412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Плач перапёлкі » Текст книги (страница 12)
Плач перапёлкі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Плач перапёлкі"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 20 страниц)

Як зайсці сонцу, яшчэ два разы прыляталі самалёты, і столькі ж разоў абрыналася на мост і на зямлю гарачае пекла. І кожны раз гэта адпуджвала сахатага ад ракі. Нарэшце ў яго і зусім не стала ахвоты вяртацца дамоў. Абначыўся ён у незнаёмым, затое спакойным месцы – на круглым расцяробе, дзе была мяккая трава.

Не пасмеў сахаты пераплысці раку і на другі дзень, бо зноў прыляталі самалёты, а калі надумаў паспрабаваць шчасця на трэці, стала позна – крокаў за паўтараста ад берага, мусіць, за адну ноч (удзень дакладна не было іх) з’явіліся акопы. Гулі аўтамашыны. Як і на той паляне, што за ракой, зноў было поўна людзей. Але цяпер сахаты не падыходзіў да іх блізка. Страх трымаў яго на адлегласці.

На пяты дзень сахаты неспадзявана сустрэў маладую ласіху з ласянём. Яны таксама ўцяклі сюды ў той дзень, калі наляцелі самалёты на мост. Побач з іхняй стаянкай у балоце разарвалася бомба. Асколкамі быў забіты стары, але яшчэ дужы лось, які неадступна хадзіў за ласіхаю з самае восені.

У лася яшчэ пакуль не ўзнікла пачуццё стаднасці, але адзінота ў гэтай калатэчы зрабіла звера падатлівым, і ён адразу далучыўся да ласіхі з яе малым, больш таго, узяў на сябе клопат апекаваць над імі. Першае, што зрабіў сахаты пасля сустрэчы, гэта адвёў ласіху падалей ад небяспечнага ўзлесся, на верасы, куды, здавалася, не павінны былі ўжо дасягаць людзі са сваім грымотным агнём. Але дарэмна ён спадзяваўся. Як толькі пачаліся баі, снарады сталі залятаць і на верасы. Тады сахаты вырашыў канчаткова пакінуць пушчу. Амаль без спачыну яны ішлі першы дзень, пасля другі, нарэшце перайшлі шашу, але грукат, які пачаўся каля ракі, усё не сціхаў, нібыта гнаўся за імі. І кожны раз, як узыходзіла нанава сонца, яны бачылі яго па левы бок ад сябе. Нарэшце настаў час, калі здалося, што самае жахлівае засталося ззаду – у наваколлі неспадзявана заціхла, і толькі ў небе калі-нікалі праляталі самалёты, але цяпер яны гулі высока.

Няшчасце здарылася на лясной дарозе... Як і заўсёды, першы на яе ступіў сахаты. Ён ужо быў, здаецца, на сярэдзіне, калі ўбачыў чалавека ў шэрай касцы, з чорным аўтаматам. Чалавек таксама заўважыў яго, на нейкі момант ажно збянтэжыўся ад нечаканасці, але хутка спахапіўся і стаў цэліцца. Тады сахаты напружыніўся ўвесь і скочыў цераз канаву на другі бок дарогі. За ім кінулася ласіха. Але адбегчыся ёй перашкодзіла ласянё. Яно раптам забавілася на дарозе. Ласіха адчула гэта, спынілася. Тады і пачулася траскучая чарга. Амаль усе кулі, выпушчаныя з аўтамата, трапілі па цэлі. З гарачкі ласіха яшчэ зрабіла некалькі вялікіх скачкоў, але не ўтрымалася на нагах, павалілася на баравы пясок у сасонніку, які засціў дарогу.

Сахаты перамог страх даволі хутка, але спазніўся. Ласіха была нежывая. У раскрытых вачах яе застыла жахлівая пустата.

Над забітай стаяла ласянё. Яно, можа, нават не разумела яшчэ, што здарылася.

І вось сахаты прывёў ласянё сюды, за Бесядзь...

ІХ

Зазыбава Марфа расчыніла на два бакі вароты, адкінула на загавальню дошку, каб можна было праехаць на запрэжаным кані, і заклапочана пабегла ў хату затуляць засланку.

Зазыба такі рашыўся ехаць у мястэчка.

Быў вялікі спас – дзевятнаццатага жніўня. Пры немцах у бабінавіцкай царкве ўжо ішла служба, і сёння ў мястэчка з Верамеек падаваўся не адзін Зазыба: набожныя вясковыя бабы недзе былі са сваімі кошыкамі – бралі свянціць яблыкі – за Бесяддзю.

Сёння першы раз за колькі гадоў было чуваць у Верамейках, як званілі на бабінавіцкай царкве званы. І слухаць іх павыходзіў багата хто з вёскі. Спярша верамейкаўцы падумалі, што гэта далятаў з-за Бесядзі нейкі іншы гук, можа, таксама выкліканы вайной, бо нязвычна ўжо ім было чуць царкоўны звон, урэшце, яны адвыклі ад яго, а тады бабы ды старыя дзядзькі вырашылі ўсё ж – няйначай, зазванілі ў мястэчку да ютрані. Розныя па тоне званы, бы перагукваючыся ды даганяючы адзін аднаго, зліваліся часам у роўны гул, хоць і не надта стройны, але музычны. Аднак адзін звон, на нізкай ноце, часцей за ўсё нібыта пазніўся, і гук яго вылучаўся сярод іншых неяк нечакана і вельмі журботна.

Зазыба таксама не адзін раз чуў з Бабінавіч «благавест». У ім заўсёды нешта як жывое. Ці то здаралася гэта надвечар, у вялікі пост, калі і неба, і снег рабіліся амаль аднолькавага колеру, ці то пачыналася раным-рана напрадвесні, калі выходзіла з берагоў і шырока разлівалася Бесядзь, але кожны раз, як толькі чулася першае бомканне званоў, усю яго істоту запаўняла зусім новае пачуццё, якое праганяла некуды будзённы клопат і ўсё іншае, чым жыў ён у той момант.

Сёння Зазыба таксама пачуў далёкую, рознагалосую і нечаканую гамонку званоў і неяк міжволі сіліўся разгадаць яе; яму нечага здавалася, што гэта адным часам і мінулае, патрывожанае імі, і будучае, пра якое нельга было пакуль даведацца, уставалі і напаміналі аб сабе.

...Пасярод Зазыбавага двара стаяў, запрэжаны ў калёсы на жалезным хаду, буланы конь – з тых, што пакінулі калгасу ўзамен артылерысты. Конь быў раскаваны і не кульгаў. Ён стрыг вушамі, пазіраў на сябе ў зацененае акно Зазыбавай хаты. Марыльчыны рэчы ляжалі на возе, прыхаваныя травой з-пад касы, а сама дзяўчына перад дарогай поўная была непакою. Ужо з самага рання яна хапалася за ўсё – і хацела пасабіць у хаце гаспадыні, якая таксама затужыла перад расстаннем, і бралася прагнаць у статак карову. Але Зазыба па-бацькоўску папракнуў:

– Ты глядзела б лепей за сваім, каб усё парадкам выйшла. Не забудзься чаго...

Марыля тады сунялася трохі, але непакой не прайшоў. Цяпер ён быў увесь у яе вачах.

Не дзіва, што дзяўчына хвалявалася перад паездкай. Для яе Бабінавічы былі незнаёмым мястэчкам, якое бачыць давялося адно на карце. Мястэчка стаяла на вялікай дарозе, якая ў вайну зрабілася стратэгічнай, і ёй, армейскай разведчыцы, выпадала цяпер не толькі жыць у гэтым мястэчку, але таксама выконваць адказныя заданні камандавання. Пакуль фронт стаяў непадалёку, кіламетраў за шэсцьдзесят, а месцамі нават бліжэй, гэта мела асаблівае значэнне, бо праз Бабінавічы рухаліся тыя матарызаваныя часці, якія разам з танкавай групай былі павернуты за Крычавам на паўднёвы напрамак.

Для разведкі, на думку армейскага камандавання, Марыля мела дзве перавагі – прыгажосць, якая магла спрыяць у небяспечнай рабоце, і веданне нямецкай мовы. Гэта і вырашыла справу, калі ў штабе 13-й арміі абмяркоўвалася пытанне, каго пакінуць у Бабінавічах. Дзейнічаць Марыля павінна была адна (групу ў невялікім мястэчку не адважваліся пакідаць) і пад сваім сапраўдным прозвішчам. Ёй амаль нічога непатрэбна было выдумляць у легенду – яна і сапраўды нарадзілася ў вялікім рабочым пасёлку, што за Тулай, але вучылася ў Беларусі; як пачаліся масавыя налёты нямецкай авіяцыі на прыдняпроўскі горад, дзяўчына, разам з іншымі, падалася на ўсход – яна ўцякала ад немцаў дамоў. Але не паспела. За выключэннем гэтага – «не паспела», такім чынам, усё было праўдай. І тым не менш вопыту разведчыцы Марыля не мела: адно скончыла кароткатэрміновыя курсы пры штабе па рабоце на рацыі ды пазнаёмілася ў агульных рысах з прынцыпамі вядзення армейскай разведкі.

Спярша, калі непадалёк ад Крутагор’я, у Клімавіцкай Родні, яшчэ стаяў штаб 13-й арміі, было намеркавана накіраваць Марылю адразу ў мястэчка. Але хтосьці з палітупраўлення арміі, можа, сам брыгадны камісар Крайноў, параіў разведаддзелу звязацца з Крутагорскім райкомам партыі, і Пракоп Маштакоў прапанаваў тады зрабіць іначай. Уладкаваць Марылю ў мястэчка павінны былі староннія людзі – альбо кулігаеўскі Сідар Раўнягін, альбо верамейкаўскі намеснік старшыні калгаса Дзяніс Зазыба. Вайскоўцы нечакана спынілі свой выбар на апошнім. Тады і паклікалі Зазыбу ў Кулігаеўку да Сідара Раўнягіна.

Зазыба браўся за даручэнне з вялікім запасам спакою – ён, вядома, яшчэ ў той дзень, як хадзіў у Кулігаеўку і гаварыў з Пракопам Маштаковым, зразумеў, што можна нават за адно знаёмства з Марыляй паплаціцца жыццём у немцаў. Але разумеў ён і тое, што цяпер ад кожнага, хто меў сумленне і ўсведамляў сваю адказнасць перад краінай, патрабавалася не толькі намаганне фізічных і духоўных сіл – бадай, найважней было падрыхтавацца ахвяраваць сабой. З адным Зазыба ніяк не мог пагадзіцца – гэта чаму раптам першая ў ахвяру сябе павінна была прынесці Марыля! Ажно крыўдна было за дзяўчыну – у Верамейках каторы дзень вольна жылі мужчыны-дэзерціры, той жа Раман Сёмачкін, Брава-Жыватоўскі, а яна мусіла падавацца з вёскі і, вядома, не дзеля сённяшняга спаса. Крыўда гэтая мела пад сабой і іншы грунт, які таксама паддаваўся тлумачэнню. Датычылася гэта ўжо асабіста Зазыбы, дакладней кажучы, не самога Зазыбы, а яго жонкі, Марфы. У адрозненне ад мужа, Марфа па-ранейшаму нічога не ведала пра Марылю і тым больш не здагадвалася, таму ёй вельмі няўцям было, чаму дзяўчына павінна недзе шукаць сабе прытулку, калі можна пажыць у Верамейках. Сёння Марфа нават не вытрымала, сказала мужу, як той ішоў на ўсходзе сонца касіць траву на воз. Аднак дарэмна: Зазыба не стаў гаварыць з ёй пра гэта. І вось цяпер са шкадаваннем бачыў, як нудзілася Марфа.

Марыля тым часам нібыта не месцілася ў сабе, нечым, можа, сваім насцярожаным неспакоем, нагадвала птушку, якая кожную хвіліну магла паляцець. Яна нават прыбралася ў дарогу – на сукенку накінула адмысловую цёмна-зялёную кофтачку, якая, здавалася, павялічвала яшчэ зусім дзявочыя грудзі.

Зазыба агледзеў воз, сказаў:

– Я мяркую, пара нам...

Марфа быццам чакала гэтых слоў – памкнулася да Марылі, прытуліла на нейкі час да сябе, а тады пачала благаслаўляць. Марыля стаяла зусім ціхманая, прымала чужую ласку і чужое хваляванне, як і належыць чалавеку, які прыжыўся ў доме. Але не паспела Марфа схаваць па звычцы пад фартух свае пасінелыя рукі, як Марыля сама кінулася да яе, нібы да роднай.

Зазыба паглядзеў на расчуленых жанчын і сказаў грубавата:

– Ладна, сядай ужо!

Марыля адарвалася ад Марфы, ступіла на драўляную падножку і села на мяккую траву, засланую паласатай дзяругай.

Марфа сказала:

– З богам! – і пазначыла шчопацем правай рукі перад сабой крыж.

Тады Зазыба ўзяў за цуглі каня, вывеў за вароты.

– Зачыняйся тута, – кінуў ён жонцы.

Акаваныя колы адразу паехалі па тупкай сцежцы – загрукаталі раптам на ўвесь завулак. Зазыба прайшоўся трохі па завулку, пасля ўхапіўся рукамі за гнушку і, падскочыўшы па-маладому і неяк брыкліва, сеў на воз з другога боку.

Марыля азірнулася на Зазыбаў двор. Усё там – і хата з трохскатнай страхой з залобкам, і вароты, аздобленыя адмысловай ліштвой – здаліся ёй адным часам знаёмымі і незнаёмымі. Было такое ўражанне, нібыта яна цяпер пазнавала даўно забытае. Позірк нечага доўга затрымаўся на высокай вітцы, што вытыркалася над вільчыкам аўчарні, пасля скочыў на адкрыты з двух бакоў ганак, дашчаная стрэшка якога абапіралася на букатыя слупкі-балясіны. І толькі тады, як у поле зроку трапіўся пад вокнамі хаты разгалісты вяз, захаланула маладое сэрца – дрэва гэтае ўсе дні яна бачыла праз акно свайго свядомага пустэльніцтва... На ім ужо сядзела белабокая сарока і нібы тачыла нажы. Зазыба пачуў гэта, усміхнуўся:

– Гасцей во некалі накліча!

На прыбітай скацінай, калясьмі і людзьмі, а больш за ўсё гэтымі апошнімі дажджамі вясковай вуліцы мала што затрымлівала вока. Але каля хаты Парфёна Вяршкова давялося запыніцца, бо Парфён убачыў Зазыбу цераз плот і выйшаў на вуліцу, каб пераняць.

– Куды ета? – узяўся ён за гнушку.

– Да от, едзем, – няпэўна адказаў Зазыба.

– Да мястэчка ці далей?

– Да, мусіць, і ў мястэчка, а болей у Латоку. Трэба адвезці яе во. – Зазыба кіўнуў галавой на Марылю.

– Тады ўжо глядзі, каб Бабінавічы як не мінуць.

– Да ўжо ж...

– Даведайся тама...

Зазыба цярпліва слухаў.

– А то надвор’е бытта нядрэннае робіцца, – не забіраў рукі Парфён з гнушкі.

– Ага, выясняецца.

Марыля сядзела і слухала сялянскую гамонку. Ёй нечага смешна было, як перамаўляліся вясковыя дзядзькі: здаецца, абменьваліся яны словамі толькі з адной мэтай – каб не маўчаць пры сустрэчы. А ім – і Зазыбу, і Вяршкову – гэтай стрыножанай размовы, выходзіла, якраз хапала, каб зразумець адзін аднаго. Напаследак Вяршкоў прапанаваў:

– Можа, яблык возьмеш у дарогу?

– Дык гэта... – Зазыба паціснуў плячамі. – Ці трэба?

Тады Вяршкоў паглядзеў на Марылю:

– Дак іх жа, ці шкода? Вон сучча ломіцца. Але як па сённяшнім часе, дак з яблыкамі акурат добра будзе ехацца.

– Спас...

– Згаджайцеся, Дзяніс Яўменавіч, – расцягваючы словы, папрасіла Марыля.

– Ну, калі ўжо не шкода, дак... – усміхнуўся Зазыба.

Яблыкі ў Вяршковых стаялі – дзеля спаса, як у нескупых гаспадароў – на ўслоне пасярод двара: два бульбовыя кашы – адзін з сыпкімі летнімі грушамі, а другі з чырванабокімі цітаўкамі.

Парфён узяў у абедзве рукі па кашы, прынёс хутка да воза і пасыпаў на траву ў задок – як не пароўну і яблыкаў, і груш.

– От, – сказаў ён.

Зазыба ляснуў па зямлі пугай.

– Дак паглядзі тама, – кінуў ім наўздагон Парфён Вяршкоў.

– Ладна.

Зялёнае разводдзе лясоў пачыналася адразу за Верамейкамі. Крайняя хата па гэты бок была Юхіма Кандрусевіча і стаяла трохі наводшыбе ад усёй вёскі, а стрэхі гаспадарчых прыбудоў хаваліся пад шатамі старых соснаў, што неяк уратаваліся ад неразборлівага тапара. Дарога паўз хату была пясчаная, ішла скрозь па глыбокіх каляінах, і Зазыба знарок не падганяў каня, але той па сваёй ахвоце трухаў, ёкаючы селязёнкай.

Цягнуў буланы воз з двума седакамі амаль без натугі, і Зазыбу адно непакоіла, што былі трохі караткаватыя аглоблі ў калёсах – конь часам натыкаўся нагамі на пярэднюю падушку.

Глуха, зусім не парушаючы цішыні ў лесе, шумелі паабапал дарогі вялікія дрэвы, пераважна хвойнік, рэдка калі бярозы. Хоць птушак у лесе і паболела за лета, аднак іх спеў ужо не вызначаўся тым самазабыццём, якое бывае вясной, калі здаецца, што робіцца ўсё з заплюшчанымі вачамі і выліваецца за край.

У лесе было сыра і нават зябка. Сонца, якое косымі промнямі ўжо высвеціла паміж дрэў навакольныя паляны, парослыя пажоўклай папараццю і кучаравым, амаль палеглым ягаднікам, праганяла з камарыных імшарын шэрае сутонне нядаўняй ночы. Пахла гнілымі грыбамі: каторы год, бывае, прамінае лета, ужо восень стане на дварэ, а чалавек нават вокам не пабачыць сапраўднага грыба – усё неяк сонца з дажджом не патрапяць у адно. Сёлета ж здарылася наадварот – грыбы ўзяліся рана, асабліва каласавікі, але не да іх было. Ягад таксама ў Верамейках не каштавалі, калі не лічыць тых суніц, што з’явіліся ў пачатку чэрвеня. І тым не менш было, што па ягады ў лес бегалі вясковыя дзяўчаты нават у ліпені – тады праз Верамейкі ішлі маршам ад чыгункі палкі кавалерыйскай групы Гарадавікова. І дзень, і два верамейкаўцы ўсёй вёскай стаялі на скрыжаванні дарог, пільнавалі чырвоных коннікаў – можа, раптам хто і свой трапіцца, а сарамяжлівыя дзяўчаты, трымаючы лазовыя кошыкі ў руках, частавалі запыленых хлопцаў набрынялымі кісла-салодкімі малінамі. Тады і верамейкаўцы, і коннікі, здавалася, забыліся на вайну – усе жартавалі і смяяліся так, нібыта гэта праходзілі звычайныя вайсковыя манеўры. У тыя дні ў забесяддзі папраўдзе жылі вялікай надзеяй – коннікі Гарадавікова неслі з сабой адным часам і ўзрушэнне і заспакаенне: не верылася, што вораг здолее паставіць што-небудзь супраць гэтакай сілы!.. Між тым конніцу Гарадавікова фашысцкія самалёты пачалі нішчыць яшчэ на падыходзе да Сажа, і пра гэта ў Верамейках стала вядома неўзабаве, бо чуткам не доўга было ісці. Зноў Чырвоную Армію тут пабачылі, як ад Прапойска пачалі адступаць часці 13-й арміі. Усё гэта – і імклівы марш асобных палкоў кавалерыйскай групы Гарадавікова, і адступленне 13-й арміі – адбывалася ў межах аднаго, хоць і не старога каляндарнага месяца, але нечага здавалася, што цягнулася яно надзвычай доўга, можа, таму, што час раптам стаў успрымацца, як нешта амаль няўлоўнае і тым больш няпэўнае...

Паўз дарогі заўсёды сустракаюцца адметныя мясціны, якія з нечым звязаны ў чалавека ці проста выклікаюць цікавасць сваімі назвамі, часцей за ўсё дзіўнымі і незразумелымі – можна ў галаве паламаць усё, а да сэнсу не дабрацца. Напрыклад, за Верамейкамі, на адлегласці паўкіламетра, была Гогалева ніва – нават не ўрочышча, якіх багата вакол, і не дзялянка, на якой спляжаны лес. Наадварот, там скрозь раслі дрэвы. Тым у большае здзіўленне ставіла кожнага назва – Гогалева ды яшчэ ніва: паспрабуй здагадайся, ці гэта пайшло ад залётнай птушкі, ці ад чалавека. Праўда, у Верамейках знайшоўся дзівак, той жа Хомка Берасцень, які даваў своеасаблівае тапанімічнае тлумачэнне. Маўляў, яшчэ за далёкім прыгонам, калі Расеяй правіла Кацярына-царыца, здаралася ехаць тут царскаму поезду з Пецярбурга ў Таўрыду, Кацярына спяшалася тады да графа Пацёмкіна. Аднак пісара свайго, па прозвішчы Гогаль, не магла ўзяць у дарогу, бо той хварэў нечага. Давялося яму, як ачуняў, даганяць царыцу ад самага Пецярбурга на тройцы казённых стаеннікаў. Калі верыць Хомку, то Гогаль дагнаў Кацярыну якраз за Верамейкамі, на гэтай дарозе, і яны сядзелі тады менавіта тут, пад гэтымі выносістымі дрэвамі, і займаліся... любошчамі. Адным словам, Хомка Берасцень у Верамейках быў не толькі хітры бастола!

У Зазыбы з Гогалевай нівай былі звязаны свае ўспаміны: заўсёды прыгадвалася, як некалі ехала з Бабінавіч па гэтай дарозе іхняе з Марфай вяселле – тады вясковыя хлопцы і маладыя дзядзькі перанялі тут «зайца»...

Дарога за нівай збочвала налева і вяла па сасновым жардзёўніку, які ажно кішэў насцярожлівымі сойкамі. Каля так званага Гарбатага мастка, што быў начыста разбураны, яна нібыта выпраствалася. Масток гэты будаваўся на паўдарозе да Бесядзі, і ў Верамейках адлегласць паміж сваёй вёскай і Бабінавічамі дзялілі звычайна на чатыры адрэзкі: спярша да мастка, пасля да Бесядзі, затым да дубровы, што за ракой; апошні прамежак ляжаў на пясчаных узлобках – далей ужо вытыркаліся крыжыкі местачковай царквы; кожны прамежак расцягваўся больш як на паўтара кіламетра, а ўсёй дарогі да Бабінавіч было, па не зусім дакладным падліку, каля сямі кіламетраў.

За дажджы з дарогі пазмывала чалавечыя сляды. Але шырокія, аплылыя каляіны ўсё ж гаварылі аб тым, што нядаўна тут адбываўся вялікі рух. У калдобінах стаяла неўсмактаная вада. Была яна і на мастку, дакладней, на гаці, што замест бярвенчатага насцілу. Буланы нават не запыніўся перад мастком, адно расплюхаў капытамі рудую ваду, абдаўшы ёю жалезны хадок. Дробныя камяні, амаль пырскі, заляцелі на воз, і Зазыбу, а болей Марылі, давялося счышчаць іх і з сябе, і з дзяругі, якой была заслана трава ў перадку.

Зазыба ехаў амаль безуважны да ўсяго, што абступала дарогу, – думкі варочаліся ў галаве так, як варочаюцца колы, калі патанаюць па калодкі ў пясок. Спярша яму зноў рупіла сённяшняя справа, праз якую давялося выбрацца, амаль сляпуючы, у мястэчка, а тады нечага прыгадалася размова з Мікітам Драніцам, калі той прыходзіў увечары па ордэн: у думках Зазыба ўжо здзекаваўся з Драніцы, які ўзяўся выконваць даручэнне Брава-Жыватоўскага. Але вось за мастком, можа, за паўтараста крокаў ад гаці, кінуліся раптам у вочы – і трэба было, як на тое, паглядзець збоч – на буйным, нібыта жоўтым пяску, што быў намыты ў невялікай седлавіне, незнаёмыя сляды. Яны нагадвалі каровіныя, але былі вузейшыя і выцягнутыя ўдоўжкі. Зазыба ведаў усіх насельнікаў тутэйшых лясоў, мог адрозніваць хоць якія сляды, аднак гэтакія, здаецца, бачыў упершыню. І ўжо зусім здзівіўся памёту, што застаўся каля дарогі, – акурат заечага, але чорнага і намнога буйнейшага; круглякі ляжалі тут не даўжэй як з начы, бо яшчэ быццам ільсніліся. Было б гэта іншым разам, ці хоць бы не сядзела на возе дзяўчына, Зазыба напэўна б спыніў каня, каб паглядзець.

Марыля тым часам нават не здагадвалася, што незнаёмыя сляды на дарозе маглі так зацікавіць Зазыбу – ёй было хораша ехаць праз лес, слухаць пошум дрэў і лавіць незразумелыя гукі, якія даляталі з нетраў. І яшчэ ёй карцела пачаць гаворку са сваім вазаком. Учора, калі прыходзіў у хату Мікіта Драніца, дзяўчына пачула ўсё ж праз філёнкавыя дзверы гаворку паміж вяскоўцамі, і яе ўразіла тады, што гаспадар меў урадавы ордэн. Дзіва, але якраз учора яна нібыта вінаватай адчула сябе, што амаль нічога не ведала пра Зазыбу – тады, у Кулігаеўцы, сакратар Крутагорскага райкома і маёр з разведаддзела арміі сказалі ёй пра яго ўсяго некалькі слоў: чалавек, маўляў, надзейны, можна спадзявацца цалкам. Калі знаёмілі іх, яна трохі прыгледзелася да Зазыбы – сапраўды, чалавек выклікаў да сябе давер адразу, хоць і меў нейкі быццам разгублены выгляд, а ягоную неразгаворлівасць (за ўсю дарогу ад Кулігаеўкі да Верамеек Зазыба, здаецца, не сказаў слова, якое можна было б запомніць) яна тлумачыла сабе трыма акалічнасцямі: характарам, сялянскім паходжаннем і вайной. Пасля, калі яны жылі, як кажуць, пад адной страхой, Зазыба таксама пазбягаў размоў. Мусіць, не жадаў ён гаворкі і сёння.

І тым не менш Марыля адважылася загаварыць.

Яны пераехалі тады Бесядзь. Буланы, дробна ступаючы нагамі, узвёз іх на высокі бераг. Вачам расхінулася далячынь – за ракой патанаў у смузе крануты надыходзячай восенню забяседскі лес, па правы бок, паміж дубровай і ракой, што пакручастай бліскаўкай выгіналася ў шырокай лугавой пойме, выступалі з-за пагорка двары невялікай вёскі; па левы бок ляжала наўздзіў роўнае поле, аслоненае бярозавым бальшаком,– той самай гравійнай дарогай, што вяла ў Бабінавічы з Крутагор’я праз Белую Гліну, і толькі наперадзе неба засціў шырокі ўзлобак, за якім хавалася мястэчка. Над усім – над полем, над лесам, над пагоркамі – плыло спакойнае, але яшчэ па-летняму гарачае сонца.

Марыля намацала за сабой вялікі яблык, куснула самы чырвоны бок і зажмурыла вочы, быццам зрабілася даўка.

– Дзяніс Яўменавіч, – сказала яна нарэшце, – што я хачу спытаць. Па які гэта ордэн прыходзіў той чалавек учора?

– Мікіта?

– Мусіць.

– А-а-а, – усміхнуўся Зазыба.

– Я нават не чула дагэтуль, што вы маеце ордэн.

– Дак ці ж я таіўся калі са сваім ордэнам! – зноў усміхнуўся Зазыба, але ўжо з выразнай задаволенасцю. – Пра гэта ўсе ведаюць. Ордэн жа на грудзях носяць, каб відзён быў.

– А я вось не ведала.

– Не бачыла, таму і не ведала. Але пра ўсё ведаць не будзеш. Да і не трэба. Гэта нашы тута, свае, вясковыя справы.

Марыля спытала яшчэ:

– А які ордэн у вас, Дзяніс Яўменавіч?

– Да звычайны, наш.

– Вы ваявалі?

– А цяпер так выпадае, што чалавеку на яго жыцці даводзіцца ажно некалькі разоў ваяваць. Нібыта хто разлічвае. Гэта ўжо на маім вяку каторая вайна.

– Раскажыце, Дзяніс Яўменавіч!

– А што гаварыць? На вайне як на вайне. Але тады мы хоць не адступалі так. Здаралася, што адступаць даводзілася, але так не адступалі.

Марыля не знайшлася, што адказаць, – нібыта яна больш за ўсіх была вінавата ў тым, што армія адступала, – і яны зноў паехалі моўчкі.

Неўзабаве дарога пачала спускацца ў нізіну. Трэба было на ўсякі выпадак прытрымліваць буланага, і Зазыба стаў патрохі напінаць лейцы. Але дарэмна – конь, мусіць, нямала пахадзіў у артылерыйскай вупражы і справу сваю ведаў; колы патраплялі якраз у каляіны, і калёсы каціліся нядрогка.

З дубровы, амаль напярэймы, выйшла нейкая жанчына з вялікім бярэмам дроў. Было відаць, што бралася яна ў мястэчка. Зазыба падагнаў каня. Каля дарогі жанчына спынілася – мусіць, памела надзею пад’ехаць на возе.

– Кладзі свае дровы, – сказаў тады Зазыба.

Ніколькі не марудзячы, жанчына павалакла схопленае вяроўкай галлё на воз. Была яна ў старэйшых ад Зазыбы гадах. Выгляд мела як зачуханы – пра такіх у вёсцы звычайна гавораць: забытая дзецьмі і богам. На Марылю яна не зважала, глядзела на аднаго Зазыбу, нібыта яшчэ не паверыла цалкам, што той сапраўды давязе яе да мястэчка.

Марыля пасунулася, даючы месца на возе. Жанчына паклала дровы якраз на яблыкі, а тады і сама села, не выпускаючы з рук канцы вяроўкі.

– Во павязло дак павязло, – сказала яна, азіраючыся. – І не ведаю ўжо, як дзякаваць буду.

– А што гэта на сабе? – спытаў Зазыба.

– Каня ж няма! – жанчына памаўчала і кінула быццам з дакорам: – А вы ўсё яшчэ ездзіце? І коні ў вас ёсць! Адкуль ета? Нібыта не пазнаю...

– З Верамеек.

– А-а-а, – паківала галавой жанчына, – дак у вас, можа, і германцаў яшчэ не было?

– Не было.

– Жывяцё-ё-ё ж тама ў лесе! – як пазайздросціла яна.

– А вы?

– Дак... Але немцы пакуль не чапаюць. Можа, і дарэмна толькі пужалі. Кажуць, не так чорт страшны, як яго малююць.

– Чорт ён і ёсць чорт, – не згадзіўся Зазыба. – Як прыгожа не малюй, усё роўна на чорта падобны будзе.

– Дак і папраўдзе, – зноў забубніла кабета, быццам не давярала, таму знарок пераконвала Зазыбу, – не чапаюць пакуль людзей. Усё засталося, як і раней.

– Ну, ну...

– Камендант, здаецца, трапіўся яшчэ талковы, от што я скажу. Надоечы ажно пабіў аднаго паліцая. Васіля Бутрамея. Ета ж як было. Прыйшоў ён да адной бабы ў Зялёнкавічах да і забраў мужыковыя боты. Няхай бы якія там другія, а то хромавыя. А баба вазьмі да і схадзі да каменданта. Дак Адольф і дапамог. Шонпалам ажно пабіў Бутрамея. Кажа, я з вас рускае свінства выб’ю. Ну, Бутрамей як адведаў шонпала, дак прынёс боты назад у хату.

Зазыба паглядзеў на Марылю і пакруціў галавой – маўляў, слухай, як бывае...

– Не, можа, й дарэмна гавораць так пра немцаў, – працягвала разважаць кабета, – распусты яны не пацерпяць...

– Дзяніс Яўменавіч, зірніце, – дакранулася рукой да Зазыбавага пляча ўстрывожаная раптам Марыля.

Зазыба павёў вачамі, глянуў перад сабой. На бальшаку, што быў ужо недалёка, стаялі паміж радамі пачарнелых з камлёў бяроз грузавыя аўтамашыны з накрытымі кузавамі. Калона, мусіць, спынілася даўно, бо немцы пахаджвалі паміж грузавікоў, як на вялікім прывале ці надоўга змушаным прыпынку. Зазыба адчуў, як задрыжалі ў яго рукі. Ён паспрабаваў сціснуць імі лейчыны, але дарэмна – рукі былі непаслухмяныя.

– Кхы, кхы, – з вялікім намаганнем выціснуў ён з сябе штосьці падобнае на кашаль.

– А бо-о-ожачка! – заварочалася на возе і кабета.

Палявая дарога, па якой яны ехалі паміж збажыны, перасякала бальшак якраз на тым месцы, дзе стаялі аўтамашыны. Нават перакрыжаванне было перагароджана.

– Ну, што будзем рабіць? – шапнуў Марылі Зазыба.

– Не ведаю.

Воз тым часам набліжаўся да бальшака.

Зазыба глядзеў на машыны, на ўзброеных салдат – ад хвалявання наперадзе ўсё нібыта расплывалася, на вочы напаўзаў амаль непраглядны туман.

Нарэшце буланы датупаў да бяроз у прысадзе і сам запыніўся, бачачы, што далей шлях перагароджаны.

Немцы таксама звярнулі ўвагу на фурманку. Колькі часу яны пазіралі на седакоў, а тады адзін пераскочыў казлом канаву і рушыў да воза. На твары яго не было ні асаблівай натужанасці, ні тым больш – усмешкі. Проста ім кіравала ў гэты момант абыякавая цікаўнасць, што выклікаецца звычайнай лянотай, адчуваннем вышэйшасці і бяздзейнасцю. «А ну-тка, падзіўлюся!» – падумаў недзе ён. Але ўбачыў прыгожую Марылю, і твар у яго адразу як запаліўся.

– О, – падняў ён у захапленні палец угору і, павярнуўшы галаву да грузавікоў, крыкнуў: – Ком маль шнэлер хэр! Прыма мэдэль!***

І тады маладыя і здаровыя немчыкі – у якога дык нават верхняя губа не паспела загрубець, – тупаючы цяжкімі ботамі, рынуліся, быццам спушчаныя з ланцуга, праз канаву да воза.

– Шёнэс мэдхен! Айн прахтшцюк!**** – намагаліся яны перакрычаць адзін аднаго.

Бачачы ўсё гэта, Марыля скрыжавала на сабе рукі, ухапілася пальцамі за плечы і паціснула іх, як ад холаду.

Зазыба сядзеў наперадзе, яму не было відаць, што рабілася за спіной. Але здавалася, што там, няйначай, гарцавалі чэрці. Стаяў вэрхал, сыпаліся з усіх бакоў незразумелыя словы.

Марыля, вядома, чула, што крычалі ў гэтым вэрхале нямецкія салдаты, але яна не падавала выгляду, што ведае іхнюю мову, спрабавала перамагчы ў сабе ўзрушанасць і палахлівую збянтэжанасць, бо ёй патрэбна было мець сілы глядзець на ворагаў расплюшчанымі і наіўнымі вачамі.

– На вас дэн, грайф цу, Хайнрых, – хрыплаватым голасам казаў цыбаты немчык другому – таму, які першы падышоў да воза, – унд мах кайнэ умштэндэ. Хаст ду дас пюпхен альс эрстер гешнапт, зо шлепэ зі ін айнэ экэ. Дас мэдхен гэхёрт дыр аляйн, німанд комт дацвішэн. Абэр этвас вайтэр, дас німанд дых цу бэнайдэн хат. Ляс зі дых дортгут гэнісэн, дас зі зіх даран юбэр дас ганцэ лебен эрінэрт*****.

І раптам нібыта ўпершыню ўгледзеў на возе местачковую кабету з вязанкай дроў: – Вас глёцст ду, альтэ хэксэ? – накінуўся ён на яе. – Гляўбст ду воль аўх айнэм гут шмэкен? Айнэм хундэ эер!****** – закрычаў ён і адным рухам скінуў на зямлю дровы, а тады пад рогат піхнуў у каршэль жанчыну.

Тая войкнула і, быццам вялікая птушка, скінутая з гнязда, закапашылася пад коламі, грабаючы па зямлі рукамі. Нарэшце дацягнулася да сваіх дроў і, ухапіўшыся за канец вяроўкі, павалакла іх на карачках па канаве, як падалей ад нячыстага месца.

– Матка рус! Матка рус! – сыта рагаталі наўздагон ёй салдаты, хапаючы з воза раскрытыя яблыкі.

І раптам усё ўгаманілася – да фурманкі падышоў афіцэр.

– Нун кайнэ ангст, майн шэцхен, – паднёс ён да брыва ў тонкіх скураных пальчатках руку. – Ды зольдатэн дэр румрайхэн армэе дэс гросэн фюрэрс... *******

Але скончыць напышлівую прамову яму не далі. На бальшаку пачуліся паспешлівыя каманды. Загурчэлі маторы. Салдаты кінуліся да грузавікоў і, чапляючыся за барты, пачалі памагаць адзін аднаму.

– Пардон, мадам, – ад нечаканасці перайшоў афіцэр на французскую мову і гарэзліва бліснуў прыжмуранымі вачамі.

Грузавікі на бальшаку нібыта зараўлі. Калона рушыла з месца.

Пакуль машыны адна за адной міналі скрыжаванне, Зазыба сядзеў на возе ў пакутлівым чаканні – яму чамусьці здавалася, што галоўнага яшчэ не адбылося і што нешта абавязкова павінна здарыцца...

З-пад тэнтаў на іх з Марыляй тупа глядзелі нямецкія ваякі.

Але вось ад'ехала ад скрыжавання апошняя машына, і тады Зазыба раптам не сваім голасам ціха засмяяўся.

– А тая, – сказаў ён кранаючы за лейцы каня, – думала, што адзін немец будзе падобны на ўсіх астатніх...

Кравец Шарэйка быў чалавек разумны і лічыўся адмысловым майстрам – пра яго ў Бабінавічах дасціпныя мужыкі, жартуючы, гаварылі, што ў галаве ў яго хапіла б розуму абдурыць, няйначай, двух яўрэяў.

Маладым хлопцам Шарэйка паехаў на шахты ў Юзаўку, але грошы не зарабіў: кавалкам пароды раструшчыла чалавеку левую нагу. У мястэчка давялося вяртацца пакалечаным. А ў мястэчку, як і ў вёсцы: чалавек без нагі – таксама не чалавек. Выратаваў у Бабінавічах Шарэйку местачковы кравец Гірша. Стары яўрэй нечага ўпадабаў хлопца і, каб той не прапаў праз сваё калецтва, узяўся навучыць рамяству. Больш таго, Гірша адзін час хацеў нават ажаніць яго на сваёй дачцэ Бейлі, але супраць паўстала, бадай, уся яўрэйская палавіна мястэчка. «Навошта нам чужая кроў?» Гірша смяяўся ў адказ – маўляў, яшчэ невядома, хто ў мястэчку той, а хто не, усе ж яны – і дзеці яўрэяў, і дзеці беларусаў – аднолькава катаюцца на свіннях па выгане. Аднак Бейлю аддаў за сына мясцовага рымара. Тым часам з Шарэйкі зрабіў сапраўднага краўца. І калі стары яўрэй паміраў, Шарэйка меў уласную зінгераўскую машыну.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю