Текст книги "Плач перапёлкі"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 20 страниц)
Ужо багата гадоў, як Шарэйка самастойна абшываў мястэчка і вакольныя вёскі. Кожны лічыў за гонар мець у яго заказ.
Зазыба таксама вадзіў дружбу з Шарэйкам: заўсёды, як выпадала бываць у мястэчку, шукаў прычыны наведацца да краўца. Але сёння Шарэйка вельмі здзівіўся, калі ўбачыў пад вокнамі Зазыбу. Таму яго як не вынесла з хаты на ганак, і ён, ляскаючы па двары нагой-дзеравяшкай, кінуўся расчыняць вароты.
– Заязджай, Зазыба, заязджай! – загаварыў Шарэйка з той паспешнасцю, якая бывае звычайна пасля доўгага чакання; і потым, калі Зазыба ўжо ставіў каня пад павець, Шарэйка таксама нечага празмерна мітусіўся, быццам у хаце сапраўды за сталом даўно сядзелі госці і затрымка была за адным Зазыбам; на сваёй дзеравяшцы ён як дарэмна мераў двор, кульгаючы з канца ў канец, і неўпапад засыпаў заезджага чалавека словамі.
Марыля сядзела на возе – яна адчувала сябе ніякавата ў прысутнасці краўца, да таго ж і Зазыба нічога не прадпрымаў, каб звярнуць на яе гаспадарову ўвагу. Яна адно паспела збольшага ўгледзецца ў краўца – той здаўся ёй чалавекам занадта знерваваным, а драўляная нага, прымацаваная сырамяцінамі вышэй калена, чамусьці выклікала ў яе ледзь не разгубленасць: Шарэйка нагадваў дзяўчыне аднаго з тых пакалечаных старцаў, якія да вайны хадзілі па міласці і пра якіх у народзе расказвалі розныя страшныя гісторыі.
Зазыба між тым вывеў каня з аглобляў, каб вальней было стаяць пад павеццю, і следам за гаспадаром падаўся на ганак, пасля – у хату: яны абодва быццам забыліся пра Марылю.
Будаваўся Шарэйка, калі ў яго ўжо былі сродкі. Хату – праўда, местачковыя людзі, у адрозненне ад вясковых сялян, хаты свае звычайна называлі дамамі – ён ставіў на так званыя дзве каморы, з прасторнымі сенцамі пасярэдзіне. У той час, ён, відаць, разлічваў на вялікую сям’ю. Але сям’і такой у Шарэйкі не атрымалася. Ужо колькі гадоў, як яны былі з Ганнай адны – сын ажаніўся рана, ці не ў васемнаццаць гадоў, да таго ж пайшоў жыць у хату да жончыных бацькоў. Спярша Шарэйка цешыў сябе, што ў сына проста памела верх маладая дурнота, якая, няйначай, мінецца, але паступова ўсё асталявалася, настаў час, калі і сын і бацька перасталі нават думаць пра гэта. Старэйшаму Шарэйку толькі іншым разам шкода было, што некалі, будуючы хату, на вялікае замахнуўся, бо тая камора, што была на правы бок ад сенцаў, стаяла пустая. Праўда, у мястэчку заўсёды знаходзіліся людзі, якім можна было здаць яе пад кватэру, але і гэтага Шарэйка не дазваляў сабе – не хацелася мець майстравому чалавеку кожны раз на двары чужога каго.
Зазыба акінуў вокам жылую палавіну – усё тут было, як і раней: ад печы да знадворнай сцяны ішла дашчаная перагародка, што датыкалася брыжом да паклеенай шпалерамі столі; за перагародкай, у сваю чаргу, уся плошча была падзелена таксама на дзве часткі; такім чынам, гэтая палавіна Шарэйкавай хаты складалася з трох пакояў, адзін з якіх быў вялікі і доўгі, асветлены па сценах роўнымі вокнамі, а два астатнія – проста бакоўкі. Тут змяшчалася і ўся кравецкая гаспадарка, галоўным у якой была, вядома, швейная машына.
– Дзе ж твая Ганна? – спытаў Зазыба.
– Дак на сяло пайшла, – адказаў Шарэйка.
– У царкву?
– Кажу, на сяло.
– А я ўсё блытаю, дзе ў вас мястэчка само, а дзе сяло пачынаецца.
– Сяло – за мястэчкам, – усміхнуўся Шарэйка.
– А мы пра ўсіх вас – мястэчка да мястэчка...
– Мястэчка – ета во наша частка, каля царквы, а сяло за садам будзе. Дак мая Ганна, каб ведаў, пайшла на сяло. Трэба нявестку праведаць, дак пайшла. Перадавала тая ўчора праз людзей, што малая прыхварэла. А ў царкву яна ўжо хадзіла, да ютрані.
– А сын твой што?
– Дак што, таксама ваюе!
На стале, што быў паміж вокнаў, ляжала новае шытво: зажыўленая простай ніткай ватоўка і яшчэ нейкая адзежына, але гэтая ўжо з нямецкага сукна. Зазыба затрымаў позірк на адзежыне, і, можа, таму, што ў ягоных вачах узнікла здзіўленне, Шарэйка пасунуў шытво на край стала.
– Ты гэта не выпускаеш іголкі з рук і цяпера? – пацікавіўся, як паміж іншым, Зазыба.
Кравец памуляўся:
– Заказ... Трэба спяшацца, бо чалавек не наш. Паедзе скора.
– Ну, ну...
Зазыба падышоў да акна.
Шарэйкава хата стаяла так, што паўзверх стрэх было відаць царкву па самыя вокны на местачковай плошчы.
– Вайна вайной, а чалавеку тым часам жыць нечым трэба, – сказаў за спіной Шарэйка. – Яму не толькі гамаць, але і апранацца ў нешта патрэбна, каб не свяціць задам.
– Да ўжо ж...
– Дак я таму і не выпускаю, як ты кажаш, іголкі з рук. Былі старыя заказы, а тута і новы падаспеў, ажно з германскага сукна.
– Некаму ж судобіла разжыцца!
– Не, ета іхняе. Афіцэр адзін прынёс. Абяцаў таксама заплаціць. – Шарэйка ўсміхнуўся, пасля зноў пачаў гаварыць, але ўжо нібыта адказваючы на нейкія свае думкі. – Яно, канешне, немец – вораг, і, як пісалі ў газетах, кожны бохан хлеба павінен разарвацца ў ягоных руках жалезнай бомбай, але ці пражывеш па-пісаным?
Зазыба пачакаў, а тады сказаў:
– Вы тута, як відаць, прызвычаіліся ўжо да немцаў. Да, мусіць, усе. Падвозіў сянні адну бабу, дак таксама ажно не магла нахваліцца камендантам.. Адольфам – ці як ён у вас?
– Дак ён не ў адных нас. Ён і ў вас. Верамейкі яму таксама падначалены.
– Але ці не рана пачалі вы яго хваліць? – паглядзеў на краўца Зазыба.
Той адчужана ўсміхнуўся.
– Галоўнае, каб не было позна. Але расказвай, што новага дзе, а то мы адразу неяк...
– Дак навіны ж у вас усе.
Шарэйка пастаяў задуманы.
– Канешне, – згадзіўся ён праз нейкі момант, – навін у нас па етым часе багата, але больш іх усё ж ідзе з Крутагор’я. Што ні кажы, а цэнтр ёсць цэнтрам.
– Я нават не ведаю, як яно цяпера – што цэнтр, а што не. І ці ёсць наогул райцэнтр? Можа, павятовым стаў? Мы тама сядзім, як у прыдусе – ці то ўжо высоўваць з паніўкі галаву, ці яшчэ пачакаць.
– Ты от кажаш, ці не зарана мы хвалім Адольфа? Але ці ведаеш ты, хто начальнікам паліцыі ў Крутагор’і стаў?
– Дык хто іх зразумее цяпера! – паціснуў плячамі Зазыба.
– Ета праўда, – усміхнуўся Шарэйка. – Нават і ў галаву можа не прыйсці, калі падумаць. Помніш Рослаўцава?
– Таго, што быў дырэктарам маслазавода?
– Ага.
– Гм...
– Дак ён цяпера ў Крутагор’і і стаў начальнікам паліцыі, ці, як немцы называюць, начальнікам аховы парадку. А мы за яго яшчэ ў мінулыя выбары галасавалі ў райсавет...
– І праўда – навіны, – заплюскаў вачамі, як ачмураны, Зазыба. – А можа, у яго ад нашых такое заданне было – стаць на высокую пасаду ў немцаў, каб памагаць пасля сваім?
– Каму ета сваім?
– Ну, нам во... Чырвонай Арміі...
– Етага я не ведаю, але для справы, бадай, лепей было б, каб Рослаўцаў не быў начальнікам паліцыі ў Крутагор’і. Яно вядома, ты хітры, але і немец не дужа дурны. Таму я і кажу. Цяпера то яшчэ нічога – адны вочы ад здзіўлення ў людзей лезуць на лоб, а калі раптам ён захоча і немцам паслужыць? Ці мала якая прычына знойдзецца? Ведаеш, як тады галовы пакоцяцца з плеч? Ён жа лепей за немцаў пра ўсё ў раёне ведае. І актывістаў, і...
– Ты думаеш, ён...
– Нічога я не думаю, – ужо са злосцю сказаў Шарэйка. – Я табе гавару, як яно ёсць ці можа быць. Некалі мой Гірша казаў – не думай, як думаеш, а думай, як давядзецца. Дарэчы, разумны чалавек быў. Дужа разумны.
– А я помню яго.
Шарэйка махнуў рукой:
– Пагары яны гарам і немцы, і начальнікі паліцыі іхнія, асабліва Рослаўцаў! Ты лепей скажы, які прымус зрушыў цябе ў такі час?
– Да ўжо і не ведаю, як пачынаць.
– Так жа сабе не паехаў бы.
– Дзяўчо во прывёз у мястэчка.
– А хто яна табе?
– Як табе сказаць... – Зазыба сабраў гармонікам лоб. – Трэба ўладжваць яе ў мястэчку.
Не дачакаўшыся ад Зазыбы пэўнага адказу, Шарэйка сказаў:
– У вас жа тама, сярод лесу, спакайней можна пражыць.
Зазыба зноў адвярнуўся да акна.
– Яна таксама во, як і ты, хоча папрацаваць на немцаў, – глуха сказаў ён.
Шарэйка апусціў плечы, памаўчаў у прыхаванай збянтэжанасці, а тады сказаў раптам:
– Гукні яе ў хату.
– Абыдземся пакуль, – буркнуў Зазыба.
– Але нешта я не разумею цябе, Дзяніс, – сказаў Шарэйка.
– А тута і разумець няма чаго, – паціснуў плячамі Зазыба. – Дзеўка хоча пасяліцца ў мястэчку. Ты ж сам казаў, вайна вайной, а чалавеку жыць трэба.
– Дак ета я казаў...
– А яна – тым больш, бо засталася адна. Бежанка. Шукае прыстанку во.
– Але чаму тады не прыстанак у Верамейках? – спытаў Шарэйка.
– Дак яна ж хоча і рабіць нешта, каб яшчэ карміцца!
Шарэйка пакруціў галавой і не ўхваліў:
– Раз ужо апекаваць над ёй недзе ўзяўся, то пракарміць мог таксама. У цябе ж, здаецца, ратоў небагата.
– А яна сама сабе гаспадыня!
Шарэйка пакутліва паморшчыў твар.
– Справа ваша, – сказаў ён. – Бачу, не хочаш адкрыцца мне. Але скажы, чаго мне ўсё ета каштаваць будзе? Ты ж, мусіць, хочаш, каб я заняўся яе ўладкаваннем?
І тут Зазыба не знайшоў, што адказаць: выходзіла, што ён не гатовы быў для такой размовы.
Тады Шарэйка пацёр далоняй няголены твар і загаварыў са злосцю, нібыта хацеў запалохаць Зазыбу:
– Тута сваіх дзевак даволі. З мокрымі хвастамі бегаюць. Яўрэйскія дамы, як тыя паехалі паперад арміі, амаль усе вольныя. У мястэчку застаўся адзін Восар, калі помніш, да яшчэ Іцкава жонка, таго Іцкі, што млынаром некалі быў у Прудкох. Дык сам Іцка памёр, а баба яго нямоглая.
– Але чаму яны засталіся? – каб неяк прытушыць Шарэйкаву гарачнасць, спытаў Зазыба. – Не ўзялі іх?
– Чаму так думаеш, – неяк гледзячы сабе пад ногі, нездаволена адказаў Шарэйка. – Іцкава жонка пабаялася ехаць хворая ў свет. У яе адзін страх другі перабораў. Восар таксама на ладан дыша. Адным словам, у мястэчку засталіся толькі два старыя яўрэі. Астатнія паехалі некуды. А дамы іхнія цяпер пустыя стаяць. Афіцэры нямецкія тама балююць, калі якая часць праз мястэчка ідзе і спыняецца нанач. Тады яны і шукаюць па мястэчку дзевак. Настаўніцы ж у мястэчку засталіся, да і ў бальніцы персаналу хапае. Ночы напралёт грамафоны ў яўрэйскіх дамах іграюць. А цяпера во твая бежанка далучыцца. З твару ж нічога, да ўсім, здаецца, выйшла. Так што... глядзі! Справа твая. Але калі сама дужа захацела, то я зраблю ласку – адвяду хоць зараз за пошту, няхай у Хоніным доме селіцца.
Шарэйка зачэпіста паглядзеў на Зазыбу, нібыта хацеў пераканацца, якое ўражанне зрабілі на таго ягоныя словы. Ды па Зазыбу нельга было адгадаць што-небудзь: той умеў, калі гэта патрэбна было, не паказваць свайго ўнутранага ўзрушэння. Але вось ён імкліва адышоўся ад акна, сеў на крэсла, што стаяла амаль пасярод Шарэйкавай хаты. Непрыемна яму было весці з гаспадаром гэтакую размову – ведаў, што кравец нядобра цяпер думаў пра яго. І тым не менш пра тое, што Шарэйка нейкім чынам мог здагадвацца аб сапраўдным стане рэчаў, Зазыбу і ў галаву не прыходзіла: краўцовы словы, калі той пацікавіўся, чым можа абярнуцца для яго справа з уладкаваннем у мястэчку Марылі, можна было аднесці за кошт звычайнай мужыцкай цікаўнасці. Аднак якраз тады Зазыба па-сапраўднаму і адчуў усю недарэчнасць сваёй задумы – выходзіла, што ён свядома ўмешваў краўца ў небяспечную справу і нават не папярэджваў таго. Сумленне патрабавала расказаць Шарэйку пра ўсё, але Зазыба не меў права раскрываць тайну. Апраўдвала яго трохі тое, што ён і сам нічога толкам не ведаў. Цяпер ён сядзеў перад краўцом і адно стрымана дыхаў. Сорамна было таксама і за тое, што наогул неразумна павёў усю гаворку, амаль з парога накінуўся на чалавека, якога ён паважаў і ў якім меў цяпер вялікую патрэбу, – у кожным разе, ласкут нямецкага сукна не варты быў таго, каб псаваць настрой і самому сабе і гаспадару гэтай хаты, а тым больш кідаць цень на Марылю. Вядома, можна было яшчэ паправіць становішча, неяк вярнуцца да ранейшай шчырасці, якая заўсёды была паміж імі, але Зазыба ўжо не ў стане быў перавесці гаворку на іншыя рэйкі: сялянскае адчуванне сарамлівай вінаватасці вельмі прыгнятала чалавека.
Тым часам у хату неспадзявана зайшла гаспадыня – Шарэйкава жонка, прыбраная, няйначай, усё ж дзеля спаса.
– А я гадаю, хто ета да нас на кані, – сказала яна грудным голасам. – Што ж ета вы адну дзяўчыну пакінулі на двары?
– Ты і папраўдзе, Зазыба, пакліч яе, – пакруціў галавой гаспадар. – А то я нават не ведаю, як зваць яе. А Ганна тым часам на стол сабярэ. Абедаць хоць, можа, і рана, але ж некалі мой Гірша казаў – абед на абед не тое, што кій на кій.
– Твой Гірша, як бачу, на ўсё жыццё навуку табе даў, – усміхнуўся Зазыба і выйшаў на ганак, каб паклікаць Марылю.
За абедам Шарэйка сказаў жонцы:
– Можа, возьмем да сябе жыцельку во?
Ганна, якая па-жаночаму патрохі прыглядалася ўжо да незнаёмай дзяўчыны, паглядзела на мужа з насмешлівым недаверам. Тады Зазыба перахапіў гаворку.
– Няхай будзе так, як дамовіліся, – сказаў ён краўцу. – Тым больш што дамы ў мястэчку, як ты кажаш, без гаспадароў засталіся. Няхай займае каторы.
– Але ў цябе, Дзяніс, як я пагляжу, дак усё дужа проста выходзіць, – насмешліва пакруціў галавой Шарэйка. – Ці ж чалавеку для жыцця аднаго пустога дома хопіць? Нешта ж яшчэ і есці трэба будзе, таксама на чым спаць? Яўрэі ж свае пухавікі пабралі!
– А ў мяне грошы ёсць, – сказала тады першыя словы Марыля.
– Ета добра, што грошы, – нават не паглядзеў на яе гаспадар: яму нібыта сорамна было глядзець чаго на дзяўчыну, – але што яны цяпер будуць вартыя, грошы?
– На першым часе хапаць будзе таго, што дала Марфа, – сказаў Зазыба, – а тама неўзабаве яшчэ падкінем.
– Гаспадар – бацька, – сказаў Шарэйка і разважыў: – Урэшце, галодная да халодная не будзе.
Тым часам Ганна з неўразуменнем паглядзела на мужчын:
– І праўда, Дзяніс, чаму ўжо тады не ў нас?
Шарэйка крутануў галавой:
– Няхай робяць, як знаюць.
Тады Ганна зноў абвяла позіркам абаіх – ажно паціснула плячамі.
– Як тама Давыдаўна твая? – спытала яна зусім пра іншае праз нейкі час.
– Жыве пакрысе-церусе, – адказаў з усмешкай Зазыба.
– Немцаў у вас няма?
– Пакуль, і праўда, выходзіць, – сказаў Зазыба, – што за лесам нас не відаць.
– Ета яны яшчэ не сабраліся да вас, – сказаў Шарэйка.
– Але паліцэйскага аднаго маем ужо.
– Затое ў нас іх цэлая плойма. Шлындаюць па мястэчку з вінтоўкамі, палохаюць баб. Але нібыта корм не той – усё нейкая чамяра сунецца ў паліцыю. Хоць бы адзін гожы чалавек папаўся, дак і то весялей было б.
– Нездарма кажуць: шляхі твае, гасподзь, няведамыя, – уздыхнула Шарэйкава жонка.
Сам Шарэйка на гэта ўсміхнуўся.
– Сянні ў Бабінавічах, мусіць, багата хто ўспамінае бога, – сказаў ён. – Ганна мая во таксама... – Памаўчаў і дадаў: – Паспахапляліся раптам... праз колькі гадоў. А ўжо здавалася нават, што непатрэбны ён.
– Грэх так казаць, – незалюбіла Ганна. – Ты б паглядзеў сянні, як паўзлі старыя бабы ў царкву, калі адчынілі, да цалавалі што можна было тама.
– Няхай гасподзь хоць мяне ратуе, – яўна блазнуючы, сказаў Шарэйка, але пасуровеў і больш не стаў злаваць жонку.
– Раз ужо мы ўспомнілі грэшным часам бога, – сказала нахмураная Ганна, – то зрабі мне ласку, Яўменавіч, перадай во ета пісьмо Марфе сваёй. – Яна адчыніла шуфляду абедзеннага стала, узяла там згорнутую трубачкай паперку.
– Што й та?
– Да не сакрэт, можаш глянуць.
Але не паспеў Зазыба прабегчы вачамі паперку, як выставіў па яе руку гаспадар.
– «На паляне, – моцна хмурачы лоб, пачаў чытаць кравец нечыя каракулі, – стаяць на траве дзве труны. Адна – чорная, другая – чырвоная. І вось другая труна, чырвоная, раптам кветкамі зацвітае...»
– Што гэта? – паглядзеў на Ганну Зазыба.
– Святое пісьмо, перадаецца па залатым ланцугу, – адказала тая.
Шарэйка пакруціў у руках паперку, усміхнуўся:
– Але ж ніякага золата не відаць.
– Табе ўсё абы зубы скаліць! – кінула злым вокам на яго жонка.
– Мусіць, у царкве сянні раздавалі? – пацікавіўся Шарэйка.
– Не ў царкве, а дамоў прынеслі. Яшчэ надоечы, – адказала жонка.
– Навошта?
– Ёсць навошта.
– Дак раскажы нам во.
Але Ганна ўжо не звяртала ўвагі на мужа. Яна па звычцы выцерла ручніком перад сабой стол, сказала Зазыбу:
– Дак ты ўжо, Яўменавіч, аддай Марфе пісьмо. – І растлумачыла: – Ты не думай, тута ўсё добра. Напісана, дзве труны. Дак адна, трэба чытаць, чырвоная, ета наша, савецкая, а другая, чорная, – іхняя, германская. Германская як стаяла во, так і стаіць, а наша кветкай расцвітае. Значыць, нам добра будзе!
– Ну, ну... – кіўнуў галавой Шарэйка.
– Праўда, наша яшчэ ўся ў крыві стаіць, бо нездарма ж чырвоная, але напісана, што ажывае, кветкі на ёй. Значыць, нашы падолеюць немца. Ета святы знак, каб ведалі. Нават бог цяпер за нас.
– А што Марфа мая павінна рабіць з пісьмом? – не ўтрымаўся Зазыба.
– Дак ты от паслухай, Яўменавіч, – усцешаная Зазыбавай увагай, пасвятлела тварам гаспадыня. – Ета пісьмо, як бачыш, святое, і павінна яно перадавацца па ланцугу такім, ад аднаго чалавека да другога. І галоўнае, каб ніхто не абарваў ланцуга, а то нічога тады не спраўдзіцца. Значыць, кожны, да каго трапляе пісьмо, павінен перапісаць яго і перадаць другому. Таму і ланцугом завецца.
– Ды яшчэ залатым, – непрыкметна падміргнуў Зазыбу Шарэйка.
– А што, мы з Шарэйкам тваім таксама павінны перапісваць яго? – спытаў Зазыба.
– Ну, ад вас дак ужо не дачакаюцца етага ні бог, ні людзі. Хоць што я кажу, ты, мусіць, дак яшчэ... А мой адно зубы паказвае, як жаніх на вяселлі. У яго ні бога за душой, ні чорта... Як Гірша некалі знусціў маладога, дак бязбожнікам і жыве цяпера. Людзі во сянні ў царкву, ледзьве заднела, балазе, столькі паповага голасу не чуваць было, а мой – за стол да машынку круціць. Немца, бачыш, спалохаўся! Зараз трэба хутчэй рабіць! А богава кара яму не страшна! Цяпер во ета пісьмо яму не падабаецца. А таго не ведае, што ўсякі, хто ета пісьмо чытае ці нават слухае, а яшчэ лепш, калі перапісвае – дак ужо, няйначай, ад бога літасці дачакаецца. І ў чыім доме ліст, там ні агонь, ні бомба – нішто не прычыніць бяды.
– Скажы, Зазыба, – глянуў з-пад ілба Шарэйка, – твая Марфа таксама такая во... баптыстка?
Зазыба ў адказ адно ўсміхнуўся. Тады Шарэйка паківаў галавой:
– Цяпера я разумею, чаму мы з табой такія затурканыя!
– Затуркаеш вас! – паглядзела на мужа гаспадыня.
Зазыба ўзяў у свае рукі «святое пісьмо», паклаў у кішэню.
– Дак ты ўжо і праўда перадай тама, Яўменавіч, Марфе, – у каторы раз пачала як не ўпрошваць Ганна. – Няхай яна ў Верамейках першая прадоўжыць залаты ланцуг. Ета няважна, што грамаці не хапае. Можна папрасіць каго граматнейшага, той перапіша.
– Добра, – кіўнуў ёй Зазыба. – Не ведаю, што з етага будзе, але перадаць перадам.
– Апроч карысці – нічога не будзе, – упэўнена сказала на гэта Шарэйкава жонка. – Павінны ж і мы, бабы, памагаць сваім, каб германца вытурыць назад за граніцу. – Шукаючы падтрымкі сабе, Ганна нават паглядзела на Марылю.
– Ну, ну, давайце, памагайце, – усміхнуўся Шарэйка і пакруціў у незразумелым здзіўленні галавой: – Але ж нехта хітры выдумляе ўсё ета!
– Дак не дурны, – з гонарам адказала на яго словы жонка. – Але можаш галавы не ламаць. Немцы проці сябе выдумляць такога не стануць.
– Да ўжо ж... – згаджаючыся з гаспадыняй, тым часам зірнуў на Шарэйку Зазыба. – Мы з табой даўно гаворым, а пра галоўнае, здаецца, і не ўспомнілі, – сказаў ён праз нейкі час, пераводзячы гаворку зусім на іншае. – У вас, кажуць, новая ўлада нават калгаса не зачапіла?
– Гм, ета яшчэ што! І старшыню таго самага пакінула! Так што рыхтуйся і ты, калі Чубара няма ў Верамейках. Таксама зробяць старшынёй.
– А вы ешце, ешце, – пасунула бліжэй да Марылі гаспадыня чыгунок з топленымі дранікамі. – А то, можа, ніколі і не каштавалі такіх?
– Мне Марфа Давыдаўна пякла, – сумелася ад увагі дзяўчына.
– Ну, то ешце і нашы...
– Але праўду казала Ганна, – пакруціў быццам у ачмурэнні галавой Зазыба, – няведамы шляхі боскія.
– Ну, пра ета, бадай, ламаць галаву дужа не варта, – прыжмурыў левае вока Шарэйка. – Здаецца, усё ясна.
– Дак... – Зазыба паглядзеў на яго. – Казалі ж, што немцы супраць калгасаў будуць, а цяпера выходзіць...
– Значыць, калгас і немцам не замінае, – сказаў кравец і прыхінуўся да спінкі крэсла. – Я таксама, каб быў на Адольфавым месцы, не разганяў бы калгасаў. А то што ж атрымліваецца? Недзе яшчэ зусім блізка фронт стаіць і вагаецца, як на тых шалях, а тута ў полі хлеб асыпаецца на зямлю. Немцы – яны хоць і на машынах амаль усе, але таксама жывыя, без харчу не абыходзяцца. А з Германіі сюды не навозішся. Вось і надумалі нашым пакарыстацца.
– Ну, ну...
– Дапусцім, немцы разгоняць калгасы. Дарэчы, некаторыя нашы мужыкі таксама нічога не мелі супраць, каб падзяліць гаспадарку, перамераць поле зноў на палосы. Але ж камендант адгаварыў. Што яму палосы нашы? Сяляне збяруць ураджай да й пахаваюць кожны сабе. Паспрабуй тады, адбяры ўсё. Канешне, можна і адабраць, на тое ў немцаў цяпера і сіла. Аднак колькі на ета спатрэбіцца яе? Асабліва ў такі час, калі ўсё няпэўна. Ты, Зазыба, не забывай, наша мясцовасць цяпера ў прыфрантавой паласе. Ад нас нават чуваць, як бухкае, можа, адразу за Паповай Гарой. Таго і глядзі, Чырвоная Армія вось-вось вернецца. Не ўсё ж адступаць. Таму немцы і разлічылі правільна. Няхай мужыкі жнуць і малоцяць, як і раней, а калі збожжа ў амбары звязуць, можна распарадзіцца ім па-свойску. Тады не трэба ні па чуланах лазіць, ні зброю ўжываць. Адным словам, як мне, дык з калгасам справа ясная. Здаецца, немцы яго чапаць не збіраюцца. Казалі толькі, што памяняюць назву. Замест калгаса сельская абшчына будзе. Ета каб толькі калгасам не называць. Яно ж і з воласцю так – раён немцы пакінулі, і вобласць ёсць, а Савета няма, заместа Савета вярнулі воласць. Ета каб з памяці людской вытравіць Савецкую ўладу.
Шарэйка па-жаночаму сашчапіў на жываце рукі, пасядзеў трохі з усмешкай, а тады сказаў:
– У нас тута былі таксама пагубляліся ў здагадках. Маўляў, немцы й за калгасы стаяць? Чаму тады ў сябе, у Германіі, не робяць іх? Нават некаторыя дадумаліся да глупства, нібыта Адольф, камендант, тайны камуніст. Асабліва было гаворкі, як Адольф паліцая аднаго пабіў, прымусіў вярнуць бабе мужыкова дабро.
– Але і праўда, – шукаючы падтрымкі свайму ранейшаму меркаванню, пачаў Зазыба, – дужа незразумела... усё. Мы неяк таксама гаварылі ў сябе пра гэта, дак выходзіць.
– Выходзіць, – кіўнуў галавоў Шарэйка, – але ж выходзіць таму, што нам усім вельмі хочацца, каб Адольф, няйначай, апынуўся камуністам, бо наслухаліся рознага... Яно ж нават, калі помніш, гаварылі, што нямецкія рабочыя не дазволяць Гітлеру пачаць вайны з намі. Пралетарыят, маўляў, адразу ўзніме паўстанне альбо пяройдзе на наш бок з акопаў. А дзе ён, пралетарыят той? Ты думаеш, гітлераўскія салдаты, якія прыйшлі сюды, адны буржуйскія сыны? Не, сапраўдных буржуяў тама, у Германіі, не так ужо і багата. Цэлае арміі з іх не складзеш.
З мястэчка Зазыба вяртаўся надвечар. З ім у Верамейкі ехаў і Брава-Жыватоўскі.
– А я думаў, ты ўжо і з хаты не вылазіш! – сказаў, выскаляючы зубы, Брава-Жыватоўскі, убачыўшы Зазыбу з канём на местачковай вуліцы; новаспечаны паліцэйскі ўсім сваім выглядам – і чырвоным, як налітым, тварам з шэрымі вачамі, і плячыстай, нібыта напаказ злепленай постаццю, – здавалася, сведчыў, як можна адчуваць сябе, калі жыццё кругом па душы: мусіць, з таго часу, як прарэзаліся зубы, чалавек гэты ніколі не хварэў больш.
Зазыба меў намер праехаць міма, тады паліцэйскі пайшоў напярэймы.
– Куды ездзіў?
– Пляменніцу вазіў, – адказаў Зазыба.
– Цяпер павязеш мяне!
– А мне абы ў дарогу, – Зазыба пасунуўся на возе, даючы месца.
Але Брава-Жыватоўскі не спяшаўся скочыць на воз: карцела паказаць Зазыбу, што ў мястэчку ў яго важныя справы і што ён яшчэ не паспеў іх зрабіць усе.
– Трэба да каменданта заглянуць, – сказаў ён з выразнай знарочыстасцю.
Пакуль Брава-Жыватоўскі ішоў – і таксама быццам напаказ – да камендатуры, якая размяшчалася ў былым будынку сельскага Савета (гэта адразу цераз базарную плошчу, непадалёк ад местачковай бальніцы), Зазыба цяжкімі вачамі глядзеў яму ў спіну.
«Каб ён хоць не сказаў там чаго пра мяне каменданту, – падумаў Зазыба пра Брава-Жыватоўскага. – Тады пачнецца!.. Лацвей ужо ў сваёй вёсцы адказваць на ўсё і за ўсё».
Яму самому не хацелася бачыць Гуфельда нават краем вока: ужо ён пазбавіць ад ілюзій і сялянскай цікаўнасці – гэта па меншай меры – адносна дзівакаватага нямецкага каменданта; брыдка было нават прызнацца, што магла займаць яго думкі «загадкавая» камендантава асоба.
Сонца ўсё больш хілілася за мястэчка, і цені, што кідалі ад сябе купалы местачковай царквы, датыкаліся, быццам дзіды, кончыкамі крыжоў да сцен аднапавярховага будынка, у якім да вайны была кантора сельскай спажывецкай кааперацыі.
Зазыба пасядзеў трохі, чакаючы ў камендатуры Брава-Жыватоўскага, затым прывязаў лейцамі каня да ліпы, а сам надумаўся зайсці ў царкву – якраз яе не зачынілі яшчэ пасля сённяшняга богаслужэння. Над брамай кінуліся ў вочы пачарнелыя ад даўняе пазалоты лічбы – «1842»: у наступным годзе бабінавіцкай царкве мелася быць сто гадоў.
Царква была распачата будаўніцтвам у тую вясну, калі бабінавіцкія паны святкавалі другі век свайго (ні графскага, ні княжацкага) роду. І хоць большая частка паноў з гэтага роду належала да католікаў, у тым ліку і сам заснавальнік, на памяць аб якім і задумвалася будаўніцтва, але ў Бабінавічах жыла якраз тая частка роду, якая па прычыне змешаных шлюбаў была абруселая і праваслаўная, таму ўзводзіць намеркавана было ў мястэчку не касцёл, а царкву-храм.
Будавалі яе некалькі гадоў. Рабочыя рукі, цягло, збольшага нават будаўнічы матэрыял – гэта было сваё, мясцовае: сяляне хадзілі і ездзілі на будаўніцтва, як і на іншую паншчыну. Бадай, аднаго галоўнага архітэктара давялося выпісваць у Бабінавічы аднекуль. Час не захаваў яго прозвішча, але царква была пабудавана ў традыцыйным візантыйскім стылі і сваімі пяццю купаламі, ці, як іх называлі ў забесяддзі, булавамі, нагадвала здалёку вядомы Успенскі сабор.
Працавала царква ў Бабінавічах восемдзесят гадоў, пакуль апошні местачковы поп, адданы прыхільнік патрыярха Ціхана, не быў пасаджаны на лаву падсудных за супраціўленне дэкрэту «аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў...».
Першае, што Зазыба пабачыў у сярэдзіне царквы, была вялікая ікона цудатворнай багамацеры. Яна стаяла па правы бок ад царскіх варот. Перад іконай гарэлі тонкія свечкі з воску. Некалькі жанчын стаялі на каленях і, хрысцячыся, шчыра клалі зямныя паклоны. У царкве панавала ціша, як у скляпенні, пахла гарэлым воскам. Трымаючы шапку ў руцэ, Зазыба падышоў блізка да жанчын, якія цалкам былі захоплены маленнем, і спыніўся насупраць цудатворнай. Доўга глядзеў на твар багамацеры – здаецца, першы раз за сталае жыццё свядома і з непадробнай цікавасцю ўзіраўся ў святыя рысы, нібыта хацеў разгадаць тайну тае неадольнае сілы, якая выклікала малітвы людзей.
Божы лік быў непраглядны для вока, не паддаваўся разгадцы. Але стаяць перад іконай было цікава, нібы трымала што ля яе чалавека.
Перашкодзіў Зазыбаваму ціхманаму сузіранню Брава-Жыватоўскі. Той ужо колькі хвілін шукаў Зазыбу на плошчы і прывалокся па яго ў царкву з вінтоўкай. Але не паспеў паліцэйскі датупаць да свайго аднавяскоўца, як з бакоўкі ў прытворы выскачыў царкоўны стараста, які падлічваў дзённую выручку за прададзеныя свечкі.
– Ты што ета, анціхрыст? – накінуўся стараста на Брава-Жыватоўскага. – У боскі храм да са зброяй? Зараз жа вон, каб і нагі твае не было тута!
Брава-Жыватоўскі на нейкі момант збянтэжыўся, але саўладаў з сабой і з незалежным выглядам адхіліў рукой царкоўнага старасту – маўляў, не замінай, шантрапа. Аднак старасту гэтая незалежнасць адно ўзбурыла. Зазыба ўбачыў, што ў царкве наспявае сварка – стараста дасканала ведаў сваю службу і таму кідаўся каршуном на чалавека, які пасмеў са зброяй пераступіць парог храма, а паліцай проста неразважліва паказваў сваю ўладу і сілу, мусіць, па-сапраўднаму не ўсведамляючы, што рабіў. Прысутнічаць пры сварцы не толькі не хацелася, але і недарэчы было, таму Зазыба, ведаючы, што Брава-Жыватоўскі прыйшоў па яго, паказаў на выхад. Брава-Жыватоўскі зразумеў яго, пачаў адступаць.
– Я зараз бацюшку паскарджуся, – не пераставаў пагражаць стараста, – знойдуць цябе і пад зямлёй, хто ты і адкуль! Ета табе не пры бальшавіках! – ён ужо ледзь не выкідваў Брава-Жыватоўскага з царквы.
– Нейкі памешаны, – пачаў лаяцца Брава-Жыватоўскі на цвінтары, – і адкуль яго, чорта, нанесла?
Зазыбу між тым браў смех ад гэтай гісторыі. Але ён душыў яго ў сабе. Затрымлівацца на плошчы небяспечна было: а раптам і сапраўды пачнецца вялікі шум, які прыцягне ўвагу немцаў? Зазыба доўга не думаючы адвязаў каня і наўскач пагнаў па мястэчку. Брава-Жыватоўскаму давялося чапляцца рукамі за гнушку на хаду.
Стараста тым часам ажно падскокваў на цвінтары і, здаволены, што нагнаў на нейкага абротніка страху, махаў наўздагон кулаком. Побач варушыліся жанчыны, што маліліся перад гэтым у царкве. Пры выглядзе двух мужчын, якія ўцякаюць па мястэчку, яны таксама гатовы былі атукаць услед.
Як толькі мінулася небяспека, Брава-Жыватоўскі накінуўся на Зазыбу:
– А ты чаму пайшоў у царкву? Ты ж камуніст, навошта яна табе была? Праз цябе ж усё выйшла!
– Па-першае, я цяпера не партыйны, – спакойна запярэчыў Зазыба.
– А ты перада мной не вылузвайся. Я цябе наскрозь бачу. Скора камуністы, якія ёсць у воласці, будуць рэгістрацыю ў камендатуры праходзіць, дык цябе таксама не міне гэта, няважна, што білет адабралі.
Але ў гэты час Брава-Жыватоўскі большую злосць усё ж меў на старасту, які вытурыў яго з царквы.
– Я яго прыхвачу яшчэ дзе-небудзь! – пакінуўшы ў спакоі Зазыбу, пачаў ён пагражаць царкоўнаму старасту. – Будзе ён у мяне, як уюн той у кашы, круціцца!
Нарэшце Брава-Жыватоўскі пачаў зусім астываць – лаянка, мусіць, задаволіла яго, і ён узяў у рукі вінтоўку, якая ляжала дагэтуль на каленях, паклацаў, як для застрашэння, затворам.
І Зазыба, і Брава-Жыватоўскі ехалі на адной драбіне, седзячы спіной да заходзячага сонца, і Зазыба мог назіраць за паліцэйскім нават па цяні, што неадлучна поўз па зямлі, то выгінаючыся на канавах, то выпростваючыся зноў на роўным полі.
За местачковым садам – яшчэ даўнім, панскім, пачаліся калгасныя засевы.
– Сёлета, чорт вазьмі, можам застацца без хлеба! – сказаў раптам з сялянскім сумам у голасе Брава-Жыватоўскі.
Зазыба кіўнуў галавой.
А Брава-Жыватоўскі загаварыў далей:
– Гэта каменданта толькі не было сёння на месцы, а то б можна было ўсё вырашыць нават у мястэчку. Праўда, у нас была ўжо гаворка пра Верамейкі. У яго зроблены поўны расклад на ўсю воласць – недзе неўзабаве павінен прыехаць і да нас, у Верамейкі. У нас таксама, як і ў Бабінавічах, калгаса не будуць дзяліць. Так што, Зазыба, можаш яшчэ застацца на сваёй пасадзе. Нават на павышэнне можаш разлічваць. Твае камуністы скінулі цябе са старшыні, а немцы могуць паставіць.
– У вёсцы цяпера, мусіць, знойдуцца ахвотнікі і без мяне старшынёй быць, – усміхнуўся Зазыба. – Той жа Мікіта Драніца...








