412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Плач перапёлкі » Текст книги (страница 19)
Плач перапёлкі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Плач перапёлкі"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 20 страниц)

– Ад спірту таго тута ўжо і пахнуць не пахне, – засмяяўся Раман.

– Але недарэмна гаварылі, – спаражніўшы сваю шклянку, успомніў Брава-Жыватоўскі, – на спіртзаводзе ў Бялынкавічах і на самай справе шмат хто...

– Блым-блым, як тэй таго, – па-блазенску апярэджваючы гаспадара, захітаў галавой Драніца.

А Раман дык ажно пазайздросціў:

– Во недзе раскашуюць цяпера ў Бялынкавічах! Мікіта Драніца не мог дараваць за «вухаеда» Сёмачкіну, таму адразу ўчапіўся:

– А ты б, як тэй таго, не сядзеў на столі да таксама з вядром збегаў у Бялынкавічы.

Якраз гэтым Драніца, здавалася, даваў вялікі козыр Раману Сёмачкіну.

– Што ты плявузгаеш? – зрабіў той пагардлівую грымасу на твары. – Адкуль табе што вядома? Антон во таксама сядзеў, дак і пра яго будзеш? Ета табе...

Аднак Раману дагаварыць не дазволіў Брава-Жыватоўскі. Яму раптам не спадабалася, што той пачаў ківаць на яго.

Не перастаючы чаўкаць гурком, сказаў Сёмачкіну, каб адбіць на далей ахвоту:

– Толькі не трэба чапаць мяне – не блытай хрэн з... І наогул, што ў вас сёння за размова? Мы ж ці не збіраліся аб справах пагаварыць?

– З ім пагаворыш, з етым шпегам! – буркнуў тады Раман Сёмачкін.

Брава-Жыватоўскі паморшчыўся і нездаволена паціснуў плячамі:

– Не трэба так!..

– Дак, можа, яшчэ і не ведаеш тады? – усхапіўся ўжо Раман.

– Чаго не ведаю?

– Да пра тое, што еты Мікітка твой, можа, пра цябе калі адпісваў у раён?

– Каму? – перавёў незразумелы позірк Брава-Жыватоўскі на ўнуранага Драніцу.

– Няхай сам скажа! – ужо ледзь не з радасцю крычаў Раман Сёмачкін.

– Дык на каго ты пісаў і каму? – спытаў у Мікіты Брава-Жыватоўскі.

Драніца злякнуўся:

– Не бойся, як тэй таго, на цябе я нікому не пісаў...

Але Брава-Жыватоўскі не верыў.

– Ну, до-о-о-обра-а, – неяк нутраным горлам выдыхнуў ён. – Зараз вось вып’ем яшчэ па адной, а потым ужо ты, Мікіта Ляксеевіч, усё па парадачку і раскажаш!

– Во-во! – не пераставаў злараднічаць Раман Сёмачкін.

Тады Мікіта Драніца, здаецца, пайшоў на апошняе – памкнуўся нагадаць Раману Сёмачкіну пра Домну Вароніну:

– А ты, а ты, як тэй таго!.. – Але ўголас усё ж не адважыўся ўспомніць пра забойства.

Брава-Жыватоўскі зноў пачаў наліваць з бутлі. Але рукі яго чамусьці цяпер былі не такія ўпэўненыя, як раней, і спірт з шырокага рыльца плёхкаўся на абрус.

Драніца тым часам лавіў здаровым вухам, як булькала вадкасць у шклянках, а сам быццам астываў і пакутліва думаў, што гэтак недарэчы ўшчаў спрэчку са звяглівым чалавекам: спярша ў іх абыходзілася аднымі кепікамі, а тады перайшло ў зацятае недалюбства, і вось, нарэшце, Раман нагадаў за сталом пра... ягоныя лісты. Нездарма ў Верамейках кажуць – лепей з Меляшонкам згубіць што, чым з Раманам знайсці дзе тое самае. Але гаворкі з Брава-Жыватоўскім, якая мелася адбыцца неўзабаве, Мікіта дужа не палохаўся. Перад Брава-Жыватоўскім ён быў усё ж невінаваты. Мікіта не пісаў на яго, бо Брава-Жыватоўскі ў Верамейках ніколі не вытыркаўся, каб звярнуць на сябе чыю-небудзь увагу, і таму ніколі не быў патрэбны. Іншая справа Зазыба, Чубар, Ягор Піліпчыкаў, дырэктар сямігодкі Бутрыма, нават участковы міліцыянер Ляўшоў. А гэты!.. І тым не менш Мікіту вывелі з раўнавагі Раманавы словы пра «шпега» – дужа не хацелася, каб цяпер, пры двух паліцэйскіх, пачалася гаворка пра торбу і пра тое, што ў ёй... Ну, няхай бы крычаў у прысутнасці аднаго Брава-Жыватоўскага, гэта б яшчэ так сабе, бо Жыватоўшчык, урэшце, свой чалавек, зразумее, а вось навошта было плявузгаць пры гэтым недарэку-татарыну? Мікіта ўжо гатовы быў варсануць чым душагуба. Разам з тым не мог дараваць ён і сабе, што нечага прынёс торбу з паперамі ў Верамейкі, нібыта ёй і папраўдзе не знайшлося іншага месца.

Падбіваў – ці, як гэта кажуць, вербаваў – на нячыстую справу Драніцу Злотнік, які быў раней начальнікам раённага аддзела НКУС. Невядома па чыёй падказцы выбраў той менавіта яго, але Мікіта пачаў выконваць нязвыклае даручэнне нават без усялякае мужыцкае хітрасці. Не перастаў ён дасылаць свае лісты ў Крутагор’е і тады, калі, нарэшце, знялі з пасады Злотніка – за злоўжыванне службовым становішчам і няправільныя адносіны да савецкіх і партыйных кадраў, а начальнікам раённага аддзела НКУС паставілі Шчамялёва. У Верамейкі Шчамялёў таксама наведваўся, але даносаў ад Мікіты не толькі не патрабаваў, а і ні разу не пагаварыў з ім – здавалася, Шчамялёў нават не здагадваўся пра Мікітаву дзейнасць, і Драніца па-ранейшаму працягваў «збіраць весткі» на аднавяскоўцаў альбо заезджых людзей, нібыта памеў салодкі смак да гэтага і ўжо не ставала сілы адвыкнуць ад яго; праўда, быў і другі бок у гэтай справе – адпісваючы ў раён на людзей, ён адчуваў над імі, бадай, упершыню, сваю вышэйшасць, нібыта ў выніку гэтага меў над імі патаемную ўладу...

Ды дарэмна Драніца чарнеў цяпер душой – гаворкі пра злашчасную торбу паміж ім і Брава-Жыватоўскім не адбылося: раптам грукнулі дзверы, і ў хату, следам за Параскай, зайшоў Сілка Хрупчык. Хоць яго і чакалі тут, аднак ніхто не спадзяваўся, што можна гэтак хутка прыйсці з другога канца вёскі. Брава-Жыватоўскі ажно пажартаваў:

– Ты, Сіланці, быццам нюхам аднекуль пачуў, што ў нас тут!

– Дак я ў праўленне хацеў, а Параска во перастрэла па дарозе. Ну, я й парашыў – дай, думаю, лепей да вас пакуль зайду.

– Няблага падумаў, – усміхнуўся Брава-Жыватоўскі. – Ён усім выглядам паказваў, што рады ў сваёй хаце новаму чалавеку, аднак Сілкава гаворка насцярожыла. – А што там, у праўленні? – спытаў ён, хоць і голас паспрабаваў захаваць абыякавы.

– Дак Зазыба нечага збірае ў кантору праўленцаў. І мужыкі нашы некаторыя падаліся ўжо туды.

– Ціка-а-ава! – наліваючы Хрупчыку ў шклянку спірт з бутлі і не ўзнімаючы ад яе вачэй, прамовіў Брава-Жыватоўскі.

Тады зварухнуўся Раман Сёмачкін:

– Праўда, ета ж некуды ці не ездзіў сянні Зазыба!

– Ездзіць-то ездзіў, – сказаў Брава-Жыватоўскі, – але ж не гаварыў, што думае збіраць праўленне.

– Дык вы што, разам з ім былі?

– З Бабінавіч ехалі.

– Ета ён, як тэй таго, вазіў у Латоку пляменніцу Марфіну.

– А табе ўсё ведама! – пакасіўся на зацкаванага Драніцу Раман.

– Баба, як тэй таго, казала.

– Ну, калі баба, – засмяяўся Раман. – У бабы ў твае дак, праўда, вочы, як у савы. Нават уначы бача.

Брава-Жыватоўскі тым часам сядзеў і думаў. Але вось ён бліснуў вачамі і назнарок зусім бесклапотна махнуў рукой:

– Ат, няхай сабе праўленцы рахуюцца там, а нам спяшацца няма чаго! – Аднак тут жа глянуў на Мікіту Драніцу і як успомніў: – Хоць што я кажу! Мы ж можам зрабіць па-другому. Няхай ад нас пойдзе туды Мікіта!

– Толькі каб слухаў тама на абодва вухі, – засмяяўся здаволены гаспадаровым рашэннем, Раман Сёмачкін.

Брава-Жыватоўскі падміргнуў Драніцу:

– Згода?

Мікіта не даў сябе ўпрошваць – адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду ацеслы хлеб, спехам падаўся да парога: ён, бадай, з ахвотаю адмаўляўся ад далейшае выпіўкі, абы не даць магчымасці варушыць колішнія грахі.

Як не пад грукат дзвярэй выхлебтаў, быццам не ўмеючы, першую шклянку Сілка Хрупчык. Яму адразу налілі другую.

– Частуйся, частуйся, – не шкадаваў дармаўшчыны Брава-Жыватоўскі, а Сілку неяк нязвыкла было чуць таго гэтакім тараватым.

Адсутнасць Мікіты зусім не адбілася на «застоллі». Неўзабаве верамейкаўцы зрабіліся п’яныя – хоць Хвядос і разбаўляў спірт у Дзяржынні адзін да трох, але і гэтая прапорцыя моцна біла па галаве, асабліва калі ўлічыць, што наогул цяжка было вызначыць нейкую пэўную мерку для ўжывання. Як і заўсёды здараецца ў такіх выпадках, у хаце пачалася бязладная гамана, якую маглі слухаць усяго два чалавекі – Рахім ды Параска. Нават Брава-Жыватоўскі, які не дужа дазваляў сабе распускаць язык, і той пачаў расказваць Сілку Хрупчыку і Раману Сёмачкіну, як хадзіў першы раз да немцаў у Бабінавічы: яго ўжо нібыта чорт выклікаў на непатрэбную шчырасць, і ён стаў неўпрыкмет сабе пераказваць амаль слова ў слова тое, што апавядаў тады ў Бабінавічах каменданту. Брава-Жыватоўскі не бачыў, як усё большыя рабіліся ад здзіўлення вочы ў ягонае жонкі і як яна, нарэшце, схапілася за галаву і хістка выйшла...

Скончылася за сталом гэтая спасаўская выпіўка тым, што Раман Сёмачкін неяк адчуў, як надышоў позні час, і пацягнуў Рахіма за рукаў – хоць ён таксама быў п’яны, але не забыўся, што абяцаў павесці таго да Ганны Карпілавай.

– Ты нам ліні каліва ў якую пляшку, – папрасіў ён Брава-Жыватоўскага, – а то ў нас яшчэ сянні марцовыя справы з Рахімам.

Брава-Жыватоўскі нават не спытаў, дзе гэта, нацадзіў спірту ў паўлітровую бутэльку з недапітых шклянак і сунуў Раману ў кішэню.

Ганны Карпілавай не было дома – не вярнулася пакуль з калгаснай канторы, дзе яна прымала ўдзел у пасяджэнні праўлення, і Раману Сёмачкіну з яго цвярозым татарынам нічога не заставалася, як запаліць у чужой хаце лямпу і чакаць гаспадыню.

– Дзеці – два хлопчыкі – былі паўскаквалі з лахманоў, прачнуўшыся за дашчанай перагародкай, але неўзабаве сцішыліся: па-першае, адразу пазналі верамейкаўскага чалавека, а па-другое, ім наогул не за вялікую нечаканасць было бачыць у сваёй хаце знаёмых і незнаёмых дзядзькоў.

Раман выбавіў з глыбокай і перакручанай кішэні паўлітэрку, хацеў пашукаць у хаце заесці чым, аднак расчаравана паціснуў плячамі – наўрад ці пашанцуе, бо як і кожная ўдовіная хата, гэтая таксама палохала вока сваімі пустымі кутамі і голымі сценамі. Тады Раман зацята пабоўтаў перад сабой бутэльку, нібыта сіліўся ўбачыць там нейкі схаваны дасюль непарадак, а можа, нават цуд, затым з астылаю абыякавасцю паставіў на стол. Сядзець ды чакаць гаспадыню проста так было ажно мутарна, і Раман неўзабаве пачаў нудзіцца, шкадуючы ўжо, што надумаў усё гэта.

Адчуваючы, што можа неўпрыкмет заснуць за сталом, Раман сказаў нягнуткім языком Рахіму:

– Дак, ета, глядзі ўжо, каб у нас усё... каб у нас ажур быў.

– Мая панімай, – падняў у адказ руку паліцай – на твары яго пры гэтым не расслабіўся ні адзін мускул.

– Ну, ну, – падахвоціў Раман, а сам абвіснуў ад п’янай знямогі, наваліўшыся грудзьмі на край стала.

Кнот у лямпе патрэскваў і не даваў на хату патрэбнага святла – можа, стаў закароткі, і гаспадыні давялося даліць у лямпу вады, бо газы ўжо не хапала ў вёсцы.

За перагародкай, тонка пасопваючы, спалі дзеці. Якраз у тым куце, дзе стаяў іхні ложак, нешта пачало шкрэбацца – няйначай мыш: было чуваць, як яна перабягала з аднаго месца ў другое.

Раман ужо мармытаў у сне.

У Рахіма таксама закочваліся пад лоб вочы.

Пасля другіх ці трэціх пеўняў адчыніліся раптам дзверы, і парог пераступіла стомленая Ганна. Святло ў хаце яна заўважыла з вуліцы. І яшчэ там падумала: «Прывалакліся-такі!» Яна была падрыхтавана да гэтага Драніцай.

Татарын ажно ўпіўся вачамі ў яе. А Ганна прайшла за перагародку і нават не глянула на яго. Супакоеная, што дзеці спяць і што ўсё добра з імі, яна павесіла на цвічок хустку, а тады вярнулася на хату. Раман Сёмачкін к таму часу паспеў ужо прахапіцца – яго пакратаў за плечы паліцэйскі.

– Дак от, – павёў Раман да бутэлькі рукой, – дала б толькі заесці чым...

– Дзе я табе ета вазьму?

– Дак...

– Ідзі во сам на гарод да пашукай тама на градах чаго.

– Як ета ты жывеш, Ганна, што ў цябе і на зуб няма чаго палажыць? – прытворна здзівіўся Раман.

– А да мяне прыходзяць са сваёй гарэлкай і са сваёй капустай.

– Гм...

– От і гм!

– Мда...

– От і мда!

– Ладна, тады нясі хоць шклянку на стол. Я налью ўжо кроплю табе, так і быць, а ты як хочаш. Хочаш закусвай, а хочаш не. Я сваю долю дамоў панясу. З Хрысцінай во вып’ем.

– А ён? – кіўнула Ганна на паліцэйскага, які стаяў ледзь не па камандзе.

– Мусульма-а-анін, – пакруціў галавой Раман, – не п’е. – І хуценька дадаў: – Але навучым!

Ганна пасля гэтага ажно паглядзела на татарына: што ні кажы, а цікава бачыць мужыка, які не па хваробе зусім не бярэ ў рот гарэлкі! Але глядзець, як ёй падалося адразу, надта не было на каго – Раманаў сябра натапыраным і нібыта абгарэлым выглядам падобны быў у нязыркім святле лямпы на таго драўлянага чалавечка, якога некалі знайшлі верамейкаўскія школьнікі ў сваім лесе і якога пасля забралі ад іх у горад, ці не ў музей нават. Ганне ад нечаканага параўнання зрабілася смешна, аднак яна, дзеля прыстойнасці ў хаце, здушыла яшчэ ўсярэдзіне няпрошаны смех, а цяпер адно спытала ў Рамана:

– Што ета ён у цябе нейкі?..

– А ты не будзь дурніцай, – ківаючы галавой над сталом, пачаў павучаць Раман. – Прывёў во табе чалавека, дак, глядзі, не дужа каб, а то!..

Ён, мусіць, палічыў ужо, што галоўнае гэтым зроблена, што, нарэшце, звёў Рахіма з Ганнай, і, не чакаючы, пакуль тая сапраўды прынясе шклянку, пачаў соваць бутэльку назад у кішэню. Тады абапёрся далонямі аб стол, пасядзеў колькі моманту над ім, выпрастаны ў гарбе.

– Ну, вы тута ўжо мілуйцеся, як і трэба, а я тым часам дамоў...

Але Ганна заступіла дарогу.

– Ты от што, – тупнула яна ў раптоўнай злосці, – забірай свайго паліцая да!..

– Аксціся, Ганна! – залыпаў вачыма Раман.

– Ты носа не настаўляй тута!

– Ну, чыстая дурніца, – ляпнуў сабе па клубах Раман. – Ета ж табе не абы-хто. Рахім – найпершы цяпера чалавек у воласці. Ведаеш нямецкага каменданта Гуфельда?

– Здаўся мне твой Гуфельд!

– Нядобра так, Ганна! – як не з жахам пакруціў галавой Раман. – Перад ранейшымі начальнікамі дак!.. А як цяперака во, дак!..

– Ладна, – не слухалася гаспадыня, – ты мне тута язык не глытай, а забірай свайго Рахіма да каціцеся яечкам!

– А ён жа табе можа якія хочаш падаркі прыносіць. Цэлае багацце пасля сабярэш.

– Дзе ета ён возьме цяпера тое багацце?

– Дак! – І Раман распасцёр перад сабой рукі, нібыта кажучы, што цяпер цэлы свет у іх.

– Не трэба мне ні ваша багацце, ні вашы падаркі. Мне спаць пара. А калі хочаш яго прыстроіць да каго, дак вядзі тады ўжо да Хрысціны сваёй.

– Ну, ты!

– П’яны, п’яны, а шупіш трохі, – засмяялася Ганна.

– А ты думала!

Нарэшце Раман выйшаў з-за стала і крадком, быццам сумысна блазнуючы, пачаў абыходзіць гаспадыню, каб пракласці сабе шлях да дзвярэй. Тая, вядома, не стала лавіць за карак яго. Адно скрывіла, як ад болю, вусны ды пагардліва, нават перастаючы злаваць, паківала галавой услед. На парозе Сёмачкін запыніўся, каб падміргнуць цераз плячо Рахіму – маўляў, а ты не варонь тут! Тады і Ганна павярнулася да Рахіма, крыкнула:

– Ну, а ты чаго зенкі вылупіў? – І ў гэты момант пачула, як ляснулі дзверы – Раман, уцякаючы з хаты, ужо недзе тупаў па маснічынах у сенцах.

Татарын між тым ад яе голасу нават не зварухнуўся – было такое ўражанне, нібыта яго паставілі, няйначай, сцерагчы яе.

– Цьфу, не чалавек, а чорт нейкі, – ужо пацішэлым голасам сказала яна. – Але стой сабе, можаш хоць скрозь усю ноч стаяць!

Зусім назнарок яна зрабіла колькі крокаў за перагародку і схілілася там над дзіцячым ложкам. Хлопчыкаў нават не пабудзіў матчын крык. У хаце было цёпла, і яны параскрываліся. Большы, Петрачок, закінуў сваю голую ручку на шыю браціку, і Ганна прыбрала яе, паклаўшы пры боку ўздоўж цела. Шыя ў меншага хлопчыка пад рукой спацела, давялося абцерці яе рогам лахмана – дзеці гэтую ноч спалі абы на чым, бо сяннік іхні быў вытрасены і памыты, каб за жніво напхаць свежай саломай. Меншы хлопчык, часам яшчэ здаралася, цурбоніў пад сябе, таму Ганна памацала пад ім рукой. Але дарэмна непакоілася. Лахманы былі сухія. Тады яна ўзяла сына за ножкі, прыўзняла іх і выпрастала доўгую кашульку. Хоць у хаце і гарэла лямпа, аднак за перагародку святло не даходзіла, апрача як праз той занавешаны праём, што быў тут замест дзвярэй, і дзіцячыя тварыкі адно па-васковаму жаўцелі ў прыцемках. Ганна вельмі любіла сваіх хлопчыкаў. Можа, своеасабліва, не так, як другія маці сваіх. Але нават ёй іншы раз здавалася, што яна не аддавала ім усяе свае цеплыні, на якую тыя адны мелі падставу...

Ганна яшчэ больш нахілілася над ложкам, а тады аблакацілася неяк там і ўзяла ў далоні свой гарачы твар.

Неўзабаве пачуліся сцішаныя крокі. Ганна сцепанулася, спалохана павярнула галаву – паліцэйскі стаяў у праёме, трымаючы над сабой саматканую коўдру.

«Яшчэ мне етага не хапала!» – абурылася Ганна, але выпрасталася і, каб не патрывожыць дзяцей, самахоць падалася назад на асветленую палавіну хаты. Пакуль яна ішла туды, паліцэйскі адступаў перад ёю, але вось падскочыў і раптам накінуўся на яе, чапляючыся рукамі за грудзі. Ад яго рэзка патыхнула ў твар ёй гнілым і зусім не мужчынскім пахам, быццам чалавека толькі што выпусцілі аднекуль з мышынае саламарэзкі. Рукі яго, акурат сляпуючы, сутаргава коўзалі па блузцы, спрабуючы знайсці разрэз на манішцы. Мусіць, паліцэйскі дужа хваляваўся, таму рукі яго былі нязграбныя, а кожнае дакрананне рабіла яе целу балюча.

Ганна не памылялася адносна таго, навошта прывёў Раман да яе гэтага чалавека. Але тое, што паліцэйскі нападаў гэтак, было ўсё ж нечакана. Колькі часу яна стаяла як прымораная альбо ў здранцвенні, быццам сілілася і не магла даўмецца, што ад яе патрэбна цяпер і што яна павінна рабіць у адказ. Але паступова свядомасць вяртала ёй здольнасць разумець усё, і тады жанчыне стала брыдка за самое сябе; з пакутлівай прыкрасцю, якая адбілася нават на твары, яна намаглася сабрацца ўся і штурхнула татарына ў кут, дзе ў яе стаялі проста на падлозе чыгункі. Штуршок удаўся моцны, мусіць, яна такі сабралася ўся, бо паліцэйскі не паспеў утрымацца на нагах і адляцеў да самае сцяны, выцяўся там аб нешта хрыбцінай. Ад такое свае рашучасці Ганна збянтэжылася, але ўсяго на адзін момант, бо паліцай пружыніста ўскочыў на ногі і зноў падаўся наперад, шалёна бліскаючы зрэнкамі. Можа, ад злосці, а можа, ад болю, калі ўдарыўся хрыбцінай, пальцы яго сталі цяпер больш учэпістыя, яны ажно праціналі яе цела; разяўлены рот цягнуўся да грудзей, намагаўся ўкусіць...

«Бог ты мой, што ета сянні на мяне наважджэнне такое?» – жахнулася Ганна і, нібыта паддаючыся татарынавай настырнасці і пэўна ўжо нечалавечай заюшанасці, пачала патроху адступаць да ложка, які стаяў з неразабранай пасцеллю пры сцяне паміж сталом і перагародкай. І тады заплакаў за перагародкай меншы хлопчык.

– Ма-а-ма-а-а...

Татарын раптам спыніў свой націск, а Ганна, нібыта ўспомніўшы аб нечым і адным часам жахнуўшыся гэтага ж, зноў штурхнула з усяе моцы гвалтаўніка. Дзіва, але гэты раз той таксама адляцеў – аж на сярэдзіну хаты, падкаўзнуўся там і гахнуўся ніцам на падлогу.

Малы яшчэ больш заплакаў за перагародкай. Тады прачнуўся – мусіць, ад ягонага плачу – і Петрачок.

– Мама! – паклікаў ён Ганну і, саскочыўшы з ложка, выбег з-за перагародкі на хату.

– Ідзі, дзіцятка, ідзі, спі, – сказала яму расчырванелая і запыханая Ганна, а сама не зводзіла вачэй з паліцая, які ўжо станавіўся на карачкі: ёй бы цяпер што-небудзь у рукі, але ўзяць нечага было.

Тым часам паліцэйскі гопнуўся на ногі і неяк утрапёна, нібыта аглавушчаны ці з вялікае п’янкі, павадзіў галавой па хаце, затым патупаў да ўслона, дзе ляжала яго вінтоўка. Бачачы гэта, Ганна яшчэ больш жахнулася, схапіла за плечыкі Петрачка і як не запіхнула за перагародку. Але паліцай нават не дакрануўся да зброі. Адно сеў на ўслоне ды насцярожана сцішыўся, нібыта атрымаў дазвол на перадышку.

Ганна таксама адышлася да ложка, спярша села там на самы край, а тады павярнулася бокам і ціха, без голасу, заплакала, уткнуўшыся галавой у падушку. Ёй шкада было сябе, якую няма каму нават абараніць, і таму ці мала хто можа рашыцца пакрыўдзіць. У горкай і бездапаможнай роспачы, здаецца, упершыню яна праклінала сваё так званае саламянае ўдоўства.

Лёс да яе чамусьці быў вельмі ж нелітасцівы – пра гэта звычайна перш за ўсё і лепш ад усіх ведаеш сам, а тут, у Верамейках, і кожны, каму не бракавала сэрца і розуму, мог паспагадаць, што жыццё ў маладой кабеты сапраўды не склалася па-людску, адно што бог даў (калі гэта сапраўды неяк ад яго залежала) не апошнюю зусім прыгажосць, якую ці абмінала чыё вока, ды лагодную, быццам назнарок выхаваную душу, можа, якраз з тым, каб у ёй неўпрыкмет патаналі нават чужыя заганы: іншая справа, што Ганна сама не скардзілася ні на лёс, ні на жыццё, але то ўжо было, бадай, прычынай яе характару.

Бацька ў Ганны, Карпіла Самбук, быў чалавек, як кажуць, тутэйшы, хоць і не з Верамеек – жыў ён да хлопцавых гадоў па той, не лясны, бок Бесядзі, недзе за Вітунём, затое маці Ганчына паходзіла з мяшаных чарнігаўскіх хахлоў: браў яе бацька тады, як працаваў на будаўніцтве цяперашняй чыгункі Унеча – Орша, што павінна была найкарацей злучыць вугальны поўдзень краіны з другой сталіцай. Чыгунка пачыналася ад Унечы. Але да Оршы здолелі давесці яе толькі ў савецкі час. Тады ж, перад вайной з кайзерам (ды і ў самую вайну), будаўнікі паклалі рэйкі з таго канца адно да Клімавіч. Вядома, як і паўсюль на гэтакім будаўніцтве, землякопы і возчыкі з цяглом набіраліся найперш з навакольных вёсак – нарэшце тым, хто меў пільную патрэбу, хоць не трэба было ехаць далёка на заробкі, а то дзе яшчэ шукаць тыя цукровыя заводы ды шахты, і мужыкі з ахвотай (пакуль не пачалася гужавая павіннасць пад час вайны) наймаліся там на розныя работы, асабліва ў каго былі свае фурманкі. Падаўся на будаўніцтва чыгункі і Карпіла Самбук – гаспадарка ў іх была невялікая, і бацька з ёй упраўляўся адзін. Спярша арцель, да якой дзесятнік неўзабаве далучыў хлопца, вазіла пясок да чыгуначнага насыпу з-за Бялынкавіч, пасля арцельшчыкі пераехалі на работу да Суража, а ў пятнаццатым годзе сталі ездзіць па будаўнічы камень і па смалу бліжэй да Чарнігава. Там Карпіла Самбук і ўпадабаў сабе жонку. Здаецца, ці не за трэцім ужо разам прывёз яе ў Сураж, дзе тады быў на сезонным пастоі. Тут маладыя пражылі да таго дня, як былі спынены будаўнічыя работы на чыгунцы. Але дамоў, у сваю вёску, Карпіла не павёз цяжарную жонку, палічыў за лепшае падацца да жончыных бацькоў. Там, у вялікім сяле за Сновам, нарадзілася ў іх Ганначка. З таго часу, ажно да трыццаць трэцяга года, Карпіла Самбук і не наведваўся ўжо на радзіму. Прывёў яго зноў за Бесядзь голад, які пачаўся тады на ўсім поўдні, таксама і на Чарнігаўшчыне. Карпіла паклаў у мяшок найлепшыя рэчы, якія можна было абмяняць на харчы, дабраўся пехатою да Унечы, а адтуль паехаў далей цягніком па чыгунцы, якую некалі будаваў. Ён не дужа каб спадзяваўся на свае рэчы, затое меў надзею разжыцца збожжам, няйначай, у бацькоў ці родзічаў, што жылі ў вёсцы. Але напаткала няўдача – у вёсцы калгаснікі ўжо таксама ледзь перабіваліся з мякіны на лебяду, і толькі касцам – была ж пятроўка, значыць, касавіца – да рэдзенькага крупніку давалі па кавалачку «пушнога» хлеба, які яны ўвесь прыносілі дамоў дзецям. Карпіла тады нібыта ўпершыню зразумеў, як далёка пайшоў голад. Аднак тут, у беларускіх вёсках, у адрозненне ад украінскіх сёл хоць не паміралі людзі... Адно што па ўсім наваколлі хадзіла багата старцоў, асабліва тых, што неяк датэпалі сюды з паўднёвых раёнаў. Тым часам Карпіла таксама павінен быў хоць што якое прывезці дамоў. І ён пацёгся са сваёй колішняй хаты па знаёмых вёсках, спрабуючы ўсё ж выменяць што на рэчы. У Прусінскай Будзе яму пашанцавала: тамашні аднаасобнік насыпаў у мяшок за пяць аршынаў сукна пуд грэчкі. Нарэшце, можна было хоць з гэтым вяртацца назад. І ён перадаў цераз знаёмага мужыка бацькам, што пойдзе ўжо на станцыю, каб ехаць дамоў. Але на другі ці нават на трэці дзень небараку знялі нежывога з бярозы, што на Чортавай гары паміж Крутагор’ем і Збужарам. Ніхто не ведаў, чаму павесіўся чалавек, – дарэчы, яго ўсе называлі «ўкраінцам». Аднак прайшоў пагалас, што перад гэтым яго «вадзілі» ў Крутагор’е ў міліцыю: казалі самыя дасведчаныя (а такія заўсёды знойдуцца), што «ўкраінец» нібыта ўкраў нешта ў Прусінскай Будзе... Як бы там ні было, а старшыні мясцовага сельсавета давялося выклікаць тэлеграмай Самбукову жонку з Чарнігаўшчыны. Прыехала з семнаццацігадовай дачкой Ганнай, калі мужа даўно пахавалі. Прыехаць неяк прыехала, а назад вярнуцца ўжо не ставала сілы ў яе. Тады і прывёз Дзяніс Зазыба з Бялынкавіч у Верамейкі дзвюх незнаёмых жанчын, якіх падабраў нядужых на чыгуначнай станцыі. У Верамейках ужо каторы год стаяла пустой хата – пераехаўшы жыць у другое месца, гаспадары, аднак, не прадалі яе, і Зазыба на сваю адказнасць пасяліў Карпілавых жанок у тую хату.

Але на гэтым пакуты не скончыліся...

І ўжо зусім як нешта надзвычай кашмарнае ўспаміналася Ганне тая вясенняя ноч, калі яна ішла ў вёску з хатомкаю бульбы на плячах. Тады яшчэ была жывая маці, і дачка ратавала яе як магла. Хоць верамейкаўцы і дужа спагадліва ставіліся да іх, аднак жа маці пасля бацькавай смерці ўвесь час хварэла сама, і на Ганне адной ляжаў клопат пракарміць дзве душы, асабліва калі ўлічыць, што вынікі галоднага года не адразу мінуліся. Даць у хатомку бульбы паабяцаў дзяўчыне з калгаснага кагату палявы вартаўнік Пахом Палабок. І яна, дурніца, пайшла ўначы па ломкім лядку да кагату, бо не здагадвалася, чым павінна была заплаціць за бульбу...

Калі ўжо Ганна зацяжарыла, Палабок спалохаўся, што ўсё можа высветліцца і наўрад ці даруюць тады яму ў вёсцы за гвалт над дзяўчынай, таму завербаваўся кудысьці на шахты і перавёз туды сям’ю.

Але Ганна не выдала, хто бацька яе большага хлопчыка, дарэчы, як не гаварыла таксама пазней, ад каго ў яе быў і меншы сын.

...У лямпе дарэмна выгарала газа, і Ганне шкада было яе, бо другім разам ужо не будзе чым нават пасвяціць дзецям за вячэрай, але яна не адважвалася тушыць святло: паліцай усё сядзеў на ўслоне, бы сыч, адно не кугакаў.

Няйначай, гэтая ноч была недзе на хуткім сконе, а Ганна яшчэ не прылягла нават на гадзіну. Але яна рада была, што хоць не захварэў меншы хлопчык – цяпер галава ў таго больш не гарэла, мусіць, усё ж перастаяў ён трохі на сонцы. Пасля ёй прыйшло ў галаву, што нядрэнна было б заўтра (калі ўжо не сягоння) таксама прачнуцца як раней ды разам з іншымі верамейкаўцамі пайсці ў поле... Чым больш галаву займалі звычайныя жыццёвыя турботы, тым далей яны адсоўвалі ад яе крыўду на лёс, які хвіліну назад здаваўся надта нелітасцівым; і неўзабаве Ганна неўпрыкмет забралася з нагамі на ложак і яшчэ больш неўпрыкмет заснула, хоць гэтаму працівілася ўсё, што было свядомага ў ёй. Яна не ведала, колькі праспала гэтак, але раптам пачала адчуваць, што на яе хтосьці наваліўся і душыць. Тады Ганна расплюшчыла вочы. Першае, што ўбачыла яна над сабой, быў Рахімаў твар. Але не гэта было самае жахлівае – яна не магла паварушыць рукамі, бо тыя былі прывязаны дзягай да ложка. Змагацца з татарынам, пэўна, ужо не было як. Нават закрычаць Ганна не мела магчымасці: з-за перагародкі тады на яе голас прыбеглі б дзеці, а яна не магла дапусціць, каб тыя пабачылі яе ў такім стане...

Усю светлую раніцу затым Ганна прахадзіла па двары, бы апушчаная ў ваду.

Ёй нікога не хацелася бачыць. І нават тады, як з кожнае верамейкаўскай хаты пайшлі ў Паддубішча людзі, яна не памела ахвоты падавацца за імі.

Роза Самусёва, якую Зазыба выправадзіў з Паддубішча ў вёску, знайшла сяброўку ў хаце: Ганна сядзела, нібы адчужаная, ля акна і нават не павярнула галавы на Розіны крокі – няйначай, мала хто паверыў бы ў Верамейках, але Ганна перажывала гвалт над сабой, як самы вялікі здзек.

Роза паклала на плечы сяброўцы рукі, сказала:

– Ну, што ты?

Тая сцепанула плячамі, як ад холаду.

– А ў Паддубішчы збіраюцца па дварах жыта дзяліць, – сказала Роза яшчэ. Яна адчула ўжо, што з Ганнай нешта здарылася.

Ганна маўчала.

– А мяне па цябе Зазыба паслаў, – пачала паціху тармасіць Роза сяброўку за плечы.

І тады нарэшце Ганна паглядзела жоўтымі ад бяссонніцы вачамі, крыкнула:

– Ён бы лепей, Зазыба ваш!.. – Але не скончыла крыку і заплакала наўзрыд, скаланаючыся ўся.

Роза збянтэжана пастаяла над ёй, а тады з болем спытала, павышаючы голас:

– Ну што? Што здарылася?

Ганна раптам як ачомалася, перастала плакаць.

– Нічога, – сказала сумна.

– Можа, пакрыўдзіў хто?

– Не.

– Дак чаму тады сядзіш? Зазыба вон турбуецца, кажа, без кладаўшчыцы яму тама, як без рук.

– Абыдзецца...

– Дак...

– А я думала, што вы ўсе – і Дуня, і Сахвея, і ты – во пайшлі ў Яшніцу.

– Дак забегалі ж сянні з гэтым перадзелам!

У размове Ганна паступова спакайнела, і неўзабаве Роза сказала ёй:

– Дак бяры таксама серп, пойдзем у Паддубішча. А то паласу ўжо, можа, вызначылі.

– Я не пайду.

– Дак жа Зазыба наказваў!

– Ну і што?

– А тое, што я цябе нешта не разумею сянні!

– Ідзі, Роза, ідзі на поле, – уздыхнула Ганна, – а я сваю паласу паспею пажаць.

Роза спытала:

– Можа, і праўда паліцэйскі што?..

– Адкуль ета ведама?

– Дак...

– Тады не гавары абы-што!

– Ну і то ладна! Што сказаць Зазыбу?

– А нічога. Скажы, што прыйду.

Можа б, Роза пабыла даўжэй у хаце, але адчувала, што Ганна хацела як хутчэй застацца адна. Напаследак Роза яшчэ сказала:

– Можа, трэба што, дак...

– Ідзі, Роза, ідзі ўжо.

– А хлопцы твае дзе?

– Хто іх ведае! Можа, таксама пабеглі за ўсімі ў Паддубішча?

– Дак і табе няма чаго сядзець адной тута.

– Ладна, ідзі, Роза...

Ганна зноў павярнулася тварам да акна, а Роза пастаяла колькі момантаў за ёй, тады зусім ціха, быццам крадком, выйшла за парог.

За коўратамі, якія выводзілі за вёску на гуцянскую дарогу, яна дагнала Брава-Жыватоўскага. Ускінуўшы вінтоўку прыкладам на плячо, той ішоў, цямнейшы за хмару. Розін муж, Іван Самусь, даводзіўся Жыватоўшчыкавай Парасцы раднёй, таму Роза магла загаварыць па-свойску з Брава-Жыватоўскім нават цяпер, калі ён быў паліцэйскім.

– Што ета вы так позна, дзядзька Антон?

– Праспаў, – буркнуў Брава-Жыватоўскі. – А ты?

– Дак бегала во па Ганну Карпілаву. Зазыба пасылаў.

– Угу.

– Дак нешта не пайшла во.

– Ты не клапаціся пра Ганну, – павучальна сказаў Брава-Жыватоўскі. – Ёй і прынясуць, калі трэба.

– Што вы гаворыце, дзядзька Антон? – заступілася Роза за сяброўку. – Многа ёй нанасілі!

– А ты быццам ведаеш?

Брава-Жыватоўскі перайшоў на другую абочыну дарогі. Колькі часу яны ішлі моўчкі. Тады Роза сказала, нібыта хацела пахваліцца:

– А мы ўжо сянні збіраліся з бабамі ісці ў Яшніцу глядзець сваіх мужыкоў. Тама ж цяпера лагер ваеннапалонных. Дак, можа, і наш чый там. А тута Зазыба раптам падняў людзей!

– А я вось спаў сабе і не ведаў, што ўсе ў Паддубішча падаліся.

Але Брава-Жыватоўскі гаварыў няпраўду. Пра ўсё ён ведаў. Ды каб не ісці ўранні разам з усімі ў Паддубішча, на тое ў яго былі свае прычыны. Па-першае, Брава-Жыватоўскі разважыў наперад: яшчэ ж чэрці на кулачкі не пабіліся, каб яму шукаць сабе на лоб гузакоў, а вось як справа з падзелам калгаса будзе скончана ці хоць бы пачнецца па-сапраўднаму, тады і ён з’явіцца – і перад бабінавіцкім камендантам апраўданне ёсць, маўляў, без яго рабілі ўсё, і верамейкаўцам пакуль на мазоль не наступіш. Па-другое, штосьці незразумелае рабілася з жонкай. Учора ён сп’яну нагаварыў за сталом, а сёння Параска ажно не хацела глядзець на яго. З заплаканымі вачамі яна ныкала з кута ў куток па хаце і пачынала адразу галасіць, як толькі Брава-Жыватоўскі спрабаваў загаварыць з ёй. Ёй нечага пачало здавацца, што менавіта цяперашні яе муж, які, як высветлілася ўчора, служыў і ў белых, і ў махноўцаў, забіў на грамадзянскай вайне яе Рыжанка. І яна ўжо адчувала вялікі грэх перад сваім першым мужам за тое, што пасля яго жыла з чалавекам, якога не толькі не ведала, але і магла цяпер падазраваць...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю