Текст книги "Плач перапёлкі"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 20 страниц)
Камісаравы словы, здавалася, пакуль не краналі за жывое Чубара. Ён успрымаў іх як нешта такое, што абыходзіла яго. І ўжо зусім ненаўмысна пацікавіўся:
– А вы? Вы ж таксама маглі застацца на акупіраванай тэрыторыі? Чаму вы не хочаце партызаніць?
Камісар адказаў:
– Я, таварыш Чубар, стары партызан. Не забылі? – І ён ціха праспяваў: «Партизанские отряды занимали города...» Дык гэта пра нас, далёкаўсходніх. Мы там з Флягонтавым білі і японцаў, і белякоў. Так што мне партызанскае жыццё добра знаёма!
З паста вярнуўся капітан. Ён пастаяў трохі каля ўвахода ў будан, затым прысеў на дыбачкі і гукнуў у цемнату:
– Дзе вы там, таварыш палкавы камісар?
– Якраз пасярод.
– Каб хоць не зачапіць.
– Не бойся, лезь, я каманды табе падаваць буду – правей, лявей...
Але каманды не спатрэбілася. Капітан асцярожна залез у будан і лёг з правага боку ад палкавога камісара.
– Усё ў норме?
– Парадак, – як пахваліўся капітан.
– Як думаеш, заўтра дождж будзе?
– Для нас, можа, і лепей было б, каб ён заўтра не перашчукаў. Маскіроўка. У вялікі дождж можна незаўважанымі прайсці праз любыя пасты.
– Такія яны тады пасты!..
– Дык я ж пра нямецкія! – нібы пакрыўджана, але з выразным прытворствам, усклікнуў капітан.
– Ну, ну, спі!
Праз колькі хвілін палкавы камісар зноў пачаў гаварыць да Чубара.
– Дык вось. Я стары прыхільнік партызанскай тактыкі, каб ведалі, нават знарок запіскі пасылаў некалі ў Рэўваенсавет. Але мне там адзін разумнік, мусіць, ваенспец, я нават не пацікавіўся даведацца хто, сачыніў адказ: маўляў, грамадзянская вайна была ўся пераважна партызанская, таму немэтазгодна займацца асобна пытаннямі тактыкі партызанскіх дзеянняў у такім плане, як гэта робіце вы. Адным словам, адказ быў рашучы. І я пасля такога адказу паклаў свае канспекты на паліцу. Успомніў пра іх гадоў праз дзесяць. Не, нават больш. Так, больш. Сабраўся быў паслаць...
І палкавы камісар назваў адно дужа вядомае ўсёй краіне, але забароненае тым часам прозвішча, а тады нібыта адгадаў у цемнаце Чубарава здзіўленне, сказаў пасуравелым голасам:
– Так, так, не бянтэжцеся, таварышу Якіру. Бог не прадасць, свіння не з’есць, а мы з капітанам адной куляй паранены. Толькі ён лёгка адбыўся, а я ўсё яшчэ не магу стаць на нагу.– Палкавы камісар памаўчаў трохі, пасля зноў глуха пачаў: – Гэта ж каб па-сапраўднаму падысці да справы, то патрэбна было і цэлую партызанскую навуку распрацоўваць. Але зыходзілі з таго, што ваяваць давядзецца на чужой тэрыторыі. Вайна ж паказала адваротнае – прынамсі, што ў планах неабходна прадугледжваць усе магчымасці. Партызанская вайна адрозніваецца ад ваенных дзеянняў рэгулярных часцей, свае законы мае. Але задача адна – біць ворага. Дарэчы, гэта яшчэ нават Дзяніс Давыдаў ведаў. І нападаў на ворага паўсюды, дзе толькі можна. А ў нас пакуль выходзіць іначай. У акружэнні апынуліся цэлыя часці. Але ўсе чамусьці імкнуцца выйсці за лінію фронту. Камандзіры вядуць байцоў з глыбокага тылу, нават у баі староняцца ўступаць. Некаторыя групы ідуць ад самай граніцы. Нават цяпер яшчэ недзе блукаюць па беларускіх лясах.
У чэрвені месяцы, напрыклад, у групе было сто чалавек, а ў ліпені, ды і ў жніўні, добра калі пятнаццаць захавалася. Адны загінулі, здаралася, нават выпадкова, другія, на жаль, проста адсталі. І гэта тады, калі не асцерагацца трэба, а біць, біць фашысцкую навалач! Чым болей паб’ём мы іх, тым меней застанецца. Урэшце, фашыстам таксама лік нейкі ёсць. І калі кожны з нас заб’е свайго немца, то яны звядуцца зусім. – Апошнія сказы палкавы камісар гаварыў ужо павышаным голасам, нібыта пераконваў не столькі Чубара, колькі яшчэ кагосьці. – Праўда, вы можаце папракнуць у гэтым і нас, нашу групу, – пацішэў нарэшце ён. – Мы таксама, як і іншыя, цягнемся да фронту. Але паверце, таварыш Чубар, у нас на гэта асаблівая прычына.
Палкавы камісар, вядома, не сказаў Чубару, якая гэта прычына. Аднак прычына на самай справе была: група выносіла з акружэння дакументы – партыйныя і штабныя – стралковай дывізіі, якая была разбіта паміж Бярэзінай і Дняпром на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў ліпені. Сам палкавы камісар не належаў да каманднага складу разбітай дывізіі. Ён прыехаў у дывізію са штаба арміі, калі палкі ўжо ледзь стрымлівалі націск танкавай групы праціўніка. Камандуючы арміяй накіраваў палкавога камісара туды пасля таго, як у штабе арміі стала вядома, што камандзір дывізіі загінуў на камандным пункце ад фашысцкай бомбы і што кіраванне палкамі парушана. Камандарм спадзяваўся, што палкавы камісар наладзіць работу штаба дывізіі і да прызначэння новага камандзіра зробіць усё неабходнае, каб не прапусціць на ўсход танкавую калону. Але было позна – дывізіі, як баяздольнай вайсковай адзінкі, бадай, не існавала ўжо, і ягоны прыезд, па сутнасці, нічога не вырашаў: у той дзень варожыя танкі праламалі абарону палка, што стаяў на цэнтральным участку, і ва ўтвораны пралом рушылі матарызаваныя часці, засланяючы шлях да адступлення. Некалькі дзён зусім парадзелыя палкі дывізіі пад камандаваннем палкавога камісара вялі баі ў акружэнні. Нарэшце настаў час, калі штаб дывізіі – уласна, палкавы камісар не паспеў стварыць яго нанова, і штабам называлася група камандзіраў, якая ўцалела тады пад бамбёжкай, – апынуўся ў вельмі крытычным становішчы. Па-першае, была канчаткова страчана сувязь з палкамі, а па-другое, непасрэдна на штаб дывізіі пачаў наступаць батальён фашыстаў. Рота аховы, якая да гэтага часу таксама панесла страты, абараняла штаб мужна, але сілы былі няроўныя: байцы гінулі пры кожнай новай атацы, ужо не хапала камандзіраў, каб кіраваць боем, і тады палкавы камісар сам лёг у чырвонаармейскі ланцуг, загадаўшы начальніку асобага аддзела паклапаціцца аб дакументах. Фашысты, мусіць, здагадваліся, а мо нават і ведалі, што наступаюць на буйны штаб, таму атакі не спыняліся і з надыходам вечара. Тым часам па стрэлах палкавы камісар ужо разумеў, што далей трымацца рота не здольна: разам з ім, палкавым камісарам, якому куля раструшчыла правую нагу, і гэтым капітанам, таксама параненым, у канцы другога дня абарону займалі ўсяго чалавек дваццаць. Таму палкавы камісар дачакаўся вечара і аддаў загад здымацца з пазіцый. Была надзея далучыцца да якога-небудзь свайго палка, але дарэмна – колькі ні спрабавалі байцы наладзіць сувязь з іншымі падраздзяленнямі, ім гэта не ўдавалася.
Палкавога камісара давялося несці на насілках. Гэта, вядома, дужа замінала групе. Было вырашана – дзеля сакрэтнасці так званых чужых у групу асабліва не прымаць (апрача лётчыкаў і танкістаў) і ў бойкі з ворагам не ўступаць: справай усёй групы цяпер стала – вынесці з акружэння дакументы дывізіі. І вось, высылаючы перадавыя і бакавыя дазоры, а на прывалах – ставячы ўзмоцненыя пасты, адасобленая і невялікая група байцоў на чале з параненым палкавым камісарам падыходзіла ўжо да лініі фронту: Пёкліна, пра якое расказаў Чубар, знаходзілася не больш як за дваццаць кіламетраў.
Капітан, які ў часе размовы, што ішла паміж палкавым камісарам і Чубарам, маўчаў, неўзабаве захроп на ўвесь будан: відаць, чалавек вельмі здарожыўся за дзень і заснуў моцна. Палкавы камісар ажно сказаў у захапленні:
– Сапраўдны салдат! – І дадаў: – Таксама час. Будзем і мы спаць, таварыш Чубар. Калі не дагаварылі што, то заўтра дагаворым, перад расстаннем.
Чубар згадзіўся з ім. Але з прыхаванай крыўдай падумаў сабе – палкавы камісар ужо сёння адмаўляе яму ў тым, каб ісці разам за лінію фронту...
Здавалася, сон прыйдзе хутка, варта адно заплюшчыць вочы, але было наадварот. Чубару доўга не засыналася – апрача ўсяго іншага, не хацелася страціць каня, які стаяў каля будана. Чубар ляжаў на яловых лапках, думаў і адным часам лавіў вушамі кожны канёў рух. Пасля ўсё ж стома адолела і яго. Першы сон, які цягнуўся не больш за дзве гадзіны, быў асабліва моцны, і, можа, таму ў астатні час Чубар праз кожныя некалькі хвілін прахопліваўся, вяртаючыся да яснай свядомасці, заклапочана насцярожваўся: ці на месцы конь? Дзіва, але каню, мусіць, таксама па нейкай прычыне не выпадала пакідаць новага гаспадара. За ўвесь час, пакуль Чубар знаходзіўся ў будане, ён не зрабіў нават спробы зрушыць куды-небудзь – па-ранейшаму стаяў і, прыслухоўваючыся да чалавечага дыхання, сам забываўся ў кароткім сне. Так яны і дабылі да шостай гадзіны, калі пачало днець.
Раніца, нягледзячы нават ледзь не на восеньскую пару, бралася хутка, і калі заварушыўся лагер – чырвонаармейцы першыя паўставалі са сваіх буданоў, – у лесе праглядваліся ўжо голыя месцы. Угары, недзе паміж шатаў, пішчала нейкая птушка, нібы хто жывую смажыў яе на вогнішчы. Чубар скінуў з сябе коўдру, павёў па будане вачамі. Капітана ў будане не было. Толькі палкавы камісар, седзячы, паціраў – можа, яму дужа свярбела – вышэй калена параненую нагу.
Чубар паварушыў здранцвелымі плячамі, моўчкі выпаўз на волю. Капітана ён убачыў крокі за чатыры ад будана. Той стаяў і нешта гаварыў учарашняму Чубараву канвойнаму. Чырвонаармеец і сёння быў хмуры, слухаў капітана, як і тады Чубара, з апушчанай галавой, раз-пораз папраўляючы на носе акуляры.
Пакуль палкавы камісар сядзеў у будане, Чубар быў адзін. Пры выглядзе падрыхтаванняў, якія рабіліся ў лагеры перад паходам, яму стала ажно не па сабе. Было нават сорамна неяк за сваю непрычыннасць да ўсяго. Тады ён падышоў да схаладнелага за ноч каня і з усёй чалавечай удзячнасцю, на якую хапіла яго, правёў рукой па персці, маючы жаданне ўтуліцца тварам у прасохлую за ноч грыву. Конь адчуў чалавечую прыязнасць, павярнуў галаву. У левым воку яго Чубар неспадзявана ўбачыў сваю ссутуленую постаць, быццам у гэты час на ім ляжаў цяжарам ледзь не ўвесь свет і ён не меў ужо сілы трымаць яго на сабе.
Чырвонаармейцы вынялі – менавіта вынялі – з будана палкавога камісара і асцярожна, каб не зачапіць параненай нагі, пасадзілі на пень.
Капітан адразу ж подбегам падскочыў да яго, па ўсёй форме далажыў:
– Таварыш палкавы камісар, група заканчвае падрыхтоўку да выхаду. Перадавы дазор высланы ў кірунку да вёскі Петраполле.
– Байцы задачу на сёння атрымалі?
– Так.
– Добра, капітан.
Палкавы камісар пашукаў вачамі Чубара, паклікаў да сябе.
– Мы ўранні не раскашуем з харчамі, спадзяёмся звычайна на вячэру, – незразумела ўсміхнуўся ён. – Так што, выбачайце, таварыш Чубар, што не да канца гасцінныя.
Чубар чакаў, што пачне гаварыць палкавы камісар пасля гэтакага перапрашэння.
Палкавы камісар узяў у капітана карту, разгарнуў яе на выстаўленых руках, спытаў у Чубара:
– Адкуль вы? Дзе ваша вёска?
Чубар адшукаў на карце Крутагор’е, пасля звілістую Бесядзь, а тады на невялікай адлегласці – Верамейкі.
– Тут, – паказаў ён.
– Зірні, капітан, – нібыта ўзрадаваўся палкавы камісар, – там жа ў іх адны лясы! Нават вёска пасярод лесу! Не, таварыш Чубар, грэх вам шукаць дзесьці на чужой старане тое, што можна знайсці дома.
Чубара, вядома, не пераконвалі камісаравы словы, бо яму не вельмі хацелася вяртацца ў Верамейкі, і ён стаяў перад палкавым камісарам з маўкліваю крыўдаю, адчуваючы, як храсне ад гэтага ўсё ўсярэдзіне. Але ні запярэчыць, ні папрасіцца ў адну дарогу з чырвонаармейцамі ён не адважваўся, бо лічыў, што свае асноўныя довады выказаў ужо ўчора.
– Багата чым памагчы цяпер не магу, – сказаў палкавы камісар, – але патронаў і вінтоўку дам. А там – здабывайце зброю самі. І, далібог жа, не бадзяйцеся па незнаёмых закутках. Падавайцеся ў свае лясы. На месцы адчуеце сябе другім чалавекам. Самі абставіны падкажуць, што рабіць. Вас там ведаюць, і вы таксама ўсіх ведаеце. Палохацца не трэба. Усё будзе як найлепш. Пасля некалі нават дзякуй скажаце, што паслухаліся мяне. Для яснасці скажу, што вы не першы, каго мне давялося гэтак пераконваць. І яшчэ... таксама для яснасці... Да нашай групы спрабавалі прыстаць многія. Але мы адмаўлялі. Праўда, не ўсім. З намі, напрыклад, ідуць два лётчыкі і адзін танкіст, бо гэтым у тыле няма чаго рабіць. Іхняя зброя – самалёт, танк. Асабліва калі ўлічыць, што лягчэй зрабіць самалёт ці той жа танк, чым навучыць чалавека ваяваць на ім, таму мы гэтым траім і не адмовілі. А іншым адмаўлялі. І я лічу – правільна рабілі. І не толькі таму, што я няздольны па-сапраўднаму камандаваць па прычыне ранення. Не. Цяпер людзі ўжо, мусіць, недзе б’юць фашыстаў, узнімаючы народ на барацьбу з ворагам. Вы таксама павінны гэта рабіць. – Ён зноў паказаў на карту. – Вось глядзіце. Мы знаходзімся цяпер тут. Бачыце? Адразу за гэтым лесам вёска. Шыраеўка. А там вашы Верамейкі. Напрамак трымаць адсюль трэба ўвесь час амаль на поўнач. Бярыце карту і пакуль мы тут, вывучайце па ёй свой будучы маршрут.
Чубар колькі часу сядзеў над картай: спярша проста так, у зацятай, пакрыўджанай маўклівасці. Пасля пачаў знаходзіць на ёй знаёмыя назвы, набраныя дробным шрыфтам. І тады адбылося нечаканае – тапаграфічныя абазначэнні раптам нібы ажылі перад вачамі, і ён стаў з цікавасцю адшукваць патрэбныя дарогі, рачулкі, вёсачкі, усё больш захапляючыся гэтым. Карта нібыта перанесла яго ў забесяддзе, і ён амаль нанава пазнаваў там усё.
Палкавы камісар тым часам загадаў капітану, каб далі Чубару зброю. Тады капітан сам насыпаў у торбу ад процівагаза вінтовачных патронаў, узяў у некага яшчэ зусім новую трохлінейку і кляцнуў для пэўнасці затворам.
– Гэта вам, – сказаў палкавы камісар Чубару, калі той перастаў чытаць карту. – Будзем лічыць, што мы з вамі дамовіліся. – І ўсміхнуўся: – Прозвішча ваша я запомню, гэта, аказваецца, няцяжка. У паведамленнях Саўінфармбюро пачуць спадзяюся.
Чубар павесіў на плячо торбу з патронамі, узяў у рукі вінтоўку – гэты раз яна нібыта пякла рукі.
Палкавы камісар спытаў:
– Страляць умееце?
– Умею, – адказаў Чубар, хаваючы аслупянелыя вочы: яму чамусьці ажно няёмка, нават сорамна было размаўляць з палкавым камісарам.
– Тады будзем развітвацца.
Двое чырвонаармейцаў выцягнулі з камандзірскага будана самаробныя насілкі, і палкавы камісар з дапамогай капітана ўспоўз на іх.
– Гэта мой конь, – нявесела сказаў Чубару камісар, быццам апраўдваючыся за сваю фізічную бездапаможнасць.
Тады Чубар прапанаваў:
– Бярыце майго, – і паказаў на каня.
– І не шкода?
– Вам ён больш патрэбны.
– Не, я ўжо да канца паеду на сваім, – нават не задумваючыся, адказаў палкавы камісар.
VI
Сонца выбілася з-пад хмар толькі на чацвёрты дзень – на ўсходзе, амаль над самай зямлёй, раптам утварыўся разрыў у хмарах, і чырвоны круг нязвыкла паплыў па ачышчанай сінечы неба.
У Верамейках сонца гэтае бачылі адны лічаныя хвіліны, акурат з-пад крыса, але надзея на перамену надвор’я была ўжо – як і заўсёды, з надыходам новай квадры.
Кажуць, прыйдзе Ілья – наробіць гнілля. Але не кожны год здаралася, каб амаль скрозь усе спасы на дварэ стаяла багно.
Зазыбава Марфа закутала юшку – вуголле было загрэбена і пабралася ўжо белым попелам у пяколках, – але пастаяла ў хаце, слухаючы, ці запахне чадам. Сёння яна добра-такі напаліла печ, бо Дзяніс паскардзіўся ўначы, што стынуць ногі, і яна падумала тады, што ў гэтыя дажджлівыя дні трэба не пашкадаваць дроў – і самім будзе лацвей, і хата дарэмна не стане сырэць. А яшчэ Марфа чула, як паціху, нібыта скардзячыся, кашляла на той палавіне хаты Марыля. Марфа неяк непрыкметна, але хутка прыкіпела душой да гэтай негаваркой дзяўчыны, якую нечага патрэбна было выдаваць за пляменніцу з Латокі. Гэтая патаемнасць прымушала ажно шкадаваць дзяўчыну і ні на хвіліну не забываць пра яе – нібыта варушылася хворае сумленне ці нейкая несвядомая боязь была за Марыльчыну будучыню. Аднак за час, пакуль жыла дзяўчына ў іх, Зазыбава Марфа адно разы са два зачапілася гаварыць з ёй. І кожны раз Марыля пачынала прыгадваць пра сваю маці, якая недзе таксама жыла на зямлі...
Чаду не было чуваць.
Супакоеная, Марфа выйшла ў сенцы, узяла ў цёмным куце сплецены з маладога сасновага карэння кош і вытрасла з яго на падлогу бураковае лісце. Пакуль не ліло з неба, можна было наведацца на грады, і Марфа, як толькі пачысціла кош, падалася да тыну, дзе паміж хатай і хлевам была ў іх фортка на гарод.
Зазыба ляпаў сякерай пад павеццю – ад самае зімы там стаяла драўляная калгасная мялка-казёл, якую прывозілі да Зазыбавай лазні, калі сушылі лён, і ён цяпер рабіў новы асінавы шпунт, што трымае ў жолабе мяла, а сам з галавы не выпускаў учарашнюю размову з Парфёнам Вяршковым. Усё яшчэ загадкавым здаваўся яму бабінавіцкі камендант Гуфельд. Ужо праз адно гэта быў сэнс як хутчэй наведацца ў мястэчка, каб глянуць на ўсё, што адбывалася там, сваімі вачамі, тым больш што Бабінавічы і Верамейкі зноў, як і даўней, сталі адной воласцю. Да таго ж Зазыбу ўвесь час непакоіла, каб адвезці ў Бабінавічы Марылю – як вырашыў, да краўца Шарэйкі.
Марфа ляснула нячутна клямкай на фортцы і спынілася адразу за дошкай-завальнёй – там была здзірванелая пляцоўка, якая ніколі не заворвалася. Гарод – тут была большая частка іхняй сядзібы – увесь панікаў пад цяжарам дажджу: кацелкі, што раслі на бульбоўніку, сагнулі свае шыі і ўтаропіліся неабшалушанымі тварамі ў зямлю, быццам чакалі, што сонца выныраць гэты раз будзе не за вёскай, а тут, паміж градаў; мясцовага, можа, нават верамейкаўскага гатунку кукуруза, якую вырошчвалі па ўсім забесяддзі яшчэ з незапомных часоў, нясмела вытыркала з-пад шырокага і настылага, таму ажно крохкага лісця чорна-рыжыя кудлы сваіх кароткіх, але таўсманых кіяхоў; ля самай лескі, што аддзяляла Зазыбаў гарод ад сядзібы Аўхіма Касперука, плакаў ад дажджу, як свінцовымі слязамі, разбабелы свойскі мак. Паўсюды была вада – і ў бульбовых разорынах, і на сцежцы, і ў межах, а больш за ўсё было вады на расліннасці, здавалася, зрабі толькі адзін крок па гародзе і адразу намокнеш па вушы. Але Марфа не пабаялася макрэчы. Падаткнула падол спадніцы і пахлюпала ў гумавых ботах па коўзкай сцежцы. Вада пырскала адусюль і ледзь не цурком лілася ў халявы.
Паўз леску ў Марфы была расадніца, накрытая парваным брэднем, і Марфа павярнула туды, каб паглядзець высадкі. На Касперуковым гародзе таксама ўжо нехта корпаўся на градах. Спярша Марфа падумала, што гэта сама Касперукова жонка, Варка, але Касперучыха была жанчына маленькая, высахлая, а гэта ўзвышалася на градах капой; на жанчыне быў накінуты ад дажджу палаплены мяшок башлыком на галаву, які хаваў твар, да таго ж жанчына гэтая не разгіналася – нейкі час латашыла цыбулю, пасля (і таксама не выпростваючыся) пачала ламаць кроп. Але вось жанчына нарэшце ўзняла галаву, і Марфа пазнала Драніцаву Аксюту.
У Драніцы, можна лічыць, не было свайго гарода – здаецца, і зямля аднолькавая, такая, як у суседзяў, і соткі кожны год заняты пад гуркі, буракі, а на градах нічога не расло, нібы там стойла конскае было, і Аксюта звычайна хадзіла пазычацца: то сама напрошвалася на гарод да каго, то людзі запрашалі яе, бо ў гаспадарцы не заўсёды спажывалі ўсё, што было на градах. Мусіць, гэтак вось Аксюта апынулася і на Касперуковым гародзе, балазе, недалёка ёй – Мікіта Драніца жыў каля выгану. У Верамейках жартавалі з Драніцаў, мужа і жонкі, казалі, што нячысты, пэўна, не адну пару лапцей стаптаў, пакуль звёў іх: Мікіта быў нізкі і вяртлявы, быццам чортам падшыты, мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы, адно што пад вечар пачынаў трохі касабочыць і апускаць левае плячо; Аксюта, наадварот, была мажная, з заплылым тварам, на якім вызначаліся савіныя вочы. Браў яе Мікіта з Гаўрылінскай Буды, яшчэ амаль ад жывога мужа – не прайшло шэсць тыдняў пасля смерці таго, як пасватаўся Мікіта. Аксюта са сваім удовіным скарбам пераехала ў Верамейкі і неяк хутка, можа, ёй не прывыкаць было, узяла Мікіту ў рукі, і хоць гаспадара з яго не зрабіла, каб раскашаваць за ім, затое магла беспакарана камандаваць ім.
Аксюта нібы пільнавала Зазыбаву Марфу з чужога гарода, а як убачыла, то заспяшалася, топчучы грады, да лескі.
– Як тэй таго, – узрадавана пачала яна, – нешта вас етыя дні няма нідзе.
Марфа ўсміхнулася, як сама сабе, сказала:
– Дажджы ж...
– А мы з Мікітам, як тэй таго, падумалі... можа, баіцёся чаго? Яно ж, новая ўласць...
– Ат, неяк пражывём і пры новай уласці, – з выразнай абыякавасцю ў голасе сказала Марфа.
– А мой, як тэй таго, кажа, што вас з Дзянісам не зачэпяць. – Аксюта глядзела на былую старшыніху нечага лісліва. – Можа, калі германец забярэ ўсё пад сябе, дак Масей ваш яшчэ начальнікам стане, як тэй таго... Во, цяпера ж і Брава-Жыватоўскі... Учора ў нас, як тэй таго, былі. Цяпера ўсё, як даўней, пры царах было, і паліцыі, і воласць. Дак, можа, і ваш пает, калі жывы дзе, таксама... Германец жа, няйначай, распусціць астрогі.
– Няхай дае бог, – уздыхнула Марфа.
– А Вяршкова Куліна казала, што ў вас цяпера, як тэй таго, пляменніца жыве, – не пераставала сыпаць Аксюта.
– Жыве.
– Чыя ж ета?
– Наша.
– Я не пра ета, як тэй таго. Раз у вас, значыць, ваша. Я пытаюся, чыя яна – па Дзянісу, як тэй таго, ці твая. Але ж у Дзяніса, здаецца, не было ў Латоцы нікога?
– Майго дваюраднага дзеўка. Ідзе з Магілёва. Вучылася. Дак ад Бялынкавіч, са станцыі, да нас бліжэй, чымся да Латокі. От і засталася, пакуль на дарогах неспакойна. Няхай перажджэ.
– Дак ці ж месца хто, як тэй таго, пашкадуе, – кіўнула галавой Аксюта і выдала самую апошнюю вясковую навіну: – А Сахвея Меляшонкава радзіла!
– Глядзі ты, а я і не чула! Ці ж пара ета ёй была?
Марфа нацягвала за край брэдзень на расадніцу, прывязвала мацней да калкоў і гаварыла пад сябе, а Драніцава Аксюта тым часам, як вялікая птушка, трымалася чорнымі ад зямлі рукамі за ляшчыны – рассунула іх трохі, каб прыпасці тварам, і лыпіла вочы на Зазыбаў гарод.
На дварэ і папраўдзе распагоджвалася – ужо не надта цяжкія былі хмары на небе, і хоць плылі яшчэ спрэс, але нябачнае сонца прабівала іх тоўшчу.
У наваколлі быццам пасвятлела.
Аднекуль прыляцела на Зазыбаў гарод мухалоўка-белашыйка і села на макавінку. Тая ажно закалыхалася пад чорна-белым жывым камяком. Птушка апусціла паласатыя крылы, а хвост, кароткі і таксама паласаты, задрала ўгору. Хоць яна і не вельмі самавітая была па сабе, але нораў пражорлівы мела. Уласна, на гарод мухалоўка прыляцела яшчэ толькі з надзеяй – адчула раптам, што выясняецца і сушэе, тады і заспяшалася сюды, каб лавіць пчол, якія лётаюць звычайна па гурковых і гарбузовых косах. Але пчол на гародзе пакуль не відаць было, яны хаваліся ад слоты па вуллях... Таму мухалоўка пасядзела на макавінцы і пачала, ад няма чаго, спяваць – спярша як нясмела: «пік-пік», пасля з большым працягам: «пі-і-ік, пі-і-ік, пі-і-ік...»
Марфа, пачуўшы птушыны галасок, ажно выпрасталася і пашукала вачамі па гародзе птушку.
– А якраз на спасаўку, як тэй таго, і павінна быча радзіць, – сказала Аксюта пра Меляшонкаву Сахвею. – Але без Меляшонка цяпера паспрабуй выгадуй адна. Ета ж як рабіць, дак Меляшонак тута, а як расціць, дак яго няма!
– Што ты гаворыш, Аксюта! – як ад болю, паморшчылася Марфа. – Чалавек жа не сабакам сена косіць, а ваюе!
– Дак... Але ж вон Сёмачкін Раман дак не сплахаваў. Затое дома цяпера. А Меляшонак, можа, галаву паклаў.
– Яно так, – сказала Марфа няпэўна – ці то пагадзілася з Аксютай, ці то падумала пра нешта сваё.
Расадніца нарэшце была папраўлена, і Марфа адышлася, пачала ламаць на градзе бураковае лісце.
Аксюта таксама адступіла ад лескі.
На ядраны бурачнік Марфа кінула два гуркі-насеннікі, што ляжалі дагэтуль, быццам пасмаленыя парсюкі, на градзе, і той жа сцежкай вярнулася на двор.
Зазыба ўжо не майстраваў. Пад павеццю ў іх быў адгароджаны абапалкамі высокі закутак, дзе звычайна Масей – як наязджаў дамоў і ляпіў скульптуры – складваў сякі-такі інструмент, таксама матэрыялы, а больш за ўсё розныя гліняныя альбо гіпсавыя недаробкі, і Зазыба нечага цяпер корпаўся там.
Некалі ўсе Зазыбы, якія жылі ў Верамейках, дужа здзівіліся, што адзін з іхняга роду выбраў сабе гэтакі занятак. А пачалося як бы з забавы. У дваццатым годзе ў хату да Яўмена Зазыбы на пастой трапіў чэх з інтэратрада, што накіроўваўся на польскі фронт, і малы Масей пабачыў тады, як той ляпіў з гліны і воску чалавечыя галовы. Вылепіў чэх і галаву старэйшага Зазыбы. Але Масееў дзед незалюбіў – маўляў, гэта, няйначай, нячыстая сіла! Давялося чэху перарабляць чалавекаву галаву на... дыню.
Чэх той пажыў у Верамейках, здаецца, з тыдзень, пакуль стаяў увесь атрад, але Масею хапіла гэтага – неўзабаве ён пачаў браць з бажніцы ды камечыць бабіны свечкі, а як надышло лета – насіць на двор гліну. Улетку звычайна ўсё на Зазыбавым двары – і загавальня пад вокнамі, і ганак – было застаўлена Масеевымі вырабамі. Дзед Яўмен хадзіў давольны:
– От і майстар, глядзі! Можа, ганчаром стане! – Тады лічылася, што нават дрэнны ганчар не горай за добрага гаспадара.
Старэйшага Зазыбу надта цешыла, што ўнук неспадзявана праз «чэхаву забаву» памеў ахвоту да гэтакай самавітай справы.
– Адно цяпера, – гаварыў ён Дзянісу, – трэба пачакаць, пакуль хлапец трохі падрасце, а тады купім ганчарны круг, бо гліна вон за хатаю, толькі і растраты пасля, што на свінец, каб гарлачы да махоткі былі паліваныя.
Але цешыўся дзед да таго часу, пакуль усё, што ляпіў з гліны Масей, было падобна на гаршкі, а як толькі на загавальні пад вокнамі ўбачыў чалавечую галаву – акурат чэхаву, то расчаравана махнуў рукой: і гэтага абротніка сатана адурыў!
І ўсё ж Масей зрабіў скульптурны партрэт дзеда Яўмена. Па памяці. Цяпер партрэт той ужо каторы год стаяў у хаце, накрыты, як ад мух, Марфінай хусткай.
Марфа зайшла пад павець, сказала:
– Вон Аксюта Драніцава кажа, што немцы распускаць будуць астрогі, дык тады і Масей...
Зазыба павярнуўся да жонкі.
– Адкуль гэта яна ведае?
– Дак жа людзі нешта ведаюць! – раптам з незразумелаю злосцю сказала Марфа.
Тады Зазыба ўзбурыўся:
– І ты таксама... такая, як і Драніцава Аксюта! Вярзеш абы-што!
Марфа не вытрымала мужавага крыку, заплакала.
Зазыба колькі часу зацята глядзеў на яе, тады адпусціўся: штосьці ёкнула пры выглядзе жончыных слёз у ягонай сярэдзіне, ён збянтэжана азірнуўся вакол сябе і, замахнуўшыся ад пляча, моцна ўбіў сякеру вастрыём у сцяну.
У вёсцы на бабіны ходзяць з ахвотаю – жанчыны пякуць уранні прысмакі, загортваюць у палатняную ці калянкоравую намётку, каб потым ісці з гэтым да парадзіхі.
У Марфы печ была ўжо выпалена сёння, і нічога асаблівага, што можна палічыць за вясковыя прысмакі, яна не гатавала. Таму прынесла з чуланчыка сырыя яйкі, паклала, палічыўшы ротам, у бяроставы кошык, падобны на польскую канфедэратку. Але гэтага было мала. Тады яна адчыніла ў сенцах кубел – запахла старым салам: на дне, пласт на пласт, ляжалі пажоўклыя кавалкі яшчэ ад мінулых каляд. Парсюка яны калолі сабе ладнага, хоць елі ўсяго ўдваіх, але на жніво засталося не вельмі багата – у чуланчыку вісеў у анучы кумпяк ды гэтыя вось кавалкі ў кубле: Зазыбавы, як бывае звычайна ў вёсцы, пазычалі Касперучысе, тым жа Прыбытковым, але на хуткую аддачу цяпер не разлічвалі. Марфа, ледзь не шкадуючы, дастала з кубла кавалак, фунты на чатыры, атрэсла соль. Падумала была шаснуць нажом у хаце, але не стала – панясе цэлы. Бяроставы кошык адразу пацяжэў, і Марфа накрыла яго вышыванай накрыўкай.
– Вы тута паясцё ўжо без мяне, – сказала яна Зазыбу, які лёг, прыйшоўшы са двара, на тапчан: хоць і кароткая, але дужа нечаканая сварка пад павеццю з жонкаю вывела яго з раўнавагі, здавалася, больш, чым нават нядаўняя сутычка на стайні з Раманам Сёмачкіным. Тым часам душой Зазыба разумеў, што злаваць, а болей, павышаць гэтак голас на Марфу сёння не толькі не варта было, але і дарэмна: яна гэтыя дні нечага як нанава перажывала за сына, таму лёгка да сэрца прымала ўсё, нават неразумнае і злое, што ёй гаварылі, абы неяк дачуцца хоць што пра Масея ці памець, няхай з чужых слоў, хоць якую надзею на яго вяртанне. І яму цяпер было сорамна і прыкра, бо, накрычаўшы на Марфу, ён тым самым, лічы, накрычаў і на сябе – вось ужо багата гадоў, як жонка стала нібыта ценем яго маўклівым, здавалася, жанчына гэтая ніколі і ў галаве сваёй не мела, што можна жыць і паводзіць сябе іначай, што можна мець нейкую адметнасць ад мужа. Да таго ж Зазыба лічыў, што Марфе і наогул не надта пашанцавала ў іхнім доме: дужа рана ёй, яшчэ ледзьве не ля самага алтара, давялося брацца за ўсю цяжкую жаночую справу ў свёкравай гаспадарцы, бо свякруха, Дзянісава маці, тады жыла ўжо ці не апошні год на гэтым свеце, а Дзянісава сястра, Вусціня, збіралася ехаць сваёй сям’ёй у Сібір – у Зазыбаў, каб аддзяліцца ім, не хапала вольнай зямлі, тым часам недзе ў далёкай Сібіры людзі ажно раскашавалі з ёю, і Вусцінчын муж, як і багата хто іншы ў забесяддзі, наслухаўшыся рознага пра сібірскае «эльдарада», не ўстрымаўся ад спакусы, таксама захацеў падацца туды ды нарэшце зажыць самастойна. Праўда, верамейкаўцам прыйшлося рабіць ажно колькі спроб, каб выехаць у Сібір – усё перастравалі вазы іхнія на бялынкавіцкім шляху, які вёў адсюль ужо на Рослаў, стражнікі, якім неўзабаве, калі ад’езд на новыя землі сярод тутэйшых людзей стаў масавы, ці, як пісалі ў сваіх паперах тагачасныя чыноўнікі, «няпланавы і павальны», быў дадзены загад лавіць перасяленцаў і заварочваць назад у вёскі; здаецца, толькі на трэці раз верамейкаўскім мужыкам удалося шчасліва абмінуць стражнікаў, якія рып колаў, нібыта жураўліны крык, чулі здалёку, але гэты раз верамейкаўцы ўжо ехалі хоць і кружна, аднак па другой дарозе – спярша праз лес на Дзяржынне, а тады на Машавую, дзе стаяў маёнтак Шкарняка, і далей адтуль на Клінцы. Пасля ад’езду залоўкі Марфа стала адна гаспадыняй у Зазыбавым доме, але, як кажуць, ад таго дня, бадай, і свету белага ўжо не бачыла з-за турботаў і працы.
– Ладна, – азваўся з неахвотаю Зазыба.
На галасы выйшла Марыля.
– Куды гэта вы, Марфа Давыдаўна?
– А да парадзіхі, – адказала Марфа дзяўчыне з добрай усмешкай, быццам дужа ганарылася: – Радзіла ў нас адна. Дак пайду от. Але не ведаю, мальца ці дзеўку.
Меляшонкава хата стаяла каля самага лесу, у так званых верамейкаўскіх Падліпках. Па той бок, здаецца, сяліліся пазней за ўсё, калі пачало ўжо не хапаць у вёсцы ні зямлі для новых гаспадарак, ні месца для наступных падворышчаў: верамейкаўскія мужыкі, як прадзеды іхнія, карчавалі там на валах дзялянкі, палілі груды, матычылі і аралі – багата на гэта часу патрэбна было, поту таксама, але пушча паступова аддавала працавітым і настырным людзям свае абсягі. Меляшонкавы падаваліся ў Падліпкі апошнія, таму хата іхняя там была крайняя – казалі ў Верамейках, што ў вокны да Меляшонкавых па піліпаўках зазіраюць нават ваўкі.
Цяпер у Падліпках жыло некалькі сем’яў, адной невялікаю вуліцай, і вакол кожнага двара там былі сады – яшчэ моцныя дужасцю свайго незачаўранага дрэва, буйныя, ап’яняючыя квеценем увесну і гулкія начным яблыкападам увосень.
У Падліпкі ад Зазыбавай хаты можна было ісці па галоўнай вуліцы, адно павярнуць пасля направа. Аднак то была даўжэйшая дарога. І Марфа, як зачыніла за сабой фортку ў завулак, пашыбавала напрасткі – за ніжнімі гародамі вяла ў Падліпкі сцежка, адно трэба было ўтрымацца нагамі на той вузенькай гатцы, што злучала сухія грывы, якія называлі ў Верамейках курганамі. Пасля доўгага і амаль неперашчуканага дажджу гатка, мусіць, і сама распоўзлая стала, таму Марфа падабрала каля сцежкі скарыстаную ўжо некім алешыну і з ёй нясмела ступіла на парудзелае, зляжалае пад балотнай гразёй яловае голле. Усё абышлося без прыгод. Гатка не падвяла Марфу, і жанчына са сваім бяроставым кошыкам неўзабаве апынулася на травяністым узлобку, адкуль відаць былі хаты ў Падліпках і возера за імі. Над вёскай яшчэ вісела як дажджавая сетка, але на страсе Меляшонкавай хаты ўжо блішчала штосьці ад сённяшняга святла. Марфа пабачыла з гары вёску і нечакана ўзрадавалася: яна ж апошні час нідзе далёка не была, адно бедавала ды месціла ў сабе той халодны страх, прадчуваннем якога цяпер жылі па ўсім забесяддзі. Там, каля сваёй хаты, яна ўвесь гэты час адчувала на сабе нязвыклы цяжар невядомасці, які прыводзіў чалавека ва ўтрапенне, а тут, на гэтым травяністым узлобку, што быў усяго за кіламетр ад дому, нічога падобнага яна не перажывала больш: дастаткова было пабачыць ёй, што ўсё ў вёсцы заставалася на ранейшых месцах і што нічога паганага пакуль ні з кім не здарылася, больш таго, Сахвея Меляшонкава нават нарадзіла дзіця.








