355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Якоб и Вильгельм Гримм братья » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:15

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 15 страниц)

– Што табе патрэбна? – спытала яна ў яго, i падалася яна яму не такой ужо сярдзiтай.

– Ды вось хацелася б мне здабыць тры залатыя валасы з галавы чорта, адказаў ён, – а не – дык давядзецца мне са сваёй жонкай разлучыцца.

– Аднак жа ты багата патрабуеш, – сказала яна, – калi чорт вернецца дамоў i ўбачыць цябе тут, то давядзецца табе з жыццём сваiм расквiтацца. Але мне шкада цябе, я пагляджу – можа, чым i змагу табе дапамагчы. – I яна ператварыла яго ў мураша i сказала: – Залезь у складкi маёй спаднiцы, там будзе табе бяспечна.

– Ды гэта ж добра, – адказаў юнак, – але я хацеў бы яшчэ атрымаць адказ на тры пытаннi: чаму фантан, з якога раней струменiлася вiно, цяпер вычарпаўся i нават вада з яго не цячэ; чаму на дрэве, на якiм раней раслi залатыя яблыкi, цяпер нават лiсцяў няма; i чаму павiнен перавозчык увесь час перавозiць з берага на бераг i нiхто яго нiколi не зменiць?

– Гэта пытаннi цяжкiя, – адказала бабка, – але ты сядзi цiха i слухай уважлiва, што скажа чорт, калi я пачну вырываць у яго тры залатыя валасы.

Вось надышоў вечар, i вярнуўся чорт дамоў. Толькi зайшоў ён i, бачна, адразу ж прыкмецiў, што паветра чамусьцi нячыстае.

– Чую, чую мяса чалавечае! – сказаў ён. – Тут штосьцi нядобрае. – Ён зазiрнуў ва ўсе куткi, пачаў шукаць i абшнарваць, але знайсцi нiчога не мог.

Тут пачала бабуля яго лаяць.

– Ды скрозь толькi што падмецена, – кажа, – i ўсё ў належны парадак прыведзена, а ты ўсё зноў раскiдваеш, – вечна ты чуеш носам чалавечае мяса. Сядзь ты лепш ды павячэрай.

Паеў ён i папiў, – вiдаць, моцна стамiўся, – i схiлiў галаву на каленi бабулi i папрасiў вошай ў галаве ў яго пашукаць. Тут хутка ён задрамаў, засоп i захроп. Схапiла тады бабуля адзiн залаты волас, вырвала яго i паклала яго каля сябе.

– Ой! – ускрыкнуў чорт. – Ты што робiш?

– Ды гэта мне дурны сон прыснiўся, – адказала чортава бабуля, – вось я i схапiла цябе за валасы.

– Што ж табе такое прыснiлася? – пытаецца чорт.

– Прыснiўся мне фантан на рыначным пляцы, бiла з яго раней вiно, а цяпер перасох, i нават вада з яго не цячэ. Скажы, якая прычына таму?

– Эх, калi б ведалi яны! – адказаў чорт. – Там сядзiць жаба пад каменем, калi яе забiць, то вiно пацячэ зноўку.

Пачала чортава бабуля зноў у галаве ў чорта вошай шукаць, тут ён зноў заснуў i так захроп, што нават шыбы ў вокнах задрыжалi. I вырвала яна ў яго другi волас.

– Ух! Ды што гэта ты робiш? – ускрыкнуў разгневаны чорт.

– Ты не злуйся, – адказала яна, – гэта я спрасонку.

– А што ж табе зноў прыснiлася? – пытаецца ён.

– Ды прыснiлася мне, быццам расце ў адным каралеўстве яблыня, раней давала яна залатыя яблыкi, а цяпер нават лiсцяў на ёй няма. Якая прычына таму?

– Эх, калi б яны ведалi! – адказаў чорт. – Яе каранi мыш падтачвае; калi яе забiць, будзе зноў яна радзiць залатыя яблыкi, а будзе мыш i далей грызцi каранi, то i зусiм яна засохне. Але пакiнь ты мяне ў спакоi са сваiмi снамi! Калi ты яшчэ раз перашкодзiш мне спаць, атрымаеш аплявуху.

Тут пачала бабуля ласкава яго суцяшаць i ўзялася зноў шукаць у яго ў галаве, пакуль ён не заснуў i не захроп. Тады яна схапiла трэцi волас i вырвала ў яго з галавы. Тут чорт як падскочыць, як закрычыць, хацеў было ўжо з ёю расправiцца, але яна зноў яго супакоiла i сказала:

– Што з дурнымi снамi зробiш!

– Ды што ж табе прыснiлася? – спытаў ён з цiкаўнасцю.

– Снiўся мне перавозчык; скардзiўся ён, што павiнен перавозiць з берага на бераг i нiхто нiколi яго не зменiць. Якая прычына таму?

– Эх, дурань жа ён! – адказаў чорт. – Калi хто падыдзе, каб цераз раку пераправiцца, няхай дасць ён яму ў рукi шост, – вось i павiнен будзе другi стаць перавозчыкам, а ён вызвалiцца.

Чортава бабуля, вырваўшы тры залатыя валасы i атрымаўшы адказ на ўсе тры пытаннi, пакiнула старога чорта ў спакоi, i ён праспаў да самай ранiцы.

Вось чорт зноўку пайшоў, выняла тады бабуля са складак сваёй спаднiцы мураша i вярнула шчаслiўцу зноў яго чалавечы воблiк.

– Вось табе тры залатыя валасы, – сказала яна, – а што адказаў чорт на твае тры пытаннi, ты, бадай, i сам ужо чуў.

– Але, – адказаў шчаслiвец, – я ўсё чуў i добра запомнiў.

– Ну, вось я табе i дапамагла, – сказала яна, – а зараз iдзi сваёй дарогай.

Падзякаваў ён бабулю за дапамогу ў бядзе, выйшаў з пекла i быў задаволены, што ва ўсiм яму так пашчасцiла. Прыйшоў ён да перавозчыка i павiнен быў даць яму абяцаны адказ.

– Спярша перавязi мяне на той бераг, – сказаў шчаслiвец, – тады я табе скажу, як вызвалiцца. – I калi яны пераправiлiся на другi бераг, ён даў яму чортаву параду: – Калi хто падыдзе зноў да берага i папросiць яго перавезцi, ты сунь яму шост у рукi.

Пайшоў ён далей i прыйшоў у горад, дзе расло бясплоднае дрэва i дзе гарадскi брамнiк таксама чакаў адказу. I сказаў ён яму тое, што чуў ад чорта: "Забiце мыш, якая грызе каранi дрэва, i яно зноў будзе радзiць залатыя яблыкi". Падзякаваў яму брамнiк i даў як узнагароду за гэта двух наўючаных золатам аслоў, якiя павiнны былi iсцi за iм.

Нарэшце прыйшоў ён у горад, дзе перастаў бiць фантан. I ён перадаў брамнiку тое, што параiў чорт: "Трэба знайсцi жабу, – а яна сядзiць пад каменем у фантане, – i яе забiць, i зноў зацурчыць з фантана вiно". Падзякаваў яму брамнiк i даў таксама двух наўючаных золатам аслоў.

Нарэшце шчаслiвец вярнуўся дамоў да сваёй жонкi, i яна зарадавалася ад усяго сэрца, што зноў яго ўбачыла i даведалася аб тым, што ўсё добра яму ўдалося. I ён прынёс каралю тое, што той ад яго патрабаваў, – тры залаты валасы з галавы чорта; i калi ўбачыў кароль чатырох аслоў, нагружаных золатам, дык быў i зусiм задаволены i сказаў:

– Цяпер усе ўмовы выкананы, – няхай мая дачка застаецца тваёй жонкай. Але скажы мне, шаноўны зяцёк, адкуль у цябе столькi золата? Бо гэта ж багацце немалое!

– Ды перапраўляўся я цераз раку, – адказаў ён, – i ляжала яно, быццам пясок на беразе, я i забраў яго з сабой.

– А цi нельга мне яго здабыць? – спытаў кароль, i адолела яго вялiкая сквапнасць.

– Ды колькi вам будзе заўгодна! – адказаў шчаслiвец. – Ёсць на той рацэ перавозчык, вы папрасiце яго перавезцi вас на другi бераг, а там ужо i наб'еце сабе поўныя мяшкi золатам.

I адправiўся прагны кароль спехам у шлях-дарогу, прыбыў да ракi i даў знак перавозчыку, каб той перавёз яго. Пад'ехаў перавозчык i прапанаваў яму сесцi ў лодку, i калi пад'ехалi яны да другога берага, сунуў той яму ў рукi свой шост, а сам выскачыў з лодкi.

I з таго часу вымушаны быў кароль у пакаранне за свае грахi зрабiцца перавозчыкам.

– Што ж, перавозiць ён яшчэ i дагэтуль?

– А то як жа! Бо нiхто шаста з рук у яго не возьме.

ХРАБРЫ КРАВЕЦ

Аднойчы, летнiм ранкам, сядзеў кравец ля акна, прымасцiўшыся на стале, дзе звычайна шыў; было яму добра i весела, а таму шыў ён хутка. А ў гэты час якраз iшла вулiцай сялянка i гучна гукала: "Цудоўнае варэнне прадаю! Цудоўнае варэнне прадаю!" Краўцу спадабалiся такiя словы i ён, выцягнуўшы тонкую шыю, крыкнуў жанчыне з акна:

– Заходзь сюды, галубка, наверх, тут свой тавар хутка збудзеш!

Жанчына з цяжкiм кошыкам узнялася да краўца на трэцi паверх, а тады пачала выстаўляць перад iм ды развязваць слоiкi. Кравец агледзеў iх, патрымаў у руках кожны, прыкiнуў, панюхаў, пацмокаў, ды нарэшце кажа:

– Варэнне i сапраўды добрае. То адваж мне, галубка, чатыры лоты, а то, мабыць, i ўсе чатыры фунты забяру.

Жанчына, якая з самага пачатку спадзявалася збыць тут багата свайго тавару, прадала краўцу столькi, колькi ён папрасiў, i пайшла, незадаволена нешта мармычучы.

– Ну, дзякаваць Богу за такое варэнне, – сказаў кравец, – i няхай ён пашле мне бадзёрасцi ды сiлы! – З такiмi словамi выняў ён з шафкi хлеб, адкроiў ладную лусту, густа намазаў яе варэннем.

– Вядома ж, будзе смачна, – сказаў кравец, – аднак, мабыць, перш дашыю куртку, а тады ўжо як след падмацуюся.

Ён паклаў лусту каля сябе ды зноў прыняўся за працу. Ад радасцi пачаў шыць вялiкiмi шыўкамi. Пах духмянага варэння тым часам вiтаў па ўсiм пакоi, i процьма мух, якая дасюль драмала на сцяне, адразу ажыла, адчуўшы смачную слодыч, ды гулкiм роем завiлася над хлебам.

– Гэй, вы, я вас не клiкаў сюды! – абурыўся кравец i пачаў адганяць нязваных гасцей.

Але мухi не ведалi нямецкай мовы, таму не слухалiся, наадварот, iх яшчэ больш паналятала. Тут, як кажуць, у краўца цярпенне лопнула, ён моцна раззлаваўся, замiтусiўся, схапiў суконку ды з крыкам: "Вось я зараз вам пакажу!" – з усяе сiлы хлопнуў па мухах. Узняў ён суконку, глянуў на стол, палiчыў – перад iм ляжала, павыцягваўшы ногi, не менш сямi забiтых насякомых. "Вось якi я малайчына! – сказаў ён ды сам падзiвiўся з уласнай храбрасцi. Трэба, каб пра гэта ўвесь горад даведаўся".

Тут кравец хуценька выкраiў пояс, абмятаў яго i вышыў на iм вялiкiмi лiтарамi: "Паклаў семярых адным махам". "Ды што горад, – памеркаваў ён далей, – увесь свет павiнен пра тое даведацца!" – i сэрца краўцова, як той бараннi хвосцiк, затрапяталася ад непамернай радасцi.

Падперазаўся кравец поясам i сабраўся выправiцца ў белы свет, палiчыўшы, што кравецкая майстэрня занадта цесная для яго храбрасцi. Але перш чым выправiцца ў шлях-пуцявiну, ён пачаў шукаць па ўсiм доме, цi няма чаго такога, што можна было б з сабой прыхапiць, але нiчога не знайшоў, акрамя кавалка старога сыру, i ўзяў яго з сабой. Ля брамкi ён прыкмецiў птушку, якая нiяк не магла выбавiцца з густога голля; ён злавiў яе i разам з сырам сунуў у кiшэнь. А тады ўжо рушыў у дарогу. Быў ён хуткi i жвавы i стомы не адчуваў. Шлях неўзабаве прывёў яго да гары, i калi ён узабраўся на вяршыню, то ўбачыў там вялiзнага велiкана, якi сядзеў ды спакойна пазiраў вакол сябе. Кравец рашуча наблiзiўся да яго i гукнуў:

– Дзень добры, шаноўны, ты чаго тут рассеўся ды пазiраеш вакол? Я вось iду ў белы свет вандраваць, хачу шчасце знайсцi, можа, i ты са мною пойдзеш?

Велiкан пагардлiва глянуў на краўца i адказаў:

– Эх ты, нiкчэмны абарванец!

– Як бы не так! – не пагадзiўся кравец, а тады расшпiлiў куртку i паказаў велiкану новы пояс, – вось, сам можаш прачытаць, што я за чалавек!

Велiкан прачытаў: "Пабiў семярых адным махам" – ды падумаў, што гаворка iдзе пра людзей, якiх забiў кравец, i адчуў да гэтага малога чалавека крыху павагi. Але яму перш захацелася праверыць яго. Ён узяў камень у руку i сцiснуў яго так, што з таго вада пацякла.

– Вось i ты паспрабуй гэтак, – сказаў велiкан, – калi сiлы ў цябе хопiць.

– I гэта ўсё? – праўдзiва здзiвiўся кравец. – Для мяне гэта нiчога не значыць! – I ён засунуў у кiшэнь, выняў адтуль кавалак сыру, сцiснуў яго так, што ажно сок пацёк.

– Ну, што, – сказаў ён, – мабыць, лепш, чым у цябе, атрымалася?

Велiкан не ведаў, што i адказаць, – ад малога чалавека ён нiяк не чакаў такога. Падняў тады велiкан камень i шпурнуў угору, ды так высока, што той нават знiк з вачэй.

– А цяпер, качаня, ты паспрабуй.

– Ну, што ж, кiнуў няблага, – сказаў кравец, – але ж камень зноў на зямлю ўпаў; а я вось кiну, то назад не вернецца. – I ён зноў засунуў руку ў кiшэнь, выняў птушку i падкiнуў яе ўгору. Птушка, адчуўшы свабоду, узрадавалася, узляцела, паднялася высока ў неба i назад ужо не вярнулася.

– Як табе, дружа, гэта падабаецца? – спытаў кравец.

– Кiдаць ты ўмееш добра, – пачухаў патылiцу велiкан, – але, паглядзiм, цi зможаш ты панесцi вялiкi цяжар. – I ён падвёў краўца да вялiзнага дуба, што ляжаў на зямлi, а пасля кажа: – Калi ты дужы, то дапамажы мне выцягнуць дрэва з лесу.

– Чаму ж не, – адказаў маленькi чалавек, – ты ўзвалi камель сабе на плечы, а я падыму i панясу галiны, – гэта куды цяжэй.

Велiкан ускiнуў камель на плечы, а кравец усеўся на адну галiну; давялося велiкану, якi анiяк не мог азiрнуцца назад, валачы ўсё дрэва, а ў дадатак i краўца. Ад гэтага маленькаму чалавеку зрабiлася весела i ён пачаў насвiстваць вясёлую песеньку: "Трое краўцоў пад'язджалi да крамы...", нiбыта цягнуць гэта вялiзнае дрэва для яго дзiцячая забава.

Працягнуў велiкан цяжкую ношу недалёка, стамiўся, задыхаўся i нарэшце знямогла выгукнуў:

– Паслухай, братка, а дрэва мне давядзецца кiнуць.

Тут кравец жвава саскочыў з галiны, абхапiў дрэва абедзвюма рукамi, быццам дагэтуль нёс яго, i адказаў волату:

– Ты гэткi вялiкi, а дрэва выцягнуць з лесу не змог.

Пайшлi яны далей разам. Iдуць каля высокай вiшнi, велiкан хапiў яе за вершалiну, дзе пунсавелi самыя спелыя i сакаўныя ягады, нагнуў унiз, перадаў яе краўцу i пачаў маленькага чалавека частаваць. Але кравец быў слабы ад прыроды, утрымаць вершалiну не змог, i, калi велiкан адпусцiў яе, дрэва паднялося i кравец узляцеў разам з галiнамi ў паветра. Ён упаў на зямлю, а велiкан тады яму i кажа:

– Што ж гэта ты, няўжо не хапiла сiлы, каб утрымаць галiну.

– Сiлы-то ў мяне хапiла, – адказаў кравец, – цi ты думаеш, што гэта цяжка чалавеку, хто пабiў семярых адным махам? А гэта я праз дрэва пераскочыў, бо знiзу паляўнiчыя страляюць па кустах. А вось ты скокнi гэтак, калi, вядома, зможаш.

Велiкан паспрабаваў, але праз дрэва пераскочыць не змог i павiснуў на галiнах, з чаго вынiкала, што i на гэты раз кравец меў верх.

Тады сказаў велiкан:

– Калi ты такi смелы, то пойдзем разам са мной у нашу пячору, там i заначуем.

Кравец згадзiўся i пакiраваў следам за велiканам. Наблiзiлiся яны да пячоры, глядзiць кравец – а там сядзяць ля вогнiшча яшчэ некалькi велiканаў, i кожны з iх трымае ў руках па смажанай авечцы, i кожны сiлкуецца, прыцмокваючы. Агледзеўся кравец i падумаў: "А тут больш прасторна, чым у маёй майстэрнi". Велiкан паказаў яму на ложак i сказаў, каб ён прылёг i як след выспаўся. Тая пасцель была для краўца задужа вялiкая, i ён прымасцiўся нанач з самага краю, забраўшыся ў вугал. Наблiзiлася ноч, i велiкан, падумаўшы, што кравец заснуў глыбокiм сном, узяў вялiзны жалезны лом i адным махам распалавiнiў ложак, толькi трэскi пасыпалiся. Вядома ж, падумаў, што гэту кузурку знiшчыў.

Ранiцай велiканы пайшлi ў лес, а пра краўца забылiся, i раптам ён выходзiць iм насустрач, вясёлы i бесклапотны. Тут велiканы перапалохалiся, падумалi, што ён усiх iх зараз пераб'е, а таму кiнулiся наўцёкi. А кравец пакiраваў далей куды вочы глядзяць. Доўга ён вандраваў, нарэшце прыйшоў у двор каралеўскага палаца i, адчуўшы, што стамiўся, прылёг на траву ды моцна заснуў. Пакуль ён спаў, падышлi людзi, пачалi яго з усiх бакоў разглядаць. Убачылi пояс i прачыталi на iм надпiс: "Пабiў семярых адным махам".

– Ого! – падзiвiлiся яны, – i што ён хоча, гэты храбры воiн, тут, у мiрную пару? Мабыць, гэта дужа важны чалавек.

Яны пайшлi i паведамiлi пра вандроўнiка каралю, мяркуючы, што на выпадак вайны гэткi воiн будзе тут вельмi патрэбен. Такiя думкi каралю спадабалiся, i ён паслаў да краўца аднаго са сваiх прыдворных, каб той угаварыў прышэльца паступiць да караля на вайсковую службу.

Пасланец падышоў да краўца i пачаў цярплiва чакаць пакуль той не расплюшчыць вочы. А як прачнуўся, пераказаў каралеўскае даручэнне.

– Я для таго сюды i з'явiўся, – весела адказаў кравец. – Што ж, я згодзен паступiць да караля на службу.

Яго прынялi з вялiкай павагай, выдзелiлi пакой для жылля. Але каралеўскiя воiны аднеслiся да краўца насцярожана i надумалi ад яго пазбавiцца. "Што ж з гэтага атрымаецца? – меркавалi яны мiж сабой. – Калi мы з iм выпадкова пасварымся, то ён, чаго добрага, на нас накiнецца i паб'е семярых адным махам. Тут нiхто з нас яго не адолее". I вось яны вырашылi пайсцi да караля ды прасiць у яго адстаўкi.

– Дзе ж нам утрымацца, – сказалi яны, – побач з чалавекам, якi здольны звалiць семярых адным махам?

Засумаваў кароль, што даводзiцца яму з-за аднаго губляць усiх верных слуг, i захацелася яму хутчэй ад краўца пазбавiцца, каб вочы яго больш не бачылi. Але кароль так адразу даць адстаўку новаму воiну не асмелiўся: а што як той раззлуецца ды заб'е яго, а сам сядзе на каралеўскi трон. Доўга думаў кароль, разважаваў i нарэшце вырашыў зрабiць так. Ён паслаў да краўца свайго чалавека i загадаў аб'явiць, што кароль хоча яму, як вялiкаму воiну, зрабiць прапанову.

У адным з лясоў яго каралеўства пасялiлiся два велiканы, сваiмi разбоямi i падпаламi наносяць вялiкi ўрон; i нiхто iх не адолее, нават баяцца наблiзiцца да таго месца, дзе жывуць гэтыя злыднi. Дык вось, калi новы воiн адолее гэтых велiканаў, заб'е iх, то аддасць яму кароль сваю адзiную дачку ў жонкi i паўкаралеўства ў пасаг. Памагаць воiну паедуць сто каралеўскiх коннiкаў.

"Для такога, як я, было б някепска займець у жонкi прыгажуню каралеву ды яшчэ палову каралеўства, такое рэдка выпадае".

– Згодзен! – сказаў кравец. – Велiканаў гэтых я адолею i не патрэбны мне гэтыя сто каралеўскiх коннiкаў; хто адным махам семярых валiць, таму няма чаго баяцца дваiх.

I вось выправiўся кравец у паход, i ехала следам за iм сотня коннiкаў. Пад'ехаўшы да ўскрайку лесу, кравец сказаў каралеўскiм слугам:

– Вы заставайцеся тут, а я ўжо сам спраўлюся з велiканамi. – I ён сiгануў у лес, азiраючыся па баках.

Хутка ён убачыў двух велiканаў. Яны ляжалi пад дрэвам i спалi, i пры тым так ваяўнiча храплi, што ажно галiны на дрэвах гайдалiся.

Кравец паназбiраў у кiшэнi камянёў, а пасля ўзабраўся на дрэва, усеўся на галiне, якая акурат звiсала над велiканамi i пачаў кiдаць тыя камянi на грудзi аднаму з грозных храпуноў, камень за каменем. Велiкан доўгi час нiчога не заўважаў, але нарэшце прачнуўся, таўкануў сябра ў бок ды кажа:

– Ты чаму мяне б'еш?

– Гэта табе прыснiлася, – адказвае яму той, – я цябе нават пальцам не крануў. – I яны зноў улеглiся спаць. А кравец зноў выняў камень ды скiнуў яго на другога велiкана.

– Што гэта? – гукнуў другi. – Ты чым у мяне шпурлянуў?

– Не шпурляў я ў цябе, – адказаў першы i пачаў незадаволена нешта мармытаць.

Так сварылiся велiканы нейкi час, а, калi нарэшце абрыдла гэта, памiрылiся ды зноў заснулi.

Кравец тым часам зноў пачаў гульню, выбраў камень ямчэйшы i з усяе сiлы запусцiў яго ў грудзi першаму велiкану.

– Ну, ведаеш, гэта ўжо занадта! – закрычаў той i ўскочыў, як ашалелы, схапiў свайго сябру за грудзi i грукнуў аб дрэва, ажно яно закалацiлася. Другi велiкан адказаў тым жа, i яны абодва так раззлавалiся, што пачалi вырываць дрэвы ды бiць iмi адзiн аднаго, пакуль не пападалi мёртвымi на зямлю.

Тут кравец саскочыў з дрэва. "Шчасце яшчэ, – сказаў, пачухаўшы патылiцу, што яны да майго дрэва не дабралiся, давялося б мне тады скакаць, як вавёрцы, з дрэва на дрэва, з галiны на галiну. Ды не страшна – мы людзi жвавыя!" Ён выняў свой меч i з усяе сiлы грукнуў iм велiканаў у грудзi, пасля гэтага выйшаў з лесу да каралеўскiх коннiкаў i кажа:

– Справа зроблена, я прыкончыў абоiх. Аднак жа цяжкавата было; яны так перапалохалiся, што ажно дрэвы з зямлi вырывалi, каб баранiцца неяк, ды хiба ўратуешся ад таго, хто семярых адным махам на зямлю валiць.

– А вас не паранiлi? – пытаюць коннiкi.

– Не-а, усё абышлося, – адказвае кравец, – i валасiнкi не ўпала.

Коннiкi не паверылi i пайшлi ў лес паглядзець. Бачаць, а там велiканы плаваюць у лужыне ўласнай крывi, а вакол iх павырываныя з карэннем дрэвы ляжаць.

I вось тады патрабаваў кравец ад караля абяцанай узнагароды, а той ужо так раскайваўся, што дужа шмат наабяцаў i пачаў прыдумваць, як бы нарэшце пазбавiцца ад гэтага героя.

– Перш чым ты атрымаеш маю дачку ў жонкi i палову каралеўства, – сказаў ён краўцу, – ты павiнен здзейснiць яшчэ адну геройскую справу. Жыве ў лесе адзiнарог, ён нам чынiць вялiкую шкоду, то злавi яго.

– Адзiнарога баюся яшчэ менш, чым двух велiканаў; семярых звалiць адным махам здолеў, злаўлю i адзiнарога.

Узяў ён з сабой вяроўку, сякеру, зайшоў у лес, каб падпiльнаваць таго рагатага звера. А людзям, якiя былi прыстаўлены яму дапамагаць, сказаў, каб чакалi на ўскрайку лесу. Доўга чакаць адзiнарога не давялося; той хутка з'явiўся i кiнуўся на краўца, намерыўшыся нанiзаць чалавека на рог.

– Цiшэй, цiшэй, пачвара, – кажа кравец. – Так справа не пойдзе.

Ён спынiўся i пачаў чакаць, пакуль звер наблiзiцца, пасля жвава адскочыў i схаваўся за дрэва. Адзiнарог, якi шалёна iмчаўся, з усяе сiлы загнаў рог у дрэва, ды так моцна, што раве, круцiцца, а выцягнуць рог не можа, так i злавiўся.

– Цяпер птушачка ў маiх руках, – сказаў задаволена кравец i, выйшаўшы са схованкi, накiнуў адзiнарогу на шыю вяроўку, пасля адсек яму сякерай рог, i, калi ўсё было зроблена чын-чынам, вывеў звера з лесу i пакiраваў да караля.

Але кароль i на гэты раз не хацеў аддаваць наабяцанага i выказаў краўцу трэцяе патрабаванне. Цяпер павiнен ён быў злавiць дзiкага вепра для будучага вяселля, гэты звер чынiць лесу вялiкую шкоду, падкопваючы дрэвам карэнне. Дапамагчы краўцу павiнны былi егеры.

– Хай будзе так, – пагадзiўся кравец, – i гэта для мяне дзiцячая пацеха!

Егераў з сабой у лес ён не ўзяў, i яны былi гэтым вельмi задаволены, бо дзiк неаднойчы ганяў iх мiж дрэў i зноў сустракацца з iм не было нiякай ахвоты.

Калi дзiк заўважыў краўца, то адразу, з пенай на лычы, кiнуўся на чалавека, збiраючыся збiць яго з ног ашчэранымi iкламi. Але жвавы герой паспеў ускочыць у каплiчку, што стаяла паблiзу, i iмгненна выскачыў з яе праз акенца, з iншага боку. Дзiк таксама ўскочыў у каплiцу, а кравец тым часам аббег вакол будынiны ды зачынiў дзверы, – тут люты звер i злавiўся: быў ён дужа няўклюдны, тоўсты, каб выскачыць праз акно.

Паклiкаў тады кравец егераў, каб тыя ўласнымi вачыма пабачылi злоўленага звера, а сам пакiраваў да караля; i як ужо вяльможнаму не хацелася, а давялося-такi стрымаць абяцанае слова, i ён выдаў краўцу сваю дачку ў жонкi i перадаў палову каралеўства.

Ведаў бы ён, што стаiць перад iм не вялiкi герой, а звычайны кравец, то зрабiлася б яму дужа кепска.

Вяселле адсвяткавалi з вялiкай раскошай ды малой радасцю; i вось зрабiўся кравец каралём.

Праз нейкi час пачула ноччу маладая каралева, як яе муж у сне размаўляе: "Хлапчына, пашый мне куртку ды залатай порткi, а не зробiш, адлупцую аршынам". Тут i здагадалася яна, з якога завулка родам яе суджаны; ранкам расказала пра сваё гора бацьку i пачала слёзна прасiць яго, каб ён пазбавiў яе ад такога мужа. Пачаў кароль суцяшаць яе ды кажа:

– Гэтай ноччу ты свой пакой не запiрай, мае слугi будуць стаяць ля дзвярэй, i як толькi кравец засне, яны звяжуць яго i аднясуць на карабель, якi звязе самазванца ў далёкую краiну.

Каралева такiм абяцаннем засталася задаволеная, але каралеўскi зброеносец, якi ўсё гэта чуў, будучы верным маладому каралю, паведамiў яму пра ўсё гэта.

– Я iх не баюся, – сказаў кравец.

Вечарам ён улёгся, як звычайна, у пасцель са сваёй жонкай. Яна падумала, што ён заснуў, паднялася, адчынiла дзверы ды зноў лягла ў пасцель. А кравец зрабiў выгляд, быццам моцна спiць i пачаў, як скрозь сон, мармытаць: "Хлапчына, пашый мне куртку ды залатай порткi, а не зробiш, адлупцую аршынам! Я пабiў семярых адным махам, забiў двух велiканаў, вывеў з лесу адзiнарога, злавiў дзiкага вепра – цi ж мне баяцца тых, хто стаiць за дзвярыма!"

Пачулi слугi, што мармыча кравец i ахапiў iх такi страх, што яны збеглi куды вочы глядзяць. I нiхто з тае пары не адважыўся чапаць краўца.

I вось, як быў кравец каралём, так на ўсё жыццё iм i застаўся.

КАЗКА ПРА ТАГО, ХТО ХАДЗIЎ СТРАХУ ВУЧЫЦЦА

Былi ў бацькi два сыны. Старэйшы разумны ды талковы, усё ў яго ладзiлася. А малодшы – дурань. Нiчога нiбыта не разумеў i да вучобы быў няздатны. Людзi пра яго казалi:

– З гэтым бацька набярэцца клопату!

Меў, праўда, i старэйшы сын адну загану: быў баязлiвы. Пасылае, бывала, бацька куды-небудзь, а на вулiцы ўжо цёмна, то ён заўсёды просiцца:

– Ох, бацечка, не пайду, мне страшна!

Пачнуць вечарам ля агню расказваць усялякiя небылiцы, аж мароз па скуры бегае, зноў старэйшы брат уздыхае:

– Ах, як страшна!

Малодшы брат кожны раз дзiвiўся:

– А мне вось анiчуць не страшна.

Аднойчы бацька i кажа яму:

– Паслухай, сын, ты ўжо вунь якi вялiкi ды моцны вырас, трэба самому вучыцца хлеб зарабляць. Бачыш, як брат твой стараецца.

– Эх, бацечка, – адказаў малодшы сын, – я б ахвотна чаму-небудзь навучыўся. Але найперш хачу навучыцца, каб мне было страшна.

Пачуў гэта старэйшы брат i заўсмiхаўся, падумаў: "Божа, якi ўсё-такi мой брат дурань. З яго нiколi нiчога не атрымаецца".

Уздыхнуў бацька i кажа малодшаму сыну:

– Чаму-чаму, а страху ты павiнен навучыцца. Толькi на хлеб наўрад цi гэтым заробiш.

Неўзабаве зайшоў да iх у госцi дзяк. Пачаў бацька пра сваю бяду яму жалiцца, расказваў пра малодшага сына.

– Калi так, – адказаў дзяк, – страху ён мог бы ў мяне навучыцца. Прышлiце сына да мяне.

Бацька задаволены: "Вось хлопца i прыладкую куды-небудзь".

Стаў жыць яго малодшы сын у дзякавай хаце. I даручыў яму гаспадар званiць у званы. Аднойчы будзiць ён свайго работнiка апоўначы i загадвае падняцца на званiцу ды бiць у званы.

"Цяпер ты навучышся страху", – падумаў дзяк. Потайкам ён прабраўся на званiцу, стаў насупраць вакна ўвесь у белым. Званар, як толькi ўзяўся за вяроўку, убачыў прывiд i крыкнуў:

– Хто гэта?

Постаць у белым не адгукнулася, не здрыганулася.

– Адказвай альбо згiнь, табе тут няма чаго рабiць! – закрычаў хлопец.

Але дзяк прадаўжаў стаяць.

– Што табе трэба? – зноў закрычаў званар. Калi не адкажаш, то скiну ўнiз з лесвiцы.

Дзяк думаў, што да гэтага справа не дойдзе, i стаяў моўчкi. А пасля трэцяга вокрыку, хлопец падбег i скiнуў прывiд з лесвiцы ўнiз.

Адзванiў работнiк у званы. Вярнуўся дамоў i моўчкi лёг спаць. Доўга чакала дзячыха свайго мужа, а ён усё не вяртаўся. Урэшце зрабiлася ёй страшна. Яна разбудзiла хлопца i давай распытваць:

– Цi не ведаеш ты, куды гэта мой муж дзеўся? Ён жа на званiцу падняўся раней за цябе.

– Не ведаю, – адказаў хлопец, – але бачыў я, нехта стаяў на лесвiцы ўвесь у белым. Адмоўчваўся на мае запытаннi i не хацеў пакiдаць званiцу. Я палiчыў, што ён злодзей, i скiнуў унiз. Схадзiце ды зiрнiце на яго.

Кiнулася дзячыха да званiцы i знайшла там свайго мужа. Ён ляжаў у куце ды стагнаў, зламаў сабе нагу.

Прынесла жонка мужа дадому, кiнулася з плачам да хлопцавага бацькi.

– Ваш сын, – сказала дзячыха, – вялiкую бяду ўчынiў, скiнуў майго мужа з лесвiцы, i той зламаў нагу. Забiрайце ад нас свайго шалапута.

Напалохаўся бацька, пабег да дзяка i давай лаяць сына. Як той нi апраўдваўся, а бацька сваё:

– Эх, мне з табой адно гора. Iдзi-тка ты куды-небудзь, каб вочы мае цябе не бачылi.

– Добра, бацечка, ахвотна пакiну вас. Пайду страху вучыцца, каб гэта рамясло мяне кармiць магло.

– Вучыся чаму хочаш, – махнуў бацька рукой. – Вось табе пяцьдзесят талераў, iдзi з iмi куды хочаш. Ды толькi не кажы нiкому чый ты, бо мне за цябе сорамна будзе.

– Добра, бацечка, выканаю ўсё, як просiце.

Ранiцай юнак укiнуў у кiшэню бацькавы грошы i выйшаў на вялiкую дарогу. Iдзе i сам сабе паўтарае: "Ах, каб мне стала страшна! Ах, каб мне стала страшна!"

Пачуў гэту просьбу адзiн падарожнiк, далучыўся да юнака. Нейкi час яны iшлi разам. Убачылi шыбенiцу, падарожнiк дый кажа:

– Бачыш, вунь стаiць дрэва, а на iм вiсяць сем чалавек. Вяселле згулялi, а цяпер лётаць вучацца. Садзiся пад тым дрэвам, а як ноч наступiць, то страху i навучышся.

– Калi так хутка я навучуся страху, – адказаў хлопец, – то прыходзь да мяне ранiцай i атрымаеш ад мяне пяцьдзесят талераў.

Усеўся дурань пад дрэвам, на якiм былi падвешаны людзi, i пачаў змроку чакаць. Пахаладала, i ён распалiў касцёр. А ноччу ўзняўся калючы вецер, што нават касцёр не саграваў. Зiрнуў ён уверх, а там павешаныя гайдаюцца. Падумаў хлопец: "Я ля кастра зябну, а яны ўверсе зусiм адубеюць". Ад прыроды ён быў жаласлiвы, таму прыставiў лесвiцу да дрэва i палез адвязваць мерцвякоў. Сцягнуў усiх унiз, пасадзiў iх ля кастра. Ды i сам сцiшыўся, прыгрэўся. Раптам бачыць, гарыць адзежа ў мерцвякоў. Ён крычыць iм:

– Эй, будзьце з агнём асцярожныя, а то я вас зноў зацягну на шыбенiцу.

Ды хто ж яго пачуе, калi вакол кастра адны нябожчыкi. Раззалаўся хлопец i зноў падвесiў iх на дрэва. Стамiўся ад такой працы, прысеў ля агню i моцна заснуў.

Ранiцай прыходзiць знаёмы падарожнiк па грошы i кажа:

– Ну, цяпер ты даведаўся, што такое страх?

– Не, – адказаў хлопец, – адкуль мне яго ведаць? Тыя, што наверсе, i рота за ноч не адкрылi ды такiя дурнi, ледзь не спалiлi свае старыя лахманы.

Зразумеў прахожы, што не атрымае абяцаных грошай, сказаў пры развiтаннi:

– Такога, як ты, яшчэ нi разу не сустракаў.

Пайшоў хлопец далей сваёй дарогай. Iдзе i зноў мармыча:

– Ах, каб мне стала страшна!

Пачуў гэта адзiн возчык, цiкавiцца:

– Хто ты такi?

– Не ведаю, – адказаў дурань.

– А ты адкуль?

– Не ведаю.

– Хто твой бацька?

– Гэтага мне расказваць не дазволена.

– А што ты ўсё пра сябе мармычаш?

– Э-э, – адказаў хлопец, – хачу, каб мне стала страшна, а мяне нiхто гэтаму не навучыць.

– Iдзi за мной, – сказаў возчык, – я дапамагу табе.

Пад вечар яны прыпынiлiся ў карчме, вырашылi там пераначаваць.

Гаспадар карчмы, як толькi даведаўся, чаго жадае малады хлопец, сказаў яму:

– Калi табе хочацца навучыцца страху, то выпадак для гэтага ёсць.

Гаспадар расказаў яму, што непадалёк ад карчмы стаiць заварожаны замак. Варта там правесцi тры ночы запар, i страху можна навучыцца.

– Няўжо?!

– Слухай, хлопча, – таямнiча паведамiў карчмар, – кароль таго замка абяцае смельчаку аддаць у жонкi сваю дачку-прыгажуню. Там ёсць вялiкiя скарбы, але яны зачараваныя. Хто прагонiць ад iх злыя духi, той стане багатым. Было, на жаль, ужо багата ахвотнiкаў пабываць у тым замку, але нiхто не вярнуўся назад.

Як толькi развiднела, пайшоў хлопец да караля i кажа:

– Калi будзе дазволена, то я хацеў бы правесцi тры ночы ў вашым зачараваным замку.

Каралю спадабаўся адчайны юнак, ён i прапанаваў:

– Прасi ў мяне тры рэчы, можаш iх узяць з сабой у замак.

Хлопец адказаў:

– Дайце мне агню, сталярны станок i такарны разам з разцом.

Кароль загадаў удзень занесцi ўсё гэта ў замак. А ноччу хлопец-смяльчак пайшоў туды. У адным з пакояў расклаў агонь, паставiў побач сталярны станок, а на такарны сам усеўся, зноў пачаў мармытаць:

– Ах, каб мне стала страшна!

Апоўначы чуе дзiўныя галасы:

– Мяў-мяў! Як нам холадна!

– Эй, вы, дурнi, – крыкнуў хлопец. – Калi вам холадна, то падсаджвайцеся да агню ды грэйцеся.

I толькi ён так сказаў, як да яго скокнулi дзве вялiзарныя чорныя кошкi. Селi па баках, вочы агнямi гараць. Крыху сагрэлiся i прапануюць:

– Прыяцель, а давай у карты згуляем.

– Чаму б не згуляць – пагадзiўся хлопец. – Толькi пакажыце спярша вашы лапы.

I выпусцiлi кошкi свае кiпцюры.

– Э-э, якiя яны ў вас доўгiя! Iх трэба крыху абрэзаць.

Схапiў ён кошак за шкiркi, падняў на сталярны станок i моцна прыкруцiў лапы. Пасля, мёртвых, выкiнуў праз вакно ў ваду.

Толькi прысеў ля агню, як з усiх куткоў павылазiлi чорныя кошкi i чорныя сабакi на распаленых ланцугах. Яны страшна крычалi, раскiдвалi агонь, хацелi яго патушыць.

Гэта раззлавала хлопца. Ухапiў ён разец i давай ганяць страшыдлаў. Каго забiў, выкiнуў у сажалку. Астатнiя разбеглiся.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю