412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Дзе скарб ваш » Текст книги (страница 15)
Дзе скарб ваш
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Дзе скарб ваш"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 16 страниц)

Калі ўжо цытаваць яшчэ, i не шчыруючы ў вучонасці, як юны дысертант, але адпаведна ўзросту чалавека i літаратара на восьмым дзесятку гадоў, удзячна звяртаючыся да вопыту папярэднікаў, згадаю Райніса i Твардоўскага.

У сваёй «Кастаньёле» светлы латыш Ян Райніс гаворыць: «За гэтыя нялёгкія гады,– ён мае на ўвазе гады сваёй эміграцыі,– мы паглынулі столькі сонца, прынялі ў сябе столькі красы i сілы,– тут мне трэба падкрэсліць ягоныя словы,– краса таксама сіла, i, магчыма, найбольшая з найбольшых».

Гэтую шчодра-вечную сілу шчасліва чэрпаў, чэрпаю i я – ад мноства сустрэтых у полі, у лесе, над ціхай ракой усходаў сонца, ад мудрай чароўнасці зорных або паўнамесячных начэй, ад неаглядна-хвалюючай прасторы хлебнага поля i расквечанага лугу, ад пяшчотна блакітнага, белавоблачнага неба над імі... Краса мацавала, мацуе i мяне, яна натхняе на сціпла глыбіннае, шчырае слова, на жыццядайныя мары пра мірную будучыню чалавецтва, – яна дапамагае жыць як мага больш разумна.

Ну, a вялікі рускі паэт, i мне асабіста знаёмы сучаснік Аляксандр Твардоўскі часта згадваецца сваім выказваннем пра абавязковы літаратару запас спакою,– спакою не для бяспечнай дачнай ляноты i абыякавасці, а для штодзённай пісьменніцкай працы, пажыццёвай вучобы.

Я вельмі люблю падарожжы, я адносна нямала пахадзіў, паездзіў, палятаў па белым свеце. Што за карысць ад гэтага каму іншаму – пра гэта мне трохі гаварылі i пісалі чытачы маіх дарожных эсэ пра Польшчу, Германію, Канаду, Індыю, Крым, Арменію, Волгу, Амур... А што мне самому яны, падарожжы, як чалавеку i пісьменніку, карысныя – гэта i перш за ўсё, i бясспрэчна. A колькі ж трэба яго, такога шчасця? Тут мне ўспамінаецца таўшчэзны том пад назвай «Было», у якім адзін з модных у свой час паэтаў, вандроўнік з пераважна афіцыйнымі заданнямі, пералічвае шматлікія краіны i сустрэчы так, што, прачытаўшы нейкую – па цярплівасці беручы – частку гэтай сухой справаздачнасці, узнікае пытанне: ну i што? A ў пытанні прысутнічае i адказ: a нічога! Проста было, i не больш. Спажывецкая мітусня, што не ратуе ад самога сябе, павярхоўна самаздаволенага пустадомка, не дае магчымасці паглыблення ў жыццё таго ці іншага народа, у спакой неабходнага роздуму, непасрэднасці адчуванняў.

Toe, што мне апошнім часам – нашым няпростым, нялёгкім часам – удалося зрабіць, гэта дзве кнігі дзённікавага характару. Адна з ix нядаўна з цяжкасцю выйшла, другая знаходзіцца ў нямогла-запаволелным вытворчым працэсе. Мала гэта ці многа – не мне гаварыць. Я магу сказаць толькі адно: у гарадской ды палітычна гаманкой, а то часцей крыклівай мітусні я не зрабіў бы i гэтага. Не асуджаю нікога з тых, хто можа, умее добрасумленна i плённа спалучаць у сабе мастака слова i відушчага палітыка,– я проста веДаю, што сам на гэта не здольны, i не лічу, што лес мяне такім чынам пакрыўдзіў. Згадаем англійскую прыказку, што кожная бочка павінна стаяць на сваім уласным дне, дбайна падумаем пра сапраўдны прафесіяналізм, якога цяпер не стае асабліва нам, беларусам. Нас абавязвае вялікая, нялёгкая праца адрадж:?ння нацыянальнай свядомасці, пабудовы дэмакратычнага грамадства. Нашу мову, сярод славянскіх моў адну з найстарэйшых i найчысцейшых, скажам гэта ўслед за Адамам Міцкевічам, выкладчыкам у Калеж Дэ Франс, ведаюць у свеце – спадзяемся: пакуль што – вельмі нямногія, літаратура наша перакладаецца на іншыя мовы надта ж няшчодра. Многа працы, многа цярплівасці ў паглыбленым творчым спакоі патрэбна нам, беларускім рупліўцам роднага слова, шчырым удзельнікам чалавечага паяднання.

Нават самае чулае, спагадлівае сэрца не здолее ахапіць усё гора людское, дома i на свеце, пра якое так бязлітасна шчодра расказваюць сёння штодня, штоночы прэса, радыё, тэлебачанне... А каб ахапіла тое сэрца, Цьш, відаць, i не вынесла б такое процьмы болю. Значыцца, дарагія сябры, трэба крыху пашкадаваць яrö, сэрца пісьменніка, паашчаджаць яго, асланіць адзінотай, не такою ўжо i грэшнай, падмацаваць кантактамі з людзьмі нялёгкай палявой працы, даць сэрцу магчымасць засяродзіцца на найважнейшым. Нагрузак хопіць сэрцу i ў адзіноце, у магчымым спакоі, найважней тут узяць, перажыць, паказаць найбольш сваё...

У адказ на маю шчырасць мне, магчыма, можна i сказаць, што крэда мае – мае, i я магу ім на здароўе карыстацца, так пацяшаючы сваю творчую сталасць ды старасць, а для іншых, маўляў, тым больш для маладых, яно не абавязковае. Ды мне чамусьці здаецца, так адчуваецца, што i для тых, хто таксама шчыра, кожны ў родным кутку на такой неспакойнай сёння планеце, пад адным для ўсіх нас сонцам, служыць для нас усіх i ўсюды найважнейшай справе міру, дружбы людзей i літаратур, мае таварыскае слова i мой сціплы пісьменніцкі вопыт – не зусім лішні, можа, каму i спатрэбіцца, пачуецца блізкім у пераклічцы. Бо я сумую па дружбе даўно i чым далей, то ўсё больш. I ад душы жадаю ўсім вам дабра!

1994

«З БОГАМ У СЭРЦЫ» [39]

Прыгадалася даўно прачытанае ў Льва Талстога пра тое, што чытанне – гэта жывая сувязь з душамі людзей, якія жылі раней за нас.

Падобнае можна сказаць i пра літаратурныя музеі, асабліва пра дамы-музеі, у якіх жыве мацнейшае адчуванне прысутнасці любімага пісьменніка, да якога вы прыйшлі, адчуванне працягу яго жыцця, несмяротнасці створанага ім свету вобразаў, пачуццяў, думак.

У Яснай Паляне я быў улетку пяцьдзесят другога года з жонкай i напрадвесні шасцідзесятага з братам. I абодва разы мы сустракаліся там з апошнім сакратаром Талстога Валянцінам Булгакавым, які нам усё паказваў i многа чаго расказаў. Прыемна сказаць, што з Валянцінам Фёдаравічам я перапісваўся яшчэ ў перадваенны час, калі ён жыў у Чэхаславакіі, працуючы ў збраслаўскім рускім музеі, а я ў сваёй заходнебеларускай вёсцы. Перапіска наша ўзнавілася пасля першай яснапалянскай сустрэчы i працягвалася да смерці гэтага высакароднага чалавека i таленавітага літаратара. А яднала нас адна вялікая любоў, уласцівая многім i ва ўсім свеце. Пра свае ўражанні ад наведанняў Яснай Паляны, як i ад маскоўскага домамузея ў Хамоўніках, я пісаў неаднойчы, аднак i дагэтуль здаецца, што ўсёй глыбіннай паўнаты i жыццядайнай свежасці перажытага ад сувязі з душой Льва Мікалаевіча як след не перадаў.

У Міхайлаўскім я быў у жніўні шэсцьдзесят другога, праездам з Эстоніі, з жонкай i дочкамі, школьніцамі старэйшых класаў. Даехалі мы туды пад вечар, з цяжкасцю ўладкаваліся на начлег у турысцкай палатцы ў недалёкім Трыгорскім. Міхайлаўскае з яго своеасабліва, па-пушкінску блізкімі ды маляўнічымі аколіцамі аглядалі мы раннім ранкам, a ў дом Аляксандра Сяргеевіча ўдалося без пары пранікнуць трохі злачынным спосабам. Нам конча трэба было вярнуцца ў Мінск у той дзень, ды ria магчымасці як найраней, мы не маглі чакаць да адкрыцця музея. Пажылая прыбіральшчыца, уласкаўленая сціплымі рублёўкамі, упусціла нас у пакоі, якія якраз асвяжала, i мы асцярожненька, ціхенька пахадзілі ў тым ясным, раннесонечным храме, кожны ca сваім Пушкіным у душы.

Калі б у мяне было цяпер крыху больш часу, я ахвотна завёўся б на любае хваляванне, расказаў бы i пра адчутае ў чэхаўскіх дамах-музеях у Маскве, у Таганрогу, у Ялце, у лермантаўскім казачым доміку ў Пяцігорску, у палтаўскім доме-музеі Уладзіміра Караленкі, ніжагародскім Максіма Горкага, старакрымскім Аляксандра Грына, уладзівастоцкім Уладзіміра Арсеньева...

Мне шанцавала ў жыцці на сяброўства з выдатнымі людзьмі, у тым ліку з пісьменнікамі, значна старэйшымі за мяне. Пачаўшы з Валянціна Булгакава, я мог бы назваць i другіх, ды не толькі рускіх.

Тут прыгадаю завалены чысцюткім снегам Галасіеўскі лес пад Кіевам, пустыя пакоі закрытага на рамонт дома-музея Максіма Тадэевіча Рыльскага, з якім я рады быў сустракацца i на Украіне, i ў Беларусі, i ў Маскве i зрэдку перапісвацца ды абменьвацца новымі кнігамі. У дом ягоны, дзе я бываў i ў дамузейны час, той сакавіцкай раніцай восемдзесят чацвёртага года мы завіталі ўдвух з маім чэшскім сябрам Вацлавам Жыдліцкім, выдатным навукоўцам i слаўным таварышам, што так нямала зрабіў для творчых сувязей Чэхаславаччыны з Украінай i з Беларуссю як перакладчык i папулярызатар нашых літаратур. З сынам Рыльскага, Багданам Максімавічам, руплівым i талковым ахоўнікам бацькавай багатай літаратурнай i навуковай спадчыны, мы правялі там у гутарцы нямала шчаслівых хвілін.

A колькі высокіх пачуццяў перажыта ў музеях Тараса Шаўчэнкі,– у Кіеве, на гары Чарнечай у Каневе, у канадскім Палерма над морападобным возерам Антарыё,– у львоўскім музеі Івана Франко, у днепрапятроўскім Дзмітра Яварніцкага!..

Наша канферэнцыя названа «першай міжнароднай», i гэта хораша. Прыемна бачыць тут нашых рускіх i ўкраінскіх гасцей, з цікавасцю слухаць ix выступленні.

Аднак жа толькі такой міжнароднасці ў нас яўна малавата.

Гаворачы гэта, я думаю пра дамы-музеі i Яна Райніса ў Юрмале, i Антанаса Венуоліса ў Анікшчай, i Уладзіслава Бранеўскага ў Варшаве, жыва i ўдзячна ўспамінаючы ix, пра літаратурныя музеі Абавяна ў Арменіі, Хаяма ў Таджыкістане, пра Веймар Гётэ, Абленгорак Сянкевіча, Цэцінье Негаша, Калофер Боцева, пра святыні Слова ў тых іншых краінах, дзе мне пашчасціла пабываць.

Думаю я, вядома ж, i пра сваё роднае.

Пра вязынскі дом, дзе нарадзіўся Янка Купала, пра яго мінскі музей, да арганізацыі якога я меў гонар пэўным чынам далучыцца, працуючы там улетку сорак пятага года пад кіраўніцтвам энергічнай ды чалавечнай цёткі Уладзі, а пасля, на працягу ўжо i многіх гадоў, ахвотна бываць у ім, сустракацца з яго наведвальнікамі розных узростаў.

Дом-музей Коласа. Дзядзьку Якуба я светла памятаю жывым-здаровым, паважаным ды абаяльным у сваёй народнай прастаце гаспадаром таго гасціннага дома каля Акадэміі навук, які таксама даўно ўжо стаў домам-музеем. З Данілам Канстанцінавічам, старэйшым сынам народнага песняра, арганізатарам i першым дырэктарам дома-музея, добрым другам беларускіх пісьменнікаў, i маім у ix ліку, неаднойчы прыемна было наведваць Акінчыцы, Альбуць, Смольню, Мікалаеўшчыну, у якіх вы, дарагія нашы госці, будзеце мець прыемнасць пабываць, парадавацца залатою восенню коласаўскага Наднямоння, адкуль пайшла ў свет яго паэзія.

Пабываеце вы i ў Цімкавічах, роднай вёсцы нашага выдатнага празаіка Кузьмы Чорнага, на адкрыцці яго музея.

Шкада, што планам вашай работы на гэты раз не прадугледжана наведанне дамоў-музеяў нашых славутых землякоў у іхніх родных мясцінах – Адама Міцкевіча ў Наваградку i Элізы Ажэшкі ў Гродне.

А ёсць жа ў нас яшчэ i вёска Дастоева на Берасцейшчыне, a ў ёй пакуль што сціплы літаратурнакраязнаўчы музей, дзе па-зямляцку шчыра шануецца памяць Дастаеўскага.

Кожны з нас мае права на нейкія асабістыя няшкодныя дзівацтвы. Я, напрыклад, не вельмі люблю хадзіць на адкрыцці музеяў. Няхай сабе там тады i ўрачыста, але ж i тлумна ды шумна, цяжка i даступіцца да цікавага, i засяродзіцца над ім.

Здарылася так, што на адкрыцці музея Максіма Багдановіча, у якога i я закаханы яшчэ са школьнага маленства, мне з-за хваробы не давялося папрысутнічаць. Затое крыху пазней я меў вялікае задавальненне аглядаць гэты цудоўны храм паэзіі толькі ўдвух з яго маладым паважаным дырэктарам, энтузіястам i знаўцам свае справы Алесем Бяляцкім, якому хочацца яшчэ раз ды прылюдна падзякаваць за тое свята. Калі, між іншым, у высокім суме прыгадваліся неаднаразовыя наведванні Максімавай магілы ў Ялце i таго белага дома ля сіняй бухты, дзе так заўчасна i трагічна абарвалася вялікае жыццё.

Добрае слова хочацца сказаць i пра нашых гасцінных гаспадароў, супрацоўнікаў Музея гісторыі беларускай літаратуры, стараннем якіх гэты нядаўна створаны музей i так ужо багата, прыгожа наладжаны, а будзе яшчэ багацейшы, чаго яму хочацца ад душы пажадаць. I сказаць таксама дзякуй за добрую ініцыятыву арганізацыі нашай канферэнцыі.

Наогул, дарагія сябры, як гэта высакародна ды сімвалічна, што ў наш такі нялёгкі час, у бязладдзі, пры катастрафічным збядненні, якому не відно прасвету i канца, у злачыннай пагоні за доўгім доларам, ёсць у нашых краінах людзі, як у народзе здаўна гаворыцца – «з Богам у сэрцы», якія не забываюцца пра разумнае, добрае, вечнае, пра актыўную, самаахвярную службу яму, у чым я жадаю ўсім нам як найбольшых поспехаў.

ЗНАК НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ [40]

Так яно было i будзе, заўсёды i ўсюды, што самае першае слова ў кожнага чалавека, на якой мове яно ні гучала б, па сутнасці аднолькава змястоўнае i сардэчнае – мама. З ім мы, людзі, уваходзім у жыццё. A многія з гэтым словам i адыходзяць,– хто ў пакутах хатняй ці бальнічнай немачы, а хто на полі бітвы, калі паспее падумаць яго ці сказаць.

I гэта не проста слабасць, гэта малітва – на дапамогу.

Волат сусветнай літаратуры Леў Талстой у глыбокай старасці, як сведчаць яго запісы, маліўся сваёй маці, нібы дзіця, называючы милой маменькой тую, якое зусім не памятаў, да якое не звяртаўся з першым словам, асірацеўшы ў немаўлячым узросце, ведаючы яе толькі па расказах старэйшых ды па адзінай сямейнай рэліквіі, мініяцюрным сілуэце.

Алесю Адамовічу, нашаму незабыўнаму Сашу, у жыцці пашчасціла перш за ўсё тым, што ў яго была цудоўная маці. Праўда, i ён быў добрым сынам,– i я гэта бачыў, i я гэта ведаю. I ён, Алесь, не толькі як чалавек у жыццё, але i як пісьменнік у літаратуру ўваходзіў з гэтым непараўнальным словам. Ён i гаварыў сябрам, у тым ліку i мне, i пісаў, што пісьменнікам зрабіла яго маці, што першыя яго творы, раманы «Вайна пад стрэхамі» i «Сыны ідуць у бой», раней чым былі напісаны ім, былі перажыты, створаны ёю, яе жыццёвым подзвігам, а яму ўжо трэба было гэта запісаць.

Многія з прысутных тут памятаюць апошні шлях Ганны Мітрафанаўны. I я таксама бачыў, як урачыста-жалобнае шэсце спынілася каля глушанскай аптэкі, гаспадыняй якое Яна была ў гады падпольнай барацьбы, як каля гэтага сціплага будыначка, аднаго з пунктаў апоры ўсенароднага супраціўлення фашызму, былыя партызаны, што неслі дамавіну, паднялі яе на ўзнятых руках i так трымалі некалькі малітоўна ціхіх мінут. Хвалюючы момант нашай гісторыі.

За гады сяброўства з Алесем я даволі часта бачыўся, гаварыў з яго мамай, быў сведкам яе апошніх пакутаў. I вось ужо семнадцати год у маёй памяці жыве светлы вобраз гэтай жанчыны – разумнай i мужнай, па-народнаму няпроста простай, шчыра, спагадліва ўсмешлівай, справядлівай i добрай.

У сваім апошнім з апублікаваных пры жыцці твораў – у аповесці «Vixi» («Пражыта») – да вобраза маці Алесь вярнуўся яшчэ раз. 1 гэта ў яго не спад жыццёвай траекторыі, не праяўленне расчулена-патольнай слабасці, зрэшты, так зразумелай у старасці кожнага чалавека, не паўтор пройдзенага ў творчасці,– гэта далейшы ўздым яго быстрага розуму, светлай душы, самабытнага таленту. Гэта, нарэшце, i яго своеасаблівае вяртанне да жыццядайных родных каранёў. Вобраз маці з партызанскай дылогіі, i там пасвойму модны i абаяльны, у спавядальнай аповесці «Vixi» загаварыў з хвалююча большым пранікненнем у матчыну душу, з яе агульналюдскай i, разам з тым, арыгінальна беларускай глыбінёй чалавечнасці, якою яна, яго мама, жыла i ў вайну, i пасля, i будзе жыць у сынавым новым, дасканалейшым паказе, у апошнім, сакраментальным слове яго, якое – спадзяемся – паўторыцца на іншых мовах свету.

Здаецца, нядаўна гэта было, калі i я, па праву дружбы з сынам i глыбокай пашаны да маці, прымаў удзел у развітанні з гэтай выдатнай жанчынай, прамаўляў каля яе магілы, у той дзень побач толькі з мужавай.

А сёння хочацца сказаць:

Мілая Ганна Мітрафанаўна, як жа зарана вы прынялі сюды вашых любых сыноў, i медыка, i літаратара!.. Нам, паплечнікам па жыццёвай справе вашага меншага, не хапае яго i будзе далей не хапаць у нашым трывожна-шалёным часе, у нялёгкай пісьменніцкай службе народу,– Алесевага дужага пляча, яго энергіі i яснасці думкі...

Пацяшае, радуе тое, што ён не толькі жыве i будзе жыць у памяці многіх як чалавек, але i тое, што засталіся, ёсць i будуць яго творы. Учора, калі ўручаліся прэміі ягонага імя, было прыемна пачуць, як адзін з наймаладзейшых лаўрэатаў, журналіст, шчыра i ўдзячна гаварыў пра тое, як ён чытае Адамовіча, якім сучасным, латрэбным бачыцца яму гэты сапраўдны пісьменнік. Будзе чытацца ён i далей, i многімі. Гэта i ёсць яго найлепшы помнік.

А гэты, які мы з вамі, дарагія Алесевы родзічы, сябры, землякі, святочна адкрываем, магутны валун з беларускага поля, хай будзе вечным знакам на матчынай, на бацькавай зямлі, да я кое ён, пашыбаваўшы па вялікім свеце, па-сыноўняму пажадаў вярнуцца.

1995

У СВЕТЛАЙ ВЕРЫ [41]

I мне, дарагія сябры, прыемна быць сярод вас, беларусаў або прыхільнікаў беларушчыны з розных краін далёкага ці блізкага замежжа, зноў сустракацца з вамі, бачыць i чуць вашу шчырасць, заклапочанасць далейшым лесам нашай мілай, шматпакутнай Радзімы, нашай мовы, нашай будучыні.

I ад учарашніх выступленняў, i ад сённяшняга «круглага стала» ёсць у мяне i такое ўражанне,– амаль усе мы, па-свойму, значна лепш ведаем, што i як павінны рабіць другія, а менш пра тое, што павінны рабіць мы самі, прытым рабіць як найлепшым чынам. Была, вядома, крытыка i справядлівая, якое нельга не ўлічваць, аднак было i тое, што можна назваць то наіўным, то дробязным патузваннем, у тым – i кіраўніцтва нашага згуртавання...

I я з належнай пашанай адношуся,– пачнем з жанчыны,– i да энергічнай ды талковай, абаяльнай у сваёй шчырасці Ганны Сурмач, i да дастойнага прадстаўніка славутага роду Гарэцкіх, змагароў i пакутнікаў, выдатнага беларускага вучонага Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага. Абое яны, як гаворыцца, на сваім месцы, i добра прыйшлося б падумаць, кім ix сёння можна адпаведна замяніць, калі наогул варта апускацца да такое недарэчнай думкі. Im проста трэба добра памагаць, а крытыкаваць – канструктыўна, у імя нашай агульнай справы.

Два дні мы працуем пад гасцінным дахам Дома літаратара, што таксама ж пэўным чынам сведчыць пра ўдзел пісьменніцкай супольнасці ў барацьбе i працы нашага адраджэння. Чатыры сотні членаў Саюза беларускіх пісьменнікаў не складаюцца, вядома, з адных геніяў ці класікаў,– такога не бывае ў ніводнай літаратуры на свеце. Ёсць i ў нас нейкая колькасць людзей выпадковых, інертных ды кан'юнктурных. Аднак жа большасць у нас, што прыемна падкрэсліць, гэта людзі, якія, як той коласаўскі Сымон-музыка, пачыналі з прызвання, а потым ужо набывалі прафесійнасць, хто з большым, хто з меншым поспехам, колькі ўжо каму з нас дадзена.

Страшная яна – гісторыя нашай пісьменніцкай супольнасці, пачынаючы з канца дваццатых гадоў, кал i стаў па-д'ябальску разгойдвацца гулагаўскі генацыд, які давёў калісьці шматлюдную арганізацыю да сарака членаў, якім быў наш Саюз пісьменнікаў адразу пасля вайны, калі ўжо i я меў гонар быць прынятым у яго.

Праўда, у мяне, як у «заходніка», была i свая нацыянальная перадгісторыя. Вясной трыццаць восьмага года, калі я ўжо не толькі актыўна пісаў, але i пачаў друкавацца ў віленскім «Шляху моладзі», на вайсковай камісіі ў славутым сёння Міры польскі ўжэнднічак спытаўся ў мяне: «Народовосць?» Адказваю: «Бялоруска». Ён глядзіць на мяне, потым запісвае i зноў пытаецца: «Мова мацежыста?» Адказваю: «Бялоруска». Зноў глядзіць, зноў запісвае... А менш чым праз год мяне, радавога марской пяхоты ў Гдыні, як аднаго з больш пісьменных у роце, узялі на часовую дапамогу ротнаму пісару. Ca зразумелай цікавасцю я перш за ўсё заглянуў у свой «зэшыт эвідэнцыйны», салдацкую кніжку. I там стаяла – замест «бялорусін» – «тутэйшы», а замест «бялоруска» – «па-прастэму». Вось так далікатна рабілася.

Працягам асіміляцыі i для мяне былі пасляваенныя дзесяцігоддзі служэння роднай літаратуры, генацыд зацяжны, больш прадуманы, партыйна, дзяржаўна планамерны, разлічаны на поўную i канчатковую ліквідацыю i роднай мовы, i свайго вобліку. I сумна, балюча бывае ад легкадумных ці злосных незаслужаных папрокаў у адрас нашай літаратурнай супольнасці, у той час, калі, гаворачы пра творчую інтэлігенцыю Беларусі, якраз амаль на адных пісьменніках i ляжала нялёгкая адказнасць за родную справу, i мы з гэтай адказнасцю як мага стараліся спраўляцца. Скажам гэта не без гонару.

Цяпер усе мы апынуліся ў новай атмасферы антыбеларускасці, смярдзючай i па-старому, i па-новаму. I я хачу, з вашага дазволу, звярнуцца да народнай мудрасці, народнага аптымізму, дзе ўсё называецца сваім імем i ў перапрошванні за грубасць не мае патрэбы. Даўно я чуў гэта ў сваёй вясковасці i ўсё часцей успамінаю гэтую прымаўку цяпер, у новайняновай атмасферы: «Перажылі лета гарачае – перажывем i гаўно сабачае». Беларусь – з яе слаўнай гісторыяй, з яе прыгожай i надзейнай у жывучасці мовай, з яе працавітым, мужным, сумленным i мудрым народам – жыве i будзе жыць!

У фальклоры, на гэты раз рускім, ёсць i такая мудрасць: «Нет худа без добра». Трагікамедыя рэферэндуму вучыць нас не раздрабняцца на па-секстанцку слабасільныя групоўкі, не фанабэрыцца кожнаму сваім выключным патрыятызмам, а разумна аб'яднацца дзеля святое справы адраджэння i працаваць, працаваць. Вучыцца гэтаму нястомна i самааддана.

Яшчэ крыху асабістага. У маіх бацькоў я дзесятае дзіця, змалку прывык быць меншым. А вось гляджу, што i тут, сярод вас, я ўжо найстарэйшы. A ўсё ж i мне хочацца жыць, працаваць, хочацца верыць! I я ад душы жадаю ўсім вам, мае дарагія, светлай веры ў нашу будучыню i плённай працы ў добрым здароўі.

1995

МУЖНАСЦЬ I МУДРАСЦЬ [42]

Днямі, калі мне быў прапанаваны высокі гонар выступіць перад вамі, дарагія сябры, калі я ўваходзіў у клопат, што i як сказаць, у памяці ўсплылі радкі незабыўнага Пімена Панчанкі, напісаныя ў франтавым сорак другім, далека ад паняволенай Беларусі:

I адна у мяне – пра Радзіму —

Сягоння трывога.

I адна у мяне – на Радзіму —

Сягоння дарога.


Які балючы парадокс, якая сумная рэальнасць, – у мірны час, у сталіцы суверэннай дзяржавы, у цэнтры Еўропы трэба збірацца ў вялікай патрыятычнай трывозе за сваю сапраўдную незалежнасць, за сваё права на родную мову, школу, культуру, за права на дзмакратыю, за найбольш адпаведную ёй Канстытуцыю, за найвярнейшую дарогу ў светлую будучыню роднага народа.

Не бачаны раней нахрап злачыннасці, афіцыйнай ілжы, дзікае падзенне спрадвечнай чалавечай маралі, катастрафічна няспынная хада ўподбежку дарагавізны i ўсеагульнай галечы. А над усім – жахлівы прывід дыктатуры!..

Як быццам наш народ мала яшчэ нацярпеўся, напакутаваўся за вякі. Агонь i меч разнамасных «вызваліцеляў», крывавы бізун прыгону, Курапаты i Трасцянец, i «божы палец», як называлі ў даваеннай Польшчы паліцэйскі гумавы кій, што ў нашы дні зноў уварваўся ў моду...

I самі дзівімся, i людзі дзівяцца, высакародна дзівіўся i наш вялікі зямляк – Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі: як ён выжыў, як захаваў сябе – беларускі народ?!

Дзівіцца трэба яшчэ i з таго, колькі было ix, ахвотнікаў намі пакіраваць, пакрасавацца неабмежаванай уладай на фоне нашай славутай рахманасці, па-невуцку панастаўляць нас, як трэба жыць дома, у межах краіны, дзе сабралася столькі моў i веравызнанняў, як трэба сябраваць з вялікімі i меншымі суседзямі.

Мы ведаем i самі, каго нам i як ды завошта трэба паважаць i любіць на поўначы i поўдні, на захадзе i ўсходзе, перад нікім не стоячы ў агіднай позе беднага, прыгорбленага сваячка, з ліслівым выскалам манкурта, гатовага за нішчымнае сачавічнае пойла на любое ахвярнае слугаванне.

Нам трэба вольная, мірная, нейтральная, дэмакратычная Беларусь. Права на гэта яна заслужила сваімі пакутамі, сваёй гераічнай барацьбой з нацызмам, сваёю верай у чалавечную справядлівасць. Нам трэба раўнапраўная дружба з усімі народамі, мы любім i ўмеем дружыць. Мы хочам быць не лішнімі, не смешнымі, не жалю, а то i пагарды вартымі ў прагрэсіўнай сям'і чалавецтва, мы хочам, каб нас паважалі, каб з намі лічыліся.

Грубай, нахабнай сіле сваёй i чужой рэакцыі, шавіністычнай ды прафашысцкай дэмагогіі, як бы яе шматвопытныя ці дылетанцка-шустрыя вяршыцелі пад любое святкаванне ні перабельвалі свае хатыпалаты, як бы слінява ні абдымаліся ў патайных нячыстых задумах ды намаганнях, трэба i неабходна бескампрамісна супрацьпаставіць нашу цярплівую беларускую мужнасць, абавязкова спалучаную з абачлівай мудрасцю – на сёння, на заўтра i назаўсёды. Трэба не проста пагаманіць, паахкаць, пакрычаць, сабраўшыся, а сур'ёзна, дзелавіта параіцца, актыўна i разумна вырашыць, што i як трэба рабіць.

A прыгадаўшы, як гэта нашы бацькі, дзяды i прадзеды шанавалі шчырую, справядлівую, святую працу, давайце самі сабе i ўсім добрым людзям i ў гэтай, на жаль, не надта прасторнай, зале, i за сценамі яе, бліжэй i найдалей, па-людску, па-мазольнаму паўторым народнае:

Памагай Бог!

1996

ВОБРАЗ I СІМВАЛ [43]

Верасень пяцідзесятага года. Залатая свіцязянская восень...

Дзіўнае робіцца з памяццю,– праз сорак шэсць гадоў не магу прыпомніць, чаму я тады так паехаў: спачатку ў Баранавічы цягніком, затым аўтобусам у Наваградак, чаму не адзін, а з Раманам Сабаленкам, яшчэ не празаікам, толькі паэтам i работнікам абласное газеты?..

Затое ярка i ўдзячна памятаю тую восеньскую красу, а яшчэ i легенду, у той дзень пачутую, а пасля i запісаную ў эсэ «Родны кут». Пра тое, як землякінаваградчане нібыта чулі ад свайго дэпутата – Якуба Коласа, што ён перад смерцю хацеў бы прайсці пехатой па абочыне гасцінца Баранавічы – Наваградак, каб яшчэ раз палюбавацца хараством тых лясоў, палёў i вёсак.

Легенду гэтую мне прыемна згадаць іменна тут, у доме-музеі Якуба Коласа, дзе мы сёння святкуем юбілей аднаго з ягоных былых актыўных ды таленавітых супрацоўнікаў.

Не памятаю, як мы з Раманам Карпавічам выступалі ў наваградскай сярэдняй школе № 1, што размясцілася ў камяніцы былой беларускай прыватнай гімназіі, пабудаванай на складкі небагатага мясцовага насельніцтва, закрытай пілсудчыкамі ў 1934 годзе, як нас там прымалі, як вёў сустрэчу настаўнік роднай мовы i літаратуры, знаёмы нам па выступленнях у перыёдыцы Сцяпан Александровіч.

Добра помніцца затое, што зусім пад вечар мы са Сцяпанам Хусейнавічам засталіся толькі ўдвух i пайшлі да яго на кватэру. Спачатку, праўда, пахадзілі ды пастаялі на замчышчы, каля гістарычных руінаў, любуючыся зверху маляўнічым наваколлем, потым спусціліся з гары па-маладому, ледзь не потырч па крутым зялёным збоччы.

I гаварылі ўсё, гаварылі...

Мне, вядома ж, не ўзнавіць у памяці той нашай гутаркі, памятаецца толькі яе галоўная накіраванасць, дзве асноўныя тэмы – вайна i літаратура. Адну мы нядаўна перажылі, а без другое не ўяўлялі свайго жыцця. Вайна ў нас была падобная тым, што абодвум – i польскаму марскому пехацінцу, i чырвонаармейскаму горнаму стралку – давялося пабываць у нямецкім палоне, я з-пад Гдыні ў 1939-м, ён з Крыма ў 1942-м, абодва ўцякалі, удзельнічалі ў антыфашысцкім падполлі, партызанілі, абодва ў сувязі з палонам ды ўцёкамі былі на адпаведным падазрэнні... У літаратуры я, на. тры гады старэйшы, крыху апярэдзіў Сцяпана, у мяне ўжо выйшлі да таго часу ажно чатыры кнігі,і толькі што, у верасні, «Полымя» надрукавала аповесць «У Забалоцці днее», а ён са сваёй настаўніцкай аддаленасцю ад Мінска то пасылаў туды свае артыкулы, то зрэдку наязджаў у сталіцу з рукапісамі асабіста.

Да гэтай наваградскай сустрэчы мы былі збольшага знаёмымі, а з таго вечара ўва мне жыве пачатак нашага сяброўства.

Па ходніку доўгай забрукаванай вуліцы, таксама ж у бясконцай гутарцы, дайшлі мы да доміка, дзе Сцяпан кватараваў. А там аказалася, што малады гаспадар – сябар па нямецкім палоне майго старэйшага брата Міхася. Пра што Сцяпан мне загадзя, яшчэ ў дарозе, расказаў. Увосень трыццаць дзевятага хлопцы пабылі ва ўсходнепрускім лагеры каля двух месяцаў, а потым ix, згодна з нямецка-савецкім пагадненнем, якое сёння кваліфікуецца як злачынная змова Сталіна з Гітлерам, адправілі «за Буг», адпусцілі дахаты. Шчасце, якога сам я чакаў два гады i дарма, да небяспечнай рызыкі ўцёкаў... Цёпла помніцца той вечар, шчырае застолле трох бывалых мужчын.

I яшчэ адно помніцца добра,– як мой Сцяпан зусім ужо даверліва паказаў мне сам-насам фота чарнявай беларускай красуні ў белым берэціку касячком, па модзе, «на левае вуха». Дзяўчына вясковая, з-пад Ляхавічаў, працуе ў Наваградку акушэркай. Ну, i з усмешкай, празрысты намёк на блізкі канец халасцяцкага бытавання.

Як вы здагадваецеся, дарагія сябры, гэта была тая Сцяпанава абранніца, якую мы ведаем, i даўно, хто як Марыю Лукінічну, а хто як проста Марыю, якую мы i вітаем сардэчна на нашай юбілейнай сустрэчы.

Яшчэ адзін успамін.

У польскай Зялёнай Гуры на штогадовым фестывалі савецкай песні i паэзіі мне давялося пабываць вясною 1979-га. Там у мяне, сярод іншых сустрэчаў ды новых знаёмстваў, пераважна з палякамі, адбылося i знаёмства, якое спачатку дзіўным здалося, крыху насцярожыла... Старэйшыя з вас памятаюць, як гэта, нават i ў паслясталінскія гады, няпроста было паехаць за мяжу, колькі гэтаму папярэднічала цягучай марокі, як у Варшаву i з Мінска – за нейкіх семсот кіламетраў, i з Брэста – зусім за няпоўных дзвесце, ехалася толькі цераз Маскву, колькі пачулася ўступных інструкцыяў наконт паводзін з пільнай асцярожнасцю, колькі нябачных праведнікаў сачыла за табою... I вось там, у далёкім заходнім кутку польскіх «вернутых земляў», да мяне раптам падышоў стрымана ўсмешлівы мужчына сярэдніх гадоў, назваўся cynpaцоўнікам савецкага пасольства. I гэта – заўважце – на добрай беларускай мове... Дні праз два, ужо ў Варшаве, пасля польска-савецкай літаратурнай сустрэчы, мой новы знаёмы запрасіў мяне дахаты. Зноў прыйшлося здзівіцца,– у прасторным кабінеце пустой кватэры, бо сям'я гаспадара ў Маскве, паліцы беларускіх кніг!.. У гутарцы, што спакваля рабілася ўсё шчырэйшай, было, між іншым, названа імя, якое прагучала пэўным сімвалам большага ўзаемаразумення, далейшага яднання землякоў у замежжы. Таварыш дыпламат, аказваецца, пакуль у яго дайшло да адпаведных інстытутаў, навучаўся ў Мінскім бібліятэчным тэхнікуме, і ў яго быў любімы выкладчык роднай літаратуры Сцяпан Хусейнавіч Александровіч.

Мне зноў прыемна сказаць, што той шаноўны работнік пасольства – наш паважаны маскоўскі госць, адзін з найбольш асвечаных ды актыўных работнікаў нашага адраджэння, вядомы навуковец Аляксей Канстанцінавіч Каўка, сустрэчай з якім мы зноў жа шчыра задаволены.

У пачатку пяцьдзесят восьмага года я выступаў у названым бібліятэчным тэхнікуме, спецыяльна прыехаўшы туды з Дома творчасці «Каралішчавічы». А пасля выступлення i гасцяваў у Сцяпанавай сям'і. Хораша помніцца той зімовы вечар з поўным наборам сямейнай утульнасці, простата ды законнага чалавечага шчасця. З маладою беларускай гаспадыняй – тою, вядома, з таго наваградскага фотаздымка,– з малымі дачушкамі, са старэнькай бабуляй-татаркай, капыльскай мамай вучонага сына, з добраю гутаркай нетаропкага застолля.

Былі ў нас сустрэчы i іншыя, i нямала, то ў Саюзе пісьменнікаў, то ў якой-небудзь з рэдакцый, то ў сумеснай паездцы на выступленне ці на які юбілей, то ў актавай зале філалогіі БДУ, дзе Сцяпан працаваў, куды i я даволі часта запрашаўся.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю