355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Дзе скарб ваш » Текст книги (страница 12)
Дзе скарб ваш
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Дзе скарб ваш"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 16 страниц)

Нават сатырыка можна давесці да такога росквіту.

Ды што хацець, калі на Андрэевым юбілеі прывітанне ЦК партыі чыталася так: «Наш дорогой, уважаемый...», а тады, адарваўшыся ад паперы: «...я сказал бы: наш обожаемый Андрей Егорович!..»

Обожаемый начальствам сатырык – з'ява, трэба сказаць, унікальна-гістарычная. Адзнака доўгага перыяду застою, пра які мы сёння ўжо гаворым. Як-ніяк, a другі год перабудовы.

* * *

На пісьменніцкім з'ездзе ў шэсцьдзесят шостым годзе старшынёй падліковай камісіі быў абраны Алесь Бачыла. Потым расказваў, як адзін памяркоўна-ціхманы саюзапісьменніцкі чыноўнік сам-насам, па службе ўгаворваў яго замяніць Броўку трыццаць бюлетэняў з адзнакай «супраць» – на чыстыя. Каб не Алесь, а яшчэ адзін паслухмяны рахманец, дык i зрабілася б так.

Пасля ў пакой, дзе працавала падліковая камісія, ткнуўся сам загадчык аддзела культуры ЦК партыі, відаць, з падобным намерам. Але Бачыла папрасіў яго, як старонняга, выйсці. Што яму, вядома ж, у далейшым не забылася.

Пазней на нашых з'ездах – асабліва ў 76-м i ў 81-м – над такімі камісіямі добраахвотна віселі сам сакратар ЦК па ідэалогіі i два прыдворныя веселуны, Празаік i Драматург. Таварыш сакратар браў на сябе права праводзіць першы пленум толькі што абранага праўлення асабіста, замест новага старшыні праўлення, як належыцца па статуце, сам называў кандыдатуры загадзя зверху намечаных сакратароў ды членаў прэзідыума. I супраць яго ніхто не асмельваўся ці не хацеў выступаць – тут жа славутая думка «адтуль»!..

* * *

Такое трэба забыць, выкрасліць з памяці, а яно ўсё жыве там...

Два нашы i прыезджы госць запрасілі мяне па тэлефоне ў гасцініцу, дзе яны святкавалі сустрэчу. Пайшоў, стары дурань, бо гэта ж добрыя хлопцы, таленавітыя, бо з моладдзю добра i трэба дружыць.

Свае яшчэ трохі трымаліся на нагах, а госць, колькі яго ні адмочвалі пад халодным душам, так з тое ванны i не выйшаў...

I яшчэ:

Маскоўскі медык паглядзеў там, у сталіцы, спектакль па нашай п'есе, выпадкова даведаўся, што аўтар на адным з ім курорце, спецыяльна знайшоў яго i наведаў. А потым скардзіўся мне:

– Пагаварыць хацелася, падзякаваць, а ён i лыка не вяжа. I дзве бойкія бабы пры ім смярдзяць перагарам...

Такое трэба забыць, ахоўваючы памяць таленавітых. I так жа нямала гэтага, што трэба ўтойваць!

* * *

Пасля мюнхенскай змовы 1938 года Польшчу ў Заходняй Еўропе называлі шакалам Герман!!. Пішуць пра гэта – сам i палякі. («Пшэглёнд тыгоднёвы», 7. VI. 1987 г.) Трэба вучыцца такому позірку на сваю гісторыю.

* * *

Маладзенькіх герояў скідзельскага падполля вешаць прывезлі ў родны гарадок.

Маці аднаго з ix, пакуль дабегла з дому на плошчу, ссівела.

* * *

Схематычная, з псіхалагічнымі правалам! аповесць – нібы адзін каркас, якія прыязныя крытыкі запоўняць у артыкулах сваімі домысламі.

* * *

Брэсцкі раён.

Перагружанасць вясковых дзіцячых садоў разьбою па дрэве. Заблудзіць можна малому паміж тымі фігурамі. I раскоша такая ўсюды, ужо ўсярэдзіне, што дзеці, чаго добрага, дахаты ўвечары дамоў ісці не хочуць.

Дома бацькам, хоцькі-няхоцькі, трэба падцягвацца да ўзроўню садзіка.

* * *

Старая, нямоглая Танкава Люба поле грады, a курортнікі ідуць нарачанскім берагам каля іхняй дачы – i гаспадыня чуе – гавораць:

– Во, наймічцы i выхаднога не даюць!

А потым i другое:

– Што вы, у яго ж толькі кухарак дзве!..

«Голас народа – голас божы».

Хоць i катарга ў гэтай бабулі Любові Андрэеўны з дзецьмі-ўнукамі-праўнукамі, хоць i дзеду, народнаму паэту-акадэміку, штодня хапае таўкатні на гаспадарцы. Апроч вершаў. Асноўная рабочая сіла – дзед i баба.

* * *

Раней i нам, i мы самі далдонілі пра ідэйнасць. Цяпер – пра праўду. A ў чым яна? I колькі яе можна?

Слухаючы даклад.

Што гаворыцца i што застаецца ў падтэксце?..

* * *

Бабка – прыбіральшчыца каля грамадскага туалета над ракою. Восьмае сакавіка, i я, праходзячы міма, кажу ёй:

– Ca святам вас!

Яна, i рукой не махнуўшы на гэта, толькі з нейкай трохі ўсмешкай:

– Тут мае свята...

* * *

«Таварыш – Гаўнаварыш». Груба. Але i справядліва, калі пра чалавека пустога, які толькі што жыве, існуе, «варыць»...

* * *

У добрага ўкраінскага пісьменніка ў абласным цэнтры свой дом i цэлых пятнаццаць сотак саду-агарода. Паказвае нам, беларусам, свае любімыя дрэўцы, якія ўжо хораша родзяць.

– Гэтыя сліўкі заўтра можна будзе есці,– гаворыць ён гасцям, a ў падтэксце нам весела чуецца: калі вас не будзе...

* * *

Мой першы медаль, найпершая ўзнагарода – «За доблестный труд в годы Великой Отечественной войны». Я нават i калодачку купіў. А госць далёкі – нашмат старэйшы брат, выкладчык рабфака з Урала,– усміхнуўся i сказаў:

– У мяне такі самы ёсць, але я не нашу.

Пра калодачку.

Успомніў гэта смешнае пра самога сябе – нібы збоку. Ужо таксама нашмат старэйшы сёння за брата ў тыя пасляваенныя гады. I з правам на іншыя калодачкі, якіх так i не сабраўся дагэтуль набыць.

* * *

Пра акуратную гаспадыню хораша: «У яе кожны дзень – Вялікдзень!..»

I тым больш прыемна, што гаворыць гэта жанчына пра жанчыну.

* * *

Абедаем, i ён расказвае, як яны з Барысам арганізоўвалі ў недалёкіх Прылуках калгас. Сабралі сход, пачалі выступаць. А тут з двара: «Пажар!..» Усе хацелі рвануцца са школы, але Барыс выхапіў пісталет i да дзвярэй. Не выпусціў. Бо i пажаpy ніякага не было...

Успамінаў ён i пра «народную медыцыну». Як загнаў быў у партызанах застрамку ў вялікі палец на назе. Босаму на прывале прайсціся захацелася. А Щура дастаў яе зубамі, бо пальцамі было не ўхапіць, а потым памачыўся на ранку – для дэзінфекцыі.

I пра тое згадаў, як мы на саракагоддзі вызвалення нашага раёна лавілі ў «неманінах»-старыцах рыбу крыгай, a зачэрпалі ў зеллі бабра. Парваў нам сетку i ўцёк.

Вясковы настаўнік з Магілёўшчыны, пасля франтавы афіцэр, камандзір мінамётнай роты, у адзін час з пісьменнікам Уладзімірам Карпавым, потым Героем, кнігу якога «Полководец» нядаўна прачытаў, закончыў Ташкенцкае пяхотнае вучылішча, паўтара гады ваяваў, двойчы паранены. A ў партызанах быць камбрыгам не змог.

– Ніякай дысцыпліны! – усміхаецца мне.– Акурак на губе i мат за кожным словам. Ён, бачыш, i сам камандзір! I пакамандуй такімі!..

Напісаў pa парт камандзіру злучэння, i той паслаў яго ў другую брыгаду начальнікам штаба. Там мы яго i любілі за добры, людскі характар.

Не змог быць потым i старшынёю калгаса: «няма камандзірскай жылкі», «залішне мяккі»...

З далёкай Свіслачы быў у Міры ў сваячкі і, дзякуй яму, не паленаваўся наведаць мяне – за семнаццаць з гакам кіламетраў. I нам вось добра сядзіцца, гамоніцца то на верандзе, то пад ліпай. Яшчэ ўсё выглядам ён нагадвае мне сваю лясную спраўную маладосць, яшчэ ўсё хораша ўсміхаецца. Наш Міхась Маскалёў.

Успамінаю, як ён быў абнасіўся, ды так, што боты вось-вось папросяць кашы. Тыя, у якіх ён у групе прытопаў сюды з «Вялікай зямлі». Да нас, разведчыкаў, звярнуўся – з просьбай, не з загадам: «Хлопцы, памажыце». I прыйшлося дапамагчы. Зайшлі на хутары каля Міра ў ладную хату, а яны стаяць сабе ў кухні на зэдліку – i над мазаны я, i вушкі з халяваў тырчаць, i дзядзька такі ветлівы:

– Калі трэба, таварышы, дык трэба...

Дарэчы, з год перад гэтым таксама паехалі ў пушчу i мае юхтовыя, тыя, што брат заказаў мне пасля майго вяртання з палону, набор сабраўшы загадзя, калі мяне чакалі.

* * *

Малады празаік, ён жа i мастак, таксама з прэтэнзіямі на наватарства. Абмахвае сяк-так рэальнае жыццё вялізным веерам недаспелай а остра ктнасцю выдумкі. Герой яго купіў сабе чырвоны капялюш i прайіпоўся па пляжы. Ну i што? A нічога. Hi больш, ні лепшага.

* * *

Старая, што ў домакіраўніцтве ЦК партыі, дамагалася ветэранскага святочнага пайка, хоць i не мела на гэта дакументаў.

– Калі я працавала ў ЦК, з мяне даведак не патрабавалі!..

Праўда, сказала без клічніка, а ледзь не са слязьмі як быццам справядлівай крыўды.

* * *

Miколa Мікалаевіч Улашчык, «Была такая веска».

Уражанне – сумесь цікава-значнага з пашанай,– нібы ты ў добра наладжаным скансене. Якія мне давялося бачыць каля Рыгі i каля Осла.

* * *

Ануар Алімджанаў у «Дружбе народов» піша пра яшчэ адну хрушчоўскуго «навацыю»: у мусульманским Казахстане – конска-свіная каўбаса з палітычна прыцэльнай назвай «Дружба».

* * *

Два царскія штабс-капітаны, у Турцы i ў Чыжыноўцах.

Турэцкага мне, вучню, даводзілася бачыць у царкве. У яшчэ нязношана-элегантным, светлашэрым шынялі без пагонаў, у акулярах-пенснэ. A ў будзень неяк вёз ён гной, i пуга, збоку на возе ўваткнутая, неўпрыцям згубілася на брук. Наш сусед, вясёлы дзядзька Паўлюк, які i ў арміі царскай служыў, i вайну ўсю адваяваў, рады быў гэта заўважыць i гукнуць яму:

– Ваше благородие, шашку потеряли!..

Расказваў пра гэта ў нашай хаце i ўсмак рагатаў.

Чыжыноўскага штабс-капітана я бачыў часцей у полі, пры дарозе, за плугам ці бараной. Вечна непаголены, рыжы, зубаты, маўклівы, але з патаемнай усмешкай. Чытаючы ў Леніна, як пад канец першай сусветнай вайны быў выбіты афіцэрскі корпус царскай арміі i пачалі яго папаўняць з радавых або унтэраў, якія закончылі хоць бы «гарадское вучылішча», я якраз i ўспомніў яго.

Дарэчы, ён разам з маімі найстарэйшымі братамі закончыў «гарадское» ў Міры.

Пры немцах, калі ў жніўні сорак другога была аб'яўлена першая «беларуская» мабілізацыя, спроба стварыць нейкае войска, штабс-капітана знайшлі ў яго Чыжыноўцах (турэцкі быў ці застары, ці ўжо i памёр – не помніцца) i паставілі ў Міры раённым ваенкомам, здаецца, неяк інакш назваўшы гэтую пасаду.

Я спачатку па выкліку не з'явіўся i не думаў з'яўляцца, хаваўся, а потым пагутарыў з сябрам з акружэнцаў, які ўжо быў у партызанах i зайшоў перадняваць у нашым гумне,– параіліся, i я пайшоў у Мір – пасля ўсіх, крыху нават з трывогай.

Штабс-капітан, той самы вахлакаваты дзядзька Кастусь, пра спазненне нічога мне не сказаў. Такое ўражанне было, што ўсё гэта яму аніяк нецікава. A калі тая спроба мабілізацыі распалася, спадар ваенны начальнік зноў пешкі падаўся дахаты, зноў абрастаць ды маўчаць. Ці чапалі яго ў другую мабілізацыю, у сакавіку 1944-га, не памятаю. Але ж i не каралі потым, ён сабе ціха памёр у сваёй мнагадзетнай бядоце.

* * *

Яйкі ў адной цане, здаецца, роўненькія, а дамачка перабірае ix у «сотах» доўга, марудна. Чарга хвалюецца, пачынае абурацца. А яна:

– Чего вы все шумите? Теперь же все можно!.. Зноў жа пра перабудову, пра «дэмакратыю».

* * *

Чытаю ў палякаў, што ў дваццаць шостым, пасля «майскага перавароту», зладжанага Пілсудскім, у Варшаве было забіта чатырыста i паранена каля васьмісот.

A ў «Лодзінскім выдавецтве» патрыёт-рэдактар Хрусцялеўскі выкрасліў з майго «Сонечнага зайчыка», без усякага ўзгаднення з аўтарам, завочна, пра тое, як адзін з пажылых падафіцэраў успамінаў пры мне ў палоне расстрэл каля варшаўскай цытадэлі бунтароў-падхаронжых.

– Чатыры кулі, проша вас, у адну патыліцу.

А хлопцы ўсе маладыя, чубатыя. Як жарнем, дык валасы i закрылі ўвесь твар!..

Трэба думаць, што сярод тых чатырохсот забітых такія бунтары былі.

* * *

Пастушынае ўспамінаецца. Адзін есць яблыка, a другі: «Дай укусіць». Да самых зярнят ў асяродку дагрызуцца на змену, i аніякай грэблівасці.

А жабу ў рот узяць за заднія лапкі – у заклад на карабок запалак?

* * *

Самой ужо добра за пяцьдзесят, а гаворыць са мною, яшчэ вунь як старэйшым, i вось нібы сарамліва паправіла на каленях, седзячы на ўслончыку, свой халацік на голых каленях. Спрацаваная, затурканая, а – жанчына...

* * *

У канцы трыццаць дзевятага, на чарговай сустрэчы з нейкім упаўнаважаным, дзядзька Паўлюк спытаўся ў яго:

– A колькі ж стаханавец скошвае за дзень?

Той, разгублена:

– Ну, видимо, соток двадцать, тридцать...

– Тады закройцеся вы, таварыш, са сваім стаханаўцам – мы скошваем па паўгектара!..

Людзі нашы былі яшчэ непалоханыя.

* * *

У пяцьдзесят сёмым годзе арыштаванага за «белорусский национализм» Барыса Ржэўскага, майго партызанскага сябра, выкладчыка гродзенскага педінстытута, следчы, спакойна-сыты яўрэй, на ўсе Барысавы шчыра-гарачыя словы пра чалавечае права на родную мову з усмешкай пытаўся:

– Кому это нужно?

Той гаворыць, каб яшчэ больш пераканальна, a ў адказ усмешачка i зноў сыта-спакойнае:

– Кому это нужно?..

* * *

Шасцідзесяцігадовая жонка, шчодра поўная i энергічная, пра свайго хварабліва-нягеглага мужа-юбіляра, якому семдзесят пяць: – Я купалась в его ласках!.., I на сходзе ў вучылішчы так, i дома потым, на цесным застоллі.

Ён цярпліва маўчыць, нават не ўсміхаючыся. А я ўспамінаю, як ён мне неаднойчы скардзіўся, што жыцця няма з-за яе хвараблівай рэўнасці.

* * *

На юбілейнай вячэры ў райцэнтры абруселая дамачка цераз стол:

– Иван Антонович, ведь в Белоруссии националистов нет? Правда ведь, нет?

– Ёсць,– адказваю.– Толькі, на жаль, малавата.

Назавём ix, патрыётаў, так.

* * *

Падумалася пра красу тых мясцінаў на Беларусі i на ўсім свеце, у якіх я не буду...

* * *

Пасляваенны расказ паэта Дзімы Кавалёва, як яны, група паўночных марачкоў, не маглі прабіцца ў кінатэатр. I прыдумалі выхад – усе ордэны i медалі, якія ў каго былі, начапілі аднаму, i ён, ушчэнт абвешаны ўзнагародамі, важна прайшоў да касы і, на вачах усёй здзіўленай чаргі, узяў білеты, колькі ix трэба было.

Можа, i зусім не нова гэта, як выдумка. Ды мне помніцца перш за ўсё Дзімаў смех – шыракаротахлапчукоўскі.

* * *

Бабулі за восемдзесят, i шкада яе, i не надта прыемна слухаць, а яна расказвае выпадковай, інтэлігентнай суседцы ў міжгароднім аўтобусе пра свайго мужыка:

– Ён у мяне другі. На сем гадоў малодшы. Нічога дрэннага не скажу. I бульбы намые, i чыгун паставіць на прыпек. Глядзіць мяне. А тады гэта, ведаеце, хоча, каб я пад яго ішла. А мне ўжо яно i не трэба...

* * *

Злосны шэпт над магілай, у якую апушчана труна:

– Куды ж вы ўжо сыплеце тымі жменямі пясок?! Бацюшка ж яшчэ магілу не запячатываў!.. Божа, які дурны народ пайшоў!..

Папу далі рыдлёўку, ён намеціў ёю крыжыкі з усіх чатырох бакоў ямы – магіла ўжо i «запячатавана».

Сучаснікам трэба каму вучыцца, а каму i перавучвацца. А той, што шэпча, i зверху нарэшце пабыць.

* * *

Тое, што значна пазней стала ў «Птушках i гнёздах» скарочаным раздзелам пра маленства («Падарожжа ў найлепшае»), напісана было ў сорак трэцім Годзе. Пасля вайны я хацеў гэта выдаць у асобнай кніжыцы па дзіцячай рэдакцыі. Яе спаважны, акулярысты загадчык даў мой рукапіс на «закрытую» рэцэнзію памочніку сакратара ЦК партьй, вядомаму п'яніцы i бабніку. Рэцэнзія тая, літаральна палавіна старонкі машынанісу, была мне паказана i нават растлумачана самім румяным рэцэнзентам. Прычэпка толькі ў двух месцах – да слоў «стаў ракам», a ў іншым месцы «напёр», пра якія ён, заслінена смеючыся, выклаў свой сэнс.

– Нічога, ты чалавек здольны, напішаш яшчэ!..– такая пацеха на будучыню. А ён сваё ўзяў адразу.

З першай кнігі маіх апавяданняў той раздзел-апавяданне пад назвай «Маленства» зняла цэнзура. Там у мяне бацька, нядаўні чыгуначнік, прыехаўшы з лесу, у адказ на сыночкаў стук у акно i крык радасці, прыціснуўся да шыбы з двара сваёй старой адэскай каракулевай шапкай.

– Что, у крестьян в Западной Белоруссии были каракулевые шапки?! – абурылася цэнзарка.

I так вучылі нас пісаць.

* * *

Каля вялізнай стадолы «шпікняра», гандлярскага свірна збожжам, злосны яўрэй Касмай, гаспадар стадолы, тузаецца з наравістым канём, які не даецца ў аброць. Нашы загорскія мужчыны стаяць паблізу, спыніліся, ідучы ў царкву, пагаманіць ca знаёмымі з іншых вёсак. Вусаты, ганарысты Данька, унтэр з царскай арміі, гаворыць Касмаю: «Взнуздай его, взнуздай!» Выразна задаволены веданнем гэтага слова. Той «взнуздал», нарэшце, i спытаўся: «Вы, видимо, жили в городе?» – «Да, жил»,– адказаў наш вусач, нічога не падазраючы. А Касмай, яшчэ ўсё чагосьці злосны: «И я тоже там жил, и таких дураков, как вы, видал очень много!..» I пайшоў.

Даўнюю гэтую сцэнку, расказаную мне старэйшым братам, я днямі прыгадаў, пачуўшы ад N. пра іхняга лацініста. I я ж знаёмы з ім, вітаемся пры сустрэчы. Неяк нават ён расказаў мне, што бацька яго, на былой Станіслаўшчыне, дружыў з навелістам Стэфанікам. А сам ён закончыў Кракаўскі універсітэт. Дык вось у яго разам з маёю N. вучыўся, паступіўшы па блату, цераз сястру-выкладчыцу, кучаравы здаравіла, безнадзейна тупы Калупан. Глядзіць на яго нярослы выкладчык свяшчэннай лаціны i кажа:

– И что я скажу вам, Калупан. У нас с моей женой, к большому сожалению, нет детей. Мы так горюем от этого! Но как только я подумаю, что они у нас были бы, и что они пошли бы в школу, и что у них учителем были бы вы, Калупан, так мне становится легче, что их у нас нет...

Два прыклады яўрэйскага гумару – местачковага i сталічнага.

* * *

Сын аднаго з наших пісьменнікаў, былы «афганец», перад тэлевізарам. Там пакалечаныя афганскія дзеці. I хлопец расплакаўся:

– Я ж быў мінёрам!.. Можа, i гэта мая работа!..

* * *

«Гуртам добра i тату біць». П'яніца i лайдак часта біў жонку. I вось сыны падняліся i так нядаўна ўтраіх з мамай аддубасілі бацьку, што ён адразу хораша пацішэў.

I што ты зробіш з гэтым фальклорам!..

* * *

З кожнай бліжэйшай вёскай звязаны нейкі мясцовы фальклор.

Праязджаючы каля Залужжа, якое, цераз Мір, васемнаццаць кіламетраў ад нашага Загора, успамінаю часам такое:

Як старая дзеўка Адара выйшла замуж у гэтую вёску, але неўзабаве вярнулася, нават уцякла. Калі бацькі яе пасля сватання ездзілі на «гледзіны», жаніх той папераварочваў у свіронку «пасы», вялікія бочкі на збожжа, дагары дном i на донцы панасыпаў дзе жыта, дзе ячменю, дзе пшаніцы. А потым аказалася, што ён i гультай, i жулік, i, ад гэтага, галадранец...

Другое, што ўспамінаецца,– псаломшчык, дзіўнагалосы ды мнагадзетны, барадаценькі Шыбут, якога ў Залужжа перавялі з Турца. Неяк зімою ў трыццаць чацвёртым годзе мы разам з ім ішлі ад Загора да Міра, адзін за адным узбоччам гасцінца, i ён, голас якога змалку хваляваў мяне, школьніка, у царкве (маці мая пра той тэнар: «Ліецца, як вална»), ён мне, ужо як даросламу, нягучна скардзіўся, ідучы спераду, на долю:

– Как заяц, бегаю вот по снегу!..

Гэта я нават тады запісаў у адным з тых сшыткаў, якія ў вайну прапалі.

I яшчэ адно – на ўзгорку, трохі наводшыбе ад Залужжа, стаяў перад вайной вятрак, які пасля камусьці спатрэбілася зняць. А з памяці – не вымеш.

* * *

Надзяваючы наручны гадзіннік, як апошні штрых ранішняга туалета: «Вось i запрогся на новы дзень!»

* * *

«Ці з вашых, ці з нашых – як слаб, то слаб!» – з маленства чутае ад местачковых яўрэяў.

* * *

Прачытаўшы, што N. на восьмым дзесятку выйшаў з партыі, смешна падумалася: колькі ўсяго ўсялякага ён набраў ад яе?! Лаўрэацтва, геройства, акадэмічнасць, прэзідыумы, замежныя паездкі, бясконцыя выданні! Пара i адпачыць. З удзячнасцю?..

* * *

Ілья Гурскі, спачатку драматург, пасля празаік, таксама без поспеху, стомлена-флегматычна абараняўся ад крытыкі:

– Aт, хлопцы, усе мы добра пішам!.. Бадай што так яно ў нечым у нас i сёння.

* * *

«А гэта ў ix адна сральня!» Зноў жа груба па-народнаму, у сэнсе – адно кодла. «В Москве необходимо прежде всего иметь свое кодло!» – першае, што ўцяміў, перабраўшыся туды, адзін з нашых «рускамоўных».

* * *

На юбілейным банкеце, у прасторнай зале прыёмаў гансцініцы «Беларусь» пачаліся танцы. Ансамбль «Купалінка» выступаў перад гэтым, быў, так сказаць, на працы. Пасля артыстам прапанавалі перакусіць каля стала (фуршэт), вядома ж, i прыгубіць. Адтуль хтосьці запрасіў бойка галасістую артыстачку на вальс.

Пасля рабочага спявання ды бясконцага выбівання чачоткі яна святочна расслабілася i, хораша адкінуўшыся торсам на руку кавалера, так свабодна i легка пайшла ў сваім палескім нацыянальным касцюме пад слаўную мелодыю «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы!..», што вось i помніцца мне, час ад часу міжволі бачыцца, ужо больш за год.

* * *

Унуку толькі дзевяць гадоў, a ўспамінае з паблажлівым смехам, як ён тады, калі быў малы, маляваў чалавека i спытаўся ў мяне: як гэта вусы – над губою ці пад губою?

* * *

Тарбахвацтва кіношнікаў.

Алесь Адамовіч расказваў, як на здымках фільма па яго раманах падвяла даччына тэлеграма, колькі той дзень нараджэння каштаваў яму – на такую кампанію! – цяля i скрынка гарэлкі. A карціна ўсё роўна выйшла слабая.

Збіраючы матэрыял для кнігі «Я з вогненнай вёскі...», мы за чатыры гады разоў са тры згадзіліся ў людзей на перакуску. A Віктар Дашук, зняўшы тое, што нам расказвала Вольга Мініч, заказаў ёй – «для карціны»! – цэлую трызну: доўгі стол з вульгарнымі паўлітрамі i шчодрай вясковай закускай.

* * *

Зноў прыгадаўся бяздарны i напышлівы A. С., з яго пасляваеннай юнраўскай янотавай «шубай»,– як ён у выдавецкай бухгалтэрыі ідзе да касы без чаргі, а Толя Вялюгін гучна кажа:

– Во як, чрез головы поэтов и правительств!.. Бо ў чарзе той былі i народныя, i дэпутаты. A ў яго ўсяго тых «творчых» заслугаў, што з пасады інструктара ЦК партыі быў прысланы ў Саюз пісьменнікаў перад вайной, каб лячыць нашу недабітую літаратуру ад «нацдэмаўскага ахвосця» – так пісаў ён пра гэта ў «Літаратуры i мастацтве».

* * *

Часта ўспамінаецца зімовая ноч, калі партызаны грамілі загорскую самаахову. Як пятнаццацігадовы суседаў сын крычаў у цемру: «Та-та-а!!», не ведаючы, куды падаўся або дзе апынуўся бацька, з паліцыяй ён ці з партызанамі, i куды ж дзявацца яму, падлетку, калі яшчэ i мама, i меншых трое, якія ад страляніны пахаваліся ў пагрэбніку...

Забіты салдат пры дарозе, няхай сабе i нямецкі, які цяпер, у маім уяўленні, калі i мой сын у прыблізна такім узросце, выглядае зусім інакш...

Як я «расту» ў сваёй любові да хлопчыкаў, хлапчукоў ды хлопцаў – па меры таго, як расце, сталее мой сын. Народнае: «Выгадуеш свайго – паглядзіш!..»

* * *

Прыязна ўсмешлівы Іосіф Варановіч, аграном яшчэ дарэвалюцыйнай вывучкі, да якога я прыехаў у былы «Кашчычаў двор», не зусім разбураны вайной магнацкі маёнтак, ператвораны ў сядзібу МТС. Прыехаў – каб напісаць для «Правды», па заказу, нарыс пра новае пасля славутага вераснёўскага пленума пяцьдзесят трэцяга года. Былі цікавыя гутаркі з ім, а таксама з найлепшым трактарыстам, Каціным Шурай з нашага Загора, нядаўнім франтавіком, сціплым хлапчынай з працавітай вялікай сям'і.

Нарыс, як мне пасля пазванілі з рэдакцыі, «удаўся», аднак я «сёмы ў чарзе, у якой нават Максім Рыльскі». Падзеі тады, у першую паслясталінскую адлігу, нагрувашчваліся адна на адну вельмі хутка. I неўзабаве мне знаёмы праўдзінец прыслаў карэктурны адбітак нарыса, які, «на жаль, не паспелі выкарыстаць». Няёмка было перад Варановічам, а яшчэ больш перад Шурам, сябрам маладосці, i той адбітак я паслаў яму. Пазней, сустрэўшыся з ім, спытаўся, ці атрымаў, а ён, не надта разумеючы мае тлумачэнне, спытаўся з яшчэ ўсё свежым недаўменнем:

– А чаму ж гэта, Ваня, напячатана толькі на адным баку?

Ён, Шура,– бацька майго маладога сябра, артыста i паэта Пятра Ламана, з якім мы нядаўна хораша пасмяяліся, успомніўшы тое недаўменне.

* * *

Майсей, прыемны мірскі жыдок, які на працягу многіх гадоў неаднойчы купляў у нас то цяля, то быка, перад гэтым доўга i пацэтна для мяне, хлапчука, таргуючыся са старэйшым братам Мікалаем. Сустрэў мяне пасля ўцёкаў з палону, увосень сорак першага, i ледзь не шэптам пытаўся, што з імі будзе – з яўрэямі? Як быццам я мог ведаць!.. Пасля прыйшлі пагромы ў нашых мястэчках, адзін за адным – у Турцы, Міры, Ярэмічах. I вось мне зноў чуецца той ягоны шэпт, жудасна недагаворанае пытанне...

* * *

На пахаванне майго сябра-партызана з Дона прыехала са спазненнем яго сястра. Пайшла туды са сваякамі, некаторымі, i папрасіла, каб яны пакінулі яе над магілай адну. I яны чакалі доўга i цярпліва, пакуль яна там, воддаль, адвылася ў галашэнні...

I натуральны жаль, i звычай яго родных мясцін.

* * *

Улетку сорак чацвёртага з адным супрацоўнікам мірскай раённай газеты мы зайшлі ў Мінску да нашай нядаўняй штабной машыністкі, якая кватаравала ў знаёмых ёй партызан. Там i пераначавалі.

Уранні гаспадар некуды пайшоў, мы засталіся з жанчынамі. Па кавалерскай дурноце я ўзяў са сцяны гаспадароў аўтамат, праверыў, што ён незараджаны, i лузгануў на вясёлую, кампанейскую Гіту: «Я вось табе!» I – гахнуў стрэл!.. У патронніку быў патрон, чаго я, «знаўца», не заўважыў.

Дагэтуль помніцца горка i страшна, як пае «Бог усцярог». I мяне, i яе, тую шматпакутную разумную дзяўчыну, якая i з гета ўцякла, i, між іншым, пад маю дыктоўку цэлымі днямі перадрукоўвала ў пушчанскай зямлянцы мае рукапісы для пасылкі ix на Вялікую зямлю.

* * *

Адзін з маіх украінскіх сяброў, Леанід Навічэнка, едучы машынай, з жонкай i падлеткамсынам на Рыжскае ўзбярэжжа, спыніўся ў Мінску. На вячэры ў мяне я меў прыемнасць пазнаёміць гасцей з Фёдарам Янкоўскім, i той запрасіў нас, мужчынаў, парыбачыць заўтра на Астрашыцкім возеры.

Спачатку трэба расказаць, як ён, Фёдар Міхайлавіч, аднойчы быў пазваніў мне, таксама ўлетку, калі абодва мы былі дома адны, без сямейнікаў,– папрасіў абавязкова i неадкладна прыехаць да яго. Заінтрыгаваны, я паехаў. I ён – пры ўсёй сваёй сціпласці – ледзь не па-напалеонаўску паказаў мне на кухні два вялікія тазы вялізных, як на падбор, ляшчоў. «Астрашыцкія!..» Браць больш, чым аднаго ляшча... ну, няхай сабе два на мой адзін дзень у горадзе, я адмовіўся, i трыумфатару прыйшлося званіць іншым сябрам. Клопат... Бо некаторыя таксама ж у горадзе не сядзяць.

I вось два высакакласныя рыбакі i шаноўныя навукоўцы пагодлівым адвячоркам селі на возеры ў адну лодку, а мы з Лёневым шафёрам у другую. Неўзабаве сёе-тое пачало брацца – у шафера, толькі ў яго... Так сабе драбяза. Вучоныя мужы маўчалі воддаль. Напуста. Выкарыстоўваючы такую ціхамірнасць, да нас падплыла ідылічная чародка чысценькіх, не надта гаманкіх гусей. Чамусьці ім спадабалася наша з шафёрам лодка, яны акружылі яе няспешна, блізенька каля яе, дабрадушна .пагегваючы.

I тады я цапнуў дераз борт гусака за шыю, узняў над вадой i спытаўся:

– Федзя, а такую будзем браць?!

Было трохі смеху. А потым пустое вяртанне.

* * *

Танк з сямейных успамінаў пра «мікалаеўскую» вайну, пра іхняе бежанства ў Маскве, расказваў, як два пількаўцы, салдаты, выпадкова сустрэўшыся ў той Маскве, вельмі ж усцешыліся. Селі чысціць бульбу. Зірнуць адзін на аднаго, засмяюцца i абіраюць далей. Зноў зірнуць, засмяюцца i абіраюць. А гаварыць як быццам i няма пра што...

Бывае i такое пры сустрэчах. А потым добра помніцца.

* * *

Па радыё – поп пра нашу Ефрасінню, што яна не беларуска, бо маці яе з нарманаў, так сказаць, варажка.

A ўчора, па тэлевізары, віншуючы мінчан з пяцідзесяцігоддзем вызвалення ад фашысцкай акупацыі, другі баця барадата даводзіў, што «раньше была Русь, которая называлась СССР, опять будет Русь, единая и неделимая».

* * *

У «Спадчыне» (№ 4 за 1994 г.) спадар Малэцкі ва ўспамінах «Пад знакам Пагоні» піша, што канцлагер у Калдычэве быў пераходны. Дваццаць дзве тысячы закатаваных – пераходна, як між іншым, на хаду.

* * *

Мезальянс па-сучаснаму. Сын закончыў інстытут, а нявестка толькі тэхнікум. I маці-свякроў у адной асобе, хоць у самое толькі сем польскіх класаў, са злосцю ў падтэксце бядуе: «Не з тае нагі ён пайшоў!..»

Ад гэтага i пачалася варажнеча – паміж самімі маладымі i ў нявесткі ca свякроўю.

* * *

Зноў i зноў сустракаючы ў маладога празаіка пра так званы секс, успомнілася пастушынае: «Міша X... піша». Тут яно, няхай сабе i па-дурному грубае, зусім дарэчы. Бо не розумам, не сэрцам піша новы кандыдат у геніі.

* * *

Саліст вядомага ансамбля i так няросленькі, а яшчэ ж у яго пад нармальным мужчынскім корпусам – кароткія, неймаверна быстрыя ножкі, якія ў танцы 'пытлююць да нейкай няёмкасці ненатуральна, нібы ў такой мультыплікацыі, ці што. А да нармальнага мужчынскага стану – яшчэ i вусы, i рускі «картуз»* з вялікай чырвонай кветкай, i нерухомая важнасць у выразе твару. Кажуць, што ён ужо на пенсіі, а вось жа яшчэ ўсё пытлюе боцікамі. Незвычайнае – не абавязкова прыгожае.

* * *

Ранняя раніца ў пасёлку. Чуваць: у су седа за агародамі-садамі гыркае, не заводзіцца трактар. Малады шафёр з гарадка, талковы мужчына, што начаваў у мамы, смяецца мне:

– Сам ён учора выпіў, а яму не даў!

Пра трактар i трактарыста.

Музыка тэхнічнай сучаснасці тэрарызуе грукатам вечна-ўрачыстую цішыню вераснёўскай пагодлівай раніцы.

* * *

Дзеду Ролічу, славутаму нарачанскаму рыбаку, улетку пяцьдзесят сёмага было ўжо за восемдзесят. У доме адпачынку частавалі абедам гасцейпісьменнікаў, удзельнікаў дэкады ўкраінскай літаратуры на. Беларусі. Хтосьці з абласнога начальства дадумаўся, а можа, i калектыўна такое вырашылі ці нават з Мінска была падказка,– паказаць братамукраінцам удзельніка дый героя гістарычнага рыбацкага паўстання пры панскай Польшчы. Не адразу паказаць, а так – па ходу справы, даўшы яму слова. I пралічыліся, бо дзед тым часам, пакуль іншыя выступал!, i выпіў сабе ў ахвоту, i закусіў, i калі яго паднялі на тост, амаль адразу пачаў адхіляцца ад таго, што яму папярэдне ўтлумачылі.

– Як было ў нас тое ўставанне,– гаварыў ён, узвышаючыся над шматлюдным сталом,– дык i мяне пагналі ў пастарунак, давай ластажыць бізунамі. Ты, кажуць, камуна, халера ясна! A які я камуна? На чорта мне тая камуна?!

Таварыш сакратар абкома па прапагандзе i агітацыі, дзедаў сусед цераз два чалавекі, адчуў небяспеку, пачаў дапамагаць яму падказкамі:

– Нет, вы им тогда говорите...

– Я ж i кажу: на чорта мне тая камуна?!

Прыйшлося дзеду падзякаваць без пары, пакрыць

накладку іншым тостам. A неўзабаве дзед, кульнуўшы за шчаслівае заканчэнне такой непрывычнай работы, ціха шуснуў пад стол. Усё-такі стома, гадочкі. Паднялі, з пашанай вывелі адпаведныя хлопцы.

А мне пасля, калі пісаў з яго старога рыбака ў апавяданні «Надпіс на зрубе», даўшы яму i прозвішча іншае, i любую ўнучку ў лодку, расказ пра ўдзел у паўстанні прыйшлося выкарыстаць з папраўкай – без таго беспарты й нага, цёмнага чорта.

* * *

Сама спаважная, хто яе не ведае, дык нібы i злосная заўсёды немаведама чаго, а вось расказвае i смяецца:

– Адзін вып'е, дык біцца лезе, плявузгае, што сліна вярзе, другі ўжо i спіць, сапе-храпе за сталом, а мой... Мой усіх бабаў на той бяседзе перацалуе!.. (Паўза на смех.) I сваіх, i чужых, каторую дык першы раз бачачы... (Зноў паўза.) I няхай сабе!.. Бо ж i спявае яшчэ, заўсёды адно: «Бацька добры, бацька добры, a маці ліхая!» Што пра сябе, што пра мяне... Смех, дый годзе!

* * *

Як жа даўно гэта было! – вясною сорак сёмага. Можа, таму i помніцца так светла, што гэта была маладосць, дый не толькі мая, але i ў нашмат старэйшых сяброў, з якімі i я прыехаў у Брэст, праводзіць нараду маладых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Прыехалі мы даволі вялікім гуртам, i здарылася так, што месцаў на ўсіх у гасцініцы не хапіла i нас трох – Піліпа Пестрака, Васіля Вітку i мяне – памясцілі ў нейкім доме пры абкоме партыі, у вялікім светлым пакоі.

Вітку я тады ведаў меней, ён мне нават здаваўся залішне строга маўклівым, i ў жыцці, i ў паэзіі. А Пестрак не даваў нам дапозна заснуць сваімі, амаль заўсёды цікавымі, апавяданнямі з падпольнай, турэмнай, партызанскай i проста палескай мінуўшчыны, на што ён быў майстрам, з тых, у каго на паперы тое самае выглядае значна сушэй i шарэй.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю