Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 15 страниц)
– Добры вечар, матухна, – кажа Ганс.
– Добры вечар, Ганс, – кажа матухна. – Дзе ты быў?
– У Грэтэль я быў, – кажа Ганс.
– Што ты ёй падарыў? – пытае матухна.
– Нiчога не падарыў. Сам ад яе цяляцi атрымаў.
– А дзе ж цяляцi, Ганс? – пытае матухна.
– Ды я яго на галаве нёс, – кажа Ганс, – а яно дарогай брыкалася-брыкалася i столькi мне гузакоў на iлбе наставiла, што я яго ў канаву кiнуў.
– Неразумна ты зрабiў, Ганс, – кажа матухна. – Ты б цяляцi дубцом пагнаў, травой пакармiў i ў нас у двары да плоту прывязаў.
– Добра, – кажа Ганс, – у другi раз так i зраблю.
Вось зноў сабраўся Ганс у дарогу.
Мацi кажа:
– Ты куды Ганс, сабраўся?
Ганс адказвае:
– Да Грэтэль, матухна.
Мацi кажа:
– Глядзi, будзь разумны.
Ганс адказвае:
– Буду, матухна.
Мацi кажа:
– Бывай, Ганс.
Ганс адказвае:
– Бывай, матухна.
Прыйшоў Ганс да Грэтэль.
– Добры дзень, Грэтэль.
– Добры дзень, Ганс. Што ты прынёс мне ў падарунак?
– Нiчога не прынёс, – кажа Ганс. – Ты мне што-небудзь падары.
– Грэтэль кажа:
– Няма чаго мне табе падарыць, Ганс. Я сама з табой пайду.
Узяў Ганс добры дубчык i пагнаў Грэтэль да сябе дадому.
А дома травы ёй кiнуў i моцна-моцна прывязаў яе да плоту.
Прыходзiць Ганс да мацi.
– Добры вечар, матухна, – кажа Ганс.
– Добры вечар, Ганс, – кажа матухна. – Дзе ты быў?
– У Грэтэль я быў, – кажа Ганс.
– Што ты ёй падарыў? – пытае матухна.
– Нiчога не падарыў, – кажа Ганс. – Сюды яе прывёў.
– А дзе яна? – кажа матухна.
– Ды я яе да плоту ў двары прывязаў i травы ёй пакiнуў.
Пабегла мацi ў двор, а Грэтэль там ужо няма, – толькi вяроўка на плоце матляецца. Збегла Грэтэль.
Так яе Ганс з той пары i не бачыў.
РУМПЕЛЬШЦIЛЬЦХЕН
Жыў калiсьцi на свеце млынар. Быў ён бедны, але была ў яго прыгажуня-дачка. Аднойчы надарылася яму гутарыць з каралём. I вось, каб выклiкаць да сябе павагу, кажа ён каралю:
– Ёсць у мяне дачка, якая можа прасцi з саломы залатую пражу...
Кажа кароль млынару:
– Справа гэта мне вельмi падабаецца. Калi дачка ў цябе такая мастачка, як ты кажаш, то прывядзi яе заўтра да мяне ў палац, я пагляджу, як яна гэта ўмее рабiць.
Прывёў млынар дзяўчыну да караля, адвёў яе кароль у пакой, у якiм было шмат саломы, даў ёй калаўрот, верацяно i сказаў:
– А цяпер прымайся за працу. Але калi ты за ноч да ранiцы не перапрадзеш усю салому ў залатую пражу, то чакай смерцi.
Потым ён сам замкнуў яе, i засталася яна ў пакоi адна.
Вось сядзiць бедная млынарова дачка, не ведае што ёй прыдумаць, як сваё жыццё выратаваць, бо не ўмела яна з саломы залатой пражы прасцi. I зрабiлася ёй так страшна, што яна заплакала. Раптам адчыняюцца дзверы i да яе ў пакой уваходзiць маленькi чалавечак i кажа:
– Добры дзень, маладая млынарка! Чаму ты так горка плачаш?
– Вой, – адказала дзяўчына, – я павiнна перапрасцi салому ў залатую пражу, але не ведаю, як гэта зрабiць.
А чалавечак i кажа:
– Што ты мне дасi, калi я табе яе перапраду?
– Свае каралi, – адказала дзяўчына.
Узяў чалавечак у яе каралi, падсеў да калаўрота, i – турр-турр-турр – тры разы пакруцiцца кола – вось i намотана поўнае матавiла залатой пражы. I так працаваў ён да самай ранiцы i перапраў усю салому, i ўсе матавiлы былi поўныя залатой пражы.
Толькi пачало сонца ўзыходзiць, а кароль ужо тут як тут: убачыў залатую пражу, вельмi здзiвiўся, абрадваўся, але сэрца яго яшчэ больш зрабiлася прагным да золата. I ён загадаў адвесцi млынарову дачку ў другi пакой, а быў ён большы першага i таксама поўны саломы, i загадаў ёй – калi яна даражыць сваiм жыццём – перапрасцi ўсю салому за ноч.
Не ведала дзяўчына, што ёй рабiць, як свайму гору памагчы. Але зноў адчынiлiся дзверы, з'явiўся маленькi чалавечак i спытаў:
– Што ты дасi мне, калi я перапраду табе салому ў золата?
– Дам я табе з пальца пярсцёнак, – адказала дзяўчына.
Узяў чалавечак пярсцёнак, пачаў зноў гудзець калаўротам i да ранiцы перапраў усю салому ў блiскучую залатую пражу.
Убачыўшы цэлыя кучы залатой пражы, кароль абрадваўся, але i гэтага яму было мала, i ён загадаў адвесцi млынарову дачку ў яшчэ большы пакой, якi быў увесь завалены саломай, i сказаў:
– Ты павiнна перапрасцi ўсё гэта за ноч. Калi табе пашанцуе – станеш маёй жонкай.
А сам сабе падумаў: "Хоць яна i дачка млынара, але багацейшай жонкi не знайсцi мне ва ўсiм свеце".
Вось засталася дзяўчына адна, i з'явiўся ў трэцi раз маленькi чалавечак i пытаецца:
– Што ты дасi мне, калi я i на гэты раз перапраду за цябе салому?
– У мяне больш няма нiчога, што б я табе магла даць.
– Тады паабяцай мне свайго першынца, калi станеш каралевай.
"Хто ведае, як яно там складзецца!" – падумала млынарова дачка. Ды i цi было ў яе iншае выйсце? Давялося паабяцаць чалавечку тое, што ён прасiў. I за гэта той яшчэ раз перапраў салому ў залатую пражу.
Прыходзiць ранiцою кароль i бачыць, што ўсё зроблена, як ён хацеў. Наладзiлi вяселле, i прыгожая дачка млынара стала каралевай.
Праз год нарадзiла яна прыгожае дзiця, а пра таго чалавечка i не думала больш. I раптам неяк уваходзiць ён у яе пакой i кажа:
– А цяпер аддай мне тое, што абяцала.
Спалохалася каралева i пачала яму прапаноўваць багаццi ўсяго каралеўства каб толькi ён пакiнуў ёй дзiця. Але чалавечак сказаў:
– Не, жывое мне падабаецца больш, чым усе скарбы ў свеце.
Засумавала каралева, заплакала i пашкадаваў яе чалавечак:
– Даю табе тры днi тэрмiну, – сказаў ён, калi за гэты час ты даведаешся, як мяне зваць, дзiця застанецца ў цябе.
Усю ноч каралева перабiрала ў памяцi розныя iмёны, якiя калi-небудзь чула, а ганца накiравала ездзiць па краiне i збiраць усе iмёны, якiя iснуюць. На другi дзень з'явiўся маленькi чалавечак, i яна пачала пералiчваць усё, што ведала, пачынаючы з Каспара, Мельхiора, Бальцара. Але на кожнае iмя чалавечак адказваў:
– Не, мяне завуць не так.
Тады каралева загадала даведацца, як завуць суседзяў. Цяпер яна называла чалавечку самыя рэдкiя iмёны:
– А можа, цябе завуць Рэпенбiст або Гамельсвадзе або Шнюрбейн?
Але ён адказваў:
– Не, мяне завуць не так.
На трэцi дзень вярнуўся ганец i сказаў:
– Нi аднаго новага iмя знайсцi я не мог, але вось калi я падышоў да высокай гары, парослай густым лесам, дзе жывуць адны лiсы ды зайцы, то ўбачыў маленькую хатку, перад ёй гарэў касцёр i праз яго скакаў смешны, цiкавы чалавечак. Ён скакаў на адной ножцы i крычаў:
– Сёння пяку, заўтра пiва вару,
У каралевы дзiця адбяру.
Ой, добра, што нiхто не знае,
Што Румпельшцiльцхен мяне называюць!
Можаце сабе ўявiць, як абрадвалася каралева, пачуўшы гэта iмя! I вось, калi ў яе пакой неўзабаве ўвайшоў гэты чалавечак i спытаў: "Ну, панi каралева, як жа мяне завуць?", яна спачатку сказала:
– Можа, Кунц?
– Не.
– А можа, Гейнц?
– Не.
– Дык, пэўна, ты Румпельшцiльцхен!
– Гэта табе сам чорт падказаў, сам чорт падказаў! – заенчыў чалавечак i так моцна тупнуў у гневе правай нагой, што правалiўся ў зямлю па самы пояс. А потым шалёна схапiў абедзвюма рукамi левую нагу i сам разарваў сябе папалам.
ЖЫВАЯ ВАДА
Жыў некалi кароль; быў ён хворы, i нiхто ўжо не верыў, што ён зможа калi-небудзь ачуняць. А было ў караля тры сыны; вось зажурылiся яны з-за гэтага, пайшлi ўнiз у каралеўскi сад i заплакалi. Але сустрэўся iм у садзе нейкi дзядок, стаў пра iх гора распытваць. Яны яму гавораць, што iхнi бацька вельмi хворы, вiдаць, памрэ, а дапамагчы яму нiчым немагчыма. А дзядок i кажа:
– Я ведаю яшчэ адзiн сродак, – гэта жывая вада; калi хто той вады нап'ецца, дык зноў ачуняе; але ваду гэтую знайсцi нялёгка.
Старэйшы сын i гаворыць:
– Вось я гэтую ваду i знайду.
Пайшоў ён да хворага караля, пачаў яго прасiць, каб той адпусцiў яго на пошукi жывой вады, што гэта толькi i можа яго вылечыць.
– Не, – сказаў кароль, – гэтая справа надта небяспечная, лепш ужо мне памерцi.
Але сын доўга яго ўпрошваў, i, нарэшце, кароль пагадзiўся. А прынц падумаў: "Прынясу я гэтую ваду, стану ў бацькi самым любiмым сынам i атрымаю ў спадчыну каралеўства".
I ён рушыў у шлях-дарогу; праехаў ён некаторы час, зiрк – стаiць на дарозе карлiк. Карлiк паклiкаў яго i кажа:
– Куды гэта ты так спяшаешся?
– Дурны малыш, – горда адказаў прынц, – табе пра гэта не трэба ведаць, – i паскакаў далей.
Разгневаўся маленькi чалавек i пажадаў яму зла. Трапiў прынц неўзабаве ў горную цяснiну, i чым далей ён ехаў, тым усё больш сыходзiлiся горы, i нарэшце дарога стала такою вузкаю, што ўжо нельга было i кроку ступiць; немагчыма было i каня павярнуць альбо ўстаць з сядла; i вось апынуўся прынц запёртым у скалах. Доўгi час прачакаў яго хворы кароль, але ён усё не вяртаўся.
Гаворыць тады сярэднi сын:
– Бацька, дазвольце мне паехаць на пошукi жывой вады, – а сам пра сябе падумаў: "Калi брат мой памёр, дык каралеўства дастанецца мне".
Кароль напачатку таксама не хацеў яго адпускаць, але нарэшце саступiў яго просьбам. Паехаў прынц той жа самай дарогаю, што i яго брат, i таксама сустрэўся яму карлiк, якi яго спынiў i запытаўся, куды гэта ён так спяшаецца.
– Эх ты, малыш, – сказаў прынц, – пра гэта ведаць табе не трэба, – i паскакаў далей, нават не азiрнуўшыся.
Але карлiк яго зачараваў, i прынц таксама трапiў, як i яго брат, у горную цяснiну i не мог зрушыцца нi ўзад нi ўперад. Вось так яно здараецца з людзьмi фанабэрыстымi!
Не вярнуўся назад i сярэднi сын, i падахвоцiўся тады iсцi на пошукi жывой вады малодшы сын, i давялося каралю ўрэшце яго адпусцiць.
Сустрэў меншы прынц карлiка, i той запытаўся ў яго таксама, куды гэта ён так спяшаецца. Прынц спынiў каня, пагаварыў з карлiкам, адказаў яму на пытанне i сказаў:
– Я шукаю жывую ваду, – бацька мой ляжыць пры смерцi.
– А ты ведаеш, дзе знайсцi яе?
– Не, – адказаў прынц, – не ведаю.
– Таму, што ты трымаеш сябе, як след i не фанабэрышся, як твае крывадушныя браты, я пакажу табе дарогу да жывой вады. Гэтая вада цячэ з крынiцы ў двары зачараванага замка. Але ты туды трапiць не зможаш, калi я не дам табе жалезнага прутка i двух маленькiх боханаў хлеба. Ты стукнi тым прутком тройчы ў жалезныя вароты замка, i яны тады расчыняцца; ляжаць на двары два iльвы, яны раззявяць пашчу, ты кiнеш кожнаму з iх па бохану, яны будуць маўчаць; але ты не марудзь, набяры сабе жывой вады, пакуль не праб'е поўнач, iнакш вароты зачыняцца i ты апынiшся там запёртым.
Падзякаваў яму прынц, узяў пруток i боханы i рушыў у шлях-дарогу. Калi ён прыехаў туды, усё было, як сказаў яму карлiк. Вароты расчынiлiся пасля трэцяга ўдару прутком, i калi ён задобрыў iльвоў хлебам, ён трапiў у замак i ўвайшоў у вялiкую цудоўную залу; а сядзелi ў той зале зачараваныя прынцы. Паздымаў ён у iх з пальцаў пярсцёнкi; i ляжалi тут жа меч i хлеб i ён узяў iх з сабою. Потым зайшоў ён у пакой, i стаяла там цудоўная дзяўчына. Пабачыўшы яго, яна ўзрадавалася, пацалавала яго i сказала, што ён яе вызвалiў ад злых чараў i можа цяпер атрымаць усё яе каралеўства; а калi ён вернецца праз год назад, дык яны адсвяткуюць з iм вяселле. Потым яна сказала, дзе крынiца з жывой вадою, i што павiнен ён спяшацца i набраць з яе вады, раней, чым праб'е поўнач. Пайшоў прынц далей, зайшоў, нарэшце, у пакой, дзе стаяў прыгожы, толькi што разасланы ложак; а быў бн стомлены i схацелася яму трошкi адпачыць. Ён лёг i заснуў; а калi прачнуўся, прабiла без чвэрцi дванаццаць. Ён ускочыў з перапуду, пабег да крынiцы, зачарпнуў вады ў кубак, якi стаяў там, i паспяшаўся хутчэй назад. Толькi ён выйшаў за вароты, якраз прабiла дванаццаць, i вароты зачынiлiся, ды так моцна, што адарвалi яму кавалак пяткi.
Але яму было радасна i весела, што дастаў ён жывой вады, i ён пайшоў дамоў. Давялося яму праходзiць зноў мiма карлiка. Пабачыў карлiк меч i хлеб i гаворыць:
– Ты здабыў для сябе вялiкае шчасце: гэтым мячом ты можаш разбiць цэлае войска, а гэты хлеб табе есцi i не з'есцi нiколi.
Не схацеў прынц дамоў вяртацца без сваiх братоў i спытаўся:
– Мiлы карлiк, цi не можаш ты мне сказаць, дзе знаходзяцца мае абодва браты? Яны паехалi па жывую ваду i назад да гэтага часу не вярнулiся.
– Яны сядзяць запёртыя памiж дзвюма гарамi, – сказаў карлiк, – я там iх зачараваў, таму што былi яны надта фанабэрыстымi.
Стаў прынц упрошваць карлiка i прасiў яго да таго часу, пакуль той iх не выпусцiў. Але карлiк яго перасцярог i сказаў:
– Ты iх сцеражыся, у iх злое сэрца.
З'явiлiся яго браты, ён узрадаваўся iм i расказаў, што з iм было, – як знайшоў ён жывую ваду, набраў яе поўны кубак, як вызвалiў цудоўную прынцэсу; што будзе яна яго чакаць цэлы год, а пасля яны адсвяткуюць вяселле i ён атрымае вялiкае каралеўства. Потым паехалi яны разам i трапiлi ў такую краiну, дзе былi вайна i голад, i кароль той краiны думаў, што яму давядзецца згiнуць, такая была вялiкая небяспека. Тады пайшоў да таго караля прынц, даў яму хлеба, i кароль накармiў гэтым хлебам усё сваё каралеўства; даў прынц яму меч, – ён разграмiў iм варожае войска i мог з таго часу жыць у мiры i спакоi. Узяў прынц назад свой хлеб i меч, i трое братоў рушылi далей. Але давялося iм пабываць яшчэ ў дзвюх краiнах, дзе панавалi вайна i голад; i прынц даваў каралям кожны раз свой хлеб i меч, – гэтак ён выратаваў тры краiны. Потым селi браты на карабель i паплылi па моры.
Дарогаю старэйшыя браты гавораць адзiн аднаму:
– Меншы ж брат знайшоў жывую ваду, а не мы; бацька аддасць яму за гэта ўсё каралеўства, а яно па праву належыць нам, ён аднiме ў нас наша шчасце.
I яны вырашылi яму адпомсцiць i дамовiлiся памiж сабою малодшага брата загубiць. Яны выбралi час, калi ён моцна заснуў, вылiлi жывую ваду з кубка, забралi яе сабе, а яму налiлi ў кубак горкай марской вады.
Вярнулiся яны дамоў, i прынёс малодшы сын хвораму каралю свой кубак, каб той выпiў з яго i стаў здаровым. Але толькi адпiў ён трошкi горкай марской вады, як расхварэўся яшчэ больш. Стаў ён на хваробу скардзiцца; тады з'явiлiся да яго старэйшыя сыны, пачалi малодшага абвiнавачваць, быццам хацеў ён бацьку атруцiць; прынеслi яму сапраўднай жывой вады i падалi яму напiцца. Толькi ён адпiў той вады, як адчуў, што хвароба ў яго прайшла i стаў ён дужым i здаровым, якiм быў у маладыя гады.
Прыйшлi старэйшыя браты да малодшага, сталi над iм насмiхацца i гавораць:
– Хаця ты жывую ваду i знайшоў i ўжо як стараўся, а ўзнагароду за гэта атрымаем мы. Трэба было быць табе разумнейшым i лепей глядзець; мы яе ў цябе забралi, калi ты заснуў на караблi, а праз год адзiн з нас возьме сабе i цудоўную каралеўну. Але глядзi, сцеражыся, нас не выдай; бацька ж табе не верыць, i калi ты скажаш хоць слова, паплацiшся жыццём, а будзеш маўчаць, дык мы цябе памiлуем.
Раззлаваўся стары кароль на малодшага сына: ён паверыў, што той задумаў яго загубiць. I загадаў ён сабраць прыдворных, каб яго судзiць, i было вырашана яго тайна забiць. Выехаў прынц аднойчы на паляванне, нiчога не падазраючы кепскага, i паехаў разам з iм каралеўскi егер. Яны апынулiся ў лесе зусiм адны, выгляд у егера быў вельмi журботны, i вось кажа яму прынц:
– Што з табою, мiлы мой егер?
А егер адказвае:
– Пра гэта сказаць я не смею, а ўсё-ткi павiнен.
Прынц i гаворыць:
– А ты ўсё мне скажы, я табе дарую.
– Ах, – адказаў егер, – я вас павiнен забiць, мне загадаў гэта кароль.
Спалохаўся прынц i папрасiў:
– Мiлы егер, пакiнь мяне ў жывых; я дам табе сваё каралеўскае адзенне, а ты дай мне ўзамен яго сваё простае.
– Я гэта ахвотна зраблю, – сказаў егер, – усё роўна я страляць бы ў вас не змог.
I яны абмянялiся адзеннем. Вярнуўся егер дамоў, а прынц рушыў далей у лес. Праз некаторы час прыбылi да старога караля для яго малодшага сына тры павозкi золата i каштоўных камянёў; а былi яны прысланыя трыма каралямi, што разбiлi сваiх ворагаў мячом прынца i накармiлi свае каралеўствы яго хлебам. Падумаў стары кароль: "Няўжо мой сын нi ў чым невiнаваты?", – i сказаў сваiм слугам:
– Каб жа мой сын застаўся ў жывых! Як я шкадую, што загадаў яго забiць.
– Ён яшчэ жывы, – сказаў егер, – я не змог адужаць свайго сэрца i выканаць ваш загад, – i ён расказаў каралю ўсё, як было.
Нiбыта камень звалiўся з сэрца караля, i ён загадаў абвясцiць па ўсiх каралеўствах, што сын яго можа вярнуцца назад i будзе iм ласкава прыняты.
Каралеўна загадала пракласцi перад сваiм замкам дарогу, ды каб была яна ўся залатая, блiскучая, i сказала сваiм людзям, што хто па дарозе той будзе скакаць, не зварочваючы, проста да яе, той i ёсць яе сапраўдны жанiх, i яго павiнны прапусцiць, а хто будзе ехаць кружною сцежкай, той не сапраўдны жанiх, i каб яны яго не ўпускалi.
Вось падышоў час, i старэйшы брат падумаў, што трэба хутчэй спяшацца да каралеўны i выдаць сябе за яе вызвалiцеля, i тады ён возьме яе сабе ў жонкi i атрымае да таго яшчэ i каралеўства ў дадачу. Ён выехаў i, пад'язджаючы да замка, пабачыў дзiвосную залатую дарогу i падумаў: "Як шкада скакаць па такой дарозе", i ён звярнуў з яе i паехаў правым бокам па абочыне. Ён пад'ехаў да варотаў, але людзi сказалi яму, што ён не сапраўдны жанiх i няхай, маўляў, едзе сабе адсюль. Хутка пасля таго сабраўся ў шлях-дарогу другi прынц; ён пад'ехаў да залатой дарогi, i толькi ступiў конь на яе капытом, прынц падумаў: "Шкада такую дарогу збiваць", i звярнуў, паехаў левым бокам, па абочыне. Пад'ехаў ён да варотаў, але людзi сказалi, што i ён не сапраўдны жанiх, няхай, маўляў, сабе едзе адсюль. Якраз споўнiўся год, i сабраўся выехаць з лесу да сваёй каханай меншы брат, каб разам з ёю развеяць сваё гора. Сабраўся ён у шлях-дарогу i ўсё думаў толькi пра каралеўну, i так хацелася яму быць хутчэй з ёю, што не заўважыў ён зусiм той залатой дарогi. Паскакаў яго конь проста пасярэдзiне; вось ён пад'ехаў да варотаў, расчынiлiся вароты, i радасна сустрэла яго каралеўна i сказала, што ён – яе вызвалiцель i ўсяму каралеўству гаспадар; i адсвяткавалi вяселле ў вялiкай весялосцi i радасцi. Калi вясельная бяседа закончылася, яна сказала яму, што яго бацька запрашае яго да сябе i даруе яму. Ён паехаў да бацькi i расказаў яму пра ўсё – як падманулi яго браты i як давялося яму пры гэтым маўчаць. Стары кароль хацеў iх пакараць смерцю, але яны селi на карабель i паплылi за мора i з таго часу так назад i не вярнулiся.
ВЫГАДНАЯ СПРАВА
Прывёў селянiн на базар карову i прадаў яе там за сем талераў.
Прадаў карову, атрымаў грошы i пайшоў назад дадому. Вось iдзе ён каля сажалкi i чуе – крычаць у вадзе жабы: "Ква, ква, ква, ква!"
"Вось дурныя жабы, – падумаў селянiн, – якую лухту кажуць. Сем талераў я за карову атрымаў, а зусiм не два".
Падышоў ён да вады i крыкнуў жабам:
– Гэй вы, жабы, каму лепей ведаць: мне цi вам, колькi я атрымаў – сем талераў цi два?
А жабы ўсё крычаць: "Ква, ква, ква, ква!"
– Ну вось, калi не верыце, глядзiце – я iх яшчэ раз пералiчу.
Выцягнуў ён грошы з кiшэнi i пералiчыў усе сем талераў.
А ў жаб, вiдаць, свой лiк быў, i яны зноў пачалi крычаць: "Ква, ква, ква, ква!"
– Ах, вось вы якiя! – закрычаў селянiн. – Усё спрачаецеся ды мне не верыце! Дык бярыце ж, самi лiчыце!
Узяў грошы i кiнуў iх у ваду.
Потым сеў на беразе i стаў чакаць, цi хутка жабы грошы пералiчаць i вернуць яму.
Чакае, чакае, а жабы па-ранейшаму крычаць: "Ква, ква, ква, ква!" I грошай не вяртаюць.
Раззлаваўся тады селянiн i закрычаў:
– Ах, вы, вадаплясьнiцы! Ах, вы, тоўстагаловыя ды лупатыя! Крычаць вы ўмееце так гучна, што ад вашага крыку ў вушах звiнiць, а самi талеры злiчыць не ўмееце! Цi не думаеце вы, лупатыя, што я буду чакаць тут да вечара, калi вы там у сябе падлiк адолееце?
А жабы яму ў адказ: "Ква, ква, ква!"
Зусiм раззлаваўся на iх селянiн, плюнуў ад злосцi i пайшоў дадому.
Мiнула трохi часу, i вырашыў ён прадаць другую карову. Зарэзаў яе i павёз мяса на базар.
Пад'язджае ён да горада, а там каля самай брамы сабак вельмi многа сабралася. А паперадзе ўсiх стаiць вялiзны гончы сабака. Учуў сабака мяса, пачаў скакаць вакол воза i брахаць: "Дай, дай, дай!"
А селянiн кажа яму:
– Бач ты якi хiтры, нездарма кажаш: "Дай, дай". Гэта ты мяса хочаш. Ды я ж не такi дурны, каб яго табе аддаць.
А сабака зноў брэша: "Дай, дай, дай!"
– Ну што з табой рабiць, – сказаў ён. – Ведаю я, у каго ты служыш, пакiну табе мяса. Толькi глядзi: праз два днi прынясi мне за яго грошы, а не то табе дрэнна будзе.
Скiнуў ён усё мяса з воза i паехаў дадому.
А сабакi накiнулiся на мяса i брэшуць: "Дай, дай, дай!"
Пачуў селянiн iхнi брэх i падумаў: "Гэта яны ад вялiкага сабакi сваю долю патрабуюць. Ды цi ж мне не ўсё роўна: плацiць жа ён будзе".
Мiнула два днi.
Прачнуўся селянiн на трэцi дзень ранiцай i думае: "Ну, сёння я багатым стану, сёння мне сабака павiнен грошы прынесцi".
Аднак i дзень прайшоў, i вечар настаў, а грошай нiхто не прынёс.
– Ну i час настаў, – кажа ён, – нiкому верыць нельга. Пайду да гаспадара гэтага сабакi, – гарадскога мяснiка. Няхай ён мне грошы за мяса аддасць.
Так ён i зрабiў.
Прыйшоў да мяснiка i кажа:
– Гэй, гаспадар, аддавай мне грошы за мяса, якое я твайму сабаку прадаў.
– Ды ты што, – кажа мяснiк, – з глузду з'ехаў, цi што?
– Не, – кажа селянiн, – я пры сваiм розуме, плацi грошы.
Тады мяснiк раззлаваўся, схапiў палку i прагнаў яго.
– Iдзi, – кажа, – пакуль цэлы. А калi яшчэ раз сюды прыйдзеш, зноў на сваёй спiне палку адчуеш.
Пайшоў селянiн ад мяснiка.
"Куды, – думае, – iсцi мне цяпер скардзiцца, хто мне дапаможа? Пайду ў каралеўскi палац".
Так ён i зрабiў.
Пусцiлi яго ў палац.
Увайшоў ён у тронную залу, а там сядзяць на троне кароль i каралеўская дачка.
– На што скардзiшся? – пытаецца ў яго кароль. – Хто цябе пакрыўдзiў?
– Ах, – сказаў селянiн, – жабы ў мяне грошы адабралi, сабакi – мяса, а мяснiк мяне за гэта палкай набiў.
Пачаў ён iм падрабязна расказваць пра свае няшчасцi. А дачка каралеўская слухала яго, слухала ды раптам не стрымалася i зарагатала.
Тут кароль i кажа:
– Нi жаб, нi сабак я пакараць не магу, а вось з дачкой маёй ты можаш ажанiцца. Бо яна яшчэ нiколi не смяялася, i я абяцаў аддаць яе замуж за таго, хто першы яе рассмяшыць. Бачыш, якi ты шчаслiвы!
– Ну i зрабiў ласку, – кажа селянiн. – Я зусiм жанiцца не хачу. У мяне дома свая жонка ёсць, навошта мне твая дачка. У мяне хата маленькая, не тое што твой палац, нам i дваiм з жонкай цесна.
Тут кароль раззлаваўся i закрычаў:
– Ты няветлiвы i грубы, вось ты якi!
– Што ж, – адказаў яму селянiн, – сам ведаеш: на свiнцы не шоўк, а шчацiнне.
– Ну, добра, – кажа кароль, – цяпер iдзi прэч. Я табе iншую ўзнагароду прызначу. Днi праз тры заходзь у палац, тады я табе ўсе пяцьсот адсыплю спаўна.
Пайшоў селянiн з палаца, а каля брамы спынiў яго салдат з каралеўскай варты i кажа:
– Ты рассмяшыў каралеўну, дык пэўна, ужо, за гэта атрымаеш добрую ўзнагароду.
– Так, – сказаў селянiн, – неблагую. Мне будзе за гэта пяць сотняў выплачана.
– Паслухай, – кажа яму салдат, – навошта табе столькi грошай, даў бы ты мне трохi!
– Ну што ж, – адказвае селянiн, – дзве сотнi магу табе аддаць. Прыходзь праз тры днi да караля i скажы, каб ён табе iх выплацiў замест мяне.
А тут адзiн гандляр пачуў iх размову, падбег да мужыка i таксама пачаў яго ўгаворваць. Чым, кажа, табе тры днi гэтых грошай чакаць, вазьмi ў мяне зараз сто пяцьдзесят. А ўсе астатнiя я сам у караля атрымаю.
– Давай, – кажа селянiн. – Мне грошы патрэбны.
Праз тры днi ён зноў прыйшоў да караля.
– Здымайце з яго адзенне, – загадвае кароль, – ён павiнен атрымаць свае пяць сотняў.
– Не, – кажа селянiн, – нiчога не атрымаецца. Не мае гэтыя пяць сотняў. Я iх ужо твайму салдату ды аднаму гандляру падараваў.
I сапраўды, прыходзяць у гэты момант салдат i гандляр да караля i патрабуюць: салдат дзвесце, а гандляр трыста.
Так iм i далi: салдату дзвесце розгаў, а гандляру трыста.
Салдата на каралеўскай службе часта бiлi, дык ён асаблiва не гараваў i вытрымаў, а гандляр увесь час крычаў:
– Ой, балiць! Ой, якiя вашы грошы моцныя!
А селянiн пайшоў дадому i ўсю дарогу радаваўся, што так лёгка каралеўскай узнагароды пазбавiўся.
ТРЫ ШЧАСЛIЎЦЫ
У аднаго селянiна былi тры сыны. Неяк паклiкаў ён да сябе ўсiх траiх i сказаў:
– Я ўжо стары i вырашыў, пакуль жывы, падзялiць памiж вамi спадчыну. Грошай у мяне няма, i таму я пакiдаю ў спадчыну аднаму з вас пеўня, другому касу, а трэцяму – кошку. Рэчы не вельмi каштоўныя, але, калi пападуць яны ў добрыя рукi, могуць прынесцi вялiкую карысць. Паспрабуйце ж знайсцi такую краiну, дзе людзi нiколi не бачылi гэтых рэчаў, i тады будзеце шчаслiвымi.
I вось пасля смерцi бацькi пайшоў старэйшы брат са сваiм пеўнем шчасце шукаць. Але куды б ён нi прыходзiў, пеўнi ўсюды былi ўжо знаёмыя. У гарадах ён яшчэ здалёк бачыў пеўняў на вокнах. Гэта былi флюгеры, яны ўвесь час трымалi кiрунак па ветру. А ў вёсках пеўнi так i залiвалiся песнямi на ўсiх дварах. Нiкому гэта птушка не была ў навiну, нiхто на яго пеўня i глядзець не хацеў.
Усё ж нарэшце старэйшаму брату пашанцавала – ён трапiў на востраў, жыхары якога яшчэ нi разу не бачылi пеўня.
– Глядзiце, якая цудоўная птушка! – сказаў старэйшы брат. – На галаве ў яе прыгожая карона, а на нагах шпоры. Яна кожную ноч кукарэкае тры разы, i заўсёды ў адзiн i той жа час. Першы раз яна кукарэкае ў дзве гадзiны, другi раз – у чатыры гадзiны i трэцi раз у шэсць гадзiн ранiцы. А калi яна закукарэкае днём, гэта значыць, што неўзабаве памяняецца надвор'е.
Певень вельмi спадабаўся ўсiм жыхарам горада. Яны не спалi ўсю ноч i ўсё слухалi, як ён звонка выклiкваў час у дзве гадзiны, у чатыры i ў шэсць. А ранiцой яны спыталi, цi не прадаецца птушка i колькi яна каштуе. "Дайце мне за яе гэтулькi золата, колькi можа панесцi асёл", – адказаў старэйшы брат.
– Ды ён амаль задарма аддае такую каштоўную птушку! – усклiкнулi ўсе жыхары вострава.
I яны купiлi пеўня.
Калi старэйшы брат вярнуўся дамоў, браты здзiвiлiся, што ён атрымаў за пеўня так многа грошай.
– Эх, пайду я пашукаю шчасця, – сказаў сярэднi брат. – Магчыма, мне таксама пашанцуе выгадна збыць сваю касу, – i адправiўся ў дарогу.
Але ўсюды, дзе ён праходзiў, былi ў сялян такiя ж косы, як i ў яго.
Нарэшце i яму пашчасцiла трапiць на востраў, дзе людзi яшчэ не бачылi касы. Калi iм трэба было збiраць ураджай, яны прывозiлi на нiву гарматы, стралялi, i гарматныя ядры перабiвалi сцяблiнкi каласоў. Гэта было вельмi непрактычна, таму што ядры то праляталi мiма, то пападалi па самых каласках i псавалi шмат зерня. Ды i грукату было шмат ад стралянiны.
Падышоў сярэднi брат да гэтых людзей i так хутка i бясшумна пачаў касiць, што яны аж раты паразяўлялi ад здзiўлення. Пачалi жыхары вострава прасiць, каб ён прадаў iм касу.
– Дайце мне гэтулькi золата, колькi можа павезцi конь, – сказаў сярэднi брат.
Атрымаўшы тое, што прасiў, ён, задаволены, вярнуўся дамоў.
Нарэшце адправiўся i трэцi брат са сваёй кошкай шчасце шукаць.
Спачатку ў яго ўсё iшло так, як i ў першых двух братоў. Куды б ён нi прыйшоў, усюды было мноства кошак. Але вось i яму пашчасцiла: ён прыплыў да такога вострава, дзе не было нi адной кошкi. Затое мышэй на гэтым востраве развялося безлiч! Яны бегалi па сталах i лаўках i зусiм не баялiся людзей.
Усе жыхары вострава вельмi пакутвалi ад iх, i нават сам кароль у сваiм палацы не мог уратавацца ад мышэй: мышы пiшчалi па ўсiх кутках i згрызалi ўсе, што iм толькi траплялася.
Вось выпусцiў малодшы брат сваю кошку, i яна тут жа кiнулася лавiць мышэй.
Хуценька знiшчыла яна ўсiх мышэй у двух вялiкiх залах палаца.
Кароль захацеў купiць кошку i даў за яе гэтулькi золата, колькi мог павезцi вярблюд. Так што трэцi брат прывёз дамоў грошай больш за ўсiх.
А кошка ў каралеўскiм палацы гэтулькi мышэй пералавiла, што i не злiчыць. Яна вельмi стамiлася, у яе нават у горле перасохла, i захацелася пiць. Падняла яна ўверх мордачку i замяўкала: "Мяў, мяў!"
Пачулi кароль i яго прыдворныя гэты дзiўны крык, напалохалiся i ўцяклi з палаца.
Сабраў кароль сваiх дарадчыкаў, i пачалi яны думаць, як бы iм ад кошкi пазбавiцца.
Нарэшце прыйшлi да згоды:
– Ужо лепш мы будзем пакутваць ад мышэй, чым жыць з такой пачварай i рызыкаваць сваiм жыццём. А да мышэй мы ўжо прывыклi.
I кароль паслаў да кошкi слугу з загадам пакiнуць палац.
– Калi яна адмовiцца пайсцi, папярэдзь яе, што ёй будзе дрэнна! – сказаў ён слугу.
А кошка за гэты час, пакуль iшла нарада, яшчэ больш пiць захацела.
I калi слуга спытаў у яе, цi згодна яна пайсцi па-добраму, яна ў адказ зноў прамяўкала: "Мяў, мяў!"
Слугу здалося, што яна гаворыць: "Не, не!" Ён так i перадаў каралю.
– Ну што ж, – сказаў кароль, – не хоча па-добраму iсцi, давядзецца сiлай выганяць!
Ён загадаў выкацiць у двор гарматы i страляць па палацы.
Палац загарэўся.
Калi агонь дабраўся да таго пакоя, дзе была кошка, яна вельмi спакойна выскачыла з акна i пабегла.
А па палацу ўсё палiлi з гармат – да таго часу, пакуль ад яго засталася толькi куча ламачча.
РАПУНЦЭЛЬ*
* Рапунцэль – ад лац. – свiрэпiца, з насення якой здабываюць алей.
Аднойчы жылi на свеце муж i жонка; iм даўно ўжо хацелася мець дзiця, але яго ўсё не было; i вось, нарэшце, з'явiлася ў жонкi надзея, што лiтасцiвы гасподзь здзейснiць яе жаданне.
А было ў iхнiм пакойчыку маленькае акенца, адкуль быў бачны дзiвосны сад, дзе расло шмат цудоўных кветак i ўсялякай зелянiны. Але сад быў абнесены высокай агароджай, i нiхто не асмельваўся ў яго заходзiць, таму што сад гэты належыў адной вядзьмарцы; яна валодала вялiкай магутнасцю, i ўсе на свеце яе баялiся.
Стаяла неяк жонка ля акенца, зазiрнула ў сад i пабачыла градку, а рос на ёй цудоўны рапунцэль; i быў ён на выгляд такi свежы i такi зялёны, што ёй страх як схацелася пакаштаваць таго рапунцэлю. Гэтае жаданне ў яе з кожным днём усё больш павялiчвалася, але паколькi яна ведала, што яго дастаць ёй нiяк немагчыма, дык яна ўся схуднела, збялела i выглядала няшчаснай. Спалохаўся муж i пытаецца:
– Чаго табе, мая жоначка, не хапае?
– Ах, – гаворыць яна, – калi не здабыць мне з таго саду, што за нашым домам, зялёнага рапунцэлю i не пакаштаваць яго, дык застанецца мне адно памерцi.
Муж вельмi яе кахаў i падумаў: "Калi ўжо маёй жонцы ад гэтага памiраць даводзiцца, дык я дастану для яе рапунцэлю, чаго б гэта мне нi каштавала".
I вось пералез ён прыцемкам цераз каменную агароджу ў сад вядзьмаркi, нарваў спехам цэлыя прыгаршчы зялёнага рапунцэлю i прынёс яго жонцы.
Яна адразу ж прыгатавала сабе з яго салаты i з прагнасцю яе з'ела. I салата гэтая ёй так спадабалася, здалася ёй такой смачнай, што на другi дзень з'явiлася ў яе жаданне ўтрая большае, чым раней. I яна не магла супакоiцца, пакуль муж не пагадзiўся палезцi ў сад яшчэ раз.
Ён прабраўся туды прыцемкам, пералез цераз каменную агароджу, але моцна перапалохаўся, пабачыўшы перад сабою вядзьмарку.
– Як ты смееш лазiць у мой сад, – сказала яна, з гневам на яго паглядзеўшы, – i красцi ў мяне, як злодзей, мой зялёны рапунцэль? Табе дрэнна будзе за гэта.
– Ах, – адказаў ён, – вы ўжо мяне даруйце, я ж адважыўся на гэта па неабходнасцi: мая жонка пабачыла з акенца ваш зялёны рапунцэль i адчула такое жаданне пакаштаваць яго, што, мабыць, памерла б, каб яго не пакаштавала.