Текст книги "Дзе скарб ваш"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 16 страниц)
* * *
A ўчора, правёўшы госцю-дачку на стаўбцоўскі аўтобус, у полі за апошнімі беражэнскімі хатаMi спыніўся – паглядзець на сонца.
Яно, як гаворыцца, узышло i пастаяла. Такое добрае, не вінаватае за ўсе зацяжныя дажджы i гвалтоўныя навальніцы, нават у палавіне верасня. I захацелася сказаць яму:
– Добры дзень! Даўно ж не бачыліся!..
* * *
Даты жыцця вядомых мне i менш вядомых пісьменнікаў выклікаюць часамі ды міжволі думку: як мала пражыў, a колькі зрабіў! I пераходзіш да самога сябе: больш ужо не зробіш, можна толькі даточваць да ранейшага.
* * *
Ледзь не суткі з транзістарам. «Ледзь» таму, што толькі позна ўвечары З кастрычніка от так сабе ўключыў радыё i дачуўся. А тады ўжо было не адарвацца. У асабістай, айчыннай, усясветнай трывозе...
Калі закончылася перамогай – адчуванне тое ж, што i ў жніўні дзевяноста першага, толькі, здаецца, шырэй i глыбей i трывожней.
I нічога больш не магу напісаць, наваг пра кроў i пакуты...
...Учора i сёння (пішу ўранку 7-га) у гэтай перамозе змрочна, пакутліва выплывае братазабойства – на пярэдні план...
* * *
Часта бывае такое: толькі прачнешся – адразу ж успамінаецца нешта ўчарашняе, што ці зрабіў, ці сказаў не так. Дакор самому сабе.
Сёння ж, калі прачнуўся перад чацвёртай гадзінай (цяпер без дваццаці шэсць), адразу згадалася пачутае днямі па радыё:
Як салдацікі ўнутраных войскаў, «некаторыя», паразбягаліся былі ад Белага дома, ад мэрыі або Астанкіна, а цяпер бацькі – ужо сапраўды некаторыя – не адпускаюць ix, сваіх васемнаццаці-дваццацігадовых хлопчыкаў, зноў у пекла братазабойства.
Не цяжка мне ўявіць такое – ужо не з сынам, а з унукам, які не на вельмі далёкім падыходзе да салдатчыны.
А суд над такімі бацькамі – якая сучасная тэма!..
* * *
Учора быў вечар «Новай зямлі», які вёў Ніл Гілевіч. Ён i падбіў мяне на імправізаванае выступленне. Што ж, заўсёды ёсць што на гэтую тэму сказаць. Я гаварыў пра вечнасць тэмы, згадаў «веленью божьему, о муза, будь послушна», чым кіраваўся ў гэтай сваёй рэчы Колас, якога ў розныя часы, адпаведна модзе ды пагодзе, лаялі то за адно, то за другое, а яна, гэтая рэч, стаяла на сваім, сапраўды народным, проста i натуральна глыбокім.
А нашы моднікі, учора адзін, а раней другі, падганяюць паэму (раман) пад яшчэ раз новае – прыватызацыю зямлі...
* * *
Ад ранішняй хатняй халоднай няўтульнасці. Калі мы ў дваццаць другім вярталіся з Адэсы, у Мінску быў каранцін, так сказаць, развітальны, a ў Баранавічах – прывітальны. Колькі мы там стаялі, не памятаю, успомнілася толькі маміна адтуль, ад польскіх ці прапольскіх жанчын пачутае:
Хоцяж глодны, хоцяж хлодны,
але жыву свабодны!
Іхняя тады свабода была выразнейшай за нашу сёння...
* * *
На мацыённай праходцы з гаспадаром сабака-баксёр, віслагубы здаравіла, для размінкі напаў на тратуары на бяздомнага дварняка. Як ён, бедны, якатаў пад ім! Гаспадар баксёра – я гэта чуў ды бачыў зводдаль – перабег цераз вуліцу, адцягнуў свайго, i вось я ix сустрэў. Спераду цёпкаў адзін задаволены здаравіла, а за ім, побач з субяседнікам, таксама вясёлым, другі, двухногі, ca спецыяльным павадком у руцэ.
I ўспомніўся падобны ў чарзе да натарыуса. Як яму вельмі ж па-дзелавому не стаялася разам з бабамі i дзедам-пенсіянерам, як ён потым з нуды падключыўся да гутаркі жанчын пра злыбяды часу i вылажыў нам сваё крэда.
Бацька яго, аказваецца, «усё хацеў, каб сумленна», i застаўся на старасць «з голай задніцай». А ён вось вырашыў інакш. Для сябе самога – i толькі!..
* * *
З урачыстага пераднавагодняга вечара ў Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі шаноўных гасцей, ветэранаў культуры, абцяжараных цэлафанавымі торбамі, развозілі на машынах. Першымі ўшанаваны былі найстарэйшыя. Ветлы шафёр дапамог i старэнькай артыстцы, i нямогламу паэту, i зусім ужо разгірачанаму кампазітару i выйсці з машыны, i дайсці да ліфта. А я, наймаладзейшы ў гэтым экіпажы, бадзёранька падзякаваў, адмовіўся.
Назаўтра, абедаючы ў нас, не стары яшчэ, талковы i няблага, як на гэты час, забяспечаны госць-сваяк, частуючыся кансерваванай вяндлінай з таго нямецкага падарунка, сказаў, што гэта крыўдна i абразліва – уся такая «гуманітарная дапамога».
А я не адчуваў чамусьці крыўды i абразы. Калі атрымліваў ды вёз дахаты тую цяжкую гуманітарнасць, нават прыемна думалася пра ператомленую чэргамі i вар'яцтвам цэнаў гаспадыню. I потым не адчуваў, пачуўшы ад госця па сутнасці справядлівы папрок. A назаўтра, раней як заўсёды прачнуўшыся, зноў думаў пра тое «крыўдна i абразліва».
Успамінаўся бязгрэшны пах квакерскай рысавай кашы i какавы ў маім адэскім маленстве. Потым зіма 1944-1945 гадоў, калі мы з рэдакцыйным мастаком, ён франтавік-інвалід, а я забраніраваны для службы ў прэсе партызан, хадзілі на нейкі закрыты склад у даўжэзным панурым бараку, дзе па строгім спісе выдавалася «юнраўская» дапамога вопраткай. А выдаваў яе не проста хто-небудзь, а славуты партызан, Герой Савецкага Саюза, з зоркай i планкамі на афіцэрскім беспагонным кіцелі. Здаравенны i падазрона не зусім цвярозы ці з перапою надзьмуты нядаўні камбрыг браў з адной горбы амерыканскіх неданоскаў порткі, якія трапіліся першымі, потым таксама пінжак, паліто, кідаў нам адно за адным i быў прынцыпова няўмольны на просьбу дазволіць падабраць штонебудзь больш-менш адпаведнае росту. «Обменяешься с кем-нибудь!..» Памятаю сябе, яшчэ маладое пудзіла ў тых неданосках – каротка-вузенькія порткі колеру марское хвалі, пінжак у легкадумную клетку i гаматнае хоць на дзве шырыні паліто,– i мне больш смешна, чым крыўдна, абразліва. У зруйнаваным, картачна-галодным горадзе.
А сёння ўжо i не смешна, i нават як быццам не сорамна. Чаму?!.
* * *
Слухаючы па рускай «Свободе» інтэлігентнага немца, які выехаў з Расіі ў Нямеччыну, успомніў знатную даярку, немку ў тундры, куды мы, руска-беларуская дэлегацыя літаратараў, выляталі з Нарыльска на верталёце да аленяводаў на выпасе, а потым i ў іхні саўгас.
Не старая яшчэ, але вельмі ж зношаная жанчына, калі я звярнуўся да яе па-нямецку, неяк вінавата ўсміхнулася i сказала, што «ничего уже не понимает». З лета сорак першага да таго нашага жніўня прайшло як-ніяк трыццаць адзін год.
За «все-навсе», калі па Далю, без аніякай рэшты далі ёй, ссыльніцы, цацку пад назвай «Працоўны чырвоны сцяг» – за мову родную, за права адчуваць сябе на сваім месцы, сярод родных людзей, якія так даўно знайшлі над Волгай сваю новую радзіму...
* * *
Неяк Міхась Калачынскі пры мне расказваў Якубу Міско, як ён на сваім дачным участку «ўдала вырашыў справу з угнаеннем». Выступіў з вершамі перад работнікамі мясцовага саўгаса, а дырэктар прыслаў яму машыну доб-ра-га гною.
– Дар за дар! – не стрымаў Якуб. I молада, весела зарагатаў.
Тут я не столысі пра Міхася, у яго ёсць i добрыя вершы, тут – пра Якуба, яго таварыскую весялосць. З ім нельга было не смяяцца. Бо i Міхась жа тады засмяяўся. Амаль зусім бяскрыўдна.
* * *
Вялюгін расказваў, як ён прысеў на скверы, насупраць гмаху былога ЦК партыі. Прыбіральшчыца спынілася каля яго, паспачувала:
– Скучаете? Видимо, работали здесь?..
Сціплы, амаль заўсёды апальны Толя.
* * *
Саракагадовая рагатуха з вышэйшай эканамічнай асветай гаворыць пра жыццё-быццё i дае такі вось фальклор:
– Як убачыў чорную латку, дык забыўся пра родную матку!..
Пра дзевятнаццацігадовага сынка, якому прыспічыла жаніцца.
* * *
Былы палкоўнік, ваенны журналіст, якому добра за восемдзесят, яшчэ нястомна рухавы. Дачка смяецца, што колькі б разоў ні прыйшоў за дзень з магазіна – кожны раз пераапранаецца i на балконе вытрасае порткі.
* * *
Прыпознены жаніх, трохі пісьменнік, больш журналіст, шукаў сабе пары сярод маладзенькіх. Пажылая мяшчанка, у якой была на кватэры дзяўчына, што ў Мінск прыехала з Расіі, расказвала пасля, што вось ён першы раз зайшоў, а яе, дзяўчыны, няма дома.
– Ветлівы, нічога не скажаш, але як зняў капялюш, дык на лысіне толькі адна пружынка падскочыла!..
* * *
Крыкліва модная маскоўская спявачка «растелешилась» так, што больш ужо i выстаўляць няма чаго.
* * *
Во нявестачка!.. Просты, цялюкаваты дзядзька расказвае мне:
– Снедаем усе, а яна счапілася з нашым сынам: «Што мне за табою за жызнь? У цябе ж такі во, як мой мізінец, я нават нічога не чувствую!» А сама ўсё-такі бібліятэкарка...
* * *
Успомніўся касцёл ва Уселюбе. Засыпаны ільняным семем. У сонечным i цяністым парку. I не падумалася тады, у пяцьдзесят першым годзе, што яны, касцёлы, будуць так масава аднаўляцца. Нават ушчэнт разбураныя ды запушчаныя. А той успомніўся чырвона-элегантным, чыста засыпаным процьмай насення з любчанскіх раскошных ільноў.
* * *
Уваходжу ў вёску, ідучы да аўтобуса, сустрэць жонку з Мінска. На адным з двароў, каля хаты сядзіць з жанчынамі мая вясёлая равесніца з хутара, каля якога часта праходжу.
– Антонавіч, добры дзень! – вітаецца яна, першая заўважыўшы мяне.– А куды вы?
– У прымы!
– А чаму ж не да мяне?
– А я й заходзіў, але ж вас дома няма. Во, нават новы капялюш надзеў!
Бо ўпершыню выйшаў у людзі пад сваім бліскучым жытнім брылём, нядаўна купленым у Каневе, на шаўчэнкаўскай ярмарцы.
Добра гэта, калі весела!
* * *
Пра таго, хто любіць вынюхваць, у вёсцы нашай казалі:
«Эх, тыц у хату, нюх у с....!»
* * *
Маладзенькая мама, прыгожая жоначка прымака, сарамліва-важна ідзе па сваім двары. А мне здаецца, што гэта ж так нядаўна яшчэ яе нябожчык бацька, калі сам быў дома за гаспадара i за гаспадыню, зварыўшы абед, клікаў малую: – Есці ідзі, гадаўка! Хоць яна i тады была мілая.
* * *
Набокава за яго «Лаліту» трэба судзіць па адным артыкуле з гвалтаўнікамі нялетніх.
* * *
Яўрэйскае: віншуючы з наваселлем, першы раз у новую кватэру трэба прыходзіць з нечьш салодкім або мяккім. Тая, ад каго я гэта пачуў, принесла нам падушачку на канапу, чырвоны «ясік», як гаварылася пры Польшчы.
* * *
Лягчэй было i ад таго, што з панства пакпіш, кал i гэта нават закранала i чужую рэлігію. Галоўным было высмеяць тое адмоўнае, што ўваходзіць у гэтае паняцце – панства: пустая фанабэрыя пры невуцтве, пагарда да бяднейшых. Помніцца з маміных расказаў:
Шляхцюк вярнуўся з кірмашу. Дзеці, сустрэўшы яго на дварэ, пакуль ён распрагаў, убеглі ў хату з радасцю:
– Татусь купіл гонскэ бялон! Гонскэ бялон!..
A пані матка, недачуўшы, што яны пра белую гусь, начную кашулю з сябе ды ў агонь у грубцы, таксама ўсцешана:
– Хоць вонзка, але бяла!
Бо свая даўно нямытая.
Другая пані ў касцёле моліцца, спявае з кантычкі, аднак трымае яе «дагары нагамі». Калі ёй хтосьці звярнуў на гэта ўвагу, яна з важнасцю адказала:
– То дзеці ўдому пшэўруцілы.
I яшчэ адна, таксама з кантычкай, з якое цягне рэчытатывам:
– Яко было... яко было...
А пан, што побач сядзеў, нарэшце падцягнуў:
– А я жрэ-э-бец!..
* * *
Бабуля расказвае:
– Цётка твая, Зося, нарадзіла Анечку ноччу, у тры гадзіны.
Бабін унучак, цётчын любімы пляменнік, якому шосты год, иытаецца:
– А цёцю Зосю тады разбудзілі?
* * *
Сядзі ў сваёй дачнай самоце, пішы ці чытай штосьці значнае, ды вось, як гром з яснага неба, у хату сваячка, дачка якое закончыла педагагічны тэхнікум i яе паслалі на два гады ў вёску. Там яна папрацавала год i вельмі ж хоча ў горад. I вось табе, старому, дваюраднаму дзядзьку мамы тое пакутніцы, кроў з носа, а конча трэба ехаць у горад, ісці хоць да самога міністра, хоць да прэм'ера, але ж каб Маруську ў Mi иск перавялі!.. І як ні тлумач, не павераць, што ты не можаш памагчы. Славутае жаночае: «Каб захацеў, дык памог бы!..» Ну, а маральныя меркаванні – зусім не ўлічваюцца.
* * *
Пасля загаданага зверху «абмеркавання» на прэзідыуме Саюза пісьменнікаў маёй скандальнай публікацыі ў «Немане» (№ 2 за 1973 год), дырэктар выдавецтва, хлопец добры, але ж i вельмі дысцыплінаваны партыйна, усю ноч чытаў падпісную карэктуру кнігі, у якую тая публікацыя ўключана, шчодра выкідаючы ўсё «крамольнае».
На сустрэчу з ім, абараняць мяне i шнар рэдакцыі крытыкі, па якой тая кніга ішла, з аўтарам мужна пайшла загадчыца – Верачка Палтаран. Божа мой! – i рукі ўжо дрыжаць, i ўся такая благенькая, у прытоенай немачы, a ўсё роўна – у бой!..
Нядаўна, у гутарцы з сябрам, закранулі выступленне N. супраць «чорнае сотні»,– добра, што добра ў яго, таленавітага, аднак жа i гон у публіцыста такі, быццам ён заўсёды стаяў толькі на прагрэсіўных пазіцыях, а не быў, скажам, вельмі старанным сакратаром партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў. Або i такая пацешная сітуацыя,– сваё першае выступленне перад калектывам выдавецтва, калі яго «за примерное поведение» ЦК паслаў туды галоўным рэдактарам, пачаў ён, колішні, даўнейшы вальнадумец, з таго, што адпаведна сітуацыі надзьмуўся:
– Я прыйшоў сюды праводзіць лінію партыі...
I Верачка не стрывала, адразу:
– Яська, а мы чаго сюды прыйшлі?..
Абодвух мужчын не называю, нават імя другому змяніў, бо справа тут не ў ix, a ў той, у каго талковая смеласць ды шчырасць у роднай справе хораша спалучаліся з абаяльнай жаноцкасцю ды адчуваннем смешнага.
* * *
Збіраючы свой песенны фальклор, Зіна Мажэйка паездзіла па Беларусі миога. Успамінае мне весела, па тэлефоне:
– Пра вяселле пры гарбачоўскай цвярозасці дзядзька гаварыў мне так: «Без гарэлкі вяселле – гэта як з дзеўкай толькі пасядзець, не больш!..» A ў бабулі адной я спыталася, колькі ёй гадоў. I кажа яна: «Ды ўжо ж, мусіць, мая дарагая, з семдзесят будзе. Тут вось у мяне запісана». Пашпарт паказвае. Ну, кажу, бабка, вам ужо цэлых восемдзесят тры. А бабуля: «А Божачка! А на храна ж мне столькі!..» Тут я вам не зусім дакладна – яна сказала мацней.
* * *
Аднавяскоўцы, мастак i філосаф-палітык, пасварыліся так заядла, што мастак пазваніў мне, папрасіў праверыць па слоўніку Даля, што такое «мерзавец». Пачуў ён гэта, трэба думаць, ад філосафа.
* * *
Яшчэ i да майго маленства дайшло здзеклівае пра паўстанне 1863-1864 гадоў:
«Ушысцы панове да лясу i за грубой соснэн!..» «Пан за пана ховай сен!..»
Зрэшты, тое было тады толькі ж праз паўстагоддзя. Як цяпер ад вайны.
* * *
За санаторным сталом са мною – пажылая калгасная заатэхнічка, жанчына i прасцецкая, i пасвойму ганарлівая.
Заказваем меню на наступны дзень, i яна да мяне:
– Ой, Антонавіч, гарохавы суп не трэба, а то будзем буксаваць!
Вяртаецца з пляжа, зімовага, дзе толькі праходжваюцца, а я іду туды.
– Ля возера была,– кажа яна.
– А вы ўсё возера. Гэта ж не возера, а мора.
– Ну, няхай будзе мора.
Як з ласкі якое.
* * *
Пляткарку, зводніцу ў астравецкай вёсцы называюць «Калхозная Праўда». I газета такая, i наогул уся праўда.
* * *
Дзяўчына ці маладзічка пабегла да аўтобуса, раскідаючы ножкамі, не раўнуючы, як карова заднімі раскідае. Толькі што дзяўчына ці маладзіца – як быццам знарок, з какецтва.
* * *
У верасні шэсцьдзесят дзевятага, на Туманянавым юбілеі, іранічна дасціпны Геворг Эмін паднімаў на ўрачыстым урадавым прыёме тост за двух шаноўных землякоў – Мікаяна i Баграмяна:
– Товарищи, выпьем за этих сидящих символов!.. У шчырым патрыятычньш запале гаварылася таленавітым паэтам.
* * *
У прозе Івана Шамякіна – фігурнае катанне па гладкім лёдзе злабадзённых незадзірыстых тэмаў.
* * *
Чытаючы ў «Литературной газете» пра барства старога Канстанціна Федзіна, успомніў, як напрадвесні шасцідзесятага года, у Яснай Паляне, Валянцін Фёдаравіч Булгакаў, не толькі рускі інтэлігент, але i еўрапеец, расказваў нам з братам пра тое барства старога класіка пры ўладзе. A Канстанціна Сіманава, наадварот, хваліў. Абодвух ён там, у розны час, прымаў, расказваў пра апошні год Льва Мікалаевіча.
* * *
У канцы сорак сёмага года, увечары мне пазванілі, што зараз па мяне прыедуць – просьба выйсці на двор. Насцярожанасць, страшнавата, .хоць i сказана было, што звоняць з Дома ўрада. Я выйшаў, неўзабаве падсунуўся яго вялікасць «ЗІС». На месцы мяне правялі на належны наверх, у патрэбны кабінет, i там страх зусім кончыўся. Там ужо былі Мікола Татур i Піліп Пестpaк. Як аказалася, таварышу Панамарэнку спатрэбіліся людзі з веданнем польскай мовы. У цяжкіх гамінах польскіх даведнікаў ці зводаў законаў (не памятаю дакладна) бялела мноства закладак, а на старонках – абведзеныя алоўкам мясціны, якія трэба перакласці. Над наглядам нейкага клерка мы пачалі. Па стылі таго часу – работа начная, як у сам ora таварыша Стал i на.
Ды працавалі мы нядоўга. Зайшоў сам гаспадар – Панцеляймон Кандратавіч. Першы раз я вітаўся за руку з такой высокай асобай. А ён разгаманіўся з намі – па гісторыі Беларусі. То седзячы, то больш ходзячы па вялікім кабінеце, з неадлучнай люлькай то ў руцэ, то ў зубах,– таксама ж сталінскі стыль. Цікава было i дзіўна, як ён разбіраецца. Скажам, у параўнанні з Гарбуновым, нядаўнім сакратаром па прапагандзе, пра якога ён кпліва сказаў:
– Историк! Перепер все у Язепа Найдюка...
На ўвазе мелася «Беларусь учора i сяння», якую я ў гады акупацыі бачыў, трохі чытаў.
I яшчэ што запомнілася,– як ён, Панамарэнка, раіў Пестраку напісаць пра перажытае ўспаміны.
– Пишу роман,– адказаў Піліп Сямёнавіч.
А той:
– Да что роман! Вы бы что-нибудь вроде «Былого и дум».
Дарэчы, у выдадзеным тады першым томе гісторыі Беларусі, у прадмове да яе «гісторык» Цімох Гарбуноў у пераліку найстарэйшых гарадоў нашай рэснублікі назваў ... Баранавічы.
Потым той самы «ЗІС» даставіў нас дахаты, на ўспакаенне стрывожаных жонак.
А дапамога найпершаму на тым вечары i закончылася.
* * *
У раі ў Адама з Евай, відаць, не магло быць такое заедзі – ноччу i днём,– як у нашым тут расквітнелым, вільготным i цёплым прылясным наднёманскім раі.
* * *
Чытаў перад вайной у нейкага польскага вальнадумца пра аднаго з ксяндзоў, які казаў сваім прыхаджанам:
– Wierz sobie choć w kozła, abyś tylko dziesięcinę płacił! [4]
«Дзесяціна» тая – касцельны налог, які праіснаваў да палавіны XIX стагоддзя.
* * *
Старэнькая артыстка друкуе сваё спрадвечнае фота: сама адвярнуўшыся, валасы даўжэзныя, распушчаныя ледзь не да зямлі. Гэта ўжо не рэкорд красы, a нейкі іншы рэкорд.
Згадалася дамачка ў друскеніцкім санаторыі: багацце светлых валасоў у тоўстых косах, завітых высокай «каронай», на якой бачком i смешна сядзіць недарэчна пацешны капялюшык. А на твары пад тым капялюшыкам на кароне – выразная задаволенасць такою звышкрасой.
* * *
Местачковы калгаснік, добры гаспадар, удачлівы сем'янін. Абое з жонкай сентыментальна шчаслівыя, як «старосветские помещики». Ды вось бяда – ён расхварэўся цяжка. Расказвае мне на чыстым дварэ, на лаўцы пад пышнымі дрэвамі:
– Адно яечка ў мяне ўжо выразалі, будуць, відаць, выразаць i другое яечка.
Жонка, сівенькая i ўвішная, калі прапанавала яму сесці:
– Вось я табе гэта пад попачку падлажу, каб было мякчэй.
Успомніўся Аляксей Кулакоўскі, у якога мы з жонкай гасцявалі ў яго Кулаках, улетку шэсцьдзесят трэцяга.
Пяцідзесяцігадовы, прыкметна важны, ён гаварыў старэнькай маці, ідучы спаць у другую, старую хату ў садзе:
– Мамачка, дзе тут кубачак узяць? Вазьму вадзічкі, можа, захочацца роцік папаласкаць.
I наогул там у ix, на Салігоршчыне, «аўёсік», «хатка», «сонейка»...
* * *
У электрычцы дзед сядзеў насупраць нішто сабе дамачкі i безданаможна, тэарэтычна «прелюбодействовал с нею в сердце своем».
* * *
На трохкутным газончыку каля самай панелі, дзе паблізу i машыны гудуць, i людзі ходзяць, пяць сізых галубоў старанна, увішна штосьці дзёўбаюць. A трохі ўзбоч ад ix – галка, чорная, з шэрай хусткай на гарляку, нешта ўсё вякае ды вякае на ix, крычыць ды лаецца, нечым жа так незадаволеная.
* * *
«Сам у тых багатых гасцях піў ды еў такое смачнае, хваліцца, а няма таго, каб i мне што-небудзь хоць за губою прынёс!..»
* * *
Сустрэўшыся ў міжгароднім аўтобусе, колішнія аднавяскоўцы, баба i дзед, прыкметна радыя сустрэчы, дзеляцца ўспамінамі маладосці. Яна – пра свайго:
– Мы ўжо з ім i цалаваліся...
Стары, перапыняючы яе:
– Можа, i падурэлі ўжо трохі? Яна:
– А што ж!..
I смяюцца абое, ужо бязгрэшныя.
* * *
Праллям-скудзельніцам, што збіраліся, каб весялей працавалася ў гурце, гаспадыня чарговай хаты давала сушаных яблыкаў ці груш – «на сліну».
Падумаць толькі – колькі тое сліны патрэбна было на ўсю зіму прадзення!..
* * *
Здаецца ж, i запісаў ужо гэта калісьці, а яно ўсё памятаецца час ад часу.
Вечар у пісьменніцкім Доме творчасці «Каралішчавічы», з танцамі на сямейным застоллі. У кракавяку – статная дзеўка з кухоннай абслугі. З-за недахопу кавалераў, а то i проста так па-сястрынску танцавала яна з меншанькай сястрой. Абедзве вельмі падобныя, аднолькава чарнявыя ды мілавідныя, аднолькава адзетыя, у аднолькавых гумовых боціках. Старэйшая, ужо зусім нявеста, i малая, як лялька пры ёй. I так жа яна ўдаленька ды сур'ёзна стараецца рабіць усё у тым кракавяку, як старэйшая. I выходзіць жа ў яе – ці не лепш, чым у старэйшай. Прынамсі – для мяне.
Гучыць, тупаціць, радуецца той кракавяк!.. Гадоў ужо добра за трыццаць.
* * *
«Забег – як агню пазычыць». Каб запалак, дык, чаго добрага, i пасядзеў бы ці пастаяў, пагаварыў, а то ж агню, жару бярэ,– трэба несці як найхутчэй.
* * *
У часопісе «Спадчына» – выбар прыказак, зроблены славутым уніяцкім архімандрытам i літаратарам Львом Гарошкам. «Рэлігійны элемент у беларускай народнай творчасці». Бяруся чытаць з зямляцкай цікавасцю: ён жа з вёскі, за два кіламетры ад маёй.
Сярод знаёмага i ў большасці набожнага – трохі жывейшага:
«Набожны, як жыд падарожны».
Тут успомніўся той балагула, што вёз Івана Фёдаравіча Шпоньку i ў далёкай дарозе «шабашил по субботам».
А тут айцец Лёва i зграшыў, нібы калісьці ў родных Трашчычах:
«Набожны, як конь святога Юр'я: святы Юры да касцёла, а конь да кабылы».
«Бог любіць праведніка, а чорт ябедніка».
Ну, а гэта цікавае, «ябедником» сваім хутчэй не наша, а рускае.
* * *
Калі нехта вельмі ж улягаў за нейчай дачкой, не надта каб i прыгожай, у вёсцы казалі: – Во, недзе іхнюю мазку лізнуў!.. Мазка – ад мазаць – кавалачак скваркі, якім, пякучы аладкі, падмазваюць апаноўку, скавараду. У Тлумачальным слоўніку мазкі тое няма.
* * *
Гаспадыня рупліва пытаецца ў суседа-печніка, які робіць ім печ:
– Колькі ж, Адолька, табе яец на яечню?
– Калі будуць плаваць, то тры, а як не будуць, то пяць.
Плаваць, вядома ж, у сале ці ў масле.
ДЗЕВЯНОСТА ЧАЦВЁРТЫ
Чытаў другі том Багдановіча, прозу, пераважна рускую. Успаміналася руская проза Шаўчэнкі,– тое самае адчуванне, што i над старонкамі Максіма Адамавіча,– a ці поўнасцю гэта ягоны, толькі ягоны голас? I ў нашым, i ва ўкраінскім варыянце пра рускамоўнае можна сказаць, што яно – толькі тое, што «приложится» да галоўнага.
У апавяданні «Экзамен» – такі самы «слон», як у маім «Сяргеі». У нашай школе ён, значыцца, быў не самымі прыдуманы, а з гімназічных традыцыяў. I ў Турцы, i ў вёсках былі ж рускія гімназісты ў нядаўнім мінулым, у тым ліку i сярод нашых настаўнікаў.
I не перастаеш здзіўляцца, які ён ранні ў сваёй таленавітасці i эрудыцыі.
Чытаючы ягонае пра Шаўчэнку, успамінаў Максіма Рыльскага, як ён, i ў сваім напісаным, i ў гутарцы са мною, высока ставіў гэтыя артыкулы. А там, дзе ён пра Валадзімера Самійленку я ўспомніў свой салдацка-нявольніцкі блакнот з вершам i гэтага паэта, выпісаным, ужо не прыпомню адкуль. Бо толькі пад упісанай у той патаемны блакнот (простым алоўкам) цудоўнай малітвай палонных запарожцаў: «Ой, визволи, Боже, нас, біднйих невільників» памечана: «Грушевский, «Ілюстрована Історыя Украіни».
...З Самійленкам памяць мяне падвяла: верш «Я не боюсь тюрми i ката» належыць не яму, а нейкаму О. Я. Верниволоду, якога ў украінскім энцыклапедычным слоўніку, на жаль, няма.
A Самійленкава, згадаўшы далёка-першае светлае ўражанне, ажно выпісаць хочацца, хоць толькі першую i аношнюю строфы.
Бачив я усяки перли
i коштовні самоцвіти,
але есть одна перлина,
що з усіх найкраца в сьвіти.
Відібрать і не зможе
ніяка злоба несита,
есть вона – сльоза сьвятая,
за нещасний люд пролита.
Наколькі тут у мяне ўсё па-ўкраінску – не магу сказаць, перапісваю, як было калісьці выпісана аднекуль. I сапраўды калісьці, бо ў верасні 1940 года, перад адпраўкай ca шталага на поўначы ў шталаг на поўдні «Вяліканямеччыны».
А пра шчасце выпадковасцей, пра шляхі i сустрэчы з агульным у сапраўдным слове, можа, сказана трохі ў падтэксце?
* * *
Разоў колькі, гледзячы на паліцы кніжнай шафы, думалася, што мініяцюру «Сувенір» мне можна было б у пераліку мілых дробязей i дапоўніць. Сказаць пра драўлянага Швейка, у маршы, з доўгай абвіслай люлькай, прывезенага з Прагі Караткевічам; пра чарачку, вытачаную з аленяга рога i прысланую з Рагачова Валодзевым дзядзькам па маме, байдуномпаляўнічым ды ўжо зусім нямоглым Ігарам Васільевічам Грынкевічам; пра маленькую саву з горнага крышталю, падараваную Вашакам Жыдліцкім да майго 70-годдзя; пра два збаночкі з чорнай гліны, у розны час прывезеныя Васілём Сёмухам з яго роднай Пружаншчыны; нават пра неяк памалечы прыемную шэрую качку, якую я, як беларуска-канадскі «прэзідэнт», атрымаў ад кагосьці з адтулешніх гасцей...
Заглянуў у «Сувенір», i ясна стала, што туды ўсё пералічанае не кладзецца, бо напамінкі гэтыя не з падарожжаў – яны да мяне трапілі іншым спосабам.
* * *
Слухаючы выступленне таго ці іншага з нашых высокіх i найвышэйшых начальнікаў, не раз думал ася:
Ім нібыта здаецца – усё тое, што зроблена i робіцца (развал, інфляцыя) —не яны зрабілі i робяць, а само па сабе зрабілася, робіцца далей... Яны толькі канстатуюць гэта, паведамляюць пра яго, як пра нейкую верхнюю волю, вышэйшую яшчэ i за ix.
* * *
У пачатку 1960-га ў дакладзе на пісьменніцкім пленуме я шчыра хваліў Панчанку, пачаўшы з выдатнага верша «Белыя яблыні». А потым Бярозкін трохі крывіўся, што я «перабраў», i сказаў ён такое, што вось i прыгадалася над старонкамі «Высокага берага»:
«У Пімена зашмат бывае газетнай філасофіі».
Хоць бы такі вось зрыў:
Паміж эпох
Невыразных i шэрых,
Сярод пакутнікаў i герояў
У Беларусі было найвялікшых трое:
Каліноўскі,
Купала,
Машэраў.
I я быў удараны недарэчнай трагедыяй смерці Пятра Міронавіча, у якога таксама ж было i людскае, але каб ажно так параўноўваць!..
I пра другое думалася, чытаючы:
Гэта ж таксама – у Панчанкі – дзённік старога, нямоглага чалавека, толькі што рыфмаваны ды сямтам залішне «публіцыстычны». Аднак ніхто не скажа яму, паэту, што гэта трэба пакінуць «на усмотрение потомков», як часамі гаворыцца, а то i пішацца пра мае запісы.
* * *
Салжаніцын, «Зэки как нация». Пра той жахлівы свет.
I патыхнула раптам з далёкай вясны саракавога года маёто Афрыкай, убачанай, адчутай толькі так – вялікім, экзатычным светам палонных мараканцаў у гітлераўскім «шталагу». Свет – з ix шынельнацюрбаннай вопраткай, з тлумным бадзяннем па ўбітым лагерным жвіры, стамлёным ляжаннем у спёку проста абы-дзе, але з настаўленым каўняром французскага шыняля, з ix кавэнчаннем каля кухні, з гнюсным пахам-смуродам яды не надта далека ад кухні i дзярма з адкрытых «лятрынаў».
Палез у слоўнік: «Latrine – отхожее место, выгребная яма». Як быццам я i прадбачыў гэтую, падкрэсленую ў слоўніку, «выгребную», каб жыва, смуродна ўбачыць-адчуць, як з-пад карытаў для змывання посуду тыя бедныя, ці не найбольш за ўсіх палонных нецярпячыя афрыканцы, выграбаюць рукаMi штосьці там, што можна ў рот – яшчэ раз...
* * *
Днямі па тэлефоне пачуў сяброўскае пра Салжаніцына: чаго ён вяртаецца? Каб яго тут абакралі, забілі якія-небудзь «лица кавказской национальности» або свае, айчынныя ўмельцы, у якіх таксама спосабаў дастаткова?.. Пра Горкага ён піша, што таму ў Сарэнта не хапала славы i грошай, i ён вярнуўся, каб праз некалькі гадоў быць знішчаным. У крайняй, няхай сабе i справядлівай, азлобленасці Аляксандра супраць Аляксея настальгія нібыта не бярэцца ў разлік. А сам што, засумаваў? Ці ўсё ўжо там напісаў, што хацеў напісаць? Ці славы яму тут сусветнай i грошай дадасца? А з вялікім запасам ехаць цяпер сюды якраз i вельмі небяспечна. Будзе ахова? А на каго ў гэтым надзея?..
Неяк па тэлевізары паказалі будаўніцтва ягонага дома. Не, будаўніцтва схавана за шчыльным парканам, вышэйшым, чым калісьці ў Вфты, пра што ў свой час многа шумелі, або ў Шолахава, што я сам бачыў. I гэты, трэці, паркан, па тэлевізары, падказаў мне сумненні, нават трывогу...
* * *
Чытаючы ў першым ну мары зноў выпісанага «Нового мира» (пасля звыш двухмільённага тыражу – 53 тысячы!..) «Изгнание из рая» невядомага дагэтуль Аляксандра Меліхава, упершыню – пасля такога разумовага напружання i сардэчнай увагі да горкай тэмы «Муштука i папкі» – падумаў, што той загадкава-злавесны М. (Маршак), які прадаў, загубіў нашага Валодзю, толькі праз чатыры-тры гады мог, вельмі верагодна, загінуць у белацаркоўскім геце. Страшнай смерцю, разам з усёй сям'ёй, з усім светам...
I гэта была вялікая несправядлівасць.
Толькі гэта?..
* * *
Незнаемы, нават нячуты дактарант прапануе анкету:
«I. Як Вы адносіцеся да сучасных грамадска-сацыяльных пераўтварэнняў? Што Вы прьшаеде ў ix, што не прымаеце?
Што ў сённяшнім літаратурным жыцці рэспублікі Вас асабліва хвалюе?»
Гэта ў яго «ўводнае» i «на ўсякі выпадак», ці што, бо да тэмы дысертацыі мае аддаленае дачыненне. Тэма – заходнебеларуская літаратура «з вышыні сённяшняга дня».
Сказаў чалавеку, калі ён яшчэ i пазваніў мне, што, столькі напісаўшы пра Купалу, Коласа, Танка, Таўлая i іншых, зусім няма ахвоты паўтарацца. A ў падтэксце – для яго патрэбы, каб менш было яму шукаць ды думаць самому.
А што да толькі аднаго ўступнага пункта, які нават «на ўсякі выпадак», каб я сур'ёзна да яго паставіўся, дык, можа, i ў мяне была б амаль што дысертацыя?.. Працаваць на яшчэ аднаго сухара – няўжо гэта абавязкова?
* * *
Заблытанасць, пераблытанасць межаў можа мець i, на жаль, мае процьму падстаў для духоўнай i крывавай беспрасветнай варажнечы, але ж яна i падказвае думку пра тое, што найбольш разумным i сучасным i радыкальна-перспектыўным павінна быць мірнае вырашэнне гэтых праклятых межавых пытанняў.
У гэтым сэнсе ёсць свае заслугі ў Гарбачова: i берлінская сцяна, i Афганістан, i вывад войскаў з «братніх» краінаў, i скарачэнне ўзбраенняў. У мітусні i калатнечы адмоўнага пра гэта злабадзённа забываецца, а выплыве яно, устаткуецца ў гісторыі чалавецтва пасля. Скажам, як XX з'езд КПСС – заслуга Хрушчова.
* * *
У тым, што Таўлай за паўгода пакут у бальніцы не дачакаўся нават карэктуры сваёй першай кнігі, вінавацім Клімковіча, злоснага за Валянцінаў слушна разгромны артыкул на яго «Лясное возера». А на таўлаеўскім вечары Вялюгін нагадаў, як рукапіс Таўлаевых «Шляхоў i кратаў» (потым не зусім дарэчы, як для першай кнігі, «Выбранае») быў вернуты Валянціну на дапрацоўку з чырвонаалоўкавымі паметамі Хаіма Мальцінскага. Ужо нават i Вялюгін не памятае, кім ён, Хаім, працаваў тады ў выдавецтве, аднак жа ён чытаў рукапісы i лёс ix у значнай меры вырашаў. У тым адхіленым рукапісе Анатоль бачыў чырвоныя «птушкі» ў такіх месцах:
...і ўсё ў ярме народ,