Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 15 страниц)
Вярнуўся ён да агню, раздзьмуў яго, захацелася яму паспаць. Азiрнуўся, бачыць у куце вялiкi ложак.
– Гэта якраз мне i трэба, – узрадаваўся юнак.
А як толькi ўлёгся, ложак той пачаў рухацца i пакацiўся па замку, як бы ў яго запрэглi вараных. Праз парогi i лесвiцы, то ўнiз, то ўверх. Ды раптам гуп!-гуп! – перакулiўся ложак, бытта гара на хлопца навалiлася. Вызвалiўся з-пад яго i кажа:
– Хай на iм катаецца той, каму ахвота.
Лёг ля свайго агню i заснуў. Так моцна спаў, што кароль, калi ранiцай убачыў яго, думаў ён мёртвы:
– Шкада мне хлопца-прыгажуна.
Пачуў гэта юнак i прачнуўся, сказаў:
– Усё было добра. Адна ноч прайшла, перажыву i дзве астатнiя.
Вярнуўся хлопец да карчмара, а той вачам сваiм не верыць, пытаецца:
– Ну, навучыўся страху?
– Не, усё марна. Ах, каб хто расказаў мне, што гэта за страх!
На другую ноч зноў пайшоў смяльчак у стары замак. Сеў ля агню, думае. З прыходам поўначы пачулiся шумы, стукi. Раптам з трубы выскачыла палова чалавека i звалiлася перад iм.
– Гэй, – крыкнуў хлопец, – а дзе ж другая палова? Гэтага мала!
Зноў падняўся шум, усё загрымела, завыла, i з трубы выпала другая палова.
– Пачакай, я для цябе раздзьму агеньчык.
Раздзьмуў, азiрнуўся, бачыць – страшны чалавек усеўся на яго месца.
– Так мы не дамаўлялiся, – зазлаваў юнак. – Лаўка мая!
Спiхнуў ён страшыдла i ўсеўся на сваё месца. I выпала потым з трубы багата яшчэ такiх жа людзей. Яны прыцягнулi косткi мерцвякоў, два чарапы i пачалi гуляць у кеглi. Юнак пацiкавiўся:
– Слухайце, вы, а цi нельга з вамi пагуляць?
– Можна, калi грошы ў цябе водзяцца.
– Грошай хапае. А вось кеглi ў вас не зусiм круглыя.
Узяў ён чарапы, прыладкаваў iх на такарны станок, абтачыў.
– Так-то лепш будуць качацца. Цяпер гульня пойдзе весялей!
Згуляў юнак з iмi, прайграў крыху грошай. А як толькi пачало развiдняць, усе страшыдлы разбеглiся. Ён яшчэ паспеў моцна заснуць.
Прыходзiць ранiцай кароль:
– Ну, як гэту ноч правёў?
– У кеглi гуляў, некалькi талераў прайграў.
– А хiба табе не было страшна?
– Што вы, весела было. Эх, уведаць бы мне толькi, што такое страх!
На трэцюю ноч да хлопца з'явiлiся шэсць велiканаў. Прынеслi на пахавальных насiлках памёршага стрыечнага брата. Ён ляжаў халодны ў труне.
Юнак узяў нябожчыка на рукi, падсеў з iм да агню, пачаў расцiраць халодныя рукi. Нiчога не дапамагло, кроў не разыходзiлася па жылах. Тады хлопец вырашыў легчы з iм у пасцель i сагрэць яго сваiм целам. Так i зрабiў.
Адагрэўся мярцвяк, заварушыўся ды як крыкне:
– А цяпер я цябе задушу!
– Што?! – здзiвiўся хлопец. – Ты мне так хочаш аддзячыць? Калi так, то вяртайся ў сваю дамавiну.
Ён падняў мерцвяка, кiнуў яго ў дамавiну i прыкрыў векам. З'явiлiся шэсць велiканаў i вынеслi яго.
– Усё нiяк не робiцца мне страшна, – сам сабе паскардзiўся хлопец.
Тады раптам да яго падступiўся адзiн з велiканаў, ростам вышэй за ўсiх i старэйшы за iх, з доўгай сiвой барадой, закрычаў:
– Ах ты, хлапчук! Ты зараз даведаешся, што такое страх. Ты павiнен памерцi!
– Як гэта?!
– Вось зараз...
Страшыдла працягнула рукi да хлопца, хацела ўхапiць яго, але ён выкруцiўся i сказаў:
– Цiшэй, няма чаго рукi распускаць! Калi ты моцны, то i я не слабы.
– Давай памераемся сiлай!
Велiкан павёў хлопца ў кузню, узяў сякеру i адным махам увагнаў кавадла ў зямлю.
– Я здолею не горш, – сказаў хлопец i падышоў да другога кавадла.
Стары сагнуўся, каб лепей бачыць, як юнак будзе заганяць кавадла ў зямлю. Барада яго апусцiлася. А хлопец хуценька адсунуў кавадла дый зашчамiў у яго бараду страшыдлы.
– Вось ты i трапiў да мяне! Цяпер твая чарга памiраць.
Пачаў велiкан стагнаць, прасiцца. Паабяцаў вялiкае багацце. Паверыў хлопец, адпусцiў яго.
Павёў стары ў падзямелле замка i паказаў юнаку тры куфры, поўныя золата.
– Адна частка золата, – сказаў ён, – беднякам, другая – каралю, а трэцяя табе.
Мiж тым прабiла дванаццаць, i дух знiк. Хлопец застаўся адзiн упоцемку. Стаў прабiрацца вобмацкам. Знайшоў дарогу да пакоя, дзе гарэў агонь, i заснуў.
Прыходзiць ранiцай кароль, пытае:
– Ну што, цяпер страху навучыўся?
– Не!.. Пабываў тут мой памёршы стрыечны брат. Прыходзiў нейкi барадач, але што такое страх, так мне нiхто i не сказаў.
Кароль паведамiў яму:
– Ты замак мой вызвалiў ад чараў, можаш цяпер жанiцца на маёй дачцэ.
– Гэта добра, – адказаў хлопец, – але што такое страх, я так i не ведаю.
Паднялi з падзямелля золата. Згулялi вяселле. Малады кароль, як нi кахаў сваю жонку, як нi быў задаволены, а не-не дый паўтараў:
– Каб стала мне страшна!
Надакучыла слухаць такое каралеве. От аднойчы служанка i кажа ёй:
– У гэтай справе я дапамагу. Ён страху навучыцца!
Пайшла яна да ручая, якi бруiўся ў садзе, набрала поўны цэбар печкуроў. Ноччу, як толькi малады кароль заснуў, сцягнула жонка з яго коўдру i вылiла на яго поўны цэбар халоднай вады з печкурамi. Пачалi маленькiя рыбкi скакаць, цялёпкацца па целе маладога караля, ад чаго ён прачнуўся ды як закрычыць:
– Вой, мiлая жонка, як мне страшна, як страшна! Так, цяпер я ўжо ведаю, што такое страх!
КАРОЛЬ ДРАЗДАБАРОД
У аднаго караля была дачка, якая праславiлася на ўвесь свет сваёй прыгажосцю. I праўда, красуняй яна была вышэй усякай пахвалы, але затое i ганарыстая, як нiхто. Нiкога з жанiхоў не лiчыла яна вартым сваёй рукi. Хто нi сватаўся да яе, усе атрымлiвалi адмову ды яшчэ якое-небудзь злое слоўца цi насмешлiвую мянушку ў дадатак. Стары кароль усё дараваў сваёй адзiнай дачцэ, але пад канец нават яму надакучылi яе капрызы i дзiвацтвы.
Ён загадаў наладзiць пышнае свята i склiкаць з далёкiх краёў i суседнiх гарадоў усiх маладых людзей, якiя яшчэ не згубiлi надзею спадабацца каралеўне i дабiцца яе прыхiльнасцi.
З'ехалася нямала жанiхоў. Iх паставiлi ў рад, аднаго за другiм, па старшынству роду i велiчынi даходу. Спачатку стаялi каралi i наследныя прынцы, потым – герцагi, потым – князi, графы, бароны i, нарэшце, простыя дваране.
Пасля гэтага каралеўну павялi ўздоўж раду, каб яна магла паглядзець на жанiхоў i выбраць сабе мужам таго, хто больш за ўсiх прыйдзецца па сэрцу.
Але i на гэты раз нiхто не прыглянуўся каралеўне.
Адзiн жанiх здаўся ёй надта тоўстым.
– Пiўная бочка! – сказала яна.
Другi – цыбатым i даўганосым, як журавель на балоце.
– Жураўлiныя доўгiя ногi не знойдуць шляхi-дарогi.
Трэцi ростам не ўдаўся.
– Ад зямлi не вiдаць – баюся растаптаць!
Чацвёртага яна знайшла надта бледным.
– Белы як смерць, худы як жардзiна!
Пятага – надта румяным.
– Чырванаскуры, на рака падобны!..
Шостага – недастаткова стройным.
– Свежае дрэва – за печкай сушанае. Было сырое, стала сухое, было прамое, стала крывое!
Словам, усiм хапiла на арэхi.
Але чамусьцi горш за ўсiх дасталася маладому каралю, якi займаў у шэрагу жанiхоў ледзь не самае ганаровае месца.
Вось у iм, здаецца, не было нiчога смешнага. Любой дзяўчыне прыйшоўся б ён па густу, толькi не нашай каралеўне. Яна, бачыце, угледзела, што бародка ў яго вастрэй, чым трэба, i надта выдаецца ўперад. I гэтага было дастаткова, каб пазабаўляцца над iм, як можна.
– Ах! – усклiкнула яна i засмяялася. – Паглядзiце! Паглядзiце! У яго барада, быццам дзюба ў дразда. Кароль Драздабарод! Кароль Драздабарод!
А калi на свеце нямала ахвотнiкаў пасмяяцца над суседам, то слоўца гэта тут жа падхапiлi, i нiхто з той пары не называў iнакш маладога караля, як кароль Драздабарод.
Але ў кожнай забавы ёсць канец.
Калi стары кароль, бацька чароўнай каралеўны, убачыў, што дачка яго зусiм i не думае выбiраць сабе жанiха, а толькi дарэмна забаўляецца людзьмi, якiя з'явiлiся па яго запрашэннi, ён моцна раззлаваўся i пакляўся сваёй галавой i каронай, што выдасць яе за першага жабрака, якi трапiцца, якi пагрукае ў браму.
Прайшло два днi. I вось пад вокнамi палаца затрымцелi струны, i нейкi вандроўны музыка зацягнуў песеньку. Спеў быў варты музыкi, ды i песня была з тых, якiя спяваюцца не дзеля весялосцi, а толькi для таго, каб расчулiць слухачоў i выпрасiць у iх трохi грошай цi кавалак хлеба.
Але кароль прыслухаўся i паслаў па музыку сваiх слуг.
– Упусцiце яго. Няхай зойдзе сюды! – сказаў ён.
Брудны, абарваны жабрак нясмела ўвайшоў у палац i праспяваў перад каралём i каралеўнай усё, што ведаў i помнiў. А потым нiзка пакланiўся i папрасiў мiласцiва ўзнагародзiць яго не столькi за ўмельства, колькi за старанне. Кароль сказаў:
– Якая праца, такая i плата. Мне так спадабалiся твае спевы, браток, што я вырашыў выдаць за цябе родную дачку.
Пачуўшы гэтыя словы, каралеўна ў жаху кiнулася перад бацькам на каленi, але кароль нават не паглядзеў на яе.
– Нiчога не зробiш! – сказаў ён. – Я пакляўся сваёй галавой i каронай, што аддам цябе за першага жабрака, якi трапiцца, i я стрымаю сваю клятву!
Колькi нi плакала каралеўна, колькi нi малiла – усё было дарэмна. Яе тут жа абвянчалi з жабраком-музыкай.
А пасля вянчання кароль сказаў:
– Не бывае такога, каб жонка жабрака жыла ў каралеўскiм палацы. Можаш адпраўляцца са сваiм мужам на ўсе чатыры бакi.
Жабрак музыка, не кажучы нi слова, узяў за руку маладую жонку i вывеў яе за браму. Першы раз у жыццi каралеўна пешкi выйшла з бацькоўскага палаца.
Апусцiўшы галаву, не азiраючыся па баках, iшла яна следам за сваiм мужам па камянiстай пыльнай дарозе.
Доўга iшлi яны так па раўнiнах i ўзвалках, па дарогах, дарожках i сцяжынках. I нарэшце сцяжынка вывела iх у засень густога лесу.
Яны селi адпачыць пад старым дубам, i каралеўна спытала, мiжволi задзiвiўшыся цянiстымi дрэвамi:
– Чый гэта лес на захад i на ўсход?
– Там гаспадар – кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой
То быў бы твой.
Каралеўна задумалася, а потым уздыхнула i прашаптала:
– Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!
Музыка скоса паглядзеў на яе, але нiчога не сказаў. Яны пайшлi далей.
I вось перад iмi – паўнаводная рака, а ўздоўж берага сцелецца свежы, сакавiты луг.
Каралеўна зноў спытала:
– Чый гэта луг над мостам сiнiх вод?
– Там гаспадар – кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой
То быў бы твой.
– Ах, – сказала каралеўна, глытаючы слёзы.
Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!
Музыка нахмурыўся, пакiваў галавой, але i тут нiчога не сказаў ёй. I яны зноў пайшлi далей.
Калi сонца пачало хавацца за пагоркамi, каралеўна i жабрак-музыка падышлi да сцен вялiкага багатага горада. Над залатой цяжкой брамай узвышалася круглая вежа.
Каралеўна спытала:
– Чый гэта горад з вежай ля варот?..
– Там гаспадар кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой
То быў бы твой!
Тут каралеўна не вытрымала. Яна горка заплакала i ўсклiкнула, заломваючы рукi:
– Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!..
Музыка раззлаваўся:
– Слухай, галубка! – сказаў ён. – Не вельмi мне па густу, што ты на кожным слове згадваеш другога i шкадуеш, што не пайшла за яго. А я, што ж, недастаткова добры для цябе?
Каралеўна прыцiхла. Не абмяняўшыся нiводным словам, яны прайшлi праз увесь горад i спынiлiся на самай ускраiне, каля маленькага, уросшага ў зямлю дамка. Сэрца скаланулася ў грудзях каралеўны. Яна паглядзела на дамок, на мужа i сарамлiва спытала:
– Чый гэта дом пад зрэбнаю страхой?
– Ён мой i твой! – адказаў з гордасцю музыка i адчынiў перакошаныя дзверы. – Тут мы з табой будзем жыць. Заходзь!
Ёй давялося нахiлiцца, каб, пераступаючы парог, не ўдарыцца галавой аб нiзкую прыталаку.
– А дзе ж слугi? – спытала каралеўна, пазiраючы пабаках.
– Якiя там слугi? – адказаў жабрак. – Што спатрэбiцца, зробiш сама. Вось распалi агеньчык, пастаў ваду ды згатуй мне чаго-небудзь паесцi. Я не на жарты стамiўся.
Але каралеўна не мела нiякага паняцця пра тое, як распальваюць агонь i гатуюць, i музыку давялося самому прыкласцi да ўсяго рукi, каб справа сяк-так пайшла на лад.
Нарэшце небагатая вячэра паспела. Яны паелi i ляглi адпачыць.
А на другi дзень жабрак нi свет нi зара падняў з пасцелi бедную каралеўну:
– Уставай, гаспадынька, некалi песцiцца! Нiхто за цябе працаваць не стане!
Пражылi яны днi два так сабе, i мала-памалу ўсе прыпасы беднага музыкi падышлi да канца.
– Ну, жонка, – сказаў ён, – добранькага пакрысе. Гэтае гультайства не давядзе нас да дабра. Мы з табой толькi праядаемся, а зарабляць нiчога не зарабляем. Пачнi ты нарэшце хоць кошыкi плесцi, цi што... Прыбытак ад гэтага невялiкi, ды затое i праца нецяжкая.
Ён пайшоў у лес, нарэзаў лазы i прынёс дадому цэлую вязку.
Каралеўна ўзялася плесцi кошыкi, але жорсткiя пруты не слухалiся яе. Яны не хацелi нi згiнацца, нi пераплятацца i толькi падрапалi ды пакалолi яе белыя ручкi.
– Так! – сказаў муж, паглядзеўшы на яе работу. – Бачу, што гэта справа не для такiх беларучак, як ты. Сядай лепш прасцi. Можа, хоць на гэта ў цябе хопiць розуму ды ўмельства.
Яна села за калаўрот, але грубая нiтка ўразалася ў пяшчотныя пальцы, i кроў капала з iх гэтак жа часта, як слёзы з яе вачэй.
– Проста гора з табой! – сказаў муж. – Ну памяркуй сама – на што ты здатная! Паспрабаваць, цi што, гандляваць гаршкамi ды ўсякiмi там глiнянымi кубкамi-мiскамi! Будзеш сядзець на рынку, мiргаць вачыма i атрымлiваць грошыкi.
"Ах, – падумала каралеўна, – што калi хто-небудзь з нашага каралеўства прыедзе ў гэты горад, прыйдзе на плошчу i ўбачыць, што я сяджу на рынку i гандлюю збанкамi! Як яны будуць смяяцца нада мной!"
Але рабiць не было чаго. Або памiрай з голаду, або згаджайся на ўсё. I каралеўна згадзiлася.
Спачатку гандаль iшоў слаўна. Людзi нарасхват бралi збанкi ў цудоўнай гандляркi i плацiлi ёй, не таргуючыся, усё, што яна нi прасiла. Мала таго, iншыя давалi ёй грошы ды яшчэ ў дадатак толькi што набытыя збанкi.
Так жылi яны да той пары, пакуль усе кубкi i мiскi не былi распрададзены. А потым муж зноў закупiў цэлы воз глiнянага посуду. Каралеўна ўселася на рыначнай плошчы, каля дарогi, расставiла вакол свой тавар i падрыхтавалася гандляваць.
Як раптам, адкуль нi вазьмiся, нейкi п'яны гусар на гарачым канi, як вiхор, вылецеў з-за вугла i пранёсся па збанках, пакiдаючы за сабой воблака пылу ды кучу бiтых чарапкоў.
Каралеўна залiлася слязьмi.
– Ах, як мне перападзе! – у страху гаварыла яна, перабiраючы рэшткi растаптанага посуду. – Ах, што цяпер скажа мой муж.
Яна пабегла дадому i, плачучы, расказала яму пра сваё няшчасце.
– Ды хто ж садзiцца з глiняным посудам на рынку з краю, ля праезнай дарогi! – сказаў муж. -Ну добра! Досыць раўсцi! Я выдатна бачу, што ты не здатна нi для якой прыстойнай работы. Толькi што я быў у каралеўскiм замку i спытаў там на кухнi, цi не патрэбна iм пасудамыйка. Кажуць – патрэбна. Збiрайся! Я адвяду цябе ў замак i ўладкую там. Не будзеш у рэшце рэшт галадаць.
Так цудоўная каралеўна стала пасудамыйкай. Яна была цяпер на пасылках у повара i рабiла самую чорную работу. У глыбокiя кiшэнi свайго вялiкага хвартуха яна засунула па гаршчэчку i складвала там рэшткi ежы, якая выпадала на яе долю. А вечарам несла гэтыя гаршчэчкi дадому, каб павячэраць пасля работы.
У той самы час, калi каралеўна-пасудамыйка чысцiла на кухнi закураныя катлы i выграбала з печы попел, у палацы рыхтавалiся адсвяткаваць вялiкую падзею – вяселле маладога караля. Наступiў нарэшце i ўрачысты дзень. Скончыўшы работу, каралеўна цiхенька прабралася з кухнi наверх i стаiлася за дзвярыма параднай залы, каб хаця здаля падзiвiцца на каралеўскае свята.
I вось запалiлiся тысячы свечак. Агнi зiхацелi на золаце, серабры i каштоўных каменнях, i госцi – адзiн прыбраны лепш за другога – сталi ўваходзiць у каралеўскiя пакоi.
Каралеўна глядзела на iх са свайго кутка, i чым даўжэй яна глядзела, тым усё цяжэй станавiлася ў яе на сэрцы.
"Я лiчыла калiсьцi, што я лепшая за ўсiх на свеце, што я першая з першых, – думала яна. – I вось цяпер я – апошняя з апошнiх..."
Мiма яе чарадой праходзiлi слугi, несучы на выцягнутых руках вялiзныя блюды з дарагiмi стравамi. А вяртаючыся назад, то адзiн, то другi кiдаў ёй якi-небудзь кавалак, якi заставаўся – скарынку пiрага, крылца птушкi цi рыбiн хвост, i яна лавiла ўсе гэтыя хвасты, крылцы i скарынкi, каб прыхаваць iх у свае гаршчэчкi, а потым аднесцi дадому.
Раптам з залы выйшаў сам малады кароль – увесь у шоўку i аксамiце, з залатым ланцугом на шыi.
Убачыўшы за дзвярыма маладую, прыгожую жанчыну, ён схапiў яе за руку i пацягнуў танцаваць. Але яна адбiвалася ад яго з усiх сiл, адварочваючы твар i хаваючы вочы. Каралеўна так баялася, што ён пазнае яе! Бо гэта быў кароль Драздабарод – той самы кароль Драздабарод, якога яшчэ зусiм нядаўна яна высмеяла невядома за што i прагнала з ганьбай.
Але не так лёгка было вырвацца з яго дужых рук.
Кароль Драздабарод вывеў каралеўну-пасудамыйку на самую сярэдзiну залы i пусцiўся з ёй у скокi.
I тут завязка яе хвартуха лопнула. Гаршчэчкi вывалiлiся з кiшэняў, ударылiся аб падлогу i разляцелiся на дробныя чарапкi. Пырснулi ва ўсе бакi i першае, i другое, i суп i смажанiна, i костачкi i скарынкi.
Здавалася, сцены каралеўскага замка абрушацца ад смеху. Смяялiся знатныя госцi, якiя прыбылi на свята, смяялiся прыдворныя дамы i кавалеры, смяялiся юныя пажы i сiвыя саветнiкi, рагаталi i слугi, згiнаючыся ў тры пагiбелi i хапаючыся за бакi.
Адной каралеўне было не да смеху.
Ад сораму i знявагi яна гатова была правалiцца скрозь зямлю.
Закрыўшы твар рукамi, выбегла яна з залы i стрымгалоў кiнулася ўнiз па лесвiцы.
Але хтосьцi дагнаў яе, схапiў за плечы i павярнуў да сябе.
Каралеўна падняла галаву, зiрнула i ўбачыла, што гэта зноў быў ён – кароль Драздабарод!
Ён ласкава сказаў ёй:
– Не бойся! Цi ж ты не пазнаеш мяне? Бо я той самы бедны музыка, якi быў з табой у маленькiм перакошаным дамку на ўскраiне горада. I я той самы гусар, якi растаптаў твае гаршкi на базары. I той абсмяяны жанiх, якога ты пакрыўдзiла нi за што нi пра што. З-за кахання да цябе я змянiў мантыю на жабрацкiя лахманы i правёў цябе дарогай зняваг, каб ты зразумела, як горка чалавеку быць пакрыўджаным i абсмяяным, каб сэрца тваё памягчэла i стала такiм жа цудоўным, як i твар.
Каралеўна горка заплакала.
– Ах, я так вiнавата, так вiнавата, што не заслугоўваю быць тваёй жонкай... – прашаптала яна.
Але кароль не даў ёй дагаварыць.
– Годзе! Усё дурное засталося ззаду, – сказаў ён. – Давай жа святкаваць наша вяселле!
Прыдворныя дамы прыбралi маладую каралеўну ў сукенку, расшытую алмазамi i жэмчугамi, i павялi ў самую вялiкую i цудоўную залу палаца, дзе яе чакалi знатныя госцi i сярод iх – стары кароль, яе бацька.
Усе вiншавалi маладых i без канца жадалi iм шчасця i згоды.
Тут i пачалося сапраўднае вяселле. Шкада толькi, што нас з табой там не было...
ЗАЛАТАЯ ПТУШКА
Жыў у старадаўнiя часы кароль. Быў у яго замак, а вакол замка цудоўны сад, i расло ў тым садзе дрэва, на якiм былi залатыя яблыкi. Як толькi яблыкi выспявалi, iх строга лiчылi, але кожнай ранiцой аднаго яблыка не хапала. Даведаўся пра гэта кароль i загадаў, каб кожную ноч пад дрэвам ставiлi варту.
Былi ў караля тры сыны, i вось з прыходам ночы паслаў ён у сад старэйшага. Але к поўначы змарыў яго сон, i ранiцой зноў не далiчылiся аднаго яблыка. На другую ноч павiнен быў вартаваць сын сярэднi, але i з тым здарылася тое ж самае: калi прабiла дванаццаць гадзiн, ён заснуў, а ранiцой не далiчылiся аднаго яблыка. Вось прыйшла чарга несцi варту малодшаму сыну; ён ужо падрыхтаваўся iсцi, але кароль не вельмi яму давяраў i падумаў, што гэты будзе яшчэ горшы вартаўнiк, чым яго браты, але нарэшце ён усё-такi яго паслаў.
Вось прылёг юнак пад дрэва, пачаў вартаваць, але не дазволiў сабе i вочы заплюшчыць. Прабiла дванаццаць гадзiн, i вось у паветры штосьцi зашумела; i ён убачыў у месячным святле лятучую птушку, усё пер'е яе адлiвала золатам. Апусцiлася птушка на дрэва i толькi дзеўбанула яблык, як пусцiў юнак у яе стралу. Птушка паляцела, ды папала страла ёй у апярэнне, i адно з залатых пёрак упала долу. Падняў яго юнак, прынёс назаўтра каралю i расказаў яму, што бачыў ён ноччу.
Сабраў кароль тады сваiх дарадцаў, i ўсе ў адзiн голас вырашылi, што такое пяро, як гэта, даражэй, магчыма, цэлага каралеўства.
– Паколькi пяро такое каштоўнае, – сказаў кароль, – то ў такiм выпадку аднаго мне будзе мала, я хачу абавязкова мець усю птушку.
I вось рушыў у дарогу старэйшы сын; ён спадзяваўся на сваю разважлiвасць i думаў, што залатую птушку ён абавязкова дабудзе.
Прайшоў ён нi многа, нi мала i ўбачыў на ўзлессi лiсу; прыклаў ён да пляча стрэльбу i нацэлiўся ў яе. Але лiса закрычала:
– Не страляй мяне, дам я за гэта табе добрую параду. Ты на шляху па залатую птушку, i сёння пад вечар ты прыдзеш у вёску, дзе ёсць дзве харчэўнi, – яны стаяць адна супраць другой. Адна будзе асветлена ярка, у ёй весела i шумна; але ты ў гэту не заходзь, а заходзь у другую, хоць яна выглядам сваiм i не прывабiць цябе.
"Як можа такi неразумны звер даць мне разумную параду!" – падумаў каралевiч i стрэлiў, але ў лiсу не папаў, яна распусцiла свой хвост i ўцякла ў лес. Потым ён накiраваўся далей i прыйшоў пад вечар у вёску, дзе былi дзве харчэўнi – у адной скакалi i спявалi, у другой выгляд быў убогi i змрочны.
"Быў бы я дурнем, – падумаў ён, – каб пайшоў у бедную жабрацкую харчэўню, харошую б абмiнуў". I ён накiраваўся ў вясёлую харчэўню i пачаў бавiць там час у гульнях i вясялосцi, а пра птушку i пра бацьку i ўсе ягоныя парады i забыўся.
Мiнуў нейкi час, а старэйшы сын дамоў усё не вяртаецца; тады адправiўся ў дарогу сярэднi сын, – захацелася яму знайсцi залатую птушку. Як i старэйшаму брату, сустрэлася яму лiса, дала яму добрую параду, але ён таксама не звярнуў на яе ўвагi. Падышоў ён да двух харчэўняў, i стаяў ля акна адной з iх яго брат, неслiся адтуль вясёлыя песнi, i брат гукнуў яго. Не мог сярэднi брат устрымацца, зайшоў у гэту харчэўню i застаўся там, задаволены.
Зноў прайшоў нейкi час, i захацелася малодшаму каралевiчу адправiцца ў дарогу i паспытаць шчасця. Але бацька не згаджаўся.
– Справа гэтая дарэмная, – сказаў ён. Дзе ўжо яму адшукаць залатую птушку, старэйшыя браты ж хадзiлi. А здарыцца з iм якая бяда, цi зможа ён з яе выкараскацца; бо розуму то ў яго малавата.
Але малодшы брат настойваў на сваiм, i кароль урэшце дазволiў яму адправiцца ў дарогу. I сядзела зноў на ўзлессi лiса i прасiла яго пашкадаваць яе жыцця, i дала яму добрую параду.
Юнак быў жаласлiвым i сказаў:
– Лiсiчка, не бойся, зла я табе не зраблю.
– Ты ў гэтым не раскаешся, – адказала лiса, – а каб хутчэй табе дабрацца да месца, садзiся мне на хвост.
I толькi ён сеў, як пусцiлася лiса бегчы i панеслася праз горы i долы, толькi ў вушах свiстала ад ветру. Дабралiся яны да вёскi; развiтаўся юнак з лiсой, паслухаўся яе добрай парады i зайшоў, не аглядваючыся, проста ў харчэўню, якая горшая, i спакойна там пераначаваў. На другую ранiцу, толькi ён выйшаў у поле, бачыць – сядзiць там лiса i кажа:
– Я раскажу, што рабiць табе далей. Iдзi ўсё прама i прама, i выйдзеш ты нарэшце да замка; убачыш, што перад замкам залёг цэлы атрад салдат, – але ты не бойся, усе яны будуць спаць i храпцi; прайдзi памiж iмi пасярэдзiне i заходзь прама ў замак, прайдзi праз усе пакоi; зойдзеш потым у патаемны пакой, i вiсiць там драўляная клетка з залатой птушкай, i стаiць з ёй побач пустая залатая клетка, так, для прыгажосцi. Ды глядзi, не перасаджвай птушку з простай клеткi ў дарагую, а то нядобрым кончыцца.
Толькi сказала гэта лiса, распусцiла зноў свой хвост, i ўсеўся на яго каралевiч. Панеслася лiса праз лясы i горы, – толькi ў вушах ад ветру свiстала. Апынуўся ён каля замка i ўбачыў, пра што гаварыла яму лiса. Зайшоў каралевiч у патаемны пакой, i сядзела там залатая птушка ў драўлянай клетцы, а залатая з ёй побач стаяла, i ляжалi ў пакоi ў трох кутах па тры яблыкi, залатыя яблыкi. I падумаў ён, што было б смешна, калi б ён пакiнуў такую цудоўную птушку ў такой непрыгожай клетцы. Ён адчынiў дзверцы, схапiў птушку i перасадзiў яе ў залатую... Але ў гэта iмгненне птушка закрычала так трывожна. Прачнулiся салдаты, забеглi ў пакой i павялi яго ў цямнiцу.
На наступную ранiцу прывялi яго на суд, i, паколькi ён ва ўсiм прызнаўся, то асудзiлi яго на смяротную кару. Але кароль сказаў, што можа яго памiлаваць, калi ён знойдзе яму залатога каня, якi скача хутчэй чым вецер, i тады ён атрымае залатую птушку.
Адправiўся каралевiч у шлях-дарогу; уздыхнуў i засумаваў, не ведаючы, дзе ж яму адшукаць залатога каня. I раптам убачыў ён старога свайго сябра – лiсу; сядзела яна ля дарогi.
– Вось бачыш, – сказала лiса, – так выйшла таму, што ты мяне не паслухаўся. Але духам не падай, я табе дапамагу i скажу, як раздабыць табе залатога каня. Ты павiнен iсцi ўвесь час прама, i падыдзеш ты да замка, – там i стаiць конь у канюшнi. I будуць ляжаць перад канюшняй конюхi, але яны будуць спаць i храпцi, i ты зможаш спакойна вывесцi залатога каня. Але ты павiнен запамятаць добра адно: сядлай яго дрэнным сядлом з дрэва i скуры, i толькi не залатым, што будзе вiсець побач, а то нядобрым кончыцца.
Распусцiла лiса свой хвост, сеў на яго каралевiч, i панесла яго лiса праз лясы i горы, – толькi ў вушах ад ветру свiстала.
Здарылася ўсё так, як казала лiса, – зайшоў ён у канюшню, дзе стаяў залаты конь, хацеў асядлаць яго дрэнным сядлом, ды падумаў: "Сорамна не асядлаць такога цудоўнага каня дарагiм сядлом, як гэта i належыць". Але толькi даткнулася залатое сядло да каня, як пачаў ён гучна iржаць. Прачнулiся конюхi, схапiлi юнака i кiнулi яго ў цямнiцу. Назаўтра ранiцой суд прыгаварыў яго да смяротнай кары. Але кароль паабяцаў яго памiлаваць i падарыць яму залатога каня, калi ён дабудзе яму з залатога замка цудоўную каралеўну.
З болем у сэрцы адправiўся юнак у шлях-дарогу, ды, на шчасце, ён сустрэў неўзабаве сваю верную лiсу.
– Варта было б цябе ў няшчасцi пакiнуць, – сказала лiса, – але мне цябе шкада, i я яшчэ раз выручу цябе з бяды. Дарога прывядзе цябе якраз да залатога замка, туды ты прыйдзеш вечарам, а ноччу, калi ўсё зацiхне, выйдзе цудоўная каралеўна ў купальню купацца. Калi яна будзе туды ўваходзiць, ты падскоч да яе i пацалуй яе адзiн раз, тады яна пойдзе за табой, i ты зможаш яе звесцi адтуль. Ды толькi не згаджайся, каб яна перад гэтым развiтвалася са сваiмi бацькамi, а то нядобрым усё кончыцца.
Распусцiла лiса свой хвост, сеў на яго каралевiч, i панесла яна яго праз лясы i горы, – толькi ў вушах ад ветру свiстала.
Вось пад'ехаў ён да залатога замка, i было ўсё, як сказала яму лiса. Пачакаў ён да поўначы, калi ўсiх змарыў глыбокi сон, i выйшла цудоўная каралеўна ў купальню, тут ён падскочыў i пацалаваў яе адзiн раз. Яна сказала яму, што з радасцю выйдзе за яго замуж, але пачала яго са слязьмi на вачах прасiць, каб дазволiў ён ёй перад гэтым развiтацца з бацькамi. Спачатку ён не згаджаўся, але яна горка заплакала, кiнулася яму ў ногi, i ён, нарэшце, згадзiўся. I толькi падышла дзяўчына да ложка свайго бацькi, як ён тут жа прачнуўся, а за iм i ўсе астатнiя ў замку, i юнака схапiлi i пасадзiлi ў цямнiцу.
А назаўтра ранiцой сказаў яму кароль:
– Ты паплацiшся за гэта сваiм жыццём i толькi тады будзеш памiлаваны, калi зрыеш гару, што знаходзiцца перад маiмi вокнамi, – з-за яе я не бачу, што дзеецца навокал; i павiнен ты зрабiць гэта на працягу васьмi дзён. Удасца табе гэта – узнагародай табе будзе мая дачка.
Узяўся каралевiч за працу, пачаў капаць i капаў без адпачынку, а як прайшло сем дзён убачыў, як мала ён зрабiў i што ўся работа яго нiчога не вартая, i ён зусiм засумаваў, – усе надзеi яго рухнулi. А на сёмы дзень увечары з'явiлася лiса i кажа:
– Ты не варты таго, каб я пра цябе клапацiлася; але iдзi i лажыся спаць, а ўсё за цябе я зраблю сама.
Прачнуўся ён на другi дзень, зiрнуў у акенца, бачыць – гары як i не было. Абрадаваны, кiнуўся юнак да караля i заявiў яму, што справу ён сваю зрабiў; i хацелася цi не хацелася каралю, а мусiў ён слова сваё стрымаць i аддаць сваю дачку. Адправiлiся яны з каралеўнай з замка; прайшоў нейкi час, i вось з'явiлася да iх лiса.
– Хоць ты i валодаеш цяпер самым дарагiм, – сказала яна, – але дзяўчыне з залатога замка належыць i залаты конь.
– А як жа мне яго дабыць? – пытаецца юнак.
– Гэта я табе растлумачу, – адказала лiса. – Ты спачатку вядзi цудоўную каралеўну да караля, якi паслаў цябе ў залаты замак; будзе там нечуваная радасць, i яны адразу аддадуць табе залатога каня i самi яго выведуць. Хуценька садзiся на яго i працягнi iм усiм на развiтанне руку, а апошняй цудоўнай каралеўне; i як толькi возьмеш яе за руку, усцягнi яе адразу на каня i скачы што ёсць сiлы адтуль, – i нiхто не зможа цябе дагнаць: той конь ляцiць хутчэй чым вецер.
Усё адбылося шчаслiва, i каралевiч павёз цудоўную каралеўну на залатым канi. Але лiса iх не кiнула i казала юнаку:
– А зараз я дапамагу табе дабыць i залатую птушку. Калi ты пад'едзеш да таго залатога замка, дзе знаходзiцца птушка, то здымi дзяўчыну з каня, а я ўжо за ёю прыгляджу. Затым заедзь на залатым канi ў двор замка, – цябе ўбачаць, i будзе там вялiкая радасць; i яны вынесуць табе залатую птушку. Калi клетка з птушкай будзе ў цябе ў руках, ты куляй скачы да нас назад i забярэш зноў цудоўную каралеўну.
Калi ўсё шчаслiва збылося i каралевiч ужо збiраўся ехаць са сваiм багаццем дамоў, кажа яму лiса:
– А зараз ты павiнен мяне аддзячыць за дапамогу.
– А што ты за гэта ад мяне патрабуеш? – спытаў юнак.
– Калi мы будзем у лесе, ты мяне застрэль i адсячы мне галаву i лапы.
– Нiчога не скажаш, добрая ўдзячнасць, – адказаў каралевiч, – такога я ўжо нiяк зрабiць не магу.
I кажа лiса:
– Калi ты гэтага зрабiць не хочаш, я павiнна буду цябе пакiнуць. Але перш чым я ад цябе пайду, хачу даць табе яшчэ адну добрую параду: бойся дзвюх рэчаў – не купляй мяса з вiсельнi i не садзiся на краi калодзежа.
Затым лiса збегла ў лес.
Юнак падумаў: "Што за дзiўны звер i якiя дзiўныя ў яго пажаданнi. Хто ж будзе купляць мяса з вiсельнi? А жадання сядзець на краi калодзежа ў мяне нiколi небыло".
Паехаў ён разам з цудоўнай каралеўнай далей; а дарога праходзiла праз тую вёску, дзе засталiся яго два браты. I было там вялiкае зборышча i многа шуму. Каралевiч спытаў, што тут здарылася; яму адказалi, што тут павiнны павесiць двух людзей. Падышоў ён – бачыць, што гэта два яго браты, якiя натварылi шмат дрэнных спраў i прагулялi ўсё сваё багацце. Ён спытаўся, цi нельга iх вызвалiць.
– Можна, калi вы згодны за iх заплацiць, – адказалi людзi, – але навошта вам выкiдваць дарэмна грошы i iх выкупляць?
Але каралевiч, не раздумваючы, за iх заплацiў, i вось яны апынулiся на волi i рушылi далей усе разам. Трапiлi яны ў той самы лес, дзе сустрэлася iм упершыню лiса. Сонца горача прыпякала, а ў лесе было прахалодна i прыемна, i вось кажуць два браты:
– Давайце адпачнем ля калодзежа, паядзiм i нап'емся.
Ён згадзiўся, за размовай забыўся пра параду лiсы i сеў на краi калодзежа, не прадчуваючы нiчога дрэннага. Тады двое братоў скiнулi яго ў калодзеж, захапiлi дзяўчыну, каня i птушку i накiравалiся дамоў да свайго бацькi.