых трох баб. Хоць яны і не цікавілі яго, як вартыя гэтай працэдуры персанажы, аднак усё ж з імі прыходзілася працаваць і неяк да іх звяртацца. Перад Дзянісам паўстала ежа для разважання на апошнія гадзіны працы.

Першай, каму ён вырашыў даць чарговае «паганяла», стала дзяўчына з адпаліраваным тварам. Дзяніс пачаў прыглядацца да яе твару.

“Што, калі пацалаваць яе? Хутчэй за ўсё на вуснах адчуецца прысмак бліноў з маслам”.

Яму было дастаткова ключавога слова і можна выносіць канчатковы вердыкт. Так і адбылося. Масла! Нічога больш ідыёцкага не здолеў бы прыдумаць ніхто. Але на гэта Дзяніс і быў тым Дзянісам, якім яго ведала пераважная большасць знаёмых.

Наступнай ахвярай стала жанчына, у якой быў непрыемны здушаны голас. Асацыяцыя прыйшла мімаволі.

“Нібы адчайнае мяўканне ката, якому дзвярамі прыціснула яйкі. Толькі яна жанчына! Значыць котка. Але ў коткі няма яйкаў! Халера з ёй. Буду называць яе Мявутам. “Гэй, Мявут, закрый рот, ці скажы выразней”.

Дзяніс стрымліваў сябе, каб не зарагатаць.

На трэцюю жанчыну, праўду кажучы, ён бы ніколі не звярнуў увагі. Ну акрамя, як на яе тлустыя лыткі з варыкознымі венамі, што ставала гідка.

"Баба, тупая працоўная баба. Баба Зіна! Вось цікава, калі ў яе і імя адпавядае мянушцы”.

На гэтым і вырашыў.

Апошнія гадзіны паступова вычэрпваліся, а канвеер, з кожным імгненнем, здаваўся Дзянісу ідэальным месцам для працы, бадай, лепш, чым выкладаць у школе, што свяціла яму па дыпломе.

Пад канец змены да яго падышоў Снайпер і працягнуў руку.

– Да заўтра, – сказаў ён, усміхнуўшыся.

Снайпер быў адзін з першых, хто падышоў да яго і на развітанне паціснуў яму руку.

“А гэты Снайпер не благі мужык”, – падумаў Дзяніс.

На гэтым працоўны дзень быў скончаны.

5

Субота. Тыдзень прайшоў незвычайна хутка, як звышхуткасны цягнік па рэйках. Дзяніс пераканаўся, што хапала яму толькі пераваліць мяжу серады, і тыдзень знікаў. Галоўнае, ператрываць панядзелак з аўторкам. І так паўсюль.

Наступныя будні праходзілі пад эгідай трэцяй змены, таму можна было расслабіцца.

Прачнуўшыся каля дванаццаці гадзін, Дзяніс адчуў боль у далонях, а калі паспрабаваў сціснуць кулак, боль праслізнула па ўсёй кісці. Вось і першыя прыкметы карпатлівай працы. Снайпер усё ж меў рацыю. Выходзіць, што канвеер, як болесуцішальны механізм – калі працуеш, стомленасць не адчуваецца, а калі выходзіш за прахадную, цела ные, нібы яго збілі палкамі. Канвеер выціскаў свае сокі. З такімі думкамі Дзяніс падняўся з канапы.

Дома нікога не было. Бацькі, хутчэй за ўсё, паехалі на кірмаш. На кухонным стале ён знайшоў цыдулку, у якой былі пазначаныя каардынаты сняданку. Дамашняя лядоўня прыўносіла сапраўднае замілаванне.

Прыняўшы душ, Дзяніс сеў за кампутар і зайшоў “у кантакт”. На яго старонцы было тры паведамленні. Першае ад Іры і два ад сяброў па ўніверсітэце. Іра напісала, што з’язджае з мамай на лецішча. Гэта істотна сапсавала Дзянісу настрой. Паведамленне не выратавалі нават смайлікі ў выглядзе пацалункаў. Аднак две наступныя навіны адразу ўзбудзілі ў ім хвалю энтузіязму. Гэтыя два паведамленні па-змоўніцку прывабілі яго думкі, яны бясспрэчна валодалі тэлепатычнай сувяззю, таму што змест іх дзіўным вобразам пераплятаўся.

Субота!

Ну як жа?

Надышоў час трэш-чаду.

У першым паведамленні Ілля ўрачыста абвясціў: “Сёння дзень сабутэльніка”. У другім Міха пазначыў: “Збор у семнаццаць нуль-нуль каля ўнівера”.

Дзяніс пачухаў патыліцу.

Ён як ніхто іншы ведаў, што калі збіраліся яго сябры – абавязкова будзе п’яны чад. Пазбегнуць які было немагчыма. Проста не рэальна. Гэта была своеасаблівая заканамернасць. Прынамсі, яна вынікала з апошніх групавых сабантуяў.

Яшчэ была жывая памяць аб разбітых галовах з мінулага дня студэнта, калі на плошчы Незалежнасці, каля помніка Леніну, схвоснуліся дзве варожыя групоўкі гістфака і матфака. Спачатку пілі разам. Потым хтосьці прапанаваў падужацца на руках. У выніку матфак прайграў. З’явілася крыўда. Далей па храналогіі Дзяніс убачыў перад носам нагу раз’юшанага матфакаўца і пачуў за сабой гук прамой падачы ў сківіцу. У тую ж хвіліну яму ж перапала па вуху, у вачах з’явіліся зорачкі, яго на некаторы час адключыла, а потым у стане афекту, Дзяніс пачаў махаць кулакамі. Як вынік: разбітае брыво і ранка на шчацэ.

У п’яным чадзе яны валтузіліся і паміж сабой. На першым курсе, распіваючы гарэлку непадалёк ад набярэжнай Свіслачы, Нікіта Ашукевіч схапіў “вавёрачку” і каб яго супакоіць, вынаходліваму Колю Зубайла прыйшлося выкінуць яго ў рэчку, каб той трохі астыў. Радасны Нікіта пераплыў на другі бок, дзе яго ўжо чакаў патруль тутэйшых мянтоў.

Ва ўніверсітэце гэтую кампанію спрабавалі абмінаць і лічылі пякельнымі гопнікамі.

А цяпер Дзяніс стаяў перад фактам і думаў: ісці ці не?

Адным з “залатых правілаў” кампаніі было – ніякіх дзяўчын.

Другім: калі ты прыйшоў – будзь добры нажэрціся.

“Іра з’ехала на лецішча”, – прыкінуў Дзяніс.

Што ж, гэта была субота і гэта павінен быў быць трэш-чад.

Дзяніс крутнуўся на крэсле і пракрычаў на ўвесь пакой:

– Я хачу, чорт пабірай, нажэрціся!

…Субота выдалася па-летняму спякотнай і асабліва ў цэнтры горада. Яшчэ здалёк, выходзячы са станцыі мятро “Плошча Леніна”, Дзяніс заўважыў каля галоўнага ўваходу ў БДПУ падазроную хеўру хлопцаў. Сэрца хвалююча закалола.

“Толькі без інцыдэнтаў”, – супакойваў сябе Дзяніс.

Ён ужо ўяўляў феерычную заслону ў канцы апошняга дзеяння п’янкі, разумеў і тое, што наступствы могуць прывесці да датэрміновага выключэння з шэрагаў працоўных мас, і тады не відаць Дзянісу яго гітары, таму каб, у лепшым выпадку, не патрапіць “на суткі”, неабходна было трымаць дыстанцыю.

“Толькі без інцыдэнтаў, добра?”

Падыходзячы бліжэй, ён разглядзеў хаўрус. Гэта былі: Коля Зубайла – дзікі гопнік з Малінаўкі, Лысы – традыцыйны скінхэд і Жорык – псеўда-металіст. Яны, як прыкмеціў Дзяніс, былі ўжо нападпітку.

– О, Дзёня, прыйшоў, – загарлапаніў Коля, убачыўшы Дзяніса.

Дзяніс, падышоўшы, павітаўся з усімі і адразу спытаў:

– Яшчэ хто будзе?

– Я тэліў Андрэю, ён абяцаў сабраць усю банду.

Стаялі.

– Ну дык вось, – распачаў Коля, відавочна, перапыненую гутарку, – стаю я ля крамы, карашоў сваіх чакаю. Падыходзіць! З выгляду, звычайны мужык, чымсьці, падобны… ну на выкладчыка нашага па Гісторыі Беларусі… Пралецкага, во! А я, тыпа, ні пры справах, стаю і цыгарэту папальваю. Падыходзіць да мяне і пытае: “Малады чалавек, не дасцё прыкурыць?” Ну я што, дастаў запальніцу, працягнуў яму, ён узяў. Прыкурыў значыць, запальніцу вярнуў і стаіць побач, не адыходзіць. Я ад яго адвярнуўся, а ён мне і гаворыць: “Слухай, хочаш грошай зарабіць?” Хто ж не хоча, вядома я захацеў! Ну мы адышлі падалей. І гэты хрэн куртаты на вуха мне і кажа: “Давай я ў цябе адсмакчу”. Вось гандон пляшывы! Я рэзка ад яго адхіліўся і ўжо прыгатаваўся размажджэрыць яму лыч, а гэты афэлак гліст стаіць і ўсміхаецца мне. “Не пашкадуеш, – енчыць, – добра заплачу”. У мяне ўжо з рота амаль зрываецца сказаць: “Ды пайшоў ты, підар, на…”. Як у маім мозгу ўзнікае думка.

– Даць яму адсмактаць?! – перабіў Колю Лысы і ўсе зарагаталі.

– Га-га, ёлупы, далей слухайце… Карацей, я як быццам бы згадзіўся.

Хлопцы душыліся ад смеху.

– Мы зайшлі за краму, да кантэйнераў са смеццем і ён адразу ж на кукішкі сядае, і вусны свае паганыя аблізвае. Ведалі б вы, якая мяне тады агіда разабрала, усведамляючы, што перада мной сапраўдны закончаны гомік. Я і кажу: “Пачакай, мы не дамовіліся на конт грошай”. Ён увішна дастаў з кішэні кашалёк, зашамацеў у пальцах стодаляравай купюрай і паклаў зваротна. “Грошы ёсць”, – сказаў, – komm zu mir, мой хлопчык”. Тады я падышоў бліжэй, а той ужо і рукі да шырынкі маёй цягне…

Коля вытрымаў невялікую паўзу, паглядзеўшы, як хлопцы, паадчыняўшы раты, чакалі працягу гісторыі і выгукнуў:

– І як дам яму з калена па зубах, што аж іскры пасыпаліся, сур’ёзна! Ён, канечне, зваліўся на глебу і заскавытаў, як шчаня. Я маментальна абмацаў яго па кішэнях, знайшоў спачатку вадзіцельскае пасведчанне, потым дастаў і кашалёк, а ў ім, каб вы ведалі – пяць сотняў “грыноў”.

– Шкада, – цмокнуў Лысы, – я думаў ты ўсё ж дасі яму адсмактаць.

– Ды пайшоў ты, прыдурак! – гыркнуў Коля і піхнуў Лысага ў грудзі. Дзяніс з Жорыкам адразу перахапілі абодвух.

– Скажы мне яшчэ што-небудзь, крэтын! – крыкнуў з-за спіны Дзяніса Коля. У адказ Лысы, за спінай Жорыка, паказаў непрыстойны жэст языком за шчакой.

Праз некаторы час яны супакоіліся, але засталіся стаяць на адлегласці паміж хлапцамі.

– А што ты зрабіў з грашыма? – для разрадкі канфлікту спытаў Дзяніс.

– Сотню ў той жа вечар прапілі, а астатнія чатыры сабе пакінуў.

Потым падышоў Міха, следам за ім і Ілля з бутэлькай піва. Хлопцы павіталіся. Яны таксама былі падшафэ.

– Што нахмураныя такія, яшчэ не паспелі ўляпіць? – звярнуўся да ўсіх вясёлы Міха.

– Зараз я камусьці паміж вачэй уляплю! – чырванеючы, прашыпеў Коля.

– Стоп-стоп, – пачаў суцішаць яго Дзяніс, разумеючы, што зараз можа адбыцца выбух небывалай агрэсіі.

– А ты што вякаеш, талапень, табе таксама захацелася?! – Коля быў не на жарт раззлаваны.

– Калян, супакойся!

– Не выводзь мяне, Дзёня!

Дзяніс сумеўся і ўсе астатнія адчулі сябе прыгнечанымі. Аднак у ролі арбітражу выступіў усё той жа Дзяніс, хутка змяніўшы тэму.

– А Кірыл дзе? – спытаў ён у Міхі.

– Кірыла не будзе, ён паехаў у свае Дрысвяты, – адказаў, спахмурнеўшы Міха.

– Як заўжды, наш барабаншчык толькі на рэпы да нас ходзіць. З ім не пагаварыць і не выпіць…

– Галоўнае, каб у бас-бочку грукаў, – сказаў Ілля.

Адбылася кароткатэрміновая паўза.

– Ну і як ваш гурт? – пацікавіўся Лысы.

– Выдатна, толькі музыканты граць ня ўмеюць, – падагульніў Міха.

– Ой, слухай, хто б казаў! – абурыўся Дзяніс.

– Ды годзе вам ужо, усе мы іграць ня ўмеем, – заўсміхаўся Ілля.

– Добры, я бачу, у вас гурт, – прасіпеў Жорык.

– Панкі галімыя, – буркнуў Коля, – шансон трэба слухаць, вось у мяне на мабіле класная тэма ёсць.

Коля дастаў з кішэні мабільнік і ўключыў Круга. Усе зрабілі выгляд, што слухаюць, каб, не дай Божа, пакрыўдзіць Яго Вялікасць гопніка з Малінаўкі.

Праз колькі часу да ўніверсітэту падышлі Андрэй з Сяргеем, Юрась, Косця і Лёня (у побыце празваны Кіслотнікам). Дарэчы, гэтую мянушку ён атрымаў ад Андрэя. Справа ў тым, што ў юначыя гады Лёня практыкаваў на сабе ўжыванне разнастайных галюцынагенаў, асаблівую ўвагу надаючы фенабарбіталу.

Банда з адзінаццаці чалавек была ў зборы і рушыла ў найбліжэйшую краму, якая знаходзілася ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Узялі мінімальна: сем бутэлек гарэлкі, напою “Сняжок” і батон з маянэзам; Дзяніс купіў пачак чыпсаў. Потым на выхадзе вырашалі куды пайсці. Аднагалосна пагадзіліся накіравацца да ўніверсітэцкага стадыёну. Дзень быў цудоўны і гэта было, бадай, найлепшым месцам для распівання алкаголю. Вакол стадыёна раслі каржакаватыя клёны, а каля сцяжынак, якія праходзілі паміж імі, меліся старыя, аблезлыя лаўкі.

Да стадыёну ішлі па купках, кожны ў сваёй міні-кампаніі, якая знайшла агульную тэму для гутаркі. У пакетах бразгаталі бутэлькі і прахожыя міма людзі разумелі, што хлопцам сёння будзе весела.

Горад патанаў у салодкай млявасці, а ў паветры адчуваўся водар ліпы ўперамешку з машынным палівам і людскім потам. Але не зважаючы на такі экстравагантны сінтэз, паветра гэтае хацелася прагна ўдыхаць. У Дзяніса аж апетыт з’явіўся.

На стадыёне аказалася амаль бязлюдна, не ўлічваючы пары смаркачоў, якія ганялі мяч па полі, уздымаючы на ім клубы пылу. Далей, непасрэдна, куды імкнуліся хлопцы, па сцяжынках кляновага масіва, праходзілі людзі: хтосьці выгульваў сабаку, а хтосьці проста шлындаўся без справы. Знайшоўшы прыдатную лаўку ў засені пад галінамі старога клёну, хлопцы разбілі свой лагер. Адтуль адчыняўся добры від на стадыён і на ПТВ, якое размяшчалася побач. Часам, хлопцам выпадала гуляць у футбол з тутэйшымі пэтэвушнікамі. Пэтэвушнікі, часцей, прайгравалі, матывуючы гэта тым, што самыя лепшыя гульцы не прыйшлі і таму… Смешна было слухаць, калі прадставіць, што ў футбол гуляў Дзяніс і астатнія персанажы тыпу Міхі і Іллі.

Разліваў па традыцыі Андрэй, як самы старэйшы, яму той вясной споўніўся дваццаць адзін год. Усе пабралі пластыкавыя шкляначкі і, атрымаўшы першыя пяцьдзесят грам, без асаблівага тоста ўжылі гарэлку. Па нутры расцяклася пякучая вадкасць, паступова развязваючы хлапцам языкі.

– Прыкіньце, майго братана на зоне ў актывісты выбілі. Я ў поўным шоку. Каб ён ды пад мусарамі хадзіў!.. Газетку нам надоечы прыслаў, а там яго фэйс задаволены. Чаго ён радуецца?! Спярша быў у поўнай адмове, а цяпер… Я падзяліўся навінай з адным знаёмым дзецюком, дык ён мне заявіў, што калі Толік адкінецца, адразу начэша яму храпу. Мы з маці напісалі брацельніку ліст, ну вядома, старая там соплі свае гаротныя размазала, а я ўжо ў самым канцы прыпісаў, каб ён ачухаўся і выбіў гэтую дурнату з галавы, – сказаў Андрэй.

– Я чуў, што актывісты там не ў пашане, – як звычайна з’едліва прамовіў Сяргей.

– Актывісты – казлы, няма чаго з адміністрацыяй супрацоўнічаць, – дадаў разгублены Андрэй.

Выпілі яшчэ пяцьдзесят. Праз колькі хвілін аказалася, што ў партфелі Юрася ляжаў не дапіты ім двух літровы слоік піва. Андрэй, Дзяніс, Юрась і Кіслотнік адразу адмовіліся запіваць гарэлку “Сняжком”. Што тычылася Дзяніса, то ён на дух не пераносіў гэты напой – пасля яго ў роце заўжды заставаўся горкі прысмак таннай гарэлкі. Для пэўнасці праверылі яшчэ і партфель Дзяніса, спадзяючыся, што і ён мог хаваць там што-небудзь карыснае. Аднак акрамя кніжак і залікоўкі нічога вартага не знайшлі.

– Тады на халеру ты яго з сабой цягаеш? – спытаў Коля.

– Звычка, – усміхнуўся Дзяніс, – проста мне патрэбна адчуванне вагі.

– Я таксама не магу без свайго заплечніка, асабліва, калі па кірмашы ходзіш, сцібрыў пару яблыкаў у чорнадупых і пайшоў сваёй дарогай, – сказаў Кіслотнік.

– Слухай, Дзёня, пакладзі ў яго мае ключы, а то сёння ўсякае можа быць, вываляцца яшчэ з кішэні, – сказаў Коля. – Ён у цябе хоць не дзіравы?

– Крыўдзіш, кладзі – усё, як у камеры захоўвання.

– За адно і мае ўкінь, – звярнуўся да Дзяніса Кіслотнік, – а то ў мяне кішэні дзіравыя.

Гэта нікога не здзівіла.

Выпілі зноў і Дзяніс адчуў, як яго розум спакваля пачынаў паглынаць хмельны тлум. З часам знікла абаянне, навакольная рэчаіснасць і непасрэдна часовы арыенцір. Уся ўвага была сканцэнтравана на падобным сабе.

– А я сёння ва ўніверы Рагуліна бачыў, калі адліць забягаў, – сказаў Жорык. – Ашываўся там каля раскладу з нейкай выдрай.

– Такое адчуванне, быццам усе прэподы на студэнтках памяшаныя, – сыкнуў Андрэй.

– Добра, што не на студэнтах, – засмяяўся Юрась.

– Курвіносы! – ашчэрыўся Косця.

– Хаця, ёсць некаторыя асобы. Успомнім, да прыкладу, першы курс, – сказаў Дзяніс і выкінуў наперад руку, як багемны паэт, які збіраецца дэкламаваць свае вершы. – Шаноўнае спадарства, калі ласка, паглядзіце на гэты малюнак. На ім юны Апалон. Звярніце ўвагу, як ён грацыёзна стаіць на двух нагах, прасачыце, як скульптар удала ўвасобіў у гэтым барэльефе боскую моц: кожны мускул напружаны, позірк рашучы. Ах, якая вытанчанасць, ах, якая мастацкая дасканаласць, ах, я зараз вывергну сабе ў порткі…

Усе зарагаталі.

– Малініцкі! – буркнуў Коля. – Той яшчэ стары підар.

І пакуль хлопцы прыняліся абмяркоўваць выкладчыка па гісторыі старажытнай Грэцыі і Рыму, Дзяніс пабег пад дрэва. Да яго далучыўся Міха. Яны знайшлі самы вялікі клён, расшпілілі шырынкі і заняліся бессаромны ўгнаеннем глебы. Дзяніса ўжо добра хістала, але на нагах ён пакуль яшчэ трымаўся.

– Слухай, Дэн, у цябе бывала калі-небудзь такое адчуванне, што ты разумеў: табе трэба дзейнічаць, браць усе ў свае рукі, пад свой кантроль, але смеласці асабліва не хапала? – спытаў яго Міха, упіраючыся адной рукой у тоўсты камель і, пагойдваючыся на месцы.

– Заўсёды, – адказаў Дзяніс, разумеючы куды хіліць Міха і, трохі падумаўшы, дадаў: – Часцей у прысутнасці Іры. Я ведаю яе не так ужо і даўно, але за гэты час паспеў яе добра вывучыць. Аднак, бывае, глядзіш ёй у вочы, а ў яе яшчэ позірк такі незвычайны, ну гэта бачыць трэба, як у Алісы з краіны цудаў, якая сутыкнулася са звышнатуральным, і разумееш: ні чорта ты яе не ведаеш і страшна нават робіцца. Такое адчуванне, нібы памяншаешся ў памеры на яе вачах, ператвараешся ў бездапаможную істоту. Гэта зусім не з-за розніцы ўзросту. Проста, часам, здаецца, што мы зусім розныя, а потым праходзіць імгненне і я ўжо не бачу больш ідэальнай пары на гэтым свеце. Ці, можа, я блага разбіраюся ў жанчынах?..

Вярталіся назад моўчкі, гаварыць не хацелася адначасова абодвум. Тым часам каля лаўкі адбывалася наступнае відовішча: Коля, а гэта ўжо было пачаткам п’янага чаду, адціскаўся на кулаках, Андрэй з Сяргеем, Лысым і Жорык, відавочна, здавалі крос, бегаючы вакол стадыёну, а астатнія вялі гучную спрэчку. Дзяніс і Міха падышлі да апошніх.

– Косця, ну адкажы мне, навошта ты з намі заўжды па-беларуску размаўляеш, – амаль не навісаў над ім расчырванелы Юрась. – Мне вось, напрыклад, брыдка чуць гэты нязграбны дыялект рускага прыслоўя ўсходне-заходняга краю.

– Па-першае, – абурыўся Косця, – гэта мова вялікалітоўская, а не нейкі там дыялект рускай, і тым больш выдуманай беларуская мовы, як, у прыватнасці, і назва гэтай краіны, дарэчы, прыдуманая рускімі ў XVI стагоддзі.

– Гэта я і без цябе ведаю.

– Па-другое – яна славянская, шчыльна звязаная з традыцыямі старажытных ліцвінаў і іх моўнымі асаблівасцямі, возьмем хаця б “дзеканне” і “цеканне”. У параўнанні з рускай мовай, што мае ў сваім фразеалагізме сумесь татарскіх і фіна-вугорскіх запазычанняў, нашая мова можа з пашанаю насіць званне самай крыштальна чыстай старажытнай мовы сярод усходніх славян. На вялікалітоўскай мове вялося справаводства ВКЛ – носьбіта нашай сапраўднай нацыянальнай дзяржаўнасці, якую цягам часу спрабуюць адправіць у нябыт.

– Ужо адправілі: спярша Польшча, а потым Вялікая Руская Імперыя.

– Руская імперыя – турма народаў! – вякнуў Кіслотнік.

– Па-трэцяе, – не звяртаючы ўвагі на заўвагі, рашуча наступаў Косця, – ад вас, Юрый, цягне маскальскім шавінізмам, які не мае пад сабой больш-менш аргументаваных падстаў.

– Гэта не шавінізм – гэта ісціна. Няма ніякіх беларусаў і ўкраінцаў – ёсць агульная вялікаруская нацыя.

– Як можа нацыя складацца з расава непаўнавартасных? І ўвогуле, што ты маеш на ўвазе пад тэрмінам “рускія”, сучасныя рускія, вядома; таму што, не сакрэт, справядліва будзе называць рускімі ці русічамі сучасных украінцаў.

– А вас маскавітамі! – закончыў за Косцю Кіслотнік.

– Што ты вярзеш, што за эпічнае, што нават за быліннае глупства лунае ў тваёй галаве, што за вар’яцкія думкі… – твар Юрася набыў чырвонае адценне. – Такога ніколі не будзе, чуеш!

– Паглядзім, – рашуча сказаў Косця. – Створым канцэнтрацыйныя лагеры для ўсіх непаўнавартасных славян!

Юрась адышоў і нервова запаліў. Дзеля пабрацімства налілі яшчэ па пяцьдзесят, Косцю налілі ўсе сто і горача выпілі.

Сваю порцыю Дзяніс не закусваў. Гэта значна падсякло яго свядомасць. Неўзабаве яму пачало здавацца, што яго голас робіцца непадуладны яго розуму, і выдае на экзістэнцыяльным узроўні невядомыя рэчы, больш таго, Дзяніс не пазнаваў свайго голасу – ён быў чужым, як быццам набожны бас манаха, які чытае верш сілаба-танічнага складання. На імгненне Дзяніс адключыўся. У памяці з’явіліся дзіркі. Збольшага ён памятаў, як да іх падышлі стомленыя бягуны. Потым Коля, адціснуўшыся пяцьдзесят раз, прапанаваў усім падужацца.

“Ну вось, пачалося!”

– Падыходзь па адным, – закрычаў асілак з Малінаўкі, – будзем здаваць на крапавы бярэт!

Жаданне пазмагацца выявілі Дзяніс, Міха, Андрэй, Лысы, Жорык і Сяргей. Разумнейшыя адышлі падалей. Першым, як не дзіўна, наляцеў Коля, абраўшы ахвярай нізкарослага Сяргея. Аднак Сяргей аказаўся ўстойлівым хлопцам і Коля, каб не страціць аўтарытэту заўзятага вулічнага байца, пачаў ужываць кропкавыя ўдары нагамі і завяршыў паядынак дакладным хукам у сківіцу суперніка, які ў тое ж імгненне быў абезрухомлены. Андрэй спужаўшыся, закрычаў:

– Калян, стапэ!

На Колю адразу ж наваліўся Лысы, і пачаў прэсаваць яго мясістыя плечы абцасамі сцёртых камілотаў, за Лысым на Колю рынуліся Жора, Дзяніс і Міха. Андрэй паспрабаваў спыніць бойку, адцягваючы ўсіх за рукі, але незаслужана атрымаў сіняк пад вока. Дзяніс таксама быў абяззброены, прачуўшы ўдар у вобласць сонечнага спляцення і, адышоўшы ад кучы на колькі крокаў, паваліўся ніц… Усё. Далей ён, роўным рахункам, нічога не памятаў, як скрозь зямлю праваліўся.

Прыйшоў у сябе Дзяніс, адчуваючы, што ванітуе, седзячы на лаўцы. Зладзіўшы вынітавыя пазывы, ён паглядзеў па баках і ўбачыў, што на другім канцы лаўкі ляжаў непрытомны Андрэй, а пад ім утварылася гадкая лужына, якая нагадвала карціну мастака-імпрэсіяніста, ад чаго ванітавыя пазывы ў Дзяніса ўзнавіліся з новай сілай. Праз колькі часу яму стала лягчэй і ўзнікла пачуццё цвярозасці. Неяк падняўшыся з лаўкі, Дзяніс зразумеў, што ўсё яшчэ знаходзіцца каля стадыёна. Трохі воддаль стаялі Коля, Сяргей, Міха, Ілля і Лысы з Жорыкам. Палілі.

– А дзе астатнія? – спытаў Дзяніс.

– Разыйшліся, сказалі, што піць з намі болей не будуць. Мы – гопнікі і быдла, – сказаў Міха.

Цяжка было з імі не пагадзіцца. Дзяніс паглядзеў на незадаволены твар Колі, разбiты лоб Сяргея і сіняк пад вокам у Лысага.

– Што ж… трэба выпіць, – прапанаваў Дзяніс.

– Было б што, – сказаў Ілля.

– Тады трэба ісці ў краму, – настойваў Дзяніс.

– Хопіць на сёння, – сказаў Коля, зласлiва гледзячы на Лысага.

Дзяніс адышоў, зноў сеў на лаўку і запаліў. Алкагалічная анестэзія, якая здаралася з ім ня часта, але калі яна ўсё ж такі здаралася, звычайна, на раніцу, Дзяніс размаўляў з унітазам, паглынула яго свядомасць сівой імгой. Ачухаўся ён, калі ўся кампанія падыходзіла да Кастрычніцкай плошчы. Горад ужо засмоктвала ў вячэрні прыцемак. Паўсюль гарэлі яскравыя агні і туды-сюды сноўдалася чырвонапысая моладзь. У Дзяніса ўзнікла адчуванне лёгкай эйфарыі – ён прачнуўся і свята толькі пачыналася. Падыходзячы да плошчы з боку Дома Афіцэраў, хлопцы заўважылі людскі гармідар каля рэкламнага экрана, па якім транслявалі футбол. Людзі пілі, закусвалі і напружана назіралі за відовішчам, якое разгортвалася на зялёным полі. Падышоўшы бліжэй, Дзяніс заўважыў, што ўвесь натоўп быў разгалінаваны на дзве часткі: бліжэйшыя да экрана, а гэтая частка складала пераважную большасць, трымалі ў руках расейскiя сцягі, а ўжо за імі, над астатнімі, не больш пяцідзесяці чалавек – развіваўся гішпанскі сцяг. Усё мацней чулася: “Ра-се-я!” І, дзесьці, у самым хвасце: “Оле-оле-оле-оле, Гiшпанія, давай!”

– Ну, што, пайшлі бліжэй да экрану, – прапанаваў Андрэй.

– Не, я пайду да гішпанцаў, – сказаў Міха.

– Што так? – не зразумеў яго Сяргей.

– Я хачу быць у меншасці, а за Расею скандуе большасць.

– Ну і здраднік, мы з Расеяй адзін брацкі народ, – сказаў Коля.

– А спрачаемся, што вашая Расея прадзьме, – умяшаўся Ілля. – Я ў футболе не разбіраюся, аднак што такое Расея ў параўнанні з Гiшпаніяй.

– Ведаеш, Гітлер таксама шмат чаго думаў, – сказаў Андрэй і звярнуўся да Дзяніса: – Ну а ты?

– Пляваў я наогул і на Расею, і на Гiшпанію, футбол мяне ніколі не цікавіў, аднак пры такім падыходзе я згодзен з Міхай – “расейцаў” больш, я падтрымаю меншасць.

Яны разыйшліся ў розныя бакі.

Падыходзіць да гішпанскіх балельшчыкаў прыходзілася праз рускіх. Хлопцы пераступалі цераз не дапітыя бутэлькі з гарэлкай, міналі ачмурэлых гопнікаў, якія крычалі невыразныя клічы, пырскаючы слінай у твар, скінуўшы майкі і, выставіўшы на агляд свае піўныя пуза. Урэшце, яны дабраліся да сваёй мэты. Гiшпанскія балельшчыкі пілі піва; размалявалі твары ў гішпанскі нацыянальны колер, а барадаты мужык у шлеме канкістадора трымаў у руках яскравы гішпанскі сцяг. Хлопцы падышлі бліжэй і далучыліся да балельшчыкаў. Праз колькі часу яны ўжо заўзята скакалі разам з імі і выкрыквалі: “Гiшпанія, давай! Верым у перамогу!” За найбольш актыўнае гарлапанства, хлопцаў нават пачаставалі дармавым півам. Дзяніса па-сапраўднаму каўбасіла, Ілля пазнаёміўся з п’янай малалеткай, Міха размаўляў з барадатым мужыком аб трагічнай гісторыі ВКЛ. Усё выглядала даволі міралюбна, пакуль Расеі не ўкацілі першы гол. Дзяніс заўважыў, як натоўп наперадзе рэзка замер і па плошчы пракаціўся гуд расчаравання. У тую ж хвіліну “гішпанцы” радасна закрычалі, і Дзяніс убачыў, як з боку русейскiх фанатаў да іх паляцелі шкляныя бутэлькі. “Гiшпанцы” адказалі тым жа. Зусім недарэчы Дзянісу захацелася схадзіць па патрэбе. Выйдучы з шэрагаў балельшчыкаў, ён адчуў, што прыціснула яго вельмі моцна, а бегчы ў задворак было занадта позна. Позіркам ён знайшоў, недалёка ад Палацу Рэспублікі, кветнік з рознакаляровых сцяжкоў, сярод якіх перавага была аддадзена чырвоным, зялёным і белым. Аднак Дзяніса гэта не збянтэжыла. Ён рашуча пабег у той бок. Аснову кветніка складалі кардонныя транспаранты, на якіх было напісана: “Квітней Беларусь”. Дзяніс не знайшоў часу, каб агледзецца і шпарка пералез праз кветнік. Слухаючы прыемнае рыпенне сцяжкоў пад павевам лёгкага ветрыку, Дзяніс расшпіліў шырынку і на працягу некалькіх хвілін атрымліваў неймаверную асалоду. З плошчы пачуліся крыкі, відаць, пачалася бойка.

“Зараз-зараз, яшчэ крыху, вось я скончу…”

Пералазячы зваротна, Дзяніс па іроніі зачапіўся нагой за цвік у транспаранце і павіс на версе кветніка.

– Табе дапамагчы?! – пачуў ён кплівы голас знізу. Прыгледзеўся – мянты.

Зарад адрэналіну дазволіў яму адразу вызваліцца з пасткі і саскочыць на зямлю. Перад Дзянісам узнікла два міліцыянера: старшына і малодшы сяржант. Старшына нагадваў друзлага цюленя з мулявінскімі вусамі, а малады сяржант лыпаў вачыма і нервова аглядаўся па баках.

– Ну і што ты там рабіў, сябрук? – спытаў старшына.

– Мачыўся…

– Цікава. А што іншых месцаў няма, акрамя, як каля Палацу Рэспублікі?

Дзяніс паціснуў плячамі.

– Вось што, малады чалавек, – сур’ёзна вымавіў старшына, – калі б гэта было якое-небудзь завуголле, мы б цябе не чапалі, але, прабач мяне – тут, і яшчэ на сімвал нашай суверэннай рэспублікі!

Дзянісу раптам захацелася смяяцца.

“А што, крута, я, як самы радыкальны панк абмачыў дзяржаўную сімволіку”.

На яго твары ўзнікла ледзь прыкметная ўхмылка.

– Што будзем рабіць з гэтым парушальнікам? – спытаў старшына ў сяржанта.

Той спярша асалапеў, а потым стрымана прамовіў.

– Як звычайна.

– Грошай у мяне няма! – умяшаўся Дзяніс.

– Ты толькі паглядзі на яго, – абурыўся мент. – Мы сумленныя санітары гэтых вуліцаў, хабары не бяром, але для такіх як ты ў нас маецца асобнае пакаранне. Сяржант!

Сяржант узяў Дзяніса пад руку і ўтрох яны пайшлі за Палац Рэспублікі. На працягу шляху Дзяніс чуў, як з рацыі старшыны бесперапынна бразгаў мужчынскі голас: “Першы, першы, я – трэці, каля Дома Афіцэраў п’яная бойка, паўтараю…” Аднак мянты маўчалі.

– Добра, – сказаў старшына ўжо за палацам, – цяпер павярніся.

Дзяніс разгубіўся.

– Што вы збіраецеся… – роспачна запярэчыў ён.

– Не хвалюйся, колькi ўдараў дубінкай табе не перашкодзяць, паварочвайся, – буркнуў сяржант. – Ці ты жадаеш у апорку, а адтуль дакумент па месцы працы, ці вучобы.

Дзяніс пакорліва павярнуўся і знерухомеў у чаканні, бы перад растрэлам.

– Ну, хто першы? – пачуўся за яго спінай голас сяржанта.

– Давай ты, – сказаў старшына.

У наступнае імгненне Дзяніс прачуў на сваёй спіне такі моцны ўдар, што злёгку пахіснуўся, але раўнавагу не згубіў.

– Стаяць, смоўж, яшчэ за мною слова! – гыркнуў старшына.

Дзяніс дакрануўся да спіны – яна гарэла, нібы яе аблілі варам.

– Гатовы?!

Дзяніс заплюшчыў вочы.

– На-а-а!!!

Другі ўдар быў мацнейшым і прыйшоўся па нырках. Дзяніс сціснуў зубы, каб не ўскрыкнуць і рэзка прысеў на кукішкі. Яму хацелася ванітаваць.

– Усё, хлопец, бывай. Мы цябе не бачылі і ты нас таксама, – засмяяліся мянты.

Калі супрацоўнікі міліцыі зніклі, Дзяніс зваліўся на калены і, амаль не цалуючы глебу, званітаваў, ужо ў другі раз за гэты вечар. У спіне пякло, а ў нырках было адчуванне вакууму. Хацелася заплакаць, але ён стрымаў сябе і сеў на азадак. Толькі цяпер Дзяніс заўважыў, што непадалёк ад яго, на лаўцы, сядзела парачка размалёваных эма.

– Ты ў парадку? – спытаў ці то хлопец, ці то дзяўчына. – Мы ўсё бачылі і можам даць паказанні супраць пярэваратняў у пагонах.

Дзяніс падняў руку ўверх – сусветны знак “усё о’кэй” і паціху ўстаў. Трэба было выносіць адтуль ногі, каб у эма ад убачанага, незнарок, не здарылася сардэчнага прыступу.

Вяртаўся назад ён, як марафонскі бягун: хуткасна і з нясцерпнай прагай помсты. Помсціць хацелася ўсім, а ў першую чаргу таму, хто думаў па-іншаму. На плошчы, тым часам, разгарнулася наступнае відовішча: “амапаўцы” урэзаліся клінам паміж русейскiмi і гішпанскімі балельшчыкамі, пры чым тварамі яны стаялі да “гішпанцаў”, і незаўважна пачалі адціскаць іх у бок мятро.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю