Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Якоб и Вильгельм Гримм братья
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 15 страниц)
Доўга дужалiся яны, але велiкан не мог нiчога зрабiць з каралевiчам: чарадзейная сiла кольца рабiла яго магутным. Тады велiкан схiтрыў i сказаў:
– Мне ад барацьбы стала горача, ды i табе, мабыць, таксама, – давай пакупаемся ў рэчцы i асвяжымся, а потым пачнем зноўку.
Каралевiч, не падазраючы нiякага каварства, падышоў з велiканам да вады; але зняў ён разам з адзеннем i кольца з рукi i скокнуў у раку. У момант схапiў велiкан кольца i наўцёкi; ды леў заўважыў злодзея, кiнуўся за велiканам у пагоню, вырваў з рук у яго кольца i прынёс назад свайму гаспадару. Схаваўся велiкан за дубам, i калi каралевiч апранаўся, ён напаў на яго i выкалаў яму вочы.
I стаў цяпер каралевiч сляпы, не ведаючы, што яму рабiць. Падышоў да яго велiкан, зноў схапiў яго за руку, збiраючыся кудысьцi весцi, i прывёў яго на вяршыню высокай скалы. Ён пакiнуў яго там, а сам падумаў: "Варта яму зрабiць некалькi крокаў, i ён разаб'ецца насмерць, i я змагу тады зняць з яго кольца". Але верны леў не пакiнуў свайго гаспадара, ён моцна схапiў яго за адзенне i адцягнуў назад.
З'явiўся велiкан, хацеў абрабаваць мёртвага, але ўбачыў, што хiтрасць яго не ўдалася. "Няўжо нельга нiяк знiшчыць такога слабага чалавечка!" – прамовiў ён, раззлаваны, сам сабе, схапiў каралевiча i павёў яго зноў iншай дарогай да прорвы. Ды леў разгадаў злую задуму i дапамог гаспадару выбрацца з бяды. Калi велiкан падвёў сляпога зусiм блiзка да абрыву, ён выпусцiў руку каралевiча i хацеў пакiнуць яго аднаго, ды леў пiхнуў велiкана, i той звалiўся ў прорву i разбiўся.
Верны звер адцягнуў свайго гаспадара з краю цяснiны i прывёў яго да дрэва, дзе працякаў празрысты, светлы ручай. Сеў каралевiч каля ручая, а леў улёгся побач i лапай апырскаў яму твар. I як толькi трапiла некалькi кропель каралевiчу ў вочы, ён зноў пачаў трохi бачыць; i тут ён заўважыў птушачку, якая стукнулася аб ствол дрэва, потым спусцiлася да ручая, выкупалася ў iм, i, не дакрануўшыся да дрэў, узляцела, мiльганула, быццам да яе зноў вярнуўся зрок. Убачыў каралевiч у гэтым знак Божы, нахiлiўся да вады i абмыў твар. Калi ён падняўся, вочы яго сталi чыстыя, ясныя, якiмi не былi яшчэ нiколi.
Падзякаваў каралевiч Богу за яго вялiкую ласку i пайшоў далей вандраваць па свеце разам са сваiм iльвом. Здарылася аднойчы, што прыйшоў ён да замка, а быў той замак зачараваны, i стаяла ля замкавай брамы дзяўчына, яна была стройная, i твар быў у яе прыгожы, але ўся яна была чорная. Яна загаварыла з каралевiчам i сказала:
– Ах, каб ты мог вызвалiць мяне ад злых чараў!
– А што я павiнен дзеля гэтага зрабiць? – запытаў каралевiч.
I адказала дзяўчына:
– Ты павiнен правесцi тры ночы ў вялiкай зале зачараванага замка, але нiколькi не палохацца. Калi цябе пачнуць мучыць самымi жахлiвымi катаваннямi, i ты вытрымаеш, не вымавiш нi гуку, я буду вызвалена ад чараў. Забраць жыццё ў цябе яны не адважацца.
I сказаў тады каралевiч:
– Я не баюся i з божай дапамогай паспрабую.
I ён весела накiраваўся ў замак, i калi ўжо сцямнела, ён усеўся ў вялiкай зале i пачаў чакаць. Да самай поўначы было цiха, але раптам падняўся вялiкi шум, з усiх куткоў i закуткаў з'явiлiся маленькiя чорцiкi. Яны зрабiлi выгляд, быццам яго не заўважаюць, паселi пасярод пакоя, запалiлi агонь i распачалi гульню. Калi хто прайграваў, той казаў: "Гэта няправiльна, тут хтосьцi знаходзiцца з чужых, гэта ён вiнаваты, што я прайграў". А другi чорцiк сказаў: "Пачакай, зараз я да цябе прыйду, гэй, ты, там за печчу!" Крыкi рабiлiся пры гэтым усё мацнейшымi i мацнейшымi, i нiхто не мог бы iх слухаць без страху. Але каралевiч працягваў сядзець зусiм спакойна i не палохаўся. Ды вось, нарэшце, чэрцi паўскаквалi i накiнулiся на яго, i было iх так многа, што абараняцца ад iх каралевiчу было не пад сiлу. Яны цягалi яго па падлозе, шчыпалi, трэслi, бiлi i ўсяляк яго мучылi, але ён i гуку не вымавiў. Пад ранiцу яны знiклi, але ён так знясiлеў, што не ў стане быў i паварухнуцца. I калi наступiў свiтанак, прыйшла да яго чорная дзяўчына, яна трымала ў руках маленькую бутэлечку з жывой вадой i абмыла яго ёю, i ўмомант ён адчуў, што ўвесь боль знiк, i яго жылы напоўнiлiся свежымi сiламi. Яна сказала:
– Адну ноч ты вытрымаў удала, але наперадзе яшчэ дзве.
Потым яна зноў пайшла, i калi яна адыходзiла, ён заўважыў, што ногi ў яе сталi белыя.
Наступнай ноччу чэрцi з'явiлiся зноў i пачалi гульню. Яны нападалi на каралевiча i бiлi яго куды мацней, чым мiнулай ноччу, i ўсё цела ў яго пакрывалася ранамi. Але таму, што ён вытрымаў усё моўчкi, iм давялося яго пакiнуць; i калi наступiў досвiтак, прыйшла дзяўчына i вылечыла яго жывою вадой. А калi яна адыходзiла, ён з радасцю ўбачыў, што ўся яна стала белая.
Засталося яму вытрымаць яшчэ адну ноч, але гэта была самая цяжкая. Чортавы зданi з'явiлiся зноў.
– А-а, ты яшчэ тут! – закрычалi яны. – Зараз цябе будуць мучыць i катаваць так, што ты задыхнешся.
Яны калолi яго i бiлi, кiдалi ў розныя бакi, цягалi за рукi i за ногi, нiбы збiраючыся яго разарваць. Але ён выцерпеў i гуку не вымавiў. Нарэшце чэрцi знiклi, а ён ляжаў непрытомны, не мог i зварухнуцца, нават вачэй ён не мог расплюшчыць, каб убачыць дзяўчыну, якая прыйшла да яго i апырскала i аблiла яго жывой вадой. I ўраз ён пазбавiўся ад болю i адчуў сябе свежым i бадзёрым, быццам толькi што прачнуўся. Ён расплюшчыў вочы i ўбачыў перад сабой дзяўчыну, i была яна ўся беласнежная i прыгожая, як ясны дзень.
– Уставай, – сказала яна, – i тройчы ўзмахнi над парогам сваiм мячом, i ўсё будзе вызвалена ад злых чараў.
I толькi ён гэтак зрабiў, увесь замак быў пазбаўлены чараў, i стала дзяўчына багатай каралеўнай. Прыйшлi слугi i сказалi, што ў банкетнай зале накрыты ўжо стол i пададзены стравы. Селi каралевiч з каралеўнай за стол, елi i пiлi разам, а вечарам з вялiкай радасцю яны адсвяткавалi вяселле.
ВЕРНЫЯ ЗВЯРЫ
Шмат гадоў таму жыў адзiн чалавек. Грошай у яго было зусiм мала, i вось з тымi рэшткамi, што ў яго засталiся, падаўся ён вандраваць па свеце. Прыйшоў ён аднаго разу ў вёску, бачыць – збеглiся хлопцы, крычаць ды шумяць.
– Дзецi, што ў вас тут такое? – спытаўся чалавек.
– Ды вось, – кажуць яны, -мы злавiлi мыш, хочам навучыць яе танцаваць. Падзiвiцеся, як смешна яна падскоквае!
Але чалавек пашкадаваў бедалажку-звярка ды сказаў:
– Хлопчыкi, пусцiце мыш на волю, я вам за тое заплачу. – Ён даў iм грошай, i яны адпусцiлi мыш, i бедалажка-звярок уцёк ды схаваўся ў норку.
Пайшоў чалавек далей. Прыходзiць ён у другую вёску, бачыць – у хлопцаў малпа; прымушаюць яны яе скакаць ды куляцца, пацяшаюцца з яе, не даюць ёй спакою. Даў чалавек хлопцам грошай, каб пусцiлi яны малпу. Потым пайшоў ён у трэцюю вёску, а там у хлопцаў быў мядзведзь на ланцугу; даводзiлася яму ставаць на заднiя лапы ды скакаць, а калi ён бурчэў, гэта iх забаўляла. I ён выкупiў мядзведзя; узрадаваўся мядзведзь, што можна стаць цяперака зноў на свае чатыры лапы, ды затупаў ён проста ў лес.
Раздаў чалавек апошнiя свае грошы, не засталося ў яго ў кiшэнi i меднай капейчыны. I кажа ён сабе: "Грошай у караля ў казне куды болей, чым яму трэба; навошта мне з голаду памiраць, вазьму я ў яго трошкi, а зараблю – вярну iх зноў у казну". Залез ён у казну i ўзяў адтуль трошкi грошай, але калi ён вылез з каралеўскай кладоўкi, схапiлi яго каралеўскiя служкi. Абвясцiлi яму, што ён злодзей, ды прывялi яго на суд. А паколькi ўчынiў ён злачынства, дык прысудзiлi пасадзiць яго ў скрыню ды кiнуць у рэчку. Прасвiдравалi ў вечку скрынi дзiркi, каб магло трапляць у яе паветра, i далi чалавеку збан вады ды хлеба лусту. Вось i паплыў ён па рацэ; ды такi яго апанаваў страх! Аж раптам чуе ён – нешта шкрабаецца ды трэцца аб замок, грызе ды пастуквае. Нечакана адмыкаецца замок, узнiмаецца вечка скрынi – стаяць перад iм мыш, малпа i мядзведзь, – гэта яны вечка адчынiлi; некалi iх чалавек з бяды выбавiў, а цяперака i яны прыйшлi яму на дапамогу. Але звяры не ведалi, што iм далей рабiць, i пачалi яны памiж сабой радзiцца. А тут выкацiўся да iх раптам з вады белы камень, падобны да яйка. Вось мядзведзь i кажа:
– Ён у самы час да нас паспеў, гэты камень цудадзейны: чый ён будзе, той i зможа пажадаць сабе ўсё, што толькi захоча.
Выцягнуў чалавек з вады гэты камень, узяў яго ў руку ды пажадаў, каб быў у яго замак з садам i каралеўскаю стайняй. I толькi вымавiў ён сваё жаданне, як сядзеў ужо ў замку з садам ды каралеўскай стайняй, i ўсё было такое прыгожае ды дзiвоснае, што анiяк не мог ён надзiвiцца з усяго гэтага.
А праходзiлi гэтым часам па дарозе купцы-гандляры.
– Падзiвiцеся, – сказалi яны, – якi цудоўны збудавалi замак, а мiнулы ж раз, калi мы праходзiлi, тут былi толькi адны сыпучыя пяскi.
Закарцела iм дазнацца, як гэта сталася. З'явiлiся яны ў замак, пачалi ў чалавека распытваць, як здолеў ён усё гэта так хутка збудаваць. А ён iм i кажа:
– Ды гэта не я зрабiў, гэта зрабiў мой цудадзейны камень.
– А што гэта за камень такi? – спыталiся яны.
Ён пайшоў ды прынёс яго i паказаў купцам-гандлярам. Захацелася iм той камень набыць, i яны спыталiся, цi не прадасць ён iм яго, ды прапанавалi яму ўсе свае дарагiя тавары. Зiрнуў чалавек на цудоўныя тавары, разбеглiся ў яго вочы ад выгляду iх, а было ў яго сэрца не ўстойлiвае, яно iмкнулася ўсё да новага, i вось даў ён сябе абдурыць, думаючы, што цудоўныя тавары шмат даражэйшыя за ягоны цудадзейны камень, ды аддаў яго купцам-гандлярам. Ледзьве выпусцiў ён яго з рук, i адразу ж знiкла разам з каменем усё ягонае шчасце, апынуўся ён зноў у замкнёнай скрынi на рацэ, i была ў яго адна толькi конаўка вады ды акраец хлеба.
Як убачылi верныя звяры – мыш, малпа ды мядзведзь, – што трапiў ён у бяду, паспяшалiся зноў яму на дапамогу, але анiяк не маглi яны цяперака збiць той замок – быў ён шмат мацнейшы, чым у першы раз. Тады мядзведзь i кажа:
– Трэба нам чарадзейны камень знайсцi, а iнакш усе нашыя намаганнi будуць марныя.
А купцы засталiся жыць у замку. Вось звяры i пайшлi туды разам усе; i калi яны былi ўжо каля самага замка, мядзведзь кажа:
– Мыш, зазiрнi ты ў замочную шчылiну ды паглядзi, што нам рабiць; ты ж маленькая, нiхто цябе не заўважыць.
Мыш згадзiлася на гэта, але неўзабаве вярнулася ды кажа:
– Нiчога не будзе; я зазiрнула: камень вiсiць пад люстрай на чырвоным шнурку, па баках сядзяць дзве вялiкiя кошкi з вогненымi вачыма i яго пiльнуюць.
Кажуць тады малпа ды мядзведзь:
– А ты яшчэ раз iдзi туды ды пачакай, пакуль гаспадар ляжа ў пасцель i засне, а потым пралезь у замочную шчылiну, ускараскайся на ложак ды ўшчыкнi яго за нос i адгрызi яму валасы.
Прабралася мыш зноў туды i зрабiла так, як сказалi ёй малпа ды мядзведзь. Гаспадар прачнуўся, пачаў сабе нос церцi ды кажа:
– А кошкi мае, вiдаць, нiкуды не вартыя: пускаюць мышэй, а тыя валасы мне ўсе з галавы паабгрызалi, – i ён прагнаў сваiх кошак.
Вось мыш свайго i дасягнула.
Калi на другую ноч гаспадар заснуў, забралася мыш да яго ў пакой, пачала грызцi чырвоны шнурок, на якiм вiсеў камень, пакуль нарэшце яго не перагрызла. Упаў камень на падлогу, тут яна i дацягнула яго да дзвярэй. Але нялёгка гэта было беднай маленькай мышцы; i кажа яна да малпачкi, а тая стаяла за дзвярыма, яе чакаючы:
– Ты выцягнi яго адсюль лапай.
Для малпы гэта было няцяжка, яна ўзяла камень у руку, ды пайшлi яны разам усе да ракi. Малпа i кажа:
– Як жа нам цяперака да скрынi дабрацца?
А мядзведзь адказвае:
– А гэта мы зараз уладкуем! Я ўвайду ў раку ды паплыву, а ты, малпа, сядзеш да мяне на спiну; але глядзi, трымайся за мяне абедзвюма рукамi, ды як мацней, а камень пакладзi сабе ў рот. А ты, мышка, залазь да мяне ў правае вуха.
Так яны зрабiлi ды паплылi ўнiз па рацэ. Неўзабаве мядзведзю маўчаць надакучыла, пачаў ён балбатаць пра тое ды пра сёе i кажа:
– Паслухай, малпа, а мы ж з табой адважныя сябры, як ты мяркуеш?
Але малпа змаўчала, нiчога яму не адказала.
– Што гэта ў цябе за манера такая, – сказаў мядзведзь, – сябрам сваiм не адказваць? Не люблю я тых, хто мне не адказвае.
Далей трываць у малпы не хапiла сiлы, выпусцiла яна камень у ваду i выгукнула:
– Дурань ты! Як жа мне было адказваць з каменем у роце? Вось ён цяперака i прапаў, а вiнаваты ва ўсiм ты.
– Ды ты не сварыся, – сказаў мядзведзь, – мы што-небудзь ды прыдумаем.
Парадзiлiся яны мiж сабой, склiкалi ўсiх драўняных жабак, жарлянак ды iншыя вадзяныя стварэннi i кажуць:
– На вас збiраецца напасцi моцны вораг, трэба вам будзе як болей камянёў набыць, колькi зможаце, а мы збудуем вам сцяну, яна вас i абаронiць.
Спалохалiся вадзяныя стварэннi ды нацягалi камянёў адусюль, i прыплыла, нарэшце, з дна рачнога старая тлустая жаба-крактуха i прыцягнула ў роце чырвоны шнурок з чарадзейным каменем. Узрадаваўся мядзведзь, узяў у жабы камень ды сказаў, што цяпер усё, маўляў, у парадку i могуць яны сабе спакойна дадому падавацца, – тут ён з iмi i развiтаўся. I паплылi яны ўтраiх унiз па рацэ да чалавека, якi знаходзiўся ў скрынi. Узарвалi яны чарадзейным каменем вечка, – з'явiлiся яны ў самы час – увесь хлеб ён паеў ужо i ўсю ваду выпiў i ледзь не загiнуў з голаду. Як толькi ўзяў ён у руку чарадзейны камень, пажадаў сабе добрага здароўя, i адразу ж перанёсся ў свой дзiвосны замак з садам ды каралеўскаю стайняй i стаў жыць прыпяваючы. А трох звяроў ён пакiнуў пры сабе, i ўсё жыццё пражылi яны шчаслiва разам.
ПРА РАЗУМНАГА КРАЎЦА
Жыла-была калiсьцi прынцэса, i вельмi ўжо была яна ганарлiвая: прыйдзе да яе, бывала, жанiх, i пачне яна загадваць яму загадкi; а калi ён iх не разгадае, то пасмяецца яна з яго i прагонiць. I загадала яна аб'явiць, што хто загадку разгадае, то за таго яна замуж выйдзе: няхай, маўляў, прыходзiць да яе кожны, хто пажадае. Вось, нарэшце, i знайшлiся тры краўцы; два старэйшыя лiчылi, што яны майстры вялiкiя, справу сваю ведаюць, i тут таксама не дадуць маху. А трэцi з iх быў чалавек на выгляд несамавiты i вялiкi расцяпа, ды i ў рамястве сваiм не ўмелец, але ён думаў, што ў гэтай справе выпадзе яму шчасце, а то адкуль жа i ўзяцца шчасцю? Вось i кажуць яму два старэйшыя:
– Ды заставайся ты лепей дома, а то са сваiм малым розумам не далёка ты пойдзеш.
Але маладзейшы кравец збiць сябе з панталыку не даў i адказаў, што гатоў галавой ручацца, што з гэтым заданнем ён справiцца; i вось ён смела рушыў у дарогу, быццам увесь свет яму належаў.
Прыбылi яны ўтрох да прынцэсы i аб'явiлi, каб загадала яна iм свае загадкi, – людзi, маўляў, прыйшлi талковыя ды вопытныя, i розум у iх такi тонкi, што ў вушка iголкi прасунуць можна.
I кажа iм прынцэса:
– Ёсць у мяне на галаве два рознакаляровыя валасы, – дык якога ж яны колеру?
– Калi ў гэтым уся загадка, – адказаў першы кравец, – то вось табе i разгадка: адзiн чорны, другi белы, як пра сукно кажуць – чорнае з крапiнкай.
I адказала прынцэса:
– Ты няправiльна адгадаў, няхай адказвае другi.
I адказаў тады другi:
– Калi ўжо не чорны i не белы, то каштанавы i рыжы – якраз як у майго бацькi святочны сурдут.
– I ты не адгадаў, – сказала прынцэса, – няхай адказвае трэцi, – гэты, я бачу, ведае пэўна.
Тут выйшаў смела маладзейшы кравец i кажа:
– У прынцэсы на галаве адзiн волас сярэбраны, а другi залаты, – во якога яны колеру!
Пачула гэта прынцэса, збялела ад страху, ледзь прытомнасць не страцiла, таму што маладзейшы кравец правiльна разгадаў. А была яна цвёрда ўпэўнена, што нiводнаму чалавеку на свеце той загадкi не разгадаць. Апамяталася яна i кажа:
– Таго, што ты адгадаў, яшчэ мала, каб пайшла я за цябе замуж; ты павiнен будзеш выканаць яшчэ другое. Ляжыць у мяне ў хляве мядзведзь, вось ты i правядзi з iм цэлую ноч; а калi я ранiцай прачнуся i ўбачу, што ты жывы, тады ты i ажэнiшся са мною.
Яна думала такiм чынам пазбавiцца ад краўца, – бо не было яшчэ такога чалавека, якi, трапiўшы ў лапы да мядзведзя, жывы б застаўся. Але кравец не спалохаўся, ён ахвотна пагадзiўся i сказаў:
– Смела задумана – паўсправы зроблена.
Вось надышоў вечар, i прывялi маладзейшага краўца да мядзведзя. Мядзведзь памкнуўся ўжо кiнуцца на маленькага чалавека i павiтацца з iм добра сваёй лапай.
– Гэй ты, цiшэй, цiшэй, – сказаў кравец, – я цябе супакою, – i ён дастаў з кiшэнi грэцкiя арэхi, раскусiў iх i пачаў есцi. Убачыў гэта мядзведзь, захацелася яму тых арэхаў пакаштаваць. Палез кравец у кiшэню i падаў яму iх поўныя прыгаршчы; але былi гэта не арэхi, а каменьчыкi. Запхнуў мядзведзь iх у пашчу, пачаў грызцi, – грызе, а разгрызцi нiяк не можа. "Эх, – падумаў ён, што гэта я за такi дурань, i арэхаў нават раскусiць не ўмею", – i кажа ён краўцу:
– Паслухай, разгрызi ты мне арэхi.
– Вось ты якi, – сказаў кравец, – а пашча ў цябе вунь якая вялiкая, а маленькага арэха разгрызцi не ўмееш!
Узяў ён камень, але замест яго паклаў сабе ў рот арэх, i – трэсь! – той раскалоўся.
– Трэба будзе яшчэ раз паспрабаваць, – сказаў мядзведзь, – бачу я, справа гэта такая, што i я, мабыць, здолею.
I даў яму кравец зноў камянi. Пачаў мядзведзь грызцi, грызе з усяе сiлы. Але i ты ж таксама не паверыш, што ён iх разгрыз. Тут выцягнуў кравец з-пад крыса скрыпку i давай на ёй найграваць. Пачуў мядзведзь музыку, не мог стрымацца, пачаў скакаць. Паскакаў ён трохi, i гэта яму так спадабалася, што ён папрасiў краўца:
– Паслухай, а цi складана iграць на скрыпцы?
– Ды зусiм лёгка, вось глядзi, – сюды кладу я пальцы левай рукi, а правай смыкам ваджу; i вось яно як весела атрымлiваецца: гоп-гоп-гоп, тра-ля-ля!
– Вось так бы iграць на скрыпцы, – сказаў мядзведзь, – i мне б хацелася, можна было б скакаць, калi захочацца. Навучы мяне iграць! Што ты на гэта скажаш?
– З вялiкiм задавальненнем, калi ёсць у цябе да гэтага здольнасцi. Ану, пакажы мне свае лапы. Э, ды яны ў цябе занадта доўгiя, трэба будзе кiпцюры крыху абрэзаць. – I ён прынёс цiскi, а мядзведзь паклаў у iх свае лапы; тут кравец давай iх зацiскаць, ды як мага мацней, i кажа:
– Цяпер пачакай, пакуль я прынясу нажнiцы, – i пакiнуўшы мядзведзя раўцi колькi яму хочацца, лёг у кутку на салому i заснуў.
Пачула вечарам прынцэса, як раве мядзведзь, i падумала, што раве ён ад радасцi, пакончыўшы з краўцом. Прачнулася яна ранiцай бесклапотная i задаволеная, але зазiрнула ў хлеў, бачыць – стаiць кравец, вясёлы i здаровы, побач з мядзведзем i пачувае сябе, быццам рыба ў вадзе. Што тут было ёй сказаць? Бо ў прысутнасцi ўсiх яна дала яму абяцанне; i загадаў тады кароль падаць карэту, i павiнна была прынцэса адправiцца разам з краўцом у кiрху i з iм павянчацца. Толькi яны селi ў карэту, а тыя два краўцы пачалi зайздросцiць шчасцю свайго сябра; i было ў iх сэрца злое, увайшлi яны ў хлеў i вызвалiлi мядзведзя з цiскоў. Люты мядзведзь кiнуўся ўслед за карэтай. Пачула прынцэса, што мядзведзь сапе i раве, спалохалася i закрычала:
– Ах, гэта гонiцца за намi мядзведзь, ён хоча цябе сцягнуць.
Тут наш кравец хутка скемiў, што яму рабiць: стаў ён на галаву, высунуў ногi ў акно карэты i закрычаў:
– Бачыш цiскi? Калi ты не адстанеш па-добраму, то трапiш у iх зноў!
Як убачыў гэта мядзведзь, павярнуўся i ўцёк. А кравец наш паехаў сабе спакойна ў кiрху i павянчаўся з прынцэсай, i жыў з ёю ён шчаслiва, быццам жаваранак палявы.
А хто казцы нашай не верыць, няхай талер дае хутчэй!