Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 15 страниц)
– Год таму горад быў увесь у жалобе, а сёння ўвесь у чырвоным? Што гэта значыць?
Адказаў гаспадар карчмы:
– Год таму дачку нашага караля павiнны былi аддаць на з'ядзенне дракону, але маршал уступiў з iм у бойку ды забiў яго, i вось заўтра павiнны святкаваць iхняе вяселле, – вось чаму тады горад быў у жалобе, а сёння ён увесь у чырвоным.
Другога дня, калi прызначаны быў вясельны баль, кажа паляўнiчы гаспадару карчмы:
– Цi паверыш ты мне, гаспадар, што сёння я буду есцi пры табе хлеб з каралеўскага стала?
– Не, – адказаў гаспадар, – б'юся з табой аб заклад на сто чырвонцаў, што гэткае не здарыцца.
Паляўнiчы згадзiўся на ўмову i выставiў у сваю чаргу кашалёк з такою самай колькасцю залатых. Потым паклiкаў ён зайца:
– Iдзi, даражэнькi мой паскакунчык, ды прынясi мне хлеб з каралеўскага стала.
Для зайчыка гэта было зусiм няцяжка, а даручыць гэта каму-небудзь iншаму ён не мог, i давялося яму скакаць аднаму. "Вох, – падумаў ён, – прыйдзецца мне аднаму па вулiцах скакаць, – бадай што, кiнуцца за мною ганчакi". Як падумаў ён, так i здарылася; кiнулiся за iм сабакi i мелiся ўжо ўчапiцца ў ягоную шкуру. Але заяц падскочыў – хiба ты не бачыў? – ды як кiнецца ў вартаўнiчую будку, i салдат яго нават не заўважыў. Падбеглi сабакi, хацелi былi зайца адтуль выцягнуць, але салдат жартаў не любiў, выцяў iх прыкладам стрэльбы, i яны з брэхам ды скавытаннем паўцякалi прэч.
Заўважыў заяц, што хiтрасць яму ўдалася, прыскакаў у замак ды проста да каралеўны; сеў да яе пад крэсла ды пачаў нагу ёй драпаць. А каралеўна кажа:
– Пайшоў прэч!
Яна падумала, што гэта сабака. Заяц падрапаў каралеўну за нагу яшчэ раз. А яна зноў кажа:
– Пайшоў прэч!
Бо i на гэты раз падумала, што гэта сабака. Але заяц не збянтэжыўся ды падрапаў каралеўну ў трэцi раз. Зiрнула яна ўнiз ды пазнала зайца па сваiх каралях. Узяла яна зайца да сябе на каленi, аднесла ў свой пакой ды пытаецца:
– Любы зайчык, чаго ты хочаш?
Ён адказаў:
– Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут; ён паслаў мяне папрасiць хлеба, што есць сам кароль.
Узрадавалася каралеўна, загадала паклiкаць хлебадайцу ды патрабавала, каб ён прынёс хлеб, што есць сам кароль. Тады зайчык кажа:
– Але няхай хлебадайца мне яго i аднясе, iнакш нападуць на мяне ганчакi.
I аднёс хлебадайца гэты хлеб да самых дзвярэй карчмы. Стаў заяц на заднiя лапы, узяў хлеб у пярэднiя ды прынёс яго свайму гаспадару. Тады паляўнiчы i кажа:
– Ну, гаспадар, а сто залатых жа цяпер мае!
Здзiвiўся гаспадар, а паляўнiчы кажа:
– Што ж, гаспадар, хлеб у мяне ёсць! Ды вось хацелася б мне цяпер i каралеўскай смажанкi пакаштаваць.
Сказаў гаспадар:
– Што ж, паглядзiм, – але спрачацца больш не стаў.
Паклiкаў паляўнiчы лiсiцу ды кажа:
– Лiска, схадзi ты ды прынясi мне смажанку, якую есць сам кароль.
Рыжая лiсiца ведала ўсе ўваходы ды выхады лепш за iншых. Прабралася яна па вулках ды завулках, i нiводзiн сабака яе не заўважыў. Села лiсiца пад крэслам каралеўны, пачала ёй нагу драпаць. Зiрнула каралеўна ўнiз ды пазнала лiсiцу па каралях; узяла яе да сябе ў пакой ды пытаецца:
– Лiсачка, даражэнькая, што табе трэба?
Адказала лiсiца:
– Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут i паслаў мяне, каб я папрасiла смажанкi, што сам кароль есць.
Загадала каралеўна паклiкаць кухара ды сказала, каб ён згатаваў смажанку, якую есць кароль, i данёс бы яе лiсiцы да самых дзвярэй карчмы.
Узяла лiсiца блюда, адагнала спачатку хвастом мух, што паселi на смажанку, i прынесла яе свайму гаспадару.
– Ну, карчмар, – сказаў паляўнiчы, – хлеб ды мяса ў нас цяпер ёсць, але хацелася б пакаштаваць i тае гароднiны, што есць сам кароль.
Паклiкаў ён ваўка ды кажа:
– Любы воўча, iдзi ды прынясi мне тае гароднiны, што есць кароль.
Пайшоў воўк напрасткi ў замак, бо ён анiкога не баяўся, увайшоў у пакой каралеўны ды тузануў яе ззаду за сукенку, каб яна азiрнулася. Пазнала яна яго па каралях ды пытаецца:
– Даражэнькi воўча, што табе трэба?
Ён адказаў:
– Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут, ён прасiў даць тае гароднiны, якую есць сам кароль.
Паклiкала каралеўна кухара ды загадала яму згатаваць тае гароднiны, якую есць сам кароль, i данесцi яе ваўку да самых дзвярэй карчмы. Узяў воўк у яго блюда i прынёс яго свайму гаспадару.
– Вось бачыце, гаспадар, – кажа паляўнiчы, – цяпер ёсць у мяне i хлеб, i смажанка, i гароднiна; але хацелася б мне пакаштаваць яшчэ i салодкае, якое есць кароль.
Ён паклiкаў мядзведзя ды кажа:
– Любы мядзведзь, ты нябось любiш салодкiм паласавацца, дык вось iдзi ды прынясi мне салодкае, якое есць сам кароль.
Затупаў мядзведзь проста да замка, i кожны яму саступаў дарогу. Падышоў ён да варты, i выставiла варта перад iх стрэльбы, не хацела яго прапускаць у каралеўскi замак. Тут падняўся мядзведзь на заднiя лапы, панадаваў ён такiх аплявушын, што ўся варта пападала на зямлю, – i рушыў мядзведзь проста да каралеўны, стаў ззаду яе i цiхенька зарычаў. Азiрнулася яна, пазнала мядзведзя i загадала яму iсцi з ёю ў пакой ды пытаецца:
– Даражэнькi мядзведзь, ты чаго хочаш?
Ён адказаў:
– Мой гаспадар, якi забiў дракона знаходзiцца тут, ён паслаў мяне па салодкае, якое есць сам кароль.
Паклiкала каралеўна кандытара i загадала згатаваць салодкую страву, якую есць кароль i аднесцi яе мядзведзю да самых дзвярэй карчмы. Пачаў тут мядзведзь лiзаць салодкiя лiзунцы, што скацiлiся на зямлю, потым надняўся на заднiя лапы, узяў у пярэднiя блюда i прынёс яго да свайго ўладара.
– Бачыце, гаспадар, – сказаў паляўнiчы, – вось ёсць у мяне цяпер i хлеб, i смажанка, i гароднiна, i салодкае; але хацелася б мне папiць i вiна, якое п'е сам кароль.
Паклiкаў ён свайго льва ды сказаў:
– Любы леў, ты ж да хмельнага ахвотнiк, дык вось iдзi ды прынясi мне вiна, якое п'е сам кароль.
Пакрочыў леў па вулiцах, i людзi ад яго ўцякалi; а калi падышоў ён да варты, тая хацела яму перагарадзiць дарогу, але леў так зароў, што ўсе ад яго адскочылi.
Падышоў леў да пакоя каралеўны i пастукаў хвастом у дзверы. Выйшла адтуль каралеўна, яна была спалохалася льва, але, пазнаўшы яго па залатым замочку ад сваiх караляў, загадала яму iсцi за ею ў пакой ды спыталася:
– Любы леў, ты чаго хочаш?
Ён адказаў:
– Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут; ён даручыў мне папрасiць вiна, якое п'е сам кароль.
Паклiкала каралеўна вiначэрпа, i ён павiнен быў даць iльву вiна, якое п'е сам кароль. Сказаў леў:
– Я хачу пайсцi з вiначэрпам разам ды паглядзець, каб ён даў мне сапраўднага.
Спусцiўся леў разам з вiначэрпам у вiнны склеп. Прыйшлi яны туды, i наважыўся вiначэрп нацэдзiць яму простага вiна, якое п'юць служкi, але леў сказаў:
– Пачакай! Спярша я вiно пакаштую, – нацэдзiў сабе паўконаўкi i выпiў яго нагбом. – Не, – сказаў ён, – гэта вiно не тое.
Зiрнуў на яго вiначэрп скосу, але пайшоў i хацеў нацэдзiць яму вiна з другой бочкi, што была для каралеўскага маршала. Але леў сказаў:
– Пачакай! Спярша я вiно пакаштую, – нацэдзiў сабе паўконаўкi ды выпiў яго. – Гэтае будзе крыху лепей, але ўсё ж такi i гэтае не тое.
Раззлаваўся тады вiначэрп ды сказаў:
– Цi можа такi дурны звер у вiне разбiрацца?
Але леў даў яму ў вуха, – той так i пакацiўся на зямлю; i калi падняўся на ногi, ён павёў iльва, нi слова не кажучы, у асобны невялiкi склеп, дзе стаяла каралеўскае вiно, якое не давалi пiць анiкому з людзей. Нацэдзiў леў спярша сабе паўконаўкi, пакаштаваў вiна ды кажа:
– Гэта, бадай што, сапраўднае, – i загадаў вiначэрпу налiць яго шэсць пляшак.
Потым паднялiся яны наверх. Выйшаў леў са склепа пахiстваючыся, быў ён трошкi пад хмелем, i павiнен быў вiначэрп аднесцi яму вiно да самых дзвярэй карчмы; тут узяў леў кошык у пашчу ды прынёс яго свайму ўладару.
Сказаў паляўнiчы:
– Бачыш, гаспадар, цяпер ёсць у мяне хлеб, i мяса, i гароднiна, i салодкае, i вiно – усё, што есць ды п'е сам кароль; а зараз я са сваiмi звярмi папалудную.
Ён сеў, пачаў есцi ды пiць i даў таксама паесцi ды папiць зайцу, лiсiцы, ваўку, мядзведзю ды льву; быў ён вясёлы, – ён ведаў, што каралеўна па-сапраўднаму кахае яго. Вось папалуднаваў ён ды кажа:
– Ну, гаспадар, я паеў ды папiў па-каралеўску, а зараз пайду ў каралеўскi замак ды ажанюся з каралеўнай.
А гаспадар пытаецца:
– Як жа гэта можа здарыцца, калi яна мае жанiха i сёння будуць ладзiць вяселле?
Выцягнуў тады паляўнiчы насовачку, што дала яму каралеўна на Драконавай гары, а ў iм былi завязаныя сем языкоў страшыдла, ды сказаў:
– Мне гэтыя знакi доказу дапамогуць.
Агледзеў гаспадар насоўку ды кажа:
– Калi я ўсяму i паверыў, дык ужо гэтаму нiзавошта веры не дам i стаўлю ў заклад сваю карчму разам з дваром.
Дастаў паляўнiчы кашалёк з тысячаю чырвонцаў, паклаў яго на стол ды кажа:
– А я стаўлю тысячу чырвонцаў.
Пачаў кароль пытацца ў сваёй дачкi падчас балявання:
– А чаго хацелi ўсе гэтыя дзiкiя звяры, што прыходзiлi ў мой замак ды зноў пайшлi?
– Я гэтага сказаць не смею, – адказала яна, – а вы паклiчце гаспадара гэтых звяроў, ён вам ўсё i раскажа.
Паслаў кароль свайго служку ў карчму ды загадаў яму запрасiць да сябе незнаёмца; слуга з'явiўся туды якраз у той час, калi паляўнiчы бiўся аб заклад з гаспадаром карчмы. I сказаў паляўнiчы:
– Вось бачыце, гаспадар, а кароль прыслаў жа свайго служку ды запрашае мяне з'явiцца, але я так проста не пайду. – I ён звярнуўся да каралеўскага служкi: – Перадайце маю просьбу каралю, каб прыслаў ён мне каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцярыком, ды служак, якiя мяне суправаджалi б.
Пачуў гэта кароль ды кажа да сваёй дачкi:
– Што мне рабiць?
– Загадайце яго прывезцi, як ён гэтага патрабуе, – сказала яна, – i вы зробiце правiльна.
Паслаў тады кароль яму каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцерыком коней, ды служак, якiя яго суправаджалi б.
Убачыў паляўнiчы, што па яго прыехалi, ды кажа:
– Вось бачыце, гаспадар, а зараз мяне адвязуць, як я i патрабаваў, – i ён адзеўся ў каралеўскае адзенне, узяў насовачку з драконавымi языкамi ды падаўся да караля.
Убачыў кароль, што той прыехаў, ды кажа да сваёй дачкi:
– Як мне належыць прыняць яго?
– Вы павiнны выйсцi яму насустрач, – сказала яна, – i вы зробiце правiльна.
Вось выйшаў яму насустрач кароль, павёў яго ў замак, а следам за iм iшлi ўсе ягоныя звяры. Кароль запрасiў яго сесцi побач з сабою ды каралеўнай, – а маршал сядзеў з другога боку ад яго як жанiх, але паляўнiчага ён цяпер не пазнаў.
I вось якраз прынеслi ў гэты час сем галоў дракона, каб госцi на iх паглядзелi, i сказаў кароль:
– Гэтыя сем галоў адсек у дракона маршал, таму я выдаю дачку сваю сёння за яго замуж.
Тады ўзняўся з-за стала паляўнiчы, раскрыў сем драконавых пашчаў ды спытаўся:
– А дзе ж сем языкоў дракона?
Спалохаўся маршал, збялеў i не ведаў, што адказаць; нарэшце ён прамовiў, калоцячыся:
– У драконаў языкоў не бывае!
– Так, iх не варта мець хлусам, але драконавыя языкi – гэта знак доказу пераможцы!
Паляўнiчы развязаў сваю насоўку, дзе ляжалi сем языкоў, ды прыклаў кожны з iх да пашчы дракона, – i языкi якраз падышлi да кожнай з iх. Потым ён дастаў насовачку, на якой было вышытае iмя каралеўны, паказаў яе нявесце ды спытаўся, каму яна падаравала яе. Яна адказала:
– Таму, хто забiў дракона.
Тады ён паклiкаў сваiх звяроў, зняў у кожнага з iх каралi, а з iльва залаты замочак, паказаў iх нявесце ды спытаўся, каму яны належаць.
– Каралi з залатым замочкам, – адказала яна, – былi мае, я падзялiла iх памiж звяроў за тое, што яны дапамаглi адолець дракона.
I сказаў паляўнiчы:
– Калi я ляжаў на полi бою стомлены ды заснуў, дык з'явiўся маршал i адцяў мне галаву. Потым ён аднёс каралеўну ды абвясцiў, быццам бы гэта ён забiў дракона; а тое, што ён схлусiў, я даказваю драконавымi языкамi, вось гэтай насовачкай ды каралямi.
I ён распавёў, як выратавалi яго звяры з дапамогай чарадзейнага кораня, як цэлы год ён блукаў разам з iмi па свеце, а цяпер зноў вярнуўся сюды i даведаўсяд пра падман маршала ад гаспадара карчмы.
Тады спытаўся кароль у сваёй дачкi:
– Цi праўда, што гэты чалавек забiў дракона?
Яна адказала:
– Так, гэта праўда. Цяпер я магу адкрыць злачынствы маршала, бо ўсё высветлiлася без майго ўдзелу; ён узяў з мяне абяцанне маўчаць. Вось чаму я прасiла святкаваць вяселле не раней як праз год ды адзiн дзень.
Тады кароль загадаў паклiкаць дванаццаць дарадцаў, каб яны вынеслi маршалу прысуд; яны прысудзiлi, што ён павiнен быць разадраны чатырма быкамi. Маршала пакаралi смерцю, а кароль аддаў дачку сваю замуж за паляўнiчага i прызначыў яму ў спадчыну ўсё каралеўства. Вяселле адсвяткавалi ў вялiкай радасцi, i малады кароль загадаў паклiкаць свайго роднага бацьку ды прыёмнага i ўзнагародзiў iх вялiкiмi скарбамi. Не забыў ён i пра гаспадара карчмы, – ён паклiкаў яго ды сказаў:
– Вось бачыце, гаспадар, я з каралеўнаю ажанiўся, i вашая карчма з дваром, значыцца, цяпер мае.
Сказаў гаспадар:
– Так, яны цяпер вашыя па праву.
Але малады кароль сказаў:
– З ласкi маёй няхай карчму i двор гаспадар пакiне сабе, i дарую я яму яшчэ тысячу чырвонцаў у прыдачу.
I былi малады кароль i маладая каралева вясёлыя i задаволеныя i зажылi ў шчасцi разам. Ён часта выязджаў на паляванне, гэта было для яго вялiкай радасцю, i верныя звяры заўсёды яго суправаджалi.
Паблiзу знаходзiўся лес, пра яго казалi, што там нячыстая сiла вядзецца, i хто ў яго трапляў упершыню, таму было цяжка выбрацца назад. Але маладому каралю дужа захацелася ў тым лесе папаляваць, i ён не даваў старому каралю спакою, пакуль той, нарэшце, гэта яму дазволiў.
Вось выехаў малады кароль з вялiкаю свiтай i, заязджаючы ў лес, заўважыў беласнежную самку аленя ды сказаў сваiм людзям:
– Вы пачакайце тут, пакуль я вярнуся назад, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера, – i ён паскакаў следам за ёю ў самую гушчэчу лесу, а за iм пайшлi толькi ягоныя звяры.
Людзi прачакалi яго да самага вечара, але ён назад не вярнуўся. Тады яны паехалi дадому ды сказалi маладой каралеве:
– Кароль пагнаўся ў зачараваным лесе за белаю самкай аленя i назад не вярнуўся.
I каралева дужа па iм непакоiлася. А ён усё скакаў i скакаў за цудоўным зверам i нiяк не мог яго дагнаць; часам здавалася яму, што трэба ўжо страляць, але звер iмгненна ўцякаў далёка-далёка, i нарэшце знiк зусiм з вачэй. Тут ён заўважыў, што заехаў у самыя нетры лясныя; узяў свой рог ды пачаў трубiць; але адказу не было, людзi не маглi яго пачуць. А ўжо надышла ноч, i ён зразумеў, што сёння яму дамоў не вярнуцца.
Ён злез з каня, распалiў каля дрэва вогнiшча i вырашыў там заначаваць. Калi ён сядзеў ля вогнiшча, а ягоныя звяры ляжалi з iм побач, яму здалося, быццам пачуўся чалавечы голас: ён агледзеўся, але нiчога не ўбачыў. Неўзабаве ён зноў пачуў, быццам уверсе нехта стогне; ён зiрнуў угору, бачыць – сядзiць на дрэве нейкая бабуля i ўсё галосiць:
– Вух, вух, вух, як мне холадна!
Ён сказаў:
– Злазь ды пагрэйся, калi табе холадна.
Але яна адказала:
– Не, твае звяры мяне ўкусяць.
Ён сказаў:
– Бабуля, яны не крануць цябе, злазь унiз.
Але гэта была вядзьмарка, яна сказала:
– Я скiну табе з дрэва дубчык; калi дубчыкам гэтым ты ўдарыш звяроў па спiне, тады яны мне нiякай шкоды не зробяць, – i яна скiнула яму маленькi дубчык.
Ён хвастануў тым дубчыкам звяроў, тыя адразу ж цiха ўлеглiся – i раптам скамянелi. Цяпер вядзьмарцы звяроў не трэба было баяцца, яна саскочыла ўнiз i дакранулася дубчыкам да караля i ператварыла яго ў камень. Потым яна засмяялася ды пацягнула яго i звяроў у яму, дзе ляжала шмат ужо такiх камянёў.
Не вярнуўся малады кароль дадому, i непакой ды страх у каралевы ўсё раслi i раслi. А здарылася, што якраз у гэты час прыйшоў у каралеўства другi брат той, што пры растаннi пайшоў вандраваць на ўсход. Ён шукаў працы, ды не мог яе нiдзе знайсцi. Ён стаў тады блукаць па розных мясцiнах ды прымушаў сваiх звяроў скакаць перад людзьмi.
I вось прыйшло яму ў галаву пайсцi паглядзець на нож, якi ўторкнулi яны пры расстаннi ў ствол дрэва, каб даведацца, што з ягоным братам. Прыйшоў ён туды, аж бачыць, што адзiн бок напалову ўжо заiржавеў, а напалову застаўся блiскучы. Ён спалохаўся ды падумаў: "З маiм братам, вiдаць, здарылася вялiкае няшчасце, але я, магчыма, выратую яго: палова ж нажа засталася блiскучай".
I ён рушыў з усiмi звярмi на захад. Калi ён падышоў да гарадской брамы, выйшла яму насустрач варта ды спыталася, цi далажыць аб iм ягонай жонцы, маладая каралева ўжо некалькi дзён, маўляў, у вялiкай трывозе з прычыны ягонай адсутнасцi i баiцца, што ён загiнуў у зачараваным лесе. Варта прыняла яго за маладога караля, бо ён вельмi да таго быў падобны, i за iм гэтак жа iшлi следам дзiкiя звяры. Ён зразумеў, што гаворка iдзе пра ягонага брата, ды падумаў: "Самае лепшае, гэта выдаць сябе за яго; тым лягчэй, бадай што, я змагу яго выратаваць". I ён загадаў варце праводзiць яго ў замак, дзе быў прыняты з вялiкай радасцю. Маладая каралева падумала, што гэта яе муж, ды спыталася, чаму ён так доўга не вяртаўся. Ён адказаў:
– Я заблукаў у лесе i выбрацца адтуль раней анiяк не мог.
Увечары яго праводзiлi ў каралеўскую спальню, але ён паклаў на ложку памiж сабой i маладою каралевай навостраны меч. Яна не ведала, што гэта значыць, але спытацца ў яго пра тое не рашылася.
Ён прабыў там некалькi дзён i за гэты час паспеў даведацца ўсё пра зачараваны лес, ды сказаў нарэшце:
– Я хачу яшчэ раз у iм папаляваць.
Кароль i маладая каралева пачалi яго адгаворваць, але ён стаяў на сваiм i выехаў у лес з вялiкаю свiтай. Вось трапiў ён у той лес, i здарылася з iм тое самае, што i з ягоным братам; ён убачыў белую самку аленя ды сказаў сваiм людзям:
– Вы тут заставайцеся i мяне пачакайце, пакуль я вярнуся, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера.
I ён паскакаў у лес. А следам за iм iмчалiся ягоныя звяры. Але ён не мог дагнаць самку аленя i трапiў у такiя нетры лясныя, што давялося яму там заначаваць. Ён распалiў вогнiшча i пачуў, што нехта ўверсе на дрэве стогне:
– Вух, вух, вух, як мне холадна!
Ён глянуў угору, аж бачыць – сядзiць на вершалiне бабуля: гэта была тая самая вядзьмарка. Ён сказаў:
– Калi табе, бабуля, холадна, злазь унiз ды пагрэйся.
Яна адказала:
– Не, твае звяры мяне ўкусяць.
А ён кажа:
– Яны не крануць цябе.
Тады яна крыкнула:
– Я скiну табе дубчык, ты ўдар iх тым дубчыкам i яны тады не крануць мяне.
Пачуў гэта паляўнiчы, але бабульцы не паверыў ды кажа:
– Сваiх звяроў я лупцаваць не стану, злазь унiз, бо iнакш я цябе сам сцягну.
– Бач чаго захацеў! Усё адно ты са мной не ўправiшся!
Але ён адказаў:
– Сама не пойдзеш, дык дастану цябе куляй.
А яна кажа:
– Страляй, я тваiх куляў не баюся.
Прыклаў ён да пляча стрэльбу, стрэлiў у яе, але вядзьмарка была супроць свiнцовых куляў зачараваная i крыкнула:
– Табе ў мяне не патрапiць!
Тут паляўнiчы сцямiў, сарваў са сваёй курткi тры срэбныя гузiкi ды зарадзiў iмi стрэльбу, бо супроць iх яе вядзьмарства сiлы не мела. Калi ён стрэлiў, яна адразу ж паляцела з енкам унiз. Ён наступiў на яе нагой ды кажа:
– Старая вядзьмарка, калi ты зараз жа не прызнаешся, дзе мой брат, я схаплю цябе ды кiну ў вогнiшча.
Дужа спалохалася вядзьмарка, пачала прасiць лiтасцi ды кажа:
– Ён ляжыць са сваiмi звярмi ператвораны ў камень, у ямiне.
Тады ён прымусiў яе пайсцi з iм разам, прыгразiў ёй ды сказаў:
– Цяпер ты, старая малпа, вернеш жыццё майму брату i ўсiм, хто ляжыць з iм разам, а iнакш трапiш у вогнiшча.
Узяла вядзьмарка дубчык, дакранулася да камянёў – i адразу ж ажылi брат са звярмi ды шмат iншых людзей, купцоў, рамеснiкаў, пастухоў. Яны пачалi дзякаваць яму за сваё вызваленне i падалiся потым па дамах. А браты-блiзняты, убачыўшы адзiн аднаго, пачалi цалавацца, i вялiкая была ў iх радасць на сэрцы. Схапiлi яны потым вядзьмарку, звязалi яе ды кiнулi ў вогнiшча; i толькi яна згарэла, ачысцiўся лес сам сабою, стаў светлы ды такi празрысты, што можна было бачыць каралеўскi замак за тры гадзiны ходу адтуль.
Накiравалiся два браты дадому, i па дарозе распавялi кожны адзiн аднаму пра свой лёс. Калi малодшы брат расказваў, што ён спадчыннiк усяго каралеўства, старэйшы кажа яму:
– Гэта я адразу зразумеў: калi я прыйшоў у горад, мяне прынялi за цябе i пачалi ўшаноўваць мяне па-каралеўску, маладая каралева прыняла мяне за свайго мужа i давялося мне сядзець за сталом з ёю побач ды спаць з ёю разам на тваiм ложку.
Як пачуў гэта малодшы брат, так зараўнаваў ды ўгнявiўся, што выхапiў меч i адсек брату галаву. Але калi ён убачыў, што той ляжыць мёртвы ды цячэ яго чырвоная кроў, ён моцна аб гэтым пашкадаваў.
– Мой брат вызвалiў мяне ад чарадзейства, – усклiкнуў ён, – а я яго за гэта забiў! – I ён горка заплакаў.
Але да яго падышоў заяц i прапанаваў прынесцi корань жыцця; ён паскакаў ды прынёс яго якраз своечасова. Мёртвы ажыў i нават раны сваёй не заўважыў.
Потым яны падалiся далей, i сказаў малодшы брат:
– Ты выглядаеш гэтак жа, як я, на табе гэткiя каралеўскiя ўборы, i ўслед за табой, гэтак жа як i за мной, iдуць звяры. Давай увойдзем у розныя брамы ды з'явiмся да старога караля адначасова.
Яны рассталiся, i вось да старога караля прыйшла ў адзiн i той жа час варта абедзвюх брамаў i далажыла, што малады кароль, маўляў, вярнуўся са сваiмi звярмi з палявання.
Сказаў тады кароль:
– Гэтага быць не можа, бо ад адной брамы да другой ходу будзе не меней за гадзiну.
Але ў гэты самы час з двух розных бакоў прыбылi на каралеўскi двор два браты ды ўвайшлi ў замак. Спытаўся тады кароль у сваёй дачкi:
– Скажы, якi ж з двух твой муж? Яны абодва падобныя адзiн да аднаго, – я гэтага зразумець анiяк не магу.
Але яна так спалохалася, што не магла нiчога растлумачыць. Раптам яна заўважыла каралi, якiя раздала звярам, i ўбачыла на адным з iльвоў свой залаты замочак i з радасцi выгукнула:
– Той, за кiм iдзе гэты леў, i ёсць мой сапраўдны муж!
Засмяяўся малады кароль ды сказаў:
– Так, i сапраўды я сапраўдны.
I яны паселi разам усе за стол, пачалi есцi ды пiць i былi радасныя ды вясёлыя.
Увечары, калi малады кароль клаўся ў ложак, спыталася ў яго жонка:
– Ты навошта ў мiнулыя ночы клаў заўсёды ў наш ложак навостраны меч? Я думала, што ты хацеў мяне забiць.
I даведаўся ён тады, якi адданы быў яму брат.
БЕЛАЯ ЗМЯЯ
Даўным-даўно жыў на свеце кароль, i быў ён славуты па ўсёй зямлi сваёй мудрасцю. Усё было яму вядома, быццам хто цераз паветра перадаваў яму звесткi аб самых патаемных рэчах. Але быў у яго дзiўны звычай: кожнага паўдня, калi ўсё са стала прыбiралi i нiкога старонняга не заставалася, прыносiў яму надзейны слуга яшчэ адно блюда. Аднак было яно прыкрыта, i нават слуга, i той не ведаў, што знаходзiцца на гэтым блюдзе; i не ведаў аб тым нiводзiн чалавек, таму што кароль адкрываў блюда i прыступаў да яды толькi тады, калi заставаўся абсалютна адзiн.
Так паўтаралася працяглы час, але вось аднойчы адолела слугу цiкаўнасць, ён не мог з сабой нiчога зрабiць i занёс блюда ў свой пакой. Ён прычынiў як належыць дзверы, падняў з блюда вечка, бачыць – ляжыць там белая змяя. Глянуў ён на яе i не мог стрымацца, каб яе не пасмакаваць; ён адрэзаў кавалак i паклаў яго ў рот. I толькi ён дакрануўся да яго языком, як зараз жа пачуў каля акна дзiўны шэпт пяшчотных галасоў. Ён падышоў блiжэй, прыслухаўся – бачыць, што гэта размаўляюць памiж сабой вераб'i i апавядаюць адзiн аднаму ўсялякую ўсячыну, бачаную iмi на полi i ў лесе: смак змяiнага мяса даў яму магчымасць разумець птушыную мову.
I вось здарылася, што акурат у гэты дзень у каралевы прапаў яе самы прыгожы пярсцёнак, i падазрэнне выпала на гэтага блiжэйшага слугу, якi меў усюды доступ. Кароль клiкнуў слугу i пачаў яму гразiцца, усяляк яго лаючы, што калi ён да ранiцы не назаве вiнаватага, то будзе прызнаны злодзеем i аддадзены пад суд. Але нiчога не дапамагло, слуга настойваў на сваёй невiнаватасцi, i яго адпусцiлi з тым жа рашэннем. Са страхам i хваляваннем выйшаў ён на двор i пачаў разважаць, як яму з бяды выблытацца. А сядзелi каля ручая цiхамiрна ды радком качкi i адпачывалi; яны чысцiлi i прыгладжвалi сябе дзюбамi i вялi памiж сабой размову. Слуга спынiўся i пачаў прыслухоўвацца. А расказвалi качкi адна адной, дзе яны сёння ранiцай былi, дзе плавалi, якi знайшлi корм; i вось адна кажа з прыкрасцю:
– У мяне такi цяжар у страўнiку, я ў спешцы праглынула пярсцёнак, якi ляжаў пад акном каралевы.
Схапiў слуга качку зараз жа за шыю, прынёс яе на кухню i кажа кухару:
– Зарэж мне гэтую качку, бачыш – якая яна тлустая.
– Ага, – сказаў кухар, узважваючы яе на руцэ, – яна, што i казаць, добра адкармiлася, пастаралася, вiдаць, i даўнютка чакае, каб яе засмажылi.
Ён адсек ёй галаву i пачаў яе патрашыць, i вось знайшоўся ў яе страўнiку пярсцёнак каралевы. I мог цяпер слуга лёгка даказаць каралю сваю невiнаватасць; а паколькi каралю хацелася загладзiць сваю несправядлiвасць, то ён дазволiў яму што-небудзь у яго папрасiць i абяцаў самую ганаровую пасаду пры двары, якую ён толькi пажадае.
Але слуга ад усяго адмовiўся i папрасiў толькi каня i грошай на дарогу, хацелася яму свет пабачыць i нейкi час павандраваць. Яго просьба была выканана, i ён рушыў у шлях-дарогу.
Аднойчы, праязджаючы паўз возера, убачыў ён трох рыбiн, якiя захраснулi ў чароце i старалiся выбрацца да вады. Хаця i кажуць, што рыбы быццам бы нямыя, але слуга пачуў iх скаргу, што вось даводзiцца iм зараз гiнуць такой нiкчэмнай смерцю. А было ў яго сэрца жаласлiвае, – ён нагнуўся з каня i кiнуў трох палоннiц назад у возера. Пачалi яны з радасцi трапятацца, высунулi з вады галовы i мовiлi яму:
– Мы гэтага табе не забудзем i аддзячым цябе за тое, што ты выратаваў нам жыццё.
Паехаў ён далей; i неўзабаве яму падалося, быццам ля самых яго ног на пяску чуецца чыйсьцi голас. Ён пачаў прыслухоўвацца i пачуў, як цар мурашыны скардзiўся:
– Хоць бы пакiнулi нас людзi ў спакоi, а заадно i няўклюдныя жывёлы!
I ён збочыў з дарогi, i тады сказаў яму цар мурашыны:
– Мы гэтага табе не забудзем i аддзячым цябе за гэта.
Далей прывяла яго дарога ў лес, i ўбачыў ён там дзвюх варон, яны стаялi каля гнязда i выкiдвалi адтуль сваiх птушанят.
– Прэч, адсюль, шалапуты вы гэтакiя! – крычалi яны. – Вас цяпер не накормiш, вы ўжо дастаткова выраслi i можаце самi сябе пракармiць.
Бедныя вараняты ляжалi на зямлi i, спрабуючы падняцца, размахвалi крылцамi i крычалi:
– Але ж мы бездапаможныя птушаняткi, мы лётаць яшчэ не ўмеем! Зараз нам адно застаецца – памерцi з голаду.
Злез тады добры хлопец з каня, забiў яго шпагай i пакiнуў яго на пракорм маладым варанятам. Яны падскочылi, наелiся дасыта i закрычалi:
– Мы гэтага нiколi не забудзем i дапаможам табе ў бядзе!
Давялося цяпер хлопцу iсцi пяшком; прайшоў ён нямала доўгiх шляхоў i дарог, пакуль трапiў нарэшце ў сталiцу. I былi там на вулiцах вялiкi шум i мiтусня; i з'явiўся вершнiк i абвясцiў пры народзе:
– Каралеўна шукае сабе мужа, i хто хоча за яе пасватацца, той павiнен спярша выканаць цяжкую задачу; а хто не зможа з ёю ўдала справiцца, той паплацiцца жыццём.
Багата людзей ужо спрабавала выканаць гэта, але толькi дарэмна з жыццём сваiм развiталася. Аднак, калi хлопец убачыў каралеўну, ён быў так аслеплены яе нявыказанай прыгажосцю, што забыў пра ўсялякую небяспеку, прыйшоў да караля i аб'явiў сябе яе жанiхом.
Яго прывялi зараз жа на марскi бераг, i быў кiнуты ў мора на вачах у яго пярсцёнак, i кароль загадаў яму дастаць гэты пярсцёнак з дна мора i дадаў:
– А калi ты вернешся назад без яго, дык будуць цябе скiдваць увесь час у ваду, пакуль ты не патонеш у хвалях.
Усе пашкадавалi прыгожага хлопца i пакiнулi яго аднаго каля мора. Стаяў ён на беразе i разважаў, што яму зараз рабiць. Раптам бачыць – падплываюць да яго тры рыбiны, то былi тыя самыя, якiм ён выратаваў жыццё. I трымала сярэдняя ў роце ракавiну, яна паклала яе на бераг да ног юнака. Ён падняў ракавiну, адкрыў яе, i ляжаў там залаты пярсцёнак. Радасны, прынёс ён яго каралю i чакаў, што той дасць яму абяцаную ўзнагароду. Але калi ганарлiвая каралеўна пачула, што ён просты слуга, адмовiла яму i патрабавала, каб выканаў ён спачатку другую задачу. Яна спусцiлася ў сад i рассыпала там на траве дзесяць вялiкiх мяшкоў проса.
– Да ранiцы, перш чым падымецца сонца, ты павiнен мне гэта ўсё проса выбраць, – сказала яна, – ды так, каб нiводнае зернейка не прапала.
Сеў хлопец у садзе i пачаў разважаць, як выканаць яму такую задачу, але нiчога прыдумаць не мог i сядзеў зажураны i чакаў, што з надыходам ранiцы яго пакараюць смерцю. Але вось заззялi ў садзе першыя промнi сонца, i ён убачыў, што ўсе дзесяць мяшкоў поўныя проса, i стаяць усе ў рад, i не прапала пры гэтым нiводнага зернейка. З'явiўся ноччу цар мурашыны са сваiмi тысячамi мурашоў, i ўдзячныя насякомыя з вялiкiм стараннем выбралi проса i ссыпалi яго ў мяшкi.
Вось спусцiлася сама каралеўна ў сад i ўбачыла на сваё здзiўленне: хлопец зрабiў тое, што было яму даручана. Але яна не магла адолець сваю пыхлiвасць i сказала:
– Хаця ён i выканаў абедзве задачы, але не стаць яму маiм мужам перш, чым не прынясе ён мне яблык з дрэва жыцця.
Хлопец не ведаў, дзе расце дрэва жыцця; але ён выправiўся ў шлях-дарогу i вырашыў шукаць яго да таго часу, пакуль ногi будуць iсцi, аднак у яго не было нiякай надзеi тое дрэва знайсцi. Вось абышоў ён ужо тры каралеўствы i зайшоў пад вечар у лес. Сеў пад дрэвам, i захацелася яму спаць, – але ён пачуў у галiнах шолах, i ўпаў яму ў рукi залаты яблык. А тут зляцелi да яго ўнiз тры вароны, селi яму на каленi i сказалi:
– Мы тры маладыя вараняцi, якiх ты выратаваў ад галоднай смерцi. Мы цяпер выраслi i, калi пачулi, што ты шукаеш залаты яблык, прыляцелi з-за мора, даляцелi да самага краю зямлi, дзе расце дрэва жыцця, i прынеслi табе гэты яблык.
Дужа зарадаваўся хлопец i рушыў у зваротны шлях, i прынёс прыгажунi каралеўне залаты яблык; i ўжо цяпер ёй адмаўляцца было немагчыма: яны раздзялiлi яблык жыцця i з'елi яго ўдваiх; i напоўнiлася яе сэрца да яго каханнем, i дажылi яны ў цiхамiрным шчасцi да самай глыбокай старасцi.
ЗАЛАТАЯ ГУСЬ
Жыў-быў чалавек. Было ў яго тры сыны, звалi малодшага Дурнем; iм пагарджалi, смяялiся з яго i заўсёды крыўдзiлi. Сабраўся аднаго разу старэйшы сын iсцi ў лес – дровы сячы, i дала яму мацi на дарогу смачны здобны пiрог i бутэльку вiна, каб не ведаў ён нi голаду, нi смагi. Ён прыйшоў у лес i вось сустрэў там старога сiвога чалавечка. Павiтаўся з iм чалавечак i кажа:
– Дай мне кавалак пiрага, што ў цябе ў кiшэнi, i глыток вiна – я вельмi прагаладаўся i хачу пiць.
Але разумны сын адказаў:
– Калi я аддам табе свой пiрог ды вiно, то мне самому нiчога не застанецца. Iдзi сваёй дарогай.
Так i застаўся чалавечак нi з чым, а разумны сын пайшоў сабе далей. Вось пачаў ён сячы дрэва; стукнуў сякерай ды патрапiў сабе прама па руцэ, давялося яму дамоў вяртацца i рабiць сабе перавязку. А выйшла ўсё з-за таго сiвога чалавечка.
Потым пайшоў у лес сярэднi сын, i дала яму мацi, як i старэйшаму сыну, здобны пiрог i бутэльку вiна. Яму таксама сустрэўся стары сiвы чалавечак i папрасiў у яго кавалак пiрага i глыток вiна. Але i сярэднi сын, таксама разумны, адказаў: