412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Дзе скарб ваш » Текст книги (страница 3)
Дзе скарб ваш
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Дзе скарб ваш"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 16 страниц)

Вусаты панурысты дзядзька, што быў маім шваграм, сказаў:

– Дайце рэспусту пугі i няхай бяжыць назад, як i сюды дабег!..

Штосьці так. Калі ж у словах не зусім дакладна, дык тон я памятаю добра.

А з маміных пазнейшых слоў помніцца тое, што яна тады падумала:

«Скулу табе, таўлўй! Каб я сваё дзіця...»

Нават заплакала. Але гэта пасля, калі мы ўжо ехалі.

Спачатку мы дваімі санямі павярнулі з плошчы ў бакавую вуліцу, да мамінай цёткі, а там пазычылі кажушок. Мама апранула мяне, каўнер кажушка наставит i падвязала хусткай. I вось я зноў сяджу ў перадку, спіной да нашай Сіўкі, носам да мамы, i ногі мае не толькі ў сене, але i накрыты коўдзеркам, таксама пазычаным. I мне так добра – i цёпла, i свайго дамогся, i лепш пра гэта не скажаш!..

Маці была, як на мой сённяшні лік, яшчэ не старая, пяцьдзесят другі, i модная характарам. Аднак i на гэта ў яе хапала цяжару. Года яшчэ не было, як аўдавела, засталася на разбуранай вайною гаспадарцы з трыма хлапчукамі. Старэйшаму толькі чатырнаццаць. А гэты...

Тут я спыняюся, каб не расчульвацца. Бо i не плакала яна, думаецца цяпер,– слёз яе няма ў маёй памяці, яны былі, відаць, толькі ў мамінай душы.

Маўклівай... Самотнай!.. Дачка i зяць?.. Значна пазней я пачаў разбірацца, што да чаго, чаму яна i ехала асобна, на сваім вазку, чаму яна i «скулу табе!», хоць не сказала, a толькі падумала...

Далей была дарога, якая i не здоўжылася, i закончылася цёплай хатай, дзе былі дзеці, пляменнікі, не надта старэйшыя за мяне, i тая, трэцяя, з-за якое мы прыехалі, зусім маленькая, на падушцы. Была сястра, таксама як i Віліта, падобная больш на цётку, i быў яшчэ адзін швагер, дзядзька не толькі вусаты, але i з барадой... Было б што яшчэ расказачь.

Ды мне далей успамінаць не хочацца. Мой дзікі бег i крык, няхай сабе i пястунскі, чатыры зімовыя кіламетры, а потым мама, сані, кажух, перамога – гэта важней за ўсё!

ДАМАЎНІК

На тры гады старэйшы брат Міхась пасвіў каровы, а я то выганяў свіней на бліжэйшую пашу, то больш дамаўнічыў. У такога дамаўніка былі i абавязкі i, вядома ж, выбрыкі. Абавязкі – ну, перш за ўсё хаты, двара, саду i агарода пільнавацца, бурачання свінням нарваць-накрышыць, укапаць пад вечар бульбы, сустрэць авечак, вылучыць ix з агульнай чарады. А з усіх выбрыкаў мне вось успомніўся той цудоўны напітак, які мы з госцем-сябруком рабілі.

Маці наша была запаслівая. У пограбе, перагароджаным на бульбу i на бочкі, стаяла капуста, шаткаваная i галоўкамі, салёныя агуркі, усё амаль да новага. Так што суседкі прыходзілі «пазычаць», а гаспадыні, пэўна ж, гонар. I была яшчэ бачулка хлебнага квасу. Халодненькага! Пілі мы яго з сябрам i так, рабілі i «віно». Гарэлка тады прадавалася часта ў літровых бутэльках: «Вудка чыста, моцы чтэрдзесьці пеньць», а то i мазур у сукмане, узняўшы кілішак: «Вып'ем, куме, ешчэ раз!» Адна такая i ў нашай каморы была. Там жа, у старой, карычнева-памаляванай шафе, стаялі слоікі з варэннем, a ў кухні на паліцы была сода. У бутэльку, не да самага верху напоўненую, далівалася на акрасу i солад варэння, радчэйшага. Тады асцярожна, каб без пары не шумнула, усыпалася трошкі соды i туга ўціскаўся корак. Два кубкі i два «рассохлыя» пітакі стаялі напагатове. Галоўны майстар, сам дамаўнік, боўтаў бутэльку нядоўга – шумны выбух выбіваў той тугі корак, пена шугала наверх, кубкі напаўняліся, на верхнія губы надзяваліся пенныя вусы, а потым мы пацмаквалі, выдатна задаволеныя тым, што п'ецца, i тым, што i яшчэ ж у літроўцы маецца – на даліў!..

Былі i іншыя выбрыкі – у сірочай распусце.

У старой карычневай шафе i ўлетку было янічэ, як я ўжо сказаў, трохі леташняга – у нас казалася: такрошняга – варэння, дзе на паўслоіка, а дзе толькі на дне. Вішнёвае, чарнічнае, брусніцы з грушамі. Аднойчы я, ужо без сябра, так раскошна захапіўся рэшткамі вішнёвага ў паліваным слоіку, што не пачуў, як наш Мікола, ужо дзяцюк, не ўбачыўшы мяне на вуліцы, як найчасцей бывала, сам адчыніў вароты i ўехаў з возам снапоў на двор. Як прадчуваючы штосьці, ён спыніўся, лейцы на плот, а сам з сяней у адчыненую камору. «А гэта што?!» – «Як што? – адказаў яму я, ужо заслужаны хатні манюка.– Мама сказала, што слоік трэба апаражніць, даесці». МІкола выйшаў i, пакуль нам скідаць у гумне снапы, узяў на кухні другую лыжку... Праз дзень-два маці заўважыла апусценне слоіка i, ведаючы, з к а го пачынаць, паклікала мяне. Мне што – я сказаў, што мы з Колем удвух. Не памятаю, ці маці тады адмахрыла мяне, ці абышлося ўшчуваннем. Памятаю затое, што Мікалай – «гаспадар, называецца!» – мне не адпомсціў.

Наогул, хочацца сказаць, мне ад яго за ўсё маленства дасталося толькі адзін раз. Дый то не вельмі – проста ляпнуў ззаду па настаўленым кажушным каўняры. Коля быў тады ў мястэчку, чагосьці прыязджаў у санках-вазку, i якраз падышло так, што вучоба ў нас закончылася i нам з Толікам пашанцавала, вярталіся дамоў панамі. Пад горку Міколу спатрэбілася спыніцца, ён перадаў мне лейцы, а сам, сышоўшы з дарогі, павярнуўся ад ветру. Дахаты было зусім ужо блізка ад павароткі з гасцінца. Я азірнуўся, i мне чамусьці здалося, што ён, воддаль ідучы за санямі, махнуў мне рукою, каб мы сабе ехалі адны. Паганяць не трэба было, дарога па вуліцы вёскі пайшла, што называецца, спахбва, з лёгкім нахілам, добра адгладжаная санямі. Мы i патрухцелі. А ён, у цяжкай бурцы, дабрыў да нашага двара пехатой i там ужо, пакуль распрагаць, аддаў мне трохі майго – у каршэнь.

Успомнілася цяпер, пітпучы, як увосень сорак першага года, ідучы з палону, паміж Бярозаўкай i Наваградкам я сустрэў фурманку. Знаёмае, як для пачатку хвалявання, убачылася ўжо ў кабыле, якая старанна тупала па пяску, а потым i ў двух мужчынах, што драмалі пад казыркамі кепак. I тут я пазнаў у адным з мужчынаў вушаста-заікастага Ваёдзю, заI о рек а га крамніка, i ў той жа момант – нашага Mi кала я. Пасля двух з палавінай гадоў суровай, поўнай трывог разлукі я ca шчаслівым надрывам гукнуў: «Ко-ля!» А ён, не спыніўшы кабылы, саскочыў з воза...

Яны тады, для поўнай дакладнасці кажучы, ехалі ў Бярозаўку па аконнае шкло, бо завод ацалеў.

Пішу i думаю, што ўжо i яго, Мікалая, няма ажно дваццаць чатыры гады...

I пра тое таксама, як гэта хораша – век пражыць з братам, ні разу не пасварыўшыся, нічым не прымуціўшы светлую памяць...

ГЛЫБІНЯ

А яшчэ ж i калодзеж, у які так добра i крыкнуць, i заспяваць, у які так неадчэпна, па-дурному хочацца часамі плюнуць...

У дварэ нашай Віліты, якая замужам так даўно, што першыя дзеці яе старэйшыя за мяне, каля плота, дзе круты ўзгорак ад высокага пераду хаты спусціўся да самай вуліцы, быў найглыбейшы ў вёсцы калодзеж. У шырокім, ria баках заплеснелым драўляным зрубе, з круцёлкай, на якой наматаны даўжэзны ланцуг. Зірнеш у тое страншае прадонне – вада ледзьледзь свіціцца, як быццам у самым-саменькім асяродку Зямлі. Пра тое, што яна – вялізна-вялізарны глобус, я ўжо чуў ад старэйшых братоў.

Чуў я таксама, што ў Міры, да якога ад нас дзевяць кіламетраў, куды кожнага панядзелка людзі, i нашы, загорскія, i па гасцінцы, што так недалёка на загуменні, едуць на кірмаш, ёсць калодзеж, пры самым уездзе з нашага боку, a ў тым калодзежы больш за пяцьдзесят ці нават за шэсцьдзесят «трубаў», цымантовых кругоў. От каб туды гукнуў, ці заспяваў, ці плюнуў!..

Што ж, можа, бываюць калодзежы i глыбейшыя. Гэта – калі па-сталаму, у тых размовах старэйшых ды старых, у хаце сваёй, ці ў чужых, ці на вуліцы, калі цёпла. А мне, калі я заходзіў на сястрын двор, павясковаму – да Грыбавых, ці так сабе, каб пагуляць у ix з тымі пляменнікамі, што равеснікі ці меншыя за мяне, ці калі з дому па нешта пашлюць, не адразу хацелася падымацца па вялікіх., плоскіх камянях, такіх прыступках да хаты на ўзгорку. Абавязкова спыняўся каля старога калодзежнага зруба і, з яшчэ аднаго каменя, што падстаўляўся для выцягнутага вядра, успінаўся так, што тварам перахільваўся за першае палена зруба. Зноў ca сціхотнай цікаўнасцю заглядваў у сцюдзёную цемрадзь, вычэкваў, каб вочы прывыклі да яе настолькі, што вада ў бяздонні засвіціцца мне, i думаў так ці адчуваў, ці тое i другое разам,– такое глыбіні, мусіць, нідзе больш не бывае i не можа быць!..

У наш калодзеж на двары, неглыбокі, на дзевяць «трубаў», лічачы з тою, што стаіць наверсе, я аднойчы, калі мне ўжо мала было ці крычаць у яго, ці нешта туды спяваць, ці змагацца з жаданнем усё-такі плюнуць, каб пачуць адтуль плюх, як водгук на сваю нудоту, ці, на мове дарослых, дурноту, я апусціў у вядры да вады, памаленьку, як паню якую, невялікую жабу з чырвоным рабацікнем на жывоціку. I такія былі ў нашым садзе, у мала таптанай траве. Адпусціў – не так сабе,– была вялікая спёка, поўдзень якраз, i мне захацелася, каб вада ў калодзежы стала яшчэ халаднейшай. Адкуль прыйшла да мяне тая прамудрасць, пачутае гэта ці вычытанае, пра ваду ці пра малако, не памятаю ўжо, толькі бедную жабку запомніў. Як яна неўзабаве засвяціла ў не надта глыбокай для маіх вачэй, супакоенай пасля апускання ды падымання вядра вадзе сваім бела-стракатым сподам, як мне прыйшлося вылоўліваць яе вядром, даставаць амаль нежывую і, па бліжэйшай, пастушынай мудрасці, даступнай ужо i мне, свінапасу, саграваць на далоні ca свайго краніка...

Так жорстка мы, падшыванцы, даволі часта практыкаваліся ў сваёй народнай медыцыне – прыб'еш, а потым ажыўляеш.

ПЕХАТОЮ

Адзін наш стары загорац з нейкай лузготнахлёсткай мянушкай Пстэк меў у Турцы брата Міхалку, які, не толькі што з дому выйшаўшы, але i далей ідучы па вуліцы, усё азіраўся на пяты. То ўлева, то ўправа, то зноў улева, як баючыся, ці не ўступіў у нешта брыдкае.

Пражылося богведама колькі, а той местачковы Міхалка, таксама, як i яго вясковы брат, стары, але бязвусы i безбароды, з нейкім востранасатым ды вяртлявым тварам, успамінаецца мне часамі, калі выйдзеш з дому, там не глянуўшы на калашыны ззаду,– як яны ад учарашняй вячэрняй макрэчы? Каля пад'езда, каб не вяртацца ў яго, азірнуўшыся, ці хто не бачыць, праверыш i ўсміхнешся сам сабе: «Во, Міхалка!..»

А пануры Пстэк, прымак у Загоры, ці ён ідзе, ці едзе куды, абавязкова пра штосьці бубніць сам з сабою.

Неяк зімою, кал i мы з Толікам ішлі ca школы (Ліда была ўжо ў сваёй турэцкай цёткі «на кватэры»), Пстэк на роўным абагнаў нас i – скупеча! – не клікнуў пад'ехаць. Але неўзабаве, пад круты ўзгорак, яго дэрашаваты конь пайшоў ступою, мы дагналі чорныя санкі-вазок i асцярожненька пасталі ззаду на палазах. Ведаючы пра яго заўсёднае бубненне, пачалі прыслухоўвацца. Ен якраз лаяўся з сынам, які, вярнуўшыся з панскага войска капрал ем i ажаніўшыся з хутарскою шляхцянкай, так апанеў, што анічога не хоча рабіць. Лаяў Пстэк i свайш Геніка, i нявестку, якая таксама ж пані, а заадно i сваю старую, што патурае маладым. Бубніў ён, не толькі брыдзячы хатнix, але i сплёўваючы на бараду. Гэта мы толькі ўяўлялі,– так меркавалася мне на сабе.

Нам бы, дурным, ціхенька ехаць ды слухаць, а мы пераглянуліся разоў колькі i, нарэшце, не вытрымалі – захіхікалі без асцярогі.

Стары – стары, i каўнер кажуха настаўлены, i звягай заняты, аднак пачуў! Азірнуўся, крута павярнуўшыся, i нема ды злосна віскнуў: «Ага!» Пад крык i спробу аперазаць каторага пугай мы саскочылі з палазоў, а сыты дэраш ад узмаху пугі рвануўся далей рыссю, балазе пайшло з горкі ў даліну.

А нам было так весела, мы так гаварылі, як гэта ён цяпер бубніць ды плюецца – ужо на нас.

...У маім «Алесі», першым варыянце «Сірочага хлеба», напісаным у сорак другім годзе, была сцэнка, якая мне пры пасляваеннай апрацоўцы аповесці здалася лішняй. Выкрасліў, а яна сяды-тады са шкадаваннем успаміналася, хоць ты яе ўшчамі назад у неаднойчы перавыдадзены на розных мовах тэкст.

У сцэнцы той гаварылася, як я аднойчы зімой спазніўся ca школы дахаты, бо мне, вясковаму хлапчуку ды ў мястэчку з царквою i крамамі вакол плошчы, што было ледзь не горадам, вельмі ж захацелася паглядзець, як гэта «жыды вянчаюцца на сметніку». Так гаварылі аднакласнікі, якія з мястэчка i ўсё тут ведаюць. Як i ў царкве вянчаюцца, чаго я таксама ні разу не бачыў, як i такое, «жыдоўскае», адбываецца. I дачакаўся я, паглядзеў. Не адзін, вядома, a ў чародцы такіх самых разявакаў.

I зусім яны не на сметніку нейкім вянчаліся, а на дварэ сінагогі, пад балдахінам на чатырох высокіх ножках. Так незвычайна, цікава было ўсё гэтае вянчанне, i незразумельш голасам рыжабародага рабіна ў чорным капелюшы, з гуртам вясельнікаў ва ўсім святочным на снезе, што мы, малыя, застаяліся да дрыготак. З Загора я быў у той дзень адзін, бо Толік трэці дзень хварэў, а наш Міхась сядзеў на сваёй другой змене.

Пасля чатырох кіламетраў, да якіх я яшчэ не вельмі прывык, i ад хады не надта сагрэўшыся, дома я, распрануўшыся ў цёплай хаце, доўга не мог супакоіцца. Рукі так зайшлі з пары, што я, ушчэнт пераможаны, расплакаўся за сталом.

Маці мяне то ўшчувала, бо я з парога яшчэ расказаў, чаму спазніўся, то пацяшала, гаворачы: «Еш, сынок, няманіц!..» Так у нас гаварылася, на нейкі дзіўна польскі лад, што азначала нічога, пройдзе.

А на стале перада мною, для аднаго мяне, стаяла поўная міска гарачай, духмянай пасолі з картопляй i мясам!..

Тады i было канчаткова вырашана ўладзіць нас з брагам на кватэру да местачковых сваякоў, пра што гаворка ўжо была.

ГІМНАСТЫКА

Яшчэ раз пра нашу гару на гасцінцы, за вёскай. Вёска ніжнім канцом адыходзіла ад гасцінца, а чым далей угару, то ўсё ішла да яго бліжэй. Адтуль, з застрыні таго кліна, уніз, па загараддзі бегла сцежка, на якой хадзілі найбольш на могілкі. Цяпер усё тут забудавана i замест сцежкі вуліца. А тады каля сцежкі быў толькі нізкі зрубік крыніцы. Нават i там, так высока – крыніца? Нас, малых, такое не здзіўляла, як не здзіўляе нічога, што ёсць, бо ёсць яно, i ўсё. Сцежка жыла вясной, улетку, увосень, a зімой яе не пратоптвалі, бо i на могілкі хадзілася па вёсцы. ТольKi тая сцяжынка, што збоку, ад крыніцы ў бліжэйшыя двары, была i зімою хаджалая. А замест большай сцежкі, з вострага кліна далека ўніз, на ніжэйшыя загуменні ды загароддзі, снежная неруш – вечар такі надыходзіў – праразаліся палазамі саней. Тых вялікіх, што называюцца ляснымі.

Сані гэтыя, адняўшы аглоблі, пастронкам усцягвалі на гару дарослыя дзецюкі. На сані ix валілася, i наўздоўж, i наўпоперак, колькі ўлезе i яшчэ трохі больш. Разагнаўшыся на працавітых, слізкіх палазах, сані ад цяжару яшчэ мацней шыбавалі з гары ў даліну, каб там недзе збочыць без рулявога ў сумёт або з маху перавярнуцца пад які адкос. Вясёлая гурба з крыкам ды рогатам валілася ў снег. Уставалі, асцепваліся, а то i не, біліся ў снежкі або закурвалі, а тады зноў цягнулі свае лясныя на гару. Каб зноў – ці поцемку, калі ў адлігу, ці ў пагодлівую ноч пад зоркамі, а лепш пры месяцы адчуць асалоду лёту.

Нам, падшыванцам, не ўдавалася пачапіцца на тыя сані, нас адкідалі, бо месца i так не хапала. Зрэшты, у нас было сваё – ці «козачкі», якія, калі возяць драўніну, падстаўляюцца пад доўгі хвост дзеравякі, то адмысловыя самаробныя санкі, то лыжы, таксама сваёй работы.

Я рос нароўні ca сваім пляменнікам, Віліціным Мішам, старэйшым за мяне на паўгода. Разам пасвілі, хадзілі ў школу, кавалерылі, нават у польскае войска нас узялі ў адзін дзень i ў адну часць, разам i ваявалі, i ў палоне былі, i партызанілі пасля ўцёкаў. Усё ў свой час. А на сваім чатырнаццатым годзе мы зблізіліся найбольш. Праўда, найбліжэйшым у мяне быў Міша, брат, але тады ён вучыўся ў наваградскай гімназіі, i вось мы сталі на той час бліжэй, чым было ў нас раней, з другім Мішам, які мяне дзядзькам, вядома, калі i называў, дык толькі жартуючы. Не перашкаджала нам i тое, што, крыху больш, чым я, распусны ды гультаяваты, Міша яшчэ ў Загорскай школе адстаў ад мяне на клас.

Нешта зімой, ён шасці-, я сямікласнік, мы раптам – бывае ж яно i так – вырашылі як след падцягнуцца з вучобай. Школа – школай, а будзем i дома падвучвацца. Распрацавалі план заняткаў, амаль па ўсіх прадметах, апроч «закону божага», але абавязкова з урокам гімнастыкі, у канцы i кожны дзень.

Спачатку энтузіязму, а потым настойлівасці хапіла дзён на некалькі. Потым мы спакваля пачалі ашукваць самі сябе. Гімнастыка з канца заняткаў стала пераносіцца на пачатак, першы раз толькі на спробу, потым з угаворам, што «на гадзінку, не больш», i нарэшце яна, наша гімнастыка, не толькі выбралася наперад, але i выцесніла ўсё іншае.

Бо ўся яна была проста паходам з лыжамі на могілкі.

Яны ў нас за гасцінцам, на схіле той самай гары. Адтуль на поўдзень – зверху, у разлогую даліну, аж да маёнтачка пана Лісіцкага, распасціраўся бязмежны, некрануты снег. Сюды ніхто не прыходзіў ні з санямі, ні з санкамі, ні з лыжамі. I таму трохі, што могліцы, дзе прыцемкам сцішнавата, асабліва падшпаркам. А мы не баяліся, i нас гэта прыўздымала ў сваіх вачах. Дый на той наш «вучэбны» час лепш было заставацца адным.

Зрэшты, якая там патрэбна матэматыка, фізіка, шпрэхен зі дойч, калі так здорава ляціцца ўніз, потым ідзецца, потна i радасна, зноў угару i адтуль... Дацямна ці да зорак i месяца, пры якіх – яшчэ i яшчэ раз, да шчаслівай, бясконца шчаслівай стомы!..

ПОЧЫРК

Памятаю юначае чытанне, па-польску, «Станцыі Баранавічы», з цудоўнай канцоўкай – пажаданнем гэтай станцыі згарэць. Чытаў я тыя «Чыгуначныя апавяданні» i пасля, што відаць i па карандашных паметках на палях (збор твораў Шолам-Алейхема выходзіў на пераломе пяцідзесятых-шасцідзесятых гадоў), аднак ён i перачытваецца з жывой цікавасцю, як новае. Ён не спяшаецца, i ў гэтым яго свабода, дзякуючы якой ён многа бачыць, чуе, думае, адчувае, дабрадушна, глыбока ў душы смяецца, а нам стварае добры настрой, вясёлую добразычлівасць абуджае i легка падтрымлівае.

Чытаючы яго, жыва ўявіліся сябрукі школьнага маленства. На гэты раз – Бэрка Рэзнік. Танклявы, чорны, вуграваты, быстры i вясёлы. Ён прыйшоў у наш шосты клас тады, калі ў Турцы будаваўся паравы млын, саўладальнікам якога быў Бэркаў бацька: сям'я ix аднекуль пераехала. Помніцца, а можа, так уяўляецца,– што я застаў яго за сваёй партай, што ён энергічна ўстаў і, падаўшы руку, назваўся. Як мы набліжаліся да сяброўства – не помніцца, як засынанне, скажам, не памятаеш.

Найвыразней прыгадаўся цяпер Бэркаў почырк – быстры, прыгожы. Спачатку я ім з зайздрасцю любаваўся, а потым, асабліва ў сёмым класе, i карыстаўся ім, так сказаць, літаратурна, па-выдавецку.

Бэрка перапісваў мне мае польскія вершы, што бачылася не толькі, не проста прыгажэйшым, у параўнанні з маім почыркам,– тут ужо было штосьці ад ix распаўсюджання, самага першага, хвалюючага, з прадчуваннем шчаслівай перспектывы...

Можна падумаць, i я так падумаў цяпер, пішучы гэта, што ёсць тут таксама штосьці ад старэчага бэрсання светлых успамінаў, аднак намацваецца i іншае – малечая радасць прадчування, якая ўсё-такі была i праяўлялася не толькі так.

Бэрка перапісваў мае не абавязкова за нейкую паслугу, што, зрэшты, таксама бывала: я вучыўся лепш, лягчэй, i ў пэўнай меры дапамагаў яму, але ён слухаўся i так сабе, перапісваў – абавязкова ў новым сшытку! – хутка i акуратна, а да таго яшчэ i без усякай прэтэнзіі на «сааўтарства». Што праявіў аднойчы яшчэ адзін перапісчык.

Гэта быў Вова Ядлінскі, пераведзены ў наш сёмы з Мірскай школы, адкуль ён быў ледзь не выключаны за паводзіны, якія i ў нашай школе ў яго не надта палепшыліся, хоць i была над ім строгая апека аднаго з настаўнікаў, што сябраваў з Вовавым бацькам, настаўнікам у Міры. Ды я тут толькі пра почырк новага аднакласніка, таксама вельмі прыгожы.

Сказаць, што мы сябравалі з Ядлінскім, нельга, аднак да перапісвання маіх вершаў дайшло, што i прывяло нас да разрыву.

I там, дзе я перапісваў свае опусы сам i дзе яны былі перапісаны Бэркам, кожны верш быў знізу падмацаваны імем i прозвішчам аўтара. Калі ж Вова аддаў мне яшчэ адзін новы сшытак з перапісанымі ім вершамі, почырк ягоны, можа, нават прыгажэйшы за Бэркаў, мяне зусім не ўзрадаваў. Пад кожным вершам замест Jan Bryl стаяла Włodzimierz Jedliński... Пакуль мы не счапіліся па-сапраўднаму, ён аніяк не згаджаўся ўцяміць, што вершы – мае, што ён ix толькі перапісаў!..

У Бэркі ніякіх падобных прэтэнзіяў не было. Наогул не памятаю нічога дрэннага за гады нашага сябравання. Калі не лічыць расправы з катом.

Побач з вялізным, як тады бачылася, гмахам млына, зробленага з бетонных пустакоў, стаяла «завозніцкая», драўляная прасторная хата, на гарышчы якое было галубінае царства. I вось аднойчы Бэрка павёў нас, мяне i Мішу, майго пляменніка i аднагодка, заядлага галубятніка i жулікаватага спрытнюка, туды, на сваё гарышча. Не толькі каб пахваліцца i галубамі, i пшаніцай, чаго ім хапала,– яму трэба было дапамагчы расправіцца з паповым катом, які панадзіўся на галубяціну, Тут ужо мы ўзяліся за справу пад Мішынай камандай. Не памятаю, за якім разам ды як нам удалося злавіць таго ката,– помніцца тое, як мы начапілі яму рашчэп, кастровае палена, надколатае так, каб, выбіўшы клінок, хвост кашэчы можна было заціснуць у той расколіне надзейна. Кавэнчыць кот пачаў i пры гэтай аперацыі, i пакуль мы зносілі яго на край зааранага агарода, a калі пусцілі – ён папёр да сваіх старых пападзянак, брэнкаючы паленам па мёрзлай, яшчэ не пакрытай снегам раллі, глуха i адчайна вякаючы. А мы – пераможна смяяліся...

Ды гэта ж ішло не толькі ад Бэркі, гэта мы рабілі разам, так, як па даўняй завядзёнцы трэба было распраўляцца ca шкоднымі катамі, i калі разуменне суровасці нашага прысуду i выклікала ў душы няёмкае, шчымлівае сумненне, дык гэта ўжо ў кожнага з нас па сабе, у адзіноце, тады або пазней, як у каго...

Пасля заканчэння школы мы бачыліся вельмі рэдка, бо неўзабаве ён пераехаў у Мір, дзе «пры першых саветах», у 1939-1941 гадах, працаваў пісарам у судзе. Міша – ужо не пляменнік мой, а брат – дзеля цікавасці зайшоў неяк у той народны суд, на «смешную» справу: прысуджалі аліменты нашаму скрыпачу, глухаватаму, вусатаму Калініку. Бэрка заўважыў Мішу ад свайго сакратарскага стала, прывітальна ўзняў руку, а тады яшчэ спрытна i весела паказаў, нібы нямко, як падкручваецца вус, як іграецца на скрыпцы i як прыйдзецца – шматзначнае пстрыканне шчопцямі – плаціць за раман на пятым дзесятку беднага халасцяцтва.

Вось i ўсё. Не памятаю, калі i чуў што тады, вярнуўшыся з палону, пра далейшы Бэркаў лес. Ці ён прапаў у вайну, ці яшчэ жахлівей загінуў ад гітлераўскага пагрому...

Цяпер, чытаючы Шолам-Алейхема, вясёлы, быстры Бэрка прыгадаўся перш за ўсё з тым перапісваннем.

Хоць i не толькі...

ЗДАЛЁК

Аўтапартрэт – не абавязкова любаванне сам сабою. Прынамсі, мастакоў ніхто ў гэтым не папракае.

A ўсё ж бачыць самога сябе ў маленстве, здалёк,– гэта ўжо i пэўнае любаванне. I не толькі сабой ва ўсеагульнай абаяльнасці маленства: прыемна згадваюцца i свавольствы. «Эхе, брудэр! – як гаварыў старэнькі генерал у «Капітанскай дачцэ».– Так он еще помнит стары наши проказ?» Помніць i маралі ніякай выводзіць не хоча.

Скажам, з такога.

Адзін з філіялаў нашай сямігодкі быў у старым панскім доме – рэшта сякога-такога маёнтачка на ўскраіне мястэчка. Стары драўляны дом, стары калодзеж з блізкай, крынічнай вадой.

Неяк мне, сямікласніку, захацелася напіцца. Можа, не так напіцца, але ж напіцца проста з калодзежа. Два таварышы ўзялі мяне за ногі i апусцілі да вады. Я там пачаў чэрпаць далонню i смактаць. Варанае яйка, дадзенае мамай «з сабою», было ў верхняй кішэньцы пінжака. Яно вылузалася адтуль i боўтнула Ў ваду.

– Што там у цябе? – пачулася мне зверху.

– Чарнільніца ўвалілася!

Так было больш па-маладзецку.

A паблізу ад калодзежа, за бэзавым кустам, стаяла збялелая ад жаху, цяжарная настаўніца. Аказацца баялася,– каб тыя два, спуджаныя, не пусцілі трэцяга Ў ваду.

I такое яшчэ.

Зімовым познім вечарам, пасля школьнага спектакля, дзе мы, чатыры сямікласнікі, выступалі ў ролі «падхаронжых» – юнкераў з паўстання 1830 года, вельмі ж нам не захацелася расставацца з кардоннымі, абклеенымі каляровай паперай ківерамі (па-польску – чака), а яшчэ больш з дзвюма сапраўднымі шаблямі. I «падхаронжыя» ўцяклі з імі дадому. Уласна кажучы, у той бок трэба было толькі мне, тры іншыя былі з мястэчка i пайшлі мяне праводзіць. Бо так жа нам не хацелася разыходзіцца, нібы чакаючы чагосьці незвычайнага.

I вось яно прыйшло. У вялізных санях-развалах, са званочкам пад дугой, аднекуль ды кудысьці ехалі яўрэі-«цялятнікі», тыя, што купляюць па вёсках не толькі цялят, але i адкормленых быкоў. Сані восьвось даганялі нас яшчэ ў канцы доўгай местачковай вуліцы. Мы пасталі абапал дарогі па двух і, калі тыя сані параўняліся з намі i нават неяк запаволілі бег, дружна гукнулі: «Стой!» Ківеры-чака рабілі нас высокімі, купчыкам мы здаліся, відаць, дарослымі разбойнікамі, тым больш што пасля першай каманды пачулася другое,– хтосьці з нас крыкнуў: «Сячы дугу!» Чамусьці не гужы, a іменна дугу. Дзве шаблі жыхнулі з похваў i ўзняліся над нашымі галовамі. I тут на пустыннай, цьмяна аснежанай вуліцы мястэчка пачулася – з некалькіх дарослых горлаў – адчайнае: «Па-ліцы-я!!»

«Падхаронжыя» спахапіліся амаль адразу. Бо i трэба было,– на дапамогу людзям, якім быў зроблены «заступ дарогі», з некалькіх бліжэйшых да крыку двароў ужо беглі мужчыны.

«Падхаронжыя» джгалі ў поле, яшчэ ўсё з голымі шаблямі, гразнучы ў снезе, задыхана, a ўсё ж лягчэй, як пагоня, якая, зрэшты, хутка спынілася. Сані, поўныя «цялятнікаў», рушылі далей, патрэнькваючы званочкам.

Хлопцы правялі мяне амаль да самай павароткі ў мае Загора.

Назаўтра мы, здаючы шаблі i чака, апраўдаліся сяброўскімі праводзінамі, a самі, вядома, баяліся з тым «заступам»... Але ніхто пра нас не заявіў.

ПІСУЛЬКА

Памёр Алесь Руляк, мой даўні сябар па кнігах, нашмат старэйшы за мяне настаўнік-пенсіянер. Праз паўгода наведаўшы яго самотную ўдаву, знаёмлюся з тым, што застал ося ад яго архіва, перабіраю змесціва старога чамадана. Я не сабраўся прыехаць раней, i гаспадыня паспела ўсе пісьмы спаліць. А ix, я ведаю, было нямала. З такой далечыні, як Польшча, Англія, Аўстралія, ад сваякоў, якіх віхураю вайны разнесла па вялікім свеце, ну, вядома, i бліжэйшыя пісьмы, ад сяброў па наваградскай беларускай гімназіі, ад іншых людзей, у тым ліку i мае, за ўсе пасляваенныя гады.

Часта такое паўтараецца – спальванне, «чтобы не захламлять квартиру», як пісала мне з паўночнага Урала дачка абруселага педагога Сяргея Гайко, у трыццаць трэцім годзе сасланага туды беларускага пачынаючага літаратара, інтэлігентнага, высакароднага чалавека, з якім я перапісваўся больш за дзесяць гадоў.

Ды вось жа ў старым чамадане, сярод сякіх-такіх рукапісаў i кніг, якія не толькі на этажэрцы, ацалела запіска. Цытую дакладна:

«Каханыя! Прыехалі за позна, разлучились, не пажагнаўшыся з Вами. Просьба: беражыце здароўе! Бывайце – цалуем Вас усіх моцна-моцна – Кахаючыя Вас Сярожа i Аня. 21.VI.41».

Беларуска-руская малапісьменнасць з польскім ухілам – kochani, kochający, żegnać się – зразумелая таму, хто ведае, што аўтары гэтай пісулькі – абое з польскай сярэдняй асветай, мясцовая моладзь, якая з восені трыццаць дзевятага да палавіны сорак першага перараблялася на беларускі савецкі лад. Палавіна сшыткавага ліста, складзеная ў восем столак, на станцыі Гародзей нейкім цудам перададзеная ў адзін з бясконцых запыленых таварных вагонаў тымі, што асмеліліся праводзіць. А гэтыя яшчэ ж i спазніліся. А дата, дата якая – адзін толькі дзень да пачатку Вялікай Айчыннай, да працягу другой сусветнай вайны ў яе далейшым, найбольшым напале...

З тымі, каму яна была адрасавана, каму так удала трапіла ў рукі, запіска гэтая вярнулася з далёкай ссылкі пасля вайны. Сябру майму, можна сказаць, пашанцавала: з бацькамі, жонкай i маленькім сынам Алесь апынуўся ў Пензенскай вобласці, працаваў у саўгасе, спачатку загадчыкам гаспадаркі, потым бухгалтарам. Смяяўся неяк у ацалелай бацькавай хаце, што павінен дзякаваць Богу,– каб не выслалі (з-за малодшага брата, які жыў у Польшчы), дык праз нейкі месяц, а то i хутчэй акупанты з памагатымі расстралялі б, або павесілі як актывіста, або пазней уцягнулі б сілай у сваю паліцыю, як гэта здарылася з некаторымі сябрамі, знаёмымі i мне.

Швагра яго, Сярожу, я ведаў вельмі мала. От, акуляры, студэнцкая шапка. А жонка ягоная, Аня, у сямігодцы вучылася на клас раней за мяне i сябравала з маім братам Мішам. У ix нават больш было трохі, чым сябраванне. Смуглявая, высокая, вясёлая красуня.

Над пісулькай успомніўся чэрвеньскі дзень ажно трыццатага года. Аня чамусьці не з'явілася ў школу ў гэты дзень, калі сямікласнікі ладзілі развітальны вечар. I вось мяне – так, іменна мяне! – з адным сямікласнікам, на чатыры гады старэйшым, паслалі з Турца цераз наша Загора, а потым голаю пашай, няскошаным лугам, па сезонным гарбатым мосце цераз Бушу, зноў лугам i ажно ў леснічоўку – за добрых сем кіламетраў ад школы. Што такое казённы ляснік для вясковага хлапчука, што такое казённы лес у тыя гады? Грозная таямніца. За якою i стрэльба, i сабака, i крык, i штраф бацькам, калі вясковы пастушок паткнецца за нябачныя межы той таямніцы. Аднак мы, пасланцы, не засталі ў тым бярэзніку, што клінам уразаўся ў высокатравяністы луг над звілістай Міранкай, ні самога лесніка са стрэльбай, ні яго дарослага сына, ні ix сабакі, a толькі прыемна смяшлівую Аніну маму, якая частавала нас малаком, пакуль яе красунечка прыбіралася на выхад. А потым мы ішлі ўтраіх, пра штосьці, вядома, гаварылі, з чагосьці смяяліся, ды я не буду цяпер нічога прыдумваць. Годзе таго, што гэта мне светла помніцца.

Мне было трынаццаць, Аня старэйшая на два гады, аднак i я, услед за братам, якому было шаснаццаць, адчуваў сябе закаханым у нашу Аню па-свойму. А значыцца, i шчаслівым у той, такі сонечны дзень. Хоць i без рэўнасці, нават, можа, шчаслівы за брата.

На развітальны вечар сямікласнікаў, у хату аднаго з вучняў, запрошаны былі некалькі дзяўчынак i хлапчукоў з шостага, у тым ліку i я, заслужаны пасланец. У абодвух класах была бадай палавіна пераросткаў, што з-за бясконцых войнаў (царскай, грамадзянскай, бальшавіцкапольскай) вучыцца пачалі хто ў сем, хто ў восем, а хто i ў дзесяць або дванаццаць гадоў. Я быў даволі бойкім смехуном, a ўсё ж ушчэнт збянтэжыўся, калі старэйшая сястра майго аднакласніка i сябра Абрашы (потым Зяма ў «Золаку, убачаным здалёк»), прыгожая Шэйна, пакуль мы штосьці елі-пілі (не гарэлку i нават не піва), устала над сталом, перахілілася і, смеючыся, сказала: «Ану, Ясь, калі ўжо ты такі храбры, пацалуй мяне! Збаішся?..» I я збаяўся, пад дружны рогат, а потым вусны тыя, раскрытый ў смеху i ўсмешцы, i вялікія карыя вочы, i грудзі не давалі спакою маёй адзіноце.

А каб жа Аня так сказала, так засмяялася!..

Над чамаданам, з пісулькай у руцэ, як i цяпер, запісваючы, я яе, мілую Шэйну (і сапраўды, на ідыш імя Шэйна – красуня) – не магу не бачыць інакш, як праз тое, што адбылося на адзінаццаць гадоў пазней за той дзіцяча-юнацкі вечар. Увосень сорак першага i яна, ужо маладая маці, была па-зверску забіта ў нашым мястэчку. Як i іншыя з тых, каго я ведаў, з кім сябраваў, каго сёння – праз цэлую вечнасць – бачу на выцвіла-старой фатаграфіі пятага i чацвёртага класаў, на фоне густое лістоты, што акружала высозную, прыгожую царкву, за якою ціха стаяла наша старая драўляная школа.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю