355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Якоб и Вильгельм Гримм братья » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 11)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:15

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 15 страниц)

Гнеў у вядзьмаркi трошкi прайшоў, i яна сказала яму:

– Калi гэта праўда, што ты гаворыш, дык я дазволю табе набраць рапунцэлю столькi, колькi ты пажадаеш, але пры адной умове: ты павiнен будзеш аддаць мне дзiця, якое народзiцца ў тваёй жонкi. Яму будзе ў мяне добра, я буду пра яго клапацiцца, як родная мацi.

I ён ад страху пагадзiўся на ўсё. Калi жонцы прыйшоў час нараджаць i яна нарадзiла дачку, зараз жа з'явiлася вядзьмарка, назвала дзiця Рапунцэль i забрала яго з сабою.

Стала Рапунцэль самай прыгожай дзяўчынкай на свеце. Калi ёй споўнiлася дванаццаць гадоў, вядзьмарка заперла яе ў вежу, што знаходзiлася ў лесе; у той вежы не было нi дзвярэй, нi лесвiцы, толькi на самым яе версе было маленькае акенца. Калi вядзьмарцы хацелася забрацца на вежу, яна станавiлася ўнiзе i крычала:

– Рапунцэль, Рапунцэль, прачнiся,

Спусцi свае косачкi данiзу.

А былi ў Рапунцэль даўгiя цудоўныя валасы, тонкiя, быццам з залатой пражы. Пачуе яна голас вядзьмаркi, распусцiць свае косы, падвяжа iх уверх да аконнага кручка, i ўпадуць валасы на цэлых дваццаць аршынаў унiз, – i ўзбiраецца тады вядзьмарка, ухапiўшыся за iх, наверх.

Прайшло некалькi гадоў, i здарылася каралеўскаму сыну праязджаць на канi праз лес, дзе стаяла вежа. Раптам ён пачуў спеў, i быў ён такiм прыемным, што каралеўскi сын спынiўся i стаў прыслухоўвацца. Гэта спявала Рапунцэль сваiм дзiвосным голасам песню, бавячы ў адзiноце час. Схацелася каралевiчу ўзабрацца наверх, i ён стаў шукаць уваход у вежу, але знайсцi яго было немагчыма. Ён паехаў дамоў, але спеў так запаў яму ў душу, што ён кожны дзень выязджаў у лес i слухаў яго.

Вось стаяў ён за дрэвам i пабачыў, як з'явiлася вядзьмарка, i пачуў, як яна закрычала:

– Рапунцэль, Рапунцэль, прачнiся,

Спусцi свае косачкi данiзу!

Спусцiла Рапунцэль свае косы ўнiз, i ўзлезла вядзьмарка да яе наверх.

"Калi гэта i ёсць тая лесвiчка, па якой узбiраюцца наверх, дык i мне хацелася б аднойчы паспрабаваць шчасця", – i на другi дзень, калi пачало ўжо змяркацца, пад'ехаў каралевiч да вежы i крыкнуў:

– Рапунцэль, Рапунцэль, прачнiся,

Спусцi свае косачкi данiзу!

I адразу ж упалi валасы ўнiз, i каралевiч узабраўся наверх.

Рапунцэль, калi пабачыла, што да яе ўвайшоў чалавек, якога яна нiколi не бачыла, спачатку моцна спалохалася. Але каралевiч ласкава з ёю загаварыў i расказаў, што яго сэрца было так кранута яе спевам i не было яму нiдзе спакою, i вось ён вырашыў яе абавязкова пабачыць.

Тады Рапунцэль перастала палохацца, i калi ён запытаўся ў яе, цi згодна яна выйсцi за яго замуж, – а быў ён малады i прыгожы, – яна падумала: "Ён будзе любiць мяне больш, чым старая фраў Готэль", – i дала сваю згоду i працягнула да яго рукi. Яна сказала:

– Я ахвотна пайду разам з табою, але не ведаю, як мне спусцiцца ўнiз. Калi ты будзеш да мяне прыходзiць, бяры ўсялякi раз з сабою кавалак шоўку; я буду плесцi з яго лесвiчку, i калi яна будзе гатова, я спушчуся ўнiз, i ты павязеш мяне на сваiм канi.

Яны дамовiлiся, што ён будзе прыходзiць да яе па вечарах, таму што днём прыходзiла старая. Вядзьмарка нiчога не прыкмячала да тых часоў, пакуль аднойчы Рапунцэль не загаварыла з ёю i не сказала:

– Скажы мне, фраў Готэль, чаму мне цябе цягнуць наверх цяжэй, чым маладога каралевiча? Ён падымаецца да мяне ў адно iмгненне.

– Ах ты, мярзотная дзяўчынка! – закрычала вядзьмарка. – Што я чую? Я лiчыла, што схавала цябе ад усiх, а ты мяне ўсё-ткi падманула! – i яна ўчапiлася ў раз'юшанасцi ў цудоўныя валасы Рапунцэль, абматала iх некалькi разоў вакол левай рукi, а праваю схапiла нажнiцы i – чык-чык! – адрэзала iх, i дзiвосныя косы ўпалi на зямлю.

I была вядзьмарка такою бязлiтаснай, што завяла няшчасную Рапунцэль у глухi гушчар; каб давялося ёй там жыць у вялiкай беднасцi i горы.

А ў той жа самы дзень, калi яна прагнала Рапунцэль, яна прывязала вечарам адрэзаныя косы да аконнага кручка i, калi з'явiўся каралевiч i крыкнуў:

– Рапунцэль, Рапунцэль, прачнiся,

Спусцi свае косачкi данiзу!

дык i спусцiла вядзьмарка валасы ўнiз.

I ўзабраўся каралевiч наверх, але не знайшоў там сваёй любай Рапунцэль, а пабачыў вядзьмарку. Яна зiрнула на яго сваiм злосным, з'едлiвым позiркам.

– Ага! – крыкнула яна насмешлiва. – Ты хочаш звезцi сваю каханую, але прыгажунi-птушачкi няма болей у гняздзечку, i яна ўжо не пяе. Яе знесла кошка, а табе да таго ж яна выдзярэ вочы. Ты страцiў Рапунцэль навек, не бачыць яе табе больш нiколi!

Каралевiч быў не ў сабе ад гора i ў роспачы выскачыў з вежы; яму ўдалося захаваць жыццё, але калючыя шыпы кустоўя, на якiя ён упаў, выкалалi яму вочы. I ён блукаў сляпы па лесе, харчуючыся толькi адным карэннем ды ягадамi, i ўвесь час сумаваў i плакаў па страчанай iм любай жонцы.

Гэтак блукаў ён некалькi гадоў у горы i роспачы i зайшоў нарэшце ў густы гушчар, дзе жыла ў бядоце Рапунцэль разам з дзецьмi-блiзнятамi, з хлопчыкам i дзяўчынкаю.

Раптам пачуў каралевiч чыйсцi голас; ён здаўся яму такiм знаёмым, i ён пайшоў насустрач яму; i калi падышоў ён блiжэй, дык Рапунцэль яго пазнала, кiнулася да яго на шыю i горка заплакала. Але ўпалi дзве слязiнкi яму на вочы, i ён зноў стаў бачыць, як раней. I ён прывёў яе ў сваё каралеўства, дзе сустрэлi яго з радасцю, i яны жылi доўгiя-доўгiя гады ў шчасцi i заможнасцi.

РАЗУМНАЯ ЭЛЬЗА

Жыў-быў чалавек, i была ў яго дачка, звалi яе Разумнай Эльзай. Вось вырасла яна, а бацька i кажа:

– Пара б аддаць яе замуж.

– Так, – сказала мацi, – калi толькi знойдзецца такi чалавек, якi захоча яе ўзяць.

I вось прыйшоў нарэшце з далёкiх мясцiн чалавек, звалi яго Ганс; пачаў ён да яе сватацца, але паставiў умову, каб Разумная Эльза была да таго ж i вельмi разважлiвай.

– О, – сказаў бацька, – яна кемлiвая.

А мацi дадала:

– Ах, ну што i казаць: яна ўсё разумее, бачыць нават, як вецер на вулiцы гуляе, i чуе, як мухi кашляюць.

– Ну, – сказаў Ганс, – а калi яна будзе не вельмi кемлiвай, то я з ёю не ажанюся.

Вось сядзяць яны за сталом, абедаюць, а мацi i кажа:

– Эльза, схадзi ў склеп ды прынясi нам пiва.

Узяла Разумная Эльза з палiцы збан i спусцiлася ў склеп, весела пазвоньваючы накрыўкай, каб час iшоў хутчэй. Прыйшла яна ў склеп, паставiла перад пiўной бочкай зэдлiк, каб не трэба было нагiнацца, i спiна каб не забалела i каб не занадта стамiцца. Паставiла перад сабой збан, адкруцiла кран i, каб вочы не заставалiся без справы, пакуль пiва нальецца, пачала сцяну разглядваць; вось глядзiць яна ды разглядвае i заўважыла раптам над сабой кiрку на сцяне, якую забылiся там памылкова муляры. I вось пачала Разумная Эльза плакаць i галасiць: "Калi выйду замуж за Ганса, i народзiцца ў нас дзiця, i вырасце яно, i пашлем мы яго ў склеп пiва нацадзiць, раптам звалiцца яму на галаву кiрка i заб'е яго насмерць". Сядзiць яна i плача, што ёсць сiлы галосiць з-за будучага няшчасця. А ў хаце наверсе чакаюць у гэты час пiва, а Разумная Эльза ўсё не вяртаецца. Гаспадыня i кажа работнiцы:

– Схадзi ты ў склеп ды паглядзi, што там з Эльзай здарылася.

Пайшла работнiца, бачыць – сядзiць Эльза перад бочкай i плача-залiваецца.

– Эльза, чаго ты плачаш? – пытаецца работнiца.

– Ох, – адказвае яна, – ды як жа мне не плакаць? Калi выйду я замуж за Ганса, i народзiцца ў нас дзiця, вырасце яно вялiкае, i давядзецца яму пайсцi ў склеп пiва нацадзiць, то раптам незнарок можа звалiцца яму на галаву кiрка i забiць яго насмерць...

I сказала работнiца:

– Вось якая ў нас Эльза разумная!

Падсела яна да яе i пачала таксама гора аплакваць. А ў хаце ўсё пiва чакаюць не дачакаюцца, а работнiца не вяртаецца. Тады бацька i кажа работнiку:

– Схадзi ты ў склеп ды паглядзi, што там Эльза з работнiцай робяць.

Спусцiўся работнiк у склеп, бачыць – сядзiць Разумная Эльза з работнiцай, i абедзве плачуць. Пытаецца ён у iх:

– Чаго вы плачаце?

– Ой, – адказвае Эльза, – ды як жа мне не плакаць? Калi выйду я замуж за Ганса, i народзiцца ў нас дзiця, вырасце яно вялiкае, i давядзецца яму пайсцi ў склеп пiва нацадзiць, то раптам звалiцца яму на галаву кiрка i заб'е яго насмерць...

Работнiк i кажа:

– Вунь якая ў нас Эльза разумная! – падсеў да яе i таксама заплакаў. А ў хаце чакаюць работнiка, а ён не вяртаецца. Тады бацька кажа мацi:

– Схадзi ты сама ў склеп ды паглядзi, што там з Эльзай здарылася.

Спусцiлася мацi ў склеп, бачыць – усе трое плачуць. Пытаецца яна ў iх, чаго гэта яны плачуць; расказала ёй Эльза, што яе будучае дзiця, калi яно падрасце, можа забiць кiрка, – будзе яно налiваць пiва, а кiрка раптам i звалiцца яму на галаву. I сказала мацi:

– Ох, якая ж у нас разумная Эльза! – i падсела да iх i таксама заплакала.

Пачакаў бацька крыху, бачыць – мацi таксама не вяртаецца, а выпiць пiва ўсё болей i болей хочацца. Вось i кажа ён:

– Трэба будзе мне самому ў склеп схадзiць ды паглядзець, што гэта там з Эльзай здарылася.

Спусцiўся ён у склеп, бачыць – сядзяць усе поруч i горка плачуць; даведаўся ён, што прычынай таму Эльзiна дзiця, якое яна, магчыма, калi-небудзь народзiць, i што можа яго забiць кiрка, калi, нацэджваючы пiва, яно будзе сядзець якраз пад кiркай, а ў гэты час яна можа звалiцца, i ён усклiкнуў:

– Якая ж у нас, аднак, разумная Эльза! – сеў i таксама разам з iмi заплакаў.

Доўга чакаў жанiх у хаце адзiн, але нiхто не вяртаўся, i падумаў ён: "Вiдаць, яны мяне ўнiзе чакаюць, трэба будзе i мне таксама туды схадзiць ды паглядзець, што яны там робяць". Спусцiўся ён унiз, бачыць – сядзяць яны ўсе ўпяцярых i плачуць-галосяць, ды так жаласна – адно мацней за другога.

– Што ў вас за бяда здарылася? – пытаецца ён.

– Ах, мiлы Ганс, – адказала Эльза, – калi мы з табой пажэнiмся i будзе ў нас дзiця, вырасце яно вялiкае, то можа здарыцца, што пашлем мы яго ў склеп пiва нацадзiць, а кiрка, якая тырчыць на сцяне, можа, чаго добрага, звалiцца i разбiць яго галаву i забiць яго насмерць. Ну, як жа нам не плакаць з-за гэтага.

– Ну, – сказаў Ганс, – большага розуму для маёй гаспадаркi i не трэба. Эльза, ты такая разумная, што я з табою ажанюся, – i ўзяў яе за руку, павёў наверх i адсвяткаваў з ёю вяселле.

Пажыла яна з Гансам трохi, а ён i кажа:

– Жонка, я паеду на заробкi. Патрэбна нам на грошы разжыцца, а ты iдзi ў поле жаць пшанiцу, каб быў у нас у хаце хлеб.

– Добра, мiлы Ганс, я так i зраблю.

Пайшоў Ганс, наварыла яна сабе смачнае кашы i ўзяла з сабой у поле. Прыйшла туды i сама сябе пытае:

– Што мне рабiць? Цi жаць спачатку, цi перш паесцi? Э, мабыць, паем я спачатку.

З'ела яна гаршчок кашы, наелася i зноў пытае:

– Што мне рабiць? Цi жаць спачатку, цi, можа, перш паспаць? Вiдаць, пасплю я спярша. – Легла яна ў пшанiцу i заснула.

А Ганс у гэты час даўно ўжо дадому вярнуўся, а Эльзы ўсё няма i няма. Вось ён i кажа:

– Якая ў мяне разумная Эльза, яна такая руплiвая – i дамоў не вяртаецца i нiчога не есць.

А яе ўсё няма i няма. Ужо i вечар настаў, выйшаў Ганс у поле паглядзець, колькi яна пшанiцы нажала; бачыць, што нiколькi не зжата i ляжыць Эльза ў пшанiцы i спiць. Пабег Ганс хутчэй дамоў, прынёс з сабой птушкалоўную сетку з бразготкамi i накiнуў яе на Эльзу; а яна ўсё працягвае спаць. Пабег ён дамоў, зашчапiў дзверы, усеўся на лаву i ўзяўся за работу.

Нарэшце ўжо зусiм сцямнела, прачнулася Разумная Эльза, i толькi яна паднялася, а бразготкi на ёй зазвiнелi, i як нi зробiць яна крок, а бразготкi ўсё звiняць i звiняць. Спалохалася яна i задумалася: цi сапраўды яна Разумная Эльза? I пачала сама ў сябе пытаць: "Цi я гэта, або не я?" I сама не ведала, як ёй на гэта адказаць, i стаяла яна некаторы час у сумненнi; нарэшце яна падумала: "Пайду я дамоў ды запытаю, цi я гэта, або не я, – яны ўжо дакладна ведаюць".

Прыбегла яна дадому, а дзверы зашчэплены. Пастукала яна ў аконца i пытае:

– Ганс, цi дома Эльза?

– Так, – адказвае Ганс, – яна дома.

Спалохалася яна i кажа:

– Ах, Божа мой, значыць, гэта не я! – i кiнулася да суседзяў. А людзi пачулi звон бразготак i не захацелi ёй адчыняць, i нiдзе не знайшлося ёй прытулку. I пабегла яна тады з вёскi; i нiхто яе з таго часу больш не бачыў.

ДВА БРАТЫ

Жылi аднойчы два браты, адзiн багаты, другi – бедны. Багаты быў залатаром, майстрам па залатых вырабах, ды сэрца меў злоснае, а бедны жыў з таго, што вязаў мётлы, але быў добры ды сумленны. У беднага было двое дзяцей, хлопчыкаў-блiзнят, якiя былi падобныя адзiн на аднаго, быццам дзве кроплi вады. I хадзiлi два хлопчыкi ў хату да багатага, каб паласавацца якiмi недаедкамi, што iм там кiнуць.

Здарылася так, што пайшоў аднаго разу бядняк у лес па дубцы, аж бачыць птушку ды такую прыгожую, усю з золата, якую дасюль яму анiколi сустракаць не даводзiлася. Падняў ён каменьчык, шпурнуў яго i трапiў проста ў птушку; упала з яе адно толькi залатое пёрка, а сама птушка паляцела прэч. Узяў чалавек тое пёрка ды прынёс свайму брату. А той паглядзеў на яго ды кажа:

– Гэта ж чыстае золата! – i даў бедняку шмат грошай.

Наступнага дня ўзлез бядняк на бярэзiну ды хацеў быў ссекчы некалькi галiн, аж раптам вылецела адтуль тая самая птушка. Стаў ён далей шукаць i знайшоў гняздо, а ў iм ляжала яйка i было яно залатое. Узяў ён яйка ды панёс да свайго брата, а той кажа зноў:

– Гэта ж чыстае золата! – i даў яму столькi, колькi яно каштавала.

Нарэшце залатар прамовiў:

– Хацеў бы я мець самую птушку!

Бядняк падаўся ў трэцi раз у лес i зноў убачыў на дрэве залатую птушку; узяў ён камень, падбiў яе ды прынёс да свайго брата. Той даў яму за гэта цэлую жменю грошай. "Ну, цяпер мне ёсць на што разжыцца", – падумаў бядняк ды пайшоў шчаслiвы дахаты.

А залатар быў хiтры ды разумны: ён адразу ўцямiў, што гэта за птушка. Ён паклiкаў сваю жонку ды й кажа:

– Засмаж мне гэтую залатую птушку ды глядзi, каб анiшто з яе не прапала. У мяне ахвота ёсць з'есцi яе аднаму.

А птушка тая была не простая, а чарадзейная: хто з'есць яе сэрца ды печань, той кожнае ранiцы будзе знаходзiць у сябе пад падушкай залаты.

Аскубла жонка птушку, згатавала яе як мае быць, насадзiла на ражон ды пачала смажыць. Ды здарылася так, што спатрэбiлася ёй выйсцi з кухнi па нейкай справе, i заскочылi туды якраз у гэты час двое дзяцей беднага метляра, сталi каля ражна ды некалькi разоў пакруцiлi. I вывалiлiся з птушкi на патэльню два кавалачкi, а хлопчык i кажа:

– Я галодны вельмi. Давай з'ямо гэтыя маленечкiя кавалачкi, гэтага ж нiхто не заўважыць.

I яны з'елi абодва па кавалачку; а тут уваходзiць жонка багатага, бачыць, што яны нешта ядуць, ды пытаецца:

– Што вы ясцё?

– А тыя два кавалачкi, што выпалi з птушкi, – адказалi хлопчыкi.

– Ды гэта ж былi сэрца й печань! – усклiкнула спалоханая жанчына i, каб муж нiчога не заўважыў ды не ўзлаваўся, яна хуценька зарэзала пеўнiка, выразала ў яго сэрца i печань ды засунула iх у залатую птушку. Калi птушка засмажылася, жанчына прынесла яе да залатара, i той з'еў яе адзiн, нiчагусенькi не пакiнуўшы. Наступнае ранiцы засунуў ён руку пад падушкi, спадзеючыся выцягнуць адтуль залаты, але там анiчога не аказалася.

А дзецi i не ведалi, адкуль iм шчасце гэткае прывалiла: наступнае ранiцы, толькi яны падхапiлiся, аж нешта са звонам упала на падлогу; паднялi яны, глядзяць, – а гэта два чырвонцы. Прынеслi яны iх да свайго бацькi. Той здзiвiўся ды кажа:

– Як жа такое магло здарыцца?

Але ж калi i наступнае ранiцы знайшлi яны два залатыя, i гэтак штодня, дык падаўся ён да свайго брата ды распавёў яму гэтую дзiўную гiсторыю.

Залатар адразу ж скемiў, як гэта выйшла, i зразумеў, што дзецi з'елi сэрца й печань залатое птушкi. I вось, каб адпомсцiць iм за гэта, – а быў ён да таго ж зайздрослiвы ды бессардэчны, – ён сказаў да iхнага бацькi:

– Дзецi твае з нячыстаю сiлаю злыгалiся; не бяры гэтыя залатыя i не трымай iх больш у сваёй хаце, бо нячысцiк мае над iмi сiлу ды можа й цябе самога давесцi да бяды.

Бацька баяўся чорта, i як нi было яму цяжка, а завёў ён сваiх дзяцей-блiзнятак у лес ды кiнуў iх там, хоць i шчымела яму на сэрцы.

Вось пачалi двое дзяцей блукаць па лесе ў пошуках дарогi дамоў, але знайсцi яе анiяк не маглi i ўсё глыбей ды глыбей заходзiлi ў густыя нетры. Сустрэлi яны нарэшце паляўнiчага, i спытаўся ён У iх:

– Дзецi, чые вы?

– Мы сыны беднага метляра, – адказалi яны ды распавялi яму, што бацька не захацеў больш трымаць iх у хаце ў сябе праз тое, што кожнае ранiцы ў iх пад падушкамi аказвалася па залатым.

– Ну, – сказаў паляўнiчы, – у гэтым няма нiчога благога, калi вы пры гэтым засталiся сумленнымi i не сталi праз гэта абiбокамi.

Хлопчыкi спадабалiся добраму чалавеку, а паколькi сам ён дзяцей не меў, дык узяў ён iх да сябе дамоў ды сказаў:

– Я вам буду за бацьку роднага i выхаваю вас.

Пачалi яны вучыцца ў яго паляўнiчай справе, а чырвонцы, якiя кожны з iх знаходзiў, устаючы з ложка, ён для iх пакiдаў на выпадак, калi яны ў далейшым iм спатрэбяцца.

Вось дзецi павырасталi. I ўзяў iх аднойчы прыёмны бацька з сабою ў лес ды сказаў:

– Сёння кожны з вас па пробным стрэле зрабiць павiнен, каб я мог прызнаць вас за падмайстраў ды сапраўдных паляўнiчых.

Выйшлi яны з iм на стойку i доўга чакалi, а дзiчына ўсё не траплялася. Зiрнуў паляўнiчы ды ўбачыў чараду белых гусей; яны ляцелi трохкутнiкам, i ён сказаў да аднаго з вучняў:

– А ну, падстрэль мне па адной гусi з кожнага кута.

Той нацэлiўся ды зрабiў свой пробны стрэл удала. Неўзабаве пасля таго паказалася другая чарада, яна ляцела двойкаю. I загадаў паляўнiчы другому вучню падстрэлiць па адной гусi, i ў таго пробны стрэл быў удалы. Тады прыёмны бацька кажа:

– Цяпер я вас адпускаю, вы ўжо спрактыкаваныя паляўнiчыя.

Пайшлi пасля гэтага два браты ў лес, пачалi мiж сабою радзiцца ды сёе-тое вырашылi. А калi ўвечары селi вячэраць, яны кажуць да свайго прыёмнага бацькi:

– Мы есцi не будзем, нават кавалачка не з'ямо, пакуль вы не выканаеце адну нашу просьбу.

Ён пытаецца:

– Якая ж у вас просьба?

Яны адказваюць:

– Цяпер навучанне сваё мы скончылi i павiнны паспрабаваць шчасця. Дык вось, дазвольце нам пайсцi вандраваць.

I сказаў стары з радасцю:

– Вы разважаеце, як адважныя паляўнiчыя, i тое, што вы хочаце, было i маiм жаданнем. Выпраўляйцеся ў дарогу, i будзе вам удача.

Вось надышоў прызначаны дзень, i падараваў прыёмны бацька кожнаму з iх па добрай стрэльбе ды па сабаку i загадаў узяць з захаваных чырвонцаў столькi, колькi кожны з iх пажадае. Потым ён праводзiў iх i даў iм яшчэ на развiтанне блiскучы, добра навостраны нож, сказаўшы:

– Калi вам давядзецца калi-небудзь расстацца, уторкнiце гэты нож у дрэва на скрыжаваннi дарог, i той, хто з вас вернецца, зможа па гэтым нажы даведацца пра лёс свайго брата; той бок нажа, у якi брат пойдзе, у выпадку ягонай смерцi пакрыецца iржою; а пакуль ён будзе жывы, лязо будзе з абодвух бакоў блiскучае.

Пайшлi два браты далей i зайшлi ў лес, ды такi дрымучы, што за цалюткi дзень не маглi адтуль выбрацца. Давялося iм там заначаваць, i яны з'елi ўсё, што было ў iх у паляўнiчых сумках; давялося iм iсцi яшчэ i другi дзень, але з лесу выбрацца яны анiяк не маглi. Есцi iм не было чаго. Вось адзiн з iх i кажа:

– Трэба нам падстрэлiць што-небудзь, iнакш галадаваць давядзецца.

Зарадзiў ён сваю стрэльбу ды пачаў аглядацца па баках. Раптам выскачыў стары заяц. Прыклаўся паляўнiчы, аж заяц як закрычыць:

– Ты не бi, стралец, мяне,

Зайчанятак дам табе!

Скочыў заяц у кусты ды прынёс адтуль двух зайчанятак; але звяркi гулялi так весела i былi такiя прыемныя, што паляўнiчы не змог рашыцца забiць iх. Браты пакiнулi iх у сябе, i маленькiя зайчаняткi паскакалi следам за iмi. А тут убачылi яны неўзабаве, як прабiралася патаемна лiсiца, наважылiся забiць яе, аж яна як закрычыць:

– Пашкадуй, стралец, мяне,

Лiсянятак дам табе!

Прынесла яна iм двух лiсянят; але паляўнiчым не хацелася iх забiваць. Яны пакiнулi iх разам з зайчыкамi, i пайшлi лiсяняты следам за паляўнiчымi. А тут неўзабаве выйшаў з гушчару воўк. Нацэлiлiся ў яго паляўнiчыя, аж воўк як закрычыць:

– Не страляй, стралец, мяне,

Ваўчанятак дам табе!

Пусцiлi паляўнiчыя да астатнiх звяроў двух маладых ваўчанят, i тыя пайшлi следам за iмi. Потым з'явiўся мядзведзь, i яму таксама захацелася пажыць яшчэ на свеце ды па лесе патупаць, i ён закрычаў:

– Пашкадуй, стралец, мяне,

Мядзведзянятак дам табе!

Два маладыя мядзведзяняты таксама далучылiся да астатнiх звяроў i пайшлi за паляўнiчымi. I хто ж з'явiўся нарэшце? З'явiўся леў ды трасянуў сваёю грывай. Але паляўнiчыя не спалохалiся i нацэлiлiся ў яго. I леў адразу ж сказаў:

– Пашкадуй, стралец, мяне,

Iльвянятак дам табе!

Ён прынёс сваiх iльвянят, i стала цяпер у паляўнiчых два львы, два мядзведзi, два ваўкi, дзве лiсiцы ды два зайцы; усе яны пайшлi за iмi следам ды iм служылi. Але голаду свайго паляўнiчыя так i не сунялi, i кажуць яны лiсянятам:

– Гэй вы, праныры, дастаньце нам што-небудзь паесцi, вы ж тут самыя найхiтрэйшыя.

I адказалi яны:

– Недалёка адсюль знаходзiцца вёска, дзе мы шмат разоў ужо курэй цягалi; дарогу туды мы вам пакажам.

Пайшлi паляўнiчыя ў тую вёску, купiлi сабе сёе-тое паесцi, загадалi накармiць i сваiх звяроў ды падалiся далей. Лiсянятам усе мясцiны тут былi добра знаёмыя, дзе якiя двары з курамi знаходзяцца, i яны маглi ўсё падказаць паляўнiчым.

Хадзiлi-блукалi паляўнiчыя па розных мясцiнах, але нiдзе не маглi знайсцi сабе такой службы, каб застацца ўсiм разам. Тады яны i кажуць:

– Давядзецца нам расстацца, iнакш нiчога не будзе.

Падзялiлi яны звяроў памiж сабой, – i кожны з iх атрымаў па iльвяняцi, мядзведзяняцi, ваўчаняцi, лiсяняцi ды зайчыку. Потым яны развiталiся, паабяцалi любiць адзiн аднаго братняй любоўю да самае смерцi, уторкнулi ў дрэва нож, якi даў iм прыёмны бацька, i вось пайшоў адзiн на ўсход, а другi на захад.

Прыйшоў малодшы брат са сваiмi звярамi ў горад, i было ў тым горадзе ўсё чорным крэпам абцягнута. Зайшоў ён у карчму i спытаўся ў гаспадара, цi не можа той даць прытулак ягоным звярам. Адвёў гаспадар iх у стайню, а была там у сцяне дзiра; вылез заяц вонкi i прыцягнуў сабе качан капусты, а лiсiца прынесла курыцу, з'ела яе i ўзялася за пеўнiка. А воўк, мядзведзяня ды львяня былi большыя i вылезцi не маглi. Прапанаваў гаспадар вывесцi звяроў туды, дзе ляжала ў той час на траве карова, няхай, маўляў, удосталь там наядуцца. Накармiў паляўнiчы сваiх звяроў ды пытаецца потым у гаспадара:

– Чаму гэта ўвесь горад чорным крэпам абцягнуты?

Адказаў гаспадар:

– Таму, што заўтра павiнна памерцi адзiная дачка караля.

Пытаецца паляўнiчы:

– Хiба яна смяротна хворая?

– Не, – адказаў гаспадар, – яна зусiм здаровая, але павiнна памерцi.

– Як жа гэта так? – спытаўся паляўнiчы.

– Ды вось стаiць за горадам высокая гара, i жыве на ёй дракон; i кожны год абавязаны аддаваць яму бязвiнную дзяўчыну, iнакш ён спустошыць усю нашу краiну. Яму аддалi ўжо ўсiх дзяўчат, i не засталося нiводнай, акрамя каралеўны; але чакаць лiтасцi не даводзiцца, яе павiнны аддаць заўтра дракону.

Паляўнiчы сказаў:

– А чаму ж не заб'юць дракона?

– Эт, – адказаў гаспадар, – колькi ўжо рыцараў спрабавала гэта зрабiць, але ўсе жыццём сваiм расплацiлiся; кароль абяцаў таму, хто адолее дракона, аддаць сваю дачку за жонку, а пасля смерцi сваёй i ўсё каралеўства.

Нiчога не сказаў на гэта паляўнiчы, але наступнае ранiцы ўзяў ён сваiх звяроў i падняўся разам з iмi на Драконаву гару. Стаяў на яе вяршыне невялiкi хорам, на алтары было тры чашы з вiном, i было на iх напiсана: "Хто гэтыя чашы вып'е, стане самым магутным чалавекам на свеце i авалодае мячом, што закапаны перад парогам ля дзвярэй".

Паляўнiчы з чашаў гэтых пiць не стаў, выйшаў адтуль i знайшоў у зямлi меч, але не змог яго i з месца скрануць. Ён вярнуўся назад, выпiў чашы i стаў раптам такi магутны, што змог ужо меч падняць, трымаючы яго ў руцэ, ды iм размахваць.

Надышоў час, калi дзяўчына павiнна была быць выдадзена дракону, i яе праводзiлi кароль, маршал i прыдворныя. Убачыла дзяўчына здалёк на вяршыне Драконавай гары паляўнiчага ды падумала, што гэта стаiць дракон i яе чакае, i не хацела ўзнiмацца на гару; але, карэшце, давялося ёй узысцi туды мiмаволi, бо iнакш загiнуў бы ўвесь горад. Вярнуўся кароль дадому з прыдворнымi ў вялiкай скрусе, а маршал каралеўскi павiнен быў там застацца ды здаля за ўсiм назiраць.

Узнялася каралеўна на самую вяршыню гары, – i стаяў там не дракон, а малады паляўнiчы; ён суцешыў яе ды сказаў, што хоча яе выратаваць; ён адвёў яе ў хорам ды там замкнуў.

Неўзабаве з'явiўся з вялiкiм шумам сямiгаловы дракон. Убачыў паляўнiчага, здзiвiўся ды кажа:

– Што табе тут, на гары, трэба?

Адказаў паляўнiчы:

– Я хачу з табою бiцца.

Сказаў дракон:

– Не адзiн ужо рыцар тут сваё жыццё паклаў, i з табой я таксама ўпраўлюся, – i ён дыхнуў полымем з усiх сваiх сямi пашчаў.

Загарэлася сухая трава, i давялося б паляўнiчаму ў полымi i дыме задыхнуцца; ды прыбеглi звяры i ўвесь агонь затапталi.

Кiнуўся дракон на паляўнiчага, але паляўнiчы выхапiў свой меч, той засвiстаў у паветры ды знёс дракону тры галавы прэч. Тут раз'юшыўся дракон, узняўся ў паветра i пачаў выкiдваць на паляўнiчага полымя; наважыўся кiнуцца на яго, але паляўнiчы выхапiў зноў меч ды адсек яму яшчэ тры галавы.

Аслабела страшыдла i павалiлася на зямлю, але ўсё-ткi рыхтавалася кiнуцца на паляўнiчага; але той, сабраўшы астатнiя сiлы, адцяў яму хвост. Змагацца паляўнiчы больш не мог, ён паклiкаў сваiх звяроў, – i яны папарвалi дракона на шматкi.

Скончылася бойка, адамкнуў паляўнiчы хорам, бачыць – ляжыць каралеўна на падлозе: са страху ды жаху, пакуль цягнуўся бой, яна страцiла прытомнасць. Ён вынес яе на паветра, i калi яна зноў ачуняла ды адкрыла вочы, ён паказаў ёй пасечанага на кавалкi дракона i сказаў, што яна цяпер выратаваная. Яна ўзрадавалася ды сказала:

– Ты станеш цяпер маiм мужам, мой жа бацька абяцаў выдаць мяне за таго, хто заб'е дракона.

Потым зняла яна з шыi каралавыя каралi ды падзялiла iх ва ўзнагароду памiж звярмi, i дастаўся льву залаты замочак. А сваю насовачку, на якой было вышыта яе iмя, яна падаравала паляўнiчаму. Ён пайшоў i выразаў з сямi драконавых галоў языкi ды загарнуў iх у насовачку, каб лепей iх захаваць.

Пасля таго, як усё гэта здарылася, паляўнiчы, змучаны спякотай ды змаганнем, сказаў да дзяўчыны:

– Мы абое з табой стамiлiся, давай крыху адпачнем.

Яна згадзiлася. Яны леглi на зямлю, i прамовiў паляўнiчы да льва:

– Ты нас ахоўвай, каб у час сну нiхто на нас не напаў, – i яны з дзяўчынай заснулi.

Леў улёгся побач з iмi, каб несцi варту, але ён таксама стамiўся ад бойкi з драконам i таму паклiкаў мядзведзя ды сказаў:

– Кладзiся побач са мной, мне трэба крыху паспаць; калi хто падыдзе, ты мяне пабудзi.

Улёгся мядзведзь побач з iм, але ён таксама стамiўся, паклiкаў ваўка ды сказаў:

– Кладзiся побач са мной, мне трэба крыху паспаць; калi хто падыдзе, ты мяне пабудзi.

Улёгся воўк побач з iм, ён таксама стамiўся, паклiкаў лiсiцу ды сказаў:

– Кладзiся са мной побач, мне трэба крыху паспаць; а калi хто падыдзе, ты мяне пабудзi.

Паклалася з iм побач лiсiца, яна таксама стамiлася, паклiкала зайца ды кажа:

– Кладзiся са мной побач, мне трэба крыху паспаць; калi хто прыдзе ты мяне пабудзi.

Сеў заяц побач з ёю, але бедны зайчык таксама ж стамiўся, яму не было каго паклiкаць у вартавыя, – i ён заснуў.

I вось заснулi каралеўна, паляўнiчы, леў, мядзведзяня, воўк, лiсiца ды зайчык, i ўсе спалi глыбокiм сном.

Але маршал, якi павiнен быў за ўсiм назiраць здаля, не бачыў, каб дракон ды паляцеў з дзяўчынай. На гары было ўсё цiха, i вось нарэшце, ён насмелiўся i ўзышоў на вяршыню. I ляжаў дракон на зямлi, пасечаны ды парваны на кавалкi; а воддаль ад яго каралеўна i паляўнiчы са сваiмi звярмi, i ўсе ў глыбокiм сне. А быў маршал чалавек злосны ды бязлiтасны, ён выхапiў свой меч ды адсек паляўнiчаму галаву, схапiў дзяўчыну на рукi ды панёс яе з гары. Дзяўчына, прахапiўшыся, спалохалася, але маршал ёй кажа:

– Ты цяпер у маiх руках; ты павiнна будзеш сказаць, што гэта я забiў дракона.

– Гэтага сказаць я не магу, – адказала яна, – гэта ж зрабiў паляўнiчы са сваiмi звярмi.

Тады выхапiў маршал свой меч i стаў пагражаць, што заб'е яе, калi яна не паслухаецца яго, i гэтак прымусiў яе даць абяцанне. Затым ён прынёс яе да караля. Як убачыў кароль сваю любiмую дачку жывую, дык не ведаў, як яму i радавацца, – ён жа думаў, што яе разарвала страшыдла.

I сказаў маршал:

– Гэта я забiў дракона i вызвалiў дзяўчыну ды ўсё каралеўства, таму патрабую яе сабе ў жонкi, як гэта было абяцана.

Кароль спытаўся ў дзяўчыны:

– Цi праўда тое, што ён кажа?

– Ах, так, – адказала яна, – гэта, напэўна, праўда. Але я стаўлю ўмову, каб вяселле святкавалася толькi праз год ды адзiн дзень.

Яна спадзявалася, што за гэты час пачуе што-небудзь пра свайго любага паляўнiчага.

А на Драконавай гары ўсё яшчэ ляжалi звяры са сваiм мёртвым гаспадаром. Але вось прыляцеў вялiкi чмель ды сеў на нос зайцу; заяц сагнаў яго лапай i не прачнуўся. Прыляцеў чмель у другi раз, але заяц зноў сагнаў яго лапай i не прачнуўся. Прыляцеў чмель у трэцi раз i ўкусiў яго за нос, каб заяц прахапiўся. Толькi заяц ускочыў, пабудзiў ён лiсiцу, лiсiца – ваўка, воўк мядзведзя, мядзведзь – iльва. Прачнуўся леў, бачыць – няма дзяўчыны, а гаспадар ляжыць мёртвы; узняў леў страшэнны рык:

– Хто гэта зрабiў? Мядзведзь, чаму ты мяне не пабудзiў?

Мядзведзь спытаўся ў ваўка:

– Чаму ты мяне не пабудзiў?

А воўк у лiсiцы:

– Чаму ты мяне не пабудзiла?

А лiсiца ў зайца:

– Чаму ты мяне не пабудзiў?

I толькi адзiн бедны заяц не ведаў, што яму адказаць, – так i застаўся ён вiнаваты.

Парашылi тады звяры на яго накiнуцца, але ён стаў прасiць лiтасцi i сказаў:

– Пашкадуйце мяне, я нашага гаспадара ажыўлю. Я ведаю адну гару, расце на ёй корань: калi каму пакласцi яго ў рот, той ад усялякiх хваробаў ды ранаў вылекуецца. Але ходу да гэтай гары дзвесце гадзiн.

Сказаў леў:

– Ты павiнен за суткi злётаць туды i назад вярнуцца ды прынесцi гэты корань.

Паiмчаўся заяц, i за суткi вярнуўся назад, ды прынёс корань. Прыставiў леў галаву паляўнiчаму, заяц засунуў яму ў рот корань, iмгненна ўсё зраслося, пачало бiцца сэрца, i ён ажывеў зноў.

Прачнуўся паляўнiчы, бачыць – няма дзяўчыны, спалохаўся ён ды падумаў: "Яна, мабыць, пайшла, пакуль я спаў, каб пазбавiцца мяне".

Леў у спешцы прыставiў галаву свайму гаспадару перадам назад, але за сумнымi думкамi пра каралеўну паляўнiчы гэтага не заўважыў: толькi апаўдня, калi яму захацелася есцi, ён убачыў, што галава ў яго пастаўлена перадам назад; ён анiяк не мог уцямiць, з чаго гэта так, i спытаўся ў звяроў, што з iм здарылася ўва сне.

Тады распавёў яму леў, што ўсе яны, стамiўшыся, паснулi, а калi прачнулiся, знайшлi яго мёртвага, з адсечанай галавою; заяц прынёс корань жыцця, а ён у спешцы прыставiў галаву перадам назад; але памылку сваю ён, вядома, выправiць. Ён адарваў паляўнiчаму галаву, павярнуў яе, а заяц зажывiў яе коранем.

Аднак паляўнiчы зажурыўся, пайшоў бадзяцца па свеце i прымусiў сваiх звяроў скакаць перад людзьмi. I здарылася так, што, калi прамiнуў роўна год, прыйшоў ён зноў у той самы горад, дзе вызвалiў каралеўну ад дракона; але цяпер увесь горад быў упрыгожаны чырвонай тканiнаю. Спытаўся паляўнiчы ў гаспадара карчмы:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю