Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 15 страниц)
– Я хачу ажанiцца на сваёй дачцэ, яна зусiм падобная на маю нябожчыцу жонку, а ў свеце больш няма на яе падобных.
Пачулi гэта дарадчыкi, спалохалiся i кажуць:
– Богам забаронена жанiцца бацьку на сваёй дачцэ, ад такога грэху нiчога людскага не будзе, а заадно спасцiгне бяда i ўсё каралеўства.
А больш за ўсiх напалохалася дачка, даведаўшыся аб такiм рашэннi бацькi, але яна спадзявалася адгаварыць яго ад гэтай задумы, i яна сказала яму:
– Перш чым выканаць вашы жаданнi, я павiнна атрымаць ад вас тры сукенкi: адну залатую, як сонца, другую – срэбную, як месяц, а трэцюю – зiхоткую, як зоры; акрамя таго хачу я мець мантыю, пашытую з тысячы розных шкурак i аўчынак, i каб з кожнага звера каралеўства нашага было на ёй па куску шкуры. Яна думала: "Усяго гэтага дабыць немагчыма, i я пазбаўлю бацьку ад гэтых дурных думак". Але кароль, аднак, задумы сваёй не пакiнуў; самыя ўмелыя дзяўчаты каралеўства павiнны былi выткаць тры сукенкi: адну – залатую, як сонца, другую срэбную, як месяц, а трэцюю – зiхоткую, як зоры; а каралеўскiм паляўнiчым загадана было злавiць самых розных звяроў у каралеўстве i выразаць у кожнага з iх па куску шкуры. I вось была гатова мантыя з тысячы розных шкурак i аўчынак. Нарэшце, калi ўсё было гатова, загадаў кароль прынесцi яму мантыю; ён разгарнуў яе перад дачкаю i сказаў:
– Заўтра быць вяселлю.
Зразумела тады каралеўна, што няма нiякай надзеi пераканаць бацьку, i яна вырашыла бегчы. Ноччу, калi ўсё навокал спала, яна ўстала i ўзяла са сваiх каштоўнасцяў толькi тры рэчы: залаты пярсцёнак, залатое вераценца i маленькае залатое матавiла; а тры сукенкi, як сонца, месяц i зоры, яна схавала ў арэхавую шкарлупку; апранула мантыю з тысячы розных шкурак i вымазала сабе твар i рукi сажай. Яна даверылася волi божай i адправiлася ў дарогу. Iшла яна ўсю ноч, пакуль не прыйшла ў дрымучы лес. Яна вельмi стамiлася, прыгледзела дупло дрэва i там заснула.
Узышло сонца, а яна ўсё працягвала спаць, пакуль не ўсталяваўся ясны дзень. I здарылася якраз так, што кароль, якому належыў лес, у гэты час паляваў у iм. Падбеглi каралеўскiя сабакi да дрэва, учулi каралеўну, пачалi бегаць вакол дрэва i брахаць. Сказаў тады кароль егерам:
– Паглядзiце, што там за дзiчына схавалася.
Егеры выканалi яго загад, вярнулiся назад i кажуць:
– Ляжыць у дупле дрэва дзiўны звер, мы такога яшчэ нi разу не бачылi; пакрыты звер поўсцю з тысячы розных шкурак, ляжыць i спiць.
Кароль iм кажа:
– Вы паспрабуйце злавiць мне гэтага звера жывым, прывяжыце яго да калёс i вазьмiце з сабой.
Але толькi егеры дакранулiся да дзяўчыны, яна тут жа прачнулася, спалохалася i кажа iм:
– Я бедная дзяўчына бацькам i мацi пакiнутая. Змiлуйцеся нада мной, вазьмiце мяне з сабой!
I сказалi тады егеры:
– Ды ты якраз спатрэбiшся на кухнi, пойдзем з намi, будзеш там попел выграбаць.
Пасадзiлi яны дзяўчыну ў калёсы i адвезлi з каралеўскi замак.
Знайшлi дзяўчыне невялiкi закутак пад лесвiцай, дзе i святла не было, сказалi:
– Звярок, вось тут ты будзеш жыць i спаць.
Потым яны паслалi яе на кухню, i яна пачала насiць дровы i ваду, сачыць за печкай, абскубваць птушак, чысцiць розную гароднiну, попел выграбаць i выконваць усялякую чорную работу.
Так жыла Дзiкунка доўгi час у горы ды бядзе. Ах, цудоўная каралеўна, што яшчэ з табой будзе!
Вось здарылася так, што наладзiлi аднойчы ў замку баль, i кажа яна тады повару:
– Можна мне падняцца наверх i крыху паглядзець? Я буду стаяць ля дзвярэй. Повар адказаў:
– Добра ўжо, iдзi, ды толькi праз паўгадзiны ты павiнна вярнуцца назад i прыбраць попел.
Узяла яна сваю масляную лямпачку, пайшла да сябе з каморку, зняла мантыю, змыла з твару i рук сажу, i вярнулася да яе зноў былая прыгажосць. Потым адчынiла яна арэшак i дастала адтуль сваю сукенку, што ззяла, як сонца. Яна адзелася i паднялася наверх у замак; усе ўступалi ёй дарогу, яе нiхто не пазнаў, i ўсе думалi, што не iнакш як з'явiлася якаясьцi каралеўна. Выйшаў да яе насустрач кароль, працягнуў ёй руку, пачаў з ёй танцаваць, думаючы сабе: "Такой прыгажунi я яшчэ нiколi не бачыў". Вось закончыўся танец, яна пакланiлася, i не паспеў кароль азiрнуцца, як яна знiкла, i нiхто не ведаў куды. Паклiкалi вартаўнiкоў, што стаялi ля замка, спыталiся ў iх, але нiхто яе не бачыў.
А забегла яна да сябе ў каморку, хуценька зняла сукенку, вымазала твар i рукi сажай, апранула мантыю, i зноў сталася Дзiкункай. Прыйшла яна на кухню, хацела ўзяцца за работу – выграбаць попел, а повар i кажа:
– Гэта ты адкладзi да заўтра, а звары зараз для караля суп, мне таксама хочацца зазiрнуць наверх. Ды глядзi мне, каб нi адна валасiнка ў суп не трапiла, а то потым я не дам табе нiчога есцi.
Повар пайшоў; i зварыла Дзiкунка каралю суп; наварыла яна хлебнай сёрбанкi, пастаралася згатаваць яе як найлепш, i, калi страва зварылася, яна ўзяла свой залаты пярсцёнак i апусцiла яго ў мiску. Вось кончылiся танцы, i загадаў кароль прынесцi яму суп, i ён так яму прыйшоўся даспадобы, што, здалося, лепшага нiколi ў жыццi i не еў. Даеў ён сваю мiску – i ўбачыў на дне залаты пярсцёнак, i нiяк не мог зразумець, як ён туды трапiў. Загадаў ён тады паклiкаць повара. Спалохаўся повар, пачуўшы пра такi загад, i кажа Дзiкунцы:
– Ты, напэўна, у суп абранiла валасiнку; калi гэта праўда, я цябе паб'ю.
Прыходзiць повар да караля, а кароль у яго пытаецца, хто гэты суп варыў?
– Я яго варыў, – адказвае повар.
А кароль кажа:
– Не, гэта няпраўда, ён звараны па-iншаму i куды лепш, чым раней.
I кажа повар:
– Я павiнен прызнацца, што варыў яго не я, а варыла яго Дзiкунка.
I сказаў кароль:
– Iдзi i паклiч яе мне сюды.
Прыйшла Дзiкунка, а кароль у яе пытаецца:
– Ты хто такая?
– Я бедная сiрата, няма ў мяне нi бацькi, нi мацi.
Пытаецца кароль зноў:
– А ты кiм ў мяне ў замку працуеш?
Яна адказвае:
– Ды я нiчога не ўмею, хiба толькi здзекi цярпець.
Пытаецца кароль зноў:
– А дзе ты ўзяла пярсцёнак, што апынуўся ў супе?
I яна адказвае:
– Пра гэты пярсцёнак я нiчога не ведаю.
Так i не змог кароль нiчога ўведаць, i давялося яму назад яе адсылаць.
Праз якi час быў наладжаны новы баль, i Дзiкунка папрасiла ў повара дазволу, як i ў мiнулы раз, пайсцi наверх i паглядзець. Повар адказаў:
– Добра, але глядзi, праз паўгадзiны вяртайся назад, ды звары каралю хлебнай сёрбанкi, якая яму так прыйшлася да смаку.
Пабегла яна ў сваю каморку, хутка памылася, дастала з арэхавай шкарлупкi сукенку, што была срэбная, як месяц, i надзела яе. Паднялася яна наверх у замак i была падобная на каралеўну. Выйшаў да яе насустрач кароль, быў рады бачыць яе зноў, i якраз у гэты час пачынаўся танец, – i яны танцавалi разам. Але толькi танец скончыўся, яна знiкла так хутка, што кароль не паспеў заўважыць, куды яна падзелася. А яна забегла да сябе ў каморку, сталася зноў Дзiкункай i пайшла на кухню варыць хлебную сёрбанку. А повар быў на версе; i вось яна дастала залатое вераценца, кiнула ў мiску i налiла туды сёрбанкi. Падалi яе каралю, i ён яе еў, i сёрбанка яму спадабалася, як i ў мiнулы раз; загадаў кароль паклiкаць повара, i давялося яму i на гэты раз прызнацца, што суп варыла Дзiкунка. Паклiкалi Дзiкунку зноў да караля, але яна адказала, што адно толькi ўмее – гэта цярпець здзекi ды пабоi i што пра залатое вераценца ёй нiчога невядома.
Наладзiў кароль i ў трэцi раз баль, i атрымалася ўсё гэтак жа, як i раней. I хоць повар сказаў:
– Дзiкунка, ты, напэўна, ведзьма, магчыма, у суп штосьцi падсыпаеш, ад чаго ён робiцца такiм смачным i падабаецца каралю больш, чым той, якi вару я.
Але яна доўга яго ўпрошвала, i нарэшце ён адпусцiў яе на паўгадзiны паглядзець на баль. Надзела яна сукенку, што ззяла, як зоры, i пайшла ў залу. I зноў кароль танцаваў з прыгажуняй, яму здавалася, што яна нiколi яшчэ не была такой прыгожай. У час танцу надзеў ён ёй незаўважна на палец залаты пярсцёнак i загадаў, каб танцы працягвалiся даўжэй. Скончыўся танец, i ён хацеў утрымаць яе за руку, але яна вырвалася i тут жа згубiлася сярод гасцей. Пабегла яна хуценька ў сваю каморку пад лесвiцай, але паколькi яна прабыла ў замку больш чым паўгадзiны, то не паспела зняць з сябе цудоўную сукенку, а ахiнулася толькi ў мантыю i не змагла ў спешцы вымазацца ўся ў сажу, i вось адзiн палец застаўся ў яе белым. Прыбегла Дзiкунка на кухню, зварыла каралю хлебную сёрбанку i, толькi повар выйшаў, паклала ў яе залатое матавiла. Убачыў кароль залатое матавiла на дне мiскi i загадаў паклiкаць Дзiкунку. I раптам ён убачыў у яе белы палец, а на пальцы залаты пярсцёнак, якi ён падарыў ёй у час танцаў. Схапiў ён яе руку i моцна зацiснуў, i толькi яна паспрабавала вырвацца i пабегчы, раптоўна расхiнулася шыкоўная мантыя i заззяла на ёй зорная сукня. Схапiў кароль мантыю i сарваў яе з плеч. I тут ён убачыў залатыя валасы, i яна з'явiлася перад iм ва ўсёй сваёй прыгажосцi, – нiяк нельга было ёй ужо схавацца. А калi яна змыла з твару сажу i попел, то сталася яна прыгажуняй, i падобнай красы нiхто ў свеце яшчэ не бачыў.
I сказаў кароль:
– Ты мая нарачоная i мы назаўсёды з табой будзем разам.
А потым i вяселле згулялi, i жылi яны ў шчасцi i радасцi да самай смерцi.
МАЛАДЫ ВЕЛIКАН
У аднаго селянiна быў сын ростам з мезены палец. Праходзiў год за годам, а хлопчык не рос, усё заставаўся такiм жа маленькiм.
Вось аднойчы сабраўся бацька поле араць, а сын i гаворыць яму:
– Бацька, вазьмi мяне з сабой.
– Што ты, – кажа бацька, – заставайся лепш дома: ты такi маленькi, глядзiш, i згубiшся.
А сын гаворыць:
– Не, я не згублюся, вазьмi мяне з сабой.
Ну што тут рабiць? Запхнуў яго бацька сабе ў кiшэню i паехаў на поле.
Вось прыехалi яны на поле. Пачаў бацька зямлю араць, а сына пасадзiў у свежую баразну.
Бацька арэ, а сын па баразне гуляе.
Раптам выходзiць з-за гары велiкан.
– Бачыш велiкана? – гаворыць бацька сыну. – Глядзi, далёка не адыходзься, а то ўбачыць цябе велiкан i забярэ з сабою.
Так i здарылася. Велiкан зрабiў два крокi i апынуўся ля той самай баразны, па якой гуляў хлопчык.
Нахiлiўся над iм велiкан, падняў яго асцярожна двума пальцамi, агледзеў з усiх бакоў, потым запхнуў сабе ў кiшэню i пайшоў.
Бацька так перапалохаўся, што слова вымавiць не мог.
"Прапаў, – думае, – мой сын, нiколi мне больш яго не ўбачыць. Чаму толькi я яго з сабой на поле ўзяў?"
А велiкан занёс хлопчыка да сябе ў горы i пачаў яго там кармiць горнымi арэхамi са свайго саду. Хто гэтых арэхаў паесць, той велiканам стане.
Два гады жыў хлопчык у велiкана, два гады лускаў арэхi i з кожным днём рабiўся вышэйшым i дужэйшым.
I вось вырашыў нарэшце велiкан выпрабаваць сiлу хлопчыка.
Павёў ён яго ў лес i сказаў:
– Ану, пакажы сваю сiлу.
Хлопчык схапiў дзвюма рукамi маладое дрэўца i вырваў яго з коранем.
– Не, – гаворыць велiкан, – вiдаць, ты мала сiлы набраўся. Трэба табе яшчэ ў мяне пажыць, яшчэ арэхаў паесцi.
Зноў прайшлi два гады. I зноў павёў велiкан хлопчыка ў лес.
На гэты раз хлопчык вырваў з зямлi старое дрэва з тоўстымi i доўгiмi каранямi.
Але i тут велiкан сказаў:
– Не, мала яшчэ ў цябе сiлы, iдзём дамоў.
I яшчэ два гады пражыў хлопчык у велiкана. Арэхi еў, сiлы набiраўся. I так вырас за гэты час, што стаў ужо не хлопчыкам, а маладым велiканам. Трэцi раз пайшлi яны ў лес.
– Ану, пакажы сваю сiлу, – сказаў яму велiкан.
Хлопчык паглядзеў навокал, выбраў самы тоўсты дуб i пачаў вырываць яго з коранем. Па ўсiм лесе i трэск пайшоў, калi ён цягнуў дрэва з зямлi.
– Вось цяпер у цябе сiлы даволi, – сказаў яму велiкан i павёў на тое ж самае поле, адкуль прынёс хлопчыка шэсць гадоў таму назад.
А бацька хлопчыка, як i шэсць гадоў таму назад, араў у гэты час зямлю.
Раптам падходзiць да яго малады велiкан i гаворыць:
– Дзень добры, бацька. Бачыш, якiм малайцом я стаў.
Бацька спалохаўся.
– Што ты, – гаворыць, – я цябе не ведаю, iдзi сваёй дарогай.
А малады велiкан кажа:
– Не, я твой сын. Дай ты мне паараць, я не горш за цябе спраўлюся.
Не верыць бацька.
– Зусiм ты не мой сын, – гаворыць. – Iдзi адсюль, ты мне ўсё поле стопчаш.
А велiкан стаiць i не з месца.
Кiнуў тады бацька плуг, адышоўся ўбок i сеў на камень.
Ухапiўся малады велiкан за плуг, нацiснуў на яго злёгку адной рукой, ды так, што ўвесь плуг у зямлю ўвайшоў.
Разгневаўся бацька.
– Гэй, – крычыць, – што ты робiш? Хiба так аруць? Ты плуг паломiш!
Тады малады велiкан выпраг коней, а сам упрогся замест iх. А бацьку крыкнуў:
– Iдзi ты дамоў ды загадай мацi ежы пабольш нарыхтаваць, пакуль я тут поле ару!
Бацька махнуў рукой i пайшоў дамоў. Малады велiкан хутка ўзараў усё поле. Потым упрогся ў дзве бараны i iмгненна забаранаваў яго. А калi закончыў працу, вырваў на ўзлессi два дубы з каранямi, узвалiў iх сабе на плечы i падвесiў да iх верхавiн i каранёў плуг, коней,i бароны.
Прыходзiць ён у двор да сваiх бацькоў. А мацi глядзiць на яго i не пазнае.
– Хто гэты страшны велiкан, якi нясе нашых коней? – пытаецца яна ў бацькi.
– Гэта наш сын, – адказвае ёй бацька.
– Што ты, – гаворыць мацi. – Хiба наш сын такi быў? Наш быў маленькi.
А сын паставiў коней у канюшню, даў iм аўса i сена, а плуг i бароны занёс у хлеў. Потым гаворыць мацеры:
– Матуля, я прагаладаўся. Цi няма ў цябе чаго-небудзь паесцi?
– Зараз, – гаворыць мацi, – прынясу.
Прынесла яна дзве вялiкiя мiсы бульбы. Ёй з бацькам хапiла б гэтага на восем дзён, а сын праглынуў усю бульбу зараз i яшчэ папрасiў. Дала яму мацi поўны кацёл свiнiны. Ён i свiнiну з'еў, а ўсё яшчэ галодны.
– Ну, – кажа ён бацьку i мацi, – бачу я, не пракармiць вам мяне. Дайце мне жалезны кiй, ды такi моцны, каб яго аб калена зламаць я не мог. I пайду я з гэтым кiем па свеце вандраваць.
Пайшоў бацька ў кузню i заказаў яму вялiкi жалезны кiй.
Выкаваў каваль кiй, ды такi доўгi i цяжкi, што яго двое коней ледзь прывезлi.
Узяў яго велiкан за абодва канцы, упёрся ў сярэдзiну каленам – кiй трэснуў i зламаўся.
Тады бацька запрог дзве пары коней i паехаў у кузню па новы кiй.
Яшчэ таўсцейшы новы кiй, яшчэ цяжэйшы.
А велiкан i гэты кiй зламаў аб калена.
Запрог тады бацька чатыры пары коней. Ледзь дацягнулi яны дамоў трэцi кiй.
А сын узяў яго, зламаў i кажа:
– Бачу, бацька, не здабыць табе для мяне добрага кiя. Прыйдзецца мне без яго вандраваць.
Развiтаўся ён з бацькамi i пайшоў з дому. Iшоў дзень, iшоў другi, а на трэцi дзень дабраўся да адной вёскi, дзе стаяла вялiкая кузня.
Гаспадар гэтай кузнi быў багаты i скупы каваль. Зайшоў малады велiкан у кузню i кажа:
– Цi не патрэбны табе, гаспадар, работнiк?
– Што ж, – кажа каваль, – работнiк мне патрэбны. А цi многа ты за работу просiш?
– Не, – адказвае малады велiкан. – Мне грошы зусiм не патрэбны, я дарма буду працаваць. Толькi кожныя два тыднi буду табе па два выспяткi даваць. Згодзен?
Абрадаваўся скупы каваль. Думае – выспятак не бяда, былi б грошы цэлыя.
– Згодзен, – гаворыць, – заставайся ў мяне.
Выцягнуў каваль з горна раскаленую паласу жалеза, а малады велiкан як стукне па ёй молатам – жалеза, нiбы шкло, рассыпалася, а кавадла ў зямлю ўвайшло.
Разгневаўся каваль.
– Што гэта ты, – гаворыць, – разбойнiк, робiш? Хiба можна так бiць? Кажы, колькi хочаш за гэты ўдар атрымаць, ды iдзi адсюль хутчэй.
– Грошы твае мне не патрэбны, – гаворыць малады велiкан. – Расплачвайся, як абяцаў.
Даў ён гаспадару выспятка, i паляцеў гаспадар, як пёрка, – праз чатыры стагi сена пераляцеў.
А малады велiкан знайшоў сабе ў кузнi тоўсты жалезны кiй i пайшоў далей.
Iшоў ён, iшоў i прыйшоў нарэшце да варот багатай сядзiбы.
На шырокiм двары стаяў сам памешчык.
Малады велiкан пакланiўся яму i кажа:
– Цi не патрэбны табе работнiк?
– Работнiк мне патрэбны, – адказвае памешчык, – але цi шмат ты за год грошай хочаш?
– Грошы мне не патрэбны, – кажа малады велiкан. – Вось папрацую я ў цябе год i дам табе тры выспяткi, i не болей.
А памешчык скупы быў, яшчэ скупейшы за каваля. Абрадаваўся ён, што грошай плацiць не прыйдзецца, i кажа:
– Я згодзен.
На другi дзень паслаў памешчык усiх сваiх работнiкаў у лес па дровы. Сабралiся работнiкi, запрэглi коней, а малады велiкан яшчэ спiць.
Упраўляючы падышоў да яго i крычыць на самае вуха:
– Уставай хутчэй! Усе ўжо ў лес паехалi!
– Ну i няхай едуць, – кажа малады велiкан. – А я пасплю ўволю, бо ўсё роўна раней за ўсiх работу закончу.
Пайшоў упраўляючы да памешчыка i пачаў яму скардзiцца:
– Спiць велiкан i на працу iсцi не хоча. Што з iм рабiць?
Тут памешчык сам пайшоў будзiць велiкана.
– Ты чаго валяешся, гультай, уставай хутчэй!
– Добра! – адказвае малады велiкан. – Зараз устану!
Устаў ён, апрануўся не спяшаючыся. Прынёс два мяшкi гароху, зварыў сабе вялiкi чыгун кашы, з'еў усю кашу начыста, а потым запрог коней i пацiху паехаў у лес.
Прыехаў у лес, вырваў з зямлi два вялiзныя дрэвы, кiнуў на воз i павярнуў коней дамоў.
Толькi ўехаў у вароты – насустрач яму памешчык. Глядзiць на яго сярдзiта i кажа:
– Ты чаму так хутка вярнуўся, гультай?
Малады велiкан узяў дрэва адной рукой i паказаў памешчыку.
– Чаго ты, – кажа, – дарэмна лаешся? Тут з аднаго дрэва гара дроў будзе.
Памешчык яму нiчога не адказаў, а дома пахвалiўся жонцы:
– Добры нам работнiк папаўся. Хоць i спiць больш за ўсiх, ды затое i працуе лепш за ўсiх.
Цэлы год пражыў малады велiкан у памешчыка, прыйшоў ён да гаспадара i кажа:
– Ну, гаспадар, плацi за работу – атрымлiвай тры выспяткi.
Спалохаўся памешчык, пачаў прасiць велiкана:
– Не давай ты мне выспяткаў, лепш стань замест мяне памешчыкам, а я буду работнiкам тваiм.
– Не, – адказвае малады велiкан. – Як дамовiлiся, так i расплачвайся. Атрымлiвай выспяткi.
Пачаў яго памешчык угаворваць:
– Пажывi ў мяне, калi ласка, яшчэ два тыднi. Папрацуй яшчэ трошкi.
– Ну, два тыднi – тэрмiн невялiкi, – кажа малады велiкан. – Так i быць, пажыву.
А памешчык сабраў усiх сваiх суседзяў-памешчыкаў, i пачалi яны ўсе разам думаць, як загубiць маладога велiкана. Думалi яны, думалi i прыдумалi.
– Загадай, – кажуць, – маладому велiкану калодзеж вычысцiць. А як спусцiцца ён туды, мы на яго зверху жорны скiнем i заб'ём яго.
Так i зрабiлi.
Палез малады велiкан у калодзеж, а памешчыкi на яго самыя цяжкiя, млынавыя, жорны скiнулi.
"Ну, – думаюць памешчыкi, – цяпер ужо мы забiлi велiкана, цяпер ужо мы ад яго пазбавiлiся!"
А малады велiкан крычыць з калодзежа:
– Гэй, вы, адганiце курэй ад калодзежа! Яны там наверсе грабуцца, а на мяне пясочак сыплецца!
Закончыў велiкан работу i вылез адтуль з жорнамi на шыi.
– Глядзiце, – кажа, – якiя ў мяне каралi.
Зняў ён з сябе жорны i падышоў да памешчыка.
– Ану, – кажа, – гаспадар, плацi спаўна, атрымлiвай выспяткi.
Стукнуў ён яго разок – i ўзляцеў памешчык пад самыя аблокi.
А велiкан пайшоў да жонкi памешчыка.
– Дай жа, – гаворыць, – я i табе заадно выспятка дам, каб мужу твайму аднаму сумна не было.
Памешчыца ад выспятка яшчэ вышэй за памешчыка ўзляцела. Яна трошкi лягчэйшая за яго была. Вось лятаюць жонка i муж пад аблокамi.
Муж кажа:
– Жонка, спускайся да мяне.
А жонка адказвае:
– Не, муж, ты да мяне падымайся.
Муж кажа:
– Не, ты спусцiся, я не магу да цябе падняцца.
А жонка адказвае:
– Не, ты падымiся, я не магу да цябе спусцiцца.
Так яны i да гэтага часу ўсё лятаюць i спрачаюцца. А велiкан узяў свой жалезны кiй i пайшоў далей хадзiць па свеце.
КАРОЛЬ З ЗАЛАТОЙ ГАРЫ
Было ў аднаго купца двое дзяцей, хлопчык i дзяўчынка, i былi яны маленькiя i не ўмелi яшчэ хадзiць. Адправiў аднойчы купец за мора караблi з усiм таварам сваiм, i спадзяваўся шмат грошай з таго займець; але вось прынеслi вестку, што караблi тыя пайшлi на дно, патапiлiся. I зрабiўся ён замест багатага чалавека бедным, застаўся ў яго толькi кавалачак зямлi за горадам. Каб неяк пра гора забыцца, выйшаў чалавек з дому ў поле i там пачаў хадзiць, i раптам з'явiўся перад iм маленькi чорны чалавечак i пытае, чаго ён зажурыўся, якая ў яго самота на сэрцы. Сказаў тады купец:
– Калi б ты мог дапамагчы мне, то расказаў бы я.
– Хто ведае, – кажа чорны чалавечак, – можа, i дапамагу.
Прызнаўся тады купец, што ўвесь ягоны тавар у моры ўтапiўся, i застаўся ў яго толькi гэты кавалачак зямлi.
– А ты не бядуй, – падбадзёрыў чалавечак, – калi ты мне паабяцаеш даставiць сюды, на гэта вось месца, праз дванаццаць гадоў тое, што цябе ў нагу таўкане, то атрымаеш грошай столькi, колькi захочаш.
Падумаў купец: "Ну, гэта, пэўна, мой сабака", – а пра свайго маленькага сына ён забыўся, – i пагадзiўся тады; даў чорнаму чалавечку распiску, пячатку да яе прыклаў i дамоў накiраваў хутчэй.
Вярнуўся купец дадому, а маленькi сын узрадаваўся; пачаў, трымаючыся за лаву, да бацькi прабiрацца i моцна ўчапiўся ў каленi. Спалохаўся бацька, успомнiў пра сваё абяцанне i зразумеў цяпер, чаго ён у полi наабяцаў. А паколькi нiякiх грошай у скрынях, што стаялi ў пакоях, не знайшоў, то падумаў, што чалавечак, мабыць, пажартаваў. Мiнуў месяц, палез купец на гарышча, хацеў разбiраць там стары посуд з волава, каб прадаць яго, як раптам бачыць вялiкую кучу грошай. I радасна-весела зрабiлася яму. Пачаў ён зноў тавары купляць i неўзабаве зрабiўся купцом яшчэ больш важным, чым раней быў, i журбоцiцца яму цяпер нi пра што не даводзiлася. Тым часам сын яго вырас, зрабiўся ён разумным, разважлiвым.
Але чым хутчэй блiзiлiся дванаццаць гадоў, з тае пары, як сустрэў у полi чорнага чалавечка, тым больш неспакойным рабiўся купец, i на ягоным твары ўсё часцей блукаў страх. Вось i пытаецца аднойчы сын у бацькi, што з iм такое. Бацьку не хацелася гаварыць сыну пра ўсё тое, але хлапец так доўга яго ўпрошваў, што нарэшце стары прызнаўся, чаго наабяцаў некалi чорнаму чалавечку i што за гэта атрымаў шмат грошай, i што абяцанне трэба выконваць, бо ў чорнага чалавечка ёсць купцова распiска з пячаткай, i што час расплаты будзе ўжо хутка, як толькi споўнiцца дванаццаць гадоў з тае пары, калi купец хадзiў у поле.
– Вы ўжо, татка, – кажа сын, – не бойцеся, усё будзе добра, чорны чалавечак не мае нада мной сiлы.
Папрасiў сын у святога айца благаславення, i калi наблiзiўся тэрмiн, разам з бацькам выйшаў у поле; намаляваў сын круг i стаў разам з бацькам у сярэдзiну круга. З'явiўся чорны чалавечак i кажа бацьку:
– Ну, цi прынёс ты мне тое, што абяцаў?
Бацька маўчыць, нiчога не кажа, а сын пытае:
– Што табе трэба?
Чорны чалавечак кажа:
– Мне трэба з бацькам тваiм пагутарыць, а не з табой.
Адказаў сын:
– Ты майго бацьку абхiтрыў, абдурыў, вяртай распiску назад.
– Не, – кажа чорны чалавечак, – ад свайго права не адступлюся.
Доўга яны мiж сабой спрачалiся i, нарэшце, дамовiлiся, што сын з гэтага часу належыць нячысцiку, а не роднаму бацьку, i павiнен сын сесцi на караблiк, што стаiць на рацэ, а бацька мусiць уласнай нагой адпiхнуць той караблiк ад берага, i няхай сабе плыве сын, куды хвалi панясуць.
Развiтаўся сын з бацькам, сеў на караблiк, i давялося бацьку адпiхнуць той караблiк ад берага ўласнай нагой. Перакулiўся караблiк уверх дном, апынулася палуба ў вадзе, i падумаў бацька, што сын ягоны загiнуў. Вярнуўся дадому, пачаў гараваць ды плакаць.
Але караблiк не патануў, а спакойна паплыў сабе далей, i сядзеў у iм юнак у поўнай бяспецы; i плыў караблiк доўга-доўга, пакуль, нарэшце не прыстаў да невядомага берага. Выйшаў юнак на бераг, бачыць – стаiць перад iм цудоўны палац, i ён пайшоў прама да таго палаца. Але толькi пераступiў парог, бачыць, што палац той зачараваны. Абышоў юнак усе пакоi, а яны пустыя; зазiрнуў ён тады ў апошнi пакой, а там ляжыць на падлозе ды звiваецца гадзюка. А была гадзюка зачараванай дзяўчынай; убачыла яго, узрадавалася ды кажа:
– Ты з'явiўся, мой збавiцель? Я чакала цябе, зачакалася ажно дванаццаць гадоў. Гэта каралеўства зачараванае, i ты павiнен з яго чары зняць.
– А як жа мне гэта зрабiць? – пытае ён.
– Сёння ноччу з'явяцца дванаццаць чорных чалавечкаў, усе яны абвешаны ланцугамi; яны пачнуць цябе распытваць, што ты робiш тут, але ты маўчы, нi слова не кажы, не адказвай iм, як бы яны над табой не здзеквалiся б. Яны будуць цябе мучаць, бiць, а ты цярпi, нiчога не кажы; апоўначы яны павiнны пакiнуць палац. У наступную ноч з'явяцца iншыя дванаццаць чалавечкаў, на трэцюю ноч – дваццаць чатыры, i адсякуць яны табе галаву; але апоўначы iх улада скончыцца, i калi ты вытрымаеш i не прамовiш нiводнага слова, то ўздзеянне чараў на мяне спынiцца. Я прыйду да цябе i прынясу з сабой бутэлечку з жывой вадой. Папырскаю на цябе вадзiцай, i ты зноў ажывеш, будзеш здаровы, як раней. I ён сказаў ёй:
– Я з радасцю цябе вызвалю.
I вось здарылася ўсё так, як яна казала; чорныя чалавечкi не змаглi прымусiць яго загаварыць, i на наступную ноч зрабiлася гадзюка цудоўнай каралевай; яна з'явiлася з жывою вадою, ажывiла хлапца. Кiнулася яна да яго на шыю, пачала цалаваць яго, было радасна i весела ва ўсiм палацы. Адгулялi вяселле, i ён зрабiўся каралём Залатой гары. I вось зажылi яны разам у шчасцi i дастатку, i нарадзiла каралева цудоўнага хлопчыка. Мiнулi ўжо гады i ўспомнiў кароль свайго бацьку; зашчымiла ў яго на сэрцы i захацелася яму наведаць бацькоўскi дом. Але каралева не захацела яго адпускаць, сказала:
– Я загадзя ведаю, што гэта прынясе мне гора.
Аднак ён не супакоiўся да тае пары, пакуль яна не згадзiлася з iм. Дала яму на развiтанне каралева пярсцёнак ды сказала:
– Вазьмi гэты пярсцёнак, надзень яго на палец, i ён умомант перанясе цябе туды, куды ты захочаш; але паабяцай мне, што ты не выкарыстаеш пярсцёнак для таго, каб забраць мяне да бацькi твайго.
Ён паабяцаў ён гэта, надзеў пярсцёнак на палец i пажадаў перанесцiся на радзiму, да горада, дзе жыў яго бацька. I ў адно iмгненне вока апынуўся там, i захацелася яму трапiць у сам горад. Падышоў ён да варотаў, але ахова не хацела яго пускаць, бо апрануты ён быў у дзiўнае, хоць i багатае, адзенне. Тады хлапец падняўся на гару, дзе пастух пасвiў статак, памяняўся з iм адзеннем, апрануў старую пастухоўскую куртку, i нiхто ў варотах на гэты раз яго не затрымаў, i ён прайшоў у горад. Вось завiтаў да бацькi i аб'явiў, хто ён такi; але бацька нiяк не мог паверыць, што гэта яго родны сын, i сказаў:
– Хоць быў у мяне сын, але ён даўно памёр. Бачу я, ты бедны, занядбаны пастух, магу цябе накармiць удосталь.
Тады гаворыць пастух сваiм бацьку-мацi:
– Я сапраўды ваш сын. Можа, вы ведаеце, якую метку на маiм целе, па якой маглi б мяне пазнаць?
– Ведаю, – кажа мацi, – была ў нашага сына пад правым плячом чырвоная радзiмка.
Ён расшпiлiў кашулю, i яны ўбачылi ў яго пад правым плячом чырвоную радзiмку i перасталi тады сумнявацца, што ён сапраўды iх родны сын. Пасля сын прызнаўся iм, што ён цяпер – кароль Залатой гары, а жонка ў яго – каралева i што ёсць у iх вельмi цудоўны хлопчык-сынок.
А бацька на такiя словы кажа:
– Я нiколi табе не паверу! Якi ж славуты кароль будзе хадзiць у пастухоўскай вопратцы?
Тут раззлаваўся сын, забыўся пра абяцанне, якое даваў жонцы, пакруцiў вакол пальца пярсцёнак i пажадаў, каб жонка з дзiцем тут жа з'явiлiся да яго; i адразу яны з'явiлiся тут. Але каралева пачала плакаць, бедаваць, сказала, што ён не стрымаў свайго слова, зрабiў iх няшчаснымi.
Ён адказаў ёй:
– Зрабiў я гэта незнарок, я проста забыўся пра нашу дамову, – i пачаў яе суцяшаць усяляк.
Яна зрабiла выгляд, што даравала яму, а сама ў душы затаiла злосць.
Тады ён павёў яе за горад, у поле, i паказаў тую раку, па якой калiсьцi бацька выправiў яго ў падарожжа, паказаў, а тады кажа:
– Вельмi я стамiўся, давай сядзем на зямлю, i я крыху пасплю ў цябе на каленях. – Паклаў ён жонцы галаву на каленi, i яна пачала гладзiць яго па валасах, гладзiла пакуль ён не заснуў. А калi заснуў, каралева зняла з яго пальца пярсцёнак, пасля асцярожна вызвалiла з-пад галавы нагу, але застаўся пад бокам караля чаравiчак каралевы; пасля ўзяла яна на рукi дзiцёнка i сказала пярсцёнку, што хоча вярнуцца ў сваё каралеўства.
Прачнуўся хлапец, бачыць, што ляжыць на беразе адзiн, нi жонкi, нi сына няма i пярсцёнка на пальцы таксама няма, а яму застаўся толькi жончын чаравiчак.
"Вяртацца да бацькоў я не магу, – падумаў ён, – бо яны скажуць, што я варажбiт нейкi; трэба мне як можна хутчэй iсцi адсюль, iсцi да таго часу, пакуль не вярнуся ў сваё каралеўства".
Ён пайшоў i нарэшце дабраўся да гары; а ля той гары стаяць тры велiканы ды гучна спрачаюцца мiж сабой, як справядлiва падзялiць бацькоўскую спадчыну. Убачылi яны, што iдзе паблiзу хлапец, спынiлi яго ды кажуць:
– Маленькiя людзi кемлiвыя; падзялi мiж намi бацькаву спадчыну. А спадчына гэта складаецца, па-першае, з шаблi, – у каго ў руках будзе яна i хто скажа: "Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!" – то ўмомант пападаюць усе галовы на зямлю; падругое, з накiдкi, – хто ўскiне яе на плечы, той адразу зробiцца невiдзiмкай; i, па-трэцяе, з пары ботаў, – хто тыя боты абуе i захоча некуды трапiць, то ўмомант апынецца там.
Тады юнак кажа велiканам:
– А вы пакажыце мне тыя рэчы, праверу, цi спраўныя яны?
Далi яму накiдку, накiнуў ён яе на плечы – адразу невiдзiмкай зрабiўся, ператварыўся ў муху. Пасля зноў набыў ранейшы выгляд ды кажа велiканам:
– Накiдка добрая, а цяпер давайце мне шаблю. А яны ў адказ:
– Не, шаблю мы табе не дамо! Бо як скажаш: "Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!", то паляцяць нашы галовы з плеч, а застанецца галава толькi ў цябе.
Але, урэшце, далi шаблю, атрымаўшы перш абяцанне, што ён праверыць яе сiлу на дрэве. Гэтак ён i зрабiў, i шабля рассекла дрэва, быццам тую саломiнку.
Захацелася яму праверыць боты, але велiканы кажуць:
– Не, ботаў табе не дамо; бо калi ты iх абуеш i захочаш трапiць на вяршыню гары, мы застанемся тут знiзу, i ў нас нiчога з дзяльбой не выйдзе.
– Я гэтак не зраблю, – кажа хлапец.
Тады яны аддалi боты. I вось апынулiся ў яго ўсе тры рэчы са спадчыны, а ён увесь гэты час думаў пра жонку i сына, таму, задуманы, прамовiў: "Вось бы трапiць на Залатую гару!" – i ўмомант на вачах велiканаў знiк; так была падзелена тая спадчына.
Быў ужо юнак паблiзу палаца; чуе радасныя воклiкi, музыку, а людзi падказваюць яму, што гэта ягоная жонка спраўляе вяселле з iншым чалавекам. Раззлаваўся хлапец ды кажа злосна:
– Хлуслiвая жанчына вакол пальца мяне абвяла. – I ахiнуўся накiдкай, i нябачна ўвайшоў у палац.
Ступiў у залу, а пасярод яе стаiць вялiкi стол, а на стале тым багата розных страваў; госцi ядуць, п'юць, смяюцца, жартуюць. А каралева сядзiць мiж iмi, уся ў прыгожым адзеннi, раскашуе на каралеўскiм троне, а на галаве ў яе золатам зiхацiць карона. Хлапец наблiзiўся да яе, стаў за плячыма, i нiхто яго не бачыць. Калi каралеве клалi на талерку кавалачак мяса, ён працягваў нябачную руку, браў мяса i з'ядаў сам; налiвалi ёй вiна, ён падхоплiваў шклянку i выпiваў; ёй увесь час падкладалi яду, а яна заставалася галодная – i талерка, i шклянка бясследна знiкалi. Яна таму вельмi засмуцiлася, зрабiлася ёй сорамна, тады яна паднялася i пайшла да сябе ў пакой i там заплакала, а ён таксама следам за ёй пайшоў. Скрозь слёзы каралева мовiла: