355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Якоб и Вильгельм Гримм братья » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:15

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 15 страниц)

– Цi не зноў нячысцiк мной завалодаў, няўжо мяне ад яго не выратавалi?

Тады ён грозна спытаў у яе:

– Хiба нiколi да цябе не прыходзiў выратавальнiк? Дык ён i цяпер з табой побач, хлуслiўка!

Ён скiнуў накiдку, адразу зрабiўся бачным, адчынiў дзверы, зайшоў у залу i там гучна абвясцiў:

– Канец балю! Сапраўдны кароль вярнуўся!

Каралi, князi, саветнiкi, якiя за сталом балявалi, пачалi смяяцца, паказваць на яго пальцамi; тады ён грозна мовiў:

– Вы пакiнеце залу цi не?

Яны спачатку намерылiся схапiць яго, нават з-за стала павыходзiлi, але ён выхапiў шаблю i сказаў:

– Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!

I пакацiлiся ўсе галовы на зямлю, i ён застаўся адзiным гаспадаром палаца ды зноў зрабiўся каралём Залатой гары.

СНЯГУРАЧКА

Гэта было ў сярэдзiне зiмы. Падалi сняжынкi, быццам пух з неба, i сядзела каралева ля акна, – рама яго была з чорнага дрэва, – i каралева шыла. Калi яна шыла, заглядзелася на снег i ўкалола iголкай палец, – i ўпалi тры кроплi крывi на снег. I чырвонае на белым снезе выглядала так прыгожа, што падумала яна сама сабе: "Вось, калi б нарадзiлася ў мяне дзiця, белае, як гэты снег, i румянае, як кроў, i чорнавалосае, як дрэва на аконнай раме!"

I нарадзiла каралева неўзабаве дачку, i была яна белая, як снег, румяная, як кроў, i такая чорнавалосая, як чорнае дрэва, – i празвалi яе таму Снягурачкай. А калi дзiця нарадзiлася, каралева памерла.

Праз год узяў кароль сабе другую жонку. Гэта была прыгожая жанчына, але ганарыстая i пыхлiвая, яна трываць не магла, калi хто-небудзь пераўзыходзiў яе хараством. Было ў яе чароўнае люстэрка, i калi станавiлася яна перад iм i глядзелася ў яго, то пыталася:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

I люстэрка адказвала:

– Вы, каралева, прыгажэй у лясной старане.

I яна была задаволена, паколькi ведала, што люстэрка кажа праўду.

А Снягурачка за гэты час падрасла i станавiлася ўсё харашэй, i, калi ёй споўнiлася сем гадоў, была яна такая цудоўная, як ясны дзень, i прыгажэйшая за саму каралеву. Калi каралева спытала ў свайго люстэрка:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

Люстэрка адказала так:

– Вы, каралева, канечне, прыгожы сабой,

Ды толькi Снягурачка вас засланяе красой.

Спалохалася тады каралева, пажаўцела, пазелянела ад зайздрасцi. Убачыць, бывала, Снягурачку – i сэрца ў яе разрываецца, так неўзлюбiла яна дзяўчынку. I зайздрасць, i фанабэрыстаць разрасталiся, як пустазелле, у яе сэрцы ўсё вышэй i вышэй, i не было ёй з гэтага часу спакою нi ўдзень, нi ўночы.

Тады яна паклiкала аднаго са сваiх егераў i сказала:

– Завядзi гэтую дзяўчынку ў лес, – я больш бачыць яе не магу. Ты павiнен яе забiць i прынесцi мне ў знак доказу яе лёгкiя i печань.

Егер паслухаўся i завёў дзяўчынку ў лес; але, калi ён выцягнуў свой паляўнiчы нож i хацеў было ўжо працяць нi ў чым не вiнаватае сэрца Снягурачкi, тая пачала плакаць i прасiць:

– Ах, мiлы егер, пакiнь мяне жывою! Я ўцяку далёка-далёка ў дрымучы лес i нiколi не вярнуся дадому.

I таму, што была яна такая прыгожая, егер над ёю злiтаваўся i сказаў:

– Так i быць, бяжы, бедная дзяўчынка! I падумаў сам сабе: "Усё адно там цябе хутка з'ядуць дзiкiя звяры", – i быццам камень звалiўся ў яго з сэрца, калi не давялося яму забiваць Снягурачку.

I якраз у гэты час падбег малады алень, егер яго закалоў, выразаў у яго лёгкiя i печань i прынёс iх каралеве ў знак доказу, што яе загад выкананы. Кухару распарадзiлiся зварыць iх у салёнай вадзе, i лiхая жанчына iх з'ела, думаючы, што гэта лёгкiя i печань Снягурачкi.

Засталася бедная дзяўчынка ў дрымучым лесе адна-адзiнюткая, i са страхам яна агледзела ўсе лiсцiкi на дрэвах, не ведаючы, як ёй быць далей, як свайму гору дапамагчы.

Яна кiнулася бегчы, i бегла па вострых камянях, праз калючыя зараснiкi, i скакалi каля яе дзiкiя звяры, але яе не чапалi. Бегла яна колькi сiлы хапiла, але вось пачало нарэшце вечарэць. Раптам яна ўбачыла маленькую хатку i зайшла ў яе адпачыць. I было ў той хатцы ўсё такiм маленькiм, але прыгожым i чыстым, што нi ў казцы сказаць, нi пяром апiсаць.

Стаяў там накрыты белай сурвэткай столiк, а на iм сем маленькiх талерачак, каля кожнай талерачкi па лыжачцы, а яшчэ сем маленькiх нажоў i вiдэльцаў i сем маленькiх кубкаў. Стаялi каля сцяны ў рад сем маленькiх ложачкаў, i былi яны засланы беласнежнымi пакрываламi.

Захацелася Снягурачцы паесцi i папiць, яна ўзяла з кожнай талерачкi патрошку гароднiны i хлеба i выпiла з кожнага кубачка па кропельцы вiна, – ёй не хацелася пiць усё з аднаго. А паколькi яна вельмi стамiлася, то легла ў адну з пасцелек, але нiводная з iх для яе не падыходзiла: адна была занадта доўгая, другая занадта кароткая; але сёмая аказалася нарэшце якраз па яе росту; яна на яе ўлеглася i, аддаўшыся на лiтасць боскую, заснула.

Калi ўжо зусiм сцямнела, прыйшлi гаспадары хаткi; былi то сямёра карлiкаў, якiя ў гарах здабывалi руду. Яны запалiлi сем сваiх лямпачак, i, калi ў хатцы стала светла, яны заўважылi, што ў iх хтосьцi быў, таму што не ўсё аказалася ў тым парадку, у якiм было раней. I сказаў першы карлiк:

– Хто гэта на маiм крэсле сядзеў?

Другi:

– Хто гэта з маёй талерачкi еў?

Трэцi:

– Хто ўзяў скiбачку майго хлеба?

Чацвёрты:

– А хто маю гароднiну еў?

Пяты:

– Хто маiм вiдэльчыкам браў?

Шосты:

– А хто маiм ножычкам рэзаў?

Сёмы спытаў:

– Хто гэта пiў з майго маленькага кубка?

Азiрнуўся першы i заўважыў на сваёй пасцельцы маленькую складачку, i спытаў:

– А хто гэта ляжаў на маiм ложачку?

Тут збеглiся астатнiя i пачалi гаварыць:

– I ў маiм таксама хтосьцi ляжаў.

Зiрнуў сёмы карлiк на сваю пасцель, бачыць – ляжыць у ёй Снягурачка i спiць. Гукнуў ён тады астатнiх; падбеглi яны, пачалi ад здзiўлення крычаць, прынеслi сем сваiх лямпачак i асвяцiлi Снягурачку.

– Ах, Божа мой! Ах, Божа мой! – усклiкнулi яны. – Якое, аднак, прыгожае дзiця!

Яны так зарадавалiся, што не сталi яе будзiць i пакiнулi яе спаць у пасцельцы. А сёмы карлiк праспаў у кожнага са сваiх таварышаў па гадзiне, так вось i ноч праляцела.

Надышла ранiца. Прачнулася Снягурачка, убачыла сем карлiкаў i спалохалася. Але былi яны з ёю ласкавыя i спыталi яе:

– Як цябе зваць?

– Мяне клiчуць Снягурачкай, – адказала яна.

– Як ты трапiла ў нашу хатку? – працягвалi пытацца карлiкi.

I яна расказала iм аб тым, што мачыха хацела яе забiць, але егер злiтаваўся над ёю, i што бегла яна цэлы дзень, пакуль нарэшце не знайшла iх хатку.

Карлiкi спыталi:

– Хочаш весцi ў нас гаспадарку? Кухарыць, пасцелi ўзбiваць, мыць, шыць i вязаць, усё ўтрымлiваць у чысцiнi i парадку, – калi ты на гэта згодная, то можаш у нас застацца, i будзе ў цябе ўсяго ўдосталь.

– Добра, – сказала Снягурачка, – з вялiкай ахвотай, – i засталася ў iх.

Яна ўтрымлiвала хатку ў парадку. Ранiцай карлiкi iшлi ў горы капаць руду i золата, а вечарам вярталiся дамоў, i яна павiнна была да iх прыходу прыгатаваць iм вячэру. Цэлы дзень дзяўчынцы прыходзiлася заставацца адной, i таму добрыя карлiкi яе перасцерагалi i казалi:

– Сцеражыся сваёй мачыхi: яна хутка даведаецца, што ты тут. Глядзi, нiкога не ўпускай у дом.

А каралева, з'еўшы лёгкiя i печань Снягурачкi, пачала зноў думаць, што яна цяпер самая першая красуня ў каралеўстве. Яна падышла да люстэрка i спытала:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

I адказала люстэрка:

– Вы, каралева, прыгожы сабой,

Ды Снягурачка там, за гарамi,

У карлаў сямёх мiж барамi

Сваёй вас заслонiць красой.

Спалохалася тады каралева, – яна ж ведала, што люстэрка кажа праўду, i зразумела, што егер яе падмануў, што Снягурачка яшчэ жывая. I яна стала зноў думаць i гадаць, як бы яе знiшчыць. I не было ёй ад зайздрасцi спакою, таму што не яна самая першая прыгажуня ў каралеўстве.

I вось пад канец яна сёе-тое прыдумала: яна нафарбавала сабе твар, пераапранулася старой гандляркай, i цяпер яе нiяк нельга было пазнаць. Накiравалася яна цераз сем гор да сямi карлiкаў, пагрукалася ў дзверы i кажа:

– Прадаю тавары харошыя! Прадаю!

Глянула Снягурачка ў акенца i кажа:

– Добры дзень, галубка! Ты што прадаеш?

– Харошыя тавары, цудоўныя тавары, – адказала тая, – шнуркi рознакаляровыя, – i выняла ёй адзiн з iх паказаць, i быў ён сплецены з пярэстага шоўку.

"Гэту шаноўную жанчыну можна, бадай, i ў дом пусцiць", – падумала Снягурачка. Яна адкiнула дзвярную засаўку i купiла сабе прыгожыя шнуркi.

– О, як яны табе iдуць, дзяўчынка, – мовiла старая, – дай жа я зашнурую табе лiф як трэба.

Снягурачка, не прадчуваючы нiчога кепскага, стала перад ёю i дала зацягнуць на сабе новыя шнуркi. I пачала старая шнураваць, ды так хутка i так туга, што Снягурачка задыхнулася i ўпала як мёртвая долу.

– Гэта за тое, што ты самай прыгожай была, – сказала каралева i хутка знiкла.

А неўзабаве, надвячоркам, вярнулiся сем карлiкаў дахаты, i як яны спалохалiся, калi ўбачылi, што iх любая Снягурачка ляжыць на падлозе – не варухнецца, не кранецца, нiбы мёртвая! Яны паднялi яе i ўбачылi, што яна моцна-моцна зашнуравана; тады разрэзалi яны шнуркi, i пачала яна пакрысе дыхаць i паступова апрытомнела.

Калi карлiкi пачулi аб тым, як усё гэта здарылася, яны сказалi:

– Старая гандлярка была на самой справе злою каралевай. Сцеражыся, не ўпускай да сябе нiкога, калi нас няма дома.

А лiхая жанчына вярнулася тым часам дамоў, падышла да люстэрка i спытала:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

Адказала ёй люстэрка, як раней:

– Вы, каралева, прыгожы сабой,

Ды Снягурачка там, за гарамi,

У карлаў сямёх мiж барамi

Сваёй вас заслонiць красой.

Калi яна пачула такi адказ, уся кроў прылiла ў яе да сэрца, так яна спалохалася, – яна зразумела, што Снягурачка ажыла зноўку.

– Ну, ужо цяпер, – сказала яна, – я прыдумаю такое, што загубiць цябе напэўна, – i, ведаючы рознае вядзьмарства, яна падрыхтавала атрутны грэбень. Пасля пераапранулася яна i прыкiнулася iншай бабуляй. I выправiлася за сем гор да сямi карлiкаў, – пагрукалася ў дзверы i кажа:

– Прадаю тавары харошыя! Прадаю!

Снягурачка выглянула ў акенца i кажа:

– Праходзь сабе далей, у дом пускаць нiкога не дазволена!

– Але ж паглядзець, бадай, можна, – мовiла старая, выняла атрутны грэбень i, падняўшы яго ўгару, паказала Снягурачцы.

Ён так спадабаўся дзяўчынцы, што яна дала сябе падмануць i адчынiла дзверы. Яны сышлiся ў цане, i бабуля сказала:

– Ну, а зараз дай жа я цябе як трэба прычашу.

Бедная Снягурачка, нiчога не падазраючы, дала старой сябе прычасаць; але толькi тая дакранулася грабянцом да яе валасоў, як яд пачаў зараз жа дзейнiчаць, i дзяўчынка ўпала ў беспрытомнасцi долу.

– Ты, маляваная красуня, – сказала лiхая жанчына, – ужо ж цяпер настаў табе канец! – I, сказаўшы гэта, яна пайшла.

Аднак, на шчасце, справа была пад вечар, i сямёра карлiкаў неўзабаве вярнулiся дамоў. Яны заўважылi, што Снягурачка ляжыць на падлозе мёртвая, i адразу западозрылi ў гэтым мачыху, пачалi шукаць, у чым прычына, i знайшлi атрутны грэбень, i як толькi яны яго выцягнулi, Снягурачка зноў апрытомнела i распавяла iм аб усiм, што здарылася. Тады карлiкi яшчэ раз папярэдзiлi яе, каб яна была асцярожнай i дзверы нiкому не адчыняла.

А каралева вярнулася дадому, села перад люстэркам i кажа:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

I адказала люстэрка, як раней:

– Вы, каралева, прыгожы сабой,

Ды Снягурачка там, за гарамi,

У карлаў сямёх мiж барамi

Сваёй вас заслонiць красой!

Пачуўшы, што мовiць люстэрка, яна ўся задрыжала, затрымцела ад гневу.

– Снягурачка павiнна загiнуць, – крыкнула яна, – нават калi б гэта мне самой каштавала жыцця!

I яна накiравалася ў патайны пакой, куды нiхто нiколi не заходзiў, i прыгатавала там атрутны-найатрутны яблык. Быў ён на выгляд вельмi прыгожы, белы з чырвонымi крапiнкамi, i ўсякi, хто б яго ўбачыў, захацеў бы яго з'есцi; але хто б з'еў хоць кавалачак, той абавязкова памёр бы.

Калi яблык быў гатовы, каралева нафарбавала сабе твар, пераапранулася сялянкай i выправiлася ў шлях-дарогу – за сем гор, да сямi карлiкаў. Яна пагрукалася; Снягурачка высунула галаву ў акенца i кажа:

– Пускаць у дом нiкога не дазволена – сем карлiкаў мне гэта забаранiлi.

– Яно правiльна, – адказала сялянка, – але куды ж я падзену свае яблыкi? Хочаш, я табе адзiн з iх падару?

– Не, – сказала Снягурачка, – мне браць нiчога не дазволена.

– Ты, што ж, атруты баiшся? – спытала старая. – Паглядзi, я разрэжу яблык на дзве палавiнкi: румяную з'еш ты, а белую я.

А яблык быў зроблены так хiтра, што толькi румяная яго палавiнка была атручанай. Захацелася Снягурачцы пакаштаваць цудоўны яблык, i калi яна ўбачыла, што сялянка яго есць, дзяўчынка не стрымалася, высунула з акенца руку i ўзяла атручаную палавiнку. Толькi адкусiла яна кавалачак, зараз жа ўпала як нежывая на зямлю. Паглядзела на яе сваiмi страшнымi вачыма каралева i, гучна зарагатаўшы, сказала:

– Белая, як снег, румяная, як кроў, чорнавалосая, як чорнае дрэва. Ужо ж цяпер твае карлiкi не разбудзяць цябе нiколi!

Яна вярнулася дамоў i пачала пытацца ў люстэрка:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

I адказала люстэрка нарэшце:

– Вы, каралева, прыгажэй у лясной старане.

Супакоiлася тады яе зайздроснае сэрца, наколькi можа падобнае сэрца знайсцi сабе спакой.

Карлiкi, вярнуўшыся вечарам дахаты, знайшлi Снягурачку на зямлi, нежывую, мёртвую. Яны паднялi яе i пачалi шукаць атруту: яны расшнуравалi яе, прычасалi ёй валасы, абмылi яе вадой i вiном, але нiчога не дапамагло – бедная дзяўчынка, як была мёртвай, так мёртвай i засталася.

Паклалi яны яе ў труну, паселi ўсе сямёра вакол яе, пачалi яе аплакваць, i праплакалi так аж тры днi. Пасля яны вырашылi яе пахаваць, але яна выглядала, як жывая, – шчокi ў яе былi па-ранейшаму прыгожыя i румяныя.

I сказалi яны:

– Як можна яе такую ў зямлю закопваць?

I яны загадалi зрабiць для яе шкляную труну, каб можна было яе бачыць з усiх бакоў, i паклалi яе ў тую труну, напiсалi на ёй залатымi лiтарамi яе iмя i што была яна каралеўскай дачкою. Занеслi яны труну на гару, i заўсёды адзiн з iх заставаўся каля яе на варце. I з'явiлiся таксама звяры i птушкi аплакваць Снягурачку: спачатку сава, затым крумкач i, нарэшце, галубок.

I доўга-доўга ляжала ў сваёй труне Снягурачка, i здавалася, што яна спiць, – была яна белая, як снег, румяная, як кроў, i чорнавалосая, як чорнае дрэва.

Але аднойчы здарылася, што заехаў каралевiч у той лес i трапiў у дом карлiкаў, каб там пераначаваць. Ён убачыў на гары труну, а ў ёй красуню Снягурачку, i прачытаў, што было напiсана на ёй залатымi лiтарамi. I сказаў ён тады карлiкам:

– Аддайце мне гэтую труну, я дам вам за гэта ўсё, што вы пажадаеце.

Але карлiкi адказалi:

– Мы не аддадзiм яе нават за ўсё золата на свеце.

Тады ён сказаў:

– Дык падарыце мне яе, – я не магу жыць, не бачачы Снягурачкi, я буду яе глыбока паважаць i шанаваць, як сваю каханую.

Калi ён гэта сказаў, добрыя карлiкi злiтавалiся над iм i аддалi яму труну; i загадаў каралевiч сваiм слугам несцi яе на плячах. Але здарылася так, што яны спатыкнулiся ў кустах, i ад страсення кавалак атручанага яблыка выпаў з горла Снягурачкi. Тут расплюшчыла яна вочы, падняла века труны, а потым паднялася з яе i ажыла зноўку.

– Ах, Божа, дзе ж гэта я? – усклiкнула яна.

Каралевiч, узрадаваны, адказаў:

– Ты са мной, – i расказаў ёй усё, што адбылося, i мовiў: – Ты мне мiлейшая за ўсё на свеце; пойдзем разам са мной у замак майго бацькi, i ты будзеш маёй жонкай.

Снягурачка згадзiлася i пайшла разам з iм; i адсвяткавалi яны вяселле з вялiкаю пышнасцю.

Але на вясельны банкет была запрошана i лiхая мачыха Снягурачкi. Прыбралася яна ў прыгожую сукенку, падышла да люстэрка i сказала:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

I адказала люстэрка:

– Вы, каралева, канечне, прыгожы сабой,

Ды вас каралеўна сваёй засланяе красой.

I вымавiла тады лiхая жанчына свой праклён, i стала ёй так страшна, так страшна, што яна не ведала, як ёй з сабой саўладаць. Спачатку яна вырашыла зусiм не iсцi на вяселле, але не было ёй спакою – ёй хацелася пайсцi i паглядзець на маладую каралеву. Яна зайшла ў палац i пазнала Снягурачку, i ад страху i жаху – як стаяла, так на месцы i застыла.

Але былi пастаўлены ўжо для яе на вогненныя вугалi жалезныя туфлi, iх прынеслi, трымаючы абцугамi, i паставiлi перад ёю. I яна павiнна была ступiць нагамi ў дачырвана распаленыя туфлi i скакаць у iх да таго часу, пакуль нарэшце не грымнула, мёртвая, вобземлю.

ТРЫ БРАТЫ

Шмат гадоў таму назад жыў на свеце бацька з трыма сынамi. Выраслi сыны малайцамi, адзiн за другога лепшы.

Вось i кажа iм бацька:

– Iдзiце, дзецi, па белым свеце падарожнiчаць, людзей пабачыце i якой-небудзь справе навучыцеся. Таму з вас, хто самым лепшым майстрам вернецца, я свой дом пакiну.

Пайшлi браты падарожнiчаць. Тры гады вандравалi яны па чужых краях, а пасля вярнулiся ўсе ў адзiн дзень дамоў да бацькi.

– Добры дзень, бацька, – кажуць яны.

– Добры дзень, дзецi, – адказвае бацька. – Ну, што, навучылiся чаму-небудзь?

– Так, – кажуць, – навучылiся.

– Чаму ж вы, дзецi, навучылiся?

– Я, – кажа малодшы сын, – галiць навучыўся.

– Я, кажа сярэднi сын, – каваць навучыўся.

– А я, – сказаў старэйшы сын, – фехтаваць навучыўся.

– Ну i добра, – кажа бацька. – Хацеў бы я паглядзець, цi спрытна ўмееце вы галiць, каваць i фехтаваць.

А ў гэты час бег полем заяц.

– Эх! – закрычаў малодшы сын, якi галiць навучыўся. – Ты мне якраз i патрэбен!

Схапiў ён тазiк i мыла, узбiў памазком пену, а потым дагнаў зайца, на бягу намылiў яму пыску i пагалiў абедзве шчакi.

Ды як чыста пагалiў! Нi разу не парэзаў i нiводнага валаска не пакiнуў.

– Добрая работа, – сказаў бацька. – Спрытна голiш!

I толькi ён гэта прамовiў, як на дарозе паказалася карэта.

– Ану, – кажа сярэднi сын, якi каваць навучыўся, – паглядзi, бацька, i на маё ўмельства!

Пабег сярэднi сын за карэтай, дагнаў яе, адарваў у каня на ўсiм скаку ўсе чатыры падковы i тут жа на ўсiм скаку падкаваў яго iзноў.

– Выдатная работа! – сказаў бацька. Не горшая, чым у твайго брата.

Тут загаварыў старэйшы сын:

– Дазволь, бацька, i мне паказаць сваё ўмельства!

– Што ж, – кажа бацька, – пакажы.

А якраз у гэты час пайшоў дождж.

Узяў старэйшы сын сваю шпагу ды як пачаў круцiць ёю ў сябе над галавой! Так хутка верцiць, што нi адна кропля на яго не трапляе. Дождж лiе ўсё мацней i мацней. Хвошча як з вядра, а старэйшы сын толькi круцiць шпагай i стаiць сухi, быццам пад дахам. Усе кроплi дажджавыя шпагай адбiвае!

Убачыў гэта бацька, здзiвiўся i сказаў дзецям:

– Усе вы слаўныя майстры – не ведаю я, каму з вас дом пакiнуць. Жывiце ўсе разам.

Пагадзiлiся з iм сыны ды так з таго часу разам i жывуць.

МУЖЫЧОК

Была адна вёска, дзе жылi спрэс адны сяляне-багацеi; i быў адзiн толькi сярод iх бядняк, звалi яго Мужычком. Не было ў яго нiколi каровы, ды i грошай, каб яе купiць, таксама не было; а яму i жонцы яго надта ж хацелася мець яе! Вось i кажа ён аднойчы:

– Паслухай, жонка, мне прыйшла ў галаву добрая думка: кум жа наш цясляр, хай зробiць ён нам з дрэва цялушачку ды пафарбуе яе бураю фарбаю, каб была яна падобнай да цялят; з часам яна падрасце, вось i будзе ў нас карова.

Жонцы яго гэта таксама спадабалася. I змайстраваў iм кум-цясляр цялушачку, i выстругаў яе, як след; фарбаю пафарбаваў як i патрабавалася, ды зрабiў яшчэ так, што i галаву яна нахiляла, быццам пасвiцца.

Вось на другую ранiцу пагналi кароў у поле, а Мужычок паклiкаў да сябе пастуха i кажа:

– Бачыш, ёсць цяпер у мяне цялушачка, ды яна яшчэ малая, яе трэба несцi на руках.

Сказаў пастух:

– Што ж, добра, – узяў ён яе на рукi, вынес на пашу i паставiў на травiцу.

Цялушачка ўсё стаiць, быццам траву скубе, а пастух i гаворыць: "Хутка яна стане сама бегаць; глядзi, яна ўжо i есцi ўмее".

Вечарам сабраўся ён гнаць статак дамоў i кажа цялушцы:

– Калi можаш стаяць i ўжо ўмееш есцi як след, дык павiнна сама i хадзiць, – не стану я цягнуць цябе дамоў на руках.

А Мужычок стаiць ля варот, чакае сваю цялушачку. Вось гонiць пастух кароў па вёсцы, а цялушачкi i няма. Пытаецца Мужычок пра яе ў пастуха. А пастух адказвае:

– Яна на лузе ўсё пасвiцца ды пасвiцца, нiяк iсцi не хоча.

Тады Мужычок кажа:

– Як жа гэта так, ты павiнен быў скацiну да мяне прыгнаць.

I вярнулiся яны разам з пастухом на луг; але нехта цялушачку, вiдаць, украў, яны там яе не знайшлi. Вось пастух i гаворыць:

– Яна некуды забегла.

А Мужычок яму ў адказ:

– Як бы не так! – i павёў пастуха да старасты; а той i прысудзiў, што павiнен пастух за сваё нядбанне даць Мужычку заместа цялушачкi, якая прапала, карову.

Вось i атрымаў Мужычок са сваёю жонкаю карову, якую iм так даўно хацелася мець. Яны вельмi ўзрадавалiся, але корму ж у iх не было i карову iм не было чым кармiць, i вось давялося яе зарэзаць. Мяса яны засалiлi, i Мужычок пайшоў у горад, каб прадаць там шкуру, а на ўтаргаваныя грошы купiць сабе новую цялушачку. Праходзiў ён мiма млына; бачыць – сядзiць там крумкач са зламаным крылом. Пашкадаваў ён яго, узяў i загарнуў яго ў шкуру. Але надвор'е стала дрэнным, узняўся вецер, i дождж пачаў лiць, што з вядра, – далей iсцi было цяжка.

Ён вярнуўся на млын i папрасiў даць яму прытулак. Млынарыха была дома адна i гаворыць Мужычку:

– Што ж, кладзiся на салому, – i дала яму кавалак хлеба з сырам.

Мужычок паеў i лёг спаць, а шкуру паклаў каля сябе. Жанчына падумала: "Ён стамiўся i, напэўна, ужо спiць". А тут прыходзiць у госцi поп. Млынарыха сустрэла яго ласкава i кажа:

– Мужа майго зараз дома няма, давай разам перакусiм.

Мужычок стаў прыслухоўвацца, i, калi гаворка зайшла аб пачастунку, ён пакрыўдаваў, што давялося яму здавольвацца адным толькi хлебам ды сырам. А млынарыха прынесла ежу i наставiла ўсякай усячыны – i варанага, i смажанага, салату, пiрагi i вiно.

Толькi яны селi за стол i пачалi есцi, як нехта пагрукаўся ў дзверы. Млынарыха гаворыць:

– Ах, Божа мой, гэта, вiдаць, мой муж.

Хуценька сунула яна смажанiну ў печку, вiно – пад падушку, салату – на ложак, пiрагi – пад ложак, а папа ў шафу схавала, што ў сенцах стаяла. Затым адчынiла яна дзверы мужу i кажа:

– Дзякуй Богу, што ты вярнуўся! Вось ужо надвор'е, быццам канец свету настаў!

Пабачыў млынар Мужычка на саломе i пытаецца:

– А гэтаму чаго тут трэба?

– Ах, – адказала жонка, – ды вось небарака трапiў у буру i дождж, ну i папрасiўся пераначаваць. Дала я яму кавалак хлеба з сырам i дазволiла легчы на саломе.

Муж гаворыць:

– Няхай сабе спiць, толькi дай жа ты мне чаго-небудзь паесцi.

А жонка кажа:

– Няма ў мяне нiчога, акрамя хлеба ды сыру.

– Я i тым буду задаволены, – адказаў муж, – давай, хаця б, хлеба з сырам.

Зiрнуў ён на Мужычка i кажа:

– Гэй ты, iдзi ды паеш з намi яшчэ раз!

Мужычок не прымусiў сябе доўга прасiць, падняўся i стаў есцi. Пабачыў млынар, што ляжыць на зямлi каровiна шкура i ў яе крумкач загорнуты, вось ён i пытаецца:

– Што гэта ў цябе там такое?

А Мужычок i гаворыць:

– Ды там у мяне прадказальнiк схаваны.

– Можа, ён i мне што-небудзь прадкажа? – запытаўся млынар.

– Магчыма, – адказаў яму Мужычок, – але ён прадказвае толькi чатыры разы, а на пяты ўсё ў сабе хавае.

Млынара гэта зацiкавiла, i ён пачаў прасiць:

– Дык загадай ты яму што-небудзь прадказаць.

Прыцiснуў Мужычок крумкачову галаву, той адразу i крыкнуў i закаркаў: "кар-кар". Млынар спытаў:

– Ну, што ён сказаў?

Мужычок адказаў:

– Па-першае, сказаў ён, што вiно схавана пад падушкаю.

– Гэта было б нядрэнна! – ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды i знайшоў вiно.

– Ну, кажы далей! – сказаў млынар.

Мужычок прымусiў крумкача зноў закаркаць i сказаць.

– Па-другое, ён гаворыць, што смажанiна стаiць у печцы.

– Гэта было б дарэчы! – ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды i знайшоў смажанiну.

Мужычок прымусiў крумкача яшчэ прадказваць i абвясцiў:

– Па-трэцяе, ён гаворыць, што салата ляжыць на ложку.

– Гэта таксама было б нядрэнна! – ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды i знайшоў салату.

Яшчэ раз прыцiснуў Мужычок крумкача, ды так, што той запiшчэў i закаркаў. I абвясцiў Мужычок:

– А па-чацвёртае, сказаў ён, што пiрагi ляжаць пад ложкам.

– Гэта было б някепска! – ускрыкнуў млынар, палез пад ложак i знайшоў там пiрагi.

Селi яны абодва за стол, а млынарыха да смерцi перапалохалася, легла ў ложак i ўсе ключы пахавала. Схацелася млынару даведацца i пра пятае, а Мужычок кажа:

– Давай спачатку паядзiм усе чатыры, а пятае – яно будзе, бадай што, горшым.

Вось паелi яны, сталi таргавацца, колькi павiнен даць млынар за пятае прадказанне, i сыйшлiся яны на трохстах талерах. Вось прыцiснуў Мужычок яшчэ раз крумкачову галаву – той адразу i закаркаў на ўсё горла. Пытаецца млынар:

– Што ж ён сказаў?

А Мужычок адказвае:

– Ён сказаў, што ў шафе ў сенцах схаваўся чорт.

Млынар кажа:

– Ну, чорта трэба будзе адтуль выгнаць, – адчынiў дзверы ў сенцы, i вось давялося жонцы аддаць мужу ключ.

I Мужычок адчынiў шафу. I выскачыў стрымгалоў адтуль гэты самы поп. А млынар гаворыць:

– Бачыў я сваiмi вачамi чорнага чалавека – гэта i быў чорт.

Мужычок на другую ранiцу, толькi стала свiтаць, захапiў свае трыста талераў i дай бог ногi. Вярнуўся Мужычок дамоў i прывёў мала-памалу сваю гаспадарку ў парадак, пабудаваў сабе прыгожую хату, i сяляне сталi пра яго гаварыць:

– А Мужычок жа, напэўна, пабываў там, дзе падае дождж залаты i дзе грошы проста лапатамi грабуць.

I паклiкалi Мужычка да старасты, каб сказаў ён, адкуль у яго з'явiлася такое багацце. I адказаў ён:

– Быў я ў горадзе i прадаў каровiну шкуру за трыста талераў.

Пачулi гэта сяляне, схацелася i iм таксама атрымаць такiя ж грошы. Прыбеглi яны дамоў, усiх кароў сваiх пазарэзвалi, шкуры паздзiралi, каб прадаць iх у горадзе ды барыш узяць, як мага большы. А стараста i кажа:

– Мая работнiца няхай iдзе ў горад першая.

Прыйшла тая да купца ў горад, i даў ён ёй усяго тры талеры за шкуру; а калi з'явiлiся i iншыя, даў ён iм i таго менш i сказаў:

– Ды куды ж мне ўсе гэтыя шкуры i дзяваць ужо?

Раззлавалiся сяляне, што Мужычок iх гэтак спрытна падмануў, i вырашылi яму адпомсцiць: падалi скаргу старасту, што ўвёў ён iх, маўляў, у зман. I нi ў чым невiнаваты Мужычок быў адзiнагалосна асуджаны да пакарання смерцю; i павiнны былi яго спусцiць у прадзiраўленай бочцы ў рэчку.

Прывялi Мужычка i паклiкалi папа, каб прачытаў ён па iм памiнальную. А ўсiм астатнiм загадана было разысцiся. Як пабачыў Мужычок папа, пазнаў у iм таго самага, што быў у гасцях у млынарыхi. Вось i кажа ён яму:

– Я вызвалiў вас з шафы, а вы вызвальце мяне з бочкi.

А якраз на той час пастух гнаў авечак, а пра таго пастуха ён ведаў, што даўно яму хацелася стаць старастам. I вось закрычаў ён на ўсё горла:

– Не, я не згодны! Нават калi б увесь свет таго пажадаў, дык i тады б я не пагадзiўся.

Пачуў гэта пастух, падышоў i пытаецца:

– Што з табою? На што ты не пагаджаешся?

А Мужычок адказвае:

– Ды вось хочуць яны зрабiць мяне старастам, калi сяду я ў гэтую бочку, але я не згодны.

Тады пастух i гаворыць:

– Калi толькi гэта i патрэбна, каб стаць старастам, я зараз сяду ў бочку.

А Мужычок кажа:

– Калi згодны ты сесцi, дык i старастам будзеш.

Пастух пагадзiўся, сеў у бочку, i Мужычок донца ў бочцы забiў, а сам падышоў да статку i пагнаў яго замест пастуха. А поп пайшоў да сваiх прыхаджанiнаў i сказаў, што памiнальную ён ужо прачытаў. I прыйшлi сяляне i скацiлi бочку ў рэчку. Толькi пачала бочка кацiцца, а пастух з яе як закрычыць:

– Так, я ахвотна старастам буду!

Падумалi яны, што гэта крычыць Мужычок, i кажуць:

– I мы думаем тое ж самае; але ты спачатку агледзься, што робiцца там, унiзе, – i скацiлi яны бочку ў рэчку.

Сталi затым сяляне па хатах разыходзiцца; прыйшлi ў вёску, бачаць – i Мужычок таксама вяртаецца, гонiць статак авечак, бы нiчога i не было. Здзiвiлiся сяляне i пытаюцца:

– Мужычок, адкуль гэта ты ўзяўся? Хiба што ты з вады вылез?

– Ну так, – адказаў iм Мужычок, – я спусцiўся глыбока-глыбока i трапiў на самае дно; выбiў з бочкi донца, вылез, а там унiзе такiя цудоўныя лугi, i пасвiцца на iх шмат ягнят, – вось i ўзяў я сабе цэлы статак.

Пытаюцца сяляне:

– А цi многа яшчэ iх там засталося?

– О, многа! – адказаў Мужычок. – Куды болей, чым вам трэба.

Дамовiлiся тады памiж сабою сяляне, што i яны таксама б не супраць авечак раздабыць – кожны па цэламу статку.

А стараста i кажа:

– Я пайду першы.

Вось прыйшлi яны ўсе разам да рэчкi, а па сiняму небу якраз на той час хадзiлi аблачынкi, тыя, што называюць баранчыкамi; яны адлюстроўвалiся ў вадзе. I вось закрычалi сяляне:

– Колькi ж авечак бачна на дне!

Прабiўся стараста наперад i гаворыць:

– Я першы кiнуся на дно, трэба ж паглядзець ды агледзецца; калi ўсё будзе як трэба, я вас паклiчу.

I вось кiнуўся ён у ваду, "шабулдых" – адгукнулася на вадзе. А сяляне падумалi, што крычыць ён "Iдзiце", – i вось яны ўсiм гуртам кiнулiся ўслед за iм у ваду.

I вымерла ўся вёска, i застаўся адзiн Мужычок наследнiкам усяго iхняга дабра i зрабiўся чалавекам багатым.

ПТУШКА ГРЫФ

Жыў ды быў некалi кароль, а дзе ён уладарыў i як яго звалi, гэтага я не ведаю. Сыноў кароль не меў, а была ў яго адна адзiная дачка, якая заўсёды хварэла, i нiводзiн з дактароў не мог яе вылечыць. Але каралю было прадказана, што дачка ягоная акрыяе, калi з'есць яблычак. I ён абвясцiў па ўсёй сваёй краiне, што хто прынясе ягонай дачцы такi яблычак, якi верне ёй здароўе, той з ёю i ажэнiцца i каралеўства атрымае ў спадчыну.

Прачуў пра гэта i адзiн селянiн, якi меў трох сыноў. I сказаў ён да старэйшага:

– Iдзi ў склеп, набяры поўны кошык найпрыгажэйшых яблыкаў з чырвонымi шчокамi ды аднясi iх у каралеўскi палац. Можа, каралеўна i акрыяе, пакаштаваўшы iх, i ты ажэнiшся з ёю ды за караля станеш.

Хлопец згадзiўся на гэта i падаўся ў дарогу пешшу. Прайшоў ён колькi часу, аж сустрэўся яму на дарозе маленькi чалавечак ды пытаецца ў яго, што нясе ён у кошыку. А Ульрых – так звалi хлопца – i адказвае:

– Жабiныя кумпячкi.

I кажа яму чалавечак на гэта:

– Хай жа так яно i будзе! – ды пайшоў сабе далей.

Неўзабаве прыйшоў Ульрых да каралеўскага замка i абвясцiў, што мае такiя яблыкi, што каралеўна, пакаштаваўшы iх, адразу акрыяе. Кароль вельмi ўзрадаваўся i загадаў паклiкаць хлопца да сябе. Але – о, жах! – толькi адчынiлi кошык, як пачалi з яго выскакваць жабяняты. Кароль дужа раззлаваўся i загадаў гнаць хлопца прэч. Вярнуўся хлопец дадому ды расказаў бацьку пра ўсё, што з iм здарылася.

Тады паслаў стары сярэдняга сына, якога Самуэлем звалi. Але i з iм сталася ўсё зусiм так, як з Ульрыхам. Сустрэўся яму на дарозе той самы маленькi чалавечак ды спытаўся ў яго гэтак жа, што нясе ён у кошыку. А Самуэль i кажа:

– Свiную шчэць.

I сказаў чалавечак:

– Хай жа так яно i будзе!

Падышоў хлопец да каралеўскага замка ды абвясцiў, што мае такiя яблыкi, што ледзь пакаштуе iх каралеўна, як адразу i акрыяе. Толькi ў замак яго не пусцiлi, сказаўшы, што iм болей яблыкаў не трэба, бо прыходзiў ужо нейкi з яблыкамi, але дурнем аказаўся. Аднак Самуэль настойлiва даводзiў, што ў яго яблыкi сапраўды такiя, якiя трэба. Нарэшце яму паверылi i прывялi да караля. Але ледзьве ён адчынiў свой кошык, усе ўбачылi, што там нiчога акрамя свiное шчэцi. Страшэнна ўзгнявiўся кароль i загадаў пагнаць хлопца з палаца бiзуном. Вярнуўшыся дадому, расказаў ён бацьку пра ўсё, што з iм здарылася.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю