412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Плач перапёлкі » Текст книги (страница 14)
Плач перапёлкі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Плач перапёлкі"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 20 страниц)

– Ну, Мікіта яшчэ не дарос,– адчуўшы Зазыбаву іронію, сур’ёзна запярэчыў Брава-Жыватоўскі.

– Ды й ты во чым не старшыня?

– Але я так лічу, што паставяць цябе, – усцешаны Зазыбавай увагай, сказаў памяркоўна Брава-Жыватоўскі. – У Бабінавічах жа пакінулі Абабурку. Не паглядзелі, што і пры Саветах быў. Так што, на ўсякі выпадак, рыхтуйся. А мне старшынёй няма чаго хацець. Мне і так няблага будзе. Набяру вось паліцэйскіх, арганізую стан у вёсцы. Камендант жа ставіць гэта за самае галоўнае перада мной. Думаю, што Раман Сёмачкін пойдзе, можа, Сілка Хрупчык...

– Дак ён жа сухарукі!

– Нічога, вінтоўку ўтрымае, – няйначай, падбадзёрваючы сябе, кіўнуў Брава-Жыватоўскі. – Ты, бачу, ужо лічыш, што акрамя цябе ды Чубара ў Верамейках няма каму і ў начальніках хадзіць? Другія таксама не лыкам шытыя. Толькі не ўсім шанцавала. Табе, напрыклад, твой ордэн памагаў, а Чубара проста аднекуль прывезлі. Нават не спыталіся ў нас. Але я яго апошнія дні ўвесь час пільнаваў. Хацеў на мушку ўзяць.

– Ты от што, – зрабіўшы выгляд, што прапусціў міма вушэй самыя апошнія словы, сказаў Зазыба, – ты дарэмна прысылаеш да мяне Драніцу. Я табе сам скажу. Ордэн я здаў у Хатынічах. Так што...

– А я Драніцу не пасылаў, – раптам пачаў адмаўляцца Брава-Жыватоўскі.

– Не паверу ж я, што яго падбіў на гэта бабінавіцкі камендант. Да й...

Брава-Жыватоўскі адчуў, што Зазыба пачне сарамаціць, як таго вулічнага блазнюка, таму натапырыўся ўвесь:

– Толькі не надумайся пагражаць!

– Я табе не пагражаю, але...

– Што – але? Што – але? – заёрзаў Брава-Жыватоўскі. – Сіла і права цяпер не ў цябе, а ў мяне! Улада перамянілася! Як кажуць, станцыя Беразай!

– І надоўга?

– А назаўсёды!

Зазыба зірнуў на Брава-Жыватоўскага – твар у таго быў як зрушаны.

– Мы тута едзем з табой адны, – сказаў ціха Зазыба, – і ты са зброяй, а я не. Так што... Але я от што павінен табе сказаць, раз ужо едзем адны. Дарэмна ты лезеш у пятлю сваёй ахвотай.

Брава-Жыватоўскі са злосцю паглядзеў на Зазыбу, але не закрычаў. Тады і наогул быццам зніякавеў: Зазыбава шчырасць як раззбройвала ўжо.

– Няма чаго шкадаваць мяне, – сказаў ён неўзабаве. – Лепей вон пагразіў бы Рослаўцаву.

– І Рослаўцаў, можа, свайго дачакаецца...

– Не-е, тут ужо хто каго! – з’едліва ўсміхнуўся і крутануў галавой Брава-Жыватоўскі.

– Ну-ну...

Некалькі часу яны праехалі моўчкі, а тады Брава-Жыватоўскі, мусіць, надумаўшыся і назлаваўшыся сам-насам, пачаў раптам зноў палохаць.

– Ты яшчэ, Зазыба, павінен маліць бога. Адным словам, каб ты быў Чубарам, то... Давялося б табе ўмыцца ўжо крывёй. – Ён паглядзеў на Зазыбу і весела ўсміхнуўся: – А ведаеш, чаму ты трымаешся яшчэ на паверхні? Цябе топяць, піхаюць уніз, а ты ўсё ўсплываеш? Не ведаеш? Не? Да таму, што ты не сапраўдны камуніст быў.

– Цябе не зразумець, – засмяяўся, паціснуўшы плячамі, Зазыба. – Адзін раз ты кажаш, што я сапраўдны камуніст і не быў, а ёсць, нават пагражаеш на перапіс павесці за шворку, а другі – усё наадварот.

– Сапраўдны камуніст – гэта Чубар. А ты, Зазыба... – Брава-Жыватоўскі пакруціў галавой. – О-о не, Зазыба, ты не сапраўдны камуніст. Ты дзесяць разоў азірнешся, перш чым зрабіць што.

– Але нешта я не ўцямлю, ці ты гэтым хваліш мяне, ці ганіш? – пасля такога дзіўнага, а больш недарэчнага тлумачэння спытаў Зазыба.

– Ты вочы замазаў усім, – нібыта не пачуў Зазыбавага здзіўлення Брава-Жыватоўскі,– вось я табе скажу. Асабліва верамейкаўцам. Як жа, герой! Перад начальствам нават за каго не баішся пастаяць. Таксама пакладзісты. Людзей нібыта шкадуеш. Разумееш, што селянін – тое ж садовае дрэва, трусі яго колькі хочаш, а пад корні не заглядвай. Адным словам, разумны гаспадар на зямлі. Думаеш, я не ведаю, што цябе зачапіць нават цяпер нельга? Ого, паспрабуй толькі, дык нажывеш сабе ворагаў, бадай, у кожнай верамейкаўскай хаце. Не толькі самога звядуць са свету, але і трэцяму калену не даруюць. Я вас, верамейкаўцаў, вывучыў! Я на вас у гэтыя гады наглядзеўся! Кругом ажно скура дымілася на людзях, а з вас нават валасок ні з аднаго не зляцеў! І ўсё праз цябе! Усё праз тваю паказную самастойнасць ды жаласць. Але маліцеся богу, што Чубара вам позна прыслалі. Час не той стаў. А то б пайшло і ў Верамейках усё пад грэбень. Чубар-то ўжо не тое, што ты, баптыст. Ён не стаў бы шкадаваць кожнага.

Зазыбу ніяк не выпадала падтрымліваць гэтую паліцыянтаву размову: ён наогул не любіў, калі хто пачынаў гаварыць пра яго, а тут і зусім чалавек нёс непатрэбнае...

– А я нават не здагадваўся, што ты нешта маеш да Чубара, – сказаў Зазыба, каб перш за ўсё адвесці ад сябе неразумную гамонку. – На каго-каго, а на цябе дак і не падумаў бы. І наогул... От слухаў я цябе і жахаўся.

– А ты адкуль мяне ведаеш? Можа, я і праўда не той, кім паказваў сябе?

– Ну, калі і паказваў, дак умела.

Колькі часу яны зноў ехалі моўчкі. Пасля Брава-Жыватоўскі глянуў на Зазыбу, сказаў, нібыта выклікаючы на давер:

– А ты, Зазыба, дарэмна гэтак на мяне. Чалавек ты, канешне, заслужаны. Праўда, я таксама... – І павярнуў усмешлівы твар да Зазыбы. – Але няхай! – Нахмурыў ён лоб. – Пра гэта пазней. Гаворка цяпер не аба мне. Дык я і кажу, чалавек ты заслужаны. Маеш свой капітал. І не толькі ў вёсцы. Дакладней, меў, бо цяпер...

– Як я разумею, дак ты падаеш мне руку на дружбу?

– Так.

– Тады дарэмна.

– Чаму?

– Да таму, што мы з табой і даўней дружбы не вадзілі. Праўда, я цаніў цябе ў калгасе, работнік ты неблагі быў. Але душы тваёй ніколі не ведаў.

– Чалавечая душа – пацёмкі!..

«Сапраўды, пацёмкі, – падумаў Зазыба. – Ці ж можна было дапусціць, што Брава-Жыватоўскі дэзерціруе з арміі і падасца ў першы ж дзень да немцаў на службу? А цяпер от наважыўся цэлую паліцыю стварыць у Верамейках!..»

Уласна, а хто больш чаго ведаў пра гэтага чалавека?

Брава-Жыватоўскі жыў у Верамейках даўно, але не належаў да карэнных жыхароў вёскі. У Верамейках ён паявіўся гадоў васемнаццаць таму, дакладней, нават не ў саміх Верамейках, а сперша ў невялікім пасёлку Стараселлі, што па той бок Бесядзі: там, у былым маёнтку белаглінаўскіх паноў, стварылася камуна, і Брава-Жыватоўскі ажно ці не паўтара года жыў сярод камунараў. Ён лічыўся там за чырвонаармейца, родам з Вілейскага павета, але паколькі мясцовасць тая адышла пад Польшчу, то яму давялося шукаць сабе прыпынку на жыццё на ўсходзе Беларусі. Камуна ў Стараселлі і стала для яго на нейкі час тым надзейным прыстанкам. Але неўзабаве камуна распалася – па той жа самай прычыне, што і большасць іншых тагачасных сельскагаспадарчых аб’яднанняў, і Брава-Жыватоўскі падаўся за Бесядзь. У Верамейках ён прыстаў да Параскі, чырвонаармейскай удавы, якая мела хоць і запушчаную, але даволі зайздросную па тым часе гаспадарку: цэлы трацяк, як лічылася ў Верамейках, сенажацяў, няўдобішчаў і ворнай зямлі. Такім чынам, было да чаго здароваму чалавеку прыкласці рукі. А Брава-Жыватоўскі, акрамя мужчынскае сілы, меў яшчэ добрую сялянскую кемлівасць і няблага ведаў зямлю – за некалькі год ён урабіў як след пяць Парасчыных дзесяцін і ў калгас паступаў ледзь не серадняком. Жыў Брава-Жыватоўскі, калі гаварыць па-вясковаму, праз тры хаты на чацвёртую – гэта значыць, перш чым выйсці на вуліцу, выглядваў з акна, каб мець пэўнасць пра суседзяў.

Але першы, хто пачуў іншую гісторыю яго жыцця, быў камендант нямецкага гарнізона ў Бабінавічах Адольф Гуфельд. Пачуў той яе ад самога Брава-Жыватоўскага.

Што ў гэтай гісторыі мела пад сабой рэальны грунт, а што было дадумана дзеля большай важнасці, каб вырасці ў вачах прадстаўнікоў новае ўлады, сказаць цяжка: гэта ці высветліў бы нават следчы самога д’ябла, калі такі існуе дзе.

Брава-Жыватоўскі апавядаў Гуфельду пра сябе некалькі гадзін... Сапраўды, паходзіў ён з той мясцовасці, што ў дваццаць першым годзе адышла да Польшчы, але нарадзіўся і жыў да першай імперыялістычнай вайны пад Баранавічамі. Прозвішча Брава ў дадатак да свайго – Жыватоўскі – ён атрымаў у Гуляй Полі, калі апынуўся ў бацькі Махно. Былы чырвонаармеец, які заснуў на пасту і, баючыся адказнасці – пагражаў трыбунал, – перабег спярша ў белую армію, а затым да махноўцаў. Тым часам недзе ўжо відзён быў канец вайне. Неабходна было пашукаць сабе сталае месца на жыццё. Дакументы яго не засмучалі – у бацькі Махно іх таксама няблага падраблялі. Заставалася толькі добра пачысціць кішэні, каб пазбавіцца ад усяго лішняга. Спачатку Брава-Жыватоўскі падаўся ў Чарнігаўскую губерню, прыбіўся там да аднаго манастыра, але неўзабаве адчуў, што манахі таксама займаюцца небяспечнай дзейнасцю – манастыр быў ледзь не прытулкам для розных банд, – і палічыў за лепшае ўцячы адтуль. З Чарнігаўскай губерні Брава-Жыватоўскі пераехаў у Магілёўскую, паблукаў трохі па ёй, а тады асталяваўся каля Бесядзі ў Старасельскай камуне – балазе, гэта было далёка ад так званых бітых шляхоў. І ўжо зусім паспакайнеў Брава-Жыватоўскі, калі апынуўся ў Верамейках. Паступова ён стаў усім падобны да верамейкаўцаў (апрача, можа, таго, што гаварыць зусім па-верамейкаўску не навучыўся, быццам асцерагаўся, што ад гэтага задужа мяккі стане яго язык) – вядома, нікому нават і ў галаву не магло прыйсці капнуць пад ім грунт, тым больш што ніколі не даваў зачэпкі на гэта: у ягоным становішчы за лепшае было не выклікаць нядобрай зайздрасці да сябе і сваіх спраў; між тым самога Брава-Жыватоўскага ўвесь час не пакідала зайздрасць – з яго розумам ды з яго адукацыяй (Брава-Жыватоўскі меў не толькі вяскова-школьную адукацыю, але таксама і гарадскую, бо вучыўся некалі ў Баранавічах) пры новай уладзе можна было мець больш за тое, што ён меў, займаючыся гаспадаркай. На наступную вайну, у тым ліку з немцамі, ён не спадзяваўся, бо не верыў, што знойдзецца такая армія, якая хоць трохі падолее Чырвоную. І калі здарылася, што немцы раптам узялі верх з першых дзён вайны, Брава-Жыватоўскі прымусіў сябе паглядзець на рэчы іначай: здалося, што жыццё, нарэшце, можа павярнуцца да яго другім бокам. Прызваны ў армію па другой мабілізацыі, ён пільнаваў выпадак, каб адстаць ад вайсковай часці і перачакаць недзе альбо падацца ў Верамейкі і там схавацца да прыходу немцаў. Выпадак такі неўзабаве трапіўся – артылерыйскі полк, у складзе якога ён ваяваў, быў разбіты непадалёк ад Бабруйска. У Верамейкі дабраўся Брава-Жыватоўскі ўначы, паспаў да раніцы на сямейным ложку, пасля палез на паддашак. Там яму давялося чакаць таго дня, пакуль не прайшлі праз вёску апошнія чырвонаармейцы. Тым часам разляцелася чутка, што ў Бабінавічы ўступілі немцы. Тады Брава-Жыватоўскі пакінуў сваё сховішча і раніцой пайшоў у мястэчка – падумаў, што першаму, пакуль яшчэ той шапачны разбор будзе, няйначай, большае што дастанецца.

Цяпер Брава-Жыватоўскі наведваўся ў Бабінавічы амаль кожны дзень, як гаварыў – хадзіў на даклады да каменданта Гуфельда. Тым часам вёска жыла ў прытручаным стане, і дакладваць не было пра што: проста Брава-Жыватоўскі не хацеў, дакладней, баяўся жыць у няведанні.

Сёння ён таксама патраціў там дзень, бо Гуфельд паехаў у Крутагор’е на нараду: якраз стваралася адміністрацыйная акруга, у якую павінны былі ўвайсці некалькі былых раёнаў, і камендантаў гарнізонаў выклікала начальства да сябе.

Х

Чубар усім цяжарам здарожанага цела ляжаў на баравым пяску непадалёк ад жоўтай ямы, што акурат нагадвала варонку ад магутнай авіябомбы. Але яма ўсё ж была ўтворана не выбухам бомбы: тады б, няйначай, кінуліся вачам на блізкіх дрэвах жывыя меціны ад гарачых асколкаў, а яшчэ больш – кавалачкі паспяканага металу на самым дне, якое б мела таксама характэрны нагар сіняга колеру. Хутчэй за ўсё, паблізу недзе працаваў смалакурны завод, на якім здабывалі звычайную каламазь і шкіпінар, і яшчэ не дужа даўно – краі ямы не паспелі парасці – падрыўнікі з таго завода «апрацоўвалі» тут аманалам сасновы пень, які адзін, можа, даў ім цэлыя кубаметры патрэбнай сыравіны.

Чубар выбраў гэтае месца – бліжэй да ямы – знарок, каб у кожную хвіліну можна было не толькі схавацца, але і заняць, як цяпер належала думаць па-вайсковаму, кругавую абарону. Месца для гэтага было сапраўды прыдатнае: выносісты схон, парослы рэдкімі соснамі, навісаў, быццам уцёс, над дарогай і панаваў ледзь не над усёй мясцовасцю; прынамсі, адсюль Чубар бачыў і раку, якая блукала паміж парослых ракітамі берагоў па шырокім лузе, і дзве невялікія вёскі – адну па левы бок ад сябе, а другую насупраць. Калёсная дарога, з якой збочыў Чубар паўгадзіны таму, вяла праз луг да другой вёскі, што была насупраць. Далей Чубар таксама меркаваў ісці па гэтай дарозе, але цяпер не хацелася рабіць з сябе жывую мішэнь. Менавіта па гэтай прычыне ён і зрабіў тут прыпынак. Але ні ў хаванні ў яме, ні тым больш у кругавой абароне патрэбы, здаецца, не было.

Чубар не здагадваўся, але знаходзіўся ён ужо менш як за паўкіламетра ад Бесядзі. Рака, што цякла наперадзе, была самай сапраўднай Бесяддзю. Аднак выйшаў Чубар да яе далёка па левы бок ад Верамеек.

Чубар чакаў шарай гадзіны, таму ляжаў на схоне спакойна, падкурчыўшы пад сябе ногі, якія ажно смылелі ў закарэлых анучах. Быў ён у такім стане, калі чалавек нарэшце даходзіў ва ўсім, прынамсі, у галоўным, што найперш займае галаву і сэрца, да той яснасці, якая не пакідае больш ніякіх сумненняў альбо проста выклікае ўсведамленне, што з усіх магчымых варыянтаў вось гэты калі і не адпавядае дакладнаму выбару, то ўжо найбольш мэтазгодны напэўна. Усё, што магло выпасці цяпер на долю ў сувязі з вайной, ён успрымаў ужо са спакоем і гатовы быў нават дзівіцца з таго, што столькі багата патраціў часу, здавалася, на непатрэбнае, хоць і разумеў – яснасць гэтая склалася ў яго менавіта пасля сустрэчы з палкавым камісарам. Пасля размовы з тым, а больш – з шыраеўскімі мужыкамі, калі давялося выдаць сябе за партызана, ён ужо іначай і не называўся людзям. Але затое пачаў лавіць сябе на думцы, што багата чаго рабіў быццам наперакор сабе. Цяпер яму нават здавалася, што замест яго дзейнічае нейкі механізм, які ўстаўлены ўсярэдзіну.

Чубар такі затрымаўся тады ў Шыраеўцы на колькі гадзін: Палага не адпусціла яго задарма – праўду кажуць дасведчаныя людзі: з бабай, як з чортам, лепей не садзіся на адно чарано... Спярша, ажно да наступнай раніцы, Чубар адчуваў у сабе прыкрую спустошанасць ад выпадковай сувязі з жанчынай, але ў дарозе паступова вастрыня пачуццяў страчвалася, перагараючы і астываючы ў душы і свядомасці, і цяпер пра ўсё, што адбылося тады ў вясковай хаце, успаміналася без шкадавання і згрызоты, як пра нешта далёкае і незваротнае...

Сонца ледзь скранулася з зеніту, але далёкі захад пераліваўся ўжо найтанчэйшымі адценнямі фарбаў. Дрэвы, што стаялі на схоне, былі быццам аточаны паветрам.

Здаецца, упершыню за сталае жыццё Чубар меў сабе магчымасць думаць пра тое, хто ён, адкуль прыйшоў у гэты свет і як жыў. На другое пытанне адказ быў гатовы даўно – уласна, вось ужо амаль паўтара дзесятка гадоў, як Чубар стаў дарослым чалавекам, адказ гэты ішоў следам за ім у разлінеенай анкеце: нарадзіўся за восем гадоў да рэвалюцыі, рана застаўся без бацькоў і таксама рана трапіў на «выхаванне» да чужых людзей... Гэтыя акалічнасці, бадай, і сталі вызначальнымі у фарміраванні яго як асобы. Аднак крытэрыі ацэнак у адносінах да сябе і да людзей, з якімі давялося сустракацца ў жыцці, выпрацоўваліся пасля, калі з дзіцячай працоўнай камуны ён трапіў спярша па найме да багатага хутараніна, а адтуль, незадоўга да суцэльнай калектывізацыі ў вёсцы, паступіў у школу каморнікаў – трохі не звычайную межавую навучальную ўстанову для вясковых дзяцей, якая адкрылася ў былым маёнтку царскага генерала, што перайшоў на службу ў Вышэйшы вайсковы савет маладой Чырвонай Арміі. На трэцяе пытанне – як жыў? – таксама няцяжка шукаць адказ. Тым больш што яно было далейшым працягам другога пытання. Напрыклад, Чубар добра ўсведамляў сабе, што выйшаў у жыццё пасля смерці бацькоў – маці памерла ад тыфусу ўранні, а бацька надвечар таго дня – толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі, якой раптам стала справа да ўсяго ў краіне, у тым ліку і да такіх вашывых беспрытульнікаў, якім апынуўся дзевяцігадовы Родзька, сын нябожчыкаў Антона і Хадоры. У чалавеку заўсёды жыве ўдзячнасць да тых, хто рабіў калі добра яму. Ад Чубара таксама людзі мелі падставу чакаць такой удзячнасці. Але ў ягонай душы яна трансфарміравалася з нейкага часу ў адно, і ён жыў з удзячнасцю да той рэвалюцыі, якая не дала яму прапасці ў вялікім брудзе лахманоў. Можа, не кожны раз ён добра ўсведамляў сабе тое, што рабіў, затое заўсёды, ці амаль заўсёды, ведаў, дзеля каго і дзеля чаго рабіў. Але бліжэй да анкеты! Каморніцкай школы тады Чубару не ўдалося скончыць – пачалася калектывізацыя, і ён, ужо дваццацігадовы чалавек, пайшоў разам з іншымі актывістамі «збіваць» сялянскія гаспадаркі ў адну вялікую, якая абяцала перайначыць вясковае жыццё. Усё спадзяваўся, што некалі вернецца ў школу, давучыцца, але падзеі закружылі яго ў сваёй віхуры, і праз нейкі час ён адчуў, што трэба выбіраць сабе новую лінію жыцця. На працягу наступных дзесяці гадоў, якія занялі час ад калектывізацыі да вайны з нямецкімі фашыстамі, Чубар працаваў на розных пасадах, пачынаючы ад сакратара сельскага Савета, збольшага вучыўся, а то зноў працаваў. І калі б хто старонні паспрабаваў уявіць сабе Чубара збоку, то магло б, няйначай, здацца, што той нечым нагадваў зрушанага з берлагу мядзведзя... Займаючыся цяпер супастаўленнем фактаў, дакладней, момантаў свайго жыцця, аналізам вызначальных альбо проста пабочных падзей, якія складалі гэтае жыццё, Чубар найбольшую цяжкасць меў адказаць на першае пытанне – хто ён? Было такое ўражанне, што сам ён наогул няздольны расказаць пра сябе да канца і што патрэбны нехта іншы, хто ведае яго і хто б сапраўды даў звесткі пра ўсё.

Чубар паспрабаваў абудзіць так званую фантазію, і неўзабаве ў галаве ўжо маляваліся карціны адна ярчэйшая за другую... Мозг у сваіх лятунках звычайна не ведае межаў, але Чубар не дазваляў яму завельмі адрывацца ад рэальнасці.

Усё, ці амаль усё, можна было збольшага наперад прадбачыць у думках, а вось тое, як складуцца ў Чубара справы, калі ён вернецца ў забесяддзе, нельга было нават уявіць...

Чубар пазяхнуў – ужо як брала разморанасць, аднак засынаць так небяспечна было: па-першае, зямля, нягледзячы на баравы пясок, не пазбавілася пакуль тае настыласці, якую прынеслі нядаўнія дажджы, да таго ж, справа наогул была пад восень, а па-другое, рабіць гэтага нельга было і па самай простай прычыне, якая тлумачылася наяўнасцю побач дарогі. Чубар паклаў на далонь твар і ўбачыў паміж пасохлай травы жывую сцежку, па якой у вялікай заклапочанасці спяшаліся ва ўсе канцы рыжыя мурашкі, нібыта назнарок перавязаныя пасярэдзіне. Недзе паблізу павінен быў знаходзіцца мурашнік, але колькі ні азіраўся Чубар, не заўважыў яго. Тым часам мурашкі былі вялікія – значыць, лесавыя. Такія не захочуць жыць ні ў паточаным пні, ні тым больш пад зямлёй. Чубар ведаў, што мурашкі таксама часам перавандроўваюць у іншыя месцы, асабліва калі на мурашнік нападаюць дзікі. Пэўна, і гэтыя вымушаны былі па нейкай прычыне пакінуць свой дом, і Чубар цяпер бачыў іхнюю дарогу перасялення. Дзіва, але мурашкі былі гэтак заняты сваёй справай, што нават не звярталі ўвагі на чалавека, які ляжаў побач.

Назіраць за мурашкамі раптам стала цікава, і Чубар упёрся нагамі ў зямлю, каб падацца трохі наперад, а тады лёг зусім на жывот і паставіў локці цыркулем над жывой дарогай. Ён бачыў, як дзве мурашкі спрабавалі перавалачы цераз сасновы корань, што выпінаўся на паверхню, пагрызенае тулава лугавой страказы, але дарэмна, у іх на гэта не хапала ні сілы, ні спрыту, і страказа адно ледзь прыкметна краталася. Тым часам астатнія мурашкі працягвалі рабіць кожная сваё, а больш – проста спяшаліся некуды адна за адной і нават не зважалі на клопат другіх. Тады Чубар зламаў сухую былінку, што была на адлегласці выцягнутай рукі, і пасабіў небаракам, перакінуўшы страказу цераз корань. Захацелася наогул паваждацца з гэтымі разумнымі і ахайнымі казуркамі. З нейкай помслівай, няйначай, хлапчуковай злараднасцю Чубар паклаў упоперак мурашкавай сцежкі палец і колькі часу назіраў за раптоўнай разгубленасцю: як натыкнуліся мурашкі з абодвух бакоў на перашкоду, якая засланіла шлях, так і забегалі ўстрывожаныя паўз яе, але пераадолець цераз верх, здавалася, не думалі. Толькі адна ўспаўзла на Чубараў палец, памітусілася па ім, быццам у яшчэ большай разгубленасці, тады не ўтрымалася на схіле і паляцела потарч на зямлю.

Між тым асноўная маса мурашак ужо абмінула Чубараў палец вакол пазногця, і жывая дарога зноў пачала дзейнічаць.

«Чым бы дзіця не цешылася, абы не плакала», – успомніў Чубар выслоўе ў сувязі са сваімі доследамі над мурашкамі і ўсміхнуўся, як чалавек, які даўно быў адзін: ён далёкі быў ад таго, каб рабіць, як здараецца, нейкія аналогіі паміж мурашкамі і людзьмі, для гэтага нават у такі час патрэбна быць сама меней філосафам...

Чубар павёў вачамі па лузе, зачапіўшы позіркам прасцяг ад вёскі, што была злева, і да той не выразнай палоскі на небасхіле, якая нерухома стаяла ўжо столькі часу, колькі Чубар ляжаў на схоне. З вёскі, што насупраць, ішоў да ракі чалавек. Але быў ён яшчэ далёка ад яе. Чубар не здзівіўся, што ўбачыў раптам чалавека – урэшце, быў звычайны дзень, але колькі хвілін усё ж не зводзіў з яго вачэй, нібы зайздросцячы, што той ідзе вось праз луг, як кажуць, на ўвесь рост і, мусіць, без усялякае перасцярогі, а ён вымушаны туляцца, чакаць цемнаты. Чалавек адсюль здаваўся пакуль рухомай кропкай, якая патрохі набліжалася да ракі, і разгледзець яго немагчыма было, хоць паветра над лугам стаяла празрыстае, а прадметы ў ім бачыліся, быццам аточаныя з усіх бакоў. Гэтак бывае таксама і з рачной вадой, але ўжо ў самую восень – некуды сплывуць летняя цвіль і шумавінне, і пад тоўшчай вады выразна прагляне тады ўсыпанае каляроваю галькаю дно. Чубару было цікава адгадаць наперад, каго раптам вывеў клопат за вёску, аднак дарэмна: цяпер, калі ўсё перайначылася пад богавай страхой і не паддавалася вызначэнню, можна было меркаваць і так, і гэтак. Разам з тым Чубар разумеў, што кожная сустрэча дадавала яму нешта да таго, што ён ужо ведаў. Уласна, толькі сустрэчамі гэтым часам і даводзілася жыць, бо пасля гаворкі нават з самым няшуплівым чалавекам прыходзіла ў галаву новая яснасць. Праўда, на кожную сустрэчу ішло багата маральных і фізічных сіл – заўсёды неабходна было трымаць сябе як напагатове. Але то былі ўжо, бадай, накладныя выдаткі.

Нарэшце чалавек перайшоў раку і апынуўся на другім беразе. У хадзе яго не адчувалася імкнёнасці, якая бывае ў людзей, што спяшаюцца з прычыны пільнай патрэбы. Проста ён ішоў з той зададзенай размеранасцю, якой павінна было хапіць яму калі не да скону дня, то хоць да наступнай вёскі. Нават здалёку кідалася ў вочы, што ён асцерагаўся ступаць усёй падэшвай правай нагі.

Але вось чалавек мінуў па хмызе апошнюю ручаіну на лузе, тады падышоў да схона, пад самы абрыў і колькі часу тупаў унізе, хаваючыся ад Чубаравага зроку. Нарэшце галава яго вынырнула паміж сосен, што на краі схона, і з гэтага часу чалавека зноў стала відаць усяго. Па баках ён не азіраўся, а глядзеў на дарогу, пад ногі, нібыта падлічваў крокі, якія рабіў з наўмыснай стараннасцю, таму Чубару варта было падумаць, каб не даць прайсці міма. Але Чубар адразу не стаў гукаць – проста спачатку сеў, паклаўшы на ўлонне вінтоўку, а тады пачаў гучна «кахыкаць», не зводзячы пры гэтым прыжмураных вачэй з незнаёмага чалавека. Той павярнуў галаву на прытворны кашаль і запаволіў хаду, быццам затупаў на адным месцы, аднак пакуль нельга было адгадаць, ці ён пойдзе далей, ці збочыць сюды.

– Што гэта за рака там? – спытаў тады Чубар, але такім невыразным голасам, быццам гаварыў у пустату і не хацеў, каб чалавек пачуў яго.

Ажно не – той разабраў Чубаравы словы і таксама не на ўвесь размоўны голас сказаў:

– Дасюль, здаецца, помніў, а цяпер, як на тое, забыў. Але пачакайце, нешта падобнае на Лесядзь...

– Бесядзь?

– Здаецца, так.

– Няўжо Бесядзь? – выцягнуў шыю Чубар.

А чалавек сышоў з дарогі і, непрыступна тупаючы да Чубара, дадаў:

– Здаецца, у вёсцы так гаварылі.

Чубар сядзеў як апантаны – ён уражаны быў, што раптам наперадзе апынулася Бесядзь. Ажно не хацелася верыць, бо па ягоным меркаванні тая мусіла быць недзе далей.

– А вёска? Як вёска завецца, адкуль вы ідзяце?

– Антонаўка.

– Антонаўка?

– Так, гэта я ўжо дакладна ведаю.

– Антонаўка, – вымавіў сабе Чубар, але дарэмна намагаўся ўспомніць, ці даводзілася чуць пра яе раней. – А тая? – паказаў ён на стрэхі другой вёскі, якая таксама стаяла за ракой і якую добра відаць было адсюль.

Чалавек запыніўся, доўгім позіркам паглядзеў на вёску, але адказаць быццам забыўся. Тады Чубар зноў запытаў:

– А не ведаеце – гэта ўжо Беларусь?

– Здаецца, ужо не Беларусь.

– Значыць, яшчэ не Беларусь? – Чубара гэта здзівіла – тады ж, у лесе за Шыраеўкай, ён старанна вывучыў па карце маршрут у забяседдзе, і па ягоных разліках той павінен быў вывесці калі не проста да самых Верамеек, то ўжо не з вялікім адхіленнем ад іх.

Чалавек між тым падышоў да Чубара і сеў, не пытаючыся, насупраць, абхапіўшы дзеля раўнавагі рукамі калені. Яго постаць пры гэтым стала зусім сутулая, а плечы нібыта яшчэ больш павузелі. Быў ён увесь у вайсковым – як ужо ўгледзеў Чубар раней, у камандзірскай фуражцы з цёмна-зялёным аколышкам, пачарнелай дыяганалевай гімнасцёрцы і галіфэ, а на нагах былі рудыя боты з мяккімі парусінавымі халявамі, якія на самых згібах пусцілі на волю пабялелыя ніткі. Спярша Чубар падумаў, што на чалавеку пагранічная форма, але дарэмна: пагранічнікі насілі святлейшы колер на фуражках, да таго ж – не на аколышках. Значыць, чалавек належаў да нейкага другога роду войск. Знакі адрознення на пятліцах адсутнічалі. Нават непрыкметна было цёмных лапікаў, што пакідаюць звычайна камандзірскія трохкутнікі, кубікі, шпалы і г. д. – можа, таму, што даўно паздыманы былі. Чалавек пасядзеў колькі часу, быццам дзеля прыліку ці ўспамінаючы што, тады зняў фуражку, і Чубар убачыў, што галава ў таго была сівая, але не спрэс, а пасмамі – здавалася, па чорных валасах блукалі сярэбраныя ясвы. Сівізна хоць і рабіла яго старэйшым за свой узрост (без яе можна было налічыць гадоў дваццаць восем), аднак разам з тым надавала ўсяму вобліку амаль ненатуральную прыгажосць, якая ажно выклікала недавер да сябе. І тым не менш у яго ўсё было самае сапраўднае – і пасівеласць, дакладней, ужо, бадай, цалкам сівізна, і непадробная прыгажосць. Тым часам у вачах, колер якіх не паддаваўся вызначэнню, стаяў стомлены страх, які ўзнік, можа, даўно, але які і да гэтага моманту чамусьці не пакінуў глыбокага прадоння.

У Чубара ён выклікаў дзіўнае пачуццё – было такое ўражанне, нібыта вочы ў чалавека не свае, прынамсі, здавалася, што яны не прымалі ніякага ўдзелу ў тым, што рабіў ён сам, гэта значыць, не падзялялі паводзін не толькі тулава, але і галавы.

Чубар, вядома, не сумняваўся, што чалавек бачыў яго, але глядзеў той нешта на ўсё – і на Чубара, і ў прастору перад сабой – як невідушчым зрокам: вінтоўка, якую трымаў на ўлонні Чубар, напрыклад, нават не выклікала ў ім увагі.

– Вы камандзір?

– Не. Я – ваенурач. Гінеколаг.

Пачуўшы гэта, Чубар стрымаў у сабе няпрошаную ўсмешку, але не мінуў пажартаваць:

– А што рабіць у арміі гінеколагу? На службу ж пакуль бралі мужчын?

– Гэта я па колішняй спецыяльнасці гінеколаг, а так – ваенурач другога рангу.

– Адным словам, доктар?

– Так.

Мусіць, чалавеку не першы раз даводзілася мець размовы накшталт гэтай, таму адказваў ён Чубару як не з завучанай лёгкасцю.

– А цяпер што, з акружэння выходзіце?

Ваенурач не адказаў.

– Тады чаму вось так, – дапытваўся Чубар, – на віду? Можна ж да немцаў у рукі трапіць?

– Я з палону іду.

– Ці не рана гэта? Звычайна ж з палону вяртаюцца пасля вайны?

– Мяне адпусцілі цяпер.

Чубар паціснуў плячамі:

– Хто?

– Немцы.

– І куды вы цяпер?

– У Свярдлоўск.

Тады Чубар плюснуў у здзіўленні вачамі:

– У Свярдлоўск?

– Так.

– А як вы туды дойдзеце?

Але чалавек, здавалася, нават не адчуў Чубаравай унутранай збянтэжанасці – вочы яго былі напоўнены тым жа стомленым страхам, ад якога Чубару ўсё больш рабілася не па сабе.

– Я іду з нямецкага палону, – нібыта пераконваючы Чубара, удакладніў праз нейкі момант ваенурач: ён паводзіў ужо сябе, як на допыце, які безнадзейна зацягнуўся і які, нарэшце, стаў абыякавым для яго.

І Чубару нічога не заставалася, як чыніць гэты несвядомы допыт:

– Дзе вас узялі ў палон?

– Каля Слоніма...

– Параненага?

– Не.

Гаворка паміж Чубарам і ваенурачом увесь час ішла быццам па кругах, але якія, у адрозненне ад тых, што на патэфоннай пласцінцы, не маюць пераходу адзін ад аднаго. Таму кожны раз Чубару даводзілася пачынаць яе амаль спачатку.

Тым часам Чубар ужо глядзеў на доктара, як кажуць, на ўсе вочы, аднак не з тае прычыны, што адчуваў сваю найвышэйшасць над ім, хутчэй, наадварот: знешняя адчужанасць, якую доктар прынёс аднекуль, з кожнай хвілінай усё больш выклікала ўтрапёную незразумеласць.

– І вы праўда – доктар? – пытаўся далей Чубар, нібыта яшчэ цалкам не верыў.

– Ваенурач другога рангу. – Дзеля большай пераканаўчасці чалавек падняў угору рукі, выставіўшы іх растапыранымі далонямі – яны былі ў яго сапраўды доктарскія, як кажуць, выпешчаныя да самых пазногцяў, быццам ён толькі што выйшаў з аперацыйнага пакоя.

Тады Чубар падаўся наперад усім тулавам і, робячы як найбольш даверлівы голас, усклікнуў:

– Гэта добра, што я вас затрымаў!

– Што, захварэлі?

– Не, сам я здаровы.

– А хто хворы?

– Пакуль няма хворых. Але могуць быць. Дакладней, параненыя. – Сказаўшы гэта, Чубар дастаў з кішэні скарочаны тэкст прамовы таварыша Сталіна, атрыманы ад палкавога камісара, падаў доктару: – Пачытайце вось.

Той разгарнуў складзеную лістоўку, прабег вачамі: «У занятых ворагам раёнах трэба ствараць партызанскія атрады, конныя і пешыя, ствараць дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны скрозь і ўсюды, для ўзрыву мастоў, дарог, псавання тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпальвання лясоў...» – Доктар дачытаў дагэтуль, адвёў позірк і нібы задумаўся.

Тады Чубар сказаў няпэўна:

– Вось бачыце!

– Але я не разумею, якое дачыненне... словам, навошта мне чытаць гэта?

– Я ж вам казаў, нас, мусіць, шчаслівы выпадак звёў! Мне во як доктар патрэбны будзе! – І Чубар правёў па шыі рукой.

У прадонні доктаравых вачэй зварухнулася штосьці падобнае на свядомую зацікаўленасць.

– Урэшце, хто вы? – спытаў ён.

– Я маю заданне стварыць партызанскую групу. А лістоўка гэтая – мой мандат.

– Вон што...

Яны памаўчалі.

– Вы тутэйшы? – праз нейкі момант спытаў ваенурач.

– Не. – Чубар падумаў і дадаў: – Але думайце ўжо, што тутэйшы. Праўда, вы мяне трохі здзівілі. Мне здавалася, што Бесядзь гэтая недзе там, – ён махнуў рукой перад сабой. – Але вы кажаце...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю