Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 15 страниц)
ЦВIК
Адзiн купец добра пагандляваў на кiрмашы i набiў сабе поўную калiту золата i серабра. Сабраўся ён дадому вяртацца, – хацелася яму трапiць дадому да наступлення ночы. Вось прытарочыў ён дарожную суму з грашыма да сядла свайго каня i паехаў. Каля паўдня адпачываў ён у адным гарадку; сабраўся было ехаць далей, а тут падводзiць яму работнiк каня i кажа:
– Гаспадар, а на задняй левай назе ў падкове аднаго цвiка не хапае.
– Ну i няхай сабе не хапае, – адказаў купец, – за шэсць гадзiн, якiя мне застаецца праехаць, падкова нябось не звалiцца. Я спяшаюся.
Пасля паўдня, калi ён спешыўся i зноў вырашыў накармiць каня, уваходзiць у пакой работнiк i кажа:
– Гаспадар, а ў вашага каня на задняй левай назе няма падковы. Можа, адвезцi мне яго ў кузню?
– Ну i няхай сабе няма, – адказаў купец, ехаць жа ўсяго дзве гадзiны, бадай, з канём нiчога не здарыцца. Я спяшаюся.
Паскакаў ён далей; але неўзабаве пачаў конь прыкульгваць; пакульгаў ён, потым пачаў спатыкацца, потым павалiўся i зламаў сабе нагу. Давялося купцу каня кiнуць, адвязаць дарожную суму, узвалiць яе на плечы i дабрацца дадому пешкi, – i прыйшоў ён дадому позняй ноччу.
– А ўсёй жа бяды прычынай, – вымавiў ён пра сябе, – гэты пракляты цвiк.
А ты спяшайся павольна!
ПАДЗЕМНЫ ЧАЛАВЕЧАК
Жыў-быў некалi багаты кароль, i былi ў яго тры дачкi; яны штодня гулялi ў каралеўскiм садзе, а бацька быў такi аматар розных дрэў, што аб'явiў: калi раптам нехта сарве з дрэва хоць бы адзiн яблык, то ён, кароль, сiлаю праклёну загонiць зламыснiка на сто сажняў пад зямлю. Вось i наблiзiлася восень, i парабiлiся яблыкi на адной з яблынь чырвонымi, быццам крывёю налiлiся. А тры каралеўскiя дачкi штодня гулялi пад дрэвам ды пазiралi, цi не скiне вецер хоць бы адзiн яблычак, – бо за ўсё сваё жыццё яны не знайшлi нiводнага, якое б з яблынi звалiлася, – а само дрэва ад цяжкiх яблыкаў ажно на зямлю клалася. I вось вельмi ўжо захацелася малодшай каралеўне пакаштаваць яблычка i мовiла яна сёстрам:
– Бацька нас вельмi любiць, i, пэўна ж, не здзейснiць свайго праклёну; я думаю, што гэта датычыцца толькi чужых людзей. – Пры гэтых словах яна адшчыкнула самы вялiкi яблык, наблiзiлася да сясцёр ды кажа:
– Вось, пакаштуйце, мiлыя сястрычкi, хоць бы кавалачак! Я за ўсё сваё жыццё не ела такога смачнага яблычка.
I адкусiлi абедзве старэйшыя каралеўны ад таго яблыка, i ўсе трое адразу знiклi пад зямлёю, ды так глыбака, што адтуль не было нават чутно пеўневага кукарэкання.
Апоўднем кароль намерыўся папалуднаваць, але нiяк не мог даклiкацца дачок, ён доўга шукаў iх i ў палацы, i ў садзе, але марна. Ён гэтак засмуцiўся, што загадаў аб'явiць па ўсёй краiне ўказ, згодна якога той, хто знойдзе яго дачок, возьме любую сабе ў жонкi. I шмат хто з малайцоў выправiлiся ў пошукi, бо трох каралеўскiх дачок вельмi ўжо ўсе любiлi, – былi яны ласкавыя, а да таго дужа тварам вабныя. Мiж iншых смельчакоў было трое маладых паляўнiчых. Павандраваўшы тыдзень, пад'ехалi яны да палаца, а ў палацы тым прыгожыя пакоi, i ў адным з iх стол, а на iм розныя прысмакi панастаўленыя, i ўсе яны гарачыя, над iмi вiецца духмяная пара; а ў палацы гэтым не бачна нiводнай жывой душы. Прасядзелi там паляўнiчыя паўдня, а стравы, як былi гарачыя, так i засталiся, i над iмi вiецца духмяная пара; урэшце яны так згаладалiся, што паселi да стала i пачалi есцi. Добра наелiся, а пасля падумалi-падумалi ды вырашылi застацца ў гэтым палацы i кiнуць жэрабя, каму тут быць, а каму ехаць на пошукi каралеўскiх дачок; гэтак яны i зрабiлi; i выпала застацца ў палацы старэйшаму паляўнiчаму. Ранiцай двое паляўнiчых адправiлiся ў дарогу на пошукi, а старэйшы застаўся ў палацы. Раптам з'яўляецца апоўднем маленькi чалавечак i пачынае прасiць даць яму кавалачак хлеба; узяў тады старэйшы паляўнiчы хлеб, адкроiў лусту i падае яму, але маленькi чалавечак выпусцiў яе i папрасiў, каб той быў такi ласкавы i падняў яму гэту лусту хлеба з падлогi. Паляўнiчы згадзiўся i, вось калi ён нагнуўся, каб падняць той хлеб, маленькi чалавечак хапiў палку, учапiўся ў валасы i пачаў лупцаваць паляўнiчага.
Мiнуў дзень, у палацы давялося застацца сярэдняму – з iм таксама здарылася падобнае. Вярнулiся паляўнiчыя вечарам дадаму, а старэйшы i пытае сярэдняга:
– Як пачуваеш сябе, браце?
– Ой, не пытайся, дужа кепска! – Пачалi яны тады спавядацца адзiн аднаму, расказваць пра свае здарэннi, а малодшаму пра ўсё тое не прызналiся, – яны яго недалюблiвалi i заўсёды дражнiлi дурнаватым Гансам, бо ён усюды паводзiў сябе не так, як яны.
А на трэцi дзень прыйшла чарга заставацца ў палацы самаму малодшаму; зноў з'явiўся маленькi чалавечак i папрасiў хлеба; даў яму Ганс лустачку, а той яе выпусцiў i пачаў прасiць, каб быў ён такiм ласкавым i падняў тую лустачку з падлогi. Але малодшы незадаволена сказаў маленькаму чалавечку:
– Што?.. Хiба ты сам не можаш падняць яе? А калi не можаш паклапацiцца пра хлеб свой надзённы, то цi варты ты таго, каб есцi яго?
Раззлаваўся маленькi чалавечак i сказаў, што хлапец павiнен падняць яму хлеб, але Ганс хапануў нахабнiка за каўнер i добра адлупцаваў. Пачаў тады чалавечак крычаць на ўсё горла:
– Не бi мяне, адпусцi, а я скажу табе, дзе каралеўны схаваныя!
Пачуў такое Ганс ды перастаў бiць нахабнiка. I расказаў яму чалавечак пра тое, што жыве ён пад зямлёй i што там такiх, як ён, больш тысячы, а тады прапанаваў паляўнiчаму iсцi разам з iм, паабяцаў паказаць, дзе тыя каралеўны схаваныя.
Прывёў хлапца да глыбокага калодзежа, праўда, без вады ён быў. Расказаў паляўнiчаму, што старэйшыя сябры хлапца супраць яго, малодшага, нешта нядобрае задумалi i што калi ён хоча вызвалiць каралёвых дачок, то павiнен гэта зрабiць сам. А яшчэ расказаў чалавек, што тыя два паляўнiчыя хочуць адшукаць каралеўнаў, не прыкладаючы вялiкай сiлы, каб не сутыкнуцца з якой небяспекай. Дык вось, калi малодшы хоча вызвалiць каралеўскiх дачок, то павiнен ён узяць вялiкi кош, сесцi ў яго, прыхапiць з сабою званочак, вялiкi паляўнiчы нож i спусцiцца ў калодзеж; а там, на дне, ёсць тры пакоi, i ў кожным з iх па каралеўне сядзiць, а каля кожнай каралеўны ляжыць шматгаловы дракон, i павiнен паляўнiчы тым драконам усе галовы паадсякаць.
Паведаў пра ўсё гэта падземны чалавечак ды знiк некуды.
Звечарэла. Вярнулiся два паляўнiчыя з пошукаў каралеўскiх дачок, пачалi распытваць малодшага, як яму дзень бавiўся, а ён кажа iм, што ў палацы пачуваў сябе вельмi хораша – нiякiх людзей не бачыў, адно апоўднем заходзiў нейкi маленькi чалавечак, кавалачак хлеба папрасiў; то ён даў яму, але той не ўтрымаў лусту i тады пачаў прасiць, каб паляўнiчы падняў яе; але ён не паслухаўся, дык чалавечак той сварыцца пачаў, за што давялося яго адлупцаваць, i чалавечак тады паведамiў яму, дзе каралеўны схаваныя.
Пачуўшы ўсё гэта, абодва паляўнiчыя так раззлавалiся, што ад злосцi ажно пажаўцелi ды пазелянелi. Ранiцай накiравалiся яны да калодзежа, кiнулi жэрабя, хто першым мусiць спусцiцца на дно. Выпала старэйшаму. Сеў ён у кош, прыхапiў з сабой званочак, ды кажа:
– Калi я пазваню, выцягвайце мяне хутчэй наверх.
Толькi пачаў ён спускацца, як зазванiў званочак, гэта значыць, каб цягнулi хлапца наверх. Тады сеў у кош сярэднi паляўнiчы, але з iм здарылася тое ж самае. Вось надышла чарга малодшаму сядаць у кош, апусцiлi яго на дно. Вылез ён з каша, выняў вялiкi паляўнiчы нож, наблiзiўся да першых дзвярэй, спынiўся i пачаў прыслухоўвацца; i пачуў ён, што дракон гучна храпiць. Тады хлапец прыадчынiў дзверы, бачыць – сядзiць адна з каралеўнаў, а дзевяцiгаловы дракон паклаў галовы ёй на каленi i гэтак сцеражэ дзяўчыну. Узяў тады паляўнiчы вялiкi нож i адсек адным махам усе дзевяць галоў дракону. Тут каралеўна ўскочыла, кiнулася яму на шыю, пачала абдымаць i цалаваць яго, а тады зняла з грудзей дарагiя каралi, – а былi яны з чырвонага золата, – i павесiла збавiцелю на шыю. I пайшоў ён тады вызваляць другую каралеўну. Яе таксама ахоўваў дракон, гэты меў сем галоў. Вызвалiў паляўнiчы другую прыгажуню, а пасля i трэцюю таксама, тую пiльнаваў чатырохгаловы дракон. I пачалi ўсе каралеўны распытваць смелага хлапца, бясконца абдымаць i цалаваць яго. Пасля хлапец пазванiў у званочак, званiў датуль, пакуль яго не пачулi. I пасадзiў ён трох каралеўнаў у кош i загадаў усiх iх цягнуць наверх. Прыйшла чарга i яму наверх падымацца, i тут ён успомнiў словы падземнага чалавечка, што сябры надумалi нешта благое супраць яго. Узяў хлапец тады вялiкi камень, што ляжаў на дне калодзежа, i паклаў яго ў кош; але калi кош падняўся да сярэдзiны, злыя паляўнiчыя абрэзалi вяроўку, i ўпаў кош з каменем на дно калодзежа, наверсе падумалi, што малодшы паляўнiчы разбiўся, i сябры збеглi з трыма каралеўнамi, атрымаўшы ў iх абяцанне, што тыя скажуць бацьку, быццам вызвалiлi iх гэтыя два паляўнiчыя. Прыйшлi яны да караля i пачалi прасiць аддаць iм дачок у жонкi.
А тым часам малады паляўнiчы блукаў, сумны, па трох падземных пакоях i нявесела думаў, што тут давядзецца яму памерцi. Раптам бачыць ён – вiсiць на сцяне жалейка, i сказаў ён: "Навошта ты вiсiш тут на сцяне, каму тут весялiцца?" Глянуў ён на ссечаныя галовы драконаў i прамовiў: "I вы таксама нiчым не можаце памагчы". Хадзiў ён пакоямi так доўга, што ўвесь земляны дол утаптаў. Нарэшце наведалi яго галаву iншыя думкi, i ён зняў са сцяны жалейку i пачаў на ёй iграць; раптам з'явiлася мноства падземных чалавечкаў, i з кожным гукам жалейкi iх прыбывала ўсё больш i больш; гэтак ён iграў, пакуль увесь пакой не запоўнiлi тыя чалавечкi. Пачалi яны яго распытваць, што ён хоча, i ён адказаў: "Хачу зноў вярнуцца на зямлю, на белы свет паглядзець". Падхапiлi яго тады падземныя чалавечкi, кожны ўчапiўся за адну валасiну на яго галаве, i так яны паляўнiчага за валасы наверх з калодзежа выцягнулi.
Неўзабаве хлапец апынуўся на зямлi, а тады шчаслiва дабраўся да каралеўскага палаца, а там акурат мелася вяселле адбывацца адной з каралеўнаў, i ён накiраваўся ў пакой, дзе быў кароль са сваiмi трыма дачкамi. Убачыўшы яго, прыгажунi ў непрытомнасцi асунулiся на падлогу. Раззлаваўся кароль, загадаў пасадзiць паляўнiчага ў цямнiцу, думаючы, што ён нейкi злы чараўнiк. Але калi каралеўны ачунялi, пачалi прасiць бацьку, каб вызвалiў хлапца з цямнiцы. Кароль у iх спытаў тады, чаго гэта яны гэтак просяць за яго, i яны адказалi, што не асмельваюцца прызнацца. Тады ён загадаў, каб яны расказалi пра ўсё печцы, а сам выйшаў з пакоя i прытаiўся за дзвярыма, каб падслухаць, так i даведаўся пра ўсё. Загадаў тады ён тых двух паляўнiчых павесiць, а трэцяму аддаць малодшую дачку ў жонкi.
I абуў я на вяселле шкляныя чаравiчкi, ды спатыкнуўся выпадкова аб камень, i – дзынь! – няма чаравiчкаў!
СЕМ КРУМКАЧОЎ
У аднаго чалавека было сем сыноў i нiводнай дачкi. А яму вельмi хацелася мець дачку. Вось, урэшце, жонка падала добрую надзею, i ў iх нарадзiлася дзяўчынка. Вялiкая радасць хутка змянiлася трывогай: дзiцё аказалася кволым, маленькiм. Вырашылi хрысцiць раней часу.
Паслаў бацька аднаго з хлопчыкаў да крынiцы прынесцi вады для хрышчэння. За iм пабеглi i астатнiя шасцёра. Кожнаму хацелася набраць вады для сястрычкi. Але здарылася бяда: збан упаў у калодзеж. Што рабiць? Як вярнуцца дамоў?
Бацька чакаў, чакаў сыноў, цярпенне лопнула, ён дый кажа:
– Вiдаць, хлопчыкi зноў загулялiся, а пра справу забылiся.
Ён баяўся, што дзяўчынка можа памерцi нехрышчонай i са злосцi крыкнуў:
– А каб усе вы ў крумкачоў абярнулiся!
Толькi ён вымавiў гэтыя словы, раптам чуе над галавой шум крылаў. Зiрнуў уверх, бачыць – кружаць над iм сем чорных што вугаль крумкачоў.
Зразумелi бацька i мацi сваё несуцешнае гора. Як пазбавiцца ад яго? Як вярнуць сыноў дамоў?
Адзiнай iх радасцю стала любая дачушка. Яна неўзабаве падрасла, падужэла. З кожным днём рабiлася ўсё больш прыгожай.
Доўгi час сястра не ведала, што ў яе былi браты. Бацькi пра гэта маўчалi. А прагаварылiся людзi: маўляў, дзяўчынка вiнаватая ў няшчасцi сваiх братоў.
Засмучаная дзяўчынка аднойчы спытала ў бацькi-мацi:
– Цi праўда, што ў мяне былi браты? Дзе яны цяпер?
Праўду не схаваеш, давялося расказаць дачцэ ўсё, што здарылася пасля яе нараджэння. Задумалася яна: як вызвалiць братоў?
I вось аднойчы сабралася яна потайкi ў дальнюю дарогу, каб знайсцi i вызвалiць сваiх братоў. Узяла з сабой на памяць пра бацьку-мацi адзiн iх пярсцёнак. Ды яшчэ буханачку хлеба, на выпадак калi прагаладаецца, i зэдлiчак, каб адпачыць, калi стомiцца.
Пайшла яна далёка-далёка, аж на самы край свету. Вось перад ёй само сонца. Але яно было такое спякотнае i страшнае, што дзяўчынка кiнулася ад яго наўцёкi.
Апынулася каля месяца. Але ён быў халодны, хмурны, злосны. Як убачыў падарожнiцу, прахрыпеў:
– Чую, чую мяса чалавечае.
Дзяўчынка ўцякла i ад месяца. Прыйшла да зорак. Яны былi ласкавыя i добрыя. Сядзела кожная з зорак на асобнай лавачцы. Паднялася ранiшняя зорка, дала ёй кастылёк i сказала:
– Твае браты зняволены ў Шкляной гары. Гэты кастылёк дапаможа табе.
Узяла дзяўчынка чароўную адмычку, загарнула ў хустачку, рушыла ў дарогу. Iшла яна доўга-доўга. Ды вось перад ёй – Шкляная гара. На ўваходзе – вялiзная брама на замку. Пачала яна разгортваць хустачку, каб узяць кастылёк. Зiрк – а яго няма. Згубiла падарунак добрых зорак.
Трэба ж неяк ратаваць братоў. Узяла сястрыца нож, адрэзала сабе мезенец, сунула яго ў замок i лёгка адкрыла браму. Уваходзiць яна, а насустрач карлiк.
– Дзяўчынка, ты што тут шукаеш?
– Шукаю братоў сваiх, сем крумкачоў.
– Iх няма дома. Давядзецца пачакаць.
Карлiк пачаў рыхтаваць ежу для птушак. Дзяўчынка ўзяла дый пакаштавала з кожнай талерачкi i адпiла па глыточку з кожнага кубачка. А ў апошнi, сёмы, кубачак апусцiла пярсцёнак, якi ўзяла з сабой у дарогу.
Раптам чуе ў паветры шум крылаў i свiст. Карлiк кажа:
– Гэта ляцяць дамоў крумкачы.
Вось прыляцелi яны, пачалi есцi-пiць. I кажуць крумкач крумкачу:
– Хто гэта еў з маёй талерачкi? Хто гэта пiў з майго кубачка? Чалавечымi вуснамi пахне...
Дапiў сёмы крумкач да дна свой кубак, а там – пярсцёнак. Зiрнуў на яго, пазнаў пярсцёнак бацькi-мацi i кажа:
– Дай Бог, каб наша сястрыца тут з'явiлася, тады мы вызвалiмся ад чараў.
А дзяўчынка стаяла за дзвярыма. Пачула яна пажаданне, увайшла да братоў. I тут – о цуд! – крумкачы сталi зноў людзьмi. Цалавалiся яны, весялiлiся i разам дамоў вярнулiся.
РАНЕЦ, ШАПАЧКА I РАЖОК
Жылi калiсьцi тры браты. Пачалi яны ўсё бяднець i бяднець i нарэшце так згалелi, што давялося iм зусiм галадаць, – не было ў iх нават i скiбкi хлеба на пражытак. Вось яны i кажуць:
– Так жыць больш нельга; ужо лепш мы пойдзем па свеце шчасця шукаць.
Выбралiся яны ў шлях i прайшлi ўжо далёка, багата дарог i сцежак пратэпалi, але шчасця нiдзе так i не знайшлi. Вось трапiлi яны адзiн раз у дрымучы лес, а пасярод яго стаяла гара, падышлi блiжэй, бачаць – а гара ж уся са срэбра. I кажа старэйшы:
– Ну вось я i знайшоў сваё шчасце жаданае, а большага я не хачу. – Набраў ён срэбра столькi, колькi мог панесцi, павярнуў назад i дамоў прытупаў.
А двое iншых кажуць:
– Ад шчасця мы хочам большага, чым адно толькi срэбра, – i яны не ўзялi яго i рушылi далей.
Iшлi яны некалькi дзён i прыйшлi да гары, была яна ўся залатая. Спынiўся другi брат, падумаў i не ведаў, як яму быць.
– Што мне рабiць? – кажа ён. – Цi ўзяць мне золата, каб на ўсё жыццё хапiла, цi далей iсцi?
Нарэшце ён рашыўся i напакаваў усе кiшэнi золатам, развiтаўся са сваiм братам i дамоў вярнуўся.
А трэцi сказаў:
– Што мне срэбра ды золата! Не хачу я адмаўляцца ад свайго шчасця, – можа, выпадзе мне на долю што-небудзь лепшае.
Ён рушыў далей, прайшоў яшчэ тры днi i трапiў у лес, быў ён намнога большы, чым ранейшыя, i не было яму нi канца, нi краю; i не мог ён там нiчога знайсцi, каб паесцi i папiць, i пачаў ужо з сiлы выбiвацца.
Тады ён залез на высокае дрэва – паглядзець, цi не будзе вiдаць зверху, дзе таму лесу мяжа; але куды ён нi глядзеў, бачны былi адны толькi вяршалiны дрэў. Тады ён спусцiўся з дрэва, але яго мучыў голад, i ён падумаў: "Ах, калi б паесцi мне яшчэ хоць разок". Толькi ён злез з дрэва, бачыць, што стаiць пад дрэвам стол, i на iм пастаўлены розныя стравы, i падымаецца ад iх пара.
– Ну, на гэты раз, – сказаў ён, – маё жаданне споўнiлася своечасова, – i, не цiкавячыся, хто гэта прынёс ежу, хто яе прыгатаваў, ён сеў за стол i еў з апетытам, пакуль не наталiў голад.
Скончыў ён есцi i падумаў: "Шкада, што такi добры абрус прападае тут у лесе", – згарнуў яго i сунуў у кiшэню.
Ён пайшоў далей, i надвячоркам, калi зноў адчуўся голад, яму захацелася выпрабаваць свой абрус. Вось разаслаў ён яго i кажа:
– Хачу, каб ты быў зноў увесь застаўлены смачнымi стравамi.
I толькi вымавiў сваё жаданне, як паявiлася на абрусе мноства талерак з цудоўнейшымi стравамi, колькi месца хапiла.
– Цяпер я бачу, – сказаў ён, на якой кухнi гатуюць мне ежу; ты мне даражэй, чым цэлая гара срэбра i золата. – Ён зразумеў, што гэта абрус-самабор.
Але каб вярнуцца дамоў спакойна, абруса-самабора яму было мала: яму хацелася павандраваць па белым свеце i паспрабаваць шчасця. Сустрэў ён неяк вечарам у дрымучым лесе мурзатага вугальшчыка; той абпальваў вугаль, i варылася ў яго на вячэру бульба.
– Добры вечар, чорны дрозд, – сказаў ён, – як ты тут адзiн жывеш-пажываеш?
– Ды з дня ў дзень адно i тое ж, – адказаў вугальшчык, – кожны вечар бульба; хочаш са мной падсiлкавацца – будзеш госцем маiм.
– Дзякуй, – сказаў вандроўнiк, – але я не хачу забiраць у цябе тваю вячэру: на госця ты не разлiчваў; а вось, калi табе хочацца, то я цябе запрашаю на вячэру.
– А хто ж табе прыгатуе вячэру? – спытаў вугальшчык. – Я бачу, што ў цябе з сабою нiчога няма; а тут i дзве гадзiны пройдзеш – нiкога не спаткаеш, хто мог бы даць табе што-небудзь паесцi.
– А ежа ўсё-такi будзе, – адказаў вандроўнiк, – ды яшчэ такая смачная, якой ты нi разу не каштаваў.
I вось выцягнуў ён з кiшэнi абрус, расклаў яго на зямлi i кажа:
– Абрус, накрыйся! – I зараз жа паявiлася смажанае i варанае, i было яно гарачае, быццам толькi што з кухнi прынесена.
Вугальшчык вытрашчыў вочы, але доўга прасiць сябе не прымусiў, падсеў да ежы i пачаў запiхваць у свой чорны рот кавалкi, самыя большыя. Калi яны паелi, ухмыльнуўся вугальшчык i кажа:
– Паслухай, а твой абрус мне падабаецца; ён быў бы мне ў лесе вельмi зручны, бо тут нiхто не зварыць табе чаго-небудзь смачнага. Давай мяняцца. Вунь вiсiць у мяне ў кутку салдацкi ранец; хаця ён i стары i на выгляд несамавiты, затое схаваны ў iм дзiвосныя сiлы; мне ён, бадай, больш не патрэбны, i я гатовы памяняць яго на абрус.
– Але спярша мне трэба даведацца, якiя ў iм дзiвосныя сiлы прытоены, сказаў вандроўнiк.
– А я табе растлумачу, – адказаў вугальшчык. – Вось як стукнеш ты па iм рукой, то з'явiцца зараз жа яфрэйтар з шасцю салдатамi, узброенымi з ног да галавы, i што ты iм нi загадаеш, тое яны i зробяць.
– Што ж, – сказаў вандроўнiк, – я, бадай, гатовы памяняцца, – i ён аддаў вугальшчыку абрус, зняў са сцяны ранец, павесiў яго сабе на спiну i развiтаўся.
Прайшоў ён частку шляху, i захацелася яму выпрабаваць дзiвосную сiлу свайго ранца, ён ляпнуў па iм рукой, i ўмомант перад iм з'явiлася сямёра воiнаў, i яфрэйтар сказаў:
– Што загадаеш, мой спадар i пан начальнiк?
– Адпраўляйцеся паскораным маршам да вугальшчыка i запатрабуйце ў яго назад мой абрус-самабор.
Яны зрабiлi "налева кругом" i неўзабаве прынеслi тое, што ён загадаў, яны адабралi ў вугальшчыка, не доўга пытаючыся, абрус-самабор.
Затым ён загадаў iм вярнуцца назад у ранец i адправiўся далей, спадзеючыся, што шчасце яму ўсмiхнецца яшчэ больш. На заходзе сонца прыйшоў ён да другога вугальшчыка, якi гатаваў сабе на цяпельцы вячэру.
– Хочаце павячэраць разам са мной? – спытаў яго мурзаты хлопец. – Бульба з соллю адна, а сала нi крышана, дык падсаджвайся да мяне блiжэй.
– Не, – адказаў вандроўнiк, – ужо будзь ты ў мяне на гэты раз госцем, – i ён разаслаў свой абрус; i паявiлiся на iм зараз жа самыя цудоўныя стравы. Селi яны побач, пачалi пiць i развесялiлiся.
Паеў вугальшчык i кажа:
– Ага, вось ляжыць наверсе ў мяне на палiцы старая, паношаная шапка, але ў яе дзiвосныя ўласцiвасцi: варта яе надзець ды павярнуць на галаве, i ўмомант з'явяцца гарматы, i будзе наведзена iх аж дванаццаць у рад, i яны ўсё перастраляюць, – нiхто перад iмi не выстаiць. Шапка ж мне не патрэбна, а за твой абрус я ахвотна яе табе аддаў бы.
– Што ж, гэта, бадай, падыходзiць, – адказаў хлопец, узяў шапку, надзеў яе, а вугальшчыку пакiнуў свой абрус.
Прайшоў ён частку дарогi i стукнуў аб свой ранец, i яго салдаты прынеслi яму назад абрус. "Адно да аднаго падыходзiць, – падумаў ён, – але мне здаецца, што шчасце маё яшчэ наперадзе". I спадзяваннi яго не падманулi.
Прайшоў ён яшчэ дзень i прыйшоў да трэцяга вугальшчыка; гэты таксама запрасiў яго, як i тыя, паспытаць яго бульбы без сала. Але ён запрасiў яго паесцi з iм на абрусе-самаборы, i гэта так прыйшлося вугальшчыку да густу, што ён прапанаваў яму ражок, якi валодаў зусiм iншымi ўласцiвасцямi, чым шапачка. Калi на гэтым ражку зайграць, то паваляцца ўсе сцены i крэпасцi i ператворацца ўсе гарады i вёскi ў развалiны. I вось, хаця ён i аддаў вугальшчыку за ражок абрус, але зараз жа загадаў сваiм салдатам яго зноўку вярнуць. Нарэшце апынулiся ў яго i ранец, i шапачка, i ражок.
– Цяпер, – сказаў ён, – у мяне, бадай, ёсць усё; час i дамоў вяртацца i паглядзець, як маiм братам жывецца.
Вярнуўся ён дамоў, а браты тым часам пабудавалi сабе за срэбра i золата цудоўны дом i жылi прыпяваючы. Зайшоў ён да iх у дом у пашарпанай свiтцы, на галаве зашмальцаваная, паношаная шапачка ды стары ранец за плячыма – яны яго i за брата свайго прыняць не хацелi. Пачалi над iм насмiхацца i кажуць:
– Ты вось сябе нашым братам лiчыш, а срэбрам ды золатам пагрэбаваў i пажадаў сабе большага шчасця. Не, наш брат з'явiцца акружаны пышнасцю багацеем, ужо ж напэўна магутным каралём, а не якiмсьцi жабраком, – i прагналi яны яго з двара.
Тут разгневаўся ён i пачаў бiць па сваiм ранцу да таго часу, пакуль не сталi перад iм у шарэнзе сто пяцьдзесят салдат. Ён загадаў iм акружыць дом сваiх братоў, а двум салдатам сказаў узяць пруты i надзерцi скуру двум ганарлiўцам, пакуль тыя не пазнаюць, хто ён такi. Паднялася вялiкая мiтусня, збеглiся людзi, каб пасобiць братам у бядзе, але з салдатамi нiяк не маглi справiцца. Нарэшце далажылi аб тым каралю, i быў кароль незадаволены i загадаў выслаць свайго начальнiка з атрадам салдат, каб выгнаць з горада парушальнiкаў парадку; але ў чалавека, якi валодаў ранцам, аказаўся неўзабаве куды большы атрад, i ён прымусiў адступiць каралеўскага начальнiка i яго салдат з разбiтымi насамi назад. I сказаў кароль:
– Гэтага збеглага злодзея трэба, аднак, злавiць.
На другi дзень ён выслаў супраць яго большы атрад, але поспех быў яшчэ меншы. Той выставiў супраць яго салдат яшчэ больш, i, каб хутчэй скончыць з каралеўскiм атрадам, ён павярнуў на галаве раз-другi сваю шапку – i пачалi смалiць цяжкiя гарматы, i каралеўскiя салдаты былi разбiты i пусцiлiся наўцёкi.
– А цяпер я не заключу мiру, – сказаў ён, – пакуль кароль не аддасць мне дачку сваю за жонку i пакуль я не буду кiраваць усёй краiнай.
Аб гэтым ён i загадаў паведамiць каралю, i той сказаў сваёй дачцэ:
– Што цяпер рабiць? Давядзецца выканаць тое, што ён патрабуе. Калi хацець захаваць мiр i карону на галаве, то мне нiчога не застаецца iншага, як выдаць цябе за яго замуж.
I вось справiлi вяселле; але маладой каралеве было крыўдна, што муж у яе просты чалавек. Носiць падзёртую шапачку, за плячыма стары ранец. Ёй вельмi хацелася ад яго збавiцца, i яна думала дзень i ноч, як бы гэта ёй зрабiць.
I вось яна надумала: "А цi не ў гэтым ранцы хаваецца ўся яго дзiвосная сiла? " – i яна прыкiнулася такой ласкавай, расчулiла яго i кажа:
– Зняў бы ты свой стары ранец, ён так псуе твой выгляд, што мне прыходзiцца за цябе чырванець.
– Мая любачка, – адказаў ён, – гэты ранец i ёсць самы вялiкi мой скарб; пакуль ён у мяне, я не баюся нiчога на свеце, – i ён растлумачыў ёй, якой чароўнай сiлай той валодае.
Тут кiнулася яна яму на шыю, быццам хочучы яго расцалаваць, а ў гэты час спрытна зняла ў яго з плячэй ранец i, схапiўшы яго, уцякла.
Калi яна апынулася адна, яна стукнула па ранцу i загадала салдатам схапiць i звязаць iх ранейшага гаспадара i выгнаць яго з каралеўскага палаца. Яны паслухалiся, i тады каварная жонка выклiкала яшчэ салдат, каб прагналi яны яго зусiм з каралеўства. I давялося б яму загiнуць, калi б не засталося ў яго шапачкi. Толькi ўдалося яму вызвалiць рукi, павярнуў ён на галаве некалькi разоў шапачку, – i зараз жа пачалi грукатаць гарматы, усё было разгромлена, i давялося самой каралеве iсцi да яго i прасiць у яго лiтасцi. Яна так ласкава яго прасiла i абяцала выправiцца, што нарэшце ўгаварыла яго заключыць мiр. I прыкiнулася яна такой любячай, што здолела хутка яго абдурыць, i ён расказаў ёй, што калi хто i захопiць у яго ранец, то ўсё ж яго адолець нельга да таго часу, пакуль ёсць у яго гэтая старая шапачка.
Выведаўшы гэтую тайну, яна пачакала, пакуль ён заснуў, забрала ў яго шапачку i загадала выпхнуць яго на вулiцу. Але застаўся ў яго яшчэ ражок; i вось, моцна разгневаўшыся, пачаў ён дзьмуць у яго з усёй сiлы. I ўмомант павалiлася ўсё – сцены i крэпасць, гарады i вёскi, i былi забiты пры гэтым кароль з каралевай. I каб не перастаў ён дзьмуць у свой ражок, ператварылася б усё ў развалiны i не засталося б каменя на каменi.
I вось з таго часу нiхто ўжо больш не адважваўся выступаць супраць яго, i стаў ён каралём над усёю краiнай.
БЕЛАСНЕЖКА I КРАСНАЗОРКА
На краi лесу, у маленькай хацiнцы, адзiнока жыла бедная ўдава. Перад хацiнкай у яе быў сад, а ў садзе раслi два ружовыя кусты. На адным з iх цвiлi белыя ружы, а на другiм – чырвоныя. I былi ў яе дзве дачкi – адна бялей за белую ружу, другая румяней за чырвоную. Адну празвалi Беласнежкай, другую Красназоркай.
Абедзве дзяўчынкi былi сцiплыя, добрыя, працавiтыя, паслухмяныя. Здавалася, увесь свет абыдзi – не знойдзеш лепшых! Толькi Беласнежка была цiшэй i ласкавей, чым яе сястра. Красназорка любiла бегаць i скакаць па лугах i палях, збiраць кветкi, лавiць пеўчых птушак. А Беласнежка больш ахвотна заставалася каля мацi: дапамагала ёй па гаспадарцы або чытала што-небудзь услых, калi рабiць было нечага.
Сёстры так моцна любiлi адна адну, што ўсюды хадзiлi разам, узяўшыся за рукi. I калi Беласнежка гаварыла: "Мы нiколi не расстанемся", то Красназорка дадавала: "Да таго часу, пакуль жывыя!" А мацi заканчвала: "Ва ўсiм дапамагайце адна адной i ўсё дзялiце пароўну".
Часта абедзве сястры хадзiлi ўдваiх у дрымучы лес збiраць спелыя ягады. I нi разу нiводзiн драпежны звер не крануў iх, нiводзiн маленькi звярок, убачыўшы iх, не схаваўся ад страху. Зайчык смела браў капусны лiст з рук у сясцёр, дзiкая каза, як дамашняя, пасвiлася ў iх на вачах, алень весела скакаў, а лясныя птушкi i не думалi ўцякаць ад дзяўчатак – яны сядзелi на галiнках i спявалi iм усе песнi, якiя толькi ведалi.
Нiколi нiякай бяды не было з iмi ў лесе. Калi, бывала, яны забавяцца i ноч застане iх у гушчары, то клалiся побач на мяккi мох i спакойна засыналi да ранiцы. Мацi ведала гэта i зусiм не трывожылася за iх.
Беласнежка i Красназорка так чыста прыбiралi заўсёды сваю хату, што i заглянуць туды было прыемна.
Летам за ўсiм прыглядала Красназорка. Кожнай ранiцай, перш, чым прачыналася мацi, яна ставiла каля яе пасцелi букет кветак, а ў букеце абавязкова было па кветачцы з кожнага ружовага куста – белая ружа i чырвоная.
А зiмой у хаце гаспадарыла Беласнежка. Яна раскладала ў ачагу агонь i вешала на крук кацялок над агнём. Кацялок быў медны, але блiшчаў, як залаты, так ярка ён быў начышчаны.
Вечарам, калi за вокнамi хадзiла мяцелiца, мацi гаварыла:
– Iдзi, Беласнежка, зачынi шчыльна дзверы.
I яны ўтраiх садзiлiся перад ачагом.
Мацi даставала акуляры, раскрывала вялiкую тоўстую кнiгу i пачынала чытаць, а абедзве дзяўчынкi сядзелi за сваiмi калаўротамi, слухалi i пралi. Каля iх на падлозе ляжаў баранчык, ззаду, на седале, схаваўшы галаву пад крыло, – белы галубок.
Але аднойчы, калi яны сядзелi перад агнём i бавiлi вечар за кнiгай i калаўротам, хтосьцi нясмела пастукаўся ў дзверы, быццам прасiў упусцiць яго.
– Чуеш, Красназорка? – сказала мацi. – Адчынi хутчэй! Гэта, напэўна, якi-небудзь падарожнiк шукае ў нас прытулку i адпачынку.
Красназорка пайшла i адсунула засаўку. Яна думала, што ўбачыць за дзвярыма стомленага чалавека, якога застала непагадзь.
Ды не, на парозе стаяў не чалавек. Гэта быў мядзведзь, якi адразу ж прасунуў у дзверы агромнiстую чорную галаву.
Красназорка гучна ўскрыкнула i адскочыла назад. Баранчык забляяў. Галубок заляпаў крыламi. А Беласнежка схавалася ў самы цёмны куток, за ложак мацеры.
Мядзведзь паглядзеў на iх i сказаў чалавечым голасам:
– Не бойцеся! Я не зраблю вам нiякага зла. Я проста вельмi замёрз i хацеў бы хоць трохi сагрэцца ў вас.
– Ах ты, бедны звер! – сказала мацi. – Кладзiся вось тут, каля агню... Толькi глядзi не падпалi незнарок шубу.
Пасля яна закрычала:
– Беласнежка! Красназорка! Iдзiце хутчэй сюды! Мядзведзь не зробiць вам нiчога дрэннага. Ён разумны i добры.
Абедзве дзяўчынкi падышлi блiжэй, а за iмi баранчык i галубок. I неўзабаве ўжо нiхто з iх не баяўся мядзведзя.
– Дзецi, – сказаў мядзведзь, – вам трэба пачысцiць маю шубу, а то яна ўся ў снезе.
Дзяўчаткi прынеслi мяцёлку, абмялi, пачысцiлi густую мядзведжую футру, i мядзведзь расцягнуўся перад агнём, забурчаў ад задавальнення.
А Беласнежка i Красназорка даверлiва прымасцiлiся каля яго i давай тармасiць свайго непаваротлiвага госця. Яны кудлацiлi яго шэрсць, станавiлiся яму на спiну нагамi, штурхалi то ў адзiн бок, то ў другi, дражнiлi арэхавымi палкамi. А калi звер пачынаў раўцi, яны гучна смяялiся.
Мядзведзь дабрадушна дазваляў гуляць з iм, але калi яго вельмi даймалi, роў:
– Беласнежка! Красназорка!
Дзецi, грэх вам – не ха-ха,
Заб'яце вы жанiха.
Калi надышла ноч i трэба было класцiся спаць, мацi сказала мядзведзю:
– Заставайся ты тут, каля ачага. Тут будзеш заслонены ад ветру i сцюжы.
Махнаты госць застаўся.
На свiтаннi дзяўчаты адчынiлi дзверы, i мядзведзь павольна паплёўся ў лес па снежных гурбах.
Але з той пары кожны вечар у той жа час ён прыходзiў да iх, клаўся перад ачагом i дазваляў абедзвюм сёстрам тармасiць яго колькi iм захочацца.
Дзяўчаткi так прывыклi да яго, што нават дзверы не зачынялi, пакуль не прыйдзе iх калматы чорны прыяцель.
I вось надышла вясна. Калi ўсё навокал зазелянела, мядзведзь сказаў Беласнежцы:
– Бывай. Я павiнен пайсцi ад вас, i ўсё лета мы не ўбачымся.
– А куды ты iдзеш, мiлы мядзведзь? – спытала Беласнежка.
– У лес – вартаваць сваё багацце ад злых карлiкаў, – адказаў мядзведзь. Зiмой, калi зямля моцна замярзае, яны не могуць выкарабкацца наверх i нехаця сядзяць у сваiх глыбокiх норах.