412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Плач перапёлкі » Текст книги (страница 17)
Плач перапёлкі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Плач перапёлкі"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 20 страниц)

– Дак, можа, не так што зрабілі, як трэба, – пачала тлумачыць Марфа. – Трэба спярша памераць самой курыцай, бы аршынам, ад кутнега месца да парога. Тады і стане ўсё ясна. Калі на парог ляжа галава, значыць, памрэ хто ў хаце, а калі хвост, то за домам ужо...

– Ну, а Куліна мерала? – спытаў, як жартуючы, Зазыба.

– Дак яна таксама не прыкмеціла, каторая спявала.

– Ну, значыць, і не трэба думаць. Во ўчора сарока галаву дурыла пад вокнамі, а госця няма!

– Дак, можа, якая вестка будзе? Можа, пра Масея?

– Ат, – махнуў тады рукой Зазыба, каб папярэдзіць жончыны слёзы, – яшчэ невядома, каму лепей выйдзе, ці яму тама, ці нам во?

...Зазыба пачаў азірацца па баках, хацеў пабачыць каго, каб папытацца пра сонцы на небе, аднак ні ў завулку, ні на самой вуліцы ў Верамейках, як на тое, не было ні душы. Неўпрыкмет Зазыба засаромеўся – пэўна ж гэта вярзецца яму! – і рушыў па завулку да глінішча, дзе па беразе над ровам ішла сцежка ў Паддубішча.

Зямля за кароткі пагожы час паспела ажно падшэрхнуць, нават ноч гэтая, здавался, не лажылася сваёй халоднай вільгаццю на яе. Ісці па сцежцы было прыступна і лёгка. Па правы бок сцежкі, перад тым як даступіць туды палыну, расла нейкая паўзучая трава, падобная сваімі каробачкамі на плюшч, і калі Зазыба чапляўся халявамі ботаў за яе, то пад цёмна-зялёным кажухом чулася ледзь не змяінае шыпенне.

Чым далей адыходзіў ад вёскі выгінасты роў, тым меней траплялася ў ім круглых пячурак, вырытых глінакопамі. Але затое з кожным крокам роў усё больш мялеў, за яго дно пачынала чапляцца шыпшына, тады раскідзісты, як запрэжаны ў што, бружмель, і, нарэшце, здалёку кідаўся ў вочы брудна-ружовым цветам канапляны пасконнік.

Ніхто ў Верамейках не ведаў, якая сіла спершапачатку ўтварыла гэты роў, можа, некалі пеніўся тут ручай, але тады недзе павінен быў струменіць і ягоны выток. Між тым роў абрываўся, дакладней, пачынаўся раптоўна, на самым голым месцы, дзе не было ні крыніцы, ні нават звычайнай балацявіны. Няйначай, ручай той – калі ён сапраўды пеніўся тут – выбіўся аднекуль знячэўку і таксама не па сваёй ахвоце, як непатрэбны і незаконны на гэтым свеце, схаваўся пад зямлю, а можа, не хапіла яго, і ён сцёк у лагвіну, якая па баравіковых верасах вяла скрозь лес да самае Бесядзі.

Зазыба тупаў па сцежцы і нібыта баяўся паглядзець на неба: у вачах як адбіліся тыя тры сонцы, дык і свяціліся, бы на экране, чырвона-сінімі плямамі недзе на задняй сценцы ў галаве. Але праз нейкі час сцежка вынырнула на так званую гуцянскую дарогу, што ішла ад коўрат на сярэдзіне вёскі, і тады Зазыба апынуўся адзін на адзін з усходнім небакраем, але трох сонцаў ужо не пабачыў. Як і звычайна, на небе было адно сонца. Прапаў кудысь і той круг, што блішчаў вакол яго і на якім трымаліся два меншыя сонцы. Затое вялікае сонца цяпер падпіралі чырвоныя слупы, і яно ляжала на іх, як казачная істота.

У Паддубішчы ўжо было поўна народу. Зазыба нават здзівіўся, што ў Верамейках яшчэ столькі яго: апошнім часам, як у восеньскую золь, усе сядзелі па хатах, таму можна было падумаць, што вёска апусцела не менш як напалову ад даваеннае. Недзе яно і сапраўды было так, бо мужчыны з вёскі пайшлі па колькіх мабілізацыях амаль усе, за выключэннем старых ды белабілетнікаў, але на поле выйшлі падлеткі – шаснаццаці-семнаццацігадовыя хлопцы-камсамольцы, цяпер яны браліся быць заместа бацькоў гаспадарамі, хоць пакуль і не адчувалі сябе вольна паміж дарослых, а стаялі пры боку сваіх мацерак, якія прывялі іх ледзь не сілком сюды.

Дзіва, але без абрадавай песні сёння таксама не абышлося – акурат у сапраўдныя зажынкі Рыпіна Ціткова сустрэла Зазыбу яшчэ на краі нівы:

А што ета ў полі гудзець?

Наш Зазыба-пасол ідзець,

Вясёлыя весці нясець!..

Старая пэўна блазнавала, спяваючы гэта, але Зазыба раптам нахмурыў лоб, ссунуўшы бровы на пераноссі.

– Ты яшчэ ў скокі пусціся! – сказаў ён.

Рыпіна адчула дакор у яго тоне, пляснула, бы вінаватая, рукамі:

– Дак ці ж ты забыў, Яўменавіч? Ета ж кажыннае лета так! Як першы сноп, дак і... Во раней дак і з гарэлкай нават хадзілі зажынаць. Бывала, першы сноп паставіш, а тады за пляшку адразу...

Жанчыны – іх стаяла багата тут з абодвух канцоў вёскі – засмяяліся з Рыпініных слоў, быццам таксама хацелі пераканаць у нечым намесніка старшыні калгаса. Але той не прымаў іхняй вясёлай узрушанасці. Як і ў хаце, калі снедаў, у душы яго зноў стаяла раўнівае пачуццё, і ён ажно не мог глядзець на знаёмых кабет, было жаданне не затрымацца каля іх і прайсці міма. Тым часам Рыпіна Ціткова не зводзіла з Зазыбы вінаватых вачэй.

– Дак ты ж і сам, – казала яна, – калі старшынёй быў, ставіў гарнец бабам за першы сноп.

– Некалі я вам ставіў, а цяпера вы мне павінны паднесці, – як дзеля адчэпкі кінуў бабам Зазыба.

Па правы бок ад дарогі нехта варушыўся ў жыце – няйначай, ужо смурыжыў сярпом. Зазыба прыўзняўся на дыбачкі, каб угледзець.

– Ета Гаўрыліха, – падказалі кабеты.

Зноў сярод жанок пачуўся смех, а Драніцава Аксюта, якая стаяла на абочыне ў лапцях, сказала як у здаўнелую помсту:

– Прывыкла за мужыком уладаць, дак і цяпера закону няма ёй!

Зазыба ступіў на травяністы копчык і абочынай, ўздоўж заплылай разорыны, ад якой пачынаўся засеў, падаўся да жанчыны, што, не зважаючы на галасы, то згіналася, то выпроствалася ў жыце. Сапраўды, то была Гаўрыліха. Пакуль верамейкаўцы збіраліся ў гурты ды гаманілі, абмяркоўваючы вясковыя навіны, а больш – тое, што павінны былі сёння рабіць, Гаўрыліха паспела нажаць снапоў на цэлы ўмалот на таку, займаючы паласу як найшырэй. Аксюта Драніцава дарэмна казала – жанчына гэтая ніколі не «ўладала», хоць была замужам за чалавекам, які доўгі час працаваў старшынёй суседняга з Верамейкамі сельскага Савета, бо ў хаце мела багата малых дзяцей, здаецца, пяцёра ажно, і ёй ці было калі нават адысці ад ночваў. Цяпер яна таксама была цяжарная. Але прывяла свой вывадак поўны, і дзеці, адно драбней за другое, распаўзліся ў забаве па калючым іржэўніку, а два большыя хлопчыкі – старэйшаму, Хведзьку, добра калі споўнілася чатырнаццаць гадоў – памагалі маці ў рабоце, вяжучы саламянымі перавясламі цяжкія снапы. Зазыба падышоў крокаў за шэсць да Гаўрыліхі, пастаяў, не падаючы голасу, колькі моманту, быццам хацеў паназіраць, як спрытна і нізка рэжа яна сярпом, пасля ступіў яшчэ трохі наперад і сказаў ціха, з папрокам:

– А Хадоска дак нават дачакацца не магла!

Кабета глянула з-пад рукі на Зазыбу, выпрасталася.

– Дак... – вымавіла яна ў разгубленасці.

– Я кажу, не магла дачакацца, пакуль дзяліць пачнём, – сказаў другі раз Зазыба.

– А чаго мне чакаць? – раптам перамянілася ў твары Гаўрыліха і ўжо нібы зазлавала: – Чаго я з імі во дачакаюся? – Яна паказала на дзяцей. – Колькі ўхаплю сярпом, дак і маё!

– Як у той казцы, – усміхнуўся Зазыба, – колькі абягу зямлі, тая і мая.

Гаўрыліха не адказала. Апранутая, як назнарок, у лахманы, з вялікім жыватом, яна стаяла з растапыранымі рукамі на выжатым лапіку і падобна была на пудзіла, што выстаўляюць на гародах ад птушак. Меншыя дзеці яе тым часам абступілі ўжо намесніка старшыні калгаса і, ледзь не трымаючыся за боты, з цікаўнасцю пазіралі ўгору, нібыта лавілі пагляд ягоных вачэй. Затое памочнікі матчыны стаялі наводдаль натапыраныя, мусіць, з крыўдаю думалі: маўляў, гэта крычыш ты на нас цяпер, бо бацькі няма, на вайне, а то б не пасмеў праганяць з поля!..

Зазыба і дагэтуль ішоў да Гаўрыліхі без малое злосці, проста хацеў паўшчуваць, што палезла з сярпом абы-куды, не падумаўшы, дзе выпадзе на яе двор паласа, а тут убачыў столькі дзіцячых вачэй і вачанят, скіраваных з дакорам і неўразуменнем на яго, і здрыгануўся сэрцам.

– Ну, а калі тваё што пажала во, да пападзе каму другому? – сказаў ён, тлумачачы.

– Як ета?

– Мы ж дзяліць зараз усё поле будзем... Калі табе паласа тута не выйдзе?

Жанчына адчула, што Зазыба сам ці не збянтэжаны гэтым, адпусцілася, памякчэла голасам.

– Неяк жа тады ў палажэнне трэба ўвайсці, – ужо лісліва пачала яна. – Не магу ж я з другімі раўняцца, бо дзяцей етых ажно во колькі, плойма цэлая, дак... Ты ж Гаўрылу майго ведаеш, помніш, дружылі дайжа?..

Мусіць, недалёка было да жаночых слёз.

– Не хвалюйся, не пакрыўдзім, – паспяшаўся тады супакоіць цяжарную кабету Зазыба. – Гаўрылавых дзяцей не дадзім у крыўду. Але жаць тута, Хадоска, перастань. Няма чаго надрывацца, бо невядома, каму пасабляеш.

Зазыба з вінаватым выглядам падміргнуў мурзатым Хадосчыным дзецям і бокам, баючыся наступіць на якога, выйшаў з іхняга круга, а тады расхінуў перад сабой сцяну выраслага, бы на кучках, жыта і рушыў па ім напрасткі да другой дарогі, што была на краі нівы і аддзяляла яе ад свойскіх гародаў, утвараючы жытні трохкутнік. Зерне на каторых каласках у трохкутніку было ўжо аж чорнае, а з якіх дык і павыпадала на зямлю, і Зазыба са шкадаваннем падумаў, што сёлета не толькі не давядзецца як мае быць распарадзіцца ўраджаем, аднак і страціць багата яго. Тым не менш калоссе было тугое, у ім яшчэ хапала тае хлебнае важкасці, якую адчувае чалавек нават у часе хады, калі яно хвошча па твары, лапоча па закарэлым адзенні на грудзях.

Верамейкаўскія дзядзькі, сярод якіх стаялі і пасялкоўскія, адасобіўшыся ад жанок, гаманілі на дарозе, і Зазыбу, пакуль клычыў нагамі густое жыта, былі відаць іхнія галовы.

– Каторыя, мусіць, дак і начавалі тута! – усміхаючыся, сказаў Іван Падзерын, калі намеснік старшыні калгаса нарэшце выйшаў на абочыну.

Зазыба не абазваўся. Дагэтуль яму рупіла адно – дазнацца спярша ў дзядзькоў, ці бачыў хто нядаўна на ўсходзе тры сонцы, але Падзерын сваёй кплівай заўвагай, здаецца, выбіў з галавы запытанне. Зазыба павітаўся за руку з мужыкамі, скоса глянуў на Рахіма, які сядзеў на капцы, трымаючы на правым плячы вінтоўку. Няйначай, падумаў Зазыба, Раман Сёмачкін прывёў паліцэйскага сюды наўмысна, каб стварыць псіхалагічную насцярогу. Як і ў той дзень, калі верамейкаўцы першы раз пабачылі яго на бёрнах ля стайні, Рахім сядзеў абыякавы да ўсяго, але таксама з ранейшай зацятасцю на скуластым твары, акурат з насцярожанай рашучасцю – адно загадай яму, і ён зробіць усё, што трэба будзе: нездарма казалі ўжо, што Рахім паказаў сябе, можа, самым заўзятым паліцэйскім у Бабінавічах.

– Ну што, пачнём? – знарок весела кінуў мужыкам Зазыба.

– Да ўжо ж... – плаксіва пазіраючы нявыспанымі вачамі на сонца, матнуў галавой Кузьма Прыбыткоў.

Тады сказаў сваё Раман Сёмачкін:

– Мы яшчэ пабачым, як вы тама падзялілі ўсё!

– Рашылі правільна, – кінуў Раману Парфён Вяршкоў.

– Тады навошта было запірацца ў канторы? – пайшоў у наступ Сілка Хрупчык: гэтага, здаецца, больш за ўсіх укалола, што не паклікалі ўчора ў кантору.

Зазыба, хмурачы лоб, пачакаў, пакуль улягуцца незадаволеныя галасы, затым узяў з рахункаводавых рук складзеныя спісы, разгарнуў.

– Рашылі правільна, – павысіў ён голас, паўтараючы Парфёнавы словы, і дадаў: – Дзялілі на душы.

– Ета дзела! – заківаў галавой як узрадаваны Сілка Хрупчык.

– Узялі даваенныя спіскі, – гаварыў далей Зазыба, – да і прайшліся па іх, ад двара да двара.

– Значыць, і на тых давалі, каго няма цяпер у Верамейках? – здагадаўся і заплюскаў вачамі Раман Сёмачкін.

– І на тых, – не адрываючыся ад папер, адказаў быццам у задуманасці Зазыба.

– Дак чаму? – высунуўся наперад стары Ціток.

– Бо так справядліва будзе! – з незалежным выглядам буркнуў Парфён Вяршкоў.

– Але тады адны хлеб будуць есці, – як не закрычаў Раман Сёмачкін, – а другія дак зубы на паліцы трымаць?

– Во-во! – учапіўся за Раманавы словы Сілка Хрупчык, мусіць, шкадуючы ўжо, што незнарокам пахваліў быў праўленцаў. – Ета ж выходзіць, што Гапка Лапэзава атрымае паласу большую, чым Сілка. – Ён гаварыў пра сябе, як старонні. – У Гапкі трое сыноў, і ў Сілкі трое. У Гапкі мужык, Лапэза, а ў Сілкі жонка, Хрупчыха. Здаецца, па-вашаму так? Але Сілкавы дак усе дома, а Гапка цяпера адна на ўвесь двор!

– Гапкіны на вайне, – сказаў Парфён Вяршкоў. – І мужык, і хлопцы. Дык пра ета таксама не варта забываць.

– Але ж есці не просяць! – працяў яго раззлаваным позіркам Сілка Хрупчык.

– Нешта вы тута не дадумалі, – не пераставаў падаграваць вяскоўцаў Раман Сёмачкін: яму ажно не месцілася ў ватоўцы.

– Канешне, не дапёрлі, – бадай, не зусім свядома, але далучыўся да яго Ціток: старому, як напраўду, то ўсё роўна было, ён аднолькава меў бы ад дзяліцьбы пры ўсіх варыянтах, бо заўсёды жыў толькі з Рыпінаю.

З гаваркіх ды настырных адзін Мікіта Драніца не прымаў удзелу ў спрэчцы – круціў вялікай галавой, быццам не толькі недачуваў, але і да канца не разумеў аднавяскоўцаў, хоць Зазыба дагадваўся, што той, няйначай, пабег яшчэ ўначы з калгаснай канторы да Брава-Жыватоўскага, адсутнасць якога паміж людзей цяпер дзівіла.

– Не дадумалі, не дадумалі, – робячы нібыта здзіўлены твар, круціў галавой Раман Сёмачкін. – Яно ж праўду кажа Сілка, Лапэзіха пасля такой дзяльбы будзе хлебам раскідвацца, а Сілку дак хоць торбы заказвай шыць. – Ён павёў вачамі на Зазыбу. – Што на душы дзяліць будзем, на ета мы згодны, але толькі каб на тыя дні, якія дома цяпера жывуць.

– Будзем рабіць так, як надумалі на праўленні, – вяртаючы Падзерыну спісы, непахісна сказаў Зазыба.

Але Сілка Хрупчык не хацеў слухаць.

– Якое ў вас тама праўленне было! – з пагардай паморшчыўся ён.

– І праўда, тры чалавекі, дак ета не праўленне! – зноў падаў голас Ціток. – Во, бывала, пры Чубары!..

Здавалася, гэта найбольш узбурыла Зазыбу, і ён рашуча секануў у паветры рукой:

– Раз вы лічыце, што намі былі дапушчаны парушэнні, дак завіце тады ўсіх сюды! Тута, ля гэтага капца во, будзе вам і агульны сход, і праўленне зараз!

XII

Яшчэ дыхаў недзе доктараў мозг, а Чубар кінуўся ў роспачы, хоць, можа, болей са страху, на край схону – сціскаючы вінтоўку і зусім не адчуваючы яе ў руцэ, ён з’ехаў нагамі наперад па абрывістым схіле і апынуўся якраз на той дарозе, па якой прыйшоў з-за Бесядзі ваенурач. Патрывожаны пясок на адкрытым і выветраным схіле пасыпаўся ўніз, але Чубар шоргату не чуў: лучыў, як далей адбегчыся ад таго месца, дзе адбылося забойства. Пра тое, добра ён зрабіў ці не, стрэліўшы ў чалавека, які неспадзявана кінуўся наўцёкі, у галаве не стаяла, ды і ці можна было ў такім стане прыйсці да якой пэўнасці.

Хоць Чубар і ахоплены быў гарачай тлумнасцю, але дарогу выбіраў акурат, гэта значыць, не памкнуўся праз увесь луг да ракі, дзе была Антонаўка, а цаляў у той бок, куды клаўся ягоны цень, якому ён, сігаючы з усяго спрыту, ледзь не наскокваў на галаву: наперадзе відаць быў невялікі, як астравок, бярозавы гай, мусіць, адзін з тых, што, уратоўваючыся ад плуга, часам застаюцца неяк паміж сенажаццю і ворнай зямлёй.

Нейкі час Чубар бег, нават не адчуваючы свайго цела. У вушах, можа, яшчэ ад стрэлу калыхаўся балючы звон. Здавалася, зусім дзеравянелі ногі. Але паступова замест гарачай тлумнасці, што засціла вочы, і гэтага звону, які ажно распіраў вушы, усярэдзіне, зусім як жывая, пачала варушыцца млосная прытарнасць, і Чубар, нібыта наперакор сабе запавольваючы бег, раптам паляцеў употырч у высахлую копанку, дно якой было зацягнута ліпучай цінай. Здарылася гэта ўжо амаль на краі лугу, калі да бярозавага астраўка заставалася не болей сотні метраў... Выбраўся Чубар з копанкі спалатнелы і абыякавы да ўсяго ад унутранай спустошанасці, акурат звер пасля хваробы ці залечвання ран. Хістка стаўляючы ногі і валочучы за рэмень вінтоўку па траве, ён патупаў далей па лузе, беручы перад сабой за арыенцір белую кару маладых бяроз. Калі ён нарэшце апынуўся там, то адразу лёг грудзьмі на дол, паклаўшы правай шчакой халодную галаву на мяккі сівец. Праз колькі хвілін у галаве прасвятлела, быццам разднела дзе, і чырвоныя мятлушкі, што пырхалі дагэтуль перад вачамі, паляцелі прэч. Але па-ранейшаму грукала, быццам драўляным пранікам па зямлі, патрывожанае сэрца.

Сонца яшчэ стаяла высока, і кусты, што раслі навокал бярэзніку, не заміналі яму высвечваць крамяныя шапкі бардовых падасінавікаў, якія багата дзе выпіналіся з папараці, закіданай, быццам ад маразоў, леташнім хлабыззём.

Пра ваенурача, што паваліўся ад яго стрэлу на схоне, яшчэ амаль не думалася, можа, з тае прычыны, што гэтак выпетрала нечаканае нервовае ўзрушэнне. Чубар адно глядзеў перад сабой – паўзверх злямцаванага мурагу, бо нават заплюшчыць вочы не адважваўся, і ўсё, што трапляла ў поле зроку, успрымаў як нешта нерэальнае. Але вось на бярозавы выварацень, што быў крокі за два ад яго, выпаўзла шэрая яшчарка, і тады Чубару, нарэшце, свядома кінулася ў вочы, што тая не мае хваста – няйначай, адкінула, трапіўшы нейкім чынам у небяспеку, затое цяпер стала падобна на жабу-рапуху: гэтак жа хаўкала ротам, трасучы адвіслым падбародкам, і бяздумна талопіла вочы. Чубару зрабілася гідліва глядзець на яе. Ён паварушыўся. Ды яшчарка не спалохалася, не саскочыла з вываратня. Тады Чубар адвярнуў ад яе галаву і ўжо не стрымаўся, павёў вачамі далей. Тут, на гэтым бярозавым астраўку, аказваецца, быў свой свет, сваё жыццё, і з’яўленне чалавека зусім не парушыла яго. І зноў, ужо другі раз за бясконца доўгі для яго сённяшні дзень, Чубар пачаў з цікавасцю назіраць за так званымі ніжэйшымі істотамі, жыццё якіх, можа, не менш было загадкавае і поўнае нягод ад людскога. Але цяпер гэтае міжвольнае параўнанне ў ягонай галаве набыло амаль закончаную асэнсаванасць, асабліва пасля таго, калі ўбачыў, як па камлі бярозы поўз угару рагасты вусень, які нават не здагадваўся, што з макаўкі за ім сачыў лесавы жаваранак...

Чубар ляжаў у здранцвелай нячутнасці свайго цела – дзіўна, але ўсё магутнае тулава яго нібы паралізавана было чым, і доўга не спрабаваў стаць на ногі. А як нарэшце падняўся, то адразу прыхінуўся плячом да дрэва. Ды дарэмна асцерагаўся – ногі ўжо моцна трымалі яго на зямлі.

Ад ракі, якая цякла ў гэтым месцы метраў за трыста, цераз кусты, тхнула ёдам.

Бярозавы астравок, на якім знайшоў Чубар часовы прытулак, ляжаў паміж лугам і яравым клінам; адразу за крайнімі дрэвамі пачынаўся здзірванелы ўзмежак, парослы быльнікам. Бадай, па ім і трэба было падавацца адсюль, бо, як Чубар разумеў сябе цяпер, да Верамеек заставалася кіламетраў трыццаць. Прынамсі, можна было не хвалявацца – Верамеек у кожным выпадку не прамінеш нават з завязанымі вачамі, абы ішоў паўз раку. Да таго ж пільнай патрэбы адразу ісці ў Верамейкі не было, даволі спярша зайсці ў Мамонаўку да Аграфены Азаравай, а гэта ўжо скарачала ўвесь шлях кіламетраў на сем, бо да пасёлка вяла дарога проста з Малога Хоцімска.

Чубар, як і кожны так званы ўдзядзелы халасцяк, вядома, таксама не абыходзіўся без жанчын. Але хутчэй з тае прычыны, што даволі часта пераязджаў па рабоце з аднаго месца на другое, сувязь з жанчынамі была ў яго выпадковая, нават не пакідала глыбокага следу ў душы, не кажучы ўжо пра высокія пачуцці. Праўда, Чубар таксама перажыў сапраўднае каханне – не без таго, яму напаткаўся ў жыцці чалавек, які паланіў усяго. Было гэта першы год, калі вучыўся на саўпарткурсах. Там ён сустрэў прыгожую дзяўчыну, якую звалі Фаінай і якая перад тым працавала начальнікам палітаддзела машынна-трактарнай станцыі ў Аршанскім раёне. Ды каханне было нядоўгае: дзяўчына паехала аднаго разу да бацькоў і трапіла на чыгуначным пераездзе пад таварны цягнік. Жалобу па ёй Чубар насіў ажно колькі гадоў... Але выйшла пасля так, што стаў неразборлівы ў адносінах з жанчынамі – з якою лёгкасцю знаходзіў іх, з такою і разлучаўся. У Верамейках ён таксама перабраў нямала і сапраўдных, і саламяных удоў. Апошняй была мамонаўская Аграфена. Моцнага пачуцця да яе Чубар тады не меў, але наведваўся на пасёлак часта: умела сустракаць жанчына! Але цяпер, за час гэтай сваёй непрыкаянасці, адчуў раптам штосьці зусім новае да Аграфены. І не адзін раз па дарозе ўжо ўяўляў сабе, як прыйдзе, нарэшце, у Мамонаўку і ўзрадаваная Аграфена ўзбегаецца за гародамі, каб напаліць у лазні, пасля павядзе туды яго і стане голая ў самай гарачыні махаць над ім распараным венікам...

Схон, на якім зусім нядаўна разыгралася трагедыя, узвышаўся па правы бок, хапала адно павярнуць галаву, каб убачыць знаёмыя сосны на ім, але ў Чубара як не ставала рашучасці...

Пасля стрэлу ў вінтоўцы яшчэ заставалася гільза ў патронніку, і Чубар зусім самохаць кляцнуў затворам. Бліснуўшы, гільза скокнула ўгору, адляцела крокі за два ўбок. Парахавы дымок, які не паспеў вытхнуцца ўвесь, заблытаўся цяпер маленькім жоўтым воблачкам між зялёнай травы.

Час быў ісці далей. Чубар ступіў на ўзмежак і, не азіраючыся, зашастаў нагамі па быльніку, які ўжо стаў руды. Неўзабаве ўзмежак пашырэў і неяк амаль неўпрыкмет перайшоў у звычайны лог з пасохлай белай канюшынай. Лог быў аслонены – з аднаго боку, якраз ад Бесядзі, – ракітавымі кустамі, і чалавека нельга было ўбачыць з тых дзвюх вёсак. Але ж па гэты бок ракі маглі трапіцца другія вёскі...

Бадзянне па чужых ваколіцах шмат чаму навучыла Чубара. І хто-хто, а ён-то ўжо мог расказаць каму, як трэба прыходзіць у незнаёмыя вёскі, каб пазбегнуць небяспекі. Сам Чубар рабіў гэта цяпер звычайна надвечар, калі ў вёсцы наставала нарэшце стомленая сцішанасць. Але перад тым ён доўга цікаваў за вуліцай паміж сялянскіх двароў з якой-небудзь схованкі. Здавалася б, зусім няхітрая навука, аднак да яе Чубар даходзіў праз вялікую, амаль інстынктыўную насцярожлівасць. Праўда, тут маглі мець значэнне таксама асабістыя Чубаравы якасці. Але ўжо напэўна, што насуперак ранейшым уяўленням, ён асцерагаўся прасіць сабе прытулку альбо кавалак хлеба ў так званых бедных ці багатых хатах. Самым надзейным было выбіраць у вёсцы тыя сялянскія двары, якія не кідаліся табе вонкавым выглядам. Гаспадары ў такіх хатах звычайна прымалі без асаблівай перасцярогі – не скардзіліся на нястачу, шкадуючы накарміць, і не паглядалі скоса, загадваючы наперад. І, бадай, самае павучальнае адкрыццё зрабіў Чубар тады, калі пераканаўся, што ў тых вёсках, дзе паспелі пабываць немцы і стварыць так званую адміністрацыю, акружэнцаў і розных «бадзяг» пасылалі калі не проста да бургамістра ці старасты, то ўжо да былой старшыніхі з кучай дзяцей, няйначай. Што да старасты ці бургамістра – тут зразумела, брала сваё даўняя звычка вясковых людзей выбіраць на розныя кіраўнічыя пасады памяркоўных мужыкоў, каб не мець пасля лішніх згрызот (дарэчы, фашысты таксама спярша падтрымлівалі сярод сялян свабодную выбарнасць), а вось чаму накіроўвалі да «старшыніх», Чубар доўга не мог даўмецца.

Былі ў Чубара і іншыя назіранні над жыццём ва ўмовах акупацыі, хоць тая пакуль не лягла ўсім сваім цяжарам. Праўда, багата якія з гэтых назіранняў патрабавалі яшчэ праверкі. Аднак Чубара ўжо багата што пачынала бянтэжыць. Напрыклад, вельмі незразумелай была яму недаверлівая маўклівасць людзей. Чым далей ён адыходзіў ад лініі фронту на тэрыторыю, занятую ворагам, тым мацней адчуваў яе.

Прыгадваючы свае сустрэчы з людзьмі, Чубар успомніў таксама, як прабыў адну раніцу сярод жней. Тыя завіхаліся з сярпамі ля ўскраю лесу, жалі калгаснае жыта. Вёсачка, з якой яны былі, таксама стаяла пры лесе, але трохі наводдаль ад дарогі, што вывела Чубара на тое поле. Кабеты заўважылі чалавека з вінтоўкай, пасталі і пачалі ўглядацца з-пад локця. Першая да Чубара, калі ён спыніўся нарэшце на ржышчы, падышла рухавая і вясёлая з твару жанчына сярэдніх гадоў. Вочы яе, здавалася, ніколі не хмурнелі.

– Глядзіце, бабы, хто да нас прыйшоў! А мы думалі ўжо, адным векаваць давядзецца!

Яна акурат сыпала словамі. Смяялася сама і нібыта прымушала смяяцца другіх. Можна было падумаць, што сярод гэтых вясковых кабет, як у тым бабіным царстве, наогул была забаронена самота, а гаспадыні, як маладзейшыя, так і старэйшыя, яшчэ недзе да вайны папраганялі ад сябе мужыкоў.

Можа, зусім за лічаныя хвіліны Чубар быў і накормлены, і напоены, адно толькі спаць не пакладзены. Жанчына, што першая загаварыла з ім, была старшынёй мясцовага калгаса. Гаспадарку яна прыняла зусім нядаўна, можа, паўмесяца таму, а да таго была ў калгасе так званай незамужняй актывісткай. Чубар калісьці таксама нямала вылучаў такіх жанчын, – за тое, што на сходах выбіралі членамі ў розныя камісіі, у вёсках іх называлі «членкамі»: напрыклад, Полька-членка, Лёкса-членка і г. д. Калі Чубар сказаў, што і ён працаваў старшынёй калгаса, жанчына ажно пляснула рукамі.

– Вось добра! Гэта ж вас як ветрам нагнала. – І пачала ледзь не ўсчуваць: – Хопіць ныкаць па кустах! Бярыце ад мяне калгас!

Чубар, блазнуючы, замахаў рукамі.

– Пашкадуйце! – Але тут жа зрабіў строгі твар, сказаў: – У самой жа, бачу, няблага выходзіць.

Жанчына пасля гэтага сумелася, задумліва ўздыхнула:

– Гэта здаецца. А як на паверку, то... Весялю-весялю сваіх баб, а самой тым часам ажно плакаць хочацца. Не, я папраўдзе, станавіся ў нас за старшыню. – Ёй, мусіць, лягчэй было звяртацца да Чубара на «ты». – І зброя вось у цябе... – Яна паглядзела на вінтоўку так, нібыта сапраўды надавала гэтаму рашаючае значэнне.

Чубар зноў паспрабаваў адбыцца жартам – маўляў, навошта яму другі калгас, калі ён ужо ўцёк ад аднаго? Тады жанчына павяла вачамі вакол, сказала:

– Ужо другі дзень жнём... калгасам...

Чубар спытаў:

– А немцы?

– Яны ў нас яшчэ пакуль праездам усё.

Чубар зноў спытаў:

– А як пажняце, а яны возьмуць ды забяруць зерне ад вас?

– Ім жа не забароніш! Раз прыйшлі, значыць...

– Тады навошта наогул жаць?

Але жанчына на гэта не адказала, адно з дакорам паглядзела на Чубара і зноў нібыта павесялела.

– Так вось калгасам і жывяце? – спытаў праз нейкі момант Чубар.

– А нам іначай не выпадае. Мужыкоў жа ў вёсцы зусім няма. Нават старых мабілізавалі. Засталіся адны дзяды. Дык што нам пасля, бабам, выдумляць? Будзем жыць як набяжыць.

Гаманілі яны гэтак доўга – Чубар давольны быў, што зноў прытарнаваўся на час да людзей, тыя таксама нічога не мелі супраць, наадварот, пры чужым ды неблагім чалавеку не толькі душу можна адвесці, а і працаваць быццам спарней...

Мясцовасць паўз Бесядзь была няроўная – то над усім узвышалася ўзлобкам, парослым драбналессем, па краях якога відаць пясчаныя плешавіны, акурат пасля апоўзняў, то цераз жоўтае поле нібыта прагіналася раптам, утвараючы глыбокую расколіну, якая нагадвала высахлую дзебру.

З адной такой дзебры нарэшце вынырнула стаптаная сцежка і павяла Чубара паміж кустоў па хвойніку, на краі якога скончыўся лог. Але ў тым месцы, дзе паабапал сцежкі стаялі – як падняць чалавеку руку – маладыя елкі, дарогу перагарадзіла вялікая, бы нацягнутая з суравых нітак павуціна, якая ў лясным сутонні, здавалася, блішчала. Чубар прыкмеціў яе яшчэ крокі за два і ажно спыніўся, як у той казцы. Павуціна, можа, ад парушанага паветра, калыхнулася. Як зачараваны, зрабіў Чубар яшчэ крок наперад. Гаспадара, які незнарок сплёў паміж елак гэты адмысловы карунак, не было дома. Адны ахвяры яго – мусіць, даўно не жывыя восеньскія мухі – віселі, заблытаныя на павуціне. «Значыць, даўно не хадзілі тут ні чалавек, ні звер», – падумаў Чубар. Ён наважыўся быў парваць локцем павуціну, каб пайсці далей, ды нечага стрымаўся, нібыта ў забабонным страху. Тады саступіў у малады хвойнік і, аберагаючы рукой твар, пачаў прабірацца скрозь яго, каб абмінуць павуціну і ўзысці пасля зноў на сцежку. Аднак ужо лягчэй было падраць на сабе адзенне, скрывавіць рукі і твар, чымся патрапіць на яе: дужа густа стаялі тут адна каля другой маладыя елкі. Таму Чубар збочыў яшчэ, дзе раслі вялікія дрэвы, і колькі часу вольна ішоў паміж імі. Убачыўшы чалавека, кінулася ад пагрызенага баравіка доўгая, быццам надвязаная чым, вавёрка. Недзе мякка зашпокаў па кары дзяцел. Нарэшце Чубар убачыў верасовую прагаліну, павярнуў туды – прагаліна пэўна ўжо выведзе яго на сцежку. І праўда, не зрабіў ён і паўтараста крокаў, як вачам адкрылася сцежка. Яна ўжо выпрасталася і спускалася з горкі: там, над непрыкметнай рачулкай, якая, пэўна ж, упадала ў Бесядзь, былі перакінуты дзве кладкі. Вада ў рачулцы была чамусьці дужа цёмная, як палітая чым, і, наўрад ці толькі цень ад кустоў ствараў гэтае ўражанне. Гледзячы пад ногі сабе, Чубар перайшоў кладкі, якія ажно ўгіналіся пад ягоным цяжарам. Густы хвойнік, па якім Чубар ішоў да самага лугу, тут канчаўся; адразу за кустамі на ўсю шырыню развіналася поле. Непадалёку на ім стаяла нейкая сядзіба – старая, з нізка пасаджанымі вокнамі ды памшэлай страхой хата, пад якой туліўся свіронак пры хляве, тады сад, што зусім не меў агарожы, і, нарэшце, так званы гарод, але ўжо абнесены шырокімі абапалкамі і сукаватым жардзём. Трохі наводдаль – як прабегчы на адным дыханні – кідаў на зямлю цень другі сад, аднак пры гэтым ніякіх гаспадарчых пабудоў не было. Тут, мусіць, стаяў населены пункт, які ці то пачалі звозіць, ды не скончылі, ці наогул людзі паехалі жыць адсюль у іншае месца.

Чубар ішоў і ўглядаўся ў сялібу – здаецца, небяспека не пагражала. На гародзе была пакапана бульба, а на галым месцы, з якога пазносілі бульбоўнік на плот, ляжаў вялікі гарбуз. На падворку, адкрытым з усіх бакоў, ганяліся адзін за адным маладыя пеўнікі – яшчэ з ломкімі, таму ажно непрыемнымі галасамі: такія асабліва смачныя бываюць з маладой бульбай, маласоленымі гуркамі і кропам... Але з-за хаты раптам выйшла на падворак накукшаная кабета – мажная, з мускуламі на шыі і зямлістым тварам. Яна нават не прыгледзелася да незнаёмага чалавека, а забухкала адразу, быццам у трубу, нізкім, акурат балотным, голасам:

– Ідзі адсюль, прахадзі, а то ў нас і без цябе ўжо хапіла!.. – І паказала рукой на сад.

І выгляд, і голас яе былі такія, што Чубар не мог памыліцца – гэтак яго не столькі папярэджвалі пра штосьці небяспечнае, што магло б здарыцца, калі ён сапраўды ўзыдзе на падворак, колькі праганялі, як таго каршуна, які пачаў кружыць над дваром, прэч.

Збянтэжаны, Чубар нават не ўсчынаў гаварыць. Моўчкі, быццам з падцятым хвастом абыходзіў сялібу, адчуваючы, як на скронях набухлі жылы пад скурай.

Жанчына тым часам стаяла на падворку, цікавала спадылба за кожным Чубаравым рухам. У садзе, які абмінаў Чубар, стаялі вуллі. Каля абвошчаных лятковых шчылін там мітусіліся пчолы. Але на дрэвах пладоў не было – сёлета сад ялаваў. Адны пабурэлыя слівы грувасціліся на напятых галінах, ды чырванелі на мяжы жытнёвага поля садовыя рабіны.

Не паспеў Чубар прайсці паўз сад – дарэчы, хацішчаў на полі было больш, можа, нават за дзесяць, але астатнія не мелі садоў, таму і не кідаліся вачам здалёк, – і падняцца на ўзгорак, што пачынаўся ці не адразу за жылой сялібай, як убачыў забітага ваўка. Той ляжаў на калёснай дарозе, ужо амаль на самым скрыжаванні, якое было ўтворана гэтай калёснай дарогай і бальшаком, што ішоў ад Бесядзі. Абмінуць ваўка не было як, і Чубар падышоў да яго зусім блізка. Забіты звер нечым, можа, сваёй прыгожай сівізнай, нагадаў раптам... ваенурача. Ад гэтага параўнання, а дакладней – ад гэтае недарэчнае згадкі, Чубар ажно заплюшчыў вочы і здрыгануўся. Аднак сівыя абрысы прывіду, прынамсі, так хацелася спадзявацца, яшчэ з большай выразнасцю адбіліся ў цёмным прадонні вачэй. Тады Чубар скочыў цераз ваўка і рынуўся на злом галавы па дарозе да бальшака.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю