Текст книги "Дзе скарб ваш"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 16 страниц)
– А вы гэта, хлопцы, відаць, пісьменнікі?
– А што? – з усмешкаю спытаўся Анатоль.
– Бо вось жа i жыдок па-беларуску клепіць. Ці смяяўся Заір,– Анатоль мне, здаецца, не сказаў. A гаварыў па-беларуску паважаны маэстра рэдка, нібы каб паказаць, што ўмее.
* * *
У вучоным артыкуле, надрукаваным у газеце «+Plus – Minus», якую бачу ўпершыню, аўтар, таксама незнаемы, дабраўся i да беларусаў з ix двухмоўем. Перакладаю яго прыязнасць:
«Культура ператвараецца не цераз элімінацыю таго, што ёсць, a толькі цераз узгадоўванне таго, што павінна дадавацца. Таму моладзь трэба вучыць мовы Янка Калясы, але не трэба закрываць перад ёю мовы Льва Талстога».
Расчульвае гэты гібрыд – Kolasa, зроблены з літаратурных імён двух нашых класікаў, тым больш ужо без коласа – kłosa, а з kolasą – экіпажам.
* * *
Прынёс з пасёлка ранішняе малако (туды – лесам, назад – па дарозе, яшчэ ўсё без пылу пасля дажджу), падышоў да ўмывальніка пад старою ліпай i пастаяў.
Такі дзянёк пачаўся, такая сонечная, яшчэ ўсё – у канцы верасня – зялёная краса. А на стале такая любая работа – вычытванне пасля машынкі новага, чаго пяць дзён не чапаў, каб трохі пасвяжэла вока.
I чаго табе трэба, куды ты спяшаешся? Сёння ж тут тое, што потым успамінаецца як вялікае шчасце.
* * *
Гуга Калантай, «Стан асветы ў Польшчы ў апошнія гады ўладарання Аўгуста III (1750– 1764)». Перакладаю з рускага перакладу:
«Пагарда чытачоў да літаратуры на польскай мове адбівала ў пісьменнікаў ахвоту ствараць карысныя творы або рабіць пераклады замежных твораў, i справа дайшла, нарэшце, да таго, што польская мова стала служыць толькі для казанняў, для рэлігійнага пісання, для панегірыкаў, для вясельных ці пахавальных прамоў, для прамоў на сеймах i сейміках i зрэдку можна было ўбачыць вельмі дрэнныя пераклады на польскую мову замежных твораў».
Вынік моды на лацінскую, а пасля на французскую мовы.
Як гэта падобна на тое, што ў нас цяпер! Праўда... на дзвесце з гакам раней. Калі ўжо быў вялікі Ян Каханоўскі, калі можна было прадчуваць яшчэ большых – Міцкевіча i Славацкага.
* * *
Апавяданне ў газеце – сум бацькоў па сыне, на якога пасля вайны прыйшло, што ён прапаў без вестак. I – на табе! – зноў ад чужога сваё: згадалася, як увосені сорак першага, неяк дачуўшыся, што ў Загоры хлопец вярнуўся з палону, да нас з Прылукаў, якія за пашай, за лугамі, за Вушай i «казённым» лесам i таму здаваліся мне змалку вельмі далёкімі, прыйшоў пажылы чалавек, у якога сын таксама з польскага войска ў палоне. Павітаўшыся, сеўшы на запрашэнне, ён урачыста звярнуўся да мяне:
– Сынок, як перад Богам скажы: пусцілі цябе ці сам ты ўцёк?
Я засмяяўся:
– Як перад Богам?
I трэба было ратавацца маной, што пусцілі, што неўзабаве пусцяць i іхняга...
* * *
Hi з таго ні з сяго вечарам убачылася, як жывое:
Стары вясковы дзядзька на сваяцкім застоллі ўзяў ды няспешна з'еў сабе цэлую шакаладную цукерку. Ціха, сціпла прыгорбіўшыся.
Ці гэта ён сам сябе пашкадаваў? Ці яшчэ i падумалася потым, што зрабіў гэта, як малы? Ці таму – зусім ужо прасцей – што чужое?.. Толькі не гэта.
Бо калi i траплялася ў ягонай хаце такая, сёння нятанная, смаката, дык усё ж для гасцейунукаў. I сват жа таксама, не толькі ты адзін.
* * *
Сніў, што разам з Танкам пераносіў з месца на месца вялікія, пазвязваныя кіпы пісьмаў – жаль i спачуванне вельмі многіх у сувязі з яго, Максімавай, смерцю...
У сне такое не бачыцца дзіўным: як быццам усё так i трэба, нармальна.
* * *
Выступаць у інстытуце, перад студэнтамі, мы прыйшлі з гасцініцы невялікай групай адразу пасля снедання. А тут нас, «пакуль што» – адразу да самавара, з пытаннямі: «Вам чаю? Ці кавы?» Адмаўляемся шчыра ды ветліва, a мілавідная, не вельмі ўжо маладая жанчына, што гаспадарыла каля стала ў дырэктарскім кабінеце, з усмешкай сталай прастаты сказала:
– Мама мая гаварыла: не дай Бог галодных карміць.
I тут падтэкст народнай мудрасці.
* * *
Над трэцім томам Багдановіча.
Ён, Багдановіч, i Талстой,– падабенства грамадскай дзейнасці: у старога па барацьбе з «мірным» голадам, a ў маладога з ваенным, бежанскім ліхалеццем. I там, i тут гэтая дзейнасць, з усёй сваёй суровай, шэрай прозай, дадае воблікам любімых літаратараў чалавечай i нісьменніцкай абаяльнасці.
«Непаэтычная» галковасць маладога, хворага Максіма. I выдатнае валоданне рускай літаратурнай мовай. Я не пярэчу самому сабе, таму ранейшаму запісу, дзе гавару, што яго руская мова менш натуральная ў слове мастацкім. Як i Шаўчэнкава – у прозе. У валоданні культурай рускай мовы – адукацыя, a ў мове роднай у яго самавуцтва, а на радзіме з ёю – самы толькі працэс станаўлення, сіламі самавукаў або патрыётаў з рускай адукацыяй.
...«Образы Галиции в художественной литературе», з аповесці Франко «Великий шум»:
Збiрная днинонька субота,
Збирала Галюня подружки...
Згадалася, што ў апавяданне «Марыля» песню пра пляценне вянка мне напяяла мама, а то, хутчэй, песенніца-сястра. I як падобна:
Зборная субота настае,
Марылька дружыну збірае...
I гора такое падобнае:
На мене ся, молоденьку, не дивить,
В мене туженька не мала...
I наша:
Схіліла галованьку з касою,
Паліліся слёзанькі ракою...
Захацелася праверыць, як справіўся з гэтым Сэнюх:
Schyliła głoweńkę z warkoczami,
Napełniły się oczęta łzami...
Тут ужо толькі пераклад. Хоць, напэўна ж, у народным вясельным штосьці блізкае ёсць i ў палякаў.
...Як гэта мала ў яго, Багдановіча,– тры тамы,– i як многа, калі чытаць, нават вяртаючыся да знаёмага!..
...Тое, што ў нас друкуецца ўпершыню, што друкавалася ў рускай перыёдыцы пад псеўданімамі.
Я нібы толькі ніто даведаўся – ён жа юрыст, i таму судовыя справаздачы. А праз дзелавую, строгую сухасць юрыста ў замалёўцы «В гостях у детей» прабіваецца паэт i добры, высакародны юнак:
«Дом чист и просторен, комнаты большие, светлые, потолки высокие; на стены из гладко оструганных сосновых бревен, не заклеянных опротивевшими обоями, просто приятно поглядеть».
«Я не знаю, есть ли на русском языке слово «обуютить», но оно бы мне очень пригодилось. Надежда Ивановна обуютила, насколько возможно было, детей».
A дзеці, убачыўшы ў «кладовой» мяхі з рознымі крупамі, мноства мяхоў, здзіўляліся: «Неужели мы все это съедим?»
Гэтыя сцены сасновыя, гэтае «обуютить» (у Даля толькі «уютничать») i здзіўленне малых, у большасці нездараўчаных, каланістаў – з роднай душы, якую мы любім.
...Яшчэ да яго выступленняў у «Голосе» —«В с. (еле) Крест»:
«День выдался ясный, погожий, и с тем большей охотой начал я per pedes Apostolorum отмеривать путь по широкому пригородному шоссе. По обеим сторонам – трава, в ней протоптаны тропинки, в два ряда тянутся старые березы – в их тени идти не трудно и не скучно».
Тут ужо проста хораша бачыцца ён, наш цудоўны Максім Адамавіч – з яго лацінскімі «слядамі апосталаў»,– хораша i журботна, за няпоўны год да адыходу...
* * *
Сяднёў у сваёй «Масеевай кнізе», нямала добрага сказаўшы пра мяне, у адным месцы як быццам пасмейваецца:
«Аўтар зрабіў вялікую паслугу чытачу: ён можа ўжо не чытаць тых кніг, якія прачытаў Брыль,– у кароткіх, часам трапных азначэннях ён раскрывав іхнюю сутнасць, i такім чынам як бы адпадае патрэба чытаць тыя кнігі зноў. Ты ўжо прачытаў ix вачыма Брыля».
Калі i мне ўсміхнуцца, дык можна спытацца ў Масея, хоць здалёк: ці не дагадзіў я яму, амерыканскабеларускаму чытачу, яшчэ лепш, чым аўтары коміксаў, якія ўмеюць уціскаць у свае міні-кніжыцы нават i эпапеі?..
* * *
I Ельцын, i Грачоў, кожны па-свойму i ў розны час, нібыта каюцца, што пачалі ў Чачні, а то й нібыта лічачы сябе не вінаватымі, шукаюць на гэта нейкую камандную сілу, вышэйшую за іхнюю. Першы нешта пад восень стагнаў, другі ў пачатку зімы не ўсміхаўся – абодва жалю i агіды вартыя.
Па тэлевізары, вядома, усенародна i ўсясветна.
I працягваюць рабіць сваё...
...Расійскія тэленавіны, як заўсёды цяпер i так даўно ўжо,або пачынаюцца з Чачні, або аніяк не могуць без яе. Учора сказалася на экран: «Боже мой, как это скучно!..» I ў гэтым «скучно» i наш сум, i туга, i нуда, i ныццё балючае, сардэчнае, i атупенне, ледзь не быдлячае, на чужы боль, чужое гора, раны, смерць, жахлівыя здзекі з палонных. I канца гэтаму не відно... Дзе там! – колькі яшчэ затоена жадання, колькі назбірана i збіраецца сілы на тое, што гістарычна, здалёк называецца потым грамадзянскай вайной, без чаго немагчыма вярнуцца да нядаўняга мінулага – Савецкага Саюза ці рускай імперыі ў нейкай іншай форме, да таго, што нібыта хтосьці разваліў, а не само яно развалілася...
* * *
Не выходзячы з-за прастуды, уважліва праглядзеў за тры дні пяцітомнік «Энцыкланедыя прыроды Беларусі», спачатку – нібы ратуючыся ад беспрацоўнай нудоты. А яно цікава i карысна. Сёе-тое простае нібыта ведаеш, а трэба i ахвота ведаць лепш, дакладней. Бо гэтае выданне не толькі даведнік, у які здаралася i яшчэ будзе здарацца заглядваць з патрэбы, але i цікавае чытво (як шытво ды пітво). Тым больш, маючы час, як Салжаніцын для Даля ў лагеры.
Жывая карта Беларусі – амаль дваццаць адна тысяча рэк, больш за дзесяць тысяч азёраў, за дзвесце тысяч даследаваных валуноў...
I нямала назваў смачных ды вясёлых. Скажам, азёры: Ячмянец, JIanyxi, Мурагі, Негразя, Янка. Рэкі ды рэчкі: Сікунка, Сікуня, Сярмяжка, Хлеўня, Ведзьма, Цепленька, Нехрысць, Мужычок!.. I адкрыцці – такія, як трытоны (па-польску, са школы traszka), якіх мы, хлапчукі, лавілі прыгаршчамі ў мачуле каля маета на гасцінцы; як англійскае паходжанне назвы глею (gley), якога i я столькі намясіў у паныла гразкім Загоры; як «атрыканка», цацарка, што з Гвінеі трапіла i ў нашу вёску; як боб, што спрадвеку карміў беларуса, разам з рэпай, да прыходу заакіянскай бульбы быў героем нашых казак («рос, рос да нябёс»), таксама побач з рэпай, пры дапамозе якое наш мужык ашукваў мядзведзя; як лацінскае Bombus, ледзь не бамбавоз, на гугнілу-чмяля, слова, якое цяпер будзе мне ўспамінацца, абы зноў убачыў яго на кветцы...
«Найбольшыя рэкі, якія дрэніруюць Баранавіцкую раўніну...» Якое вобразнае слова! A ў Тлумачальным яго няма.
Як будуюцца берасцянкі: ён носіць будматэрыял, а гняздо робіць Сама.
Птушкі, змалку любімыя па-веснавому, як i шпакі.
* * *
Па маскоўскім радыё – харавая песня пра Тамбоўшчыну. I, як маланкавы зігзаг памяці ў даўняе,– «Казначэйша» ў вялікафарматным, па старасці растрапаным аднатомніку Лермантава. Дзіцячае, чыстае адчуванне непарушнай вечнасці слова. Не толькі замацаванага друкам, але ж i яшчэ па нейкай прычыне. Відаць, па той, што называецца божаю іскрай у табе, адчуваннем красы, наканаваным прызваннем.
* * *
У разумным, усхваляваным выступленні па нашым радыё Музы Сняжко, украінскай сяброўкі Караткевіча, прыемна i сумнавата было пачуць, як Валодзя любіў Паўстоўскага, як марыў i збіраўся напісаць кнігу, падобную на «Залатую ружу», аднак, вядома ж, яшчэ лепшую...
З РОЗНЫХ ГАДОЎ
Цётка Уладзя расказвала: Купала курыў так многа, што ў доме ўсе навалачкі былi папрапальваныя.
Думи моï, думй моï,
Лихо мені з вами!..
* * *
У камандзіроўцы ў Віцебску. У вольны вечар гуляем у гасцініцы ў «дурня». Да Толі Вялюгіна прыйшоў нейкі сваяк. Сядзіць каля яго i гаворыць пад руку, пытаецца, як жонка, як дачка.
– A нічога,– адказвае заняты справай Анатоль.
– А як там твае галубы?
– Дзякуй, брат, дзякуй! – болей ажыўлена.
I мы смяемся. Бо ўсе мы па-сяброўску ведаем галубінае гарышча ў драўляным доміку ягонай цешчы, мноства рознаi высокапародных галубоў, тонкую мачту над старым гонтавым дахам, на якой яго любімцы адпачываюць пасля дружнага, найбольш белакрылага па-анёльску палёту.
Так, па-анёльску. Бо ўспомніўся яго радок: «дзярэ анёла ястраб», а пакуль знайсці яго ў вершы «Спелы бор», у ранейшым, пад назвай «Бясстрашша», бяру прасцейшае ў шчырасці:
Не адступаючы, за мною
ідзеш, далёкая любоў,—
над шэрай матчынай страхою
чародка белых галубоў!
* * *
Ганю футбольны мяч па траве. Травы навокал бясконда многа, а я вельмі рады. Ганю, падганяю да варот, прымерыўся i – цяў!..
I загалёкаў, прачнуўшыся... Пальдамі босай нагі з размаху – у белы тынк сцяны. Цераз маленькага сына, што ў вёсцы, калі мама паехала ў горад, спаў побач са мною.
Большым дзецям было весела, i цяпер яшчэ, праз восем гадоў, успамінаюць. А пальцы не зажывалі доўга.
Якую драбніцу запісваю!
* * *
«Уже не говоря о таких литературах, как украинская и белорусская, литературы других советских народов...» – піша ў «Литгазете» адзін з вядомых рускіх крытыкаў. Чытаю гэта ў рэдакцыі ўголас.
– «Уже не говоря»...– смяецца Танк.– Яны ж i не гавораць.
...Ён жа, у іншы час – пра Машэрава:
– Калісьці, адразу пасля вайны, я ў ix быў у Вілейцы. Жонка яго аладкі нам пякла, а мы ix, гарачыя, елі, смяяліся. А цяпер я іду да яго на прыём i там часамі, як тая аладка на скаварадзе, сам варочаюся – то на адзін, то на другі бок!..
* * *
Таджыкскі прыгажун, распешчаны не толькi літаратурным поспехам, уздымае тост у кампаніі, на дастархане над ракой Кафірніган, дзе была з намі толькі адна жанчына, даволі нотная масквічка:
– Один бык, умирая, просил: «Снимите с меня кожу и накройте ею самую лучшую корову». Ваше здоровье, дорогая Зоя Михайловна!..
Гадоў праз некалькі, сустрэўшыся ca мной у Маскве, ужо ў яшчэ большым начальстве i з дзяржаўнай прэміяй, ён з паўнацэннай важнасцю сказаў:
– Очень приятно! Следим за ваших успехов!..
* * *
Добрага, ціхага хлопца ўпраўная маці ажаніла сама, па-даўнейшаму. I ён спакваля, неўзабаве пачаў у іншых шукаць таго, чаш ў сваёй яму не хапала. У вёсцы не надта многа выгоды для гэтага,– хутка накрылі ix, раз i другі раз. Жонка тая расказвае гарадскім сваякам:
– Пайду, кажа, утаплюся! А я яму: ідзі! А потым думаю: а Божа мой – гэта ж i даставаць трэба, i хаваць – колькі клопату!.. I памірыліся мы, жывём.
* * *
Бабы гамоняць пра сваіх дрэнных мужыкоў. У першай ён «успыльчывы», другі сваю б'е, a трэці робіць нешта на дварэ, але ж не можа, каб не забегчы ў хату, не пераставіць у печы гаршкі – як лепш...
Па агульнаму заключэнню – такі найгоршы.
* * *
Пісьменнік Збігнеў Жакевіч казаў:
– Найбольш мы, палякі, не можам немцам дараваць таго, што яны прымушалі нас хадзіць не па тратуары...
– А шэсць мільёнаў знішчаных? – пытаюся ў яго.
Ен акупацыі, можна сказаць, не ведае: малы быў, жыў у беларускай вёсцы... Лепш скажам: не бачыў ён яе ў Польшчы. I гаворыць цяпер «з аб'ектыўнай, гістарычнай дыстанцыі». Плюс або i перш за ўсё – славутая мэгаляманія, традыцыйны шнар.
* * *
Стары паэт вельмі любіць выступаць са сваімі вершамі. У адной вясковай школе дзверы настаўнікі на ўсякі выпадак загарадзілі сталом, i госць пачаў тую паэзію, адно за адным i – бясконца.
Старшакласнікі непрыкметна выключылі святло, i ў цемры ўся тая вольніца рванулася да дзвярэй. Перавярнулі стол i добра-такі пагрузілі госця-паэта.
Дома ён не вытрываў, расказаў жонцы, маладзейшай за яго, i яна цяпер гэтым прыкладам супакойвае яго, нібы працвераджае. Калі ён часамі зноў хваліцца, як яму хораша недзе выступалася.
* * *
Спёка i «горы», як называлася ў нас поле на ўзгорках. Цяжка жнецца нізенькі, рэдкі ячмень, ажно спіна калом становіцца. I тут з недалёкай палоск! гукнуў на мяне нехлямяжы сусед Зімавей: «Іван, а во!..»
Трымае зайца за вушы. От дзе шэры даспаўся!.. Ды вось ён прачнуўся – ці не ад гэтага воклічу – трэпнуў нагамі, пстрыкнуў з пальцаў i даў лататы.
А ты сабе жні далей.
Або пайдзіце да збанка ў цянёчку ад снапоў, хлебаніце сабе – хто з жалю, хто са смеху.
* * *
Вясной пяцьдзесят шостага года ў Будапешце, на дунайскім востраве Святое Маргарыты нас, невялікую групу мінскіх турыстаў, здзівіла тое, што ў гэтым цудоўным парку зусім няма таго, піто называецца «нагляднай агітацыяй» – ні партрэтаў, ні лозунгаў...
– Boi – засмяяўся Танк.– A ў нас? Ідзеш з дзяўчынай, хацеў бы пацалавацца, але ж няма дзе,– з-за кожнага куста цікуе член палітбюро!..
* * *
«Грубка халодная, як мёртвая дупа», – казала калісьці наша маці. Усё-такі далікатней.
A ў Валодзі Караткевіча – яшчэ лепш: радзіска з белымі дупкамі.
* * *
Спачатку проста сакратарачка ў раённым судзе, потым, упадабаная найвышэйшым у рэспубліцы, спачатку нарком, а потым, пасля гадавой школы савецка-партыйнага актыву, яшчэ i намеснік прэм'ера па культуры, і, нарэшце, асабліва заслужаная пенсіянерка.
Сустрэла Максіма Танка ў клініцы (ён мне расказваў):
– А вы что здесь?
– Ды вось хварэю трохі...
– Смотрите за собой, вы нал« еще нужны.
Голас са сметніка гісторыі. Аднак яшчэ ўсё ўпэўнены.
* * *
Рыгор Бярозкін гаварыў мне, што на вызваленай Куршчыне, у ацалелай хаце, гаспадыня расказвала яму, як адзін немец, што зайшоў да ix, не спяшаўся ўцякаць. Усё гартаў школьны падручнік нямецкай мовы, які ляжаў на стале, усё пра нешта маўчаў...
* * *
Алесь Асіпенка расказваў, як адна іхняя партызанка, дамачка ідэйна падкаваная, расказвала яму пры сустрэчы:
– Спачатку думалі абмежавацца адным рабёнкам, а потым селі з мужам, пасавяшчаліся i вырашылі мець яшчэ аднаго.
* * *
Дырэктар добрага палескага саўгаса, змоладу баявы партызан, а пасля яшчэ i франтавік, паказвае нам, тром знаёмым пісьменнікам, мемарыял на скверыку i стрымана расказвае:
– Пакуль не было ў нас гэтага помніка з прозвішчамі ўсіх землякоў, што загінулі ў партызанах або на фронце, бабка тая ці іншая не ведала, дзе ён ляжыць, яе сынок. А цяпер нясе яму кветкі сюды.
* * *
Мой аўтограф Івану Драчу на «Золаку, убачаным здалёк»:
«Поэзия вся – в детстве. Для меня по крайней мере».
Працытаваўшы Вас, Іване Фёдаравіч, дадаю: I для мяне – таксама.
* * *
З пастушынага фальклору: «Ганем каровы дадому, не кажэм нікому,– маці есці наварыла, чым, чым забяліла? Жабу, жабу растаўкла. Хто першы акажацца – таму жабіна плеўка!..»
I маўчым, сцяўшы вусны, пакуль не выбухнем смехам.
* * *
Малазнаёмы, a расказаў мне на санаторнай праходцы, як у сорак першым годзе перад фронтам расстрэльвалі «баптыстаў», што не бралі зброі.
– Толькі адзін з ix млеў i крычаў... А потым мы, маладыя, ішлі строем у свае казармы, anyсціўшы галопы...
* * *
У музеі славацкага невялікага гарадка:
Boże mój, otce mój
z vysokeho nieba,
ked si mi dal zuby,
daj że mi aj chleba!
* * *
Гумар без смеху: «Свацця мая такая ўжо згорбленая, што як памрэ, дык i не выпрастаць будзе. Хоць ты ў цэбры яе хавай».
* * *
Маладыя з загса едуць дзе да Вечнага агню, дзе да магілы Льва Талстога... A ў Нарыльску – у прафілакторый, да мядзведзіцы Машкі, якую там пояць шампанскім. Нап'ецца i ляжыць, спіць, ачмурэлая.
Такую мы яе i засталі – пасля чарговых вясельнікаў.
* * *
У нас на сіфіліс кажуць пранцы, a ў палякаў, у Кялеччыне, ён франса.
Пры панскай Польшчы там таксама калолі запалкi на чатыры часткі.
* * *
У гарадку мужчына зайшоў у аўтобус – такі здаровы ды сыты, што адразу ўявілася, як ён сам выгадаваў, сам закалоў i сам з'еў доб-ра-га парсюка.
* * *
Спозненыя маладажоны – яму сорак пяць, ёй трыццаць шэсць. Адзін пакойчык. A толькі распісаліся – шусь у хату ягоная маці. З вёскі, пасварыўшыся са сваім дзедам. Надоўга да ix – бо з валёнкамі ўлетку. Дачакалася бедная дзяўчына сямейнага шчасця!.. Бо ён ужо быў жанатым да яе.
* * *
Вясёлая Клаўдзя Каліна расказвала:
– Мая старэнькая мама гаворыць пра сябе: «Я салдат шаснаццатай роты». Такая няросленькая. Усё жыццё яна з маім татам за ручку i прайшлі. Ён ёй Косцік, яна яму Надзька. I аднагодкі, толькі ж ён памёр у семдзесят пяць, а ёй цяпер восемдзесят, i ўжо зусім слабенькая. Але як што, дык i скажа: «Ідзі ты, дочка, ведаеш...» Або: «Закруці той гэз,– газ, значыцца,– а то гнілой капустай смярдзіць!..»
* * *
Як гэта дзіўна, горка,– гледзячы даўнія фотаздымкі, ведаць, усведамляць, што з гэтых мілых дзетак хлопчык стаў алкаголікам, дзяўчынка патаскухай...
* * *
Адзін з траіх дзяцей, што ўсе «выйшлі ў людзі», старэйшы сын, дырэктар тэхнікума ў далёкім горадзе, заязджае ў жончыну вёску, a ў сваю, толькі за тры кіламегры, не хоча, кажа, што не можа.
Бацька быў гаснадар, усё было ў поўным ладзе. Але бацькоў ужо даўнавата няма, хату купілі чужыя прыблуды i вельмі ж усё запусцілі...
* * *
П'яны сусед пасля бяседы кавэнчыць каля парога перад гаспадыняй:
– Дай буську, тады i пайду!
А яна, пры мужыку i іншых мужчынах, смяецца:
– От я табе зараз чапялы як дам – адразу выскачыш!..
* * *
Алесь Адамовіч па тэлефоне, вярнуўшыся з падарожжа:
– Палез у Волгу, a ўжо холадна было, i вось хварэю.
– A толькі ж пісаў, што ў пісьменнікаў найбодыл цэніш розум. Смяемся.
* * *
Пятро Глебка, Мікола Ворвулеў i я гасцявалі вясной пяцьдзесят чацвёртага ў сям'і Багдана Чалага, у доміку ў садзе, на ўскраіне Кіева. Калі на ўтульным дворыку пачаліся танцы, Ворвулеву не хапіла партнёркі. Ён пакланіўся таўшчэзнай, вясёлай Багданавай бабусі, пачаў угаворваць яе: «Вы сабе стойце, а я буду каля вас укругаля!» I так у ix пайшло: яна дабрадушна смяялася на адным месцы, а ён пацэтна вытанцоўваў кругам.
Пасля таго, як цешыў нас сваім магутным голасам у песнях – украінскіх i нашых.
Ужо i яго, Міколы, больш за трыццаць гадоў няма, i танцы тыя богведама калі былі, а светла помніцца.
* * *
Да электрычкі, сустрэць мяне, «іхняга дэпутата», на машыне з пасёлка прыехала маладая настаўніца, што «ведае госця ў твар», бо мы ўжо аднойчы бачыліся.
У дарозе, дваццаць пяць кіламетраў, пагаварылі. Восем год была замужам, пяты год удавою, а сама яшчэ як маладзічка. Румяная, акуратная, сціплая. Гадуючы двое дзяцей...
I не сказала мне, іншыя потым сказалі, як яе муж памёр. Упаў у калодзеж, задалёка перахіліўшыся. Нецвярозы.
Таму, вядома, i не сказала. Такая культурнапрыязная.
* * *
Вядомы медык, інтэлігентны Танкаў сваяк расказвае мне ў дарозе, як на Максімавым юбілеі яму прыйшлося сядзець на банкеце побач з сакратаром ЦК па справах ідэалогіі.
– Звярнуўся я да яго: «Вось вы кажаце, што ён вялікі паэт. Дык разгрузіце ж вы яго ад лішніх службовых ды грамадскіх абавязкаў,– хай больш піша!» Ветліва так сказаў, а сакратар, панура памаўчаўшы: «Нам нужен Танк такой, какой он есть!..»
Дзівіцца гэты сваяк – прафесар, доктар медыцыны,– што Максім зусім сур'ёзна гаворыць пра сваё сацыялістычнае геройства – як пра аванс, які яму трэба яшчэ адрабляць.
– Дарагі мой,– кажу яму,– авансаў у нас не даюць!..
* * *
«Маскоўская бабця», як яна сама сябе называе, мая выпадковая, ліпкая карэспандэнтка, абруселая ганарлівая полька, якую я, як гаворыцца, i ў вочы ні разу не бачыў. Просіць кніжак, пасылаю.
I вось, пасля яе чарговага пенсійна-вольнага пісьма, з какетліва-недарэчнымі заўвагамі «шэптам» (яе слова), успомніў я другую бабцю, беларускую, з раённага. гарадка. Сувязная майго сябра-партызана, калі мы разам у яго абедалі, прыстае да гаспадара з недаедзенай бульбайпюрэ са свае талеркі – з поўнай упэўненасцю, што гэта яму павінна быць прыемна...
* * *
Колішні партызан-сэрцаед, а цяпер стары валацуга. Завітаў у пасёлачак i пачаў падладжвацца да ўдавы, колішняй знаёмай дзяўчыны, каб ім цяпер сысціся. Першая «гаспадарская» прапанова – карову прадаць. Разлік вельмі просты – i пра сена не трэба будзе думаць, i грошы будуць на першы пачатак. А далей ужо славутае «Бог – бацька».
Яшчэ адно нікчэмнае «перекати-поле», якога i я памятаю – у п'яную прысядку, з трыма гадзіннікамі: два на руцэ, a трэці ў кішэньцы, з выпушчаным ланцужком. Цяпер ён пры гальштуку, пад капялюшам. I гаварыць нам няма пра што...
* * *
Каля сядзібы на далёкім водшыбе ад пасёл ка – многа толькі што наколатых альховых дроў, чырванаватых на зрэзе. На добрым полымі, што вельмі дарэчы халоднай раніцай, грэецца чорны кацёл пад накрыўкай, з-пад якое відно, як варацца яблыкі свінням. Побач чародка белых курэй. Сабака, нейкі аж надта будзённы, сустрэў мяне леным брэхам, а цяпер маўчыць. Гаспадыня пачулася здалёк ад ганка. Прывітанне i расказ пра новы клопат:
– Каршун во пеўня прыбіў. Дарэзала.
Голы певень ляжыць у вялікай місе.
– Куры да Немана ідуць, а ён сядзе на дрэве i цікуе, ліха яму, чакае. Ледзьве адабрала.
Добра пагрэцца гутаркай. I я кажу:
– Трэба было i каршуна сюды. Удвух аскубсці.
Яна прымае мае:
– Калі ж стрэльбы няма...
Найлепшая ў вёсцы рыбачка, яна, чаго добрага, i са стрэльбай справілася б.
Як i многія цяпер, прапануе ўзяць яблыкаў – во, кошычак ці вядро. Дзякую, адмаўляюся, i прыемна думаецца, што яна гэта не ад вельмі шчодрай сёлета садавіны, але i ад сваёй дабрадушнай гасціннасці.
Пайшоў далей, па сцежцы над Нёманам, пад дубамі.
* * *
Успамінаецца сяды-тады, як Ігар Шклярэўскі ў маскоўскім ЦДЛ, Цэнтральным Доме літаратараў, па-зямлядку прысеўшы да стала, дзе я абедаў, загаварыў пра сваю любоў да Броўкі:
– Ён адзін зрабіў больш за ўсіх вас там, разам узятых. Я яму на пахаванне кветкі вазіў, а я не кожнаму павязу!..
Трэба было, як потым падумалася, сказаць яму:
– Ах, Ігар Іванавіч, а я ж так спадзяваўся!.. Тым больш што прычына той яго закаханасці
амаль адразу ж i выявілася:
– Ён мне кватэру даў!..
Калі дзяжурыў там, у Маскве, як сакратар Саюза пісьменнікаў СССР.
* * *
Як нечакана i як прыемна было заўважыць у гушчары дваццатага тома Поўнага збору твораў Дастаеўскага выказванне, якое, чаго добрага, упершыню вось будзе перакладзена на нашу мову: «У сякая здаровая i зямная ci л а верыць у самую сябе i ў сваю праўду, i гэта найпершая адзнака здароўя народнага. Гэтая народная вера ў сябе i ва ўласныя сілы – зусім не застой, а, наадварот, залог жыццёвасці i энергіі жыцця i аніяк не выключав прагрэсу i вялікага поспеху. Без гэтай веры ў саміх сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ i не выратаваў бы сябе ніколі».
* * *
Трыццаць чацвёрты год пайшоў, а памятаецца сентыментальна-рамантычная руская дамачка, што пісьмы нам пісала даволі доўга пасля знаёмства ў гагрынскім Доме творчасці. I муж яе памятаецца, маўклівы лейтэнант, што быў у Мінску ў камандзіроўцы, пазваніў ды зайшоў. Выпіў, пераначаваў, пазычыў сто рублёў – i «был таков». Можа, яшчэ i рады быў,– рэаліст!..
* * *
А чым не тыпы тыя молада-тлустыя браты, што, закончыўшы вучылішча на скульптараў, халтураць на помніках? Добра мяне памарочыўшы, добра ўзяўшы, на развітанне запрашалі прыязджаць i потым... Калі мы ездзілі з Анікейчыкам глядзець на «палігоне» валун для Караткевіча, яны зноў «ветліва» спыталіся, чаму я так доўга не быў...
* * *
Мікалаеўскія грошы. Наша маці хавала ix ад унучкі, якая выкрадала з яе старога куфра гыя прыгожыя паперкі, каб пазабаўляцца. Праз чвэртку веку пасля рэвалюцыі. Няўжо ўсё верыла, нястомная векавая руплівіца, што «яшчэ пойдуць»?
Нарачанскі кульгавы дзядок, пан Яцына, з турыста-нумізмата патрабаваў рубель за злоты: «Едын за едын!..» Бо столькі ж укладзена працы i ў тыя, польскія паперкі!
Мама пра бацьку нашага гаварыла: «На ўсё разумны быў, а вось на золата не памяняў тады, у Адэсе, пазапіхаў паперкі ў бутэльку ды сургучом заляпіў...»
* * *
Танк нядаўна расказваў, што Лужаніна калісьці білі не так за навершаванае ў «Вожыку» («Была ў сабакі хата»), а таму, што Панамарэнка на адным вожыкаўскім малюнку ўбачыў як быццам самога сябе на трыбуне стадыёна i яму здалося, што гэта падкарыкатурылі яго. Зрабілі з Лужаніна «беларускага Зошчанку». Яшчэ больш адпаведна: Агняцвет – «беларуская Ахматава».
* * *
Васілій Бялоў з трыбуны ўсесаюзнага пісьменніцкага з'езда, з найвышэйшай, з крамлёўскай трыбуны сказаў, што яму як рускаму зусім не патрэбна, каб была адна толькі мова для ўсіх,– «это было бы очень скучно...».
* * *
«Здохнеш сам, i дзеці будуць хварэць!..» – так бабы крычалі на таго, што прыйшоў узарваць у іхняй вёсцы спрадвечны валун. I не далі.
* * *
Адзін з начальнікаў на нашым радыё, журналіст старое вывучкі, не хацеў калісьці дазволіць пастаноўку маёй «Галі».
– Нет никакой современности. Тракторист и тот только под конец появляется...
* * *
Пажылая прыбіральшчыца ў літфондаўскай паліклініцы глядзіць, як тэрапеўт i медсястра вяла збіраюцца ехаць на хуткім выкліку, а потым проста, па-народнаму:
– Ды едзьце ж вы ўжо! Бо дзед той сканае, не дачакаўшыся!..
Сюды ж – пытанне пры кожным выкліку «хуткай» па тэлефоне: «Колькі гадоў хвораму?» З падтэкстам. Які быў i ў пытаннях змрочнага прафесара да мяне: «Колькі гадоў?» Разоў са тры спытаўся на аглядах маёй нагі, ажно хацелася адказаць пытаннем: «А вам колькі?» Хоць i відно, што не стары, як я.
* * *
Два дажджлівыя дні, а потым распагодзілася. I я здзівіўся радасна, што за гэты час у цёмназялёным, лапушыстым жыце насторчылася процьма свежанькіх каласоў.
* * *
Нізкае ранняе сонца асвяціла граду сасняку, што стаіць пры палявой дарозе. Меднастволыя – правільна гэта, бо i ствалы, i таўсцейшыя галіны бачацца здалёк, цераз жыта, іменна такімі, нават з медным побліскам. Яшчэ больш – ад ствалоў i гол л я медны водсвет i дзе i на ігліцу.
* * *
Прывезенага мамай з горада на дачу Ёжку, лялечна-чалавекападобнага вожыка, малыя сястра i брацік усцешана абнасілі па ўсіх пакоях, бо ён, іхні зімовы друг, тут упершыню. Зайшлі ў найменшы: – А тут жыве твая прабабулька!..
* * *
Намеснік міністра знешняга гандлю атрымаў трынаццаць гадоў турмы, бо «зарабіў» на сваёй пасадзе 127 тысяч рублёў. Жоначка ўзначальвала нейкі блізкі да мужавай службы аддзел i аказалася больш руплівай: «зарабіла» 322 тысячы рублёў. Адзінаццаць гадоў турмы.
Колькі людзей, чытаючы такое, падумае: «Дык мы ж, у параўнанні з вамі, якія намі кіруюць, проста святыя!..»
* * *
Пагодлівым кастрычнікам пяцьдзесят чацвёртага года я частаваў Шамякіна i Макаёнка Наваградчынай. На новай, ці не першай у маладых пісьменнікаў, Андрэевай «Победе», з саюзным шаферам за рулём.
У Наваградку мы зайшлі ў сталовую. Іван, нядаўна выбраны на з'ездзе намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, уваходзіў трэцім. Спыніўся на парозе, прынюхаўся i спытаўся ў бліжэйшых за сталамі:
– У вас тут, у горадзе, нічога лепшага няма?
Усё-такі мы паабедалі там, а потым, на скверыку,
Андрэй, па-свойму горача i проста, накінуўся на Івана:
– Калі ты стаў такім панам? Даўно ты дзяцей на печы рабіў?..
Можа, таму, што мы былі крыху ўзяўшы, Іван ледзь не расплакаўся:
– Я вас люблю, а вы мяне тут...
Тады ён быў яшчэ ранімы.
Мы з Андрэем нават цішком змаўляліся купіць яму на дзень нараджэння спартыўную «кабылу», зацягнуць на ягоны пяты паверх – няхай зганяе свой пачатак панства. Але не вытрымалі да студзеня, прагаварыліся i падарунка гэтага не купілі.
Андрэй быў тады таксама ў першай славе. Пасля фельетонаў у «Вожыку» i сякіх-такіх аднаактовак добра пайшло сатырычнае, «Выбачайце, калі ласка!». Прымерваўся i на яшчэ вастрэйшае. А сам быў просты, свойскі, вясёлы.
Потым яны з Іванам спакваля зрасліся ў светапоглядзе, як сіямскія блізнюкі. Папулярнасць робіць сваё.
Згадаю толькі падарожнае.
Увосень семдзесят трэцяга, калі нас, тры вялікія аўтобусы работнікаў культуры, вазілі па Віцебшчыне, натхняючы калгаснай паказухай, на кожным прыпынку, дзе нас да непрыстойнасці святочна віталі хлебам-соллю, «блізнюкі» вылучаліся вельмі выразна, смеху сяброўскага ці намёкаў не заўважаючы. Ніхто не паспяваў раней за ix выйсці з першага аўтобуса, прыняць, пацалаваць той каравай. Нават яшчэ i пыталіся ў асцюдзянелых ад доўгага чакання бедных піянерчыкаў ды ў адарваных ад працы, пераапранутых, як на канцэрт, дзяўчат i маладзіц, ці ведаюць яны, хто перад імі,– пыталіся адзін пра аднаго...