355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Якоб и Вильгельм Гримм братья » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:15

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 15 страниц)

– Вось, – кажуць яны, – прывезлi мы не толькi залатую птушку, а яшчэ i залатога каня i дзяўчыну з залатога замка.

I была там вялiкая радасць, але конь нiчога не еў, птушка не спявала, а дзяўчына сядзела i ўсё плакала...

А малодшы брат не загiнуў. На шчасце, калодзеж быў сухiм, ён упаў на мяккi мох, нiчога сабе не пашкодзiў, толькi выбрацца адтуль ён не мог. Але i ў гэтай бядзе яго не пакiнула верная лiса. Яна прыбегла да яго, пачала ўшчуваць, што ён забыў пра яе параду.

– Усё ж я не магу цябе пакiнуць, – сказала лна, – i дапамагу табе выбрацца з калодзежа.

Яна загадала яму ўчапiцца за яе хвост i трымацца мацней i выцягнула яго наверх.

– Але ты яшчэ не зусiм пазбавiўся ад небяспекi, – сказала лiса. – Твае браты не ўпэўнены ў тваёй гiбелi, i яны расставiлi па ўсiм лесе вартаўнiкоў, каб забiць цябе, калi заўважаць.

А сядзеў ля дарогi жабрак, i вось абмяняўся юнак з iм адзеннем i з'явiўся, пераапрануты, у каралеўскi двор. Яго нiхто не пазнаў, але птушка пачала спяваць, конь пачаў есцi, а цудоўная каралеўна перастала плакаць.

Спытаўся кароль у здзiўленнi:

– Што гэта значыць?

А дзяўчына яму i кажа:

– Не ведаю, мне было раней так сумна, а цяпер так радасна. Мне здаецца, што з'явiўся мой сапраўдны жанiх.

I яна расказала каралю пра ўсё, што здарылася, хоць абодва браты i пагражалi ёй смерцю, калi яна прагаворыцца. Тады загадаў кароль паклiкаць да сябе ўсiх людзей, што былi ў замку, з'явiўся i юнак, пераапрануты жабраком; але дзяўчына адразу яго пазнала i кiнулася да яго на шыю. Злых братоў схапiлi i пакаралi, а малодшага абвянчалi з цудоўнай каралеўнай, i ён быў прызначаны пераемнiкам караля.

А што ж сталася з беднай лiсой?

Мiнула шмат часу, i адправiўся аднойчы каралевiч зноў у той самы лес, сустрэла яго лiса i кажа:

– Цяпер у цябе ўсё ёсць, што ты мог сабе жадаць, а вось майму няшчасцю ўсё няма канца, але ты можаш мяне выручыць, – i пачала лiса зноў яго прасiць i малiць, каб ён згадзiўся яе застрэлiць i адсекчы ёй галаву i лапы. Так ён i зрабiў; i толькi выканаў ён яе просьбу, як сталася лiса юнаком, i быў ён не хто iншы, як брат цудоўнай каралеўны, якi нарэшце быў вызвалены ад злога закляцця. I цяпер мелi яны ўсё, каб быць усё сваё жыццё шчаслiвымi.

САЛОМIНКА, ВУГАЛЬ I БАБIНА

Жыла-была адна бабулька, вельмi старая. Восемдзесят гадоў ёй было. Пайшла бабулька на агарод, нарвала поўную талерку бобу i вырашыла яго зварыць.

"Вось, – думае, – звару бобу i паабедаю".

Распалiла яна плiту i, каб агонь разгарэўся лепей, падкiнула ў топку пучок саломы.

А затым пачала сыпаць у гаршчок боб.

Вось якраз тут усё i пачалося.

Калi сыпала яна боб у гаршчок, адна бабiна ўзяла ды i завалiлася на падлогу.

I сюды ж, на падлогу, выскачыў з печы распалены вугольчык.

Вось саломiнка i кажа:

– Мiлыя сябры, адкуль вы тут?

– Я, – адказвае вугольчык, – з печы. Калi б, – кажа, – я адтуль не выскачыў, давялося б мне згарэць i рассыпацца попелам.

А бабiна кажа:

– I мне пашчасцiла, што я сюды трапiла. А то давялося б мне, як i iншым маiм сяброўкам-бабiнам, у кашу разварыцца.

А саломiнка кажа:

– I я рада, што ў печ не трапiла, а тут ляжу.

– Ну, а што ж мы цяпер будзем рабiць? – пытаецца вугольчык.

– Я думаю, – сказала бабiна, – вось што. Пайшлi белы свет паглядзiм.

– Пайшлi, пайшлi, – згадзiлiся вугольчык i саломiнка.

I пайшлi яны разам – бабiна, саломiнка i вугольчык.

Доўга iшлi яны i прыйшлi да ручайка. Ручаёк маленькi, вузенькi, а перабрацца цераз яго цяжка – моста няма. Як тут быць? Тады саломiнка кажа:

– Мы вось як зробiм: я перакiнуся з беражка на беражок, а вы па мне пераправiцеся, як па мосце.

Так яны i зрабiлi. Перакiнулася саломiнка з берага на бераг, i першым пабег па ёй вугольчык. Бяжыць, як па мосце. Дабег ён да сярэдзiны, чуе плёскаецца ўнiзе вада. Стала яму страшна, спынiўся ён i крычыць:

– Баюся вады, баюся вады!

А пакуль ён стаяў i крычаў, саломiнка ад яго загарэлася, развалiлася на дзве часткi i паляцела ў ручай. Вугольчык таксама звалiўся ў ваду. Ён засiпеў: "Таплюся, ратуйце!" – i пайшоў на дно.

А бабiна асцярожнай была, яна на беразе засталася.

Засталася на беразе i давай смяяцца з вугольчыка i саломiнкi.

Смяялася яна, смяялася – i лопнула ад смеху.

Дрэнна б ёй давялося, ды на яе шчасце сядзеў на беразе вандроўны кравец.

Дастаў кравец нiткi i сшыў абедзве палавiнкi бабiны.

А таму што ў краўца белых нiтак з сабой не было, ён зашыў бабiну чорнай нiткай. З таго часу ва ўсiх бабiнах чорнае шво пасярэдзiне.

СТОЛIК-НАКРЫЙСЯ, ЗАЛАТЫ АСЁЛ I ДУБIНКА З МЯШКА

Даўным-даўно жыў на свеце кравец. Былi ў яго тры сыны i адна-адзiная каза. Яна iх усiх малаком кармiла. А за гэта яе трэба было кожны дзень пасвiць.

Сыны пасвiлi казу па чарзе. Пагнаў яе аднойчы старэйшы сын на могiлкi. Трава там расла высокая ды сакавiтая. Каза цэлы дзень скубла траву i скакала. Вечарам, перад тым як вяртацца дамоў, ён i пытае ў яе:

– Цi сытая ты, каза мая?

Адказала каза:

– Я такая сытая, што не з'ем болей нi лiсцiка. Ме-ме!

– Ну, тады i iдзi дадому.

Прывёў яе за вяровачку ў стойла i моцна прывязаў.

Бацька цiкавiцца ў сына:

– Цi не галодная наша каза?

– О, яна такая сытая, не хоча болей нi лiсцiка.

Пахвалiў кравец сына, а сам пайшоў у стойла, пагладзiў любiмую козачку i перапытвае:

– Цi сытая ты, каза мая?

I адказала яму каза:

– Ад чаго я буду сытая? Скакала цераз магiлку, з'ела адну былiнку. Ме-ме!

– Што я чую!

Выскачыў кравец са стойла, як закрычыць на сына:

– Ах ты, манюка, каза ж зусiм галодная!

Пабiў сына i прагнаў з двара.

На другi дзень наступiла чарга пасвiць казу сярэдняму сыну. Знайшоў ён у садзе месца, дзе трава добрая расла, каза яе ўсю i з'ела. Вечарам пытае:

– Цi сытая ты, каза мая?

– Я такая сытая, што не з'ем болей нi лiсцiка. Ме-ме!

– Тады iдзi дадому.

А дома стары кравец дапытвае сына:

– Цi наелася наша каза?

– О, яна такая сытая, што не хоча болей нi лiсцiка.

Але кравец вырашыў сам у гэтым пераканацца. Зайшоў у стойла i пытае:

– Цi сытая ты, каза мая?

I адказала каза:

– Як мне быць сытаю, калi я з'ела толькi адну былiнку, як скакала цераз магiлку. Ме-ме!

– Ах ты, гэткi злодзей! – закрычаў кравец. – Такую рахманую казу ды прымусiў галадаць!

Выбег са стойла, адмянташыў палкай сына i прагнаў з двара.

Наступiла чарга малодшаму сыну пасвiць казу. Знайшоў ён добрую пашу з густой травой, запусцiў туды казу. Вечарам пытае ў яе:

– Цi сытая ты цяпер, каза мая?

– Я такая сытая, што не з'ем болей нi лiсцiка. Ме-ме!

– Ну, тады пайшлiма дамоў.

А дома бацька сустракае, сына распытвае:

– Цi наелася ўволю каза наша?

– О, татка, яна такая сытая, што не хоча болей нi лiсцiка.

Кравец не паверыў, пайшоў у стойла, перапытвае ў казы:

– Цi сытая ты сёння?

I адказала злая каза:

– Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магiлку, з'ела адну былiнку. Ме-ме!

– Ах ты, iлгун! – закрычаў кравец, выскачыў са стойла i давай бiць беднага хлопчыка, той ледзь з двара паспеў збегчы.

Застаўся стары кравец адзiн са сваёй казой. Ранiцай, што рабiць, павёў яе сам пасвiць. Знайшоў зялёныя кусты, памiж якiмi расла трава-дзеравей. Яе вельмi любяць козы, от ён i ўзрадаваўся:

– Тут, мая мiлая козачка, хоць раз удоваль наясiся.

Да самага вечара пасвiў кравец сваю казу. Пасля пытае:

– Цi сытая ты, каза мая?

I яна адказала:

– Я такая сытая, што не змагу з'есцi болей нi лiсцiка.

– Ну, тады iдзi дадому.

Адвёў кравец казу ў стойла, моцна прывязаў. А далей думае, дай-ка праверу казу. Вярнуўся i перапытвае:

– Ну, козачка, сытая сёння?

Але каза адказала тое самае, калi яе пасвiлi сыны:

– Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магiлку, з'ела адну былiнку. Ме-ме!..

Пачуў гэта кравец i аслупянеў. Зразумеў: за нiшто выгнаў сваiх сыноў з дому. I ўздумаў ён адпомсцiць казе. Узяў сваю брытву, нагнуў казе галаву i пагалiў яе. Хай з такой меткаю ўсе ведаюць: яна – няўдзячнае стварэнне. Пасля адхлiстаў яе бiзуном i выгнаў з двара.

Застаўся кравец адзiн-адзiнюткi ў сваёй хаце. Засумаваў, хацеў, каб вярнулiся сыны, але ж нiхто не ведаў, дзе яны.

Старэйшы сын паступiў на вучэнне да аднаго сталяра. Быў руплiвым, старанным вучнем. А калi закончыў вучобу, майстар падарыў яму столiк. З выгляду – звычайны столiк, зроблены з простага дрэва, але меў ён адну незвычайную якасць. Варта паставiць яго i сказаць: "Столiк, накрыйся!" – то добры столiк iмгненна накрываўся чыстым маленькiм абрусам, ставiлiся на яго талеркi з вараным ды смажаным, вiдэльцы, нажы. Сядай i частуйся!

Малады майстар, задаволены i вясёлы, пачаў вандраваць па свеце. Ён не засмучаўся, якая гасцiнiца была на яго шляху, бо мог сытна паесцi i ў полi, i на лузе.

Урэшце надумаўся сын вярнуцца дамоў. Бацька, вiдаць, перастаў гневацца на яго, а з такiм чароўным столiкам прыме да сябе ахвотна.

Але па дарозе дамоў здарылася з iм бяда. Прыпынiўся на начлег у адной гасцiнiцы. Гасцей там было поўным-поўна. Яны запрасiлi яго вячэраць за свой стол.

– Не, – сказаў малады сталяр, – навошта я вас буду аб'ядаць, лепш вы будзьце маiмi гасцямi.

Усе думалi, што хлопец жартуе, але ён паставiў свой драўляны столiк пасярод пакоя i сказаў:

– Столiк, накрыйся!

Iмгненна на iм з'явiлiся такiя стравы, якiх сам гаспадар гасцiнiцы не мог прапанаваць.

– Частуйцеся, дарагiя госцi! – прапанаваў сталяр.

Пастаяльцаў не трэба было доўга ўгаворваць, падселi яны да столiка i давай уплятаць ласункi. Толькi з'ядуць адно, з'яўляецца новае. Гаспадар гасцiнiцы бачыў усё гэта i вельмi зайздросцiў.

Сталяр i госцi весялiлiся да позняй ночы. А як толькi ўлеглiся спаць, гаспадар гасцiнiцы i падмянiў чароўны столiк сваiм, звычайным.

Ранiцай сталяр заплацiў грошы за начлег, узяў столiк, не адчуваючы зладзейства, i пайшоў сваiм шляхам-дарогай. Апоўднi быў ужо дома. Бацька сустрэў яго з вялiкай радасцю, спытаў:

– Ну, дарагi сынок, чаму ты навучыўся?

– Стаў я, бацечка, сталяром.

– Што ж, гэта добрае рамяство. А што ты зарабiў за гэты час, з якiм багаццем вярнуўся дамоў?

– Бацечка, самае дарагое, што я займеў, то вось гэты столiк.

Агледзеў яго кравец дый кажа:

– Што ж, зроблены ён няважна, стары столiк.

– Але гэта "столiк-накрыйся", – адказаў сын i растлумачыў пра яго чарадзействы.

Вось сабралiся ў бацькавай хаце госцi. Узяў сын свой столiк, паставiў пасярод пакоя i загадаў:

– Столiк, накрыйся!

Але столiк застаўся пустым. Зразумеў бедны сталяр, што столiк яму падмянiлi ў гасцiнiцы. Сорамна зрабiлася перад родзiчамi. Пасмяялiся яны над iлгуном i нi з чым вярнулiся дамоў.

Кравец зноў заняўся сваiм шытвом. А сын дапамагаў яму. Так i зараблялi сабе на хлеб.

Сярэднi сын трапiў на вучобу да млынара. Пры развiтаннi з iм гаспадар сказаў:

– Ты добра працаваў, i за гэта дару табе асла. Ён, праўда, своеасаблiвы, у запрэжку не прыгодны, мяхоў цягаць не будзе.

– Дык навошта ён мне такi?

– Гэты асёл золата выплёўвае, – растлумачыў млынар. – Трэба паставiць яго на хустку, сказаць: "Брыклябрыт!", жывёлiна пачне выплёўваць залатоўкi i ззаду, i спераду.

– О, гэта справа добрая! – падзякаваў падмайстар млынару i пайшоў падарожнiчаць па свеце.

Калi заканчвалiся грошы, ён ставiў асла на хустку, даваў каманду: "Брыклябрыт!" i заставалася толькi падабраць дождж залатовак. Добра яму жылося. Куды не прыйдзе, падаюць яму ўсё самае лепшае i дарагое. Грошай жа меў поўны кашалёк!

Пабачыў свету, наездзiўся малады млынар i вырашыў праведаць бацьку. Падумаў, калi з'явiцца дадому з такiм залатым аслом, то, напэўна, не прыгадае бацька даўнейшы гнеў на яго, сустрэне добра.

I здарылася так, што трапiў ён у тую самую гасцiнiцу, у якой яго старэйшаму брату падмянiлi столiк-накрыйся. Як звычайна, сустрэў падарожнiка ветлiвы гаспадар. Адразу хацеў вызвалiць яго ад асла, узяць i прывязаць у стойле. Малады млынар запярэчыў:

– Не, не, свайго шэрага я сам адвяду ў стойла i сам прывяжу. Я павiнен ведаць, дзе ён будзе знаходзiцца.

Гаспадару гэта падалося дзiўным. Ён падумаў, што яго новы клiент вельмi бедны, бо сам хоча даглядаць свайго асла. Але той дастаў з кiшэнi дзве залатоўкi i загадаў добра накармiць асла. Гаспадар аж вочы вылупiў: адкуль у гэтага млынара такiя грошы?

Паабедаў госць, просiць рахунак. Тут ужо гаспадар мелу не пашкадаваў: налiчыў за абед у два разы болей, чым трэба, ды яшчэ запатрабаваў дзве залатоўкi наверх. Сунуў хлопец руку ў кiшэню, а золата ў ёй няма.

– Гаспадар, пачакайце крыху, – сказаў ён. – Я зараз прынясу вам грошы.

Госць узяў абрус i накiраваўся ў стойла да свайго асла. Цiкаўны гаспадар следам за iм. Дый падгледзеў, як з асла сыпалася золата.

– От якая чартаўшчына! – здзiвiўся гаспадар. – Новенькiя грошы сыплюцца з асла!

У тую ноч яму не спалася. Калi госць улёгся адпачываць, ён вывеў са стойла залатога асла, а на яго месца прывязаў iншага.

Ранiцай малады млынар пакрочыў дадому. Побач з iм iшоў асёл, але то была ўжо не чароўная жывёлiна, а звычайная. Толькi хлопец не ведаў пра гэта.

Бацька сустрэў i сярэдняга сына ласкава, вельмi ўзрадаваўся яго вяртанню.

– Ну, скажы, сынок, чаму навучыўся?

– Стаў я млынаром, мiлы бацечка!

– А што прынёс у хату з далёкiх падарожжаў?

– Ды вось аднаго толькi асла.

– Аслоў i тут удоваль, – заўважыў бацька. – Лепш бы ты прывёў добрую казу.

– Так-то яно так, – адказаў сын. – Але ж гэты асёл не просты, а залаты. Клiчце родзiчаў, я ўсiх зраблю багатымi.

– Талкова! – узрадаваўся кравец. – Можа, i мне цяпер не трэба будзе з iголкай мучыцца.

Пабег ён склiкаць усiх родзiчаў у госцi. Яны хутка сабралiся, i малады млынар пачаў сваё чарадзейства.

Раскiнуў хустку пасярод пакоя, прывёў асла, паставiў на яе. Крыкнуў:

– Брыклябрыт!

У беднага млынара аж твар выцягнуўся, калi ён убачыў, што з асла ўпала зусiм не золата. Зразумеў: яму ў дарозе падмянiлi асла. Пачаў ён прабачэння прасiць у гасцей. А ў бацькi тым больш, бо давялося старому краўцу зноў брацца за сваю iголку.

Малодшы брат трапiў на вучобу да аднаго токара. Рамяство гэта тонкае, вось i давялося яму вучыцца даўжэй за ўсiх. За стараннасць i добрыя паводзiны майстар падарыў яму мяшок, сказаў:

– Ведай, ляжыць у гэтым мяшку дубiнка.

– Навошта яна? Ад яе толькi цяжар.

– Слухай, – растлумачыў майстар, – калi цябе хто пакрыўдзiць, то варта табе сказаць: "Дубiнка, з мяшка!" – i яна iмгненна выскачыць i кiнецца дубасiць таго, хто цябе зняважыў. Ды так стане весела танцаваць па яго спiне, што той тыдзень не пашавелiцца. Запомнi яшчэ: яна не прыпынiцца да таго часу, калi ты не скажаш: "Дубiнка, у мяшок!"

Падзякаваў малады токар свайму гаспадару, закiнуў мяшок за плечы i пайшоў падарожнiчаць ды грошы зарабляць. Даводзiлася яму карыстацца i дубiнкай з мяшка. Пераканаўся: яна старанна выконвала яго загады, аднолькава спрытна ўпраўлялася цi то з кафтанам, цi то з курткай, не вельмi чакала пакуль iх хто здыме.

Вось аднойчы пад вечар завiтаў малады токар у тую самую гасцiнiцу, у якой яго братоў ашукалi. А браты яму паспелi напiсаць, якая з iмi бяда здарылася тут.

Паклаў хлопец свой мяшок на стол, пачаў баяць пра розныя дзiвы, якiя яму давялося пабачыць.

– Бываюць гэткiя столiкi-самаборы, – сказаў ён, ёсць яшчэ аслы залатыя i ўсякая ўсячына. Рэчы добрыя, што й казаць, але яны нiчога нявартыя перад багаццем, якое я здабыў. Ляжыць яно вось у гэтым мяшку.

Тут сквапны гаспадар i натапырыў вушы: што ляжыць у мяшку, можа, самацветы?

Надышоў час класцiся спаць. Госць улёгся на лаву i паклаў пад галаву замест падушкi свой мяшок. Гаспадар пачакаў крыху i давай зладзейнiчаць. Ухапiўся за таямнiчы мяшок, пацiху цягне на сябе. Хацеў падмянiць яго iншым.

А токар гэтага моманту i чакаў. Раптам як крыкне: "Дубiнка, з мяшка!" Як жа выскачыла дубiнка, як надавала гаспадару пад бакi, той аж пачаў прасiць лiтасцi. Але чым гучней ён крычаў, тым мацней дубiнка трэсла яго.

I сказаў тады токар:

– Калi ты не вернеш "столiк-накрыйся" i залатога асла, то дубiнка не перастане танцаваць па табе.

– Вой, – застагнаў гаспадар, – я ўсё ахвотна вярну, толькi скажы свайму дамавiку, каб ён вярнуўся ў мяшок.

– Добра, памiлую цябе, але глядзi, беражыся!

Крыкнуў токар:

– Дубiнка, у мяшок!

I дубiнка ў тое ж iмгненне пакiнула гаспадара гасцiнiцы, ускочыла ў мяшок.

Ранiцай адправiўся токар са "столiкам-накрыйся" i залатым аслом дамоў. Узрадаваўся бацька, убачыўшы малодшага сына, спытаў у яго, чаму ён навучыўся ў чужых краях.

– Дарагi бацечка, я токарам стаў.

– Гэта тонкае рамяство, – пахвалiў бацька i сказаў: – Ну, а што прынёс з падарожжаў?

– Дарагую штучку, мiлы бацечка, – дубiнку ў мяшку.

– Што? – закрычаў кравец. – Дубiнку? Цi варта было несцi яе здалёку. Яе можна вычасаць з любога дрэва.

– Так, але, мiлы бацечка, мая дубiнка чароўная, – супакоiў сын бацьку, расказаў яму яе тайну. – От бачыш, дзякуючы гэтай дубiнцы я вярнуў назад столiк-накрыйся i залатога асла, якiя адняў ад братоў зладзеяваты гаспадар гасцiнiцы. Клiчце iх сюды ды запрашайце ўсю радню!

Стары кравец не зусiм паверыў малодшаму сыну, але што зробiш, склiкаў у сваю хату ўсю радню. Вось раскiнуў токар на ўвесь пакой хустку, прывёў залатога асла i сказаў свайму брату:

– Ну, мiлы братка, пагавары з iм.

I сказаў млынар:

– Брыклябрыт!

I сталi дажджом падаць на хустку залатыя чырвонцы. Асёл рабiў гэта да таго часу, пакуль усе госцi не набралi столькi золата, як панесцi. (А па табе, мой дружа, вiдаць, што i ты не супраць бы пабываць там. Што ж, даруй, гэта казка).

Пасля токар прынёс столiк i сказаў:

– Ну, братка, пагавары з iм.

I толькi сталяр прамовiў: "Столiк, накрыйся!", а ён ужо накрыты абрусам, i ўвесь устаўлены смачнымi стравамi. Пачалося такое баляванне, якога не было ў хаце краўца за ўсё яго доўгае жыццё. Вясёлая i задаволеная вярталася радня дамоў.

I схаваў кравец у шафе iголку i нiткi, метр i прас ды стаў жыць-пажываць разам з сынамi ў радасцi i ў багаццi.

Ну, а куды ж падзелася каза, з-за якой кравец прагнаў з дому сваiх сыноў?

Сорамна ёй зрабiлася, што паголеная ў яе галава, вось i забегла яна ў лiсiную нару, схавалася там. Вярнулася лiса з палявання, бачыць у цемры нары блiшчаць два вялiкiя вокi, напалохалася яна i збегла.

Сустрэў лiсу мядзведзь, бачыць, што яна перапалоханая, цiкавiцца:

– Што з табой, лiсiчка-сястрычка?

– Ох, – адказвае рыжая, – страшны звер засеў у маёй нары, з вогненнымi вачамi.

– Ды мы яго ўраз выганiм! – кажа мядзведзь.

Пайшлi яны да нары. Мядзведзь зазiрнуў туды, спалохаўся вогненных вачэй i даў лататы ад нары. Бяжыць па лесе, зямля пад iм трасецца. Тут сустракаецца яму пчала, пытае:

– Мядзведзь, чаго выгляд у цябе такi маркотны, дзе згубiў сваю весялосць?

– Табе добра разважаць, – адказвае мядзведзь – а вось у лiсiным домiку засеў страшны звер, вочы вылупiў, i выгнаць яго мы не можам.

I сказала пчала:

– Шкада мне цябе, мядзведзь. Хаця я, пчала, слабая i бедная, вы на мяне i глядзець не хочаце, але я ўсё-такi магу вам дапамагчы.

Пчала ўляцела ў лiсiную нару, села казе на паголеную галаву i так моцна яе ўджалiла, што каза ажно падскочыла. Закрычала:

– Ме-ме!

Як ашалелая выскачыла каза з лiсiнай нары. I нiхто да цяперашняга часу так i не ведае, куды яна збегла.

ТРЫ МАЛЕНЬКIЯ ЛЕСАВIКI

Жыў-быў адзiн чалавек, i памерла ў яго жонка; i жыла жанчына, i памёр у яе муж; была ў чалавека дачка, i ў жанчыны таксама была дачка. Дзяўчаты ведалi адна адну i хадзiлi разам гуляць, i зазiралi часта да гэтай жанчыны ў дом. Вось жанчына аднойчы i гаворыць дачцэ таго чалавека:

– Паслухай, скажы свайму бацьку, што я жадаю выйсцi за яго замуж, што ты будзеш за мной кожны дзень у сырадоi купацца ды вiно смакаваць, а дачка мая няхай у вадзе плюхаецца i п'е толькi ваду.

Вярнулася дзяўчына дахаты i расказала бацьку пра тое, што яе прасiла перадаць жанчына. Кажа бацька:

– Што мне рабiць? Ажэнiшся раз, а наракаеш увесь свой век, – усё гэта i радасць, i гора.

I вось, не ведаючы, што яму выбраць, сцягнуў ён з нагi бот i гаворыць:

– Вазьмi гэты бот – у iм падэшва дзiравая, занясi яго на гарышча i павесь на вялiкi цвiк, i налi ў бот вады. Калi вада з яго не прасочыцца, дык прыйдзецца мне другi раз жанiцца, а працячэ – дык не буду жанiцца.

Дзяўчына зрабiла тое, што сказалi ёй; але ад вады дзiрка ў боце зацягнулася, i бот утрымаў па самы верх ваду. Расказала дачка пра гэта свайму бацьку. Вось ён падаўся на гарышча i ўбачыў, што тая гаворыць праўду; пайшоў да ўдавы i жанiўся з ёю, – тут яны i вяселле згулялi.

Назаўтра паднялiся абедзве дзяўчаты, бачаць: стаiць перад бацькавай дачкою малако для мыцця i вiно для пiцця, а перад жончынай дачкою – вада, каб памыцца, ды вада, каб папiць. Новай ранiцай бачаць: стаiць вада мыцца i пiць i перад гаспадаровай дачкою, i перад гаспадынiнай. А яшчэ праз дзень i ноч убачылi: стаiць вада спаласнуцца ды вада прамачыць у роце перад бацькавай дачкою, а малако для мыцця ды вiно для пiцця перад жончынай дачкою; гэтак пайшло-павялося яно i далей.

Неўзлюбiла мачыха падчарку i не ведала, што б такое прыдумаць, каб было ёй з дня ў дзень усё горш i горш. А была яна да ўсяго вельмi зайздросная: падчарка была i мiлая, i прыгожая, а яе родная дачка пачварная i прыкрая.

Аднойчы зiмою, калi надышлi лютыя маразы i ўсё навокал замерзла, горы i далiны засыпала снегам, пашыла мачыха папяровую сукенку, паклiкала дзяўчыну i кажа:

– Начапi гэтую сукенку, iдзi ў лес ды прынясi мне поўную лубку сунiц: мне хочацца ягадамi пачаставацца.

– Божа, ды зiмою сунiцы не растуць, – усклiкнула дзяўчына, – зямля ж глыбока замерзлая i снегам накрытая. I як пайду ў папяровай сукенцы? На дварэ так холадна, што дых займае, вецер прадзьме мяне наскрозь, а калючы цярноўнiк парве мне адзенне.

– Ты што гэта? Iдзеш мне насуперак? – запытала мачыха. – Iдзi борздзенька i не думай нават мне на вочы паказвацца, пакуль не назбiраеш поўную лубку сунiц.

Яна дала ёй кавалак сухога хлеба i дадала:

– Гэта табе хопiць на цэлы дзень, – а сама падумала: "На дварэ ты змерзнеш i з голаду загiбееш, i нiколi дадому не вернешся".

Дзяўчына паслухала, ускiнула на сябе папяровую сукенку i выйшла з дому з лубкай. А навокал снег ды снег, белыя прасторы i далечынi, i нiдзе нiякага зялёнага сцябла не бачна.

Прыйшла яна ў лес, заўважае: стаiць маленькая хатка; i пазiраюць з яе тры невялiкiя лесавiкi. Павiталася яна з iмi i нясмела ў дзверы пастукала. Яны крыкнулi: "Заходзь!" – i яна ўвайшла ў пакой i села на лаўку каля печы, – ёй захацелася пагрэцца i з'есцi свой кавалак хлеба. А маленькiя чалавечкi i гавораць:

– Дай i нам крыху.

– Добра, – адказала яна i разламала свой кавалак хлеба напалам i адну палавiну аддала iм. А потым яны пытаюць:

– Чаму ты ў такой тоненькай сукеначцы зiмою ў лесе?

– Ах, – уздыхнула дзяўчына, – я павiнна дабраць поўную лубку сунiц, а без iх мне дадому вяртацца няможна.

Калi яна з'ела свой кавалачак хлеба, яны далi ёй памяло i сказалi:

– Цяпер змяцi снег за хатнiмi чорнымi дзвярыма.

Яна выйшла, а маленькiя чалавечкi пачалi памiж сабою раiцца: "Што нам ёй такое даць за яе дабрыню i стараннасць ды за тое, што з намi хлебам сваiм падзялiлася".

I сказаў першы з iх:

– Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё прыгажэць i прыгажэць.

Другi прамовiў:

– А я ўзнагароджу яе тым, што будуць з яе рота, толькi скажа яна слова, выпадаць чырвонцы.

Дадаў трэцi:

– А я ўзнагароджу яе тым, што заявiцца кароль i возьме яе замуж.

Зрабiла дзяўчына тое, што сказалi ёй маленькiя лесавiкi, змяла памялом снег каля хаткi. I як вы думаеце, што ж яна ўбачыла? Спелыя сунiцы! Яны прабiлiся цёмна-чырвонымi ягадкамi з-пад снегу. I набрала радасная дзяўчына поўную лубку; падзякавала маленькiм лесавiкам, развiталася з кожным з iх за руку i пабегла дахаты, жадаючы прынесцi мачысе тое, што тая ёй загадала.

Вярнулася яна дадому i толькi прамовiла "добры вечар", як тут жа выпаў з яе рота чырвонец. Пасля яна расказала, што здарылася з ёй у лесе, i пры кожным слове падалi з яе рота чырвонцы, так што хутка ўвесь пакой быў завалены iмi.

– Паглядзiце вы на гэтую фанабэрыю! – ускiпела яе зводная сястра, – проста пад ногi кiдае грошы. – Але ўпотай яна ёй пазайздросцiла, i зажадалася ёй таксама пайсцi ў лес па сунiцы.

Мацi пачала яе адгаворваць:

– Не, мiлая дачушка, на дварэ надта холадна, ты можаш змерзнуць. – Але тая ўсё яе прасiла-малiла, i мацi нарэшце згадзiлася, пашыла ёй шыкоўную скураную, з густой шэрсцю футрачку i дала ёй у дарогу хлеб з маслам i булачкi.

Накiравалася дзяўчына ў лес i пайшла напрасткi да той маленькай хацiнкi. Тры маленькiя чалавечкi, як i тады, вызiрнулi з акенца, але яна з iмi не павiталася i, не зважаючы на iх i не прамовiўшы iм нi слова, уварвалася ў пакой, села каля грубкi i пачала ўплятаць хлеб з маслам ды пiражкi.

– Дай i нам крыху, – усклiкнулi маленькiя чалавечкi.

Але яна ад iх адмахнулася:

– Мне i самой не хопiць, дык чаму мне яшчэ з вамi дзялiцца?

Калi дзяўчына наелася, яны сказалi:

– Вось табе памяло, змяцi чыста перад чорнымi дзвярыма.

– Э, ды мяцiце вы самi! – адказала яна. – Я вам не пакаёўка. – А калi яна адчула, што яны даваць ёй нiчога нават не думаюць, яна пайшла ад iх.

I пачалi раiцца памiж сабой тры маленькiя лесавiкi: "Што нам ёй такое даць за яе халоднае i злое сэрца, што не хоча нiкому рабiць дабрыню? "

Першы сказаў:

– Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё больш пачварная.

Другi прамовiў:

– Я ўзнагароджу яе тым, што пры кожным слове, што яна вымавiць, будзе з яе рота выскокваць лягушка.

А трэцi дадаў:

– А я ўзнагароджу яе тым, што яна памрэ цяжкою смерцю.

Пачала дзяўчына шукаць сунiцы, але не знайшла нi адной ягадзiнкi i вярнулася са злосцi дахаты. Толькi яна паспрабавала расказаць мацi, што здарылася з ёй у лесе, як пачало выскокваць з яе рота пры кожным слове па лягушцы, i ўсе адчулi да яе агiду.

Яшчэ больш неўзлюбiла мачыха сваю падчарыцу i пачала прыдумваць, як бы ёй дапячы, а падчарыца станавiлася з кожным днём усё прыгажэйшая i прыгажэйшая.

Нарэшце прынесла мачыха кацёл, прыладкавала яго на агонь i пачала кiпяцiць у вадзе пражу. Калi тая праварылася, узвалiла яна пражу на плечы беднай дзяўчыне, дала ёй у рукi сякеру i загадала iсцi на рэчку, каб высекчы там палонку i добра прапаласкаць пражу.

Дзяўчына паслухала, пайшла i высекла ў лёдзе палонку. Але калi яна секла лёд, пад'ехала шыкоўная карэта, i сядзеў у ёй кароль. Карэта запынiлася, i кароль запытаў:

– Дзiця маё, ты хто такая i што ты тут робiш?

– Я бедная дзяўчына, мыю пражу.

Кароль яе пашкадаваў i, бачачы, што яна вельмi прыгожая, сказаў:

– Хочаш, паедзем разам са мной?

– Ах, з вялiкай ахвотаю! – адказала яна, узрадаваўшыся, што ёй не трэба будзе вяртацца да мачыхi i яе дачкi.

I села яна ў карэту, i паехала разам з каралём. Прыехалi яны ў замак i адгулялi там пышнае вяселле, i была гэта ёй узнагарода ад маленькiх лясных чалавечкаў.

Праз год нарадзiла маладая каралева сына; i калi мачыха дачулася пра такое вялiкае шчасце, дык прыйшла са сваёю дачкой у замак, быццам жадаючы пабачыцца з ёю. Але якраз у тую часiну кароль кудысьцi адлучыўся i пры ёй не было нiкога; тады схапiла злая жанчына каралеву за валасы, а дачка ўзяла яе за ногi, яны паднялi яе з пасцелi i выкiнулi праз акно ў раку, што цякла каля самага замка. Пасля мачыха паклала ў пасцель сваю брыдкую дачку i накрыла яе ўсю коўдрай.

Вярнуўся кароль, i захацелася яму пагаварыць з жонкай, але старая закрычала:

– Цiшэй, цiшэй, цяпер няможна, яна ляжыць вельмi стомленая, няхай адпачне.

Кароль, не прадчуваючы нiчога благога, прыйшоў толькi назаўтра, i калi ён загаварыў з жонкаю, дык пры кожным слове з яе рота выскоквала лягушка, а раней, як усе ведалi, выпадаў чырвонец. Тады кароль запытаў, што гэта значыць, i старая патлумачыла, што гэта ў яе, маўляў, ад вялiкага поту i што гэта хутка мiнецца.

А ўночы ўбачыў маладзенькi кухар, як падплыла па вадасцёкавай канаўцы нейкая качка i запытала:

– Кароль, як ты жыў?

Гуляеш альбо спачыў?

Але калi ён ёй нiчога не адказаў, качка зноў падала голас:

– А як мае госцi, сядзяць?

Адказаў ёй маладзенькi кухар:

– Не, яны моцна спяць.

Пачала яна тады дапытвацца:

– А як родненькi сыночак?

I адказаў ён:

– Ён спiць сабе ў зыбцы ўсю ночку.

I паўстала тады з качкi каралева, i пайшла ў замак, пакармiла дзiця, пакалыхала яго ў зыбцы, накрыла i зноў паплыла па канаве. Так заяўлялася яна запар дзве ночы, а на трэцюю сказала маладзенькаму кухару:

– Iдзi i скажы каралю, каб ён узяў свой меч i тройчы ўзмахнуў iм нада мной на парозе.

Пабег той i расказаў пра гэта каралю. Прыйшоў кароль i тройчы ўзмахнуў мячом над зданню; i толькi ўзмахнуў трэцi раз, раптам бачыць: стаiць перад iм ягоная жонка, жывая, здаровая i цэлая, як была раней.

I меў кароль вялiкую радасць, але пратрымаў каралеву ў патайным пакоi да нядзелi, калi павiнны былi хрысцiць дзiця. А калi яго ахрысцiлi, кароль запытаў у старой:

– Што трэба зрабiць з чалавекам, якi сцягвае кагосьцi з пасцелi i кiдае яго ў ваду?

– Толькi так, – адказала тая, – пасадзiць такога нягоднiка ў бочку, прабiтую цвiкамi, i пiхнуць яе з гары ў раку.

I сказаў кароль:

– Ты сама сабе зрабiла прысуд.

I ён загадаў прынесцi бочку з цвiкамi, i ўвапхнуць у яе старую з дачкой. Зачынiлi бочку наглуха векам i пiхнулi з гары, i пакацiлася яна проста ў раку.

ГАРШЧОК КАШЫ

Жыла-была адна дзяўчынка.

Пайшла яна ў лес па ягады i сустрэла там бабульку.

– Дзень добры, дзяўчынка, – сказала ёй бабулька, – дай мне ягад, калi ласка.

– На, бабулька, – гаворыць дзяўчынка.

Паела бабулька ягад i сказала:

– Ты мне ягад дала, а я табе таксама нештачка падару. Вось табе гаршчочак. Варта толькi сказаць:

– Раз, два, тры,

Гаршчочак, вары!

i ён пачне варыць смачную, салодкую кашу. А скажаш яму:

– Раз, два, тры,

Больш не вары!

i ён перастане варыць.

– Дзякуй, бабулька, – сказала дзяўчынка, узяла гаршчочак i пайшла дамоў да мацi.

Абрадавалася мацi гэтаму гаршчочку. Ды i як не радавацца? Без працы i клопату заўсёды на абед смачная, салодкая каша будзе.

Вось аднойчы пайшла дзяўчынка з дому, а мацi паставiла гаршчочак перад сабой i гаворыць:

– Раз, два, тры,

Гаршчочак, вары!

Ён i пачаў варыць. Шмат кашы наварыў. Мацi паела ўволю. А гаршчочак усё варыць i варыць кашу. Як яго спынiць?

Трэба было сказаць:

– Раз, два, тры,

Больш не вары!

ды мацi не ўспомнiла гэтыя словы, а дзяўчынкi дома не было. Гаршчочак варыць i варыць. Ужо ўся кухня поўная кашы, ужо i ў прыхожай каша, i на ганку каша, а ён усё варыць i варыць. Спалохалася, мацi, пабегла шукаць дзяўчынку, ды не перабрацца ёй цераз дарогу – гарачая каша ракой цячэ. Добра, што дзяўчынка недалёка ад дому была. Убачыла яна, што на вулiцы робiцца, i бегам пабегла дамоў. Сяк-так узабралася на ганак, адчынiла дзверы i крыкнула:

– Раз, два, тры,

Больш не вары!

I перастаў гаршчочак варыць кашу.

А наварыў ён яе гэтулькi, што той, каму даводзiлася з вёскi ў горад ехаць, павiнен быў сабе ў кашы дарогу праядаць.

Толькi нiхто на гэта не скардзiўся.

Вельмi ўжо была каша смачная i салодкая.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю