Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 15 страниц)
Але цяпер сонца абагрэла зямлю, растапiла лёд, i яны ўжо, напэўна, праклалi дарогу са свайго падзямелля на волю, вылезлi наверх, усюды шнараць i цягнуць да сябе ўсё, што iм прыглянецца. А хай што трапiць iм у рукi i апынецца ў iх нары, не хутка выйдзе зноў на белы свет.
Шкада было Беласнежцы расставацца з добрым другам. Яна ў апошнi раз адчынiла яму дзверы. А ён, прабiраючыся мiма яе праз парог, зачапiўся неспадзявана за крук у дзвярах i вырваў кавалачак шэрсцi. I тут Беласнежцы падалося, што пад калматай мядзведжай шкурай блiснула золата... Але яна вачам сваiм не паверыла. Мядзведзь з усiх ног кiнуўся ўцякаць i, перш чым яна паспела аглянуцца, знiк за дрэвамi.
Неўзабаве пасля таго паслала мацi абедзвюх дачок у лес па хвораст. У глыбiнi лесу дзяўчаты ўбачылi вялiкае дрэва, паваленае бурай. Яшчэ здалёк яны заўважылi, што каля ствала ў траве штосьцi мiтусiцца, скача. Але што гэта такое – яны не маглi разабрацца.
Сёстры падышлi блiжэй i ўбачылi карлiка – маленькага дзядка з маршчынiстым тварам i доўгай, белай як снег барадой. Кончык яго барады трапiў у расколiну дрэва, i дзядок скакаў i мiтусiўся, нiбы сабачка на вяровачцы, але нiяк не мог вырвацца на волю.
Убачыўшы дзяўчат, ён выпучыў свае чырвоныя, iскрыстыя вачаняты i закрычаў:
– Чаго вы спынiлiся? Не можаце падысцi блiжэй i дапамагчы?
– Ды што ты тут робiш, дзядок? – сказала Красназорка.
– Неразумная цiкаўная гуска! – адказаў карлiк. – Я хацеў расшчапiць дрэва, каб нарыхтаваць сабе дробных дроўцаў для кухнi. На тоўстых паляняках прыгараюць нашы далiкатныя, лёгкiя стравы. Але мы ядзiм патрошку, а не напiхваем свае жываты, як вы, грубы, прагавiты народ!.. Я ўжо амаль загнаў у дрэва клiн, i ўсё iшло выдатна, ды праклятая дзеравяка папалася вельмi слiзкая i нi з таго нi з сяго выскачыла назад. Я не паспеў адскочыць, i маю цудоўную белую бараду прыхапiла, нiбы цiскамi. Вось яна i сядзiць у расколiне, i я, колькi нi б'юся, не магу вырвацца... Ды вы што смеяцеся, таўсташчокiя дурнiчкi? Цьфу, i глядзець на вас працiўна!
Дзяўчаты з усiх сiл iмкнулiся дапамагчы дзядку, але вызвалiць яго бараду iм нiяк не ўдавалася: вельмi ўжо моцна зацiснула яе расколiна.
– Я пабягу паклiчу людзей, – сказала Красназорка.
– Пустыя барановыя галовы! – заскрыпеў карлiк. – Вельмi патрэбна клiкаць сюды людзей! Хопiць з мяне i вас дваiх. Няўжо вы не можаце прыдумаць нешта лепшае?
– Пацярпi трошкi, – сказала Беласнежка. – Зараз я цябе выручу.
Яна выцягнула з кiшэнi маленькiя нажнiцы i адрэзала яму кончык барады.
Ледзь толькi адчуў сябе карлiк на свабодзе, схапiў схаваны ў карэннi дрэва i з коптурам напакаваны золатам мех, надзейна завязаў яго, выгукнуў бурклiва:
– Неачэсаны народ!.. Адхапiлi кавалак маёй цудоўнай барады... Каб вам пуста было!
З гэтымi словамi ён узвалiў мяшок на плечы i пайшоў, нават не глянуўшы на дзяўчат.
Праз некалькi дзён пасля таго Беласнежка i Красназорка вырашылi налавiць на абед рыбы. Прыйшоўшы на бераг ракi, яны ўбачылi вялiкага конiка, якi скакаў каля самай вады.
Яны падбеглi блiжэй i пазналi карлiка, якога нядаўна бачылi ў лесе.
– Ды што з табой? – спытала Красназорка. – Ты, здаецца, збiраешся скочыць у ваду?
– Я не такi дурань! – крыкнуў у адказ карлiк. – Няўжо вы самi не бачыце, што гэта праклятая рыба цягне мяне за сабой?
Сталася, што карлiк сядзеў на беразе i лавiў рыбу. На бяду, вецер захацеў пагуляць з яго доўгай барадой i накруцiў яе на лёску вуды. А тут, нiбы знарок, клюнула вялiкая рыбiна. У бяднягi не хапiла сiлы выцягнуць яе на бераг. Рыба адолела рыбака i пацягнула яго за сабой у ваду. Ён хапаўся за травiнкi i саломiнкi, але нiяк не мог утрымацца. Рыба кiдалася ў вадзе i цягала яго за сабой па беразе то ўправа, то ўлева... Яшчэ трохi, i яна пацягнула б яго на дно.
Дзяўчаты падаспелi якраз у час. Моцна схапiўшы карлiка, яны спрабавалi разблытаць яго бараду. Але дзе там! Барада i лёска так цесна пераплялiся, што думаць пра гэта было нечага.
Заставалася адно: зноў дастаць з кiшэнi маленькiя нажнiцы i адстрыгчы яшчэ жмут барады.
Ледзь толькi ляснулi нажнiцы, карлiк закрычаў не сваiм голасам:
– Ды дзе гэта бачана, жабы вы лупатыя, так нявечыць чалавека! Мала таго, што вы ўжо адхапiлi ў мяне канец барады, цяпер вы адрэзалi яе лепшую частку. Ды як я ў такiм выглядзе пакажуся! Ах, каб вы, уцякаючы, свае падэшвы пагублялi!..
Тут ён схапiў мяшок з жэмчугам, закiнуты ў чарот, i, не сказаўшы больш нi слова, знiк за каменем.
Прайшло яшчэ тры днi, i вось мацi паслала абедзвюх дачок у горад купiць iголак, нiтак, шнуркоў i стужак.
Дарога iшла цераз пустэльную раўнiну, па якой тут i там былi раскiданы агромнiстыя глыбы камянёў.
Дзяўчаты заўважылi, што ў небе лунае вялiкая птушка. Павольна кружачыся, яна апускалася ўсё нiжэй i нiжэй i нарэшце села непадалёк ад дзяўчат, каля адной са скал.
У тое ж iмгненне яны пачулi нейчы пранiзлiвы, жаласны крык.
Сёстры кiнулiся на дапамогу i з жахам убачылi, што ў кiпцюры арла трапiў iх стары знаёмы – сiвабароды карлiк. Птушка развiнула крылы i ўжо сабралася панесцi яго.
Дзяўчынкi з усiх сiл ухапiлiся за чалавечка i датуль тузалi i цягнулi яго да сябе, пакуль птушка не выпусцiла сваю здабычу.
Толькi апомнiўся карлiк ад перапалоху, як закрычаў сваiм скрыпучым, вiсклiвым галаском:
– Няўжо нельга было абысцiся са мной як-небудзь асцярожней? Вы на шматкi парвалi кафтанчык з такога тонкага сукна!.. Эх вы, нехлямяжыя, непаваротлiвыя дзеўчаняцi!
Ён падняў мяшок, на гэты раз напакаваны каштоўнымi камянямi, i шмыгнуў у якуюсьцi нару пад скалой.
А дзяўчаткi, зусiм не здзiвiўшыся, пайшлi далей: яны ўжо прывыклi да яго няўдзячнасцi.
Вечарам, скончыўшы ў горадзе свае справы, сёстры вярталiся той жа дарогай i зноў нечакана сустрэлi карлiка.
Выбраўшы чыстую, роўную мясцiну, ён вытрас са свайго мяшка каштоўныя камянi i разбiраў iх, не думаючы, што хто-небудзь так позна пойдзе каля скал.
У праменнях вячэрняга сонца блiскучыя каменьчыкi так цудоўна мiгацелi, пералiваючыся ўсiмi колерамi вясёлкi, што сёстры мiжволi спынiлiся i залюбавалiся iмi.
Карлiк узняў галаву i заўважыў дзяўчынак.
– Ну чаго спынiлiся, разявакi? – закрычаў ён, i яго попельна-шэры твар паружавеў ад злосцi. – Што вам тут патрэбна?..
Ён адкрыў рот, каб вылаяцца, але тут пачулася грознае рычанне, i вялiкi чорны мядзведзь шарам выкацiўся з лесу.
Страх адкiнуў карлiка ўбок, але дзядку не ўдалося ўцячы ў сваю надзейную нару: мядзведзь ужо быў у двух кроках ад яго.
Тады, калоцячыся ад страху, ён запiшчаў:
– Дарагi пан мядзведзь, злiтуйцеся нада мной! Я аддам вам сваё багацце! Паглядзiце хоць на тыя цудоўныя каменьчыкi, што ляжаць перад вамi... Толькi падарыце мне жыццё! Ну на што я вам, такi маленькi i шчупленькi? Вы нават не адчуеце мяне на зубах. Вазьмiце лепш гэтых дрэнных дзяўчатак! Вось гэта будзе для вас смачны кавалачак. Вы ж самi бачыце, што яны больш тлустыя, чым маладыя перапёлкi. З'ешце iх абедзвюх на здароўе!..
Але мядзведзь i вухам не павёў, як быццам не чуў, што кажа яму злы карлiк. Ён толькi стукнуў яму разок сваёй цяжкой лапай, i карлiк больш не варухнуўся.
Дзяўчаткi вельмi напалохалiся i кiнулiся бегчы, але мядзведзь забубнiў iм услед:
– Беласнежка, Красназорка, не бойцеся, пачакайце! I я з вамi!
Тут яны пазналi голас свайго даўняга прыяцеля i спынiлiся. Калi ж мядзведзь параўняўся з iмi, тоўстая мядзведжая шкура раптам звалiлася з яго, i яны ўбачылi перад сабой цудоўнага юнака, з ног да галавы апранутага ў золата.
– Я – каралевiч, – сказаў юнак. – Гэты злы карлiк выкраў мае скарбы, а мяне самога ператварыў у мядзведзя. Дзiкiм зверам павiнен я быў бадзяцца па лясных нетрах да таго часу, пакуль яго смерць не вызвалiць мяне. I вось нарэшце ён пакараны па заслугах, а я зноў стаў чалавекам. Але я нiколi не забудуся, як вы пашкадавалi мяне, калi я быў яшчэ ў звярынай шкуры. Больш мы з вамi не расстанемся. Няхай Беласнежка стане маёй жонкай, а Красназорка жонкай майго брата.
Так i адбылося. Калi прыйшоў час, каралевiч ажанiўся з Беласнежкай, а яго брат – з Красназоркай.
Каштоўныя скарбы, схаваныя карлiкам у глыбокай пячоры, зноў заблiшчалi на сонцы.
Добрая ўдава яшчэ доўга жыла ў сваiх дачок спакойна i шчаслiва. Абодва ружовыя кусты яна ўзяла з сабою. Яны раслi пад яе акном i кожны год расцвiталi там цудоўныя ружы – белыя i чырвоныя.
СТАПТАНЫЯ ТУФЛIКI
Жыў-быў некалi кароль. Меў ён дванаццаць дачок, адна за другую прыгажэйшая. Спалi яны ўсе ў адной зале, ложкi iх стаялi побач. Вечарам, калi яны клалiся спаць, кароль зачыняў дзверы на засаўку. А ранiцай, калi адкрываў дзверы, прыкмячаў, што туфлiкi ў дачок ад танцаў стаптаныя.
Задумаўся кароль: што адбываецца ноччу ў спальнi дачок?
Загадаў уладар клiкнуць клiч па ўсяму каралеўству: той, хто даведаецца, дзе яго дочкi танцуюць ноччу, зможа выбраць адну з iх сабе за жонку. А пасля яго смерцi стаць i каралём.
Была яшчэ адна ўмова. Той, хто возьмецца разгадаць тайну, але за тры днi i ночы не разгадае, пазбавiцца сваёй галавы.
Вось неўзабаве аб'явiўся адзiн смелы каралевiч. Яго добра прынялi, а вечарам адвялi ў пакой, побач з залай-спальняй. Вартаўнiку падрыхтавалi ложак, пакiнулi дзверы ў дзявоцкую спальню адчыненымi.
Але каралевiч не вытрымаў i моцна заснуў. А ранiцай усе ўбачылi, што каралеўны зноў хадзiлi некуды танцаваць. Туфлiкi iх стаялi ў зале, але падэшвы былi прашараваныя да дырак.
I на другую, i на трэцюю ноч здарылася тое ж самае. Каралевiчу без шкадавання адсеклi галаву.
Багата адважных малойцаў бралiся за рызыкоўную справу. Але нiхто не выканаў каралеўскага загаду.
I вось здарылася так, што ў той горад, дзе жыў кароль, завiтаў адзiн паранены салдат. Сустрэлася на яго шляху бабуля, пачала распытваць. Салдат жартуе:
– Ды я сам не ведаю, куды iду. Кажуць, тут нiяк не могуць дазнацца, дзе каралеўны свае туфлiкi стоптваюць. Хачу разгадаць тайну. Можа, каралём зраблюся.
– Ды гэта не вельмi цяжка, – сказала бабуля. – Ты толькi не пi вiна, якое вечарам табе прапануюць. Прытварыся, нiбыта моцна спiш.
На развiтанне добрая бабуля дала салдату плашч-невiдзiмку.
Набраўся бедны салдат смеласцi i да караля жанiхом аб'явiўся. Яго прынялi хораша, як усiх папярэднiкаў. Прыбралi ў каралеўскую адзежу.
Наступiў вечар. Пара класцiся спаць. Салдата адвялi ў пакой, побач са спачывальняй каралеўнаў, прапанавалi кубак вiна. Але салдат схiтраваў. Прывязаў да падбародка губку. У яе ўсё вiно i ўвабралася.
Лёг салдат у ложак ды праз некалькi хвiлiн i захроп, нiбыта заснуў моцным сном. Пачулi гэта дванаццаць каралеўнаў, засмяялiся, а старэйшая сказала:
– I гэты малойчык мог бы сваё жыццё паберагчы.
Адчынiлi каралеўны шафы, куфэркi, шкатулкi, пачалi прыбiрацца, прыхарошвацца. Малодшая раптам кажа:
– Вы ўсе радуецеся, а ў мяне на душы неяк цяжка. Адчуваю, нешта з намi сёння здарыцца.
– Эх ты, пужаная варона, – сказала ёй старэйшая, – усяго ты вечна баiшся! Нас ужо вунь колькi каралевiчаў вартавала, а гэты салдат i без соннага зелля захроп...
Сабралiся каралеўны, яшчэ раз зiрнулi на соннага салдата, падумалi, што баяцца няма каго. Старэйшая пастукала па сваiм ложку, i ён у той жа мiг апусцiўся ў падзямелле. I сышлi каралеўны туды.
Салдат усё гэта прыкмецiў, бо ён жа толькi прытвараўся, што моцна спiць. Хуценька накiнуў на сябе плашч-невiдзiмку i таксама пабег унiз па лесвiцы. Ды заспяшаўся, наступiў малодшай на плацце. Каралеўна спалохалася, крыкнула:
– Што гэта? Нехта пацягнуў мяне за плацце.
– Не прыдумляй, – азвалася старэйшая. – Гэта ты, вiдаць, за кручок зачапiлася.
Урэшце сышлi яны ўнiз. Апынулiся на цудоўнай алеi. Лiсце на дрэвах срэбранае. Ад гэтага алея зiхацела, свяцiлася. Салдат вырашыў узяць для доказу галiнку з дрэва. Толькi ламануў, як пачуўся страшны трэск.
– Вой, што гэта?! – ускрыкнула малодшая.
Старэйшая супакоiла:
– Гэта салютуюць на радасцях, што мы хутка вызвалiм ад чараў нашых прынцаў.
I пайшлi каралеўны па залатой алеi, пасля – па алмазнай. Салдат i на iх адламаў з дрэваў па галiнцы. Кожны раз малодшая ад трэску палохалася, а старэйшая сястра – супакойвала.
Так дайшлi яны да вялiкай ракi. На беразе стаяла дванаццаць лодак. У кожнай з iх сядзеў прыгожы прынц. Пачалi каралеўны рассаджвацца: кожная да свайго прынца. Салдат ускочыў у лодку разам з малодшай каралеўнай.
Адплылi ад берага, прынц кажа:
– Нешта лодка сёння цяжкая. Грабу з усiх сiл...
– Гэта, вiдаць, ад спякоты. Мне таксама млява, – супакоiла малодшая.
Пераплылi раку, а на тым беразе стаяў прыгожы, асветлены замак. З яго лiлася вясёлая музыка, гучалi трубы, лiтаўры. Увайшлi маладыя ў замак. I кожны прынц пачаў танцаваць са сваёй любай.
Салдат танцаваў разам з усiмi. Ён быў нябачны, таму i пацяшаўся з гуляючых як хацеў. Паднясуць каралеўне кубак з вiном, а ён возьме ды цiхенька вып'е. Асаблiва жахалася ад гэтага малодшая, але старэйшая прымушала яе маўчаць.
Так яны пратанцавалi да трох гадзiн ранiцы. Туфлiкi iх стапталiся. Давялося прыпынiць скокi. Перавезлi прынцы каралеўнаў цераз раку. Салдат на гэты раз сеў у лодку да старэйшай. На беразе каралеўны развiталiся з малойцамi, паабяцалi вярнуцца да iх з надыходам новай ночы.
Калi дзяўчаты падымалiся па лесвiцы, салдат забег наперад, лёг у ложак i захроп. Стомленыя каралеўны пачулi, як моцна спiць iхнi ахоўнiк, супакоiлiся: гэтага чалавека баяцца няма чаго. Яны раздзелiся i леглi спаць.
Ранiцай салдат вырашыў нiчога не расказваць каралю. Ён задумаў пабываць з каралеўнамi на дзiвосных танцах i на другую, i на трэцюю ноч.
Усё паўтаралася, як i ў першы раз. Каралеўны танцавалi з прынцамi ў замку да таго часу, пакуль туфлiкi не стаптвалiся. За трэцiм разам салдат прыхапiў з сабою для доказу кубак, з якога пiлi вiно.
Вось закончылася салдатава выпрабаванне, пайшоў ён на споведзь да караля.
– Ну, сказвай, дзе мае дванаццаць дачок ноччу туфлiкi стаптваюць? – грозна запытаў уладар.
– Разам з дванаццацю прынцамi ў падземным замку.
Салдат расказаў каралю ўсё падрабязна, а ў доказ перадаў тры галiнкi з дрэваў – срэбраную, залатую i алмазную. Ды яшчэ кубак, з якога маладыя пiлi вiно. У гэты час каралеўны стаялi пад дзвярыма i ўсё чулi.
Загадаў кароль паклiкаць сваiх дачок. Спытаў у iх:
– Цi праўду расказвае салдат?
Бачаць каралеўны, што на гэты раз раскрылася iх тайна, яны i прызналiся ва ўсiм. Тады кароль кажа салдату:
– Якую ты хочаш узяць сабе за жонку?
Салдат адказаў:
– Я ўжо не малады, то аддайце мне старэйшую.
У той жа дзень i вяселле згулялi. Паабяцаў кароль салдату пасля сваёй смерцi i ўсё каралеўства.
А прынцы былi заварожаныя на столькi дзён, колькi начэй яны танцавалi з каралеўнамi.
ЗАЯЦ I ВОЖЫК
Гэтай казцы вы, бадай, не паверыце. Аднак мой дзядуля, распавядаючы яе, заўсёды падкрэслiваў:
– Не ўсё ў гэтай казцы выдумка. Ёсць у ёй i праўда. Бо чаму б тады людзi сталi расказваць яе?
Пачыналася гэта казка так:
Аднойчы ў ясны сонечны дзянёк стаяў вожык каля дзвярэй свайго дома, склаўшы рукi на жываце, i напяваў песеньку.
Спяваў ён сваю песеньку, спяваў i раптам вырашыў: "Пайду я ў поле, на сваю бручку пагляджу. Пакуль, – думае, – мая жонка-вожычыха дзяцей мые ды апранае, я паспею i ў полi пабываць, i дамоў вярнуцца".
Пайшоў ён i сустрэўся па дарозе з зайцам, якi таксама iшоў у поле – на сваю капусту паглядзець.
Убачыў вожык зайца, пакланiўся яму i гаворыць ветлiва:
– Дзень добры, паважаны заяц. Як вы маецеся?
А заяц быў вельмi важны i горды. Замест таго каб ветлiва прывiтацца з вожыкам, ён толькi галавой хiтнуў i сказаў груба:
– Чаму гэта ты, вожык, у такую рань па полi рыскаеш?
– Я пагуляць выйшаў, – кажа ён.
– Пагуляць? – спытаў заяц насмешлiва. – А па-мойму, на такiх кароценькiх ножках далёка не зойдзеш.
Пакрыўдзiлi вожыка гэтыя словы. Не любiў ён, калi так гаварылi пра яго ногi, якiя i сапраўды былi кароценькiя i крывыя.
– Цi не думаеш ты, – спытаўся ён у зайца, – што твае заечыя ногi бегаюць хутчэй i лепш?
– Зразумела, – кажа заяц.
– А цi не хочаш ты са мной навыперадкi пабегчы? – пытаецца вожык.
– З табой навыперадкi? – кажа заяц. – Не смяшы мяне, – калi ласка. Ну няўжо ты на сваiх крывых нагах мяне абгонiш?
– А вось убачыш, – адказвае вожык. – Убачыш, што абганю.
– Ну, давай пабяжым, – кажа заяц.
– Пачакай, – кажа вожык. – Спачатку я схаджу дамоў, паснедаю, а праз паўгадзiны вярнуся на сваё месца. Тады i пабяжым. Добра?
– Добра, – сказаў заяц.
Пайшоў ён дадому. Iдзе i думае: "Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахiтру".
Прыйшоў ён дадому i кажа жонцы:
– Жонка, збiрайся хутчэй, прыйдзецца табе са мной у поле iсцi.
– А што здарылася? – пытаецца вожычыха.
– Ды вось мы з зайцам паспрачалiся, хто хутчэй бегае – я цi ён. Я павiнен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.
– Што ты – з глузду з'ехаў? – здзiвiлася вожычыха. – Куды табе з зайцам цягацца? Ён цябе адразу абгонiць.
– Не твая справа, жонка, – сказаў вожык. – Збiрайся i пойдзем. Я ведаю, што раблю.
Вожычыха пайшла з вожыкам у поле. Па дарозе ён гаворыць жонцы:
– Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгiм полi. Заяц пабяжыць па адной баразне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля ля маёй баразны. Як толькi падбяжыць да цябе заяц, ты крыкнi: "Я ўжо тут!" Зразумела?
– Зразумела, – адказвае жонка.
Так яны i зрабiлi. Адвёў вожык вожычыху на пачатак сваёй баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакiнуў зайца.
– Ну што, – кажа заяц, – пабяжым?
– Пабяжым, – кажа вожык.
– Раз, два, тры! – крыкнуў заяц.
I абодва яны пабеглi з усiх ног.
Зрабiў вожык крокi тры-чатыры, а потым цiхенька вярнуўся на сваё месца i сеў. Сядзiць i адпачывае. А заяц усё бяжыць i бяжыць. Дабег да канца сваёй баразны, а тут вожычыха яму i крычыць:
– Я ўжо тут!
А трэба сказаць, што вожык i вожычыха вельмi падобныя адзiн на аднаго. Здзiвiўся заяц, што вожык яго абагнаў.
– Бяжым цяпер назад, – кажа ён вожычысе. – Раз, два, тры!
I паiмчаўся заяц назад хутчэй, чым раней. А вожычыха засталася сядзець на сваiм месцы.
Дабег заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць:
– Я ўжо тут!
Яшчэ больш здзiвiўся заяц.
– Бяжым яшчэ раз, – кажа ён вожыку.
– Добра, – адказвае вожык. – Калi хочаш, пабеглi яшчэ раз.
Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды i назад. А вожык усё абганяў яго.
Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць: "Я ўжо тут!"
Пабяжыць заяц назад да канца баразны, а вожычыха яму крычыць: "Я ўжо тут!"
На семдзесят чацвёрты раз дабег заяц да сярэдзiны поля i звалiўся на зямлю.
– Стамiўся, – кажа, – не магу больш бегаць.
– Вось бачыш цяпер, – кажа вожык, – у каго ногi хутчэйшыя?
Нiчога не сказаў заяц i пайшоў з поля. А вожык з вожычыхай паклiкалi сваiх дзяцей i пайшлi з iмi гуляць.
ХЛОПЧЫК ЯК ПАЛЬЧЫК
Жыў калiсьцi на свеце бедны селянiн. Сядзеў ён аднойчы вечарам ля печы i прысак варушыў, а жонка сядзела i прала. Вось ён i кажа жонцы:
– Так прыкра, што няма ў нас дзяцей. Вельмi ж у нас цiха, а вось у iншых хатах, ты толькi зiрнi, як шумна ды весела.
– Гэта праўда, – адказала жонка i ўздыхнула, – каб было ў нас хоць адно, хай сабе такое маленькае, як мезены пальчык, дык i то я была б шчаслiвая. А як мы любiлi б яго!
I здарылася так, што жонка стала цяжарнай i праз сем месяцаў нарадзiла немаўлятка, i было яно здаровае ды статнае, але росту мела не болей за палец.
I сказалi яны:
– Вось так яно i сталася, як мы хацелi: сыночка нашага мы будзем любiць, i iмя яму далi за яго рост Хлопчык як пальчык.
Яны добра яго кармiлi, але хлопчык усё не рос ды не рос i заставаўся такiм, якiм i нарадзiўся; аднак вочы ў яго былi разумныя, быў ён кемлiвы i руплiвы, i ўсё, за што ён нi браўся, яму ўдавалася.
Сабраўся аднойчы селянiн у лес дровы секчы i сказаў сам сабе: "Вось было б добра, каб нехта прыехаў па дровы з возам".
– Татка, – кажа Хлопчык як пальчык, – я прывязу воз, ты ўжо не сумнявайся, буду ў лесе своечасова.
– Але як жа ты з гэтым справiшся, ты ж такi маленькi, каб канём кiраваць?
– Гэта, татка, не бяда! Калi мацi запражэ, дык я залезу каню ў вуха i буду яму крычаць, куды трэба ехаць.
– Добра, – адказаў бацька, – адзiн раз, бадай што, паспрабуем.
Калi прыйшла пара, запрэгла мацi каня i пасадзiла Хлопчыка як пальчык каню ў вуха, i стаў хлапчына пакрыкваць: "Но! но! Лявей, правей!"
Усё iшло як мае быць, як у вопытнага фурмана, i воз кацiўся проста ў лес. Ды здарылася так, што на паваротцы, калi Хлопчык як пальчык крыкнуў: "Налева, налева!", насустрач з'явiлiся двое незнаёмых.
– Глянь, – кажа адзiн з iх, – што гэта такое? Едзе сабе воз, фурман на каня пакрыквае, а самога не вiдаць.
– Тут штосьцi не тое, – зазначыў другi, – давай пойдзем следам за возам i пацiкуем, дзе ён спынiцца.
А воз ехаў сабе ўсё далей i далей у лес i прамым кiрункам туды, дзе секлi дровы. Убачыў Хлопчык як пальчык бацьку i кажа яму:
– Вось, татка, я i прыехаў з возам. А цяпер ты знiмi мяне i апусцi на зямлю.
Бацька левай рукой узяў каня за аброць, а правай дастаў з конскага вуха свайго сыночка, той весела ўсеўся на былiнцы.
Убачылi незнаёмцы Хлопчыка як пальчык i не ведалi, што iм i казаць ад здзiўлення. Пасля адзiн з iх i кажа:
– Паслухай, гэты недаростак мог бы прынесцi нам шчасце, мы паказвалi б яго ў вялiкiм горадзе за грошы, – давай купiм яго.
Падышлi яны да селянiна i гавораць:
– Прадай нам свайго маленькага чалавечка, яму будзе ў нас добра.
– Не, – адказвае селянiн, – гэта мой любы сынок, i я яго нават за золата не прадам.
Але Хлопчык як пальчык пачуў, што яго купляюць, залез па складках вопраткi да бацькi на плечы i пачаў шаптаць яму ў вуха:
– Татка, прадавай мяне, а назад да цябе я сам вярнуся.
I вось прадаў яго бацька за вялiкiя грошы двум незнаёмцам.
– А куды ж цябе пасадзiць? – пытаюцца яны ў хлопчыка.
– Ды пасадзiце мяне на палi вашага капелюша, там мне можна будзе шпацыраваць i ваколiцы аглядаць, я адтуль не звалюся. Незнаёмцы згадзiлiся з iм. Хлопчык як пальчык развiтаўся з бацькам, i яны рушылi ў шлях-дарогу.
Iшлi яны, iшлi, а ўжо i вечарэць пачынае, тады хлопчык i кажа:
– Апусцiце мяне на дол, бо маю патрэбу.
– Ат, заставайся там наверсе, – прамовiў чалавек, на галаве ў якога ён сядзеў, – нiчога страшнага, ад птушак таксама iншы раз перападае.
– Не, – адказаў Хлопчык як пальчык, – я ведаю, як трэба сябе паводзiць, хутчэй апусцiце мяне ўнiз.
Зняў чалавек капялюш i пасадзiў хлопчыка на прыдарожнае поле. Хлопчык як пальчык скокнуў убок i пачаў прабiрацца памiж грудамi зямлi, а калi прыкмецiў мышыную норку, узяў i схаваўся туды.
– Бывайце, спадары, бывайце, iдзiце сабе дамоў без мяне, – гукнуў ён iм з норкi.
Падбеглi тыя да мышынай норкi, давай торкаць у яе палкамi, але дарэмна, Хлопчык як пальчык запаўзаў усё глыбей i глыбей, а незнаёмцаў ужо i ноч агарнула, i давялося iм вярнуцца дамоў са злосцю ды з пустой торбай.
Калi Хлопчык як пальчык зразумеў, што яны пайшлi, ён вылез з падземнага хода. "Упоцемку iсцi па полi, бадай што, будзе небяспечна, – сказаў ён, – яшчэ шыю сабе скруцiш". На шчасце, натрапiлася яму па дарозе пустая ракавiна слiмака. "Дзякуй Богу, – сказаў ён, – цяпер я магу правесцi ноч спакойна", – i залез у ракавiну.
Толькi пачаў ён засынаць, як раптам чуе – iдуць мiма два чалавекi, i адзiн з iх гаворыць:
– Як гэта нам украсцi ў багатага пастара грошы i серабро?
– Я табе сказаў бы, як гэта зрабiць! – гукнуў Хлопчык як пальчык.
– Што гэта? – пытаецца напалоханы злодзей. – Я чую, нехта гаворыць.
Прыпынiлiся яны i пачалi ўслухоўвацца. Тады Хлопчык як пальчык зноўку прамовiў:
– Вазьмiце мяне з сабою, я вам памагу.
– А дзе ж ты?
– А вы пашукайце мяне на зямлi i слухайце, адкуль голас чуецца, – адказаў ён.
Нарэшце зладзеi знайшлi яго i паднялi ўгару.
– Ну i малеча, як ты можаш нам памагчы? – здзiвiлiся яны.
– А вось як, – адказаў ён: – я залезу праз краты ў камору пастара i дастану вам тое, што патрэбна.
– I то праўда, – сказалi зладзеi, – паглядзiм, як ты з гэтым справiшся.
Прыйшлi яны да хаты пастара, i залез Хлопчык як пальчык у камору ды як закрычыць адтуль:
– Вы хочаце забраць ўсё, што тут ёсць?
Спалохалiся зладзеi i кажуць:
– Цiшэй гавары, а то яшчэ хто-небудзь прачнецца.
Але Хлопчык як пальчык нiбыта не зразумеў iх ды як закрычыць зноў:
– Вы хочаце забраць усё, што тут ёсць?
Пачула гэта кухарка, – яна спала ў суседнiм пакоi, – абаперлася на локаць i пачала прыслухоўвацца. Зладзеi перапалохалiся i адбеглiся ад хаты, але пасля апомнiлiся i падумалi: "Наш хлопчына, вiдаць, хоча нас падражнiць". Яны вярнулiся i шапнулi яму:
– Хопiць сваволiць, дастань нам што-небудзь з каморы.
Але Хлопчык як пальчык зноў закрычаў, ды так гучна, як толькi мог:
– Ды я вам усё падам, вы толькi працягнiце рукi!
А служанка ўсё прыслухоўвалася i да слоўца пачула, што яны казалi; саскочыла яна з ложка i, спатыкаючыся, пабегла да дзвярэй каморы. Зладзеi пусцiлiся наўцёкi, быццам iх даганяў чарадзейны стралок. Служанка, нiкога не знайшоўшы, пайшла запальваць свечку. Увайшла яна ў камору, а Хлопчык як пальчык тым часам непрыкметна перабраўся ў адрыну.
Служанка абшнарыла ўсе закуткi i зноў лягла на ложак, думаючы, што ўсё гэта ёй прыснiлася. Хлопчык як пальчык тады залез у сена, знайшоў там утульнае месца i вырашыў пераспаць да ранiцы, а пасля ўжо вярнуцца дахаты, да мацi з бацькам.
Але давялося яму зазнаць iншае! Так, шмат яшчэ на свеце здараецца гора i няшчасця...
Калi развiднела, служанка ўстала з ложка, каб падкiнуць трохi скацiне. Пайшла яна ў адрыну, узяла ахапак сена, i сталася так, што захапiла яна якраз той жмуток сена, у якiм ляжаў бедны Хлопчык як пальчык. Ён спаў так моцна, што нiчога не чуў, i прачнуўся ўжо ў роце ў каровы, якая схапiла яго разам з сенам.
"Авохцi мне, а Божухна, – усклiкнуў ён, – хiба што я на сукнавальню трапiў!" – але хутка зразумеў, дзе апынуўся. I ён стараўся як-небудзь праслiзнуць памiж зубамi каровы, каб яна не раздушыла яго, i нарэшце давялося яму спаўзцi ўнiз, у страўнiк. "А ў каморы, вiдаць, забылiся вокны прарэзаць, прамовiў ён, – бач, i сонца ў яе не свецiць, i агню не запальваюць". Калi казаць праўду, дык кватэра гэтая яму мала падабалася, i горай за ўсё было тое, што ў дзверы лезла ўсё новае i новае сена, а месца заставалася ўсё менш i менш. Тады закрычаў ён са страху так моцна, як толькi мог:
– Не трэба мне болей свежага корму, не давайце мне свежага корму!
А служанка ў гэты час якраз даiла карову i пачула, што нехта крычыць, але нiкога не вiдаць, i здаўся ёй голас падобны на той, якi яна чула ноччу, i так перапалохалася, што ўпала з услончыка i разлiла ўсё малако. Пабегла, засопшыся, да свайго гаспадара i кажа:
– Ой, Божухна, спадар пастар, а наша карова пачала гаварыць!
– Не можа быць, – сказаў пастар, аднак пайшоў у кароўнiк – паглядзець, што там здарылася. Але не паспеў ён увайсцi, а Хлопчык як пальчык як закрычыць зноў:
– Не давайце мне болей свежага корму, не давайце мне болей свежага корму!
Тут i пастар спалохаўся i падумаў, што ў карову ўбiўся злы дух, i загадаў ён зарэзаць яе. Зарэзалi карову, а страўнiк, дзе схаваўся Хлопчык як пальчык, кiнулi ў кучу гною.
Хлопчыку як пальчык давялося доўга павалтузiцца, перш чым ён з неверагоднымi высiлкамi выбраўся з каровiнага страўнiка; вось ён ужо амаль што вылез i нават галаву высунуў, ды тут надарылася новая бяда: бег мiма галодны воўк, убачыў трыбухi, схапiў iх i праглынуў. Але Хлопчык як пальчык не разгубiўся. "Бадай што з ваўком можна будзе дамовiцца", – падумаў ён i закрычаў з воўчага чэрава:
– Шаноўны воўк, я ведаю, дзе ёсць для цябе спажыва.
– А дзе ж яна? – спытаўся воўк.
– Ды вунь там у той хаце, але залезцi ў яе можна толькi цераз сцёкавую канаву; там чакаюць цябе i пiрагi, i сала, i каўбасы – усё, усё, чаго захочацца. – I ён падрабязна апiсаў ваўку хату свайго бацькi.
Воўк не вагаючыся залез у хату цераз вадасцёкавую канаву i ўволю наеўся там у каморы ўсяго, што толькi знайшлося. Наеўшыся да адвалу, ён хацеў вылезцi назад, але жывот у яго так вырас, што ранейшым шляхам воўк вылезцi ўжо не мог! На гэта i разлiчваў Хлопчык як пальчык i падняў у воўчым жываце страшны шум, пачаў крычаць i брыкацца, што ёсць моцы.
– Ды сцiхнi ты там, – кажа воўк, – а то яшчэ людзей разбудзiш!
– Ну i хiтры ж ты, – сказаў хлопчык, – сам наеўся, дай i мне трохi павесялiцца, – i пачаў зноў крычаць на ўсё горла.
Тут ад шуму прачнулiся, нарэшце, бацька i мацi, падбеглi да каморы i зазiрнулi ў шчылiну. Як убачылi яны там ваўка, кiнулiся прэч; бацька схапiў сякеру, а мацi касу.
– Iдзi следам за мной, – сказаў бацька, уваходзячы ў камору, – калi я стукну яму, а ён будзе яшчэ жывы, ты яго дабiвай i касой распорвай жывот.
Пачуў Хлопчык як пальчык голас свайго бацькi i як закрычыць:
– Татка, дарагi, тут я, тут, я схаваўся ў воўчым жываце!
I ўсклiкнуў бацька ад радасцi:
– Дзякуй табе, Божа, наша дзiцятка знайшлося! – i загадаў жонцы кiнуць касу, каб Хлопчыка як пальчык не паранiць. Затым ён як размахнуўся ды як стукне ваўку сякерай па галаве, той i ўпаў нежывы. Знайшлi яны нож i нажнiцы, распаролi ваўку чэрава i выцягнулi адтуль Хлопчыка як пальчык.
– А мы гэтулькi пакутавалi з-за цябе, – прамовiў бацька.
– Праўда, татка, шмат прыгод было ў мяне, але, дзякаваць Богу, зноў выбраўся на божы свет!
– А дзе ж ты прападаў?
– Ах, татка, быў я i ў мышынай норцы, i ў каровiным страўнiку, i ў воўчым жываце, а зараз ужо застануся ў вас, нiкуды не пайду.
– А мы не аддадзiм цябе нi за якiя скарбы на свеце, – сказалi бацька з мацi ды пачалi лашчыць i мiлаваць свайго дарагога Хлопчыка як пальчык. Накармiлi яго, напаiлi, пашылi яму новы касцюмчык, бо ранейшы добра-такi знасiўся.
ДЗЯЎЧЫНА-ДЗIКУНКА
Жыў некалi кароль; была ў яго жонка, залатавалосая, такая прыгажуня, што падобнай не знайсцi ва ўсiм свеце. Аднойчы яна цяжка захварэла, i калi адчула, што хутка памрэ, паклiкала караля i сказала:
– Калi ты пасля маёй смерцi захочаш ажанiцца зноў, то бяры сабе жонку толькi такую, якая будзе роўнай мне па прыгажосцi i каб былi ў яе такiя ж залатыя валасы, як у мяне; гэта ты мне абяцай.
I вось пасля таго, як кароль паабяцаў ёй такое, яна заплюшчыла вочы i памерла.
Доўга кароль не мог змiрыцца са смерцю i не думаў аб тым, каб ажанiцца ў другi раз. Ды вось нарэшце кажуць яму дарадчыкi:
– Па-iншаму быць не можа, – павiнен кароль ажанiцца ў другi раз, каб у нас была каралева...
Разаслалi тады ва ўсе канцы пасланцоў на пошукi нявесткi, якая б была прыгажосцю сваёй падобная на нябожчыцу каралеву. Але ва ўсiм свеце нельга было знайсцi падобнай, а калi б такую i знайшлi, то не магло быць хоць адной прыгажунi, у якой былi б такiя залатыя валасы.
Ды была ў караля дачка; была яна такая ж прыгожая, як яе нябожчыца мацi, i былi ў яе такiя ж залатыя валасы. I калi яна падрасла, паглядзеў на яе аднойчы кароль i ўбачыў, што яна, ну, вылiтая нябожчыца жонка, i нечакана загарэўся да яе моцным пачуццём. I сказаў ён сваiм дарадчыкам: