355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Дзе скарб ваш » Текст книги (страница 4)
Дзе скарб ваш
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Дзе скарб ваш"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 16 страниц)

Ані на тым здымку няма, яна прыйшла ў нашу школу на адзін толькі год, у сёмы клас, калі бацьку яе перавялі аднекуль у казённы лес за нашаю Вушай. Можа, таму i ўспамін такі востры, што толькі адзін год, што толькі адна сустрэча была пасля, калі яна, студэнтка Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, светла-зялёнай павай праплыла па летняй, нядзельнай вуліцы нашага Загора, ідучы ў Турэц, i мы сустрэліся, пагаварылі. Брату было дзевятнаццаць, ёй на год менш, а мне яшчэ на два. Яшчэ не надта, чым перад Шэйнай, смялейшы. Яна была ў самым дзявочым росквіце, яе чароўная смуглявасць, мілы, іскрысты смех яе мне помняцца...

Пасля бацькі пасаду лесніка, на сваю галаву, заняў Анін брат. У саракавым, калі яна была ўжо замужам, жыла ў мястэчку, брата з сям'ёю вывезлі. Цераз армію Андэрса ён трапіў пасля ў Англію, куды пазней, з Польшчы, аўдавеўшы, пераехала i Аня з дзецьмі. A ўжо адтуль, за сынам, рушыла ў Аўстралію. Пісала адтуль залоўцы i швагру, майму Алесю.

Ды вось i тых пісьмаў няма...

А зрэшты – ці сказалі б яны мне больш за гэтую пісульку?..

З людзьмі і сам-насам

ДЗЕВЯНОСТА ТРЭЦІ

Калі мы з ім, госцем-унукам, засталіся ўранні адны, я даў яму спаць колькі захоча. Бо i самому тым часам вальней, спакайней за пісьмовым сталом. Устаўшы ў адзінаццаць з мінутамі, румяны дзесяцігадовы філосаф на маё вясёлае здзіўленне адказаў:

– I нармальна!

Падумалася, што дзеці законна лічаць: сплючы, яны жывуць. А мы, старыя,– што трацім столькі часу.

* * *

Перачытваючы запісы восемдзесят пятага года, як прыемнае адкрыццё – Бог мой, толькі праз сем з палавінай гадоў! – убачыў тое, дзе i як мы пазнаёміліся з Міхасём Ткачовым. Каля магілы нашай агульнай любові – Валодзі Караткевіча.

I гэта бачыцца цяпер, ужо i цераз Міхасёў заўчасны адыход, не так сабе...

* * *

Над старонкамі Віктара Астаф'ева не адзін раз паглыблена ўзнікала думка, піто іменна так павінен паводзіць сябе пісьменнік – пісаць, i добра пісаць, а не лезці ў палітыку. «Прокляты и забыты» напісаны добра. A ў раздзеле, дзе расстрэл братоўблізнюкоў, ажно жудасна стала ад агульналюдскай сілы напісанага.

Прачытаўшы ўсё, думалася, па нашай даўняй прывычцы, i пра пэўныя недахопы, аднак тут – не да ix.

* * *

Танк, наш трэці народны Максім, у адказ на мае тэлефоннае прывітанне ды віншаванне з сонечным днём, сказаў, што ён якраз бінтуе сваёй Любе нагу. I возіць яе ў калясцы па вялікай, пустой кватэры...

Пахваліў Калеснікаў уступ да дзённіка Мядзёлкі, дарэчы, як i Вялюгін днямі. Я не стаў адкладаць да вечара, пазваніў Валодзю з гэтай весткай ад двух сур'ёзных чытачоў.

Максім расказваў таксама, што Любоў Андрэеўна памятае, як яна, вучаніца першага класа віленскай беларускай гімназіі, бачыла развітанне Гарэцкага з выкладчыкамі перад яго ад'ездам у Мінск,– як яны цалаваліся i які ён быў прыгожы. Можа, Максім запіша пра гэта, а то i не, хоць ён, думаецца, піша дзённік, не абмежаваўшыся «Лісткамі календара».

* * *

Зранку пайшоў у архіў, занёс кнігі сяброў з аўтографамі i пацікавіўся сваімі пісьмамі ў фондах Забэйды, Гарбука i Васілька. Не толькі прыемна было такім чынам вярнуцца ў мінулае, ажно да саракавых гадоў, але ж i думалася, што гэта – пісьмы – таксама ж літаратурная праца, якой нельга так сабе прападаць.

Смяюся ўвечары, успамінаючы, як я ў саракавых пісаў Васільку: «Если ты не хочешь, чтобы козлиное горло твое было залеплено горячей кутьей...» Так пачынаецца пісьмо, у якім я прасіў штосьці абавязкова i неадкладна прыслаць, у яго ж інтарэсах. Гэта – гогалеўскае, з «Вечера накануне Ивана Купалы» (толькi што зверыў), а то ў нас з Міхасём i царкоўнай мовы было для гумару шмат, што пачалося з палону i працягвалася пры сустрэчах. Рыхтуючы свой першы савецкі зборнік, ён даўгавата жыў у мяне, мы нямала смяяліся. Было крыху такога i ў пісьмах.

Сур'ёзныя пісьмы Вісарыёну Гарбуку, i нямала ix, i неяк прыемна, што з Мінска яны пабывалі ў яго Пяцігорску i вярнуліся адтуль, каб застацца памяццю пра нашу завочную дружбу.

* * *

Званіла дачка Колі Бразоўскага, хоць праз пару месяцаў пасля яго смерці, i гаварыла, між іншым, што ён прасіўся ў бальніцу, а яму нельга было сказаць, што браць яго туды лічаць ужо дарэмным, i крыўдзіўся на родных, гаварыў: «Пазваніце Івану, ён мяне паложыць!..»

У нейкай сувязі з гэтым адчуваннем чалавечай ды партызанскай блізкасці згадаю, як на з'ездзе ТБМ сімпатычная маладзічка, зусім незнаемая, расказала, што, калі яна была малая, я начаваў у іхняй хаце, спаў на іхняй канапе. Аказалася, яна з тых Казлоў на Нясвіжчыне, дзе мы – Лойка, Аўрамчык, Барадулін i я – выступалі ў школе. А было гэта, боская моц, у маі 1966 года. Бацька тае дзяўчынкі, свядомы педагог, яшчэ жывы-здаровы, i я папрасіў перадаць яму прывітанне, забыўшыся спытаць, хто яна цяпер, дзе, кім працуе,– тая ціхая дзяўчынка.

* * *

Калі мы, трупа пісьменнікаў, што прыехалі ў Горкі на юбілей Максіма Гарэцкага, стаялі ў холе гасцініцы, чакаючы, пакуль нас паселяць, i ажыўлена гаманілі на роднай мове, нейкі «муж средних лет» паруску нягучна спытаўся ў мяне, найбліжэйшага, адкуль мы. A пачуўшы, сказаў:

– И у нас, в Бобруйске, такие есть.

Не літаратары, як мы, пра што я не сказаў, a іменна такие. Нібы дзівакі.

* * *

У выступленні на саракагоддзі «Маладосці» Алесь Асіпенка нечакана расказаў, як у лютым 1953-га Машэраў хацеў паставіць мяне рэдактарам гэтага часопіса. Гаварылася тады: ён не ведаў, што я беспартыйны. Алесь, рэдактар «Чырвонай змены», член бюро ЦК камсамола, «ведаў нямала закуліснага» (словы ягоныя) i сказаў, што гэта Патолічаў выказаў недаўменне: камсамольскі часопіс i беспартыйны галоўны рэдактар?..

Прыемна было мне чамусьці ад гэтага Алесевага расказу, а таксама i ад той дэталі, пра якую я зусім забыўся. Як Машэрава папракнулі зверху за тое, што работнікі абодвух ЦК прыходзяць на працу ў дзевяць гадзін, а наша рэдакцыя, ды ў новым доме ЦК камсамола, у дванаццаць. Пётр Міронавіч выклікаў нас на гутарку па гэтай прычыне, а я там прыгадаў вайсковае, капральскае: «Можаце ботаў не чысціць, абы толькі яны блішчэлі!» Ён засмяяўся, i на гэтым справа закончылася.

I такое яшчэ. Пакуль дайшло да Аляксея Кулакоўскага, быў намер паставіць на «Маладосць» універсала Паўла Кавалёва, нават па сумяшчальніцтву, бо ён жа сакратарыў у Саюзе пісьменнікаў. Калі, пасля асечкі з маім рэдактарствам, я быў зноў запрошаны да Машэрава, там былі Асіпенка i Кавалёў. Павел Нічыпаравіч па-сталінску ды панамарэнкаўску пакурваў ці так пасмоктваў люлечку i шматзначна ўсміхаўся. Стаць адказным сакратаром рэдакцыі я адмовіўся, згаджаўся толькі на загадчыка літаратурнага аддзела, а прыязна, па-свойску ўсмешлівы партызанскі Герой, камсамольскі важак ветліва муліўся, што «менш як другое месца ў рэдакцыі прапанаваць вам нязручна». Крыху пазней была зроблена такая камбінацыя: загадчык літаратурнага аддзела быў адначасна i намеснікам галоўнага. А мне прыемна згадваецца i такое, як я, гледзячы на адказную люлечку, спытаўся ў Машэрава: «Што – кіраваць ужо ёсць каму, а працаваць – няма?..» Ён, Пётр Міронавіч, i тут пасвойску засмяяўся.

* * *

Раптам жыва i сцішнавата ўявілася леташняе. Па залітым слякотным сонцам маскоўскім тратуары мы ішлі ўтраіх – Алёша Карпюк, яго заўсёды разважлівая, з добрай усмешкай Іна Анатольеўна i я. Каля сцяны аднаго з дамоў, у цяньку сядзеў з баянам ці паўнапраўны жабрак, ці нейкі, як палякі кажуць, zarobkiewicz [1]. Насустрач нам ён рэзнуў полечку. I тут Алёша – худы пасля асенняй аперацьй, небывала раней маўклівы, у светла-шэрым касцюме i белай шапцы – раптам... затанцаваў!.. Яшчэ зводдаль ад баяніста. За паўтара месяца, як потым аказалася, да смерці... А далей, ужо ўсміхнуўшыся, пайшоў побач ca мною, зноў амаль не прымаючы ўдзелу ў размове.

* * *

Прачытаў дзённік Варлена Бечыка. I сум, i святло ад яшчэ аднаго сутыкнення з чыстай душой таленавітага пакутніка, i ўдзячная радасць ад таго, што ў гэтай душы бываў сяды-тады i я.

Маці Варленава, выкладчыца Кароткая, якую толькі чуў разоў колькі па тэлефоне, а выгляду не ўяўляю, перадала мне ягоную кнігу «Радкі i жыццё» па дзіўнай сціпласці без надпісу. Пазваніў ёй учора, яшчэ раз сказаўшы паважанай Ларысе Лявонцьеўне пра яе святога хлопца...

* * *

Перад сном слухаў Варшаву. Дваюрадны брат Марака Гласкі хораша расказваў i пра свае пакуты ў савецкай ссылцы (сям'я асадніка), i пра Марака-пісьменніка, пра іхнюю дружбу. А на мяне, як ніколі раней,– так жа часта здаецца,– напала сумота ад раз'яднанасці з сябрамі ў Польшчы, на Украіне, у Расіі, у Прыбалтыцы...

Неяк Гілевіч пасля песні ў застоллі сам пачаў пра тое ж,– як балюча паменшала ў яго балгарскіх сяброў. А яму ж на чатырнаццаць гадоў менш, чым мне.

Да ўсіх бедаў нашага ліхалецця – яшчэ i гэтая міжнародная раз'яднанасць!..

* * *

Даў Вялюгіну прачытаць рукапіс «Сваіх старонак» i «Вячэрняга»,– так захацелася талковага позірку збоку. Бо ў рэдакцыі, хутчэй за ўсё, нічога не скажуць. I ўзрост, i пэўны аўтарытэт,– ад гэтага i самотнасць, зусім шчырага слова не пачуеш, як быццам яно табе не патрэбна.

...Пазней, ужо тэлефонна пачуўшы пра ягонае ўражанне ад прачытанага, выказаў сваё сумненне па адным запісе. Анатоль змахнуў яго, сказаўшы, што гэта ў кожнага з нас «за пазухай чырвоны рэдактарскі аловак».

Дадам: як запазушны камень – супраць належнай літаратуры?..

* * *

Шамякін здзівіўся, што я – за Ельцына, як пэўную апору рускай, а з гэтым i нашай дэмакратыі, пачаў бэштаць яго i ягоных, а я, засмяяўшыся, нагадаў яму размову Сталіна ці не ca Стаўскім, які скардзіўся правадыру на пісьменнікаў i пачуў адказ: «А где я возьму тебе других писателей?»

– Таксама, Ваня,– сказаў я,– дзе ж я табе вазьму другога Сталіна?

* * *

Каляровае фота сусветна мілых дзетак, дзяўчынка i два мальцы, i іхняя мамуся, паглядная кашубка з вялікімі блакітнымі вачыма. Расказваючы пра яе, мой малады польскі госць, сын майго даўняга сябра, сказаў, між іншым, як яна, ягоная Гражына, вярнуўшыся ca споведзі, паведамляла яму ў ціхай радасці пра палёгку вызвалення ад грахоў, пра сваё абнаўленне.

Я сказаў яму, што як wolnomyśliciel (якое добрае слова!) не маю такое магчымасці вызвалення ад грахоў, асуджаны пакугаваць ад ix у самоце.

* * *

«Входите узкими вратами» Рыгора Бакланава. Удзячна прачытаў. Знайшоў у шафе «афтографных» кніг ягоную «Пядь земли». «Милому... с давней любовью, с надеждой, что мы будем дружить. 3.Х.71 г.» Гэта – пасля нашага знаёмства ў Дубултах. Чытаючы цяпер яго жывы, таленавіты расказ пра перажытае пісьменнікам i рэдактарам «Знамени», падумваў нават, што можна было i напісаць яму, аднак неўзабаве пахаладзеў: яшчэ адзін камень у ваду?.. А на сустрэчу сёння разлічваць цяжка. Пагаварыць было б, здаецца, лепш.

Во раз'яднанасць!..

* * *

Продкі маліліся, пакланяліся Сонцу. A ці не найлепшы гэта быў Бог – найчысцейшы i найцяплейшы?..

Не дасужая думка ў мяне, а такое было днямі адчуванне перад тэлеэкранам, на якім прыгожа, велічна Я но заходзіла.

* * *

Ад беспрацоўя зранку ўзяўся за Барыса Мікуліча, «Аповесць пра сябе», беларускі перыяд. Як быццам я гэтага не чытаў, спачатку ў рукапісе, потым у «Немане». I не таму толькі, што захацелася прыемнасці, якую адчуў калісьці ад той старонкі, дзе ён гаворыць пра мяне,– зачытаўся, i вось, пасля гадзіннай паўзы, сумна ад гэтага перачытвання. Хоць i ведаю сам, i з Адамовічам у свой час, калі ў гросбуху чыталі, i з Вялюгіным сёння гаварылі пра тое, што вось чалавеку не далі пісаць мастацкай прозы, прымусілі пакутаваць з-за гэтага, а ён пра пакуты свае напісаў, i гэта – найлепшае з усяго, напісанага ім.

* * *

Дапісаў патрэбнае да ранейшага запісу, загарнуў сшытак, палажыў у шуфляду i нават уголас сказаў сам сабе: «Ziarnko do ziarnka i zrobi się miarka» [2]. Пра тое, што дапісаў.

Калі i будзе ў маім запісванні трохі графаманіі, дык што ж – ад гэтага ж не ўсюды, не заўсёды ўсцеражэшся.

* * *

Пачуў, што цыбаты развязны лахмей, рэдагуючы ў маладзёжнай газеце нейкі матэрыял, закрэсліў у сказе словы «вялікія рускія пісьменнікі» i паставіў: «рускія белетрысты» – Талстой i Дастаеўскі... A другі, крыху здальнейшы, прыкметнейшы, сказаў, выступаючы: «Трэба нам вызваляцца ад гэтых барадатых класікаў!»

А сабе эпітэтаў не шкадуюць. Трэці з гэтай змены, можа, найбольш туманны, у надрукаванай аўтабіяграфічнай даведцы ўжо не толькі паэт, але i філосаф. Сам пра сябе.

* * *

Былы сакратар абкома, а потым – так жа нядаўна – i яшчэ вышэйшы на партыйнай лесвіцы, стаіць у царкве са свечкай у руцэ. Не перад Богам – перад тэлекамерай.

Адна з нашых сярэдненькіх рыфмачак, што i партыйную школу без прымусу закончыла, i на партыйныя сходы хадзіла ўрачыста, як у царкву, цяпер – таксама перад тэлекамерай – істэрычна, як баба-клікуша, расчульваецца над апісаннем мошчаў нейкай святое княгіні...

Мода.

* * *

Пасля раённага свята працы i песні ў гарадскім парку – пяцігадзіннае сядзенне за багатым сталом, дзе i госці з суседніх раёнаў, i з «пабратанага» раёна падмаскоўнага, дзе ўсё раённае i калгаснае начальства з жонкамі. Тыя самыя савецкія тосты, тыя самыя рускія песні. Нават ажно такое было сказана адным з раённых кіраўнічкоў, які ў тосце славіў рускіх, гасцей i наогул: «Усё роўна ж вы будзеце нашымі правадырамі...» Не дзіва, што сумна, стомлена было за тым, здавалася, вечным сталом, з некаторымі прасветамі ў перапынках, калі знаёміўся з аднымі ці сёе-тое ўспаміналі са знаёмымі.

* * *

I чытаючы аднаго, i слухаючы з трыбуны другога, думаў, я к гэта ўсім нам уласціва – пра самога сябе гаварыць абярэжна, кажучы па-санаторнаму, «в щадящем режиме», больш вінаватых бачачы навокал...

I самому трэба гэтага баяцца.

* * *

«Молодой негодяй» Э. Лімонава. Калі паруску – мерзость, скверна, што па пэўным таленце гэтага літаратурнага хулігана, як па ральгангу, легка коціцца ў душы маладых стотысячнымі тыражамі.

* * *

У чорнага маленечкага цюцькі столькі прыязнасці, што ён ніяк не можа выменташыць яе сваім хвосцікам, кожнай раніцы вітаючы мяне, калі прыходжу ў насёлак па малако. I падхалімствам гэта не назавеш, бо ён жа яшчэ зусім дзіця.

* * *

Як часта гэта бывае, што ў нейчым расказе пра самога сябе харошага не сказаным застаецца такое трошкі не так,– не так было, не так запомнілася тым, хто быў пры гэтым i ведае. Ва ўспамінах, у інтэрв'ю бачыш гэтае не зусім так i не заўсёды хочацца рэагаваць. Каб не разменьвацца на дробязі, а то больш з дабрадушнай ляноты.

А тым пазёрам, ці як тут сказаць, гэта якраз i добра, што хтосьці прамаўчыць.

* * *

Дзве дачныя радасці – прыехалі ўнукі i пачаўся, нарэшце, дождж!

Дзед з бабай ператаміліся ад штодзённага шчодрага палівання градаў, а тут i вельмі чаканы, i ўсё ж неспадзявапы працяглы kapuśniak, як трапна кажуць палякі.

I ўспамінаецца народнае: усё падняло вушы. I думаецца, ідучы раніцою па палявой дарозе, накрыўшыся плашч-палаткай, як гэта сёння кожны лісток, кожная травінка – як перамытыя. Што таксама вядома з маленства.

* * *

«Пісаць для сябе». Можа, гэта i ёсць яно – пісанне перш за ўсё для самога сябе – у тым, што я i хвалююся сваім, i ў сумненнях пакутую, i радуюся, дасягнуўшы належнай адпаведнасці. Вось чакаю карэктуры сваёй «Пішу як жыву», як чакаюць прыезду, прыходу кагосьці з найраднейшых, i ўспамінаю, як што пісалася, пра што хацелася сказаць,– маё заўсёды i назаўсёды, у чым прызнаюся, чаго ніяк не магу сказаць, паказаць найбольш удала... Ёсць i такое – пры радасці за тое, што, як шчасліва здаецца, удалося.

* * *

Добра апрацаванае поле, з якім я так даўно знаёмы, цяпер пад бульбай. Каторую ўжо раніцу, калі іду паўз ім, напамінае мне глыбока паэтычны ўступ да «Хаджы-Мурата», гімн вялікага вечнаму. А сёння, светлай, ціхай раніцай, калі ўсё так хораша расце пасля дажджу, я яго, гэтае поле, пакуль што чыстачорнае, з пазнавата пасаджанай бульбай, убачыў i ў такой яшчэ красе:

На зялёным, росным узмежку, які вышэй за дарогу, дзве нябесныя кветкі – валошкі, сціплыя раннія васількі так непаўторна хораша, міла, хвалююча блакітнеюць на чорным пакуль што фоне чыстай раллі.

* * *

Даўно пачаўшы, думаеш пра штосьці вартае запісу, але ўсё адкладаеш, як быццам з ляноты. А потым i прыходзіць як найбольш дарэчная патрэба запісаць тое нешта па суседству з нечым іншым, i тая нібы лянота робіцца зразумелай самому сабе: гэта ж было шуканне найбольш адпаведнай падачы.

* * *

Шарыка як быццам увечары не было. А тут я ў дарозе ажно ўздрыгнуў ад нечаканасці, калі ён ціха выперадзіў мяне, фыркнуў чагосьці, нібы пракашляўшыся, збочыў з мокрай пасля начнога дажджу дарогі i элегантна пасікаў на востры ялаўцовы кусцік. Хвост абаранкам, а пад хвастом ніякага натуралізму. За паўтара кіламетра нашай дарогі ў пасёлак ён «адзначыўся» (па Прышвіну) некалькі разоў, спачатку сур'ёзна пазнаёміўшыся з вартым-нявартым аб'ектам арашэння. А да таго яшчэ адзін раз насцярожыўся i шыбануў у лес, дзе знізу пабрахаў у крону сасны, трэба думаць, на вавёрачку.

Цікава яно ўсё-такі – чацвёртае лета гэты сціплы, з пароды лаек з прымессю, разумны псіна прыбягае да нас за добрых восем кіламетраў лугам ды лесам, ад свайго гаспадара, старшыні калгаса; пагосціць дзён колькі, тады знікае дахаты, а праз месяц, а то i хутчэй – зноў сюды. Не падумаеш, што дома яму голадна. I будка добрая, па-гарадскому кажучы – прэстыжная, i ланцуг пры ёй, на пяску,– сам я неяк бачыў.

Сусед наш кажа, што ў ланцугу тым i бяда: не хочацца быць навязаным. А суседка – з іншай псіхалогіяй падыходзіць: у ix была сучка Лайма, з якою Шарык хораша пасябраваў, а тая потым, у горадзе, трапіла пад машыну, i ён забыцца яе не можа, усё шукае на іхняй сядзібе, прынюхваецца... Праўда, раней прынюхваўся, шукаў, а потым i прывык сюды наведвацца.

Такая вось гісторыя.

Па загаду нашай гаспадыні, якая i так не любіць сабак, а тут яшчэ чужы дзівак ria градах будзе таптацца, мы не кормім Шарыка, так гонячы яго дахаты, а ён усё роўна вяртаецца. I добра было б мець такога i ўнукам сябра, i сабе. Нават сама бабуля часам ласкавее, кал i ён суправаджае яе ў ягады ці ў грыбы. Але ж чужы, чужое, а на свайго ў нас згоды няма.

Вярнуліся мы з малаком, i ён прылёг за брамкай, на мокрай траве, увесь у сваёй галоднай, самаадданай цярплівасці. Пасля халоднай, мокрай, нішчымнай ночы вартаўніка трэба было б падмацаваць нечым, але я кажу яму:

– Не, браток, не магу я з-за цябе сварыцца з жонкай, бяжы ты дахаты!

А ён ляжыць. Праўда, потым не вытрымае, знікне, да каго з суседзяў ці й наогул. Каб потым з'явіцца зноў.

Проста апавяданне, ці што?

* * *

Каб ад свае гаспадаркі, дзе процьма работы, якое няма на каго пакінуць, ехаць на ферму, яна, быстрая, маладжавая ўдава, калгасная даярка, устае ў тры гадзіны. Едзе туды прысланай фурманкай, цэлую гадзіну калываюцца. Калі возчык трапляецца, дзякуй яму, негаваркі, дык яна i падрэмле крыху.

Гаворыць мне пра гэта i ўсміхаецца.

Такі вось айчанашны хлеб на кожны дзень: тройчы на ферму i назад, дахаты, дзе таксама хапае работы.

Калі я зайшоў зранку на яе хутарок i мы, павітаўшыся, загаварылі пра вясну, ад злыдняў-камароў да яблыняў, што так раскошна цвітуць, яна сказала:

– Няхай бы, здаецца, i яблыкаў не было, а каб яны так заўсюды цвілі!

Народнае, ад чалавека цяжкай працы.

Дома запісваю гэта, i хочацца дадаць: а яшчэ ж у мяне за акном белай кашкай расквітнела «сухадрэўка», i бэз нібы не спакваля – увачавідкі так духмяна разбутоніўся!..

А перад сном, ужо без святла, пад ціхую музыку па радыё, убачыў зорачку ў чыстым начным блакіце, побач з графічна выразным нерухомым россыпам ліпавай лістоты. Зорачка тая як быццам ішла насустрач мне, самотна выядрываючыся ў сціплае, пяшчотнае пабліскванне.

I журботна, малітвена падумалася, як гэта чалавеку суджана так мала, так коратка любавацца красой, якую ён лічыць роднай!..

* * *

На нядаўнім з'ездзе беларусаў свету Ян Чыквін падараваў мне кнігу Тэрэсы Занеўскай «А dusza jest na Wschodzie», i там амаль незнаемы Тадэвуш Канвіцкі прыемна здзівіў тым, што ён uwielbia [3] (скажам прасцей: вельмі любіць) мяне за лірычныя запісы, называв ix пенкнымі i хвалюючымі, а разам з тым абвінавачвае ix аўтара ў «патрэбе падаць на калені i шапкай кланяцца Маскве...».

У такой i падобных прэтэнзіях трэба бачыць шкоду, якую я наношу сваёй нацыянальнай годнасці, пісьменніцкай арыгінальнасці. Але ж чым? Тым, што люблю Талстога, Чэхава, іншых вялікіх рускіх, якіх такой самай, агульналюдскай любоўю любяць на ўсіх кантынентах? Ен не кажа пра Расію, а пра Маскву, i тут вылазяць вушы яго патрыятычнай абмежаванасці, гістарычнага болю, крыўды, нянавісці да Moskwy, як да імперыі, i да Moskali, як прыгнятальнікаў, перад якімі я ніколі не чапкаваў, тым больш на каленях.

* * *

Заслугу таго пакалення нашых землякоў, якое тым часам уступіла ці ўступае ў старасць, бясспрэчную заслугу ў захаванні роднага на далёкай чужыне, у іншамоўным асяроддзі, трэба прызнаць, само сабою – не перабольшваючы.

Ды вось жа то адзін, то другі з ix, a ўжо i гуртам прызнаюцца, што перадаваць эстафету свядомай беларускасці маладым ды яшчэ маладзейшым усё цяжэй i цяжэй. Мацнейшыя, пануючыя мовы без асаблівых намаганняў бяруць сваё. Гарачы, рухавы Янка Запруднік папракае мяне ў тым, што ў запісах я «Цыцэрона цытую па-руску» (?), з чым ён, як нацыяналіст (ягоныя гордыя словы), ніяк не згодзен. А дачка яго тым часам піша свае вершы па-англійску. Гэта – яўнае, a колькі ж тайнага?.. I прызнавацца ў гэтым нялёгка.

Але ж i мы тут, няхай сабе i на роднай зямлі, былі i застаемся ў такой магутнай аблозе з абодвух бакоў, у такой усёпранікальнай блакадзе руска-польскай асіміляцыі, што i нас можна i трэба разумець. Хоць застаецца ў кожнага i недаравальнае.

* * *

У «Литературной газете» – пасмяротнае ў Георгія Сямёнава, «Солнечный зайчик». Пане калега Канвіцкі, вось я ізноў «чапкую Маскве». Паважаны спадар Запруднік, вось я ізноў выпісваю ў дзённік без перакладу:

«В дни всеобщей смуты и грызни, проклятий прошлому и полного неверия в возможность выйти из кризиса надо идти своей дорогой, и пусть люди говорят, что хотят. Надо писать рассказы о любви и нелюбви, о красоте божьего мира, в котором страдает человек, не находя себе места или теряя все – надежду, веру, любовь. Надо писать то, что умеешь, делать то, что Бог тебе на душу положил, и не гнаться за политическими, скандальными историями. Как можно дальше от скандалов! И как можно ближе к истерзанной душе человека».

Згадаліся радкі:

...И как преступник перед казнью,

ищу кругом души родной.


I радуюся, калі знаходжу яшчэ адну.

* * *

«Парыць косці», «пухам зямля»...

Прыкра такое, а то i агідна ўяўляецца. Згадваць блізкіх трэба інакш.

* * *

«Я такому не падам рукі».

Як санкцыя зверху, як пазбаўленне ўзнагароды, ласкі? А ён даволі часта гэта паўтарае – то ў друку, то з дэпутацкай трыбуны.

* * *

То прэса, то радыё, то тэлевізар – абы свайго не думаць?

Як у бальніцы, пад штодзённай кропельніцай.

* * *

Учора, пагодлівым адвячоркам, асабліва прыемным пасля вятроў ды макрэчы, даўгавата, усмак лынчыўся – адзін каля цяпельца – вогнішча пгміж старымі ліпамі пры дарозе, так успамінаючы Міхася Ціханавіча, нарачанскага вогнепаклонніка, вясёлага, людскага чалавека.

* * *

Паправіла світарок, не ўстаючы з мяккага, глыбокага крэсла, не спыняючы мілай мне гутаркі, i незнарок, неасцярожна расшпіліла белую кофтачку, верхні гузік. 1 ці гэта мая старэчая сапсаванасць, ці i спакуслівае хараство тут віною, што вось жа помню, бачу, як яна паправіла сваё міжвольнае дэкальтэ жаночым жэсцікам, з мілым «між іншым», не спыняючыся ў зацікаўленай i талковай гаворцы.

* * *

Усё, што хочаш, а такому ажно паверыць не хочацца!.. Рафаэль Санці,– як піша Крыстафанэллі ў сваім «Дзённіку Мікеланджэла ўтрапёнага»,– ужо ўваходзячы ў славу сусветнага генія, «дагэтуль не пісьменны: не ўмее ні чытаць, ні пісаць...».

* * *

Мы з ім ішлі, i мне захацелася сказаць яму добрае. Сказаў пра тое, што было нядаўна перад гэтым,– як Сяргей Залыгін, седзячы ў парку на лавачды, чытаў у газеце штосьці ягонае, Мележава, а я спытаўся, як яно, на што Сяргей Паўлавіч адказаў: «Хорошо. И вообще он мужик хороший». Іван :шда колена ўсміхнуўся.

I тут мы з ім падышлі да ракі, прадвяснянай. Ён увайшоў у ваду, але пачаў адступацца ад настырлівых хваляў, каб не замачыць ногі... ужо стоячы ў вадзе. Зусім нармальна. Потым з шарошу на рацэ начало збівацца, як галка масла з крупінак, штосьці падобнае ці то на невялікую тоўстую крыгу, ці то на іншы лодкападобны «наплаўны сродак» (здаецца, так па-сапёрску), які мой Иван асядлаў, з нагамі ў вадзе, i, нібы вяслуючы нейкім кійком, падаўся на другі бераг. Ён яшчэ не даплыў туды, набліжаючыся да рэдзенькага гурту іншых такіх плыўцоў, а я заклапочана замітусіўся, шукаючы, на чым жа пераправіцца мне. Дарма!..

Ды з гэтым i прачнуўся... адразу перайшоўшы ў пераможны любоўны ўспамін, які захацелася з лаянкай адагнаць.

Гэтым пачаўся сонечна-церпкі жнівеньскі дзень.

A ўчора, зусім пад вечар, кінуў у блакнот такое, малавыразнае:

Наперадзе ў мяне штосьці, чаго не растлумачыш нават сам сабе, што толькі адчуваецца. Нейкае радасна светлае воблака на бязмежным блакіце – шчасце, якое чакае мяне. Яно нікому іншаму не зашкодзіць, а мне яно неабходнае, у ім сэнс, надзея, жыццё...

Каб жа я мог гэта належна выказаць!..

* * *

Перачытваючы Караленкава «Лес шуміць», успомніў Васілька – яго чатырохрадкоўе з модным заключным радком:

Калі насоўваецца мрок пануры,

Ад сполаху дрыжаць адны асіны.

Мы не дрыжым!.. Так перад бурай

Маўчаць дубы ў задуме сіняй...


Гэтую мініяцюру Міхасю вырэдагаваў з даўжэйшага верша Таўлай. Пры маёй дапамозе. Пры аўтару. Захапляліся ўдачай разам, утрох.

* * *

З Ясеніным мяне даверліва пазнаёміў мастак Дзіма Красільнікаў, з якім мы разам працавалі ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». А з Грынам, таксама «тайно образующе», Саша Міронаў, крыху пазней, пераехаўшы з Гродна ў Мінск.

Потым я выпісаў Грынаў шасцітомнік. Сказаць зусім шчыра – гэта для мяне не Чэхаў, аднак светлае адчуванне ад ягонага слова жыве. Успомнілася вось, як прыемна было ў яго мазанцы ў Старым Крыме, з мальвамі i сланечнікамі за нізка пасаджанымі малымі вокнамі, дзе ён, як піша ў часопісе «Наука и жизнь» даследчыца Пярвова, жыў i памёр «ад цяжкай хваробы, у галечы i забыцці, але свабодны, застаўшыся сам сабою, сагрэты клопатам i любасцю роднага чалавека – жонкі».

Тую весела-дабрадушную, мажную, у простай белай сукні Ніну Мікалаеўну мы з прыемнасцю слухалі, зняліся з ёю каля той хаціны, i я быў рады, што разам з іншай малечай, якая акружыла мілую бабулю, быў i мой дзевяцігадовы сын.

А як вярталіся ў Кактэбель, шафёр аўтобуса нагаварыў нам столькі змрочнага, бруднага пра гэтую жанчыну («Працавала бухгалтарам у фашыстаў!..»), што толькі ўкраінскія сябры, якія не былі з намі ў Грынавай хаце, асабліва Антон Хіжняк, дапамаглі мне ўраўнаважыцца.

А цяпер – новае ў біяграфіі Грына: як ён не змог быць тэрарыстам, пакінуў кампартыю, пакутліва парваўшы з-за гэтага са сваім першым каханнем, «чудной» (па Караленку) Кацяй Бібергаль. У кожнага з ix аказалася сваё, што было найвышэй. «Души надо перевоспитывать,– гаварыў гэты «полуполяк»,– а не развращать их страхом». Для «чудной» ён аказаўся баязліўцам («Ты трус!» – уджаліла яна па-жаночы найсуровей), а свет надоўга ды ўдзячна набыў высакародна яркага пісьменніка.

* * *

Недачытаны томік Купалы «Жыве Беларусь», вершы i артыкулы першых паслярэвалюцыйных гадоў. Не мог я не думаць, чытаючы далей, што ўсё гэта ў яго, у адрозненне ад пазнейшага (успомнім дзённік Чорнага), напісана самім. Ды такое – між іншым. А большае, глыбейшае ў сваёй трагічнай сутнасці – тое, што яму, Купалу, ох як цяжка было пасля, як нямала падстаў для жудаснага, беспрасветнага страху. Адно самагубства не ўдалося, прыйшло другое – зацяжное самагубства таленту.

Дачытаў, i стала вельмі няўтульна, сумна...

* * *

Успомнілася днямі, як мы з Калеснікам у красавіку пяцьдзесят другога наведалі ў Вільні Пятра Сяргіевіча. Адзін момант успомніўся – адна дзявочая нага, у калене прыўзнята-сагнутая ў недарэчным жаданні кінуцна ў скокі. Ад радасці, што вось яны, маладыя, саджаюць у парку дрэўцы. Такі сабе сацрэалізм. Што нам з відавочнай натугай ды няёмкасцю сяк-так, па-свойму дробненька секучы, намагаўся растлумачыць сімпатычны ды паважаны маэстра.

Натугу тую мы памятаем з таго часу, ведаем i па сабе...

* * *

Жаночая песня па радыё, бойка жулікаватая. Улавіў толькі рэфрэн пасля кожнага куплета:

...И Алла Пугачева, и Рая Горбачева

зовут меня на яблочный пирог!..


Не простае тут зубаскальства, a пэўны народны, гістарычны падтэкст. Наконт Раі, вядома, так нядаўна ўсесаюзна-глабальнай. Як яна гаварыла – з паўзамі для пажаданага запісвання, як дэманстравала ўсюды, i ў свеце, i ў айчынным убостве, свае «августейшие» ўборы, як векапомна расказвала пра фароскую «трагедыю», як... яшчэ i іншае. Такі тып жанчын – i смешных, калі не пры ўладзе, i страшных, калі ўсё сама.

Успомнілася недзе чытанае ў Талстога: «Все эти глупые бабы и девки, восседавшие на русском троне...» Гісторыя!

* * *

Каля сельмага, пакуль што зачыненага на абед, з бабамі i дзецьмі стаіць нямогла худы, зусім бяззубы дзядок. Калі ён датэпаў сюды, якраз ішла гаворка пра чарговае падаражанне. Пытаннямі падключылі да дыскусіі i старога. Ды ён сказаў толькі, неяк вымалаў у пустым роце:

– Во да-вя-лі!..

Потым язык яго зусім заблытаўся ў маце.

I нічым дзядзьку не разважыш: ён ужо чуў усё.

...Калі ж мы пачнем смяяцца з таго, што робіцца?

Праз слёзы, вядома ж.

* * *

Гісторыю будзем таўчы ды перамешваць кожны на свой лад заўсёды. З патрыятычным замоўчваннем сяго-таго ды выторкваннем «патрэбнага».

* * *

Неяк дачка з пахвалой успомніла, як я тут, на дачы, адрамантаваў свае тапкі. А я сказаў, што гэта – ад колішняй вясковай практыкі падшывання лапцей. «Во время оно» яно ў мяне атрымлівалася нядрэнна. Нават яшчэ i ў гады акупацыі, калі ў мяне адны боты забралі партызаны, a пашыўшы другія, ix трэба было хаваць, зручна ды весела карыстаючыся лапцямі.

* * *

Апавяданнем «Мой зямляк» я пачаў вяртаць свой пісьменніцкі голас у новых для мяне, у савецкіх умовах.

Таму i люблю яго неяк па-асабліваму.

* * *

Цяжкае ўражанне ад пачутага па радыё,– на мінскі «кангрэс народаў» завіталі з Масквы бабурыны, стэрлінгавы, алкснісы. Ажно згадалася само сабою: «Не стая воронов слеталась на груды тлеющих костей...» Зноў гаворыцца, што нам, беларусам, «будет принадлежать честь»... у гэтым выпадку – адступіцца ад сваёй незалежнасці. Галёканне брэсцкіх i барысаўскіх ветэранаў – аблога i такога выгляду. Выступаючы па «Свабодзе», Быкаў разумна паўтарыў Адамовіча з 1991 года: наша дэмакратычная самастойнасць залежыць i ад таго, якія сілы будуць кіраваць Расіяй. Цяжкія прадчуванні...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю