412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Дзе скарб ваш » Текст книги (страница 8)
Дзе скарб ваш
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Дзе скарб ваш"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 16 страниц)

...Увечары, не адкладаючы «на свежую галаву»: Ужо ж відаць, з кожным днём выразней, што хутка, хутка, a ўсё роўна ашукваеш сам сябе, нейкая сіла ў табе гаворыць: «Не я... Не я...» Ну, а што было б, калі б інакш – «хоць жывы ў зямлю лезь»?..

* * *

Нечакана, як гэта i бывае заўсёды, засмяяўся ў вячэрняй самоце, успомніўшы: «Барбарами добре отшмаровав, в Сибирь на поселение сослать...» Так памятаю, a ў Мікалая Васільевіча (праверыў) трошкі інакш: «...добре барбарами шмаровать и в Сибирь на каторгу заточить». Добра яно – пасля нялёгкага, што назбіралася ў душы, асвяжыць яе смехам. Толькі ж я i ў адзіноце сваёй смяяўся не адзін, а з братам Мішам, жыва ўспамінаючы наша юначае захапленне Гогалем.

Што да поўнай дакладнасці ў цытаванні з памяці калісьці i неаднойчы прачытанага. Неяк міжвольна i часта бывае ў мяне такое: інтэрпрэтуеш любімае на свой лад. Але ж – i гэта галоўнае – застаецца, жыве ў табе адчуванне радасці ад па-сапраўднаму смешнага, што i ўпершыню ўразіла цябе i потым неаднойчы паўтаралася,– такое глыбінна-натуральнае i незнішчальна свежае сваёю аздараўляючай сілай.

* * *

Вучоны друг, якога шчыра паважаю, на памінках па ягонай маме гаварыў, як яна, усё жыццё цярплівая,.маўкліва гераічная жонка «ворага народа», усё жыццё любіла людзей. Перад самым сваім, вельмі нялёгкім канцом казала сыну i нявестцы: «Я вас люблю». Тут штосьці ўзварушліва, светла дзіцячае – са старэча развітальным. «Я люблю цябе» – найбольшае, што можна даць, i «я не люблю цябе» – найбольшае пакаранне. Так у малых. Падобна i ў старых, нямогла-бездапаможных на адыходзе,– такое збліжэнне самага істотнага.

* * *

У мастацкім музеі ройна ды шумна ад малодшых школьнікаў. Пазнавальная экскурсія. Розных памераў карціны на ўсіх сценах, a пасярэдзіне залаў скульптуры, паасобныя i групамі, бюсты, бюсцікі. Усяго выразна густа i не разлічана на малечу.

Некалькі дзяўчынак, не вельмі стрымана шчабечучы, праходзілі каля апошняй перад выхадам з залы скульптурнай групы, i адна з ix не вытрымала – ткнула пальчыкам у мармуровабелую, акуратна стуленую «попу» нейкай старадаўняй, вечна маладой грацыі – на развітанне i з падзякай.

* * *

Кандыдат медыцынскіх навук выступае па радыё, ушчэнт запалохваючы слухачоў чарнобыльскай павальнай згубай для ўсіх i раячы, як ад гэтага ратавацца.

Да навуковага па модзе прымешваецца i рэлігійнае – карысць ад пастоў, са спажываннем «жывога соку» з яблыкаў-паданак, «цем боляя што цяпер, як у народзя гаварыцца, спасаўка». Можна i ў царкву схадзіць, кажа ён,– «эта тожа няшюха».

* * *

Адзін з шумнейшых актывістаў адраджэння, перад гэтым член кампартыі з самых ранніх па ўзросце, пасля заядлы праваслаўны, кажуць, ужо збіраецца пераходзіць ва уніяты.

I хочацца спытаць у яго: – A білеты ў вас таксама ж будуць? Бо ўсё роўна ж палітыка тут, разнавіднасць яе, не надта замаскаваная.

* * *

Валодзя Ахлап, сірата, вельмі рана пачаў гаспадарыць. Арэ падлетак, злуецца, лаецца на каняжыну, а пасля i на песню яго павяло:

Ой, палын, палын, зелле

горкае, а мая доля яшчэ горшая...


I не больш, відаць, яму з той песні запомнілася, ад кагосьці яе пачуўшы.

A вымаўляў ён па-свойму: пайін, гойкая, Ваёдзя.

Песню тую нехта ж пачуў ад бедака-аратага. Бо ў вёсцы потым смяяліся, прыгадвалі, калі ўжо ён i падрос. Н я злое на смяяліся. А ён на мянушку сваю, якая ад бацькі яшчэ, а можа, i ад дзеда, адгукаўся.

Адкуль яна? Ад чаго? Найбліжэй, відаць, ад польскага ochłap, аб'едак. Да беднасці спадчыннай падыходзіць, бо i маёнтак пана Лісіцкага быў блізка, i доля «гойкая» была яшчэ ў «Ваёдзевых» дзядоў, бацькоў, спачатку прыгонных, потым парабкаў, на ochłapach, аб'едках з панскага стала.

...Здзек з энтузіястаў.

Нашы загорскія пажарнікі (пры Польшчы) у найбольшы агонь пасылалі яго – Валодзю Ахлапа, хлопца гарачага i дружнага. А каб ён сам не загарэўся, лупілі па ім з брандспойта, рагочучы. А ён i не здагадваўся пра гэты вясёлы здзек i потым дабрадушна, заікаста не злаваўся.

* * *

Наша маці, нешта закончыўшы або растраціўшы патрэбнае, часам казала:

– Ну, па ўшысткім пшыказанні, паелі i палізалі.

Ha ўвазе мелася «дзесянцёра пшыказань», дзесяць Майсеевых запаведзей. Маміна маці з шаснаццаці гадоў служыла ў маёнтку пана Анцуты пакаёўкай, пані вучыла яе маліцца па кантычцы. Можна думаць, што прыгаворка адтуль. З даробленай канцоўкай – каб весялей.

Дарэчы, i пра яўрэйскія філактэрыі, скураныя кубікі-скрыначкі з тымі запаведзямі на пергаменце, што для ранішняй малітвы прымацоўваліся вузкімі раменьчыкамі да лба i левай рукі, гаварылася: «жыдоўскае дзесянцёра». Моўныя сувязі ішлі i туды, шырэй.

* * *

Лаянка навоттабе – адно слова. Паказваючы хвігу або i нешта большае. Бо гэта ж бабскае, калі яны счэпяцца, дый на волі, на свежым паветры, маючы трохі часу.

* * *

Бабулі за восемдзесят. Адказваючы на пытанні радыёжурналісткі, успамінае сваё горкае маленства, як яны нават хадзілі з маткай жабраваць. Любоў, пяшчота наўздагон:

– Мама мая, пакойнічка, i кажа...

* * *

Сябар смяецца:

– У Беражне нашым расказваюць, што ў Жукавым Барку пры Польшчы быў малады, вельмі прыгожы поп. Дык на Вялікдзень бабы адна перад адной лезлі да яго хрыстосавацца.

Запісваючы гэта, я міжвольна, замест «адна перад адной», ужыў сваё загорскае працёпам лезлі. I зноў падаўся ў слоўнікі – дарма.

* * *

– Бульба сёлета благая. Дзіва што – такая сухмень была. А ад дажджу пасля яна ўжо цэху не ўзяла.

Само ў мяне так сказалася ў гутарцы. I адразу падумаў: адкуль жа ён, той загорскі цэх? У нашых слоўніках не знайшоў. У польскім cecha – уласцівасць. Тады яшчэ: cecha probiercza – пробная адзнака якасці. Бульба не набрала належнай спеласці.

Гаварылася так i пра чалавека, які, скажам, пагарэў або ў нейкую іншую бяду трапіў, што ён пасля гэтага ніяк цэху не возьме.

* * *

Элегантная спадарынька, інстытуцкая выкладчыца, i так прыемная сваёй мілавіднасцю, а як сказала зямлячка пра нядаўняе наведанне роднай вёскі, а там i пра такое: «Чую раненька – мамка мая шамоль-шамоль за перагародкай i пайшла...» – стала яшчэ мілейшай.

У слоўніках «шамолю» зноў жа не знайшоў. Ды ўжо ж i наракаць на ix, на слоўнікі, апрыкрала.

* * *

Яму трэба папрасіць прабачэння, а ён прыносіць прабачэнне, значыцца, сам прабачае.

I пішацца, i гаворыцца так нашымі журналістамі i пісьменнікамі, – ад рускага приносить извинения, извиняться.

* * *

Маем добрае, ёмкае слова: збожжа, збажына, адпаведнае рускаму хлеб у шырокім значэнні. A зноў жа пішам, гаворым па радыё i з тэлеэкрана з халуйскай руплівасцю: збожжавыя – ад рускага зерновые.

Чаму ж тады яшчэ i не бульбавыя?..

* * *

Дзень пачаўся (у 4.30) з палёгкі ў думках пра маю юнацкую двухмоўнасць у перапісцы нават з Мішам, пра што, можна сказаць, i нялёгка думалася днямі, калі парадкаваў яе. Вайсковатурэмная цэнзура патрабавала пісаць па-руску, каб лягчэй было цзнзураваць, а потым, у трыццаць дзевятым, салдат салдату павінен быў пісаць па-польску, бо ягоны, Мішын, 83-ці «карны» полк быў ужо «ў полі», кінуты з Кобрына пад Чанстахову, а мы ў Гдыні былі амаль на ваенным становішчы. Аднак жа i потым, з Мінска, я пісаў яму ўперамешку. Апраўданне, калі мне трэба апраўдвацца, такое: тут у нас i сямейная традыцыя, перапіска з савецкімі сваякамі, цесная i шчаслівая сувязь з рускай літаратурай, а потым яшчэ i перапіска з Вігдорчыкам, Булгакавым...

А палёгку я адчуў ад прасвятлення думкі, што двухмоўнасць, а дакладней, трохмоўнасць, улічваючы i польскую мову, любоў да польскай літаратуры, ішла, ідзе ад патрэбы ў братняй лучнасці людзей. Можна згадаць яшчэ i кнігі ўкраінскія, дзякуючы трашчыцкай бібліятэцы Гарошкаў, што мне да Гогаля дадало Шаўчэнку, Кацюбінскага i іншых.

Словам, патрыётам роднага я быў, а нацыяналістам, хоць у нейкай меры, ніколі. Што трэба было тады i трэба сёння.

Успамінаў сёння А. Г. Астроўскага i Уладзіслава Бранеўскага,– як яны ў палавіне пяцідзесятых гадоў, кожны па сабе, хвалілі маю рускую i польскую мовы, Арсеній Георгіевіч безагаворачна, a Уладзіслаў дадаўшы: «Jako kresowiak» [13], на ўвазе маючы спеўны акцэнт.

Чытаючы, а тады i перадрукоўваючы пісьмы да Мішы ў турму, рады быў, як... ну, няхай сабе толькі як яны зусім нядрэнна гавораць пра маё юнацкае самавуцкае веданне рускай мовы. З польскай было ўсётакі інакш – школа. А з украінскай, якое не было бліжэй, чым Гарошкава камора, а потым месяцы вайсковай службы ў Хэлме, дзе я пасябраваў з украінцамі, да часу пасляваеннага было ў мяне значна бядней.

* * *

На гэтым тыдні двойчы прыйшлося цяжка пахвалявацца.

На паседжанні рады Саюза пісьменнікаў, калі Савіцкі, што любіць амаль на кожным сходзе даваць пад канец высакапафасны акорд, зачапіў i мяне,– што я, народны, нічога, маўляў, не раблю для справы адраджэння. «Я рабіў гэта яшчэ тады, калі ты працаваў у ЦК i не даваў мне гэтага рабіць». (Аплодисменты, смех.) I хапіла б такога адказу, а я загарэўся, панёс i пра мітынг у падтрымку ўвядзення войскаў у Чэхаславакію, i пасылку ім Снечкусу стэнаграмы выступлення Пяткявічуса...

Ды тое пераняслося лягчэй. А вось учора, калі М. другі раз пазваніў, каб прадоўжыць сватанне ў «Народную газету», я выказаў прадуманае – i пра двухмоўнасць газеты, i пра выступленні Будзінаса i Якубовіча... Дастойна, доказна, аднак пасля пяці гадзій за машынкай, перад гэтай тэлефоннай гутаркай, яна не прайшла для нерваў лёгка, хоць i прагуляўся па парку, па сонечным марозіку адвячорка, i нават паспаў гадзіну пасля гэтага. Галава балела, як н i кол i дагэтуль, i сэрца таксама.

Трэба ўсё-такі больш думаць пра галоўнае.

Учора ўсмак папрацаваў над падрыхтоўкай сёлетніх запісаў для публікацыі. Цяпер прадоўжу перадрук, як быццам скінуўшы з сэрца лішне цяжкае ў дарозе.

* * *

Паўза ў рабоце. Па Гогалю: «Иду я – идет работа...» А я не іду наперад, дык i не ведаю, што рабіць. Чытаю.

У «Немане» – успаміны бацькі Багдановіча. Гэта цікава, так расказаць пра час i пра сябе ў тым часе, гаварыць, што табе хочацца. Пакуль што ў яго пра маленства, сям'ю, свой род. I «як найбольш падрабязнасцей», як вучылі вялікія.

Прачытаў «Масееву кнігу» Сяднёва. Штосьці падобнае на маю «Пішу як жыву», нават i выдадзена шэранька-падобна, i ў тым самым Маладзечне набрана-надрукавана. Зроблена зусім па-свойму, спачатку гэта здавалася дзіўным, але цэльнасць уражання атрымалася, i чытаў з цікавасцю.

...Чытаю далей Адама Ягоравіча. Трохі як быццам i рыхлавата пайшло i зацягнута, але пайду да канца.

Сёе-тое з нядаўна падараванага: «Радаводнае дрэва» Генадзя Кісялёва, «Пакуль не завялі кветкі» Алеся Масарэнкі, «Ледніковыя валуны Беларусі», падараваную Радзімам Гарэцкім у Таргунах.

Добра было там, у роднай вёсцы Леанілы Усцінаўны [14], у школе, душа якое выхаванка Федзі Янкоўскага, Ганна Парфёнаўна Корсак. Там i сказаць можна: жыве Беларусь!

* * *

Неяк быў жыва, выразна падумаў пра тое, як гэта некаторыя адраджэнцы час ад часу зноў падкрэсліваюць, што ўдзельнікі Дзядоў у кастрычніку 88-га, разагнаныя міліцыяй, ад Усходніх могілак i ад Курапатаў вярталіся «ўжо не як насельніцтва, а як народ». Ці не залішне гэта саманадзейна, перабольшана?.. Ва ўсякім выпадку, ёсць жа нямала i такіх, што сынамі народа, народам адчувалі сябе i «трохі» раней...

У пэўнай сувязі з такім наіўным патрыятызмам згадаем i тое, як на прыёме нашых маладых літаратараў у Саюзе пісьменнікаў яшчэ СССР адзін з ix патрабаваў для свайго выступлення перакладчыка з беларускай мовы; як на беларускім вечары ў зале імя Чайкоўскага, наладжаным для маскоўскай дыяспары нашым пасольствам, маладыя энтузіясты абураліся, што гардэробшчыца гаворыць з імі не па-беларуску; як на паседжанні рады ТБМ, куды я зайшоў, адзін з членаў рады, работнік Акадэміі навук, пералічваючы беды беларусізацыі, сказаў, як ён чуў у «Кнігарні пісьменніка», што адзін з народных «гаварыў з суседкай па-расійску». Аказалася, што гэта быў я...

* * *

Дробязь: на вечары памяці Семяжона я гаварыў пра яго ў маладыя гады як пра элегантнага афіцэра, згадаўшы «тонкага дасціпніка» Вялгогіна, што «абцасікамі лясь, ручку цмок!» – так пра нашага Юзіка.

I не дробязь тое, як я з ім у дзень юбілею правёў усю раніцу – над зборнікам выбраных перакладаў i адзінаццатай кнігай «Пана Тадэвуша»...

Аляксей Дудараў у сваім выступленні са шчырай пашанай гаварыў, а пазней, дагнаўшы нас з Гілевічам на вуліцы, дадаў, што гэтая пашана – да старэйшых, «старарэжымных», як яны ўмелі i ўмеюць сябраваць, быць паслядоўнымі ў гэтым, «чаго не скажаш пра маладых».

Лявон Баршчэўскі вёў наш вечар, папярэдзіў яго добрым словам. Потым выступіў належна i Алесь Разанаў. А больш маладых не было i ў зале. Зрэшты, як i на іншых вечарах, нават тых папярэдніц, пра каго было столькі нагаворана ў найвышэйшых танах – Геніюш, Арсенневай...

* * *

«Героя навачаркаскай трагедыі праводзілі ў апошні шлях.

Растоў-на-Доне развітва.ўся з Мацвеем Шапашнікавым – чалавекам, які цаною свайго лёсу 32 гады таму назад выратаваў тысячы людзей.

2-га ліпеня 1962 года, калі рабочыя Навачаркаскага электравозабудаўнічага завода выразілі масавы пратэст супраць рэзкага павышэння цэнаў на асноўныя прадукты харчавання, генерал-лейтэнант Мацвей Кузьміч Шапашнікаў адмовіўся выканаць загад страляць у народ.

Герой Савецкага Саюза Мацвей Шапашнікаў, які атрымаў Залатую Зорку за фарсіраванне Дняпра ў 43-м, быў звольнены з арміі ў першы ж пенсійны дзень i нізрынуты ў поўнае палітычнае забыццё. Яго выключылі з партыі, яму забаранілі з чым-небудзь выступаць. Аднак зламаць яго не змаглі».

Гэта – паведамленне «ИТАР – ТАСС», надрукаванае ў «Известиях» за 29 чэрвеня г. г.– 21 радок у тры калонкі на другой старонцы, дзе «События и комментарии».

Нешта ў пачатку ліпеня, у Крынічным [15], у пазычанай у суседа для прагляду кіпе газет я заўважыў гэтую заметку, як належыцца. А потым i раз, i два, i больш прыходзіла думка, што такое толькі «прыняць да ведама» – мала. Знайшоў гэта ў бібліятэчнай падшыўцы ў Доме літаратара, выпісаў, а дома пераклаў i вось...

I вось нічога не хочацца дадаваць.

* * *

Пасля пахавання шаноўнай, мілай i гераічнай Ларысы Іосіфаўны Гарэцкай у мяне была гутарка з выпадковай суседкай у аўтобусе. Пра смерць, пакуты перад ёю. «Калі Бог, як вы кажаце, ёсць, дык як жа гэта жорстка з яго боку – так абыходзіцца з людзьмі! Няхай ужо старэйшыя – яны паспелі награшыць, а завошта xc так сурова, бязлітасна, несправядліва з дзецьмі?..»

А жанчына тая, незнаемая, як пазней, на памінках даведаўся,– дачка «ворага народа», змалку пакутніца, цяпер веру ў Бога, адзінасуцяшальную, сумленна сумяшчае з навуковай працай.

* * *

Пімен прыемна здзівіў званком. Пагаварылі – от сабе, пра нашу беднасць, павіншаваліся з Новым годам. Слабы ён ужо зусім, i па гаворцы бачна...

А праз дзень пазваніў i Максім. Між іншым, пасмяяўся з «прэстыжных» Усходніх могілак, назваўшы тыя помнікі «прэзідыумам». «Справа натхняльнікі, злева апявальнікі. Не, я паеду дахаты!..» Гэта – пра родную Пількаўшчыну, дзе ён увосені быў, выступіўшы ў Мядзелі, потым наведаўшы родную хату, магілы бацькоў...

Калі ўжо i пра гэта думаць, дык мне ні загорскія, пры дзядах, бацьках, браце i пляменніках, ні маласельскія, пры Мішу,– не ўсміхаюцца. Аголенасць, запушчанасць, панылыя, няўтульныя... А што інакш? А можа, i не трэба пакуль што пра гэта? Валодзя Калеснік, калі мы з ім развітваліся, сказаў, што выглядаю я добра, што пажыву яшчэ доўга, а мне i няёмка было пры яго крайней зблажэласці ды нямогласці, i нібы зайздрасць у яго заўважалася, i нібы адчуванне ў мяне віны за тое, што застаюся, столькі ўжо блізкіх перажыўшы...

Сёння збяромся, камісія па ягонай творчай спадчыне, i будзем раіцца, з якім варыянтам звярнуцца да міністра культуры: збор твораў у чатырох тамах ці добры трохтомнік выбранага літаратуразнаўства і, дадаткова, кнігу аўтабіяграфічнай прозы. I ў адным, i ў другім варыянце ёсць свае плюсы i мінусы, i цяжка прадбачыць, які з ix, варыянтаў, лепшы.

Праглядаў яго кнігі, прыкідваў. Нямала зроблена i добра, а што i выдатна, i бачыцца цяпер гэта ўжо як быццам выразней. Так думалася, калі перачытваў «Будзённы дзень з Максімам Танкам», a ў снежаньскім «Полымі», чытаючы артыкул пра Алеся Каско,– першае слова Валодзева пасмяротнае! – яшчэ раз убачыў ягоную глыбіню, шырыню i вобразнасць.

...Позна ўвечары ўчора пазваніў з бальніцы Вітка, упершыню назваўшы мяне Ваня. Як Траяпольскі калісьці, пасля майго слова пра Шырму, адзін толькі раз замест Івана Антонавіча. Ён ужо дзесяць дзён пад кронельніцай, але не званіў «у твой цяжкі час», на ўвазе маючы Валодзю...

* * *

Чачня?..

Як нізка гэта, неразумна, подла!.. Каб жа хоць не ўблыталі i нас, беларусаў, у гэта крывавае беспрасвецце!..

ДЗЕВЯНОСТА ПЯТЫ

Залачоныя, абтыканыя каштоўнасцямі шапкі высокага i найвышэйшага духавенства на закладцы першага каменя пад аднаўленне храма «имени Христа Спасителя». Якое мноства ix, гэтых шапак! A найбліжэй на тэлеэкране паказана тая, што на патрыярху. Зарагатаў, уявіўшы: а каб зайсці ў такой у трамвай ці ў аўтобус?

Многа новых папоў. Замаскаваліся бародамі ды клабукамі – не дабярэшся да простага чалавечага выгляду. «Православие, самодержавие и народность» – зноў?..

Прыгнятаць ix па-варварску, знішчаць, вядома ж, не трэба было, але ж i верх над сабою даць па-ранейшаму – таксама ці варта?

* * *

Перакладзю «Залатую ружу» Паўстоўскага. I ўспамінаецца тое, што мне ў лістападзе семдзесят дзевятага, у пражскім тэатры, гаварыў паўшэптам Сяргей Залыгін: «Ты эти свои сопли размазывай на своем лице, а нашему журналу они не нужны». Гэта – Твардоўскі Паўстоўскаму, бракуючы аповесць. Несправядліва, груба. Хоць i бачыцца месцамі, скажам так, жидковатость его обстоятельности.

Успомнілася, перакладаючы «заразную» любасць да лесу i веданне яго, як ветлівыя палякі-«паксаўцы» ў канцы семдзесят другога званілі мне, пыталіся, ці прыму я іхнюю літаратурную прэмію, i, як галоўны козыр падаўшы, сказалі, што ў ix яе прыняў пан Канстанты Паўстоўскі. Было прыемна згадзіцца.

...Зноў ад машынкі да сшытка, ад яго лясных паходаў з Гайдарам – да нашых з Валодзем Калеснікам гутарак каля рыбацкіх вогнішчаў, пра што я дняMi, слухаючы, гледзячы па тэлевізары мотальскія «калядкі», да патаемных слёз шчасліва ўспамінаў i думаў, што пра такое трэба i яшчэ пісаць.

...Як i раней бывала разоў колькі, побач з тым, што расказаў Залыгін, успаміналася, як Алесь Адамовіч гаварыў мне калісьці, што для яго Паўстоўскі – такі пісьменнік, што «можа быць, а можа i не быць...».

* * *

Двухтомныя слоўнікі, беларуска-рускі i наадварот, пакінуў унукам. Нядаўна па тэлефоне далікатна спытаўся ў Волечкі, ці патрэбны яны ім, на што яна, васьмікласніца, пераканана адказала: «А як жа!» А самому перакладчыку нязручна без ix, асабліва калі ўваб'ешся ў кветкі ды ў зёлкі. Учора дастаў сабе выпадкова першы пасляваенны аднатомнік «Русско-белорусский словарь» з 1953-га, які калісыці мы – на бязрыб'і – радасна віталі, у тым ліку i я. Потым ён многа i справядліва крытыкаваўся, аднак... Я вось пра гэтае аднак, адхіліўшыся ад перакладу.

Робячы штосьці новае, вельмі патрэбнае, робячы яго (каб жа заўсёды!) лепш за папярэдняе, тое ранейшае, папярэдняе не кешкаць трэба з пагардай, а проста толькі адкласці, каб потым нават i вяртацца да яго, знаходзячы пэўную карысць. Бо не магло ж, як нам ні дрэнна было з гэтым у той час, столькі людзей займацца глупствам ці шкоднасцю, тым больш такіх людзей, як Колас, Крапіва, Глебка, Лобан, у патаемным, «сокровенном» усё-такі сапраўдных патрыётаў.

* * *

«Вы што робіце?.. Aгa! А я што? Я раблю кнігі!» Можна i з клічнікам. Хопіць i аднаго.

Так падумалася, з адчуваннем усё ж такі годнасці, пазаўчора, на тэбээмаўскім вечары («Чаго вам хочацца, панове?»), дзе таксама трохі падпісваў кнігі, што асабліва прыемна – школьнікам старэйшых класаў, хлопцам i дзяўчатам. Выступленне зноў жа імправізаваў, маючы галоўную думку i два адпраўныя імені – Міцкевіч (пра нашу мову) i Талстой (Сяргей Львовіч пра бацьку: «Знал он и украинские и белорусские песни»). Здаецца, выйшла тое, што трэба.

Калі загаварыў пра школы, успомніў пра Янкоўскага i Калесніка, а таксама пра таргуноўскую школу. Потым да мяне падышла незнаемая, i мы хораша пагаварылі пра яе настаўніка ў брэсцкім педінстытуце, Уладзіміра Андрэевіча. Няма ў нас, тубыльцаў, візітных картак,– вось i яшчэ адно безыменнае знаёмства, хоць яна i назвалася, чаго ў мітусні не запомніў...

Затое Ганна Парфёнаўна пазваніла з Таргуноў учора раней, чым я цяпер пішу, нешта ў восем з мінутамі. Глядзбла вечар па тэлевізары.

* * *

Рэабілітацыя, кампенсацыя – усё гэта так, але ж i вам. паважаны за лагерныя пакуты i за шаноўны ўзрост старэйшы калега, таксама трэба падумаць, што не паэзія вінавата ў вашых пакутах,– завошта ж вы здзекуецеся з яе, нашай роднай паэзіі, бясконца друкуючы свае «пугі»?..

* * *

У апошнім нумары «Литгазеты» многа пра Чачню, як i ў іншых нумарах за студзень, але толькі адна масквічка з кіёска «Союзпечати», трэба думаць, немаладая i інтэлігентная, сказала аўтару нататкі:

«Зря они так, если считают себя умными людьми. «Хаджи-Мурата» Толстого почитали бы, прежде чем вводить войска».

Думаў днямі пра гэтых «если умных» i так: спачатку не ўлічылі англійскага вопыту ў Афганістане, а потым да река га на Каўказе...

* * *

Уздрыгваю i плачу. Ад прастаты i яснасці? Яшчэ ад нечага другога?..

Не ўпершыню такое ў мяне, чытаючы талстоўскія «Акулу» i «Саскок» – цяпер у добрым Скрыгановым перакладзе, які не перашкаджае мне яшчэ раз адчуць арыгінал.

* * *

Дайшоў аж да юнацкай радасці – пераклаў i, здаецца, удала цудоўны верш Буніна «И цветы, и шмели, и трава, и колосья...». Па тэлефоне прачытаў Сёмуху спачатку арыгінал, а потым пераклад, i Васіль сказаў: «Ну вось, а вы прыбядняліся!» Пра тое, што я хацеў, каб у «Залатой ружы» вершамі заняўся нехта іншы.

* * *

Учора, прыйшоўшы ca школы, Аитось пазваніў мне, каб пагаварыць на роднай мове, якой ён старанна заняўся. Калі я адказаў на яго пытанне, што цяпер раблю, ён сказаў, што («честно говоря») болей любіць чытаць рускае ў арыгінале. Ды ўжо i ўкраінскае таксама, пакуль што толькі «Кабзар». I тут філосаф на трынаццатым годзе здзівіў мяне здаровым разуменнем справы. Добра перакладаць на нашу мову i рускую класіку трэба для будучыні, калі нашы школы падрыхтуюць нацыянальна свядомага чытача. Так i я думаў днямі, гартаючы хораша выдадзены том расійскай дзіцячай літаратуры ў старанных больш i менш удалых перакладах.

* * *

Быў нарэшце ўчора ў Максіма, у бальніцы. Дрэнна ён выглядае i адчуваецца. Тым болей што дома Люба ў яшчэ горшым стане...

A ўсё ж, калі я з ціхага, светлага калідора, праз двое ашклёных дзвярэй, заглянуў у палату – убачыў, што ён, у спартыўным касцюме, сядзіць наўпоперак на пасцелі i нешта піша ў агульным сшытку. Потым, з яго намёкаў, зразумеў,– новыя вершы збірае для «Полымя». «Апошнюю падборку»,– сказаў амаль зусім спакойна, па-свойму зноў жа ў вераснёўскі нумар, як неаднойчы бывала.

Вітка, які быў у Танка на тры дні раней, гаварыў мне, як яны з Максімам «добра пагаварылі пра галоўнае», пра што ніколі не было ўсё часу пагаварыць. У нас з Максімам учора да гэтага не дайшло: такое не «арганізуеш» знарок, а да таго яшчэ вярнуўся з праходкі яго супалатнік.

А чым пацяшаць, апроч стандартнага «папраўляйцеся»?..

Пішу, a ў акно ідзе светлае, цёплае сонейка,– можна сказаць i так, i не здаецца гэта сентыментальнасцю,– i згадалася, як днямі сустрэўся ў Доме літаратара з Навумам Кіслікам i звярнуліся мы да падобнага аптымізму: кожны дзень – падарунак. Бо i ён, ужо неўзабаве сямідзесяцігадовы, у раннім юнацтве цяжка паранены, адзінокі, адчувае сябе, як гаворыцца, не найлепш.

* * *

...Як ішлі мы раннім-раненька берагам Шчары ў свае запаветна-рыбныя мясціны,– міма надрэчных дубоў у спрадвечным спакоі, міма слупочка чорнага бусла воддаль на росным лузе пад лесам, міма павалочыстага туманца, над рачною ціхасцю, дзе ў цёрпка-цёплай i непрыкметна-быстрай вадзе, як у беспамернай ванне, раскашаваліся ў кароткіх перапынках ад свае хітрае працы пашанотныя рабачаі-бабры.

З вамі ішлося ў тым шчасці – Валодзя i Федзя [16] – даўно ўжо, у сямідзесятым, i так неверагодна хораша.

* * *

На Алесевай магіле дзве экзальтаваныя панячкі, журналістка i скульптарка, пакінулі адкаркаваную бутэльку каньяку i чаркі.

На гадавінным вечары пра гэта абурана расказалі ўдовы абодвух братоў Адамовічаў.

I тады, i цяпер вось, пасля Валодзі i Федзі, успомніў i гэта, i магілу Ясеніна, недапітую бутэльку «чарніла» каля помніка i хамскае на пісульцы: «Сережа, тебе!..»

* * *

На сустрэчы з «першацветаўцамі», студэнтамі i вучнямі старэйшых класаў, раіў ім вывучаць замежныя мовы, каб пасля самім несці роднае слова іншым народам.

Бо чакаць, што нашу мову будуць вывучаць, каб знаёміцца з нашай літаратурай, цяжка...

* * *

Назе спатрэбілася гарызанталь з пад'ёмам, бо ўжо i цяжка было хадзіць, i абувацца, дый балела. I вось я, па настаянні жонкі i ўласнага одуму, залёг на тахце, як калісьці выратавальна бывала, нагу прыладзіўшы вышэй. Вось запішу гэта за сталом, як i папярэдняе, урыўкамі, i зноў лягу. Бо i лежачы, можна чытаць i запісваць у блакноце.

Словам, не пусціўшы пагалоску, што «нядуж» (гэта Купалава любіў з усмешкаю закаханасці цытаваць Валя Таўлай), а з прыемнасцю ўвайшоўшы, так скажу, у творчыя дні хваробы.

* * *

Пасля таго як першага прэзідэнта СССР, што ўзняўся быў над усёй імперыяй, я ўпершыню i наогул адзін раз не з тэлеэкрана пабачыў у нашай Акадэміі навук незадоўга да таго, як ён сышоў ca сцэны, учора на сустрэчу з другім прэзідэнтам, які ўжо над імперыяй паменшанай, ішоў ледзь не з усмешкай: ці не першае i апошняе спатканне зноў?..

Чаго варты сказ у святочна-важным запрашальным білеце: «Просьба не мець пры сабе сумак, пакункаў i іншых рэчаў». Пакуль дайшоў да акадэміі з тралейбуснага прыпынку... тройчы папрасілі паказаць гэты білет у спалучэнні з пашпартам, а потым яшчэ раз пры ўваходзе ў вестыбюль, i пяты раз – У залу...

Сябру, які дагнаў мяне потым, пасля гістарычнай сустрэчы, на вуліцы i спытаўся: «Ну, як?», я адказаў: «Шоу прымітыўнае i трывожнае...»

* * *

Днямі – жудасная тэлекарціна «Его зарыли в шар земной»: пошукі салдацкіх чарапоў у балоцістай «даліне смерці» на Наўгародчыне.

Стары ўжо, заплаканы сын, бацька якога загінуў недзе тут, калі сам ён быў дзіцем. Страшнае недзе!..

Успомнілася, як у семдзесят трэцім годзе на Вэстэрплятэ, дзе пачалася наша марская дарога па Скандынавіі (савецка-польска-нямецкі рэйс міру), Сярожа Круцілін... ну, не скажаш «здзіўляўся», лепш – недаўмяваў, колькі гістарычна-патрыятычна-музейнага шыку на месцы няпоўных сямі дзён супраціўлення, з пятнаццаццю ахвярамі. I расказаў мне пра тую «даліну смерці», дзе на балоце спынілі меліярацыйныя работы з-за жахлівага мноства чалавечых касцей. З балота наступалі на немцаў, якія заселі ў надзейнай абароне на вышынях...

* * *

Бібліятэкарачка, якой туга жывецца, як маці-адзіночцы, неяк вельмі ж па-сучаснаму, па-выжывальнаму страшна сваёю тупасцю ці «практычнасцю» з бяды i ледзь не з адчаю, расказвала, што муж яе сяброўкі вярнуўся з Каўказа i расказваў пра нашу снайперку ў Чачні, што яна там... «вельмі добра зарабляе»...

Тут пераходжу думкай да такіх страшных... таксама ж людзей, розных грачовых, ельцыных i ім падобных, «явно и тайно образующе», якія таксама «добра зарабляюць»...

* * *

Сабралася ў мяне з падарункаў ажно чатыры польскія таміны пра нашы гдыньскія дні i ночы ў верасні трыццаць дзевягага года. Гартаючы адзін з тых тамоў, найпазнейшы па часу выдання, яшчэ раз спыніўся на тым, што там, на ўзбярэжжы, за дзевятнаццаць дзён яго абароны з пятнаццаці тысяч абаронцаў, улічваючы i апалчэнне, загінула больш як трэцяя частка. Як мне пашчасціла выжыць!.. Вось пішу, i ўспомніўся наш вясковы дэтэктарны прыёмнічак, з якога Коля, як ён мне потым расказваў, чуў i ўсім у хаце перадаваў, што «Westerplatte wciąż się bohatersko broni» [17]. I яны гэта звязвалі ca мною. А пра Мішу хоць бы такога нечага не было.

Ці не зацерлася ў эпілогу да «Птушак i гнёздаў» тое, як наша маці выходзіла, цяжка кульгаючы, на гасцінец i выстойвала там, i пыталася – то ў польскіх салдатаў, палонных, якіх гналі на ўсход, то ў савецкіх, якія ішлі на захад:

– Хлопчыкі, ці не бачылі, ці не чулі вы пра маіх?..

* * *

Захацелася чамусьці перачытаць Сянкевічаў «Potop», які сяк-так памятаю ca школьных гадоў.

Што ж, займальна, але не глыбока, абмежавана ў шляхецкім ды каталіцкім патрыятызме.

Кміціц нагадаў Дырлевангера, асабліва там, дзе ён, уварваўшыся ў нейтральную Прусію, распраўляецца з мірным насельніцтвам – з імем боскае матKi i караля на вуснах.

* * *

З прыемнасцю пазнаёміўгя з Каратынскім у нашым акуратным (Федзева!) выданні, усё ж шкадуючы, што знаёмлюся не ў арыгінале. Ажно запісаць такое хочацца:

У карчме,– відаць жа, у нас, на Наваградчыне,– прыгожая маладая жыдовачка раскатвала на стале цеста на локшыну, а ён, барадач, любаваўся i ёю, i яе спраўнай работай, i падумаў тады пра свой намер пісаць пра родныя мясціны. Цытую:

«Калі я пачаў разважаць, што цеста пад качалкаю ўсё распаўзаецца, займаючы ўсё большую ды большую плошчу стала, але затое становіцца танчэйшае i яго маса не павялічваецца, мне здалося, што тое ж самае адбываецца i з многімі ідэямі, раскатанымі на некалькі кніг».

I вырашыў ён напісаць сваё не ў пяці кнігах, а карацей.

Можна дадаць: а мы, некаторыя з нас, усё-такі раскатваем сваё цеста, i намі не палюбуешся, як тою карчмароваю дачкой.

* * *

«Блажен муж да не йдет на совет нечестивых». Здаецца, так у Давіда. А муж учора пайшоў, запрошаны тэлефонным званком, на сход ветэранаў пры нашым домакіраўніцтве. Сумная публіка, ды не выглядам płci obojga [18], a запыленымі гарладзёрамі ў старым, яшчэ не зусім саржавелым бальшавіцкім узбраенні, якія з «вертыкальным» нахабствам агітуюць за прэзідэнта i яго рэферэндум... Толькі потым, дома, калі пазваніў А. Р., стала вядома, у якім «прэстыжным» кодле ветэранаў арміі ды партыі нам пашанцавала апынуцца: больш пяцісот пры адным домакіраўніцтве!

Ёсць ад чаго сапсавацца настрою, i ён у мяне быў паганы пасля вяртання...

* * *

Учора быў званок, зноў жа з нейкай «вертыкалі» – запрашэнне на чарговы «бамонд», які прэзідэнт наладжвае «цвету ветэранаў» Вялікай Айчыннай вайны, куды запрошаны i я. Адмовіўся з ходу i проста – тым, што мяне ўжо запрасілі на ўручэнне юбілейнага медаля ў іншым месцы. Сказаў нават, што «зашмат будзе медалёў». А на «бамондзе» тым, як падкрэсліваў у канцы запрашальнік, медалі будзе ўручаць Сам.

Успомнілася тэлехроніка пра ўручэнне ўзнагарод, дзе ён абдымаўся з узнагароджанымі, а яшчэ раней – ідыёцкая радасць «перамогі» на развітальным банкеце з дэпутатамі. Успомніўся i «совет нечестивых» пры домакіраўніцтве...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю