Текст книги "Дзе скарб ваш"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 16 страниц)
Тое, якую кнігу захоча выдаваць «Народная асвета», мяне неасабліва цікавіць. Мне хочацца напісаць кнігу сур'ёзную, прафесійна напісаць, лічачы настаўніка літаратуры разумным i падрыхтаваным чытачом, які б знайшоў у гэтай кнізе нешта новае, каб яна абудзіла яго думку i павярнула яе ў рэчышча адказнага грамадзянскага, эстэтычнага i філасафічнага мыслення. Упэўнены, што ў такой кнізе ёсць сапраўдная патрэба. Сам жа я вяду штогод практыку студэнтаў у школах. А выдавецтва?.. Не захоча «Асвета» выдаваць, запрапаную «Вышэйшай школе» ці іншай фірме. Выдадуць, абы кніга была добрай. Зрэшты, няхай лепш ляжыць, чым мае жыць на правах пабірахі ці ўгодлівага прыслужніка нейкага баламута, які сам не ведае, чаго хоча, i не ўяўляе, колькі каштуе фунт творчай працы ды мастацкага густу.
Баюся, што не паспею ў час здаць рукапіс: работа сур'ёзная i цяжкая. Бачыш, нават біяграфічны раздзел зрабіць нялёгка. Праўда, ён мае быць па задуме не проста біяграфічным, але i светапоглядным. Не ведаю, ці гэта адчуваецца...
Даруй, што тлумлю Табе галаву праблемамі, якіх магло б i не быць, каб я сядзеў у акадэміі i памаленьку (па паўстаронкі ў дзень) мог сабе пісаць манаграфію пра пісьменніка. Хачу верыць сабе, што далей такіх заўвагаёмкіх раздзелаў будзе менш, хоць, як Ты мог заўважыць, па плану кнігі (наклееным на вокладцы той папкі, якую я Табе пасылаў), i ў далейшых раздзелах будуць з'яўляцца кавалкі біяграфіі, характарыстыкі жыцця, зробленых цераз прызму Твайго i Вашай брылёўскай сям'і. Усё гэта будзе праецыравацца на творы. Бо дасюлешнія манаграфіі ўсё ж будаваліся па прынцыпу: ад твора да твора. Мне хочацца ісці ад этапа да этапа. Будзе нялёгка. У тых выпадках, дзе давядзецца мець справу з раманам ці цыклам апавяданняў, кніга сама павінна стаць i этапам, цыкл нарысаў – таксама».
Як пастскрыптум – з майго пісьма яму ад 28 студзеня 1986 года:
«...Што да нашай з Табой «старэчай» забыўлівасці i памятлівасці – не думаю, што яны «злосныя» ці «зласлівыя». I мяне ў сім-тым памяць падводзіць, i трэба правярацца. Да пэўных промахаў Тваёй памяці я не магу быць абыякавым: нашы сяброўскія адносіны ў літаратурным свеце (дый шырэй) вядомы многім, i тое, што Ты пра мяне скажаш,– будзе лічыцца самым дакладным.
Так што, дружа, не злуйся i не «казнись».
Ну, а далейшы лёс манаграфіі быў нялёгкі. Аўтару ўсё-такі прыйшлося скарачацца да абавязковага серыйнага памеру, а гэта прывяло да балючых страт...
Мне асабіста з таго, што не ўвайшло ў кнігу, было найбольш шкада Валодзевых разваг пра маё любімае – мініяцюры. Праўда, гэта ён выкарыстаў пазней у грунтоўным артыкуле, змешчаным у яго апошняй прыжыццёвай кнізе «Усё чалавечае».
Усё пра мяне ды пра мяне... А ён жа пісаў мне i пра іншых.
«...З прыемнасцю прачытаў Тваё слова пра Адамовіча, кранае яно гуманістычнай азоранасцю, пераканальна-шчымлівым выяўленнем каштоўнасці жыцця i балючай дыялектыкі, што існуе паміж дружбай, найбольшай блізкасцю i адзінотай, непазбежнасцю адзіноты. Да гэтага далучаецца высокае адчуванне маштабнасці справы, якой мы служым. Апошняе адчуванне дазволіла Табе ўзняцца над юбілейным этыкетам (цяпер розныя віды таварыскіх i службовых этыкетаў знаходзяць масу служак) i гаварыць пра юбіляра, як пра слугу справы i праціўніка ўсякіх этыкетаў, свядомага i прынцыповага працаўніка. Гэта ў Сашы ёсць, i гэта бадай што галоўнае сярод многіх рыс яго характару. Трапна i не назойліва прачытаў Ты раман яго цераз жывы светлы вобраз (прататып) Ганны Мітрафанаўны [35], добра, старанна ацэнены i яго літаратурна-крытычны набытак, удала вырашыў сітуацыю досыць клопатную,– што Твая творчасць знаходзіла ў ім прапагандыста i прыхільніка – не абмінуў i не звёў гаворкі ізноў да этыкетнай удзячнасці.
Змог я заўважыць толькі пару драбнічак i азначыў ix на палях рукапісу. Ты ix разбярэш i, калі захочаш, вырашыш, дакладней – улічыш» (26 лютага 1977 года).
Ён любіў моладзь, умеў знаходзіць сярод сваіх студэнтаў дзяўчат i юнакоў з божаю іскрай, шчыра апекаваўся абласным літаратурным аб'яднаннем, па прэсе цікавіўся маладымі талентамі ва ўсіх кутках Беларусі, радуючыся поспехам i смуткуючы ад непажаданага.
У наступным фрагменце з пісьма пра аднаго маладога паэта я, нібыта i ўзгодніўшы гэта з Валодзем, прозвішча маладзена апускаю з педагагічна-прыязных меркаванняў.
«...Хлопец вельмі здольны, начытаны, памятлівы i ахоплены прагай паэтычнай славы, усё гэта было б цалкам добра, калі б захоўвалася нейкая мера суадносін творчасці з жыццём, а ён, як мне думаецца, так напорыста выціскае з сябе ўсю душу, што не застаецца часу, патрэбы, сіл, каб проста жыць, зносіцца з людзьмі. Пару вечароў толькі прагаварылі з ім над лёгкім віном, дык i размовы, i інтарэсы ў яго ўсе ў літаратуры. Я ўжо не ведаю, што думаць. Спрабаваў яму заўважыць, але ён i слухаць не збіраецца. Сам усё ведае ад «а» да «я». А дакладней – гэтае Я з'яўляецца пачаткам i канцом ведаў. Прачытаў яго вершы – ёсць цікавыя, хоць i кніжнасці хапае, між іншым, перайманне ў Караткевіча. Пакуль не магу разабрацца з гэтым хлопцам – i здольны, i па-свойму апантаны паэзіяй, i супярэчлівы, не самакрытычны. Можа, гэта сучасная сталічная норма характару i паводзін творчай адзінкі? Я ўжо толькі назіраю збоку i маўчу» (студзень 1977 года).
Траплялася i радасць, толькі радасць:
«...Двойчы быў у Брэсце Карпюк, адзін раз заехаў пагутарыць з нашымі абкомаўскімі спецыялістамі па сектантах, другі раз Алёша быў з Вольгай Іпатавай, выступал i тыдзень па лініі бюро прапаганды. Волечка зрабіла на мяне ўражанне таленавітага, прагна-дапытлівага дзіцяці, прытым за гэтай дзіцячай свежасцю душы прыхавана разумная дасведчанасць сапраўднага інтэлекту. З'явілася радаснае адчуванне, што яна далека пойдзе ў літаратуры i асабліва, відаць, у прозе. Дарэчы, гаварыла, што закончыла i здала ў друк аповесць пра Ефрасінню Полацкую. Слаўнае дзяўчо!» (18.Х.71 года).
I ўдзячнасць бывала ў радасці:
«...Атрымаў два лісты ад Веры Сямёнаўны i яшчэ раз шчасліва адчуў, якое гэта шчасце для нас, крытыкаў, што над усходамі нашай крытычнай руні стаіць такая звеннявая – добры дух ураджаю. Клапоціцца, дабіваецца i, відаць, даб'ецца, што мой Жылачка выйдзе без купюраў i без асаблівых страт» (студзень 1977 года).
Вера Палтаран узначальвала тады рэдакцыю крытым выдавецтва «Мастацкая літаратура». «Жылачка» – манаграфія Калесніка пра жыццё i творчасць Уладзіміра Жылкі, «Ветразі Адысея». Выданне гэтае, згодна з цэнзурні>імі нормамі часу, як ні змагалася светлая, мужная Вера Сямёнаўна, на жаль, выйшла з бязлітаснанедарэчнымі купюрамі. Валодзя вельмі перажываў гэта. A манаграфію ён рупліва дапрацоўваў да сваіх апошніх дзён.
Ён быў заўсёды вельмі перагружаны працай, абавязкамі, у нервовым напружанні, часта хварэў. У вайну – два раненні, з вайны вынес туберкулёз, лячэнне на цэлы дзесятак гадоў, потым язва i, нарэшце, цэлы букет...
A ўсё роўна з Мінска ён, амаль да апошніх дзён, вяртаўся з новымі заказамі, як нейкі навукова-літаратурны трактар (так я тады жартаваў), абчэплены кожны раз новым мноствам розных агрэгатаў. Варта паглядзець у шасцітомным Слоўніку беларускіх пісьменнікаў ягоную бібліяграфію, каб пераканацца, колькі паспеў зрабіць гэты да канца нястомны руплівец. A колькі хацелася зрабіць, давесці да ладу тое, што цяпер, на жаль, засталося ў накідах або толькі ў задумах...
Для ілюстрацыі – два фрагменты з розных пісьмаў:
«...Атрымаў ліст ад Чалмаева з «Дружбы народов», прапануе некалькі тэм. Перспектыва прывабная. I хочацца, i колецца... Не ведаю, ці спраўлюся напісаць, бо планы i так пераўзыходзяць мае мажлівасці. Ніяк не давяду да ладу Салагуба, а за акадэмічны артыкул, можна сказаць, не браўся. Незакончаны ляжыць палемічны артыкул аб перыядызацыі старажытнай літаратуры i дапаможнік па выразнаму чытанню. Уклініўся ў мае планы даклад аб эстэтычным выхаванні, які я прачытаў на абласным семінары настаўнікаў мовы i літаратуры. Асноўная думка: сувязь эстэтычнага выхавання з жыццём, г. зн. з роднай прыродай, грамадскім i бытавым укладам нашага нацыянальнага раёна i нацыянальным (рэгіянальным) мастацтвам,– так быў захапіўся працай, што хацеў давесці даклад да кандыцыі журнальнага артыкула, але зараз гляджу на здабыткі гэтага даклада скептычна, мажліва, пазней, сабраўшы больш матэрыялу, давяду гэтую справу да нейкага канца».
Гэта – са снежня 1960-га. Тады, калі ласка, з лістапада 1973-га:
«...Вісіць на шыі яшчэ раздзел для акадэмічнай гісторыі літаратуры на рускай мове i рукапіс Серафіма Андраюка (на рэцэнзіі) – дай бог закончыць да канца наступнага месяца... Каб як збавіцца ад пачуцця затумканасці – нічога не хацеў бы. А то налятае адно на другое, i бегаеш у вечных даўжніках, уцякаеш ад крэдытораў...»
Такія фрагменты з пісьмаў можна было б трывожна, прыкра множыць...
Забанальненым словам «хобі» мне не хочацца называць ягонае захапленне жывапісам, разьбой па дрэву, мастацкай фатаграфіяй – усё гэта было ў яго не толькі адпачынкам ад навукі i літаратуры, усюды ён дамагаўся прафесійнасці.
У падрыхтоўцы да выдання кнігі «Я з вогненнай вёскі...» у нас былі два выдатныя памочнікі – рэдактар Васіль Сёмуха i мастак Арлен Кашкурэвіч. Процьма работы, якая несправядліва называецца «чарнавой». Гэта тая работа, якой пасля не відно, відаць толькі промахі, недапрацоўкі, памылкі. А каб ix не было – патрэбна нямала цярплівасці, як з пчоламі, цягавітасці, як у аратага, дадамо яшчэ светлую думку, відушчасць i творчае азарэнне, якое не адразу ўспыхвае на жары ці прыску. Калі з Васілём Сяргеевічам працавалі мы ўдвух з Адамовічам, дык з Арленам Міхайла.вічам Калеснік адзін. Пакуль ішла яго работа з мастаком, якога адрознівае i надежны густ, i пленная практыка афарміцеля, а таксама i мяккая, але паслядоўная настойлівасць, Валодзя, i сам мастак, пісаў мне зрэдку i пра цяжкасці, i пра ўдачы ў пошуках належнага вырашэння той ці іншай формы падачы матэрыялу. Прычым трэба памятаць, што яму трэба было i ў Мінск прыязджаць неаднойчы i што ўся тая процьма за чатыры леты назапашанага матэрыялу ў падачы для кнігі рыхтавалася ім не ў больш-менш прыстойнай фоталабараторыі, а проста ў цесным ванным пакоі, i не ў поўнай свабодзе для гэтай работы, a дзённымі ды вячэрнімі прыхваткамі, нібы між іншым, пасля лекцыяў, паседжанняў, дакладаў, літаратуразнаўчых работ, якія ў сваю чаргу, а часцей без чаргі патрабавалі надежна й увагі.
I ён усюды паспяваў.
Кніга ў таленавітым афармленні выйшла ў арыгінале, потым яна ў перакладах на рускую, англійскую, балгарскую мовы паўтарылася далкам па Калесніку ды Кашкурэвічу, a ў іншых выданнях – украінскім, чэшскім, венгерскім, польскім, калі так ці інакш мяняўся фармат i вокладка, фотаілюстрацыі заставал іся яго, Валодзевы. I кожная з ix для нас, трох яе аўтараў, мела, а цяпер ужо для мяне аднаго мае сваю інтымную гісторыю, наводзіць на ўспаміны i нязбыўны, хоць i светлы, i цёплы часамі, a ўсё ж самотны сяброўскі сум...
Дваццаць гадоў таму назад, у Маскве, знаёмячы Валодзю з маім рускім сябрам, добрым пісьменнікам i чалавекам Васілём Субоціным, я назваў яго, Калесніка, а мой Васіль Яфімавіч, па-свойму сціпла ўсміхнуўшыся, сказаў:
– Как же не знать! «Володя сказал», «Володя пишет», «Если бы Володя это видел». Очень приятно, Владимир Андреевич!..
I мне было прыемна ўдвая,– i што знаёмлю сяброў, i што Вася, якога цікавяць мае лірычныя запісы, аб чым ён i ў друку гаварыў, ведае пра нашу дружбу.
Гэта праўда,– у запісах маіх, i ўжо надрукаваных, i яшчэ не, пра Валодзю гаворыцца часта. A штосьці большае пра яго як чалавека, пісьменніка, сябра мне пакуль што – спакусліва-зманлівае «пакуль што»! – напісаць не прыйшлося. Калі не лічыць скупаватага нарыса «Першы прыпынак», слова да яго пяцідзесяцігоддзя.
Нямала дадала б i, можа, калі-небудзь дадасць наша перапіска.
А пакуль што – аптымістычна паўторымся – няхай штосьці скажа i гэтая публікацыя.
Слова з нагоды
АД ПЕРАКОСУ i ДА ПЕРАКОСУ [36]
Здаецца, яшчэ зусім нядаўна наша крытыка вельмі прыкметна i настойліва галерную ролю ў літаратуры ваеннай-антываеннай адводзіла прозе дакументальнай. Цяпер, яшчэ больш прыкметна, з дружным націскам гаворыцца пра «палітычны раман» як галоўную зброю ў справе літаратурнай барацьбы за мір. Да таго ж – пра раман, толькі пра яго, пра «палітычную аповесць», тым больш пра «палітычнае апавяданне» не гаворыцца.
I вось раманы гэтыя паспешліва пішуцца, легка i шчодра выдаюцца, пахвальна рэцэнзуюцца ледзь не па карэктурных гранках. Некаторыя спрытныя аўтары такіх раманаў i радаслоўную гэтага, так сказаць, панацэйнага жанру самі, з зайздроснай раскаванасцю выводзяць ад самога Гамера, па дарозе падключаюць у той рад Талстога, Стэндаля, яшчэ каго-небудзь з вечнасці, а затым, таксама па асабістым выбары, пераходзяць да некаторых сучаснікаў...
Чытаеш, слухаеш такое, i ўспамінаецца высокае: «служенье муз не терпит суеты». А як жа з гэтым быць? Няўжо гэта абавязкова не для ўсіх, не ў любым часе?..
Мне думалася, што я першы за нашым «круглым сталом» назаву слаўнае імя Міхаіла Прышвіна. Уладзімір Піскуноў i Віктар Каваленка апярэдзілі мяне, кожны па-свойму назваўшы i Прышвіна своеасаблівым змагаром за мір. А мы, хто старэйшы, памятаем жа тое пасляваеннае, што ішло ад самага верху, пытанне: «А вы, товарищ Пришвин, все о собачках?..»
Пра сабачак, яшчэ менш – пра сабачку i ў нашы дні напісана кніга, што не так сабе прысвечана светлай памяці Аляксандра Твардоўскага. Я гавару пра аповесць Гаўрыіла Траяпольскага «Белы Бім Чорнае Вуха». Толькі зрэдку, між іншым, прамільгне ў друку скупая нататка пра тое, колькі выданняў гэтая невялікая па лістажы аповесць вытрымала за мяжою, якою прэміяй зноў жа адзначаны яе аўтар. А гэта ж, калі па-сапраўднаму, вялікая кніга пра чалавечнасць, яна настолькі сучасная, сугучная трывозе i надзеям усіх людзей Зямлі, настолькі агульналюдская ў самым высокім значэнні гэтага слова, што невыпадкова яна, можна сказаць, трыумфальна ідзе па ўсім свеце без лішняга шоламу, робячы сваю вялікую справу яднання людзей добрай волі, цудоўна дапамагаючы найважнейшаму з важнага – нашай барацьбе за мір.
Слухаючы выступленні, я ўспамінаў Талстога – вялікі прыклад ягонай творчасці, у якім – калі ўзяць толькі апошнія гады Льва Мікалаевіча,– выдатна сужываліся на адным рабочым стале i палымяны памфлет «Не магу маўчаць», i непераўзыдзены сплаў дакументальнага i мастацкага – аповесць «ХаджыМурат», i абаяльнае сваёй празрыстасцю, сонечнай прастатой апавяданне пра ўрачыста-пераможную красу прыроды, пра вечную мудрасць маленства – «Ягады»...
Хто там будзе адмаўляць значэнне дакументальнай прозы, публіцыстыкі! Вось ужо шмат гадоў я жыва памятаю высокі душэўны настрой, з якім быў i мной успрыняты ромаўскі «Звычайны фашызм»; i я з радасным адчуваннем жыццёвай праўды зачытваўся лепшымі старонкамі дакументальнай прозы пра вайну; як беларус i я ганаруся нашым укладам у гэтую вялікую тэму, шчаслівы сваім пасільным удзелам у працы маіх сяброў. Мне толькі прыкра бачыць шараханне ад моды да моды, ад перакосу да перакосу, непатрэбнае шкоднае захвальванне адных, замоўчванне другіх, усялякую закулісную тузаніну, у той час – вялікі i трывожны час! – калі ўсе нашы намаганні павінны быць накіраванымі на галоўнае, на адно. I гэта галоўнае ўсе мы абавязкова павінны рабіць таленавіта, сумленна i, па магчымасці, сціплей.
1985
ЗАЛЕЖЫЦЬ I АД НАС [37]
Пачну з таго, што i я, дарагія сябры, усёй душою з тымі, хто не траціць надзеі на перамогу ленінскіх нормаў у справе нацыянальнай палітыкі, хто верыць, што гэта вельмі патрэбна i неадменна. Як ні прыкра бывае часам i з прыступамі духоўнай стомленасці, нават нейкага песімізму, пасля чаго зноў верыцца, хочацца працаваць, адчуваеш сябе дома, у родным народзе, самім сабой у нашай вялікай савецкай сям'і. Тады ў адказ на беспадстаўны давер, няслушныя падазрэнні, здзекліва-пошлыя кепікі i халоднае мудрагельства палітыканаў хочацца сказаць: Не, не трэба лішне баяцца, што наша любоў да рускага слова, рускай літаратуры, рускага народа можа паменшаць або пахіснуцца ад таго, што мы любім i сваё, роднае – слова, літаратуру, песню, мінулае i сучаснасць. Шуканне ў сённяшняй Беларусі, у тым ліку i ў нашым літаратурным асяроддзі, нейкага нацыяналізму – гэта мне асабіста бачыцца, адчуваецца мною то горка-смешным, то крыўднанесправядлівым. Мы не гэтага заслужылі.
Так, нам патрэбна родная школа, патрэбен патрыятычна свядомы чытач, нам патрэбна законнае месца ў гісторыі братніх народаў, патрэбна здаровая, інтэрнацыяналісцкая гордасць сваім народам, не горшым за іншыя ў працы, у барацьбе за светлыя ідэалы, за мір i дружбу, за чалавечнасць.
Усё гэта вельмі сугучна нашаму часу, вялікай, надоўга разлічанай мудрасці.
Вельмі істотна i тое, што ў нашы дні паўтараецца часта, што патрабуе ажыццяўлення ў справах,– маю на ўвазе неабходнасць перабудову пачынаць перш за ўсё з самога сябе, са свайш найбліжэйшага калектыву.
Пра гэта хочацца сёе-тое сказаць.
Гадоў з чатыры таму назад я чуў такое акрэсленне тагачасных грамадскіх настрояў: суцэльная млявасць i абыякавасць. Гэта, на жаль, не надта. хоча адыходзіць у нябыт, у нечым яно стасуецца i да нас.
Згадваюцца тры вечары ў нашым пісьменніцкім клубе – зусім нядаўнія i сумна характэрныя. Вечар Уладзіміра Караткевіча, з пагоды выхаду яш кнігі «Быў. Ёсць. Буду». Дзевяностапяцігоддзе Рыгора Раманавіча Шырмы. I вечар памяці Аркадзя Чарнышэвіча. Тры вельмі значныя імёны, тры светлыя вобразы: Караткевіч – арыгінальны, яркі паэт, празаік, драматург, публіцыст, слаўны таварыш, што так балюча без пары пакінуў нас; Шырма – чалавек подзвігу, жыццёвага i творчага, асоба з высокім маральным аўтарытэтам; Чарнышэвіч – таленавіты апавядальнік i раманіст, які зрабіў бы намнога больш, каб не бязлітасны цяжар несправядлівага лёсу – бяспраўе далёкай ссылкі.
A ў зале на тых вечарах, даволі людных, дзякуючы прыхільнікам роднага слова, нашага брата пісьменніка было тры-чатыры, ну пяць чалавек, амаль заўсёды тых самых. Такое паўтараецца i часта, i даўно. Hi старэйшых не ўбачыш, ні маладых. Цяжка ўявіць, што гэта іменна тады, у тыя вячэрнія паўтарыдзве гадзіны, недзе за мноствам пісьмовых сталоў ствараюцца суцэльныя шэдэўры, i працэс той ніяк немагчыма спыніць,– больш падстаў згадваць славутую млявасць i абыякавасць, сумна думаць пра нашу незразумелую, ганебную непавагу да зробленага іншымі, непавагу да нашых папярэднікаў.
Калі ж мы збіраемся гуртам, на сходы, колькі панылай дробязнасці, бяздарных прэтэнзій, узаемных прыдзірак, недастойнай помслівасці, халастой балбатні то пра нядаўнюю «духоўнасць», то пра новае «мысленне» даводзіцца сяды-тады пачуць!.. I гэта ў той час, калі мы як быццам сабраліся дзеля таго, каб займацца галоўнай, адзінай справай свайго жыцця, калі ў краіне рэвалюцыйны ўздым перабудовы, паварот да доўга i нялёгка чаканай галоснасці, калі ва ўсім свеце трывога не проста за мір, a ўжо за выжыванне чалавецтва!.. A ў нас часамі так нудна, нізка, так няёмка на душы... Рэдка бывае інакш, па-сур'ёзнаму, калі i дадому са сходу ідзеш чалавекам, i назаўтра працуецца ахватней.
Мы вельмі мала чытаем адзін аднаго, мала радуемся поспеху таварыша па прызванні, зачаста не заўважаем, што побач з намі жывуць, працуюць добрыя пісьменнікі, што некрыкліва, сумленна робяць сваю справу.
Мы вельмі недастаткова паважаем роднае слова. У працы сваёй. Моўная шэрасць, прыблізнасць, неахайнасць, спешка – нібы на злом галавы. Такое асабліва непрыемна i трывожна назіраецца ў нашай змены. Чуў нядаўна, у адказным выступленні адной паэтэсы: «Маладыя навучыліся пісаць». Яны, бач, навучыліся, а бедны Талстой да самай смерці вучыўся. Семнаццаць пачаткаў рамана «Воскресение», сто дзесяць варыянтаў філасофскай кнігі «Путь жизни». А некаторы наш скараспелы, лёгка-крыўдлівы ўмелец ледзь паспявае вычытаць свой рукапіс пасля машынкі, першы экземпляр, на другі ўжо цярплівасці не стае, трэба бегчы ў рэдакцыю, у выдавецтва.. З плеч ды ў печ, як пра сырыя дровы гаворыцца. Хай сабе – скідка на маладую гарачку. A колькі ж пажылых ды сталых сяк-так трухціць або паўзе на свой прысядзібны Парнас з папушчанымі лейцамі, з поўнай свабодай у правілах руху або хутчэй зусім без павагі да ix. Правінцыяльная гігантаманія ў спалучэнні з вялым драбнатэм'ем і, разам з тым, спрактыкаваная рухавасць у прасоўванні ў друк сваёй, гак часта ацеслівай, прадукцыі. Прачытаўшы нешта цікавейшае ў часопісе, парой захочацца сказаць таварышу шчырае слова, якое магло б, чаго добрага, i прыдацца яму, але дзе там, позна – канвеер панёс ужо гэты новы самашэдэўр у цвёрды пераплёт – i дома, i ў Маскве...
Даўно мне помніцца тупое, сытае: «А што там мова, мову паправяць у рэдакцыі». A ўжо ж i ў рэдакцыях, часопісных i выдавецкіх, правіць, працаваць з аўтарам у добрым сэнсе гэтага слова, не надта ўмеюць i хочуць. Збольшага толькі, у асноўным стыліст ды карэктар. Нават i так гаворыцца, што «друкаваць трэба – як аўтар напісаў». Толькі цэнзураваць стараюцца, многіх штатных апераджаючы ў сваёй палахлівай звышпільнасці.
У гэтым сэнсе ўспамінаецца горкі лес трэцяй кнігі трылогіі Міколы Лобана «Шэметы». Добрая проза, грунтоўная ў сваёй праўдзівасці i майстэрстве, яна была так пільна зарэдагавана ў «Полымі», што толькі рэбры адны засталіся, дый то не ўсе цалкам. Выдавецтва, у сваю чаргу, палічыла за лепшае, спакайнейшае пайсці ў асноўным за часопісам. Блізкія да Міколы Паўлавіча людзі ведаюць, колькі ўсё гэта каштавала таварышу ў гадах, хваравітаму, двойчы цяжка параненаму франтавіку, абаяльнаму ў сваёй змястоўнай сціпласці чалавеку, які гэта быў фінал сумленнага пісьменніцкага шляху... Міколы няма, ён не можа пакарыстацца свежым паветрам галоснасці, сам не верне страчанае, i я лічу, што тут фармальна падыходзіць нельга,– маўляў, апошняе прыжыццёвае выданне, тэкст, так сказаць, кананічны,– можа, варта стварыць аўтарытэтную камісію на творчай спадчыне Лобана, каб камісія гэтая мела права дамагчыся памагчы таленавітай трылогіі загучаць на поўны голас, так, як яна была напісана.
Ненармальным бачыцца мне i тое, што паэт i празаік Алесь Наўроцкі, які гадоў дзесяць таму назад напісаў раман, быў загонены звышпільнікамі ў такі тупік, што не выйшаў з яго i дагэтуль. Працуе недзе лекарам, у Саюзе не бывае, яго i сёння, відаць, няма. A помніцца, як ён занлакаў ад крыўды над гэтай самай трыбунай, якая ўжо нямала чула абстрактна-высакародных слоў. Трэба было б зірнуць свежым вокам на той раман,– можа, ён не такі ўжо залішне смелы, як у свой час сяму-таму здавалася. Днямі я перачытваў даўні ўжо зборнік апавяданняў Наўроцкага «Балун» i яшчэ раз пераканаўся, што таварыш мог бы добра працаваць, што такімі кавалкамі божага дару кідацца грэх, як гаварылі нашы бацькі-хлебаробы.
Толькі два прыклады. I агаворка, што справа не ў тым, каб з прыстрасным ментарствам вінаваціць кагосьці персанальна, ад іншых патрабаваць перабудовы. Як член рэдкалегіі «Полымя» i рэдсавета «Мастацкай літаратуры» i я нясу сваю частку віны перад светлай памяццю Лобана. Той недарэзаны трэці том я чытаў у рукапісе, па просьбе аўтара i рэдакцыі, абараняць прыйшлося тое ўжо, што засталося, каб хоць яно прайшло, а на добры лад мне трэба было прыдаць гэтай справе розгалас, паваяваць за ўвесь аўтарскі тэкст, за права пісьменніка на шчырасць. Тым больш што i сам я, у сваёй працы, на сваіх нервах даволі-такі адчувальна знаёмы з усялякай звышпільнасцю. I ў крыўдзе Алеся Наўроцкага зноў жа нельга было абмежавацца маўклівым спачуваннем.
Гэта ўсё праўда, i не толькі ў гэтых двух выпадках ды ў адным толькі часопісе. Аднак праўда i тое, што нашы рэдкалегіі i рэдсаветы далека не заўсёды запрашаліся для вырашэння складаных пытанняў. Калі ж такія пытанні i выносіліся на калектыўнае абмеркаванне, як было, напрыклад, з дзённікавымі запісамі Івана Мележа, то за купюры ў ix галасоў аказалася вырашальна больш, чым супраць. I за купюры ў большасці былі якраз тыя ахоўнікі законнасці, якія рукапісу не чыталі, затое добра i даўно ўжо ведалі i ведаюць, што купюры заўсёды i ўсюды вельмі патрэбны. Класічнае, жывучае «трымаць i не пушчаць»!.. Дарэчы, так адбылося раней з дзённікам Кузьмы Чорнага – у апошняй кнізе яго васьмітомніка дзённік, выдатны творчы i грамадзянскі дакумент свайго часу, пайшоў у злачынна абскубленым выглядзе. Запісы Мележа – таксама. У сакавіцкім нумары «Немана» надрукаваны фрагмент з дзённіка ссыльнага Барыса Мікуліча. Цікавая, патрэбная публікацыя. Мала хто ведае, аднак, што дзённік гэты, падоўжаны пісьменнікам на адноснай волі, ужо ў Бел ару ci, меўся быць надрукаваным у тым самым «Немане» гадоў пятнаццаць таму назад, але стараннямі зацікаўленых ён свету тады не пабачыў. Мікуліч рэабілітаваны, ён друкуецца, i дзённік яго, яшчэ адна споведзь чыстага сэрца, трэба аддаць чытачу. Памятаем мы i тое, як наш «ЛiM» прымушаны быў перадрукаваць са «Звязды» вялізны, злосны, блізарука-дылетанцкі артыкул супраць адной з аповесцей Васіля Быкава, i тое, як на выдавецкай вазе, таксама ў шасцідзесятых гадах, калі вырашаўся лес гістарычнай прозы Караткевіча, голас прыдворнага рэбэ ад крытыкі Якава Герцовіча мог або намагаўся беспакарана пераважыць любы «вокс популі»... Нямала можна было б прыгадаць.
Што было – тое было. I не ва ўсім яно залежала ад аўтараў, рэдактараў i рэдкалегій. Толькі б такое не паўтаралася!..
А тое, што можна выправіць,– трэба рабіць неадкладна. Беларускаму i ўсесаюзнаму чытачу трэба вярнуць Алеся Гаруна, Усевалада Ігнатоўскага, гісторыя якога вартая навуковага перавыдання. Дарэчы, як i гісторыя беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Па добраму прыкладу нашых рускіх братоў, якія з мудрым гаспадарскім клопатам вяртаюць чытачам нашай вялікай краіны беспадстаўна забытыя ці неразумна адкінутыя скарбы народнай культуры.
А што да новага, дык тут вельмі надзённа i важна даць выйсце i дапамогу рэвалюцыйнай шчырасці ў слове.
Наконт найбольш модных апошнім часам ацэнак. У нас не ў пашане простыя, натуральна змястоўныя, разумна стрыманыя словы «таленавіты», «здольны», «сур'ёзны», «удалы», «нядрэнны». Даёш «вялікі», «цудоўны», «надзвычай таленавіты»! Нельга даўмецца, што па сутнасці азначае тое «надзвычай» – геній гэта ці яшчэ больш? A ўжываецца легка i шчодра. Ёсць у творы больш-менш прыкметная думка – ён ужо «філасофскі» або хоць «інтэлектуальны». Выдаемся – хто больш, хто менш – за мяжой – ужо i «міжнародныя», «сусветныя». Сціплей як быццам i нельга. А трэба. Як у саліднай, сталай літаратуры.
Залішне легка праходзіць у нас часамі i прэміраванне, не заўсёды з належнай прынцыповасцю, без умяшання збоку ці зверху, без патаемнай думачкі пра кандыдата як пра чалавека «свайго», «патрэбнага», «пры пасадзе». Так бывае з дзяржаўнымі прэміямі, з прэміямі Саюза пісьменнікаў i рэдакцыйнымі. Калі так пойдзе далей, дык нелаўрэатаў у нас неўзабаве будзе нікчэмная меншасць. Што ні напісана – на прэмію!..
Справу з прыёмам у Саюз таксама трэба папраўляць. Не паўзводна прымаць, як здаралася апошнім часам, а па два-тры прэтэндэнты на адзін раз, з большай грунтоўнасцю калектыўнага абмеркавання. А то ж у нас амаль кожны другі акандыдачаны філолаг i кожны больш-менш прыстойны журналіст лічыць не лішнім займець яшчэ i пісьменніцкае званне. I прымаем. Бывае, што нават проста з літасці, за кампанію з папярэднімі нялепшымі або каб адчапіцца ад чарговага прабіўнога назолы. Некаторыя з маладых таксама, на жаль, любяць моднае паняцце «выбіць», могуць i выенчыць. Зборнічак яшчэ цёплы ад друкарскай машыны, a ўжо нясецца подбегам у камісію па прыёму. Тут зноў жа скідка на гады. Але ж успомнім i святлоўскае: «Маладосць – гэта не заслуга, a ўсяго толькі ўзрост». I ў маладых таленавітасць вельмі прыемна бачыцца ў спалучэнні са сціпласцю.
Незразумела доўга мы не заўважаем, здараецца, вартых прыёму таварышаў з немаладых. Такіх, скажам, здольных, актыўных работнікаў, як Мікола Ермаловіч, як Янка Саламевіч, a пашукаўшы,– i яшчэ хтосьці з людзей надзейных, правераных часам i працай, знойдзецца.
Трэба штосьці кардынальна рабіць i з нашым бюро прапаганды мастацкай літаратуры. Колькі яно існуе – столькі i клопату з мастацкім i этычным узроўнем гэтай прапаганды. Залішне часта, трапіўшы ў тым ці іншым раёне рэспублікі на мокрыя сляды паасобных прапагандыстаў, паслухаўшы людскія водгукі, i сораму можна паспытаць, i падумаць, што карысці i гонару нашай літаратуры такая, з дазволу сказаць, прапаганда не прыносіць,– наадварот!
A ў нас жа, сябры мае, добрая літаратура. I людзі кажуць, i самім гэта радасна бачыць. Нам ёсць каго паважаць, ёсць чым i кім ганарыцца, ёсць на каго спадзявацца. Толькі б усім нам – старэйшым, сталым, маладым i пачынаючым – памятаць як след, што многае i вельмі многае залежыць i ад нас саміх. I гэтага – галоўнага – ніхто за нас не зробіць.
1987
ПУНКТ АПОРЫ I ЗАПАС СПАКОЮ [38]
На нашу сустрэчу, дарагія прыхільнікі міру і дружбы, я прыехаў з прылясной маляўнічай глухамані Верхняга Наднямоння, дзе ўжо нямала гадоў жыву з ранняй вясны да позняй восені.
Усім i ўсюды з прытчы пра матчына імя вядома дзіцячая мудрасць, заключаная ў простыя, неабвержныя словы хлопчыка, які заблудзіўся ў натоўпе i ў адказ на пытанні, хто яго мама, ад якой ён адбіўся, паўтараў адно: «Мая мама лепшая за ўсіх!..»
Пра сваё месца на планеце Зямля кожны з нас, у тым ліку i я, мае права сказаць таксама – лепшае за ўсе другія.
Я, да таго ж яшчэ, ганаруся высокім зямляцтвам з двума Міцкевічамі, польскім i сваім. Роўна сто шэсцьдзесят гадоў таму назад вымушаны эмігрант Адам Міцкевіч у сваім «Пане Тадэвушы» маліўся красе нашай роднай Наваградчыны, так званай «Беларускай Швейцарыі», з парыжскай бядотнай далечы: «Сёння бачу красу тваю i апісваю, бо тужу па табе». A ў пачатку нашага стагоддзя апальны вясковы настаўнік, палітычны вязень царскай турмы ў Мінску Кастусь Міцкевіч, ён жа, па псеўданіму, Якуб Колас, адзін з высокаталенавітых пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, эпапею «Новая зямля» пачынаў з сыноўняй тугі праз краты: «Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы!»
Я пакуль што не эмігрант i не вязень, па родных мясцінах тужу толькі зімой, у гарадскім выраі, i туга мая светлая, яшчэ ўсё, дзякуй Богу, поўная творчых спадзяванняў. Я не люблю называцца дачнікам, я там жыву сярод сваіх працалюбівых землякоў-сялян, i сам працую, удзячна ўспамінаючы i нашага вялікага сярэднявечнага асветніка Скарыну, з яго гаючамудрай ласкай да родных мясцін, i яшчэ больш даўняга, усечалавечнага эліна Архімеда – з яго славутым пунктам апоры, які i мне дапамагае калі не Зямлю, крый Бог, перавярнуць, дык проста лепей бачыць сваё месца на ёй, як стартавую пляцоўку – ад свайго роднага – у агульналюдскае.