Текст книги "Плач перапёлкі"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 20 страниц)
– Немцы! – трывожна шапнула яна.
Зазыба кінуў з услона ногі, прахапіўся, як і не спаў.
– Дзе?
– Паслухай...
Каб не выдаць сябе, Зазыба асцярожна штурхнуў акно. Адна аканіца падалася на вуліцу, у твар дыхнула сцюдзёнасцю і пахамі позняга лета, але вуха нічога не лавіла.
Тады Зазыба пасунуў наперад другую аканіцу, вылез па плечы вонкі. Але і цяпер нічога не чуваць было – ні аднаго гуку.
– Папрышчылася табе, – сказаў ён жонцы амаль на ўвесь голас.
– Не, я бытта не спала, – не паверыла тая.
Зазыба яшчэ колькі хвілін павісеў на падаконніку, але якога-небудзь старонняга гуку і цяпер не пачуў – вёска па-ранейшаму была стоеная.
І тады за дварамі ў аўсе, быццам неаготаўшыся ад чаго, свіснула раз ды другі перапёлка.
– Піць!.. Піць!..
Спярша Зазыба нават не падумаў, што гэта падала голас перапёлка.
Але вось пачулася больш выразнае і поўнае:
– Піль-піль-віць... Піць-піль-віць... Піць-піль-віць, – і тады Зазыбу ажно заманулася паслухаць чутачку.
– Піць-піль-віць...
Але ж сёлета ці не запознены спеў яе?
– Піць-піль-віць...
Зазыба падумаў так і нібыта з падманутым пачуццём памкнуўся зачыніць акно. Але дакрануўся рукой адно да аканіцы. Нешта як стрымлівала пацягнуць яе на сябе. Можа, самы перапёлчын голас.
– Піць-піль-віць... Піць-піль-віць...
У ім не было тае ядранай і бесклапотнай зухаватасці, якая, быццам удар хлыстоўскі, ажно падсцёбвае часам і прыўзнімае настрой.
– Піць-піль-віць... Піць-піль-віць...
Сёння перапёлка, няйначай, плакала – ці то гняздзечка яе разбурыў хто, ці яшчэ якая бяда прымусіла агалошваць тугой наваколле, але замест звычайнага спеву чуўся плач:
– Піць-піль-віць... Піць-піль-віць...
Зазыба нарэшце адчуў гэта, і ў галаве ягонай узнікла пакутлівая думка: калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора наогул бывае незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край?
Успомнілася:
Перапёлка, трасцяно гняздзечка,
залато яечка,
перапёлка!
Перапёлка, пастушкі пагоняць,
гняздзечка разбураць,
перапёлка!
– Ніякіх немцаў няма, – лагодна ўшчуваючы жонку, кінуў ён у цёмную хату і задыхаў на ўсе грудзі. – Табе і праўда нешта папрышчылася.
Але Марфа сама падышла да акна.
– Ат жа і праўда нічога нячутна, – згадзілася яна праз нейкі момант.
– А чаму раптам падумалася табе? – спытаў Зазыба.
– Да падалося, што машына прайшла.
– Дзе?
– Па вуліцы.
– Тады б яна і цяпер гула.
– А хто яе ведае...
Марфа пазяхнула, але адыходзіць ад акна не спяшалася.
– Кладзіся спаць, – параіў Зазыба, – а то заўтра будзеш совацца па двары. Да й дзеўку мы, відаць, пабудзілі?
– Яна маладая. Ёй спіцца. А цябе во дарэмна па дурноце сваёй падняла.
– Тае бяды, – махнуў рукой Зазыба.
Нарэшце Марфа пайшла зноў укладвацца на тапчан, а Зазыба застаўся сядзець на ўслоне – нечага дужа засвярбела галёнка ў боце, можа, таму, што запацела ў анучах. Ён пакутліва моршчыўся, ужо наважваючыся разуцца. І ў гэты час на вуліцы пачуліся раптам галасы. Зазыба хуценька прычыніў акно, а сам схаваўся за лутку. Галасы набліжаліся. Гаварылі па-руску. Як толькі Зазыба разабраў гэта, то паспакайнеў і перастаў хавацца, стаўшы насупраць акна. Марфа таксама пачула галасы, падышла:
– Што тама?
– Пачакай, – папярэдзіў Зазыба.
Нарэшце Зазыба ўбачыў дзве чалавечыя постаці. Тыя наблізіліся да хаты і запыніліся.
– Можа, гэта? – сказаў адзін голас.
– Калі цётка тая дакладна палічыла, – адказаў другі.
– Па левы бок?
– Здаецца, так.
– А як тут узысці на двор?
– Чорт яе ведае!
– Можа, тады залезці ў гародчык гэты ды паляпаць у шыбіну?
– Не, патопчам. Пад вокнамі заўсёды што-небудзь расце.
– Можа, выйсці да іх трэба, – падказала Зазыбу Марфа.
Але Зазыба не зварухнуўся.
Тым часам людзі падаліся да Зазыбавых варот, дзе па правы бок была фортка. Запораў на ёй адмысловых не было, адзін драўляны сабачка, што прыўзнімаўся аборкай у прасвідраваным вочку. На двор не цяжка было трапіць нават уначы. Як і трэба было чакаць, незнаёмыя людзі хутка справіліся з няхітрымі Зазыбавымі запорамі, узышлі на ганак. У хаце пачулася, як яны пачалі паціху ляпаць клямкай. Зазыба выйшаў у сенцы. На ганку, мусіць, пачулі, як адчыніліся дзверы, таму перасталі ляпаць. Колькі часу знадворку маўчалі. Тады Зазыба знарок кашлянуў.
– Старшыня Савета тут жыве? – спыталі з ганка.
– Не.
– А хто вы? Старшыня калгаса?
– Не, я загадчык гаспадаркі.
– Мы чырвонаармейцы. Справа ў нас пільная.
Зазыба пачаў адчыняць дзверы – прывычна намацаў у цемнаце жалезную засаўку, шмаргануў яе ўправа, жалеза бразнула, і дзверы расчыніліся ледзь не напята, быццам на іх хто націснуў з таго боку. Чырвонаармейцы адступілі на крок, даючы дарогу гаспадару. Зазыба выйшаў на ганак, стаў паміж чырвонаармейцамі. Адзін з іх паднёс руку да шапкі, сказаў:
– Лейтэнант... – і назваў прозвішча, якое Зазыба не паспеў расслухаць: вочы ў чырвонаармейца блішчалі нават уначы.
– Дак якая справа тады да мяне? – спытаў Зазыба.
– Бензін трэба, – сказаў лейтэнант.
– Бензін? – перапытаў Зазыба.
– Так.
– Але ж ці ёсць ён? Мабыць, здалі разам з аўтамашынай. У нас палутарка была.
Лейтэнант зняў шапку.
– Але хто скажа – ёсць бензін у калгасе ці не? – спытаў ён больш настойліва.
Зазыба паціснуў плячамі.
– Ну вось, а яшчэ заўхоз!.. – сказаў тады чырвонаармеец, які да гэтага маўчаў.
– Дак я таксама без году нядзеля тута, – пачаў апраўдвацца Зазыба. – Было адлучаўся надоўга з калгаса. Рабілася ўсё без мяне.
– Разумееце, у нас гаручае кончылася...
– Можа, тады спытаць у кладаўшчыцы? – няпэўна, як для самога сябе, сказаў Зазыба. – Гэта недалёка.
– Пакажыце, – адразу ўхапіўся лейтэнант.
Зазыба пастаяў трохі ў развазе, а тады ціха зачыніў дзверы і першы сышоў з ганка.
Кладаўшчыцай у калгасе была Ганна Карпілава, саламяная ўдава: у свае маладыя гады – не набрала яшчэ і дваццаці пяці – яна мела двух дзяцей, так званых ветравічкоў-бязбацькавічаў. Хадзілі да яе і тутэйшыя, верамейкаўскія мужыкі, і прыезджыя, асабліва розныя ўпаўнаважаныя, якія праседжвалі ў калгасе цэлымі тыднямі і якіх вадзілі да яе, па-вясковаму, як у гасцініцу, начаваць. Здаралася, што знаходзіліся і жаніхі ёй, якія сваталіся, здаецца, разы са тры. Але доўга не затрымліваліся ў яе хаце. Аднаго прымака, лесасплаўшчыка, яна прагнала сама – пабіла даёнкай за тое, што недзе бачылі яго са старэйшай Піліпчыкавай дачкой, астатнія ўцякалі па сваёй ахвоце: ці то харчы не падабаліся, ці то цягавітасці не хапала. Кладаўшчыцай Ганну паставіў ужо Чубар. Спярша ў Верамейках смяяліся з гэтага, а пасля перасталі: слабкая на перадок, Ганна выйшла моцнай на галаву. За якія паўгода яна разгадала паперную мудрасць і стала нядрэннай кладаўшчыцай.
Калі Зазыба прывёў на яе двор чырвонаармейцаў, жанчына спала: па ёй хоць і пярун, абы міма. Будзілі кладаўшчыцу доўга, нарэшце дастукаліся. Ганна падышла да акна, пазнала Зазыбу. Але на парог выйшла босая і ў сподняй.
– Ну, што табе? – спытала яна недавольна Зазыбу.
– Бензін во таварышам камандзірам патрэбны.
Ганна паварушыла плячамі і сказала з гуллівым шкадаваннем:
– А я думала, жаніхоў прывёў!
– Табе абы!.. – хацеў паўшчуваць Зазыба.
Але Ганна гучна засмяялася.
– Дак няма бяльзіну, – сказала яна такім голасам, быццам да гэтага толькі марочыла галовы. – Каб раней, дак можна было б. А цяпер няма. Газы, праўда, ёсць трохі. У кладавой стаіць.
– Што гэта... газа? – спытаў лейтэнант Зазыбу.
– Па-вашаму – карасін, – растлумачыў той.
– А бензіну няма?
– Дак ні каліўка бяльзіну, – зноў чамусьці на ўсю моц засмяялася Ганна. – Увесь аддалі, як машыну калгасную здавалі.
Вайскоўцы пачалі аб нечым перамаўляцца між сабой. Тады Зазыба выкарыстаў момант і цыкнуў на Ганну, як на нявестку:
– Пастыдалася б, голая выйшла!..
Ганна павяла плячамі, знарок сцепанулася.
– Накінула б на сябе што, – зноў буркнуў Зазыба.
Ганна прыціснула да гарачых бакоў сагнутыя ў локцях рукі і быццам з неахвотаю пайшла ў хату. Лейтэнант павярнуўся да Зазыбы.
– Матор у нас заглох, – сказаў ён. – Гаручага не хапіла. Думалі, у вас раздабудзем, а цяпер вось не ведаем, як быць.
– Каб быў, то не пашкадавалі б, – нібы апраўдваючыся, развёў рукамі Зазыба. – Каму-каму, а сваім не пашкадавалі б.
– А коні ў вас ёсць? – спытаў тады чырвонаармеец.
– Ёсць, – замест Зазыбы адказала Ганна, якая якраз вярнулася з хаты адзетая. – Праўда, ахрамелыя. Чырвонаармейскія. Нам іх пакінулі замест калгасных. І ўчора яшчэ траіх бралі. Але запрэгчы можна. Вядома, калі на начлег іх не павялі.
– Тады вось што, – сказаў Зазыбу лейтэнант, – вы нам пакажаце, дзе вашы коні, а яна, – ён кіўнуў на Ганну, – няхай прынясе керасін.
– Дык ета ж далёка ісці па яго! – устрывожылася Ганна.
– Што значыць далёка? – паглядзеў на яе лейтэнант.
– Да ажно ў самы канец вёскі! – сказала Ганна.
– А ты не ідзі вуліцай, – незалюбіў Зазыба, – ступай па загароддзю, дак бліжэй будзе.
– Буду я хадзіць уначы па загароддзі тваім!
– Палахлівая!..
– Ай палахлівая! Бяры сам ключы да ступай у кладавую!
– Ты, Ганна, не дуры, – строга сказаў Зазыба. – Я тама не ведаю, што і як шукаць у цябе.
– Знойдзеш, калі хота будзе.
Размову іхнюю перапыніў лейтэнант.
– Тады няхай ён ідзе з ёй, – прапанаваў лейтэнант і паказаў на чырвонаармейца.
– З праважатым пайду! – засмяялася Ганна і перастала ўпарціцца. Яна вярнулася ў хату, каб наказаць нешта свайму большаму хлопчыку, а тады лёгка, быццам бязважкая, збегла на пахаладалую зямлю па сходках невысокага, складзенага з драўляных круглякоў, ганка.
– Вядзі, – гукнула яна чырвонаармейца.
Ужо на вуліцы лейтэнант сказаў Зазыбу:
– Трэба хоць вывезці за вёску машыну, а то сталі пад вокнамі.
Коні былі на стайні, і Ганна дарэмна сказала, што іх маглі павесці на начлег – не да таго цяпер было. Коні стаялі на самым праходзе, паміж стойламі, і толькі аднавокая кабыла, якая нікому непатрэбна была, падышла да бакавых варот. Яна пачула людзей і ціха заржала. Зазыба ведаў калгасную стайню і таму без святла прайшоўся па ўсім праходзе.
– Што ў вас там, палутарка ці ЗІС, – кінуў ён лейтэнанту.
– «Тэ-дваццаць шэсць».
– Што? – не зразумеў Зазыба.
– Танкетка.
– А-а-а, вон што! Тады пачакайце, – Зазыба схадзіў у трысценак, прыбудаваны да стайні, вынес адтуль хамуты з доўгімі сырамятнымі пастронкамі і пачаў брытаць коні.
Тым часам у самым канцы вёскі гаварылі паміж сабой яшчэ два чалавекі – мясцовы селянін Парфён Вяршкоў і другі танкіст, які застаўся каля заглохлай танкеткі. Танкетка спынілася якраз насупраць Парфёнавай хаты, праехаўшы па вуліцы метраў чатырыста. Тое, што кончылася раптам гаручае, не з’явілася нечаканасцю для саміх танкістаў. Яны нават упэўнены былі, што некалі гэта павінна здарыцца, бо выбіраліся ў дарогу – ад Вераб’ёвай Рудні, што непадалёку ад Гардзееўкі, да Бесядзі – ужо амаль без гаручага. Камандаванню тэрмінова патрэбна было зрабіць глыбокую разведку да самай ракі, і камандзір батальёна, накіроўваючы танкістаў, папярэдзіў:
– Адтуль, пэўна, давядзецца нагамі тупаць – гаручага ўсё роўна не хопіць. Але рызыкаваць не хачу. У нас няпоўныя бакі нават у «КВ». Таму запраўляцца не будзем. Паедзеце на тым, што ёсць. Для мяне лепей «Тэ-дваццаць шэсць» страціць, чым «КВ».
– Але ці паспеем мы вярнуцца? – сумеўся лейтэнант.
– У вашым распараджэнні ўся ноч. Туды даедзеце, а адтуль – алюр два крыжы. – Камбат раней служыў у артылерыі. – Хочаш, магу выпісаць мандат? На зваротным шляху выкарыстоўвай любы транспарт, рэквізуй, калі што. Але каб разведданыя да раніцы былі ў штабе брыгады. – Ён паклаў руку на плячо лейтэнанта. – Ты зразумей – брыгаду кожную хвіліну могуць кінуць у бой. Гаручае ўсё на ўліку, а новы падвоз добра калі будзе ўранні. Не хапае аўтамашын. Адным словам, алюр два крыжы.
І вось нерухомая танкетка ўжо амаль гадзіну стаяла ў Верамейках. Танкісты дарэмна трацілі час, якога ў іх не вельмі шмат заставалася, але пакідаць баявую машыну на вуліцы не адважваліся. Спярша была надзея «пазычыць» гаручае ў вёсцы. Аднак самыя старанныя пошукі нічога не далі. Тады лейтэнант рашыўся на самае апошняе – вывезці танкетку за вёску і падпаліць.
Пакуль лейтэнант з адным танкістам хадзілі па вёсцы, другі танкіст, седзячы на загавальні, распытваў пра дарогу ў Парфёна Вяршкова – той выйшаў на вуліцу адразу, як пачуў, што насупраць спынілася машына.
– Да Гардзееўкі далёка?
– Вёрст трыццаць, лічы.
– А калі напрасткі?
– Напрасткі? Дак напрасткі адна варона лятала, затое дома не бывала!
– А калі без жартаў?
Парфён задраў галаву і пачаў прыпамінаць вёскі, што ляжалі на шляху да Гардзееўкі, вялікага сяла, якое было ўжо ў Бранскай вобласці. Дарогу ў Гардзееўку з Верамеек мала хто ведаў, бо ў тутэйшых сялян не было ніякай патрэбы хадзіць туды. Але Парфен, калі быў малады, вазіў у Гардзееўку кару, якую дралі тады па ўсім забесяддзі на грошы. З таго часу памяць і захавала вёскі.
– Спярша трэба падавацца на Сухое, – прыгадваў Вяршкоў, – пасля на Буду...
– Гэта Вераб’ёва Буда? – удакладніў танкіст.
– Не, проста Буда. Але і Вераб’ёва недзе там.
– Далей...
– А далі Гайнаўка будзе.
– Гайнаўка, – лічыў за Вяршковым танкіст.
– А за Гайнаўкай, здаецца, адразу Гардзееўка.
– Ну, а Вераб’ёва Буда?
– Да і Буда недзе там.
– Значыць, не ведаеш?
– Дак вам Гардзееўка трэба ці Вераб’ёва Буда?
– Гэта ваенная тайна.
– Так бы і гаварыў адразу, а то галаву дурыш!
Нарэшце Зазыба з лейтэнантам прывялі коні.
– Аўсюкова яшчэ не было? – спытаў лейтэнант танкіста.
– Ён жа з вамі пайшоў, – падаўся той да лейтэнанта.
– Гэта я сам ведаю, – злуючыся нечага, сказаў лейтэнант.
Вяршкоў тым часам пазнаў Зазыбу.
– І ты, Яўменавіч, не спіш? – гукнуў ён. – Дак хадзі, садзіся во.
– Мабыць, Ганна недзе прыспала вашага чалавека, – пажартаваў Зазыба.
– Якая Ганна? – наставіў вушы Парфён Вяршкоў.
– Кладаўшчыца.
– Тады скора не чакайце, – усміхнуўся Вяршкоў. – Яна такая – сваё возьме.
Ноч між тым недзе прамінула ўжо тую мяжу, адкуль пачынаецца зваротны шлях яе, і цяпер навокал нібыта шарэла. Угары патухалі самыя далёкія зоркі, быццам хто неўзаметку сціраў іх з неба.
Непакоячыся, што затрымка ў вёсцы выйшла занадта доўгая, лейтэнант сказаў Зазыбу:
– Мы вельмі познімся. Баюся, што не паспеем дабрацца да часці. Таму я падумаў – можа, коней сваіх дасцё нам?
Зазыба не паспеў адказаць, як лейтэнант пачаў супакойваць:
– Вы не хвалюйцеся, мы распіску пакінем.
– Етых коні ў нас даюць і забіраюць, забіраюць і даюць. Як кажуць, салдат даў – салдат узяў.
– Не той час, Парфён, каб нечага шкадаваць для Чырвонай Арміі, – сказаў Зазыба.
– Да ўжо ж. Але яны не кульгавыя?
– Не ўсе. Адзін кульгае.
– Значыць, падлячыліся ўжо, – усміхнуўся Вяршкоў. – Але як ета не ўгледзелі іх? Пэўна б забралі.
– Не возьмем мы, возьмуць немцы, – раптам кінуў Вяршкову танкіст, які ў прысутнасці лейтэнанта маўчаў.
– І ета можа быць, – невыразна згадзіўся Вяршкоў. – Час цяпер такі, што ўсе бяруць нешта і не пытаюцца нават.
– Будзем лічыць, што мы з вамі маем поўнае разуменне, – ігнаруючы Вяршкова, сказаў лейтэнант Зазыбу. – Коні вы дасцё нам, а распіску палучыце.
– Дзе яе пісаць цяпера? – махнуў рукою Зазыба. – Бярыце ўжо так, без паперкі. Раз трэба, дак трэба.
Тады лейтэнант нібы спахапіўся і стаў прыспешваць.
– Лезь у машыну, кіруй, – загадаў ён танкісту.
Зазыба пачаў раскручваць пастронкі і падаваць лейтэнанту, каб той чапляў за танкетку.
– А таго вашага з Ганнай можаце і не дачакацца, – быццам пакпіў Парфён Вяршкоў.– Яна баба смаляная. Ды і час якраз такі. Сама ў прымы прыставаць. І галава цалей будзе, і целу раскоша.
– Вярзеш абы-што, Парфён, – паморшчыўся Зазыба. – Нешта сянні ты...
– Яго, мусіць, баба да сябе не падпусціла, – высунуў твар з пярэдняга люка танкіст.
Лейтэнанту не спадабалася маладая нахабнасць свайго падначаленага, і ён прыкрыкнуў:
– Ну-у, ты-ы!
Калі танкетка нарэшце была зачэплена за доўгія пастронкі, коні зрушылі яе з месца і, храпучы, павалаклі па вуліцы.
– Куды яны яе? – спытаў Парфён Вяршкоў Зазыбу.
– За двары, каб падпаліць.
Вяршкоў крутануў галавой:
– Навошта?
– Няма на чым ехаць далей. Я от хвалююся, ці вытрымаюць да канца пастронкі. Кароткія былі, прыйшлося надвязваць.
– Раз коні адразу скранулі, дак вытрымаюць.
– І карціць табе, Парфён, непрыемнае гаварыць людзям, – сказаў між тым Зазыба.
– Якое непрыемнае? – пакруціў галавой Вяршкоў. – Самае непрыемнае я прыпас яшчэ. – Ён прайшоў трохі моўчкі, побач з Зазыбам, які кіраваў коньмі, а тады сказаў: —Чым еты карабок цягнуць, вы б лепей паганялі па застрэшшы мужыкоў нашых, папаролі б штыкамі, як вераб’ёў. А то ж хаваюцца. Акружэнцы, маць іх за нагу! Яшчэ фронт не прайшоў, а ўжо акружэнцы!
– Нешта я не разумею...
– Дак зразумееш, калі пралупіш зенкі. Але позна будзе.
– Кажы ясней!
– Да ўжо куды больш ясна...
«Няўжо хто-небудзь з верамейкаўцаў дэзерціраваў? – падумаў Зазыба. – Але хто?»
Коні вывалаклі танкетку на край поля за выганам, і тады аднекуль выскачылі з начы Аўсюкоў і Ганна Карпілава.
– Дзе ты швэндаўся? – накінуўся на чырвонаармейца лейтэнант.
Той вінавата выпрастаўся.
Тады заступілася Ганна.
– Не крычы, камандзір, – сказала яна і лена засмяялася. – Салдат жа прыйшоў...
Лейтэнант кінуў злосным вокам на яе, але змоўчаў.
Парфён Вяршкоў з Зазыбам тым часам адчэплівалі пастронкі. З танкеткі вылез чырвонаармеец, паклаў на зямлю замок ад кулямёта.
– Трэба выкінуць недзе, – сказаў ён.
Лейтэнант узяў з рук у Аўсюкова прынесеную з калгаснага свірна бляшанку з газай, пабоўтаў і, не шкадуючы, пачаў выліваць на браню.
– Падпальвай! – скамандаваў праз момант ён.
Чырвонаармеец чыркнуў запалкай аб карабок і кінуў на самы верх танкеткі. Сіняе полымя спачатку нясмела лізнула браню, затым скочыла ўгору і, стаўшы чырвоным, абхапіла ўсю танкетку. Адразу навокал зрабілася светла, а цені, якія адкінуў пажар ад людзей – пяцярых мужчын і адной жанчыны, – выраслі ледзь не да самых двароў, заскакалі, быццам жывыя.
ІІ
Зазыбава хата стаяла ў невялікім завулку, які не меў сабе назвы, і была там крайняя. Сядзіба кідалася ў вочы яшчэ ад самае вуліцы прасторнай, на дванаццаць вянкоў з падрубам хатай; двор быў абнесены тынам, а шаляваныя вароты віселі паміж пашарэлых дубовых шулаў. Тынам двор выходзіў на пустку, дзе раслі дзяды і глухая крапіва, а далей, паміж пусткаю і калгасным полем, быў глыбокі роў, які губляўся ў сівым палыне і шырэў паступова, пакуль дасягаў лесу, затым наогул нібы распасціраўся, утвараючы лагвіну, парослую па краях балотным перцам, а пасярэдзіне – блакітна-ружовым букашнікам, паўзучай канюшынай і лілова-чырвонымі лугавымі васількамі. У пачатку гэтага рова было глінішча, там брала гліну для тынкоўкі і на печы ўся вёска, таму амаль заўсёды ўлетку дарога пад вокнамі ў завулку была як пафарбаваная. Затое зімою каля Зазыбавай хаты ўсё замятала, і па завулку нельга было праехаць нават на санях. Вокны Зазыбавай хаты глядзелі на два бакі – адны выходзілі на паўднёвы захад, акурат на вёску, а другія – на двор, адкуль відаць было праз тын поле з бальшаком, абсаджаным бярозамі (некалі саджалі іх уздоўж шляху, кожны насупраць свайго надзелу), і лес, амаль заўсёды – і ўлетку і зімой – атулены смугой. Разам з Зазыбамі ў завулку жылі Аўхім Каспярук, Хрысціна Гаманькова з сынам-падлеткам – яна аўдавела ў фінскую вайну – ды вялікая сям’я Кузьмы Прыбыткова, два сыны якога, не аддзеленыя нават пры калгасе, ваявалі цяпер на фронце. Але першы гэты завулак пачынаў у Верамейках чалавек з Зазыбавага роду. Ім быў Дзянісаў прадзед Іван... Быў ён нядужы і хутка, здаецца, праз год пасля таго, як далі ўсім вольную ад паноў, памёр. У яго жонкі, Аўласавай дачкі Насты, засталіся сын Яўмен і дачка Вусціня... Дзяніс, Яўменаў сын, браў сабе жонку з Бабінавіч. Нявесту ён паказаў сам, але ездзілі па яе ў мястэчка ажно тры разы. Спярша бацька нявесты, Давыд Сяголетка, муліўся, пасля сама нявеста нечага як бы спалохалася, аднак трэці раз сватоў прынялі: тады якраз ездзілі з Верамеек у Бабінавічы на кірмаш. Пра вяселле згаварыліся на восень – не сталі чакаць зімы. Дзіва, але прыспешваў ужо бацька нявесты: сваты з Верамеек трапіліся памяркоўныя і не запрасілі багатага пасагу, а матка жаніхова нават кужэльным не пацікавілася. Вяселле наладжвалі пасля пакроваў, калі трохі ўправіліся з гаспадаркай. Усе Верамейкі хадзілі ў Зазыбаву хату глядзець Дзянісаву нявесту. Марфа сядзела з сумам у бліскучых, быццам узмакрэлых вачах, але была прыгожая, асабліва кінуліся ўсім яе смуглы, амаль цыганскі твар і валасы як воранава крыло. Жаніх таксама пасаваў ёй: з твару быў чысты, меў чорныя бровы над карымі вачамі і русыя валасы. З часам яны папалавелі ў яго, быццам іх пылам пасыпала на вялікай дарозе жыцця, потым і зусім сталі сівыя на скронях і ля вушэй, а на макаўцы заблішчала гуменца. Адна Марфа з гадамі нібыта не змянілася, толькі пацішэла вельмі ды пачала рукі хаваць пад фартухом: ад работы яны ў яе былі ў сініх сужыллях. Нарадзіла Марфа Дзянісу аднаго сына, Масея. Можа б, і яшчэ ў іх былі дзеці, але ў чатырнаццатым годзе, як пачалася вайна, Дзяніса забралі на румынскі фронт. Адтуль ён вярнуўся ўжо са шпіталя – адпусцілі далечвацца ў вёсцы. Тут ён і дзве рэвалюцыі перабыў, а калі ў васемнаццатым годзе прыйшоў у забесяддзе з Унечы Шчорс набіраць добраахвотнікаў, Дзяніс дастаў з куфра сваю салдацкую шапку з бліскучым аколышкам, з якой не была знята нават кукарда, і запісаўся ў чырвонае войска. Можа б, ён тады і не падаўся да Шчорса, але пасварыўся з бацькам: цыганы ўкралі на лузе іхнюю жаробку, на якую спадзяваліся ў гаспадарцы, і вінаваты быў Дзяніс, бо не застаўся на начлезе, а прывалокся начаваць у вёску да жонкі. Тым не менш Зазыба нібы прыкіпеў да рэвалюцыі – праз усю грамадзянскую пранёс ён сваю веру ў яе, пазнаваў спакваля, затое моцна і назаўсёды. І калі праз тры гады вярнуўся ў Верамейкі, то насіў ужо на гімнасцёрцы ордэн Чырвонага Сцяга. Тады гэта быў, можа, трэці чалавек з ордэнам на ўсю Калінінскую акругу.
Верамейкі разбудоўваліся так, што сонца, якое выплывала з-за пагорка, на нейкі час нібыта лажылася на дарогу паміж крайніх хат пасярэдзіне вуліцы. Тады здавалася, што гэта нават не сонца, а проста вогненны шар, які ўскаціўся аднекуль сюды. Але мінаў час, шар паступова, як бы з вялікай цяжкасцю, адрываўся ад зямлі, увачавідкі менеў, становячыся ледзь не белым і падобным на сонца. Нарэшце сонца-шар збочвала, плыло да самага пасляабеддзя паўз вёску, пасля паварочвала і спынялася к вечару ў доўгім канцы яе, але не дакраналася да самай зямлі – за возерам пачынаўся лес, і яно амаль непрыкметна, неяк адразу хавалася за яго.
Сёння сонца прадзіралася скрозь туман, як спрасонку. Туман нечага доўга засціў і зямлю і неба на ўсходзе, але нарэшце зварухнуўся, прыўзняўся над зямлёй, і тады сонечныя промні пасерабрылі расу, што ляжала на ўсім – ад пагорка да вёскі. Здавалася, сонца будзе вісець скрозь увесь дзень. Але неўзабаве яно памутнела раптам, хоць зрабілася яшчэ больш чырвонае і нібыта наважылася перагарэць.
Вёска паступова абуджалася: узнімалі і апускалі драўляныя вёдры на доўгіх почапах жураўлі – у Верамейках было тры калодзежы з жураўлямі, – і вясковыя бабы, дзогаючы парэпанымі пяткамі па сцежках, ужо ўгіналіся пад каромысламі, насілі ваду. Валіў дым з комінаў. Лопаючы крыламі на пералазах, спявалі галагуцкія пеўні.
Дзяніс Зазыба выйшаў на ганак, калі сонечныя промні саскочылі з вяза, што стаяў на вуліцы насупраць хаты, і апынуліся на гарбузовым лісці, якое на жоўта-зялёнай касе выпаўзала на дарогу з Прыбытковага гарода. Неба над галавой было чыстае. Толькі па левы бок, акурат недзе над возерам, тоўпілася купка белых аблачынак, якія нечым нагадвалі разагнаную чародку памытых авечак.
Мінулая ноч давала сябе адчуць – у галаве шумела, як на пажары; Зазыба ажно пацепваўся, нягледзячы на сонца, якое выплывала правым бокам з-за вугла хаты. За тынам хавалася ў тумане пустка, і Зазыбу здавалася, што адтуль нясцерпна пахла палыном, які рос уздоўж рова ад глінішча і быў аднаго колеру з туманам.
Хвілін праз колькі на ганак выйшла Марфа. Зазыба не павярнуўся да яе, і яны стаялі так паасобку, услухоўваючыся ў раніцу. Тады Марфа ўздыхнула, ступіла яшчэ крок і, стаўшы ўпоравень з мужам, сказала:
– Можа б, і мы закапалі што ў зямлю. Леташняя ж ямка, што бульбу хавалі, не абвалілася, дак не трэба новай, адно пачысціць ад курап. Хоць бы машыну швейную туды, ці што. А раптам забяруць?
Зазыба махнуў рукой.
– Яшчэ невядома, ці машыну тваю хаваць трэба, ці самім у той яме хавацца, – пачакаў і спытаў: – А пастаялка наша прачнулася?
– Ходзіць па хаце, – Марфа так і не папыталася сама пра незнаёмую дзяўчыну, бо Зазыба папярэдзіў, каб гаварыла ўсім, што гэта пляменнікава дачка з Латокі.
– Ты па-свойску з ёй, – параіў Зазыба.
– Да ўжо ж...
Зазыба пастаяў яшчэ, паўглядаўся паўзверх тыну, быццам спрабаваў адшукаць нешта на пустцы, затым сышоў з ганка і, як пад чужымі вокнамі, падаўся на вуліцу.
– А-а-а, Дзяніс, – убачыў яго Кузьма Прыбыткоў, які сядзеў на лаўцы, пры хляве; пакуль Зазыба ішоў праз дарогу, Прыбыткоў адвязаў ад аборкі, якой быў падпяразаны па штанах, хромавы каптур, расцягнуў яго, быццам спружыну, зверху ўніз і, намацаўшы пальцамі скручаны ліст рудога тытуню, пачаў шчыкаць дробнымі долькамі.
– Ты ета саўсім не курыш? – спытаў ён Зазыбу, калі той сеў побач.
– Не куру.
Прыбыткоў закурваў спакваля – доўга, быццам прымерваючыся, драў газету, каб выйшла акурат, слініў яе і дрыжачымі рукамі пасоўваў на губах з кутка ў куток. Зазыба ўсміхнуўся:
– Слабееш, Кузьма!..
– Дзіва што.
Але ў свой век – семдзесят год – Кузьма Прыбыткоў яшчэ меў твар з вялікім, як без храсткоў, носам, па якім ледзь не ад самых вачэй разыходзіліся тонкія, быццам з карэнішча, жылкі.
– Як мяркуеш, германец сянні прыйдзе да нас? – паглядзеў Прыбыткоў на Зазыбу.
– Да ўжо як захоча.
– І то праўда, ад Бабінавіч яму недалёка.
Нарэшце Прыбыткоў прыпаліў самакрутку і сказаў, бадай, самае галоўнае, да чаго не кожны мог даўмецца.
– А я думаю, што ён і саўсім сюды не пойдзе. – Колькі моманту Прыбыткоў зусім сур’ёзна глядзеў на Зазыбу, быццам нечага чакаў ад таго, а тады пачаў разважаць: —Чаго яму ісці да нас? Ну, у Бабінавічы – тут ясна, як не кажы, мясцечка, дарога вялікая ёсць, едзь сабе на машынах, нідзе не загрузнеш. А што ў нас? Дамоў багатых няма, дарогі таксама не праложаны. Словам, глушмень кругом, адны ваўкі ды мы от. Дак ці ж нас пільнаваць? Тады і старажоў не хопіць. Германія, яна не тое, што мы – ма-ле-е-енькая!.. Ёй з намі, як па-разумнаму, дак і брацца не варта б. Ета дзе той Хабараўск, а за ім таксама зямля. Я нават дзіўлюся, як ён саўсім пасмеліўся напасць. Ета ж калі палічыць, дак іхні адзін на нашых трох ці чатырох...
Зазыба паправіў:
– Чатырох не будзе.
– Ну, няхай трох, – лёгка згадзіўся Прыбыткоў, – але паспрабуй, угледзь нават трох – зайцоў і тых не ўпасеш, а тут людзі.
– Да людзей, мусіць, і ён набраў да сябе, раз на Маскву цаляе.
– Масква, яна як прынада тая. З вайной на Маскву хадзілі і ў старыну. Да ўсё праз нас, праз Беларусю, – Прыбыткоў пакруціў, як у здзіўленні, галавой і працягваў гаварыць далей: – Я от думаю цяпера, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся наша, бытта гасподзь знарок яе паклаў так. Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа, нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі – у другіх голад, дак ужо голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, тама во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі – не кара дак ягада, не ягада дак грыб, а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб'ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская, а от жа... – Стары патушыў самакрутку – моцная, за адзін раз не сассеш! – і паклаў па левы бок ад сябе на край лаўкі. – От і Гітлер таксама... Спярша з дружбаю лез, а цяпера і дружбе канец і любошчам.
– Гуляла кошка з мышкай.
– Ну-да, ей-праўды! Я і сам...
Але дагаварыць Прыбыткову не дала нявестка, якая расчыніла акно і гукнула:
– Тата, бульба зварылася!
Прыбыткову быццам гэтага і не хапала, пакуль гаварыў, – абапіраючыся абедзвюма рукамі на дубец, ён стаў на ногі.
– Можа, і ты, Дзяніс, не снедаў яшчэ, дак хочаш? – ён паглядзеў на комін Зазыбавай хаты, усміхнуўся. – Але ж бабы нашы сянні... позняцца... бытта сапраўды чакаюць...
– Мужыкоў дома няма, дак і раскашуюць. Хоць высплюцца.
– Да ўжо ж...
Прыбыткоў пастаяў яшчэ, а тады пайшоў, торкаючы ў зямлю дубцом; абутыя ў лапці ногі – у свае гады ён не мог іх змяніць ні на якія боты! – стаўляў так, быццам асцерагаўся наступіць на што калючае. Зазыба падумаў – і праўда знасіўся Кузьма!.. Але ж на памяці людзей Прыбыткоў яшчэ не вельмі даўно разгінаў для забавы жалезную падкову і некалі пахадзіў з сынамі, бадай, па ўсім забесяддзі – ад Вялікага да Малога Хоцімска: амаль усе столі і падлогі ў хатах, што будаваліся апошнія трыццаць гадоў у вёсках, былі пакладзены з ягоных дошак; пільшчык ён быў адмысловы і вечна хадзіў, абсыпаны тырсай.
Зазыба ажно пашкадаваў, што гэтак адразу пайшоў Прыбыткоў.
Але па завулку ўжо бег сын Гаманьковай Хрысціны. Іван аднекуль спяшаўся, нёс на сабе, уздзеты на галаву, хамут з чорнай скуры. Мусіць, хлопец бег па вуліцы і пацішэў, калі ўбачыў Зазыбу, тады на нейкі момант ажно разгубіўся, але павярнуць ужо не было куды, і ён, выдаючы сваю збянтэжанасць, што наскочыў на намесніка старшыні калгаса, адно перайшоў паспешліва на другі бок завулка, каб неяк збочыць, хоць хата Гаманьковых стаяла побач з Прыбытковым дваром.
Калі Іван наблізіўся, Зазыба спытаў:
– Гэта ж куды вы надумаліся ехаць?
– Н-не, мы не паедзем, – спалохана паглядзеў на Зазыбу хлопец.
– Тады навошта хамут?
– А я ўзяў яго на канюшні. Там цяпер бяруць хто захоча.
Зазыбу раптам нібы сцебанула чым.
– Ты от што, – сказаў ён без вялікай злосці, – нясі назад, раз не паедзеце. Бо навошта дома трымаць? Канюшня ж ёсць!
Зазыба ледзь не стрымгалоў заспяшаўся да стайні, якая была на беразе возера. Пакуль шыбаваў па вуліцы, паступова спакайнеў, але ўжо ля самых варот, якія былі адчынены і ў якіх, тоўпячыся, гаманілі вясковыя бабы, сціснуў абедзве вязанкі пальцаў у кулакі.
– Здароўця, – кінуў ён бабам.
Тыя аціхлі адразу, быццам убачылі прывід, і расступіліся, даючы Зазыбу на стайню дарогу.
– Ну што вы збегліся? – як не прыкрыкнуў на іх Зазыба.
Тады нехта спуджана хіхікнуў за спінамі. Наперад ступіла Куліна Вяршкова:
– Мы ета на работу прыйшлі, а тута...
– Нясіце ўсё на месца, – сказаў Зазыба.
Бабы, як прысаромленыя, кінуліся ў трысценак, пачалі складваць на падлогу хамуты, сядзелкі, – усё, што трымалі дагэтуль у руках. Зазыба стаяў на праходзе, і ў яго на твары пад скурай хадзілі жаўлакі. Ён усяго мог чакаць ад сваіх верамейкаўцаў – дзе толькі фэст, і яны заўсёды там, – але тое, што пабачыў цяпер, не ўкладвалася ў галаве: выходзіла, толькі звядзі вочы, як адразу разнясуць усё калгаснае па дварах. Суцяшала адно, што не было на стайні мужыкоў.








