355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Дзе скарб ваш » Текст книги (страница 7)
Дзе скарб ваш
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Дзе скарб ваш"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 16 страниц)

* * *

На пяцідзесяцігоддзі вызвалення Карэліцкага раёна сівы, ссутулены Г., партызан нашага злучэння, відаць, мяркуючы, што i я былм член партыі, расказваў мне, што, пакуль у ix сабралася невялікая партарганізацыя, ён вьшісваў самому сабе ўзносы i пасылаў ix у падтрымку «Правды».

Расказвалі мне, што падобным чыаам паводзіць сябе стары Азгур. Успомнілася гэта, калі ў чэрвеньскім «Полымі» чытаў яго «Працяг размовы». Упачатку ён піша, што ў яго пытаюцца: «Ці няма ў маім доўгім жыцці тaгo, аб чым я хацеў бы забыць», i адказвае: «Было. Але з біяграфіі не выкрэсліваецца нічога». Падумалася: вось i пачнецца шчырасць, споведзь. Няма. Ёсць жаль нават па дзвюх магутных галовах, што стаялі перад уваходам у ЦК партыі, па якой жаль павінен быць яшчэ большы, углыбіню ды ўшырыню па ўсёй савецкай краіне, якую ён уставіў істуканамі.

Успамінаю, як ён хваліўся сваім Леніным у Махачкале, як вясной 1957-га, пабываўшы на падмаскоўным высока-дачным прыёме, з хваляваннем расказваў у Саюзе пісьменнікаў, як асмеліўся гам, на ўрадавай дачы, падысці да Молатава, папрасіў яго папазіраваць i «Вячеслав Михайлович согласился!..». Тут, праўда, не пашанцавала: неўзабаве з'явілася «антыпартыйная група».

Помніцца таксама, як пры жыцці Сталіна, узняўшы яго шынельны «вобраз» пад воблакі, ён выступаў зноў жа ў Саюзе пісьменнікаў i завочна дзякаваў Сяргею Селіханаву за тое, што ён яму тут дапамог – зрабіў левую нагу правадыра. Іменна левую...

Не ўсё з тое пыхі выветрылася на паваротах гісторыі i дагэтуль.

* * *

Пад раніцу сніў Івана Драча, ды вельмі ж ужо пяшчотна, з прытуленнем шчака ў шчаку.

Антон пазаўчора прысеў да мяне, заглыбленага ў Булгакава, а потым і прылёг галавой на калені, сказаўшы:

– Хачу, каб ты мяне пашкадаваў. Блізка i ад сябра, i ад унука, i ад іншых прычын апошняга часу,– ярка ўявіўся летні расквітнелы дзень i сям'я, ca сталымі дзецьмі i ўнукамі, якія ўжо многа i яшчэ чыста разумеюць галоўнае,– сям'я твая, чалавеча, i сам ты, i ўсім вось-вось прыйдзецца загінуць. Ад куляў i полымя, на тваю зямлю, у тваё жыццё прынесеных захопнікам...

Я кое ж тут яшчэ можна шукаць i знаходзіць апраўданне фашистам i ix памагатым?

* * *

Намагаючыся шукаць i знаходзіць для пераймання штосьці новае, суперновае ў сваёй i сусветнай літаратуры, мы рызыкуем выглядаць наіўнымі правінцыяламі, калі не міжвольнымі плагіятарамі, дык смешнымі адкрывальнікамі амерыкаў i вынаходнікамі веласіпедаў.

Прасцей, разумней, мэтазгодней быць кожнаму самім сабою, прапускаць сваё бачанне свету праз сэрца, думаючы не пра навізну, а пра шчырасць, якая адна можа ў той ці ў іншай меры гарантаваць нашу непаўторнасць, пэўнае папаўненне агульналюдскай скарбонкі вартасцяў.

* * *

Не пішацца. Чытаць «Ulissesa» далей не хочацца. Узяўся за двухтомнік Скаварады.

З цікавасцю прачытаў «Басни харьковские», дзе мараль – «сила», як ён піша – нашмат даўжэйшая за байку; прачытаў некаторыя віршы, успамінаючы Сімяона Полацкага, не менш сумнаватага мне, перайшоў, кажучы па-сучаснаму, да «круглых сталоў»...

...Калі прадоўжыць учарашні запіс, дык трэба сказаць, што пасля бяседаў, больш уважліва прачытаўшы адну з ix, перайшоў да пісьмаў Рыгора Савіча ягонаму вучню i другу Міхайлу Кавалінскаму і, можна сказаць, хораша зачытаўся.

...Там, дзе ў яго пра Лотаву жонку, ад калейдаскопнасці біблейскіх тэкстаў зноў успомнілася даўняе – Алеся, дачка нашага сваяка.

Якая сіла веры, гатоўнасць да незвычайнага, гераічнага! Здаровая вясковая дзеўка выйшла замуж за «брата во Христе», таксама пяцідзесятніка, i – маладая, гарачая – угаварыла мужа, што спаць будуць разам, як i трэба, але ж, «во славу нашего Господа», паўгода не пачнуць кахання. I захварэла «па-жаночаму», ледзь потым да дзяцей дайшло. Ужо ў Аргенціне, куды яны паехалі ў пачатку трыццатых гадоў ад сваёй заходнебеларускай бядоты.

...Яго біяграфія, добра напісаная Кавалінскім, адкуль захацелася выпісаць словы вандроўнага філосафа ў вучневым пераказе:

«...Остаток египетского плотолюбия, которое не могши продлить жизни телесной, при всех мудрствованиях своих нашло способ продолжить существование трупов человеческих, известных у нас под именем мумий».

Падкрэсліў я сілу прастаты, падумаўшы: якое моцы дурман патрэбен, каб праз столькі стагоддзяў прагрэсу муміі зноў пайшлі ў моду – у марксісцкія маўзалеі!..

* * *

Нехта, дый не адзін, са смакам i нястомна хваліцца сваімі баямі, a па-сапраўднаму мужны Федзя Янкоўскі ў сваёй ціхай шчырасці ганарыўся перад сябрамі перш за ўсё тым, што ў тых мясцінах, дзе ён партызаніў, камандуючы разведкай, людзі ўспамінаюць дабром i самога яго, i ягоных бравых разведчыкаў.

Так было ў чэрвені восемдзесят другога, калі мы, група пісьменнікаў, прымалі ўдзел у адкрыцці мемарыяльнага знака Сымону Рак-Міхайлоўскаму ў яго роднай Максімаўцы на Маладзечаншчыне. Людзей з наваколля сабралася многа, i нямала было сярод ix Федзевых знаёмых па днях i начах вайны. Яго сустракалі з пашанай, прыязна гутарылі з ім, i яму было вельмі прыемна, спакойна за перажытае ў народзе i з народам ліхалецце. Так ён, са сваёй натуральнай, дабрадушнай сціпласцю, i выступаў перад людзьмі i там, перад бацькоўскай хатай Сымона Аляксандравіча, i ў іншы час, у іншым месцы – перад рабочымі камбіната мастацкай керамікі ў Радашковічах, дзе таксама былі мужчыны i жанчыны, што памяталі прафесара камандзірам разведкі, дзяліліся з ім успамінамі.

Часамі мне, трэба прызнацца, нават i думалася, што добры сябар мой трошкі зачаста ганарыцца гэтым i пасля нашых сумесных сустрэчаў з людзьмі ў яго былых партызанскіх мясцінах, i ўспамінаючы сустрэчы іншыя, без мяне, i пішучы пра гэта ў сваіх «абразках»... А цяпер вось, пяты ўжо год без яго, мне так добра прыгадалася тая яго заслужаная, высакародная гордасць, тое, чым можна, трэба ганарыцца.

Тым больш што ён бачыў i іншыя паводзіны некаторых партызан, як бачыў ix i я, i да таго, як пайсці ў лес самому, i там, у атрадах, i ў «раёне», дзе мы, таксама разведчыкі, амаль штоночы, бліжэй i далей бывалі. Пішучы слова «некаторыя», такое звычнае ў славутым колішнім сацрэалізме, усміхаюся разам з вялікім знаўцам роднага слова, згадаўшы мудра i церпка народнае: «За адным сёрам – усім сорам». I за тых «некаторых» прыходзіцца слухаць або чытаць тое, чым так ахвотна казыраюць рупліўцы ачэрнівання партызанскай барацьбы, усенароднага супраціўлення фашызму.

* * *

Такая грэшная думка: Чаму гэта тыя, што ў вайну пагінулі, абавязкова ўсе лепшыя за тых, што таксама мужна ваявалі, былі цяжкапараненыя, але ім проста пашчасціла вярнуцца жывымі?

А так жа гаворыцца, пішацца: лепшыя. З пашаны. «А всё же, всё же, всё же»? Усе так. Толькі ж, можа, не трэба гэта механічна паўтараць, зачаста i нават бяздушна?..

* * *

Чырвоная нітачка залатой... проста разумнай сярэдзіны, якая ўецца, шукагочы, пульсуе паміж мноствам аднабокіх праўдаў, сцвярджаючы галоўную – пра чалавечнасць, мір, дружбу паміж народаMi, клічучы толькі туды.

* * *

Ранішняя радыёперадача «Вясковыя ростанi». Іўеўскія жанчыны гутараць з журналісткай на такой свабоднай, натуральна прыгожай роднай мове, што люба слухаць. Каб не ix справядлівыя скаргі ды недаўменне... Адна сказала:

– На раніцы прачынацца страшна... Такое настала жыццё.

* * *

У нагах бабулінай магілы – сталая ўжо, ладная бяроза, так нядаўна, здаецца, пасаджаная ўнукам, які быў тады студэнтам, а сёння ўжо i акадэмік. Ён гэта i паказаў мне яе, красуню-бярозу, каля роднай магілы.

А побач – другая магіла ў агароджы, чужая ў мностве незнаемых. I надпіс на помніку, прозвішча – упершыню такое для мяне ды ледзь не да ўсмешкі, тут непрыстойнай,– Татачка. Нейчы, вядома ж, горка аплаканы бацька.

Бываюць жа такія дробязі, як для разрадкі ў спаважлівай сумоце. Як тыя чэхаўскія, у страшнай тэлеграме, «хохороны вторник»...

* * *

Учора позна ўвечары, па радыё – афрыканскія вершы Гумілёва. I лёгка-журботная думкаадчуванне: якая ж яна вялікая, Афрыка, а я ўжо яе не пабачу!.. Клічнік тут – ціхі, лагодны.

У пяцьдзесят восьмым годзе «Литературная газета» прапанавала мне паехаць на тры месяцы спецыяльным карэспандэнтам па трох краінах, калі не памыляюся, Гане, Малі i Конга, аднак разумны, прыязны Якаў Уладзіміравіч, галоўны лекар нашай літфондаўскай паліклінікі, рашуча запрагэставаў: пасля маёй «блакады сэрца», з якою я пад кіраўніцтвам мілай Каці Цалуйка, спецыялісткі па лячэбнай фізкультуры, змагаўся ўвесь папярэдні год, ехаць у афрыканскую спякоту – легкадумна, небяспечна.

* * *

Салжаніцын, «Апрель Семнадцатого».

Будзь ты хоць тройчы нобелеўскі лаўрэат, але проза гэтая – не мастацтва. Толькі што працы было ў яго вельмі многа, што працаваў ён заядла. Але ж чытаецца ад гэтага не лягчэй. Хоць трэба, i буду. Каб i думку сваю мець, i інфармацыяй пакарыстацца.

...Кончыў!.. У гэтай прэітэнцыёзнай абэржы ёсць i жывейшыя раздзелы, аднак ix параўнаўча мала, i яны так завалены глыбамі мнагаслоўя, што нават i цярплівейшаму з чытачоў, ды ў дажджлівай вясковай сумоце, месцамі хацелася проста пераступіць цераз «тягомотину», тым больш калі яна надрукавана на шырокай часопіснай старонцы, дый не адной, бязлітасным петытам, які не для старых вачэй. ГТалавіну яго дваццацітомніка займае «Красное колесо». Цяжка ўявіць мноства мужных, якія ўсё гэта адолелі або калі-небудзь адолеюць. А ён жа як быццам i скардзіўся, у «Литгазете» ці ў «Известиях», гаворачы, што вось прыехаў, а большасць расіян не чытала гэтых твораў...

Ажно Кірыла Арлоўскі прыпомніўся. Як ён абураўся на адной сустрэчы ў ягоным «Рассвете»: «Что же вы за журналисты – я говорю, а вы не записываете?!» I рука без далоні, пакладзеная на кнігу пра яго, напісаную нейкім, не памятаю, бойкім масквічом, i важныя словы: «Книга, на которой будут учиться поколения...» Маштабы, вядома ж, далека не тыя – добры, мужны, заслужаны пісьменнік i распешчаны афіцыйнай славай сельгас-чэкіст... Тут больш падыходзіць Горкі ca сваім «Самгіным», пра які таксама можна сказаць: «тяжелый случай»...

Словам, як ні ўздымайся, сціпласць усё-такі абавязвае ўсіх.

...Разоў некалькі ён публічна абяцаў не лезці ў палітыку, а вось жа на сваім марудна-доўгім шляху вяртання,– нібы Майсей з Егіпта, сорак гадоў па пустыні,– у Маскву цераз Далёкі Усход, Сібір ды еўрапейскую Расію, прэ свой добранадзейны, тапорна даўні шавінізм, як быццам гэта – не палітыка...

* * *

Дзіўна яно – самотнасць, адзін на адзін з самім сабою, чаго аж лішне замнога.

А гэта ж наша доля, такая прафесія, хоць ты i любіш, разам з гэтым, i тое, што па-руску хораша называецца общением з людзьмі.

* * *

У маім «Проста i ясна» было трохі пра тое, што ў палавіне трыццатых гадоў адбывалася ў Саветах. «Там такое робіцца...» – штосьці так было ў мяне, у канцы трыццаць шостага. Было – бо тая старонка чарнавіка абачліва вырвана ў канцы саракавых або ў пачатку пяцідзесятых, калі я самацэнзураваў i гэтае апавяданне, цьмяна спадзеючыся калі-небудзь надрукаваць яго. Так i даў у кнігу «Ад сяўбы да жніва». Каб тое месца захавалася ў чарнавіку, можа, цяпер i вярнуў бы яго, хоць гэта i палічыў бы нехта моднай мадэрнізацыяй.

Сумняваўся я i пасылаючы апавяданне, пераклаўшы яго на рускую мову, Вігдорчыку [10], а ён на маё сумняванне пісаў у сваіх заўвагах: «Ты в этом случае нисколько не преувеличиваешь,– это буквально так и есть, за очень малыми и редкими исключениями». Датычылася гэта небяспекі ад сувязі з заграніцай i ўсенароднага збяднення,– таму дзедава дачка i пісаць стала рэдка, i грошай не слала. Мала пісалі тады i нам, брат Ігнат пасля свайго Беламорканала, а Валодзя яшчэ свабодны.

Вігдорчык ведаў больш за нас у Загоры. Пішу гэта, i ўспомнілася прысланая ім копія пісьма засакрэчанага сябра з СССР, рабочага, што скардзіўся на паўгалоднае выстойванне каля станка i так пісаў яшчэ, што мне запомнілася даслоўна:

«Солдаты и нужда маршируют по стране».

Жанчына ад мастацкай самадзейнасці гаварыла днямі па радыё:

– I сцэна раве, i зала раве, а трэба ж ціха спяваць, ад душы!..

Так яна пра поспех іхняга ансамбля, поспех, які ёй не падабаецца.

A ў адной з нашых мінскіх газет [11] днямі было інтэрв'ю з Булатам Акуджавай. Адказваючы на пытанне, чаму ў яго, былога франтавіка, няма ў песнях батальных сцэн, ён адказаў:

«...Я скорее тихий поэт. Кто-то из литературоведов в свое время написал: «Высоцкий кричит, а Окуджава молится». Возможно, это верное определение». Сціпласць уважым, а без «возможно» абыдземся.

* * *

З пачутага ад хлопцаў-землякоў у польскім войску i ў нямецкім палоне.

«Хам ты. рубяжэвіцкі, ты за год два дзеці зрабіў!» Так лаяліся мясцовыя яўрэі. Успамінаў Пашка Буньчук, з якім мы разам сядзелі ў акопе.

Хтосьці з Валожыншчыны (ужо забыўся хто) падараваў сваё: «Танцуе, як валожынскі бугай на лёдзе».

Сёдач са Скідзельшчыны. Як сёння бачу: разбіваем гной на юнкерскім бязмежным полі, а гэты маўклівы, чарнявы дзяцюк успёрся на сахор, перадыхнуць, крыху задумаўся, а тады: «Так яно, браце, чалавечая жытка – што сарочка дзіцячая: кароткая i засраная...»

Вясёлы ён, такі рэгіянальны каларыт, такая зіхатлівая мазаіка на роднай карце. Нямала чулася ад берасцейскіх палешукоў, нашых наваградцаў, сяброў нядолі з Глыбоччыны, з-пад Беластока, Клецка... Што ўжо ў мяне i скарыстана ў напісаным, а што возьме ды зноў згадаецца, часамі як быццам не надта дарэчы, але ж i на пацеху.

* * *

Даўнейшае, заходнебеларускае, вясковае.

Дасціпна вясёлая, дабрадушная руплівіца, што ўжо бярэцца на дзеўку, у нядзельку прыбіраецца на выхад у маладую кампанію. А яе старэнькая бабуля пытаецца з ляжанкі:

– Уходжваць пойдзеш? Усё вы ўходжваеце цяпер. Мы даўней не ўходжвалі...

Успамінаецца пушкінскае: «...в наши лета мы не слыхали про любовь» i тое ў Коласа, дзе пра маці, што помніцца ca школьнае чытанкі: «Яна ўжо збольшага ўхадзілась, цяпер спаважней варушылась»... У старэнькай уходжваць – i ад рускага ухаживать, i, чаго добрага, ад свайго ўходжвацца. А зрэшты – «хто яго цяпер з усім усякім разбярэцца?». Яна ж яшчэ i хукала на электраліхтарык, па-вясковаму «батарэйку», каб патушыць яе. Унучка пра тое «ўходжваць», расказваючы мне, дабрадушна смяялася. А яе старэйшы брат, ужо нядрэнны майстар «уходжвання», з бабулінага хукання смяяўся з адчуваннем поўнай вышэйшасці.

А я ад смешнага колькі ўжо разоў выходзіў думкай да камп'ютэра, на які я таксама мог бы хукаць, не цямячы ў ім не толькі ў параўнанні з сынам-кандыдатам, але i з унукам-школьнікам. I мы ўжо – час ідзе! – таксама бываем камусьці смешнымі.

Абы толькі без фанабэрыі, а так дабрадушна, прыязна, як было ў маёй сімпатычнай сваячкі.

* * *

I да такога ў нас даходзіла зусім нядаўна: так аб'яднацца з багацейшай, мацнейшай суседкай, што i бюджэт ёй падпарадкаваць, i нацыянальны банк, зрабіўшы дзеля гэтага адпаведныя папраўкі ў нядаўна прынятай Канстытуцыі.

Згадалася даўно пачутае ад старое маці: – Дзед бабцы купіў лапці, былі малыя – абсек пальцы.

Няўжо i такая мудрая палітыка народам нашым даўно прадугледжана?

* * *

Ахвотна перачытваючы, праз трыццаць пяць гадоў «Блуждающие звезды» Шолам-Алейхема, яшчэ раз, ужо далека не першы, не чытрымаў з ягоным гумарам – узяўся за аловак, каб адкрэсліць:

«Какой ты, с позволения сказать, Арчибальд? Какой Буэруэльс? Сказал бы просто, что тебя зовут Арчик, сын Береля,– и баста!»

Так у яго – пра рэпарцёра, якога можна было «принять за прирожденного американца»...

* * *

Вывад войскаў з Нямеччыны – ужо не «савецкіх», a «расійскіх» – няўдала стараліся i там, i дома паказаць па тэлевізары як нешта амаль-амаль святочна ганаровае... А праз увесь гэты парадны шык праходзіла міжвольнае пытанне:

«А чаго яны так доўга там былі?» Тым больш – у Прыбалтыцы, без аніякай яе віны перад СССР?

Чарга за намі. Тут ужо справа зацягнецца, усё з-за таго ж «братэрства».

Уводзіць усё-такі куды лягчэй, чым выводзіць.

* * *

Гледзячы па тэлевізары перадачу пра балюча-страшны свет дзяцей, сабраных у прытулкі (па-ранейшаму) ад бацькоў (па-сучаснаму) алкаголікаў, слухаючы гэтых нявінных пакутнікаў, што i як яны гаварылі пра сваіх мам i татаў, успомніў:

Nazywam się Milijon – bo za milijony

Kocham i cierpię katusze

[

12

].


I гэта высокае... убачылася рытарычным. Тут не мільёны, a сотні, дзесяткі, адзінкі цяжка дый немагчыма змясціць у душы...

Пазаўчора ноччу жахалі на ўсё неба над пушчай маланкі, за якімі далека ззаду пагруквала. Палавіна верасня, а там недзе навальнічыць, недабраўшы свайго за летнюю бязлітасна доўгую сухмень.

I думалася: ці мае жахалі – толькі ад жахнуць, моцна ўдарыць, ці разам з гэтым i жахнўцца, вельмі спалохацца?..

A ўчора позна вечарам над маладымі бярозамі за дарогай заўсёды загадкава, ледзь не шчасліва-сцішнавата стаяў, амаль у поўні, месяд, а лявей, ніжэй – раз-поразу вухаў пугач.

Згадаліся гдыньскія ночы, ваенны верасень трыццаць дзевятага, самы пачатак яго. Калі яны крычалі, пугачы, у прыморскім букавым лесе на ўзгорках, ранячы нашы маладыя душы. Бо гаварылася ў акопах, што гэта яны – пачуўшы першую кроў...

* * *

«Трое на велосипеде» Джэрома К. Джэрома. Пасля яўрэйскага гумару Шолам-Алейхема – англійскі. Кніга цікавая яшчэ i таму, што я ж у пэўнай меры ведаю Германію, у я кой адбываецца падарожжа. A які натуральны той гумар, што я, ва ўсёй яго нацыянальнай асаблівасці, смакаваў у альбіёнскай класіцы не раз i здаўна... I рантам такое сур'ёзнае (перакладаю):

«Мы ганарымся нашай гуманнасцю i цывілізацыяй, аднак, адкінуўшы набок крывадушнасць, усётакі павінны прызнаць, што пад крухмальнымі манішкамі ў кожным з нас сядзіць дзікун, з нечаканымі дзікунскімі інстынктамі; ён ніколі не знікне; часам ён нам патрэбен – i тады з'яўляецца на першае патрабаванне; але падкормліваць яго – лішне».

Такое ў містэра Джэрома – пасля не толькі дасціпна-едкага, але i прыкрага дзікасцю традыцыі апісання нямецкіх студэнцкіх паядынкаў, мензураў.

А я, чытаючы, успомніў, як наш Юрка Багушэвіч, не толькі празаік, але i суддзя рэспубліканскай катэгорыі па боксу, угаварыў-такі мяне прасядзець побач з ім дваццаць дзве сустрэчы баксёраў з розных рэспублік. З суддзёўскага крэсла, зблізку бачачы ў тварах спартсменаў, амаль ва ўсіх, проста дзікасць. Асабліва ў аднаго беларуса, пра якога Юрка, апраўдваючы любімы спорт, шапнуў, што хлопец той «закончыў толькі тры класы» i ён «проста злосна б'ецца», i ў аднаго латыша, старэйшага, лысага, з распатланымі рэшткамі доўгіх валасоў i выразам твару, азвярэлым яшчэ больш, чым у нашага суайчынніка, бо акрываўленым ад разбітага носа. Ён таксама «проста біўся», i гэта было агідна.

Як яно часта бывае пры чытанні таленавіта цікавага, паралельна ўспамінаецца штосьці сваё, у нейкай бліжэйшай ці далейшай падобнасці.

Там, дзе адзін з герояў Джэрома зблытаў у нямецкім магазіне ein Kuss (пацалунак) з eine Kissen (падушка), мне згадаўся суд над нямецка-фашысцкімі ваеннымі злачынцамі ў канцы сорак пятага года.

Калі на апытанні радавога падсуднага перакладчык, бландзініста-губаценькі савецкі лейтэнант, зблытаў die Küche i die Kirche. Ha пытанне суддзі, у якасці каго падсудны служыў у вермахце, той адказаў: «Bei der Küche», а лейтэнант пераклаў: «В кирхе». Суддзя не паверыў, перапытаў, падсудны яшчэ раз сказаў тое самае, лейтэнант пераклаў таксама. I тут падсудны не вытрымаў – па-свойму шапялява, але гучней вякнуў па-руску: «Кухня! Каптенармус!» I нават засмяяўся. Разам з усёй перапоўненай залай.

Паўтару: у снежні сорак пятага... Не памятаю, ці засмяяліся ў пагонна-важным прэзідыуме i ў загарадцы для злачынцаў рознага рангу.

Амаль праз паўвеку ў тым усплёску смеху адчулася мне жудасць справы, дзеля якое ўсе там сабраліся...

У «Роднай прыродзе» – перадрук маіх замалёвак «Перад яе красой».

Перачытваючы богведама каторы ўжо раз даўні запіс пра раніцу ў зімовым лесе, дзе: «Прьшадняўшы вуха трусінай шапкі, я спакваля настроіўся на калыханку ціхенькага пошуму ў вершняку», не ўпершыню бачу ўсмешку мілага Міхася Стральцова, калі ён мне гэтае месца хваліў.

* * *

З многімі – толькі па тэлефоне, не ведаючы, не ўяўляючы добра, што там ды як там у ix дома; за тэлефонным нумарам – толькі голас знаёмы, толькі ўяўленне, нібы бачанне знаёмага вобліку. I гэта ў сваім горадзе, у іншых гарадах, у некаторых іншых краінах...

Таксама ж дзіўна гэта, неяк нават па-дзіцячы, з наіўнасцю жадання пазнаваць, даведвацца як найбольш.

* * *

Прэтэнзіі значна большыя як на ўдзел у вырашальных гістарычных падзеях – бітвы пад Грунвальдам, пад Оршай,– i прэтэнзіі на беларускасць Касцюшкі, Міцкевіча, нават Дастаеўскага – раздражняюць i засмучаюць, вельмі падобна на «збеларушчванне», крыўлянне на «беларускі лад» песняў суседскіх – рускіх, украінскіх, польскіх, слухаючы якія, бывае i сорамна i балюча. Як сведчанне нашай беднасці, а можа, больш нашага жабрацтва пры сваіх нацыянальных багаццях.

* * *

У «Белым голубе» я разлічыўся з успамінамі пра «Кацюшу», упершыню пачутую пасля вяртання з палону. А яна мне нагадвае яшчэ i вясну сорак другога года, танец пад гэтую мелодыю на хутарскім падворку, з хлопцамі i дзяўчатамі з маёй даваеннай кампаніі i з маладзейшымі, што пасталелі за час маёй адсутнасці.

Калі супастаўляць гэтыя, на нейкі час бесклапотныя, нехта скажа – бяздумныя танцы ў той страшны час, з тым, што адбывалася на ўсходзе, дык ёсць тут i апраўданне, вечнае i агульналюдскае – маладосць, што патрабуе свайго i ў нікога не паўтараецца. Я быў пасля перажытага за тры гады, мне ішоў дваццаць пяты, з адчуваннем не ўзятага ў свой час, а да таго яшчэ тое было, што толькі мае, патаемнае – я, цяпер можна сказаць, актыўна пісаў, быў закаханы ў тое, што рабіў, не толькі, як усе іншыя, закаханы – проста ў жыццё, у кагосьці з дзяўчат, у радасць пачатку жыцця...

Недзе чытаў ці чуў, што Блантар унёс у гэтую, такую слаўную, мелодыю нешта яўрэйскае, як Любан у нашу «Бывайце здаровы». Адам Русак падмацаваў яе беларускім словам, a Міхаіл Ісакоўскі «Кацюшу» тым больш арганічней, таленавіцей – словам рускім, i яна хвалюе многіх.

Можа, i таму яшчэ, што песня гэтая, як сонца, пранізвала жах вайны чысцінёю надзеі на лепшае, што мы, вясковая моладзь, адчувалі ў ёй, разам з ужо нешматлікімі «байцамі»-акружэнцамі, якія выкруціліся ад вывазу ў Нямеччыну i яшчэ не пайшлі ў партызаны, вядома, разам з нашымі.

* * *

Іван Франко, кніга апавяданняў «До світла!». Пачынаючы з «Вівчара», «Малого Мирона», «Мавки» ў прозу яго ўступіла паэзія. Бо перад гэтым, у цэлым раздзеле апавяданняў, падабраных у 1976 годзе, выразна па «сацыяльнай значнасці»,– веска пасля скасавання прыгону, шахцёры, муляры, лесарубы,– больш розуму, развагі i, ад гэтага, строгай сухаватасці.

А потым я пачаў учытвацца ў раскошу прозы аўтабіяграфічнай, «успамінальнай», як сёння ў нас часта i з кпінкай гаворыцца, апавяданні «Оловець», «Мій злочин», «У кузні», «У столярні»...

Веданне польскай i трохі нямецкай моў добра дапамагае мне знаходзіцца ў асяроддзі яго герояў, у стыхіі яго «галіцыйскай» украінскай мовы.

Такая дробязь: «Обійдеться циганське весілля без марцепанів» весела нагадала польскае, вастрэйшае: «Obejdzie się psie wesele i bez marcepanów».

...«Ha дні» i «Панталаха», два вялікія турэмныя апавяданні, гэта ўжо суровая, па-філасофску важкал проза, літаратура.

...Дачытаў тры апошнія ў томе – «До світла!», якое спачатку, непрачытанае, вынесенае ў загаловак кнігі, дарма здалося нібы плакатным, «В туремнім шпиталі» i «Будяки»,– i нават уголас падзякаваў аўтару, балазе быў адзін у пакоі.

А яшчэ ж у яго сорак дзевяць тамоў, на трох мовах – роднай, нямецкай i польскай,– з чаго я чытаў калісьці, у вясковым юнацтве, аповесць «Борислав сміеться», у Мінску бачыў на гастрольнай сцэне «Украдене щастя» са славутым Амвросіем Бучмай, з якім меў тады прыемнасць пазнаёміцца, пагутарыць з яшчэ двума сябрамі ў рэстаране, чытаў, вядома, вершы магутнага Каменяра, стаяў перад яго магілай, хадзіў па залах музея... Мала!.. I ўсё тое зроблена ім, у літаратуры i ў навуцы, толькі (думаецца сёння) за шэсцьдзесят гадоў жыцця, што i нягодамі было багата, i закончылася трагічна.

Чытаў недзе, што ён перапісваўся з Арэшчыхай. Таксама ж гэга не так сабе, не абы-што, як i дружба пані Элізы з нашым Францішкам Багушэвічам.

...Чытаю ў Івана Франка: «На споховастім бляшанім дасі». Праверыў у Грынчанкі: спохово, спухово, спуховато – з нахілам. Зноў нашы слоўнікт не памаглі, нават i тыя, дзе мясцовыя гаворкі. A ў роднай вёсцы i ў наваколлі слова гэтае жыве. Ці адкос дарожны папраўляючы, ці кроквы ладзячы, гаворыцца: «Бяры, браце, больш спахова». Хоць мы i не блізка ад Украіны.

* * *

Усе варыянты сааўтарстваў у нашых маладых, пра якія часта чытаецца i чуецца, гэта ўжо не літарагура, а гандаль ёю, пад нявінненькім покрывам неабходнасці выжыць.

* * *

У першым нумары абноўленай «Крыніцы» – многа i цікава пра Кірылу Тураўскага, ад якога i адхіляюся да запісу.

Рэлігійная дысцыпліна, «послушание» знізу даверху, падобная да дысцыпліны партыйнай: адмаўленне ад свабоды думак, уласнай волі, свайго сумлення.

Можна дадаць i пра жахлівую жорсткасць. Федарца, якога «выкрыў i пракляў» наш святы паэт, перад сцяццем галавы асляпілі, у яго вырвалі язык i адсеклі «правіцу»...

Пераклічка, як i ў дысцыпліне, з нашай нядаўняй i шматгадовай партыйнай паслядоўнасцю.

* * *

Кіславатым адвячоркам, выйшаўшы з аднаго аўтобуса, каб перасесці ў другі, апынуўся ў густым, мітуслівым натоўпе. Падумалася: а як жа гэта – «любіць людзей»? Не ведаючы ix? «Не пажадай бліжняму твайму таго, чаго не жадаеш самому сабе». Дык гэта ж бліжняму, з веданнем яго... Нельга чытаць адразу бібліятэку, чытаць можна кнігу, з якіх бібліятэка складаецца.

Дома заглянуў у Даля. «Ближний... всякий человек в отношении к другому; все люди друг другу ближние».

Ды я ж тут толькі пра тое, што адбылося, адчулася, пра сцішнаватае адчуванне натоўпу, з герметычнасцю такога мноства невядомых, абсалютную большасць якіх ты ніколі не ўведаеш. A любіць трэба. Тут філасофія, найвышэйшая мудрасць, аднак i недастаіковасць, адсутнасць яе таксама ж бывае, находзіць, i яна сумна-страшная, калі пачуцці твае ў атупенні злыбеднай стомы...

* * *

Учора пад вечар пазваніла Люда Вялюгіна і, плачучы, расказала, што Толя, як сказаў ёй доктар, безнадзейны – рак.

А я, наведаўшы яго... цэлых дванаццаць дзён таму назад, меркаваў, што ў яго, паколькі i ляжаў ён у неўралгіі, штосьці радыкулітнае. Дый не ляжаў ён тады, a сядзеў, апрануты, з апошнім нумарам «Полымя». I вось я столькі збіраўся пайсці да яго другі раз...

Зноў прыгадалася тое, як Толя любіў дзяцей. Нашы з ім колішнія, улетку пяцідзесятага, «спяктаклі» на паляне перад Домам творчасці ў Каралішчавічах. У «Чырвонай шапачцы» ён быў стральцом, а я воўкам,– «павалены стрэлам», ляжаў на спіне i аддаваў Богу душу, пускаючы ўгару папяросны дым, сабраны ў роце «напоўніцу». На вялікую, шматгалосую радасць малечы, сярод якое былі i нашы дзяўчаткі. I тое прыгадалася, з нарачанскага лета шэсцьдзесят чацвёртага, калі Андрэю было восем год i мы, на праходцы дзвюма сем'ямі, майстравалі яму з Толем дэтэктыўную аповесць, гаворачы на змену,– адзін расказвае, другі рыхтуецца. У сталоўцы над возерам, дзе мы часта абедалі, малому падабаліся «свекольник» i блінчыкі. Дык вось ён у дэтэктыве быў камандзірам баявога атрада з падвойным прозвішчам БлінчыкСвякольнікаў, a галоўным сувязным у яго быў пан Яцына, кульгавы дзядок, удавец, у хаце якога мы чацвёрты год жылі. Помняцца Толевы выгукі: «Стой! – закрычаў з-за куста Блінчык-Свякольнікаў.– Яцына, акружай!..» i шчаслівы смех майго хлопца.

...Учора блізу гадзіну прасядзеў у Толі. Ён, відаць, i сапраўды на адыходзе: i ледзь варочаецца, i хрыпіць увесь, i вельмі невыразна гаворыць-мармыча, а перапытваць няёмка. Ён пытаецца пра навіны, я штосьці гавару, трымаючыся на жалю вартым аптымізме, a ў ім жа, такім вясёлым калісьці Анатолю, столькі пакутаў, якія чортведама навошта даюцца чалавеку на адыходзе...

Разумны, відаць, з гранічным адчуваннем галоўнага, ён заўважыў паўзу ў маіх намаганнях сказаць яшчэ штосьці патрэбнае, падаў руку, нават паціснуў маю, сказаў: «Будзь здароў! Калі выберуся – пагаворым яшчэ». А сам панурыўся ў пакуты, мяркуючыся павярнуцца тварам да сцяны. У светлай, залітай сонцам палаце,– як для кантрасту.

Цяжка гэта – ілгаць замоўчваннем блізкаму чалавеку вельмі, бо канчаткова, істотнае для яго – пра сапраўдную хваробу. Так у мяне i дагэтуль бывала – з Янкоўскім, Стральцовым, пляменніцай... A самі ж яны, калі не ведаюць, дык здагадваюцца пра сваю асуджанасць.

Спытаўся ў яго, развітваючыся, каму перадаць прывітанне. Назваў яму Танка, Панчанку, ён кіўнуў на згоду i буркнуў-дадаў: «I Вітку».

Дома я неўзабаве, трохі перадыхнуўшы ад цяжкага ўражання, пазваніў хлопцам, перадаў яго прывітанні. Максім, як заўсёды апошнім часам, увесь у стогне-нараканні на сваё і на агульнае. Пімен даволі хутка стаміўся гаварыць у трубку, папрасіў нават нумар майго новага тэлефона, сказаў дачцэ запісаць яго. Найлягчэй пагаварылася з Віткам, найстарэйшым i найбольш светла настроеным.

...Учора, надежна выступіўшы на «Першай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі дырэктараў літаратурных музеяў», перад нашымі, рускімі i ўкраінцамі, пайшоў у Дом літаратара, хоць туды было яшчэ ранавата.

Сонечны дзень, жаўталісце. Памалу ідучы, падумаў: а чаму ж гэта мне не выступіць на развітанні з Анатолем? Напярэдадні, калі Зуёнак па тэлефоне прапанаваў, я адказаў няўпэўнена, змагу – не змагу... Але выступіў надзіва стрымана, у параўнанні з Васілём Васільевічам, які, адкрываючы паніхіду, расплакаўся.

Амаль усе, што выступалі – хто на паніхідзе, хто над магілай, хто на памінках, суседзі па дачах на славутай Лысай гары, гаварылі, як Толя ўмеў дружыць з малымі. Я тады, слухаючы кагосьці, успомніў прыгожую клетку з парачкай чачотак, я кую ён прынёс нашай старэйшай на сёмы дзень нараджэння. Дома, кал i сказаў пра гэта жонцы, яна нагадала мне мой цяжкі канец сорак дзевятага года, кал i ён, Толя, быў адным з тых найбліжэйшых, якія не адхіснуліся...

Зуёнак i Гілевіч удзячна гаварылі ў выступленнях пра. Вялюгіна – рэдактара паэзіі – іхняй i Іншых сяброў. Я гаварыў пра гэта таксама, дадаўшы, як некаторыя з калісьці маладых, увабраўшыся ў сілу, заплацілі настаўніку-сябру чорнай няўдзячнасцю, пра што ім сёння варта падумаць... Намёк мой, як мне пасля сказал i сёй-той, быў зразу меты.

...Забыўся пра яшчэ адно. Гаворачы мне пра тое, што рэдактарам яго першага зборніка быў Вялюгін, Гілевіч сказаў, што такая ўдзячнасць – назаўсёды.

А я расказаў яму, як у восемдзесят восьмым годзе ляжаў у адной бальнічнай палаце з Крапівой i быў амаль санітарам старому, нямогламу, сляпому i глухому, памятаючы, як ён выратаваў мяне прадмовай да першай кнігі. Танк i Лужанін параілі Крапіве падтрымаць мяне закрытай рэцэнзіяй, а пазней, яшчэ раз параілі даць рэцэнзію прадмовай. Ніл здзівіўся, што прадмова – з закрытай рэцэнзіі, а мне як быццам дзіўна стала i гэта, i тое, што я дагэтуль не напісаў пра такі двайны ўдар аўтарытэтам старэйшага таварыша па тым гордзіевым, забаронна-цэнзурным вузле, як! быў аблытаў, заціснуў мяне немагчымасцю друкавацца. Лынькоў пагаварыў у ЦК, a Крапіва секануў I дасек у выдавецтве. I сапраўды – такая ўдзячнасць назаўсёды.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю