412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Плач перапёлкі » Текст книги (страница 7)
Плач перапёлкі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Плач перапёлкі"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 20 страниц)

V

Прахапіўся Чубар ад незразумелага гуку. Было ўжо ранне, і ён колькі часу няўцям азіраўся, прывучаючы вочы да святла, якое здавалася чамусьці няпраўдашнім пасля ночы. Лес, дзе не па сваёй ахвоце апынуўся Чубар, быў рэдкі – як абхапіць двум чалавекам елкі, сярод якіх пракідаліся камлюкаватыя бярозы, стаялі адна ад другой на вялікай адлегласці. На голых мясцінах, што нагадвалі звычайныя паляны, раслі ў папараці рабіны, якія чырванелі яшчэ не зусім спелымі гронкамі.

Нешта туркала ўгары на ўвесь лес – тр-р-р, тр-р-р, тр-р-р, менавіта гэтае турканне і пабудзіла Чубара.

Дажджу не было, але неба засцілі хмары.

Непадалёку Чубар убачыў шырокі, з вялікім падрэзам пень. Вакол яго ляжала паскубанае птушынае пер’е: пеначак, берасцянак, чыжоў. Было каля пня таксама некалькі сойчыных хвастоў. Але больш за ўсё – рыжавата-шэрага пер’я перапёлак. Тым часам на самым пні дзівіла вока ахайная чысціня. Няйначай, гэта была «сталоўка» ястраба-перапёлачніка. Ён высочваў свае ахвяры недзе ў полі, кідаўся на іх з вышыні і прыносіў сюды сталавацца.

Чубару пры выглядзе ястрабавай «сталоўкі» ўспомніўся свой выпадак.

У той год, як ён прыехаў на старшынства ў Верамейкі, Дзяніс Зазыба павёз яго паказаць калгасныя ўладанні. Была сярэдзіна лета, і вараны жарабок – куплёнік, якога набылі на Гомельскім конезаводзе, да паўдня паспеў павазіць седакоў ледзь не па ўсёй тэрыторыі калгаса. На Халахонавым хацішчы – некалі, ужо не за гэтым часам, жыў там адасоблена ад Верамеек багаты, але дужа нелюдзімы мужык Халахон – Зазыба прапанаваў даць каню адпачыць, бо не было ратунку ад сляпнёў. Старшыня калгаса і яго намеснік, дакладней загадчык гаспадаркі, нацёрлі каня балотным перцам і паставілі проста ў аглоблях у вялікі цень, паслабіўшы церазсядзёлак, а самі спярша прайшлі па сенажаці – у тое лета аўсяніца высыпала як не па локаць, заліўшы ўсё фіялетавым колерам, затым накіраваліся глядзець авёс і грэчку, што былі пасеяны на новых лядах. Не паспелі яны выйсці на край нівы, як убачылі шэрага ястраба-перапёлачніка. Склаўшы кароткія крылы, той падаў камяком на зямлю. У аўсе спачатку пачуўся трывожны піск, пасля пачалася нейкая валтузня. А яшчэ праз момант перапёлачнік узляцеў угору. У кіпцюрах ён моцна трымаў сваю ахвяру. Але з ёй не мог узняцца высока, таму ляцеў па-над зямлёй. Зазыбу з Чубарам ён не заўважаў. І тое, што яны раптам апынуліся на яго шляху, было нечаканасцю. Ястраб разгубіўся, і яго ахвяра выпала з кіпцюроў. Гэта была куцахвостая перапёлка. Драпежнік не паспеў забіць яе, адно раструшчыў грудную клетку. Перапёлка мела бездапаможны выгляд. Здавалася, яна ўжо не скранецца нават з месца. Але вось яна паляжала на зямлі, нібыта ажывала, абапіраючыся на крылы, стала на ломкія ногі і, выдыхаючы з вялікім болем «хва-ва, хва-ва», як стрыножаная, паклыпала ў авёс.

Тады драпежніку не давялося паласавацца перапёлчыным мясам. Перашкодзілі Зазыба з Чубарам, якія паявіліся нечакана на краі нівы. А гэта, мусіць, праз усё лета насіў сваіх ахвяр да пня, зрабіўшы на ім сапраўдную «сталоўку»...

Чубар разварушыў ботам птушынае пер’е, пастаяў трохі над ім, быццам у забыўлівасці, а тады пачаў сцягваць з сябе закарэлы і брудны шынель.

Наперадзе быў цэлы дзень, і Чубарам валодала моцная надзея трапіць за гэты дзень у Журынічы – незнаёмая вёска стала для яго нібыта адным запаветным месцам, куды яшчэ мела сэнс падавацца.

У лесе патыхала цяжкім духам грыбоў. Паміж маладога ельніку блішчаў пасярэбраны дажджавымі кроплямі шаўкавісты змяёўнік. Па моху расла так званая грыбная лапша – булаўніца, але чамусьці не жоўтая, як звычайна, а чырванаватая, нават аранжавая: здаецца, ступіш на яе нагой, і мох навокал адразу акрывяніцца.

Бульбяное поле, па якім давялося ўчора паўзці Чубару, бачылася здаля. Чубар выйшаў на ўзлесак, стаў на бугарок межавай канавы. Па правы бок вачам заміналі глядзець кусты – тыя, што трапіліся ўчора ў цемры. Каб абмінуць іх, Чубар патупаў далей па канаве і ўгледзеў кіламетры за два невялікую вёску. Каля гэтай вёскі фашысты, мусіць, і напалохалі ўчора аўтаматнымі чэргамі Чубара. Але сёння нішто не выдавала там іх. Больш таго, ва ўсім наваколлі не адчувалася ніякіх прыкмет вайны: і па той бок абараняльнага рубяжа, і па гэты ўсё пакуль патанала ў звычайнай маўклівасці. Тады Чубар датупаў да апошняга размежавальнага капца, глянуў на далёкую дарогу, што ішла паўз вёску, можа, за паўкіламетра ад крайніх двароў. То была, няйначай, грунтавая дарога. Па ёй рухаліся крытыя грузавікі. Скрозь ранішнюю імжэль яны здаваліся адсюль вялікімі фургонамі.

Ісці па адкрытым полі было небяспечна, і Чубар разважыў, што лепей дачакацца на ўзлеску якога-небудзь мясцовага чалавека, каб распытаць пра дарогу і пра ўсё астатняе. Як толькі думка гэтая ўмацавалася ў свядомасці, Чубар пачаў прыкідваць у галаве, што ён павінен рабіць цяпер. Па-першае, хацелася есці. Але пытанне з ежай можна было вырашыць лёгка – у Чубара быў пры сабе карабок запалак, а бульба расла побач. Больш складана было сустрэць чалавека. Таму Чубар адразу заняўся тым, што залежала ад яго – падаўся на поле капаць бульбу. Вогнішча ён раскладваў далей ад таго месца, дзе правёў ноч, каб нельга было заўважыць з узлесся. Гадзіны праз дзве пад яловым карчом нагарэла вуголле, і Чубар высыпаў на яго першы вялікі пасад бульбы. Гэтага пасаду магло хапіць яму на колькі разоў. Але як толькі Чубар наталіў голад, неспадзявана пачаўся бой. Над лесам спярша прагулі самалёты з чорна-жоўтымі, нібыта фасфарычнымі, крыжамі, скінулі бомбы на абараняльны рубеж. Пасля там сталі бухаць зеніткі, і нарэшце праз нейкі момант пачалася такая калатэча, што пад Чубарам загойдалася зямля. Здавалася, што абрынулася само неба з усімі яго грымотамі і маланкамі. Сядзець нават за колькі кіламетраў было жахліва, хоць лес гэты яшчэ заставаўся, бадай, адзіным ва ўсім наваколлі астраўком, незачэпленым боем. Чубар не меў вопыту ў ваеннай справе – яму не давялося ўдзельнічаць у папярэдніх войнах па малалецтве, але і ён рашыў, што гэта пакуль ішла артылерыйская падрыхтоўка і рабілі яе хутчэй за ўсё немцы: гарматы стралялі не далей, як ад вёскі, якую бачыў Чубар, калі выходзіў на ўскрай лесу. Тым не менш Чубар неўзабаве не вытрымаў і рушыў паціху ад вогнішча, каб зноў выйсці на ўзлесак і паглядзець з-за дрэў у бок вёскі: гэтак часам адчуванне страху і несвядомая цікаўнасць выводзяць на небяспеку неразумнага звера. Тое, што раптам убачыў Чубар за межавай канавай, прымусіла скалануцца і знямець – уздоўж канавы, выставіўшы на бульбяное поле гарматы, стаялі нямецкія танкі. Калі яны панаехалі сюды, Чубар не мог нават уявіць сабе: можа, у самы апошні момант, пад грымотамі бою. Але выгляд варожых танкаў выклікаў у ім амаль жывёльны страх. Чубар кінуўся з усіх ног ратавацца ў сярэдзіну лесу. У роце зрабілася горка, быццам пакаштаваў моху, што рос на дрэвах. І ўсё ж да Чубара даволі хутка вярнулася здольнасць разважаць. Гэтаму паспрыяла тая акалічнасць, што лес раптам кончыўся, і Чубар апынуўся на краі нейкага жытнёвага поля: далей бегчы было небяспечна.

Тым часам дождж, які быў аціх пад раніцу, зноў пачаўся. Аднак цяпер ён ішоў з перапынкамі, быццам раздумваючы: палье як з вядра паўгадзіны, а тады перастане. Чубар пачакаў, пакуль новая сцяна дажджу заслоніць ад вачэй наваколле, і проста праз жыта падаўся да другога ўзлеску, што быў наперадзе. Падумалася нечага, што пакуль будзе лепей не мець ніякага дачынення, няхай нават ускосна, праз шынель, падараваны ў Пёкліне Шпакевічам, да вайскоўцаў... І ён кінуў шынель на дажджы, хоць і разумеў, што пашкадуе аб гэтым у першую ж ноч, якую, няйначай, таксама давядзецца правесці не ў хаце. Чубар ішоў у адваротным напрамку ад абараняльнага рубяжа, на якім ужо некалькі разоў усчынаўся і заціхаў бой.

Надвечар дождж зноў як перастаў на працяглы час, і тады Чубар убачыў на мурагу, пасярод узаранага поля, каня. Наеўшыся ўдосталь і нават стаміўшыся ад гэтага, той стаяў ужо амаль з паўдня нерухома, звесіўшы ў нейкім сваім одуме галаву. Чубар адразу, як убачыў безнагляднага каня, павесялеў – ён азірнуўся з перасцярогай навокал і пашыбаваў па топкім ворыве напрасткі, хвалюючыся ад нечаканага і яшчэ патаемнага свайго жадання. Конь таксама звярнуў увагу на чалавека, які спяшаўся да яго, і насцярожана занепакоіўся. Але Чубар ведаў коней – яшчэ здаля пачаў улагоджваць, ціха кажучы «кось-кось-кось»... Тады конь як паверыў чалавеку і паслаблена пераступіў пярэднімі нагамі, пакратаў адным вухам, нібыта гэтым даваў дазвол падысці, нават узяць сябе за мокрую, але ўзапрэлую, таму вельмі цёплую грыву. Ён, мусіць, з нейкае блізкае вёскі, якой пакуль не відаць было адсюль, але цяпер, надвечар, па яго маглі прыйсці сюды кожную хвіліну. Таму Чубар не стаў чакаць. Абапёрся распасцёртымі, амаль на ўсю шырыню, рукамі на канёвыя карак і крыж, падскочыў і павіс на нейкі момант жыватом на вострай хрыбціне, а тады крутануўся і, закінуўшы правую нагу, сеў. Можна было ехаць. Але конь раптам яшчэ ніжэй апусціў галаву, нібы збіраўся пачаць скубці мурог. Чубар штаўхануў лыткамі па канёвых рэбрах, пацягнуў на сябе ледзь не каля самае галавы за грыву, спрабуючы прымусіць каня выпрастаць шыю. Але дарэмна. Конь не хацеў слухацца, адно чухаў аб выстаўленую нагу пабялелую, быццам скура на Чубаравых ботах, пысу.

– Но! – пачаў голасам паганяць Чубар.

Конь не паддаваўся ні штаўхалям, ні крыку.

– От упіра, – сказаў у злосці Чубар і саскочыў на мурог – рашыў ужыць спачатку самае надзейнае: вывесці каня на дарогу.

Набрынялы мурог непрыемна зачмякаў пад падэшвамі ботаў. Але наваксаваная скура, нягледзячы на тое што амаль не прасыхала ўжо колькі дзён, яшчэ не прапускала да анучаў вады.

Улагоджваючы каня, Чубар мякка паляпаў рукой па ягоным шырокім ілбе, пачаў зноў «коськаць». Тады выцягнуў са штаноў рэмень і накінуў каню на шыю, заціснуўшы ў руцэ абодва канцы.

– Хадзем, – сказаў ён каню, як пасля дамоўленасці, патузаў за канцы.

Нарэшце конь, мусіць, адчуў над сабой уладу чалавека, перастаў натурыцца. Тады Чубар ціха засмяяўся, здаволена сказаў:

– Даўно б так!..

Але на дарозе Чубар яшчэ ўтрапёна падумаў, што без аброці конь, няйначай, паспрабуе павярнуць не ў той бок. Толькі дарэмна. Конь больш не паказваў нораву – як угнуўся пад цяжкім седаком, дык адразу патрухаў па дарозе. Ехаць на кані хоць і было мулка ды парна, асабліва сыспаду, аднак праўду кажуць дасціпныя людзі, што лепей дрэнна ехаць, чым добра ісці. Чубар лічыў, што з канём яму пашанцавала, нават задужа. Гэтага шанцу ўжо ставала, каб не думаць, што конь можа зусім неўпрыкмет паблытаць знаёмыя яму дарогі і правазіць седака да наступнае раніцы вакол аднаго і таго ж месца. Вядома, конь быў крадзены.

Але на гэты кошт Чубар меў заспакойваючае апраўданне – ён разумеў сабе справу так, што конь, няйначай, калгасны, значыць, па цяперашнім часе амаль нічыйны.

Як і ў мінулы вечар, калі Чубар ішоў з Пёкліна ў Журынічы, цямнела, здаецца, пачынаючы ад самага ранняга пасляабеддзя. Над зямлёй вісеў туманны паўзмрок. Але ў мінулы дзень Чубар быў поўны спадзяванняў і нязведанага прадчування – гэта ж не жарты, выйшлі сюды яны, лічы, з самага нямецкага тылу! Учора ўсё складвалася як нельга лепш, адно да аднаго. А сёння тое самае нібыта пачало пракручвацца на зварот. Другі раз за апошнія колькі дзён – першы раз у Верамейках, затым у Белай Гліне, калі ён апынуўся ў жахлівым няведанні, а другі раз цяпер вось – перад ім паўставала задача са шматлікімі невядомымі, якую патрэбна было рашаць. Але тады на шляху ў яго апынуліся Шпакевіч з Халадзілавым – акалічнасці склаліся нечакана так, што адпала неабходнасць рашаць менавіта яму тыя невядомыя. Цяпер жа зноў усё складвалася, як да сустрэчы з Халадзілавым і Шпакевічам. Чубар павінен быў зноў асабіста турбавацца пра ўсё. Ды адзін ён ужо не мог нічога прыдумаць – не хапала не толькі здатнасці, але, здаецца, нават фізічных сіл. Разумеючы гэта, Чубар паступова траціў ранейшую ўпэўненасць і ранейшае жаданне, у ім брала верх нешта падобнае на абыякавасць да ўсяго, што магло мець значэнне ў ягоным становішчы.

Канём Чубар зусім не кіраваў – гэтага нават не вымагала дарога, бо яна была пакуль адна тут.

Кіламетраў праз колькі пачаўся лес.

З вопыту свайго вандравання Чубар ведаў, што тутэйшыя лясы былі невялікія – хутчэй, звычайныя пералескі, таму ён падумаў, што гэты таксама павінен неўзабаве кончыцца.

Дарога хутка прывяла на раскрыжаванне – адсюль пачыналіся яшчэ дзве: адна, торная, была, уласна, працягам ранейшай, па якой ехаў Чубар, а другая толькі адгаліноўвалася, але была зарослая травой і закіданая апалым лісцем. Такія дарогі, як гэта, звычайна нікуды з лесу не выводзяць, яны канчаюцца часцей за ўсё жураўліным балотам, дзе сяляне з навакольных вёсак скубуць доўгі і мяккі мох на розныя свае будоўлі. Таму Чубар пусціў каня на торную дарогу.

Скрозь густую імжу, якая ў лесе нагадвала ўжо звычайныя пацёмкі, Чубар неўзабаве ўбачыў на дарозе чалавечую постаць. Дзіва, але Чубар нават не ўзрадаваўся сустрэчы, якая мелася адбыцца. Па дарозе тупаў мужчына. Гэта адразу кідалася ў вочы па хадзе. І чым хутчэй яны набліжаліся адзін да аднаго, тым выразней станавілася, што чалавек меў сялянскі выгляд – ужо нават па тым, што быў дужа рухавы і насіў армяк з накінутым на галаву башлыком.

– Ці не бачыў ты цёлкі чмарай? – гукнуў ён наўперад, калі паміж Чубарам і ім заставалася не больш за дзесяць крокаў.

Але Чубар не адказваў да самага таго моманту, пакуль не параўняліся.

– Не, не бачыў, – пільна ўзіраючыся ў чалавека, пакруціў галавой Чубар.

Чалавек глядзеў на конніка насцярожана, вочы яго ажно жмурыліся.

– Ці то сама сышла куды, ці хто звёў, – па-сапраўднаму шкадуючы, сказаў ён. – Уранні не знайшлі, цяпера вось цэлы дзень па дарогах бегаю.

– А яна тым часам, можа, дзе на мурагу распірае бакі, – усміхнуўся Чубар.

– Каб жа знаццё...

– Ты адкуль? – спытаў Чубар.

– А ты?

– Ды я адтуль, – паказаў Чубар рукой за плечы.

Чалавек падступіўся бліжэй, сказаў:

– Але нешта я не пазнаю цябе?

– Дык і я таксама цябе, – быццам гуляючы словамі, паказаў Чубар зубы.

– Мусіць, нетутэйшы?

– Чаму ты думаеш?

– Дык сваіх жа я ведаю! – усміхнуўся чалавек.

– А сам з якой вёскі? – зноў спытаў Чубар.

– З Шыраеўкі.

– Дзе гэта?

– Ды выедзеш з лесу, і вёска наша адразу.

– У цябе паесці няма чаго? – спытаў Чубар.

– Няма. Бегаю каля самага дому, дык навошта?

– І то праўда, – нібы толькі цяпер усвядоміў гэтую акалічнасць Чубар.

– А конь у цябе нішто, – пахваліў чалавек.

– Добры конь.

– Але, няйначай, крадзены?

– Чаму ты падумаў? – зусім шчыра здзівіўся Чубар.

Чалавек хітра паглядзеў на яго, разважліва сказаў:

– На сваім кані нават цыган не ездзіць без аброці.

– Цыган і на чужога без аброці не сядзе, – пажартаваў Чубар.

Чубару не хацелася далей гаварыць пра каня, таму ён спытаў пра другое:

– Немцаў у вёсцы няма?

– Учора былі на матацыклах, а сёння, здаецца, яшчэ не наведваліся.

– Ну і што? Як яны?

– Рагоў пад каскамі не відаць было, а там хто іх разбярэ, – паціснуў плячамі чалавек. – Пакаталіся на матацыклах па вёсцы, пахапалі на вуліцы гусей, а благога не нарабілі.

– А гусі – гэта не благое?

– Дык...

– Можа, спяшаліся куды?

– Можа, і спяшаліся.

– А ты кажаш!..

Чубару патрэбна было мець хоць якое ўяўленне пра мясцовасць, таму ён пачаў распытваць чалавека пра навакольныя вёскі.

– Значыць, Шыраеўка ваша недалёка ўжо?

– За лесам адразу.

– Як туды ехаць?

– Проста – па дарозе, па дарозе...

– А за вашай вёскай – якая наступная будзе?

– Дык гэта, як куды, – разважліва сказаў чалавек. – Калі туды, – ён паказаў на поўнач, – то на Аўчынкіна выедзеш, а калі сюды, – і ён зноў паказаў рукой, але ўжо трохі лявей, – то на Папаратню пападзеш.

– Журынічы адсюль далёка? – спытаў Чубар.

– Журынічы... Журынічы... – Чалавек ссунуў калматыя бровы. – Журынічы...

– Там блізка яшчэ другая вёска, Пёкліна, – падказаў Чубар.

Тады чалавек раптам усміхнуўся:

– Гы, пра гэту я чуў. Пра гэту ў мяне пыталіся ўжо. Пёкліна цяпер недзе там, за фронтам.

– Дык там вось і Журынічы, – важка сказаў Чубар.

– Тады не ў той бок едзеш, – пачаў тлумачыць чалавек. – Трэба павярнуць назад і падавацца на Петраполле, пасля на Мядзведзі, на Жанвіль, а за імі і Пёкліна недзе. Гэта ўжо не нашага раёна.

– А Шыраеўка ваша якога? – спытаў Чубар.

– Гардзееўскага, – з нейкай асаблівай годнасцю адказаў чалавек, быццам Гардзееўку ведалі ва ўсім свеце.

– А на Гардзееўку як трэба ехаць?

– Гэта ўжо на Папаратню...

– Ну вось і пагаварылі, – зрабіў Чубар выгляд, што наважыўся ехаць.

Але чалавек паціснуў плячамі.

– Нешта я не разбяруся – тутэйшы ты ці нетутэйшы, ваенны ці неваенны...

– А сам чаму не ў арміі? – спытаў тады Чубар.

– Бялет маю.

– Белы?

– Вядома, не чырвоны!

– Што ў цябе?

– А мяне як неслі хрысціць у царкву, дык у халоднай вадзе пакупалі, – бліскаючы вачамі, адказаў чалавек. – Кум з рук выпусціў малога.

– Ну і што? Кума ж ты пасля, як вырас, хоць пабіў?

– Завошта? З белым бялетам таксама можна пражыць.

– Асабліва як цяпер? – пакпіў Чубар.

– Я – па закону, – як незалюбіў чалавек. – А ты вось таксама... мусіць, нечага не ваюеш?

Чубар натужна памаўчаў. Тады нібы спахапіўся:

– А хто ў цябе яшчэ пытаўся пра Пёкліна?

– Ці ж вас цяпер разбярэш? – сказаў з усмешкай чалавек. – Хто сустрэне на дарозе, той і пытае.

– Ну, а ўсё-такі?

– Выйшлі нейкія два ў ваенным на дарогу і гаварылі.

«Мусіць, акружэнцы?» – падумаў Чубар.

– Дзе гэта было? – спытаў ён.

– Там, – махнуў чалавек рукой на дарогу за сабой.

– А даўно?

– І ўсё табе хочацца ведаць! – раптам нібыта заўпарціўся чалавек.– А можа, я таксама слова даў!

– Добра, – сказаў як нездаволены Чубар, – тады трымай сваю клятву. Але пра немцаў ты праўду сказаў?

– Якую ты праўду хацеў?

– Ну, што ў вёсцы няма іх?

– Дык я казаў, што не было.

– Ладна, праверым, – з наўмыснай пагрозай наперад сказаў Чубар.

– Дык ім жа на машынах нічога не каштуе цяпер, – нібыта апраўдваючыся, сказаў чалавек.

Чубар крануў каня. І ўжо ад’ехаўшы, крыкнуў наўздагон:

– А можа, купіў бы за што каня ў мяне?

Але крыкнуў проста так, дзеля аднаго свавольства.

Чалавек павярнуўся і на хаду таксама крыкнуў:

– Едзь ужо, едзь! Пакуль не папаўся з гэтым канём! У нас адзін так прадаваў ужо! А назаўтра высветлілася, што конь быў з суседняга калгаса! Украдзены!

– Мой не крадзены! – дзеля большай пераканаўчасці засмяяўся Чубар.

Над дарогай з абодвух бакоў навісалі яловыя лапы. Яны ледзь не сашчэпліваліся на сярэдзіне, таму неба праглядвалася толькі праз вузкую палоску, якая выгіналася ўгары разам з дарогай.

Конь тупаў паціху, плёхкаючы капытамі па калдобінах, у якіх стаяла вада.

Чубар не здагадваўся, але наперадзе па дарозе быў чырвонаармейскі пост, яго сапраўды паставілі акружэнцы, калі адчулі, што настае вечар. У вёсцы чырвонаармейцы заначаваць не адважыліся, адно папрасілі ў сялян печанага хлеба: мяса – каніну – яны неслі з сабой, а бульбы можна было накапаць на калгасным полі. Цяпер гэтак рабілі ўсе, хто рухаўся да фронту.

Чубара аклікнулі адразу як ён наехаў на пост.

Непадалёку, крокаў за пяць ад дарогі, паміж дзвюх бяроз, якія вылучаліся сваёй бяростай сярод хвойных дрэў, стаялі чырвонаармейцы з вінтоўкамі. Адзін, з насупленым тварам, у акулярах, ступіў на дарогу, перастрэў конніка:

– Хто такі?

– Ды...

Дзіва, але Чубар не ведаў, што адказаць. Сапраўды, хто ён? Тады, каля Белай Гліны, Чубар не бянтэжыўся, бо ведаў, што гаворыць пра сябе чырвонаармейцам. Там ён быў амаль дома. Урэшце, для Шпакевіча і Халадзілава было ўсё роўна, што Белая Гліна, а што Верамейкі. Галоўнае, Чубар – старшыня мясцовага калгаса. А цяпер, у гэтай незнаёмай мясцовасці, ён быў ні больш ні менш як звычайны бадзяга. І тыя, каму ён меўся гаварыць аб сабе, маглі паставіцца да ягоных слоў па-рознаму, прымаючы іх напавер альбо не. Але і хлусіць яму таксама не было сэнсу: ён сам не меў нічога супраць неспадзяванай сустрэчы. Чырвонаармеец між тым чакаў адказу. Збольшага, каб не зацягваць размовы і не злоўжываць цярплівасцю, Чубар пачаў расказваць чырвонаармейцу пра сваё вандраванне ад Бесядзі да абараняльнага рубяжа, што недзе паміж вёскамі Пёкліна і Журынічы, пасля – сюды... Чырвонаармеец спачатку слухаў сапраўды цярпліва, але як толькі высветліў для сябе, што чалавек на кані зусім не тутэйшы, а таксама закінуты ў гэты лес вайной, занёс яго ў разрад падазроных і рашыў затрымаць.

– Хопіць, – перапыніў ён Чубара, – пра далейшае раскажаце дзе трэба.

Міма другога чырвонаармейца, які па-ранейшаму заставаўся паміж бярозамі, яны рушылі ў лес: Чубар на кані, а канвойны яго – трохі побач і пеша.

– Толькі не ўздумайце выкінуць якую-небудзь штуку, – папярэдзіў Чубара канвойны чырвонаармеец. – Уцячы ўсё роўна не ўдасца. Пасты кругом.

– Я не ўзброены, – каб супакоіць чырвонаармейца, сказаў Чубар.

Але сам тым часам глядзеў вакол неспакойнымі вачамі – хоць і была пэўнасць, што гэта напаткаліся свае і што няма чаго вельмі асцерагацца, аднак ледзь не звярынае адчуванне перасцярогі прымушала ўнутрана напружвацца і быць, як кажуць, напагатове.

Конь раптам спыніўся, расставіў ногі і, выгінаючыся, пачаў мачыцца. Гэтая акалічнасць нечага раззлавала канвойнага чырвонаармейца. Той пачаў прыспешваць:

– Хутчэй, а то надумаліся тут!..

Тады Чубар з усмешкай сказаў:

– Няхай ужо аблегчыцца.

Ён скарыстаў момант і саскочыў на мох.

– Куды вы мяне? – нарэшце пацікавіўся Чубар, размінаючы ногі.

Чырвонаармеец не адказаў.

Тым часам да лагера, які размясціла ў незнаёмым лесе група байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, што выходзілі з акружэння, заставалася ўжо крокаў з паўсотні.

Людзей у лагеры небагата. Гарэла вогнішча. Вакол яго сядзела некалькі чырвонаармейцаў. Трохі воддаль стаялі тры буданы, скіданыя з яловых лапак. Пры ўваходзе ў бліжэйшы да вогнішча будан, але меншы па памеры, ляжала разасланая коўдра. На шынялі, прыхінуўшыся спіной да невысокага пня, сядзеў з забінтаванай да калена нагой грузны камандзір з чырвонай зоркай на рукаве. На пятліцах яго былі па чатыры шпалы. То быў палкавы камісар. У левай руцэ ён трымаў салдацкі кацялок і еў з яго алюмініевай лыжкай. З будана, на ўсіх чатырох, вылез другі камандзір. Гэты адразу ўбачыў каня, а пры ім незнаёмага чалавека ў суправаджэнні чырвонаармейца. Падаўся насустрач. Чубараў канвойны далажыў дакладна па форме:

– Таварыш капітан, на дарозе затрыманы... – і гэтак далей.

Капітан – высокі, з упалымі шчокамі – даслухаў чырвонаармейца, змераў Чубара зачэпістым позіркам.

– Мне трэба пагаварыць з вамі, – першы сказаў, хвалюючыся, Чубар.

Капітан кіўнуў галавой і моўчкі адышоўся да будана. Там ён перагаварыў аб нечым з палкавым камісарам і махнуў Чубару рукой. Палкавы камісар перастаў есці, але кацялок не паставіў.

– Хто вы? – спытаў камісар.

Чубар адказаў.

Камісар расплыўся ва ўсмешцы і з цікавасцю агледзеў незнаёмага чалавека.

– Аднак прозвішча ў вас!..

Чубар таксама ўсміхнуўся.

– Непаразуменняў не бывае?

Чубар паціснуў плячамі.

Камісар зразумеў гэта, як – здараецца...

Быў ён з вялікай лысінай, якая амаль клінам сыходзіла на самай макаўцы галавы. Нягледзячы, што чалавеку, мусіць, нярэдка даводзілася стаяць проставалосым і на сонцы, і на дажджы, лысіна была зусім белая. Валасы на скронях і на патыліцы пасівелі да самых каранёў. Твар хоць і шырокі быў, але не азызлы і загарэлы. Няпэўнага колеру – ці то карыя зусім, ці то наогул чорныя – вочы глядзелі дапытліва, аднак не жорстка, нават трохі ўсмешліва.

Па зорцы на рукаве Чубар здагадаўся, што перад ім сядзеў камісар, аднак у высокіх вайсковых званнях, асабліва палітсаставу, ён не вельмі разумеў што. Але цяпер гэта нават не мела значэння – хапала таго, што на рукаве была камісарская зорка.

І тым не менш камісар сказаў:

– Прадстаўляцца не буду. Маё – усё на мне. – Ён паказаў вачамі на зорку, затым – ужо рукой – на шпалы. – Праўда... Але слова гонару, пад гімнасцёркай таксама свая, айчынная бялізна. Фашысцкага нічога няма.

Чубару яшчэ невядома было, што немцы часам пераапраналіся дзеля правакацый, таму апошнія камісаравы словы ў яго разуменні здаліся непатрэбнымі, нават нявартымі.

– А вось пра вас, – працягваў гаварыць палкавы камісар, – хацелася б даведацца больш падрабязна. Дакументы ёсць?

Чубар пакорпаўся ў кішэні, падаў камісару ўсе, якія меў пры сабе, паперы.

Палкавы камісар паставіў збоч кацялок, наважыўся правяраць Чубаравы дакументы. Але спахапіўся, кіўнуў на кацялок:

– Калі жадаеце і не грэбуеце, можаце даесці.

Чубар хацеў устрымацца.

Але па вачах яго палкавы камісар здагадаўся, што чалавек галодны.

– Ды вы не саромейцеся, – сказаў ён. – Давайце па-простаму. Кухні ў нас няма. Харчоў таксама небагата. – І засмяяўся: – Лічыце, што вам у нейкай ступені пашанцавала нават. Я памарудзіў вось, дык цяпер давядзецца падзяліцца з вамі харчам. Але сядайце.

Чубар паслухмяна апусціўся на мох. Тады палкавы камісар падаў яму кацялок. Чубар ажно пачырванеў – стала няёмка браць вячэру ў чалавека, які, можа, таксама хацеў есці.

У кацялку быў крупнік, але густы, як павярнуць лыжкай. Пахла мясной прыправай. Але Чубар есці не спяшаўся.

Капітан схадзіў да вогнішча, прынёс адтуль акраец сялянскага хлеба.

– Ешце, – сказаў і ён Чубару, – а то мы ведаем, як можна галадаць!..

Палкавы камісар тым часам пачаў правяраць Чубаравы дакументы.

– Ну, спавядайцеся, – сказаў ён пасля таго, як Чубар апрастаў недаедкі ў кацялку, і пасунуў рукамі трохі ўбок параненую нагу.

Чубар падзякаваў за ежу і пачаў апавядаць, але таксама збольшага, пра свае вандроўкі. Тады камісар папрасіў не спяшацца, гаварыць падрабязна. Калі Чубар паступова дайшоў у расказе да таго месца, як яны са Шпакевічам і Халадзілавым апынуліся ў Пёкліне, камісар раптам заварушыўся і кінуў маўкліваму капітану, што стаяў крокі за два:

– Карту!

Той хуценька дастаў з перакінутай цераз плячо планшэткі тапаграфічную карту, паклаў камісару на калені, а сам укленчыў побач.

– Мы прыкладна так і меркавалі, – паглядзеў палкавы камісар на задумлівага і стараннага капітана.

Капітан зрабіў на сваім твары нешта падобнае на ўсмешку, кіўнуў галавой.

– М-да, – задумліва прамовіў тады палкавы камісар, – па сённяшняй кананадзе можна было меркаваць...

Абое – і палкавы камісар, і капітан – колькі часу не адводзілі вачэй ад разгорнутай карты.

– Значыць, у Пёкліне нашы? – удакладніў палкавы камісар.

– Былі нашы, – адказаў Чубар.

Палкавы камісар выставіў руку. Капітан выняў з планшэткі металічную лінейку. Палкавы камісар памераў ёю нешта на карце, задумаўся.

– Ну што ж, – паглядзеў ён на Чубара, – калі вашы звесткі дакладныя, то мы ўжо, лічы, дома!

– Вы заходзілі ў вёскі? – спытаў Чубара капітан.

– Ён жа конна ехаў! – пажартаваў палкавы камісар.

– Не, больш давялося ісці, – з адценнем сарамлівасці ўсміхнуўся Чубар.

– А конь?

– Гэта так... – памуляўся Чубар.

– А мы з табой, капітан, колькі тупаем, а вось не дадумаліся, – зноў з усмешкай сказаў палкавы камісар.

– Дык я хачу спытаць, – меў сваё ў галаве капітан, – вы калі ішлі праз вёскі, немцаў там не бачылі?

– Я абмінаў вёскі. Таму дакладна не ведаю.

– Вось што, – сказаў палкавы камісар капітану, – няхай байцы адпачываюць ужо. Заўтра выступім на самым світанні. І вам, таварыш Чубар, таксама трэба адпачыць. Вы сваё заслужылі... Ужо нават тым, што многа памяклі сёння на дажджы.

Капітан пайшоў да вогнішча аддаваць адпаведныя распараджэнні. Палкавы камісар паплюскаў стомленымі вачамі, пасунуў рукамі для зручнасці параненую нагу і зноў сказаў Чубару:

– Вы далучайцеся пакуль да маіх байцоў і адпачывайце. Думаю, што яны прымуць вас. А яшчэ лепей, лезце ў мой будан. Бярыце коўдру і накрывайцеся. Будзеце пакуль як у бога за пазухай. А мы з капітанам пасядзім. Трэба распрацаваць на заўтра маршрут. – І дадаў: – З вамі мы пасля таксама пагаворым яшчэ. Вы не супраць?

– Не, – сказаў Чубар.

Байцы раскінулі нагамі вогнішча, каб не выдала ўначы, і паляглі ў буданах.

Небяспекі вялікай не чакалі – з чатырох бакоў вакол лагера стаялі пасты.

Чубар таксама не ўтрымаўся ад спакусы – падаўся ў будан.

Знадворку было чутно, як гаманілі паміж сабой палкавы камісар і капітан. Слоў іхніх нельга было разабраць. Да таго ж Чубар і не намагаўся рабіць гэтага. Ён ляжаў і не ведаў – ці то яму сапраўды засынаць, ці дачакацца палкавога камісара. Але неспадзявана з’явіўся новы клопат: падумалася, што непрывязаны конь можа сысці куды ўначы. Хоць Чубар і не ведаў, ці патрэбны яму будзе заўтра гэты конь, аднак ламаў цяпер галаву сабе над тым, як можна даць рады: не хапала самай простай рэчы – добрай вяроўкі ці нават звычайнай аборкі.

І ўсё ж Чубару давялося на нейкі час пакінуць зацішны будан.

– На каня гляну, – сказаў ён капітану, які насцярожана павёў за ім вачамі.

Конь тым часам неспакойна варочаў галавой, быццам у нецярплівасці, але стаяў на месцы. Чубар падышоў да яго, спыніўся заклапочана: сапраўды была поўная нявыкрутка. Тады Чубар рашыўся на самае простае – падвёў каня да будана і ледзь не тыцнуў яго мордай у яловыя лапкі.

– Пастой тут, – сказаў ён каню.

Калі Чубар зноў забраўся ў будан, там ужо варушыўся палкавы камісар. Капітан перад сном падаўся праверыць пасты.

– А што вы наогул збіраецеся рабіць? – спытаў у Чубара палкавы камісар.

– Пайду з вамі, – адказаў Чубар. – Там, у Журынічах, збіраюць апалчэнцаў.

Палкавы камісар доўга маўчаў.

– А вы лічыце, што біць фашыстаў можна толькі ў апалчэнні? – зноў парушыў ён цішыню.

– Чаму ж, – не зразумеў Чубар, – у арміі таксама... мусіць, яшчэ лепш. Але тады, у Пёкліне, мяне чамусьці не ўзялі ў армію, накіравалі ў Журынічы, у апалчэнне.

– Я не пра тое, – сказаў палкавы камісар. – Вы пра партызан чулі?

– Чытаў у газеце, здаецца, у «Правде», а можа, у «Известиях», двух нашых беларусаў з Палесся нядаўна ўзнагародзілі. Герояў Савецкага Саюза далі. Але прозвішчаў я не запомніў.

Палкавы камісар адшпіліў на гімнасцёрцы кішэню, дастаў двума пальцамі складзеную паперку і падаў у цемнаце Чубару.

– Гэта скарочаны тэкст прамовы таварыша Сталіна, якую ён сказаў трэцяга ліпеня, – растлумачыў камісар. – Тут пра ўсё сказана. Пра партызан таксама. І вас як немабілізаванага камуніста гэта датычыць у самай вялікай ступені.

Чубар слухаў.

– Ведаеце, што я зрабіў бы цяпер на вашым месцы? – працягваў гаварыць палкавы камісар. – Вярнуўся б у свой калгас. Там вас добра ведаюць.

– Але ж тое, што мяне добра ведаюць, можа, таксама... Хто-небудзь возьме да выдасць немцам.

– Усё будзе залежаць ад вас.

– Але ж для партызан там, мусіць, пакінулі людзей? – выставіў тады самы важны аргумент Чубар. – Каб я таксама патрэбны быў, то...

Камісар не запярэчыў, але і адказаў не хутка.

– Мне цяжка меркаваць, – нарэшце пачаў ён, – што ў вас там, у раёне, адбылося. Але я перакананы, што ў вашай мясцовасці таксама нехта астаўся для арганізацыі партызанскага руху. Вы ж самі разумееце, раён ваш крайні на паўднёвым усходзе рэспублікі. Пакуль фашысты захапілі яго, колькі часу прайшло. Цяпер жнівень, а вайна пачалася ў чэрвені. Гэта не тое, што на граніцы альбо паблізу. Там маглі і не паспець стварыць партызанскія групы. А ў вас справа іншая. Вашаму кіраўніцтву часу хапала, каб выканаць дырэктывы партыі і ўрада. А дырэктывы былі пэўныя. – Камісар паляжаў у маўчанні, быццам думаў, што яшчэ сказаць Чубару, а тады ўсміхнуўся і з захапленнем у голасе вымавіў: – А з партызанамі мы з капітанам бачыліся не адзін раз. Асабліва за Дняпром. Яны там пастрэльваюць ужо немцаў!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю