Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 15 страниц)
Прачуў пра ўсё гэта малодшы сынок, якога ўсе Гансам-дурненькiм звалi, ды пачаў прасiць у бацькi, каб той дазволiў i яму аднесцi яблыкi ў замак.
– Ага, – кажа бацька, – разумныя хадзiлi ўжо, ды не ўправiлiся, навошта ж табе, дурненькаму, iсцi?
Але хлапчук не пераставаў прасiць:
– Дазвольце, татачка, мне так хочацца пайсцi!
– Што ж, iдзi, дурненькi, усё роўна нiчога з гэтага не будзе. Пачакай лепей, пакуль паразумнееш, – адказаў стары i пачаў ушчуваць яго ды бэсцiць.
Але Ганс на лаянку ды папрокi не звяртаў увагi.
– Не ўжо, дазвольце, татачка ў замак пайсцi i мне!
– Ну, мне што, iдзi, – кажа бацька, – усё адно нi з чым дадому вернешся.
Узрадаваўся Ганс, аж заскакаў.
– Ды ты, як бачу, што нi дзень усё дурнейшы робiшся, – зноў прамовiў бацька.
Але Ганс увагi на гэта не звяртаў, i настрой у яго нiколечкi не сапсаваўся.
Надыходзiла ноч, i Ганс вырашыў пачакаць да ранiцы, а потым як раней падацца да каралеўскага замка. Уначы ён анiяк не мог заснуць, а калi пачынаў драмаць, яму мроiлiся прыгажунi дзяўчаты, розныя палацы, золата ды срэбра i iншыя падобныя рэчы. На самым досвiтку ён рушыў у дарогу i неўзабаве сустрэўся з маленькiм чалавечкам у той самай старэнькай камiзэльцы, i чалавечак спытаўся ў яго, што ён нясе ў кошыку. Ганс сказаў яму, што нясе яблыкi каралеўне, i калi тая пакаштуе iх, дык адразу i здароўе да яе вернецца.
– Ну, – сказаў чалавечак, – хай жа так яно i будзе!
Але ў каралеўскi замак яго пускаць анiяк не хацедi. Яму расказалi, што двое нейкiх прыходзiлi ўжо i казалi, што ў iх яблыкi, але ж у кошыку ў аднаго былi жабяняты, а ў другога свiная шчэць. Аднак Ганс стаяў на сваiм. У яго, маўляў, анiякiя не жабяняты, а самыя найцудоўнейшыя яблыкi, якiя толькi ёсць ува ўсiм каралеўстве. Калi ён усё гэта растлумачыў, дык вартаўнiк падумаў, што гэты, бадай, не хлусiць, ды прапусцiў яго. I вось прынёс Ганс да караля свой кошык, адчынiў яго, i кароль убачыў, што ў iм залацiстыя яблыкi. Кароль так узрадаваўся, што загадаў неадкладна аднесцi iх да каралеўны i стаў у нецярпеннi ды страху чакаць, як яны на яе падзейнiчаюць. Прайшло няшмат часу, i вось паведамляюць яму радасную вестку. Але хто ж нясе яе каралю? Сама каралеўна! Толькi пакаштавала яна гэтых яблыкаў, як хвароба ўмомант пакiнула яе, i яна саскочыла з ложка. Як узрадаваўся кароль, нават i апiсаць немагчыма.
Цяпер не захацелася каралю сваю дачку замуж за Ганса аддаваць, i ён сказаў:
– Ты зрабi мне спачатку дзевяць такiх чоўнiкаў, каб па сухой зямлi лепш чым па вадзе хадзiлi.
Ганс згадзiўся на такую ўмову, вярнуўся дадому i распавёў бацьку пра ўсё, што з iм здарылася. Паслаў тады стары Ульрыха ў лес i загадаў яму зрабiць такiя чоўнiкi, як было сказана. Працаваў Ульрых старанна, Да таго ж яшчэ i насвiстваў. I вось апоўднi, калi сонца стаяла над самай галавой, раптам з'явiўся той маленькi чалавечак ды спытаўся ў яго, што ён майструе.
Ульрых адказаў:
– Драўляны посуд.
I прамовiў маленькi чалавечак:
– Што ж, хай жа так яно i будзе!
I вось, калi надышоў вечар, падумаў Ульрых, што чоўнiкi, бадай, гатовыя, i хацеў у адзiн з iх сесцi, але ўсе яны аказалiся драўляным посудам.
На другi дзень пайшоў у лес сярэднi сын, Самуэль, але i з iм здарылася тое самае, што з Ульрыхам.
На трэцi дзень пайшоў дурненькi Ганс. Працаваў ён руплiва, па ўсiм лесе чулiся моцныя ўдары ягонай сякеры. Працуючы, ён таксама напяваў ды весела насвiстваў. I з'явiўся апоўднi той самы чалавечак ды спытаўся ў яго, што ён майструе.
– Чоўнiкi раблю, якiя маглi б хадзiць па вадзе i па сушы. А вось як скончу работу, дык выдадуць за мяне замуж каралеўну.
– Ну што ж, – сказаў чалавечак, – хай жа так яно i будзе!
Увечары, калi сонца пачало садзiцца, Ганс таксама скончыў сваю работу над чоўнiкамi, караблямi ды суднамi. Сеў ён у адзiн з iх ды паплыў сабе проста да каралеўскага замка. I ляцеў ягоны чоўнiк хутка, як вецер. Кароль убачыў яго яшчэ здалёк, але ўсё нiяк не згаджаўся выдаць сваю дачку за Ганса замуж i сказаў:
– Ты мусiш спачатку ад вiдна да вiдна пасвiць сотню зайцоў, i калi хоць адзiн з iх уцячэ ад цябе, дык замуж я за цябе дачку не выдам.
Ганс згадзiўся на гэта i, не марудзячы, наступнае ранiцы, ледзь пачало на дзень брацца, пагнаў сваю чараду ў поле ды так уважлiва пасвiў, што нi адзiн заяц не ўцёк ад яго. Праз некалькi гадзiн прыходзiць з замка служанка ды кажа Гансу, каб ён даў аднаго зайца, – ёй загадана, маўляў, засмажыць яго для гасцей. Але Ганс хутка сцямiў, да чаго справа хiлiцца, ды сказаў служанцы, што не дасць ёй анiводнага, бо яму за кожнага зайца перад каралём адказваць давядзецца. З'явiлася служанка яшчэ раз увечары з такою самаю просьбай, але Ганс ёй сказаў, што вось калi сама каралеўна, маўляў, з'явiцца, дык ён дасць ёй зайца. Далажыла служанка пра гэта ў замку, i вось пайшла сама каралеўна да Ганса. I падышоў у гэты час да Ганса той маленькi чалавечак ды спытаўся, што ён робiць.
– Эх, вось павiнен напапасваць я цэлую сотню зайцоў, ды так, каб нiводзiн не ўцёк з чарады, а за гэта ажанюся я з каралеўнай i каралём зраблюся.
– Добра, – сказаў чалавечак, – вось табе ражок, як толькi якi-небудзь з зайцоў уцячэ, зайграй у яго, i заяц вернецца назад.
I вось, калi з'явiлася каралеўна, паклаў ёй Ганс зайца ў фартушок. Але не прайшла яна i ста крокаў, як зайграў Ганс у свой ражок, i заяц – скок з фартушка! Ды вярнуўся ў чараду.
Надышоў вечар, зайграў Ганс у свой ражок, сабраў усю чараду вакол сябе, пералiчыў усiх зайцоў ды пагнаў iх да замка. Быў кароль надта здзiўлены, што здолеў Ганс цэлую сотню зайцоў напапасваць i што нiводзiн не ўцёк; а ўсё-ткi не хацеў выдаць дачку за Ганса ды сказаў:
– Ты спачатку здабудзь мне пяро з крыла птушкi Грыфа!
Доўга не думаючы, падаўся Ганс у дарогу i смела пакрочыў наперад.
Увечары падышоў ён да нейкага замка, папрасiўся пераначаваць; i прыняў яго ўладар замка вельмi ветлiва ды спытаўся, куды ён iдзе.
Кажа Ганс у адказ:
– Я iду да птушкi Грыфа.
– Вось як, да птушкi Грыфа? Гэтая птушка ўсё ведае. А я якраз згубiў ключ ад куфэрачка з грашыма i нiяк не магу знайсцi яго. Папрасiў бы ты птушку Грыфа сказаць, дзе мне ключ знайсцi.
– Добра, – згадзiўся Ганс, – абавязкова спытаюся.
Рана ранiчкай выйшаў Ганс, iшоў-iшоў i прыйшоў да другога замка i ў iм таксама застаўся начаваць. Калi людзi даведалiся, што iдзе ён да птушкi Грыфа, яму сказалi, што ў гаспадароў замка хворая дачка; ужо ўсе лекi перавыпрабавалi, нiшто ёй не дапамагае; дык цi нельга, маўляў, спытацца ў птушкi Грыфа, чым вылекаваць дачку.
Ганс адказаў, што ахвотна зробiць гэта, ды падаўся далей ў дарогу. Падыходзiць да ракi, бачыць, што на ёй замест парому велiзарны чалавек на сабе людзей пераносiць.
Спытаўся чалавек у Ганса, куды ён iдзе.
– Iду да птушкi Грыфа, – адказаў Ганс.
– Ну, калi ты прыдзеш да птушкi Грыфа, дык спытайся ў яе, цi доўга мне яшчэ ўсiх людзей на сабе цераз рэчку пераносiць?
Ганс сказаў:
– Дальбог, абавязкова спытаюся!
I перанёс яго чалавек на плячах цераз раку. Нарэшце прыйшоў Ганс да хаты птушкi Грыфа, але была ў хаце толькi ягоная жонка; а Грыфа-птушкi не было. I спыталася Грыфава жонка, што яму трэба? Ганс усё распавёў: што, маўляў, патрэбна яму пяро з крыла птушкi Грыфа; i хацеў бы ён яшчэ задаць яму пытаннi людзей, якiх ён напаткаў па дарозе: што згублены, маўляў, у адным замку ключ ад куфэрка з грашыма, i трэба спытацца ў Грыфа, дзе яго знайсцi; а ў другiм замку гаспадарова дачка хварэе, i анiхто не ведае, як яе вылекаваць; i што ёсць на рацэ перавозчык, дык чаму ён павiнен бясконца пераносiць людзей цераз раку на сабе.
I кажа жонка птушкi Грыфа:
– Доўга, любы мой дружа, нельга з птушкай Грыфам гутарыць ахрышчанаму чалавеку, бо ён з'ядае iх усiх! Калi птушка Грыф вернецца, ты схавайся пад ложак, ды ляжы там; я буду пытацца ў яго, а ты адказы ягоныя ўважлiва слухай, а ўначы, калi ён будзе моцна спаць, ты i вырвi ў яго пяро з крыла.
Ганс так i зрабiў, забраўся пад ложак ды лёг там. Пад вечар вярнуўся Грыф-птушка дадому, i толькi ўвайшоў у пакой, кажа да жонкi:
– Жонка, чую-чую ахрышчанага чалавека.
– Так, – кажа жонка, – быў тут адзiн такi ды пайшоў.
I птушка Грыф змоўк, нiчога не сказаўшы на гэта. А ўначы, ледзь толькi ён моцна заснуў i захроп, вылез Ганс з-пад ложка ды вырваў у яго пяро з крыла.
Раптам прачнуўся птушка Грыф i кажа:
– Жонка, я чую ахрышчанага чалавека i мне здаецца, што нехта мяне па крыле драпнуў.
Кажа жонка:
– Гэта, вiдаць, табе саснiлася, – я ўжо казала табе: быў тут адзiн ахрышчаны, ды пайшоў. Ён расказваў мне пра ўсялякую ўсялячыну. Быццам у нейкiм замку ключ згубiўся ад куфэрачка з грашыма, i анiяк не могуць яго знайсцi.
– Вось дурнi! – сказаў Грыф-птушка. – Ключ жа ляжыць пад парогам за дзвярыма ў драўлянай хаце.
– I расказваў ён мне яшчэ, што ў адным замку дачка гаспадароў хварэе i не могуць знайсцi сродку, каб яе вылекаваць.
– Вось жа дурнi! – сказаў Грыф-птушка. – Гэта ж сядзiць пад парогам у склепе рапуха, ёсць у яе там гняздо, яна звiла яго з валасоў той дзяўчыны. Трэба валасы гэтыя ў рапухi забраць, i дзяўчына зноў будзе здаровая.
– Ды яшчэ расказваў ён, што недзе чалавек замест парому на плячах людзей пераносiць цераз раку.
– Вось дурань! – сказаў Грыф-птушка. – Варта яму ўсяго толькi аднаго з сябе скiнуць, i не будзе ён болей нiколi пераносiць нiкога.
Ледзь толькi ўзялося на свiтанак, узняўся Грыф-птушка ды паляцеў. Вылез Ганс з-пад ложка, узяў з сабой цудоўнае пяро ды ўсё добра запомнiў, што казаў Грыф-птушка – i пра ключ, i пра хворую дзяўчыну ў замку, i пра перавозчыка. А Грыфава жонка ўсё гэта яму яшчэ раз паўтарыла, каб ён не забыў чаго. Потым ён зноў падаўся ў дарогу. Але спачатку прыйшоў на раку да перавозчыка, i калi той спытаўся, што адказаў Грыф-птушка, Ганс сказаў:
– Ты спачатку мяне перанясi, а потым я табе скажу.
Перанёс яго на другi бераг перавозчык, i сказаў яму Ганс, што варта яму ўсяго толькi аднаго скiнуць з сябе ў ваду, i яму нiкога больш пераносiць не давядзецца. Дужа ўзрадаваўся перавозчык i прапанаваў| яму ва ўдзячнасць перанесцi яго яшчэ раз. Але Ганс адмовiўся. Няхай, маўляў, паберажэ свае сiлы, што ён i гэтым задаволены, – ды пайшоў сабе далей.
Прыйшоў ён да таго замка, дзе была дачка хворая; пасадзiў яе сабе на плечы, бо яна хадзiць сама не ўмела, аднёс яе па прыступках у склеп, выцягнуў жабiна гняздо з-пад нiжняй прыступкi, падаў яго ў рукi хворай, – i яна той жа час акрыяла, саскочыла з ягоных плячэй ды пабегла па прыступках уверх зусiм здаровая. Вялiкая радасць была ў бацькi з маткаю, яны абдарылi Ганса залатымi ды срэбнымi падарункамi i гатовыя былi аддаць яму ўсё, што б ён нi пажадаў.
Прыйшоў Ганс да другога замка i адразу накiраваўся ў драўляную хату, – i сапраўды знайшоў ён там пад парогам ключ i прынёс яго гаспадару замка. I гэты таксама дужа ўзрадаваўся i даў Гансу за гэта ва ўзнагароду шмат золата, што захоўвалася ў яго ў куфэрку, i яшчэ нямала ўсялякага дабра, – кароў, i авечак, i коз.
Калi Ганс вярнуўся з усiмi гэтымi падарункамi – з грашыма, золатам, срэбрам, з каровамi, авечкамi ды козамi, кароль спытаўся ў яго, дзе ён усё гэта здабыў? I Ганс яму распавёў, што птушка Грыф дае кожнаму ўсё, што той пажадае. I падумаў кароль, што i ён мог бы бадай што, атрымаць не меней, i падаўся ў дарогу да птушкi Грыфа. Але калi ён падышоў да перавоза, а пасля Ганса ён з'явiўся туды першы, дык перавозчык адразу ж i скiнуў яго з сябе ў раку, i кароль патануў. А Ганс ажанiўся з каралеўнай i зрабiўся каралём.
МАЛЕНЬКIЯ ЧАЛАВЕЧКI
Жыў на свеце шавец. Грошай у яго зусiм не было. I гэтак ён нарэшце збяднеў, што застаўся ў яго толькi адзiн кавалак скуры на пару ботаў. Выкраiў пад вечар ён з гэтай скуры загатоўкi для ботаў i падумаў: "Лягу я спаць, а заўтра падымуся раней i пашыю боты".
Так ён i зрабiў: лёг i заснуў. А ранiцай прачнуўся, памыўся i хацеў садзiцца за працу – боты шыць. Але глядзiць – работа яго ўжо гатова – пашыты боты.
Вельмi здзiвiўся шавец. Ён не ведаў нават, як такi выпадак можна растлумачыць.
Узяў ён боты i пачаў iх уважлiва разглядваць.
Як добра былi яны пашыты! Нi аднаго шыўка няправiльнага. Адразу было вiдаць, што адмысловы майстар тыя боты шыў. А хутка знайшоўся i пакупнiк на боты. I так яны яму спадабалiся, што заплацiў ён за iх вялiкiя грошы. Змог цяпер шавец купiць сабе скуры на дзве пары ботаў. Скроiў ён вечарам дзве пары i думае: "Лягу я зараз спаць, а ранiцай на зары ўстану i пачну шыць".
Падняўся ён ранiцай, памыўся, глядзiць – гатовы абедзве пары ботаў.
Пакупнiкi зноў хутка знайшлiся. Вельмi iм спадабалiся боты. Заплацiлi яны шаўцу вялiкiя грошы, i змог той купiць сабе скуры на цэлыя чатыры пары ботаў.
На наступную ранiцу i гэтыя чатыры пары былi гатовы.
I так пайшло з гэтага часу кожны дзень. Што скроiць вечарам шавец, тое да ранiцы пашыта ўжо.
Скончылася ў шаўца беднае ды галоднае жыццё.
Аднойчы вечарам скроiў ён, як заўсёды, боты, але перад сном раптам гаворыць сваёй жонцы:
– Слухай, жонка, а што, калi сёння ноччу не класцiся спаць, а паглядзець, хто гэта нам боты шые?
Жонка абрадавалася i сказала:
– Зразумела, не будзем класцiся, давай паглядзiм.
Запалiла жонка свечку на стале, потым схавалiся яны ў кутку пад адзеннем i пачалi чакаць.
I вось роўна ў поўнач прыйшлi ў пакой маленькiя чалавечкi. Селi яны за шавецкi стол, узялi сваiмi маленькiмi пальчыкамi накроеную скуру i пачалi шыць.
Яны так жвава i хутка тыкалi шыламi, шылi ды пастуквалi малаткамi, што шавец ад здзiўлення не мог адарваць ад iх вачэй. Яны працавалi да таго часу, пакуль не пашылi ўсе боты. А калi апошняя пара была гатова, саскочылi чалавечкi са стала i адразу знiклi.
Ранiцай жонка кажа мужу:
– Маленькiя чалавечкi зрабiлi нас багатымi. Трэба i нам зрабiць для iх што-небудзь добрае. Прыходзяць чалавечкi да нас па начах, адзення на iх няма, i, напэўна, iм вельмi холадна. Ведаеш, што я прыдумала: пашыю я кожнаму з iх куртачку, кашульку i штонiкi. А ты iм боцiкi змайструй.
Выслухаў жонку муж i гаворыць:
– Добра ты прыдумала. Вось жа яны, мусiць, абрадуюцца!
Аднойчы вечарам паклалi яны свае падарункi на стол замест выкраенай скуры, а самi зноў схавалiся ў кутку i пачалi чакаць маленькiх чалавечкаў.
Роўна ў поўнач, як заўсёды, прыйшлi ў пакой маленькiя чалавечкi. Яны скочылi на стол i хацелi адразу ж узяцца за работу. Але глядзяць – на стале замест скроенай скуры ляжаць чырвоныя кашулькi, касцюмчыкi i стаяць маленькiя боцiкi.
Адразу здзiвiлiся маленькiя чалавечкi, а пасля вельмi абрадавалiся.
Хутка-хутка адзелi свае прыгожыя касцюмчыкi i боцiкi, затанцавалi i заспявалi:
– Славiм мы ўборы хорам
Болей нечага тужыць!
Рады мы сваiм уборам
I не будзем боты шыць!
Доўга спявалi, танцавалi i скакалi цераз крэслы i лаўкi маленькiя чалавечкi. Потым яны знiклi i больш ужо не прыходзiлi шыць боты. Але шчасце i ўдача не пакiдалi з таго часу шаўца праз усё яго доўгае жыццё.
ШЭСЦЬ СЛУГ
Даўным-даўно жыла старая каралева. Была яна вядзьмарка. А дачка яе прыгажуня на ўвесь белы свет. Але яна пра яе мала клапацiлася. Усё болей пра сваё вядзьмарства.
Прыходзiць, напрыклад, да дачкi жанiх. А яна яму свае заданнi дае. Хлопец дзеля нявесты пагаджаецца, а таго не ведае, што заданнi ў старой каралевы вядзьмарскiя, iх нельга выканаць. Вось i ставiлi смельчакоў на каленi, адсякалi iм галовы.
Пачуў адзiн каралевiч пра незвычайную прыгажосць дзяўчыны, кажа свайму бацьку:
– Дазвольце мне схадзiць у сваты да прыгажунi.
– Я не магу табе дазволiць, – адказаў кароль. – Калi пойдзеш туды, то назад ужо не вернешся.
Пасля гэтага каралевiч моцна захварэў. Праляжаў у ложку ажно сем гадоў. Нiводзiн лекар не мог яго вылечыць. Зразумеў бацька, што сын жыве адной надзеяй, i з сумам у сэрцы сказаў:
– Адпраўляйся да прыгажунi i паспрабуй шчасця. Я бяссiльны табе дапамагчы.
Як пачуў гэта каралевiч, падняўся з ложка, адчуў сябе здаровым. Весела рушыў у шлях-дарогу.
Ехаў ён на канi цераз пустку, бачыць, ляжыць у полi як бы вялiкая капа сена. Пад'ехаў блiжэй i вачам сваiм не паверыў. Там ляжаў вялiзны чалавек. Пуза ў яго было падобна на невялiкi пагорак. Убачыў таўстун вандроўнiка, падняўся ў поўны рост, кажа:
– Калi вам патрэбен слуга, вазьмiце мяне з сабою.
Каралевiч засумняваўся:
– Ды што мне з такiм цельпуком рабiць?
– О, – сказаў таўстун, – гэта што, вось калi я раздзьмуся ва ўсю моц, то стану ў тры тысячы разоў таўсцейшым.
– Калi так, – пагадзiўся каралевiч, – ты мне спатрэбiшся. Iдзi за мной!
Пайшоў таўстун за каралевiчам. Праз нейкi час сустрэлi яны яшчэ аднаго чалавека. Той ляжаў на зямлi вухам да травы.
– Што ты тут робiш? – спытаў каралевiч.
– Прыслухваюся, – адказаўчалавек.
– Да чаго?
– Прыслухваюся, што цяпер робiцца ў свеце. Ад мяне нiчога не ўтоiцца. Я чую нават, як расце трава.
Каралевiч пацiкавiўся:
– Скажы, што ты чуеш у двары старой каралевы, у якой дачка прыгажуня?
– Чую, як меч свiшча, галаву жанiху адсякаюць.
Каралевiч вырашыў:
– Ты мне спатрэбiшся. Iдзi за мной!
Рушылi яны далей. У хуткiм часе прыкмецiлi чалавечыя ногi са ступнямi. Праехалi яшчэ нямала пакуль убачылi тулава, а пасля i саму галаву.
– Эй! – здзiвiўся каралевiч. – Ты доўгi, як вялiкi канат.
– Гэта што, – адказаў незнаёмец, – калi я выцягнуся як след, то зраблюся ў тры тысячы разоў даўжэйшым i большым за самую высокую гару на зямлi. Я мог бы служыць вам, калi возьмеце з сабой.
– Iдзi за мной! Ты мне спатрэбiшся.
Па дарозе сустрэлi яшчэ аднаго чалавека. Той сядзеў з завязанымi вачыма.
– Можа, у цябе вочы хворыя? – спытаў каралевiч.
– Ды не, – адказаў незнаёмец, – калi я здыму павязку i зiрну на што-небудзь, то ўсё разляцiцца на кавалкi.
– Добра, iдзi за мной! Ты мне спатрэбiшся.
Пайшлi яны далей усе разам. Ды раптам знайшлi на дарозе новага чалавека. Ён ляжаў на самым сонцапёку i трымцеў. Яго калацiла так, што зуб на зуб не трапляў.
– Чаму табе так холадна? – спытаў каралевiч.
– Ах, – адказаў чалавек, – у мяне такая натура: чым гарачэй у прыродзе, тым халадней мне, i наадварот: чым халадней, тым мне гарачэй. На лёдзе я пакутую ад спёкi, а ў агнi – ад холаду.
– Дзiўны чалавек! – сказаў каралевiч. – Калi хочаш мне служыць, то iдзi за мной.
Пайшлi яны далей. Бачаць, стаiць чалавек, узiраецца ў горы.
– Што ты там бачыш? – цiкавiцца каралевiч.
– У мяне такi востры зрок, што я ўсё бачу праз лес, поле, горы, далiны. Праз увесь свет бачу!
Сказаў каралевiч:
– Калi хочаш, iдзi за мной. Такога ў мяне яшчэ няма.
Так з шасцю сваiмi слугамi каралевiч завiтаў у горад, дзе жыла старая каралева. Ён не аб'явiў, хто такi, а сказаў:
– Калi вы згодны выдаць за мяне вашу дачку-прыгажуню, я выканаю ўсё, што загадаеце.
Узрадавалася вядзьмарка, што зноў трапiў да яе такi цудоўны юнак, i кажа:
– Я задам табе трайную задачу. Калi выканаеш кожную з iх, станеш мужам маёй дачкi.
– Якая твая першая задача? – спытаў каралевiч.
– Ты павiнен дастаць мой пярсцёнак, якi я ўпусцiла ў Чырвонае мора.
Вярнуўся каралевiч дамоў да сваiх слуг, расказаў i пра свой клопат.
Адгукнуўся той, якi меў востры зрок:
– Я пагляджу, дзе пярсцёнак ляжыць.
Зiрнуў ён у глыб мора, сказаў:
– Вiсiць ён там на вострым каменi.
За далейшую працу ўзялiся Даўгалыгi i Таўстун. Падышлi яны да мора. Таўстун улёгся на зямлю, падставiў рот да вады. I паплылi хвалi яму ў рот, як бы ў бездань якую. Выпiў ён усё мора. Стала яно сухое, як луг. Тады нагнуўся Даўгалыгi i дастаў рукой пярсцёнак.
Узрадаваўся каралевiч, калi атрымаў знаходку. Панёс старой каралеве. Здзiвiлася тая i кажа:
– Так, гэта мой пярсцёнак! Першую задачу ты выканаў. Цяпер чарга за другой. Бачыш, вунь на лузе перад маiм замкам пасвяцца трыста быкоў. Ты павiнен iх усiх з'есцi. Разам са скурай, поўсцю, косткамi, рагамi. А ўнiзе ў склепе стаiць трыста бочак вiна. Ты павiнен iх усе выпiць. Калi ад быкоў застанецца хоць адна валасiнка, а ад вiна хоць адна кропля, развiтвайся са сваiм жыццём.
Каралевiч удакладнiў:
– А цi можна да сябе гасцей запрасiць? Без людзей i абед нясмачны.
Злосна засмяялася старая i адказала:
– Каб не быць табе ў адзiноце, запрасi каго-небудзь. Але толькi аднаго!
Пайшоў каралевiч да сваiх слуг i сказаў Таўстуну:
– Будзеш маiм госцем.
А той даўно марыў уволю наесцiся. Раздзьмуўся Таўстун i з'еў трыста быкоў. I валасiнкi ад iх не засталося. Пасля ў адзiн мiг выпiў усё вiно з бочак. Вылiзаў да апошняй кроплi на затычцы.
Закончыўся абед. Каралевiч з'явiўся да старой, паведамiў, што другая яе задача выканана. Здзiвiлася тая i кажа:
– Гэтага яшчэ нiводзiн чалавек выканаць не мог. Але ёсць для цябе яшчэ трэцяя задача. Вечарам я прывяду ў тваю спальню сваю дачку. Калi будзеце сядзець побач, глядзi, каб не заснуў. Я сама праверу апоўначы. Калi заснеш загiнеш!
Падумаў каралевiч: "Гэта лёгкая задача. Хiба можна заснуць з маладой дзяўчынай?" Ён усё-ткi клiкнуў сваiх слуг, параiўся з iмi, а пасля прапанаваў:
– Хто ведае, на якую хiтрасць заманьвае вядзьмарка. Прашу вас: пастойце на варце, сачыце, каб дзяўчына не выйшла з маёй спальнi.
Вечарам з'явiлася старая са сваёй дачкой i перадала яе ў рукi каралевiчу. Абкруцiўся Даўгалыгi вакол iх, а Таўстун стаў ля дзвярэй. Нiводная душа не змагла туды трапiць.
Сядзелi маладыя моўчкi. Месячык высвечваў прыгожы твар дзяўчыны. Каралевiч не зводзiў вачэй з нявесты. Пачуццё радасцi i кахання агарнулi яго душу. Так доўжылася да адзiнаццацi гадзiн. Ды раптам вядзьмарка напусцiла на ўсiх свае чары. Усе заснулi. У гэты мiг дзяўчына знiкла.
Прачнулiся яны, калi да апоўначы заставалася ўсяго пятнаццаць хвiлiн.
– Вох, якое няшчасце! – усклiкнуў каралевiч. – Цяпер я загiну.
Даўгалыгi i Таўстун таксама адчувалi сябе няёмка: падвялi гаспадара. Тады ўмяшаўся Слухач:
– Цiха, дайце мне прыслухацца.
Паслухаў ён крыху i кажа:
– Яна сядзiць на скале i плача. Iсцi да яе – трыста гадзiн. Даўгалыгi, калi выцягнецца ў поўны рост, зможа дайсцi да яе за некалькi крокаў.
– Добра, – адказаў Даўгалыгi, – але хай са мной пойдзе Вастравокi.
Так яны i зрабiлi.
У адзiн мiг слугi каралевiча былi ля скалы. Зняў Вастравокi павязку з вачэй, толькi зiрнуў на высокую скалу, яна i развалiлася на тысячу кавалкаў. Узяў Даўгалыгi дзяўчыну на рукi i тут жа прынёс яе назад. Перанёс i свайго сябра Вастравокага.
Не паспеў гадзiннiк прабiць дванаццаць, а маладыя зноў сядзелi ў пакоi, бадзёрыя i вясёлыя, як бы нiколi не развiтвалiся.
Убачыла iх вядзьмарка, затрэслася ад злосцi, перапалохалася i сказала сама сабе:
– Гэты жанiх мацнейшы за мяне!
Што ж, трэба выдаваць дачку замуж. I тут вядзьмарка выкарыстала свой апошнi шанец. Яна падгаварыла дачку, каб тая прызначыла сваё выпрабаванне для жанiха. I дачка прыдумала.
Яна загадала прывезцi ранiцай трыста вязанак дроў. Распалiлi касцёр, i каралеўна папрасiла каго-небудзь са слуг сесцi на вогнiшча. Яна думала так: нiхто не захоча смажыцца на агнi. Тады, можа, сам каралевiч будзе гатовы ўвайсцi ў касцёр. А гэта смерць для яго, пра што марыць яе мацi.
Слугi сказалi каралевiчу:
– Мы тое-сёе для цябе зрабiлi. Цяпер чарга Мерзляку праявiць сябе.
– Я не супраць! – адгукнуўся той.
Склалi дровы, пасадзiлi пасярод iх Мерзляка, падпалiлi. Зыркi касцёр гарэў цэлых тры днi. Калi полымя згасла, бачаць усе дзiўны малюнак: стаiць Мярзляк на папялiшчы i дрыжыць, што асiнавы лiст, кажа:
– За ўсё сваё жыццё так холадна не было, як у гэтыя днi...
I давялося цудоўнай дзяўчыне даць згоду выйсцi замуж за невядомага юнака. А вядзьмарка нiяк не магла супакоiцца, усё паўтарала: "Як перанесцi такую ганьбу".
Вось паехалi маладыя ў царкву павянчацца. Вядзьмарка паслала наўздагон iм сваё войска. Загадала: знiшчыць усё, што трапiцца на шляху, i вярнуць назад дачку.
Але гэты загад падслухаў каралевiчаў слуга Слухач. Пытаецца ў Таўстуна:
– Як нам цяпер быць?
Таўстун ведаў што рабiць. Ён некалi выпiў цэлае мора. Цяпер варта было яму плюнуць раз-другi i разлiлося за карэтай вялiкае возера. Вядзьмарчына войска ў тым возеры ўтапiлася.
Даведалася пра бяду вядзьмарка i паслала наўздагон маладым сваiх закаваных у браню коннiкаў. Слухач пачуў звон i ляск даспехаў, зняў у Вастравокага павязку з вачэй, – палопалiся коннiкi, што шклiны.
Далей жанiх i нявеста ехалi спакойна. Абвянчалiся ў царкве. Першымi iх павiншавалi верныя слугi i сказалi:
– Вашы жаданнi выкананы. Мы вам больш не патрэбны. Пойдзем падарожнiчаць далей ды шукаць сваё шчасце.
Развiталiся. Слугi пайшлi сваёй дарогай. Маладажоны – сваёй.
Вырашыў каралевiч выпрабаваць сваю маладую жонку. У паўгадзiны хадзьбы ад замка была вёска. Пасвiў ля яе свой статак свiнапас. Пад'ехалi яны да яго, каралевiч i кажа жонцы:
– А цi ведаеш ты, хто я? Я ж зусiм не каралевiч, а свiнапас. А той вунь, хто пасе свiней, мой родны бацька. Нам трэба яму дапамагчы.
Выйшаў каралевiч з карэты, зайшоў у харчэўню, тайна шапатнуў гаспадарам, каб тыя ноччу аднялi ў каралевы плацце.
Прачнулася яна ранiцай, а няма ў што адзецца. Дала ёй гаспадыня сваю старую спаднiцу ды шарсцяныя панчохi, зрабiла выгляд, што гэта вялiкi падарунак, сказала:
– Каб не ваш муж, я вам не дала б нiчога.
I паверыла каралеўна, што яе муж i напраўду свiнапас. Пачала разам з iм пасвiць статак. Дакарала сябе: "Я гэтага заслужыла за свае высакамер'е i ганарыстасць".
Так прадаўжалася восем дзён. Ногi каралеўны пакрылiся ранамi. Далей трываць яна не могла. Тады падышлi да яе двое сялян, пытаюцца:
– А цi ведаеце вы, хто ваш муж?
– Як жа, ведаю, – кажа, – ён – свiнапас. Ён толькi што пайшоў, каб выручыць крыху грошай за перавяслы i аборы.
А сяляне ёй адказваюць:
– Пойдземце з намi, мы адвядзем вас да яго.
Прывялi каралеўну ў замак. Увайшла яна ў залу, бачыць, стаiць там яе муж у каралеўскiм уборы. Але яна яго не пазнала, пакуль ён не кiнуўся да яе ды не пацалаваў.
У апраўданне каралевiч сказаў:
– Мiлая, я так багата з-за цябе пакутаваў, што i ты павiнна была дзеля мяне пацярпець.
Адсвяткавалi яны сапраўднае вяселле. Пачалi шчаслiва жыць.
НЕРАЗУМНЫ ГАНС
Прыйшоў Ганс да мацi.
– Бывай, – кажа, – матухна.
Мацi пытае:
– Ты куды, Ганс, сабраўся?
Ганс адказвае:
– Iду Грэтэль праведаць, матухна.
Мацi кажа:
– Глядзi ж, будзь разумны.
Ганс адказвае:
– Буду, матухна.
Мацi кажа:
– Бывай, Ганс.
Ганс адказвае:
– Бывай, матухна.
Прыйшоў Ганс да Грэтэль.
– Добры дзень, Грэтэль.
– Добры дзень, Ганс. Што ты мне ў падарунак прынёс?
– Нiчога не прынёс, – кажа Ганс. – Ты сама мне што-небудзь падары.
Грэтэль дала яму iголку. Ганс кажа:
– Бывай, Грэтэль.
Грэтэль адказвае:
– Бывай, Ганс.
Узяў Ганс у Грэтэль iголку, пхнуў яе ў сена на возе i пайшоў за возам дадому. Прыйшоў Ганс дадому.
– Добры вечар, матухна, – кажа Ганс.
– Добры вечар, Ганс, – адказвае мутухна, – дзе ты быў?
– У Грэтэль я быў, – кажа Ганс.
– Што ты ёй падарыў? – пытае матухна.
– Нiчога не падарыў, сам ад яе ў падарунак iголку атрымаў.
– А дзе ж гэта iголка, Ганс? – пытае матухна.
– У сена на возе ўваткнуў.
– Неразумна ты зрабiў, Ганс, – кажа матухна. – Табе б яе да рукава прыкалоць.
– Добра, – кажа Ганс, – у другi раз так i зраблю.
Сабраўся зноў Ганс у дарогу.
Мацi кажа:
– Ты куды, Ганс, сабраўся?
Ганс адказвае:
– Iду Грэтэль праведаць, матухна.
Мацi кажа:
– Глядзi ж, будзь разумны, Ганс.
Ганс адказвае:
– Буду, матухна.
Мацi кажа:
– Бывай, Ганс.
Ганс адказвае:
– Бывай, матухна.
Прыйшоў Ганс да Грэтэль.
– Добры дзень, Грэтэль.
– Добры дзень, Ганс. Што ты мне ў падарунак прынёс?
– Нiчога не прынёс, – кажа Ганс. – Ты мне што-небудзь падары.
Грэтэль дала яму ножык.
Ганс кажа:
– Бывай, Грэтэль.
Грэтэль кажа:
– Бывай, Ганс.
Узяў Ганс ножык, уваткнуў ён яго ў рукаў i пайшоў дадому.
Прыйшоў Ганс дадому, а ножыка ў рукаве няма. Толькi дзiрка ў рукаве засталася.
– Добры вечар, матухна, – кажа Ганс.
– Добры вечар, Ганс, – адказвае матухна. – Дзе ты быў?
– У Грэтэль я быў, – кажа Ганс.
– Што ты ёй падарыў? – пытае матухна.
– Нiчога не падарыў. Сам ад яе ў падарунак ножык атрымаў.
– А дзе гэты ножык, Ганс?
– Ды я яго ў рукаў уваткнуў, ён i згубiўся.
– Неразумна ты зрабiў, Ганс, – кажа матухна. – Трэба было табе ножык у сумку пакласцi.
– Добра, – кажа Ганс, – у другi раз так i зраблю.
Вось зноў сабраўся Ганс у дарогу.
Мацi кажа:
– Ты куды, Ганс, сабраўся?
Ганс адказвае:
– Iду Грэтэль праведаць, матухна.
Мацi кажа:
– Глядзi ж, будзь разумны.
Ганс адказвае:
– Буду, матухна.
Мацi кажа:
– Бывай, Ганс.
Ганс адказвае:
– Бывай, матухна.
Прыйшоў Ганс да Грэтэль.
– Добры дзень, Грэтэль.
– Добры дзень, Ганс. Што ты прынёс мне ў падарунак?
– Нiчога не прынёс, – кажа Ганс. – Ты мне што-небудзь падары.
Грэтэль падарыла яму маленькую казу.
Ганс кажа:
– Бывай, Грэтэль.
Грэтэль кажа:
– Бывай, Ганс.
Узяў Ганс казу, засунуў яе ў сумку i пайшоў дадому.
Прыйшоў Ганс дадому.
– Добры вечар, матухна.
– Добры вечар, Ганс. Дзе ты быў?
– У Грэтэль быў.
– Што ты ёй падарыў?
– Нiчога не падарыў. Сам ад яе маленькую казу атрымаў.
– А дзе ж твая каза, Ганс?
– А я яе ў сумку засунуў, – кажа Ганс. – Яна там i задыхнулася.
– Неразумна ты зрабiў, Ганс, – кажа матухна. – Табе б казу на вяроўку прывязаць.
– Добра, – кажа Ганс, – у другi раз так i зраблю.
Сабраўся Ганс зноў у дарогу.
Мацi кажа:
– Ты куды, Ганс, сабраўся?
Ганс адказвае:
– Грэтэль праведаць, матухна.
Мацi кажа:
– Глядзi ж, будзь разумны.
Ганс адказвае:
– Буду, матухна.
Мацi кажа:
– Бывай, Ганс.
Ганс адказвае:
– Бывай, матухна.
Прыйшоў Ганс да Грэтэль.
– Добры дзень, Грэтэль.
– Добры дзень, Ганс. Што ты мне ў падарунак прынёс?
– Нiчога не прынёс, – кажа Ганс. – Ты мне што-небудзь падары.
Грэтэль дала яму вялiкi кавалак свiнога сала.
Ганс кажа:
– Бывай, Грэтэль.
Грэтэль кажа:
– Бывай, Ганс.
Узяў Ганс кавалак свiнога сала, прывязаў яго да вяроўкi i пацягнуў за сабой. Прыходзiць дадому, а за iм толькi вяроўка цягнецца.
– Добры вечар, матухна, – кажа Ганс.
– Добры вечар, Ганс. Дзе ты быў?
– У Грэтэль быў.
– Што ты ёй падарыў? – пытае матухна.
– Нiчога не падарыў, сам ад яе кавалак свiнога сала атрымаў, – кажа Ганс.
– А дзе ж свiное сала, Ганс?
– Прывязаў я яго да вяроўкi, пацягнуў дадому, ды па дарозе яго, пэўна, сабакi з'елi.
– Неразумна ты зрабiў, Ганс, – кажа матухна. – Табе трэба было сала на галаве несцi.
– Добра, – кажа Ганс, – у другi раз так i зраблю.
I зноў сабраўся Ганс у дарогу.
Мацi кажа:
– Ты куды сабраўся, Ганс?
Ганс адказвае:
– Грэтэль праведаць, матухна.
Мацi кажа:
– Глядзi, будзь разумны.
Ганс адказвае:
– Буду, матухна.
Мацi кажа:
– Бывай, Ганс.
Ганс адказвае:
– Бывай, матухна.
Прыйшоў Ганс да Грэтэль.
– Добры дзень, Грэтэль.
– Добры дзень, Ганс. Што ты мне прынёс у падарунак?
– Нiчога не прынёс, – кажа Ганс. – Ты мне што-небудзь падары.
Грэтэль падарыла Гансу цяляцi.
Ганс кажа:
– Бывай, Грэтэль.
Грэтэль кажа:
– Бывай, Ганс.
Узяў Ганс цяляцi, узвалiў яго сабе на галаву i панёс.
Нясе ён цяляцi на галаве, а цяляцi рвецца, брыкаецца, не хоча ў Ганса на галаве сядзець. Скiнуў Ганс цяляцi ў канаву, а сам прыйшоў дадому ўвесь у сiняках i гузаках.