412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Дзе скарб ваш » Текст книги (страница 10)
Дзе скарб ваш
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Дзе скарб ваш"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 16 страниц)

Гаварылася пра яго на паніхідзе як пра паэта вялікага. Я – з тымі, хто адчуваў гэта даўно, i я зноў з прыкрасцю думаў, як цянер некаторыя з нашых свянцаюць адзін аднаго эпітэтамі «апостал», «геній»... Том ягоны гартаў, што асвяжаючы ў памяці, толькі ўбачыўшы на старонцы, а што i перачытваючы. Адчулася, што не процьма ягоных урадавых узнагарод патрэбна, бо застанецца тое, што застаецца ад сапраўднага літаратара, што не сам ён, a людзі называюць i потым назавуць вялікай паэзіяй.

Гартаючы, перачытваючы сёе-тое, спачатку здзіўляўся: хто ж гэта адкрэсліваў на палях мясціны, якія на той час бачыліся яму найлепшымі? Здагадаўся па почырку ў адным слове, што гэта Калеснік, які, быўIIIы ў Мінску, пазычаў гэты том у гасцініцу, рыхтуючыся да тэлеперадачы пра Максіма. Адчуў яго, Валодзеву, нязменную, даўнюю любоў да Танкавага слова. I сум адчуў, што потым сказалася Сашу Дракахрусту,– у нас ужо, апошнім часам, не падчыстка лесу, а проста бязлітасны лесапавал. Трошкі больш як за паўгода – Калеснік, Панчанка, Танк... Божа мой, хлопцы, што ж вы робіце?!

* * *

Пасля Адамовіча i Панчанкі ў Танка яшчэ больш раскошная казённая труна: белая, з «пазлацанымі» ручкамі, глыбокая ды шырокая, як наменклатурны санаторны «люкс», з карункамі па краях усярэдзіне, нібы для прынцэсы, а не для байца. Успомнілася Тувімава:

Przywróć nam trumny z polskiej sosny!

[

23

]


У тым сэнсе яно тут, што габляваныя дошкі з нарачанскай сасны былі б раднейшыя роднай зямельцы. Аднак начальству,– а яно ж было зноў, як у Панчанкі, ca сваімі здаравеннымі ахоўнікамі немаведама ад каго,– начальству гэтак зручней: выправіць з жыцця за бюджэтны кошт, чым перад гэтым падумаць пра людскае, дасгойнае вялікага паэта i грамадзяніна дажыванне.

* * *

Відаць, таксама ў пэўнай сувязі з Максімавай радасцю ад нараджэння ў старэчых пакутах яшчэ адной яго светлай дзіцячай казачкі, успомніў вясковага белага, чорнагаловага цюцьку i малую Насценьку. Новая дружба нарадзілася ў вялікім свеце! У адну з раніцаў, калі малая яшчэ спала, а шчанюк быў адзін на панадворку, яму загадкава для мяне захацелася ў пусты кошык пад лаўкай каля плота, i ён залез у яго i ўсё масціўся там, шукаючы найзручнейшага месца. Ад суму адзіноты.

Пакуль я не быў у вёсцы, па малако хадзіла Ніна, i ўранні, i апоўдні. I апоўдні шчабятунка Насценька недаўмявала перад ёю, чаго гэта яе сябрук, калі яна што-небудзь есць, усё гаўкае на яе. Бабуля, яшчэ больш бабулістая за сваю, ледзь не казачная, растлумачыла малой гэтае гаўканне: спачатку злоснае, што з ім не дзеляцца тым, што самі ядуць, а потым, калі падзеляцца ласункам, удзячнае. Хораша мне расказала пра гэта, i ў гэтым у нас, старых, сваё шчасце.

* * *

Акно мае, гарышчанскае, увесь дзень адчынена. На ноч збіраюцца ў пакой матылікрапіўніцы, з маленства прывычна-любыя, так звычайна прыгожыя. Ліпяць цёмнымі трохкутнічкамі на белай столі, два, тры i больш. На ноч акно я амаль зусім шчыльна зачыняю, каб не наляцелі на досвітку камары ці мухі, а то яшчэ горш – шэршні. A ўранні, адчыніўшы акно на свежасць, асцярожна паказальным i сярэднім пальцамі здымаю сваіх начлежнікаў з белай прасторы i выкідваю на волю. Яны адразу, нібы ажыўшы ці прачнуўшыся, лятуць над кустамі шыпшыны ў кветках, над травою двара, на фоне ліпавай лістоты ў сонцы, а мне бывае i боязна: ці не зарана праганяю, ці не холадна яшчэ, усё-такі палавіна жніўня.

* * *

Танк неяк даўно казаў, што Багдановіч пісаў адразу выбранае. I тут гэта не зусім справядліва: каб Багдановіч пажыў даўжэй – было б i для адсеву, бо i ў тым, што ім напісана, сёе-тое магло б i ў адсеў пайсці.

У Танка адсеву хапае, ён i сам займаўся ім пры перавыданнях. Аднак... Шчаслівае аднак! – у яго такое багацце адборнага зерня, што мякіна, якая адвеялася, бачыцца тым часова неабходным, што павінна адслужыць i адысці, як i ў спрадвечнай, вечнай малацьбе i веянні.

У Пількаўшчыне яго пахавалі ў нагах матчынай магілы. Пачуўшы гэта, я адразу ўспомніў, што ўжо i дваццаць чатыры гады, як мы з Піменам давалі Максіму з Масквы (нават з Крамля, бо са з'езда пісьменнікаў) спачувальную тэлеграму.

* * *

Пра смерць Георгія Папова мне пазванілі неўзабаве пасля Максімавага ад'езду на пахаванне ў родную вёску. I такая стомленасць душы была, што ўжо i моцы на новы жаль не хапіла. Аднак на паніхідзе я палічыў абавязкам выступіць пра яго – i з удзячнасцю за пераклады, i пра яго чалавечую годнасць, i пра людскасць гэтага светлага, шчырага рускага сябра.

А дахаты ледзьве ішоў.

* * *

«Strou und Holz» [24]. Так гаварылі нам, палонным, з пагардай пра нашы вёскі старэйшыя баўэры, якім у першую сусветную вайну давялося пабываць у Беларусь

Саламяныя стрэхі, сухенькія зрубы вельмі «дружна» гарэлі ў другую сусветную – разам з людзьмі.

Сухое гарохавінне i мноства сухіх галінак, якім быў абтыканы наш гарох, палыхнула так моцна, высока i ў шырыню, што полымя папаўзло па высахлай, даўно без дажджу, траве, а нас, унукаў i дзеда, адагнала ў бакі ад любага відовішча.

I тут я зноў адчуў злавесную сілу таго, ваеннага, генадыднага полымя,– «Strou und Holz»,– i сказаў гэта ўнукам. Im трынаццаць, пятнаццаць, дваццаць пяты,– такія таксама душыліся ў дыме i полымі...

* * *

Засеў у памяці радок Бранеўскага:

Gryzą ziemię moi najmilsi...

[

25

]


Хоць i салдацкае гэта, пра сяброў-аднапалчан, а ўсё ж не толькі суровае, але i больш чым з натурализмам...

* * *

«У беларусаў баяцца залятання птушкі ў дом: гэта ўспрымаецца як прылёт душы продка па яшчэ адну душу. Найбольш з іншасветам у народнай свядомасці была спалучана зязюля».

Зязюля да мяне яшчэ не залятала. А вось пішу i адчуваю ў правай жмені спалохана-трапяткую маленькую душу маладое ластаўкі, відаць, з таго гнязда, што ў вільчыку шчыта над маім акном. Тыдні са два таму назад яна, свавольніца, памылкова ўляцела ў мае акно на гарышчы i пачала адчайна шалпатацца ў верхнюю, папярэчную шыбіну, пакуль не выпырхнула радасна з маёй рукі на сонечную волю.

А Таня Шамякіна, якую працытаваў, разумніца, хораша чытаюцца ў «Родным слове» яе міфалагічныя даследаванні.

* * *

Ганьбіць пацыфізм, пацыфістаў – гэта ў нас яшчэ савецкае, рэцыдыў таго часу, калі ўсё, што не з чатырох барадата-вусатых галоў, асабліва не з апошняй у гэтай профільнай квадрызе, тое варожае, яго трэба бэсціць.

А ён, Алесь Адамовіч, як быццам часамі апраўдваўся, выкручваўся ад гэтага высакароднага звання. Хоць i змагаўся за мір («не забі чалавецтва!»), хоць i мяне папікаў, што ў другім варыянце «Птушак i гнёздаў» я дарма, на шкоду кнізе залішне абтрэсваўся ад свайго юнацкага пацыфізму.

* * *

«Першае саборнае пасланне святога апостала Петры».

Пачынаю чытаць, i вяртаецца мае даўняе недаўменне: як гэта ен мечам адсек вуха нявольніку,– толькі вуха, не зрабіўшы з маху большай шкоды, не крануўшы пляча, ключыцы? Трэба ўмець!

У Мацвея, Марка, Лукі з мечам быў «адзін з тых», што суправаджалі Хрыста, i толькі Ян піша, што гэта быў Петра. Ахова? I хадзіў з мечам, i на тайнай вячэры з мечам сядзеў,– дзіўна гэта, як быццам упершыню пра яго падумаўшы...

I чаму нават у Сёмухі – Лука, а не Лукаш? А Ян што – католік? А Лука – праваслаўны?

* * *

Пра сл i вы, пасаджаныя дванаццаць год таму назад, што ўсё яшчэ, красуні ўпасвеныя, не родзяць, i мы пагаворваем, ці не ссекчы ix, сёння, абтросшы з ix некалькі спелых слівак, механічна сказаў: «А можа, разбўркаюцца i будуць радзіць?»

Так пра малых гавораць, якіх трэба пабудзіць: «Нічога, разбуркаецца i ўстане».

Яшчэ адно слова з маўклівай вясковай памяці.

* * *

Зноў падумалася пра Евангелле ў маёй брызентавай торбе ад «хобатнага» супрацьгаза. Кніжка малафарматная; густа надрукаваная на тонкай, моцнай паперы, i ўсё ў ёй, кожны абзац ды абзацык, так шчодра, акуратна пранумаравана, што мне заўсёды не падабалася, ад чаго хацелася абтрэсціся, каб у цыфіры не хавалася, не прападала тая мудрая паэзія, што ў пэўнай меры была мне знаёмая, што непасрэдна, а што ў падачы Талстога i іншых вялікіх у сусветнай літаратуры. Кнігу гэтую, зручную ў паходным жыцці, падаравалі мне сябры з загорскіх пяцідзесятнікаў. Амерыканскае выданне.

Евангеллем маці блаславіла мяне ў войска, што аказалася блаславеннем i на вайну, i ў палон, i на ўцёкі з яго. Не прыпомню, як ні стараўся падступіцца да гэтага, як i колькі я чытаў яго... Раптам успомнілася, пішучы гэта, як адзін з найбліжэйшых – Валодзя Васілеўскі на арбайтскамандзе ў вёсцы Альтэнведаль захварэў, i я даваў яму сваю кнігу, каб лягчэй было аднаму за кратамі, на саломе. A ўцякаючы ў сорак першым годзе, пакінуў яе другому з найбліжэйшых, паэту Юліку Сяргіевічу.

Не памятаю, ці я, пасля нашай з Юлікам сустрэчы ў ягоных Ленкавічах, ажно ў шэсцьдзесят пятым годзе, спытаўся пра далейшы лес майго блаславёнага амулета. Ці вынес Юлік яго з Нямеччыны, ці быў ён з ім у новай няволі, у савецкім Казахстане?..

* * *

Ад культурна-прыгожай прозы Галсуорсі – думкі пра дзве такія вялікія i ўпэўненыя ў сваёй несмяротнасці мовы, як англійская i руская, на якой чытаю.

Адзін з маіх сяброў шкадаваў, што не пайшоў у польскую літаратуру, другі пайшоў у рускую. Аднак раздвоенасць у ix засталася – паміж родным i чужым, да свайго ўсё-такі цягнула. A ў мяне падобная раздвоенасць аказвалася час ад часу ў тым, што вельмі зайздроспа бывала да багацця i поўнай бяспекі літаратур мацнейшых, да польскай у меншай меры, больш да рускай, дзе мае куміры, у цэнтры якіх i найвышэй Леў Мікалаевіч.

Думкі, пачуцці такія – не толькі ў нас, беларусаў, але i ў іншых прамежкавых народаў i іхніх літаратараў, па сваёй i не па сваёй віне абдзеленых лесам.

* * *

Мухі дарма намагаюцца вылецець з пакоя на двор, дзе сонечна, лепяцца да непераможнай празрыстасці. A маленькія шэра-зялёныя птушкі з бэзавых кустоў дарма намагаюцца хапаць тых мухаў, толькі дзёўбаюць ды дзёўбаюць у гэтае цвёрда ды гладка празрыстае, у што цюкаюцца іхнія дзюбкі, адкідаючы галоўкі ад такой жа блізкай спажывы.

Прыдумаў жа нехта гэтую таямнічую празрыстасць, для ix безназоўную – шкло.

А я, такі вялізны ды гомасапісты, так i не ведаю, што гэта за птушкі, i няма тут у каго пра ix спытаць [26].

* * *

Пяць гадзін сну ў ніжнім пакоі з прыадчыненым акном, за якім, на ўсім нашым ператомленым спёкамі свеце – свежасць, патоля, дзякуючы двум за двое сутак абложным дажджам. Пасля ўмывання пад ліпай – паход па малако, Дарога без апрыклага гарачага пылу, з лужынамі, з цвёрдай шырокай каляінай, па якой легка ідзецца. I не надыхацца свежасцю, не нацешыцца ўдзячнай за нябесную ваду зелянінай, што так цярпліва i доўга чакала гэтай вады... Потым снеданне з чорствым хлебам, маладою бульбай, сонечнымі памідорамі, не зусім астылым сырадоем. Ну, а тады – трэба ж i працаваць, каб адчуваць сябе нармальна.

Пакуль што ўсё яшчэ не пішацца, што, можа, i нармальна настолькі, каб не панікаваць. Чытаць – спачатку здаецца – зусім ужо няма чаго. Бяруся зноў за «Избранные произведения прогрессивных польских мыслителей».

Пасля «Точинского манифеста» – Сташыц. Пры ім чамусьці амаль заўсёды ўспамінаецца другое вялікае імя – Лелёвель, які тут пойдзе далей. Калі да другога імя я пасля школы вяртаўся неаднойчы, то з Міцкевічам, то з Герцэнам, то з іншымі, дык першае – высакародна мудры, сіва-прыгорблены Станіслаў Сташыц – помніцца з урокаў гісторыі, цьмяна помніцца, бо, відаць, нецікава было нам тое тады i ў памяці захавалася толькі імем вялікага паляка.

Дык вось чытаю. Цікава, карысна. А стома ўсё роўна падкрадаецца спакваля. Праўда, чытаю ўжо блізу чатыры гадзіны. I, можа, не дзіўна, што хочацца i пазяхнуць, i прылегчы, i пасядзець, адклаўшы кнігу з акулярамі на ёй, з надоўга заплюшчанымі вачыма. 1м дастаецца, даўгавата ўжо я папярэджаны пра катаракту ў перспектыве, я забываюся пра гэта, i кропель фінскіх даўно ўжо няма.

Аднак жа цяжка ўявіць, як гэта мне не чытаць.

Хоць яшчэ цяжэй, страшней, прыблізней уяўляецца i такое заканчэнне працоўнага жыцця, у якім пакутуюць, кожны па-свойму, i старэйшы – Мікола Ермаловіч, i маладзейшы – Віктар Карамазаў, слаўныя хлопцы, якім пры сустрэчы можна толькі бездапаможна паспачуваць...

* * *

Ніяк не адвыкну спяшацца жыць, хоць ужо дарэчы як мага больш прытарможвацца, разумна карыстаючыся мудрасцю – даражыць кожным днём. Ну, адбуду кангрэс ПЭН-цэнтра, вярнуся яшчэ на месяц сюды, потым – у Мінск, i што – ужо не трэба, не варта будзе спяшацца?.. Разоў колькі ацверажаў самога сябе: ну, тут табе сумна ці нудна, a калі б ты быў цяпер у горадзе, дык што? Ад самога сябе не ўцячэш, i там будзе агідная злоба дзён, бездапаможная паныласць, самаедства. I будзеш, чаго добрага, як i бывала раней, успамінаць i гэты стол у вялікім спакоі, над якім было шчасце працы, глыбейшага роздуму, удзячнага захаплення жыццём...

* * *

Едучы з Мінска, узяў толькі дзве кнігі – тамы апавяданняў Бядулі i Галсуорсі, не больш, каб не было куды хавацца ад работы.

...Набядуліўся да пачатку пятай гадзіны. Пасля «Абразкоў» – апавяданні пайшлі цікавей. Казалі ці нават пісалі недзе, што ён быў пад уплывам Стэфаніка. Я к быццам яму, па-свойму таленавітаму, не хапала горкіх сюжэтаў у нашым жыцці. Добрая мова, нямала ёмкіх, новых для мяне слоў, пачутых ім у родным наваколлі, i сакавіта-вобразных сказаў: «Вароны пачалі крычаць i крыліцца над зялёнай елкай», «тпрукнуў на каня i затуманіў люльку», «па пяцьдзесят капеек за аблізаны пудзік сена», «разнарослыя дзеці», «пыпкаць люльку», «казеліць вочы»... Нямала адчуваецца i роднага яму яўрэйскага, асабліва ў вершах у прозе, імпрэсіях, абразках, хутчэй узятага з кніг, чым пачутага.

Шчырая прыхільнасць да абяздоленых. I столькі надрыву, безвыходнасці!..

...Дзіўная ўсё-такі гэта з'ява – Змітрок Бядуля ў нашай літаратуры. Ажно ў яго Пасадзец захацелася, каб па нейкіх там рэштках мінулага яшчэ раз адчуць дзіўнасць такое з'явы. Ну, i ў той домік, што звязаны з яго сяброўствам з Багдановічам, даўно ўжо трэба было б заглянуць.

Успомніліся над кнігай Танк i Васілёк, Максімаў смех у рэдакцыі «Полымя», пасля сустрэчы дома з Міхасём, які ў яго i начаваў:

– Як расплачацца пра сваю долю – уся «Наша ніва» перад табою!.. Не дзіва, што i ў нашага першага Максіма тады з'явілася:

Кінь вечны плач свой аб старонцы!..


...На польскай баначцы з pastą do obuwia [27] намалявана была прыгожая цыганачка ў чырвонай блузцы. Гэта мне абудзіў у памяці бядулеўскі Сцяпанка з «Велікодных яек», якому дзядзька салдат падараваў «бляшаную пушачку ад ваксы да ботаў» з дзівосным, як здавалася хлопчыку, малюнкам. Польскае puszka, баначка, у Пасадцы на пачатку севера-западнага стагоддзя. A такія ж скарбы i мяне хвалявалі ў вясковым маленстве.

Столькі часу не ведаць пра такое апавяданне!..

...«Умарыўся», «Чараўнік», «Летапісцы» – таксама сапраўднае. Нездарма ж, відаць, мяне пацягнула да яго «малое прозы» ад недаравальнага верхаглядства.

...Вячэрняе, пры светлай лямпе.

Ужо калісьці, здаецца, запісваў гэта, пачутае ад Таўлая. Як ён, захоплены чытач роднай літаратуры, васемнаццацігадовы паэт-рэвалюцыянер, якога з Заходняй у Мінск «зялёным шляхам» прыслалі падвучыцца, увосені трыццаць другога года, пад вечар сустрэў на свіслацкім мосце Бядулю, з якім быў яшчэ не знаёмы,– проста пазнаў па кніжных ды часопісных партрэтах.

– Згорбіўся ён, браток,– расказваў мне з усмешкай, нават з пахіхіканнем,– паўмеха бульбы за плячыма, a ніжняя губа ад-вісла!..

Чаго добрага, i мы яшчэ так пойдзем,– дапісваю пасля паўзы-чытання.

...Апавяданне «Юлька».

Успомніўся «Пальчык» Крапівы. Як ён нібы збянтэжыўся, галоўны рэдактар перад літработнікам, калі я хваліў яму гэтае апавяданне, сам-насам у рэдакцыйным пакоі, зімой сорак чацвёртага – сорак пятага.

I ў Бядулі хораша пра маленства. Ажно самога мяне пацягнула «на пястоту», малых дзяцей, а потым унукаў успамінаючы.

Зірнуў у каментарый: «1917 г. Пасадзец». Ах, ах, чым займаўся ў такі час! – так усміхнемся. А надрукавана таксама ў нелягчэйшы час, у двадцатым. А мне прачытаць давялося праз семдзесят пяць гадоў.

Шчасліва думаю, што i ў мяне ёсць пра дзяцей такое, ад чаго цяплей на душы самому.

...Як бондар ладзіць свой струмант перад вельмі важным заказам: «Трэба ведаць, як трымаць брусок, колькі разоў i як плюнуць на яго». Творчая кульмінацыя. Бядулева.

Наогул, апавяданне «Бондар» – цуд!

...Заір Азгур, які казаў нам з Танкам (у маскоўскай гасцініцы), што Кузьма Чорны ганарыўся сваім вучнёўствам у Бядулі, крыху, вядома, патрыятычна перабраў, аднак вось думаецца, пасля «Бондара» чытаючы «Дванаццацігоднікаў», што такіх i падобных твораў Чорны не мог ні цаніць, ні браць разумна ў навуку сабе.

...Бядуля мой увайшоў у савецкую рэчаіснасць, i адразу заўважаецца спад у мастацкасці апавяданняў. Што значыць не з душы, не па ўласнаму жаданню, а тое, «што трэба». Ды яшчэ калі страх падганяе...

Успамінаў самога сябе, як я наладжваўся, пачаўшы з лесу, на савецкага пісьменніка, як гэта цяжка было, колькі напісанага асудзіў пасля на адсеў. Добра, што прыйшло яно, тое пасля!

* * *

Учора па радыё выпадкова паслухаў пра Жэню Янішчыц.

I ўспомнілася i такая яшчэ харошая повязь добрага з добрым. Яна – вучаніца Калеснікавага студэнта з дзіўнаватым прозвішчам Цудзіла. Неаднойчы мне Жэня згадвала яго ўдзячным словам. А Валодзя пазнаёміў мяне з тым настаўнікам у Целяханах («Шчодрая Ясельда»).

Са светлым сумам, пад гукі яе вершаў у добрым чытанні Машы Захарэвіч – «нашай любіміцы», як гаварыў я, даючы ёй слова на адным з літаратурных вечароў – успамінаў i адну нашу доўгую гутарку з Жэняй у парку імя Купалы, i нашу паездку ўдваіх у Кіеў у восемдзесят чацвёртым, на гобілей Шаўчэнкі, i прастадушную скрынку яблыкаў, якую гэтае «Палесся мілае дзіця» прыслала мне калісьці са свайго роднага кута.

Здаецца, мы туды з Валодзем не дайшлі ў сваім шэсцьдзесят першым?

* * *

Штосьці рыхтуецца цёмнымі сіламі ў Мінску i ў Маскве, штосьці пляцецца, навісае над лёсам беднай Беларусі... «Северо-Западный край»?..

Малады, ужо не з восемдзесят восьмага, а сённяшні малады чалавек, таленавіты, відушчы публіцыст сказаў днямі па «Свабодзе», што ў нас няма такой партыі, якая магла б супрацьстаяць нацыянальнай небяспецы, узначаліць супрацьстаянне, няма, нягледзячы на ўсіх тых, што называюць самі сябе i адзін аднаго «сумленнем нацыі»...

I зноў думаецца пра гульню, якою мне часта за апошнія гады здавалася наша беднае адраджэнне. Многа, замнога гульні...

А гаварыць такое ўголас, няхай сабе ў нейкай меры i ясна, абгрунтавана – будзе сустрэта, чаго добрага, як здрадніцтва.

* * *

Том Галсуорсі пачаў з успамінаў пра Джозафа Конрада, тады перайшоў да пісьменніцкіх сілуэтаў, да іншых артыкулаў.

Падумалася: а як жа гэта я дагэтуль не ведаю Конрада?.. Ну, уведаю, думаецца далей, а потым што – не будзе ўжо такіх, якіх трэба ведаць, а я да ix не дабраўся?

Хацеў знайсці ў кнізе штосьці наконт гэтага ў самога Галсуорсі, але не знайшоў, бо не падкрэсліў учора, з усмешкай падумаўшы, што ў яго можна падкрэсліваць усё падрад – у кожным сказе, у кожным абзацы: так густа ад цікавых думак.

А вось i думаю, што два выказванні ўсё-такі выпішу, нават перакладу.

З эсэ пра Конрада:

«Ён заўсёды пісаў крывёю i слязьмі, а гэта патрабавала адзіноты».

А другое з выступлення-артыкула «Литература и жизнь»:

«Каб не дарма есці свой хлеб, нам трэба быць цярплівымі, дастаткова сціплымі i незалежнымі, заўсёды захоўваць пачуццё гумару i меры i жар душы».

* * *

...Канчаючы апавяданне «Cafard» – хандра, успомніў Бядулю, яго лепшыя, дарэвалюцыйныя рэчы. Добра пісаў бы i ён, каб не страх («Чырвоны д'ябал камунізму набліжаецца з усходу») ды не «сацыяльны заказ».

A колькі такіх загінула – i не ў лагерах, i не ад наганаў, а «на свабодзе», у адносным «шчасці»!..

* * *

Такія «пробліскі», што засталіся ў памяці i паўтараюцца сяды-тады:

З камедыі Крапівы «Пяюць жаваранкі» – абрывак дыялога паміж сакратаром абкома партыі i старшынёй калгаса:

«П а л а н е в i ч. Больш вы нічога не лічыце патрэбным сказаць?

П ы т л я в а н ы. Тут жа, мусіць, трэба памылкі прызнаваць?»

Так у тэксце, у які я цяпер, гадоў праз сорак з гакам, заглянуў. А з памяці выблісквае толькі так: «Ага, трэба ж каяцца!» I ў непаўторнай падачы Валодзі Дзядзюшкі.

Алёша Карпюк наладзіў сабе шыкоўнае шасцідзесяцігоддзе – прыехаў з сакратаркай абкома партыі па ідэалогіі, з групай артыстаў, якія паказалі ўрывак са спектакля па яго «Вершалінскім раі», запрасіў на вядучага Быкава, запрасіў польскага генеральнага консула з сармацкімі «завесістымі» вусамі, якому не было чаго больш сказаць, як толькі двойчы ці тройчы адно: «Піш, браце словяніне, піш!..»

А з усяго гэтага шыку запомнілася фраза, якая ўпершыню так асвянціла новую залу Дома літаратара з раскошнай жырандоляй i яркімі вітражамі,– прагучала сакавіта выразнае, падкрэсленае з вуснаў артыста-мужыка ў адрас артысткі-жонкі: «Пацалуй ты мне ў с...!»

Ужо не памятаю, дзе было надрукавана апавяданне Сяргея Дубаўца «Дзік», у якім нядаўна хтосьці з маладых знаходзіў нейкі містычна-філасофскі падтэкст ці нават увесь сэнс, а мне помніцца толькі адно – як гэты лясны кнырышча трапіў ноччу на калгасную свінаферму i быў па-моднаму эратычна ўражаны тым, што свінні-самкі там ужо адразу голенькія, без піжамаў...

* * *

Чытаючы любамудрыя выкрунтасы некаторых маладых i не надта ўжо маладых празаікаў, паэтаў i філосафаў, часам успамінаецца жаночая чарга ў паліклініцы былой i сённяшняй «лечкамісіі». Сядзячая чарга, у светлай выгодзе, у няспешнай гамане з больш ці менш выразным спаборнідтвам у свабодным веданні мудрагелістых назваў хваробаў i лекаў, з усёй эквілібрыстыкай замежных спецыяльных словакамбінацыяў, якія мне i да сценкі пастаўленаму не запомніць...

* * *

З маміных расказаў за прасніцай. Як бедны ды мнагадзетны жыдок, дарэшты згалелы, пабег тапіцца, а жонка – следам за ім з пытаннямі:

– A ці табе Ісроліка не жаль?

– Не жаль! Не жаль!

– A ці ж табе Ханачку не жаль?

– Не жаль! Не жаль!

– A ці ж табе Гітачку не жаль?

Дабегшы да ракі, ён спыніўся на крутым беразе, пастаяў.

– Жаль, жаль! Усіх жаль!..

I падаліся дахаты.

* * *

Модная дамачка, малодшы рэдактар, перад адыходам з выдавецтва сказала супрацоўніцам, сумленным работнікам на вельмі сціплых зарплатах:

– Пайду туды, дзе маладыя, вясёлыя, хораша апранутыя.

A неўзабаве была газетная нататка пра хабарніцтва на працы яе мужа ў міжнародным аэрапорце. Двойчы за год яна пабывала на Кіпры, з дачушкай, у адпачынку. Муж, вядома, выкруціцца па-сучаснаму, гэта так толькі журналісцкае паказытванне. Працвітанне красуні пойдзе далей.

* * *

Сябар па вайне, вясковы настаўнік, дваццаць гадоў таму назад быў тваім жаданым госцем, ты яго шчыра прымаў, а ён, пры сустрэчы, смяецца, гаворыць пра клапоў у тваёй кватэры,– што яму найбольш запомнілася з гасцявання-начлегу.

У вёсцы ён адказвае толькі за сваю хату, a ў нас тыя клапы качавалі з паверха на паверх, уцякаючы ад дэзінфекцыі.

* * *

Праўда, i ў дзеўках яна, дачка, засядзелася, i жаніх, якога прывезла паказаць бацькам, чалавек, можа, i праўда людскі, але ж маці ўсё роўна не вытрымала, шапнула дачцэ на кухні:

– Нейкі ж ён, Стасячка, вельмі маленькі!

* * *

Цыбаты юнак з гітарай, яшчэ адзін бард, для большай перспектывы рускамоўны. Рэфрэн у «гарадскім рамансе», як ён яго аб'явіў:

...И шампанского брызги,

и девушек визги...


I захацелася – за нейкім чацвёртым ці пятым разам – дадаць:

...и талантливо вдрызги!..



* * *

Маладое, ахвотнае падкрэсліванне чужое старасці – у адрозненне ад сваёй маладосці – бяздумнай грубасцю нагадвае лагернае: «Памры ты сёння, а я заўтра». А яшчэ ж i гы-гы-гы!..

* * *

Прозвішчы паноў-памешчыкаў, што калісьці мільгалі ў гутарках ca старэйшьші, прапускаліся – натуральна для маладых – без цікавасці i ўвагі. А цяпер, калі тыя прозвішчы спатыкаеш у друку, яны ўспрымаюцца не проста з большай цікавасцю, але i з пэўнай настальгіяй па тым, што вось яно прамінула, а я, дурань малады, не замацоўваў яго запісваннем. Розныя там брахоцкія, анцуты, ёдкі... Для бацькоў нашых гэта было змястоўным. Чым жа? Пытанне прыкра адкрытае.

* * *

«З гора не ўсрацца, з бяды не паесці». Груба? A ў народзе ў гэтым вясёлая бездань горкага аптымізму. I часта яно ўспамінаецца мне з усмешкай, ад якое наваг лягчэй.

* * *

Дзяўчынка, якая іграла на флейце ў музеі Янкі Купалы, дзе мы спраўлялі юбілей Міколы Аўрамчыка. Сціпла адзетая, у клятчастай сукеначцы, відаць, з небагатай сям'і. З душою ў сваёй музыцы, з хапаннем i прыцісканнем губкамі, асабліва верхняй, муштука, выводзячы i ў маю душу чароўна просценькую мелодыю, над акампанемент піяніна. Я любаваўся ёю ў профіль, пакуль іграла, а потым, калі яна пад апладысменты сыходзіла з узвышэння, і стомленая, і, вядома ж, шчаслівая,– ужо, відаць, не ўпершыню.

* * *

У тэлеінтэрв'ю адна адраджэначка – пра другую, юбілярку, яшчэ ў святочным настроі:

– З яе дома выходзіш не толькі са смачнай ежай у шлунку, але i з высокай радасцю ў душы!..

* * *

Пра «непорочное зачатие», або «niepokalane poczęcie», можна было б i так, як цяпер у вёсцы культурна гаворыцца: «істучнае абсемяненне».

* * *

На стыку саракавых i пяцідзесятых гадоў i мне да-вялося папрацаваць на выбарах у Вярхоўны Савет. Пашанцавала на Ленінскую бібліятэку, дзе мы з Нінай Барысаўнай Ватацы выпускалі насценную газету. А больш за ўсё многа перагаварылі, што мне было цікава i карысна – ад яе багатай абазнанасці выдатнага бібліёграфа i сімпатычнага прагрэсіўнага чалавека.

* * *

Сціплая, я к здавалася, метадыстачка ў Доме культуры на сваім саракавым годзе раптам захацела прайсці ў Вярхоўны Савет. Калі я выняў з паштовай скрынкі яе кандыдацкую, як цяпер, на польскі лад, гаворыцца, улётку з малавыразным партрэтам, прыпудранай аўтабіяграфіяй i абяцаннем таксама ашчаслівіць Беларусь,– адразу ажно не паверылася, што гэта – яна, наша Жана!.. А потым успомніўся адзін загорскі анекдот.

Мужык пазнавата вярнуўся з вясковага сходу, a цікаўная жонка спыталася, пра што ж там сёння гаварылася. Вячэраючы, мужык адказаў, што вырашылі выбраць новага солтыса (пры Польшчы гэта было). I ўжо на гэты раз, удакладніў ён, жуючы,– не мужыка, а бабу. Аднак толькі такую, што зможа залажыць нагу за галаву.

Назаўтра ўранку гаспадар штосьці корпаўся ў хаце, а гаспадыня пайшла ў грады, палоць. А потым убягае ўшчэнт перапалоханы сынок:

– А татачка, а нашу мамку душыць тхор!.. Пабег чалавек, а там яна – у баразне, заголеная – аніяк не можа вярнуць нагу з-за галавы назад!.. Адратаваў.

* * *

З дзён вайны i яшчэ жыве, паўтараецца прапагандысцкі штамп: «У перапынках паміж баямі яны спявалі песні, расказвалі смешныя гісторыі...» Перш за ўсё павінны быць баі. I тых баёў, як i пабітых ворагаў у справаздачах, было вельмі многа.

Нешта падобнае раздражняла мяне ў сябра-партызана, які, прыехаўшы з горада, смакаваў красу маіх родных мясцін, дзе i ён партызаніў. «Тады гэта не заўважалася»,– гаварыў ён у сваім захапленні. Відаць, перапынкаў паміж баямі ў ягонай брыгадзе зусім не было, што i лесу, i лугоў, i Немана не бачыў.

* * *

Здаецца, случчанка, галасістая вясковая маладзіца, хораша спявае па радыё незнаемую мне народную песню, у якой дзяўчына ідзе побач з паходнымі салдатамі, «маскалямі», бядуючы, як ім цяжка, a ў ix жа «толькі сухары ды вада». Салдат адказвае на гэтую жаласць, суцяшае дзеўку на хаду:

...Слязьмі мора не напоіш,

а мне службы не ўкароціш.


Бог мой, i такое хаваецца ў народнай памяці, не выходзіць наверх!..

* * *

У нас не было так многа багатых, адукаваных людзей, якія мелі шмат вольнага часу, «досуга», як гаварыў у гэтым аспекце Талстой, i для вучобы, i для творчасці, i для пазнавання свету ў падарожжах. У нас толькі фальклор багаты, у які таленавітыя людзі з беднага, бяспраўнага народа з гора ці з радасці заганялі сваю таленавітасць – песнямi, казкамі, жартамі, прыказкамі – у народную памяць, у якой тое багацце праходзіла адбор, прасейванне ў пакаленнях іншых талентаў – таксама безыменных.

* * *

Пад старым, неадрамантаваным «газікам», у цяньку, схаваўшыся ад спякоты, адпачываюць куры. Пажылы чырвоны певень, найбольш высунуты з ценю на сонца, i на сямейнай варце дрэмле так смачна, што ажно я, гледзячы на яго са свайго цяньку на лаўцы каля плота, пачаў падрэмваць.

Тым больш што паблізу ў хляве рытмічна цыркаў у вядро паўдзённы сырадой, якога я чакаю.

* * *

Па-старэчы гаманкі паэт, выступаючы па радыё, захоплена кажа, што ён «страшэнна любіў сваю маці». I хоць час перадачы канчаецца, пачынае яшчэ адзін рытарычна-сентыментальны верш.

I ўспамінаюцца маскоўскія дамачкі – з радыё i ў газеце: «Такой безумно вкусный суп!..»

* * *

Бабка Матруна i заўсёды не надта да працы руплівая, на старасць так разленавалася, што i падпусціць на печы, падмочыцца i кажа: – Ат, усё ў моры будзе. Філасофія глабальная.

* * *

Чалавеку стварылі такую славу, што цяпер яму трэба думаць, як жа гэта не паказацца меншым...

Зрэшты, i тыя, што слухаюць, i ён, што вяшчае, над гэтым не вельмі задумваюцца.

* * *

На тэлеэкране – новая дыктарка. З выгляду прыемная i даволі культурная ў роднай мове. У канцы перадачы яна з усмешкай паведаміла, што ў праваслаўных сёння вялікае свята, нараджэнне Дзевы Марыі, якая – во свецкасць! – «мела гонар быць божай маці»...

* * *

Федзя Янкоўскі аўтографы на сваіх кнігах падпісваў так сціпленька, што часам трэба было яшчэ знайсці яго, той аўтограф, не раўнуючы, як пад пахай, у якім-небудзь куточку тытульных старонак. Прыгожы i дробненькі, цяжка чытэльны почырк.

* * *

Цудоўны майскі ранак пяцідзесятага года. Максіму Танку – трыццаць восьмы. Магутны i вясёлы прыгажун. Штосьці дасціпна гаворачы, ён стаіць на ганку драўлянага, двухпавярховага Дома творчасці «Каралішчавічы».

A ніжэй, на ўжо няроснай траве, стаю я, разам з некім яшчэ, не памятаю ўжо, з кім. Дый патрэбен тут адзін Максім. Як для партрэта.

Па лясной дарозе падыходзіць да нас не старая яшчэ, босая цётка са збаночкам. Вітаецца i прапануе купіць малачка. I тут адбываецца тое, з-за чаго гэты мой успамін.

Максім бярэ той збаночак вялікай жменяй за шыйку i нагбом, спакойна ды няспешна п'е. На здзіўленне i цётцы, i нам. Момант... Чаканне... Перамог!

– Эх, здорава!..

Пытаецца, колькі з яго, плоціць па-свойму шчодра, дзякуе, па-вясковаму выціраючы верхам далоні губы.

Мы смяемся. А цётка пайшла ў свой бок, калі злосная па натуры, дык i падумаўшы, чаго добрага: «Во прорва!» А то i з прыязнай усмешкай панесла навіну дадому.

* * *

Калі ў нас па-беларуску, па-коласаўску пякуць аладкі, можна па-біблейску, па-сусветнаму сказаць, што i сапраўды «не хлебом единым жив человек». Тым больш калі яшчэ i яечня сквірчыць, i далоні можна пацерці ад належнага настрою.

Успамінаю весела. Азгур запрасіў Вялюгіна ў грыбы. У лагойскім лесе яны надыбалі старога дзядзьку, з якім i пагаманілі, а потым i перакусіць прыселі. Узяўшы чарку, дзед пасмялеў i спытаўся:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю