355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Якоб и Вильгельм Гримм братья » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 14)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:15

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 15 страниц)

I вось, калi на другi дзень ранiцою кароль пазваў сваiх дванаццаць паляўнiчых, яны абыякава прайшлi праз пярэднюю, на калаўроты не зiрнулi нават.

Тады кароль зноў кажа iльву:

– Ты мяне падмануў: гэта мужчыны, на калаўроты яны не зiрнулi.

Леў адказаў:

– Яны i на гэты раз даведалiся, што iх хочуць выпрабаваць.

Але кароль ужо больш не верыў iльву. Дванаццаць паляўнiчых з гэтага часу заўсёды суправаджалi караля на паляваннi. Яны ўсё больш i больш яму падабалiся. Неяк у час палявання прыйшла вестка, што нявеста караля знаходзiцца ўжо ў дарозе. Пачула гэта сапраўдная нявеста i зрабiлася ёй крыўдна i балюча, так балюча, што нават сэрца амаль перастала ў яе бiцца, i яна, беспрытомная, упала. Кароль, убачыўшы, што з яго мiлым паляўнiчым нешта здарылася, падбег да яго. Жадаючы памагчы, ён сарваў у яго з рукi пальчатку. I тут убачыў ён пярсцёнак, якi падарыў сваёй нявесце, паглядзеў у твар i пазнаў яе. I захвалявалася яго сэрца, пацалаваў ён яе, а калi яна расплюшчыла вочы, сказаў:

– Ты – мая, а я – твой, i нiхто на свеце нас нiколi не разлучыць.

I кароль паслаў насустрач другой нявесце ганца i загадаў прасiць яе вярнуцца назад у сваё каралеўства, так як, маўляў, у яго ўжо ёсць жонка, а хто стары ключ знойдзе, таму новага не трэба.

Тут i вяселле згулялi. I леў зноў трапiў у мiласць да караля, бо ён жа яму ўсю праўду сказаў.

БРЭМЕНСКIЯ МУЗЫКI

Шмат гадоў таму жыў на свеце млынар. I быў у млынара асёл, разумны i дужы.

Доўга працаваў асёл на млыне, цягаў на спiне кулi з мукой i вось нарэшце састарыўся. Бачыць гаспадар: аслабеў асёл, не здатны больш для работы – i выгнаў яго з дому.

Спалохаўся асёл: "Куды я пайду, куды падзенуся? Стары я стаў i слабы".

А потым падумаў: "Пайду гэтак я ў нямецкi горад Брэмен i стану там гарадскiм музыкам".

Так i зрабiў. Пайшоў у нямецкi горад Брэмен.

Iдзе асёл па дарозе i крычыць па-аслiнаму. I раптам бачыць ён: ляжыць на дарозе сабака i цяжка дыхае.

– Чаму ты так запыхаўся, сабака? – пытае асёл. – Што з табой?

– Стамiўся, – гаворыць сабака. – Бег доўга, вось i запыхаўся.

– Што ж ты так бег, сабака? – пытае асёл.

– Ах, асёл, – гаворыць сабака. – Пашкадуй мяне. Жыў я ў паляўнiчага, доўга жыў. Па палях i балотах за дзiчынай для яго бегаў, а цяпер стары стаў,i надумаў мой гаспадар мяне забiць. Вось я i збег ад яго, а што далей рабiць не ведаю.

– Пойдзем са мной у горад Брэмен, – адказвае яму асёл, – зробiмся там музыкамi. Брэшаш ты гулка, голас у цябе добры – ты будзеш спяваць i ў барабан бiць. А я буду на гiтары iграць.

– Што ж, – гаворыць сабака, – пойдзем.

Пайшлi яны разам. Асёл iдзе, крычыць па-аслiнаму, сабака iдзе, брэша па-сабачы.

Iшлi яны, iшлi i раптам бачаць: сядзiць на дарозе кот, сумны сядзiць кот, невясёлы.

– Што ж ты такi сумны? – пытае яго асёл.

– Што ж ты такi невясёлы? – пытае сабака.

– Ах, – гаворыць кот, – пашкадуйце вы мяне, асёл i сабака. Жыў я ў сваёй гаспадынi, доўга жыў, – лавiў пацукоў i мышэй. А цяпер стары стаў, зубы ў мяне прытупiлiся, i захацела мая гаспадыня мяне ў рэчцы ўтапiць. Я i збег з дому. А што далей рабiць – не ведаю.

Асёл яму адказвае:

– Пойдзем з намi, кот, у горад Брэмен, станем там вулiчнымi музыкамi. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць i на скрыпцы iграць, сабака – спяваць i на барабане iграць, а я – спяваць i на гiтары iграць.

– Што ж, – гаворыць кот, – пойдзем.

Пайшлi яны разам.

Асёл iдзе, крычыць па-аслiнаму, сабака iдзе, брэша па-сабачы, кот iдзе, мяўкае па-кашачы.

Iшлi яны, iшлi. Праходзяць побач аднаго двара i бачаць: сядзiць на варотах певень i крычыць на ўсё горла: "Ку-ка-рэ-ку!"

– Ты што, пеўнiк, крычыш? – пытае яго асёл.

– Што з табой здарылася? – пытае яго сабака.

– Можа, цябе хто пакрыўдзiў? – пытае кот.

– Ах, – гаворыць певень, – пашкадуйце вы мяне, асёл, сабака i кот. Заўтра да маiх гаспадароў госцi прыедуць, i вось збiраюцца мае гаспадары зарэзаць мяне i зварыць з мяне суп. Што мне рабiць?

Адказвае яму асёл:

– Пойдзем з намi, певень, у горад Брэмен, i станем там вулiчнымi музыкамi. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць i на балалайцы iграць, кот будзе спяваць i на срыпцы iграць, сабака – спяваць i на барабане iграць, а я буду спяваць i на гiтары iграць.

– Што ж, – гаворыць певень, – пойдзем.

Пайшлi яны разам.

Асёл iдзе, крычыць па-аслiнаму, сабака iдзе, брэша па-сабачы, кот iдзе, мяўкае па-кашачы, певень iдзе, кукарэкае.

Iшлi яны, iшлi, i вось настала ноч. Асёл i сабака ляглi пад вялiзным дубам, кот сеў на галiну, а певень узляцеў на самую вершалiну дрэва i пачаў адтуль глядзець па баках.

Глядзеў, глядзеў i ўбачыў: свецiцца непадалёку агеньчык.

– Агеньчык свецiцца! – крычыць певень.

Асёл кажа:

– Трэба даведацца, што гэта за агеньчык. Можа, паблiзу дом стаiць.

Сабака кажа:

– Можа, у гэтым доме мяса ёсць. Я паеў бы.

Кот кажа:

– Можа, у гэтым доме малако ёсць. Я папiў бы.

А певень кажа:

– Можа, у гэтым доме пшонка ёсць. Я пакляваў бы.

Усталi яны i пайшлi на агеньчык.

Выйшлi на паляну, а на паляне дом стаiць, i акенца ў iм свецiцца.

Асёл падышоў да дому i зазiрнуў у акенца.

– Што ты там бачыш, асёл? – пытае яго певень.

– Бачу я, – адказвае асёл, – сядзяць за сталом разбойнiкi, ядуць i п'юць.

– Ох, як хочацца есцi! – сказаў сабака.

– Ох, як хочацца пiць! – сказаў кот.

– Як бы нам разбойнiкаў з дому выгнаць? – сказаў певень.

Думалi яны, думалi i прыдумалi.

Асёл цiхенька паставiў пярэднiя ногi на падваконнiк, сабака залез на спiну аслу, кот ускочыў на спiну сабаку, а певень узляцеў на галаву кату.

I тут яны ўсе разам закрычалi:

асёл па-аслiнаму,

сабака – па-сабачы,

кот – па-кашачы,

а певень – закукарэкаў.

Закрычалi яны i ўвалiлiся праз акно ў пакой.

Напалохалiся разбойнiкi i ўцяклi ў лес.

А асёл, сабака, кот i певень селi вакол стала i ўзялiся за ежу.

Елi-елi, пiлi-пiлi, – наелiся, напiлiся i спаць леглi.

Асёл расцягнуўся ў двары на сене, сабака ўлёгся перад дзвярыма, кот скруцiўся клубком на печы, а певень залез на вароты.

Патушылi яны святло ў доме i заснулi.

А разбойнiкi сядзяць у лесе i глядзяць з чашчобы на свой дом.

Бачаць: святло ў акенцы патухла, цёмна стала.

I паслалi яны аднаго разбойнiка паглядзець, што ў доме робiцца.

Можа, дарэмна яны так напалохалiся.

Падышоў разбойнiк да дому, адчынiў дзверы, зайшоў на кухню. Бачыць, а на печы два агеньчыкi гараць.

"Напэўна, гэта вуголле, – падумаў разбойнiк, – вось я зараз лучыну распалю".

Ткнуў ён агеньчык лучынкай, а гэта было кацiнае вока.

Раззлаваўся кот, ускочыў, зафыркаў, ды як драпане лапай, ды як зашыпiць.

Разбойнiк – у дзверы.

А тут яго сабака за нагу схапiў.

Разбойнiк – у двор.

А тут яго асёл капытом убрыкнуў.

Разбойнiк – у вароты.

А з варот певень як закрычыць:

– Кукарэку!

Кiнуўся разбойнiк з усiх ног у лес. Прыбег да сваiх таварышаў i кажа:

– Бяда! У нашым доме пасялiлiся страшныя велiканы. Адзiн мне ўвесь твар кап'ём падрапаў, другi мне ножыкам нагу парэзаў, трэцi мяне па спiне дубiнай вытнуў, а чацвёрты закрычаў мне ўслед: "Трымай злодзея!"

– Ох, – сказалi разбойнiкi, – трэба нам адсюль як мага хутчэй уцякаць.

I пайшлi разбойнiкi з гэтага лесу назаўжды.

А брэменскiя музыкi – асёл, сабака, кот i певень – засталiся жыць у iх у доме ды пажываць.

КАРОЛЬ-ЖАБЯНЯ, альбо ЖАЛЕЗНЫ ГЕЙНРЫХ

У старадаўнiя часы, калi закляццi яшчэ дапамагалi, жыў-быў на свеце кароль; усе дочкi былi ў яго прыгажунi, але самая малодшая была такою прыгожай, што нават сонца, якое шмат што бачыла на сваiм вяку, i тое здзiўлялася, ззяючы на яе твары.

Паблiзу каралеўскага замка раскiнуўся вялiкi дрымучы лес, i быў у тым лесе пад старою лiпай калодзеж; i вось у спякотныя днi малодшая каралеўна выходзiла ў лес, садзiлася на край сцюдзёнага калодзежа, i калi рабiлася ёй сумна, яна брала залаты мяч, падкiдвала яго ўверх i лавiла; – гэта было яе самай любiмаю гульнёю.

Але вось аднойчы, падкiнуўшы свой залаты мяч, яна злавiць яго не паспела, ён упаў на зямлю i пакацiўся проста ў калодзеж. Каралеўна вачэй не спускала з залатога мяча, але ён знiк, а калодзеж быў такi глыбокi, такi глыбокi, што i дна было не вiдаць. Заплакала тады каралеўна, i стала плакаць усё мацней i мацней, i нiяк не магла супакоiцца.

Вось бядуе яна аб сваiм мячы i раптам чуе – хтосьцi ёй гаворыць:

– Што з табою, каралеўна? Ты так плачаш, што i камень расчулiць можаш.

Яна азiрнулася, каб даведацца, адкуль гэты голас, раптам бачыць – жабяня высунула з вады сваю тоўстую, пачварную галаву.

– А-а, гэта ты, стары квакун, – сказала яна, – я плачу аб сваiм залатым мячы, якi ўпаў у калодзеж.

– Супакойся, навошта плакаць, – кажа жабяня, – я табе дапамагу. А што ты мне дасi, калi я знайду тваю цацку?

– Усё, што схочаш, мiлае жабяня, – адказала каралеўна. – Мае сукенкi, жамчугi, каштоўныя камянi i ў дадачу залатую карону, якую я нашу.

I сказала ёй жабяня:

– Не трэба мне нi тваiх сукенак, нi жамчугоў, нi каштоўных камянёў, i тваёй залатой кароны я не хачу; а вось калi б ты мяне палюбiла ды са мной пасябравала, i мы гулялi б разам, i сядзеў бы я побач з табой за столiкам, еў з тваёй залатой талерачкi, пiў з твайго маленькага кубка i спаў з табою разам у ложачку, калi ты мне паабяцаеш усё гэта, я ў момант скокну ўнiз i дастану табе твой залаты мяч.

– Так, так, абяцаю табе ўсё, што хочаш, толькi дастань мне мой мяч! – А сама пра сябе падумала: "Што там неразумнае жабяня балбоча? Сядзiць яно ў вадзе сярод жабаў ды квакае, – дзе ўжо яму быць чалавеку сябрам?"

Атрымаўшы ад яе абяцанне, жабяня нырнула ў ваду, спусцiлася на самае дно, хутка выплыла наверх, трымаючы ў роце мяч, i кiнула яго на траву. Пабачыўшы зноў сваю прыгожую цацку, каралеўна вельмi ўзрадавалася, падняла яе з зямлi i пабегла.

– Пачакай, пачакай! – крыкнула жабяня. – Вазьмi i мяне з сабою, мне ж за табою не ўгнацца!

Але што з таго, што яно гучна крычала ёй услед сваё "ква-ква"? Яна i слухаць яго не хацела, спяшаючыся дамоў. А пасля i зусiм забылася пра беднае жабяня, i давялося яму зноў спусцiцца ў свой калодзеж.

На другi дзень яна села з каралём i прыдворнымi за стол i стала есцi са сваёй залатой талерачкi. Раптам – топ-шлёп-шлёп – узбiраецца хтосьцi па мармуровай лесвiцы i, узабраўшыся наверх, стукаецца ў дзверы i гаворыць:

– Маладая каралеўна, адчынi мне дзверы!

Яна пабегла паглядзець, хто б гэта мог да яе пастукацца. Адчыняе дзверы, бачыць – сядзiць церад ёю жабяня. Iмгненна зачынiла яна дзверы i села зноў за стол, але зрабiлася ёй так страшна-страшна. Заўважыў кароль, як моцна б'ецца ў яе сэрцайка, i кажа:

– Дзiця маё, чаго ты так спужалася? Цi не велiкан якi-небудзь схаваўся за дзвярыма i хоча цябе выкрасцi?

– Ах, не, – сказала каралеўна, – гэта зусiм не велiкан, а брыдкае жабяня.

– А што яму ад цябе трэба?

– Ах, мiлы бацюхна, ды вось сядзела я ўчора ў лесе ля калодзежа i гуляла, i ўпаў у ваду мой залаты мяч. Я горка заплакала, а жабяня дастала мне яго i стала патрабаваць, каб я ўзяла яго ў сябры, а я i паабяцала яму, – але нiколi я не думала, каб яно магло выбрацца з вады. А вось цяпер яно з'явiлася i хоча сюды ўвайсцi.

А тым часам жабяня пастукалася зноў i крыкнула:

– Прывiтанне, каралеўна,

Дзверы адчынi!

Цi ж магла забыцца ты,

Што мне абяцала ўчора,

Помнiш, ля калодзежа?

Прывiтанне, каралеўна,

Дзверы адчынi!

Тады кароль сказаў:

– Ты сваё абяцанне павiнна выканаць. Iдзi i адчынi яму дзверы.

Яна пайшла, адчынiла дзверы, i вось жабяня скокнула ў пакой, паскакала ўслед за ёю, даскакала да яе крэсла, села i гаворыць:

– Возьмi i пасадзi мяне побач з сабою.

Яна не адважвалася, але кароль загадаў ёй выканаць яго жаданне. Яна пасадзiла жабяня на крэсла, а яно на стол пачало прасiцца; пасадзiла яна яго на стол, а яно кажа:

– А цяпер падсунь да мяне блiжэй сваю залатую талерачку, будзем есцi з табою разам.

Хаця яна i выканала гэта, але было вiдаць, што без вялiкай ахвоты.

Пачало жабяня есцi, а каралеўне i кавалак у горла не лезе. Нарэшце яно сказала:

– Я наелася ўволю i стамiлася, – зараз аднясi мяне ў сваю спаленьку, пасцялi мне сваю шаўковую пасцельку, i мы ляжам з табою разам спаць.

Як заплакала тут каралеўна, – страшна ёй стала халоднага жабяняцi, баiцца да яго i даткнуцца, а яно яшчэ ў цудоўнай, чыстай пасцельцы з ёю збiраецца спаць. Разгневаўся кароль i гаворыць:

– Хто табе ў бядзе дапамог, тым грэбаваць не варта.

Узяла яна тады жабяня двума пальцамi, панесла яго да сябе ў спаленьку, пасадзiла ў кутку, а сама легла ў пасцельку. А яно скокнула i кажа:

– Я стамiлася, мне таксама спаць хочацца, – вазьмi мяне да сябе, а не, дык я твайму бацьку пажалюся.

Раззлавалася тут каралеўна i стукнула яго з усiх сiл аб сцяну.

– Ну, ужо цяпер, паскуднае жабяня, ты супакоiшся!

Але толькi ўпала яно на зямлю, як раптам абярнулася каралевiчам з цудоўнымi, ласкавымi вачамi, якi стаў з таго часу, па волi яе бацькi, яе мiлым сябрам i мужам. Ён расказаў ёй, што яго зачаравала злая вядзьмарка, i нiхто б не змог вызвалiць яго з калодзежа, акрамя яе адной, i што заўтра яны рушаць у яго каралеўства.

Вось леглi яны спаць i заснулi. А на наступную ранiцу, толькi пабудзiла iх сонейка, пад'ехала да палаца карэта з васьмерыком белых коней, i былi ў iх белыя султаны на галаве, а вупраж з залатых ланцугоў, i стаяў на запятках слуга каралевiча, а быў то верны Гейнрых. Калi яго гаспадар быў абернуты ў жабяня, верны Гейнрых так бедаваў i маркоцiўся, што загадаў акаваць сабе сэрца трыма жалезнымi абручамi, каб не разарвалася яно ад гора i смутку.

I павiнен быў у гэтай карэце ехаць малады кароль у сваё каралеўства. Пасадзiў верны Гейнрых маладых у карэту, а сам стаў на запяткi i цешыўся, што гаспадар яго пазбавiўся ад злога закляцця.

Вось праехалi яны частку дарогi, раптам каралевiч чуе – ззаду нешта трэснула. Азiрнуўся ён i крыкнуў:

– Гейнрых, трэснула карэта!

– Справа, мой гаспадар, не ў гэтым,

То абручык з сэрца спаў,

Што тугой мяне сцiскаў,

Як у калодзежы жылi,

Ды рой там з жабкамi вялi.

Вось зноў i зноў затрашчала нешта ў дарозе, каралевiч думаў, што гэта трэснула карэта, але то былi абручы, што зляцелi з сэрца вернага Гейнрыха, таму што гаспадар яго пазбавiўся ад злога закляцця i стаў зноў шчаслiвым.

ЛIС I КОШКА

Здарылася аднаго разу так, што напаткала кошка ў лесе спадара лiса. "Ён разумны ды такi спрактыкаваны, што яго ва ўсiм свеце паважаюць", – падумала кошка i лагодна прамовiла да яго:

– Добры дзень, шаноўны спадар лiс, як маецеся? Як упраўляецеся ў наш цяжкi час? Усё ж такое дарагое.

Глянуў лiс на кошку, акiнуў яе зняважлiвым паглядам з галавы да ног i памарудзiў, не ведаючы, цi варта адказваць.

Нарэшце ён сказаў:

– Ах ты, няшчасная варкатуха, дурнiца бязглуздая, галодная жабрачка ды мышаедка! Як гэта табе на розум прыйшло пытацца, як мне паводзiцца? Як ты насмелiлася? Чаму цябе там вучылi? Якiя навукi прайшла?

– Я ведаю толькi адну навуку, – сцiпла адказала кошка.

– Што ж гэта за навука? – спытаўся лiс.

– Калi за мною ўлягуць сабакi, дык я ўмею ўскочыць на дрэва i ўратавацца.

– I гэта ўсё? – сказаў лiс. – А я вось знаўца аж у ста мастацтвах i да таго яшчэ цалюткi мех хiтрыкаў маю. Мне шкада цябе, iдзi са мною, я навучу цябе, як ад сабак уцякаць.

Тут якраз на гэтым часе праходзiў паляўнiчы з чатырма сабакамi. Кошка ў iмгненне вока ўскочыла на дрэва, уселася на самай вершалiне, i галiнкi ды лiстота схавалi яе.

– Развяжыце ваш мех, спадар лiс, развяжыце ваш мех, – загукала яму кошка.

Але сабакi ўжо схапiлi яго i моцна трымалi ў зубах.

– Эх, спадар лiс! – усклiкнула кошка. – Вось вы i ўляцелi ў бяду са сваiмi ста мастацтвамi. А маглi б вы, як я, на дрэва ўскараскацца, не давялося б вам з жыццём развiтвацца.

СПАДАРЫНЯ МЯЦЕЛIЦА

Была ў адной удавы дачка, была ў яе яшчэ i падчарка. Падчарка старанная, прыгожая, а дачка i непрыгожая, i гультайка страшэнная. Дачку сваю ўдава вельмi любiла i ўсё ёй даравала, а падчарку прымушала шмат працаваць i кармiла надта дрэнна.

Кожную ранiцу павiнна была падчарка садзiцца ля калодзежа i прасцi пражу. I столькi ёй патрэбна было спрасцi, што часта нават да крывi сцiрала яна пальцы.

Аднаго разу сядзела яна так, прала i вымазала крывёю верацяно. Нахiлiлася дзяўчына да калодзежа, каб абмыць вырацяно, i раптам выслiзнула ў яе верацяно з рук i звалiлася ў калодзеж.

Заплакала падчарка i пабегла дадому расказаць мачасе пра сваю бяду.

– Ты яго выпусцiла, ты яго i даставай, – сказала мачаха злосна. – Ды глядзi, без верацяна не вяртайся.

Пайшла дзяўчына назад да калодзежа i з гора ўзяла ды i кiнулася ў ваду. Кiнулася ў ваду i адразу прытомнасць згубiла.

А калi апрытомнела, убачыла яна, што ляжыць на зялёным лужку, з неба сонца свецiць, а на лужку кветкi растуць.

Пайшла дзяўчына па лужку, глядзiць: стаiць на лужку печ, а ў печы хлябы пякуцца. Хлябы крыкнулi ёй:

– Ах, вымi нас, дзяўчына, з печы хутчэй! Ах, вымi хутчэй! А не то мы зусiм згарым!

Узяла дзяўчына лапату i выняла хлябы з печы.

Потым пайшла яна далей i прыйшла да яблынi. А на яблынi было шмат спелых яблыкаў. Яблыня крыкнула ёй:

– Ах, патрасi мяне, дзяўчына, патрасi! Яблыкi даўно паспелi!

Пачала дзяўчына трэсцi дрэва. Яблыкi дажджом на зямлю пасыпалiся. I да таго часу трэсла яна яблыню, пакуль не засталося на ёй нiводнага яблыка.

Сабрала дзяўчына яблыкi ў кучу i пайшла далей. I вось нарэшце прыйшла яна да хаткi. З акна хаткi выглянула бабуля. З рота ў яе тырчалi вялiзныя белыя зубы. Убачыла дзяўчына бабулю, спалохалася i хацела ўцячы, але бабуля крыкнула ёй:

– Чаго ты спалохалася, мiлая? Заставайся лепш у мяне. Будзеш добра працаваць, i табе добра будзе. Ты мне толькi пасцель сцялi лепей ды пярыну i падушкi ўзбiвай мацней, каб пер'е ва ўсе бакi ляцела. Калi ад маёй пярыны пер'е ляцiць, на зямлi снег iдзе. Ведаеш, хто я? Я – сама спадарыня Мяцелiца.

– Што ж, – адказала дзяўчына, – я згодна паступiць да вас на службу.

Так i засталася яна працаваць у бабулi. Дзяўчына яна была добрая, працавiтая i рабiла ўсё, што ёй бабуля загадвала.

Пярыну i падушкi яна так моцна ўзбiвала, што пер'е, быццам камякi снегу, ляцела ва ўсе бакi.

Добра жылося дзяўчыне ў Мяцелiцы. Нiколi яе Мяцелiца не лаяла, а кармiла заўсёды сытна i смачна.

Ды ўсё ж хутка пачала дзяўчына сумаваць. Спачатку яна i сама зразумець не магла, чаму сумуе, – бо ёй тут у тысячу разоў лепш, чым дома, жывецца, а потым зразумела, што сумуе яна менавiта па роднаму дому. Як там нi кепска было, а ўсё-такi яна вельмi да яго прывыкла.

Вось аднойчы i кажа дзяўчына бабулi:

– Я вельмi засумавала па дому. Як мне ў вас нi добра, але не магу я тут больш заставацца. Мне дужа хочацца родных пабачыць.

Выслухала яе Мяцелiца i сказала:

– Мне падабаецца, што ты сваiх родных не забываеш. Ты добра ў мяне папрацавала. За гэта я табе сама пакажу дарогу дадому.

Узяла яна дзяўчыну за руку i прывяла да вялiкай брамы. Брама расчынiлася, i калi дзяўчына праходзiла пад ёю, пасыпалася на яе зверху золата. Так i выйшла яна з брамы, уся золатам абсыпаная.

– Гэта табе ўзнагарода за тваю стараннасць, – сказала Мяцелiца i дала ёй верацяно, тое самае, якое ў калодзеж звалiлася.

Потым брама зачынiлася, i дзяўчына зноў апынулася наверсе, на зямлi. Неўзабаве прыйшла яна да мачахiнай хаты. Увайшла яна ў хату, а пеўнiк, якi сядзеў на калодзежы, у гэты час заспяваў:

– Ку-ка-рэ-ку, дзяўчына прыйшла!

Многа золата ў хату прынясла!

Убачылi мачаха з дачкой, што прынесла падчарка з сабой многа золата, i сустрэлi яе ласкава. Нават не лаялi за доўгую адлучку.

Расказала iм дзяўчына пра ўсё, што з ёю здарылася, i захацелася мачасе, каб яе дачка таксама стала багатай, каб яна таксама многа золата дамоў прынесла.

Пасадзiла яна сваю дачку прасцi каля калодзежа. Села лянiвая дачка ля калодзежа, але прасцi не стала. Толькi падрапала сабе палец цярноўнiкам да крывi, вымазала верацяно крывёю, кiнула яго ў калодзеж i сама за iм у ваду скокнула.

I вось апынулася яна на тым жа самым зялёным лужку, дзе раслi прыгожыя кветкi. Пайшла яна па сцяжынцы i неўзабаве прыйшла да печы, дзе пяклiся хлябы.

– Ах, – крыкнулi ёй хлябы, – вымi нас з печы! Вымi хутчэй! Мы спяклiся ўжо! Мы хутка згарым!

– Яшчэ чаго! – адказала гультайка. – Буду я з-за вас пэцкацца, – i пайшла далей.

Потым прыйшла яна да яблынi, яблыня крыкнула ёй:

– Ах, патрасi мяне, дзяўчына, патрасi мяне! Яблыкi ўжо даўно паспелi!

– Як жа, як жа, – адказала яна, – яшчэ, калi я пачну цябе трэсцi, якi-небудзь яблык мне на галаву звалiцца ды гуз наб'е!

Нарэшце падышла гультайка да хаткi спадарынi Мяцелiцы. Яна зусiм не спалохалася Мяцелiцы. Сястра ж расказала ёй пра вялiкiя зубы Мяцелiцы i пра тое, што яна зусiм не страшная.

Вось i пачала гультайка працаваць у Мяцелiцы.

Першы дзень яна яшчэ так-сяк iмкнулася пераадолець сваю ляноту, слухала спадарыню Мяцелiцу, узбiвала ёй пярыну i падушкi так, што пер'е ляцела ва ўсе бакi.

А на другi i на трэцi дзень пачала яе адольваць лянота. Ранiцай неахвотна падымалася яна з ложка, пасцель сваёй гаспадынi слала дрэнна, а пярыну i падушкi зусiм перастала ўзбiваць.

Надакучыла Мяцелiцы трымаць такую служанку, вось яна i кажа ёй:

– Iдзi ты назад да сябе дамоў!

Тут гультайка ўзрадавалася.

"Ну, – думае, – зараз на мяне золата пасыплецца".

Падвяла яе Мяцелiца да вялiкай брамы. Расчынiлася брама. Але калi выходзiла з яе гультайка, не золата на яе пасыпалася, а перакулiўся кацёл са смалой.

– Вось табе ўзнагарода за тваю работу, – сказала Мяцелiца i зачынiла браму.

Прыйшла гультайка дадому, а пеўнiк, якi сядзеў на калодзежы, убачыў яе i закрычаў:

– Будуць смяяцца ўсе ў сяле:

Уваходзiць дзяўчына ўся ў смале!

I так гэта смала да яе моцна прылiпла, што засталася на скуры на ўсё жыццё.

РАЗБОЙНIК-ЖАНIХ

Жыў-быў некалi млынар. Была ў яго прыгожая дачка. Вырасла яна, i захацелася бацьку ўдала выдаць яе замуж.

Вось неўзабаве аб'явiўся багаты жанiх. Бацька пра такога i марыў, таму i паабяцаў яму сваю дачку. А дзяўчыне хлопец не вельмi спадабаўся. Зiрне на яго цi падумае пра яго, i нейкi страх ахоплiвае яе сэрца.

Аднойчы жанiх кажа:

– Ты вось – мая нявеста, а нi разу да мяне ў госцi не завiтала.

– Ды я ж не ведаю, дзе стаiць ваша хата.

Жанiх растлумачыў:

– Хата мая вунь там, у цёмным лесе.

– Цi знайду дарогу? – сумняваецца нявеста.

– Я насыплю на дарогу попелу. Ён i прывядзе цябе ў маю хату. Прыходзь у наступную нядзелю. Я ўжо гасцей запрасiў.

Наступiла нядзеля. Трэба збiрацца ў дарогу, а дзяўчыне зрабiлася так страшна, што не можа растлумачыць. Але ж пераадолела страх. Насыпала поўныя кiшэнi гароху, рушыла ў дарогу.

Амаль цэлы дзень iшла. I вось перад ёй – густы лес, а ў iм – адзiная хата. Не спадабалася дзяўчыне хата: змрочная, няўтульная. Увайшла ў яе – нiкога. Цiха-цiха, аж страшна.

Раптам чуецца голас:

– Азiрнiся, нявеста, цi не ў разбойным ты месцы?

Азiрнулася дзяўчына i ўбачыла птушку ў клетцы. Птушка яшчэ раз папярэдзiла:

– Азiрнiся, нявеста, цi не ў разбойным ты месцы?

Нявеста абышла ўсе пакоi, але ўсюды было пуста, нiводнай чалавечай душы. Урэшце спусцiлася яна ў склеп. А там – старая жанчына сядзiць, галавой хiтае.

– Цi не скажаце мне, – пытае дзяўчына, – тут жыве мой жанiх?

– Ах, небарака, – адказала бабуля, – куды ты трапiла! Тут жа разбойны прытон. Ты чакаеш вяселля, але глядзi, як бы не святкаваць яго разам са смерцю. Вунь бачыш, вялiкi кацёл з вадой. Мяне прымушаюць яго кiпяцiць, а тады ў iм вараць людзей i ядуць. Яны ж – людаеды! Ратуйся хутчэй, пакуль цябе не схапiлi...

Старая завяла i схавала дзяўчыну за вялiзную бочку. Загадала:

– Сядзi цiха, як мышка ў норцы! А ноччу, калi разбойнiкi заснуць, мы з табой збяжым.

Толькi яны пра ўсё дамовiлiся, як дамоў вярнулася разбойная шайка. Прыцягнулi з сабой нейкую дзяўчыну. Яна крычала, прасiлася, а яны як бы не чулi, бо былi ўсе п'яныя.

Разбойнiкi прымусiлi i дзяўчыну выпiць тры шклянкi вiна: белага, чырвонага, бурштынавага. Ад гэткага пiтва разарвалася ў паланянкi сэрца. Яны сарвалi з яе прыгожую сукенку, паклалi на стол, пасеклi на кавалкi дзявоцкае цела, пасыпалi соллю.

Ледзь жывая сядзела за бочкай нявеста. Яна зразумела, якую долю рыхтаваў ёй разбойнiк-жанiх. Раптам на яе каленi ўпаў мезенец той дзяўчыны, якую забiлi разбойнiкi. На iм свяцiўся залаты пярсцёнак.

А здарылася так, што адзiн разбойнiк прыкмецiў на руцэ паланянкi золата i захацеў зняць яго. Адсек палец, а ён падскочыў уверх i ўпаў за бочку.

Узялi разбойнiкi свечку, пачалi шукаць адсечаны мезенец. Не знайшлi. Тады адзiн з iх кажа другому:

– А ты за бочкай шукаў?

Тут старая я-я-к закрычыць:

– Ступайце хутчэй есцi! Заўтра пашукаеце палец, ён ад вас не збяжыць.

– Праўду кажаш, – пагадзiлiся разбойнiкi.

Селi яны вячэраць, пачалi пiць вiно. А нiхто ж з iх не ведаў, што бабуля падсыпала ў бутлю соннага зелля.

Паелi-папiлi разбойнiкi дый заснулi-захраплi ў склепе. Вось тады i вылезла з-за бочкi нявеста. Асцярожна, пераступаючы цераз спячых, выйшла яна на вулiцу. За ёй – бабуля. I кiнулiся яны ўцякаць далей ад разбойнага прытона.

Вецер здзьмуў з дарогi попел, якi насыпаў некалi жанiх. Затое гарох, якi раскiдала дзяўчына, пусцiў расткi. У месячковым ззяннi яны i паказвалi дарогу. Так iшлi яны ўсю ноч, а пад ранiцу былi ўжо дома. I паведала дзяўчына бацьку ўсю праўду.

Вось надышоў дзень, калi трэба святкаваць вяселле. Млынар склiкаў усiх сваiх родзiчаў i знаёмых. З'явiўся i жанiх.

Уселiся госцi за стол. I прапанавана было кожнаму што-небудзь расказаць. Нявеста сядзела цiха, маўклiва. Тады жанiх звярнуўся да яе:

– Ну, мая душачка, хiба ты нiчога не ведаеш? Раскажы нам што-небудзь.

Нявеста пагадзiлася:

– Добра, раскажу я вам сон. Iду нiбыта цераз лес, iду i раптам перада мною – хата. А ў ёй нiводнай жывой душы. Вiсiць на сцяне клетка з птушкай. I кажа мне тая птушка: "Азiрнiся, нявеста, цi не ў разбойным ты месцы?" I паўтарыла яшчэ раз. Ды гэта, мой мiлы, мне толькi снiлася... Прайшлася я па ўсiх пакоях. Усе яны – пустыя, беспрытульныя. Спусцiлася ў склеп, i сядзела там старэнькая жанчына. Пытаюся ў яе: "Цi не ў гэтай хаце жыве мой жанiх? " А яна адказвае: "Ах, небарака, ты ж у разбойны прытон трапiла. Жанiх твой жыве тут, але ён цябе збiраецца на кавалкi пасекчы, а пасля зварыць дый з'есцi". Мiлы мой, гэта ж мне толькi прыснiлася... I схавала мяне бабуля за вялiзную бочку. Толькi там прытаiлася, як вярнулiся дамоў разбойнiкi, прыцягнулi з сабой нейкую дзяўчыну, далi ёй выпiць трайнога вiна – белага, чырвонага i бурштынавага. Ад яго разарвалася ў паланянкi сэрца. Мiлы мой, гэта ж мне толькi прыснiлася... I ўбачыў адзiн разбойнiк на мезенцы ў дзяўчыны залаты пярсцёнак. Цяжка яго сцягнуць. Тады ён узяў сякеру i адсек палец. Падскочыў той мезенец уверх, упаў за вялiзную бочку i трапiў якраз мне на каленi. Вось ён, гэты палец з пярсцёнкам!..

Нявеста паказала гасцям адсечаны палец з залатым пярсцёнкам.

Разбойнiк-жанiх збялеў што палатно, падхапiўся з-за стала i хацеў бегчы. Але госцi схапiлi яго, прывялi на суд. I прысудзiлi пакараць смерцю. А разам i яго шайку за iх разбойныя справы.

КАРАЛЕВIЧ, ЯКI НIЧОГА НЕ БАЯЎСЯ

Жыў-быў аднойчы каралевiч, не хацелася яму больш заставацца дома ў свайго бацькi, а раз ён нiчога не баяўся, то падумаў: "Пайду я па белым свеце вандраваць i не сумна мне будзе, ды i нагляджуся на розныя дзiўныя рэчы". Развiтаўся ён са сваiмi бацькамi i пайшоў ад iх, i iшоў усё напрасткi з ранiцы да самага вечара, i было яму ўсё роўна, куды дарога вядзе. Здарылася так, што падышоў каралевiч да дома аднаго велiкана; здарожыўся ён i сеў каля дзвярэй адпачыць. Пачаў каралевiч па баках разглядваць i раптам заўважыў на двары ў велiкана цацку: былi гэта два вялiзныя шары i кеглi з рост чалавека. Захацелася яму пагуляць у тыя кеглi, ён расставiў iх, пачаў збiваць iх шарамi, i калi кеглi падалi, то гучна крычаў, таму што было яму весела. Пачуў велiкан шум, высунуў галаву ў акно i ўбачыў чалавека; i быў той ростам, як усе людзi, але аднак жа гуляў у яго кеглi.

– Гэй ты, казяўка! – крыкнуў велiкан. – Што гэта ты ў мае кеглi гуляеш? Адкуль у цябе такая сiла?

Паглядзеў каралевiч наверх, агледзеў велiкана i сказаў:

– Ах ты, даўбешка гэтакая! Што ж ты думаеш, што ў цябе аднаго толькi дужыя рукi? Я магу ўсё, чаго захачу!

Спусцiўся велiкан унiз, пачаў са здзiўленнем глядзець на гульню ў кеглi i сказаў:

– Калi ты такi чалавек, то iдзi i прынясi мне яблык з дрэва жыцця.

– А навошта ён табе? – запытаў каралевiч.

– Гэты яблык я хачу не для сябе, – адказаў велiкан. – Ёсць у мяне нявеста, гэта яна яго патрабуе. Хадзiў я, вандраваў нямала па свеце, але такога дрэва адшукаць не мог.

– Ну, я яго адшукаю, – сказаў каралевiч, – чаго б гэта нi каштавала!

Кажа велiкан:

– Ты думаеш, што гэта так ужо лёгка? Сад, у якiм расце дрэва, абнесены жалезнай агароджай, i ляжаць уздоўж агароджы дзiкiя звяры, яны вартуюць i нiкога з людзей туды не прапускаюць.

– Мяне яны прапусцяць, – сказаў каралевiч.

– Так, але калi ты i трапiш у гэты сад i ўбачыш на дрэве яблык, то гэта яшчэ не азначае, што ты яго зможаш сарваць: вiсiць перад iм кольца, i той, хто захацеў бы дастаць i сарваць яблык, павiнен спачатку прасунуць у яго руку, а гэта яшчэ нiкому не ўдавалася.

– А мне ўдасца, – сказаў каралевiч.

Развiтаўся ён з велiканам i пайшоў праз горы i далiны, палi i лясы i прыйшоў, нарэшце, да чарадзейнага саду. Ляжалi вакол яго звяры, але яны апусцiлi галовы ўнiз i спалi. Яны не прачнулiся i тады, калi ён да iх падышоў i нават калi цераз iх пераступiў. Вось пералез каралевiч цераз агароджу i без перашкод трапiў у сад. I расло там пасярэдзiне дрэва жыцця, i ззялi на галiнах яго чырвоныя яблыкi. Ён узабраўся па ствале наверх, толькi хацеў працягнуць руку да яблыка, раптам бачыць – вiсiць перад iм кольца; ён лёгка прасунуў у яго руку i сарваў яблык. Але раптам кольца моцна сцiснулася вакол рукi, i тут каралевiч адчуў, што магутная сiла пранiкла ў яго жылы. Ён спусцiўся з яблыкам унiз з дрэва i не захацеў пералазiць цераз агароджу, узяўся рукой за вялiкiя вароты, – i варта было яму толькi iх патрэсцi, як яны з трэскам расчынiлiся. Ён выйшаў з саду, але прачнуўся леў, якi ляжаў перад агароджай, i кiнуўся за каралевiчам, ды не разлютаваны, а пайшоў услед за iм пакорна, як за сваiм гаспадаром.

Прынёс каралевiч велiкану абяцаны яблык i сказаў:

– Вось бачыш, я здабыў яго без усякiх цяжкасцей.

Узрадаваўся велiкан, што яго жаданне так хутка збылося, заспяшаўся да сваёй нявесты i даў ёй яблык, якi яна патрабавала. Але дзяўчына была i прыгожая i разумная, яна не ўбачыла на руцэ ў велiкана кольца i сказала:

– Я табе да таго часу не паверу, што яблык здабыў ты, пакуль не ўбачу ў цябе на руцэ кольца.

Сказаў велiкан:

– Для гэтага мне патрэбна вярнуцца дамоў, я яго табе прынясу, – ён думаў, што кольца будзе лёгка адабраць сiлай у слабага чалавека, калi той не аддасць яго па добрай волi.

I вось запатрабаваў велiкан у каралевiча кольца, але той адмовiў.

– Дзе яблык, там павiнна знаходзiцца i кольца, – сказаў велiкан, – не аддасi яго па добрай волi, давядзецца табе з-за яго са мною пазмагацца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю