Текст книги "Плач перапёлкі"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 20 страниц)
– А я думаў, – сказаў ён, шастаючы вачамі па ўсіх трох, – што ета вы, можа, з таго самалёта? Цяпера бачу, ажно не. Дак ета ж, здаецца, вы, таварыш начальнік? – Ён спыніў позірк на Чубары. – Значыцца, яшчэ тута? А наш Калатоз у вакувацыю паехаў. Яшчэ на тым тыдні. І сельсавецкі старшыня паехаў. Пабралі лепшых коней і патарахцелі кудысь за Бесядзь. Тама яшчэ не страшна.
Чубар спытаў:
– Што гэта за баба такая?
– Наша тута. Проста баба. Але як я паглядзеў, дак можа каму і кішкі выпусціць.
– Дурніца шалёная, – смыкнуў шчакою Чубар.
– Тута ашалець можа хоць хто, – засмяяўся, мусіць, задаволены ваяўнічасцю жанчыны, стары. – А навошта вам салома? – спытаў ён і адразу пачаў тлумачыць сабе: – Яно, канечне, людзям таксама паспаць трэба, бо ля тае Дзяражні нават калі пасядзець доўга, дак адсырэеш. – Ён даваў зразумець ім, што ведае пра ўсё. – А салома гарыць. Вэ-э-эн, бачыце, колькі гарыць яе! – стары паказаў рукой на пажар.
– Нам папраўдзе вельмі патрэбна салома, – падаўся да старога Шпакевіч.
– Дзе ж яе ўзяць цяпера? У калгасе яшчэ амаль не жалі. За вёскай, праўда, тама ёсць копы, нават памалочаныя, аднак ета далёка. – Стары ўсміхнуўся. – Адна Сукліда пажала во. Дак яны і стаяць на гародзе, як прышчыкі на лбе, – усім лезуць у вочы.
– Немцы не пашкадуюць, – сказаў яшчэ не астылы Чубар.
– А ета паглядзець трэба, – нібыта не паверыў стары. – Яна ў нас баба такая, што і перад немцам з віламі пастаяць судолее. Сваё адбароніць і не аддасць каму не трэба. А як жа іначай? Дзяцей у хаце поўная дзяруга, а мужыка забралі па першай набілізацыі, дак...
– Але як нам саломы раздабыць? – пытаўся Шпакевіч, якому не цярпелася хутчэй скончыць справу з мостам.
– Тады, можа, кароўнік раскрыць, раз трэба? – падказаў дзед. – А навошта?
– Мост ваш паліць будзем, – прызнаўся Шпакевіч.
– Дак яго лепей тады бабахнуць, – параіў спакойна дзед.
– Не пячэ, дзед, – засмяяўся Халадзілаў.
– Машынка не работае?
– Не работа-е-е.
– Бач ты! – пакруціў галавой стары.
– А можа, у цябе леташняя салома ёсць? – спытаў Чубар.
– Не, – узняў растапыраныя далоні стары. – Спажылі ў гаспадарцы за тую зіму. Нават трухі не засталося. Яно ж, карова, цёлка... – Але нібыта спахапіўся, што пачаў не пра тое. – Мост, кажаце, наш спаліць хочаце? Дак паліце сабе. Ён нам тута, лічы, і непатрэбны. Ета калі, можа, на машынах ездзіць, дак праўда. А нам, – ён махнуў абедзвюма рукамі, – мы і так цераз Дзяражню знойдзем дзе пераехаць.
– Ты от што, дзед, – не даў гаварыць старому далей Чубар, – пакажаш, дзе ў вас салома ў полі. І падводу запражэш, каня знойдзеш.
Стары збянтэжана азірнуўся:
– Дак я ж нямоглы, нават у калгасе не рабіў, а тута!..
– У калгасе не рабіў, – павысіў голас Чубар, – а нам памагчы мусіш!
– А як на мяне тады заявяць?
– Хто?
– Ці мала хто! Людзям жа рот не закрыеш. Скажуць, памагаў Чырвонай Арміі паліць мост, а немцы мяне за ета да сценкі.
– Не хвалюйся, – усміхнуўся Чубар, – скажаш, прымусілі. Я з табой таксама пайду.
Нарэшце стары зразумеў, што Чубар ад яго не адступіцца, унурыў галаву.
– Вы мяне вядзіце тады пад ружжом па вёсцы, а? Каб усе бачылі.
Чубар засмяяўся.
– Ладна, стары, пойдзеш пад вінтоўкай, – сказаў ён Якушку і паглядзеў на чырвонаармейца. – А вы мне сігнал падасцё адсюль, калі што раптам.
– Нарабілі гармідару, – пачухаў патыліцу Халадзілаў.
– Гэта ўсё праз тваю машынку, – сказаў нездаволена Шпакевіч. – Чаму не праверыў зараней?
– Дасюль жа працавала, – бараніўся Халадзілаў.
Шпакевіч павёў позіркам па гародзе – жанчына па-ранейшаму сядзела на ржэўніку, але ўжо, здаецца, не плакала. Шпакевічу шкада стала яе. Ён падышоў, сказаў:
– Даруйце нам...
Тады жанчына ўзняла галаву і зноў пачала плакаць.
– Я ведаю, што ета не вы, – гаварыла яна праз слёзы. – Ета той, верамейкаўскі. А вы такія ж, як і мой. Мой таксама недзе вось так... ваюе... а можа, галаву злажыў... Не, я на вас зло не помню. А таму верамейкаўскаму...
З Крутагор’я немцы рухаліся па двух напрамках – уздоўж чыгункі на Унечу і па вялікай дарозе, што вяла праз мястэчка Бабінавічы да Паповай Гары і далей, абмінаючы, такім чынам, амаль усё лясное забесяддзе. 24-ты матарызаваны корпус быў павернуты гітлераўскім камандаваннем з цэнтральнага напрамку і сумесна з 2-й танкавай групай кінуты на разгром адыходзячых армій толькі што створанага Бранскага фронту: мелася на мэце ў канчатковым выніку ўмацаваць жывой сілай і танкавымі злучэннямі паўднёвыя войскі, якія цяпер павінны былі, па плану фюрэра, выконваць галоўную задачу ў вайне.
Хоць ініцыятыва дзеянняў па-ранейшаму заставалася за фашыстамі, але тэмпы прасоўвання войск пасля жорсткіх баёў на апошнім абараняльным рубяжы ў Беларусі сталі надзвычай марудныя: замест трыццаці кіламетраў, якія пераадольваліся раней, цяпер удавалася прайсці за суткі не больш як шэсць-сем кіламетраў. Гэта было таксама прычынай, што амаль усе вёскі па левы бок Бесядзі яшчэ нямала часу заставаліся не занятымі ворагам нават пасля таго, як пачаліся баі на наступным абараняльным рубяжы, што перасякаў вялікі тракт, які вёў з Тулы на Арол.
...Падпаліўшы на Дзяражні драўляны мост, чырвонаармейцы сапёрнага ўзвода Шпакевіч і Халадзілаў, а разам з імі старшыня верамейкаўскага калгаса Радзівон Чубар рушылі ад Белай Гліны за Бесядзь.
Карты, па якой можна было б арыентавацца, чырвонаармейцы не мелі, і дарогу даводзілася распытваць ад вёскі да вёскі.
Да сваіх выйшлі ў размяшчэнні 258-й стралковай дывізіі, якая была накіравана на абараняльны рубеж з Арла. Рубеж складаўся з некалькіх ліній траншэй, кулямётных і артылерыйскіх гнёздаў, дзотаў і вялікага супрацьтанкавага рова. Але суцэльнае лініі абароны пакуль не было. Не хапала войск: палкі дывізіі яшчэ знаходзіліся на маршы. Затое ў навакольных вёсках, амаль па ўсім рубяжы, ужо стаялі, высланыя наперад, заставы, якія накіроўвалі на падрыхтаваныя зборныя пункты байцоў і камандзіраў, што адступалі па лясных і палявых дарогах. На адну такую заставу, у вёсцы Пёкліна, і натрапілі Чубар і яго новыя таварышы.
Яшчэ ў забесяддзі пачаўся абложны дождж, і спадарожнікі не прасыхалі да самага Пёкліна. За ўвесь час, пакуль былі ў дарозе, спалі толькі двойчы – адзін раз у лесе, пад шатамі дрэў, а другі – у вясковай хаце, калі нарэшце адчулі, што зусім папрэлі. Пусціла іх начаваць жанчына, якая жыла адна. Яна напаліла другі раз у печы і скрозь ноч клапатліва сушыла адзежу сваіх начлежнікаў.
Чубар хоць і пакутаваў ад макрэчы – плісавая талстоўка не магла замяніць верхняй апраткі, таго ж шыняля, – але ён вельмі ўдзячны быў шчасліваму выпадку, які звёў яго каля Белай Гліны з гэтымі двума чырвонаармейцамі. Цяпер не трэба было са страхам думаць пра тое, што рабіць. Ад самае Бесядзі яны ішлі ўжо як заадно. Шпакевічу было дваццаць дзевяць гадоў, на тры гады меней, чым Чубару, аднак ваяваў ён з першага дня вайны, бо прызываўся пасля закона аб усеагульнай вайсковай павіннасці. Яму заставалася праслужыць аднаго няпоўнага паўгода, і калі б не напалі фашысты, то ўжо ў гэтую восень ён зноў бы надзеў сваю міліцэйскую форму. У Мазыры ў яго жыла сям’я – жонка і шасцігадовы сын. Шпакевіч усё бедаваў, што нічога не ведаў пра іх. Халадзілаў таксама служыў у арміі па так званаму варашылаўскаму прызыву – яго ўзялі глыбокай восенню трыццаць дзевятага года з педагагічнага інстытута. Ішоў Халадзілаў заўсёды наперадзе, па сваёй ахвоце хадзіў на разведку ў вёскі – хоць немцаў навокал і не было, але не хацелася дарэмна рызыкаваць, – і ўвесь час, нягледзячы нават на дождж, з яго твару не знікала тая недаверлівая ўсмешка, якую пабачыў Чубар яшчэ каля моста, – здавалася, чалавек нарадзіўся з гэтай усмешкай, таму не толькі хадзіў з ёй, але і спаў. Гаварыў ён амаль бесперастанку, але кожны раз чамусьці наравіў павярнуць размову на небяспечную тэму: яго займала даволі дзіўнае пытанне – ці будуць пасля гэтай вайны судзіць тых, хто вінаваты, што мы пагана сустрэлі вайну, палажылі ўжо столькі народу і ўсё адступаем? Шпакевіч звычайна не слухаў свайго падначаленага. Тады Халадзілаў прыставаў з гаворкай да Чубара. Але той, як пачынаў Халадзілаў, таксама стараўся ўхіліцца ад размовы, нават прыкрыкваў на маладога чырвонаармейца, каб перастаў гаварыць абы-што. Халадзілаў сапраўды змаўкаў на нейкі час, аднак дарога была доўгая, незнаёмая, пад дажджом, і ўсё забывалася даволі хутка, неяк само сабой, таму няўрымслівы Халадзілаў непрыкметна зноў ставіў на круг сваю шчарбатую пласцінку: а вось у руска-японскую вайну дык было судзілі пасля генералаў, якія прайгралі вайну, пра гэта напісана ў гісторыі... Чубар ад ягоных слоў злаваўся да чырвані і сур’ёзна пераконваў – маўляў, руска-японская вайна была прайграна царскімі генераламі, а ў гэтай вайне перамога будзе за намі, трэба верыць у тое, што гаварыў таварыш Сталін 3 ліпеня... Шпакевіч часам мірыў іх, але рабіў гэта чамусьці з усмешкай і незласліва, і Чубару незразумелай была ягоная паблажлівасць, хоць сам ён, мусіць, таксама не ўзяў бы Халадзілава за жабры, каб што якое: Чубар адчуваў да абодвух – і да стрыманага, бадай, нават маўклівага Шпакевіча, і да балбатлівага, хутчэй несвядома языкастага Халадзілава – удзячную адданасць...
Сонца не выблісквала на працягу ўсяго паходу, таму цяжка было вызначыць, калі пачынаўся сапраўдны дзень і калі канчаўся. Звычайна нават у пахмурны дзень можна адшукаць на небе сонца – у тым месцы хмары заўсёды трохі святлейшыя, і вочы тады пачынаюць адчуваць схаванае цяпло, – але цяпер хмары рухаліся над зямлёй ці не ў тры накаты, як у сырую восень, і ў настылым наваколлі плавала задымленая густая імжэль. Паабапал дарог стаяла паклычаная збажына, а на зямлі бялела пагублянае каласамі зерне.
Артылерыйскія грымоты чуліся здалёку і з вялікімі перапынкамі – пачнуцца раптам, пасля заціхнуць, і затым доўга глухне ўсё навокал. І вось перад самым Пёклінам паветра страсянулася па-сапраўднаму. Спачатку ўсчалася звычайная страляніна. Было выразна чуваць, як недзе працаваў кулямёт – так-так-так-так... Быццам круціў хто вялікае зубчатае кола. Пасля пачуліся моцныя выбухі. Тады і прыйшло радаснае ўсведамленне: блізка свае! Трое здарожаных хадакоў – два чырвонаармейцы і адзін цывільны – наддалі кроку: заспяшаліся ў той бок, дзе іх, уласна, магла сустрэць і небяспека. Але ўсё склалася добра. У Пёкліне стаяў заслон аднаго з батальёнаў 258-й дывізіі. Пры ўваходзе ў вёску на плоце вісела дошка, на якой здалёку можна было прачытаць: «Збор адступаючых груп, адзінкавых байцоў і камандзіраў у лесе каля абараняльнага рубяжа». Аб’ява была напісана вялікімі чорнымі літарамі...
Шпакевіч прачытаў аб’яву, падышоў і загаварыў з чырвонаармейцам, што стаяў паставым амаль на сярэдзіне вуліцы.
– Падкажы, брат, дзе тут сто адзінаццаты полк?
– Нам такіх звестак не даюць, – адказаў чырвонаармеец, пры гэтым малады твар яго застаўся амаль нерухомым. – Загадана накіроўваць такіх, як вы, на зборны пункт. Туды. – Ён паказаў за вёску, дзе быў лес.
Але Шпакевічу і Халадзілаву не хацелася ісці на зборны пункт – пачнецца праверка, а тады паспытай дакажы, што ты выходзіў не проста з акружэння, а выконваў заданне пасля адыходу войск. Чубару тым часам было ўсё роўна, але ён нічога не рашаў. Шпакевіч пачаў ледзь не кленчыць:
– Браток, нам абавязкова трэба ў сто адзінаццаты. Мы з задання ідзём. Выконвалі спецзаданне, разумееш? Трэба далажыць камандаванню. – І Шпакевіч дзеля большай пераканаўчасці назваў прозвішча камандзіра палка.
Аднак на паставога чырвонаармейца гэта не падзейнічала: як кажуць, малады і неабстраляны, ён наогул трошачкі звысоку паглядаў на ўсіх акружэнцаў, бо думаў, што гэты абараняльны рубеж для фашыстаў апошні, праз яго яны ўжо не пройдуць...
– Гэтак усе кажуць, – пажаваў ён ротам.
Шпакевіч зрабіў пакутлівы твар:
– Разумееш, нам вельмі патрэбна...
Чырвонаармеец спыніў свае вочы на Чубары. Выгляд цывільнага чалавека выклікаў у ім нейкія думкі, і ён сказаў Шпакевічу памяркоўна:
– Вось што, ідзіце тады да лейтэнанта, можа, ён ведае, дзе ваш сто адзінаццаты.
– Дзе гэта?
– Тут недалёка. Вы пазнаеце. Там павінен стаяць другі вартавы.
У вясковай хаце пажылы лейтэнант у накінутым на плечы шынялі чытаў за сталом кнігу – яна была адлістана на сярэдзіне. Калі Шпакевіч, стаўшы належным чынам, пачаў дакладваць аб сабе і аб сваім жаданні адшукаць 111-ты полк, лейтэнант усё не мог падняць галавы. Нарэшце паклаў левую руку далоняй на кнігу, глянуў спадылба.
– Мы тут людзі новыя, і нам невядома, дзе стаяць якія часці. Вам лепей будзе пайсці на зборны пункт. Там вас прызначаць куды трэба. А гэты таварыш, – лейтэнант кіўнуў на Чубара, – павінен ісці ў Журынічы. Там фарміруецца апалчэнне.
– Але ж нам загадана было...
– Дарэмна вы, – усміхнуўся Шпакевічу лейтэнант, – усе мы тут свае.
Тады ступіў наперад Чубар:
– Таварыш лейтэнант, дзе мне шукаць тыя Журынічы?
– Гэта ўжо іншая справа, – нібыта ўзрадаваўся лейтэнант; ён выйшаў з-за стала, паправіў локцямі шынель на плячах і паказаў праз акно: – Пойдзеце па гэтай вуліцы, потым павернеце налева. І ўвесь час пасля трымайцеся левага боку. Як пачнуць размінацца дарогі, так і паварочвайце на левую. Колькі ў нас цяпер? – Ён выняў з кішэні гадзіннік, пстрыкнуў сярэбраным вечкам. – Ну што ж, калі варон у полі не лавіць, то да цёмнага дайсці можна да Журынічаў. Там у іх сваё начальства. Няхай разбіраюцца з вамі. Дарэчы, вы камуніст?
– Так.
– Адным словам, вам трэба туды.
– А можа, няхай і ён з намі на зборны пункт ідзе, таварыш лейтэнант? – памкнуўся быў Шпакевіч.
– Не, не, – замахаў рукой лейтэнант. – Мы не ваенкамат.
На вуліцы Шпакевіч доўга трос руку Чубару.
– Вось, Радзівон... – казаў ён з выразнай засмучанасцю. – Каб выйшлі мы ў размяшчэнне свайго палка, то цябе не адпусцілі б ужо. А тут свае парадкі.
Халадзілаў таксама шчыра шкадаваў.
У дадатак Шпакевіч распрануў шынель, накінуў Чубару на плечы, – шынель не прыйшоўся, быў караткаваты і не вельмі раскошны. Гэта рассмяшыла раптам спярша непасрэднага Халадзілава, пасля самога Чубара. Шпакевіч яшчэ больш спахмурнеў.
– Нічога, – сказаў ён, – пакуль там у тваім апалчэнні надумаюцца выдаць табе што цяплейшае, насі гэты. Да цябе я трохі не дарос, факт, але нічога, цяплей будзе. А мне неяк таксама дадуць. Салдат без шыняля не бывае.
Чубар прасунуў рукі ў рукавы і неяк па-блазенску пачаў аглядаць сябе – вочы яго пры гэтым туманіла цёплая вільгаць...
– Ну, бывайце, – сказаў ён ціха.
Але не паспеў зрабіць і дзесяць крокаў па вуліцы, як з хаты на ганак выйшаў знаёмы лейтэнант і гукнуў наўздагон.
– Гэй, таварыш!
Чубар павярнуўся. Лейтэнант сказаў:
– А вінтоўку належыць здаць!
Чубар здзіўлена паглядзеў спярша на лейтэнанта, пасля на Шпакевіча, якога таксама затрымаў лейтэнантаў голас.
– Таварыш лейтэнант, – падаўся да ганка Шпакевіч, – гэта яго вінтоўка. Таварыш атрымаў яе ў ваенкамаце і мае даведку.
Аднак лейтэнанту раптоўнае заступніцтва не спадабалася.
– Трэба выконваць загад, – паморшчыўся ён. – Таварыш вартавы, – паглядзеў лейтэнант на чырвонаармейца, што стаяў на ганку, – прыміце зброю.
Вартавы збег з ганка, забраў вінтоўку: Чубар нават заўпарціцца не паспеў.
Шпакевіч супакойваюча кіўнуў Чубару.
Праз колькі хвілін Чубар выйшаў за вёску і пакрочыў па дарозе, што вяла скрозь бульбяное поле на высокі і шэры ўзлобак, за якім недзе былі Журынічы.
Неспадзяванае лейтэнантава распараджэнне спачатку толькі збянтэжыла Чубара, але чым далей ён адыходзіў ад Пёкліна, дзе давялося расстацца са сваімі спадарожнікамі, тым глыбей западала ў душу крыўда, нават злосць; недарэчным і непатрэбным здавалася тое, што ў яго адабралі вінтоўку – хоць яна ні разу і не спатрэбілася Чубару, гэта значыць, не была пушчана ў ход, бо ні дэсанта, ні шпіёнаў-дыверсантаў над Верамейкамі вораг не скідаў, аднак паступова і непрыкметна ён прывык да яе гэтаксама, як прывыкае звычайна кульгавы чалавек да кульбы.
Цямнела хутка. Чубар не адмераў яшчэ і двух кіламетраў, а бульбяное поле, якое ўсё ж не канчалася, ужо нібы растварылася на вачах, і неўзабаве можна было распазнаць толькі блізкія ад дарогі рэчы ды яшчэ самую дарогу: лейтэнантаў гадзіннік паказваў тады, мусіць, крадзены час. Як і належала, у франтавых вёсках не гарэлі ў вокнах агні, бо вечар выдаў бы іх спадарожніку, нават калі б якое паселішча знаходзілася за многа кіламетраў. Сабачага брэху, гэтай неад’емнай адзнакі вясковых ваколіц, таксама не было чуваць сёння. Чубар ні на хвіліну не выпускаў з галавы лейтэнантавага папярэджання трымацца левага боку, але калі сцямнела, стала цяжка арыентавацца.
Лейтэнант казаў, што Журынічы ад Пёкліна недалёка, аднак Чубар, здаецца, і праз тры гадзіны свайго падарожжа ўсё не мог дайсці да іх. Нарэшце настаў час, калі ён ужо адно коўзаўся па дарозе: шлях забіраў сілы, хоць багата хто ў жыцці мог пазайздросціць ягонай цягавітасці. Паступова Чубар пачынаў разумець, што сёння ці ўдасца выбавіцца з цемры, каб трапіць у Журынічы, – на благі канец, нядрэнна набрысці хоць на якую вёску.
І раптам на дарозе пачулася:
– Хальт!*
Чубар нават не расслухаў, адкуль даляцеў гэты кароткі і незразумелы вокліч. Ён насцярожана прыпыніўся. Тады нехта нездаволена загаварыў на чужой для Чубара мове, і Чубар жахнуўся – фашысты!.. Атарапела, амаль па інстынкце, скочыў у бок ад дарогі, але нязручна – правая нага трапіла ў нейкую ямку. Чубар крутануўся, спрабуючы вызваліць нагу, але не. Раўнавага была ўжо страчана, і ён употарч паляцеў паміж разорын, хапаючыся рукамі за слізкі бульбоўнік. Гэта яго, бадай, і ўратавала. Адразу секанула траскучая чарга з аўтамата, пасля другая, трэцяя... Агністыя бліскаўкі прашылі за метр ад зямлі цемру, праляцелі міма. На дарозе пасля гэтага застукалі боты. Чубар шчыльней прылёг у разорыну, здавалася, перастаў нават дыхаць. Але фашысты блізка не падыходзілі. Вялі паміж сабой гамонку амаль на тым жа месцы.
– Генуг. Вір фэршойхен нур ды хазэн.
– Айн тырхен нідэрцукнален, Курт, дас вэрэ вас фюр унс гэвезен. Іх хабэ шон швайнэфляйш я цум коцэн зат. Дэр арш кнурт мір фон дэн эрбзэнконсэрвэн.
– На эбэн, Ганс. Айн хазэнбратэн лэст айнэм гут гефален, дас браўхэн вір эрст рэхт.
– Морген зэен вір маль. Іх гляўбэ дох айнэн гетрофэн цу хабен?
– Ай во! Ніхт айнмаль айн шрайэн вар цу хёрэн. Ды штэрбэндэн хазэн шрайэн я фаст ві ды мэншэн.
– Візо дэн. Офтэрс комтс аўх ганц штыль фор**.
Нарэшце галасы сталі цішэць, і Чубар яшчэ больш насцярожыўся, увесь ператварыўся ў слых, каб не прапусціць ніякага гуку. Немцы сапраўды адыходзілі па дарозе ў адваротным напрамку. І як толькі Чубар пераканаўся ў гэтым, адразу адчуў – быццам ліхаманка пачала калаціць. Але Чубар яшчэ колькі часу паляжаў нерухома, а тады прыўзняўся на карачкі і паціху, каб не рабіць шуму, папоўз па бульбоўніку. Паўзці было вельмі нязручна – больш за ўсё замінала крыссё шыняля, якое Чубар не мог прыдумаць куды заткнуць, а таксама разорыны, што ішлі ўздоўж дарогі і, такім чынам, знаходзіліся цяпер упоперак ягонага шляху. Поўз Чубар да таго моманту, пакуль не здранцвелі рукі. Заставалася выбіраць адно з двух – альбо аддыхвацца, лежачы ў гразкай разорыне, альбо стаць на ногі. Чубар рашыўся на апошняе. Але перад тым як падняцца на ўвесь рост, прыкінуў у галаве, ці далёка адпоўз ад таго месца, дзе адбылася нечаканая сустрэча з немцамі, – мусіць, то быў нейкі патруль. Па часе выходзіла, што дарога, калі ён, вядома, дакладна выбраў кірунак, была метраў за трыста. Хоць гэта і не дужа вялікая адлегласць, але ўжо можна было па-чалавечы выпрастацца. Чубар адпіхнуўся рукамі ад зямлі, стаў. Хвіліну-другую паслухаў. Нічога падазронага больш не было. Тады Чубар выцер аб шынель забруджаныя рукі і, спатыкаючыся на разорынах, пайшоў напрасткі. Інстынкт самазахавання гнаў яго, як звера, ад таго месца, дзе ледзьве не загінуў. Цяпер ён не меў у галаве нічога пэўнага – яму ўсё роўна было куды ісці, абы не застацца ўранні навідавоку ў немцаў.
Поле звычайна не можа цягнуцца бясконца, якое не было б яно вялікае, таму неўзабаве Чубар сапраўды апынуўся каля нейкага зарасніку: адчуў гэта адразу па шапаценні дажджу. Давялося выставіць наперад рукі і, адхінуўшы мокрае голле, увайсці ў зараснік. Пад нагамі захлюпала вада, але дно было трывалае, і Чубар зразумеў, што гэта трапілася не балота, а хутчэй палявая лугавіна, якая можа вывесці на ўзлесак. Так яно і было. Калі Чубар прайшоў па неглыбокай вадзе лугавіну, пачалося сухое драбналессе. За ім, атулены цемрай, быў лес. Праз нейкі час Чубаравы вушы, а затым вочы сталі прывыкаць да начнога лесу. У цемры ўжо ўгадваліся таўшчэзныя камлі дрэў. Чубар падышоў, абмацаў кару нейкай замшэлай елкі і выцер аб шынель рукі: барада на дрэве была, як распоўзлы грыб, і яму – быццам толькі што не поўз па гразі і слізкім бульбоўніку – зрабілася брыдка ад дакранання да яе. Хоць дождж і ў лесе вымачыў зямлю, але пад шатамі вялікіх дрэў было не мокра, прынамсі, шыгалле, якое ляжала тут скрозь, заставалася амаль сухое, яго можна было згрэбці ў яміну паміж карэнняў, каб зрабіць сабе лежава. Доўга не думаючы, Чубар пачаў шастаць пад дрэвам, растапыранымі пальцамі ўзрываючы зляжалыя пласты. Неўзабаве вырасла цэлая куча. Тады ён разгарнуў яе на ўсю даўжыню свайго цела, кінуў яшчэ колькі зляжалых пластоў пад галаву і стомлена паваліўся на зробленую пасцель. Заставалася толькі аппянуцца шынялём ды сцішыцца, каб адразу заснуць.








