Текст книги "Дзе скарб ваш"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 16 страниц)
У нядзелю раненька мы вырашылі, па дарозе ў гасцініцу, да ўсёй грамады, збочыць на рынак, балазе недалёчка. Сонечны дзень, зеляніна, росквіт. Каля базару прыгожая царква. Людзей ужо сабралася.
Піліпу Сямёнавічу мала было таго, што дзеля свята ён купіў сабе букецік ландышаў,– пачаў агітаваць нас выпіць у вясковай цётачкі смятаны. Свежай ды нашча – цуд!.. У цёткі шклянка была адна, пачостак мы пачалі з найстарэйшага, тым больш ініцыятара. Толькі ён тую поўную шклянку важна прыклаў да вуснаў – чыста паголены, з белым адкладным каўняром кашулі, пад светлым капялюшам – да нас падышла маладая, бойкая барынька. Спыталася пра цану, паспытала пальчыкам на кончык языка i папрасіла намераць ёй дзве шклянкі ў слоік.
– Ой, мілая! A ў мяне ж шкляначка толькі адна. Вось ужо, можа, пачакаеце, пасля ix.
Яе гаворку я, за даўнасцю, перадаю з мясцовага па-свойму, толькі па сэнсу. А вось абурэнне той барынькі, хутчэй за ўсё афіцэрскай жонкі, дагэтуль чую дакладна:
– Как это – после него! А если у него сифилис?!
З ландышамі ў адной руцэ, з толькі што ўрачыста прыгубленай шклянкай у другой, Піліп Сямёнавіч тыя рукі прыўзнята развёў, гладкі твар саракатрохгадовага сангвініка, што перамог больш за дзесяць гадоў панскай турмы, твар ускінуў у вясёлым здзіўленні, па-свойму непаўторна вымавіў «пс-с-ст!» i зарагатаў, паспеўшы сказаць:
– У мяне – сіфіліс?!
I столькі было ў гэтым здзіўленні натуральнай шчырасці, столькі неадпаведнасці ў такім недарэчным меркаванні тое барынькі, што ўсё гэта помніцца мне... ну, жыва стаіць у вачах, ажно, нарэшце, вырашыў запісаць.
* * *
У канцы сорак сёмага года Вялюгін, Кірэенка i я былі на з'ездзе таджыкскіх пісьменнікаў, тады – у Сталінабадзе. Гасцей з розных рэспублік раскошна размясцілі на прыгараднай дачы Савета Міністраў.
Быў у тым ліку i Абулькасім Лахуці, які прыехаў з Масквы, дзе ён жыў. Дарэчы, на развітанні ён падарыў мне сваю кнігу на мове фарсі, з аўтографам паруску: «Дорогое Янко Брил, милий как Минск...» У якім ён перад вайною бываў. Нехта нам сказаў, што падоранае яму Сталіным фота стаіць у яго на стале не тварам правадыра, а адваротам наперад,– каб бачылася напісанае. Пайшла была чутка, што гэтаму, як нам думалася, старому класіку якраз спаўняецца шэсцьдзесят гадоў. А Саюз пісьменнікаў Таджыкістана да гэтага абыякавы. Паэт Турсун-задэ, ён жа i старшыня Саюза пісьменнікаў, потым, калі мы, тры беларусы, у падарожжы машынай на поўдзень рэспублікі, спыталіся ў яго, чаму гэта так, не надта выразна i ахвотна адказаў: «У него уже несколько раз был этот юбилей...» Словам, абышлося з юбілеем без Саюза, сіламі гасцей. Пашаптаўшыся, госці з ініцыятывы аўтарытэтных масквічоў – Луцыяна Клімовіча, Сяргея Барадзіна, Паўла Лукніцкага, вядомых знаўцаў Сярэдняй Азіі, i з'едліва вясёлага дэмакрата Паўла Ніліна, які нам найбольш з масквічоў спадабаўся,– тое шасцідзесяцігоддзе вырашылі экспромтам адзначыць у саўмінаўскай сталовай, на вячэры, балазе такі банкет нічога нам не каштаваў.
Былі высакапышныя прамовы, тосты. Збоку юбіляра былі па-ўсходняму юрлівыя прапановы: «Выключыць святло, кавалеры цалуюць дамачак!» Потым – наадварот. Дамачак – дэлегатак з'езда не хапала, былі падключаны афіцыянткі, нават i пажылая бухгалтарка.
А дырэктар урадавай дачы, малады, знешне прыстойны беларус, аршанец, раз-поразу ірваўся сказаць тост. Калі ж, нарэшце, дамогся, дык i сказаў:
– Дорогие товарищи, я предлагаю почтить память нашего дорогого товарища Лахути вставанием!..
I тут узвіўся адчайна-вісклівы крык юбіляра:
– Сволошь! Я еще жив!..
Гэта мне – да рогату ясна – прыгадалася днямі, калі ў групе сяброў паныла гаварылася пра нашу беспрасветнасць. Прыгадалася з думкай пра таго, чортведама як зменліва-калектыўнага i разам з тым нібы сабранага ў адну асобу, хто давёў, даводзіць нас да гэтага, мне захацелася крыкнуць – дома ўжо, за рабочым сталом:
– Сволошь! Я еще жив!..
Жывыя пісьмы
За паўстагоддзя сябравання ix сабралася дзве пакоўныя папкі, яго i маіх. Хораша i сумна было мне перачытваць ix, а часам яшчэ i балюча. Няхай сабе мы, хто старэйшы, i прызвычаены лесам да розных удараў, няхай сабе неўзабаве будзе цэлы год пасля яго адыходу, a ўсё ж балюча дакранацца да раны, якая яшчэ ўсё свежая...
Так сказаць, рэгулярная перапіска ў нас з Калеснікам пачалася з прыходам разлукі, пад восень 1952 года, кал i Валодзя быў пасля аспірантуры накіраваны на працу ў бабруйскі настаўніцкі інстытут, а праз два гады ў брэсцкі педагагічны. Там ён, у «горадзе над Бугам», i ўгрунтаваўся на ўсё жыццё, там i спачыў пасля доўгіх, цяжкіх пакутаў.
Разлука наша не была, вядома, суцэльнай. Я наведваў яго ў Бабруйску, ён прыязджаў у Мінск. За сорак наступных гадоў мы даволі часта сустракаліся то ў Брэсце, то яшчэ часцей у Мінску. Былі ў нас сумесныя падарожжы i адпачынкі. Падарожжы бліжэйщыя, па роднай Наваградчыне, i далейшыя, то ўдвух, то сем'ямі, то ў сяброўскай кампаніі. Па Літве i былой Усходняй Прусіі; па Валыні, Львоўшчыне i Закарпацці; па Узбекістане, ад Ташкента да Самарканда; па Волзе ад Масквы да Астрахані i назад; па Карэліі, з Кіжамі i Салаўкамі ўключна. На працягу 1970-1973 гадоў летнімі тыднямі мы сустракаліся з ацалелымі жыхарамі беларускіх «вогненных вёсак». Адпачывалі разам над Нёманам i Шчарай, на Нарачы i Свіцязі, у Юрмале i Карал ішчаві чах. А яшчэ ж i паходы i выезды на рыбалку: Неман, Прыпяць, Ясельда, Рыта, Лясная, Сервач, Кромань...
Колькі было перагаворана – каля надрэчнага вогнішча, на лясной дарозе, на свежым сене гумнаў, у хатняй утульнасці, пры настольнай лямпе i без яе, у начной цішыні то ў яго, то ў мяне, то ў нейкай незнаёмай да таго сціплай гасцініцы. Мужчынская шчырасць дружбы. «Падабенства сэрцаў», як напісаў мне на сваёй першай кнізе яшчэ адзін наш Валодзя, Караткевіч.
I чыталася, i чулася, i самому думалася так: раней людзі хадзілі, ездзілі на конях i ўсюды паспявалі. Тэлефонаў таксама не было, был i пісьмы. Былі i засталіся. Больш у вялікіх папярэднікаў, менш у сучасных.
За дзевяць месяцаў апошняй разлукі я двойчы пераглядаў нашу перапіску: спачатку па зразумелай душэўнай патрэбе, а потым, паабяцаўшы «Крыніцы» зрабіць для яе публікацыю. Не адступаючы ад гэтага намеру i абяцання, я ўсё ж то турботна думаў, што такое лепш было б зрабіць камусьці трэцяму паміж намі, з зацікаўленым позіркам збоку, то зноў шукаў адпаведнага падыходу, памятаючы, што сам я павінен тут гаварыць перш i больш за ўсё пра яго, а гэта якраз i нялёгка, калі думаць пра патрэбную паўнату паказу.
Была ў мяне публікацыя перапіскі з Караткевічам, аднак там знайшоўся той неабходны трэці, дакладней трэцяя,– закаханая ў родную літаратуру, талковая, кваліфікаваная Людміла Мазанік. Я памагаў ёй тольKi патрэбнымі заўвагамі. Дый пісем там было значна менш, i былі яны менш складаныя, даць ix у альманах «Шляхам гадоў» за 1990 год было значна лягчэй, чым бачыцца ў гэтым выпадку.
Словам, выходжу да чытача з пэўнай трывогай, спадзеючыся на прыхільнае зразуменне.
Перапіска наша, мне думаецца, творчая, у тым сэнсе, што яна была своеасаблівым, дадатковым працэсам творчай працы нас абодвух. Мы дзяліліся задумамі, чыталі адзін аднаго не толькі перад здачай таго ці іншага матэрыялу ў рэдакцыю часопіса, газеты ці ў выдавецтва, a ў самых першых варыянтах, не скажу сырых, але першапачатковых, яшчэ гарачых ад аўтарскай рукі.
Найменш было ў нас, а то i зусім не было нейкага тэарэтызавання, тым больш павучання адзін аднаго. Праўда, i з некаторымі зрывамі, якія пагоды не рабілі.
I не толькі па-дзелавому пісалі мы адзін аднаму,– i паскардзіцца на цяжкае ці крыўднае таксама ж трэба было, няхай не пад бацькаву дужую i цёплую далонь падстаўляць галаву, але ж далонь сяброўскую адчуць у поціску – гэта ж таксама патрэбна, нармальна. Амаль усе мае творы, чытаючы ix у розных варыянтах машынапісу, ён сустракаў не толькі прыязнасцю, але i крытыкай, часамі суб'ектыўна завострай, па дружбе з поўнай свабодай слова, аднак у сутыкненні з маёй самастойнасцю ён, па натуры гарачы, не ганарыўся i прызнаць сваю памылку ці памылкі. Часамі нават i залішне каяўся, наракаў на самога сябе.
Так, напрыклад, было з першым варыянтам аповесці «Ніжнія Байдуны». У маі 1975-га я пісаў яму:
«...Дарэмна Ты папракаеш сябе. Дагаварыўся нават да ... дыскваліфікацыі... А чаму не прасцей, што кожны мае права на сваю думку? Апроч Цябе, чыталі
Саша [28], Федзя [29], Скрыган, Ніна [30], Якуб [31], Бярозкін, Караткевіч. У кожнага былі свае заўвагі. Саша i Якуб лічаць лепшым пачатак, першую палавіну. Ты i Ніна – другую. Скрыган, Караткевіч i Бярозкін хваляць усю рэч. А мне прыйшлося яшчэ трохі з ёю памарочыцца – i ў кампазіцыі, i ў дробязях. I ўжо вось зноў зманлівае адчуванне, што ўсё, можна здаваць у часопіс... Апроч таго, што i людзей добрых паслухаць хочацца i трэба, дый прывык я да гэтага, трэба ж яшчэ i не згубіць таго, што бачыцца самім сабою, невыказанае да канца. I гэта не ўсё яшчэ,– я пісаў паралельна апавяданні, таксама не да канца ўпэўнены ў тым, што гэта сапраўднае, a рабіць хацелася, чаго я даўно так шчасліва не адчуваў... Словам – я пра тое, што Ты дарма сябе папракаеш. Мне добра, што ёсць з кім дзяліцца, ёсць каго паслухаць, ёсць каму па-сяброўску падзякаваць. I добра, што ёсць трывога на душы, калі дасі таварышу, а потым слухаеш яго. З Федзем, які другі, пасля Сашы, прачытаў, мы даўгавата хадзілі па парку, i пэўная стрыманасць яго пайшла мне на карысць таксама».
Так нядаўна гэта было, дваццаць гадоў таму назад, кал i мелася каму даць на суд толькі што зробленае, калі ў цябе, скажам з журботнай усмешкай, быў свой «уласны саюз пісьменнікаў», саюз сяброўскага ўзаемаразумення. Імёны, якія я назваў вышэй – Бог мой, якая гэта талака, якая помач!.. А цяпер?.. Выходзіш да чытача старонкамі часопіса ці кнігі, i сцішнавата на душы, як неапранутаму ў золкі дзень, як выштурхнутаму з-за кулісаў на зыркае святло рампы,– такі вось мінус старасці, сяброўскай адзіноты. Адарванасць ад маладзейшых па сваёй віне? Тут цэлы комплекс віны-нявіны, а перад усім – халодная заканамернасць, асіраценне ў сваім пакаленні...
Над старонкамі нашых пісьмаў думалася:
Не, не мне ж самому пісаць пра ўсё тое добрае, што ў яго пісьмах сказана пра мяне, маю працу!
Дадам: а што ж рабіць, калі тое добрае здаецца табе не проста справядлівым, але ж, магчыма, патрэбным для кагосьці іншага, хто прачытае гэта са шчырасцю, блізкай да тое, з якою ты прапануеш наша ягонай увазе.
Тут будзе пісьмо Уладзіміра Андрэевіча ад 2 студзеня 1966 года, у адказ на мае, якое ў яго багатым архіве пакуль што не знойдзена. Там я пісаў яму, што рыхтую прапанаваны мне выдавецтвам чатырохтомны збор твораў, падзяліўся з сябрам гэтым клопатам.
«...Тваё пісьмо мяне ўзрушыла i ўсхвалявала той глыбінёй i святасцю адносін да літаратурнай справы, якая ў наш час, на жаль, не ўсюды i не заўсёды сустракаецца. Вульгарызатары вельмі шмат нарабілі зла, унушыўшы пасрэдным рамеснікам погляд, быццам літаратура i ёсць рамяство, сутнасць якога заключаецца ў лоўкасці пераказу агульнавядомых палажэнняў сацыялогіі на мову наглядных вобразаў. Гэты погляд i зручны, i выгадны для людзей, якія робяць творы «без божества, без вдохновенья», бо ён аблягчае ім занятак i заробак, a галоўнае – ураўнівае пасрэднасць з талентам, рамяство з творчасцю. I ніколі гэтая катэгорыя літаратараў не адступіцца ад мілых іхняму сэрцу прынцыпаў. Барацьба за сапраўднае мастацтва заўсёды была i будзе барацьбой супраць рамяства, якое заўсёды гатова на канТонктурныя «подзвігі». Гэта горкая праўда, але ад яе няма куды дзецца. Такое жыццё. Мне думаецца, у гэтай сітуацыі трэба асцерагацца лішняй уражлівасці, хваравітасці, а старацца весці барацьбу сістэматычна i з такім напружаннем сіл душы, якога вымагаюць абставіны, каб не растрачваць пачуццяў па-дурному. Варта ўлічваць i тую акалічнасць, што такія Карпавы маюць моцныя нервы i самыя сур'ёзныя адносіны да ix тактыкі – гэта іронія. Іронія, на мой погляд, якраз найлепшая зброя, бо яна наносіць удар праціўніку i зберагае агонь душы, псіхічную энергію, якая ў адрозненне ад фізічнай затрачваецца беззваротна.
Я разумею, што Ты перажываеш вельмі адказны этап жыцця i творчасці, падводзячы вынікі здабыткаў напярэдадні пяцідзесяцігоддзя. Шчыра дзякую Табе за давер i жаданне параіцца пры складанні чатырохтомніка выбраных твораў. Мне здаецца, Ты паступіў правільна, падбіраючы творы па прынцыпу найбольшай шчырасці i эмацыянальнасці нагрэву. Адчуваецца еднасць стылю ў шырокім сэнсе гэтага слова – стылю адносін аўтара да жыцця i адбору пэўнага тыпу чалавечых характараў, адлюстраваных у творах...
Адносна «Забалоцця» можна згадзіцца, што там ёсць пэўны налёт ілюстрацыйнасці i тэндэнцыя адбору блікаў, а не ценяў, што прывяло да паслаблення канфліктнасці, a віны тут Тваёй няма, бо сам дух жыцця таго лерыяду праяўляўся ў затушоўванні канфліктаў. Канфлікты заганяліся кудысьці ўглыбіню, г. зн., што самыя людзі баяліся ў тую пару быць шчырымі, асабліва ў афіцыйнай абстаноўцы. З другога боку, Ты браў жыццёвы матэрыял у раёне не зусім, можа, тыповым,– сілы, якія маглі б абвастрыць сацыяльны канфлікт, былі зломаны ў нас у час партызанскага руху, i гэта абумовіла адносна лёгкі пераход да калектывізацыі. Так што для раёнаў, дзе ідэі савецкай улады мелі багатыя традыцыі, Твая рэч застаецца праўдзівым адлюстраваннем жыцця. Вобразы, створаныя ў гэтай аповесці, пластычныя i запамінальныя. Па мастацкіх i ідэйных вартасцях яе можна было б уключыць. Толькі, можа, сапраўды распаўсюджанасць папярэдніх выданняў гэтай рэчы створыць такое ўражанне ў пакупніка, што гэта свайго роду «дагрузка».
Я хацеў бы параіць Табе ўсё ж заказаць прадмову ці ў Сашы, ці ў Каваленкі, бо Твае аўтабіяграфічныя нататкі не могуць замяніць прадмовы. Ты спасылаешся там на манаграфіі i г. д., але ж, наколькі я ведаю Тваю думку пра гэтыя працы, яны не раскрываюць у поўную меру Твайго пісьменніцкага аблічча. А падругое, не кожны чытач будзе мець мажлівасць i ахвоту чытаць манаграфіі. Яму захочацца проста даведацца, якое месца займаеш Ты як пісьменнік у сучаснай савецкай літаратуры, i параўнаць свае ўражанні i ацэнкі ад прачытаных твораў з ацэнкамі крытыка-прафесіянала. Так што ўступны артыкул абавязкова патрэбны, ён дапаможа фарміраванню больш дакладнага i граматнага пагляду на Тваю творчасць у чытача i будзе спрыяць агульнаму росту чытальніцкай культуры...»
Уздыхнем, падумаўшы: быў жа час, не ваенны, a мірны, калі на адным тыдні, адпісаўшы сябру, можна было атрымаць i ягоны адказ.
Гэта я пра другое пісьмо, ад 8 студзеня 1966-га, вакол той самай справы.
«...Я рады, што Ты згадзіўся са мной наконт прадмовы да чатырохтомніка, i «польщен», што Твой выбар паў на мяне. З прыемнасцю я б заняўся гэтай працай, адлажыўшы на потым Таўлая, але думаецца мне, што я не зраблю таго, што трэба зрабіць i што можа зрабіць Віктар Каваленка. Тут патрэбна, на мой погляд, пэўная дыстанцыя паміж аўтарам i крытыкам, якое мне не хапае ў сілу нашай дружбы. Я буду пісаць пра Тваю творчасць паміма волі залішне інтымна, асабіста, уплятаючы розныя дэталькі i ўражанні, якія мне здаюцца дарагімі з прычыны нашай дружбы, а чытачу яны не абавязковыя ў даным выпадку i могуць паказацца не да месца. Так што з канчатковым рашэннем надумай.
Я пішу зараз, выбіраючы хвіліны (калі набрыдзе), такое эсэ – не эсэ на тэму «Як i чаму пісаўся раман «Птушкі i гнёзды». Раблю свабодныя экскурсы i адстунленні, накрэсліў папутна партрэцік Паўла Жалезняковіча, як мецэната «Жывога i гнілі»,– адным словам, такое маляванне ўпрытык. Не ведаю, што з гэтага выйдзе, але, можа быць, сёе-тое атрымаецца. Закрану i нытанне: матэрыял жыцця – змест твора, чыркану пра прататыпы.
Другая мая патаемная работа пра Тваё i наша – гэта кароценькія эцюдзікі, якія маюцца быць тэкстам да альбома «Сустрэчы з пісьменнікамі цераз аб'ектыў», або «Здымкі без папярэджання», або «Фотасустрэчы з майстрамі слова», або...– назвы канчатковай не прыдумаў. Накрэмзаў першы эцюдзік пра наша гасцяванне ў М. Лынькова, сустрэнемся – накажу.
Улічыўшы ўсё гэтае, падумай, ці варга мне, настроенаму на легкадумны лад, даручаць такую сур'ёзную працу, як прадмова да этапнага выдання. Чакаю Твайго рашэння».
Я ўсё-такі настояў на сваёй просьбе, i той збор твораў выйшаў з прадмовай Уладзіміра Калесніка.
Як, дарэчы, не згадзіўся з тым, што аповесць «У Забалоцці днее» можна ўключыць у чатырохтомнік.
Трэба, відаць, не ў заўвагах, а тут сказаць пра Паўла Жалезняковіча, нашага старэйшага сябра з паргызанскіх дзён. Пра яго мы ўдзячна пісалі з Валодзем абодва,– ён у «Блакадзе», апублікаванай летась часопісам «Беларусь», а я, за трэцім разам, у эсэ «Заказ i просьба», змешчаным у зборніку «Пішу як жыву». У пісьме сваім Валодзя згадвае той факт, што мая аповесць «Жывое i гніль», якая пазней увайшла ў «Птушкі i гнёзды», у партызанскім лагеры, дзякуючы, у першую чаргу, Жалезняковічу, была перадрукавана штабной машыністкай i самалётам, з аказіяй, паслана з Налібоцкай пушчы ў Маскву, Максіму Танку.
А што да фотаальбома пра сустрэчы з пісьменнікамі – задума гэтая, на жаль, не здзейснілася. Хочацца быць упэўненым – пакуль што. Мноства таленавітых фотаздымкаў у Валодзевым архіве захавалася i чакае свайго часу.
Калі ж яшчэ пра яго шчырую сяброўскую зацікаўленасць у маіх поспехах, дык варта спыніцца на дзвюх рэчах, так сказаць, этапнага характару – на маіх «Птушках i гнёздах» i ягонай манаграфіі пра маё жыццё i творчасць. Да манаграфіі мы вернемся крыху пазней, а пра «кнігу адной маладосці» скажу, што тузаніны ў нас з Валодзем вакол яе было шмат, пакуль не дайшло да канчатковага варыянту гэтай рэчы ў мяне, a ў майго сябра-крытыка да ягоных ацэнак у артыкулах i ў манаграфіі. Тут не месца для апублікоўвання вялікіх дыскусійных пісьмаў, i я хачу даць вытрымку толькі з аднаго пісьма, датаванага канцом снежня 1962 года.
«...Сапраўды, мы нібыта развучыліся пісаць (дакладней сказаць, я развучыўся, i гэта будзе правільна ва ўсіх адносінах). Уласна кажучы, не набралася яшчэ такіх балючых пытанняў, каб карцела сесці за стол ды шкрэбаць гадзіну-другую, адводзячы душу. Мне проста хацелася пачуць Твой голас ды сказаць: жадаю поспехаў, рад, што Табе пішацца!..
Па тону Твайго пісьма бачу, што ў Цябе алімпійскі настрой i алімпійская форма. Вельмі прыемна мне гэга, хоць i пабойваюся, каб не лішне дабрадушны тон запанаваў у мелодыі рамана. Мне хацелася б пачуць у ім адценне іроніі (прадмету духоўнай сталасці літаратуры), накшталт тое, якая ўлоўліваецца, скажам, у рама не Джузепэ ды Лампедуза «Леапард». Нядаўна я прачытаў гэтую кнігу i хаджу пад яе глыбокім уражаннем. Такой тонкай праніклівасці ў жыццё людзей я не сустракаў у літаратуры. Тым больш выглядае ўсё гэта фенаменальна, што аўтар яе, нейкі італьянскі арыстакрат, напісаў адну-адзіную кнігу ў канцы жыцця. Хочацца пачуць Тваю думку пра гэтую кнігу.
Думаючы пра Твой раман, хацеў бы пажадаць, акрамя пэўнай дозы халодных таноў, яшчэ i суровай прастаты талстоўскага тыпу, якая, на мой погляд, дужа свежа прагучала ў аповесці Салжаніцына, адкрываючы самыя глыбокія закамаркі славянскай земляробскай летуценнай душы. На мяне яна зрабіла такое ўражанне, нібы прайшоў за адзін вечар жыццё ўсіх продкаў ад скіфскіх часоў да нашых дзён, убачыўшы ў перспектыве гісторыі народнага духа ўсе грандыёзныя эксперыменты з ix нялюдскай жорсткасцю – дарэмнымі, наіўнымі i смешнымі. Тут наказана перад судом гісторыі нават не эпоха культу асобы, а само ўсходняе славянства з яго рахманай недалужнасцю i страшэннаю, нялюдскаю вынослівасцю.
З нецярпеннем чакаю завяршэння Тваёй вялікай працы...»
Дзяліцца радасцю ад прачытаных кніг – гэта ж таксама сяброўская дапамога.
Вось i яшчэ пісьмо, характэрнае ў гэтым сэнсе. Напісана яно з Дубултаў, у студзені 1977 года.
«...Убіўся быў у чытаине тэарэтычных работ найноўшага перыяду, каб падабраць адпаведны матэрыял пад фундамент для артыкула пра філасофскую лірыку, але наткнуўся на такую занудлівую мудрагельшчыну, што ледзь не ўцёк дамоў, махнуўшы рукой на такую навуку i сваё служэнне. Да чаго ж зааркадокшана наша беднае літаратуразнаўства! I няўжо тытулаваныя знамянітыя лігсаноўнікі не разумеюць, што такое літаратуразнаўства нічога нікому не дае, што гэта нейкае кланавае абслугоўванне вучоных вытворцаў нудоты...
Дзякаваць богу, што натрапіў тут на ўспаміны Пабла Нэруды «Wyznaję, że żyłem» [32] – i адвёў душу, вярнуў сабе адчуванне карыснасці літаратуразнаўчай прафесіі, калі яна скіравана на людзей, а не на артадаксальных склеротыкаў, якія бясконца адзін аднаму напамінаюць агульнавядомыя цытаты з класікаў ці адпаведных пастаноў i каменціругоць, i каменціруюць да атунення. Між іншым, наш паважаны Леанід Мікалаевіч [33] таксама ўзяўся за настаўленні на шлях ісціны свавольных крытыкаў. Уніфікацыя літаратурных ацэнак i густаў... А пасля гэтага застаецца толькі ўвесці знак якасці i даручыць Дзяльцу [34] ставіць на вокладкі кніжак. Толькі i выратаваў ад гэтай мерцвячыны Пабла Нэруда. Калі Ты яшчэ яго не чытаў – дастань абавязкова i атрымаеш вялікую асалоду...
Вялікі мастак, арганічны мастак гаворыць пра мастацтва, жыццё, пра мастакоў i простых людзей, пра свае ін гымныя справы i праблемы сучаснага складанага свету. Чытаецца кніга як паэма, нават мова так насычана вобразнасцю, метафарычнасцю, што пераносішся ў свет паэзіі, у яго паэтычны свет. Колькі трагізму ў гэтай кнізе, колькі балючых штрыхоў веку: Гарсія Лорка, Сікейрас, Гевара, Альендэ i многія іншыя трагічныя постаці, героі вызваленчай барацьбы трэцяга свету. Крыўдна толькі, што з савецкіх пісьменнікаў адзін Ілья Эрэнбург зрабіў на яго ўражанне, астатнія, у тым ліку Сіманаў, хоць i сустракаліся, i гасцявалі – прайшлі як салдаты на маршы – міма i міма.
Прызванне паэзіі ён бачыць у тым, каб не даць заарганізаваць жыцце і не ператварыць чалавека у механізм, хоць бы i добры. I яшчэ што пакарае магутная сіла любові да роднага краю, народа. Хоць тэрмін народнасць яму i не ўласцівы, але ўласціва вышэйшая форма сувязі з народам. Апісанне выступлення}' паэта перад рабочымі i на вялікіх сходах, на мітынгах кранаюць нейкай незвычайнай узнёсласцю. Нам усё гэта вельмі блізка – i лес, i баявы дух паэзіі: як многа пераклічкі з Купалам, Танкам. Нават прыгадваюцца неаднойчы «Лісткі календара», на жаль, маштабы ў нас больш сціплыя. Народная спецыфіка – родная зацялёпістасць...»
Абедзве Валодзевы падказкі былі выкарыстаны. Раман «Леапард» мне давялося прачытаць толькі праз два гады, але затое пабачыў i цудоўны кінафільм па ім,– у Варшаве, бо ў нас ён, здаецца, не праходзіў. A кнігу Нэруды, зноў жа праз два гады пасля рэкамендатара, i я прачытаў у бібліятэцы Дома творчасці ў Дубултах, па тым самым, што i Валодзя, экземпляры польскага выдання, пра што пісаў у «Сваіх старонках».
Яшчэ крыху пра ўражанні ад прачытаных паасобных твораў i кніг,– тут нібыта зусім між іншым у яго, а бачыцца i значным i сімпатычным.
«...Канчаю артыкульчык у «Литгазету» пра Платона Галавача. Атрымліваецца нейкае неканкрэтнае разважанне,– можа, такое ім i патрэбна.
Як пісьменнік Галавач сыраваты, скрозь чуецца нейкая паспешлівасць, эскізнасць i побач з моцна напісанымі сцэнамі – шаблонныя, побач з усхваляванымі роздумамі – пропісі палітграматы, побач з яркімі дыялогамі – агіткі.
Добра, што ў цэлым адчуваецца чэснасць i шчырасць» (13.VII.67).
«...Чытаў «Авиаэтюды» Межэлайціса i пазайздросціў літоўцам – сапраўды касмічная вышыня, аж дух займае.
Адначасна купіў «Радиус действия» Раждзественскага – многа наігранага, жаданне быць глыбакадумнейшым за самога сябе.
Панчанкава шыпшыністая лірыка куды больш натуральная i праўдзівая. Раблю накід рэцэнзіі на яго зборнік» (2,0. V.66).
Тут ужо я i сам на абзацы пабіў, для большай значнасці, i слова адно падкрэсліў,– так жыва ўявілася густая зелень лістоты, пяшчотныя фарбы i водар, i абаронная, i наступальная калючасць – не толькі кветак, але i вершаў.
Ён быў шчодры ў сяброўстве. Згадваецца мноства цудоўных фотаздымкаў, якімі ён закідаў сяброў, у тым ліку i мяне, можа, больш чым каго. А мне тут хочацца дадаць пра шчодрасць у іншым.
Для апавядання «Званочкі» з рыбацкага цыкла «Пад гоман вогнішча» ён мне ў пісьме расказаў пра цыганоў, як яны, ратуючыся ад гітлераўцаў, задыбалі табарам у партызанскі атрад, дзе ix накармілі, за што яны «падзякавалі», пакраўшы тол, які палічылі за мыла, i паўцякалі, калі атрад пайшоў на заданне, пакінуўшы ў лагеры аднаго вартавога. Валодзя не толькі расказаў мне гэты свой успамін, a прапанаваў яго, як устаўку. Што ж, гісторыя літаратуры ведае прыклады такога сяброўскага супрацоўніцтва. Прыгадаўся «Пан Тадэвуш», у які адзін з сяброў Міцкевіча, наэт Вітвіцкі, напісаў некаторыя фрагменты – нават такому аўтару! Аднак праз некалькі гадоў, калі Валодзя даў мне прачытаць пачатак сваіх партызанскіх успамінаў, мне стала няёмка, прыгадаўшы тую ўстаўку ў «Званочкі» i падараваныя ім для ўсяго цыкла яшчэ два невялікія эпізоды. Успаміны яго спадабаліся мне,– густая, вобразная проза,– я неаднойчы пасля падштурхоўваў яго працягваць гэту працу, замест залішняй газетнай публіцыстыкі, якая адбірала ў яго нямала часу i нерваў. Няёмкасць мая паўтарылася, калі чытаў «Блакаду», працяг успамінаў. Застаецца задавальняцца тым, што яго «цыганскі» падарунак не бачыцца ў «Званочках» лішняй латкай з чужога палатна,– бо i апавяданне гэтае ён любіў, пра што пісаў у адным з лістоў, i нагадвала яно яму, як i мне, наш пудоўны выпад з Бабруйска на Беразіну ў чэрвені 1954 года, бо i Андрэй у цыкле – гэта ён, Валодзя, бо ёсць i яшчэ адна акалічнасць,– асабліва прыемна бывае падараваць іменна тое, чаго пасля шкада. Ці шкадаваў ён – не ведаю, хутчэй за ўсё не. А няёмкасць мая яшчэ раз паўтарылася, калі я перачытваў для гэтага слова яго пісьмо ад 26 лістапада 1961 года, у якім ён піша:
«...Можа, варта, пішучы пра цыганоў, даць адзін халодны мазок – паказаць не толькі хараство, бязмежную паўнату дзікай свабоды, але i яе беднасць, «нищету». Скажам, мог бы Андрэй расказаць з іроніяй выпадах, як цыганоў ганялі немцы, жадаючы вынішчыць,– нібыта яны памагаюць партызанам. А яны не дараслі, каб памагаць каму-небудзь. Я Табе, здаецца, расказваў, як у блакаду...»
А далей – амаль даслоўна тое, што ў «Званочках».
Зрэшты, цяперашнюю маю няёмкасць ён – бачу гэта з журботнай удзячнасцю – назваў бы «миндальничаньем», а то i прасцей, мацней,– «я даў, ты ўзяў – i на здароўе!..».
Цяпер вакол яго манаграфіі пра мяне.
«Народная асвета» заказала яе яму ў пачатку 1981 года. У адпаведную серыю, дзе такія кнігі строга па дзесяць аўтарскіх аркушаў. А ён з творчай свабодай, што з ім здаралася неаднойчы, зрабіў ім амаль удвая больш. I тут пачаліся складанасці. Пра гэта ў далейшых фрагментах з яго пісьмаў. A ў першым – ягоны адказ на маю прапанову даць яму для прачытання некалькі цікавейшых чытацкіх пісьмаў, у тым ліку i замежных.
«...Пісьмы мне будзе цікава i карысна прачытаць хоць бы для таго, каб не меў адразу вялікай механічнай перавагі той біёграф, што будзе пісаць пасля маёй смерці.
Між іншым, пішучы кніжку пра Танка, я ўвесь час адчуваў гэтую сваю недаінфармаванасць, i гэта мяне раззбройвала. Мажліва, таму, што Максім прачытаў мне некалькі дзесяткаў пісьмаў, падшытых у гросбуху, цікавых, але не запрапанаваў перачытаць i зрабіць патрэбныя выпіскі. Біяграфія пасляваеннага часу ў кніжцы пра яго зусім перасохла, гэта заўважылі i чытачы, i рэцэнзенты. Але там была кніжка вучэбная, так што неабавязкова было яе абсталёўваць усімі ветразямі i вёсламі, a кніжку пра Цябе я хачу зрабіць больш раскавана i не паўтараць таго, што ўжо надрукавана, хіба ў парадку палемікі ці спасылкі».
Напісана гэта было ў снежні 1982-га, калі Валодзя яшчэ ўсё здалёк прымяркоўваўся да працы над кнігай. Наступнае пісьмо – праз тры гады, калі работа ўжо ішла.
«...Пасылаю Табе незакончаны варыянт першага раздзела. Прабач, што ён яшчэ ў такім сырым стане, але я баюся, што Ты паедзеш на ўзмор'е i я не змагу давесці гэтага матэрыялу да нейкага ладу, бо ён насычаны біяграфічнымі фактамі i патрабуе гаспадарскага вока. Ведаю сваю слабасць – абыходзіцца з фактамі вольна, г. зн. эмацыянальна. Напэўна тут знойдуцца недакладнасці,– папраў, «поправи мя, Господи!».
Праз адзінаццаць дзён пісьмо наступнае:
«...Прачытаў Твае заўвагі, часам саромеючыся за сырасць матэрыялу, які Табе паслаў, але часцей расчароўваючыся i ў памяці жывой, i ў пісанай, i ў мажлівасцях фантазіі пры апісанні біяграфіі мастака. Збіраў я, як Ты мог заўважыць, крупіны фактаў з розных сваіх нататак, зробленых на хаду, калі Табе ў размове прыгадваўся нейкі біяграфічны эпізод. Наша дзелавая гутарка летам у Крынічным запісана досыць дакладна. Твае расказы дапамаглі збольшага выстраіць біяграфічны ланцуг, але аказалася ў ім багата недакладнасцей, часам, пэўна, я не ўлоўліваў кантэксту, часам Ты гаварыў не зусім выразна... Не ўсё, напэўна, з напісанага варта даваць у друк, i я ўстаўляў спрэчныя ці неабавязковыя моманты, каб пачуць Тваю думку... Дык перастань вагацца,– усё гэта давядзецца-дацягнецца да ладу.
Але не магу пагадзіцца з Табою, што трэба пісаць нейкі утылітарны варыянт манаграфіі, прымальны для настаўнікаў-дыетыкаў, чые страўнікі не змогуць пераварыць матэрыялу, напісанага на ўзроўні сучаснага літаратуразнаўства. Я не хачу i нізавошта не стану пісаць шпаргалак для настаўнікаў. На гэта хапае спецаў, якія ведаюць, што трэба, а чаго не трэба, што можна, а чаго не можна. Няхай яны i пішуць, а я пагарджаю ўсёю тою вульгарнай катавасіяй, якую вядуць знаўцы ідэалагічнай лёгкастраўнасці вакол літаратуры.
У новым праекце праграмы, які меўся адпавядаць рэформе школы, адведзена ўсяго тры гадзіны на «непонятную» старажытную беларускую літаратуру, прытым палавіну часу трэба аддаць на старажытнарускі перыяд, a ў беларускім убіваць у галовы вучняў ідыёцкую думку, што беларусы як нацыя яшчэ ў чэраве гісторыі жылі адзінай марай i мэтай, каб з'яднацца з вялікім рускім народам. Манія з'яднання была такой вялікай у нашых продкаў, што яны не з^ажалі нават на татара-мангольскае ярмо – хоць у ярме, абы быць запрэжаным разам з братам.
Я пісаў рэцэнзію на тую праграму i выказаў свае адносіны да такога роду утылітарызацыі гісторыі ў імя «высокіх мэт» навучання i выхавання пакалення бязродных Іванаў...
He паспеў я адаслаць тое рэцэнзіі, як дайшла з гары Сінай звестка, што рускія «вучоныя»метадысты наогул адмянілі гістарычны прынцып пабудовы школьнага курса літаратуры i «предписали» ва ўсіх класах вывучаць адначасова i класікаў, i сучасных пісьменнікаў уперамешку. Літаратура, такім чынам, аддзяляецца ад гісторыі i ператвараецца ў набор займальных сюжэтаў, вумных маналогаў, прыдатных для «возбуждения положительных чувств». Калі ісці за такою метадычнай навукай i практыкай, якая накшталт Івана-дурня сячэ сук, на якім не паспела яшчэ толкам усесціся пасля кувыркання ў 20-я гады, у эпоху лабараторнага метаду i брыгаднага пражэкцёрства, дык увогуле трэба страціць павагу да сябе.